БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Агляды

Лисяк-Рудницьки, Iвaн, Iсторичнi ессе (Захар Шыбека)

Лисяк-Рудницьки, Iван, Iсторичнi есе, Т.1-2, Київ 1994. 530, 572 с.

Гэтае двухтомнае выданне рэпрэзэнтуе першы выпуск заходняй гiстарыяграфii Украiны пад грыфам Цэнтру даследаванняў гiсторыi iмя Пятра Яцыка Канадыйскага iнстытуту ўкраiнскiх праблемаў Альберцкага ўнiверсiтэту. Яно падрыхтавана да друку пры ўдзеле Iнстытуту гiстарычных даследаванняў Львоўскага дзяржаўнага ўнiверсiтэту iмя Iвана Франка, Iнстытуту ўкраiназнаўства Нацыянальнай акадэмii навук Украiны, Навуковага таварыства iмя Т.Шаўчэнкi ў Львове ды Iнстытуту ўкраiнскай археаграфii НАН Украiны.

Iван Лысяк-Руднiцкi (1919-1984) — адзiн з самых знакамiтых гiсторыкаў украiнскага замежжа, прафесар Альберцкага ўнiверсiтэту (Канада), прызнаны спецыялiст у галiне палiтычнай i iнтэлектуальнай гiсторыi Украiны пераважна ХIХ-ХХ ст., таленавiты публiцыст i фiлосаф у галiне гiстарычнага пазнання. Украiнскiя археографы i гiсторыкi сабралi, апрацавалi i пры патрэбе пераклалi з ангельскай на ўкраiнскую важнейшыя працы вучонага, напiсаныя больш чым за сорак гадоў (1943-1984) яго навуковай творчасцi. Заслуга ў падрыхтоўцы i выданнi гэтага двухтомнiка належыць найперш адказнаму рэдактару Франку Сысыну (Канада) i ўкладальнiку Яраславу Грыцаку (Украiна). Грунтоўныя каментары iнфармуюць пра гiсторыю напiсання артыкулаў, падаюць бiяграфiчныя звесткi пра асоб, ствараўшых iнтэлектуальнае асяроддзе Лысяка-Руднiцкага, а таксама некаторыя факты з яго жыцця, якiя дазваляюць лепей зразумець аўтарскую пазiцыю вучонага.

Двухтомнiк Лысяка-Руднiцкага адлюстроўвае ўсе асноўныя накiрункi яго навуковых iнтарэсаў. Гэта даследаваннi пра ўкраiнскiх мысляроў i палiтычных дзеячоў, важнейшае месца сярод якiх займаюць Мiхаiл Драгаманаў i Вячаслаў Лiпiнскi, украiназнаўчыя працы, прысвечаныя фармаванню сучаснай украiнскай нацыi, нацыянальнай самасвядомасцi i нацыянальнаму характару ўкраiнцаў, вызначэнню месца Украiны ў сiстэме еўрапейскай супольнасцi, узаемадачыненням украiнцаў з палякамi, расiянамi i габраямi. Нарэшце, гэта шэраг артыкулаў пра структуру гiсторыi Украiны ХIХ ст., украiнскую iнтэлiгенцыю, Галiцыю пад уладай Габсбургаў, падзеi 1917-1921 г. на Украiне, украiнскi нацыяналiзм, вызваленчы рух пад час другой сусветнай вайны, Украiну ў савецкай сiстэме. Не застаўся без увагi i больш раннi перыяд «княжацкай» i «казацкай гiсторыi».

У цэлым I.Лысяк-Руднiцкi найбольш факусаваўся на праблемах украiнскага нацыянальна-вызваленчага руху i перспектывах набыцця Украiнай статуса вольнай еўрапейскай дзяржавы. З такой праблематыкай зусiм ня проста сцвердзiцца ў сучаснай ангельскамоўнай гiстарыяграфii (усё нацыянальнае выклiкае засцярогу). Але ўкраiнскаму вучонаму ўдаецца зрабiць гэта, бо ён дэманструе ў сваiх даследаваннях незвычайную далiкатнасць, узважлiвасць i дасведчанасць. Своеасаблiвым рэзюмэ да сабраных у гэтым выданнi прац можна лiчыць думку самога аўтара: «…Нацыянальнае толькi тады можа быць здаровым, калi грунтуецца на унiверсальных вартасцях.» (Т.2, 331)

Iнiцыятары выдання ўпэўнены, што навуковая спадчына I.Лысяка-Руднiцкага спатрэбiцца новай Украiне, што яна спрычынiцца да фармавання праўдзiвага погляду на ўкраiнскую гiсторыю i стане штуршком для далейшых творчых пошукаў не толькi ў галiне акадэмiчнай навукi, але i ў выпрацоўцы сучаснай украiнскай палiтычнай думкi. Знаёмства з творчасцю Лысяка-Руднiцкага можа мець такую ж карысць i для Беларусi, бо лёсы двух суседнiх народаў у ХIХ-ХХ стагоддзях (ды i раней) былi надзвычай падобныя. Такiя артыкулы ўкраiнскага вучонага, як «Фармаванне ўкраiнскага народу i нацыi», «Чацвёрты унiверсал i яго iдэалагiчныя папярэднiкi», «Савецкая Украiна з гiстарычнай перспектывы», «Русiфiкацыя цi маларасiянiзацыя?» i iнш., вартыя перакладу на беларускую мову i публiкацыi ў Беларусi.

Захар Шыбека

Куль-Сяльверстава, Святлана, Беларуская палеаграфiя (Уладзiмiр Свяжынскi)


Куль-Сяльверстава, Святлана Я., Беларуская палеаграфiя, Гродна 1996. 104 с.

Гэтую кнiжку С.Я.Куль-Сяльверставай, выдадзеную ў Гарадзенскiм унiверсiтэце, можна было б i не рэцэнзаваць. Бо выданнi такога тыпу звычайна не нясуць у сабе свежых навуковых iдэй. Як вучэбныя дапаможнiкi, яны ўяўляюць сабой даступны для студэнта сiстэмны выклад матэрыялу па пэўнай дысцыплiне, узятага з iншых публiкацыяў. Нашую ўвагу гэтае выданне прыцягнула таму, што яно, як пiша аўтар ва ўступе, з’яўляецца «першай спробай стварэння навучальнай кнiгi па палеаграфii, напiсанай па-беларуску i для беларускай вышэйшай школы».

Першай кнiгай па беларускай палеаграфii, хоць i напiсанай за межамi Беларусi i на рускай мове, была праца вядомага беларусазнаўцы, акадэмiка Яўхiма Карскага «Славянская кiрылаўская палеаграфiя». Упершыню яна ўбачыла свет у 1928 г. у Ленiнградзе[1], а ў 1979 г. была перавыдадзена ў Маскве, аднак не перастала быць рарытэтам, бо выйшла такiм малым накладам, што з беларускiх вучоных яе змаглi набыць толькi адзiнкi. Яшчэ раней, у 1926 г. у Коўне ўбачыла свет «Гiсторыя беларускай (крыўскай) кнiгi» Вацлава Ластоўскага[2], у якой змешчана шмат здымкаў старабеларускiх рукапiсаў, дзякуючы чаму яна можа служыць цудоўным дапаможнiкам па беларускай палеаграфii. Кнiга чакае свайго перавыдання ўжо 70 гадоў. Так што ў гэтым сэнсе Куль-Сяльверстава не першая.

Яўхiм Карскi, перш чым прыступiць да стварэння сваёй «Славянскай кiрылаўскай палеаграфii», працуючы над унiкальнай шматтомнай працай «Беларусы», перагарнуў сотнi тысяч старонак старажытных славянскiх рукапiсаў. У вынiку яго праца па палеаграфii не мае сабе роўных. Як падмурак для айчыннай палеаграфiчнай навукi, яна нiколi не страцiць свайго значэння.

Аўтар новага дапаможнiка ў тэарэтычнай яго частцы дастаткова поўна i ўсебакова выкладае звесткi пра палеаграфiю як спецыяльную гiстарычную дысцыплiну, узнiкненне i развiццё пiсьменнасцi ўсходнiх славян наогул i беларусаў у прыватнасцi ад старажытных часоў да XVIII-XIX ст. Разглядаецца эвалюцыя як самога пiсьма (почырку) ва ўсiх яго разнавiднасцях, так i матэрыялаў, прыладаў, знешняга афармлення рукапiсаў. Гiсторыя развiцця пiсьма на Беларусi падзяляецца на два перыяды: XIV-XV i XVI-XVII ст. Аўтар аргументуе гэта тым, што пашырэнне iдэй Рэнесансу i Рэфармацыi на ВКЛ прывяло да значных зменаў у матэрыяльнай i духоўнай культуры грамадства, у тым лiку ў кнiжнай справе. Куль-Сяльверстава пашырае звыклыя рамкi дысцыплiны, зрабiўшы аб’ектам яе разгляду, акрамя кiрылiчных, таксама лацiнскiя i нават арабскiя тэксты на беларускай мове. Можна было б адзначыць некаторую непрапарцыянальнасць асобных раздзелаў тэарэтычнай часткi. Першыя напiсаны неяк побегам, у вынiку чаго абмiнуты некаторыя iстотныя рэчы.

Так, вядома, што аб’ектам даследавання ў палеаграфii з’яўляецца азбука, у нашым выпадку найперш славянская. I калi асноўныя звесткi пра паходжанне i развiццё кiрылiцы аўтар падае дастаткова поўна, дык гаворачы пра глаголiцу, яе аўтарства, функцыянаванне i гiстарычны лёс, яна прапускае бадай асноўнае — паходжанне глаголiцы (ад грэцкага мiнускула). Гэта можна было б не заўважаць у папулярнай кнiжачцы, але не ў унiверсiтэцкiм падручнiку. Бо што тады павiнны ведаць студэнты-гiсторыкi, сустрэча якiх пры адпаведнай спецыялiзацыi з глагалiчнымi тэкстамi ў прынцыпе не выключана.

Параграфы, прысвечаныя гiсторыi развiцця пiсьменнасцi ў Беларусi, месцамi дэкларатыўныя, iх тэарэтычныя палажэннi не заўсёды падмацоўваюцца ў дастатковай меры прыкладамi. Так, у пералiку эпiграфiчных помнiкаў Беларусi ранняй пары сярод iншых не згадваюцца надпiсы на так званых Барысавых камянях, не паказаны значэнне i функцыянальная роля надпiсаў такога зместу, пашыраных у свой час на тэрыторыi Беларусi.

Сцвярджаючы, што першыя спробы палеаграфiчнага аналiзу крынiц у Беларусi зафiксаваны ў гiстарычных дакументах першай паловы XVIII ст., аўтар памыляецца амаль на паўтара стагоддзя. Вядома, што ў Маскоўскай дзяржаве першыя спробы палеаграфiчнага аналiзу праводзiлiся ў XVI-XVII ст., прычым там, як i на Захадзе, гэта рабiлася ў чыста практычных мэтах, — галоўным чынам для экспертызы дакументаў[3]. Гэтаксама было i ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм. Захавалася экспертыза сапраўднасцi дакумента, якая датуецца пачаткам XVI ст. Азнаёмiўшыся з iм, эксперты запiсалi: «Мы вбачили на томъ листе, што жъ тотъ листъ не естъ правый отца нашого, не подлугъ бегу канъцлярейского писанъ и не гораздо печатанъ (замацаваны пячаткай — У.С.)»[4]. Да канца XVI ст. адносiцца настаўленне пiсцу аб тым, як належыць пiсаць скорапiсным пiсьмом, што з’яўляецца фактычна палеаграфiчным апiсаннем апошняга: «две строки на другой стороне, вынеслейшие надъ другие, ино дей письмо руское съ титлами се пишеть»[5].

Пералiчваючы беларускiх вучоных, якiя займалiся палеаграфiяй, Куль-Сяльверстава не згадвае iмёны тых, хто працягвае палеаграфiччныя даследаваннi i цяпер. Напрыклад, У.Анiчэнкi, якi ўпершыню найбольш поўна паказаў палеаграфiчныя адрозненнi беларускiх рукапiсаў ад украiнскiх, А.Булыкi, якому належаць публiкацыi па гiсторыi i арфаграфii беларускага пiсьма, Н.Вайтовiч, якая зрабiла выдатнае палеаграфiчнае апiсанне Баркулабаўскага летапiсу, А.Жураўскага, якi, разглядаючы пытаннi гiсторыi беларускай лiтаратурнай мовы, прыводзiць палеаграфiчныя асаблiвасцi асобных помнiкаў, М.Паўленкi, стварыўшага капiтальную «Гiсторыю пiсьма», дзе асобна разглядаецца эвалюцыя пiсьма беларускага, а таксама Л.Шакуна, якi, распрацоўваючы гiсторыю беларускай лiтаратурнай мовы, не мог абмiнуць i пытаннi гiсторыi пiсьма. Тое, што для беларускай палеаграфii зрабiў лiтоўскi беларусазнавец А.Антановiч, якому належыць апiсанне палеаграфii не толькi беларускiх тэкстаў, пiсаных арабскiм пiсьмом, але i кiрылiчнай Судовай (актавай) кнiгi Ковенскага земскага суда[6], таксама не знайшло адпаведнага адлюстравання ў дапаможнiку.

Асноўны недахоп падручнiка ў няўдалай структуры. Гэта несуразмернасць тэарэтычнай i практычнай частак. Асноўны аб’ём кнiжкi займае першая, i ў гэтым можа не было б нiчога заганнага, калi б i для другой часткi адводзiлася дастатковае месца. Аднак там характарыстыка пiсьма беларускiх рукапiсаў, напрыклад, зведзена да некалькiх таблiцаў, у якiх без дапамогi квалiфiкаванага выкладчыка студэнт можа i не разабрацца, бо яны не маюць патрэбных апiсанняў. Шмат пытанняў выклiкае таблiца «Варыянты лiтар у беларускiм скорапiсе XVI-XVII ст.» Незразумела, чаму толькi ў скорапiсе, у кампетэнцыю палеаграфii ўваходзяць яшчэ ж устаў, паўустаў, вязь, тайнапiс, i чаму толькi XVI-XVII ст., калi скорапiс з’явiўся ў XV ст. Варыянты лiтар прыведзены ў таблiцы без падзелу на стагоддзi, што не дазваляе карыстацца дапаможнiкам пры датаваннi рукапiсаў. Не пададзены ўзоры iлюмiнацыi рукапiсаў, хаця б з Радзiвiлаўскага летапiсу. Не падаецца таблiца арабскага алфавiту, хоць здымак тэксту, напiсанага iм, змешчаны.

Уражанне ад увогуле патрэбнага i своечасовага выдання, якiм з’яўляецца «Беларуская палеаграфiя», значна пагаршае яго мова. Цяжка сабе ўявiць, каб з такiмi памылкамi пiсалi, напрыклад, расiйскiя вучоныя. Нават Мiкалай Улашчык, жывучы i працуючы ў Расii, пiсаў i гаварыў па-беларуску бездакорна. Што да якасцi выдання, дык яно мае выразныя прыкметы правiнцыялiзму. Гэта вiдавочны рэгрэс нават у параўнаннi з першым выданнем кнiгi Я.Карскага. Уваскрошаны з нябыту машынапiсны ратапрынт, нiзкая для выданняў такой тэматыкi якасць паперы, не лепшыя iлюстрацыi.

Нягледзячы на вiдавочныя недахопы, дапаможнiк з’яўляецца несумненна важнай пазiцыяй сярод навiнак гiстарычнай лiтаратуры. У перавыданнi аўтар, спадзяемся, пастараецца ўлiчыць выказаныя заўвагi, i дапаможнiк будзе ў большай меры адпавядаць неабходным патрабаванням. Падрыхтоўка новых кадраў палеографаў у краiне даўно стрымлiвалася адсутнасцю неабходнай вучэбнай лiтаратуры. Да выдання новай, створанай на вычарпальным матэрыяле беларускай палеаграфii, кнiга С.Я.Куль-Сяльверставай зможа ў нейкай ступенi задавальняць гэтыя патрэбы.

Уладзiмiр Свяжынскi


[1] Карский Е. Ф. Славянская кирилловская палеография, Ленинград 1928 (2 выд. — Масква 1979)
[2] Ластоўскі, В., Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі, Коўна 1926.
[3] Чаев Н. С., Черепнин Л.В., Русская палеография, Москва 1947, 23.
[4] Кніга судовых рашэнняў 1506-1522 г. Рукапіс Расійскага дзяржаўнага архіву старажытных актаў, Кн. 222, арк. 118.
[5] АВАК Т.8, 445.
[6] Анічэнка У.В., Беларуска-украінскія пісьмова-моўныя сувязі, Мінск 1969; Булыка А.М., развіццё арфаграфічная сістэмы старабеларуская мовы, Мінск 1970; Вайтовіч Н.Т., Баркулабаўскі летапіс, Мінск 1977; Жураўскі А.І., Гісторыя беларуская літаратурнай мовы, Ч.1, мінск 1967; Павленко Н.А. История письма, Минск 1987; Шакун Л.М., Гісторыя беларуская літаратурнай мовы, Мінск 1984; Антонович А.К., Графика и орфография судебной (актовой) книги Каунасского земского суда 1566-1597 гг. // Известия высших учебных заведений Литовской ССР, 1961, 3, Языкознание.

Наверх

Occasional papers in Belarusian Studies (Сяргей Запрудскi)


Occasional Papers in Belarusian Studies, Nr. 1, 1995, Ed. by James Dingley and Arnold McMillin, School of Slavonic and East European Studies, University of London, 1995. VIII+73.

З 1965 па 1988 г. у Лондане пад патранатам Ангельска-беларускага таварыства i Згуртавання беларусаў Вялiкай Брытанii выдаваўся «Часопiс беларускiх даследаванняў» (The Journal of Byelorussian Studies), якi за амаль чвэрць стагоддзя змясцiў на сваiх старонках нямала цiкавых прац з галiны гуманiтарных навук. Пасля таго, як гэтае выданне перастала выходзiць, у ангельскамоўнай навуковай беларусiстычнай перыёдыцы утварыўся прагал, якi толькi нядаўна запоўнены дзякуючы з’яўленню новай серыi — «Неперыядычных запiсаў беларускiх даследаванняў». Новы перыёдык выйшаў у свет пад рэдакцыяй колiшнiх стваральнiкаў i актыўных аўтараў «Часопiса беларускiх даследаванняў», вядомых славiстаў з Лонданскага ўнiверсiтэту Джэймса Дынглi i Арнольда МакМiлiна. Ва ўступным слове рэдактары паведамляюць, што iх выданне будзе адлюстроўваць «новую сiтуацыю (якая склалася пасля стварэння незалежнай беларускай дзяржавы — С.З.) i граць сваю ролю ў пашырэннi навуковай iнфармацыi пра ўсе аспекты гiсторыi, культуры i сучаснага жыцця Беларусi». У будучынi «Неперыядычныя запiсы…» маюць стаць шматмоўнымi (першы выпуск выключна ангельскамоўны). Рэдактары запрашаюць да супрацоўнiцтва ўсiх навукоўцаў незалежна ад iх навуковай цi палiтычнай арыентацыi.

У першым выпуску «Неперыядычных запiсаў…» пераважае фiлалагiчная праблематыка. У iм змешчаны артыкулы Веранiкi Ду Ф’ю (V.Du Feu) «Тры лiтаратурныя мовы Беларусi», Нiны Тэйлар (N.Taylor) «Беларускiя пейзажы ў раманах Тадэвуша Канвiцкага», а таксама рэцэнзii мовазнаўцаў Майкла Кiрквуда (M.Kirkwood) i Паўла Вэкслера (P.Wexler).Гiстарычныя даследаваннi прадстаўлены ў «Неперыядычных запiсах…» працамi Алега Латышонка «Студэнты з Вялiкага Княства Лiтоўскага перад рэктарскiм судом Кракаўскага ўнiверсiтэту ў 1469-1536» i Дэвiда Саўндэрса (D.Saunders) «Мiкалай Пятровiч Румянцаў i расiйскае адкрыццё Беларусi».

На падставе апублiкаваных у канцы мiнулага стагоддзя рэктарскiх актаў Алег Латышонак узнаўляе побытава-прававое жыццё нараджэнцаў ВКЛ у навучальнай установе, статут якой, нагадвае аўтар, не адрознiваўся ад правiлаў, прынятых у Карлавым, Венскiм, Гайдэльбергскiм цi iншых унiверсiтэтах. Даследчык вызначае агульную колькасць лiцвiноў, iх статус ва ўнiверсiтэце, мясцовасцi, з якiх яны паходзiлi, прыналежнасць да таго або iншага сацыяльнага стану, месцы жыхарства i г.д. Большасць актавых запiсаў звязаны з пазыкамi, закладамi, даўгамi, купляй i продажам, iншыя датычацца боек, сварак i розных iншых здарэнняў. Лiцвiны паўставалi перад судом у якасцi крэдытораў i даўжнiкоў, парушальнiкаў i пацярпелых, упаўнаважаных, паручыцеляў цi сведак пры ўнясеннi запiсаў. Латышонак зазначае, што ў матэрыялах актаў выразна засведчаны заняпад манаскага стылю жыцця ва ўнiверсiтэце. Нягледзячы на пагрозу пакарання, студэнты i бакалаўры часта насiлi цывiльную вопратку. Яны запазычвалiся розным рамеснiкам: ювелiрам, гарбарам, краўцам, цырульнiкам, рымарам. Шкаляры насiлi з сабою зброю, учынялi бойкi, маглi «забыцца» расплацiцца з карчмарамi, як гэта зрабiў нейкi Мацей Лiцвiн, i г.д. Студэнты жылi пераважна ў iнтэрнатах, некаторыя — у iншых памяшканнях унiверсiтэту, пры касцёлах цi ў найманых у горадзе кватэрах. Ладная частка навучэнцаў з ВКЛ жыла ў iнтэрнаце для бедных студэнтаў, якi, такiм чынам, стаўся для iх своеасаблiвай нацыянальнай установай. Шкалярам была ўласцiвая зямляцкая салiдарнасць, якая магла спрыяць з’яўленню этнiчнай свядомасцi. Напрыклад, у актах засведчаны выпадак, калi Эразм з Янова, Вялiкi Якуб з Крашына i Малы Якуб з Кейданаў разам з кракавякам Сымонам Латускiм дражнiлi студэнтаў-мазураў (якiя ў той час лiчылiся асобным народам), вымаўляючы некаторыя словы па-мазурску.

У цэлым, адзначае даследчык, з аналiзаваных матэрыялаў паўстае не асаблiва павучальны малюнак. Паволе колiшнiх падлiкаў С.Александровiча, у апошняй чвэрцi ХV ст. у Кракаве было 46 студэнтаў з Беларусi, i 40 з iх даследчык знаходзiць у актах. На працягу 1470-1535 г. ва ўнiверсiтэце вучылася каля 300 студэнтаў з ВКЛ, з якiх блiзу 70 прыцягвалiся да судовых разбораў. За гэты ж час перад судом паўстала столькi ж студэнтаў з Вугоршчыны, але iх колькасць ва ўнiверсiтэце была амаль у сем разоў большай.

Артыкул выкладчыка гiсторыi з унiверсiтэту ў Ньюкасле-на-Тайне Д. Саўндэрса прысвечаны асэнсаванню акалiчнасцяў, якiя спрычынiлiся да зацiкаўлення Беларуссю з боку вядомага расiйскага дзяржаўнага дзеяча, знанага фундатара гiстарычных штудый графа М.Румянцава. У многiх адносiнах з’яўленне такога iнтарэсу невысветлена, i аўтар артыкула прапануе некалькi сваiх адказаў на гэты конт. Так, Д.Саўндэрс звяртае ўвагу на тое, што асноўнай крынiцай фiнансавых даходаў графа былi беларускiя ўладаннi. Тут, у Гомелi, яшчэ ў 1776 г. ягоны бацька атрымаў вялiкi маёнтак. Маючы рэпутацыю «празаходняга» палiтыка, пасля вайны 1812 г. канцлер М.Румянцаў быў адхiлены ад дзяржаўных спраў, таму ён мусiў рэалiзоўваць сябе па-за рамкамi палiтыкi. З гэтага часу ладную частку свайго жыцця ён праводзiў у Гомелi, i гэта, безумоўна, спрыяла ўсталяванню больш «iнтымных» адносiнаў да беларускага горада. Пасля вайны 1812 г. у iнтэлектуальным асяроддзi Расii франкафiльства аказалася скампраментаваным, i расiяне сталi актыўна фармаваць расiйскi патрыятызм, шукаючы крынiцы культурнага натхнення ва ўласнай спадчыне. З iншых прычынаў зацiкаўлення былога мiнiстра замежных спраў Расii Беларуссю Д.Саўндэрс называе таксама прыклад бацькi, маршала П.Румянцава-Задунайскага (якi пры Кацярыне 25 гадоў быў губернатарам на Украiне i спрыяў многiм таленавiтым украiнцам), апякунства графа над укладальнiкам «Белорусского архива древних грамот», паповiчам з румянцаўскай сядзiбы Iванам Грыгаровiчам i iнш.

Усе пералiчаныя акалiчнасцi, безумоўна, мелi вялiкае значэнне для фармавання беларускiх зацiкаўленняў графа. Сярод разваг аўтара нямала вельмi трапных. Так, напрыклад, звяртаючы ўвагу на асаблiвую ролю лiнгвiстычных крытэрыяў у адраджэнi славянскiх народаў у XIX ст., Д.Саўндэрс надзвычай высока (бадай, нават вышэй, чым беларускiя навукоўцы) ацэньвае ролю «Белорусского архива» у станаўленнi беларускай iдэнтычнасцi. Пэўна ж справядлiва даследчык зазначае, што напружанасць у «польскiх справах» аб’ектыўна рабiла прывабнай для царскiх уладаў канцэпцыю беларускай саматоеснасцi, — што, зрэшты, мела, здаецца, нязначныя вынiкi для беларускага руху. Даследчык не абмiнае пытання, цi быў знаёмы М.Румянцаў з поглядамi на славян нямецкага фiлосафа Ё.Г.Гердэра, зазначае, што архiтэктурная праграма графа ў была значнай меры прадвызначана папярэдняй дзейнасцю яго бацькi, i iнш.

Тым не менш, сёе-тое ў пабуджальных матывах М.Румянцава да «беларускай» дзейнасцi здаецца незразумелым. Сярод сяброў «румянцаўскага гуртка» вельмi шмат было этнiчных нерасiйцаў, людзей, якiя атрымалi адукацыю па-за межамi галоўных расiйскiх унiверсiтэтаў. Магчыма, у апошнiя гады жыцця графа заходнiя ўскраiны iмперыi сталi займаць iстотнае месца ў дзейнасцi гуртка ў тым лiку таму, што тут было больш адпаведных для заняткаў навуковых кадраў. Як суадносiцца уклад М.Румянцава ў аднаўленне беларускага культурнага слою з тым, што магло б быць названа яго разбурэннем? Артыкул Д.Саўндэрса цiкавы i тым, што ён не толькi развязвае некаторыя пытаннi, але i ўздымае новыя.

У артыкуле В.Ду Ф’ю на падставе прапанаваных у 1966 г. Робертам Оцi (Auty) сямi параметраў (кожны з якiх аўтарка дзелiць яшчэ на шэсць) вызначаецца тыпалагiчны профiль беларускай, польскай, рускай i ўкраiнскай моў. Вынiкам працы даследчыцы, сярод iншага, стала таблiца, у якой зафiксавана наяўнасць або адсутнасць у канкрэтных мовах кожнага з 42 падпараметраў. Даць дакладную, «геаметрычна вывераную» класiфiкацыю любой групы лiтаратурных моў надзвычайна складана, бо часам цяжка адназначна «прыпiсаць» канкрэтнай мове тую або iншую якасць. (Напрыклад, для аўтара гэтых радкоў уяўляецца праблематычным сцверджанне, быццам у беларускай лiтаратурнай мове цягам гiсторыi не было зруху дыялектнай базы i -праз гэта — процiстаўленне беларускай i ўкраiнскай моў). Тым не менш выкарыстаная В.Ду Ф’ю методыка вельмi карысная: яна дазваляе паглядзець на любую лiтаратурную мову не толькi праз прызму яе ўласных, iманентных прыкмет, але i праз характарыстыкi, менш уласцiвыя, або i зусiм неўласцiвыя ёй.

Абедзве надрукаваныя ў гэтым нумары рэцэнзii вельмi крытычныя. Пiшучы пра выдадзены ў 1985 г. зборнiк «Русский язык в Белоруссии», М.Кiрквуд адзначае, што мэта выдання кнiгi не вельмi зразумелая, што ў ёй абмiнаюцца ключавыя пытаннi, у кампазiцыйнай пабудове няма логiкi i г.д. Аўтар увогуле лiчыць, што зборнiк «маскiруе ступень ужывання расiйскай мовы ў Беларусi». У рэцэнзii на кнiгу Машэ Альтбаўэра (М.Altbauer) «Пяць бiблейскiх сувояў у габрайскiм перакладзе ХVI ст. на беларускую мову (Вiленскi кодэкс 262)» П.Вэкслер не пагаджаецца з ацэнкай мовы перакладу як беларускай (асаблiва ў сiнтаксiсе). На думку рэцэнзента, кодэкс уяўляе цiкавасць не як узор «ранняй беларускай гутарковай мовы», а як «габрайска-беларускi калькаваны пераклад».

Сяргей Запрудскi

Наверх

Документы Национального архивного фонда (Андрэй Кiштымаў)

Документы Национального архивного фонда Республики Беларусь в Национальной библиотеке и музеях системы Министерства культуры и печати Республики Беларусь: Справочник (Составили О.А.Добычина, В.И.Пташникова. Минск, БелНИИЦДААД, 1995. 167 c.

Кожны новы гаспадар пачынае з пераўлiку ўласных уладанняў, скарбу i маёмасцi. Так i новая дзяржава. На старонках беларускай публiцыстыкi размовы пра гiстарычную спадчыну, яе багаццi i складаны лёс даўно сталi традыцыйнымi i амаль рытуальнымi. Асаблiва шмат увагi пры гэтым надаецца пытанням пошуку, улiку i выкарыстання беларускiх гiстарычных крынiц i тых каштоўнасцяў, якiя апынулiся за межамi Беларусi. Нi ў якiм разе не адмаўляючы сэнс i змест справы вяртання беларускай гiстарычнай спадчыны на Радзiму, даводзiцца, тым не менш, канстатаваць, што даступнасць iнфармацыi пра склад Нацыянальнага архiўнага фонду Рэспублiкi Беларусь далёкая ад задавальняючай.

Разгляданы даведнiк, падрыхтаваны Камiтэтам па архiвах i справаводству Рэспублiкi Беларусь i Беларускiм навукова-даследчым цэнтрам дакументазнаўства, археаграфii i архiўнай справы (наклад усяго 140 паасобнiкаў), павiнен палепшыць iнфармацыйнае забеспячэнне даследчыкаў беларускай даўнiны. Апрача даведкi па Нацыянальнай бiблiятэцы Беларусi, у iм змешчаны дадзенныя па 9 рэспублiканскiх i 79 абласных музеях i музеях абласнога i раённага падпарадкавання. На жаль, у даведнiку адсутнiчаюць дадзеныя па Вiцебскiм абласным краязнаўчым музеi. Чытаць далей →

Кансерватызм у сучасных грамадствах (Марына Сакалова)


У лiстападзе 1996 г. у Зальцбургу (Аўстрыя) адбыўся семiнар «Кансерватызм у сучасных заходнiх грамадствах». На самой справе тэматыка дакладаў i паведамленняў была значна шырэйшая — абмяркоўвалiся сучасныя кансерватыўныя рухi ў Еўропе (Заходняй i Усходняй), ЗША, Iндыi, Кiтаi, Лацiнскай Амерыцы, аналiзавалiся гiсторыя i тэорыя кансерватызму як такога. iншымi словамi, семiнар быў прысвечаны абмеркаванню гiсторыi i сучаснасцi кансерватыўных рухаў, iх спецыфiцы ў залежнасцi ад гiстарычных i палiтычных умоў.

У семiнары бралi ўдзел вучоныя, якiя займаюцца палiтычнай фiласофiяй, гiсторыкi, сучасныя палiтычныя дзеячы i журналiсты. Такi склад удзельнiкаў даў магчымасць паглядзець на праблему комплексна. Тэарэтыкi атрымалi шанс адчуць пульс сучаснага палiтычнага жыцця, а для палiтыкаў вельмi важны быў зварот да базавых каштоўнасцяў i асноватворных прынцыпаў кансерватызму, якiя забываюцца, адыходзяць на другi план у палiтычных баталiях па гарачых праблемах сучаснага жыцця. Цiкава было таксама пазнаёмiцца з нацыянальнымi мадыфiкацыямi кансерватыўнай iдэалогii.

Прафесар Мюнхенскага ўнiверсiтэту Ё.Йофэ ў дакладзе «Адна назва — розныя феномены. Кансерватызм у Амерыцы i Еўропе» зноў звярнуўся да вызначэння паняццяў «кансерватызм», «лiбералiзм», «сацыял-дэмакратызм» i iнш. ды рознiцы памiж iмi. Гэты вучоны — прыхiльнiк тэорыi, якая разглядае кансерватызм не як аўтаномную iдэалогiю, а як рэакцыю на французскую рэвалюцыю i лiберальныя тэорыi ХVIII ст.1 Ё.Йофэ лiчыць, што класiчны кансерватызм з’яўляецца процiлегласцю класiчнаму лiбералiзму. Таму, калi пад лiбералiзмам разумеецца iндывiдуальная свабода, iндывiдуальная адказнасць, неабмежаваныя рыначныя адносiны, «мiнiмалiсцкая» дзяржава, то класiчны кансерватызм ставiць у цэнтр эпiстэмалогii i iдэялогii грамадства i супольнасць, адказнасць грамадства за сваiх членаў (грамадства павiнна браць на сябе адказнасць за сваiх членаў двума спосабамi; гэта, кажучы па-сучаснаму, некаторыя стандарты сацыяльнай аховы i абароны ды клопат пра захаванне «вiктарыянскiх каштоўнасцяў»). Акрамя таго, кансерватызм грунтуецца на рэлiгii (у адрозненне ад секулярызму лiбералаў), з вялiкай падазронасцю ставiцца да зменаў i не давярае тым, хто лiчыць, што мае падставы змяняць i, адпаведна, план такiх зменаў.

Дырэктар Парыжскага iнстытуту палiтычных даследаванняў прафесар А.-Ж. Слама належыць да прыхiльнiкаў уплывовай навуковай тэорыi, якая разглядае кансерватызм перадусiм з псiхалагiчнага пункту гледжання. Сутнасць гэтага погляду была выкладзена М. Оўкшатам у эсэ «Быць кансерватарам»: кансерватар схiльны карыстацца тым, што «даступна, а не тым, што можа быць… Кансерватар паважае сучаснае, i паважае яго не таму, што яно звязана са старажытнасцю, не таму, што яно лепш за iншыя альтэрнатывы, а таму, што яно больш вядомае i прывычнае…Быць кансерватыўным — гэта значыць аддаваць перавагу вядомаму перад невядомым, выпрабаванаму перад невыпрабаваным, факту перад тайнай, актуальнаму перад магчымым, блiзкаму перад далёкiм,… зручнаму перад дасканалым, сучаснаму смеху перад утапiчным шчасцем».

Разам з тым прафесар А.-Ж. Слама лiчыць, што ў аснове кансерватызму ляжыць маналiтная камунiтарная традыцыя, якую можна вызначыць па наступных крытэрыях:

  1. стаўленне да iншых: неканфлiктная тэорыя стварэння (стасункi памiж людзьмi павiнны падтрымлiваць сувязi, абумоўленыя прыналежнасцю да адной краiны, паколькi гэта з’яўляецца асноўным прынцыпам неканфлiктнай псiхалогii); кансерватары iмкнуцца выратаваць людзей ад канфлiктаў, усталяваць такое грамадства, дзе канфлiкты немагчымыя (гэтым яны адрознiваюцца ад рэакцыянераў: калi першыя не прымаюць канфлiкт, дык другiя нават iмкнуцца стварыць яго, каб вярнуць былы стан рэчаў);
  2. стаўленне да прыроды: «мы з’яўляемся часткай прыроды»;
  3. стаўленне да гiсторыi: трэба прымаць i ўлiчваць урокi гiсторыi, а не карыстацца рацыяналiзаванымi канцэпцыямi пераўтварэння грамадства; нельга iмкнуцца да дасканаласцi грамадскiх дачыненняў i чалавека, бо дасканалы толькi Бог;
  4. адказнасць, вернасць маральным каштоўнасцям.

Вiдавочна, сучасныя кансерватары вельмi адрознiваюцца ад напрамку, вызначанага М. Оўкшатам. Таму Ё.Йофэ прапанаваў сучасных кансерватараў (М.Тэтчар, Р.Рэйгана i iншых) называць нэакансерватарамi, а класiчных (Э.Бэрка, Р.Шатабрыяна i iнш.) — палеакансерватарамi. Калi палеакансерватызм стаяў за супольнасць i стабiльнасць, дык нэакансерватызм часам iдзе на радыкальныя змены ў арганiзацыi рынку i дзяржавы. Разам з тым, адзначыў Ё.Йофэ, змянiўся i лiбералiзм: у ХiХ ст. ён пастуляваў свабоду ад дзяржавы i свабоду для прыватнага, iндывiдуальнага рынку; цяпер жа лiбералы стаяць за моцную дзяржаву, якая ўсё размяркоўвае, высокi ўзровень сацыяльнага забеспячэння (высокiя падаткi), удзел дзяржавы ў прыватных справах.

Але, хоць лiбералiзм i кансерватызм ХХ ст. вельмi адрознiваюцца ад класiчных, сучасныя лiбералы i кансерватары не цалкам страцiлi былыя звычкi i спосаб мыслення. Так, сучасныя лiбералы, у адрозненне ад класiчных, вераць у моцную дзяржаву, але, як i iх папярэднiкi ў ХVIII ст., яны таксама вераць у iндывiдуальную свабоду. Сучасныя кансерватары, з аднаго боку, прытрымлiваюцца поглядаў, процiлеглых поглядам сучасных лiбералаў, а з другога боку, яны прынялi ключавыя элементы iдэалогii iх папярэднiкаў: як А.Смiт i Дж.Лок, яны выступаюць за свабодны рынак i персанальную адказнасць, абмежаваны ўрад i нiзкiя падаткi. Разам з тым, кансерватары iмкнуцца захаваць рэлiгiйныя i маральныя асновы класiчнага кансерватызму: моцную царкву, моцнае пачуццё калектыўнай адказнасцi, трывалую сям’ю i гэтак далей.

Усё гэта абумовiла, па-першае, шматлiкiя дыскусii i спрэчкi памiж прыхiльнiкамi розных плыняў у лiберальных i кансерватыўных партыях (у якасцi прыкладу Ё.Йофэ прывёў канфлiкты ў Рэспублiканскай партыi ЗША i дыскусii брытанскiх кансерватараў). Па-другое, «мутацыя» iдэялогiй у ХХ ст. прывяла да таго, што лiбералiзм практычна спалучыўся з сацыял-дэмакратыяй, а кансерватары пайшлi на саюз з сацыялiстамi. Ё.Йофэ выказаў вельмi цiкавую думку пра сувязi кансерватызму i сацыялiзму. Як кансерватызм, так i сацыялiзм былi рэакцыяй на лiбералiзм, iндывiдуалiзм i капiталiзм. Нягледзячы на ўсе адрозненнi, гэтыя iдэялагiчныя плынi сыходзяцца ў наступным: абедзьве стаяць за моцны ўрад i моцную калектывiсцкую супольнасць, падазрона ставяцца да iндывiдуму i iндывiдуальнага, да рынку (нi кансерватары, нi сацыялiсты не прымаюць свабодны рынак, якi, быццам кiслата, раз’ядае грамадства, знiшчае традыцыi i зводзiць усе сувязi да абмену, заробку, прыбытку i г.д.); абедзве звяртаюцца да iдэалiзаванага мiнулага. Таму, лiчыць Ё.Йофэ, аб’яднанне кансерватараў (правых) i сацыялiстаў (левых) было толькi пытаннем часу. Менавiта такiм з’яўляецца сучасны кансерватызм у кантынентальнай Еўропе, якi атрымаў назву хрысцiянскай дэмакратыi. Прыкладам палiтыка, якi прытрымлiваецца такой iдэалогii, на думку Ё.Йофэ, ёсць Гельмут Коль.

У вынiку апiсаных вышэй зменаў склалася, як адзначыў прафесар А-Ж.Слама, такая сiтуацыя, што разрыў памiж кансерватарамi, лiбераламi i сацыялiстамi становiцца ўсё меншым, i палiтычны спектр цяпер можна вызначыць толькi па такiх крытэрыях, як правыя i левыя блокi, у якiя групуюцца нашчадкi гэтых палiтычных традыцый.

Такое ж разуменне сучаснага палiтычнага спектру ляжыць у аснове аналiтычнай тыпалогii, прапанаванай М.Эдвардсам, членам Рэспублiканскай партыi ЗША, выкладчыкам Гарвардскага ўнiверсiтэту (гл. таблiцу).

Цiкава, што некаторыя высновы даклада прафесара А.-Ж.Слама сталi свайго роду адказам на пытанне, чаму кансерватары займаюць цэнтр палiтычнага спектру. Вучоны адзначае, што сучасныя кансерватары змянiлi свае пазiцыi i лозунгi: цяпер яны выступаюць не «супраць», а «за»:

  • не супраць роўнасцi, а за роўнасць магчымасцяў;
  • не супраць рэальных правоў, а за фармальныя правы;
  • не супраць свабоды, а за прадухiленне яе пабочных эфектаў, бо, напрыклад, калi свабоды зашмат, гэта можа прывесцi да гвалту (кансерватары сцвярджаюць, што яны могуць зрабiць тое ж, што i лiбералы, але з меншым стратамi i пабочнымi эфектамi, без скрайнасцяў).
Левыя Прагрэсісты Цэнтр Кансерватары Правыя
Універсалісцкі розум Прагматычны універсалізм Нейтральны прагматызм Разумная традыцыя Традыцыя
гарманічны сацыялізм, рамантычны марксізм, секулярызаваны радыкалізм, навуковы марксізм, секулярызаваны гуманізм, унітарызм, манчэстэрскі лібералізм, карпаратывізм, ідэялістычны марксізм секулярызм, лейбарысты, Сун-Ят-Сен, сацыял-дэмакраты Дж. Неру, Атацюрк, Гаміньдан, кансерватары, хрысціянскія дэмакраты М. Гандзі, М. Тэтчар, прыхільнікі Лока індуізм, іслам, артадакальны іудаізм, нацыянальны каталіцызм, артадаксальны пратэстантызм, нацыяналізм, амерыканскі нацыяналізм

Разам з гэтым прафесар Слама адзначыў i радыкалiзацыю пазiцый пэўнай часткi кансерватараў, якая абумоўлена некаторымi сучаснымi праблемамi (мiграцыя, экалагiчныя праблемы i iнш.) ды зваротам да камунiтарызму i нацыяналiзму, характэрных для класiчнага кансерватызму. Гэта вядзе да фашысцкага нацыяналiзму i iнтэгрысцкiх рэлiгiйных рухаў, з аднаго боку, i да ўмацавання прафсаюзнага руху i iншых вiдаў кааперацыi, вяртання да скрайнасцяў 30-х гадоў i саюзу з каталiкамi, з другога. Неканфлiктная мадэль грамадства кансерватараў таксама стварае глебу для апраўдання гвалту, бо кампрамiс магчымы толькi тады, калi канфлiкт прымаецца як натуральная з’ява.

У дакладзе П.Сiнха, прафесара iнстытуту Джавахарлала Неру (iндыя), экалагiчны гуманiзм М.Гандзi быў прадстаўлены як iндыйскi варыянт кансерватызму. Прыхiльнiкi М.Гандзi супрацьстаяць тым фiлосафам, якiя прапагандуюць рацыяналiзм i эканамiчны рост, яны абараняюць традыцыйную культуру, сялянскую гаспадарку i прынцыпы няроўнасцi, якiя нельга аддзялiць ад iндыйскай традыцыi, крытыкуюць сучасную заходнюю цывiлiзацыю. Вельмi цiкава П.Сiнгха апiсаў сучасную iндыю: для яе характэрны рэлiгiйны секулярызм, эканамiчны лiбералiзм, сацыя-культурны кансерватызм, а ў палiтыцы — лiберальна-кансерватыўны сацыялiзм.

Гiсторыi паўстання сучаснага кансерватызму ў ЗША былi прысвечаныя даклады У.Рашэра, вядомага амерыканскага палiтычнага дзеяча i журналiста, i Д.Дэвiна, доктара палiтычнай фiласофii, галоўнага кансультанта Р.Рэйгана i Р.Доўла ў час iх выбарчых кампанiй, аўтара шасцi кнiг, прысвечаных праблемам дэмакратычнай тэорыi i метадалогii вывучэння грамадскага меркавання. У.Рашэр адзначыў, што кансерватыўны рух пачаўся ў ЗША ў 1950-х гадах як каалiцыя памiж лiбертарыянскiмi эканамiстамi, традыцыяналiстамi (у тым сэнсе, якi ўкладваў у гэты тэрмiн Э.Бэрк) i прыхiльнiкамi прынцыпаў халоднай вайны, якiх аб’яднала варожасць да лiбералiзму. Рух развiваўся на працягу трыццацi гадоў i атрымаў перамогу ў 1980 г., калi прэзiдэнтам стаў Р.Рэйган. Амерыканскiя кансерватары лiчаць, што неадкладнага вырашэння патрабуюць наступныя праблемы: развiццё высокатэхналагiчнага грамадства, калi неквалiфiкаваная праца перамяшчаецца за мяжу; банкруцтва праграм сацыяльнай абароны; неадкладная патрэба рэфармавання сiстэмы сацыяльнай аховы; маральнае адраджэнне краiны. Д.Дэвiн паказаў схему развiцця амерыканскага кансерватыўнага руху. Асноўнымi рысамi амерыканскага кансерватызму ён лiчыць апору на iндывiдум у супольнасцi, вызначэнне рознiцы памiж дзяржавай i супольнасцю, недавер, нават страх перад усемагутнай дзяржавай, боязь масаў, прыхiльнасць да прынцыпу падзелу ўлады i федэралiзму, павагу да рэлiгii i традыцыi, iмкненне змагацца за ўсталяванне «маральнага парадку», i, разам з гэтым, — патрабаванне захаваць свабодны рынак, неўмяшання дзяржавы, нiзкiх падаткаў i г.д. Гэтыя прынцыпы сталi вядомыя грамадскасцi праз працы i выступы Ф.Гаека, Дж.Оруэла, Б.Голдуотэра. iх пашырэннем i прапагандай займалiся такiя выданнi, як «National Review», «The Freeman», «Modern Age» i iнш. Былi створаныя таксама кансерватыўныя арганiзацыi, маладзёжныя i перадвыбарныя, а таксама фонды, якiя займалiся фiнансавай падтрымкай руху. Усё гэта дало магчымасць згуртаваць традыцыяналiстаў, лiбертарыянцаў, антыкамунiстаў, дэмакратаў Поўдня (папулiстаў), маралiстаў i новых правых на аснове iдэй, прапанаваных нэакансерватарамi. Наступным крокам было стварэнне часовых каалiцый з рознымi сацыяльнымi групамi — банкiрамi, будаўнiкамi, уладальнiкамi гатэляў i рэстаранаў, дробнымi бiзнэсменамi, фундаменталiстамi i iнш. Усё гэта i стала асновай перамогi кансерватараў.

Трэба адзначыць, што на семiнары вельмi часта вялiся дыскусii адносна правамернасцi самога паняцця «амерыканскi кансерватызм». Вучоныя i палiтыкi Старога свету iмкнулiся даказаць, што разуменне кансерватызму ў Амерыцы адпавядае паняццю еўрапейскага лiбералiзму (Э.Морцiмер, рэдактар лонданскай «Financial Times»), што кансерватызм не можа паўстаць у ЗША з прычыны адсутнасцi феадальнага мiнулага (Ё.Йофэ).

У краiнах былога савецкага блоку з кансерватызмам звязаныя зусiм iншыя праблемы. Некаторыя даследчыкi лiчаць кансерватарамi камунiстаў-рэваншыстаў (Б.Капусцiн, вядучы навуковы супрацоўнiк iнстытуту фiласофii РАН), ёсць погляды, што нашчадкамi кансерватыўнай традыцыi могуць быць хрысцiянска-дэмакратычныя блокi (В.Дойкаў, член балгарскага парламенту). Але больш слушным здаецца погляд, выказаны латышскiм вучоным iльзе Островска (прафесар факультэту сацыялогii Латвiйскага ўнiверсiтэту). Яна адзначыла, што ў краiнах былога СССР палiтычныя прынцыпы, зафiксаваныя ў праграмах сучасных палiтычных партый, валодаючых рэальнымi рычагамi ўздзеяння на палiтыку, маюць для iх другаснае значэнне, асноўнае ж — перадзел уласнасцi. i ў гэтым, здаецца, асноўная прычына паражэння новых палiтычных партый: яны не могуць прапанаваць iдэялогiю, здольную прывабiць выбаршчыкаў.

Марына Сакалова

Наверх

Берасцейскiя чытаннi (Геннадзь Сагановiч)

У траўнi 1996 г. у Пярэмышлi, Львове i Кiеве адбывалiся чарговыя Берасцейскiя чытаннi, арганiзаваныя Iнстытутам гiсторыi царквы Львоўскай Багаслоўскай Акадэмii. Яны сталi ўжо пятай сустрэчай вучоных, прысвечанай Чатырохсотай гадавiне Берасцейскай царкоўнай унii, праведзенай гэтым iнстытутам. «Менталiтэт, iдэнтычнасць i багаслоўе ў Украiне i Беларусi ў ХVII ст.» — так арганiзатары акрэслiлi праблематыку гэтага форуму. З асноўнымi дакладамi выступiлi Барыс Гудзяк (Львоў) «Шляхi ўкраiнскага багаслоўя i духоўнасцi ў ХVII ст.», Франк Сысын (Эдмантан) «Берасцейская унiя i праблема ўкраiнскай iдэнтычнасцi i нацыятварэння», Сяргей Плохiй (Эдмантан) «Берасцейская унiя i новыя канцэпцыi Русi», ды нiжэйпадпiсаны, чый рэферат зваўся «Царкоўная унiя i праблема нацыянальнай тоеснасцi беларусаў у ХVII ст.». Iх апанентамi ў Львове былi Сафiя Сенiк (Рым), Яраслаў Дашкевiч (Львоў) i Пятро Кралюк (Луцк), а ў Кiеве — Наталя Якавенка (Кiеў) i Дзмiтры Караў (Горадня).

У адрозненне ад характэрнага для сучасных канферэнцый шматслоўя i тэматычнага роскiду, гэтая сустрэча адрознiвалася прадметнасцю i карэктнасцю як асноўных дакладаў, так i крытычных выступаў апанентаў. Асаблiва адметным быў выступ Франка Сысына. Адзначу толькi некаторыя з арыгiнальных тэзаў канадыйскага гiсторыка: паваротным момантам гiсторыi фармавання ўкраiнскага народу ён лiчыць заняпад дзяржаўнасцi старой Русi ў XIII-XIV ст.; праваслаўна-культурнае адраджэнне Русi ў канцы ХVI ст. iнiцыявалi мяшчане, якiя першымi i выкарысталi тэрмiн «нацыя» ў дачыненнi да Русi, укладаючы ў яго i этнакультурны сэнс; зародкам палiтычнай нацыi стала «нацыяналiзацыя» казакаў. У ацэнцы Сысына функцыя унii падобная да ролi расколу ў Маскоўскiм царстве. А першая чвэрць ХVII ст. стала самым цяжкiм часам для праваслаўнай царквы. Цiкава, што канцэпцыя маларасiйства нарадзiлася не ў Маскве: мiтрапалiт Барэцкi ў 1624 г. прасiў цара заступiцца за ўкраiнцаў як за «малодшых братоў».

Мушу адзначыць, што «Берасцейскiя чытаннi» падалiся адным з самых канструктыўных i ўдала арганiзаваных навуковых форумаў, на якiх даводзiлася быць. Асобна варта сказаць пра арганiзатараў гэтай канферэнцыi. Iнстытут гiсторыi царквы, iнiцыятарам заснавання i дырэктарам якога з’яўляецца Барыс Гудзяк, iснуе з 1992 г. Яго галоўнай мэтай было i застаецца даследаванне становiшча царквы ў умовах татальнага камунiстычнага рэжыму. За аснову навуковай дзейнасцi маладыя вучоныя бяруць метад «жывой гiсторыi», г.зн. збор вусных сведчанняў ды iх апрацоўку з дапамогай кампутарнай тэхнiкi (папулярная на захадзе oral history). У архiве iнстытута ўжо сабраны многiя сотнi iнтэрвiю святароў, манахаў i мiран, фотакопii матэрыялаў з архiваў КДБ i КПСС. Апрача цэнтральнай даследчыцкай праграмы iнстытут рыхтуе серыю спецыяльных выданняў (у прыватнасцi «Гiсторыю царквы ў Украiне» прафесара Сафii Сенiк i «Крыза i рэформа: Кiеўская мiтраполiя, Царагародскi патрыярхат i генэза Берасцейскай унii» доктара Барыса Гудзяка), стала праводзiць навуковыя канферэнцыi (праграма «Берасцейскiх чытанняў» распачата яшчэ ў 1994 г.), арганiзуе спецыяльныя курсы лекцый для грамадскасцi. Вось прыклад сучаснай еўрапейскай даследчыцкай установы (недзяржаўнай!), якой так бракуе Беларусi.

Генадзь Сагановiч

Сустрэча даследчыкаў Унii (Валянцiна Грыгор’ева, Алена Фiлатава)

25-27 кастрычнiка ў Красiчынскiм Замку, што знаходзiцца недалёка ад Пярэмышля (сучасная Польшча), праходзiла навуковая канферэнцыя «Каталiцкая царкоўная унiя ў Цэнтральнай i Ўсходняй Еўропе: iдэя i рэчаiснасць». Арганiзавалi яе Паўднёва-Усходнi навуковы iнстытут (Пярэмышль) i Антрапалагiчны iнстытут Кентскага ўнiверсiтэту (Англiя). Вучоныя праслухалi 23 даклады. Iх тэматыка была вельмi розная: ад прычынаў i ўмоў заключэння Берасцейскай царкоўнай унii да стану унiяцкай царквы сёння, прычым не толькi ў Польшчы i Украiне, але i ў сучаснай Францыi. Асаблiвая ўвага была звернута на ўзаемаўплывы унii i нацыянальнай свядомасцi. Гэтай праблеме прысвяцiла свае даклады амаль трэцяя частка выступоўцаў. Што да складу ўдзельнiкаў, дык ён быў даволi стракаты: гiсторыкi, духавенства (каталiцкае i унiяцкае), сацыёлагi, палiтолагi, культуролагi з Англii, Беларусi, ЗША, Iталii, Канады, Польшы, Украiны i Францыi. Беларусь прадстаўлялi тры чалавекi: Дзмiтры Караў, Валянцiна Грыгор’ева i Алена Фiлатава. Удзельнiкi форуму паставiлiся да беларускай дэлегацыi з вялiкай увагай. Галоўнае, што характарызавала атмасферу канферэнцыi, — гэта iмкненне зразумець адзiн аднаго, узбагацiць свае веды. I, нягледзячы на шматмоўе, гэта, трэба сказаць, удалося.

Валянцiна Грыгор’ева,
Алена Фiлатава