БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Агляды

Том 5 Сшытак 1 (8) (Чэрвень 1998)

Артыкулы

Генадзь Сагановiч. Полацк і нямецкая калонія на Дзвіне. C. 3-26.

Васіль Варонін. Палітычны лад Полацкага ваяводства ў першай палове XVI ст. C. 27-66.

Гартмут Рус. СД у Баранавічах (1941-1943). C. 67-87.

Паведамленні

Васіль Пуцко. Ілюмінацыя Тураўскага Евангелля. C. 88-102.

Алесь Смалянчук. Дзённiк Мiхала Ромера як крынiца па гiсторыi Беларусi пачатку ХХ ст. C. 103-111.

Алесь Сімакоў. «Iндзейская вайна» Тадэвуша Касцюшкi. C. 112-115.

Пераклады

Джойс Эплбай. Сіла гісторыі. C. 116-137.

Тэадор Шыдэр. Роля гiстарычнай свядомасцi ў палiтыцы. C. 138-160.

Вачыма суседзяў

Генадзь Ластоўскі. Беларусь і беларусы ў расійскіх падручніках па гісторыі. C. 161-174.

Архiвалii

Франц Кушаль. Спробы арганiзацыi Беларускага Войска. C. 175-204.

Інтэрвію

У Цюрыху пра Полацк (Размова са Штэфанам Родэвальдам). C. 205-209.

Новая гiстарычная лiтаратура: агляды i рэцэнзii

Пытанняў больш, чым адказаў (Вячаслаў Насевіч). C. 210-226.

Успаміны Еўлашоўскага па-літоўску (Уладзімір Свяжынскі, Міхаіл Спірыдонаў). C. 227-241.

Гісторыя сялянства Беларусі са старажытных часоў да 1996 г. — Т.1. (Юры Заяц). C. 242-257.

Марзалюк, Ігар. Магілёў у ХІІ-ХVIII cт. (Ірэна Ганецкая). C. 258-265.

Rowell, Stephen. Lithuania ascending (Генадзь Сагановіч). C. 266-270.

Ластовский, Геннадий. История и культура Смоленщины с древнейших времён до конца XVIII в. (Валеры Пазднякоў). C. 271-273.

Старабеларускі лексікон. (Алена Клімава). C. 274-276.

Białokozowicz, Bazyli. Między Wschodem a Zachodem (Рышард Радзiк). C. 276-281.

Інфармацыя і хроніка

Польска-беларуская канферэнцыя ў Белавежы (Рышард Радзік). C. 281-285.

Генадзь Сагановiч. Полацк і нямецкая калонія на Дзвіне


У нашай гiстарычнай лiтаратуры немец паўставаў звычайна ў іпастасі захопнiка, «крыжака», жаўнера-наймiта etc., толькі не суседа. А ў ХIII ст. аўтар Вялiкапольскай хронiкi занатаваў, што тэўтоны i славяне добра жывуць супольна, i што няма iншых народаў у свеце такiх блiзкiх i прыязных, як яны. Зыходзячы з вядомага імператыву, што кожнаму гісторыку не застаецца нічога іншага, як шукаць праўду па-новаму, я і вынес у тытул даследавання полацка-нямецкія дачыненні з канца ХII ст. да 1229 г.

Як вядома, па гісторыі пачаткаў суседства Русі/Беларусі з немцамі ў Інфлянтах галоўнай і практычна адзінай сур’ёзнай крыніцай з’яўляецца хроніка нямецкага пробашча з Папендорфу Генрыха, пісаная ў 1225-27 г.[1] Дакладная храналогія, дэтальнасць апісання і адносная аб’ектыўнасць выгадна адрозніваюць яе ад усходнеславянскіх летапісаў, якія, да ўсяго, проста не адлюстравалі гісторыю Падзвіння разгляданага перыяду. Наратыўнай асновай дадзенага даследавання стала пакуль адзінае навуковае выданне рускамоўнага перакладу хронікі, выкананае С.Аннінскім[2]. Што праўда, у згаданым перакладзе палачане паўсюль называюцца «русскими», а ў лацінамоўным тэксце хронікі фігуруюць Rutheni, Ruthenorum, Ruthenica[3]. Пераклад быў бы больш дакладны, каб і ў рускамоўнай версіі захавалася заходняя, лацінізаваная форма гэтага ўсходнеславянскага наймення. Так, як гэта зрабіла В.Матузава ў сучасным выданні хронікі Пятра з Дусбурга, захаваўшы тэрмін «рутэны»[4].

Да прыходу немцаў залежнасць ліваў і, магчыма, некаторых балцкіх плямёнаў ніжняга Падзвіння ад Полацка мела ўжо сваю традыцыю. Пра тое, што яны давалі даніну Русі, паведамляецца як у нямецкіх, так і ў усходнеславянскіх крыніцах[5]. Пры гэтым чудзь і леты з вобласці Таловы падпарадкоўваліся Ноўгараду і Пскову, а леты-латгалы Прыдзвінскія і ўсе лівы — Полацку. Толькі эсты заставаліся вольныя. Калі першыя (чудзь і Талоўскія леты), плоцячы даніну, кіраваліся сваімі старэйшынамі, дык залежнасць ліваў ад Полацка была большай. Полацкае княства ўвасабляла тут трывалы і, як падкрэсліў С.Аннінскі, адзіны ў Інфлянтах да з’яўлення немцаў цэнтр дзяржаўнай улады наогул[6]. Калі вызначаць канкрэтней, то ўсталяванне трывалай залежнасці ліваў ад Полацка і рэгулярнага збору даніны спецыялісты адносяць да першага перыяду княжання Усяслава, г.зн. да 1044-1064 г.[7] Да пазнейшага датавання яе пачаткаў гісторыкі схіляюцца зрэдку і, як правіла, не прыводзяць аргументаў[8]. З летапісаў ведаем, што полацкія князі перыядычна выкарыстоўвалі ліваў у сваіх ваенных паходах — у 1158, 1162, 1180 г. і інш.[9] Для абароны залежных плямёнаў і збору даніны былі заснаваны цэнтры васальных княстваў, фарпосты полацкай улады на Дзвіне — замкі Герцыке (Gercike) і Кукенойс (Kukenois, Kukenoys, у полацкіх граматах — Куконос, летапісы ж яго не ведаюць). Герцыке мясцілася на правым беразе Дзвіны, ніжэй парогаў, за 170 км ад Рыгі, побач з сучасным населеным пунктам Ерсіка. Храніст упершыню згадвае яго пад 1203 г., паведамляючы пра антынямецкую акцыю Полацка[10] . Самыя раннія ўмацаванні гэтай цвердзі датуюцца Х ст.[11], аднак не вызначана, кім яны былі ўзведзеныя. Археалагічныя матэрыялы тут і славянскага, і балта-фінскага паходжання. Пра дамінацыю першых сведчыць наяўнасць, прынамсі на пачатку ХIII ст., некалькіх цэркваў, пра якія паведаміў Генрых. Як даводзяць этымолагі, лацінская форма Gercike мае славянскі корань «Ярск», што мусіць азначаць літаральна «горад, размешчаны на яры»[12].

Кукенойс, упершыню згаданы ў хроніцы пад 1205 г., знаходзіўся на правым беразе Дзвіны, у месцы ўпадзення ў яе ракі Персе (раней называлася Кокна, — адсюль і назва гарадка), на адлегласці 338 км ад Полацка і 134 км ад сучаснага Даўгаўпілса. Раскопкі 1960-х засведчылі, што ў ХI — пачатку ХIII ст. насельніцтва гэтага гарадка ліўскай зямлі было этнічна змяшаным[13].

Князем Герцыке на Альбертавыя часы быў Усевалад (у хроніцы Генрыха — Wiscewaldus), усходнеславянскім летапісам зусім невядомы. У Кукенойсе ж княжыў Вячка (Vetseka), генеалогія якога таксама не вызначана. Летапісы згадваюць Вячку толькі адзіны раз, паведамляючы пра ягоную смерць[14]. Варта заўважыць, што адносна паходжання гэтых васальных Полацку князёў у еўрапейскай гістарыяграфіі даўно няма згоды. Сярод прадстаўнікоў расійскай, а потым і савецкай навукі доўга трымалася гіпотэза С.М.Салаўёва, які са спасылкай на В.Тацішчава (сюжэт пра Святохну) лічыў Усевалада і Вячку сынамі Барыса Давыдавіча полацкага[15]. Да Рурыкавічаў адносілі Усевалада і польскія ды нямецкія гісторыкі. Прыкладам, Міхаіл Таўбэ ідэнтыфікаваў яго са смаленскім князем Усеваладам Мсціславічам, і ад Вячкі як нашчадка полацкай дынастыі выводзіў род Тызенгаўзаў[16]. Адзін з найбольшых сучасных аўтарытэтаў полацкай гісторыі Леанід Аляксееў лічыць Вячку сынам полацкага князя Уладзіміра[17], а Вячаслаў Насевіч дапускае, што ён паходзіў ад Барыса Друцкага[18]. Вось жа ў латышскай гістарыяграфіі з 1930-х г., а фактычна з публікацый лінгвіста А.Швабэ, герцыцкага князя Усевалада сталі падаваць прадстаўніком латгальскага этнасу. Гэта сцвярджалася і ў гады савецкай улады, калі гісторыкі пісалі, што Усевалад — «главарь местного происхождения»[19]. Апошнім часам да падобнага пункту гледжання схіляюцца і некаторыя нямецкія вучоныя[20], аднак чыста лінгвістычныя аргументы не надаюць гэтай версіі дастатковай доказнасці.

У кожным разе, на канец ХII ст. улада полацкага князя над плямёнамі ліваў была бясспрэчнай не толькі de facto, але і юрыдычна, так што з ёю лічыліся і немцы.

Першым нямецкім місіянерам, што ступіў на ліўскі бераг, быў галштынец Майнард (Meinhard von Segeberg). Ён прыплыў з Готланда і высадзіўся ў вусці Дзвіны на пачатку 1180-х г. Менавіта Майнард разам з нямецкімі купцамі заснаваў на зямлі Падзвінскіх ліваў першы ў гэтым рэгіёне касцёл. Але спачатку, як паведамляецца ў хроніцы, папярэджаны купцамі, што нельга займацца хрышчэннем ліваў без ведама іх валадара, Майнард звярнуўся па дазвол да полацкага князя Уладзіміра[21]. Гэтае паведамленне найстарэйшай інфлянцкай хронікі пацвярджаецца і булай папы Клеменса III[22]. Улічваць правы полацкага князя на Ніжняе Падзвінне, каб не разгневаць яго, Майнарда маглі папрасіць і нямецкія купцы, зацікаўленыя ў развіцці эканамічных сувязяў з Полацкам.

Крыніцы не інфармуюць пра нямецкую дэлегацыю і працэдуру перамоваў. Ясна, што ў Полацк ездзіў не сам біскуп Майнард. Найверагодней туды паслалі цыстэрцыянскага манаха Тэадорыха з групай нямецкіх купцоў[23]. Ініцыятыва прынесла незвычайны плён: полацкі князь Уладзімір не толькі дазволіў немцам распачаць хрышчэнне ліваў, але і пераслаў біскупу дарункі[24], так што лацінская місія ў залежных ад Полацка ліўскіх землях пачалася ў поўным паразуменні з іх уладаром. Выглядае, што полацкім князем ці нават палачанамі кіравала зацікаўленасць у найлепшым развіцці адносін з маладой нямецкай калоніяй.

Майнарду ўдалося ахрысціць частку ліваў і ў 1184 г. узвесці касцёл у Юкскюль (Ükskül), у вусці Дзвіны, пасля чаго ў 1186 г. ён быў высвечаны на юкскюльскага біскупа[25]. Аднак у 1196 г. першы інфлянцкі біскуп памёр у беднасці і нястачы. Ягонае месца заняў вестфальскі цыстэрцыянец Бертольд[26]. Каб абараніць маладую хрысціянскую супольнасць ад ліваў, ён упершыню паклікаў у Інфлянты саксонскіх рыцараў і дамогся таго, што рымскі папа і імператар Святой Рымскай імперыі прыраўнялі інфлянцкія паходы да паходаў у Палестыну. У 1198 г. супраць фінскіх плямёнаў быў арганізаваны першы «крыжовы паход» рыцараў, аднак у бітве з лівамі загінуў і сам біскуп.

Па смерці Бертольда ў 1198 г. узначальваць місію ў Прыбалтыцы быў прызначаны брэменскі канонік Альберт фон Буксгёўдэн (Albert von Buxhövden), якога ў нямецкай літаратуры называюць «апошнім вялікім біскупам-місіянерам Нямеччыны»[27]. Сапраўды, з яго дзейнасцю звязаны найбольшыя поспехі ў нямецкай каланізацыі Інфлянтаў. Біскуп Альберт адразу ўзяўся вербаваць пілігрымаў і дамогся папскай апекі над іх маёмасцю: пілігрымства ў Інфлянты прыраўноўвалася да паходу на Святую Зямлю[28]. Новы біскуп прыплыў да ліваў у 1200 г. на чале флатыліі з 23 караблёў. Праз год у самым вусці Дзвіны ён заснаваў Рыгу і пачаў актыўна вербаваць пілігрымаў з Нямеччыны. Яны заставаліся ў Інфлянтах на адно лета, пасля чаго вярталіся, таму сталай ваеннай сілы ўсё роўна не хапала. Хроніка паведамляе, што ў 1202 г. дзеля абароны касцёла ад паганцаў тут быў утвораны манаска-рыцарскі ордэн — Fratres Militiae Christi, г.зн. Ордэн братоў Хрыстовых, больш вядомы пазней як Ордэн братоў па мячы (Schwertbrüderorden). Яго статут быў запазычаны ў храмоўнікаў, а знакам сталі чырвоныя крыж і меч (адсюль і назва) на белым плашчы. Сама арганізацыя Ордэна прыпісваецца цыстэрцыянцу Тэадорыху, бо біскуп у той год знаходзіўся ў мітраполіі. Можна пагадзіцца са здагадкай Г.Гільдэбранда, што ў 1202 г. нарадзіла ся хутчэй за ўсё толькі ідэя Ордэна, а не сама яго арганізацыя, бо ні ў хроніцы, ні ў папскіх дакументах яшчэ некалькі гадоў ён не фігураваў[29]. Так, магістр Ордэна ўпершыню згадваецца ў Генрыха толькі ў 1208 г., а рымскі папа Інакенці III зацвердзіў новаствораны Ордэн булай толькі 20 кастрычніка 1210 г.

Спачатку ў склад братоў Хрыстовых тут уваходзілі галоўным чынам вестфальцы, але потым стала прыязджаць рыцарства і з цэнтральных земляў Нямеччыны. Колькасць пілігрымаў, якія знаходзіліся тут адначасова, тады наўрад ці перасягала 180, а ўсе ваенныя сілы немцаў у Інфлянтах складалі 1200-1800 чалавек. Што да мясцовага насельніцтва, то, згодна з падлікамі Фрыдрыха Бенінговэна, літоўскія плямёны на пачатак ХIII ст. маглі налічваць прыкладна 170 000, эсты — 150 000, леты — 40 000, куры — 32 000, земгалы — 25 000, лівы — 20 000, і селы — яшчэ меней[30]. Разам яны былі б у стане выставіць каля 23 000 войска. Складана гаварыць нешта пэўнае пра мабілізацыйныя магчымасці тагачаснага Полацка, аднак нават без яго колькасная дыспрапорцыя ашаламляльная. Тым не менш Ордэн зрабіўся сур’ёзнай ваеннай сілай у Прыбалтыцы. Выглядае, што гэта сталася дзякуючы адной асобе — біскупу Альберту, які выяўляў незвычайную актыўнасць у мабілізацыі сілаў і сродкаў на справу місіі ды за часы свайго біскупства адзінаццаць разоў адпраўляўся вербаваць рыцараў у Нямеччыне (караблі з пілігрымамі прыплавалі да Рыгі ў 1203, 1205, 1207, 1209, 1210-1212, 1214, 1216, 1217, 1219 і 1221 г.).

Нічога не ведаючы пра ўзаемадачыненні палачан з немцамі ў часы біскупства Бертольда і адразу пасля з’яўлення Альберта, мусім канстатаваць, што да іх першай гістарычна вядомай сутычкі, патрактаванай у нас нядаўна як «пачатак іх адкрытай вайны»[31], дайшло ў 1203 г. Храніст паведамляе, што, з’явіўшыся ў нізоўях Дзвіны зусім нечакана, Уладзімір Полацкі ўзяў у аблогу замак Юкскюль, але пасля таго, як лівы заплацілі яму грошы, зняў яе. Спроба захапіць суседні замак Гольм (Holme, пазнейшы Кірхгольм, цяпер Саласпілс) скончылася яшчэ больш няўдала, бо рыцары адбіліся арбалетамі і са стратамі адагналі полацкае войска[32]. Быццам дапамагаючы палачанам, Усевалад з Герцыке прыйшоў пад Рыгу з літоўцамі, але іх дзеянні абмежаваліся захопам жывёлы і некалькіх палонных. Гэта ўсё, што знаходзім пра паход у Генрыха. (У гэтай сувязі цяжка акцэптаваць версію знанага гісторыка Ул. Вілінбахава, паводле якой «Вячка і Усевалад ажыццявілі ваенныя крокі супраць Рыгі, імкнучыся падпарадкаваць яе сабе палітычна»[33]). Аб прычынах жа акцыі ў хроніцы ні слова.

Што ж магло падштурхнуць Уладзіміра Полацкага да наступальных дзеянняў? У каментарах да выдання помніка С.Аннінскі прыняў версію С.Салаўёва, які лічыў, што полацкі князь ішоў сілай браць належную яму даніну з немцаў (маўляў, полацкія князі «прывыклі хадзіць вайною на чудзь і браць з яе даніну сілай, калі тая не хацела плаціць яе дабраахвотна. Дакладна гэтак хацелі яны цяпер дзейнічаць супраць немцаў»[34], і ў падтрымку яе зацытаваў хроніку Арнольда Любецкага: «Кароль Рутэніі з Полацка меў звычай час ад часу збіраць даніну з гэтых ліваў, але біскуп адмаўляў яму. Таму ён часта рабіў жорсткія напады на тую зямлю і згаданы горад [Рыгу]»[35]. Праўда, цытаваны фрагмент Славянскай хронікі датуецца 1209 г.[36] Такім чынам, Салаўёў меў на ўвазе даніну з немцаў (на што не дае аніякіх падстаў хроніка Генрыха), а любецкі храніст — з ліваў. Паводле Л.Аляксеева, паход ладзіўся проста «па даніну»[37], а паводле М.Ермаловіча, полацкі князь рушыў на Альберта таму, што той забараніў лівам плаціць яму падаткі[38].

Выплата грошай ліўскім Юкскюлем як падстава зняцця аблогі сведчыць, што сапраўды многае магло вызначаць імкненне спагнаць даніну (хоць гэта мог быць і выкуп), але ці замяшаны тут біскуп? Вось жа нямецкі гісторык Фрыдрых Койслер даўно аргументавана аспрэчыў падобны падыход[39]. Сапраўды, няма ніякіх непасрэдных падстаў увязваць у справу біскупа, а калі разважаць лагічна, то канфлікт наўрад ці мог быць справакаваны Альбертам, бо той — паслядоўнік умеранай палітыкі, які ад пачатку імкнуўся захоўваць мір з даўнім валадаром Падзвіння. Дзякуючы паразуменню князя Ўладзіміра з Майнардам, місія каталіцкага касцёлу ў Ніжнім Падзвінні развівалася на цалкам прававой аснове, прычым даволі паспяхова, і не ў інтарэсах біскупа было падрываць яе, канфліктую чы з Полацкам. Становішча нямецкай калоніі заставалася яшчэ заслабое, каб у атачэнні паганскіх плямёнаў рызыкаваць яе легітымнасцю. Па думцы згаданага Ф.Койслера, прыгнечаныя падвойным цяжарам лівы маглі і самі паспрабаваць вызваліцца ад аднаго з іх[40], а ўхіліцца ад полацкай даніны было прасцей, чым пазбавіцца нямецкай прысутнасці. Калі ўсё ж уявіць, што іх адмову санкцыяваў Альберт, то чаму паход Уладзіміра на біскупа такі непадрыхтаваны, без падтрымкі полацкіх даннікаў, фактычна — поўная імправізацыя? Не выключана, што гэта была рэакцыя на пачатак канцэнтрацыі ў вусці Дзвіны ваеннай сілы — братоў-рыцараў.

Таямнічым падаецца ўдзел у паходзе герцыцкага князя Усевалада, які прыйшоў з літоўцамі, што ўсё часцей набягалі як на нямецкія, так і на Полацкія ўладанні ў Падзвінні. Пароднены праз шлюб з іх кунігасам Даўгерутэ (Daugeruthe), ён відавочна прадстаўляў і літоўскія інтарэсы.

Лагічным наступствам першага нападу князя Уладзіміра магло стаць узрастанне антаганізму і намаганні Альберта замацаваць пазіцыі, узвесці новыя цвердзі. Аднак было б няўвагай да Генрыха сцвярджаць, што ў бліжэйшыя пасля першай сутычкі гады адносіны паміж Полацкам і Рыгай вызначаліся ўзаемнай непрымірымасцю і агрэсіўнасцю[41]. Храніст не прамінуў бы напісаць пра гэта, каб толькі меў падставы. Між тым, ён паведамляе адно пра наезды літоўцаў, адбіваць якіх у 1205 г. пілігрымам дапамагалі і земгалы. Што да стасункаў з Полаччынай, дык даведваемся толькі, што ў тым жа 1205 г. кукенойскі князь Вячка сам прыплыў па Дзвіне да біскупа Альберта і заключыў з ім «трывалы мір, які, праўда, трымаўся нядоўга»[42]. Ініцыятыве Вячкі папярэднічала пасяленне недалёка ад ягоных уладанняў свежага кантынгенту пілігрымаў, на падставе чаго часам гаворыцца, што рыцары ціснулі на князя[43]. Магчыма, аднак, не выключана і тое, што, жадаючы міра, Вячка дзейнічаў па ўласнай волі. Альберту ж пагадненне з Вячкам давала большыя магчымасці пазбягаць нежаданых непаразуменняў з полацкім князем. У кожным разе, задалёка пайшоў латышскі гісторык Альфрэд Білманіс, які адназначна сцвердзіў, быццам Ордэн у 1205 г. пачаў кантраляваць Кукенойс, адрэзаўшы гэтым залежных ліваў Ніжняй Дзвіны ад Полацка, што і выклікала канфлікт князя Уладзіміра з біскупам[44]. Бо нават аддаўшы пазней палову ўладанняў Ордэну, Вячка заставаўся гаспадаром ва ўласнай частцы княства.

Тым часам узрастаўшая агрэсіўнасць літоўцаў і, нягледзячы на поспехі місіі, ненадзейнасць неафітаў штурхала рыжскага біскупа да збліжэння з хрысціянскім Полацкам. Каб паправіць адносіны з ім, займець тое ж сяброўства з валадаром Дзвіны, якім калісь цешыўся Майнард, біскуп Альберт на пачатку 1206 г. паслаў да князя Уладзіміра свайго абата Тэадорыха з каштоўным дарункам, аднак той быў пераняты і абрабаваны літоўцамі[45]. Магчыма, да гэтай справы прычыніўся іх прыяцель Усевалад з Герцыке. Дасягнуўшы Полацка, Тэадорых заспеў там таемна прысланых ліўскімі старэйшынамі пасланцоў, якія скардзіліся на біскупа, на «нясцерпны цяжар веры», і прасілі «полацкага караля» прагнаць тэўтонаў з іхнай зямлі. Вялікі князь ужо мерыўся вясною, па вялікай вадзе рушыць з войскам на Рыгу, але біскупавы паслы заявілі, што «прыйшлі дзеля міра і сяброўства»[46]. Пра планы Уладзіміра абат даведаўся ад падкупленага князевага дарадніка і перадаў вестку ў Рыгу, каб біскуп падрыхтаваўся да абароны, што і сарвала антынямецкую акцыю. Тады, піша Генрых, вялікі князь пайшоў на хітрасць. Разам з абатам Тэадорыхам ён выправіў да біскупа полацкае пасольства, якое мусіла выслухаць абодва бакі рыжска-ліўскага канфлікту і справядліва развязаць яго. Выступаючы ў ролі найвышэйшага суддзі, Уладзімір Полацкі спрабаваў сцвердзіць сябе зверхнікам і ліваў, і немцаў. Наколькі для першых гэта было звычайным, настолькі для другіх непрымальным.

Полацкія паслы спыніліся на нейтральнай тэрыторыі — у Кукенойсе, адкуль праз дыякана Стэфана запрашалі Альберта на перамовы на рацэ Возе, і адначасова, як цвердзіць Генрых, заклікалі ліваў і латгалаў прыйсці туды са зброяй[47]. Лівы сабраліся, а латгалы не. Біскуп Альберт не выехаў з Рыгі: гэта сталася б прэцэдэнтам, пацвердзіла б вышэйшасць Уладзіміра. Ды, пэўна, і жыццём не хацеў рызыкаваць. Так і гэты план полацкага князя сарваўся. У ваенным выступленні ліваў у траўні — чэрвені 1206 г., калі тыя марна спрабавалі авалодаць Гольмам і пацярпелі паразу, палачане не бралі ніякага ўдзелу і на некалькі месяцаў зніклі са старонак хронікі.

Паход Уладзіміра Полацкага на Рыгу пачаўся восенню ці нават зімою 1206 г. Генрых адзначае, што да гэтага ўладара рутэнаў зноў падштурхоўвалі лівы, якія «прасілі прыйсці на дапамогу супраць тэўтонаў»[48]. Магчыма, полацкі князь і сам чакаў зручнага моманту: ён рушыў тады, калі біскуп у чарговы раз адплыў вербаваць рыцараў, пакінуўшы ў Рызе зусім нязначную колькасць братоў. Вялікае полацкае войска спусцілася па Дзвіне і на шляху да Рыгі разам з мясцовымі лівамі спачатку аблажыла Гольм, у якім засела 20 рыцараў. Частка ліваў адсюль уцякла ў лясы, а частка — да немцаў у замак. Дапамагалі полацкаму войску толькі лівы з Тарэйды. Але адзінаццацідзённая аблога нічога не дала. Пераважыла нямецкая зброя, якой яшчэ не валодалі палачане. Найболей шкодзілі ім балісты. Палачане спрабавалі падпаліць умацаванні Гольма, паводле тэўтонскага ўзору збудавалі камнекідальную машыну, аднак яшчэ не авалодалі новай тэхнікай. І калі ліўскія выведнікі данеслі, што на палях і дарогах вакол пастаўлены шыпы, а тарэйдскія лівы паведамілі, быццам у моры відаць караблі пілігрымаў, устрывожаны полацкі князь зняў аблогу ды паплыў з войскам дамоў[49]. Ці быў сэнс рызыкаваць, марна страчваючы людзей пад мурамі Гольма? Гэтак скончылася і другая, фактычна апошняя акцыя Полацкага княства супраць інфлянцкіх тэўтонаў.

У наступным 1207 г. Вячка сам прыехаў у Рыгу і папрасіў у Альберта дапамогі супраць літоўцаў, за што перадаў біскупу палову свайго княства[50]. Што за гэтым паведамленнем Генрыха? Для С.Салаўёва гэта сведчанне раз’яднанасці полацкіх князёў як іх слабасці[51]. Л.Аляксееў дапускае, што прычына ў «нейкіх пагрозах немцаў»[52] . І ў апошнім айчынным даследаванні гэтага пытання ўсё зноў зводзіцца да «націску з боку Ордэна»[53]. Падобна, тут не бярэцца пад увагу, што Вячка выступае з ініцыятывай антылітоўскага саюзу. Думка Салаўёва слушная настолькі, наколькі Полацк не абараняў Кукенойсу ад літоўцаў (Герцыцкае ж княства не з’яўлялася аб’ектам іх нападаў, паколькі Усевалад быў «сваім»). Невядома, чаму Вячка застаўся без полацкай пратэкцыі. Сцвярджэнне пра адначасовы ціск літоўцаў і на сам Полацк[54] — не больш чым здагадка. Пэўна толькі тое, што літоўская пагроза стала вельмі сур’ёзнай для Вячкі, які мусіў шукаць рэальнай ваеннай дапамогі, інакш ягоная плата за гэты мір не была б такой высокай — палова ўладанняў! З іншага боку, зазіраючы наперад, дзіўным выглядае, што ўжо ў канцы таго ж года — на Раство[55] — ён фактычна сам адмовіўся ад саюзу з немцамі, бо прапусціў літоўцаў ва ўладанні біскупа.

На падтрымку новага саюзніка — кукенойскага князя — рыжане прыслалі групу братоў-рыцараў і дружыну самога біскупа, а таксама муляраў для ўмацавання замка, але гэта адбылося пазней. Магчыма, Вячка адразу дамаўляўся прыняць нямецкі кантынгент толькі ў выпадку канкрэтнай пагрозы літоўскага нападу. З’яўленню немцаў у Кукенойсе папярэдні чаў прыватны канфлікт Вячкі з рыцарам Данілам з памежнага Левэнардэна, людзі якога перавязалі ўначы ўсіх Вячкавых і самога князя. Біскуп памірыў іх і тады, згадаўшы ўмову, прыслаў Вячку сваю залогу — 20 рыцараў, муляраў, зброю. Цяпер ужо Вячкава дружына выбрала момант і расправілася з немцамі. Амаль усе рыцары былі пабітыя, а захопленыя трафеі і тэўтонскія коні адпраўлены полацкаму князю[56]. Вячка заклікаў Уладзіміра ісці на Рыгу, бо па ягоных разліках біскуп з пілігрымамі мусіў даўно пакінуць горад. Аднак сустрэчныя вятры затрымалі Альберта, і той вярнуўся. Калі Вячка даведаўся, што біскуп сабраў у Рызе вялікія сілы, то спаліў замак Кукенойс і сышоў «на Русь», найверагодней у Полацк (хоць Л.Аляксееў і лічыць, што Полацк ужо не мог прыняць яго[57]).

Чаму ж так і не вырушыў у паход князь Уладзімір? Нават не паспрабаваў абараніць свой фарпост на Ніжняй Дзвіне? А Генрых пра такое не змаўчаў бы.

У 1208 г. рыжане занялі Вячкаў горад і расправіліся з саюзнікамі мяцежнага князя — латгаламі, селамі і рутэнамі[58]. Праўда, хоць у Кукенойсе «здраднікі», паводле хронікі, былі вынішчаныя, рутэны сустракаліся тут і пазней. Адбудаваны горад стаў нямецкім (і зусім не абавязкова «апорай крыжацкай агрэсіі супраць Полацка»[59]), аднак юрыдычна пытанне аб Вячкавай палове Кукенойскіх уладанняў канчаткова вырашылася толькі ў 1225 г., калі яго дачка Сафія выйшла за рыцара Дзітрыха фон Кокенгузэна[60]. Пра далейшы лёс самога Вячкі крыніцы маўчаць. Ведаем толькі, што ў 1224 г. ён загінуў пры абароне Юр’ева ад немцаў.

Пасля Кукенойса дайшла чарга да Герцыке. Генрых падкрэслена называў герцыцкага князя «ворагам хрысціянскага роду, а найбольш лацінянаў»[61]. Застаючыся зяцем аднаго з літоўскіх правадыроў, ён дапамагаў ім праводзіць рабаўнічыя паходы не толькі на Інфлянты, але і на Русь. А магчыма і сапраўды існавала, ці яшчэ толькі ініцыявалася Рыгай нейкая дамова, якой Усевалад не прыняў[62] Увосень вялікія сілы тэўтонаў на чале з біскупам Альбертам падплылі з Кукенойсу да Герцыке і раптоўна напалі на горад. Храніст падкрэсліў, што рыцары прадэманстравалі «павагу да хрысціянаў», жанчын і дзяцей пашкадавалі. Узяўшы вялікі палон (у тым ліку княжну) і дабро, рыжане спалілі горад. Князь Усевалад, які ўратаваўся ўцёкамі, мусіў прыняць прапанову біскупа аб замірэнні і прыйшоў у Рыгу прасіць даравання. Калі ён сапраўды хацеў міру і вызвалення нявольнікаў, то проста не меў іншага выйсця. Паводле хронікі, Усевалад назваў Альберта «бацькам», а рыцараў — «братамі ў Хрысце». Біскуп патрабаваў ад яго, каб выракся саюзу з паганымі, не падрываў лацінскага касцёлу і не пустошыў з літоўцамі землі сваіх суродзічаў-рутэнаў. Усевалад прыняў умовы біскупа, паабяцаўшы паведамляць пра ўсе злыя задумы літоўцаў і рутэнаў, прысягнуў і перадаў касцёлу сваё княства, пасля чаго зноў атрымаў яго з рук біскупа[63].

Так напрыканцы 1209 — у пачатку 1210 г. герцыцкі князь не проста стаў васалам Альберта, але і перадаў рыжскаму біскупу спадчынныя землі, вернутыя яму ўжо ў выглядзе лена. Усё фіксавалася асобным актам, пры сведках — прысутных у Рызе немцах, рутэнах, лівах, і дзеялася гэта — nota bene — без узгаднення з Полацкам. Усевалад, васал полацкага князя, цяпер адцураўся ад Уладзіміра і асаблівай прысягай пацвердзіў абавязкі перад Альбертам, які, відаць, сапраўды навучаны прыкладам Вячкі[64] (застаўшыся незалежным у сваёй палове Кукенойскага княства, той адно паўгады трымаўся антылітоўскага саюзу з немцамі, а потым абярнуўся іх ворагам), дамагаўся цяпер трывалай залежнасці новага саюзніка.

Становішча нямецкай калоніі ў нізоўях Дзвіны было ўсё яшчэ няпэўнае. Пад 1210 г. храніст піша пра ўзрастанне небяспекі для Інфлянтаў. Лацінская царква, «апынуўшыся сярод мноства паганскіх плямёнаў, у суседстве рутэнаў, цярпела нямала бедаў, бо ўсе яны мелі адно імкненне — знішчыць яе. Таму рыжане вырашылі накіраваць паслоў да полацкага караля, паспрабаваць, ці не ўдалося б заключыць з ім якога мірнага пагаднення»[65]. Сапраўды, у той год літоўцы напалі на Кукенойс, куры аблажылі Рыгу, лівы сабралі войска ў Тарэйдзе. Каго ж меў на ўвазе Генрых, называючы сярод ворагаў і «рутэнаў»? Многія гісторыкі лічылі, што ён гаварыў пра палачанаў. Так меркавалі, напрыклад, Э.Бонэль[66], а пазней і А.Білманіс[67]. Але пра канфлікты Полацка з Рыгай у той год не знаходзім ніякіх згадак. Гаварылася хутчэй пра Ноўгарад і Пскоў. Апошнія акурат тады ажыццявілі паход на эстонскую Унгаўнію, якую неўзабаве заняў рыцар Бертольд з Вендэна, з-за чаго і дайшло да варажнечы. Таму Рыга сама ініцыявала пасольства ў Полацк — каб падпісаць мір з палачанамі і засяродзіць сілы на барацьбе з паганцамі[68].

Спачатку быў выпраўлены Рудольф фон Эрых на чале групы, якая, аднак, да Полацка не дайшла. Ейны шлях пралягаў праз Вендэн, але калі пасольства апынулася там, то замак аблажыла вялікае войска эстаў, і Рудольф быў паранены ў бітве. Таму ўвосень таго ж 1210 г. да Полацка рушыла іншая група, узначаленая рыцарам Арнольдам. Яе мэта ў хроніцы ясна вызначана: «даведацца, ці не пагодзіцца ён [Уладзімір] на мір, і ці не адкрые рыжскім купцам доступ да сваіх уладанняў»[69]. Полацкі ўладар добра прыняў іх і радаваўся «з нагоды міру і супакаення».

Перамовы прайшлі надзвычай эфектыўна, што звычайна бывае пры супадзенні інтарэсаў абодвух бакоў. Відаць, пасольства Арнольда прывезла з сабой гатовы праект пагаднення, які і стаў асновай дагавора аб «вечным міры». У Полацку супольна нямецкі праект быў аформлены ў пісьмовую грамату, з якой князь паслаў у Рыгу «разумнага і багатага чалавека са Смаленска» Лудольфа. Падпісаны ў Рызе трактат належала ратыфікаваць абодвум бакам[70], што і было зроблена.

Той факт, што ў працэдуры падпісання дагавора ўдзельнічаў смалянін Лудольф (пэўна, нямецкі госць, які жыў у Смаленску), з’явіўся падставай нараджэння гістарыяграфічнай версіі пра ўдзел Смаленска ў «вечным міры». Сцвярджэнні аб гэтым, аднак, засталіся нічым не падмацаванымі дапушчэннямі[71].

Пагадненне 1210 г. стала першым «вечным мірам» паміж Полацкам і немцамі. Ім прадугледжвалася, што лівы па-ранейшаму будуць плаціць даніну князю Уладзіміру, або яе за іх стане сплочваць біскуп (як засведчана хронікай, ён сапраўды часам рабіў гэта), і што абодва бакі будуць разам змагацца супраць супольнага ворага — паганай Літвы. Падобна, што гэты «вечны мір» утрымліваў і першыя нормы гандлёвых узаемаадносін, хоць у савецкай гістарыяграфіі звычайна лічылася, што плаваць па Дзвіне немцам упершыню дазволіла дамова 1212 г.[72] Рыжскае пасольства на чале з рыцарам Арнольдам ставіла пытанне ў Полацку акурат і пра адкрыццё шляху нямецкім купцам у Полацкія землі. Праўда, пазней Генрых, гаворачы пра заключэнне дагавора ў Рызе, згадвае ўжо толькі справу ліўскай даніны[73], аднак ён апусціў і шмат іншых важных фактаў. Полацкі бок наўрад ці мог пярэчыць гэтай ініцыятыве рыжан, бо праз два гады ён сам прасіў забяспечыць свабоду гандлю. Купцы абодвух бакоў даўно хадзілі па Дзвіне, а прысутнасць палачанаў у Рызе фіксавала, напрыклад, грамата 1209 г.[74]. Чаму ж тады трэба было «адкрываць доступ» да полацкага рынку немцам? Відаць, гандлёвым сувязям сур’ёзна пашкодзілі канфлікты папярэдніх гадоў. У прыватнасці, князі Вячка і Усевалад, церпячы ад рыцараў, маглі пайсці на рэпрэсіўныя меры ў дачыненні да рыжcкіх купцоў[75].

Такім чынам, дамова 1210 г. найверагодней уключала і першае пiсьмова зафiксаванае пагадненне пра гандаль Полацка з немцамi — «чысты шлях» купцоў па Дзвіне і раўнапраў ныя гандлёвыя інтарэсы абодвух бакоў.

Ды нават калі і не было пунктаў аб гандлі, мір 1210 г., які фіксаваў status quo, стаў поспехам і для немцаў, і для палачанаў. Першыя і другія выйгралі ад унармавання адносінаў, атрымаўшы магчымасць засяродзіць сілы супраць непрыяцеляў; біскуп гарантаваў Полацку штогадовую ліўскую даніну, што ў тых неспакойных умовах таксама было плюсам. Трэба вельмі спрашчаць сітуацыю і сам падыход, каб нават у «вечным міры» 1210 г. бачыць адно «гандлёва-эканамічную экспансію» Ордэна супраць Полацка[76].

У 1212 г. перамовы ініцыяваў ужо князь полацкі, які сам вызначаў умовы і мэту сустрэчы. Вясною ці на пачатку лета ён накіраваў Альберту запрашэнне на спатканне ў Герцыке, на геаграфічнай сярэдзіне паміж Полацкам і Рыгай. Біскуп мусіў з’явіцца, «каб даць адказ адносна ліваў, былых даннікаў караля; каб тут жа супольна дамовіцца аб бяспечным плаванні купцоў па Дзвіне і, узнавіўшы мір, тым лягчэй супрацьстаяць літоўцам»[77]. (З гэтага, дарэчы, можа вынікаць, што мір 1210 г. такі прадугледжваў «чысты шлях» па Дзвіне, але яму заміналі літоўцы.) На прызначаны дзень абодва пасольствы з’явіліся з вялікай вайсковай сілай. Ці не таму, што Дзвіну з абодвух бакоў абсядалі літоўцы? А магчыма і сам тон княскага паслання біскупу стаў сігналам для таго, каб той вырашыў падрыхтавацца і рушыць у вайсковым суправаджэнні.

У адрозненне ад папярэдніх, гэтыя перамовы праходзілі нялёгка. Храніст мімаходзь адзначыў сутнасную дэталь: яны вяліся вакол таго, «што мусіла быць па справядлівасці»[78]. Князь Уладзімір спрабаваў сцвердзіць сваё вяршэнства над лівамі і, «то ласкаю, то суровасцю і пагрозамі» імкнуўся пераканаць біскупа, прасіў адмовіцца ад хрышчэння ліваў — «ягоных рабоў». Альберт цвёрда адказваў, што не адступіцца ад пачатай справы, даручанай яму вярхоўным першасвятаром. А вось адносна ліўскай даніны ён не меў ніякіх пярэчанняў, «бо і сам часам плаціў за ліваў каралю гэтую даніну, тады як лівы, не жадаючы служыць двум уладарам, г.зн. рутэнам і тэўтонам, пастаянна прасілі біскупа зусім вызваліць іх ад ярма рутэнаў»[79]. Тады князь полацкі перарваў перамовы і паспрабаваў застрашыць біскупа: вывеўшы з герцыцкага замка сваё войска, стаў набліжацца да немцаў, пагражаючы, што спаліць усе інфлянцкія замкі, у тым ліку Рыгу. Немцы таксама падрыхтаваліся да бітвы. Пскоўскі князь Уладзімір Міхайлавіч і пробашч рыжскага сабора Ёган выступілі ў ролі парламенцёраў. Пэўна, яны здолелі адгаварыць полацкага князя ад развязвання вайны, бо той супакоіў войска, а сам падаўся да біскупа і ўзнавіў перамовы. Прычым, цяпер яны праходзілі ў зусім прыязнай атмасферы. Уладзімір назваў біскупа «духоўным бацькам» і быў прыняты ім адпаведна. Яны дэтальна абмяркоўвалі «усё, што тычылася міру» і ўрэшце дасягнулі паразумення. Князь Уладзімір аддаваў біскупу Альберту «усе Інфлянты безданна, каб умацаваўся паміж імі вечны мір як супраць літоўцаў, так і супраць іншых паганцаў, а купцам каб быў заўсёды адкрыты вольны шлях па Дзвіне»[80].

Такім чынам, паводле ўзноўленага міру даніна з ліваў цяпер належала немцам. Уладзімір аддаваў біскупу, як ужо цытавалася, «усе Інфлянты», але гэта, відавочна, была толькі тэрыторыя яшчэ падначаленых яму на той час ліваў. Храніст сцвярджае, што Уладзімір Полацкі сам адмовіўся ад яе, «магчыма, па божаму навучанню». Увогуле, выглядае непраўдапа добным, каб ініцыятар з’езду, які напачатку пагражаў сілай, прымушаючы Альберта прыняць яго ўмовы (а прадметам спрэчкі былі перадусім лівы і іх даніна), урэшце добраахвотна пагадзіўся з адваротным вынікам сустрэчы. Калі ўсё ж было так, то супольная абарона ад ваяўнічых язычнікаў і выгады гандлю значылі для полацкага князя намнога болей, чым ліўская даніна. За даніну яму маглі абяцаць канкрэтную дапамогу супраць Літвы і земгалаў. Падобнае тлумачэнне ў свой час выказвалі такія знаўцы праблемы, як Ф.Койслер і Э.Бонэль. Супольныя выгады ад гандлю ставіў на першае месца і І.Ціхаміраў[81]. Аднак перакладчык хронікі Генрыха С.Аннінскі прыняў пункт гледжання С.М.Салаўёва, які лічыў, што Полацк саступіў не па добрай волі: «Біскуп перастаў плаціць даніну полацкаму князю, і той ня меў сродкаў прымусіць яго да гэтага»[82]. Замала ведаем, каб сцвярджаць тут нешта катэгарычнае. Гэта сапраўды адзін з самых загадкавых момантаў узаемаадносін князя Уладзіміра з Альбертам. Што да даніны, то гэты сюжэт сведчыць: біскуп усё ж плаціў яе за ліваў полацкаму князю, прынамсі двойчы. І яшчэ адна дэталь: Усевалад, на той час ужо васал біскупа, заставаўся прыязны і да Полацка, — пусціў жа ў замак Уладзімірава войска.

Герцыцкае пагадненне 1212 г. стала першым афіцыйным дакументальна засведчаным прызнаннем таго факта, што над краем ліваў і латгалаў ужо пануе не Полацк, а немцы. З адмаўленнем Уладзіміра ад даніны ўсялякая іх залежнасць ад Полацка сканчалася. І полацкія князі ўжо ніколі не вярталі страчаных ліўскіх і латгальскіх абшараў. Але тады яно не ўспрымалася як параза, хутчэй наадварот. Князь Уладзімір «з купцамі (нямецкімі — Г.С.) і ўсім сваім народам … з радасцю вярнуўся ў свой горад Полацк»[83].

Аднак ужо праз два гады рыцарамі з Кукенойса быў захоплены і разрабаваны замак Герцыке. Паводле версіі Генрыха — за тое, што Усевалад насуперак прысягі па-ранейшаму дапамагаў літоўцам і не бываў у свайго духовага айца біскупа Альберта[84]. Невядома, дзе тады знаходзіўся сам Усевалад. Калі ж немцы неўзабаве паўтарылі паход і зноў здабылі цвердзь, іх разбілі пакліканыя герцыцскім князем літоўцы. З гэтага моманту Усевалад надоўга знікае са старонак хронікі. Магчыма, у 1214 г. ён сышоў у Пскоў, пра што пісаў М.Таўбэ[85]. Заўважым, не ў Полацк, які зноў жа не засведчыў сваю пратэкцыю над герцыцкім князем. Пэўна, за Усеваладам захоўвалася права на свае ўладанні, бо пад 1225 г. Генрых згадвае яго як «караля Герцыке», што быў на сустрэчы з папскім легатам у Рызе[86]. З актавых матэрыялаў вядома, што годам раней Усевалад перадаў палову Герцыцкага княства ў якасці лена рыцару Конраду фон Маендорфу, які ажаніўся з ягонай дачкой. Канчаткова ж Герцыке стала нямецкім толькі пасля Усеваладавай смерці, а ў 1230 г. ён яшчэ жыў, бо дакументы зафіксавалі ягоную перадачу часткі зямель біскупу і капітуле ў Дзвінавусці (Dünamünde)[87].

Генрыхава паведамленне пад 1216 г. пра нечаканае абвастрэнне адносін і падрыхтоўку новай ваеннай акцыі выбіваецца з агульнага кантэксту яго далейшага апавядання. У адсутнасць Альберта, які ад’ехаў на рымскі сабор, у красавіку т.г. эсты падрыхтавалі паўстанне супраць немцаў і папрасілі князя Уладзіміра, каб ён напаў на Рыгу. Храніст піша, што Уладзімір прыняў план і паспеў сабраць «вялікае войска з рутэнаў і літоўцаў», але ў апошні момант, перад самым пачаткам паходу раптоўна памёр[88]. Дасюль нераскрытая таямніца ягонай смерці нараджае мноства здагадак, і адна з іх — што князь быў атручаны. Полацк жа пасля смерці Уладзіміра літаральна знік са старонак інфлянцкай хронікі.

«З таго часу мы больш нічога не чуем пра варожасць паміж Полацкам і немцамі», — пісаў калісь нямецкі гісторык[89], маючы на ўвазе яшчэ герцыцкае пагадненне. Хоць менавіта тады імператар Святой рымскай імперыі Атон IV зацвердзіў правы мечаносцаў на іх уладанні ў Прыбалтыцы, якія тыя ўжо мелі, або ў будучым маглі здабыць «на законных асновах». Значыць, верх бралі іншыя інтарэсы. З боку Нямецкага ордэна ўласна Полацкая зямля не цярпела да 1330-х г.

Неўзабаве праціўнікам хрысціянскай місіі ў Інфлянтах Генрых назваў Уладзіміра Міхайлавіча, князя пскоўскага. І ў гісторыі ўзаемаадносінаў паміж нямецкай калоніяй і Руссю настала сапраўды новая эпоха. Яе пазначыў паход вялікага ноўгарадска-пскоўскага войска (без Полацка) у падкантроль ныя Ордэну землі Эстоніі ў 1216/17 г. Амаль няспынныя ваенныя сутычкі перапыніліся толькі заняццем немцамі Юр’ева ў 1224 г., але антаганізм не быў зняты і давёў справу да хрэстаматыйных Нявы і Чудскага возера.

Полацк жа апошні раз фігуруе ў хроніцы пад 1222 г., калі пасля сціслага аповеду пра напад мангола-татараў на полаўцаў і бітву пры Калцы Генрых паведамляе, што «кароль смаленскі і кароль полацкі» з некаторымі іншымі ўладарамі Русі накіравалі ў Рыгу паслоў прасіць міру[90]. Год тут названы храністам недакладна, бо, як вядома, большасцю спецыялістаў у навуковай літаратуры бітва на Калцы датуецца канцом траўня 1223 г. Пасля страшэннай паразы князі Русі імкнуліся ўмацаваць свае пазіцыі, забяспечыць тыл, у тым ліку саюзніцкім дагаворам з інфлянцкімі немцамі. Узнаўленне папярэдняга дагавора магло спатрэбіцца і ў выніку гібелі тых, хто раней яго падпісваў. Пра нейкіх паслоў з Полацка і Смаленска ў Рызе храніст паведамляе і ў апісанні падзей канца 1223 г.[91], але хутчэй за ўсё, як меркаваў і акадэмік Кунік, абедзьве гэтыя згадкі тычацца аднаго пасольства.

Паколькі, паводле самога Генрыха, адноўлены мір быў «ва ўсім такі самы», як ранейшы, то можна дапусціць, што ў дагавор 1223 г. увайшлі асноўныя моманты акту 1212 г., г.зн. ён прадугледжваў як ваенна-абарончы саюз, так і «адкрыты шлях» па Дзвіне для абодвух бакоў.

Перад смерцю Альберта, памёршага ў 1229 г., дайшло да заключэння першай асобнай гандлёвай дамовы Смаленска, Полацка і Віцебска з цэлым саюзам нямецкіх гарадоў. Апрача Рыгі і Готланда Нямеччыну прадстаўлялi Любек, Мюнстэр, Гронiнген, Брэмен, Дортмунд[92], што дае ўяўленне пра геаграфiю еўрапейскiх кантактаў старажытнабеларускага краю. Гэты раўнапраўны трактат, якi ў асноўных пунктах захоўваў сваю прававую моц да часоў Вiтаўта, забяспечыў абодвум бакам «чысты шлях» (свабоднае плаванне) па ўсёй Дзвiне, нават за Смаленск, i нiчым неабмежаваны гандаль. Аднак гэта ўжо іншая гісторыя, якая выходзіць за межы маёй тэмы. Тут жа хацеў бы адно звярнуць увагу на ключавую і піянерскую ролю Полацка. Бо ясна, што нямецкiя купцы выйшлi да Вiцебска, а потым i Смаленска толькi пасля ўрэгулявання адносiн з Полацкам, а канкрэтна, зыходзячы з літары дакумента, — пасля дамовы 1212 г., якая гарантавала iм права вольнага плавання па ўсёй Дзвiне. Так лiчыць i вядомы спецыялiст па ганзейскай гiсторыi Філіп Долiнгер[93] .

Вяртаючыся да таямнічай постаці «полацкага караля» Уладзіміра, нельга не заўважыць ягонай адкрытасці лацінскаму Захаду. І ў хроніцы невыпадкова адзначаецца яго «сяброўства і прыязнае стаўленне»[94] да першага інфлянцкага біскупа. Першапачатковая прыязнасць Уладзіміра да немцаў не выклікае сумненняў. Яго інтарэсы маглі быць закрануты ўсталяван нем Ордэна, з чаго і пачаліся канфлікты, спробы Полацка захаваць свой кантроль над Ніжняй Дзвіной. Выглядае, быццам што стрымлівала яго і замінала дзеянням. Гэта ці іншыя інтарэсы князя, ці ўзрастаўшая роля Літвы. Пазней Генрых сцвярджае, што вялікі князь полацкі «заўсёды імкнуўся разбурыць інфлянцкі касцёл»[95], але, тлумачачы літаральна, гэтыя словы можна разглядаць адно як сведчанне ягонага стаўлення да місіі. Мусім улічваць спецыфіку крыніцы: хроніка — пры ўсёй стрыманасці Генрыха — ёсць апалогіяй біскупа, апяваннем ягонай справы, полацкі ж князь з’яўляецца ў ёй спарадычна і ў святле хутчэй незычлівым. Адсюль пэўная імпульсіўнасць, непаслядоўнасць яго дзеянняў. Без дадатковых крыніц тут не абыйсціся.

Несумненна вялікай асобай быў супернік полацкага князя біскуп Альберт. У ідэалагічна вытрыманых трактатах савецкага ўзору ён звычайна фігураваў як «организатор немецкого захвата Восточной Прибалтики»[96], як «идеолог крестоносного грабежа»[97], нямецкія ж каланізатары падаваліся толькі як агрэсары. На жаль, падобныя трактоўкі пераняла і беларуская гістарыяграфія (як навуковая, так і папулярная), ды не вызваляец ца ад іх і цяпер. «Палітыка Полацка была бескампраміснай у адносінах да агрэсараў…», «яго [Полацка] гераічнае супраціўленне не дапусціла ворага ў карэнныя землі палачанаў»[98], Полацк «вёў гераічную барацьбу супраць уварваўшыхся ў Прыбалтыку нямецкіх крыжаносцаў», «Грунвальд пачынаўся … у Лівоніі, дзе беларускія дружыны ўпершыню ўступілі ў бой з крыжакамі»; «цяжкая зацяглая барацьба з крыжацкай агрэсіяй … падтачыла сілы» Полаччыны[99], — чытаем у адпаведных раздзелах айчынных выданняў, пазнаючы фразеалогію панславізму. Між тым, Альберт не арганізаваў ніводнага (!) паходу на Полаччыну.

Еўрапейскія гісторыкі, менш заангажаваныя ў палітыку, даўно звярталі ўвагу на пераважна мірныя стасункі паміж немцамі і Полацкам у ХIII ст., тлумачачы гэта ўзаемавыгаднай зацікаўленасцю ў функцыяванні дзвінскай гандлёвай магістралі[100], адзначаючы, што сустрэча Захаду і Усходу на Дзвіне ад першых кантактаў (1180-я гады) да сярэдзіны ХIII ст. мела галоўным чынам бесканфліктны характар[101].

Сапраўды, лёгка заўважыць істотныя адрозненні ў нямецкай палітыцы Полацка з аднаго боку, і Ноўгарада ды Пскова — з другога. Калі ўзаемаадносіны першага з Рыгай і Ордэнам былі пераважна мірныя, то паўночныя цэнтры Русі з 1216/17 г. да захопу немцамі Юр’ева (1224) і ў сярэдзіне — другой палове ХIII ст. фактычна пастаянна варагавалі з імі. Цікава, што ў 1213 г. пскавічы выгналі свайго князя Уладзіміра за адно тое, што ён аддаў дачку за біскупавага брата (а шлюб дачок Вячкі і Усевалада з немцамі не выклікаў падобнай рэакцыі). Гэта адзначаў і С.Салаўёў, гаворачы пра «моцную непрыязнасць» пскавічоў да лацінян, якой характарызавалася ўся гісторыя Пскова[102].

Інакш з Полацкам. Тут выразна пераважалі эканамічныя інтарэсы, так бы мовіць, здаровы глузд. Інфлянты былі не зацікаўленыя ў пашырэнні крыжовай вайны на Полаччыну, бо страчвалі б ад перакрыцця Дзвіны, палачане — таксама. Пагроза з боку хрысціянскага Полацка для Альберта ўяўлялася меншай, чым ад паганай Літвы. Кааліцыя ж Полацка з Літвой была б для яго найнебяспечнейшай. Мы тут яўна недаацэнь ваем рэлігійны фактар. Нямецкія даследчыкі пішуць нават пра імкненне Альберта дасягнуць «хрысціянскай салідарнасці абедзьвюх канфесій»[103] і падкрэсліваюць яго спробы ўсталяваць саюз з Полацкам. Ясна, што рэальнае аблічча біскупа не адпавядае стэрэатыпу падступнага заваёўніка, створанаму нашай старой гістарыяграфіяй. Як бачна з фактаў, полацкія або ноўгарадска-пскоўскія правінцыі даставаліся яму пераважна мірна: Альберт умеў эфектыўна выкарыстоўваць такі «цывільны» інструмент, як васальныя граматы, дамовы, шлюбныя саюзы.

Разумеючы, што трактаванне скупых сведчанняў хронікі часам непазбежна гіпатэтычнае, што ўсялякая рэканструкцыя мінулага ёсць у нейкай ступені канструкцыяй гісторыка, можна цалкам упэўнена канстатаваць прынамсі такі варты ўвагі факт: усталяваўшыся ў вусці кантраляванай Полацкам Дзвіны на мяжы ХII і ХIII ст., немцы ў тры першыя дзесяцігоддзі не парушалі «добрыя старыя правы» полацкіх князёў, а Полацк — адпаведна талераваў чужаземцаў.

Выказваю шчырую ўдзячнасць Моніцы Банькоўскай (Цюрых), без дапамогі якой многія скарыстаныя тут выданні засталіся б недаступнымі.


[ 1 ] Henricus de Letis. Chronicon Livonicum vetus // Scriptores Rerum Livonicarum (далей — SRL). Bd.I. Riga-Leipzig, 1853; іншыя выданні на лаціне ці з паралельным перакладам — Heinrich von Lettland. Livländische Chronik. Neu übersetzt von Albert Bauer. Darmstadt, 1959; Indrika Hronika. Riga, 1993 і інш.
[ 2 ] Генрих Латвийский. Хроника Ливонии. Введение, перевод и комментарии С.А.Аннинского. Москва-Ленинград, 1938. XV, 56, 351 (Далей — Генрих).
[ 3 ] Гл.: SRL.Bd.I. 1848; Scriptores Rerum Germanicarum (далей SRG). Hannoverae, 1874.
[ 4 ] Петр из Дусбурга. Хроника земли Прусской. Издание подготовила В.И.Матузова. Москва, 1997. С.155 і інш.
[ 5 ] «Selven, Liven, Leten lant waren in der Ruzen hant» — Livländische Reimchronik. Hrsg. von Leo Meyer. Padeborn, 1876, 645-646; Slavenchronik Arnolds von Lübeck // MGH. T.XXI, 212; ПВЛ.Ч.1. С.13; ПСРЛ. Т.2. С.8, і інш.
[ 6 ] Генрих. С.249.
[ 7 ] Назарова Е. Из истории взаимоотношений ливов с Русью (Х-ХІІІ вв.) // Древнейшие государства на территории СССР. Материалы и исследования, 1985. Москва, 1986. С.181. У гістарыяграфіі на гэты конт выказвалася многа меркаванняў, і самае радыкальнае — што лівы былі падуладныя ўжо Рагвалоду (Гл.: Bonnel Е. Russisch-Livländische Chronografie, S.2, Comm.19) — уяўляецца фантастычным.
[ 8 ] У сінтэзе латышскага гісторыка Альфрэда Білманіса з’яўленне палачан у ліўскай зямлі і ўсталяванне пратэкцыі полацкага князя над лівамі фактычна адначасовае прыходу біскупа Майнарда. Гл.: Bilmanis A. A history of Latvia. Princeton, 1951. P.56.
[ 9 ] ПСРЛ.Т.2.Москва, 1962. Стлб.620; Новгородская Первая летопись. Москва, 1950. С.44.
[ 10 ] Генрих. С.73.
[ 11 ] Алексеев Л. Полоцкая земля (Очерки истории Северной Белоруссии) в ІХ-ХІІІ вв. Москва, 1966. С.170.
[ 12 ] Клейнберг И. О топониме Gercike в источниках ХІІІ в. // Вспомагательные исторические дисциплины, IV. Ленинград, 1972. С.127.
[ 13 ] Штыхов. Города Полоцкой земли. Минск, 1978. С.61.
[ 14 ] ПСРЛ. Т.ІІІ.С.39.
[ 15 ] Cоловьев С.М. История России с древнейших времен. Т. 2 / Сочинения. В 18 кн. Кн.1. Москва, 1988. С.712, спас.435.
[ 16 ] Taube M. Russische und Litauische Fürsten an der Düna zur Zeit der Deutschen Eroberung Livlands (XII. und XIII. Jh.) // Jahrbücher für Kultur und Geschichteb der Slaven. N.F. Bd.IX. Hf.3/4 (1935). S.429.
[ 17 ] Алексеев Л. Op.cit. С.170.
[ 18 ] Насевіч В. Генеалагічныя табліцы старадаўніх княжацкіх і магнацкіх беларускіх родаў XII-XVIII ст. Мінск, 1993. С.6, Табл.1.
[ 19 ] Калнынь В. Общественно-политический строй и право феодальной Латвии в ХІ-ХVІ в. Рига, 1962. С.10; Калнынь В. Древнерусская государственность и право на территории Латвии в ХІ-ХІІІ вв. // Ученые записки Латвийского государственного университета им. П.Стучки. Т.64. Рига, 1964.С.123.
[ 20 ] Напр.: Laur W. Überlegungen zur Herkunft des Wissewalde (Vsevolod) von Gerzike (Jersika) // ZfO. Bd.35 (1986). Hf.4. S.515.
[ 21 ] Генрих. С.59.
[ 22 ] Hellmann M. Bischof Meinhard und die Eigenart der kirchlichen Organization in den baltischen Ländern // Gli inizi del Cristianesimo in Livonia-Letonia / Atti del colloquio internazionale di storia ecclesiastica in occasione dell’VIII centenario della chiesa in Livonia (1186-1986). Vaticano, 1989. S.20.
[ 23 ] Hellmann M. Op. cit. S.21.
[ 24 ] Генрих. С.59.
[ 25 ] Hubatsch W. Die deutsche Siedlung in Livland im Mittelalter // Studium zum Deutschtum im Osten. Bd.8 (1971). S.111.
[ 26 ] Генрих. С.63.
[ 27 ] Wojtecki D. Münster und Riga. Aus der Frühzeit westfälisch-livländischer Verbindungen // Östliches Europa Spiegel der Geschichte. Festschrift für Manfred Hellmann zum 65. Geburtstag. Wiesbaden, 1977. S.153
[ 28 ] Генрих. С.66.
[ 29 ] Hildebrand H. Chronik Heinrichs von Lettland. Berlin, 1865. S.59.
[ 30 ] Benninghoven F. Der Orden der Schwertbrüder. Fratres Milicie Christi de Livonia. Köln/Graz, 1965. S.65.
[ 31 ] Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мінск, 1990. С.269.
[ 32 ] Генрих. С.73.
[ 33 ] Wilinbachow W. Ruś a niemiecki podbój Inflant // ZH. T.36 (1971). Z.4. S.14.
[ 34 ] Соловьев С. Op. cit. С.612.
[ 35 ] Аннинский С. Примечания / Генрих Латвийский. Хроника Ливонии. С.257.
[ 36 ] MGH, XXI.S.212.
[ 37 ] Алексеев Л. Op. cit. С.283.
[ 38 ] Ермаловіч М. Op. cit. С.268.
[ 39 ] Кейсслер Ф. Окончание первоначального русского владычества в Прибалтийском крае. С-Петербург, 1900. С.10-11.
[ 40 ] Keussler F. Das livische und lettische Dünagebiet und die Fürsten von Polock, Gercike und Kokenhusen am Ausgang des XII. und zu Beginn des XIII. Jh.s // MLG. Bd.15 (1892). S.13.
[ 41 ] Ермаловіч М. Op. cit. С.269-288.
[ 42 ] Генрих. С.81.
[ 43 ] Benninghoven F. Op. cit. S.71.
[ 44 ] Bilmanis A. A history of Latvia. Princeton, 1951. 60.
[ 45 ] Генрих. С.82.
[ 46 ] Тамсама. С.83.
[ 47 ] Тамсама. С.84.
[ 48 ] Тамсама. С.90.
[ 49 ] Тамсама. С.91.
[ 50 ] Тамсама. С.96.
[ 51 ] Соловьев С. Op. cit. С.614.
[ 52 ] Алексеев Л. Op. cit. С.284.
[ 53 ] Ермаловіч М. Op. cit. С.275.
[ 54 ] Benninghoven F. Op. cit. S.90.
[ 55 ] Bonnel Е. Russisch-Livländische Chronographie von der Mitte des IX. Jh. bis zum J. 1410. St.Petersburg, 1862. S.22.
[ 56 ] Генрих. С.103.
[ 57 ] Алексеев Л. Op. cit. С.285.
[ 58 ] Генрих. С.104
[ 59 ] Ермаловіч М. Op. cit. С.278.
[ 60 ] Taube M. Op. cit. S. 425. На с. 441 М.Таўбэ дапускае, што і дачка Усевалада выйшла замуж за немца.
[ 61 ] Генрих.С.113-114.
[ 62 ] Keussler F. Das livische und lettische Dünagebiet und die Fürsten von Polock, Gercike und Kokenhusen am Ausgang des XII. und zu Beginn des XIII. Jh.s // MLG. Bd.15 (1892). S.27.
[ 63 ] Генрих. С.114-115.
[ 64 ] Keussler F. Op. cit. S.34.
[ 65 ] Генрих. С.121.
[ 66 ] Bonnel E. Op. cit. S.25.
[ 67 ] Латышскі гісторык цвердзіў, што «у 1210 г. куры заключылі саюз з земгаламі і Полацкам супраць Ордэна», аднак, калі куры прыйшлі да Рыгі, ніводзін з альянтаў не з’явіўся. Гл.: Bilmanis A. Op. cit. 61.
[ 68 ] Генрих. С.121, 124.
[ 69 ] Тамсама. С.124.
[ 70 ] Rennkamp W. Studien zum deutsch-russischen Handels bis zum Ende des XIII. Jhs.: Nowgorod und Dünagebiet. Bochum, 1977. S. 195.
[ 71 ] Усачев Н. Об участии Смоленска в «вечном мире» 1210 г. // Учен. записки Смоленского пединститута. Вып.5 (1957). С. 202, 207, 214.
[ 72 ] Муравская Е. Торговля Риги с Полоцком, Витебском и Смоленском в ХІІІ-ХIV вв. / Автореф. дисс. канд. ист. наук. Рига, 1962. С.12 ff.
[ 73 ] Генрих. С.124.
[ 74 ] Liv-, Est- und Curländische Urkundenbuch nebst Regesten. Bd. 1. Nr.15.
[ 75 ] Keussler F. Op. cit. S.38.
[ 76 ] Ермаловіч М. Op. cit. С.281.
[ 77 ] Генрих. С.140.
[ 78 ] Тамсама. С.140.
[ 79 ] Тамсама. С.141.
[ 80 ] Тамсама. С.141.
[ 81 ] Тихомиров И. Торговые и мирные сношения русских княжеств с Ливонией в ХІІІ в. // ЖМНП. Ч.185, май 1876. С.164.
[ 82 ] Соловьев С. Op. cit. С.618.
[ 83 ] Генрих С.141.
[ 84 ] Тамсама. С.152.
[ 85 ] Taube M. Op. cit. S.442.
[ 86 ] Генрих. С.234.
[ 87 ] Liv-, Est- und Curlдndische Urkundenbuch nebst Regesten Bd.VI. Reg.117a.
[ 88 ] Генрих. С.167.
[ 89 ] Schlözer K. Livland und die Anfänge deutschen Lebens im baltischen Norden. Berlin, 1850. S.84
[ 90 ] Генрих. С.210.
[ 91 ] Тамсама. С.222.
[ 92 ] Смоленские грамоты ХІІІ-ХIV вв. Подгот. Т.А.Сумникова и В.В.Лопатин. Под ред. Р.И.Аванесова. Москва, 1963. С.20-52.
[ 93 ] Dollinger P. Die Hanse. Stuttgart, 1998. S.48.
[ 94 ] Генрих. С.82.
[ 95 ] Тамсама. С.167.
[ 96 ] Стародубец П. Купечество Северной Германии и немецкая агрессия в Восточной Прибалтике в ХІІІ в. // Ученые записки Тульского гос. пединститута. Вып.1 (1948). С. 96.
[ 97 ] Усачев Н. Op. cit. С.216.
[ 98 ] Ермаловіч M. Op. cit. С.287.
[ 99 ] Гл. адпаведна: Полоцк. Исторический очерк. Минск, 1987. С.15; Чаропка В. Імя ў летапісе. Мінск, 1994, с.84; Нарысы гісторыі Беларусі. У 2-х частках. Ч.1. Мінск, 1994. С.114. Прыклады можна доўжыць.
[ 100 ] Christiansen E. The Northen Crusades. London. 1997, 136.
[ 101 ] Hellmann M. Begegnung zwischen Ost und West auf baltischem Boden im XIII. Jh. // FOG. Bd.25 (1978). S.128.
[ 102 ] Соловьев С. Op. cit. С.617.
[ 103 ] Gnegel-Waitschies G. Bischof Albert von Riga. Ein Bremer Domherr als Kirchenfürst im Osten (1199-1229). Hamburg, 1958. S.165.

Наверх

Васіль Варонін. Палітычны лад Полацкага ваяводства ў першай палове XVI ст.


Вывучэнне палітычнага ладу беларускіх земляў у складзе Вялікага Kняства Літоўскага (ВКЛ) да гэтага часу не страціла сваёй актуальнасці. У айчыннай гістарыяграфіі савецкага перыяду гэтай праблеме, як вядома, аддавалася вельмі сціплая ўвага. Таму яе здабыткі абмяжоўваюцца асобнымі заўвагамі ў досыць нешматлікіх працах, прысвечаных гісторыі Беларусі эпохі ВКЛ. Аднак наўрад ці сёння нехта будзе аспрэчваць важнасць і актуальнасць дадзенага пытання. Гісторыі Полацкай зямлі ў гэтых даследаваннях заўсёды будзе належаць асаблівае месца. Вывучэнне шляхоў трансфармацыі старажытных палітычных інстытутаў незалежнага Полацкага княства ў палітычную сістэму федэратыўнага Вялікага Княства Літоўскага можа даць каштоўны матэрыял для параўнальных даследаван няў не толькі ў нашым рэгіёне, але і для Еўропы ў цэлым.

На своеасаблівасць палітычнай арганізацыі Полацкай і іншых «зямель прыслухаючых» ВКЛ ужо даўно ўказваецца ў літаратуры. У якасці асноўнай крыніцы для вывучэння гэтай арганізацыі выступае, як правіла, устаўная пацвярджальная грамата Полацкай зямлі 1511 г.[1] Дадзены прывілей, які У.І. Пічэта называў нават полацкай канстытуцыяй[2], безумоўна, мае велізарнае значэнне для даследавання палітычнага ладу Полацкага ваяводства. Аднак, як будзе паказана ніжэй, ў першай палове XVI ст. не ўсе яго палажэнні адпавядалі сапраўднаму стану рэчаў. Таму, калі ёсць адпаведныя дадзеныя, належыць заўсёды параўноўваць артыкулы прывілея 1511 г., пацверджа ныя ў 1547 г. Жыгімонтам II Аўгустам[3], з той палітычнай рэчаіснасцю, якая можа быць рэканструявана на падставе іншых крыніц.

На чале Полацкага ваяводства стаяў ваявода. Ваяводамі называлі сябе і некаторыя полацкія намеснікі XV ст. (напрыклад, Андрэй Саковіч, Пётр Мантыгірдавіч, Алехна Судзімонтавіч), але стала ваяводскі тытул замацаваўся за імі толькі каля 1504 г.[4] На пытанне пра спосаб прызначэння полацкага ваяводы на сённяшні дзень існуе два варыянты адказу.

М.К. Любаўскі, абапіраючыся на згаданы абласны прывілей Полацкай зямлі, прыйшоў да высновы, што полацкі ваявода абіраўся самімі палачанамі[5]. Яго падтрымаў У.І. Пічэта[6]. Устаўная грамата Полацкай зямлі ад імя вялікага князя літоўскага сапраўды абяцае «давати нам воеводу нашого полочаном по их воли. А которыи будеть воевода наш нелюб, и нам им воеводу нашого дати по их воли»[7].

Па-іншаму расставіў акцэнты ў цытаваным палажэнні прывілея І.І. Лапо. На яго думку, права палачан мець свайго ваяводу палягала не столькі ў яго абранні, колькі ў праве патрабаваць яго адклікання ў выпадках, калі ваявода па нейкіх прычынах не будзе задавальняць грамадства. У якасці доказу ён прывёў прывілей на полацкае ваяводства Яну Глябовічу 1532 г., дзе асноўнымі матывамі яго прызначэння названы жаданне гаспадара ўзнагародзіць яго за службу і хадайніцтва каралевы Боны, пра абранне ж Глябовіча палачанамі прывілей нават не згадвае[8]. Няма спасылкі на абранне яго насельніцтвам Полацкай зямлі і ў прывілеі Мікалаю Дарагастайска му караля Стэфана Баторыя 1576 г., зыходзячы з чаго І.І. Лапо робіць выснову, што да другой паловы XVI ст. сувязь полацкага ваяводы з зямлёй «страцілася … зусім» і што ён прызначаў ся каралём цалкам незалежна ад думкі насельніцтва[9]. Адмаўляе ўдзел палачан у прызначэнні ваяводы і М.Ф. Спірыдонаў. Яго аргументам з’яўляецца той факт, што «ніхто з карэнных полацкіх беларускіх праваслаўных феадалаў ніколі не быў полацкім ваяводам»[10].

На сённяшні дзень вядомыя 2 прывілеі на полацкае ваяводства за першую палову XVI ст.: прывілей Яну Глябовічу 1532 г.[11] і прывілей Станіславу Давойну 1542 г.[12] Жыгімонт I надае ваяводства Я. Глябовічу: за заслугі яго продкаў перад продкамі Жыгімонта; за заслугі самога Я. Глябовіча перад вялікім князем і каралём і «рэччу паспалітай земскай», якой ён служыў і «втраты знаменитыи прыимовалъ»; імкнучыся ўзнагародзіць яго за старую службу і заахвоціць да новай; на жаданне каралевы Боны. Той самы манарх падараваў ваяводства Ст. Давойну ў якасці ўзнагароды за «паслугі» гаспадару і рэчы паспалітай і «вперед хотячи к послугамъ … охотнеишего его заховати». Абодва прывілеі — стандартныя і нічым не адрозніваюцца ад прывілеяў на іншыя ваяводствы. Як і заўважаў Лапо, факт абрання Глябовіча і Давойны палачанамі ў іх не згадваецца. Наўрад ці гэта можа быць выпадковасцю. Калі ў прывілей Глябовічу ўнесены такі аргумент, як просьба каралевы, дык абранне яго палачанамі, якое прадугледжваў такі важны закон, як устаўная грамата Полацкай зямлі, проста мусіла быць уключаным у пералік асноўных матываў. Слушнымі падаюцца і назіранні Спірыдонава. Сапраўды, калі б палачане на практыцы абіралі сабе ваяводу, яны б, безумоўна, абіралі некага з палачан. Паколькі ў першай палове XVI ст. практычна ўсё насельніцтва Полацкай зямлі было праваслаў нае, яно б абірала адзінаверца. Аднак ніводны з шасці полацкіх ваяводаў гэтага перыяду не быў ні палачанінам, ні праваслаўным.

Права абіраць сабе намесніка надаў палачанам вялікі князь літоўскі Вітаўт. На думку І.Б. Якубоўскага, гэта адбылося паміж 1392 і 1399 г.[13] Аднак факты сведчаць, што ў першай палове XVI ст. дадзенае права на практыцы не рэалізоўвалася. Пераважная частка полацкіх намеснікаў XV ст., як і ўсе ваяводы XVI ст., была католікамі і непалачанамі. Хутчэй за ўсё, права, нададзенае палачанам Вітаўтам, страціла сваю сілу з выданнем славутага Гарадзельскага прывілея 1413 г., але па традыцыі адпаведны артыкул устаўной граматы пераходзіў з адной яе рэдакцыі у другую.

Нягледзячы на гэта, думка М.К. Любаўскага пра дваістую прыроду ўлады полацкага ваяводы — ён не толькі прадстаўнік цэнтральнага ўрада на Полаччыне, але таксама галава мясцовага самакіравання і выразнік інтарэсаў «зямлі»[14] — не страціла сваёй актуальнасці. Цэнтральная ўлада перадавала ў яго рукі функцыі свайго упаўнаважанага самім актам прызначэння на ваяводства. Пра тое ж, што ваявода выказваў інтарэсы вярхушкі полацкага грамадства на агульнадзяржаўным узроўні, сведчыць наступны факт. 8 студзеня 1534 г. да полацкага ваяводы Яна Глябовіча было паслана запрашэнне на вальны сойм. Аднак з той прычыны, што Полацк з’яўляўся ўскраінным замкам, Жыгімонт загадаў яму заставацца там, а замест сябе прыслаць двух тамтэйшых баяраў[15]. Важна падкрэсліць, што Глябовіч запрашаецца на сойм не як буйны феадал (а такая практыка існавала ў ВКЛ), а менавіта як полацкі ваявода. Пры гэтым дадзены выпадак з усёй выразнасцю даводзіць, што ваявода на сойме павінен быў выказваць пункт гледжання полацкіх баяраў-шляхты.

Ваявода валодаў шырокім колам паўнамоцтваў. У некаторых выпадках ён меў права дзейнічаць ад імя вялікага князя. Так, ваявода Ян Глябовіч дазволіў полацкаму гараднічаму Івану Корсаку ў яго маёнтку Залессі «место садити, торгъ и корчмы тамъ мети и горелкою шынъковати» і выдаў на гэта свой «дазволены ліст»[16]. Аднак выдача такіх дазволаў была прэрагатывай манарха[17]. Ваявода Ст. Давойна дазволіў Астафію Корсаку па суботах «торгъ мети»[18] ў яго маёнтку Забор’і, Глебу Корсаку надаў пустоўшчыну Шавердзіну і дазволіў лавіць рыбу ў возеры Свечыне[19] , Васілю Чаркасу даў некалькі пустоўшчын над возерам Свіблам[20], Станіславу Жарчынскаму надаў пустоўшчыну Баркоўскую[21], Войне Епімаху — 5 пустоўшчын на маскоўскай граніцы22 і г.д. Ва ўсіх пералічаных выпадках Давойна рабіў пажалаванні на той самай умове — «да волі і ласкі гаспадарскай» і выдаваў свае «дазволеныя лісты». Тым не менш асобы, якія атрымалі ад яго наданні, заўсёды імкнуліся пацвердзіць іх у гаспадара.

Ваявода даваў дазвол на дамовы куплі-продажу зямлі з удзелам шляхты. Дамовы, заключаныя без дазволу вялікага князя ці ваяводы (рэальна ваяводы), лічыліся несапраўднымі. Так, у 1561 г. сын полацкага харужага Фронцкі Каспаровіча Міхаіл прасіў Жыгімонта II Аўгуста пацвердзіць куплі зямель свайго бацькі ў путных слуг. Аказалася, што яны здзейснены без дазволу манарха і полацкага ваяводы. Таму ў прывілеі было падкрэслена, што Фронцка тыя землі «не мел моцы купити»[23] . Дадзеная норма цалкам адпавядае наступнаму палажэнню полацкай устаўной граматы: «всхочет(ь) ли свое именье хто продати или заменити с ким, ино нам [г.зн. вялікаму князю — В.В.] або наместником нашим явивши, продати и заменити»[24].

Полацкі ваявода меў права зносінаў з замежнымі краінамі. Так, у 1510 г. ваявода Станіслаў Глябовіч паслаў уладам горада Рыгі ліст са скаргамі на дзеянні рыжскіх купцоў у Полацку і патрабаваннем пакараць іх[25].

Ваявода ўдзельнічаў (магчыма, старшынстваваў) у працы мясцовых соймаў. Калі ў 1533 г. пад час разгляду адной судовай справы ўзнікла спрэчная сітуацыя, ваявода Ян Глябовіч адклаў яе для таго, каб «со всею землею обмовити», а потым «таковые речы на мере постановити»[26].

Суд ваяводы быў найвышэйшай, калі не лічыць мясцовага сойма, судовай інстанцыяй на тэрыторыі ваяводства. На ім разглядаліся самыя разнастайныя справы: зямельныя і іншыя маёмасныя спрэчкі, крымінальныя злачынствы, справы пра сялянскія павіннасці і падаткі і г.д. Аднак ваявода чыніў суд не аднаасобна, на судовых пасяджэннях абавязкова мусілі прысутнічаць полацкія баяры. У суднай грамаце вялікага князя Аляксандра ад 12 ліпеня 1499 г. са спасылкай на старадаўні звычай гаварылася, што спрэчкі паміж баярамі, мяшчанамі і путнымі слугамі мае разглядаць намеснік разам са старшымі баярамі[27]. Аднак ёсць усе падставы лічыць, што баяры павінны былі прысутнічаць пры разглядзе ваяводам любых судовых справаў, незалежна ад сацыяльнай прыналежнасці істцоў і адказчыкаў. У судовыя запісы 30-х г. ваяводы Яна Глябовіча заўсёды заносіўся склад сведкаў-баяраў, а калі аднойчы ў верасні 1533 г. пры Глябовічы не аказалася ніводнага з іх, ён на гэтай падставе адклаў разбіральніцтва[28]. Спасылкі на тое, што ваявода вынес вырак, «абмовіўшыся з баярамі», нярэдка сустракаюцца ў згаданых запісах. Таму належыць пагадзіцца з думкай, якую выказаў яшчэ М.К. Любаўскі: баяры не былі пасіўнымі сведкамі суда, а з’яўляліся яго членамі, з якімі ваявода раіўся пры прыняцці рашэння[29].

Як вядома, у 1498 г. Полацку было нададзена магдэбург скае права. Яно, між іншым, прадугледжвала ўвядзенне пасады войта — галавы гарадскога самакіравання. Першыя дзесяцігоддзі вялікім князем прызначаўся асобны войт, аднак прыблізна ў 1525 г. полацкі ваявода стаў адначасова і мясцовым войтам і з таго часу выконваў частку функцый, уласцівых гэтай пасадзе. Так, ваявода Станіслаў Давойна прызначаў лентвойта[30].

Пазіцыя ваяводы як выразніка інтарэсаў полацкай шляхты выконвала вялікую ролю пры замяшчэнні пасадаў службовых асобаў мясцовай адміністрацыі і некаторых іншых, прызначэнне якіх знаходзілася ў кампетэнцыі вялікага князя.

Як будзе паказана ніжэй, значнае месца ў палітычнай сістэме Полацкага ваяводства займаў праваслаўны архіепіскап. У прывілеі Жыгімонта I на полацкую архіепіскапію Місаілу (1531) сказана, што перад вялікім князем і каралём за яго прасілі віленскі ваявода, канцлер ВКЛ Альбрэхт Гаштольд, полацкі ваявода Пётр Кішка і «князи, и паны, и бояре земли Полоцкое»[31]. У 1535 г. архіепіскапія гаспадарскім прывілеем была пажалавана Сямёну, бо за яго праз каралеву Бону хадайнічалі «некоторые панове врядники … закону греческого»[32]. Глеб Корсак у 1558 г. атрымаў прывілей на полацкую архіепіска пію ў якасці ўзнагароды за сваю службу, а таксама «за жаданьемъ воеводы полоцкого … и пановъ бояръ земли Полоцкое»[33]. У 1562 г. названая пасада была пажалавана Арсенію Шышку на просьбу таго ж полацкага ваяводы і «за чоломбитьемъ бояръ шляхты, и мещанъ, и всего поспольства земли Полоцъкое»[34]. З пералічаных прыкладаў вынікае, што хаця цвёрда вызначанага парадку высоўвання кандыдатуры полацкага ўладыкі і не існавала, аднак вярхушцы полацкага грамадства і мясцоваму ваяводу ў дадзенай працэдуры належала вельмі важкая роля.

Пэўны ўдзел ваявода прымаў і ў прызначэнні мясцовых ураднікаў. Так, пасля смерці паміж 1544 і 1552 г. полацкага гараднічага і цівуна Івана Корсака баярства-шляхта абрала на гэтую пасаду Васіля Корсака, пасля чаго паведаміла пра свой выбар ваяводу Станіславу Давойну. Апошні прадставіў кандыдатуру Жыгімонту-Аўгусту і прасіў зацвердзіць яе, што і было зроблена. У 1552 г. Васіль Корсак звярнуўся да гаспадара з просьбай пацвердзіць гараднічае і надаць да таго цівунства і ключ полацкія, прычым за яго зноў прасіў Давойна. І на гэты раз манарх задаволіў просьбу[35]. Такім чынам, ваявода то выступае ў якасці пасярэдніка і выразніка пазіцыі полацкай шляхты перад вялікім князем, то дзейнічае самастойна. Відаць, менавіта дзякуючы намаганням асабіста Давойны ў 1559 г. атрымаў пасаду полацкага харужага Фронцка Каспаровіч. Хоць у жалаванай грамаце ён і названы полацкім баярынам[36], але на самай справе Фронцка быў «служэбнікам» Ст. Давойны і прыехаў у Полацк толькі разам з ім. Пра яго абранне палачанамі ў прывілеі нічога не сказана. У тым самым годзе полацкае гараднічае атрымаў Война Епімах — «за жаданнем і прычынай» аднога толькі Давойны[37] .

На час сваёй адсутнасці ў Полацку, а такія выпадкі былі нярэдкія, ваявода прызначаў намесніка, якому перадаваў усю сваю ўладу. Так, у 1546 г. ці незадоўга перад тым намеснік ваяводы Ст. Давойны згаданы ўжо Фронцка Каспаровіч судзіў князёў Цімафея Саколенскага і Юрыя Масальскага па зямельнай спрэчцы[38]. У 50-я г. ён жа сабраў з ваеннаслужылых мяшчан грошы і здаў іх у агульнадзяржаўны скарб[39]. У 1555 г. намеснік Фёдар Корсак быў абавязаны запісаць скаргі жонкі шляхціча Касцюшкі Юр’еўскага на слугу Баркулаба Корсака ў ваяводскія кнігі і даць віжа, але па нейкіх прычынах (магчыма, з-за сваяцкіх сувязяў Баркулаба і Фёдара) адмовіўся гэта зрабіць[40] .

У адрозненне ад полацкіх ваяводаў, ніводны з якіх, як адзначалася, не паходзіў з Полаччыны і не быў праваслаўным, сярод ваяводскіх намеснікаў сустракаліся і тыя, і другія. Напрыклад, намеснікамі ваяводы Пятра Кішкі былі Багдан Іванавіч[41] і Кандрат[42] — мяркуючы па імёнах, абодва праваслаў ныя, прычым пад першым, магчыма, маецца на ўвазе прадстаўнік малодшай галіны (Зіноўевічаў) магутнага баярскага рода Корсакаў. Адным з намеснікаў ваяводы Яна Глябовіча быў Іван Сумарок[43] — таксама, відавочна, праваслаўны. Нарэшце, як ужо указвалася, у сярэдзіне 50-х намеснікам Ст. Давойны быў яшчэ адзін член фаміліі Корсакаў — Фёдар.

Перш чым перайсці да разгляду службовых асобаў мясцовай адміністрацыі, ахарактарызуем месца, якое займаў у палітычнай сістэме ваяводства праваслаўны архіепіскап.

Крыніцы фіксуюць выпадкі, калі полацкія ўладыкі, як духоўныя асобы, стаяць на чале полацкага баярства-шляхты ў зносінах з цэнтральным урадам. Калі ў 1532 г. полацкі ваявода Пётр Кішка быў прызначаны троцкім кашталянам і пакінуў горад, а пасада полацкага ваяводы вакавала, для кіравання ваяводствам быў пасланы гаспадарскі дваранін полацкага паходжання Міхаіл Лавейка. У гэты час узніклі нелады на полацка-пскоўскай граніцы, і тады па інструкцыі да віленскага ваяводы (Жыгімонт I знаходзіўся ў Польшчы) ад архіепіскапа, Лавейкі і «ад усіх баяр полацкіх» быў пасланы прадстаўнік — Дзмітрый Корсак[44].

Вельмі важную ролю выконваў архіепіскап і ў судзе. У 1530 г., калі ваяводы Пятра Кішкі не было ў горадзе, судовыя пасяджэнні праводзілі ўладыка Нафанаіл, намеснік Багдан Іванавіч і баяры[45]. Досыць часта ён прысутнічаў на судзе ў якасці сведкі. Імя архіепіскапа ў такіх выпадках заносілася ў адпаведныя запісы першым[46]. Час ад часу складваліся і сітуацыі, калі ўладыка з’яўляўся адзіным сведкам на ваяводскім судзе[47]. Думка архіепіскапа, як і баяраў, мела вельмі істотнае значэнне пры вынясенні выраку. Так, ваявода Ян Глябовіч прымаў рашэнні «объмовивши со архиепискупомъ … и с паны бояры земли Полоцъкое»[48]. Роля полацкага ўладыкі як адной з асноўных дзейных асобаў мясцовага судаводства прызнавалася і вялікім князем. На пачатку 50-х г. на гаспадарскім судзе разглядалася скарга полацкіх путных слуг сёлаў Забелля і Руднікаў на князя М. Саколенскага і яго пляменніц. Узнікла спрэчная сітуацыя, і Жыгімонт II Аўгуст даручыў разабрацца ў ёй полацкаму ваяводу разам з архіепіскапам і баярамі і яму «даць справу»[49] .Жыгімонт-Аўгуст прымаў такія рашэнні неаднакроць[50]. Полацкі ўладыка браў удзел не толькі ў судзе, але і ў заканадаўчай дзейнасці. Так, устаўныя граматы віцебскіх феадалаў пра ўмовы пасялення на іх землях свабодных сялян 1531[51] і 1551[52] г. выдадзены ад імя ў першую чаргу архіепіска па Полацкага, Віцебскага і Мсціслаўскага. І хоць ў дадзеным выпадку гаворка ідзе пра Віцебшчыну, няма ніякіх падставаў сумнявацца, што такі парадак выдання заканадаўчых актаў існаваў і на блізкай гістарычна і геаграфічна Полаччыне.

Полацкія ўладыкі, сярод іншых найвышэйшых ерархаў праваслаўнай царквы, запрашаліся для ўдзелу ў агульнадзяр жаўных соймах: так было, напрыклад, у 1552 і 1553 г.[53]

Такім чынам, архіепіскап выконваў вельмі прыкметную ролю ў палітычным жыцці ваяводства.

Як было паказана, у яго абранні і рэкамендацыі вялікаму князю часта ўдзельнічалі ваявода і вярхушка полацкага грамадства. Дзейнасць і паходжанне полацкіх уладыкаў можа стаць тэмай самастойнага даследавання, але, наколькі гэта ўдалoся высветліць, з 10 архіепіскапаў разгляданага перыяду (Лука, Яўхім, Іосіф, Нафанаіл, Місаіл, Сямён, Герман Хрыбтовіч, Глеб Корсак, Рыгор Валовіч, Арсеній Шышка) толькі пра двух (Іосіфа і Глеба Корсака) можна з упэўненасцю казаць, што яны былі полацкага паходжання. У той жа час чацвёра (Яўхім, Сямён, Герман Хрыбтовіч, Рыгор Валовіч) былі дакладна непалачанамі. Пераважная іх большасць, калі не ўсе, паходзіла з шляхты.

Сістэма мясцовай улады і кіравання ўключала, апрача ваяводы, наступныя пасады.

Гараднічае. Асноўнымі абавязкамі гараднічага былі нагляд за пабудовай і рамонтам замкавых умацаванняў і забеспячэнне крэпасці ўсімі неабходнымі запасамі[54]. Полацкімі гараднічымі ў разгляданы перыяд былі мясцовыя баяры Іван Глебавіч Корсак[55], Васіль і Фёдар[56] Корсакі, Война Епімах.

Гарадскі цівун захаваўся ў Полацку яшчэ з княскіх часоў, калі асноўнай яго функцыяй быў суд на княскім двары. У першай палове XVI ст. цівун ужо быў пазбаўлены яе, а толькі збіраў па валасцях даходы, якія ішлі на дадзеную пасаду здаўна[57]. Цівунамі былі полацкія баяры Касцюшка Валфрамеевіч Невельскі[58], Іван Глебавіч[59] і Васіль Корсак.

Таксама з княскіх часоў вядзе сваё паходжанне пасада ключніка. Ключнік назіраў за зборам мядовай «даніны» з валасцей[60]. Як ужо згадвалася, у 1552 г. гэтую пасаду атрымаў Васіль Корсак.

Такое ж старажытнае паходжанне мае пасада баброўнічага. У першай палове XVI ст. яго галоўным абавязкам быў кантроль за зборам баброўшчыны[61], якая ў названы перыяд выплочвалася ўжо грашыма. Полацкім баброўнічым доўгі час быў мясцовы баярын Яцка Быстрэйскі[62].

Харужы адказваў за своечасовы і поўны збор войска полацкага ваеннаслужылага насельніцтва. Пасада была ўведзена ў першай палове XVI ст. ці незадоўга да гэтага. У разгляданы перыяд яе займалі полацкія баяры Фёдар Епімах[63] і Іван Міхайлавіч Корсак[64], а з 1559 г. — Фронцка Каспаровіч.

Абавязкам мастаўнічага было падтрыманне ў належным стане мастоў і гацей на тэрыторыі ваяводства[65]. У 30-50-я г. пасаду займаў Дзмітрый Корсак. У прывілеі, якім Жыгімонт I ў 1532 г. надаваў яму мастаўнічае, не было спасылкі на дзейнасць і паўнамоцтвы папярэдніх полацкіх мастаўнічых[66], як гэта звычайна рабілася ў такіх дакументах. Мяркуючы па гэтым, пасада мастаўнічага ў Полацкім ваяводстве была ўведзена толькі ў названым годзе.

Цэльнік наглядаў за зборам мыта на тэрыторыі Полаччыны. У 1552 г. полацкім цэльнікам быў Война Епімах[67].

Прызначэнне асобаў на пералічаныя пасады належала да ліку выключных правоў вялікага князя. На Віцебшчыне[68] і Смаленшчыне[69] вакансіі пасадаў мясцовай адміністрацыі замяшчаліся, як правіла, мясцовымі баярамі. Ёсць усе падставы лічыць, што гэты парадак дзейнічаў і на Полаччыне. На карысць гэтага сведчыць прыведзены пералік мясцовых полацкіх ураднікаў: практычна ўсе яны былі прадстаўнікамі старых полацкіх баярскіх родаў. Ва ўстаўной грамаце Полацкай зямлі ўтрымліваецца прамая забарона займаць пасаду гарадскога цівуна ваяводскім «служэбнікам»[70]. Механізм прызначэння на такія пасады быў апісаны вышэй. З яго вынікае, што ў 40-я г. полацкія ўраднікі сапраўды спачатку абіраліся мясцовым баярствам-шляхтай. Аднак ужо з 50-х г. роля ваяводы ў іх прызначэнні павышаецца, і ў 1559 г., як указвалася, Ст. Давойна дамогся таго, каб полацкім харужым стаў шляхціц няполацка га паходжання, які знаходзіўся ў яго на службе. Адметна, што ў гаспадарскім прывілеі Фронцка Каспаровіч усё ж названы «баярынам зямлі Полацкай»: форма працягвала захоўваць сваё значэнне.

У першай палове XVI ст. адбыліся істотныя змены і ў тэрмінах, на якія манарх прызначаў мясцовых ураднікаў. Калі ў XV ст. яшчэ захоўваўся старажытны звычай надаваць пасады (прынамсі старадаўнія) баярам на 1 год па чарзе[71], дык цяпер яны жалаваліся, як правіла, «да волі і ласкі гаспадарс кай» ці «да жывата».

Сярод службовых асобаў мясцовага ўзроўню было некалькі, прызначэнне якіх з’яўлялася прэрагатывай ваяводы. Гэта намеснікі дзяржаўнага замка Дрысы і дзяржаўных гаспадарак (т. зв. «гаспадарскіх двароў») Чарсвята і Бельчыцы.

Замак Дрысу пры ўпадзенні аднайменнай ракі ў Дзвіну заснаваў паміж 1543 і 1546 г. полацкі ваявода Станіслаў Давойна. У некаторых дакументах ён нават тытулуе сябе дзяржаўцам дрыскім[72] , хоць на практыцы кіраваў замкам, вядома, не асабіста, а праз намеснікаў[73].

Двор Чарсвят быў найбуйнейшай на тэрыторыі ваяводства дзяржаўнай гаспадаркай, якая існавала яшчэ ў княскія часы. У 30-я г. чарсвяцкім намеснікам быў Ян Лось[74], а ў 40—50-я — Арцём Івановіч. Чарсвят, дзе быў і замак[75], з’яўляўся не толькі дзяржаўнай гаспадаркай, але і цэнтрам судовай акругі з усімі неабходнімі паўнамоцтвамі і атрыбутамі. У 1557 г. ў Лукомлі князі Андрэй і Барыс Лукомскія са сваімі слугамі збілі князёў Яна і Міхаіла Баратынскіх. Пацярпелыя звярнуліся да чарсвяцкага намесніка згаданага Арцёма Івановіча і «тотъ кгвалтъ и зраненье свое оповедали и вижа на огледанье кгвалту и ранъ брали», запіс пра што быў унесены ў чарсвяцкія судовыя кнігі[76].

Ваявода прызначаў намесніка і ў «гаспадарскі двор» Бельчыцу, які таксама належаў яшчэ полацкім князям. Тамтэйшы намеснік згадваецца ў рэвізіі 1552 г.[77], але звестак пра яго дзейнасць адшукаць не ўдалoся.

Апрача пералічаных афіцыйных пасадаў, якія існавалі не толькі ў Полацкім, але і ў іншых ваяводствах дзяржавы, у асяроддзі полацкага баярства-шляхты ў першай палове XVI ст. была і прынамсі адна пасада нефармальнага кшталту і вельмі старажытнага паходжання.

Яе існаванне прасочваецца па дакументах яшчэ з княскіх часоў, з другой паловы XIV ст. У леннай грамаце вялікага князя полацкага Андрэя Альгердавіча інфлянцкаму магістру 1385 г. адзначана, што Андрэй аддае княства Ордэну са згоды сваіх спадкаемцаў, а таксама дарадцаў: Вярзілы і яго брата, „старшага з нашых баяр» („nostrorum baronum superioris») Фёдара[78]. Гэты ж Фёдар і яго сын Дзмітрый атрымалі ад Андрэя Альгердавіча сяло Семянцова[79]. Старшы з полацкіх баяр Фёдар — гэта першы вядомы прадстаўнік полацкага баярскага роду, вядомага пазней пад прозвішчам Корсакаў. Не выключана, што гэта ён быў тым Фёдарам, які стаў адным з першых полацкіх намеснікаў вялікага князя літоўскага Вітаўта на мяжы XIV—XV ст.[80]

Пра дзейнасць Дзмітрыя Фёдаравіча практычна нічога невядома. Затое параўнальна нямала звестак захавалася пра лёс яго сына Васіля.

Васіль Дзмітрыевіч быў першым прадстаўніком роду, які насіў мянушку Корсак. Так ён сам называе сябе ў пасланнях уладам горада Рыгі 30-40 г. XV ст.[81] У рускай мове XVI-XVII ст. словам „корсак» называлі адзін з відаў лісы[82]. У фальклоры асноўнай якасцю лісы, як вядома, лічыцца хітрасць. Вельмі верагодна, што Васіль Дзмітрыевіч атрымаў такую мянушку менавіта за гэтую сваю якасць. Уменне выжываць у любых сітуацыях і супрацоўнічаць з усімі ўладамі выдатна ілюструюць перыпетыі яго пакручастага жыццёвага шляха і палітычнай кар’еры.

Корсак распачаў яе вельмі рана — яшчэ, відаць, пры жыцці дзеда. Хутчэй за ўсё, менавіта ён быў тым Васілём Дзмітрыевічам, які, сярод іншых, паручыўся па Грыдку Канстанцінавічу перад князем Скіргайлам[83]. Публікатары па не зусім зразумелых меркаваннях датуюць дакумент часам да 1390 г., аднак ён мог быць складзены і пазней — аж да смерці Скіргайлы ў 1397 г. Калі Васіль Дзмітрыевіч паручнай граматы — гэта Корсак, дык ён мог служыць яшчэ Скіргайлу, а гэта служба тады пачалася ў 1387—1392 г., калі названы князь кіраваў Полацкам. Магчыма, Корсак захаваў яму вернасць і пазней, калі той княжыў у Кіеве.

Васіль Дзмітрыевіч быў адным з полацкіх намеснікаў паміж 1400 і 1407 г.[84]>

У 30-я г. Корсак — у радзе Свідрыгайлы. Там яго фіксуе дакумент 1432 г.[85] Акрамя гэтай згадкі, на сённяшні дзень вядомыя яшчэ тры прывілеі вялікага князя Свідрыгайлы, дзе сярод іншых паноў рады фігуруе і „пан Васіль Полацкі»[86], якога, безумоўна, належыць ідэнтыфікаваць з Васілём Корсакам. Аднак выкарыстанне дадзеных грамат для высвятлення паваротаў палітычнай кар’еры Корсака вельмі ўскладняецца блытанай храналогіяй прывілеяў Свідрыгайлы. Цалкам неверагод ныя даты (напрыклад, 1460 і 1461 г., хоць добра вядома, што Свідрыгайла памёр на пачатку 1452 г.) маюць не толькі копіі, дзе магчымыя памылкі, але і арыгіналы грамат гэтага князя. Гэта ў поўнай меры датычыцца і тых з іх, дзе фігуруе Васіль Корсак. Адна з такіх грамат пазначана 9 лістапада 1430 г., другая — 22 верасня 1452 г., а трэцяя — 1461 г. Таму моманты знаходжання Корсака пры двары Свідрыгайлы можна датаваць вельмі шырока — пачынаючы з 30-х гадоў і да 1452 г. Праўда, аморфны, без геаграфічнай часткі тытул князя ў двух з іх („великии князь Швитрыгаило Олькирдовичъ»), склад сведкаў і места выдачы — Луцк, як быццам сведчаць на карысць таго, што яны выдадзены ўжо пасля таго, як Свідрыгайла канчаткова змірыўся з паразай і ўсталяваўся на Валыні, г. зн. у другой палове 40-х—1452 г.

Васіль Корсак займаў абсалютна асаблівае месца ў палітычным жыцці Полацка 30—40-х г.[87] Напрыканцы 1435 — ў 1436 г. „от пана Василия Дмитриевича, и от бояръ полоцких, и от местичовъ, и ото всех моужь полочан, всего поспольства»[88] у Рыгу было накіравана пасланне, прысвечанае лёсу палачан, якія прымалі ўдзел у бітве пад Вількамірам (1435). Як бачна з цытаты, Васіль Корсак не займае ніякай афіцыйнай пасады, і тым не менш стаіць на чале ўсяго полацкага грамадства і дзейнічае ад яго імя. У тыя ж 30-я г. Васіль Корсак нейкі час быў і полацкім намеснікам[89] — праўда, цяжка сказаць, ад каго. Не выключана, што ад Свідрыгайлы.

Корсак захаваў свае пазіцыі ў Полацку і пасля ўкняжэння Казіміра, ад якога паміж 1440 і 1447 г. атрымаў 6 чалавек „даннікаў»[90]. У сярэдзіне 40-х яго становішча ў Полацку — вельмі моцнае. Пасланне ў Рыгу пра гандаль немцамі спіртнымі напоямі ў Полацку, якое Г.Л. Харашкевіч датуе 1445—1448 г., складзена „от пана Василья Дмитриевича Корсака, и от пана Олехна, наместника пана Ондреева, воеводы полоцкого, и от всих бояръ полоцкых»[91]. Адметна, што Корсак пастаўлены ў ім на першае месца — нават перад намеснікам ваяводы Андрэя Саковіча. На дадзеную акалічнасць звярнула увагу Г.Л. Харашкевіч, якая вызначыла ролю пана Васіля ў гэтай грамаце як няпэўную, палічыла яго найбуйнейшым полацкім баярынам і неафіцыйным кіраўніком полацкай знешняй палітыкі[92]. Аднак той факт, што пасланне, на першым месцы ў якім стаіць імя Васіля Корсака, дадзена ад усіх полацкіх баяраў, дазваляе і больш дакладна вызначыць месца гэтага дзеяча ў палітычнай сістэме Полаччыны 30—40-х г. XV ст.: ён быў старшым з баяраў.

Некаторыя дадатковыя дадзеныя пра палітычны лад Полаччыны сярэдзіны XV ст. дае судная грамата намесніка Андрэя Саковіча па маёмаснай спрэчцы Яўлашкі Козчыча з Аляксандрам Аскерчынічам[93], якую Г.Л. Харашкевіч датуе 1447—1458 г. Кідаецца ў вочы тое, што ні сярод удзельнікаў папярэдняга разбіральніцтва, ні сярод сведкаў суда — полацкіх баяраў няма прадстаўнікоў роду Корсакаў. А ён, як было паказана, у першай палове XV ст. выконваў, па сутнасці, галоўную ролю сярод іншых полацкіх баярскіх родаў, ды і ў палітычным жыцці рэгіёна ўвогуле. Сярод сведкаў суднай граматы — полацкіх баяраў фігуруюць: князь Фёдар Шах, Яцка Рыгоравіч і яшчэ 5 чалавек. Вядома, па адным дакуменце цяжка рабіць надзейныя высновы (Корсакі маглі, напрыклад, быць у ад’ездзе), аднак усё ж можна выказаць дапушчэнне, што ў другой палове 40-х—50-я г. пазіцыі Корсакаў у Полацку аслабелі. Гэта было звязана, хутчэй за ўсё, з тым, што ў другой палове 40-х — на пачатку 50-х Васіль Корсак і, верагодна, яго сям’я знаходзіліся пры двары Свідрыгайлы ў Луцку. Магчыма, там Васіль Дзмітрыевіч і скончыў сваё жыццё.

Васіль Корсак меў двух сыноў: Астафія і Зіновія. Мяркуючы па тым, што Астафій намнога раней уключыўся ў палітычную дзейнасць, старэйшым быў менавіта ён.

Астафій Корсак вядомы па дакументах з 40-х г. XV ст. У 1440 г. ён атрымаў ад Казіміра 6 чалавек „даннікаў» на Псуі[94]. Праз нейкі час пасля смерці Свідрыгайлы Корсакі вярнуліся на Полаччыну і паступова занялі сваё ранейшае становішча. У 1458 г. Астафій Васілевіч ужо ездзіў у якасці полацкага пасла ў Рыгу[95]. У 1465 г. ён разам з сынам яшчэ раз наведаў Рыгу[96]. Пра вельмі высокае становішча Корсака ў Полацку сведчыць яго ліст, накіраваны ў Рыгу каля 1470 г. У ім Астафій Васілевіч называе рыжскага бургамістра Ганса Зальтрумпа „братам сваім мілым»[97]. Гэта, на думку Г.Л. Харашкевіч, сведчыць пра тое, што Астафій Корсак займаў у Полацку становішча, блізкае да становішча бургамістра ў Рызе. Паводле яе меркавання, сваю палітычную вагу пан Астафій атрымаў у спадчыну ад бацькі[98].

14 сакавіка 1476 г. група з 16 уплывовых праваслаўных духоўных і свецкіх асобаў на чале з абраным мітрапалітам Кіеўскім і ўсёй Русі Місаілам накіравала да папы рымскага Сікста IV „пасольства», у якім выказвалася прызнанне царкоўнай уніі. Сярод тых, хто яго падпісаў, быў і „благородъныи панъ Евъстафіи Василевичъ с Полоцка, преболшыи в боярех»[99]. Не спыняючыся адмыслова на пытанні аўтэнтычнасці паслання Місаіла, належыць усё ж адзначыць, што пасля знаходак яго копій у складзе двух рукапісных зборнікаў (адзін з іх — наўгародскага, а другі — смаленскага паходжання) 20-х г. XVI ст.[100] пасланне ўжо немагчыма прыпісваць дзейнасці уніяцкага мітрапаліта Іпація Пацея.

Такім чынам, Астафій Васілевіч Корсак быў старшым з полацкіх баяраў і, відаць, у гэтай сваёй якасці ўваходзіў у раду вялікага князя і караля Казіміра[101].

Прыкладна з канца 70-х г. імя Астафія Корсака знікае з дакументаў. Хутчэй за ўсё, у гэты час яго ўжо не было ў жывых. Прынамсі, для заключэння вельмі важнага для палачан дагавора ў Рыгу ў 1478 г. ад баяраў ездзіў прадстаўнік яшчэ аднога старажытнага полацкага баярскага роду — Сенька Радковіч[102]. Магчыма, пасля смерці Астафія званне старшага з баяраў перайшло на нейкі час да яго.

З дакумента 1480 г. вядома, што напрыканцы 70-х актыўна ўлючыўся ў гандаль з Рыгай малодшы брат Астафія Корсака Зіновій[103]. Як і Астафій, ён вёў асабістую перапіску з рыжскімі гарадскімі ўладамі[104].

У 1482 г. сяляне маханкаўляне заключылі дамову з полацкім архіепіскапам Іёнам. Згодна ёй, яны атрымлівалі борці, а наўзамен абавязваліся даваць на ўладыку штогод 5 пудоў мёду. Акт, якім была афіцыйна аформлена дамова, захаваўся[105]. Як і ва ўсіх падобных полацкіх дакументах, у яго ўпісаны сведкі. Першым сярод іх ад баяраў значыцца пан Зіновій Корсак, другім — ужо згаданы Сенька Радковіч. Парадак, у якім занесены ў дакумент сведкі, не мог быць выпадковым. Асобы ставіліся такім чынам, што спіс у агульных рысах адлюстроўваў іх узаемаадносіны ў палітычнай ерархіі Полаччыны. Зразумела, што, як і ў выпадку з суднай граматай Андрэя Саковіча, па адным дакуменце цяжка меркаваць, наколькі рэгулярнай была менавіта такая чарговасць, але вельмі падобна, што к пачатку 80-х гадоў Зіновій Корсак адціснуў на другое месца Сеньку Радковіча і стаў, як і брат, старшым з баяраў. На жаль, з прычыны вострага недахопу крыніц нельга больш нічога сказаць пра палітычную дзейнасць Зіновія Корсака. Нават прыблізны час яго смерці таксама застаецца невядомым.

У сярэдзіне 90-х г. на палітычнай арэне Полаччыны з’явілася новае пакаленне Корсакаў — сыны Астафія Васілевіча Багдан і Глеб. Багдан быў стрэйшым сынам. Пра гэта гавораць наступныя факты. У 1496 г. да вялікага князя Аляксандра звярнуліся Прасялок і Марцін. Яны прасілі пацвердзіць ім наданне Астафія Васілевіча Корсака, якім ён пажалаваў ім зямлю Фалееўшыну пры ўмове службы аднаму з сваіх сыноў. Прасялок і Марцін падалі лісты Багдана і Глеба Астаф’евічаў (менавіта ў такім парадку), якімі Корсакі рабілі распараджэнні наконт далейшага пераходу зямлі[106]. Для нас у дадзеным выпадку важна, што ў грамаце Аляксандра першым названы ліст Багдана, а другім — Глеба, што, хутчэй за ўсё, адпавядае старэйшынству братоў. Гэтае меркаванне падмацоўваецца указной граматай Аляксандра Астаф’евічам і Зіноўевічам Корсакам 1499 г., у якой зноў Багдан названы першым, а Глеб — другім[107]. І ў сярэдзіне 90-х Корсакі займалі вельмі высокае месца ў баярскім асяроддзі: двое прадстаўнікоў гэтага роду (магчыма, тыя ж Багдан і Глеб) разам з полацкім намеснікам Янам Забярэзінскім ездзілі напрыканцы 1494 — на пачатку 1495 г. у Маскву па нявесту вялікага князя літоўскага Аляксандра, дачку Івана III Алену[108].

Выразныя прыкметы таго, што Глеб Корсак займаў асаблівае месца сярод баяраў Полацкай зямлі, утрымлівае вырак Аляксандра па справе полацкага ўладыкі Лукі супраць баяраў і мяшчанаў наконт прыналежнасці сёлаў Дольцы, Весніцк і Пуцілкавічы 1499 г. У выніку разбіральніцтва сёлы былі прысуджаны клірасу Сафійскага сабора, прычым апекавацца імі вялікі князь даручыў баярыну Глебу Астаф’евічу, а таксама войту, бурмістрам, радцам і ўсім мяшчанам[109]. У 1501 г. Аляксандр яшчэ раз пацвердзіў гэтае сваё рашэнне, накіраваўшы асобную грамату Глебу Корсаку і полацкім мяшчанам[110]. На падставе двух названых дакументаў Г.Л. Харашкевіч прыйшла да цалкам абгрунтаванай высновы, што Глеб Астаф’евіч мог быць у гэты час старшым з баяраў[111].

Такім чынам, пасля смерці Зіновія Корсака пасада старшага з полацкіх баяраў перайшла (адразу ці праз нейкі час) да яго пляменніка, сына колішняга старшага з баяраў Астафія Глеба Астаф’евіча. Чаму яна абмінула старэйшага сына Астафія Багдана — цяжка сказаць. Праўда, не выключана, што ён усё ж нейкі час займаў яе, а дакументальныя сведчанні на гэты конт проста не захаваліся.

Мяркуючы па тым, што ў 1507 г. жонцы Глеба Корсака давялося самастойна, без удзелу мужа судзіцца з сялянамі гарчанамі[112], да гэтага часу Глеб Астаф’евіч ужо памёр. Нягледзячы на гэта, Корсакі захавалі за сабой пасаду старшага з баяраў.

9 лютага 1510 г. полацкі ваявода Станіслаў Глябовіч купіў у Багдана Галаўнініча сяло Дзеранца. Купчая-прадажная грамата захавалася. У якасці сведкаў у ёй выступаюць пан Іван Зіноўевіч Корсак, князь Іван Палубенскі і Мікіфар Карабовіч[113]. Першая акалічнасць, якая звяртае на сябе ўвагу, — гэта тое, што першым сведкам пры дамове полацкага ваяводы выступае Іван Корсак. Гэта не можа не гаварыць пра яго надзвычай высокае грамадскае становішча. Па-другое, адметна, што Корсак упісаны нават перад князем Палубенскім, хоць у падобных дакументах якраз тытулаваная знаць звычайна ставілася на першыя месцы. Дарэчы, на думку Г.Л. Харашкевіч, Корсака і Палубенскага запрасіў сам Глябовіч[114]. На шчасце, у адрозненне ад двух ужо згаданых выпадкаў, калі даводзілася абапірацца на адзінкавыя акты, на гэты раз склад сведкаў купчай-прадажнай Ст. Глябовіча ёсць з чым параўнаць. 19 лістапада таго ж 1510 г. група сялян прадала полацкаму баярыну Лявону сваю зямлю на Масорыне. Склад сведкаў купчай-пра дажнай наступны: пан Іван Зіноўевіч, князь Іван Палубенскі і пан Федзька Епімахавіч[115]. Дадзены дакумент дае магчымасць ужо досыць упэўнена гаварыць пра заканамернасць знаходжання Івана Корсака на першым месцы ў купчых-прадажных і звязваць гэты факт з тым, што менавіта ён у гэты час быў старшым з полацкіх баяраў.

Іван Зіноўевіч меў трох братоў: Міхаіла, Андрэя і Сцяпана[116]. Мяркуючы па згаданай ужо ўказной грамаце Аляксандра 1499 г., дзе Міхаіл Зіноўевіч названы першым, а Іван — другім[117], Міхаіл быў старэйшым братам. Аднак у 1509 г. яго ўжо не было ў жывых[118]. Цяжка меркаваць пра парадак старэйшынства трох астатніх братоў-Зіноўевічаў, але не выключана, што найстарэйшым з іх быў якраз Іван. Калі гэта сапраўды так, дык на 1510 г. Іван Зіноўевіч з’яўляўся самым старэйшым у родзе Корсакаў: яго бацька, а таксама дзядзька Астафій памерлі яшчэ ў XV ст., адзін стрыечны брат, Глеб — да 1507 г., а другога, Багдана, хутчэй за ўсё, таксама ўжо не было ў жывых (гл. табл. 1). Год смерці Івана Зіноўевіча невядомы, аднак яна адбылася да 1528 г., бо ў „попісе земскім» названага года фігуруюць ужо толькі яго жонка і сыны[119]. Адсутнічаюць у попісе і яго браты Сцяпан і Андрэй: іх на момант яго складання, відаць, таксама ўжо не было ў жывых.

Напрыканцы 20-х г. старшым з баяраў быў, відаць, Яцка Багданавіч Быстрэйскі. Ён займае першае месца ў пераліку полацкіх баяраў «попіса земскага» 1528 г.[120] Ён жа ўзначальвае баяраў-сведкаў на судовым пасяджэнні, якое праводзілі 2 лістапада 1530 г. архіепіскап Нафанаіл і намеснік ваяводы Пятра Кішкі Багдан Іванавіч[121]. Аднак ужо на пачатку 30-х Быстрэйскі губляе першынство.

У адрозненне ад папярэдняга перыяду, калі сустракаліся толькі паасобныя купчыя-прадажныя і судныя граматы, у якіх пазначаны сведкі, за 30-я г. XVI ст. захаваўся цэлы вялікі комплекс полацкіх судовых справаў. Гэта судовыя справы ваяводы Яна Глябовіча, якія ўвайшлі ў склад 16-й кнігі запісаў Метрыкі ВКЛ. Яны апублікаваныя[122]. На судзе полацкага ваяводы абавязкова мусілі прысутнічаць полацкія баяры. Таму напрыканцы запісу пра кожнае судовае пасяджэнне змешчаны пералік сведкаў-баяраў. Такіх запісаў налічваецца каля 250, храналагічна яны ахопліваюць 1533—1539 г. Пры гэтым высвятляецца цікавая заканамернасць: сярод полацкіх баяраў на першым месцы заўсёды стаіць Дзмітрый Багданавіч Корсак, а на другім, як правіла, — Яцка Багданавіч Быстрэйскі (зразумела, калі яны прысутнічалі на судзе). Праўда, перад імі могуць быць упісаны князі, але тытулаваныя асобы, як ужо адзначалася, у падобных выпадках часта ставіліся на першыя месцы. Перад усімі імі ў запісах могуць быць унесены і іншыя сведкі: гаспадарскія дваране, цэнтральныя і мясцовыя (няполацкія) ураднікі і некаторыя іншыя, але гэта звязана з тым, што яны з’яўляліся службовымі асобамі агульнадзяржаўнага значэння. У судовых справах ёсць і прамое указанне на тое, што Дзмітрый Корсак быў у гэты час старшым з баяраў. Пад час разгляду ў 1538 г. адной з іх баяры заявілі, што ісцец, Война Епімах, аддаў позвы (судовыя павесткі) „брату нашому старъшому, пану Дмитрею Богдановичу»[123]. Цікава, што, у адрозненні ад іншых полацкіх баяраў, якія фігуруюць у судовых запісах з указаннем сваіх афіцыйных пасадаў (гараднічы, баброўнічы і г.д.), Дзмітрый Корсак у іх ніколі не называецца полацкім мастаўнічым, хоць ў 1532 г. ён атрымаў названую пасаду „да волі гаспадарскай»[124], а ў 1538 г. яна была пацверджана яму „да жывата»[125]. Відаць, неафіцыйнае званне старшага з баяраў ставілася полацкім баярствам у сваёй унутранай ерархіі вышэй нават за афіцыйныя (прынамсі некаторыя) пасады. Яго замацаванне ў 30-я г. і пазней за сынам Багдана Астаф’евіча Корсака Дзмітрыем звязана з тым, што ў гэты час ён быў найстарэйшым у родзе Корсакаў (гл. табл. 1).

Пра надзвычай высокае становішча Дзмітрыя Корсака ў палітычнай сістэме Полацкага ваяводства сведчаць і наступныя факты. Калі ў 1548 г. ён запісаў сваёй жонцы Фядоры ўсю сваю рухомую маёмасць, у якасці сведкаў у адпаведны дакумент былі ўнесены полацкі ваявода Станіслаў Давойна, архіепіскап Сямён, на трэцім месцы стаіць імя Яцкі Быстрэйскага[126]. Сярод сведкаў пры продажы князем Андрэем Гедройцем сялян сяла Весніцка полацкаму баярыну Івану Ігнацьевічу ў 1552 г. Дзмітрый Багданавіч пастаўлены на першае месца — нават перад намеснікам полацкага ваяводы Ст. Давойны Фронцкам Каспаровічам, які ўпісаны толькі другім[127]. Першымі сярод маёнткаў полацкіх баяраў-шляхты апісаны маёнткі Дзмітрыя Корсака ў полацкай рэвізіі 1552 г.,[128] дзе, дарэчы, ён зноў фігуруе без пазначэння сваёй афіцыйнай пасады.

Дзмітрый Корсак як старшы з баяраў не толькі выконваў вельмі прыкметную ролю ва ўнутраным палітычным жыцці Полаччыны, але, прынамсі ў некаторых выпадках, выступаў у якасці пасла ад полацкай кіраўнічай вярхушкі да цэнтральна га ўрада. Як ужо адзначалася, у 1532 г., калі пасада полацкага ваяводы была незанятай, ад архіепіскапа, гаспадарскага двараніна Міхаіла Лавейкі і ад усіх полацкіх баяраў па інструкцыі да віленскага ваяводы ездзіў менавіта Дзмітрый Корсак.

У 10—20-я г. Дзмітрый Корсак служыў гаспадарскім дваранінам[129]. Дваранінам называюць яго таксама дакументы 1534[130], 1535[131], 1538[132] г. Ён працягваў заставацца старшым і самым уплывовым з баяраў да самай смерці, якая адбылася, хутчэй за ўсё, у сярэдзіне 50-х: у 1558 г. яго жонцы давялося ўжо самастойна, без дапамогі мужа, судзіцца са сваім братам князем Яраславам Мікіцінічам[133].

Пасля смерці Дзмітрыя Корсака месца першага з баяраў зноў заняў Яцка Багданавіч Быстрэйскі. Корсакі былі адціснуты на другое месца.

Пад час разгляду вялікім князем і каралём Жыгімонтам II Аўгустам у 1558 г. канфлікта паміж ваяводам Ст. Давойнам і полацкімі мяшчанамі свой адказ на адну з мяшчанскіх скаргаў, які палягаў у спасылцы на старажытны звычай, ваявода „подперъ … созънаньемъ бояръ полоцких: Яцъкомъ Бистрицъкимъ, а Федоромъ Бобыницъким, и иными»[134]. Яцка Быстрэйскі стаў Быстрыцкім па памылцы перапісчыка, а пад Фёдарам Бабыніцкім разумеецца сын Івана Зіноўевіча Корсака. У 1561 г. для больш дэталёвага вывучэння скаргі полацкіх путных слуг Вугальніцкага стана на ваяводу Ст. Давойну Жыгімонт II Аўгуст адаслаў яе на разгляд таму ж Давойну супольна з полацкім уладыкам і баярамі. Праз нейкі час архіепіскап і баяры паслалі да манарха з вынікамі разгляду „брат(ь)ю свою, бояръ полоцкихъ Яцка Быстреиского а Петра Корсака»[135]. Пётр Корсак — гэта сын Дзмітрыя Багданавіча. З двух названых фактаў вынікае, што на мяжы 50—60-х г. пасаду старшага з баяраў займаў Яцка Быстрэйскі. Цяжэй меркаваць пра пазіцыі Корсакаў, але звяртае на сябе ўвагу, што і Фёдар Іванавіч, і Пётр Дзмітрыевіч былі сынамі колішніх старшых з баяраў.

У сувязі з сітуацыяй, калі пасля шматгадовага першынства розных галін роду Корсакаў іх прынамсі двойчы адціскаў на другое месца прадстаўнік іншай сям’і, варта паспрабаваць хаця б у агульных рысах прасачыць лёс роду Быстрэйскіх.

Першым вядомым яго прадстаўніком з’яўляецца Яцка Палачанін, які паміж 1440 і 1455 г. (даціроўка Г.Л. Харашкевіч) атрымаў ад Казіміра дзве зямліцы і 8 чалавек „во Быстрех»[136] — адкуль і родавае прозвішча. На думку згаданай даследчыцы[137], бацькам Яцкі быў Ходар Радковіч, прадстаўнік згаданага ўжо магутнага полацкага баярскага роду Радковічаў. Магчыма, гэта і так, але нельга выключыць, што Яцка Палачанін — гэта тая ж асоба, што і Яцка Рыгоравіч, які, як ужо было адзначана, займаў сярод сведкаў суднай граматы полацкага намесніка Андрэя Саковіча другое пасля князя Фёдара Шаха месца. У 1481 г. сын Яцкі Рыгоравіча Багдан ездзіў ад полацкіх баяраў паслом у Рыгу[138]. Ва ўвязчай грамаце, якую ў 1508 г. далі князю Фёдару Глінскаму прадстаўнікі („высланнікі») Жыгімонта I князь Іван Заслаўскі і Ціхан Быкоўскі, фігуруюць „люди суседные … пан Быстреискии з сыном своим Яцком»[139]. Відавочна, што пана Быстрэйскага звалі Багданам, бо Яцка дадзенай граматы — гэта той самы Яцка Багданавіч Быстрэйскі. Прычым гэтага пана Быстрэйскага можна ідэнтыфікаваць з паслом у Рыгу 1481 г. Багданам Яцковічам. У 1511 г. Жыгімонт I на просьбу Васіля Багданавіча Яцковіча пацвердзіў яго і ягоным братам наданні Аляксандрам путнага чалавека Свяршчка з дзецьмі і іх землямі[140](такім чынам, апрача Яцкі і Васіля, у Багдана Быстрэйскага быў яшчэ найменш адзін сын). У выніку радавод Быстрэйскіх выглядае наступным чынам:

Рыгор

Яцка

Багдан

Яцка Васіль сын

Калі прынятае тут атаясамленне Яцкі Палачаніна, які атрымаў Быстрэю, з Яцкам Рыгоравічам суднай граматы Андрэя Саковіча слушнае, становяцца больш зразумелымі і тое высокае становішча, якое займаў у асяроддзі полацкіх баяраў у першай палове XVI ст. яго меркаваны ўнук — Яцка Багданавіч Быстрэйскі, і той факт, што менавіта ён быў старшым з баяраў напрыканцы 20-х і пасля смерці Дзмітрыя Корсака: суперніцтва родаў Корсакаў і Быстрэйскіх назіраецца яшчэ з сярэдзіны XV ст.

Такім чынам, удалося на працягу каля 175 гадоў прасачыць лёс такога спецыфічнага полацкага палітычнага інстытута, як старшы з баяраў. Аднак ёсць усе падставы лічыць, што ён існаваў задоўга да другой паловы XIV ст., прычым у ранейшую эпоху быў уласцівы не толькі Полаччыне.

Шэраг рускіх летапісаў (Наўгародскі I[141], Сафійскі I[142], маскоўскі звод 1479 г.[143] і некаторыя іншыя) пад 6712 (1204) годам утрымлівае вялікае апавяданне, якое ў Сафійскім I летапісе названа „О взятьи богохранимого Царяграда». Апавяданне выкладае падзеі, звязаныя з заваяваннем крыжакамі Канстанцінопаля. У кароткім выкладанні яны развіваліся наступным чынам. У 1203 г. рыцары ўзвялі на трон Аляксея IV Ангела. Аднак 25 студзеня 1204 г. выбухнула паўстанне гарадскога плебсу, незадаволенага марыянетачнай палітыкай новага імператара, і пад яго ціскам сінкліт і духавенства абралі ў пераемнікі васілеўсу маладога чалавека Міколу Канава. Практычна адначасова, 28 ці 29 студзеня, адбыўся палацавы пераварот, у выніку якога Аляксей IV быў звергнуты, а ўлада перайшла да візантыйскага вяльможы Аляксея Дукі па мянушцы Мурцуфл. У хуткім часе Мурцуфл пасылае да Міколы і яго прыхільнікаў з наступнымі, паводле летапісца, словамі: „Язъ вашь цесарь, а Николе даю п?рвыи въ боярехъ, сложи съ себе вен?ць»[144]. Зразумела, што ні баяраў, ні „першага ў баярах» у Канстанцінопалі на пачатку XIII ст. не было, і ў дадзеным выпадку мае месца перанос летапісцам палітычных рэалій сваёй радзімы і свайго часу на апісваемыя ім замежныя падзеі. Апавяданне мае наўгародскае паходжанне. На карысць гэтага сведчаць наступныя факты. Апавяданне адсутнічае ў летапісах, напісаных на поўдні (Іпацеўскім) і на паўночным усходзе (Лаўрэнцеўскім, Радзівілаўскім) Русі. У той жа час, апрача пералічаных летапісаў, у скарочанай форме яно ёсць у Наўгародскім IV[145] і Наўгародскім V[146]. Дадзеная кароткая звестка, без усялякага сумнення, узыходзіць да поўнага апавядання Наўгародс кага I летапісу. Апавяданне чытаецца ўжо ў самым раннім (Сінадальным) спісе Наўгародскага I летапісу — прычым на тых яго старонках, якія напісаны почыркам XIII ст.[147] Мова і графіка спісу — з яскравымі наўгародскімі рысамі[148]. Летапісныя артыкулы, якія ідуць да і пасля апавядання — амаль што выключна наўгародскія. А.А. Шахматаў вылучаў тры асноўныя крыніцы Сінадальнага спісу і яго пратографа для падзей XIII ст.: гэта ў першую чаргу Сафійскі ўладычны звод, ізвод сярэдзіны XIII ст. святара наўгародскай царквы Святога Якава Германа Ваяты, а таксама Уладзімірскі Паліхрон пачатку XIV ст.[149]. Аднак працамі М.Дз. Прысёлкава[150], якога падтрымаў А.М. Насонаў[151], існаванне Паліхрона абвергнута. Такім чынам, апавяданне трапіла ў Сінадальны спіс і яго пратограф ці з Сафійскага ўладычнага зводу, ці з летапісу царквы Св. Якава. Абодва помнікі створаныя ў Ноўгарадзе. У Сафійскі I летапіс апавяданне, верагодней за ўсё, трапіла з таго ж наўгародскага ўладычнага зводу праз наўгародскі звод 1421 г., паліхрон 1423 г. і звод 1448 г.[152] Апошні звод (або Сафійскі I летапіс[153] ) быў асноўнай крыніцай Маскоўскага зводу 1479 г.[154] Зводам жа 1479 г., у сваю чаргу, шырока карысталіся складальнікі летапісаў XVI ст., такіх, як Ніканаўскі і Львоўскі[155], дзе апавяданне таксама можна прачытаць[156]. Непасрэднай крыніцай яшчэ аднога летапісу XVI ст., які утрымлівае апавяданне, Васкрасенскага[157], быў Сафійскі I летапіс па спісу І.М. Царскага[158].

Такім чынам, у першай палове XIII ст. ў Ноўгарадзе існаваў палітычны інстытут, аналагічны таму, які ўдаецца прасачыць у Полацку з другой паловы XIV ст. Вельмі верагодна, што і ў Полацкім княстве пасада старшага з баяраў існавала ў XIII ст., а можа, і ў яшчэ ранейшы гістарычны перыяд.

Наколькі гэта дазваляюць прасачыць крыніцы, на працягу прыкладна 170 гадоў, з 80-х г. XIV ст. і да 50-х г. XVI ст., пасаду старшага з баяраў займалі ў асноўным члены роду Корсакаў. Час ад часу іх адціскалі на другое месца прадстаўнікі іншых буйных баярскіх родаў: Радковічаў і Быстрэйскіх. Прычым сярод Корсакаў пасада перадавалася, мяркуючы па ўсім, найстарэйшаму ў родзе (гл. табл. 1).

Фёдар

Дзмітрый

Васіль Корсак

Астафі Зіновій

Багдан Глеб Mіхайла Іван Андрэй Сцяпан

Дзмітры й Васіль Іван Астафій Ян Андрэй Сямён Яцка Васіль Іван Глеб Фёдар Багдан

Пётр Пётр Баркулаб Ёсіф Анікей Касціхна Рыгор Юрый Іван Сцяпан Рыгор

Табл. 1. Радавод Корсакаў XIV—XVI ст. Тлустым шрыфтам вылучаны прадстаўнікі рода, пра якіх вядома, што яны былі старшымі з баяраў.

Блізкія аналогіі такому парадку знаходзяцца ў палітычных сістэмах паўночных суседзяў Полацка: Вялікага Ноўгарада і Пскова. У асяроддзі наўгародскага баярства пасадніцкія дынастыі склаліся ўжо ў XII ст.[159] Інстытут пасадніцтва быў спадчынным (ці, прынамсі, пераемным унутры тых самых родаў)[160] і ў Пскове.

Пры вывучэнні маёмаснага становішча полацкага баярства-шляхты высвятляецца наступная акалічнасць. Паводле „попіса земскага» 1528 г., Дзмітрый Корсак выстаўляў больш за ўсіх коннікаў — 33[161]. Згодна з полацкай рэвізіяй 1552 г., ён ставіў зноў больш за ўсіх коннікаў — 26, прычым у яго маёнтках жыло больш, чым у чыіх іншых, „падданых»: 494 „дымы» сялян і мяшчан[162]. Мяркуючы па гэтым, Дзмітрый Корсак быў не толькі першым з баяраў, але і самым багатым з іх. Праўда, не выключана, што гэта — простае супадзенне. Так, Яцка Быстрэйскі, згодна попісу, мусіў выстаўляць 8 коннікаў[163], а паводле рэвізіі — 4, і на яго землях жыло 111 „дымоў» сялян[164]. Па сваім багацці Яцка нічым не вылучаўся з агульнай масы полацкай шляхты.

Зыходзячы з назвы пасады, а таксама з таго месца, якое старшы з баяраў займаў сярод сведкаў на судовых пасяджэннях і пры заключэнні здзелак з зямлёй, ён быў намінальным галавой полацкага баярства. Вось што ўяўлялі сабой яго практычныя функцыі ў іх эвалюцыі. У княскія часы старшы з баяраў быў адным з галоўных дарадцаў полацкага князя як у знешніх, так і ва ўнутраных справах. Пазіцыі старшага з баяраў у палітычнай сістэме Полаччыны працягвалі заставацца моцнымі, а ўлада — адчувальнай і яшчэ досыць доўгі час пасля скасавання княства. Пры Вітаўту і Свідрыгайлу старшыя з баяраў станавіліся полацкім намеснікамі і кіравалі горадам у моманты, калі вялікакняскага намесніка там не было. Не выкючана, што нейкі час яны абіраліся на намесніцтва самімі палачанамі, а не прызначаліся вялікімі князямі, бо менавіта Вітаўт паміж 1392 і 1399 г. выдаў Полацкай зямлі прывілей, у якім гарантавалася: „давати нам наместника нашого полочаном по их воли». У трэцяй чвэрці XV ст. старшы з полацкіх баяраў уваходзіць у склад гаспадарскай рады і прымае актыўны ўдзел ў рэлігійна-палітычным жыцці на агульнадзяр жаўным узроўні. Аднак паступова значэнне гэтай неафіцыйнай пасады зніжаецца. Старшы з баяраў Дзмітрый Корсак — усяго толькі гаспадарскі дваранін, яго роля — гэта роля ў пэўным сэнсе полацкага баярскага старосты, які старшынствуе сярод баяраў на судовых пасяджэннях полацкага ваяводы і ездзіць як прадстаўнік іх інтарэсаў і выразнік іх пункту гледжання да гаспадара на суд і па іншых справах. Магчыма, ён удзельнічае і ў агульнадзяржаўных вальных соймах, але сведчанняў крыніц на гэты конт не ўдалася знайсці. Калі раней пад час вакавання пасады полацкага ваяводы яго функцыі браў на сябе старшы з баяраў, дык, напрыклад, у 1532 г. для такой дзейнасці ў Полацк быў пасланы гаспадарскі дваранін.

Розныя пласты полацкага грамадства на розных этапах яго развіцця бралі неаднолькавы ўдзел у палітычным жыцці. Найбольш яскрава долю гэтага ўдзелу можна прасачыць па складу ўдзельнікаў мясцовых соймаў.

Мясцовы сойм меў вялікі ўплыў на палітычнае развіццё Полацкага ваяводства. На ім абіраліся мясцовыя ўраднікі, як гэта было ў другой палове 40-х, калі на такім сойме на пасаду гараднічага быў абраны Васіль Корсак. Верагодна, на соймах жа вырашалася, каго высунуць у якасці кандыдатуры на замяшчэнне архіепіскапскай кафедры, пасад настаяцеляў полацкіх манастыроў[165]. У 1539 г., напрыклад, Жыгімонт I надаў ігуменства полацкага Спаса-Ефрасінеўскага манастыра Ульяне Падбярэзскай на просьбу ваяводы Яна Глябовіча, уладыкі Сямёна і полацкіх баяраў[166]. Сойм меў заканадаўчую ўладу. Так, на соймах, якія адбываліся ў 30-я г., было вырашана, за якія сумы грошай мае выкупляцца скаціна, знойдзеная на дарогах пад час ваенных дзеянняў[167], і вызначана, што млынарам з млыноў мусіць ісці дзесяціна з любога збожжа[168]. Як ужо указвалася, на соймах разглядаліся найбольш складаныя і спрэчныя судовыя выпадкі (рашэнне ваяводы Яна Глябовіча ў 1533 г. «со всею землею обмовити» справу князёў Саколенскіх). Соймы прымалі рашэнні адносна раскладкі агульнадзяржаўных падаткаў сярод мясцовых сацыяльных слаёў[169]. На іх жа абіраліся дэлегаты і выпрацоўваліся прапановы і просьбы, якія яны мелі падаць на разгляд манарха і сойма ад імя ўсёй Полацкай зямлі[170]. Так было, напрыклад, на полацкім сойме, які адбыўся напярэдадні вялікага вальнага сойма 1559 г.[171]

У суднай грамаце вялікага князя і караля Казіміра па скарзе полацкіх мяшчан, дваран і чорных людзей на баяраў, якая можа быць датавана 1456, 1471 ці 1486 г., манарх засцерагае: «а без бояр мещанам, и дворяном городским, и черни соимов не надобе чинить»[172]. У літаратуры на цытаваную фразу як на доказ генетычнай сувязі полацкіх соймаў з мясцовымі вечамі ўжо даўно звярталася ўвага[173]. Сапраўды, з суднай граматы Казіміра вынікае, што ў другой палове XV ст. у соймах, якія адбываліся ў Полацку, істотную ролю адыгрывала не толькі баярства, але і мяшчане, гарадскія дваране і гарадскія нізы. На думку Г.Л. Харашкевіч, якая датуе дадзены дакумент 1486 г., у 80-я гады XV ст. адносіны паміж полацкімі баярамі і мяшчанамі абвастрыліся, з чым і было звязана выданне суднай[174].

Гэтыя адносіны сталі яшчэ больш напружанымі пасля надання Полацку магдэбургскага права 4 кастрычніка 1498 г. Самымі канфліктагеннымі былі пытанні юрысдыкцыі мяшчан, якія жылі на баярскіх землях, даходаў ад гарадскога гандлю, парадка рамонту гарадскіх умацаванняў.

Магдэбургскім прывілеем пад прысуд ратушы аддаваліся ўсе жыхары горада Полацка і яго найбліжэйшай акругі незалежна ад таго, на чыёй зямлі яны жылі[175]. Аднак ужо 12 ліпеня 1499 г. вялікі князь Аляксандр вярнуў баярскіх «падданых» пад юрысдыкцыю баяраў, хоць сярэбшчыну і іншыя падаткі, якія ішлі ў агульнадзяржаўны скарб, яны абавязаны былі плаціць разам з «местам»[176]. Жыгімонт I сваёй пацвярджальнай граматай Полацку на магдэбургскае права ад 27 жніўня 1510 (ці 1509) г. зноў перадаў мяшчан, якія жылі на баярскіх землях, пад прысуд магдэбургіі[177], але выдадзеным 23 ліпеня 1511 г. абласным прывілеем Полацкай зямлі ў чарговы раз вярнуў гэта права землеўласнікам[178]. Такая супярэчлівая і непаслядоўная ўрадавая палітыка яшчэ больш заблытвала і абвастрала і без таго напружаныя адносіны паміж баярамі і мяшчанамі.

У лютым 1529 г. баяры падалі гаспадару скаргу на магдэбургскія ўлады і ўсіх мяшчан. Першым пунктам ў ёй стаяла пытанне пра даходы з гарадской вагі, якія павінны былі дзяліцца напалам паміж першымі і другімі. Другім буйным блокам праблем быў парадак пабудовы гарадскіх мастоў і ўмацаванняў. У сваёй суднай грамаце Жыгімонт выказаў новы падыход да пытання пра юрысдыкцыю ўладальніцкіх мяшчан: «падданыя» царкоўныя і баярскія «въ присуде мають быти подъ правомъ маиборским або подъ городовымъ [г.зн. ваяводы — В.В.], где будеть ихъ воля»[179].

У хуткім часе пасля першага прыезду ў Полацк новапрызначанага ваяводы Яна Глябовіча ў жніўні 1533 г. уладыка і баяры звярнуліся да яго са скаргай на мяшчан, якая датычылася пытанняў рамонту замкавай гары і ўмацаванняў гарадскіх пасадаў. Баяры сцвярджалі, што частка іх людзей, якія жывуць у Полацку і яго наваколлі, не павінна прымаць удзел у названых работах. Мяшчане адмаўлялі гэта. Ваявода не рашыўся вынесці канчатковы вырак і перадаў справу на разгляд Жыгімонта I[180]. Рашэнне манарха застаецца невядомым.

Пытанне пра юрысдыкцыю мяшчанаў, якія жылі на баярскіх землях, абвастрылася на пачатку 50-х г. Хоць у рэвізіі 1552 г., датаванай 9 сакавіка, недвухсэнсоўна адзначана, што ўсе полацкія мяшчане знаходзяцца пад прысудам магдэбургс кага права[181], аднак ужо 28 снежня таго ж 1552 г. віленскі ваявода, канцлер ВКЛ Мікалай Радзівіл вынес часовы (да разгляду справы гаспадаром) вырак па скарзе полацкіх баяраў на мяшчан, згодна якому магдэбургскім уладам забаранялася судзіць мяшчан, што жылі на землях праваслаўнай царквы і баяраў[182]. Праблема не была канчаткова вырашана яшчэ 11 студзеня 1555 г., калі М. Радзівіл зноў адклаў яе разгляд.

Супрацьстаянне баярства і мяшчанства ў Полацку ўскосна выявілася пад час разгляду Жыгімонтам II Аўгустам 16 красавіка 1558 г. буйнамаштабнага канфлікту паміж ваяводам Ст. Давойнам і полацкімі мяшчанамі. Мяркуючы па тым, што свае контраргументы на мяшчанскія прэтэнзіі Давойна некалькі разоў будаваў на сведчаннях уладыкі і баяраў[183], апошнія — відавочна на баку ваяводы ў канфлікце.

Такім чынам, на працягу другой паловы XV — першай паловы XVI ст. у палітычным жыцці горада Полацка выразна прасочваецца зацятая барацьба паміж некалькімі сацыяльнымі групамі. Яшчэ ў 2-й палове XV ст., акрамя баяраў і мяшчан, прыкметную ролю выконвалі ў ёй гарадскія дваране і гарадскія нізы. На пачатку XVI ст. істотнае месца ў палітычнай сістэме ваяводства займалі і путныя слугі. Так, у 1513 г. ці крыху раней, каб давесці, што ён з’яўляецца сялянінам «гаспадарскім», г. зн. дзяржаўным, а не полацкага Спаса-Ефрасінеўскага манастыра, адзін з трох братоў Ярмолічаў (ці Ермаловічаў) «слался на всих бояр полоцких, и мещан, и на путных людеи»[184]. Аднак паступова гарадскія дваране, «чорныя людзі» і путныя слугі губляюць сваю палітычную вагу, і асноўная барацьба ў першай палове XVI ст. разгортваецца паміж баярствам-шляхтай і мяшчанамі. Для таго, каб высветліць асноўныя яе вынікі, вернемся да пытання пра склад удзельнікаў мясцовых соймаў.

Згодна з сведчаннямі крыніц, ужо ў 30-я г. XVI ст. асноўную долю ўдзельнікаў полацкіх соймаў складалі баяры. Як ужо адзначалася, у другой палове 30-х на мясцовых соймах былі прынятыя рашэнні адносна выкупу скаціны і дзесяціны, якая мае ісці на млынароў. Яны выпрацоўваліся «со всими паны бояры земли Полоцъкое»[185]. Абранне Васіля Корсака на пасаду полацкага гараднічага адбывалася ў другой палове 40-х пры ўдзеле адной толькі шляхты: «вси бояре шляхта земли Полоцкое, одностаине ся змовивши …, обрали его на тот урядъ»[186]. «Просьбы зямлі Полацкай», пададзеныя на разгляд Жыгімонта II Аўгуста на вялікім вальным сойме 1559 г.[187] і папярэдне складзеныя на сойме мясцовым, на самай справе былі просьбамі і прапановамі не ўсяго полацкага грамадства, а толькі баярства-шляхты. Такім чынам, на працягу XV — першай паловы XVI ст. адбываецца працэс паступовай трансфармацыі полацкага сойма з інстытуцыі, у працы якога прымалі ўдзел прадстаўнікі самых розных слаёў полацкага грамадства, у аднасаслоўны орган шляхты. На дадзеную тэндэнцыю указваў яшчэ М.В. Доўнар-Запольскі[188]. Палітычная барацьба полацкіх баяраў і мяшчан ужо к 30-м г. XVI ст. скончылася перамогай першых.

У абраны для вывучэння перыяд Полацкая зямля працягвала жыць досыць адасобленым сацыяльна-палітычным жыццём з захаваннем многіх архаічных рысаў, ідэалагічным падмуркам якога былі, верагодна, уяўленні пра колішнюю магутнасць Полацка, пра яго «залаты век».

Напрыканцы 1512 г. вялікі князь маскоўскі Васіль III напаў на Вялікае Княства Літоўскае, паслаўшы войскі пад Смаленск, Полацк, Віцебск ды іншыя гарады. У хуткім часе ад паноў рады ВКЛ да магістра Інфлянцкага ордэна быў пасланы ліст, у якім паведамлялася пра агрэсію. Паны рада імкнуцца давесці адрасату, што калі Васіль III захопіць Смаленск, Віцебск ці Полацк, Ордэну не ўдасца захаваць з ім мір, «і найбольш таму, што палачане ёсць той адмысловай думкі, што Полацкая зямля мела свае граніцы з ракі Дзвіны, якая [рака] цягнецца аж да мора, і пераконваюць таксама, што горад Ваш, званы Рыга, размешчаны ў Полацкай зямлі, які выпадкам лёсу сваіх папярэднікаў [зямля] сілай у іх адабраны»[189]. Відавочна, мелася на ўвазе, што калі вялікі князь маскоўскі захопіць Полацк, ён будзе прэтэндаваць і на ордэнскія землі, у тым ліку Рыгу. Мэта паслання зразумелая: урадавыя колы ВКЛ хацелі прыцягнуць магістра да вайны з Масквой у якасці свайго саюзніка. Але наўрад ці дзеля гэтага яны пайшлі б на прамую фальсіфікацыю фактаў. Хутчэй за ўсё, пра гэтыя ўяўленні палачан ў Рызе і так добра ведалі, а паны рады толькі яшчэ раз у зручнай сітуацыі нагадалі пра іх магістру.

Цяжка сказаць, на чым грунтаваліся ўспаміны палачан пра тое, што Полацкая зямля некалі даходзіла да Рыжскага заліва. Такія граніцы Полацкае княства магло мець не пазней за XII ст.,[190] бо Рыга была заснавана ў 1201 г. Магчыма, яны перадаваліся вусна з пакалення ў пакаленне, аднак не выключана, што гэтыя звесткі браліся з пісьмовых крыніц, у тым ліку летапісаў. Пра іх існаванне ў гарадах Беларускага Падзвіння ў першай палове XVI ст. сведчыць наступны выпадак. 27 чэрвеня 1539 г. на суд віцебскага ваяводы Мацея Яновіча прыйшоў тамтэйшы мяшчанін Пашка Віхроў і выказаў скаргу на віцебскага гараднічага і харужага Рамана Гарасімовіча, згодна з якой за 7 гадоў да таго пан Раман узяў у яго «книгу летописеч о инъшые слова, в неи зъбранъные», і да гэтага часу не вярнуў. Раман прызнаўся, што сапраўды браў у яго кнігу, але адвёз яе ў Полацк, дзе і пакінуў. Ваявода абавязаў гараднічага вярнуць яе не пазней як праз 4 тыдні[191]. Далейшы ход справы невядомы. Яна, між іншым, даводзіць, што ў XVI ст. сярод жыхароў гарадоў Паўночнай Беларусі (прычым не толькі сярод прывілеяванай шляхты, але і мяшчан: кніга належала мяшчаніну) была досыць шырока распаўсюджана пісьменнасць і што яны цікавіліся гістарычнымі творамі.

Палачане былі вельмі прывязаны да сваёй зямлі. Гэта рыса была ўласцівая самым розным сацыяльным пластам. Так, калі паміж 1519 і 1532 г. полацкія путныя слугі камянчане не здолелі адстаяць свае землі, пажалаваныя князю Васілю Саколенска му, яны звярнуліся з просьбай адвесці ім іншыя ні да каго іншага, як да полацкага ваяводы Пятра Кішкі[192]. У 1551 г. полацкі баярын Васіль Палупята на той падставе, што яго маёнткі на правым беразе Дзвіны ці моцна спустошаны рускімі войскамі, ці ўвогуле адышлі за мяжу, прасіў Жыгімонта-Аўгуста пажалаваць яму землі ў левабярэжнай частцы ваяводства[193].

Відаць, менавіта з прывязанасцю да радзімы не ў апошнюю чаргу звязаны той факт, што вельмі нямногія з полацкіх шляхціцаў у першай палове XVI ст. зрабілі сабе кар’еру на службе цэнтральнаму ўраду. На пачатку стагоддзя краснасельскім намеснікам (маецца на ўвазе Краснае Сяло паміж Маладзечнам і Радашковічамі) быў Іван Зіноўевіч Корсак[194]. На мяжы 50—60-х г. аршанскім намеснікам з’яўляўся Пётр Дзмітрыевіч Корсак[195]. У 20—30-я г. крэўскім намеснікам быў Андрэй Сямёнавіч Епімах[196]. Самага ж высокага становішча сярод палачан у азначаны перыяд дамогся яго сын Багдан: у 1549—1551 г. ён быў намеснікам спраўцы Віленскага ваяводства Івана Гарнастая. У большасці выпадкаў пад яго кіраўніцтвам разглядаліся судовыя справы, якія склалі кнігу, вядомую сёння як 23 кніга судовых справаў (паводле новай нумарацыі, кніга 238) Метрыкі ВКЛ[197]. Паспяховая кар’ера Багдана Епімаха тлумачыцца, відаць, не столькі яго рэальнымі заслугамі, колькі сваяцкімі сувязямі: ён даводзіўся Гарнастаю зяцем[198]. Вось, бадай, і ўсе вядомыя на сённяшні дзень выпадкі ўдалых кар’ер полацкай шляхты на агульнадзяржаўным узроўні. Аднак у вывучаемы перыяд усё больш і больш выразным станавілася яе імкненне да службы пры вялікакняскім двары. Гаспадарскімі дваранамі былі, як ужо згадвалася, Міхаіл Лавейка, многія Корсакі, прадстаўнікі некаторых іншых баярскіх родаў. Доўгі час служыў у гаспадарскай канцылярыі Раман Сямёнавіч Невельскі (у 1558 г. — дзяк[199]).

Паміж прывязанасцю полацкай шляхты да радзімы і яе імкненнем прайсці службу пры гаспадарскім двары няма вялікай супярэчнасці: у першай палове XVI ст. папярэдняя служба дваранінам стала ўжо, відаць, ледзь не абавязковай умовай далейшага прызначэння на пасады мясцовай полацкай адміністрацыі. Пра пераважную большасць асобаў, якія з’яўляліся ў названы перыяд полацкімі гараднічымі, харужымі, цівунамі і г. д., вядома, што яны раней служылі гаспадарскімі дваранамі.

Устаўная грамата Полацкай зямлі гарантавала палачанам захаванне прынамсі некаторых норм старажытнага полацкага права. Напрыклад, у выпадку, калі палачанін будзе затрыманы з няякасным воскам у Рызе, воск павінен быць вернуты ў Полацк, а адносна далейшага лёсу нешчаслівага махляра вялікі князь абяцаў: «а казнит(ь) полочаном по своему праву, а в то ся нам не въступати»[200]. Манарх абяцаў таксама перадаваць скаргі палачаніна на палачаніна, нават калі гэта будзе абвінавачанне ў забойстве, на разгляд полацкага ваяводы. «Ино ему судити по целованью; осудивши его, в Полоцъку ж казнити виноватого по их праву с полочаны по испросу»[201]. У пацвярджальным прывілеі Полацку на магдэбургскае права 1509 (1510) г. Жыгімонт I даў мяшчанам дазвол «злодеи имати в месте и около места, … а карати их маеть подлуг их права»[202].

Спасылкі на старадаўнія полацкія законы і звычаі сустракаюцца ў судовых справах ваяводы Яна Глябовіча. 14 мая 1535 г. за тое, што адзін полацкі мяшчанін збіў другога, ваявода разам з баярамі абавязалі вінаватага заплаціць пацярпела му, «водле обычая стародавныхъ правъ полоцъкихъ», 6 рублёў грошаў[203]. Звяртае на сябе ўвагу, што спасылка на старажытны мясцовы закон даецца ўжо пасля ўвядзення ў дзеянне агульнадзяржаўнага кодэкса: Статута ВКЛ 1529 г. Праўда, ёсць пэўныя сумненні наконт таго, што названая сума сапраўды з’яўлялася эквівалентам старадаўняга полацкага права за названае злачынства. Статут 1529 г. за аналагічнае злачынства шляхціча супраць шляхціча прадугледжвае штраф, роўна ў 2 разы большы — 12 рублёў[204]. Таму не выключана, што, як і ў выпадку з прывілеем Жыгімонта II Аўгуста на полацкае харужае Фронцку Каспаровічу, спасылка на старажытны полацкі закон была ўсяго толькі фармальнасцю, данінай традыцыі.

Аднак пра тое, што ў некаторых сферах нормы старажытнага полацкага права ўсё ж працягвалі дзейнічаць, можна гаварыць з дастатковай упэўненасцю. Асабліва жывучымі яны аказаліся ў вобласці штрафных санкцый па здзелках куплі-продажу зямлі. 1 верасня 1498 г. Васіль Рэдка прадаў Багдану Бардоўскаму сваю зямлю ў Рылковічах за 3 капы грошаў. Для прадаўца і яго сваякоў, якія ў будучым паспрабуюць «поискивати» прададзеную зямлю пад новымі ўладальнікамі і іх сваякамі, быў прадугледжаны штраф: 2 грыўны золата вялікаму князю і 1 грыўна золата полацкаму ваяводу[205]. Паміж 1501 і 1513 г. полацкая мяшчанка Настасся прадала гаспадарскаму двараніну Індрыху Ладдзю «вугал зямлі». Штраф за «паісківанне» зямлі складаў 1 грыўну золата полацкаму ваяводу[206]. Такая грашовая адзінка, як грыўна золата, была для мяжы XV — XVI ст. ужо яўным анахранізмам[207], у гэты час грошы лічылі на рублі ці копы. І ў гэтай вобласці, аднак, тэндэнцыя да пераходу да агульнадзяржаўных нормаў паступова стала пераважаць. Усё часцей за «паісківанне» ўжо прададзенай зямлі прызначаліся такія ж «віны», як і ў іншых частках ВКЛ. Так, пры продажы ў 1510 г. Багданам Галаўнінічам сяла Дзеранца ваяводу Ст. Глябовічу за названае злачынства быў прадугледжа ны штраф у 100 рублёў грошай на вялікага князя і караля[208], пры продажы ў тым жа годзе групай сялян нейкаму Лявону зямлі на возеры Мосары — 100 коп грошаў на манарха і 50 коп на мясцовага ваяводу[209], пры продажы ў 1511 г. групай сялян-адназемцаў баярыну Мітку Пятровічу зямлі ў Хоцевічах — 100 коп грошаў на манарха, 50 коп грошаў на ваяводу і 20 грывен на полацкую ратушу[210].

Да ліку вельмі старажытных асаблівасцяў Полацкай зямлі належыць існаванне зямельнага фонду, які лічыўся маёмасцю ўсяго полацкага грамадства.

Устаўная грамата Полацкай зямлі ўтрымлівае наступнае палажэнне: «а в купленины нам полоцкие не въступатися, такъже и в безадшчины их и в отумеръшчыны не вступатися нам»[211]. Разгледзім другую частку артыкула. Хаця дакладныя адрозненні ў значэнні тэрмінаў «безадшчина» і «отумеръшчына» застаюцца невядомымі, але і адзін, і другі абазначалі вымарачную маёмасць ці маёмасць, правы на якую не здолелі давесці спадкаемцы. Г.Л. Харашкевіч звярнула ўвагу на тое, што першы тэрмін у самых ранніх выпадках яго ўжывання мае дачыненне да царкоўнага землеўладання[212]. Другі ў Пскоўскай суднай грамаце абазначае спадчыну, пакінутую без завяшчання[213]. Згодна з думкай І.Б. Якубоўскага, дадзены артыкул утрымліваў яшчэ «ряд» палачан з князем, які ён датуе першай паловай XIV ст.[214]. У адной са сваіх прац У.І. Пічэта выказаў правамернае меркаванне, што «безадшчины» і «отумеръшчы ны», а пад імі разумелася не толькі рухомая, але і зямельная маёмасць, паступалі ў зямельны фонд усёй Полацкай зямлі[215]. Аднак ён не адказаў на пытанне, якія землі складалі гэты фонд ці, іншымі словамі, якія землі лічыліся агульнаполацкімі.

У першыя гады свайго кіравання Жыгімонт I надаў трох сялян, нядзеленых братоў Ярмолічаў, полацкаму баярыну Касцюшку Валфрамеевічу. Адзін з братоў, не хочучы трапіць у прыватную залежнасць, паскардзіўся гаспадару, што Касцюшка яго «негораздо просил в нас». За нейкі час да Берасцейска га сойма 1511 г. Жыгімонт даручыў разгледзець скаргу Альбрэхту Гаштольду і Богушу Багавіцінавічу. На судзе Ярмоліч заявіў, што ён — чалавек ігуменні полацкай «и на земли полоцкои седит(ь)»[216]. Такім чынам, полацкай лічылася зямля Спаса-Ефрасінеўскага манастыра. Аднак, як здаецца, не толькі яго. Першым жа пунктам устаўной граматы Полацкай зямлі значыцца: «в церкви Бож(ь)и и в ыменья церковъные нам не вступатися, в дом Божии Св(е)того Софея, и в дом Бож(ь)и Светого Спаса, и в иные домы церковъные нам не въступати ся»[217]. На думку І.Б. Якубоўскага[218], якога падтрымала Г.Л. Харашкевіч[219], дадзены артыкул уваходзіў яшчэ ў склад «ряда» першай паловы XIV ст. Хутчэй за ўсё, да «полацкіх зямель» належалі ўладанні не толькі Спаскага манастыра, але і іншых полацкіх царкоўных інстытутаў. У сувязі з гэтым можна лічыць высветленым трэці, пасля прыватных ахвяраванняў і купляў, шлях папаўнення зямельнага фонда праваслаўнай царквы на Полаччыне: туды паступалі вымарачныя землі палачан.

Палітычны лад Полацкага ваяводства і ў першай палове XVI ст. працягваў захоўваць многія архаічныя рысы, якія ўзыходзяць яшчэ да часоў Полацкага княства. Па-ранейшаму існаваў інстытут старшага з баяраў, дзейнічалі некаторыя старажытныя прававыя нормы і г.д. Полаччына жыла досыць адасобленым палітычным жыццём, якое мела сваё юрыдычнае абгрунтаванне ва ўстаўной грамаце Жыгімонта I Старога 1511 г. Яе пацвердзіў у 1547 г. Жыгімонт II Аўгуст. Аднак асноўнай і з цягам часу ўсё больш моцнай тэндэнцыяй яе палітычнага развіцця была уніфікацыя мясцовых парадкаў з агульнадзяр жаўнымі і распаўсюджанне на Полаччыну працэсаў, якія адбываліся ва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім.


[ 1 ] Полоцкие грамоты XIII — начала XVI вв. (далей — ПГ). Вып. 3. Москва, 1980. С. 85-91.
[ 2 ] Пічэта Ў.І. Полацкая зямля ў пачатку XVI сталецьця // Чатырохсот лецьце беларускага друку. 1525-1925. Менск, 1926. С. 81 і далей.
[ 3 ] Любавский М.К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. 2-е изд. Москва, 1915. С. 381-385.
[ 4 ] Wolff J. Senatorowie i dygnitarze Wielkiego księstwa Litewskiego. Kraków, 1885. S. 45.
[ 5 ] Любавский М.К. Литовско-русский сейм. Москва, 1900. С. 160; Его же. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. С. 89-90.
[ 6 ] Пічэта Ў.І. Ук. сач. С. 82.
[ 7 ] ПГ. Вып. 3. С. 90.
[ 8 ] Лаппо И.И. Великое княжество Литовское за время от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Батория (1569-1586). Т. 1. С.-Петербург, 1901. С. 582-583.
[ 9 ] Тамсама. С. 594-595.
[ 10 ] Спірыдонаў М.Ф. Полаччына: XVI стагоддзе // За передовую науку. 1990. 19 января. С. 7.
[ 11 ] Малиновский И.А. Сборник материалов, относящихся к истории панов-рады Великого княжества Литовского. Томск, 1901. С. 22—23.
[ 12 ] Тамсама. С. 30-31.
[ 13 ] Якубовский И.Б. Земские привилеи Великого княжества Литовского // Журнал Министерства народного просвещения (далей — ЖМНП). 1903. ? 6. С. 298.
[ 14 ] Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства. Москва, 1892. С. 876, 883.
[ 15 ] Максимейко Н. А. Сеймы Литовско-Русского государства до Люблинской унии 1569 г. Харьков, 1902. С. 86.
[ 16 ] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей — НГАБ). Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 24. Арк. 138-138адв.
[ 17 ] Довнар-Запольский М.В. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. Т. 1. Киев, 1901. С. 363, 408-411.
[ 18 ] НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп, 1. Адз. зах. 28. Арк. 108адв.-109.
[ 19 ] Тамсама. Арк. 118адв.
[ 20 ] Тамсама. Адз. зах. 31. Арк. 31-31адв.
[ 21 ] Тамсама. Адз. зах. 35. Арк. 297-297адв.
[ 22 ] Тамсама. Адз. зах. 37. Арк. 205адв.
[ 23 ] Тамсама. Адз. зах. 41. Арк. 268адв.
[ 24 ] ПГ. Вып. 3. С. 87.
[ 25 ] Тамсама. С. 64-65.
[ 26 ] Беларускі архіў (далей — БА). Т. 2. Менск, 1928. С. 136.
[ 27 ] ПГ. Вып. 2. С. 162, 163.
[ 28 ] БА. Т.2. С. 169.
[ 29 ] Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства. С. 867.
[ 30 ] НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 249. Арк. 126, 128.
[ 31 ] Малиновский И.А. Ук. соч. С. 16.
[ 32 ] НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 17. Арк. 586.
[ 33 ] Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. 3. С.-Петербург, 1848. С. 95.
[ 34 ] Тамсама. С. 115.
[ 35 ] Максимейко Н.А. Ук. соч. С. 116-117.
[ 36 ] НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 41. Арк. 143адв.
[ 37 ] Тамсама. Адз. зах. 37. Арк. 359-359адв.
[ 38 ] Тамсама. Адз. зах. 29. Арк. 2-2адв.
[ 39 ] Тамсама. Адз. зах. 249. Арк. 135-135адв.
[ 40 ] Тамсама. Адз. зах. 247. Арк. 191.
[ 41 ] БА. Т. 2. С. 128, 137, 138 і інш.
[ 42 ] Тамсама. С. 200.
[ 43 ] Тамсама. С. 154, 218, 277.
[ 44 ] НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 226. Арк. 70.
[ 45 ] БА. Т. 2. С. 137-139.
[ 46 ] Тамсама. С. 133, 170, 205, 268 і інш.
[ 47 ] Тамсама. С. 135.
[ 48 ] Тамсама. С. 279.
[ 49 ] НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 35. Арк. 268адв.
[ 50 ] Тамсама. Адз. зах. 37. Арк. 468адв.; Адз. зах. 251. Арк. 36адв.-37; Адз. зах. 254. Арк. 181.
[ 51 ] БА. Т. 2. С. 47-49.
[ 52 ] Законодательные памятники Великого княжества Литовского XV — XVI вв. Ленинград, 1936. С. 38-42.
[ 53 ] Любавский М.К. Литовско-русский сейм. Приложения. С. 66, 70.
[ 54 ] Его же. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства. С. 474.
[ 55 ] БА. Т. 2. С. 114-288.
[ 56 ] НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 40. Арк. 643.
[ 57 ] Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства. С. 844.
[ 58 ] НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 38. Арк. 96.
[ 59 ] БА. Т. 2. С. 189-217.
[ 60 ] Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства. С. 844.
[ 61 ] БА. Т. 2. С. 176.
[ 62 ] Тамсама. С. 145-246.
[ 63 ] Тамсама. С. 115-266.
[ 64 ] Тамсама. С. 272-283.
[ 65 ] Гл.: Российская национальная библиотека. Отдел рукописей (далей — РНБ. ОР). Ф. 293. Оп. 1. Ед. хр. 67.
[ 66 ] НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз.зах. 17. Арк. 300-300адв.
[ 67 ] Полоцкая ревизия 1552 года (далей — ПР 1552 года) Москва, 1905. С. 113.
[ 68 ] Русская историческая библиотека (далей — РИБ). Т. 20. С.-Петербург, 1903. С. 925.
[ 69 ] Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства. С. 267.
[ 70 ] ПГ. Вып. 3. С. 90.
[ 71 ] ПГ. Вып. 1. С. 212.
[ 72 ] Книга посольская Метрики Великого княжества Литовского. [Т. 1] Москва, 1843. С. 107; НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 39. Арк. 520адв.; Тамсама. Адз. зах. 242. Арк. 207адв.
[ 73 ] НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 39. Арк. 520адв.
[ 74 ] БА. Т. 2. С. 177, 233, 235.
[ 75 ] Литовская Метрика. Книга записей 11. Вильнюс, 1997. С. 146.
[ 76 ] НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 247. Арк. 801-801адв.
[ 77 ] ПР 1552 года. С. 72.
[ 78 ] ПГ. Вып. 1. С. 45, 46.
[ 79 ] Тамсама. С. 43, 44.
[ 80 ] Тамсама. С. 122; Вып. 3. С. 149, 202.
[ 81 ] Тамсама. Вып. 1. С. 133, 151; Вып. 3. С. 210.
[ 82 ] Словарь русского языка XI-XVII вв. Вып. 7. Москва, 1980. С. 344.
[ 83 ] Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России (далей — АЮЗР). Т. 1. С.-Петербург, 1863. С. 2.
[ 84 ] ПГ. Вып. 1. С. 87.
[ 85 ] Тамсама. Вып. 3. С. 210.
[ 86 ] АЮЗР. Т. 1. С. 11, 20—21; Archiwum ksążat Sanguszków w Sławucie. T. 3. Lwów, 1890. S. 7-8.
[ 87 ] ПГ. Вып. 3. С. 211.
[ 88 ] Тамсама. Вып. 1. С. 132.
[ 89 ] Тамсама. С. 133.
[ 90 ] Тамсама. С. 147.
[ 91 ] Тамсама. С. 151-152.
[ 92 ] Тамсама. Вып. 4. Москва, 1982. С. 24.
[ 93 ] Тамсама. Вып. 1. С. 168-170.
[ 94 ] Тамсама. С. 143.
[ 95 ] Тамсама. Вып. 4. С. 48.
[ 96 ] Тамсама. С. 63.
[ 97 ] Тамсама. Вып. 2. Москва, 1978. С. 30—31.
[ 98 ] Тамсама. Вып. 4. С. 74.
[ 99 ] Архив Юго-Западной России. Ч. 1. Т. 7. Киев, 1887. С. 199.
[ 100 ] Русский феодальный архив. Ч. 5. Москва, 1992. С. 951, 1064, 1071-1074.
[ 101 ] ПГ. Вып. 2. С. 14.
[ 102 ] Тамсама. С. 68, 70, 73.
[ 103 ] Тамсама. С. 77-78; Вып. 4. С. 93.
[ 104 ] Тамсама. Вып. 2. С. 82-83.
[ 105 ] Тамсама. С. 100-103.
[ 106 ] Тамсама. С. 138-139.
[ 107 ] Тамсама. С. 171.
[ 108 ] Сборник Русского исторического общества. Т.35. С.-Петербург, 1882. С. 160.
[ 109 ] ПГ. Вып. 2. С. 160-161.
[ 110 ] Тамсама. С. 177.
[ 111 ] Тамсама. Вып. 4. С. 143, 157.
[ 112 ] Тамсама. Вып. 3. С. 10-11.
[ 113 ] Тамсама. С. 63-64.
[ 114 ] Тамсама. Вып. 4. С. 209.
[ 115 ] Тамсама. Вып. 2. С. 70-71.
[ 116 ] Тамсама. С. 201-203.
[ 117 ] Тамсама. С. 171.
[ 118 ] Тамсама. Вып. 3. С. 46.
[ 119 ] РИБ. Т. 33. Петроград, 1915. Ст. 193.
[ 120 ] Тамсама. Ст. 192.
[ 121 ] БА. Т. 2. С. 138.
[ 122 ] Тамсама. С. 113 — 291.
[ 123 ] Тамсама. С. 272.
[ 124 ] НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 17. Арк. 300-300адв.
[ 125 ] Тамсама. Адз. зах. 20. Арк. 160.
[ 126 ] Тамсама. Адз. зах. 35. Арк. 115адв.
[ 127 ] Тамсама. Адз. зах. 240. Арк. 543адв.
[ 128 ] ПР 1552 года. СС. 73-79.
[ 129 ] НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 12. Арк. 133; Адз. зах. 224. Арк. 315.
[ 130 ] РНБ. ОР. Ф. 293. Оп. 1. Ед. хр. 67.
[ 131 ] НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 17. Арк. 282адв.-283.
[ 132 ] Тамсама. Адз. зах. 20. Арк. 160.
[ 133 ] Тамсама. Адз. зах. 35. Арк. 313-315адв.
[ 134 ] Тамсама. Адз. зах. 249. Арк. 135адв.
[ 135 ] Тамсама. Адз. зах. 254. Арк. 296адв.
[ 136 ] ПГ. Вып.1. С. 147.
[ 137 ] Тамсама. Вып. 4. С. 16.
[ 138 ] Тамсама. Вып. 2. С. 97.
[ 139 ] Тамсама. Вып. 3. С. 40.
[ 140 ] Тамсама. СС. 95-96.
[ 141 ] Новгородская Первая летопись старшего и младшего изводов (далей — НПЛ). Москва — Ленинград, 1950. С. 46-49, 240-246.
[ 142 ] Полное собрание русских летописей (далей — ПСРЛ). Т. 5. Вып. 1. Ленинград, 1925. С. 185-189; Тамсама. Т. 39. Москва, 1994. С. 67-68.
[ 143 ] ПСРЛ. Т. 25. Москва — Ленинград, 1949. С. 101-103.
[ 144 ] НПЛ. СС. 47, 243; ПСРЛ. Т. 5. Вып. 1. С. 186-187 і інш.
[ 145 ] ПСРЛ. Т. 4. Ч. 1. Вып. 1. Петроград, 1915. С. 180.
[ 146 ] Тамсама. Т. 4. Ч. 2. Вып. 1. Петроград, 1917. С. 180.
[ 147 ] Новгородская харатейная летопись. Москва, 1964. С. 133-149; НПЛ. С. 5.
[ 148 ] НПЛ. С. 5.
[ 149 ] Шахматов А.А. Обозрение русских летописных сводов XIV-XVI вв. Москва — Ленинград, 1938. С. 129-131.
[ 150 ] Приселков М.Д. История русского летописания XI-XV вв. Изд. 2-е. С.-Петербург, 1996. С. 103, 145-146, 265.
[ 151 ] Насонов А.Н. История русского летописания XI — начала XVIII века. Москва, 1969. С. 150, 179, 227, 260.
[ 152 ] Шахматов А.А. Ук. соч. С. 160.
[ 153 ] Приселков М.Д. Ук. соч. С. 248, 252, 256.
[ 154 ] Шахматов А.А. Ук. соч. С. 260-267, 281-282.
[ 155 ] Тамсама. С. 257.
[ 156 ] ПСРЛ. Т. 10. Москва, 1965. С. 37-41; Тамсама. Т. 20. Ч. 1. С.-Петербург, 1910. С. 143-144.
[ 157 ] ПСРЛ. Т. 7. С.-Петербург, 1856. С. 109-111.
[ 158 ] Тамсама. Т. 39. С. 3.
[ 159 ] Янин В.Л. Новгородские посадники. Москва, 1962. С. 125.
[ 160 ] Кафенгауз Б.Б. Посадники и боярский совет в Древнем Пскове // Исторические записки. Вып. 33. 1950. СС. 186—188, 194.
[ 161 ] РИБ. Т. 33. Ст. 193.
[ 162 ] ПР 1552 года. С. 73—79.
[ 163 ] РИБ. Т. 33. Ст. 192.
[ 164 ] ПР 1552 года. С. 119.
[ 165 ] Любавский М.К. Литовско-русский сейм. С. 160.
[ 166 ] НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 20. Арк. 275.
[ 167 ] БА. Т. 2. С. 290.
[ 168 ] Тамсама. С. 251.
[ 169 ] ПГ. Вып. 2. С. 110-111; Любавский М. К. Очерк истории Литовско-Русского государства, С. 90.
[ 170 ] Любавский М.К. Литовско-русский сейм. С. 559, 605-607.
[ 171 ] РИБ. Т. 30. Юрьев, 1914. С. 286—290.
[ 172 ] ПГ. Вып. 2. С. 111.
[ 173 ] Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства. С. 872, 883; Ён жа. Очерк истории Литовско-Русского государства. С. 89.
[ 174 ] ПГ, Вып. 4. С. 108.
[ 175 ] Тамсама. Вып. 2. С. 154.
[ 176 ] Тамсама. С. 163.
[ 177 ] Тамсама. С. 57.
[ 178 ] Тамсама. С. 89.
[ 179 ] Акты Литовско-Русского государства. Вып. 1. Москва, 1899. С. 215-217.
[ 180 ] БА. Т. 2. С. 192-195.
[ 181 ] ПР 1552 года. С. 27, 43.
[ 182 ] НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 244. Арк. 194адв.
[ 183 ] Тамсама. Адз. зах. 249. Арк. 127, 127адв.
[ 184 ] Тамсама. Адз. зах. 9. Арк. 108адв.
[ 185 ] БА. Т. 2. С. 251, 290.
[ 186 ] Максимейко Н.А. Ук. соч. С. 116.
[ 187 ] РИБ. Т. 30. Стст. 286—290.
[ 188 ] Довнар-Запольский М.В. Ук. соч. С. 35-36.
[ 189 ] Русско-ливонские акты. С.-Петербург, 1868. С. 279. Выказваю падзяку А. Жлутку за кансультацыі ў перакладзе.
[ 190 ] Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX-XIII вв. Москва, 1966. С. 73-74.
[ 191 ] НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 228. Арк. 94адв.
[ 192 ] Тамсама. Адз. зах. 29. Арк. 73.
[ 193 ] Тамсама. Адз. зах. 35. Арк. 31адв.-32адв.
[ 194 ] ПГ. Вып. 3. СС. 45-46.
[ 195 ] НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 37. Арк. 448адв.-449; Адз. зах. 40. Арк. 4.
[ 196 ] Тамсама. Адз. зах. 14. Арк. 348; Адз. зах. 227. Арк. 135-135адв.
[ 197 ] Пташицкий С.Л. Описание книг и актов Литовской Метрики. С.-Петербург, 1887. С. 115; НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 238.
[ 198 ] НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 34. Арк. 295-297.
[ 199 ] Тамсама. Адз. зах. 96, 98адв.-99адв.
[ 200 ] ПГ. Вып. 3. С. 89.
[ 201 ] Тамсама. С. 91.
[ 202 ] Тамсама. С. 61.
[ 203 ] БА. Т. 2. С. 261.
[ 204 ] Статут Великого княжества Литовского 1529 года. Минск, 1960. ІII-14.
[ 205 ] ПГ. Вып. 2. С. 151.
[ 206 ] Тамсама. Вып. 3. С. 4.
[ 207 ] Тамсама. Вып. 4. СС. 136, 183.
[ 208 ] Тамсама. Вып. 3. С. 64.
[ 209 ] Тамсама. С. 71.
[ 210 ] Тамсама. С. 82.
[ 211 ] Тамсама. С. 87.
[ 212 ] Тамсама. Вып. 5. С. 37.
[ 213 ] Тамсама. С. 39.
[ 214 ] Якубовский И.Б. Ук. соч. // ЖМНП. 1903. ? 6. С. 277, 296.
[ 215 ] Пичета В.И. Белоруссия и Литва XV-XVI вв. М., 1961. С. 207.
[ 216 ] НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. Зах. 9. Арк. 108адв.
[ 217 ] ПГ. Вып. 3. С. 86.
[ 218 ] Якубовский И.Б. Ук. соч. // 1903. № 6. С. 277, 296.
[ 219 ] ПГ. Вып. 5. С. 36.

Наверх

Гартмут Рус. СД у Баранавічах (1941–1943)


Для даследавання ўладарання нямецкага акупацыйнага рэжыму ў Савецкiм Саюзе пад час II сусветнай вайны судовыя акты пасляваенных працэсаў над нацыстамi застаюцца той крынiцай матэрыялаў, якая да сённяшняга часу амаль не выкарыcтоўвалася. З прычыны часта сенсацыйнага характару комплексу злачынства i яго прычынаў (а менавiта iх высвятленне было задачай тых працэсаў), iншыя дэталi агульнага кантэксту нямецкага акупацыйнага рэжыму, якiя пры гэтым высвятляюцца, большай часткай застаюцца па-за ўвагай або разглядаюцца як неiстотныя. Але няма, бадай, нiводнай iншай групы крынiц, якая б давала такое мноства фактаў i iнфармацыi ў дачыненні да лакальных штодзённых праяў акупацыйнага рэжыму. Пра тое, якая частка палiтычных намераў, iдэaлагiчных установак, загадаў, дырэктываў i ўказаў нацыянал-сацыялiсцкага кiраўнiцтва даходзiла да нiжняга ўзроўню акупацыйнай сiстэмы i як гэта там потым ажыццяўлялася, ёсць змястоўныя звесткi ва ўспамiнах былых удзельнiкаў акупацыi i ацалелых ахвяраў, сведкаў — у кожным выпадку з тагачаснага пункту гледжання i ў адпаведнасцi з ўласнай пазiцыяй. Вядома, трэба ўлiчваць, што мясцовая перспектыва была Чытаць далей →

Васіль Пуцко. Ілюмінацыя Тураўскага Евангелля


Агульная колькасць ранніх славянскіх рукапісаў, датаваных часам да 1100 г., у цэлым невялікая, і кожная з іх даўно заслугоўвае ўсебаковага вывучэння. Пакуль што такі гонар мелі зусім нямногія помнікі, а са знойдзеных на гістарычнай тэрыторыі Беларусі — толькі Супрасльскі рукапіс[1] . Тураўскае евангелле, вядомае як спіс ХI ст., ужо хутка пасля яго адкрыцця не раз прыцягвала да сябе ўвагу розных даследчыкаў. Што да мастацкага аблічча кнігі, то наконт яго выказваліся надзвычай рэдка і невыразна[2]. Прычынай была фрагментарная захаванасць кнігі, аформленай даволі сціпла, як, зрэшты, і іншыя сучасныя ёй славянскія кодэксы.

Варта згадаць тут гісторыю знаходкі і вывучэння Тураўскага евангелля, хоць бы ў самай кароткай форме. М.І.Сакалоў, які на даручэнне апекуна Віленскай навучальнай акругі І.П.Карнілава браў удзел у археаграфічнай камісіі, у 1865 г. у Спасаўскай царкве Турава знайшоў урыўкі старажытнай кнігі, напісанай на пергамене. Знаходку паказалі вядомаму мовазнаўцу І.І.Сразнеўскаму, які на падставе графікі, правапісу і мовы цалкам абгрунтавана аднёс аркушы рукапісу да ХI ст.[3] У 1868 г. у Пецярбурзе на сродкі Віленскай навучальнай акругі выйшла літаграфічнае выданне Тураўскага евангелля. Спецыялісты карыстаюцца ім да гэтага часу[4]. Праз год у Вільні з’явілася новае выданне помніка, падрыхтаванае да друку П.А. Гільтэбрандтам, якое ўключала таксама «кароткія звесткі пра Тураўскае евангелле» і «старажытны тэкст з сучасным насупраць і з адменамі па Астраміраву евангеллю»[5].

Наступную публікацыю фрагментаў пергаменнага евангелля з Турава ажыццявілі толькі ў 1977 г. вугорскія славісты[6]. Цягам апошніх больш чым ста гадоў сярод розных даследчыкаў, пераважна філолагаў, захоўвалася ўстойлівая цікавасць да помніка[7] . Так, А.І.Сабалеўскім у мове захаваных аркушаў былі адзначаны рысы кіеўскага дыялекту[8]. В.В.Стасаў на адной з табліцаў складзеннага ім альбома ўзораў славянскага і ўсходняга арнаменту перадае некалькі ініцыялаў Тураўскага евангелля[9]. Але ў цэлым фрагменты рукапісу так і не сталі аб’ектам спецыяльнага вывучэння з пункту гледжання кніжнага майстэрства. Можа найперш таму, што іх надзвычай сціплы знешні выгляд наўрад ці мог прыцягнуць увагу мастацтва знаўцаў, якія прызвычаіліся бачыць высокія дасягненні толькі там, дзе ёсць бляск золата і захаваліся вялікапышныя мініяцюры. Наконт таго, ці былі сюжэтныя выявы ў Тураўскім евангеллі, нельга сказаць нічога пэўнага. На ацалелых аркушах іх слядоў няма. Відавочна не было ў аздабленні і золата: яно ўваходзіць ва ўжытак сярод мастакоў кіеўскай княскай кнігапіснай майстэрні крыху пазней таго часу, калі магло быць перапісана Тураўскае евангелле[10].

Ці было евангелле перапісана тут на месцы, у Тураве, ці прывезена сюды значна пазней? Наколькі істотнае вырашэнне гэтага пытання? Якая гістарычная сувязь старажытнага рукапісу з Туравам увогуле?

Думаецца, больш лагічна шукаць адказы на пастаўленыя пытанні ў адваротным парадку, пакладаючыся пераважна на сведчанні выключна самога Тураўскага евангелля, і не дадумваць таго, што не выцякае з іх аналізу. Прызнаць абмежаваныя магчымасці матэрыялу ў плане яго значэння як гістарычнай крыніцы важней, чым нагрувашчваць дапушчэнні, якія не абапіраюцца на фактычную аснову. Гэтая ўводная заўвага ўяўляецца неабходнай.

На старажытных аркушах захаваліся розначасавыя запісы «мірскога зместу», якія засведчылі, што ў пачатку XVI ст. гэтая кніга належала царкве Праабражэння ў Тураве. На адваротным баку шостага аркуша ўкладны запіс князёў Астрожскіх ад 2 мая 1508 г., які засведчыў наданне пры святарах Мітрафану і Мацвеі сада з пасекай і поля з сенажацямі, а таксама іншых палеткаў каля вёскі Верасніцкай. У запісу на адваротным баку другога аркуша ад 10 лютага 1513 года паведамляецца пра перадачу князем Канстанцінам Іванавічам Астрожскім, яго жонкай Тацянай і іх сынам Іллём яшчэ «трох палёў» з палеткамі ў той самай вёсцы Верасніцкай. Тут жа знаходзяцца польскія запісы XVIII ст. аб падцверджанні царкоўных уладанняў. Як вядома, звычай уносіць запісы пра значныя падзеі і тэксты дамоваў у напрастольнае евангелле быў шырока распаўсюджаны на Украіне, у Беларусі і ў паўднёвых славянаў. У дадзеным выпадку гэта яшчэ не вырашае пытання пра час паступлення кнігі ў Тураўскі храм Праабражэння, дзе яна магла знаходзіцца і з больш ранняга часу, але магла быць туды ўкладзена і князем К.І. Астрожскім незадоўга да 1508 г. Праўда, факт занясення ў яе згаданых запісаў гаворыць на карысць таго, што гэта было найбольш каштоўнае ў храме напрастольнае евангелле, пра старажытнасць якога не маглі не ведаць. Нельга тэарэтычна выключаць, што ў пачатку XVI ст. яшчэ чытаўся і ўкладны запіс, які мае дачыненне да самой кнігі.

Адным словам, у сувязі Тураўскага евангелля са Спаса-Праабражэнскім храмам у Тураве прыкладна з часу каля 1500 г. сумнявацца не даводзіцца. У 1865 г. рукапіс паступіў у Віленскую публічную бібліятэку, і цяпер ён належыць Бібліятэцы Акадэміі навук Літвы[11].

Тураў у 988 г. становіцца сталіцай самастойнага княства, а хутка была ўсталявана і Тураўская епіскапія[12]. Горад падтрымліваў актыўныя палітычныя і культурныя сувязі з Кіевам, меў манастыры, а ў ХII ст. вылучыў выдатнага прапаведніка і гімнаграфа ў асобе Кірылы Тураўскага[13]. На фоне гэтых гістарычных фактаў існаванне скрыпторыя ў Тураве ў ХI ст. не выглядае такой ужо неверагоднай з’явай. Але толькі ці належыць да яго прадукцыі фрагментарна захаванае Тураўскае евангелле?

Тураўскае евангелле па сваім складзе ўяўляе сабой «апракос кароткі» — зборнік евангельскіх чытанняў на перыяд ад Пасхі да Духава дня на ўсе дні тыдня, а ад гэтага часу да Вялікага посту — толькі на суботнія і нядзельныя. Гэта бачна і па ацалелых фрагментах, якія адпавядаць двум названым цыклам чытанняў, з якіх другі, пачынаючы з вераснёўскага «навагоддзя», мае новы адлік тыдняў. Чытанні першага цыклу на двух пачатковых аркушах Тураўскага евангелля; на астатніх жа васьмі — шаснаццатага і сямнаццатага тыдняў і першых трох «навагодніх» тыдняў другога цыклу. Па сутнасці, гэта вельмі нязначная па аб’ёме частка агульнага кодэксу, перапісанага ў ХI ст. Але менавіта па гэтых ацалелых аркушах застаецца меркаваць пра сам характар афармлення рукапісу, які мае досыць асаблівыя рысы.

Памер аркушаў — 21,0Ч16,2-16,4 см. Ці гэта перашапачатковы фармат кнігі? Існавала даволі ўстойлівая суаднесенасць тэксту і белага поля, пры якім сума шырыні верхняга і ніжняга палёў магла дасягаць паловы вышыні слупка тэксту, а сума шырыні бакавых палёў — паловы шырыні слупка, які ў дадзеным выпадку займаў плошчу 13,8Ч10,2 см. Значыць, адказ на пастаўленае пытанне можа быць станоўчым. Іншая рэч, што не заўсёды аднолькавай аказваецца суаднесенасць унутранага і вонкавага бакавых палёў, хоць у цэлым прапорцыя 1:2 амаль не падлягае істотным адхіленням. Акуратна нанесена разліноўка для васемнаццаці радкоў тэксту. Яе характэрныя асаблівасці наступныя: дзве лініі па вертыкалі перасякаюць увесь аркуш пергамена, а па гарызанталі — дзве ўверсе і адна ўнізе; астатнія знаходзяцца ў межах слупка тэксту, які напісаны атрамантам карычневага колеру. Пісьмо роўнае, прыгожае, крыху вузкае; почырк адмысловы, без нахілу. Усё гэта сведчыць пра вялікае прафесійнае мастацтва каліграфа, набытае хутчэй за ўсё ў добра арганізаваным скрыпторыі.

Калі казаць пра асаблівыя прыкметы літараў, то найбольш істотнымі з’яўляюцца «яць», якая змяшчаецца ў радок, з каромыслам ніжэй яе верхняга ўзроўню, «амега» з высокімі бакавымі лініямі і сярэдзінай, з квадратнасцю дыяганаляў, «Ж», напісаная ў тры прыёмы, «И» з прыўзнятай гарызантальнай лініяй. Адзначаныя рысы характэрны таксама для пісьма Рэймскага евангелля, якое першапачаткова належала дачцы Яраслава Мудрага Ганне, выдадзенай замуж за французскага караля Генрыха I у 1044 г.[14] Праўда, тут «яць» з нахіленай улева мачтай і маленькай круглай пятлёй. Усе адзначаныя асаблівасці, канешне, хутчэй з’яўляюцца прыкметамі індывідуаль ных почыркаў пісцоў, чым уласцівасцямі каліграфічнага мастацтва цэлай эпохі. Тым не менш, улічваць іх неабходна.

Мастацтва кнігапісання па сутнасці ёсць не чым іншым, як каліграфічным майстэрствам, разам з улікам функцыяналь най ролі і з мастацкай канцэпцыяй дэкору. Для таго, каб зразумець канцэпцыю дэкору ў цэлым, неабходна ведаць рукапіс у поўным аб’ёме ці прынамсі хоць бы адну з яго па-мастацку завершаных частак. Тураўскае евангелле, прадстаўленае ўсяго дзесяццю аркушамі, выключае такую магчымасць. Але паколькі большую частку гэтых ацалелых аркушаў нельга разглядаць у якасці абсалютна адасобленых фрагментаў, можна паспрабаваць асэнсаваць іх як малую частку кнігі, пазбаўленую заставак і канцовак, якая характарызуе толькі «тэкставую паласу». Зрэшты, менавіта яна і застаецца вызначальнай у мастацкім абліччы кнігі, дзе заўсёды галоўны тэкст з прыёмамі вылучэння яго асобных частак. Тут — гэта кінаварныя (на першым аркушы) і чарнільныя контурныя загалоўкі, а таксама радкі-падзяляльнікі з трох чаргаваных вертыкальных рысак і двух кружочкаў з кропкай пасярэдзіне. І, канешне, вялікія ініцыялы, вынесеныя цалкам або часткова на палі, прарысаваныя чарніламі і размаляваныя чырвонай і сіняй фарбамі. Петлі большай часткі гэтых дэкаратыўных літараў залітыя зялёным. Такія ініцыялы прынята адносіць да розных відаў «старавізантыйскага тыпу». Аднак падобнае вызначэнне вельмі мала выяўляе спецыфіку іх дэкарацыйных формаў.

Якія б ні былі ініцыялы, — простыя ці падкрэслена дэкарацыйныя, са складанай арнаментыкай, — яны перш за ўсё застаюцца часткай тэксту, па-за сувяззю з якім непазбежна ператварыліся б у ізаляваныя літары, адвольна супастаўленыя па-за ўсякім арганічным кантэкстам. Таму варта ўважліва прыгледзецца да іх чаргавання ці, лепш сказаць, варыявання формаў на старонках рукапісу, каб хоць часткова высветліць заканамернасці дэкарацыйнай рытмікі, якая зусім не падпарадкоўваецца простаму арыфметычнаму падліку, выяўленаму ва ўтварэнні своеасаблівых «серыяў». Суадносіны тэксту і ініцыялаў на старонках Тураўскага евангелля такія, што не выпадае сумнявацца ў выкананні гэтага істотнага элементу дэкора самім каліграфам па меры перапісвання ім евангельс кага тэксту. Пісьмо апошняга пакідае ўражанне лёгкасці і вытанчанасці, нават пры адсутнасці абсалютна каліграфічна бездакорных формаў. Зрэшты, іх захаванне на практыцы ўяўляецца надзвычай нялёгкай справай, паколькі кірылічнае славянскае пісьмо, у аснову якога пакладзены грэцкі унцыял, патрабавала «малявання» кожнай літары, нават пры ўмове выпрацаваных пісцамі з засваеннем практычнага вопыту прыёмаў і навыкаў. Тураўскія аркушы даюць у гэтым плане дастаткова прыкладаў. Пісьмо рукапісу здаецца лёгкім не толькі з прычыны вытанчанасці графічных формаў, але і дзякуючы суадносінам памераў радкоў тэксту і белага поля. Вышыня літараў дасягае 4 мм пры шырыні 3-5 мм, а адлегласць паміж радкамі складае 8 мм. Між тым падобныя суадносіны велічыняў не з’яўляюцца паказчыкам марнатраўства ў дачыненні да дарагога матэрыялу — пергамена: перапісчык літаральна «скоўвае» асобныя евангельскія чытанні, не пакідаючы паміж імі вялікіх прасветаў, якіх, здавалася б, патрабуе эстэтычная норма[15].

Ініцыялы Тураўскага евангелля, якія знаходзяцца на нешматлікіх ацалелых аркушах, натуральна, у асноўным прадстаўляюць тыя літары, з якіх пачынаюцца фразы, што пераважаюць і папярэднічаюць самому тэксту евангельскіх чытанняў. Гэта «Во время оно», г.зн. у гэты час, і «Рече Господь» — кажа Госпад. Выключэннем з’яўляецца «О», трактаванае ў форме невялікай разеткі. Ініцыялы «В» і «Р» ў адных выпадках належаць да так званага расліннага каленкавага тыпу, так добра вядомаму па грэцкіх рукапісах Х-ХI ст.[16] Тут, аднак, ён у крыху відазмененых варыянтах, якія не дазваляюць разглядаць гэтыя літары ў якасці простай перамалёўкі ўзораў. На адваротным баку першага аркуша «каленкавасць» ініцыяла «Р» з яго чырвона-сінімі элементамі хутчэй адгадваецца. У ініцыяле на трэцім аркушы, які напалову спускаецца на ніжняе поле, відавочна праступае зааморфны матыў: плаўна выгнутая галоўка птушкі, якая «чысціць пёркі». Пра тое, што гэта зусім не плод нашай фантазіі, кажуць прыклады на старонках іншых ранніх славянскіх рукапісаў, дзе той самы матыў выяўлены больш выразна. «Р» на пятым аркушы, магчыма, бліжэй за ўсё да візантыйскага «эталону», але пры гэтым структура гранічна спрошчаная, а пятля заліта шчыльнай зялёнай фарбай, што супярэчыць эстэтычнаму густу ілюмінатараў грэцкіх кніг. Больш цэльнай аказваецца тая частка ініцыялаў Тураўскага евангелля, дзе мачта літары ўспрымаецца як сплеценая з ламаных чырвонай і сіняй стужак ці рамянёў, а пятля ўтворана выгнутай галінкай і зноў жа заліта зялёнай фарбай. Нарэшце, трэці варыянт ініцыялаў — гэта літара «В», якая сустракаецца на сёмым аркушы і на адваротным баку апошняга дзесятага, акрэсленая выключна расліннымі матывамі, з мачтай, суцэльна пакрытай крыжацветамі.

Пра ўсе адзначаныя арнаментальныя матывы ініцыялаў Тураўскага евангелля не варта было б так падрабязна казаць, калі б яны не служылі адлюстраваннем большых культурных з’яваў, якія праліваюць святло не толькі на паходжанне мадэлі дэкора разгляданага рукапісу, але і на крыніцы раннеславянс кага кніжнага мастацтва ўвогуле. Ва ўсіх прыведзеных канкрэтных выпадках адбіліся агульныя заканамернасці, якія вызначаюць мастацкае аблічча і іншых, да таго ж самых ранніх помнікаў усходнеславянскага кнігапісання. І толькі з улікам гэтага матэрыялу можна слушна зразумець месца і значэнне тураўскіх аркушаў.

У летапісе пад 1037 г. змешчана шырока вядомае паведамленне пра тое, што кіеўскі князь Яраслаў Мудры сабраў многіх пісцоў, сіламі якіх былі зроблены пераклады з грэцкай на славянскую мову. Перапісаныя ў гэтай майстэрні кнігі былі змешчаны князем у бібліятэку пры пабудаваным ім жа Сафійскім саборы — мітрапалічым храме. Пад «пісцом» тады разумелі не проста перапісчыка, каліграфа, які толькі рабіў копіі тэкстаў. Зрэшты, менавіта апошні занятак у большасці выпадкаў заставаўся асноўнай справай жыцця пісцоў не толькі на Русі, але і ў Візантыі, і на лацінскім Захадзе. Скрыпторый, у якім ажыццяўлялася праца па перакладзе, мусіў мець вялікі, старанна падабраны склад перапісчыкаў: бо не мела сэнсу пакідаць у карыстанні новаперакладзеныя кнігі ў адным-двух спісах. Адзначаны ў летапісе факт, што Яраслаў Мудры падараваў кнігі ў кафедральны храм, адпавядае візантыйскай практыцы, якая спрыяла захаванню ў сталічных царкоўных і манастырскіх рызніцах каштоўных рукапісаў. Напэўна, так адбывалася і ў Кіеўскай Русі.

У спецыяльнай літаратуры ўжо быў выказаны погляд на кірылічную частку Рэймскага евангелля, што захоўваецца ў гарадской бібліятэцы Рэймса, як фрагмент кнігі евангельскіх чытанняў (Евангелля-апракоса), вывезенай у Францыю Ганнай Яраслаўнай. Пярэчаннем супраць гэтага наўрад ці могуць быць параўнальна невысокая якасць пергамену і ў цэлым сціплае афармленне, роўна як і памылкі, дапушчаныя пісцом, які карыстаўся паўднёваславянскім спісам[17]. Фармат Рэймскага евангелля (23,0 : 17,5 см) амаль адпавядае памерам аркушаў з Турава, але тэкст там пісаны ў два слупкі. Мастак і каліграф у дадзеным выпадку маглі быць рознымі людзьмі, якія працавалі ў адным скрыпторыі. Захаваліся стужкавыя застаўкі і стройныя ініцыялы, элементы якіх старанна прамаляваны атрамантам і расквечаны чырвоным і сінім. Аснову літараў складае жгут, звіты з двух рамянёў, віткі якіх пакрываюць і шырока распасцёртыя на канцах гэтага жгута лісты аканта. Шматкроць паўтараючы, як і ў Тураўскім евангеллі, літару «В», ілюмінатар бясконца разнастаіць яе элементы: змяняе абрысы петляў, мудрагеліста «інкрустуе» мачту, але часамі абмяжоўваецца і простай кінаварнай палоскай[18]. Наўрад ці гэтую разнастайнасць арнаментальных матываў, прадстаўленую ўсяго на некалькіх аркушах, можна было цалкам запазычыць ад гатовага ўзора. Ілюмінацыя заўсёды была вынікам індывідуаль най мастацкай творчасці. Калі Рэймскае евангелле сапраўды выйшла са сценаў кіеўскага княскага скрыпторыя, то агульны характар яго афармлення асабліва неабходна ўлічыць.

Справа ў тым, што існуюць яшчэ два вялікія аб’ёмам рукапісы, якія захоўваюцца ў Дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве, перапісаныя падобнымі почыркамі і аформленыя з захаваннем тых самых мастацкіх прынцыпаў. Гэта Пандэкты Антыёха Чарнарызца (Васкр. 30) і Чудаўская псалтыр (Чуд. 7). У адрозненне ад ужо названых узораў, яны належалі да ліку нелітургічных кніг, а прызначаліся для чытання па-за набажэнствам. Каленкавыя ініцыялы і «інкруставаная» манера іх выканання амаль нічым не вылучае Пандэкты Антыёха сярод ранніх славянскіх ілюмінаваных рукапісаў[19]. Тут можна прасачыць генетычную сувязь з дэкорам глагалічных кніг[20]. Мяркуючы па арнаментыцы, карані ілюмінацыі гэтага кіеўскага рукапісу вядуць да скрыпторыяў, якія дзейнічалі ў Македоніі, а таксама грэка-усходніх манастырскіх майстэрняў на поўдні Італіі, якія атрымалі ў спадчыну вопыт малаазійскіх кнігапісцаў[21]. Чудаўская псалтыр, пісьмо якой месцамі выклікае асабліва выразныя асацыяцыі з Рэймскім евангеллем, мае ініцыялы, характар якіх відавочна абумоўлены вопытам, набытым, відавочна, у грэцкім, а не славянскім скрыпторыі. І тут жа крыху нечакана на старонках кнігі сустракаецца ініцыял старога балканскага тыпу[22]. Па ўсім бачна, што ў афармленні рукапісу знайшоў адлюстраванне пераходны перыяд, адзначаны імкненнем да засваення візантыйскага вопыту, да таго ж у канстанцінопальскім варыянце. Дэкор Тураўскага евангелля, па сутнасці, уяўляе крок у гэтым самым напрамку: почырк з усімі яго каліграфічнымі прыёмамі і «затканыя» крыжацветамі ініцыялы амаль ушчыльную падводзяць да Астрамірава евангелля, датаванага 1056-1067 г., аформленага ўжо ў эмальерным стылі з шырокім выкарыстаннем золата, але яно захавала на сваіх аркушах яшчэ нямала толькі напалову перапрацаваных старых балканскіх мадэляў[23]. Іх імкнуліся асэнсаваць так, як таго патрабавалі новыя густы, якія запанавалі ў кіеўскім княскім скрыпторыі пры сыне Яраслава Мудрага — князі Ізяславе.

Такім чынам, нават не пашыраючы кола помнікаў кніжнага мастацтва і не кранаючы шэрагу спецыяльных пытанняў эвалюцыі пісьма і ілюмінацыі, можна з поўным правам сцвярджаць верагоднасць выканання Тураўскага евангелля каля 1050 г. і прыпісаць гэта руцэ майстра, так ці іначай звязанага з кіеўскім княскім скрыпторыем. Зразумела, гэта не азначае, што кніга зроблена менавіта ў названай майстэрні. Сваю дзейнасць кнігапісцы Яраслава Мудрага маглі працягнуць у розных гарадах старажытнай Русі, асабліва там, дзе існавалі епіскапіі. Значыць, факт стварэння кнігі як твора каліграфічнага мастацтва ў самім Тураве калі нельга даказаць, то немагчыма і абвергнуць. Аднак, думаецца, важней падкрэсліць тое, што тураўскае евангелле нельга разглядаць ізалявана ад агульнай гісторыі кніжнай справы ХI ст. Яно займае ў гэтай гісторыі зусім пэўнае месца. Гэта адна з рэдкіх і дасканалых па сваім мастацкім узроўні кніг старажытнай Русі «даастрамірава» перыяду. Азначаная акалічнасць цалкам апраўдвае нашу ўвагу да тых «дробязяў» у афармленні аркушаў, бо без уліку іх ніякія высновы не будуць пераканальнымі.

Такім чынам, ілюмінацыя Тураўскага евангелля ў кантэксце сучасных помніку мастацкіх з’яваў гаворыць значна больш, чым можа падацца на першы погляд. Мастацтва большай часткай вельмі адчувальна рэагуе на новыя культурныя кірункі ў іншых сферах духоўнай дзейнасці, і кніжнае афармленне ХI ст. дае таму нямала прыкладаў.


Аркушы 1 адв.-2.


Аркушы 7 адв.-8.


Аркушы 9 адв.-10.


Аркушы 10 адв.


[1] Супраслъски или Ретков сборник в два тома. София, 1982-83. Т.1-2; Иванова-Мавродинова В., Мавродинова Л. За украсата на Супрасълския сборник // Литературознание и фолклористика: В чест на 70-годишнината на акад. П.Динеков. София, 1983. С.165-174.
[2] Шматаў В. Мініяцюра // Гісторыя беларускага мастацтва ў шасці тамах. Мінск, 1987. Т.1. С.90-91; Нікалаеў М. Палата кнігапісная: Рукапісная кніга на Беларусі ў Х-XVIII стагоддзях. Мінск, 1993. С.20.
[3] Срезневский И.И. Сведения и заметки о малоизвестных и неизвестных памятниках. Санкт-Петербург, 1886. С.30-33, 105-136; ён жа, Древние славянские памятники юсового письма. Санкт-Петербург, 1868. Ч.І. С.168-172.
[4] Туровское евангелие одиннадцатого века / Изд. Виленского учебного округа. Санкт-Петербург, 1868.
[5] Гильтебрандт П.А. Туровское евангелие ХІ в. Вильна, 1869.
[6] Тот И., Хоргоши Э., Хорват Г. Туровские листки // Acta Universitatis Szegediensis de Attila Jozef nominatae. Dissertationes slavicae. Szeged, 1978. T.XIII. P.181-232. Гл. таксама: Тот И. Русская редакция древнеболгарского языка в конце ХІ-начале ХII в. София, 1985. С.26-30.
[7] Падрабязнае апісанне аркушаў і прысвечаную ім літаратуру гл.: Сводный каталог славяно-русских рукописных книг, хранящихся в СССР. ХI-ХIII вв. Москва, 1984. С.50-52. №10.
[8] Университетские известия. Киев, 1887. Т.XXVII. №5. С.53.
[9] Стасов В. Славянский и восточный орнамент по рукописям древнего и нового времени. Санкт-Петербург, 1887. Табл.89.
[10] Пуцко В.Г. Эмальерный стиль в художественном оформлении киевских рукописей ХІ ст. // Книжные центры Древней Руси. ХІ-ХVI в.: Разные аспекты исследования. Санкт-Петербург, 1991. С.29-45; ён жа, Византийский эмальерный стиль в оформлении греческих и иноязычных илюминованных рукописей // Зборник радова Византолошког института. Београд, 1993. Књ.XIII. С.12-14.
[11] Вывучэнне рукапісу праведзена намі ў кастрычніку 1982 г.
[12] Карташев А.В. Очерки по истории русской церкви. Париж, 1959. Т.1. С.149; архиеп. Афанасий Мартос. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Минск, 1990. С.67. Паводле іншых дадзеных епархія ўсталявана ў сярэдзіне ХІІ ст.: Строев П. Списки иерархов и настоятелей монастырей Российской церкви. Санкт-Петербург, 1877. Стб.1045-1046.
[13] Падрабязней гл.: Лысенко П. Киев и Туровская земля // Киев и западные земли Руси в ХІ-ХІІІ вв. Минск, 1982. С.81-108; Творогов О.В. Кирилл — епископ Туровский // Словарь книжников и книжности Древней Руси. Ленинград, 1987. Вып.1. С.217-221; Феринц И. Из гимнографического наследия Кирилла Туровского // Acta Universitatis Szegediensis de Attila Josef nominatae. T.XIII. P.165-176.
[14] Жуковская Л.П. Реймсское евангелие. История его изучения и текст. Москва, 1978; Яна ж, Гіпотези й факти про давньоруську писемність до ХІІ ст. // Літературна спадщина Киïвськой Русі і украïнська література XVI-XVIII cт. Киïв, 1981. С.17-27.
[15] Падрабязней аб прынцыпах афармлення сярэднявечнай кнігі гл.: Йончев В. Книгата през вековете. София, 1976.
[16] Прыклады гл.: Marava-Chatzinicolaou A., Toufexi-Paschou Chr. Catalogue of the illuminated byzantine manuscripts of the National Library of Greece. Athens, 1978/ Vol.I; Ibid. Athens, 1997. Vol.III.
[17]Тот И. Русская редакция древнеболгарского языка в конце ХІ — начале ХІІ вв. С.52-60; Blahova E. Über den kyrillischen Teil des Reimser Evangeliums oder über die Resuszitation eines Mythos / Stephanos/ Praha, 1995 (Byzantinoslavica. T.LVI). S.593-599.
[18] Пуцко В. Иллюминация Реймсского евангелия (кириловская часть) //Staphanos. Studia byzantina ac slavica V.Vavrvinek ad annum sexagesimum quintum dedicata. S.579-592.
[19] Пуцко В. Пантекты Антиоха Черноризца: Художественное оформление кириллической рукописи ХІ века // Сyrillomethodianum. Thessaloniki, 1987. T.XI. S.45-87.
[20] Падрабязней гл.: Пуцко В. Славянская иллюминованная книга Х-ХІ веков // Byzantinoslavica. 1985. T.XLVI; ён жа, Художественное оформление древнейших рукописей // Slovo. Zagreb, 1987. Sv.37. Новыя прыклады: Tarnanides I.C. The Slavonic manuscripts discovered in 1975 at St.Catherine’s monastery on Mount Sinai. Thessaloniki, 1988.
[21] Grabar A. Les manuscripts grecs enluminйs de provenance italienne (IXe-XIe siècles). Paris, 1972 (Bibliothèque des Cahiers Archéologiques. T.VIII).
[22] Пуцко В. Чудовская псалтирь: Художественное оформление // Filologia e litteratura nei paesi slavi. Studi in onore di S.Graciotti. Roma, 1990. P.71-90.
[23] Пуцко В. Этюды об Остромировом евангелии (Инициалы) // Etudes balkaniques. Sofia, 1981. N4. P.70-91.

Наверх

Алесь Смалянчук. Дзённiк Мiхала Ромера як крынiца па гiсторыi Беларусi пачатку ХХ ст.


У бiблiятэцы Акадэмii Навук Лiтвы (БАНЛ) i ў бiблiятэцы Вiленскага унiверсiтэта захоўваюцца амаль сорак тамоў дзённiка Мiхала Ромера. Дзённiк ахоплiвае перыяд з 1911 да 1945 г. Гэтая вельмi цiкавая крынiца па гiсторыi Лiтвы, Польшчы i Беларусi, на жаль, пакуль застаецца па–за ўвагай большасцi беларускiх даследчыкаў.

Некалькi слоў пра асобу аўтара. Мiхал Ромер (1880–1945) — юрыст, публiцыст, навуковец, грамадскi i палiтычны дзеяч — цiкавая i неардынарная постаць у гiсторыi Лiтвы. У 1905–1906 г. ён быў адным з галоўных iдэолагаў дэмакратычнай плынi Краёвага руху. У той час гэты рух падтрымлiвала частка iнтэлiгенцыi i землеўладальнiкаў Лiтвы, у свядомасцi якiх пачуццё прыналежнасцi да польскай нацыi спалучалася з адчуваннем свайго беларускага або летувіскага паходжання i ўспрыманнем беларуска–лiтоўскага краю як Радзiмы i зямлi продкаў. Краёвая iдэалогiя грунтавалася на iдэі палiтычнай нацыi, г.з. на перакананнi, што ўсе карэнныя жыхары краю незалежна ад этнiчнай прыналежнасцi належаць да адзiнай нацыi (часам яе называлi нацыяй лiцвiнаў), бо з’яўляюцца грамадзянамi Лiтвы.[*]

Краёвая iдэя стварала падмурак для супрацоўнiцтва дзеячаў розных этнiчных рухаў. І краёўцы–дэмакраты — Мiхал Ромер, Вiтольд Абрамовiч, Бранiслаў Крыжаноўскi, Ян Пiлсудскi i iнш. — выдатна выкарыстоўвалi гэтую магчымасць. У адрозненнi ад кансерватыўнай плынi краёўцаў — Чэслаў Янкоўскi, Раман Скiрмунт (у перыяд 1905–1907 г.), Эдвард Вайнiловiч i iнш. — сацыяльны радыкалiзм беларускага, летувіскага i яўрэйскага рухаў iх не палохаў. Кантакты з дзеячамi беларускага руху, у якiх галоўную ролю выконваў якраз М. Ромер, узмацнiлiся ў перыяд 1911—1915 г.

У маi 1915 г. М. Ромер перайшоў лiнiю фронту, каб далучыцца да легiёнаў Юзафа Пiлсудскага. У гэты час менавiта з ідэяй незалежнай Польшчы ён звязваў надзею на самастойную будучыню Лiтоўскага краю, якi сам павiнен вызначыць характар адносiн з блiжэйшымi суседзямi, у т.л. i з Польшчай. Праз тры гады па даручэнні Ю. Пiлсудскага ён паехаў ў Коўна, каб наладзiць кантакты з палiтыкамi летувіскай дзяржавы. Сустрэчы ў Коўне пераканалi М. Ромера ў тым, што федэралiсцкая канцэпцыя Ю. Пiлсудскага не знойдзе падтрымкi сярод летувісаў.

У 1920 г. М. Ромер, якi захаваў вернасць iдэалогii краёўцаў–дэмакратаў, вярнуўся ў Вiльню. Ён асудзiў захоп Вiльнi войскамi генерала Люцыяна Жалiгоўскага. У знак пратэсту перабраўся ў Коўна. Далейшы свой лёс ён звязаў з летувіскай дзяржаўнасцю i развiццём летувіскай культуры. У 1922 г. М. Ромер быў зацверджаны прафесарам адмiнiстрацыйнага права Ковенскага унiверсiтэту. Пазней двойчы выбiраўся рэктарам.

У 1940 г. ён зноў вярнуўся ў Вiльню, каб узначалiць пераведзены сюды летувіскi унiверсiтэт. Па ягонай iнiцыятыве былi арганiзаваныя дыскусii з удзелам польскiх i летувіскiх дзеячаў дзеля дасягнення польска–летувіскага паразумення. У час нямецкай акупацыi Мiхал Ромер меў дачыненне да арганiзацыi тайнага навучання ў Вiльнi, падтрымлiваў сувязi з рухам супрацiўлення. Памёр 22 лютага 1945 г.

М. Ромер пакінуў пасля сябе досыць значную навуковую спадчыну. Варта адзначыць такія даследванні як, напрыклад, “Stosunki etnograficzno–kulturalne na Litwie” (Kraków, 1906), “Litwa. Studium o odrodzeniu narodu litewskiego” (Lwów, 1908), “Administracinis teismas” (Kaunas,1928), “Dabartines konstitucijos” (Kaunas,1932), “Sovietu naujoji 1936 metu konstytucija” (Kaunas,1938).

Асобнае месца ў спадчыне Міхала Ромера займае ягоны дзённік. Першы запiс у дзённiку быў зроблены 1 студзеня 1911 г. Звычайна кожнаму дню прысвячалася адна старонка. Аднак iншым разам для апiсання нейкай важнай падзеi месца не хапала, i М. Ромер працягваў аповед у наступныя днi. Такiм чынам, захавалася апiсанне амаль дванаццацi з паловай тысяч дзён з жыцця гэтага чалавека.

Доўгі час дзённік быў недаступны даследчыкам. Справа ў тым, што М. Ромер дазволіў карыстацца ім толькі праз 25 гадоў пасля яго смерці. Аўтарам першай публікацыі, прысвечанай гэтай гістарычнай крыніцы, быў Вінцас Марцінкенс. Ягоны артыкул быў змешчаны на старонках часопіса “Kulturos barai” ў 1976 г. Таксама трэба адзначыць публікацыю гісторыка з Варшавы Браніслава Макоўскага (“Michal Romer i jego dziennik”), надрукаваную ў кракаўскім “Czasie” (1989, №6). На пачатку 90–х г. дзённік стаўся аб’ектам інтэнсіўных даследаванняў летувіскіх і польскіх навукоўцаў.

Першыя 34 тамы дзённiка (ад 1.01.1911 да 20.05.1933) захоўваюцца ў аддзеле рукапiсаў БАНЛ (F 138). Астатнiя — у аддзеле рукапiсаў бiблiятэкi Вiленскага універсітэту.

Для беларускiх навукоўцаў асаблiвую цiкавасць уяўляюць першыя шэсць тамоў (да мая 1915 г.). Яны з’яўляюцца выключна важнай крыніцай па гісторыі літоўскіх краёўцаў, ствараюць магчымасць дэтальнага аналізу гісторыі польскага руху ў Літве і, у першую чаргу, яго дэмакратычнай плыні.

Запісы дзённіка ўтрымлiваюць iнфармацыю пра дзейнасць вiленскага беларускага кола, цэнтрам якога была рэдакцыя “Нашай Нiвы”. М. Ромер даволi блiзка ведаў братоў Луцкевiчаў i Аляксандра Уласава. (Некаторыя старонкі дзённіка выклікаюць жаданне ўжыць слова “сябраваў”.) Ён неаднаразова сустракаўся з Іванам Краскоўскiм, Вацлавам Ластоўскiм i Вацлавам Іваноўскiм. Сярод ягоных знаёмых быў Янка Купала i некаторыя iншыя дзеячы беларускага руху.

Што ж сабой уяўляла пазiцыя аўтара? Якiм быў той пункт погляду, зыходзячы з якога М. Ромер выказваў свае адносiны да падзеяў i асобаў беларускай, летувіскай i польскай гiсторыi?

У дачыненнi да перыяду 1911–1915 г. крэда Мiхала Ромера як краёўца–дэмакрата заставалася нязменным. Ён зыходзiў з iснавання адзiнага краёвага грамадства, незалежнага ад этнiчнай свядомасці таго або іншага “грамадзяніна краю”. У грамадска–палiтычнай дзейнасцi iмкнуўся да пабудовы “адзiнага грамадскага будынку, а не шэрагу этнiчных хатаў”. (t.2, s.89. Запiс ад 13 /26/.11.1911). Якраз таму намаганнi дзеячаў асобных этнiчных рухаў па стварэнні лепшых палiтычных i культурных умоваў для развiцця ўласнага этнасу ён расцэньваў як праявы этнiчнага шавiнiзму (па тэрмiналогii М. Ромера — “нацыяналiзму”) i нязменна асуджаў. Падмуркам “адзiнага краёвага будынку” для аўтара дзённiка быў дэмакратычны лад жыцця. Ромер лічыў, што толькі ў гэтым выпадку будуць створаны адпаведныя ўмовы для ажыццяўлення патрабаванняў кожнага этнаса краю.

М.Ромер і ягоныя аднадумцы адназначна ставілі на пярэдні план інтарэсы “вырабляючых класаў” (“klas wytwarząjacych”). Яны былі ўпэўненыя, што задавальненне сацыяльных, эканамічных і культурных патрабаванняў сялян, рабочых, рамеснікаў, інтэлігенцыі з’яўляецца неабходнай умовай далейшага грамадскага прагрэсу. У адрозненні ад дактрыны лібералізму яны лічылі неабходным актыўны ўдзел у гэтым працэсе дзяржавы як заканадаўчага і кантралюючага органа. У першую чаргу гэта адносілася да вырашэння аграрнай праблемы. (Gazeta Wileńska. 1906, №1)

Погляды краёўцаў–дэмакратаў на праблемы сацыяльнага і эканамічнага жыцця набліжаліся да праграмы ППС. Зусім невыпадкова некаторыя з іх (Аляксандр Заштаўт, Вітальд Абрамовіч і інш.) удзельнічалі ў сацыялістычным руху.

Пад “адзіным краёвым будынкам” у 1911–1915 г. разумелася існаванне самастойнай Літоўскай дзяржавы, якая б працягвала традыцыі Вялікага Княства Літоўскага. Праблема уніі з Польшчай абвяшчалася прэрагатывай Сейма ў Вільні, скліканага на падставе ўсеагульнага, роўнага і простага выбарчага права.

У разважаннях пра сутнасць краёвай пазіцыі М.Ромера цяжка стрымацца ад заўвагi наконт пэўнага рамантызму гэтай пазіцыі. Працэсы культурнага Адраджэння прыгнечаных царызмам народаў Лiтвы набылi амаль незваротны характар. “Тутэйшыя” станавiлiся не краёўцамi, а палякамi, летувісамі, рускімі або беларусамi.

Якiя ж сюжэты дзённiка заслугоўваюць асаблiвай увагi даследчыкаў беларускай гiсторыi?

Адразу варта адзначыць запiсы, прысвечаныя спатканням М. Ромера з беларускiмi дзеячамi. Гэтыя сустрэчы насiлi як дзелавы, так i сяброўскi характар. М. Ромер любiў наведваць рэдакцыю “Нашай Нiвы”, атмасфера якой яму вельмi падабалася. На старонках дзённiка ён, у прыватнасцi, адзначаў адданасць беларусаў “сваёй справе, якая ўспрымаецца iмi не як механiчная работа або прафесiйны абавязак, а як жывая творчасць, як найбольш поўнае праяўленне iх жыцця, iх энергii, iх волi.” (t.1, s.38. Запiс ад 7/20/.02.1911. Гл. дадатак). Аўтарскiя характарыстыкi i заўвагi, якiя датычаць многiх славутых беларускiх палiтыкаў i дзеячаў культуры, ствараюць магчымасць глыбокага асэнсавання iх пазiцый па самых розных аспектах грамадска–палiтычнага i культурна–рэлiгiйнага жыцця ў краi. Цiкавасць выклiкаюць i некаторыя агульныя разважаннi аўтара дзённiка пра беларусаў i Беларусь. (Гл. дадатак).

Цалкам новы для беларускай гiстарыяграфii факталагiчны матэрыял утрымлiваюць запiсы, у якiх адлюстравалiся кантакты памiж дзеячамi дэмакратычных плыняў польскага, беларускага, літоўскага i яўрэйскага рухаў i прадстаўнiкамi расійскай дэмакратычнай грамадскасцi.

У першую чаргу, гэта датычыць выдавецкай дзейнасцi. У маi 1911 г., як адзначыў М.Ромер, упершыню была выказаная iдэя арганiзацыi мiжэтнiчнага дэмакратычнага выдання ў Вiльнi. Спачатку гэта павiнна была быць так званая “аднадзёнка” (“jednodniówka”), г.зн. аднаразовае сумеснае выданне. Пазней размовы пайшлi пра штотыднёвiк або штодзённае выданне. Аднак спробы рэалiзацыi гэтай iдэi выявiлi непадрыхтаванасць дэмакратаў да такога цеснага супрацоўнiцтва. Мiхала Ромера асаблiва ўсхваляваў недавер часткi польскiх дэмакратаў да беларусаў. Урэшце, як сведчаць запiсы дзённіка, менавiта беларусы ўзялi iнiцыятыву ў свае рукi. У другой палове 1912 г. Антонам Луцкевiчам быў распрацаваны план цэнтралiзацыi краёвага дэмакратычнага друку. Сам А.Луцкевiч i пачаў яго рэалiзацыю.

У вынiку да беларускага дэмакратычнага друку (“Наша Нiва” i “Саха”) далучылiся штодзённыя рускамоўная “Вечерняя газета” [**] (з верасня) і польскамоўны “Kurier Krajowy”[***](з лiстапада). Яны таксама выдавалiся беларусамi. Антон Луцкевiч iнкогнiта кiраваў “Вечерней газетой”. Гэта, дарэчы, пацвярджаюць матэрыялы Дэпартамента палiцыi, агенты якога ўстанавiлi iмя сапраўднага рэдактара газеты. (ДАРФ. Ф.102, асобны аддзел, 1913, в.243, ад.з. 157, a.1,8) і матэрыялы фонда імя музея Івана Луцкевіча, якія захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве–музеі літаратуры і мастацтва (БДАМЛіМ. Ф.3, в.1, ад.з.260, а.9).

Адначасова Антон Луцкевiч актыўна ўдзельнiчаў, а часам фактычна кiраваў выданнем “Кур’ера краёвага”. М. Ромер быў у курсе ўсiх справаў гэтай газеты, бо меў непасрэднае дачыненне да яе з’яўлення, а з сакавiка 1913 г. увайшоў у склад яе рэдакцыi.

Артыкулы Антона Луцкевiча ў гэтых выданнях друкаваліся або без подпiсу, або пад псеўданiмамі цi крыптанiмамi. Аднак параўнальны аналiз матэрыялаў дзённiка М. Ромера, публiкацый “Вечерней газеты” i “Кур’ера краёвага” дазваляе раскрыць аўтарства Антона Луцкевiча i пашырыць базу крынiц па гiсторыi беларускага Адраджэння рускамоўнай i польскамоўнай спадчынай беларускага дзеяча. Варта адзначыць, што ў гэтых публiкацыях А. Луцкевiч выступаў як краёвец–дэмакрат, якi, аднак, трактаваў краёвасць на карысць беларускага народа. “Беларускi ўхiл” краёвасцi А.Луцкевiча можа быць тэмай асобнага даследавання.

Увагу беларускiх даследчыкаў павiнен прыцягнуць i “масонскi сюжэт”. Справа ў тым, што кантакты памiж польскiмi, беларускiмi, летувіскiмi, яўрэйскiмi i рускiмі дэмакратамi Вiленшчыны адбывалiся i на пасяджэннях вiленскiх масонскiх ложаў. Як сведчаць запiсы дзённiка, Іван Луцкевiч i Іван Краскоўскi ўваходзiлi ў склад ложы “Адзiнства” (“Jedność”), заснаванай у 1910 г., Антон Луцкевiч i Вацлаў Ластоўскi — у склад ложы “Лiтва”, заснаванай у 1911 г. Пасля афармлення ў 1914 г. ложы “Беларусь” А. Луцкевiч i І. Краскоўскi перайшлi ў яе склад (t.4, s.404. Запiс ад 4.(17).03.1915).

Сам М. Ромер быў прыняты ў ложу “Адзiнства” ў сакавiку 1911 г. У канцы гэтага ж года ён узначалiў ложу “Лiтва”.

Вiленскiя масонскiя ложы былi аддзяленнямi “Вялiкага Усхода Францыi” (з 1913 г.(?) “Вялiкага Усхода Народаў Расii”) — арганiзацыi, у якую ўваходзіла шмат вядомых палiтычных дзеячаў Расii, пераважна лiберальна–дэмакратычнага кiрунку. Паведамленнi пра сходы “братоў” змешчаныя ў дзённiку ў зашыфраваным выглядзе. Тым не менш яны дазваляюць зразумець этнiчны i колькасны склад чарговага масонскага пасяджэння. Таямнiцу вiленскiх масонаў М. Ромер раскрыў у т.4. (Пазней звярнуўся да яе ў т.17 i 28.) Раскрыццё таямнiцы было звязана з тым, што ў гэты час М. Ромер прыняў рашэнне аб пераходзе лiнii фронту. Усведамляючы ўсю небяспеку “падарожжа”, ён і вырашыў расказаць пра iдэалогiю вiленскiх масонаў i гiсторыю стварэння ложаў. М.Ромер аспрэчваў успрыманне масонаў як тайнай арганiзацыi, накiраванай супраць агульначалавечых каштоўнасцяў. Ён сцвярджаў, што “браты” вiленскiх ложаў iмкнулiся да “братэрства, любовi i вольнасцi чалавечага духу”. Іх мэтай было ператварэнне гэтых прывабных лозунгаў у “рэальнасць сумлення, дзеянняў i адносiнаў у чалавечым сужыццi” (t.4,s.403.Запiс ад 3.(16).03.1915).

“Масонскiя матэрыялы”, успрынятыя як у кантэксце ўсяго дзённiка, так і ў кантэксце грамадска–палiтычнай i культурнай дзейнасцi, спамянутых у запiсах “вiленскiх братоў”, абвяргаюць распаўсюджанае ў масавай свядомасці негатыўнае ўспрыманне масонаў. Форма масонскай арганiзацыi давала магчымасць ва ўмовах палiтычнага i грамадскага бяспраўя змагацца за перабудову расiйскай дзяржавы на прынцыпах дэмакратыi i гуманiзма.

Дзённiк пазнаёмiць беларускiх даследчыкаў з фактамi прапаганды iдэалогii беларускага руху i краёвасцi (у беларускiм разуменнi), якая актыўна вялася ў Вiльнi беларусамi “нашанiўскага кола”.

Увагу гiсторыкаў прыцягнуць спробы паразумення i каардынацыi дзейнасцi дэмакратычных элементаў усiх этнiчных рухаў напярэдаднi выбараў у IV Дзяржаўную думу ў Вiльнi. Дарэчы, самую актыўную ролю ў пошуках паразумення выконваў А. Уласаў.

Дзённiк дазваляе ўзняць праблему кантактаў дзеячаў “нашанiўскага кола” з Канстытуцыйна–дэмакратычнай партыяй “Народнай свабоды”.

Абмеркаванне будучынi Літвы выклiкала пэўны крызiс у беларуска–летувіскіх адносiнах. Запiсы дзённiка адлюстравалi сутыкненне летувіскай канцэпцыi аўтаномii “этнаграфiчнай Летувы” з далучанымi да яе каталiцкiмi рэгiёнамi Вiленшчыны i Гродзеншчыны i са сталiцай у Вiльнi і беларускай канцэпцыі аўтаномii “гiстарычнай Лiтвы”. Беларусы лiчылi Вiльню сталiцай усяго краю, а летувіскія прэтэнзii на Гродзеншчыну i Вiленшчыну расцэньвалi як захопнiцкiя. Дарэчы, дзённiк стварае магчымасць аналiзу адносiнаў розных колаў польскай i летувіскай грамадскасцi да беларускага культурнага i палiтычнага руху.

Далучэнне дзённiка Мiхала Ромера да ліку асноўных гiстарычных крынiц беларускай гісторыі павiнна значна ўзбагацiць нашае разуменне працэсаў беларускага Адраджэння пачатку ХХ ст.

***

“<…> Увечары пару гадзін правёў сярод беларусаў, у рэдакцыі “Нашай Нівы”. Кола супрацоўнікаў “Нашай Нівы” для мяне з’яўляецца адным з самых прывабных і сімпатычных у Вільні. Ёсць у іх вялікая шчырасць волі, моцная адданасць справе, якая ўспрымаецца імі не як механічная работа або прафесійны абавязак, а як жывая творчасць, як найбольш поўная праява іх жыцця, іх энергіі, іх волі. Яны цалкам паглыблены ў сваю справу, толькі ёй і жывуць. Кожны з іх — адметная асоба, кожны мае выразную і непаўторную індывідуальнасць. Пэўная шаблоннасць думак і дзеянняў, якую часта нараджае калектыўная праца, у беларусаў цалкам адсутнічае. Яркая індывідуальнасць кожнага з іх тлумачыцца шчырымі, сумленнымі адносінамі да справы. Пры энергічнай дзейнасці індывідуальнасць не нівелюецца паводле пэўнага шаблону, а развіваецца, набывае выразныя контуры, што спрыяе найбольш поўнаму выяўленню асобы.” (t.1,s.38. Запiс ад 7.(20).02.1911.).

“<…> У гэтым краi, у Белай Русi, дзiўна перамяшалiся Усход i Захад. Гэта адбiлася на пачуццёвым успрыманнi народа i знайшло свой выраз у характары мясцовай культуры. Белая Русь — гэта край памежжа Заходняй Еўропы i Вiзантыйскага Свету. Гэтыя два цывiлiзацыйныя тыпы, дзве гiстарычныя культуры, супрацьлеглыя як два полюсы, на гэтай зямлi ў душы народа iснуюць у поўнай згодзе.

Цывiлiзацыйны падзел найбольш выразна адчуваецца ў рэлiгii — ва ўсходнiм праваслаўi i заходнiм каталiцызме. Абодва веравызнанні iснуюць побач, а народная маса, не звяртаючы ўвагi на рэлiгiйную прыналежнасць асобы, аднолькава прымае i адну i другую. Святы i iншыя ўрачыстасцi праваслаўнай царквы збiраюць у пэўныя днi i ў пэўных месцах усё насельнiцтва. Збiраюцца праваслаўныя i каталiкi, у тым ліку засцянковая, акалiчная i фальварачная дробная шляхта. Тое самае адбываецца i на каталiцкiя святы, якiя прываблiваюць праваслаўнае насельнiцтва нават з далёкiх вёсак. Тым самым людзi захоўваюць традыцыi i iнстынктыўна дэманструюць адзiнства культуры i веры, фармальна падзеленай на два светы, на два веравызнаннi.

У гэтых несвядомых праявах хаваецца сэнс гiстарычнай ролi Беларусi, доўжыцца жыццё старажытнай царкоўнай i культурнай Унii, якая нарадзiлася на гэтай зямлi i, насуперак скасаванню, працягвае жыць. Перамена праваслаўнага веравызнання на каталiцкае i наадварот адбываецца тут без якойсьцi глыбокай духоўнай i культурнай перамены ў жыццi асобы. Народнае асяроддзе, як сялянскае, так i дробнашляхецкае, прасякнута i насычана аднолькава ўсходнiм i заходнiм пачаткамi, якiя маюць роўныя правы грамадзянства i пароўну прысутнiчаюць у псiхiцы народа.” (t.3, s.315. Запiс ад 8.(21).11.1913 г.)

Пераклад з польскай мовы А. Смалянчука



[*] Лiтва разумелася як гiсторыка–культурны феномен i ўключала ўсе тэрыторыi i народы былога Вялiкага Княства Лiтоўскага. У гэтым самым сэнсе назву ўжывае і аўтар артыкула.

[**] “Вечерняя газета” — штодзённая газета на рускай мове. Выдавалася з 18.09.(1.10)1912 г. да 11(24).06.1915 г. Назва №1,2 — “Вечерняя газета–копейка”. Афіцыйны рэдактар–выдавец — Ф.М.Хатэнка. Пазней — Н.В.Сперанская.

[***] “Kurier Krajowy” — штодзённая газета на польскай мове. Выдавалася з 30.11.(12.12)1912 г. да 18.04.(1.05)1914 г. Афіцыйны рэдактар–выдавец — Юліуш Сумарок. Пазней — Алена Юрэвічова, Стэфан Піатровіч.

Наверх

Алесь Сімакоў. «Iндзейская вайна» Тадэвуша Касцюшкi


Існуе вялiкая лiтаратура пра ўдзел Тадэвуша Касцюшкi ў амерыканскай вайне за незалежнасць; бiёграфамi кiраўнiка «польскага» паўстання нярэдка ўпамiнаецца і пра ўцягненне ў яе iндзейцаў, але спецыяльна пытанне сутыкнення Касцюшкi з карэннымi жыхарамi Амерыкi не даследава лася.

Пасля першапачатковых намаганняў па стварэнні ўмацаванняў на беразе р.Дэлавэр ён быў прызначаны галоўным iнжынерам армii Поўначы, якая была арганiзавана Кангрэсам вясной 1777 г. для супрацьдзеяння англiйскай пагрозе з Канады і Нью-Ёрка. Першая спроба спынiць рух войскаў генерала Джона Бэргайна каля форта з iндзейскай назвай Тайкандэрога, няўдалая з-за недахопу часу на перабудову абароны, згадваецца ў «Апошнiм з магiканаў» Дж.Ф.Купера.
Чытаць далей →

Джойс Эплбай. Сіла гісторыі


* Appleby, Joyce. The Power of History // American Historical Review. V.102 (1998) Nr.1. P.1—14.

Джойс Эплбай пачала сваю кар’еру гісторыка ў Дзяржаўным Універсітэце Сан Дыега ў 1967 г. З 1981 г. яна выкладала ў UCLA раннюю амерыканскую гісторыю. Апрача ранняе гісторыі Амерыкі, яна піша пра Англію і Францыю XVII i XVIII ст. Яе заўжды цікавіла, якім чынам змены ў эканамічных сістэмах спараджаюць новыя ўяўленні пра людскую натуру і сацыяльную чыннасць. Галоўныя працы: “Economic Thought and Ideology in Seventeen–Century England” (“Эканамічная думка і ідэалогія ў Англіі семнаццатага стагоддзя”) (1978), “Capitalism and a New Social Order: The Republican Vision of the 1790s” (“Капіталізм і новы грамадскі лад: Рэспубліканскі погляд на 1790–я гады”) (1984), “Liberalism and Republicanism in the Historical Imagination” (“Лібералізм і рэспубліканства ў гістарычным уяўленні”) (1992) і “Telling the Truth about History” (“Гаворачы праўду пра гісторыю”, разам з Лін Хант і Маргарэт Джэйкаб — Lynn Hunt and Margaret Jacob) (1994). Цяпер сп. Дж. Эплбай з’яўляецца прэзідэнтам Амерыканскай Гістарычнай Асацыяцыі. Гэты артыкул свайго прэзідэнта АГА дазволіла Беларускаму Гістарычнаму Агляду апублікаваць у беларускай мове gratis.

На другім курсе коледжу, прыблізна гэтай сама парой у 1948 г., я пастанавіла спецыялізавацца ў гісторыі. З таго часу мінула пяцьдзесят гадоў. Я хацела б узгадаць гэтыя гады і памеркаваць, якое тады было нашае становішча як групы навукоўцаў і выкладчыкаў і, што важней, як мы маглі б павялічыць свой уплыў на сучаснасць. Можа, гэта гучыць прэтэнцыёзна, але гісторыя мае вялізарную моц, а мы, гісторыкі, знаходзімся з ёй у адмысловых дачыненнях.

Я не думаю, што наш час — час асабліва шпаркіх зменаў. Нашая старая планета і людскі род на ёй на працягу вякоў зазналі багата драматычных трансфармацыяў. Калі хто думае, што ягоны час — час асабліва хуткіх зменаў, гэта адно фанабэрыя. З такім падыходам я не магу пагадзіцца. Гэтаксама ж і набліжэнне дваццаць першага стагоддзя не выклікала ўва мне міленарыстычных прадчуванняў. Усё ж я перакананая, што ў любыя часы — добрыя ці кепскія, крытычныя, пераходныя ці нармальныя — гісторыя можа дапамагчы людзям думаць лепш, жыць багацей і дзейнічаць разумней.

Маёй улюбёнай цытатай з Карла Бэкера я звычайна сканчаю свае развагі, але гэты артыкул я хачу з яе пачаць. Насуперак непарушнай перакананасці шмат каго з ягоных калегаў у навуковых падставах гісторыі, Бэкер лічыў, што гісторыя мае не навуковую, а маральную каштоўнасць: „Разнявольва ючы розум, паглыбляючы спагаду, умацоўваючы волю, гісторыя, — цвердзіў ён, — дазваляе нам панаваць не над грамадствам, а, што нашмат важней, над сабою; яна рыхтуе нас да таго, каб жыць у сучаснасці па-людску і сустракаць будучыню, а не прадказваць яе»[1]. Вядома, гэтае пачуццё нам сёння добра знаёмае, але з Бэкеравых да нашых часоў гістарычная навука спатыкалася з многімі выклікамі, якія карэнным чынам змянілі наш спосаб мыслення пра мінуўшчыну і пра людскі досвед.

Правёўшы адрозненне паміж маральнай і навуковай каштоўнасцю гісторыі, Бэкер робіць крытычную заўвагу пра ўздзеянне гісторыі на жыццё: каб здабываць карысць з поспехаў навукі, людзі не канечне мусяць іх разумець. Яны, можа, з цяжкасцю адрозняць мікроба ад пылінкі, але пакуль гэтую розніцу разумеюць дактары, людзі будуць вылечвацца ад хваробаў. Тое самае льга сказаць пра сацыяльна-навуковыя доследы рэцыдывізму, цяжарнасці непаўналетніх або фінансавых прагнозаў: тыя, хто карыстаецца з гэтых ведаў, не канечне мусяць іх разумець. Не так з гісторыяй. Каб споўніць сваё заданне, яна павінна быць набыткам асобы, і таму на нас — тых, хто навучае гісторыі, дэманструе яе, захоўвае, даследуе і піша, — ляжыць абавязак, які значна адрозніваецца ад абавязкаў іншых навукоўцаў: каб рабіць уплыў, мы павінны ўсталяваць з сваёй аўдыторыяй інтэлектуальную повязь.

Сёння мы сутыкаемся з выклікам, які радыкальна адрозніваецца ад выкліку Бэкеравых часоў. Застой у нашым дыялогу з публікай паходзіць не ад лішне пазітывісцкага погляду на гісторыю, а зусім наадварот — з блытаных уяўленняў пра прыроду гістарычных ведаў і таго, наколькі яны вартыя даверу. Такая блытаніна лёгка можа спараджаць абыякавасць, нават антаганізм да прадмету. Нельга пазнаць, што мае паведаміць гісторыя, зыходзячы з няслушных уяўленняў пра сутнасць гісторыі і метады, якімі гісторыкі — як аматары, так і прафeсіяналы — здабываюць веды пра мінуўшчыну. І што яшчэ горш, без такога разумення вы лёгка купляецеся на плёткі пра вайну культураў і пра акадэмічныя змовы. Калі сумненні ў грунтоўнасці гістарычных ведаў былі выказаныя, трэба адказаць на іх.

Недавер публікі да гістарычных ведаў нагадвае мне эпістэмалагічныя крызісы, пра якія піша ў сваім задзірлівым артыкуле Аласдэйр МакІнтайр[2]. „Эпістэмалагічны крызіс» — гучная назва таго, што адбываецца ў свядомасці чалавека, калі абрынаецца ўся ягоная сістэма прыпушчэнняў, звычайна тады, калі ён неспадзявана даведваецца, напрыклад, пра здраду сябра або карупцыю ў паважанай установе. У гэты момант, тлумачыць МакІнтайр, мы можам або ўхапіцца за новы набор прыпушчэнняў, як за ратавальнае кола, або падысці больш па-філасофску і задумацца над адносінамі нашых прэсупазіцыяў да практычных учынкаў. Апошні, інтраспекцыйны адказ МакІнтайру выразна даспадобы; адгэтуль робіцца выснова, што становішча ў гэтым выпадку можа паправіць наратыў, бо гістарычны наратыў дазваляе чалавеку або цэлай галіне, якія зазналі эпістэмалагічны крызіс, растлумачыць, чаму ранейшыя, памылковыя меркаванні аказаліся непрыдатнымі, адале праз гэтае тлумачэнне глыбей зразумець, як гэтыя меркаванні ўплываюць на ўчынкі. Наратыў, які ўключае ў сябе пераход ад бяздумнае веры да ўражанае няверы, адале да найпаўнейша га разумення, аднаўляе каштоўнасць людскога разумавання.

На маю думку, шмат хто з адукаванае публікі церпіць сёння на эпістэмалагічны крызіс у дачыненні да гісторыі. Яны, можа, не скажуць, у якім стагоддзі была Трыццацігадовая вайна, але напэўна чулі пра рэвізіянізм. Яны ведаюць, што прадмет, самая пэўнасць якога знудзіла іх да глыбіні душы, раптам затросся як у трасцы. Супярэчлівыя звесткі пра Галакаўст, спрэчкі адносна выкарыстання атамнае бомбы, з’яўленне ў школьных падручніках Гарыет Табмэн, апісанні дэмаграфіч нае катастрофы, якая надышла пасля высадкі Калумба ў Новым Свеце, выклікі, кінутыя міфу пра межы, не кажучы пра гаворкі аб дэканструкцыі і шматпогляднасці, — усё гэта прывяло да таго, што мінулае стала радыкальна менш знаёмым.

Гісторыкі, на маю думку, складаюць групу, ідэальна здатную растлумачыць публіцы, як мы пераходзім ад фактаў да наратываў. Мы здатныя на гэта часткова таму, што працэсы, шляхам якіх мы рэканструюем падзеі, не надта далёкія ад штодзённага мыслення. Што яшчэ важней, мы прайшлі доўгі шлях самавывучэння, якое дало нам моцную свядомасць канцэптуальных падставаў гісторыі. Мы ведаем цяпер, якім чынам на нашую навуку ўздзейнічаюць мова, логіка і сацыяльныя прадпісанні. Мы даследавалі сваю працу як рамяство, як культурны артэфакт і як сродак улады. З цягам нашага эпістэмалагічнага крызісу звычайныя словы, накшталт „рэпрэзен тацыя», „тэксты», „інтэрпрэтацыя», „жанры» і „досвед», набралі дэльфійскіх абертонаў. Гэтая праца, не заўжды прыемная, узняла і свядомасць, і гнеў, зрабіўшы з нас добрых навігатараў для плавання праз неспакойныя інтэлектуальныя воды. Пра гэта я і хачу гаварыць — пра курс, які мы трымалі апошнім часам, і пра тое, як уключыць наш позірк на мінулае свае прафесіі ў шырэйшую публічую дыскусію.

Мой аповед абыймае раманы, якія нашая дысцыпліна мела спярша з новай сацыяльнай гісторыяй 1960-х і 1970-х, далей з канцэпцыяй сацыяльнае будовы рэальнасці, а нарэшце з усюдыіснымі ўплывамі постмадэрнізму. Іх эфекты розніліся між сабою, але часткова супалі ў часе і ў спрычыненых імі наступствах. Яны адзначылі рэзкі адыход ад таго разумення гісторыі, якому я навучалася студэнткаю пяцьдзесят гадоў назад. Што важней, як я паказваю ў заключэнні, — стварэнне гістарычнага наратыву пра наш уласны эпістэмалагічны крызіс якраз дазволіла б нам павярнуць публіку тварам да гісторыі, а разам з тым выйсці з закасцянелых катэгорыяў думкі, выбіцца з палітычных выкарыстанняў мінуўшчыны і здабыць рэалістычнае ўяўленне пра тое, як мы творым веды.

Вернемся на хвілінку да таго, з чаго я пачынала ў 1948 г. Хоць скептыцызм Карла Бэкера адносна гістарычных фактаў шырыўся паўсюль — у прыватнасці, і то вельмі выразна, у ягонай прамове 1931 г. у якасці прэзідэнта AГA „Кожны сам сабе гісторык» — але калі ў сярэдзіне стагоддзя я падалася ў навуку, гістарычныя тэксты ўсё яшчэ насілі ўпэўнена эмпірычны характар і выразна прэтэндавалі на боскую ўсеабдымнасць і ўсяведнасць. Улюбёнаю класнаю забаўкаю было выкрывальніцтва, а паколькі пільная ўвага аддавалася палітыцы і яе дапаможным тэмам — дынастыям, выбарам, дыпламатыі і вайне, — то матэрыялу для выкрыцця хапала. Несумненна, у Бэкера заставаліся дасведчаныя нашчадкі, але не яны ставілі мне адзнакі на іспытах.

Толькі напрыканцы 1960-х г., атрымаўшы ступень доктара філасофіі, я ўпершыню балюча сутыкнулася з эпістэмалагічным крызісам. Ён надышоў праз майго мужа. Калі ў 32 гады я вярнулася ў аспірантуру, усе мае прафесары былі нашмат старэйшыя за мяне. А калі праз шэсць гадоў мой муж пачаў сваю доктарскую працу, усё было якраз наадварот. Усе ягоныя прафесары былі нашмат маладзейшыя і поўныя маладатуркаўскага імпэту. Прагнучы падзяліцца сваёю навукаю, ён прынес навіну пра нейкую так званую „мадэль».

— Што такое мадэль? — запытала я.

— Ну, гэта спосаб, каб зрабіць свае меркаванні дакладнымі. Ты ўтвараеш іхную мадэль.

— Дык гісторыкі збіраюцца пачаць пісаць пра мадэлі?

— Гэта не прадмет; гэта канцэпцыя ў тваёй галаве.

— Толькі не ў маёй.

Сказаць, што гэтая гутарка пра мадэлі мяне раз’юшыла, значыць яшчэ недаацаніць трывогу новаспечанага доктара, які адчувае, што ўжо састарэў, і дзіву даецца, гледзячы, як лёгка гісторыя можа сумяшчацца з чаравікамі з каляровымі саюзкамі і з шлягерамі Сінатры.

У адным з сваіх эсэ („Гісторык і Даследчык грамадства») Г. Стуарт Х’юдж добра перадае пачуццё Zeitgeist (духу часу), якое панавала ў нашай прафесіі ў 1963 г. і якое я мімаволі адбіла. Гэтае эсэ — не толькі шэдэўр яснага розуму, але і адзнака свайго часу. Правёўшы год у Стэнфардзкім Цэнтры перадавых доследаў у навуках пра паводзіны, Х’юдж з запалам нованаверненага пачаў намаўляць гісторыкаў пераняць некаторыя мэтады сацыяльных навук, у тым ліку пабудову мадэляў. Пахваліўшы сваіх калегаў за абачлівасць, з якой яны адкінулі метагісторыі Освальда Шпэнглера і Арнольда Тойнбі, ён адразу ж нагадаў, што існуюць і ніжэйшыя ўзроўні абагульнення, ужо ўжываныя гісторыкамі і закладзеныя ў такіх тэрмінах, як „індустрыялізацыя», „адукацыя» або „рэвалюцыя». За імі, нагадаў ён, стаяць мадэлі — зноў тое самае слова, — якія гісторыкі мусяць канкрэтызаваць. Далей Х’юдж перайшоў да апісання дэскрыпцыйных мэтадаў — доследаў грамадскае думкі, выбарачных мэтадаў (sampling techniques, prуbkowanie), праекцыйных тэстаў, кантэнт-аналізу і маштабавання (scaling) — якія маглі б надаць гістарычным доследам дакладнасць і аналітычную строгасць. Х’юдж спадзяваў ся, што гэтыя стрэлы з калчана сацыяльных навук зваляць улюбёныя гісторыкамі гегелеўскія дыхатаміі, расчышчаючы месца для градацыяў і плаўных пераходаў[3].

Аднак сацыёлагі падрыхтавалі для гісторыкаў нешта іншае. Яны намагаліся выпрацоўваць усё шырэйшыя абагульненні адносна людскіх паводзінаў, і сярод прапанаваных імі гіпотэзаў шмат якія чакалі для свае праверкі якраз такіх людзей, як гісторыкі з іх эмпірычнымі схільнасцямі: напрыклад, гіпотэзы пра фармаванне сям’і, выбарчыя паводзіны, выбар мадэляў рассялення і выбарчыя цыклы. Гістарычныя сведчанні маглі даць матар’ял для гіпотэз географаў пра канцэнтрыч ныя колы росту местаў або праведзенага сацыёлагамі адрознення паміж стымуляванай і вымушанай мабільнасцю (sponsored and challenged mobility).

Нельга не рассмяяцца (і не падзівіцца), гледзячы, з якой асцярожнасцю Х’юдж усхваляў трыумфы схематызацыі і правяральных гіпотэзаў, ведаючы, што плойма знаўцаў квантыфікацыі ўжо стаіць напагатове, каб перакуліць дагары нагамі ўсю дысцыпліну праз свае статыстычныя чарадзействы. Можна вобразна ўявіць сабе, як у 1963 г. Х’юдж прыціскаецца да сценкі, каб яго не затаптаў натоўп студэнтаў, бегучы да сваіх перфакартаў. Праца гэтых маладых квантыфікатараў адразу прынесла істотныя канцэптуальныя і ідэалагічныя наступствы. Дагэтуль метады гісторыкаў грунтаваліся на сведчаннях (evidence), а не на звестках (data), і засяроджваліся на дапытванні нежывых сведкаў або вызначэнні сапраўднасці дакументаў. Здаецца, ніколі дагэтуль гісторыкі не фармулявалі адкрыта прыпушчэнняў, якія стаяць за іхнымі доследамі, і не прызнавалі, што аналіз для іх важнейшы за апісанне. Дзвюма гэтымі рэчамі сацыяльныя гісторыкі ўзнялі свядомасць усяе дысцыпліны.

Змяніліся і аб’екты ўвагі. Гадамі традыцыйныя метады гістарычнае навукі выключалі даследаванне звычайных людзей. Цяпер гэты недахоп запоўніўся дзякуючы выкарыстан ню кампутараў разам з сацыяльна-навуковымі метадамі, што пацвердзіла слушнасць досціпу Эрнэста Гомбрыча: „Дзе ёсць спосаб, ёсць і воля». Сапраўды, узнікла магчымасць адкрыць нешта значнае пра звычайных людзей мінулага, якія запалілі ў вучонага даследніцкі шал. Палаючы сацыяльнай цікаўнасцю, яны імкнуліся да такой усеабдымнасці ведаў пра мінулае, каб Томаса Джэфэрсана можна было ўспомніць у атачэнні ягоных дачок і ўнукаў, рабоў у Монтычэла, бедных фермерскіх сем’яў у графстве Олбемарл і ўсяго спектру выбаршчыкаў, што абралі яго на прэзідэнта. Неўзабаве зрабілася дзіўным, як можна было дагэтуль адрываць Джэфэрсана і іншых славутых людзей ад іхнага жыццёвага досведу. Гэтае здзіўленне дапамагло нам усвядоміць, якім чынам пэўная канвенцыя ў пісанні гісторыі — цяпер дзіўная нам — набыла натуральнасць, якая не патрабуе доказаў.

Новая сацыяльная гісторыя змятала ўсё перад сабою на працягу дзесяцігоддзя ці больш. Тыя, хто ёю займаўся, вызначаліся дзёрзкасцю , смеласцю і, бадай, празмернай ўпэўненасцю, што ім удасца змяніць аблічча гістарычнага выкладу, але яны выдавалі прадукцыю — прынамсі шмат хто з іх. Яны абвясцілі паўсюдны вышук асобаў з мінуўшчыны, якіх дагэтуль неставала, і ў хуткім часе атрымалі поўны пастарунак нахабных персанажаў, якія пхнуліся ў гістарычныя кнігі. Новыя постаці — працуючыя жонкі, мяцежныя рабы, роспачныя імігранты, страйкоўцы-рабочыя — шумна патрабавалі ўвагі, і неўзабаве зрабілася ясна, што яны, зусім як няпрошаныя госці на вечарынцы, не збіраюцца захоўваць прыстойнасць. Мала таго, што новавынайдзеныя суб’екты не былі апранутыя як мае быць, але і іхныя каштоўнасці былі відавочна варожыя тым, якія абвяшчаў звыклы аповед пра няспынны поступ нацыі да „свабоды і справядлівасці для ўсіх». Іхныя жыцці нельга было загнаць у старыя аповеды, бо дагэтуляшняя гісторыя развівалася лішне просталінейна, лішне наіўна ўсхваляла індывідуальныя дасягненні і лішне самазадаволена настойвала на супольных нацыянальных каштоўнасцях.

Ідэалагічныя наступствы гэтых доследаў прагучалі як гром з яснага неба. Даследуючы паводзіны групаў, сацыяльныя гісторыкі набрылі на групавыя вынікі! Яны паведамлялі пра свае знахады праз паняцці нормаў, мадэляў і стандартных адхіленняў. Квантытатыўны аналіз непазбежна раскрывае мадэлі, сістэмы і працэсы. Ад гэтых артэфактаў доследу заставаўся толькі крок да высновы, што жыццё велізарнае бальшыні амерыканцаў вяжуць па руках і нагах такія безасабовыя сілы, як забеспячэнне рэсурсамі, капіталаўкладанні, расавыя прэферэнцыі і катэгарычныя памылкі накшталт меркавання, што для жанчыны натуральна заставацца дома. Натуючы звесткі за доўгія часавыя перыяды, шкалюючы (scaled) іх, аналізуючы і параўноўваючы, амерыканская гісторыя атрымала тое, што заўжды катэгарычна адмаўляла — структуру. І структураў было багата — яны закраналі такія аспекты амерыканс кага мінулага, як адукацыя, шлюб, працягласць жыцця, мабільнасць і сацыяльныя магчымасці.

Цяпер можна было прабіцца праз старыя формы, якія зводзілі даследчыцкія ініцыятывы на нішто. Узнікла магчымасць вывучаць як рабства, так і рабоў, не іміграцыю, а імігрантаў, рабочых, а не толькі прафсаюзы, і любых жанчын, а не толькі славутых. І паколькі статыстыка можа разглядаць структуры безадносна да іхнага рэальнага існавання, у гэтым выпадку статыстыка выканала ролю вагара, які зрушыў гістарычнае ўяўленне з індывідуалістычнае восі. Але новае багацце прынесла новы клопат: дакументацыя жыцця жанчын, рабочых, фермераў, рабоў і індзейцаў выкрыла трывожную сувязь паміж гісторыяй і нацыянальнай тоеснасцю. Нацыя залежала ад казкі пра сацыяльны поступ і чакала яе, але ў новых аповедах было замала поспеху, каб яны маглі паяднацца без швоў з гэтым усталяваным наратывам. Інкарпарацыя новае навукі ў старую станавіла больш як выклік тэхніцы сінтэзавання, яна прымушала прызнаць магутнасць таго, што можна назваць метагісторыяй матар’ялу і маральнага прагрэсу краіны.

Новая сацыяльная гісторыя, са сваімі нікім не апетымі героямі і дакументаванай разнастайнасцю, угрызлася ў амерыканскую душу як бормашына і натрапіла на балючае месца. Што здарылася з бясспрэчнымі фактамі, якія злучалі амерыканскае мінулае з прагрэсіўнай будучыняй? Чаму старая сацыяльная алхімія, якая ператварыла розныя этнічныя спадчыны ў аднастайную культуру, больш не працуе? Калі горкія жальбы аб фрагментацыі амерыканскае гісторыі вырваліся з аўдыторыяў на газетныя старонкі, пачало напрошвацца пытанне: „Што стаіць за заклікамі да адзінае (unitary) гісторыі?»

Гістарыяграфічныя сілы не больш аднаскіраваныя, чым сама гісторыя. Новая сацыяльная гісторыя, хоць і кіруючыся ў розных напрамках, фактычна падмацавала пазітывісцкі падыход, з якога кпіў Карл Бэкер, насуперак выкліканаму ёю ідэалагічнаму спусташэнню, бо прынесла процьму свежых фактаў. Больш за тое, ягоная статыстыка — напрацава ная гадамі карпатлівае працы — часта падавалася сама па сабе, нібыта мадэлі кар’ераў, фармаванне сям’і ці выбарчыя паводзіны самі сябе тлумачаць. Не намагаючыся раскрыць за статыстыкай людскую дзейнасць, навукоўцы ішлі на рызыку натуралізацыі існуючых сацыяльных установаў, інакш кажучы, бяздумна прыпісвалі законнасць існуючаму парадку, ігнаруючы сілавыя стасункі, якія стварылі гэтую мадэль. Шчырая радасць ад безлічы новых эмпірычных знахадаў пагражала зноў ператварыць гісторыю ў фактазбіральніцтва.

Рух ад інфармацыі пра звычайных людзей да разумення таго, што азначаюць гэтыя звесткі, аказаўся таксама нялёгкім. Паколькі чытачы ўсцяж хацелі ведаць, чаму людзі дзейнічалі менавіта так, а не інакш, на інтэрпрэтацыю былі пакліканыя тропы з старое нацыянальнае гісторыі. Прафесійная мабільнасць — гэта было добра; імігранцкія групы, якія ашчаджалі грошы на адукацыю сваіх дзяцей, былі больш амерыканскімі, чым тыя, што адкладалі ўсе заробкі на куплю дому; галасаван не, прадвеснік утварэння партыяў, спрыяла палітычнаму прагрэсу нацыі[4]. Некаторыя практыкі грэбліва казалі пра „даслоўныя сведчанні» і ганілі доследы, якім неставала квантытатыў нага падмацавання , новай крыўднай мянушкай — „імпрэсія ністычныя»; але, як часта здараецца ў гістарычнай навуцы, тэмы, адсунутыя імі ўбок, толькі выйгралі з іхнае абыякавасці .

Паколькі сацыяльная гісторыя базавалася ў Сярэднявеч чы, яе разбуральны патэнцыял выдаткаваўся пад канец 1970-х г., тым часам як старая элітная гісторыя, інтэлектуальная гісторыя — якая паспела трансфармавацца ў гісторыю ментальнасцяў (mentalités) і ідэалогіяў — адрадзілася з новымі сіламі. Ідэалогія як тэрмін пазбылася свайго марксісцкага радаводу і сталася арганізоўным паняццем для свежага погляду на суадносіны поглядаў і паводзінаў, рыторыкі і рэальнасці. У адрозненне ад фармальных сістэмаў думкі, ідэалогіі пачалі разглядацца як сродак мабілізацыі эмоцыяў і структурызацыі поглядаў, з якіх генеруюцца агіда, энтузіязм, абавязкі і прымхі. У сваёй адноўленай форме гэтая канцэпцыя ідэалогіі дала навукоўцам магчымасць казаць пра мысленне як сацыяльную дзейнасць. Калі гісторыкі Злучаных Штатаў упершыню ўжылі яе да нацыятворчых актаў гэтае краіны — каланіяльнага супраціву, рэвалюцыі, канстытуцыйнае творчасці і стварэння партыяў — яна аджывіла палітычную гісторыю. Як новая сацыяльная гісторыя, „Рэспубліканская Рэвізія» 1960-х наўпрост кінула выклік асвечанаму вякамі прыпушчэнню, што Амерыка нарадзілася вольнаю, багатаю і сучаснаю[5].

Неўзабаве ідэалогія ператварылася ў палітычнае падмноства глыбейшага гістарычнага доследу, які пачаў з цверджання, што нашае адчуванне рэальнасці мае сацыяльную будову[6]. Тыя, хто пачынаў сваю навуку пад гэтым новым уплывам, пайшлі нашмат далей, чым проста пашана да кантэксту: на іх думку, сацыяльным чынам будуецца нашае пачуццё самой рэальнасці. Гэта ў сваю чаргу вяло да шэрагу усё вастрэйшых пытанняў, які яшчэ не знайшоў супыну. Дзе раней панавалі нематар’яльныя ідэі накшталт свабоды і класу, цяпер матрыцай пазнання і разумення стала нематар’яльнае грамадства. Грамадства, згодна з гэтым поглядам, кшталтуе людскую свядомасць, так што любую канкрэтную структуру свядомасці можна разглядаць як вынік гістарычных працэсаў.

Сацыяльную дынаміку навуковага адкрыцця раскрыла „Структура навуковых рэвалюцыяў» Томаса Куна — кніга, якая сама сталася нечым накшталт сацыяльнае сілы[7]. Сіла, якая дазваляе грамадству выкарыстоўваць прыроду ў сваіх мэтах, змяніла фокус канцэпцыяў, на якіх грунтаваліся доследы жаночае праблематыкі, перасунуўшы рэферэнт паняцця „пол» з граматычнае класіфікацыі на культурную распрацоўку таго, што значыць быць жанчынай. Неўзабаве за гэтым надышлі сацыяльныя канструкцыі хваробы, адхілення, досведу, святасці і, што найбольш драматычна, суб’екта — таго суб’екта, мысляра par excellence, які некалі спраўдзіў існаванне для Дэкарта[8] . Навукоўцы загаварылі пра кантэкст як пра нешта большае, чым амальгама эканамічных і сацыяльных асаблівасцяў, робячы націск на пераканальнай сіле „парадыгмаў» — слова, чый гук, разнёсшыся па гаях Акадэму, засведчыў, што змена парадыгмы ідзе поўным ходам.

Насуперак таму, што асноўны ўпор цяпер рабіўся на грамадства, вялікі нямецкі сацыёлаг Макс Вэбэр даў для ідэі сацыяльнае будовы рэальнасці (як ні дзіўна) псіхалагічнае абгрунтаванне. Кожная людская істота, цвердзіў Вэбэр, мае „унутраную патрэбу разумець свет як сэнсоўны космас і ведаць, як да яго паставіцца». Следам за ім Пэтэр Бэргэр заявіў, што „чалавечая прага сэнсу мае сілу інстынкту»[9]. Вось жа, канцэпцыя сацыяльнае будовы рэальнасці прадугледжвала людскую прагу, каб грамадства адпавядала свайму рэпертуару міфаў, навукаў, законаў, мастацтва і літаратуры — прывабная прапанова, якую нехта некалі мусіць праверыць.

Прыцішанае абмеркаванне такіх ідэяў у 1970-х неўзабаве заглушыў гвалт, які ўзнялі ў 1980-х г. Мішэль Фуко і Жак Дэрыда. Фуко распрацаваў новую тэорыю гістарычнага развіцця, у якой месца ўлюбёнае руховае сілы сучаснасці — аўтаномнага чалавека — заняў постмадэрновы прывід усяведнага грамадства, якое здзяйсняе праз дыскурс глыбокую, паўсюдную ўладу[10]. Канкрэтней кажучы, Фуко пільна заняўся вывучэннем сучасных мэханізмаў здзяйснення ўлады, злучыўшы навуковую рэвалюцыю, рынак, гуманітарную рэформу і камунікацыйную сістэму, грунтаваную на друку, у адзіны кангламерат сацыяльнага валадарства (authority). Па ўсёй гісторыі ён шукаў прыхаваныя арганізатары свядомасці — дыскурсіўныя імператывы, якія кантралююць думкі і ўчынкі. Адначасна, даследуючы мінуўшчыну, ён знайшоў істотныя знакі тых спосабаў, з дапамогай якіх новыя метады накшталт адзіночнага зняволення або каталіцкае спавядальні рэструктуры завалі сацыяльнае мысленне. Вастрыні ідэям Фуко дадала ягонае глыбока скептычнае стаўленне да ўсіх катэгорыяў сучаснае думкі — дзяржавы, прыроды, індывідуальнае асобы, рацыянальнасці. Яны сталі для яго дыскурсіўнымі аб’ектамі гутаркі, але ні ў якім разе не падставамі або крыніцай паходжання чаго б там ні было. А сацыяльная ўлада, якая яго цікавіла, паходзіла не ад людзей са штыкамі і палкамі, а ад нас, звычайных бяздумных карыстальнікаў тых дыскурсаў штодзённага жыцця, якія размяркоўваюць прэстыж, пагарду, апраўданне і паўнамоцтвы (authority).

Дэрыда, яшчэ радыкальнейшы скептык за Фуко, засяродзіў свой агонь на рэалістычных прыпушчэннях, закладзеных у заходнім перакананні, што словы могуць прадстаўляць рэальнасць. З гэткім жа падазрэннем ён ставіўся і да зневажальных дыхатоміяў белага/каляровага, мужчынскага/жаноц кага, рэальнага/фікцыйнага, хваробы/здароўя, сакральнага /прафаннага[11]. Хоць пісьмовыя творы заходняе традыцыі выразна прызнаюцца да рацыянальнасці, але ў іх, паводле Дэрыды, заўсёды можна знайсці падрыў гэтых катэгорыяў, бо яны насамрэч не процілегласці, якія тлумачаць свет, а складнікі герменеўтычнае сістэмы. Дэканструкцыя тэксту — вычварны Дэрыдоў мэтад чытання з маргінэсу — прапанавала спосаб пранікнення ў недагаворкі і супярэчнасці тэкстаў, аднак без надзеі на канчатковую інтэрпрэтацыю, бо тэксты для яго дзейнічаюць хутчэй як механічны більярд, чым як бяспечны сейф. Слізкасць словаў і неўсвядомленасць намераў іх ужывальнікаў адкрываюць усе тэксты для шэрагу паслядоўных прачытанняў. Нам відаць, як улюбёная філосафамі яснасць знікае ў тумане моўнае цьмянасці. Прападае і сустрэча з грубай рэальнасцю, якую ўслаўляла Асветніцтва. Узнікла затое няяўнае навучанне з боку грамадства, якое інтэрпрэтуе свет, катэгарызуючы яго і кадыфікуючы, ганаруючы і пагарджаю чы, мянуючы і арганізуючы, перш чым мы адкрыем яго самі.

Менавіта ў гэтым сэнсе постмадэрністы кажуць пра „тэкстуальнасць» у дачыненні да ўсяго, што існуе. Усё ёсць тэкст, бо ўсё перадаецца сацыяльна. Мы кажам пра канкрэтную гару, а выклікаем шматлікія горныя дыскурсы ад гары Сінай да тэктонікі плітаў. Для постмадэрніста тэкстуальнасць тлумачыць нашмат болей, чым пісаныя дакументы. Яна сінонім інтэрпрэтацыі, гэтага магутнага сацыяльнага настаўніка. Постмадэрн істы разглядаюць мову, як у яе структуры, так і ў яе канкрэтнасці, як сродак (або магію), каб надаць сэнс бессэнсоўнаму свету. Пакуль усе дзівіліся заявам пра „смерць аўтара», у свядомасці незаўважна запанавала шырэйшая тэза: вызначыць, якім чынам праца набывае сэнс, дапамагае не столькі тоеснасць аўтара, колькі веданне пратаколаў, правілаў і дыскурсіўных канвенцыяў, якія і дазваляюць аўтару мець нешта на ўвазе. Постмадэрністам удалося паставіць культуру на месца прыроды як першаснае сілы людскога існавання.

Постмадэрнісцкае ўяўленне ішло ў гістарычных доследах следам за новай сацыяльнай гісторыяй на маргінэсы жыцця: яго цікавіла ўсё занядбанае, замоўчванае, эксцэнтрычнае і грахоўнае[12]. Па гэтых шчылінах паміж гістарычна значным постмадэрністы прасочвалі, як няўлоўна культура служыць уладзе. Гэты рух заслугоўвае вялікай пашаны тым, што ён звярнуў нашую ўвагу на маўклівую дзейнасць людскога выказу і перасцярог нас ад таго, як шчыльна ўзаемапераплята юцца ў мове інтэрпрэтацыя і аб’ект. Але, падкрэсліваючы рассейванне ўлады па шматлікіх ўзроўнях сацыяльнага ўзаемадзеяння, яны не патрапілі звязаць уладу з нейкай акрэсленай групай. А іхная тэза, што менавіта ўлада заўсёды творыць веды, а не наадварот, ігнаруе эфектыўнасць заходніх тэхналогіяў, рызыкуючы страціць праўдападобнасць.

Дамогшыся самі немалое сацыяльнае ўлады, постмадэр ністы пераабсталявалі наш канцэптуальны рыштунак і далі новаму пакаленню зіхоткае лексічнае ўбранне для ягоных тэкстаў. Іхныя аналізы дыскурсу, мовы, рыторыкі, суб’ектыўнасці і інтэртэкстуальнасці завялі нас туды, дзе ўява і выказ спатыкаюцца з фізічнасцю свету. Нават выкарыстанне ўнутрана супярэчлівых аксімаронаў і нязвыклых неалагізмаў дапамагло ім у гэтай справе, бо ў ім былі закладзеныя кпіны з яснай і выразнай ідэі бесстароннага разважнага чалавека.

Кожны навуковы рух стварае свае бадзячыя паняцці. У сацыяльнай гісторыі і постмадэрнісцкіх культурных доследах гэтая роля выпала дзейнасці (agency). Як усе функцыяналь ныя доследы, яны з большым плёнам вывучалі рэплікацыю думкі і паводзінаў, чымся ўвядзенне інавацыяў. Яны дакладна прадэманстравалі тое, як дзейнічаюць культурныя сістэмы рэпрэзентацыі і камунікацыі, але не тое, чаму яны страчваюць прывабнасць або нават бяруць інакшы абарот. Задаўшыся пытаннем, чаму той ці іншы дыскурс больш не задавальняе патрэбаў жыцця, мы мусілі б заглыбіцца ва ўзаемадзеянне людзей з іхнымі тэкстамі і высветліць, што робіцца, калі тэкстам, якія складаюць рэальнасць, кідаюць выклік знадворныя рэальнасці, як, напрыклад, пры з’яднанні Старога і Новага Свету. Зрух гістарычнага фокусу з грамадства на культуру дакляруе даследаваць механізмы, праз якія здзяйсняецца сацыяльная ўлада (праўда, гэтага свайго абяцання ён пакуль што не споўніў). Як заўважыў шмат гадоў таму Карл Поланьі, той факт, што правячы клас жадае правіць, яшчэ недастатковае тлумачэнне ягонага поспеху: „Лёс класаў у нашмат большай меры вызначаецца патрэбамі грамадства, чым лёс грамадства — патрэбамі класаў»[13] . Тое самае можна сказаць і пра дыскурсы.

Да таго самааналізу, якім займаюцца апошнім часам гісторыкі, іх падштурхнулі некаторыя пераканальныя крытыкі нашых інтэлектуальных звычаяў. Асабліва вялікі розгалас набыў дослед абыходжання заходнікаў з людзьмі, якіх яны спатыкалі доўгім цягам даследавання зямнога шару і вайсковых заваёваў, праведзены Эдуардам Сэйдам ў ягонай кнізе „Orientalism»[14]. Праца Сэйда натхніла даследчыкаў на вывучэнне таго, як у заходняй літаратуры набыло значнасці паняцце „іншы». Парта Чатэрджы і Эйшыс Нанды прааналіза валі заходнюю культуру з пункту гледжання ўспрымання „іншага». Нанды лічыць трывожным амерыканскае ўяўленне пра сябе як пра „узор для астатняга свету, гавань, у якую прыбылі з іншых краін бедныя, слабыя і адрынутыя, свядома перарабілі тут сваё жыццё і стварылі культуру, якая цяпер мае транскультурнае значэнне». Гэта, піша Нанды, „дзяржава… перасяленцаў, якія страцілі і/ці змянілі сваю культуру… і грамадскія каштоўнасці, магчымыя ў такім грамадстве людзей без каранёў, якое вызначае сёння сусветны культурны парадак». Але, далёкі ад усхвалення гэтага ўцякацкага ладу жыцця, Нанды баіцца яго агрэсіўнае прысутнасці і характэрнае для яго панаднае сумесі секулярызму, бэканаўскага рацыяналізму і няспыннага бяздумнага развіцця. Такая культура, папярэджвае ён, з пэўнасцю вядзе да заняпаду супольнасці і „зводзіць асобу да цалкам аўтаномнае, нічым не стрыманае адзінкі»[15]. Пры маёй вялізнай сімпатыі да „цалкам аўтаномнае адзінкі» я мусіла перачытаць гэтую фразу колькі разоў, перш чым зразумела яе сэнс.

З асаблівай праніклівасцю ўсходнія крытыкі ацэньваюць ролю гісторыі ў фармаванні заходняе свядомасці. Гісторыя, да якой на Захадзе ставяцца як да ўніверсальнае формы доследу, для іх выступае як нармалізатар шпаркіх зменаў і як сродак евангелічнага нацыяналізму. Як патлумачыў Прасэнджыт Дуара, заходнікі натуралізавалі нацыянальную дзяржаву, зрабіўшы з яе начынне для досведаў мінулага. Людзі Захаду, адзначыў ён, вучаць гісторыю, каб зрабіцца чальцамі свайго грамадства: „Яна павінна выклікаць пачуццё гонару і/ці помсты за нацыю, а не тлумачыць граматыку яе катэгорыяў». Навучанне гісторыі — гэта кшталтаванне тоеснасці[16]. Падобным жа чынам выказаўся і Ўільям МакНіл. Гісторыя, нагадаў ён, „прыйшла ў школьны клас, каб зрабіць нацыі з сялянаў, з рэгіяналізмаў (localities), з сырога людскога матар’ялу, які існаваў у краінах Еўропы, а таксама ў Штатах, не надта і Злучаных»[17]. Звязаная адпачатку з паняццем цывілізацыі, гісторыя, як танцор у танга, праслізнула на службу заходнім нацыям, калі тыя пачалі свой узыход да сусветнае ўлады.

Мысляры звонку Захаду дапамаглі нам зразумець, наколькі глыбока нашыя катэгорыі думкі ўкарэненыя ў наратыве пра людскі досвед, які доўжыцца ад Адама і за Адама Сміта. Нацыянальныя гісторыі, — часткова прапаганда і часткова свістанне па могілках, — надалей захоўваюць аднолькава пралептычны характар: яны не толькі тлумачаць змены, але і прапагандуюць іх. Ажыўляючы мінуўшчыну прадбачаннем будучых рэчаў, такіх, як індустрыялізацыя, нацыянальная дзяржава, дэмакратыя, — яны пазбаўляюць паходжанне гэтых падзеяў усялякае выпадковасці. Нашыя гісторыі служаць таксама за аўтарытэтныя дакумэнты для суду над людзьмі без гісторыі[18]. Трактуючы еўрапейскую гісторыю як універсальны працэс, яны зрабілі з павароту гісторыі „назад» нейкі жупел.

Тым часам як усходнікі накшталт Нанды імкнуцца падкрэсліць адметнасць Захаду, каб падмацаваць альтэрнатыў ныя дыскурсы, нам у іхнай пазіцыі відаць рэшткі адвольных прыпушчэнняў. Так, натуралізаваць эканамічныя падзеі значыць вывесці тэму са сферы палітыкі і перадаць яе ў распараджэнне навукі, гэтаксама як натуралізаваны „рацыянальны выбаршчык» належыць не да маральнага парадку, а да пэўнага тыпу аналізу ў грамадскіх навуках. Стаяць знадворку філіяцыі гісторыі і нацыянальнае дзяржавы ў 1998 г. — значыць не пагарджаць ёю, а хутчэй знайсці апірышча ў магутных прэсупазіцыях, што сфармавалі нашую свядомасць. Амерыканскае гістарычнае пісьменства адыграла немалую ролю ў тварэнні „амерыканскага народу». Але як бы важным ні было яно некалі для нацыянальнага будаўніцтва як трымальнік калектыўнага досведу нашае „ўяўнае» супольнасці, цяпер гэты троп лішне перагружаны, каб трываць надалей[19] . Сучасная палітыка тоеснасці паўстала менавіта ў адказ на прэтэнзіі нацыі прадстаўляць гамагенізаваны народ. Выклік цяпер палягае ў тым, каб думаць пра сябе па-за рамкамі гэтых старых катэгорыяў, — не дзеля таго, каб паслабіць краіну, да якой мы захоўваем палітычную лаяльнасць, а каб вызваліцца з пэўных інтэлектуальных путаў.

Вяртаючыся да маёй зыходнай тэзы, што гісторыя мае сваю незаменную ролю ў сучасных дэбатах, я не прапаную, каб мы ўсе кінуліся тлуміць публіцы галаву канцэптуальнымі галаваломкамі постмадэрнізму. Лепш мы будзем рабіць тое, што гісторыкам выдатна ўдаецца — дзейнічаць як перакладчыкі. Сапраўды, можна нават сказаць, што мы ўвесь час былі міжкультурнымі перакладчыкамі, заглыбляючыся ў чужую краіну — мінуўшчыну, — каб падтрымаць сувязь з ёю. Мы маглі б даць рады пашыраным сёння збянтэжанасці і цынізму, тлумачачы нашай публіцы, як цікаўнасць, інтэрпрэтацыя і культура твораць узаемадзейную сетку любых ведаў.

За мяжой шырока распаўсюджаная ідэя, што мінуўшчына так ці сяк стымулюе дзейнасць сваіх рэканструктараў. Але мы ведаем, што мінуўшчына як шэраг падзеяў цалкам адышла; у сучаснасць пранікаюць толькі яе наступствы. Застаюцца некаторыя парэшткі, накшталт смецця ад пікніку, але гэтыя матар’яльныя рэшткі ніколі не гавораць за сябе самі. Яны застаюцца інэртнымі слядамі, пакуль нечае пытанне не аберне іх у сведчанні. Трэба гаварыць пра жыццёва важную повязь цікаўнасці і доследу ў навуцы, бо атакі на заходнія веды прывялі, між іншым, да папулярызацыі скептыцызму, адарванага ад сваіх крытычных каранёў. Нашае грамадства грунтуецца на ведах, але людзі лёгка гатовыя даць веры, што веды змяняюцца адвольным чынам, і нават што існуюць цэлыя закалаты навукоўцаў-аднадумцаў, якія ставяць сабе на мэце труціць калодзеж ведаў. Мы жывем у век, пазбаўлены аднадушнасці, але, як ні парадаксальна, у той жа час людзі па ўсім свеце горнуцца да адных і тых жа меркаванняў. Гісторыя можа даць рады абедзьвюм праблемам, не толькі захоўваючы разнастай насць людскога досведу, якая апынулася пад пагрозай, але і дэманструючы, як фармуюцца навуковыя погляды. Паўсюль, дзе мы сустракаемся з нашаю аўдыторыяй — у класе, на музейнай выставе, пры чытанні нашых кніг або на публічных форумах, — мы мусім тварыць альтэрнатыву цынізму, робячы даступным нашае рэканструяванне мінуўшчыны. А паколькі нашая праца будуецца гэтаксама, як і любыя іншыя веды, то разуменне таго, як прапаноўваюцца і правяраюцца гістарычныя праўды, можа прыдацца дзе заўгодна.

Мы мусім растлумачыць адносіны, якія існуюць паміж фактам і інтэрпрэтацыяй. Карл Бэкер казаў, што не гісторыкі былі вернымі фактам, а факты захоўвалі вернасць гісторыкам. Аднак шмат хто з нашых крытыкаў шчыра верыць, што мы можам развязаць гэтую праблему праз вернасць фактам — такім, напрыклад, як несумненны пераход Юліем Цэзарам Рубікону. Але голыя факты не задаволяць ні іх, ні нас. Тысячы людзей кожны дзень пераходзяць Рубікон; факту Цэзаравага пераходу мы трымаемся таму, што ён звязаны з інтэрпрэтацыяй Рымскае імперыі[20] .

Публіка прагне гістарычных ведаў і таму шторазу жахаецца, калі гісторыкі парушаюць ранейшыя аповеды пра пэўную падзею. У Каліфорніі нядаўна перапісалі падручнікі, у якіх распавядалася пра францішканскіх місіянераў і карэнныя народы, якія яны імкнуліся ахрысціць, увёўшы ў іх звесткі пра ўздзеянне хваробаў, якія манахі, самі таго не ведаючы, занеслі з сабою на поўнач. За гэтым пераглядам стаіць актыўны індзейскі рух і гады пільных доследаў і навуковых спрэчак пра дэмаграфічную дынаміку таго перыяду, калі адбывалася змяшанне еўрапейцаў, афрыканцаў і азіятаў з індзейцамі. Новы выклад — цікавы выпадак сілы як ведаў і ведаў як сілы — напэўна выкліча спрэчкі.

Мы прызнаем, што цікаўнасць стымулюе дослед, але ў пытанні пра тое, што стымулюе цікаўнасць, такое пэўнасці няма. Пра шмат якія рэчы, звязаныя з мінуўшчынай, мы нічога не ведаем і не будзем ведаць датуль, пакуль нехта не задасць пытанне, якое падвядзе нас да гэтага канкрэтнага лапіку матар’яльных парэшткаў. Мы мусім растлумачыць, што гістарычныя веды, як і любыя іншыя, пераглядаюцца тады, калі паўстаюць новыя пытанні, якія стымулююць новыя доследы. Тая самая публіка, якая не любіць і баіцца рэвізіяў гісторыі, рэдка бядуе па аналагічных падзеях у хіміі ці медыцыне, якія таксама спрычыняюцца новымі даследаваннямі. Перад публікай гэты пункт трэба ўсяляк падкрэсліваць.

Мы можам таксама выразней паказаць, як глыбока гісторыя ўгрунтаваная ў сучаснасць. Як ні парадаксальна на першы погляд, іскра доследу, якую прабівае ток цікаўнасці, атрымлівае сэнс толькі тады, калі чалавек адмаўляецца ад думкі, што гісторыкі дзейнічаюць як пыласосы: высмоктваюць з мінуўшчыны металалом, каб пазней сабраць да кучы. Гэтае ўражанне можна выправіць, звярнуўшыся да ўсім знаёмага досведу індывідуальнае памяці. Мы ведаем, што ў нашым жыцці адбыліся пэўныя рэчы; мы ведаем, што ў нас пра іх захавалася выбарачная памяць і, нарэшце, што розныя пытанні могуць прымусіць нас аднавіць забытае і, такім чынам, паглядзець на цэлае пад іншым вуглом. Зачыніўшы дзверы перад папулярным поглядам на гісторыю як на неінтэрпрэта ваны корпус фактаў, мы зможам адчыніць іх перад нязмерна цікавейшай праблемай: як пытанні вядуць праз прамежкавы фільтр — культуру — да ведаў.

Гісторыя магутная таму, што мы жывем сярод яе рэшткаў, парэшткаў, і напамінкаў. Больш за тое, вывучаючы грамадствы, непадобныя да нашага, мы спраціўляемся хронацэнтрызму, які слепіць зрок нашым сучаснікам. Вось чаму мы не можам ні адмовіцца ад інтэлектуальнае строгасці, ні знецаніць дакладнасць. У гісторыі нязводна прысутнічае элемент пазітывізму, бо яе суб’ект рэальны, нават калі рэальнасць яго мімалётная і грунтаваная на тэкстах. Гістарычнае пісьмо творыць аб’екты для нашых думак, прамаўляючы гучна тое, што было змоўкла, выцягваючы з аб’ектаў, збудаваных людзьмі, прыхаваную інфармацыю. Гэтая матар’яльнасць гістарычных сведчанняў стрымлівае нашую сваволю. Уявіце сабе, што нацысты выйгралі II сусветную вайну і загадалі забыць пра Галакаўст. Рана ці позна нехта напаў бы на след схаванага або спатыкнуўся б на супярэчнасцях у дакументах, пакінутых пераможцамі. На змену адным тэкстам тады прыйшлі б іншыя, але стымул да гэтае змены прыйшоў бы з самое мінуўшчыны; гэтаксама як навукоўцы, якія рэканструявалі шэраг паслякалумбавых дэмаграфічных няшчасцяў, як толькі іхная цікаўнасць звярнулася ў гэтым кірунку, атрымалі процьму адпаведных сведчанняў. Менавіта канкрэтнасць дае гісторыі моц прыцягваць увагу, напружваць уяўленне і змяняць думкі.

Аднак гісторыкі падыходзяць цяпер да мінуўшчыны інакш. Возьмем, напрыклад, Злучаныя Штаты. На працягу XIX ст. амерыканская гісторыя насіла збольшага кампенсатарны характар: яе выклад апраўдваў яскравую адметнасць гэтае краіны — яе адносны эгалітарызм у свеце, дзе прывілеі ўсё яшчэ асацыяваліся з перавагамі, яе дэмакратычную палітыку ў сусветным парадку, утвораным ваяўнічымі манархіямі, яе гетэрагеннасць у эпоху, калі ідэалам дзяржавы былі адна вера, адна мова, адзін гаспадар і адзін збор меркаваных продкаў. Амерыканская гісторыя абярнула нацыянальныя нястачы ў каштоўнасці.

Гэты выклад рэзка змяніўся ў XIX ст., калі гісторыкі, нанава даследуючы эру заснавання, узялі на сябе ролю сацыяльных крытыкаў. Чарлз Бэрд у сваёй кнізе «Эканамічная інтэрпрэтацыя Канстытуцыі Злучаных Штатаў» («An Economic Interpretation of the Constitution of the United States») сцягнуў айцоў-заснавальнікаў з п’едэсталаў, каб, выставіўшы напаказ іх людскія слабасці, апраўдаць імі гнуткасць інтэрпрэтавання канстытуцыі. За Бэрдавым прыкладам гісторыкі ва ўсе наступныя эпохі шукалі ў палітыцы „зацікаўленыя групы» („interest groups»). З цягам часу захопленасць прагрэсістаў (Progressives) класавай барацьбой спалучылася з пошукам занядбаных амерыканцаў, папулярным у 60-я г. Якая б цудоўная ні была гэтая праца, у выніку яна ўдоўжыла веку прагрэсісцкай парадыгме, адно што ранейшыя заклікі да «разграбання бруду» змяніліся баявым клічам «раса, клас і пол».

Рэфармісцкі імпульс прагрэсістаў пакінуў па сабе спадчыну, якая трывае дагэтуль: яшчэ і цяпер мала хто з гісторыкаў чуецца ўтульна, паказваючы капіталізм у прывабным святле або нават проста падыходзячы да яго як да надзвычай маштабнай і плённай праявы. Куды часцей капітал і капіталісты выступаюць як прывідныя прысутнасці або, яшчэ горш, як увасабленне людское сквапнасці. Хоць капіталізм — тая самая руховая сіла, што стаіць за заходняй мадэрнасцю, але навукоўцы часта разглядалі яго паходжанне як экзагеннае, а ягоныя эфекты — як сведчанне падупаласці чалавецтва. Ад вывучэння першапачатковага назапашвання і аж да доследаў рэкламнае стымуляцыі спажывецкіх густаў капіталізм разглядаўся як нешта накінутае звонку, адарванае ад сваіх культурных каранёў. Правёўшы ладную частку жыцця ў роздумах пра тое, як рынкавая эканоміка раскрывае закладзеныя ў людзях магчымасці, я пераканалася, што такі згодны паказ рынкавых дачыненняў не дазваляе нам зразумець сутнасці найвыдатнейшага ў гісторыі спосабу арганізацыі людскога таленту. Страта гэтая не маральная, а інтэлектуальная — паноўная ідэалогія не дазваляе здзейсніць і нават задумаць дзесяткі даследчыцкіх праектаў.

Складанасць рэакцыі гісторыкаў на капіталізм нельга аднесці выключна на рахунак састарэлае парадыгмы. Тут нешта большае. Як даўно заўважыў Р. Н. Кэр’ю Хант (R.N.Carew Hunt), «амаль дзве тысячы гадоў еўрапейская цывілізацыя грунтавалася на супярэчнасці — паміж філасофіяй і рэлігіяй, якія вучаць, што ўсе людзі браты, і эканамічнай сістэмай, якая арганізуе іх як гаспадароў і слугаў»[21] . У Злучаных Штатах гэтая супярэчнасць сталася яшчэ вастрэйшаю, бо тут надзвычай важнае значэнне надаецца палітычнай роўнасці. Пазіраючы з недаверам на еўрапейскую сістэму спадкавання статусу, амерыканцы пачатку XIX ст. часта пагаджаліся, што эканамічная свабода падмацоўвае палітычную і наадварот. Гэтыя квазі-утапічныя спадзяванні вялі да непазбежнага расчаравання. І расчароўваца было ў чым.

Сто пяцьдзесят гадоў таму гісторыкі ўсхвалялі гандлёвы спрыт гэтае нацыі як доказ дэмакратычнае энергіі; ад часоў прагрэсістаў яны ўсё больш засяроджваліся на групах, якім не ўдавалася скарыстаць з эканомікі, стымуляванае прыбыткам. Можа цяпер, пад канец XX ст., мы нарэшце патрапім даследаваць сацыяльную складанасць нашае прадпрымальні цкае сістэмы, пазбыўшыся хвалебных і кампенсатарных цяжараў нашых папярэднікаў.

Сіла гісторыі вызваляецца. Калі гэта патрабуе доказаў, дастаткова азірнуцца на чатыры апошнія дзесяцігоддзі. Спярша сацыяльныя гісторыкі вылучылі і даследавалі групы, раней ігнараваныя гістарычнай навукай. Потым вывучэнне ідэалогіяў і парадыгмаў з наступнай постмадэрнісцкай крытыкай і культурнымі даследаваннямі глыбока ўвайшлі ў працэс фармавання грамадствам арганізацыі чалавечай свядомасці праз мадэлі, дыскурсы і няяўныя (insinuating) моўныя коды. Сёння нам, навукоўцам, музейшчыкам, захавальнікам і даследчыкам мінулага, даводзіцца думаць праз акты прысваення і ўспаміну. Мы больш не можам рабіць выгляд, быццам не ведаем іх наступстваў. Мы цяпер усведамляем свае дапушчэнні, свае формы, свае галасы. Калі мы здолеем жыць з гэтай няпэўнасцю, шукаць сэнс, аспрэчваць значэнне, зноў і зноў прыводзіць сведчанні цуду імкнення чалавека спасцігаць і дзяліцца гэтымі актамі з грамадскасцю, можна быць упэўненым, што гісторыя — галоўны з заходніх дыскурсаў — не будзе мець канца.


З ангельскай пераклаў Мікола Раманоўскі


[1] Carl Becker, Dial 59 (September 2, 1915): 148.
[2] Alasdair MacIntyre, „Epistemological Crises, Dramatic Narratives, and the Philosophy of Science,» The Monist 60 (1977): rpt. in Gary Gutting, ed., Paradigms and Revolutions (Notre Dame, Ind., 1974).
[3] H. Stuart Hughes, „The Historian and the Social Scientist», у Alexander V. Riasanovsky and Barnes Riznik, eds., Generalizations in Historical Writing (Philadelphia, 1963), 30, 37, 47-49, 51.
[4] James Henretta, „The Study of Social Mobility: Ideological Assumptions and Conceptual Bias,» Labor History 18 (1977): 165-78.
[5] Daniel T. Rodgers, „Republicanism: The Career of a Concept,» // Journal of American History, 92 (June 1992): 11-38.
[6] Bernard Bailyn, The Ideological Origins of the American Revolution (Cambridge, 1967); Peter Berger and Thomas Luckmann, The Social Construction of Reality: A Treatise in the Sociology of Knowledge (New York, 1966); Joyce Appleby, „Republicanism and Ideology,» American Quarterly (Fall 1985): 1-13.
[7] Thomas S. Kuhn, The Structure of Scientific Revolutions (Chicago, 1962).
[8] Joan W. Scott, „The Evidence of Experience,» // Critical Inquiry 17 (1991): 773-97.
[9] Norman Birnbaum, „Conflicting Interpretations of the Rise of Capitalism: Marx and Weber,» // British Journal of Sociology 4 (1953): 134; Peter Berger, The Sacred Canopy: Elements of a Sociological Theory of Religion (New York, 1967), як цытавана ў Rhys Isaac, „Order and Growth, Authority and Meaning in Colonial New England,» // AHR 76 (June 1971): 730.
[10] Michel Foucault, Madness and Civilization, Richard Howard, trans. (1965; New York, 1973); The Order of Things: An Archeology of the Human Sciences (New York, 1970); The History of Sexuality, Vol. 1, Robert Hurley, trans. (New York, 1978).
[11] Jacques Derrida, Of Grammatology, Gayatri Spivak, trans. (Baltimore, Md., 1976).
[12] Pauline Rosenau ў сваёй кнізе Postmodernism and the Social Sciences (Princeton, N.J., 1992), 8, памятна падсумавала іхныя тэмы такім чынам: „што было ў занядбанні… забытае, ірацыянальнае, нязначнае, рэпрэсаванае, пагранічнае, класічнае, святое, традыцыйнае, эксцэнтрычнае, сублімаванае, падпарадкаванае, адкінутае, неістотнае, маргінальнае, пeрыфэрыйнае, выключанае, нязначнае, замоўчванае, выпадковае, раскіданае, няздатнае, адкладзенае, раскіданае на часткі — усё тое, чаго сучасны век ніколі не стараўся зразумець колькі-небудзь дэталёва і канкрэтна.»
[13] Karl Polanyi, The Great Transformation (New York, 1944), 152-53.
[14] Edward W. Said, Orientalism (New York, 1978).
[15] Ashis Nandy, „Themes of State, History, and Exile in South Asian Politics: Modernity and the Landscape of Clandestine and Incommunicable Selves,» Emergencies, nos. 7-8 (1995-96): 109-14.
[16] Prasenjit Duara, „Why Is History Anti-Theoretical?» Paper presented at the symposium „Theory and Practice in Modern Chinese Research History,» at the Center for Chinese Studies, UCLA, May 10, 1997, quoted with permission, to be published in Modern China (April 1998). See also Duara, „Transnationalism and the Predicament of Sovereignty: China, 1900-1945,» AHR 102 (October 1997): 1032.
[17] William H. McNeill, Symposium at the Library of Congress, March 12, 1996, as reported in Occasional Papers of the National Council for History Education, Inc. (September 1996): 1.
[18] Vinay Lal, „On the Perils of Historical Thinking: The Case, Puzzling as Usual, of India,» // Journal of Commonwealth and Post-colonial Studies 3 (Fall 1995): 79112.
[19] Benedict Anderson, Imagined Communities: Reflections on the Origin and Spread of Nationalism (London, 1983).
[20] Carl Lotus Becker, „What Are Historical Facts,» // Detachment and the Writing of History: Essays and Letters of Carl L. Becker, Phil L. Snyder, ed. (Westport, Conn., 1972).
[21] R. N. Carew Hunt, The Theory and Practice of Communism (New York, 1951), 3.

Наверх

Тэадор Шыдэр. Роля гiстарычнай свядомасцi ў палiтыцы


* Schieder, Theodor. Politisches Handeln aus Historischem Bewusstsein // Historische Zeitschrift. 220 (1975), 4-35. Гэтае эсэ ўпершыню прачытана як лекцыя на публічным сходзе Orden Pour le Mèrite für Wissenschaften und Künste 29 мая 1974 г. у Боне і было надрукава на ў яго Reden und Gedenkworte, vol. XII (Heidelberg: Lambert Schneider, 1976), 65-91. Для публікацыі ў History and Theory (Vol.XVII, Nr.4, Beiheft 17, 1-18), адкуль тэкст узяты для нашага перакладу, эсэ было пашырана і забяспечана спасылкамі.

I.

Што значыць гiстарычны? Што мы маем на ўвазе, калi гаворым пра гiстарычны дзень, гiстарычнае рашэнне цi гiстарычную падзею?

Вiдавочна, гэтае слова не заўсёды мае аднолькавы сэнс. Для француза 14 лiпеня ёсць гiстарычным днём таму, што ён сiмвалiзуе штурм Бастылii пад час французскай рэвалюцыi. З iншага боку, мы часта чытаем, што сённяшнi цi заўтрашнi дзень гiстарычны таму, што ў гэты дзень будзе прынята «гiстарычнае» рашэнне. У такім кантэксце дадзенае слова можа толькi азначаць, што рашэнне з’яўляецца паваротным момантам з пункту гледжання i мiнулага i будучага. Гэтае значэнне меў на ўвазе Арнольд Гелен, калi вызначаў гiстарычную свядомасць як здольнасць бачыць эпахальнае значэнне падзеi, што адбываецца цяпер; iнакш кажучы, бачыць падзею вачыма будучых генерацыяў. Для Гелена, такiм чынам, сутнасць гiстарычнай свядомасцi палягае не проста на запамiнаннi i перадачы мiнулага, але на тым, як мы бачым цяперашняе[1]. Такiм чынам, гiстарычная свядомасць выходзiць за межы выключнай цiкавасцi да таго, што адбылося ў мiнулым i стала гiсторыяй. Яна таксама прадуглед жвае выкарыстанне набытых ведаў у якасці элемента ў фармаваннi iдэй i дзеянняў, якiя вызначаць будучыню. Гiстарычная свядомасць не абмяжоўваецца рэтраспектыўным разважаннем, але робiць высновы з мiнулага i прымяняе iх для дасягнення мэтаў, што знаходзяцца ў будучым. Такi кiрунак мыслення прымушае нас бачыць не проста выпадковыя сувязi, але моцную ўзаемазалежнасць памiж палiтычнай практыкай i гiстарычнай свядомасцю.

Вядома, было б неразумна сцвярджаць, што палiтыкi ўсведамляюць увесь свет мiнулага, як мы ведаем яго з гiсторыi. Тут таксама трэба памятаць пра два значэннi слова гiсторыя. Гiсторыя можа ўздзейнiчаць на нас непасрэдна праз падзеi, якiя ўплываюць на наступныя пакаленнi, пакідаць за сабой раны і ўяўляць сабой рэальныя ці ўяўныя кульмінацыі. Але таксама на нас уплываюць, па-іншаму і не так непасрэдна, нашыя веды пра мінулае, г.зн., гісторыя як навука, якая паказвае нам мінулае, апрацаванае ў працэсе мастацкага ўзнаўлення і, нарэшце, пры дапамозе навуковага метаду. Гуга фон Гофманшталь, гаворачы пра „праклятую ўладу нашых таямнічых продкаў унутры нас» і пра „нагрувашчаныя слаі акумуляванай калектыўнай памяці», меў на ўвазе першае значэнне паняцця гісторыя[2]. Гэтая калектыўная памяць свядома ці несвядома ўплывае як на рашэнні індывідаў, так і на калектыўныя паводзіны вялікіх грамадскіх сілаў, што дзейнічаюць у гісторыі, г.зн., нацыяў, дзяржаў, станаў і класаў — групаў, якія, паводле нашага меркавання, функцыянуюць як самастойныя арганізмы і вызначаюць сферы дзейнасці асобы, а могуць і абмяжоўваць іх. Спрэчкі наконт таго, як узаемадзей нічаюць індывідуальнае і грамадскае прыняцце рашэнняў, яшчэ не скончыліся, але без ваганняў можна сказаць, што існуе базавы гістарычны вопыт, які відавочна ўплывае на ментальнасць групаў. Такі вопыт можа прыводзіць да супярэчлівых ацэнак ці да працяглых антаганізмаў унутры нацыі.

Французская рэвалюцыя з яе важнымі доўгатрывалымі наступствамі — выдатны прыклад такога роду. Супярэчлівае стаўленне да французскай рэвалюцыі не змяняе факту, што яна была і застаецца агульным базавым гістарычным вопытам і для апалагетаў і для апанентаў, і што гэтая рэвалюцыя ўплывала і працягвае ўплываць на палітыку. У гісторыі кожнай нацыі ёсць такі вопыт. Ён можа доўга жыць у нацыяналь най свядомасці, можа паступова забывацца і выцясняцца іншым вопытам, можа быць прыглушаны. Немагчыма прадбачыць, як ён будзе асіміляваны: тут заўсёды чакаюць сюрпрызы. Падзеі вялікай гістарычнай значнасці могуць хутка забывацца, у той час як іншыя, што сучаснікам здаюцца неістотнымі, працягваюць заставацца ў памяці. Такім чынам, сучаснікі разумеюць і ацэньваюць гістарычныя падзеі часам няслушна. Еўрапейцы разглядалі 1918-19 г. ў кантэксце перамогі нацыянальнай дэмакратыі. Дадзены аспект быў несумненна важным тады, але такі погляд ігнаруе дзве падзеі, што, як мы бачым сёння, засведчылі надыход новай эпохі, а менавіта расейскую рэвалюцыю і канец еўрапейскай гегемоніі. Пасляваенны погляд на 1918-19 г. прывёў проста да катастрафічнага нежадання кантынентальных еўрапейскіх дзяржаваў — спачатку Францыі, пазней і больш відавочна Нямеччыны — прызнаць гэтую змену. Такім чынам, няслушная інтэрпрэтацыя гістарычных падзей можа прывесці да палітычнай катастрофы.

Калi сапраўды гiстарычная свядомасць (цi тое, што мы часам можам больш дакладна назваць гiстарычнай несвядомасцю) абумоўлена падзеямi ў мiнулым, то аднолькава справядлiва і тое, што гiсторыя, узятая як сукупнасць ведаў пра мiнулае, захаваных праз час i апрацаваных навуковымi метадамi, фармуе гiстарычную свядомасць, толькі па-iншаму. Сучасная навуковая думка адкрыла сферу несвядомага i навучыла нас улiчваць тое, што завецца калектыўнай памяццю. Але рацыяналiзм, прапанаваны гэтым навуковым метадам, таксама прымушае разглядаць гiстарычныя падзеi, не ўлічваючы iх ананiмнасцi i складанасцi, як прадукты дзеянняў і прычынных сувязяў, даступных для разумення, разбураць легенды i мiфы, i, па словах Макса Вэбэра, спрыяць дэмiстыфiкацыi свету. Такую крытычную функцыю гiстарычная навука выконвае i сёння, як i цягам ужо пэўнага часу: яна павялiчвае нашы веды, але ў той жа час змяншае ананiмную ўладу мiнулага[3] . Непасрэдны абавязак гiсторыi — вызваляць наш погляд на мiнулае ад прымхаў i скажэнняў i, такiм чынам, паўней выясняць яе з усiмi велiчнымi i фальшывымi каштоўнасцямi, шчасцем, а таксама ўсёй шкоднасцю i злом, якiя людзi зрабiлi адзiн аднаму. Толькi такi антрапалагiчны погляд на гiсторыю, што ўлiчвае ўсе разнастайныя гiстарычныя мутацыi чалавецтва, усе як пастаянныя, так i зменлiвыя элементы чалавечай натуры, грамадства i культуры, можа сёння служыць падмуркам для вывучэння гiсторыi i захавання цi абуджэння гiстарычнай свядомасцi там, дзе яна згублена.

З усімі гэтымі акалічнасцямі можна сустрэцца нават тады, калi вывучэнне гiсторыi лічыць толькі прыемным захапленнем антыкварыятам. Фрыдрых Нiцшэ пераканальна паказаў, што цікавасць да антыкварыяту — галоўны элемент захаплення гiсторыяй. Але цi толькі адзін гэты элемент здольны ўплываць на палiтыку ва ўсiх яе формах? Колькi часу чалавек разважае наконт гiсторыі, столькi iснуюць два дыяметральна супрацьлеглых погляды, якiя практычна сталi догмамі. Адзiн трактуе гiсторыю ў кантэксце выказвання Цыцэрона: historia magistra vitae [4]. Другi пастулюе, што вывучэнне гiсторыi не служыць нiякай мэце i не дае нiякiх урокаў цяперашняму. Гегель, несумненна верачы, што незалежна ад дзеянняў людзей у гісторыі паступова ўсталюецца ўсведамленне свабоды, сфармуляваў гэты другi погляд у наступным шырока вядомым выказваннi: «Вопыт i гiсторыя, аднак, паказваюць, што нацыi i ўрады нiколi нiчому не вучацца ў гiсторыi, i што ў сваiх дзеяннях яны нiколi не звяртаюць увагi на ўрокi, якiя магла б прапанаваць гiсторыя»[5]. Калi паглядзець на ўсё сказанае за апошняе стагоддзе пра рухальную сiлу гiсторыi, яе палiтычную непрыдатнасць i палiтычную аўру, негатыўныя аргументы i па колькасцi, i па пераканальнай сiле прыкладна настолькі ж моцныя, як i пазiтыўныя. Я не хачу спрашчаць сабе задачу, iгнаруючы пярэчаннi маёй пазіцыі, i таму згадаю тут некаторыя аргументы, прыведзеныя супраць немагчымасцi выкарыстання гiсторыi ў жыцці i дзеяннях людзей.

Найперш я хачу спыніцца на дэфармаванай свядомасці, якая лiчыць, што ўсе намаганнi чалавецтва ў гiсторыi марныя, што найлепшыя з чалавечых памкненняў тармозяцца сiлай абсалютнага эгаiзму, што ўсе змены захлынаюцца ў інэртнасці, i што велiзарныя ахвяры чалавечага жыцця i матэрыяльных дабротаў маюць вынiкам мiнiмальныя паляпшэннi. Сярод сучасных гiсторыкаў прадстаўнiком такога песiмiстычнага погляду быў Якаб Буркхардт. У раздзеле яго Weltgeschichtliche Betrachtungen („Сусветна-гістарычных назіранняў»), прысвечаным гiстарычным крызiсам, ён пiша пра амаль татальнае расчараванне, якое звычайна спадарожнiчае ўздымам рэвалюцыяў. «Цяпер людзi цярплiва пераносяць самыя гнюсныя ўрады i церпяць рэчы, якiя зусiм нядаўна прымусiлi б iх узняцца са зброяй у руках». Іншы аргумент супраць гiсторыi такi. Яе памяць у захаваннi сапраўды каштоўнага капрызная і непрадказальная. Фальшывае можа жыць доўга, сапраўднае ж можа быць забыта. Але нярэдка адрознiць адно ад другога цяжка, бо адно можа ператварацца ў другое. «Звычайны лёс новых iсцiнаў: пачынаюць як ерасi i сканчаюць як забабоны». Конрад Лорэнц цытуе гэты сказ Томаса Хакслея[6] .

Але найбольш красамоўны аргумент супраць гiсторыi сфармуляваў Фрыдрых Ніцшэ. Нiхто нiколi не выказаў яго магутней. У раздзеле сваёй Thoughts Out of Season („Несваечасовыя думкі») пад загалоўкам «Аб карыснасцi i недахопах гiсторыi для жыцця» ён некалькi разоў звяртае ўвагу на разбуральныя для жыцця наступствы, якiя былi вынiкам лiшку гiстарычнай свядомасцi ў выпадках, калi такi лiшак дамiнаваў i ў сiстэме адукацыі, i ў грамадскай думцы. Дапускаючы, што iснуе сiла ажыўляць мiнулае i бачыць бягучыя падзеi ў свеце гiсторыi, якая складае аснову чалавечай прыроды, Нiцшэ таксама заяўляе, што лiшак гiсторыi можа разбураць нашу чалавечую прыроду: «Пры пэўным ўзроўнi слепаты мыслення i гiстарычнай свядомасцi жыццёвы iмпульс у iндывiдзе, у нацыi цi ў культуры будзе цярпець i нарэшце памрэ».

Цяжка перацанiць тое, як доўга быў актуальны гэты погляд Нiцшэ. Калi ён толькі сфармуляваў яго, быў, несумненна, самотным ваяром, а тыя, хто атакаваў яго (гiсторыкi, якiя атрымлiвалi асалоду ад залатога веку гiстарызму), лiчылi, што знаходзяцца ў поўнай бяспецы. Але пазней апаненты пачалі ставіць такое ж кляймо, хоць некаторыя з iх самі былi прадуктамi гiстарызму. Нiхто не адчуваў крызiсу гiстарызму так глыбока, як фiлосаф гiсторыi Эрнст Трольч. Праблему гiстарызму ён бачыў у рэлятывiзацыi ўсiх каштоўнасцяў i змагаўся з гэтай праблемай усё сваё творчае жыццё. «Гiсторыя, — пiсаў Трольч, — прымушае нас падыходзiць да тэрмiнаў, памятаючы пра перманентную i аўтарытарную сiстэму каштоўнасцяў, якая падобна, аднак, падарвана i канчаткова разбурана патокам самой гiсторыi»[7] . Трольч выказаў гэта ў сярэдзiне дваццатых гадоў, разважаючы над тым, як глыбока паўплываў на яго вопыт I сусветнай вайны i пасляваенных сацыяльных i палiтычных зрушэнняў.

Застаецца толькi чакаць, што, сутыкнуўшыся з куды больш небяспечнымі працэсамі, гэтая пазіцыя будзе даведзена да яшчэ большай скрайнасцi. Сярод яркiх прадстаўнiкоў дадзенай плынi можна назваць Карла Лёвiта i Поля дэ Валеры[8]. Заўважым, аднак, што iх пазiцыя карэнным чынам адрознiваецца ад пазiцыi Нiцшэ. Ідучы следам за Бэнэдэто Крочэ, Лёвiт[9] гаворыць пра лёс сучаснага чалавека ў гiсторыi як пра «апошнюю рэлiгiю iнтэлiгенцыi» i лiчыць гэты лёс «глухой алеяй», бо ён прытупляе ўспрыманне людзьмi «пастаянства асноўных чалавечых патрэб i пачуццяў, моцы i слабасцi». За абвiнавачаннямi такога кшталту стаiць папрок заходнееўрапейскiх аўтараў i вучоных у бок гiстарызму. Рэлятывiзуючы каштоўнасцi, сцвярджалi яны, гiстарызм прывёў Нямеччыну ў прорву нiгiлiстычных тэндэнцыяў, а менавiта яны сталіся прычынай адмаўлення немцаў ад нормаў натуральна га права, якое змацоўвала i ўнутраную палiтыку, i грамадскае жыццё дзяржавы, i стасункi памiж дзяржавамi. Калi б усё было сапраўды так (я не думаю, што тут можна пагадзiцца без ніякіх агаворак), то мы атрымалi б яшчэ адну негатыўную ацэнку ўплыву гiстарызму як перабольшанай формы гiстарычнай свядомасцi на палiтычныя адносiны.

Апаненты, якія лічаць гiсторыю непрыдатным падмуркам для палiтычнай практыкi, прыводзяць яшчэ адзiн аргумент: гiсторыю можна павярнуць i прыстасаваць для любых магчымых мэтаў, нават дыяметральна супрацьлеглых. Паколькi карцiна, якую дае гiсторыя, ёсць суб’ектыўнай iнтэрпрэтацыяй аб’ектыўных фактаў, сцвярджаюць яны, то мы можам зрабiць з гiсторыi што заўгодна, i апеляцыя да гiсторыi можа быць выкарыстана дзеля апраўдання любой палiтычнай мэты. Тут я не кажу пра свядомае манiпуляванне i фальсiфiкацыю гiсторыi дзеля забеспячэння сумнiўнага лагiчнага абгрунтавання самых ганебных палiтычных мэтаў. Таталiтарныя рэжымы даюць нам бясконцыя прыклады такога кшталту. Нават у выпадках, дзе апеляцыя да гiсторыi спантанная i мае на ўвазе поўную яе падтрымку, вынiкi могуць даць менавiта той iнструмент, якi неабходны для вырашэння канфлiктаў памiж народамi i дзяржавамi. Гiстарычныя аргументы ўмела выкарыстоўвалiся на працягу нашага стагоддзя, напрыклад, для вызначэння франка-нямецкiх адносiнаў як крывавай мiжусобiцы.

Прымхлiвы погляд, што Прусiя ёсць «коранем зла ў Нямеччыне», як сказаў Чэрчыль яшчэ на Тэгеранскай канферэнцыi ў 1943 г.[10], адлюстраваны ў афiцыйных мемарандумах заходнiх дзяржаўных дзеячаў, пачынаючы ад добра вядомага нямецкага мемарандума сэра Айры Кроў 1907 г.[11] да ноты Маршала Фроча (студзень 1919)[12] i Статута 46 Савета Саюзнага Кантроля, якi загадваў злiквiдаваць Прусiю. Ва ўсiх гэтых выпадках прысутнiчала гiстарычная аргументацыя. Такiм чынам, якой бы нi была праблема (нямецкая знешняя палiтыка, прычыны I сусветнай вайны цi палiтыка агрэсii Гiтлера), яе разглядаюць як яшчэ адно звяно ў паслядоўным ланцугу падзеяў, што з’яўляюцца сведчаннем адной i той асноўнай гiстарчынай сiлы, i значнасць праблемы без усялякай меры перабольшваецца.

Падобныя скажэннi знаходзiм, калi аналiзуем нямецкiя заявы (нават некаторыя заявы Бiсмарка) наконт стасункаў Нямеччыны з Францыяй. У якасцi класiчнага прыкладу можна ўзяць заяву, зробленную пад час Рэйнскага канфлiкту 1840-41 г. Гельмутам фон Мольтке, якi пазней узначалiў прускi штаб i меў добрыя працы.

Мольтке напiсаў сваё эсэ «Die westliche Grenzfrage» („Праблема заходняй мяжы») у адказ на французскiя тэрытарыяльныя прэтэнзii на захад ад Рэйна[13].

Ігнаруючы вопыт двух тысячагоддзяў цеснай нацыяналь най блiзкасцi, Мольтке абвiнавачвае французаў у тым, што яны адмаўляюцца прыняць iх, немцаў, слушную пазiцыю, што яны схільныя да насiлля i што пагарджаюць цвярозым разважаннем, розумам, справядлiвасцю i шчырасцю. «Вывучэнне гiсторыi квітнее як у Францыi, так i ў Нямеччыне. Французам адкрыты тысячы шляхоў i сцежак разумець, але яны настолькi кiруюцца сляпымі пачуццямі, што наўмысна трымаюцца iлюзii i адмаўляюцца бачыць праўду, нават ясную, як дзень». Тут Мольтке апелюе да вывучэння гiсторыi таму, што яна вучыць бачыць праўду, але толькi ў той меры, наколькi ён сам зацiкаўлены, і адзiная ісціна, якую французам трэба прызнаць, — ягоны погляд на рэйнскую спрэчку. Палiтычны канфлiкт вакол дзяржаўнай мяжы iнтэрпрэтуецца як канфлiкт вакол гiстарычнай праўды. Такое некарэктнае прымяненне гiсторыi ў барацьбе паміж дзяржавамі часта паўтаралася ў Еўропе ХIХ ст., і не толькі ХIХ ст. Калi б i дзе б такая мадэль ні выкарыстоўвалася, вынiкi былi тыя ж: гiсторыi надаваўся статус «нацыянальнай» дысцыплiны, i яе ўздымалі як зброю ў абароне нацыянальных iнтарэсаў. У вынiку гісторыю ўцягваюць у вiр нацыянальных i нацыяналiстычных жарсцяў. Як навука, яна расплочваецца сваёй аб’ектыўнасцю ў пошуку адзiнай ісціны i становiцца простым рупарам шматлікіх ісцінаў. Гэта смяротны грэх, якi найбольш шкодны для гiсторыi як навукі, i мы не можам з чыстым сумленнем сцвярджаць, што ўжо пазбавiлiся яго.

Але iснуе шэраг iншых прычынаў, прынамсi цяпер яшчэ больш відавочных, чаму наша гiстарычная свядомасць зацерлася цi нават апынулася пад пагрозай поўнай страты. Па-першае, назіраюцца парушэнні палiтычнай традыцыi, i ў Нямеччыне яны адчуваюцца магчыма больш, чым у iншых краiнах. Далей, адбываецца трансфармацыя ўсiх нашых палiтычных i грамадскiх абставiнаў.

Палiтычна свет яшчэ мяняецца i яшчэ не дасягнуў стану стабiльнасцi, але няма сумнення, што палiтычнае сузор’е, якое развіваецца, будзе радыкальна адрознiвацца ад аналагiчнага ў ХIХ ст. Нарэшце, умовы нашага жыцця знаходзяцца цяпер у стане вiдавочнага рэвалюцыйнага працэсу, напрыклад, урбанiзацыi грамадства ў індустрыяльных краінах, узрастанне мабільнасці насельніцтва і змены функцыяў сям’і і ўсіх сацыяльных груповак, якія ўтварыліся ў ранейшых сацыяльных умовах. Наша палітычная свядомасць прыніжае мысленне ў катэгорыях традыцыі. Наадварот, палітыка і кіраванне зарыентаваныя на ідэю планавання, прыкладаюцца рацыяналістычныя намаганні ўсталяваць свае нормы, як тое адбываецца з тэхналогіяй, стаўшай вядучай сілай ва ўсіх сферах. Навошта ў гэтай сітуацыі гістарычная свядомасць? Для каго яна ўяўляе хоць якую-небудзь каштоўнасць? І ўсё ж трэба ўсвядоміць, што гэта не ёсць праблемай выключна нашага часу, бо з’явілася яна на першай асноўнай фазе індустрыялі зацыі. Дзіўная рэч, канешне, што менавіта ў той перыяд гістарычная навука і адчуванне гісторыі дасягнулі свайго піку. 1850-я г. бачылі, як у Нямеччыне адбыўся першы вялікі штуршок індустрыялізацыі, тады ж, у 1850-я г. кульмінацыі дасягае нямецкая гістарыяграфія. У палітычнай думцы таго часу гістарычныя аргументы, сімвалы і традыцыі мелі не меншую вагу, чым эканамічная мэтазгоднасць. Без усялякіх агаворак і з неадольным пафасам сярэднявечныя канцэпцыі кайзера і райха былі выкарыстаны ў ідэі нацыянальнай дзяржавы, якая карэнным чынам адрознівалася ад дзяржавы Сярэднявечча.

Растлумачыць гэтую з’яву можна. Гiстарычная думка выконвала кампенсуючую функцыю, аднаўляючы фактычную страту гiсторыi перабольшваннем гістарычнай свядомасцi. У той час, калi сярэднявечныя гарады i iх незлiчоныя гiстарычныя помнiкi знiкалi ў вынiку першай хвалi урбанiстычнай экспансii i iндустрыялiзацыi, вучоныя вышуквалi найбольш аддаленыя i цяжкадаступныя дакументы старажытнай гiсторыi. Больш важную выснову з гэтага працэсу бурных пераменаў зрабіў Якаб Буркхардт. Зваротны перыяд, што пачаўся, як i рэвалюцыйная эра, з 1789 г., — думаў Буркхардт, мусіў стварыць супрацьвагу сучаснасцi, калi ёй увогуле не давядзецца згубiць ментальную раўнавагу. «Толькi раздумваючы над мiнулым, можна знайсцi маштаб для вымярэння хуткасці i сiлы руху, у якiм жывем мы самi»[14]. Такое разуменне гiсторыi як прылады для вымярэння часу i руху ў цяперашнiм, што падвяргаецца любой паскоранай змене, можа і сёння служыць апраўданнем для гiсторыi. Нам застаецца толькі развiць iдэю Буркхардта яшчэ на крок далей: роля гiсторыі не абмяжоўваецца функцыяй рэгістрацыі сучасных перамен, яна можа таксама служыць компасам, якi дапамагае нам пракладваць шлях у будучыню. Як навука, гiсторыя займаецца пераменамі, а не стабiльнасцю.

II.

Палiтыка, якая бярэ пачатак у гiстарычнай свядомасцi, нiколi не з’яўляецца выключна дзеяннем iндывiдаў. На гiстарычную свядомасць заўсёды глыбока ўплываюць нацыянальныя, сацыяльныя i палiтычныя групы, у асяроддзi якiх яна фармуецца. Памяць гэтых групаў можа быць моцнай, нават гiпертрафаванай, або яна можа плесціся павольна, кульгаючы, далёка адстаючы ад рэальнасцi гiстарычных падзей. Стагоддзямi гiшпанцы адмаўлялiся прызнаваць, што яны страцiлi становiшча сусветнай дзяржавы. Нядаўна французы i немцы зрабiлi тое ж самае. Прыклад усiх трох паказвае, да якой ступенi неадпаведны гiстарычны традыцыяналiзм можа дэзарыентаваць палiтыку нацыi. Англiчане, з iншага боку, нягледзячы на вялiкую традыцыйную сiлу iх палiтычных формаў, рэагавалi на перамены ў свеце з вялiкай гнуткасцю. Францыя i Англiя даюць вельмi розныя прыклады таго, як прынцыпы, выведзеныя з мiнулага, дапамагаюць перажыць змены ў нацыянальным лiдарстве. Гiстарычная свядомасць можа падказаць актыўным палiтыкам патрэбу ў пераменах, а можа прымусiць iх яшчэ больш заўзята чапляцца за старое, баючыся згубiць свае пазiцыi. Часам законы, народжаныя пэўнымі гiстарычнымі сiтуацыямі, аказваюцца абсалютна непрыдатнымі ва ўмовах змены. Вось прыклады такога кшталту: iзаляцыянiзм Злучаных Штатаў, ангельская iдэя балансу ўлады, французскiя прэтэнзіі на гегемонiю ў Еўропе, месiянства немцаў.

Нацыi дэманструюць надзвычай разнастайныя адносiны да сваёй гiсторыi, і яны адводзяць ёй (як навуцы i як інтэлектуальнай сiле) розныя месцы ў сваёй iнтэлектуальнай гаспадарцы. У ХIХ ст., вялiкай эры гiстарыяграфii, у Францыi i ў Нямеччыне гiсторыя выконвала розныя ролi. У Францыi яна была часткай лiтаратуры, але магчыма самым важным было тое, што яна мела цесную сувязь з палiтыкай. Большасць французскiх гiсторыкаў таго часу (Гiзо, Токвiль, Цьер) знаходзіліся на пасадах мiнiстраў, часта ў вырашальных сiтуацыях, i iх гiстарыяграфiчныя працы нельга аддзялiць ад iх палiтычнай дзейнасцi. З’яўляючыся гiсторыкамi, яны пiсалi як палітыкі; з’яўляючыся палiтыкамi, яны дзейнiчалi як гiсторыкi. Нямецкая гiстарыяграфiя, нягледзячы на ўплыў моцных палiтычных iмпульсаў, нiколi не мела актыўнай ролi ў прыняццi палiтычных рашэнняў. Франкфурцкую Нацыянальную Асамблею можна лiчыць выключэннем, але яе поспех быў вельмi сумнiўны. Гiсторыя ў Нямеччыне заставалася акадэмiчнай. Як занятак сярэдняга класу, яна была адасоблена ад палiтычнай адказнасцi ў дзяржаве, дзе лiдарства традыцыйна належала бюракратыi i арыстакратыi. Уплыў, якi мелi гiсторыкi, не iшоў далей парадаў князям i прамоваў у парламентах. Яны нiколi непасрэдна не ўплывалі на саму палiтыку.

Калi можна лiчыць iндывiдаў прадстаўнiкамi большых аб’яднанняў (напрыклад, нацыянальных i сацыяльных груп) цi папярэднiх пакаленняў, узятых у гiстарычнай змене, тады шляхам аналiзу некаторых рэпрэзентатыўных асобаў з ліку актыўных палітычных дзеячаў мы здолеем вылучыць розныя ўзроўні гістарычнай свядомасці. Цяпер паспрабуем зрабiць гэта, памятаючы, што дадзеныя нататкі не ёсць дасканалым цi сiстэматызаваным аглядам. Для аналiзу выбярэм усяго некалькiх палiтыкаў розных эпох i перакананняў. Адзiным крытэрыем адбору будзе ўмова, што палiтык аддаваў увагу сваiм адносiнам да гiсторыi i ў нейкай форме выказваў свае думкi па гэтай праблеме.

Ота фон Бiсмарк будзе ў нас прадстаўляць пазiцыю, што гiсторыя ўвасабляе лёс дзяржаваў i асобаў[15]. Гэты погляд вырастае з рэлiгiйных перакананняў, але таксама адлюстроўвае iдэi даўно ўсталяванага грамадскага класу, якi адчувае свае каранi ў кантынуiтэце доўгай традыцыi i бачыць пагрозу гэтаму кантынуiтэту толькi з боку звышнатуральнага ўмяшання, а не з боку iманентных зрухаў у гiсторыi. Элемент непрадбачанага ў гiсторыi не паралiзуе волю да дзеяння, а наадварот, узмацняе яе да такой ступенi, што яна гатовая выкарыстаць сiлу, каб падтрымлiваць традыцыйнае разуменне дзяржавы. Ніколі нельга быць упэўненым у поспеху такой спробы. Гiсторыя як увасабленне эвалюцыйнага працэсу ў свеце заўсёды мацнейшая за чалавека, мацнейшая нават тады, калi гэты чалавек — дзяржаўны дзеяч. Праз усё сваё жыццё, ад маладых гадоў да старасцi, Бiсмарк пранёс перакананне, што гiсторыю нельга рабiць. У палiтыцы, казаў ён, мы вучым, «што мы можам быць такiмi разумнымi, як найразумнейшыя людзi свету, i ўсё ж у любы момант, наблiжаючыся да наступнага, можам аказацца ў становішчы дзiцяцi, якое намацвае шлях у цемры»[16]. Канец гiсторыі адкрыты: яна рэальнасць палiтычнага жыцця як такога i без фiласофскага покрыву, рэальнасць, аднолькавая і ў мiнулым, і ў цяперашнім. Гэтая пазiцыя, нягледзячы на волю да дзеяння і на тое, што не кiдаецца ў бок ад рэвалюцыйных рашэнняў, застаецца надзвычай кансерватыў ным поглядам на гiсторыю i палiтыку.

Ленiн, заснавальнiк камунiстычнай Расіi i вучань Маркса, разглядаў тэорыю Маркса пераважна як iмператыў да рэвалюцыйнага дзеяння.

Паводле Ленiна, гiсторыя ёсць рэалiзацыяй непазбежна га працэсу, у якiм мiнулае, цяперашняе i будучае з’яўляюцца не чым iншым, як стадыямi развiцця, iснаванне якіх можна навукова даказаць. Ленiн думаў, што вера ў непазбежнасць такога развiцця можа паралiзаваць рэвалюцыйнае дзеянне. За гэты грэх ён асуджаў усiх эканамiстаў i рэвiзiянiстаў, i ў сваiх дзеяннях часта выходзiў за межы артадаксальнага гiстарычнага матэрыялiзму. Ленiну не ўдалося пазбегнуць сюрпрызаў i нечаканасцяў, але ён заўсёды быў здольны ўключыць iх у сваю тэорыю прадвызначанага развiцця сусветнага рэвалюцыйнага руху. Яго гiстарычная свядомасць была прадуктам радыкальнага звышспрошчанага погляду на гiсторыю як сусветна-гiстарычную барацьбу памiж рабамi i рабаўладальнiкамi. Гэтая перспектыва выхавала ў iм пачуццё знаходжання на водападзеле сусветнай гiсторыi, i ў 1921 г., у 4-ю гадавiну кастрычнiцкай рэвалюцыi, Ленiн выказаў гэтае адчуванне словамi, якiя ўражваюць сваёй саманадзейнасцю і дзёрзкасцю[17]. Упершыню за стагоддзi i тысячагоддзi, заявiў Ленiн, надзея, што рабы ўсiх нацыяў могуць паўстаць са зброяй у руках супраць рабаўладальнiкаў усiх нацыяў, ператварылася з блытанай i бяссiльнай мары ў ясна вызначаную праграму. Гэтая праграма атрымала канкрэтную форму актыўнай барацьбы прыгнечаных мiльёнаў пад кiраўнiцтвам пралетарыя ту. Яна прывяла да першай перамогi пралетарыяту, да першай перамогi на шляху да знiшчальнай вайны, да першай перамогi саюза рабочых усiх нацый над саюзам буржуазii розных нацый. Паводле Ленiна, гiстарычная свядомасць — сiнонiм сусветнай рэвалюцыi. Парадокс аднак, у тым, што задача гэтай рэвалюцыi — вызваленне ад гiсторыi.

Гэтая прамова Ленiна дэманструе схему, на якой грунтуецца камунiстычная канцэпцыя гiсторыi. З часам яна, канешне, будзе дапаўняцца iншымi элементамi, асаблiва нацыянальнымi, але асноўны змест гэтай канцэпцыi застаецца нязменным. Вывучэнне гiсторыi нiколi не бывае проста тэарэтычным, а, наадварот, само па сабе ёсць практыкай, што адкрыта абвяшчае сваю прыхільнасць да ўсталявання прадвызначанай i таму прадказальнай мэты рэвалюцыi, як i яе прамежкавых пунктаў. У гэтым працэсе любое паглыбленне ў гiсторыю працуе на канчатковую мэту i адначасова служыць сродкам яе дасягнення. Не далей як у 1973 г. член савецкай Акадэмii навук сказаў, што гiсторыя не толькi пацвердзiла слушнасць сацыялiстычнага развiцця, але таксама як навука была самым аўтарытэтным прапагандыстам слушнасці абранага Савецкiм Саюзам i iншымі сацыялiстычнымі краiнамі шляху[18].

Нацыянальнае вызваленне i гiсторыя як яго iнструмент былi лозунгамi руху нацыянальнага лiбералiзму i лiберальнай дэмакратыi ў ХIХ i пачатку ХХ ст. Гэты рух пачынаўся як рух нацыянальнага абуджэння, як рысарджымэнта; i, азiраючыся назад на нацыянальнае мiнулае i адкрываючы раннюю нацыянальную гiсторыю, ён спрабаваў знайсцi апраўданне будучынi нацыі. Нацыя пачынала аднаўляцца са свайго мiнулага. Цягам амаль паўтараста гадоў гэты рух спараджаў выдатных дзеячаў амаль у кожнай еўрапейскай краiне. За прыклад можна ўзяць Томаша Масарыка, першага прэзiдэнта Чэхаславацкай рэспублiкi, якi лiчыў нацыянальнае абуджэнне галоўным прынцыпам, агульным для ўсяго чалавецтва, прынцыпам, якi не супярэчыць гуманiтарнаму, касмапалiтычнаму i iнтэрнацыя нальнаму памкненням. «Гiсторыя паказвае, — казаў Масарык у кароткiм эсэ, напiсаным пад час I сусветнай вайны[19], — што ў Еўропе развiваюцца нацыянальныя дзяржавы. Гiсторыя спрыяе не толькi вялiкiм, але таксама сярэднiм i малым нацыянальным дзяржавам. Гiсторыя спрыяе ўсiм асобам i iндывiдуалiзму як прынцыпу. Нацыi — натуральныя супольнасцi падобных мiж сабой iндывiдаў, а дзяржавы, як больш штучныя ўтварэннi, усё больш i больш павiнны адлюстроўваць нацыянальныя рэалii». Пачынаючы з Гэрдэра, перыядычна гучала тэза наконт супярэчнасці нацыянальнага прынцыпу гуманiтарным мэтам. Асаблiва вылучаецца тут iтальянец Джузэпэ Мадзiнi. Цяпер дзяржаўны дзеяч невялiкай нацыi сцвярджаў, што гiсторыя прадстаўляе шлях i нацыянальнай, i сусветнай дэмакратыi, i ў якасцi прыкладу на карысць сваёй тэорыi ён звяртаўся да гусiтаў са сваёй чэшскай гiсторыi як асаблiва дарэчных сведкаў.

Калi маладыя нацыi ў гiстарычнай памяцi чэрпалi сiлу для стварэння сваiх дзяржаў, то старыя нацыi, накшталт Францыi, нягледзячы на ўсе нягоды свайго мiнулага, у велiчы сваёй гiсторыi знаходзiлi пацвярджэнне сваёй трываласцi. Шарль дэ Голь бачыў вечную, непарушную Францыю i ператварыў гэтую iдэю ў галоўны прынцып сваiх рашэнняў у часы крызiсаў 1940-45 i 1958-62 г.

Гiсторыя Францыi, як бачыў яе генерал дэ Голь, ёсць увасабленнем у рэальнасцi французскай нацыi такой, якая яна ёсць цяпер, у iдэi Францыi, якая iснуе па-за часам. Дэ Голь адкрывае апошнi том сваiх мемуараў[20] словамi: «Францыя паўстае з пачаткам часу. Яна жыве. Вякi клiчуць яе». Французская нацыя ўзгадавала незлiчоныя пакаленнi. «Яна ўзгадавала некалькi пакаленняў цяпер i народзiць нашмат больш. … Калi ёй наканавана выжыць, то гэты саюз людзей павiнен захавацца, на гэтай тэрыторыi i ў гэтым свеце, непарыўны кантынуум яе мiнулага, цяперашняга i будучага. Вось таму дзяржаве, адказнай за кiраванне французскай нацыяй, даверана яе мiнулае, клопат сённяшняга дня i яе надзеi на будучыню». Тон дэ Голя адрознiваецца ад тона прадстаўнiкоў нацыянальнага абуджэння. Тут нацыю не трэба ствараць. Гэта жывая рэальнасць, якая iснавала заўсёды. Спадзеючыся забяспечыць яе будучыню, дэ Голь звяртаецца да мiнулага мовай амаль містычнай. Гiстарычная свядомасць практычна падмяняе палiтычныя рэаліі.

Тое, што Масарык i дэ Голь па-рознаму выкарыстоўвалi гiсторыю дзеля падтрымкі нацыянальнага прынцыпу, падводзіць да пытанняў: цi такое звязванне гiсторыi i нацыяналь нага не ўцягвае i гiсторыю i палiтыку ў невырашальную супярэчнасць? Да якой ступенi гiстарычная свядомасць паспрыяла сучаснаму i да якой ступенi была перашкодай? Цi не даў нам саюз нацыяў, незалежна ад таго, на якой аснове ён сфармаваны, такую новую Еўропу, якая патрэбна, нават калi мы не мелi гiстарычных мадэляў яе фармавання? Разглядаючы гэтае пытанне, можна ўбачыць, што чым блiжэй мы падыходзiм да сённяшняга дня, тым больш складанай становiцца функцыя гiсторыi ў прыняццi палiтычных рашэнняў. Галоўнай прычынай ускладнення з’яўляецца тое, што мiжнародная палiтыка сёння праводзiцца ва ўмовах пагрозы атамнага знiшчэння, i яе нельга параўнаць з палiтыкай нiякага з папярэдніх перыядаў. Цi можа гiсторыя i яе веданне i надалей уяўляць сабой якую-небудзь каштоўнасць як дарадца, якi дапамог бы нам адолець прорву памiж сёння i ўчора?

У дадзеным кантэксце я б хацеў разгледзець дзейнасць актыўнага сучаснага палiтыка Гэнры Кiсiнджэра, бо ён уключыўся ў актыўнае палiтычнае жыццё, распрацаваўшы спачатку вычарпальны тэарэтычны падыход да палiтыкi i аб’яднаўшы на першы погляд несумяшчальнае: мiжнародныя адносiны ў мiнулым i ў атамную эру. Яшчэ i цяпер зарана ацэньваць практычнае прымяненне гэтай тэарэтычнай пазiцыi ў дзейнасцi Кiсiнджэра-палітыка. Тут нас цiкавiць iншае, у прыватнасцi асноўная праблема, узнятая Кiсiнджэрам — якое значэнне можа мець гiсторыя для палiтыкi ў ядзерную эпоху? У сваёй ранняй працы па перыяду Метэрнiха Кiсiнджэр пiша: «Нiякiя важныя высновы ў вывучэннi знешняй палiткi — вывучэнні дзяржаў, якiя дзейнiчаюць як адзiнкi — немагчымыя без усведамлення гiстарычнага кантэкста»[21]. Тэза, выказаная ў Nuclear Weapons and Foreign Policy («Ядзерная зброя і знешняя палітыка» ), напiсанай некалькiмi гадамi пазней, здаецца, супярэчыць гэтаму погляду.

Разбуральны патэнцыял сучаснага ўзбраення, пiсаў Кiсiнджэр, ставiць дзяржаўных дзеячаў перад праблемай, характэрнай выключна для нашага часу: «Абсалютная бяспека больш немагчымая»[22].

Уяўная супярэчнасць памiж гэтымi дзвюма тэзамi знiкае, калi зразумець, што Кiсiнджэр гаворыць толькi пра дзяржавы, якiя з’яўляюцца суб’ектамі мiжнароднай палiтыкi. Пад дзяржавамi ён разумее дзяржавы мiнулага i сучаснага, у тым лiку сённяшнiя супердзяржавы, чыё паходжанне i iснаванне гiстарычна абумоўлена. Сузор’е, у якiм яны знаходзяцца, нагадвае сузор’е еўрапейскiх дзяржаў з часоў французскай рэвалюцыi, у якiм кансерватыўныя дзяржавы супрацьстаяць рэвалюцыйным. Паводле Кiсiнджэра, гэтае супрацьстаянне iснавала з часоў Напалеона. Задача палітыка — ўмацоўваць раўнавагу памiж супрацьлеглымi сiламi. Калi дзяржавы будуць і далей захоўваць свой характар як гiстарычна сфармаваныя адзiнкi, то нават у свеце, дзе дамiнуе рацыяналiзм тэхнакратыi, у мінулым яны могуць знайсцi сабе рэкаменда цыі, але не могуць скапiяваць iх. «Гiсторыя вучыць аналогii, а не тоеснасцi»[23]. Кропкi параўнання застаюцца, але яны набываюць велiзарныя памеры. Кiсiнджэр мяркуе, што рознiцу памiж татальнай i абмежаванай вайной, вызначаную Клаўзэвiцам, можна прымянiць i да атамнай вайны[24]. Масiраваны атамны адказ не з’яўляецца рэальнай пагрозай, таму што разам са знішчэннем ворага ён азначаў бы самазнiшчэнне. У вынiку Кiсiнджэр распрацоўвае канцэпцыю абмежаванай атамнай вайны, канцэпцыю, якая, вiдавочна, шмат чым абавязана гiстарычным прыкладам, за адзiным выняткам: Кiсiнджэр аперуе паняццямi ядзернай стратэгii. Галоўнае ў Кісінджэраўскім злучэнні гістарычнай і тэхналагічнай стратэгіі — выжыванне чалавецтва. Ён цалкам усведамляе гэта і несправядліва абвінавачваць яго ў „этычнай слабасці», меркаванне, якое Вайцзэкер перадаў іншым прыхільнікам „халоднакроўнай сучаснай стратэгіі»[25]. У кожным разе, трэба памятаць, што Кісінджэр лічыў выжыванне чалавецтва і прадухіленне сусветнага атамнага спусташэння магчымым толькі „пры ўмове выкарыстан ня гістарычных сродкаў», варыяцыя на тэму шырока вядомага выказвання Клаўзэвіца пра вайну.

Ва ўсіх пяці разгледжаных прыкладах агульнае тое, што кожная з прадстаўленых гэтымі асобамі палітычных пазіцый у вызначэнні сваёй палітыкі і фармулёўцы аргументацыі звяртаецца да гісторыі, хоць функцыі, адведзеныя ёй, ва ўсіх моцна адрозніваюцца. Будучыню можна бачыць у кантэксце фіксаванай рэвалюцыйнай мэты; яна можа быць адкрытым полем, у якім можа прымацца любая колькасць рашэнняў; ці яна можа быць аб’ектам законаў тэхналагічнай рацыянальнасці. Але ў кожным разе, будучыню нельга аддзяліць ад мінулага, якое стварыла яе. Актыўна аспрэчваецца палажэнне, што сінтэз паміж гістарычным мінулым і тэхналагічным будучым немагчымы. Яшчэ ў 1961 г. Гельмут Шэльскі прапанаваў мадэль тэхналагічнай дзяржавы[26], у якой больш не будзе ні ўрада як такога, ні выяўлення дэмакратычнай волі. Палітычныя рашэнні будуць не больш чым выбарам паміж палітычнымі дакументамі, а зместам палітычнай дзейнасці ў асноўным будуць канфлікты паміж экспертамі. У такім поглядзе цікавасць да гісторыі ёсць не чым іншым, як „метафізічным імкненнем да мінулага» (слова „настальгія» тады яшчэ не было модным). „Гістарычная рэальнасць больш не кіруецца гістарычнымі ідэямі, але законамі, уласцівымі рэканструкцыі свету сродкамі тэхналогіі, узятымі з прыродазнаўчых і грамадскіх навук». У той час як Шэльскі абвяшчае свой погляд аб’ектыўным, іншыя лічылі яго выяўленнем бязмежнай надзеі на будучыню. Але ці магчыма яшчэ адчуваць такую бязмежную надзею сёння? У мінулым быў толькі страх сусветнай атамнай катастрофы, які падказваў надзею ў тэхналагічным прагрэсе. Сёння гэты страх ужо канцэнтруецца не толькі на праблеме ядзернага ўзбраення, але і на іншых працэсах, звязаных з тэхналагічным прагрэсам і індустрыяльным ростам. Сярод гэтых праблем наступныя: пагроза голаду шмат у якіх частках свету, асабліва ў краінах з хуткім ростам насельніцтва і мінімальнай эканамічнай базай; энергетычны крызіс; разбурэнне навакольнага асяроддзя — умовы для падтрымання чалавечага жыцця і яго якасці.

Гэтыя праблемы другарадныя ў параўнанні з галоўнай, якая абмяркоўваецца тут. Яна існуе незалежна ад таго, маюць спадарожныя праблемы нейкае дачыненне да аднаўлення гістарычнай свядомасці ці не. Тэхналагічны прагрэс вядзе да „новага самаадчужэння чалавека», карыстаючыся словамі Шэльскага. Існуе пагроза яго выхаду за рамкі, устаноўленыя патрэбамі чалавечага жыцця і воляй чалавецтва да выжывання. Гэта значыць, што будучыня зноў становіцца сферай, у якой людзі як такія мусяць прымаць рашэнні, а не сферай, якую можна пакінуць ейным недахопам ды аўтаматызму тэхналагічнай цывілізацыі. Гэта значыць таксама, што ў нас ёсць магчымасць перадолець прорвы паміж мінулым, цяперашнім і будучым і аднавіць кантынуум, які, падобна, быў разарваны наданнем волі чыста тэхналагічным меркаванням. Магчыма такое змяненне ў свядомасці магло б аднавіць усведамленне чалавечай гісторыі як велізарнага рэзервуара, поўнага мадэляў жыцця, у якіх людзі працавалі і існавалі тысячагоддзі. Я не прапаную палёт ва ўтопію ідэалізаванага мінулага. Я заклікаю да аднаўлення кантынууму ў чалавечай гісторыі. Калі б гэты кантынуум быў часткай нашай свядомасці, то дзеючыя палітыкі маглі б абаперціся ў прыняцці рашэнняў на планаванне і памяць.

III.

Калі паглядзець на згаданыя вышэй палітычныя персаналіі і месца, адведзенае рознымі інтэрпрэтацыямі гістарычнай свядомасці ў канцэпцыях палітыкі, мы ўбачым відавочны і неаспрэчны кансэнсус сярод іх у поглядах на адносіны паміж палітыкай і гістарычнай свядомасцю. У Нямеччыне існуе шэраг фактараў, якія ставяць гэты кансэнсус пад сумненне: разрывы кантынуітэту ў гісторыі і традыцыі; некарэктнае выкарыстанне гісторыі, асабліва ў нацысцкай Нямеччыне, у якіх заўгодна мэтах; потым, пазней, радыкальны паварот да тэхналагічнай будучыні. У час, калі навуковыя дысцыпліны ацэньваліся і цяпер яшчэ ацэньваюцца на падставе магчымасці іх прымянення да грамадскіх і іншых патрэб (і ацэнкі такога кшталту, канешне, несправядлівыя ў дачыненні да імпульсу вольнага даследавання), „гістарызм» лёгка спісаць з рахунку як бясплённае сузіранне гістарычных з’яў і як занятак для задавальнення ўласнай цікавасці ў іх вывучэнні. Ральф Дарэндорф[27] моцна сфармуляваў гэты погляд, сказаўшы, што вывучэнне гісторыі аказалася, у значным сэнсе, бясплённым. Яно не кажа, заяўляе Дарэндорф, што нам трэба рабіць, каб пазбегнуць памылак мінулага ці пераканацца ў тым, што рашэнні ў будучым будуць слушнымі. Конрад Адэнаўэр патрабаваў ад гісторыі нашмат больш. У першым томе сваіх мемуараў[28] ён дзівіцца гісторыку, які адмовіўся быць прарокам, здольным прадбачыць будучыя падзеі. Адэнаўэр адчуваў, што гістoрык, асабліва спецыяліст па сучаснай гісторыі, павінен прынамсі спрабаваць, абапіраючыся на аналогіі з нядаўняга мінулага і нават з сучаснага, вызначыць, у якім накірунку могуць развівацца падзеі. У сваіх працах і выкладанні гісторык мусіць звяртаць увагу на тое, што верагодна адбудзецца і нават папярэджваць сваіх слухачоў пра тое, што набліжаецца.

За гэтымі процілеглымі меркаваннямі стаіць шэраг непаразуменняў адносна ролі, якую гістарычная свядомасць можа і не можа выконваць у палітыцы. У аснову чакання, што гісторык можа прадказваць будучыя падзеі, можа быць пакладзена адна з дзвюх пасылак: курс гісторыі цалкам прадвызнача ны гістарычным telos або гісторыя паўтараецца. Гэтае апошняе дапушчэнне часта дапаўняецца поглядам, што прырода чалавека застаецца нязменнай і ўяўляе сапраўдную рухальную сілу ў гісторыі. Кожная з тэзаў мела паслядоўнікаў у мінулым, але ніводная з іх, за магчымым выключэннем апошняй, не можа быць даказана эмпірычна, а значыць усе яны, такім чынам, застаюцца гіпатэтычнымі па сваім характары. Тэндэнцыя бачыць курс гісторыі як цалкам прадвызначаны пачала з’яўляцца сярод пазітывістаў ХIХ ст. Марксізм пераняў гэтую тэндэнцыю. Паралель з асноўнымі палажэннямі прыродазнаў чых навук відавочная. Калі мы лічым гісторыю цалкам дэтэрмінаванай, то пазбаўляем яе персаналістычных элементаў. Індывіды — усяго інструменты гістарычнага працэсу, а сам працэс паўстае адно з комплексу структураў, г.зн., са звышасабовых абставінаў і ўмоваў. Тое, што мы называем выпадкам, больш не выконвае ніякай ролі ў гісторыі. У слова „выпадак» я ўкладваю значэнне, прапанаванае адным вучоным[29] . У святле тэорыі верагоднасці выпадак азначае блізкую да нуля верагоднасць таго, што адна падзея, як супрацьлегласць любой колькасці іншых, будзе мець месца. Цяпер, калі прыродазнаўства займаецца магчымасцямі ўзаемадзеяння закона выпадку (а біялогія аперуе менавіта гэтымі паняццямі на вышэйшых узроўнях даследавання, напрыклад, у дачыненні да пачатку жыцця), становіцца ясней, чым калі раней, што ў гісторыі, зразуметай як прадукт чалавечай дзейнасці, выпадак, ці, як яго назваў у адной са сваіх апошніх публікацый Карл Якаб Буркхардт[30], нечаканае, можа лёгка адыграць надзвычай важную ролю. Гэтай верагоднасцю, але не ёй адной, тлумачыцца факт, што галоўны пласт гісторыі, г.зн. самі падзеі, гэтак цяжка катэгарызаваць. Падзеі спантанныя і хаатычныя. Аднойчы пачаўшыся, яны могуць быць спыненыя, яны не адпавядаюць перыядычным прылівам і адлівам. „Выпадак» і „супадзенне», г.зн., разрывы ў ланцугу прычыны і выніку, здаецца, могуць мяняць іх хаду. Гэта не тычыцца працяглых падзеяў — de la longue duree, паводле французскай гістарыяграфіі. Што да такіх павольных у параўнанні з чалавечым жыццём зменаў, сітуацыя іншая — у адносінах, у падставовых формах грамадскага жыцця і ў эканамічных цыклах[31]. У гэтай сферы гісторыя можа прапанаваць рэкамендацыі, скіраваныя ў будучыню. Яшчэ ў першай палове ХIХ ст. Алексіс дэ Токвіль прадказаў уздым эгалітарнай дэмакратыі; а ў наш час Карл Яспэрс адзначыў сінхранізацыю асноўных паваротных пунктаў у высокай культуры, што вядзе да ўніфікацыі гісторыі чалавецтва. Той хто дзейнічае, зыходзячы з гістарычнай свядомасці, вымушаны думаць у вялікіх маштабах гэтых эпахальных тэндэнцыяў. Больш за тое, у фармаванні палітычных матэрыяў, у кантэксце якіх прымаюцца рашэнні, даводзіцца памятаць пра іх гістарычную якасць. Гістарычны элемент часта адзіны эмпірычны матэрыял, з якім працуе палітык. Мы не можам залежаць ад яго ў вызначэнні мэтаў, але ён можа дапамагчы вызначыць кірунак і метады дзеянняў. Прававая сістэма краіны можа быць эфектыўнай толькі тады, калі яна сыходзіць з грамадскага ладу, які атрымаўся ў выніку гістарычнай эвалюцыі. Гэта неабходна рабіць нават — і асабліва — тады, калі гэты лад падлягае змяненню. Адрозненні, што існуюць у асноўных праблемах сацыяльнай арганізацыі, напрыклад розныя пазіцыі не-белых мяншыняў у Лацінскай і Паўночнай Амерыцы, можна зразумець толькі гістарычна. Аналізу сучаснай сітуацыі недастаткова для забеспячэння эфектыўнай палітыкі.

Дзейнічаць, зыходзячы з гістарычнай свядомасці, — азначае таксама бачыць сваё мінулае такім, якое яно ёсць, не ідэалізуючы і не асуджаючы, але ўлічваючы яго ва ўсёй славе і ганьбе, як тое, што папярэднічала нашаму ўласнаму існаванню. Там, дзе гістарычная эвалюцыя перанесла вялікі разрыў, кантынуітэт, звычайна, можна аднавіць, калі будзе рашучы паварот ад эпізоду ў мінулым, які выклікаў разрыў. Калі ў Нямеччыне дваццаць пяць гадоў таму зноў прыкладаліся намаганні па стварэнні дэмакратычнай дзяржавы, мы былі абавязаны ўлічваць наступствы паразы нямецкай гісторыі пад час нацысцкага перыяду, не толькі наступствы ганарыстасці і той катастрофы, да якой яна прывяла, але таксама недахопы і інстытуцыйную слабасць, што вырашыла лёс нашай першай спробы дэмакратызацыі. Для таго, каб спаткаць традыцыю свабоды, нам давялося больш заглыбіцца ў гістарычныя пласты. У прамове ў Бундэстагу 12 верасня 1949 г.[32], у дзень абрання прэзідэнтам Федэратыўнай рэспублікі Нямеччыны, Тэадор Гойс звярнуўся да таго моманту, разважаючы на тэму забыцця і памяці словамі, што паказваюць, як пачуццё гістарычнай свядомасці мацавала яго палітычную і маральную адказнасць. „Лёс быў ласкавы да нас як да індывідаў, падараваўшы здольнасць забываць. Як бы мог жыць кожны з нас, калі б увесь спазнаны боль, расчараванне і шкадаванне заўсёды жылі ў нас ва ўсёй сіле? І лёс быў ласкавы да нацыяў таксама, калі дараваў ім тую ж здольнасць забываць. Але баюся, што некаторыя немцы вельмі хочуць злоўжыць гэтай ласкай і забыць занадта хутка. Нам давядзецца сутыкацца з сіламі, якія прывялі нас у тое становішча, у якім знаходзімся. Я не кажу гэта з нянавісці ці помсты. Я спадзяюся, што мы ўсё ж здолеем адрадзіць з разгубленасці нашых душ адзінства людзей».

Я б хацеў скончыць іншай думкай, якая мае дачыненне да задачаў, паўстаўшых перад намі сёння. Тымі, каго хвалюе страта гістарычнай свядомасці, хто адчувае, што гэтая занепакоенасць вынікае не проста з захаплення антыкварыятам. Наша трывога — за будучыню. Калі гістарычная свядомасць адмаўляецца і не ўлічваецца ў нашым інтэлектуальным планаванні, яна не проста памрэ. Яна расквітнее ненармальным спосабам і створыць свой асаблівы свет, у якім будуць квітнець легенды, і гістарычная праўда будзе разбурана фальшывымі карцінамі мінулага. Мы ў палітычна адказных пазіцыях не можам дазволіць гісторыі змарнець і памерці такім чынам, але нададзім ёй статус, якога яна заслугоўвае як сучасная навуковая дысцыпліна з крытычнай сілай і як фактар у палітычнай адукацыі. Існуе такая рэч, як палітычная дзейнасць на падмурку гістарычнай свядомасці, але існуе таксама, адчуваю, такая рэч, як палітычная дзейнасць для гістарычнай свядомасці. Выкананне гэтай задачы ляжыць на ўсіх, хто мае пачуццё адказнасці за ўмацаванне гонару і годнасці існавання чалавецтва ў будучым.

Кёльнскі універсітэт

З ангельскай пераклала Ірэна Ганецкая


[1] Gehlen A. Urmensch und Spätkultur (Bonn, 1956), 258. Заўвага Токвіля ў De la Démocratie en Amérique, Part 4, Chap. 8 — „Le passé n’éclairant plus l’avenir, l’espirit marshe dans les ténèbres» — адлюстроўвае ўсведамленне страты сувязі паміж мінулым і будучым. Р.Казелек цытуе гэтую заўвагу ў сваёй „Historia Magistra Vitae» у Natur und Geschichte: Karl Löwith zum 70. Geburtstag (Stuttgart, 1976), 201 i 214.
[2] Hofmannstal H. Ansprache gehalten am Abend des 10. Mai 1902 im Hause des Grafen Karl Lanckoroсski // Gesammelte Werke, Prosa, vol. II (1959), 27.
[3] Plumb J.H. Die Zukunft der Geschichte (München, 1971), моцна выяўляе гэта. Плюмб, які бачыць розніцу паміж мінулым і гісторыяй як вырашальны фактар сучаснай свядомасці, піша (104 і наступная): „Гісторыкі слушна спяшаюцца разбурыць тое мінулае, да якога грамадства так часта звярталася ў пошуках самасцвярджэння ці апраўдання, ці і таго і другога. Гэта крытычная, дэструкцыйная роля ўсё яшчэ важная; ілюзіі наконт мінулага яшчэ існуюць у вялікай колькасці, нават сярод прафесіяналаў. Але змены ў самім грамадстве вызвалілі гісторыка, як і астатніх членаў грамадства, ад апантанасці мінулым».
[4] Поўную цытату можна знайсці ў Cicero, De oratore libri tres, ed. A.S.Williams (Oxford, 1892), II, 36, p.245: „Historia vero testis temporum, lux vertatis, vita memoriae, magistra vitae, nuntia vetustatis, qua voce alia nisi oratoris immoralitati comendatur?» Р. Казелек цытуе гэты ўрывак ў сваім артыкуле „Historia Magistra Vitae», 198.
[5] Hegel G.W.F. Vorlesungen über die Philosophie der Weltgeschichte, vol.I: Einleitung: Die Vernuntf in der Geschichte, ed. G.Lasson; 5th ed., ed. Hoffmeister (Hamburg, 1955). Глядзі „Besondere Einleitung: die verschiedenen Arten der Geschichtsbetrachtung». Важнае тлумачэнне, якое ідзе за цытаваным вышэй сказам: „Кожная нацыя існуе ў такіх індывідуальных умовах, што яна павінна і будзе прымаць рашэнні на аснове свайго быцця, і толькі нехта з вялікім і моцным характарам вырашыць слушна. Нацыі жывуць у такіх індывідуаль ных абставінах, што ранейшыя абставіны не адпавядаюць поўнасцю пазнейшым, таму што ўмовы цалкам змяніліся».
[6] Lorenz К. Die Rückseite des Spiegels: Versuch einer Naturgeschichte menschlichen (Munich, 1973), 315.
[7] Эрнст Трольч у параграфе, названым „Этыка і філасофія гісторыі» (Ethik und Geschichtsphilosophie») у Der Historismus und seine Überwindung (Berlin, 1924; reprint, 1966), 3. Падрабязней па гэтай праблеме глядзі Troeltsch E. Der Historismus und seine probleme, Т.I (Tübingen, 1922).
[8] Пра апошнія даследаванні Поля Валеры глядзі H.Angermeier, Geschichte oder Gegenwart: Reflexionen über das Verhältnis von Zeit und Geist (München, 1974), 105 і наступныя. Ангермаер быў першым, хто сур’ёзна звярнуў увагу на ролю Валеры як „магчыма самага вялікага ворага гісторыі ў сучаснасці».
[9] Löwith K. Mensch und Geschichte, y Gessamelte Abhandlungen (Stutthart, 1960), 152 i наступныя. Цытаты ў гэтым тэксце ўзятыя са с. 160-161. Гэтае эсэ, народжанае спрэчкамі паміж Лёвітам і Хайдэгерам, прадстаўляе самы важны даробак у нарматыўны і антрапалагічны погляд на гісторыю. З гэтага пункту гледжання толькі тое „існаванне, што ўжо не мае пэўнага месца ў татальнасці таго, што адбываецца дзякуючы прыродзе і таму засноўваецца цалкам на самім сабе і на сваім вымярэнні ў часе» можа называцца „гістарыч ным існаваннем (гістарычнай экзістэнцыяй)».
[10] Teheran, Yalta, Potsdam: Die sowjetischen Protokolle von den Kriegskonferenzen der „Grossen Drei», ed. A.Fisher (Cologne, 1968), 84.
[11] Перадрукавана ў British Documents on the Origins of the War 1889 to 1914, vol.III: The Testing of the Entente 1904-1906 (1928), 397 і наступныя.
[12] Нота ад 10 студзеня 1919 г. да паўнамоцных прадстаўнікоў саюзных і асацыяваных дзяржаваў перадрукавана ў Documents relatives aux négotiations concernant les garanties de sécurité contre une aggression de l’Allemagne (1924). Самы важны ўрывак гаворыць: „L’Allemagne de 1914 йtait le résultat d’un travail soutenu de 150 ans, commencé par Frédéric II, méthodiquement continué par ses successeurs et qui avait abouti à prussianiser l’Allemagne».
[13] Moltke H. Gesammelte Schriften und Denkwürdigkeiten, vol.II: Vermischte Schriften (Berlin, 1892), 171 і наступныя .
[14] Burckhardt J. Weltgeschichtische Betrachtungen, Einleitung 2, у: Werke, IV. Darmstadt, 1956.
[15] Пра дзве ранейшыя працы па поглядах Бісмарка на гісторыю глядзі H.Wolff, Geschichtsauffassung und Politik in Bismarcks Bewusstsein, München, 1926, i V.Gitermann, Die geschichtphilosophischen Anschauungen Bismarcks // Archiv für Socialwissenschaft und Sozialpolitik, 51 (1924).
[16] Ліст ад 20 ліпеня 1864 г., Gessamelte Werke, Freidrichsruh edn., vol.XIV, Part II, 672.
[17] Lenin V. Werke, XXXIII (Нямецкі пераклад па чацвёртым расійскім выданні, 1963, 29-37), с.889 і наступныя.
[18] Куропятник Г.К., Безруков А.В. Против реакционной идеологии // Вестник Академии наук СССР, 1973, 11, 102-104. Я ўдзячны Гюнтэру Шцёклю за тое, што ён звярнуў маю ўвагу на гэтае выказванне.
[19] Masaryk T.G. Das Problem der kleinen Völker in der europäischen Krisis, перакл. J.Reichmann (Prague, 1922), 25.
[20] de Gaulle Ch. Memoiren der Hoffnung: Die Wiedergeburt 1958-1962 (Vienna, 1971), 9. А.Нічке разглядае тую ж праблему ў сваім эсэ „Leistungen der Geschichtswissenschaft» у: Geschichte heute: Positionen — Tendenzen — Probleme, ed. G.Schulz (Göttingen, 1973), 58-59.
[21] Kissinger H. A World Restored: Metternich, Castlereagh and the Problems of Peace 1812-1822 (London, 1957), 331.
[22] Kissinger H. Kernwaffen und auswärtige Politik (München, 1959; 2nd ed., 1974), 115. Першым аўтарам, які даследаваў кранутую тут мной праблему, быў Стэфан Граўбард: Stephen Graubard, Kissinger, Portrait of a Mind (New York, 1973); параўнай таксама: M.Kalb and B.Kalb, Kissinger (1974).
[23] Kissinger, A World Restored, 331.
[24] У Kernwaffen und auswärtige Politik, 291, Кісінджэр называе Клаўзэвіца „першым сапраўды сучасным вайсковым тэарэтыкам» і вывучае яго ўплыў на Леніна і асабліва Мао (290 і наступныя).
[25] Weizsäcker C.F. Der ungesicherte Friede (Göttingen, 1969), 111. Вайцзэкер відавочна тут не меў на ўвазе Кісінджэра. Палітыка Кісінджэра нашмат больш адпавядае паняццю Вайцзэкера „узгодненая біпалярнасць». На гэты конт параўнай таксама: C.F.von Weizsacker, Gedanken über unsere Zunkuft (Göttingen, 2nd ed., 1968).
[26] Schelsky H. Der Mensch in der wissenschaftlichen Zivilisation, Arbeitsgemeinschaft für Forschung des Landes Nordrhein-Westfalen, Geisteswissenschaften, Heft 69 (Cologne and Opladen, 1961).
[27] Dahrendorf R. Gesellschsft und Demokratie in Deutschland (München, 1965), 33.
[28] Adenauer K. Erinnerungen 1945-1953 (Stuttgart, 1965), 13.
[29] Eigen H., Winkler R. Ludus vitalis, у: Mannheimer Forum: Ein Panorama der Naturwissenschaften (1973-74), 96.
[30] Burckhardt K. J. Entdeckung des Unerwarteten, у: Geschichte zwischen Gestern und Morgen (München, 1974).
[31] Менавіта гэтае адрозненне прыводзіць добра вядомае выказванне з працы Якаба Буркхардта Weltgeschichtliche Betrachtungen да высновы, што гісторыя робіць нас не столькі разумнымі (на наступны раз), колькі мудрымі (назаўсёды).
[32] Heuss T. Die grossen Reden: Der Staatsmann (Tübingen, 1965), 92-92.

Наверх

Генадзь Ластоўскі. Беларусь і беларусы ў расійскіх падручніках па гісторыі

*У артыкуле аналізуюцца праграмы і падручнікі па гісторыі, што выйшлі ў свет пасля распаду СССР, г. зн. за перыяд 1992–1997 г.

I. Навучальныя праграмы

За мінулы 5–гадовы перыяд Міністэрства агульнай і прафесійнай адукацыі ажыццявіла два выпускі навучальных праграм па гісторыі Расіі для агульнаадукацыйных установаў: у 1992 і 1997 г. У сувязі з пераходам у 1990–я г. школьнай гістарычнай адукацыі ў Расіі з лінейнай (5–11 класы) на канцэнтрычную (1–ы канцэнтр — 5–9 класы; 2–і канцэнтр — 10–11 класы) структуру адпаведна з’явіліся і два блокі праграм па айчыннай гісторыі з старажытных часоў да канца ХХ ст. для лінейнай (1992 г.) і для канцэнтрычнай (1997 г.) сістэмаў выкладання.

У 1992 г. праграма для 5–11 класаў была распрацаваная лабараторыяй гістарычнай адукацыі Інстытута агульнаадукацыйнай школы Расійскай акадэміі адукацыі. У яе аснову па задуме аўтараў пакладзена “история складывания многонационального Российского государства”. Беларускі матэрыял у ёй з’яўляецца толькі з этапа XIV–XVI ст. у рамках тэмы “Русь и народы–соседи в XIV–XVI вв.”. У тэме ёсць раздзел, прысвечаны Вялікаму Княству Літоўскаму. Настаўнік павінен ахарактарызаваць становішча “русских земель в его составе, наступление рыцарей Тевтонского ордена, Грюнвальдскую битву, войны Руси с ВКЛ, присоединение к Руси Северской и Смоленской земель, Люблинскую унию, русско–украинские и русско–белорусские отношения”. Як бачна, для тых, хто распрацоўваў праграму, “Русь” у названы перыяд асацыюецца толькі з Маскоўскай дзяржавай, да якой, натуральна, і павінны далучацца “русские земли”, што невядома як трапілі ў ВКЛ. Адпаведна гэтае дзяржаўнае ўтварэнне (ВКЛ) у вучняў павінна асацыявацца з нечым замежным, захопніцкім, што не мае якога–небудзь дачынення да “русской истории”. Адсюль зусім незразумела, у якім кантэксце тут выступаюць “русско–белорусские отношения”: або як часткі нейкага нядаўняга цэлага, або набліжаныя па сваім значэнні да расійска–польскіх і расійска–шведскіх узаемадачыненняў.

Наступны зварот да беларускай гісторыі тычыцца XVII ст. Падамо адпаведны абзац праграмы цалкам: “Экономика украинских и белорусских земель. Положение украинского и белорусского народов. Освободительная борьба украинского народа. Богдан Хмельницкий. Народное движение в Белоруссии. Россия и Украина”. Змест абзаца практычна выключае азнаямленне вучняў 7–га класа з падзеямі тэатра вайсковых дзеянняў паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай, чаго не скажаш у дачыненні да падзеяў на Украіне. Зусім незразумелы падыход аўтараў да раздзела “Народное движение в Белоруссии”, які абапіраецца ў дадзеным выпадку толькі на пазіцыю канкрэтнага настаўніка і яго эрудыцыю.

З раздзелам “Внешняя политика России во второй половине XVIII в.” звязаныя “разделы Речи Посполитой” і “включение Правобережной Украины и Белоруссии, Литвы, Курляндии в состав России”. Тут закладзена і кароткая характарыстыка “социально–экономического развития присоединенных территорий”. Сутнасць гэтай характарыстыкі была б зразумелая ў параўнальным плане, калі б далей прадугледжвалася зноў звярнуцца да сацыяльна–эканамічных аспектаў развіцця Беларусі ў складзе Расійскай імперыі. Але такога не прасочваецца.

Трэба аддаць належнае аўтарам праграмы, якія пры вывучэнні тэмы “Народы России в первой половине ХIХ в.” заклалі характарыстыку нацыянальна–вызваленчага руху ў Беларусі ў сувязі з падзеямі 1830–1831 г. Яны адзначаюць рост нацыянальнай самасвядомасці і нацыянальнай годнасці беларусаў у названы перыяд. Наступны этап гэтага працэсу звязваецца ў праграме з “восстанием 1863 г. в Польше, Литве и Белоруссии”.

Пры вывучэнні гісторыі народаў, што насялялі Расійскую імперыю ў другой палове ХIХ ст., у праграме прадугледжваецца кароткая характарыстыка працэсу кіравання “подвластными народами и территориями” і звязаныя з ім “унификация, бюрократизация, русификация”.

У раздзеле аб паслярэвалюцыйных часах (1917–1920) распрацоўшчыкі прадугледзелі для расійскіх школьнікаў зварот і да беларускага матэрыялу: “установление Советской власти в Белоруссии”, “Брестский мир” і “Борьба в Белоруссии против немецких интервентов”. На гэтым гісторыя Беларусі ХХ ст. на старонках дадзенай праграмы заканчваецца.

У якасці дадатку да разгледжанай у зборніку 1992 г. надрукаваная альтэрнатыўная праграма для вучняў 7–9–х класаў па гісторыі Расіі з старажытных часоў да 1917 г., падрыхтаваная В.Буганавым, П.Зыранавым і А.Сахаравым. У ёй крыху раней, чым у папярэдняй, звяртаецца ўвага на гісторыю Белай Русі, прадугледжваецца ўжо пры вывучэнні ХII–ХIII ст. кароткая характарыстыка настаўнікам сацыяльна–палітычных аспектаў развіцця Полацкага і Смаленскага княстваў.

Наступныя эпізоды беларускай гісторыі адлюстраваныя пры вывучэнні тэмы “Народы, позднее вошедшие в состав Российской империи, в XIII–XV вв.”. Яна змяшчае нарыс утварэння, характарыстыку тэрыторыі і дзяржаўнага ладу ВКЛ. Апісанне “личности князя Гедиминаса (?)”, раздзелы “внешняя политика и войны, Украина и Белоруссия в составе ВКЛ” і “войны с Россией (праўда, такой у той перыяд яшчэ не існавала — Г.Л.) в конце XV в.”. Потым аўтары прапануюць ахарактарызаваць асобу князя Ягайлы і спыніцца на апісанні Грунвальдскай бітвы. На жаль, на ўвесь гэты аб’ёмны матэрыял адначасова з характарыстыкай Украіны, Малдавіі, Лівоніі, Каўказа і Сярэдняй Азіі адводзіцца толькі 2 гадзіны. У падобным атачэнні і ў тых самых часавых рамках выступаюць эпізоды гісторыі сярэдневяковай Беларусі канца XV — пачатку XVII ст.: “сокращение территории ВКЛ (потеря Смоленска в 1514 г.), крепостной строй, народные восстания, реформационные движения, Люблинская уния, Брестская церковная уния, крестьянско–казацкие восстания”. Параўнальна з папярэдняй праграмай іх спіс больш поўны, аднак пры гэтым вывучэнне матэрыялу ставіць перад настаўнікам практычна невырашальную задачу пазбягання калейдаскапічнасці пры адначасовым вывучэнні гісторыі пяці краінаў у такі кароткі тэрмін.

XVII ст. у гісторыі беларусаў звязанае з “Смоленской войной 1632–1634 гг.”. Далей у 2–гадзінны раздзел, прысвечаны гісторыі народаў, “позднее вошедших в состав Российской империи, в XVII в.” аўтары ўключылі матэрыял, які характарызуе развіццё Украіны і Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай, апісанне ходу “русско–украинско–польских войн 1648–1667 гг.” на Украіне. Аднак пад 1654–1667 г. праграма не прадугледжвае апісання падзеяў, што разгортваліся на тэрыторыі Беларусі.

У наступным стагоддзі беларускі матэрыял выдзяляецца ў тэматыцы вывучэння Рэчы Паспалітай. Ён звязаны з “экономическим и национально–религиозным гнетом” ва ўсходніх раёнах дзяржавы і “воссоединением с Россией”. Вывучэнне перыяду ХIХ і пачатку ХХ ст. не прадугледжвае ў дадзенай праграме выкарыстання фактаў з гісторыі Беларусі.

Як бачна, абедзьве апісаныя праграмы даволі эклектычныя па характары беларускага матэрыялу, які ў іх змешчаны, і разглядаецца ён адначасова як з афіцыйных вялікадзяржаўных, так і з нацыянальна–вызваленчых пазіцый.

Пяройдзем да праграм 1997 г., распрацаваных спецыялістамі Міністэрства агульнай і прафесійнай адукацыі і выкладчыкамі Акадэміі павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі работнікаў адукацыі. Стварэнне новага пакета праграм тлумачыцца аўтарамі тым, “что в российской школе в условиях трансформации гуманитарного образования крайне необходим новый в концептуальном, содержательном и методическом планах комплект программ по истории”. Адметнымі асаблівасцямі дадзенага камплекта вызначаюцца “многофакторный подход к истории” (на самай справе гэта выявілася ў неапраўданым ускладненні матэрыялу), “ориентация на проблемное изложение курса”, “патриотическая направленность” (якая трансфармуецца ў вялікадзяржаўнасць).

Зборнік змяшчае праграму “История с древнейших времен до наших дней” (3–11 класы), якая складаецца з курсаў айчыннай і замежнай гісторыі, распрацаваную калектывам аўтараў пад кіраўніцтвам А.Багданава і Е.Вяземскага, а таксама некалькі скарочаную праграму В.Буганава, П.Зыранава і А.Сахарава, якая істотна нічым не адрозніваецца ад свайго першага варыянта, апублікаванага ў 1992 г.

Закранем айчынныя старонкі праграмы А.Багданава і Е.Вяземскага. Першыя беларускія сюжэты датычаць гісторыі “Смоленского и Полоцкого княжеств на международных торговых путях” у тэме “Древнерусские княжества и земли”, а таксама “истоков великорусской, украинской и белорусской ветвей русского народа” пры вывучэнні “Ордынского ига”. Далей ужо ў XIII–XV ст. пры разглядзе гісторыі ВКЛ вучні, паводле задумы аўтараў, павінны звярнуць увагу на “усиление польско–католического влияния”, “гонения на православие и русскую письменность”, а ў выніку і “упадок Русско–Литовского государства”. У наяўнасці так званы “полный джентльменский набор” дагматычных уяўленняў пра гісторыю Вялікага Княства Літоўскага ў адзначаны часавы адрэзак, якія, здавалася б, ужо сціраюцца з памяці. Канец XV — пачатак XVI ст. у замежнай палітыцы вялікіх князёў маскоўскіх пазначаецца як перыяд “отвоевания (звычайна гэты тэрмін выкарыстоўваецца пры характарыстыцы працэсу вяртання таго, што ўжо раней належала, у дадзеным выпадку ён абсалютна недарэчны — Г.Л.) русских земель на Западе” і ў прыватнасці “взятия Смоленска”.

У асвятленне гісторыі XVI ст. уведзены матэрыял, прысвечаны “войне с Польско–Литовским государством”, але ці бачаць за гэтай фразай аўтары праграмы спусташальныя рэйды войскаў маскоўскага цара па Беларусі 1560–х г., ці канцэнтруюць сваю ўвагу на больш познім перыядзе Лівонскай вайны, сказаць складана. Затое пры вывучэнні падзеяў XVII ст. зусім недвухсэнсоўна гаворыцца пра падтрымку Расіяй “освободительной (!) войны в Белоруссии” і “отвоевание (!) древнерусских земель у Речи Посполитой”. Каментар, як кажуць, залішні.

У тэму “Воссоединение древнерусских земель” закладзены матэрыял пра “народы Украины и Белоруссии в составе Речи Посполитой” і іх “борьбу против католической экспансии и социального гнета” і пра падзеі “войны России с Речью Посполитой” 1650–1660 г.

Кацярынінскі перыяд у гісторыі Расіі А.Багданаў і Е.Вяземскі звязваюць таксама з падзеламі Рэчы Паспалітай і “завершением воссоединения русских земель”, быццам бы не разумеючы, наколькі дзяржаўны і грамадскі побыт беларусаў XVIII ст., што насялялі Рэч Паспалітую, адрозніваўся ад расійскага і ад умоваў, што існавалі, напрыклад, у ХII–ХIII ст. Вывучэнне тэмы “Россия на рубеже XVIII–XIX вв.” павінна змяшчаць, на думку распрацоўшчыкаў, характарыстыку рэгіянальных асаблівасцяў сацыяльна–эканамічнага развіцця шэрагу тэрыторый Расійскай імперыі, у т. л. і Беларусі. З гэтага моманту нітка беларускай гісторыі губляецца ў праграме да 1918 г. і заключэння Брэсцкага міру. Потым у 1944 г. яна зноў з’яўляецца ў сувязі з вызваленнем Беларусі і знікае ўжо назаўсёды.

У цэлым, калі характарызаваць праграму 1997 г. у плане адлюстравання ў ёй гісторыі Беларусі і беларусаў, то пры агульным нязначным павелічэнні аб’ёму такога матэрыялу, па спосабе яго падачы і ацэнкі яе можна вызначыць як крок назад параўнальна з праграмай 1992 г.

2. Падручнікі

Разгледзім у ракурсе нашай тэмы навучальныя дапаможнікі па гісторыі Расіі, падрыхтаваныя для асноўных (9–гадовых) і сярэдніх (11–гадовых) агульнаадукацыйных школ.

А) А.А.Преображенский, Б.А.Рыбаков “История Отечества” (до конца XVIII в.) для 6–7 классов. Москва, Просвещение, 1996.

Гэта перапрацаванае А.Праабражэнскім выданне падручніка пад рэдакцыяй Б.Рыбакова “История СССР”, які прыйшоў у школы ў 1985 г. Падручнік найбольш часта выкарыстоўваецца сярод усіх іншых пры вывучэнні айчыннай гісторыі ў асноўнай школе. Аўтары пайшлі па шляху не толькі ўдасканалення тэксту, але і зняцця з яго ўсяго, што не мела непасрэднага дачынення да тэрыторыі ўласна Расіі.

Упершыню беларусы згадваюцца ў сувязі з сцвярджэннем пра тое, што “предки русских, украинцев и белорусов на протяжении Х–ХIII вв. составляли единую народность, имели общую культуру и язык, который следует назвать древнерусским”. Гэтаму папярэднічае думка пра асаблівасці мовы (дыялекты) і звычаяў усходніх славян, аб’яднанне якіх у адзіную дзяржаву, згодна з аўтарскай канцэпцыяй, прывяло да амаль поўнага нівелявання этналінгвістычных адрозненняў. Даволі распаўсюджаная памылка.

З удзельных княстваў Белай Русі ў падручніку ў асноўным фігуруе толькі Смаленскае, і то між іншым ў кантэксце характарыстыкі гандлёвых шляхоў і асаблівасцяў архітэктуры Старажытнай Русі.

У раздзеле, прысвечаным гаспадарчаму жыццю Русі XIV ст., з’яўляецца “Литва” (у значэнні ВКЛ), з якой гандляваў Смаленск, які быў “вечным яблоком раздора между Литвой и соседними русскими княжествами”. З’яўленне тэрміна “Літва” у гэтым параграфе не суправаджаецца якімі–небудзь тлумачэннямі. Раней у навучальным дапаможніку ён не сустракаўся. Толькі ў апісанні перыяду кіравання Дзмітрыя Данскога мы даведваемся пра “притязания на русские земли Великого княжества Литовского”. “К тому времени литовский князь Ольгерд овладел Смоленском”, — гаворыцца ў кнізе, хоць на самай справе гэта адбылося толькі пры вялікім князю Вітаўту. Напэўна, такім чынам аўтары дапаможніка (трэба сказаць, не зусім удала) хацелі растлумачыць вучням прычыны саюзніцкіх дачыненняў Вільні і Смаленска ў паходах Альгерда на Маскву, якія прыгадваюцца ў падручніку.

Пад час раскрыцця тэмы “Предпосылки объединения русских земель” і характарыстыкі знешнепалітычнага становішча другой паловы XIV — пачатку XV ст. А.Праабражэнскі і Б.Рыбакоў апісваюць этапы “занятия” літоўскімі князямі “земель Западной Руси”. “В их руках оказались Полоцк, Минск и Киев. Границы Литвы проходили после захвата Смоленского княжества вблизи Москвы.” Такім чынам жыхарам Белай Русі аддаецца толькі роля статыстаў і ахвяраў дзеянняў літоўскіх князёў. Ні пра якія іншыя прынцыпы будовы і існавання літоўска–расійскай дзяржавы, натуральна, не магло быць і гутаркі.

Пры трактаванні далучэння Ноўгарада да Масквы аўтары праводзяць думку пра “угрозу православию со стороны католической Литвы”, умела ствараюць вобраз ворага праваслаўя, а, значыць, і ўсяго расійскага. Пад 1514 г. гаворыцца пра “отвоевание” Масквой у “Литвы” Смаленска быццам нейкай тэрыторыі, што раней належала ёй, а не самастойнага княства–дзяржавы, якое да таго часу ўжо больш за 100 гадоў было часткай ВКЛ.

У параграфе 18, прысвечаным замежнай палітыцы Расіі ў XVI ст., коратка згадваюцца эпізоды Лівонскай вайны, звязаныя з тэрыторыяй Беларусі: узяцце Полацка, параза маскоўскіх войскаў пад Оршай, стварэнне Рэчы Паспалітай, поспехі Стэфана Баторыя (Батуры). Пры апісанні нутранога становішча Расіі ў XVII ст. стваральнікі кнігі кранаюць і факт абвяшчэння ў 1596 г. у Брэсце уніі паміж каталікамі і праваслаўнымі. Ніяк не аналізуючы яе прычынаў, аўтары бачаць галоўную небяспеку уніі ў “постепенном подчинении православных Речи Посполитой римскому престолу”. Само сабой зразумела, у супрацьвагу падступным лацінянам гарантам стабільнасці і працвітання бачыцца Масква.

Абзац “Смоленская война 1632–1634 гг.” параграфа 26 коратка апісвае ход няўдалай для Расіі барацьбы з Рэччу Паспалітай за смаленскія землі. Перад апісаннем працэсу “воссоединения Украины с Россией” А.Праабражэнскі і Б.Рыбакоў заўважаюць, што “жители будущих Украины и Белоруссии продолжали считать себя Русью, называя так и земли, где они проживали и самих себя как народ. Со временем углублялись различия, но память о едином происхождении никогда не покидала людей”. Такім чынам аўтары спакваля падводзяць вучняў да думкі пра безумоўную прагрэсіўнасць для беларусаў вынікаў падзелаў Рэчы Паспалітай. Аналізуючы ход вайны Расіі з Рэччу Паспалітай на тэрыторыі Беларусі ў 1654–1667 г., аўтары падручніка характарызуюць яе ў цэлым як прагрэсіўную, накіраваную на “объединение бывших земель Киевской Руси”. Незразумелым застаецца толькі пытанне, у чым прагрэсіўнасць такога аб’яднання ва ўмовах другой паловы XVII ст.

У параграфе “Русская культура XVII в.” згадваецца “выделявшийся в области поэзии” “выходец из Белоруссии Симеон Полоцкий”. Апошні “белорусский” матэрыял падручніка прысвечаны падзелам Рэчы Паспалітай. Як вынік далучэння беларускіх земляў да Расіі аўтары вызначаюць “прекращение религиозных гонений”, а таксама “воссоединение восточнославянских народов” і звязанае з ім “восстановление вековых исторических связей”.

Б) Л.А.Кацва, А.Л.Юрганов “История России XIII–XV вв.”, “История России XVI–XVIII вв.”. Москва, Мирос, 1995.

Першая згадка пра Беларусь у падручніках названых аўтараў ёсць у тапанімічным раздзеле нарыса пра паходжанне і рассяленне ўсходніх славян (“в Белоруссии, на Смоленщине … нередки названия, характерные для балтских языков”). Далей, калі гутарка ідзе пра продкаў рускіх, украінцаў і беларусаў, стваральнікі кнігі вызначаюць сярод іх побач з славянамі ўгра–фінаў і балтаў з рознымі іх суадносінамі ў розных раёнах. Пры вывучэнні перыяду IХ–ХIII ст. коратка паведамляецца пра лёс Усяслава Брачыславіча Полацкага.

Вялікае Княства Літоўскае XIV ст. паказана як “грозный соперник” Москвы, які прэтэндуе на права называцца “настоящей Русью” і “собирателем Руси”. Аўтары падмацоўваюць гэта згадкай пра “русский язык как государственный” для ВКЛ. У паведамленні пра кіраванне Гедыміна гаворыцца, што Вялікае Княства “стало опорой западнорусских земель в антиордынской борьбе”. У параграфе “Литва и Русь в конце XIV — начале XV в.” даволі справядліва ахарактарызавана кіраванне Вітаўта і прычыны заключэння “польско–литовской унии”. Пры апісанні тэрыторыі і насельніцтва “Русского государства” у канцы XV — пачатку XVI ст. аўтары закранулі пытанне паэтапнага далучэння ім смаленскіх земляў.

З раздзела гэтага падручніка, прысвечанага Лівонскай вайне, вучні даведаюцца толькі пра асобныя падзеі, што адбываліся на тэрыторыі Беларусі: узяцце “литовской крепости Полоцка”, галоўная прычына заключэння Люблінскай уніі (“угроза вторжения русских войск”).

Наступныя падзеі з гісторыі Беларусі маюць дачыненне да сярэдзіны XVII ст. і вайны Расіі з Рэччу Паспалітай. Пра Беларусь гаворыцца толькі між іншым. Згадваецца ўзяцце Смаленска ў 1654 г. і “33 городов восточной Белоруссии. Среди них — Полоцк, Витебск, Минск”. Усё астатняе, як, зрэшты, і сапраўдныя прычыны гэтай вайны, застаецца за межамі падручніка.

Апошняя згадка пра Беларусь у падручніках датычыць часоў падзелаў Рэчы Паспалітай. Аўтары коратка прыгадваюць часткі беларускай тэрыторыі, што адышлі да Расіі па I і II падзелах.

У цэлым у гэтым дапаможніку намнога менш несправядлівых і неаб’ектыўных ацэнак гісторыі Беларусі як у складзе ВКЛ, так і Рэчы Паспалітай, чым у падручніку А.Праабражэнскага і Б.Рыбакова.

В) А.Н.Сахаров, В.И.Буганов, П.Н.Зырянов “История России” с древнейших времен до конца ХIХ в. В 2 кн. Москва, Просвещение, 1995.

Гэты дапаможнік прызначаны для выкарыстання ў 10—11 класах сярэдніх школ, г. зн. другога канцэнтра вывучэння гісторыі. На жаль, ён далёка не поўнасцю адпавядае прынцыпам навучання прадмету ў старэйшых класах агульнаадукацыйных установаў. Ускладненасць параўнальна з 5–9 класамі дасягаецца не столькі за кошт акцэнтавання ўвагі на асноўных праблемах сацыяльнага, палітычнага і эканамічнага развіцця краіны, колькі за кошт насычанасці падручніка дадатковым фактычным матэрыялам.

Падзеі беларускай гісторыі на працягу IХ–ХIII ст. не сталі прадметам увагі аўтараў падручніка. Ёсць толькі згадка пра тое, што Полацкае і Турава–Пінскае княствы у ХIII ст. перажывалі раздрабненне, а “нападения литовцев и крестоносцев привели к их захирению”. У матэрыяле па XIV ст. гаворыцца толькі пра напад нейкіх няпэўных “литовских войск” на Маскву (так званая “литовщина”). У вучняў складваецца ўражанне пра напад варожых іншамоўных атрадаў. Гэтыя самыя “литовцы” і іх вялікі князь Вітаўт у 1395 г. захопліваюць Смаленск.

Пры вызначэнні знешнепалітычнага курсу Івана III стваральнікі дапаможніка адзначаюць такі істотны яго кірунак, як “возвращение (!) русских земель, захваченных Литвой”. У сувязі з гэтым зусім характэрнае і “освобождение (ад каго? — Г.Л.) многих городов по Десне и Днепру во время русско–литовской войны 1500–1503 гг.”. Усё гэта тлумачыцца не іначай як барацьбой “за национальную независимость с Ордой, Литвой”. Дарэчы, назва “Великое княжество Литовское” на старонках падручніка ўпершыню з’яўляецца толькі ў XVI ст.

Апісанне Лівонскай вайны змяшчае зноў толькі кароткую згадку пра вайсковыя дзеянні на тэрыторыі ВКЛ: “к русским переходит Полоцк (1563 г.) и другие места. Но в следующем году русская армия терпит сильное поражение на р. Улле под Полоцком”.

Уласна пра беларусаў (“белорусский народ”) у падручніку ўпершыню згадваецца ў 1648 г., калі ён разам з украінскім узняўся “на борьбу с иноземным господством” і здзяйсняў “выступления против польско–литовского гнета”.

Як і раней, у апісанні “русско–польской войны 1654–1667 гг.” пра вайсковыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі гаворыцца занадта коратка: “русские войска заняли почти всю Беларусь”. І ўсё. У XVIII ст. апісанне падзеяў, звязаных з гісторыяй Беларусі, практычна не сустракаецца, за выключэннем падзелаў Рэчы Паспалітай. Пасля першага падзелу “Россия получила часть древнерусских земель, захваченных в эпоху ордынского ига Литвой и Польшей — восточную часть Беларуси”. Пра другі і трэці падзелы аўтары ўвогуле забыліся. А.Сувораў, які ўдзельнічаў “еще в одной русско–польской войне” (так трактуе В.Буганаў паўстанне Т.Касцюшкі), “разбил отряды мятежников под Кобриным и Брестом”.

У Айчыннай вайне 1812 г. Беларусь паказана дзвюма падзеямі: выданнем Аляксандрам I маніфеста 6 ліпеня “близ Полоцка” і пераправай напалеонаўскай арміі ля р.Бярэзіны 14–16 лістапада. Толькі згадваецца пра “восстание в Польше 1830–31 гг.” (дарэчы, такая няўвага аўтара раздзела П.Зыранава да гэтага і іншых “белорусских” эпізодаў характэрная і для яго падручніка “История России в ХIХ в.”, што вывучаецца ў 8–м класе). З кароткай згадкі пра паўстанне 1863 г. у абодвух падручніках немагчыма зразумець ні яго характару, ні мэтаў, якія ставілі перад сабой паўстанцы.

Падагульняючы, варта адзначыць, што для гэтага падручніка характэрная ўвага толькі да чыста расійскіх (у сучасным сэнсе гэтага слова) падзеяў. Трактаванне фактаў, звязаных з беларускай гісторыяй, мае часта далёкі ад сапраўднасці характар.

Г) Н.И.Павленко, И.Л.Андреев “Россия с древнейших времен до конца XVII века”. Учебник для 10 класса. Москва, Просвещение, 1997.

У адрозненне ад папярэдняга падручніка стваральнікі апошняга ў апісанні XIV ст. згадваюць пра два цэнтры, “претендовавших на роль наследников Древней Руси”. Адным з іх названа Вялікае Княства Літоўскае. “Литовским князьям удалось в XIV–XV вв. включить в состав своего государства огромный массив земель, … будущие украинские, белорусские и некоторые великорусские земли. В Великом княжестве Литовском в основном жило русское население”. Падкрэсліваецца талент Альгерда як вайсковага і дзяржаўнага дзеяча. “В общении с русскими князьями Ольгерд действовал не столько силой, сколько взаимовыгодными предложениями. Уход к Литве сулил им защиту от Орды…”, “Литва готова была вмешаться в процесс объединения северо–восточных земель, имея несомненное превосходство над Московским княжеством”. Вядома ж, апісанне ВКЛ значна саступае цікавасці аўтараў да маскоўскіх падзеяў, але параўнальна з такім раздзелам, напісаным у папярэднім падручніку А.Сахаравым, цешыць і гэтае. І.Андрэеў адзначае і прамаскоўскую пазіцыю агульнарасійскага мітрапаліта Аляксея, палітычнага дзеяча другой паловы XIV ст. Апошні, “помятуя о враждебности литовского князя, предпочитал не показываться в его владениях — части своей митрополии”.

Даволі праўдзіва апавядае аўтар пра падзеі канца XIV ст. у ВКЛ, звязаныя з Вітаўтам і заключэннем уніі. Пры гэтым І.Андрэеў, калі гаворыць пра вынікі уніі, то адзначае, што “в глазах православного населения Литвы московские князья приобрели большие преимущества — именно они отныне выступали в роли защитников истинной веры. Притязания литовских князей на православное наследство Древней Руси представлялись теперь малообоснованными”. Расійскія князі цяпер сталі “с надеждой поглядывать” на Маскву.

Аўтары падручніка, бадай, адзіныя не забыліся і на выдатную падзею пачатку XV ст. — Грунвальдскую бітву. Не пакінулі яны без увагі і уплыў ВКЛ на далейшыя падзеі XV ст., звязаныя з гісторыяй Вялікага Княства Маскоўскага — далучэнне Ноўгарада, Цверы, стаянне на Угры 1480 г. Асобны раздзел прысвечаны “войнам с Литвою” у канцы XV — пачатку XVI ст., узяццю маскоўскімі войскамі Смаленска, паразе пад Оршай. І.Андрэеў адзначае ў падручніку і асаблівасці дзяржаўнага ладу усходняга і заходняга аб’яднальных цэнтраў, ступень іх цэнтралізацыі. У раздзеле “Русская культура второй половины XIII–XV в.” прыгадваецца пра пачатак фармавання расійскай, украінскай і беларускай народнасцяў, “а с ними и культуры этих народностей”.

У апісанні падзеяў Лівонскай вайны больш, чым у папярэднім дапаможніку, аддадзена ўвагі беларускім падзеям. Аднак, калі аўтар гаворыць пра няўдачы арміі Івана IV у Беларусі, то падае толькі афіцыйную прычыну — “нерадение и измена воевод”.

Значная ўвага аддадзена падзеям вайны 1654–1667 г. Яна падаецца з пункту погляду вяртання Расіі смаленскіх, чарнігаўскіх, ноўгарад–северскіх земляў, а таксама “воссоединения с двумя народами, близкими с русским по языку, религии, культуре, быту — украинцами и белорусами (они в XVII в. продолжали называть себя русскими)”. Валоданне каралямі Рэчы Паспалітай гэтымі землямі звязваецца з “неправым стяжанием”. Тут жа прысутнічае вельмі распаўсюджаны ў расійскай гістарычнай навуцы тэзіс пра “освободительное движение” беларускага народа супраць Рэчы Паспалітай, “подвергавшей украинцев и белорусов национальному и религиозному притеснению”, пра тое, што ў кампаніі 1654–55 г. мясцовае беларускае насельніцтва “восторженно встречало своих освободителей”.

І ўсё ж, нягледзячы на сваю неаднароднасць, гэты навучальны дапаможнік уяўляе сабой крок наперад у імкненні да рэальнага асвятлення ў школьным курсе гістарычных падзеяў сярэдневякоўя і пачатку новага часу.

Д) В.П.Дмитриенко, В.Д.Есаков, В.А.Шестаков “История Отечества. ХХ век”. Учебное пособие для 11 класса. Москва, Дрофа, 1995.

Падзеі першай чвэрці ХХ ст., выкладзеныя ў падручніку, часта не маюць да Беларусі ніякага дачынення (чаго не скажаш, напрыклад, пра Украіну). Упершыню Беларусь з’яўляецца на старонках дапаможніка ў сувязі з утварэннем СССР. Аўтары адзначаюць, што Беларусь у 1922 г. разам з іншымі савецкімі рэспублікамі паставіла пытанне пра “упорядочение экономических отношений” і “хотя и менее последовательно” пра захаванне канфедэратыўнай структуры дагаворных адносін паміж рэспублікамі.

Наступны эпізод, звязаны з Беларуссю, тычыцца 1939 г., года “вступления Красной Армии … в Западную Белоруссию”. Менавіта дзеянні не аналізуюцца, гаворыцца толькі пра тое, што гэты факт “оценивался пропагандой как освободительный поход”. А што на самай справе? Адказу няма.

Вялікая Айчынная вайна на старонках падручніка ў дачыненні да Беларусі мае толькі некалькі эпізодаў: 1) “агрессор к 10 июля захватил … значительную часть Белоруссии. Через 6 дней после начала войны пал Минск”; 2) згадваецца пра тое, што летам 1941 г. “крупные силы противника сдерживали защитники Могилева”; 3) “на оккупированной территории существовали целые партизанские края в … Белоруссии”; 4) адзін з абзацаў раздзела “Летнее наступление 1944 г.” прысвечаны аперацыі “Багратион”.

Пры апісанні пасляваенных цяжкасцяў аўтары, гаворачы пра разбурэнне найбуйнейшых цэнтраў краіны, прыгадалі і Мінск, сказалі, што “гитлеровцы уничтожили Киевский и Белорусский государственные университеты”. Пры аналізе “нового курса” у савецкай вёсцы 50–х г. указваецца на тое, што ў новых савецкіх рэспубліках і абласцях (у спісе пазначана і “Западная Белоруссия”) да сярэдзіны 50–х г. “господствовали антиколхозные настроения”. Заключным акордам “белорусских” фактаў падручніка стала інфармацыя пра падпісанне “в резиденции “Вискули” в Беловежской пуще под Минском” пагаднення пра ўтварэнне СНД.

Ацэньваючы ў цэлым змест расійскіх падручнікаў па “Истории Отечества” як для асноўнай, так і для сярэдняй школы, варта прызнаць, што беларуская тэматыка займае ў іх нязначнае месца. Ацэначныя характарыстыкі матэрыяла часта ўзнаўляюць традыцыйныя вялікадзяржаўныя падыходы, якія культываваліся доўгі час у савецкай гістарычнай навуцы. Праграмы па гісторыі для агульнаадукацыйных школ 1997 г., якія прыйшлі на змену распрацаваным у 1992 г., не спрыяюць пашырэнню ведаў расійскіх школьнікаў у галіне гісторыі народа суседняй Беларусі: не абуджаюць цікавасці да сацыяльна–дзяржаўнага вопыту альтэрнатыўных Маскоўскай дзяржаве і Расіі Вялікаму Княству Літоўскаму і Рэчы Паспалітай, слаба інфармуюць пра ўнёсак беларусаў у развіццё калісьці адзінай дзяржавы — СССР і пра з’явы эканамічнага і палітычнага жыцця незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Наверх

Франц Кушаль. Спробы арганiзацыi Беларускага Войска*


* Заканчэнне публікацыі. Папярэднія раздзелы гл. у Т.1, Сш.1 (1994), Т.2, Сш.1 (1995), Т.4, Сш.1-2 (1997).

Спэцыяльны ўпаўнаважаны

Калi нямецкая армiя ачысцiла ў 1941 г. Беларусь ад савецкай улады, беларускi народ паверыў, што надыйшло сапраўднае ягонае вызваленьне ад зьненавiджанага савецкага ладу. Ня хочучы толькi карыстаць з вызваленьня здабытага ахвярнасьцю нямецкага жаўнера, беларусы жадалi самi ўзяць дзейны ўдзел у змаганьнi з бальшавiзмам i са свайго боку гэтак сама гатовыя былi несьцi крывавыя ахвяры. Аб гэтым сьведчаць бязупынныя стараньнi прадстаўнiкоў беларускага грамадзянства перад нямецкiмi ўладамi аб дазволе на арганiзацыю беларускага войска, а гэтак сама й ахвярнасьць беларусаў, якiя добраахвотна ўступiлi ў рады палiцыi й самаахвярна аддалi сваё жыцьцё ў змаганьнi з бальшавiцкай партызаншчынай.
Чытаць далей →

У Цюрыху пра Полацк (Размова са Штэфанам Родэвальдам)


Штэфан Родэвальд, малады швайцарскі гісторык, асістэнт прафесара К.Гёрке, у 1997 г. паспяхова абараніў у Цюрыхскім універсітэце навуковую працу (ліцэнзіят) па тэме “Аб Полацкай Венецыі, або пра полацкую вольнасць”. Вясною 1998 г. ён прыехаў у Беларусь, каб працаваць у архівах і бібліятэках. Пасля двухмесячнага побыту ў Менску Штэфан Родэвальд адказаў на пытанні Беларускага Гістарычнага Агляду.

БГА: Як і чаму Вы абралі аб’ектам сваіх даследаванняў менавіта Полацк?

Ш.Р.: Калі ў 1995 г., беручы ўдзел у семінары прафесара Цюрыхскага універсітэта Карстэна Гёрке пра еўрапейскія сярэднявечныя гарадскія рэспублікі, я напісаў працу пра тры гарады Вялікага Княства Літоўскага, стала бачна, што яны ў еўрапейскім параўнанні былі пераходнымі з’явамі паміж Заходняй і Усходняй Еўропай.

Каб болей даведацца пра такі пераходны тып места, спатрэбіўся горад, які, па–першае, узнік у праваслаўна–візантыйскай Еўропе і потым доўгі час бесперарыўна быў у складзе дзяржавы, што знаходзілася пад значным уплывам каталіцкага Захаду. Апрача Дуброўніка–Рагузы, такімі дзяржавамі маглі быць, у прынцыпе, толькі заходняя частка Старажытнай Русі і Вялікае Княства Літоўскае. З гарадоў гэтага рэгіёну, напрыклад, Смаленск занадта часта быў па–за межамі ВКЛ, каб стаць аб’ектам працы.
Чытаць далей →

Пытанняў больш, чым адказаў* (Вячаслаў Насевіч)


*Краўцэвіч, Алесь К. Стварэнне Вялікага княства Літоўскага. Мінск, 1998. 208 c.

За некалькі апошніх гадоў гісторыя Вялікага Княства Літоўскага знайшла належнае месца ў энцыклапедыях, абагульняльных працах па гісторыі Беларусі, школьных і ўніверсітэцкіх падручніках і г.д. Адпаведна змяніліся і патрабаванні да прафесійных гісторыкаў, якія пішуць на гэтую тэму. Ад іх сёння чакаюць не столькі папулярызацыі ведаў, назапашаных папярэднікамі, колькі далейшай распрацоўкі праблем, што застаюцца не да канца вырашанымі.

Кніга Алеся Краўцэвіча, прысвечаная працэсу стварэння ВКЛ, пісалася якраз на працягу тых гадоў, калі адбываліся гэтыя змены. Усведамленне гэтай акалічнасці дапамагае лепш зразумець як яе вартасці, так і недахопы. Кніга пакідае супярэчлівае ўражанне. Здаецца, што ў асобе аўтара змагаюцца публіцыст, апантаны інтарэсамі нацыянальнага адраджэння, і разважлівы гісторык.

Першую частку кнігі ствараюць сціслая, але ёмкая характарыстыка крыніц і даволі падрабязны гістарыяграфічны агляд існуючых канцэпцый утварэння ВКЛ. Агляд далёка не вычэрпны, але ў аснове грунтоўны і цікавы. Аднак ужо ў ім пачынае адчувацца разлад паміж гісторыкам і публіцыстам у асобе аўтара. Гісторык трапнымі рысамі акрэслівае сутнасць поглядаў таго ці іншага даследчыка (адзначым, што справа гэта вельмі няпростая, але А. Краўцэвіч спраўляецца з ёй у цэлым ўдала), а публіцыст робіць абагульненні і высновы, штучна надаючы кнізе палемічнае адценне нават там, дзе для гэтага няма асаблівых падставаў.

Аўтар групуе погляды розных і часам вельмі нязгодных паміж сабой даследчыкаў у адзіную „агульнапрынятую» канцэпцыю ўтварэння ВКЛ. Пры гэтым для яго не мае розніцы, што адны надавалі значэнне першаснага штуршка пагрозе з боку нямецкіх рыцараў, другія — літоўскім заваёвам на Русі і неабходнасці захаваць іх у сваіх руках. Гэтак жа не надае ён значэння таму, чым тлумачылі даследчыкі павышаную ваенную актыўнасць літоўцаў і яе поспехі, якім часам датаваўся пачатак дзяржаваўтварэння і што прызнавалася яго галоўным рухавіком, хто лічыцца стваральнікам дзяржавы — Міндоўг ці яго невядомы папярэднік і г.д. Не важна, што хтосьці вызначаў этнічны характар дзяржавы як балцкі, а хтосьці — як змешаны літоўска-расійскі або беларуска-літоўскі, лічыў асноўным зместам падзей канфрантацыю паміж этнасамі або, наадварот, іх сінтэз ці сімбіёз і г.д. Побач аказваюцца і тыя, хто лічыў з’яўленне дзяржавы вынікам заваёвы беларускіх земляў этнічнымі літоўцамі („летувісамі» паводле тэрміналогіі А. Краўцэвіча), і тыя, хто адмаўляў гэтую ідэю або пакідаў пытанне адкрытым, як нават і тыя, хто прызнаваў ролю беларускіх дружын у падпарадкаванні вялікім князем самастойных племянных княстваў. Усё гэта — нязначныя адценні адзінай „агульнапрынятай» канцэпцыі!

Праўда, А. Краўцэвіч прызнае існаванне яшчэ адной канцэпцыі, галоўнымі рысамі якой былі тэзы пра стварэнне ВКЛ як справу рук новагародскіх феадалаў, у інтарэсах якіх дзейнічалі Міндоўг і яго сын Войшалк, і пра заваёву Літвы беларусамі, а не наадварот. Аўтарства гэтай канцэпцыі ён прыпісвае М. Ермаловічу, і ў гэтым трэба прызнаць істотную гістарыяграфічную памылку. Аўтар чамусьці не ўлічвае працы гісторыкаў з беларускай эміграцыі, у якіх гэтыя ідэі былі выказаны значна раней. Напрыклад, у артыкуле Мікалая Шкялёнка „Падзел гісторыі Беларусі на перыяды», надрукаваным у „Запісах беларускага навуковага таварыства» у Вільні ў 1938 г., можна знайсці тэзы пра знаходжанне першапачатковых уладанняў Міндоўга „у заходнім куце беларускіх земляў — Наваградчыне, Слонімшчыне, Ваўкавышчыне і Гарадзеншчыне», пра заваёву ім Аўкштоты і Жамойці „стоячы на чале беларускай дружыны», пра паўторнае заваяванне іх Войшалкам „з беларускай сваёй дружынай і пры памозе Галіцкай Русі», пра тое, што „ўсе беларускія землі, як Полаччына, Піншчына, Меншчына, Віцебшчына і іншыя, самахоць прылучыліся да новага гаспадарственнага цэнтру» і пра тое, што „гаспадарства Міндоўгава ад свайго паўстання было беларускае»[1]. Як бачым, М. Ермаловіч толькі разгарнуў і дэталізаваў гэтую канцэпцыю.

Пры далейшым чытанні кнігі А. Краўцэвіча высвятляец ца, што „не гледзячы на выразную супярэчлівасць, гэтыя дзве версіі (так званая „агульнапрынятая» і М. Ермаловіча — В. Н.) маюць шмат агульнага». Сярод гэтага агульнага аўтар вызначае, у прыватнасці, „выразную ідэалагічную афарбоўку», якая праяўляецца „ў імкненні давесці канкрэтную этнічную прыналежнасць дзяржавы (летувіскую ці беларускую) з самага яе пачатку» (с. 67). Гэтая фраза папросту збівае з панталыку, бо раней (36, 38) аўтар згадаў пры асвятленні „агульнапрыня тай» канцэпцыі не толькі тых, хто прызнаваў этнічна літоўскі характар ВКЛ (практычна ўсіх польскіх і літоўскіх даследчыкаў), але і тых, хто падкрэсліваў яго змешаны руска-літоўскі ці беларуска-літоўскі характар (М. Любаўскага, М. Доўнар-Запольскага) або займаў „нейтральную» пазіцыю (М. Грушэўскага). Межы канцэпцый у трактоўцы А. Краўцэвіча канчаткова губляюцца, калі ён адзначае, што „разуменне пачаткаў ВКЛ, выказанае расійскім гісторыкам С.Думіным, найбольш блізкае да поглядаў, выказаных у маёй працы», а літаральна ў пачатку наступнага абзаца робіць нечаканую выснову: „Такім чынам, сёння паўсюдна прынята традыцыйная канцэпцыя генэзы ВКЛ …» (64). Калі і погляды С. Думіна, найбольш блізкія да поглядаў А. Краўцэвіча, ёсць часткай паўсюдна прынятай канцэпцыі, якая не задавальняе апошняга сваёй „ідэалагічнай афарбоўкай», то дзе ж пралягае мяжа? Міжволі ўспамінаецца вядомы жарт пра тое, што „існуюць два пункты гледжання: мой і памылковы».

Праўда, з пэўнымі цяжкасцямі ў тэксце А. Краўцэвіча можна знайсці неаднаразовае вызначэнне той па сутнасці адзінай прыкметы, якая дазваляе яму адносіць вельмі розныя погляды да агульнай канцэпцыі. Гэтай фатальнай рысай выступае прызнанне ідэі „эвалюцыі летувіскага грамадства да дзяржавы» (30, 36) або „утварэнне ВКЛ як вынік унутранага развіцця балцкага этнасу» (65). Адзначым, што сам аўтар піша і пра яшчэ адну быццам бы ўніверсальную прыкмету — прызнанне „заваёвы літоўцамі суседніх усходнеславянскіх земляў» (30), але тут ён непаслядоўны. Так, сярод прыхільнікаў „агульнапрынятай» канцэпцыі ім згадваецца, напрыклад, М. Доўнар-Запольскі, які яшчэ ў 1918 г. выразна падкрэсліваў, што „гістарычная навука зусім адкідае ўсе гутаркі аб тым, быццам беларускія землі былі заваяваны літоўскімі князямі»[2]. Туды ж трапіў і аўтар гэтых радкоў, погляды якога А. Краўцэвіч характарызуе як „злагоджаны» варыянт той жа „балцкай канцэпцыі генезісу ВКЛ з акцэнтаваннем добрай волі ўсходніх славян пры пераходзе іх да падданства летувіскай дынастыі …» (65—66). Як бачым, акалічнасці ўваходу славянскіх земляў у склад ВКЛ губляюць значэнне пры наяўнасці галоўнай „крамолы» — дапушчэння актыўнай ролі літоўцаў-„летувісаў» у працэсе дзяржаваўтварэння.

З адмаўлення аўтарам такога дапушчэння павінна было б, здаецца, вынікаць, што заслуга ўтварэння ВКЛ належыць выключна ўсходнім славянам (беларусам). У такім выпадку адзіным аднадумцам А. Краўцэвіча (апрача забытага ім М. Шкялёнка і мімаходзь упамянутага П. Урбана) застаўся б толькі Мікола Ермаловіч. Аднак і ад поглядаў апошняга А. Краўцэвіч адмяжоўваецца. Тут, праўда, крытэрыі другасныя, якія пры вызначэнні прыхільнікаў „агульнапрынятай» канцэпцыі не прымаліся ў разлік: М. Ермаловіча аўтар папракае хіба што за няўдалую лакалізацыю першапачатковай Літвы і за прыпісванне Міндоўгу ролі ўцекача з яе. Заслугай жа яго застаецца тое, што ён „блізка падышоў да ідэі саюза паміж двума этнічнымі чыннікамі, саюза, які, на мой погляд, даў пачатак працэсу дзяржаваўтварэння» (60).

Выходзіць, поўнае адмаўленне ролі літоўцаў — гэта таксама ерась! На справе меў месца „саюз паміж двума этнічнымі чыннікамі». Чым жа ён адрозніваецца ад „сінтэзу» паводле У. Пашуты, „сімбіёзу» паводле аўтара гэтых радкоў, „пагаднен ня» паводле С. Думіна і г. д.? Напэўна, толькі тым, што А. Краўцэвіч не дапускае думкі пра незалежную ад славянскіх суседзяў „эвалюцыю летувіскага грамадства да дзяржавы,» і тым больш пра тое, што „толькі пасля з’яўлення гэтай дзяржавы пачынаецца ўтварэнне ВКЛ» (65). Дык вось у чым фундаментальная загана падыходаў, на якіх будуецца „уся ідэалогія навукі аб ВКЛ не толькі ў Летуве, але па ўсім свеце» (65): яны дапускалі, што ўтварэнню ВКЛ папярэднічалі самастой ныя працэсы дзяржаваўтварэння ў асяроддзі балцкага этнасу „летувісаў»! Застаецца толькі схіліцца перад тытанічнай постаццю аўтара, які адзінока змагаецца супраць „усяго свету» па такім прынцыповым пытанні.

Відавочна, што А. Краўцэвіч штучна стварае ўражанне паўсюднай цемрашальнай ілжэканцэпцыі, каб супрацьпа ставіць ёй сваю, адзіна слушную. У рэальнасці ж існуе, як пераканаўча паказана ім самім, даволі шырокі спектр поглядаў, якія плаўна змыкаюцца паміж сабой. Дыяпазон яго абумоўлены непаўнатой наяўных фактаў, якія можна тлумачыць па-рознаму. Натуральна, што кожны, хто знаходзіцца ў нейкім пункце гэтага спектру, лічыць сваю пазіцыю самай удалай — інакш ён бы і не трымаўся яе. Пры гэтым асобныя меркаванні па канкрэтных пытаннях могуць суіснаваць у самых розных спалучэннях. У прыватнасці, адсутнічае жорсткая сувязь паміж канцэпцыяй пра самастойную эвалюцыю балтаў да дзяржавы і пастулатам пра адвечную балта-славянскую канфрантацыю. Сцвярджаючы ў заключэнні да сваёй кнігі, што азначаны пастулат з’яўляецца „падмуркам гэтай канцэпцыі» і адмова ад яго патрабуе „рэканструяваць увесь будынак» (172,173), аўтар, мякка кажучы, не зусім дакладны. У гэтым бачыцца толькі яго імкненне надаць болей вагі сваёй працы. Як будзе паказана ніжэй, бадай што галоўнай ідэяй кнігі А. Краўцэвіча з’яўляецца выснова пра мірнае суіснаванне этнасаў на Панямонні. Калі прызнаць, што на гэтай самай ідэі грунтавалі свае канструкцыі некаторыя з яго папярэднікаў, то атрымаецца, што аўтар ломіцца ў адчыненыя дзверы. Між тым, яму вельмі хочацца быць першапраходцам.

Аб’ектыўна, А. Краўцэвіч не будуе кардынальна новую канцэпцыю, як імкнецца паказаць, а спрабуе ўдасканаліць існуючую сістэму ведаў у двух параўнальна вузкіх аспектах — у пытанні пра характар балта-славянскага ўзаемадзеяння (канфрантацыя або супрацоўніцтва) і ў ацэнцы ролі ўнутраных сацыяльна-палітычных працэсаў у этнічнай (балцкай) Літве. Нічога заганнага ў гэтым няма. Наадварот, пры крайняй скупасці фактаў і безлічы супрацьлеглых меркаванняў можна лічыць за вялікі поспех прасоўванне наперад літаральна ў кожнай дробязі — калі гэта сапраўды рух углыб, а не слізганне па паверхні. Не абавязкова быць Калумбам, бо і заслугі Амерыга Веспучы чалавецтва памятае і шануе. Таму разгледзім канкрэтны ўклад аўтара ў азначаныя пытанні.

Аналіз характару балта-славянскіх кантактаў займае асноўную частку кнігі А. Краўцэвіча. Безумоўным плюсам трэба прызнаць тое, што ён імкнецца выкарыстоўваць дадзеныя максімальна шырокага кола навук: археалогіі, мовазнаўства, тапанімікі. Заслугоўвае ўвагі яго агульная ідэя пра тое, што міжэтнічныя кантакты на Панямонні трэба разглядаць у шырокім кантэксце балта-славянскага ўзаемадзеяння, якое адбывалася на працягу паўтары тысячы гадоў і мела істотнае значэнне для этнагенезу беларусаў увогуле. Бадай што першым ён выразна сфармуляваў выснову пра тое, што ў крыніцах практычна адсутнічаюць сведчанні пра якія-небудзь ваенныя канфлікты паміж Літвой і непасрэдна прылеглымі да яе княствамі Русі. Варта адзначыць таксама высновы А. Краўцэвіча пра існаванне на Панямонні не столькі выразнай этнічнай мяжы, колькі шырокай кантактнай зоны са змешаным насельніцтвам (хоць гэтую думку нельга назваць кардынальна новай), а таксама пра тое, што ў працэсе кантакту адбывалася мірная экспансія славян у балцкае асяроддзе, але сустрэчны рух балтаў не прасочваецца.

У цэлым аналіз азначанай тэмы, праведзены А. Краўцэвічам, сапраўды ўдакладняе і паглыбляе нашыя веды. Можна пагадзіцца з яго думкай пра узнікненне ВКЛ як „часткі балта-славянскага ўзаемадзеяння» (97). Праўда, у шэрагу момантаў яго сцвярджэнні ў сваю чаргу патрабуюць удакладнення. Перш за ўсё гэта тычыцца прыгожай ідэі пра непарыўную сувязь этнічных працэсаў на Панямонні з агульным працэсам славянізацыі тэрыторыі сучаснай Беларусі. На жаль, яна грунтуецца на састарэлых уяўленнях пра тое, што сярэднявечныя літоўцы-аўкштайты з’яўляюцца непасрэднымі нашчадкамі культуры штрыхаванай керамікі і, такім чынам, этнічна роднасныя плямёнам, што засялялі амаль усю Беларусь напярэдадні славянскай міграцыі. Між тым гэта якраз той выпадак, калі, паводле слоў самога аўтара, папулярнасць канцэпцыі „не абавязкова з’яўляецца доказам яе навуковай непагрэшнасці» (66).

Археалагічныя доследы апошняга часу ўсё больш высвятляюць, што складанне культуры ўсходнелітоўскіх курганоў (якая амаль бясспрэчна належала літоўцам-аўкштайтам) было вынікам перш за ўсё міграцыйнага імпульсу носьбітаў так званай шурпатай керамікі з арэалу культуры заходнебалцкіх курганоў (на тэрыторыі сучаснай Калінінградскай вобласці). Культура ж штрыхаванай керамікі адыгрывала ролю субстрату — такую ж, як і пры складанні славянскай культуры цэнтральнай Беларусі[3].

Такім чынам, аўкштайты (як, дарэчы, і яцвягі, паходжанне якіх таксама звязана з арэалам заходнебалцкіх курганоў) былі такім жа прышлым насельніцтвам Сярэдняга і Верхняга Панямоння, як і славяне. Праўда, іх каланізацыйны рух прыпадае ў асноўным на больш ранні час (3 — 5 стагоддзі н. э.). Са славянамі яны ўпершыню сутыкнуліся прыблізна ў IX стагоддзі, калі дзве сустрэчныя міграцыйныя хвалі сутыкнуліся прыблізна на берагах Нёмана (вышэй вусця Росі), Бярэзіны і Віліі ў яе самай верхняй плыні — дарэчы, амаль на „лініі Сафарэвіча», што вызначае перавагу тыпова балцкай тапаніміі ў больш познія часы. Гэта значыць, што схема этнічнага ўзаемадзеяння, тыповая для працэсу славянізацыі большасці Беларусі (паглынанне славянамі носьбітаў культур штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай, пры якім актыўная роля субстрату амаль не прасочваецца), не мае дачынення да кантакту славян з яцвягамі і аўкштайтамі. Затое, наадварот, паўстае пытанне пра наяўнасць у складзе дрыгавічоў, крывічоў і аўкштайтаў агульнага субстрата асіміляванай імі культуры штрыхаванай керамікі, што магло значна аблегчыць іх узаемныя кантакты і спрыяць пераважна мірнаму характару апошніх.

Са сказанага вынікае таксама, што этнічная мяжа ў Панямонні была больш устойлівай, чым уяўлялася раней. Больш таго, балцкае насельніцтва на поўдзень і ўсход ад яе, якое фіксуецца на левабярэжжы верхняга Нёмана ў ХI—ХIV ст., было не рэліктам папярэдняй эпохі (ні каменныя, ні ўсходнелітоўскія курганы да прыходу славян не былі там пашыраны), а вынікам дакладна такой жа міграцыі, як і прасоўванне славян у бок Горадні і Вільні. Прыкладна аднолькавая шырыня кантактнай зоны па абодва бакі ад лініі першага сутыкнення, добра бачная на карце 1 з кнігі А. Краўцэвіча, сведчыць пра тое, што ўзаемапранікненне ў тыя часы было аднолькава актыўным . Адзін са шляхоў рассялення балтаў на славянскіх землях фіксуе добра вядомы факт пасялення вялікім князем Трайдзенам уцекачоў з Прусіі і Барціі ў ваколіцах Горадні і Слоніма. Яшчэ больш яскрава пра сустрэчны кірунак этнічных рухаў сведчыць той самы феномен каменных магіл, які прыгадвае А. Краўцэвіч. Гэты пахавальны звычай нарадзіўся, як лічыцца, у асяроддзі яцвягаў на падставе іх папярэдняга звычаю насыпаць каменныя курганы. Але распаўсюдзіўся ён значна шырэй за арэал каменных курганоў, прычым пашырэнне яго ішло з Сярэдняга Панямоння на абшары цэнтральнай і паўночнай Беларусі, трывала аславяненыя яшчэ ў Х ст.

Масавая ж асіміляцыя славянамі аўкштайтаў у кантактнай зоне прыпадае на значна больш позні перыяд — паміж ХVI і сярэдзінай ХХ ст. (ды і скончылася яна ўрэшце не беларусізацыяй, а паланізацыяй). Такім чынам, да тэмы ўтварэння ВКЛ яна не мае непасрэднага дачынення. Але варта мімаходзь адзначыць, што ў крыніцах ёсць і непасрэдныя сведчанні літоўскай каланізацыі ў познія часы. Так, у 1516 г. у справе наконт аднаго зямельнага абшару на Лагойшчыне згадваюцца апусцелыя „земли служебные, где сидели Петр с братьею, литва»[4]. Недалёка адтуль, таксама на Лагойшчыне, прыкладна ў ХVII ст. з’явілася (з ХVIII ст. рэгулярна сустракаецца ў дакументах) вёска з характэрнай назвай Жвірблевічы (зараз в. Жырблевічы Лагойскага р-на). Назва яе відавочна паходзіць ад мянушкі заснавальніка (па-літоўску žvirblis — „верабей»). Усё гэта паказвае, што пытанне пра характар балта-славянскага ўзаемадзеяння яшчэ далёка не вычарпана і яго далейшае вывучэнне ўяўляецца вельмі перспектыўным.

З галоўнай тэзай А. Краўцэвіча пра тое, што ўзаемадзе янне насіла мірны характар, можна было б цалкам пагадзіцца, калі б аўтар гаварыў пра пераважна мірны характар. Аднак з некаторых яго рэплік утвараецца ўражанне, што ён схільны настойваць на амаль выключна мірным характары кантактаў, дапускаючы толькі асобныя сутыкненні. Вось гэта ўжо выклікае сумненні. Па-першае, падкрэсліваючы адсутнасць звестак пра ваенныя канфлікты, варта было б агаварыць, што ўвогуле звесткі пра ўнутранае жыццё княстваў Полаччыны, Меншчыны і Панямоння ў рускіх летапісах другой паловы ХII—ХIII стагоддзяў амаль адсутнічаюць. Мы не ведаем нават імёнаў большасці ўдзельных князёў, што рэзка кантрастуе з сітуацыяй у іншых частках Русі. Рэдкія ўпамінанні з’яўляюцца галоўным чынам у сувязі з падзеямі ў іншых рэгіёнах. У такіх умовах адсутнасць звестак пра нейкую з’яву не можа служыць канчатковым доказам поўнай адсутнасці самой з’явы.

Дарэчы, шырока вядома і непасрэднае паведамленне пра канфлікт паміж Літвой і адным з полацкіх князёў, змешчанае ў „Слове пра паход Ігараў». Паколькі А. Краўцэвіч мімаходзь дае яму рады на той падставе, што гэта толькі „радок з літаратурнага твора» (46), варта прывесці гэты „радок» цалкам: „Един же Изяслав, сын Васильков, позвони своими острыми мечи о шеломы литовския, притрепа славу деду своему Всеславу, а сам под чрелеными щиты на кроваве траве притрепан литовскими мечи». Каментарыяў, здаецца, не трэба.

Пішучы пра „двухвяковы вопыт мірных кантактаў», аўтар забываецца на тое, што ў ХI ст. Літва была адным з народаў „иже дань дают Руси». Калі мае рацыю меркаванне некаторых даследчыкаў, што Новагародак быў заснаваны як памежны фарпост Русі якраз пасля паходу Яраслава Мудрага на Літву ў 1040 г., пад час якога апошняя трапіла ў данніцкую залежнасць, то менавіта на новагародскім баярстве ляжала функцыя непасрэднага збору гэтай даніны — з усімі калізіямі, якія непазбежна з гэтага вынікалі. Такую ж ролю, напэўна, спаўняла і славянская факторыя ў Вільні. Аўтар прыгадвае археалагічныя сведчанні эканамічнага росквіту гарадоў Панямоння ў ХII ст. і трактуе іх як вынік міжэтнічных кантактаў. Але чым гандлявалі гэтыя гарады ледзь не з усёй Еўропай? Можа, якраз сваёй доляй літоўскай даніны?

Да таго ж агульнавядома, што прыкладна з сярэдзіны ХIII ст. (калі кантакты перайшлі ў сваю найвышэйшую фазу і прывялі да стварэння ВКЛ) культурны слой у практычна ўсіх беларускіх гарадах рэзка змяншаецца, а многія з іх прыходзяць у амаль поўнае запусценне. Гэта сведчыць, прынамсі, пра тое, што эканамічны росквіт і балта-славянскае ўзаемадзеянне не былі жорстка звязаны паміж сабой, калі не пра нешта большае. Зразумела, заняпад гарадоў быў выкліканы рознымі прычынамі, і найбольш верагодная з іх — ваенныя і эканамічныя наступствы татарскіх паходаў. Невыпадкова на поўдні і ўсходзе Беларусі ў слаях, што непасрэдна папярэдні чалі заняпаду, неаднаразова знойдзены татарскія наканечнікі стрэл. Але гэта не азначае, што адначасова не маглі дзейнічаць іншыя фактары. Археолаг Ю. Заяц ужо выказваў меркаванне, што запусценне ў даследаваным ім Заслаўі магло быць вынікам літоўскага нападу ў сярэдзіне ХIII ст.[5]. Пакуль што гэта толькі гіпотэза, але хто з археолагаў можа даць руку на адсячэнне, што пры наступных раскопках недзе ў цэнтральнай Беларусі не будзе знойдзены ў аналагічным кантэксце балцкі наканечнік? Сістэма, пабудаваная А. Краўцэвічам, занадта жорсткая, каб вытрымаць з’яўленне такога факта.

Усе гэтыя разважанні, зразумела, не закрэсліваюць ідэю мірнага суіснавання балтаў і славян, але прымушаюць крыху прытарможваць. Што да адсутнасці пісьмовых звестак пра тэрытарыяльныя набыцці літоўцаў, то аўтар чамусьці абмінае адну добра вядомую звестку на гэты конт: паведамленне Галіцка-Валынскага летапісу пра тое, як Міндоўг накіраваў сваіх пляменнікаў з войскам на Віцебшчыну і Смаленшчыну, каб яны здабылі там сабе новыя вотчыны („хто приемлет, собе держит»)[6] . Нават калі гэты факт быў адзінкавым, ён не дазваляе цалкам адмаўляць ініцыятыву Літвы ў падпарадкаванні рускіх княстваў. Не ўлічвае аўтар і глухое паведамленне летапіса пра міжканфесійную напружанасць, якая ўзмацнілася пасля прыходу да ўлады „акаяннага і беззаконнага» Трайдзена. Параўнанне яго з ворагам Хрыста Ірадам і „класічным» ганіцелем хрысціян Неронам у агульнай сістэме тагачаснага светапогляду не магло быць выпадковым.

І з агульных меркаванняў думка пра поўную гармонію двух этнасаў выклікае вялізныя сумненні. Стварыць бесканфліктную „брацкую сям’ю народаў» не ўдалося нават таталітарнай савецкай сістэме. Што ж казаць пра эпоху рэлігійнай ксенафобіі і няспынных усобіц, калі нават часткі аднаго этнасу, узначаленыя роднымі братамі, зыходзіліся ў смяротнай барацьбе? А. Краўцэвіч мае рацыю ў тым, што этнічная дамінанта ў сённяшнім сэнсе не была галоўнай для жыхароў Сярэднявечча, але ж гэта не азначае, што розніца ў мове, звычаях, а тым больш у веравызнанні магла быць цалкам праігнаравана імі. А наколькі агрэсіўнай была этнічная самасвядо масць пэўнай часткі літоўскай арыстакратыі ў ХV-XVI ст., сведчыць хоць бы створаная ёй легенда пра нашчадкаў Палямона і іх экспансію на Русі. Хіба яна ўжо не адносіцца да тэмы балта-славянскага ўзаемадзеяння?

А. Краўцэвіч папракае аўтара гэтых радкоў у спробе растлумачыць падзеі вакол Крэўскай уніі як вынік свядомай падтрымкі вярхоўнай уладай ВКЛ інтарэсаў этнічна літоўскага кампанента. Гэта быццам бы супярэчыць ідэі балта-славян скага сімбіёзу (61). Чаму абавязкова супярэчыць? Сімбіёз — гэта становішча, пры якім кожны з бакоў адчувае сябе лепш, чым паасобку , але неабавязкова аднолькава добра. Калі ж дапусціць, што сапраўды супярэчыць, то тым горш для сімбіёзу (а тым самым і для эквівалентнага яму „саюзу» А. Краўцэвіча), бо ў любым выпадку суцэльная сістэма ўяўленняў пра характар ВКЛ павінна ўлічваць усе факты — у тым ліку Крэўскую унію і яе наступствы. Як магло здарыцца, што дзяржава, створаная ў інтарэсах праваслаўнага насельніцтва Панямоння і рукамі праваслаўнага ж баярства, крыху больш чым праз стагоддзе пайшла на дамову, паводле якой дзяржаўнай рэлігіяй абвяшчалася каталіцтва, а этнічна літоўская знаць атрымала выключнае права на заняцце найвышэйшых дзяржаўных пасад? Чаму суіснаванне „душа ў душу» з літоўцамі так адбілася на інтарэсах праваслаўных нашчадкаў стваральнікаў ВКЛ, што потым яны дзесяцігоддзямі адчайна дамагаліся не перавагі — усяго толькі роўных правоў?

Аўтар, слушна адзначаючы складанасці з вызначэннем этнічнай структуры насельніцтва ВКЛ, асабліва паводле канфесійнай прыналежнасці (43, 82—83), значна менш крытычны ў адносінах да падлікаў А.Грыцкевіча наконт долі беларусаў і літоўцаў у складзе палітычнай эліты ВКЛ у ХVI ст. (44, 125). Між тым, падлікі гэтыя не бездакорныя. А. Грыцкевіч вызначае на падставе перапісу войска 1528 г. 41 найбольш заможны род ВКЛ, з іх 18 лічыць літоўскімі па паходжанні, а 17 — беларускімі (рэшта — украінскія і польскія)[7]. Пры гэтым у лік украінскіх родаў трапілі Гедымінавічы Чартарыйскія, а ў лік беларускіх — Мікіцінічы (вялікарускага паходжання), Абрамовічы (яўрэйскага), Зяноўевічы (магчыма, сербскага) і два рода яўна літоўскага паходжання: Няміры і Насілоўскія (адгалінаванне Саковічаў). Паходжанне Глябовічаў дыскусійнае, але самі яны лічылі сябе адгалінаваннем літоўскага рода Манівідаў. Нарэшце, можна па-рознаму тлумачыць паходжанне Лукомскіх (выводзілі сябе ад Гедымінавічаў), а таксама Кунцэвічаў, Косцевічаў і Пецькавічаў. У выніку колькасць літоўскіх родаў у спісе А. Грыцкевіча павялічваецца, як мінімум, да 20—21, а колькасць бясспрэчна беларускіх не перавышае 7 (разам з бясспрэчна ўкраінскімі — 10). Пры гэтым беларускія феадалы былі не самымі заможнымі ў гэтым спісе (не вышэй другога дзесятка) і тым больш далёка не самымі ўплывовымі палітычна.

Калі зірнуць у гістарычнай перспектыве, то вышэйшую ў свецкай дзяржаўнай ерархіі пасаду віленскага ваяводы з моманту яе ўвядзення ў 1413 г. і на працягу двух наступных стагоддзяў (да 1616 г.) займалі 15 асобаў, якія належалі да 5 або 6 родаў. З іх толькі этнічнае паходжанне продкаў Я.Глябовіча, які быў віленскім ваяводам з 1542 па 1549 г., можа выклікаць сумненні (гл. вышэй). Усе ж астатнія (Манівіды, Даўгірды, Гаштаўты, Кезгайлы, Радзівілы і іх адгалінаванне Судзімонты) мелі бясспрэчна літоўскае паходжанне . На другой па значэнні пасадзе віленскага кашталяна з 1413 па 1511 г. пабыло 10 прадстаўнікоў усё тых жа 5 родаў і яшчэ аднаго таксама літоўскага — князёў Гальшанскіх. Толькі потым у эліту прабіўся першы прадстаўнік славянскага рода — славуты гетман князь К.Астрожскі, прычым у вачах віленскага ваяводы А. Гаштаўта ён назаўсёды застаўся „чалавекам новым, подлай кандыцыі, русінам»[8]. У далейшым віленскімі кашталянамі з 1522 да 1559 г. былі яшчэ 3 прадстаўнікі таго ж вузкага кола арыстакратаў. Аналагічная карціна назіраецца і ў адносінах да пасадаў троцкага ваяводы і кашталяна (трэцяй і чацвертай у ерархіі).

Гэтыя факты тычацца не столькі этнічнай самасвядомасці арыстакратаў ХVI ст. (яна магла тады ўжо часткова саступаць агульнадзяржаўнаму патрыятызму), колькі той сітуацыі на мяжы ХIV-ХV ст., якая дазволіла лічаным родам выключна літоўскага паходжання заняць настолькі дамінавальнае становішча ў палітычнай эліце, што некалькі пакаленняў іх нашчадкаў утрымлівалі манаполію на найвышэйшыя пасады, нават калі ўмовы істотна змяніліся. Карані гэтай манаполіі трэба шукаць яшчэ раней — прынамсі, у часах Альгерда, калі не Гедыміна. Між тым аўтар пакідае гэтыя часы па-за разглядам, хоць сам жа слушна адзначае: „Каб ацаніць ход падзеі, патрэбна добра ведаць яе вынік» (4).

Можна зрабіць выснову, што ўклад А. Краўцэвіча ў высвятленне праблемы балта-славянскіх кантактаў сапраўды мае месца, але не можа разглядацца як яе канчатковае вырашэнне і тым больш як падстава для перагляду ўсёй існуючай сістэмы поглядаў, пра што ён так рашуча заяўляе на с.173. Часткова ён пашырае і ўдакладняе аргументацыю, выказаную яго папярэднікамі, часткова прапануе арыгінальныя, але далёка не бясспрэчныя ідэі.

Разгледзім другую фундаментальную выснову аўтара — пра няслушнасць усялякіх спробаў прыпісаць „летувісам» самастойныя працэсы дзяржаваўтварэння. Перш за ўсё адзначым, што прынцыповае значэнне гэтае пытанне набывае толькі ў інтэрпрэтацыі А. Краўцэвіча. У значнай часткі даследчыкаў яно было на перыферыі ўвагі. Многія, пачынаючы ўжо з У. Антановіча, трактавалі працэс утварэння ВКЛ у той ці іншай ступені як рэакцыю на знешнія імпульсы — пагрозу з боку Нямецкага ордэна і татар, значэнне якой прызнае і А. Краўцэвіч. Выбару не было толькі ў прыхільнікаў вульгарна-марк сісцкай парадыгмы, якая прымушала разглядаць усе палітычныя працэсы ў „надбудове» як вынік перш за ўсё зменаў у сацыяльна-эканамічным базісе. У базісе ўсходнеславянскага грамадства сярэдзіны ХIII ст. такія змены не фіксуюцца — значыць, заставалася шукаць іх у грамадстве балтаў. Такі ход думак сапраўды выразна прасочваецца ў працы У. Пашуты, якая нясе на сабе адбітак свайго часу, але гэта не азначае, што ў падобным падыходзе зусім не можа быць рацыянальна га зерня.

А. Краўцэвіч абвяшчае свае метадалагічныя прынцыпы, калі піша пра „адпраўны пункт унутрысістэмнага працэсу» і пра штуршок, які парушыў дынамічную раўнавагу і прывёў сістэму ў рух (134—135). Такая тэрміналогія пераклікаецца з ідэяй самаарганізацыі складаных сістэм (якую аўтар, на жаль, недарэчна блытае з другім пачаткам тэрмадынамікі). Увогуле гэтая ідэя сёння выглядае найбольш перспектыўнай для разумення эвалюцыі грамадства[9]. Прыхільнасць да яе можна было б шчыра вітаць, але сістэмны падыход азначае не проста ўжыванне модных слоўцаў. Ён патрабуе аналізу таго, якія напружанні ў кампанентах сістэмы зрабілі яе раўнавагу няўстойлі вай, а таксама дэталёвага апісання паводзін сістэмы ў адказ на знешні штуршок (пажадана, каб з выкарыстаннем матэматычнага апарату — напрыклад, тэорыі катастроф або тэорыі нераўнаважных сістэм).

На вялікі жаль, у кнізе А. Краўцэвіча ёсць толькі імітацыя падобнага падыходу. У якасці вырашальнага штуршка пастулюецца пачатак палітычнага саюзу паміж усходнесла вянскімі „гарадамі-дзяржавамі» і правадырамі балцкіх плямёнаў, які ўвасобіўся ў з’яўленні Міндоўга на княжацкім пасадзе ў Новагародку. Мы не сустрэнем у тэксце грунтоўных апісанняў таго, з якіх кампанентаў складалася палітычная сістэма напярэдадні гэтай падзеі і як яны ўзаемадзейнічалі між сабой і са знешнім асяроддзем. Ды і заключэнне саюзу варта лічыць не штуршком да ўтварэння дзяржавы, а хутчэй першай рэакцыяй на яго. Што ж было непасрэдным штуршком да самога саюзу? Трэба разумець, што выпадковасць — у выглядзе рэзкага ўзрастання ваеннай пагрозы. Тэорыя самаарганізацыі, у адрозненне ад вульгарнага марксізму, дапускае такую магчымасць, але ж трэба паказаць, што прывяло сістэму ў такі няўстойлівы стан, калі для яе кардынальнай перабудовы хапіла выпадковага ўздзеяння звонку (накшталт таго, як драбок солі выклікае крышталізацыю перанасычанага раствору). Нарэшце, што адбылося з кожным кампанентам сістэмы ў выніку пераходу ў новую якасць?

Замест усяго гэтага А. Краўцэвіч засяроджваецца на абвяржэнні думкі пра тое, што саюзу з панямонскімі гарадамі папярэднічалі працэсы палітычнай эвалюцыі ў балцкім асяроддзі. Нагадаем, што менавіта гэтая рыса служыць яму падставай для адхілення поглядаў практычна ўсіх папярэднікаў, апрача М. Ермаловіча. У чым жа збілася з кроку „ўся рота», пакуль толькі адзін „падпаручнік» крочыў у лад?

Аўтар не можа адмовіць таго факту, што ў вядомай літоўска-валынскай дамове 1219 г. выступае група (а найбольш верагодна — дынастыя) „старэйшых» князёў і побач шэраг іншых — палітычна залежных, у тым ліку і князі Жамойці. Але „еднасці Летувы» быццам бы супярэчаць „далейшыя падзеі», а фактычна — адсутнасць імёнаў гэтых князёў у хроніцы Генрыха Латвійскага (131,138). Аднак той прыгадваў літоўскіх уладароў у сувязі не з далейшымі, а якраз з папярэднімі падзеямі: неаднаразова згаданы ім уплывовы правадыр Даўгерутэ (відавочна, германізаваны варыянт літоўскага імя „Даўгерд», ці „Даўгірд») загінуў прыкладна за 5 гадоў да складання азначанай дамовы. А. Краўцэвіч чамусці ігнаруе адзначаную аўтарам гэтых радкоў магчымасць таго, што менавіта гэты кунігас быў стваральнікам сістэмы „старэйшых» князёў — старшым родзічам (братам?) Жывінбуда і, не выключана, якраз тым „könig gros», якога „Рыфмаваная хроніка» называе бацькам Міндоўга[10]. Такім чынам, звесткі Генрыха Латвійскага і дамову 1219 г. можна трактаваць і ў сэнсе іх узаемаадпаведнасці.

Другі аргумент А. Краўцэвіча супраць наяўнасці тэндэнцый да цэнтралізацыі ў Літве — прысутнасць побач з моцнымі ўладарамі (Даўгерутэ, групай „старэйшых», Міндоўгам) іншых князёў, якія дзейнічалі самастойна. Іншымі словамі, аўтар адхіляе магчымасць палітычнага аб’яднання балцкіх плямёнаў (саюзу або канфедэрацыі) на той падставе, што яно не было … цэнтралізаванай манархіяй! На гэтым шляху можна дайсці і да адсутнасці дзяржавы ў часы ўсё той жа Крэўскай уніі. Сапраўды, Ягайла на той момант не кантраляваў непасрэдна ўсю тэрыторыю Аўкштоты і зусім не кантраляваў Жамойць, разам з ім акт уніі падпісаў шэраг „старэйшых» князёў (Скіргайла, Вітаўт і інш.), прычым некаторыя дзейнічалі вельмі самастойна (Андрэй Полацкі). А існавалі ж яшчэ і „малодшыя» — усе тыя Гальшанскія, Друцкія, Астрожскія і г. д.! Ці не падобна падпісанне акта уніі на „ўзгодненыя дзеянні групы кунігасаў для вырашэння пэўных дыпламатычных задач,» што само па сабе „яшчэ не дзяржава» (132—133)?

Трэці і апошні аргумент А. Краўцэвіча — тое, што „ўтварэнне новай дзяржавы наўрад ці не магло быць не заўважаным сучаснікамі» (133). Па-першае, якраз з’яўленне звестак пра „könig gros» і „старэйшых» князёў сведчыць, што тое-сёе было заўважана. Па-другое, размова не абавязкова ідзе пра ўтварэнне літоўскай дзяржавы як здзейснены факт, а хутчэй пра тэндэнцыю да гэтага. Па-трэцяе, тая падзея, якая безумоўна звязана з працэсам утварэння ВКЛ — пачатак княжання Міндоўга ў Новагародку — якраз і не была заўважана сучаснікамі. Крыніцы фіксуюць толькі момант, калі Міндоўгу ўжо належалі гарады Панямоння, і ўсе разважанні пра магчымыя шляхі яго ўкняжання застаюцца гіпатэтычнымі. Дарэчы, гэтак жа мы не ведаем і, напэўна, ніколі не будзем дакладна ведаць адказы на цэлы шэраг іншых пытанняў: якую тэрыторыю кантраляваў Міндоўг напярэдадні свайго з’яўлення ў Новагародку, дзе знаходзілася першая сталіца ВКЛ і ці была яна ўвогуле і г. д. Да гэтага ж кола належыць і пытанне пра сацыяльна-палітычны лад Літвы напярэдадні ўтварэння ВКЛ. Стварэнне ўражання, нібыта адно з такіх пытанняў можа быць канчаткова вырашана на падставе наяўных фактаў, было б не больш чым калянавуковай спекуляцыяй.

Такім чынам, абвяржэнні А. Краўцэвіча прыходзіцца прызнаць тэндэнцыйнымі і маючымі „выразную ідэалагічную афарбоўку». Не прыходзіцца чакаць, што „ўвесь свет», прачытаўшы іх, панясе свае ранейшыя погляды на сметнік. А значыць, і другое пытанне, па якім аўтар лічыць свой уклад у навуку прынцыповым, застаецца адкрытым і пасля выхаду яго кнігі.

Спрабуючы адмовіць існаванне ў этнічна літоўскім асяроддзі ўласных дзяржаваўтваральных працэсаў, А. Краўцэвіч узамен не прапануе ніякага іншага фактару, які б ствараў перадумовы для скачкападобнай перабудовы сукупнасці палітычных сувязяў Панямоння менавіта ў той час. Пра нейкія ўнутраныя працэсы ў княствах Полацкай і Новагародскай зямель, якія б з сярэдзіны ХIII ст. набылі якасна іншы выгляд, размова не ідзе. Кіеўскую Русь як агульную сістэму А. Краўцэвіч увогуле не ўпамінае, не кажучы ўжо пра аналіз унутрысістэмных зрухаў у ёй. Што да балта-славянскага ўзаемадзе яння, то і яно распачалося задоўга да стварэння ВКЛ. Якія змены ў яго характары зрабілі магчымым пачатак дзяржаваў тварэння, аўтар таксама не паказвае. Калі ж усе перадумовы для з’яўлення ВКЛ існавалі на Панямонні ўжо не адно стагоддзе і чакалі толькі штуршка звонку, то хіба да з’яўлення татар не было ваеннай пагрозы?

Заключная частка кнігі ўвогуле губляе рысы сістэмнага аналізу і збіваецца на пераказ падзей другой паловы ХIII ст. у храналагічнай паслядоўнасці. Яна не пазбаўлена цікавасці, але адпавядае хутчэй патрабаванням навукова-папулярнай або педагагічнай літаратуры. Чагосьці якасна новага ў параўнанні са шматлікімі аналагічнымі пераказамі, пачынаючы з часоў Т. Нарбута і У. Антановіча, у ёй няма.

Такім чынам, пры наяўнасці пэўных вартасцяў праца А. Краўцэвіча ў цэлым ставіць больш пытанняў, чым дае адказаў. Магчыма, яна дасць некаторыя дадатковыя аргументы тым, хто хацеў бы бачыць стварэнне ВКЛ у кантэксце выключна беларускай гісторыі, але толькі пры ўмове, што яны заплюшчаць вочы на вышэйзгаданыя факты, якія застаюцца па-за межамі пабудаванай аўтарам канструкцыі. Яны пакінуты там не з-за недахопу эрудыцыі, а таму, што ўключэнне іх у сістэму поглядаў А. Краўцэвіча прывяло б да яе фактычнага зліцця з поглядамі, існуючымі ў навуцы не першы год. Паміж імі, па сутнасці, няма вялікай розніцы па большасці пытанняў. Гэта сведчыць не пра адсутнасць у аўтара навуковага патэнцыялу, а хутчэй пра тое, што магчымасць новых інтэрпрэтацый пачаткаў ВКЛ на падставе наяўнай сумы фактаў блізкая да вычарпанасці. Далейшы рух наперад магчымы толькі праз рэальнае выкарыстанне прынцыпаў сістэмнага падыходу, на базе разгляду грамадства як сістэмы, што самаарганізу ецца паводле дакладных законаў. Але гэта застаецца пакуль справай будучыні.

Менск

Вячаслаў Насевіч


[1] Цыт. па выданні: Шкялёнак М. Падзел гісторыі Беларусі на пэрыёды // Спадчына. 1993. № 3. С. 4 — 5.
[2] Цыт. па выдані: Доўнар-Запольскі М. В. Асновы Дзяржаўнасці Беларусі. Мінск., 1994. С. 9.
[3] Ушинскас В. Роль культуры штрихованной керамики в этногенезе балтов // Славяне: Этногенез и этническая история. Ленинград, 1989. С. 62—67; Медведев А. К вопросу о взаимоотношении западных балтов и носителей культуры штрихованной керамики в І тысячелетии н. э. // Насельніцтва Беларусі і сумежных тэрыторый у эпоху жалеза. Мінск, 1992. С. 81 — 83; Luchtanas A. Rytų Lietuva I tūust. pr. m. erą // Lietuvos archeologia. 1992. № 8. S.56—85.
[4] Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России. Т. 1. С-Петербург, 1861. № 62.
[5] Заяц Ю. А. Заславль в эпоху феодализма. Минск, 1995. С. 118.
[6] ПСРЛ. Т. 2. Москва, 1962. Ст. 815.
[7] Грицкевич А. Распределение магнатских и шляхетских владений в Белоруссии по их величине и этнической принадлежности владельцев (XVI в.) // Вопросы истории. Межведомственный сборник. Вып. 5. Минск, 1978. С.94- 105.
[8] Сагановіч Г. М. Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі. Мінск, 1992. С. 56.
[9] Падрабязней пра гэтую ідэю гл.: Носевич В. Л. На пути к модели общества как самоорганизующейся системы // Математическое моделирование исторических процессов. Москва, 1996. С.202—223.
[10] Насевіч В. Пачаткі Вялікага Княства Літоўскага: Падзеі і асобы. Мінск, 1993. С. 28.

Наверх