БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Бібліяграфія па гісторыі Беларусі

Рэдакцыя  часопіса Беларускі Гістарычны Агляд пачынае працу над выданнем анатаванай бібліяграфіі гісторыі Беларусі. У свой час за падрыхтоўку бібліяграфічнага даведніка “Новая літаратура па гісторыі і гістарычных навуках Беларусі” бралася Нацыянальная бібліятэка Беларусі, але пасля змены ўлады ў краіне яго выданне спынілася (выйшла толькі тры выпускі, і апошні ахапіў літаратуру за 1991 – 1992 г.). Томік бібліяграфіі па гісторыі Беларусі за 1992 — 1994 г., падрыхтаваны ў Мінску калектывам спецыялістаў-бібліёграфаў, пабачыў свет у 2002 г. у Варшаве ў серыі “Бібліяграфія Ўсходняй Еўропы“ (выдадзены часопісам “Przegląd Wschodni”). Аднак на гэтым адпаведная праца перапынілася і Беларусь засталася наогул без гістарычнай бібліяграфіі.

Цяпер рэдакцыя БГА разам з тым жа калектывам бібліёграфаў, які падрыхтаваў варшаўскае выданне, распачынае працу па рэгулярнаму выпуску анатаванай бібліяграфіі па гістарычных навуках. Яна будзе ўключаць навуковыя і навукова-папулярныя публікацыі па гісторыі, этналогіі, гісторыі рэлігіі, мастацтва, літаратуры і мовазнаўства, а таксама па археаграфіі. Кожная пазіцыя, апрача бібліяграфічных звестак, мусіць змяшчаць кароткую інфармацыю пра змест кнігі ці артыкула. Мяркуецца, што першы том будзе ахапляць публікацыі за 1995 – 2000, другі – за 2001 – 2005, а трэці – за 2006 – 2010 г. Падрыхтоўку першага выпуску (больш за 2 тыс. пазіцый) плануецца завяршыць ужо да канца 2011 г. і ў наступным ён пабачыць свет як асобны том БГА (Supplement).

У серыі “Бібліятэка БГА” выйшлі кнігі:

Юры Туронак. За кардонам Бацькаўшчыны: успаміны / Ю. Туронак. — Мінск: Медысонт, 2010. – 276 с.
Юры Туронак. За кардонам Бацькаўшчыны: успаміны / Ю. Туронак. — Мінск: Медысонт, 2010. – 276 с.

Ва ўспамінах вядомага беларускага гісторыка, якому выпала жыць за межамі Беларусі, адлюстравана ўся яе найноўшая гісторыя. Аўтар узнаўляе і ацэньвае перажытае, разважае пра шляхі беларускага самаўсведамлення. Успаміны дапаўняюцца дакументамі і спісам беларусазнаўчых прац гісторыка.

Адрасуецца ўсім, хто цікавіцца беларускім нацыянальным рухам.

Юліуш Бардах. Штудыі з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага Юліуш Бардах. Штудыі з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага / пер. з польскай і французскай М. Раманоўскага і А. Істоміна; уклад. Г. Сагановіч. — Мінск: Медысонт, 2010. — 456 с.

У кнігу выбраных прац вядомага польскага вучонага ўвайшлі  артыкулы па дзяржаўна-прававой гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і праблемах нацыятворчых працэсаў у Цэнтральна-Усходняй Еўропе. Выданне змяшчае найпаўнейшую бібліяграфію навуковых публікацый гісторыка.

Навіны серыі “Бібліятэка БГА”

У серыі “Бібліятэка БГА” завершана падрыхтоўка да друку кнігі Юрыя Туронка “За кардонам Бацькаўшчыны: успаміны”, а таксама папраўленага і дапоўненага выдання “Штудыяў з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага” — выбраных працаў вядомага польскага гісторыка Юліуша Бардаха, даўняга члена рэдакцыйнай калегіі нашага часопіса, памёршага ў студзені гэтага года.

Меркаваны тэрмін выхаду кніг – снежань 2010 г.

In Memoriam: Павел Лойка (1958 – 2010)

22 кастрычніка 2010 г. памёр Павел Лойка — адзін з вядомых сучасных гісторыкаў Беларусі. Беларуская гістарычная навука панесла яшчэ адну непапраўную страту.

Павел Алегавіч Лойка нарадзіўся 12 ліпеня ў 1958 г. у Слоніме. Пасля вучобы на гістарычным факультэце БДУ быў прыняты ў Інстытут гісторыі Акадэміі Навук Беларусі (1980), дзе пад кіраўніцтвам вядомага спецыяліста па аграрнай праблематыцы В. І. Мялешкі падрыхтаваў кандыдацую дысертацыю, паспяхова абароненую ім у 1984 г. і пазней апублікаваную ў выглядзе манаграфіі “Прыватнаўласніцкія сяляне Беларусі. Эвалюцыя феадальнай рэнты ў другой палове XVI—XVIII стст.” (Мінск, 1991). Добра інтэграваўшыся ў калектыў акадэмічнага інстытута, Павел з 1990 па 2000 г. кіраваў там Аддзелам гісторыі Беларусі ХІІІ – ХVІІІ ст., будучы адначасова (з 1994 г.) загадчыкам новастворанай кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў у БДУ.
Пасля захаплення аграрнай гісторыяй пачаў вывучаць пытанні дзяржаўна-палітычнага жыцця Вялікага Княства Літоўскага, якое стала яго найбольшай пасіяй. На падставе архіўных крыніц напісаў манаграфію “Шляхта беларускіх зямель у грамадска-палітычным жыцці Рэчы Паспалітай другой паловы ХVI — першай трэці ХVII ст.” (Мінск, 2002) і па гэтай жа тэме падрыхтаваў доктарскую дысертацыю, якая цяпер ужо так і застанецца неабароненай…

Апрача навукі Павел Лойка шмат займаўся дыдактыкай. Ён аказаўся сярод тых нашых калег, на чые плечы выпала адказная і складаная справа – стварэнне першых падручнікаў па гісторыі у суверэннай Беларусі, і яго дапаможнік для 7 класа “Гісторыя Беларусі ХVІ — ХVІІІ ст.” аказаўся адным з самых папулярных. Наогул, Павел многа зрабіў на карысць гістарычнай асветы, апублікаваў нямала навукова-папулярныя тэкстаў, шмат выкладаў і прывёў у навуку цэлую кагорту студэнтаў. Ён умеў “ажыўляць” мінулае і кранаць ім на сваіх лекцыях, нездарма ўваходзіў у лік самых шанаваных выкладчыкаў гістарычнага факультэта.

Па натуры Павел быў гісторыкам-паэтам. Хто папрацаваў з ім хоць раз у архіве, той не забудзе яго непадробную захопленасць, эмацыйную узбуджанасць гісторыка, “ужытага” у свет дарагога яму беларускага Сярэднявечча…

У таварыскім жыцці Павел уражваў надзвычайнай дабрынёй і шчырасцю, прыязнасцю і зычлівасцю, умеў сказаць чулае слова і падбадзёрыць.

Павел памёр нечакана, заўчасна. Пакінуў жонку Наталлю, дачку Надзею і сына Алега.

Нам будзе моцна не хапаць заўсёды адкрытага і рамантычнага Паўла…

Генадзь Сагановіч