Belarus: Between the East and the West (Cяргей Запрудскі)
Belarus: Between the East and the West // International Journal of Sociology. Fall 2001. Vol. 31. No. 3. 93 p.; Winter 2001—2002. Vol. 31. No. 4. 91 p.
У двух нумарах „Міжнароднага часопіса сацыялогіі“, укладзеных супрацоўніцай кафедры беларускай культуры Беластоцкага універсітэта Ганнай Энгелькінг і аб’яднаных агульным загалоўкам „Беларусь: паміж Усходам і Захадам“, змешчаны працы васьмі польскіх і беларускіх аўтараў, прысвечаныя розным праблемам гістарычнага і сучаснага быцця Беларусі. Абодва нумары адкрываюцца ўступнымі словамі рэдактаркі, у якіх яна знаёміць чытача (меркавальна перадусім заходняга) са спецыфікай беларускай сітуацыі і зместам нумароў. Рэдактарка зазначае, што Беларусь вельмі мала ведаюць — прычым не толькі на Захадзе, але і ў суседніх краінах. Што да Захаду, то там нярэдка бытуюць спрошчаныя ўяўленні, згодна з якімі Беларусь ёсць усяго толькі нешта накшталт „малой Расіі“. Між тым геапалітычнае становішча Беларусі вельмі важнае і яно можа служыць падставай як для паспяховага развіцця ў будучыні, так і для стварэння вялікай пагрозы — „не толькі для Беларусі, але таксама для Еўропы і ўсяго свету“.
Першы беларускі выпуск адкрываецца артыкулам доктара філасофіі Рышарда Радзіка з Інстытута сацыялогіі Люблінскага універсітэта „Беларусь паміж Усходам і Захадам: савецка–расійскі выбар versus нацыяналістычны выбар у беларускім грамадстве“. Гэта найбольшая праца з усіх надрукаваных, яна выконвае функцыі асноўнай публікацыі для ўсяго цыкла. Р.Радзік робіць спробу растлумачыць, хто такія беларусы і якія гістарычныя, культурныя і палітычныя ўмовы сфармавалі аблічча сучаснага беларускага грамадства як грамадства, размешчанага паміж Усходам і Захадам. Беларускае грамадства, паводле Радзіка, аформілася вакол комплексу савецкіх каштоўнасцяў, а не вакол нацыянальнай ідэнтычнасці і салідарнасці. Рысамі, якія сягаюць у расійскую і савецкую гістарычную спадчыну, з’яўляецца прыняцце расійскай мовы як агульнай мовы беларускага грамадства, асаблівая чуйнасць да класавых праблем, сацыяльная роўнасць і залежнасць краю ад Расіі. Але існуе і іншая (хоць і намнога слабейшая), нацыянальная арыентацыя, скіраваная не толькі да нацыянальнага самавыяўлення, але і да Захаду і заходніх дэмакратычных каштоўнасцяў. З аднаго боку, працяглае знаходжанне ў рамках расійска–савецкай арыентацыі спрыяла выпрацоўцы і ўкараненню ў беларускім грамадстве такіх рысаў як яго плебейскі характар, патэрналісцкі менталітэт і прыняцце аўтакратычнага кіравання. З другога, стаўленне беларусаў да Расіі не адназначнае, апошнім часам назіраецца ўсё большае імкненне падтрымаць фармальную незалежнасць Беларусі, якое, аднак, парадаксальна спалучаецца з жаданнем захаваць агульнанацыянальны характар расійскай мовы і пэўны расійскі адбітак у культуры. На думку Радзіка, „будучыня Беларусі ў значнай ступені знаходзіцца ў расійскіх руках“, а заўсёднае „прамежкавае“ становішча Беларусі паміж дзвюма моцнымі сутнасцямі і нязначная падтрымка грамадствам нацыянальнай і праеўрапейскай арыентацыі даюць падставы прадказваць, што ў агляднай будучыні „палітычна сталая і самабытная беларуская нацыя“ не адбудзецца.
Артыкул Юрыя Туронка „Паміж Візантыяй і Рымам: аб прычынах рэлігійных і культурных адрозненняў у Беларусі“ прысвечаны асэнсаванню месца і ролі ў жыцці беларускага грамадства цягам гісторыі каталіцызму і праваслаўя. Аўтар паказвае сацыяльную і геаграфічную дыферэнцыяцыю ў сярэднія вякі паміж вернікамі гэтых канфесій, характарызуе дынаміку зменаў канфесійнай структуры насельніцтва. У 80–я г. XVIII ст. каталікі складалі 15% насельніцтва Беларусі (а праваслаўныя толькі 6%), за Паўлам I і Аляксандрам I іх доля яшчэ больш павялічылася, аднак урэшце расійская царкоўная палітыка прывяла да таго, што на працягу другой паловы XIX ст. праваслаўныя ўзялі верх, — і гэтую перамогу Ю.Туронак характарызуе як „гістарычную“. Ва ўмовах канфесійнага расколу беларусаў спроба стварыць у 1917—1918 г. незалежную беларускую дзяржаву, паводле аўтара, не магла быць паспяховай, бо „ўнутраная варажнеча працавала супраць такога выбару“. У ХХ ст. доля каталікоў у Беларусі яшчэ больш скарацілася, і гэта зрабіла край больш арыентаваным на Ўсход, чым гэта калі–небудзь было ў яго гісторыі. Арыентаваная на Ўсход большасць Беларусі будзе мець, паводле Туронка, вызначальны голас у фармаванні будучыні беларускага народа.
Рэлігійныя праблемы разглядаюцца і ў артыкуле „Беларускі нацыяналізм і сутыкненне цывілізацый“ супрацоўніка кафедры беларускай культуры Беластоцкага універсітэта Алега Латышонка. Услед за Самуэлем Гантынгтанам Латышонак залічае Беларусь да ліку так званых расшчэпленых краін. Рэлігійны падзел насельніцтва на праваслаўную большасць і каталіцкую меншасць быў і застаецца вялікай праблемай для беларускага нацыянальнага руху. Аўтар зазначае, што беларускі нацыяналізм ад пачатку паспяхова развіваўся толькі ў рэлігійна змешаных рэгіёнах (на паўночным захадзе і ў цэнтры Беларусі), але амаль не існаваў у аднародных — як каталіцкіх, так і праваслаўных — мясцовасцях. Аўтар разглядае спробы заходнебеларускіх дзеячоў 1920–х г. абаперціся на неапратэстантызм як кансалідуючую сілу.
Рэлігійны фактар адыграў сваю ролю і пасля здабыцця Беларуссю незалежнасці ў 1990–я. Паводле аўтара, на пачатку 90–х каталікі валодалі ў Беларусі большай палітычнай уладай, чым праваслаўныя, і, як паведамляецца ў артыкуле, беларускія дзеячы ў Польшчы бачылі ў гэтым пагрозу для беларускага нацыянальнага руху і папярэджвалі на гэты конт лідэраў беларускага руху ў Беларусі. Грубай памылкай аўтар лічыць выказаныя тагачасным лідэрам БНФ З.Пазняком публічныя абразлівыя заўвагі на адрас Расіі і праваслаўнага Ўсходу. А.Латышонак звяртае ўвагу на сённяшні імклівы рост пратэстантызму ў Беларусі і сцвярджае, што сёння больш падстаў лічыць Беларусь краем трох, а не дзвюх канфесій. Канфесійная трыхатамія, паводле Латышонка, падвядзе лепшы грунт пад беларускі нацыяналізм, які зможа ў гэтай сітуацыі з большым поспехам узвысіцца над рэлігійнымі антаганізмамі.
Аўтар працы „Беларускі шлях да сучаснасці“, выкладчык Беларускага дзяржаўнага універсітэта Павел Церашковіч лічыць, што сярод краін Усходняй Еўропы Беларусь займае вельмі спецыфічнае месца. У многіх адносінах Беларусь была найменш рэфармаванай часткай былога Савецкага Саюза, адпаведна, няма падстаў лічыць, што сённяшняе вельмі павольнае разгортванне ў Беларусі рынкавых рэформаў, захаванне „сацыялістычных“ грамадскіх структур і выразна антызаходняя знешняя палітыка выпадковыя — папраўдзе, гэта свядомы выбар значнай часткі беларускага насельніцтва. Гэтаксама прадуктам зусім свядомага выбару з’яўляецца і абыякавасць да праблем нацыянальнай ідэнтычнасці і дзяржаўнай незалежнасці. Церашковіч бачыць карані сённяшніх праблем у далёкай гісторыі, звязанай з тым, якім чынам Беларусь улучалася ў працэсы мадэрнізацыі. Аўтар паслядоўна разглядае працэсы мадэрнізацыі Беларусі ў XVI, XIX ст., у 1920—1950–я, нарэшце, у 1960–я — першай палове 1980–х г. П.Церашковіч мяркуе, што Беларусі яшчэ трэба прайсці свой шлях да сучаснасці.
У артыкуле „Беларуская мадэль трансфармацыі: рэжым Аляксандра Лукашэнкі і настальгія па савецкай мінуўшчыне“ палітолаг Валерый Карбалевіч сцвярджае, што беларусь дэманструе прыклад таго, што здзейсненыя на пераломе 80—90–х г. дэмакратычныя змены не абавязкова з’яўляюцца незваротнымі. За Савецкім Саюзам Беларусь была своеасаблівай „вітрынай сацыялізму“, а нізкая нацыянальная самасвядомасць была характэрнай рысай беларускага грамадства. На пачатку 90–х Беларусь атрымала незалежнасць насуперак жаданню большасці насельніцтва і кіраўнічых элітаў, а грамадства аказалася непадрыхтаваным да рэформаў, распачатых Гарбачовым.
Перамогу А.Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 1994 г. аўтар разглядае як народную рэвалюцыю. Неўзабаве пасля выбараў ідэалогія нацыянальнага беларускага адраджэння была заменена на ідэалогію панславізму, а пераварот 1996 года ўсталяваў адзінаўладдзе прэзідэнта. У выніку ў другой палове 90–х у грамадстве адбыўся раскол, у цэлым грамадства ўсё больш атамізуецца. Усталяваная ірацыянальным шляхам мадэль дзяржаўна–эканамічнага кіравання ў Беларусі, паводле Карбалевіча, не мае перспектывы, яна асуджана на пастаянны сацыяльна–эканамічны крызіс, які, аднак, не можа быць вырашаны ў межах гэтай мадэлі.
У артыкуле „Краіна, якая амаль асуджана на няўдачу“ эканаміст і сацыёлаг, кіраўнік даследчага цэнтра Міністэрства фінансаў Міхаіл Залескі аналізуе эканамічную і дэмаграфічную сітуацыю ў Беларусі ў апошнім дзесяцігоддзі. Паводле аўтара, дзяржава вельмі моцна ўплывае на ўздым або, наадварот, заняпад эканамічнага жыцця. Нязменны аб’ём прыродных рэсурсаў і рэзкія ваганні насельніцтва пад уплывам знешніх чыннікаў ствараюць асаблівы тып бачання свету і эканамічнай стратэгіі. У Беларусі, аднак, рэвалюцыя, войны, будаўніцтва камунізму і Чарнобыль амаль разбурылі канвенцыйны свет і канвенцыйны спосаб дзеяння для беларусаў. Ранейшыя спосабы быцця сталіся неэфектыўнымі, і краіна павінна змяніцца. Якім чынам? Спробы кіраваць эканамічным жыццём праз унутраныя законы, паводле аўтара, штораз церпяць крах. Патрэбны грунтоўныя структурныя змены, якія немагчымыя без таго, каб не змяніліся самі людзі. Неабходна свабода; калі ж імкненне да свабоды робіцца лёсам многіх людзей, то свабода для іх хутка робіцца рэальнасцю. Артыкул насычаны шматлікімі лічбамі і графікамі, якія ілюструюць эканамічнае і дэмаграфічнае развіццё Беларусі ў апошняе дзесяцігоддзе.
Праца Ганны Энгелькінг „Менталітэт калгаснікаў“ грунтуецца на палявых этнаграфічных і сацыялінгвістычных даследаваннях, што праводзіліся з 1993 г. у вёсках Гарадзеншчыны. Даследчыцу зацікавілі прычыны пашырэння сярод вяскоўцаў перакананняў, згодна з якімі „калгасы павінны быць захаваны, бо без іх людзі прападуць“. Энгелькінг паказвае, што ў савецкай сістэме, якая ў значнай ступені захавала структуру феадальных зносінаў, захаваўся і міфалагічны спосаб мыслення, і элементы феадальнага бачання жыцця. У сялянскім жыцці асаблівае месца займаюць стаіцызм, прагматызм і фаталізм, гэтыя рысы дапамагаюць людзям адаптавацца да нялёгкай калгаснай рэчаіснасці. Людзі прымаюць гэтую рэчаіснасць як дадзенасць, бо яны вераць у законнасць устаноўленага парадку рэчаў. З усталяваннем савецкай улады дзяржава ўзяла ў свае рукі кантроль над рэлігійнымі перакананнямі людзей і іх штодзённай сялянскай працай, і сёння людзі з цяжкасцю ўяўляюць, што можа быць інакш. Утварылася своеасаблівае зрашчэнне калгаса і калгаснікаў, пры якім, аказваецца, людзям патрэбен калгас, яны маюць выгоды з яго існавання, а калгасу патрэбны людзі. Гэты сімбіёз уключае таксама мясцовую ўладу і сферу рэлігійнай дзейнасці. У беларускай рэчаіснасці, сцвярджае Энгелькінг, да постфеадальных і постсавецкіх інстытуцый належыць, такім чынам, і царква.
Беларуская падборка завяршаецца працай Яўгена Мірановіча „Стаўленне беларусаў і палякаў да незалежнасці сваіх краін“. Аўтар паказаў розніцу ў адносінах да суверэнітэту з боку беларусаў і палякаў, якая пашыраецца на ўсе слаі грамадства, у тым ліку і на інтэлігенцыю. Толькі на пачатку 90–х г., паводле Мірановіча, усталяванне дзяржаўнага суверэнітэту і спробы пабудаваць дэмакратыю сустрэлі маўклівае адабрэнне ў беларускім грамадстве, але пазней стала пераважаць настальгія па былым, Савецкім Саюзе і жаданне вярнуцца да эканамічнай інтэграцыі з Расіяй.
Беларускія нумары „Міжнароднага часопіса сацыялогіі“ ўяўляюць сабой вельмі добра падрыхтаваныя зборнікі разнастайных матэрыялаў. Аўтары разглядаюць ключавыя праблемы беларускага быцця і імкнуцца паглядзець на блізкую і далёкую гісторыю з нечаканага боку, па–новаму, без шаблонаў і стэрэатыпаў, якія яшчэ даволі моцна пашыраны ў сучаснай беларускай гуманітарнай навуцы. Рэцэнзаваныя нумары, несумненна, будуць вельмі добрым укладам у корпус ангельскамоўнай літаратуры, прысвечанай Беларусі.
Сяргей Запрудскі
Мінск