БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС
Галоўная » Запісы па тэме 'Рэцэнзіі'

Артыкулы па тэме ‘Рэцэнзіі’

Gerlach, Christian. Kalkulierte Morde (Клаўс Ё. Арнольд)

Gerlach, Christian. Kalkulierte Morde. Die deutsche Wirtschaffts_ und Vernichtungspolitik in Weißrußland 1941 bis 1944. Hamburg, 1999.

Апошнім часам роля вермахта ў вайне на Ўсходзе выклікала крытычныя каментары як з боку грамадскасці, так і ў навуковым асяроддзі Нямеччыны. Спрэчка разгарнулася вакол выставы «Вермахт» Гамбургскага інстытута сацыяльных даследаванняў, якая праходзіла амаль у 30 нямецкіх гарадах[1] і закранала таксама партызанскую вайну 1941—1944 г. у Беларусі. На адным з экспазіцыйных стэндаў быў змешчаны шэраг фотаздымкаў, якія дэманстравалі злачынства ў дачыненні да бязвінных грамадзян — павешаных у Мінску жанчыны і двух мужчын. Па сведчанні мінскіх журналістаў размова вядзецца пра вядомую яўрэйскую партызанку Машу Брускіну, якая паспяхова змагалася супраць нямецкіх акупантаў[2]. Гледзячы з сённяшняга дня, даволі цяжка ўявіць, што пры дакладных умовах згодна з Гаагскай канвенцыяй вядзення сухапутнай вайны (1907 г.) павешанне партызан адпавядала міжнародным прававым нормам. Для абодвух бакоў, як беларускага, так і нямецкага, вайна была смяротнай рэчаіснасцю. Беларускае насельніцтва было расколата на два лагеры, і партызанская вайна адначасова з’яўлялася грамадзянскай. З аднаго боку беларусы змагаліся на баку немцаў супраць Сталіна, іншыя вялі партызанскую вайну супраць акупантаў. Тэме нямецкай акупацыйнай і эканамічнай палітыкі прысвечана нядаўна выдадзеная праца Хрысціяна Герлаха. Больш чым на тысячы старонках аўтар разглядае дзеянні нямецкіх акупацыйных уладаў і іх барацьбу з партызанскім рухам. Зразумела, паўстае пытанне пра калабарацыю беларускага насельніцтва з нямецкай адміністрацыяй, хоць раней гэта даволі падрабязна, але зусім не вычарпальна разглядаў Бернгард К`яры[3]. Герлах не выкарыстаў у сваёй працы беларускіх (рускіх) крыніц з-за дрэннага валодання як адной, так і другой мовамі. Таму ён шырока выкарыстоўвае ўсе даступныя нямецкія крыніцы, датычныя тэмы. Менавіта з гэтых пазіцый складалася ўяўленне Герлаха пра партызанскую вайну. Якой жа яе бачыць аўтар? Чытаць далей →

Dann kam die deutsche Macht (Юры Грыбоўскі)

Dann kam die deutsche Macht. Weissrussische Kinderhaftlinge in deutschen Konzentrationslagern 1941—1945. Eine Dokumentation / Frank Groskinsky, Andreas Hollender, Katja Matthias, Adrian Stellemacher, Bettina Vitt. Köln, 1999. 206.

Кніга падрыхтавана на сродкі нямецкіх складальнікаў, якія не з’яўляюцца прафесійнымі гісторыкамі, а толькі аматарамі. Выданне складаецца з дзвюх частак. Першая — «Успаміны» 17 былых вязняў-беларусаў нацысцкіх канцлагераў пад час II сусветнай вайны, якія цяпер жывуць на Беларусі . Другая частка — «Укладанне», кшталту своеасаблівага дакументальнага дадатку або нямецкага даведніка пра Беларусь, пачынаючы з XIII ст. да 90-х г. XX ст. Чытаць далей →

Spod Monte Cassino na Sybir (Юры Грыбоўскі)

Spod Monte Cassino na Sybir. Deportacja byłych żołnierzy Polskich sił zbrojnych na Zachodzie z Białorusi, Litwy i Ukrainy w 1951 roku. Warszawa, 1998.

Гэтая кніга цалкам складаецца са спісаў дэпартаваных з тэрыторыі савецкіх Беларусі, Літвы і Ўкраіны былых жаўнераў Корпуса Андэрса, які пад час другой сусветнай вайны ваяваў супраць гітлераўцаў у Італіі. На старонках працы змешчаны звесткі пра былых «андэрсаўцаў». З іх 888 асобаў складаюць тыя, хто ў ноч з 31 сакавіка на 1 красавіка 1951 г. паводле распараджэння спецыяльнай калегіі пры Міністэрстве Дзяржаўнай Бяспекі СССР быў разам з сем’ямі выселены ў Іркуцкую вобласць, на г. зв. спецпасяленні з тэрыторыі Савецкай Беларусі.

Спіс высяленцаў падрыхтаваны вядомым беларускім гісторыкам Уладзімірам Адамушкам, які займаецца тэмай палітычных рэпрэсіяў 20—50–х г. на Беларусі, на падставе дакументаў з цэнтральнага Архіва Міністэрства Ўнутраных Справаў Рэспублікі Беларусь. Гэты спіс быў дапрацаваны польскімі даследчыкамі, у выніку чаго на кожнага «андэрсаўца» склаўся своеасаблівы жыццяпіс: адзначаюцца вайсковыя часткі, у якіх служыў чалавек пад час I і II сусветных войнаў ці ў міжваенны час; месца, куды быў выселены жаўнер; імёны сваякоў, з якімі яго выселілі; лёс пасля вяртання з спецпасялення; узнагароды, якімі ганаравалі ваяра. Дарэчы, апошні паказчык даволі карысны ў тым сэнсе, што гэткім чынам можна даведацца, у якіх ваенных баталіях удзельнічала асоба. Так, паводле спісу звыш паловы былых вайскоўцаў Польскіх Збройных Сілаў на Захадзе (ПЗСЗ) удзельнічалі ў бітве за Монтэ–Касіна (травень 1944), бо былі ганараваныя памятным крыжам Монтэ–Касіна. Чытаць далей →

Катковіч, Анеля; Катковіч–Клентак, Вераніка. Успаміны (Алена Арэшка)

Катковіч, Анеля; Катковіч–Клентак, Вераніка. Успаміны. Беласток, Беларускае Гістарычнае Таварыства, 1999. 142.

Надрукаваныя мемуары беларусаў дагэтуль можна было літаральна пералічыць на пальцах. Быццам беларусы іх увогуле не пісалі, або пісалі вельмі мала і хавалі ад публікі. Зразумела, каб пісаць цікавыя для іншых успаміны, трэба не толькі ўмець паглядзець на падзеі збоку, асэнсаваць сваё месца ў гісторыі і запісаць іх больш–менш літаратурнаю моваю, трэба таксама не баяцца зрабіць гэта адкрыта і не хвалявацца потым за лёс свой і сваіх блізкіх. Іншымі словамі, мемуары — гэта выяўленне вольнага чалавека, які ведае цану сабе і свайму досведу і хоча паведаміць пра іх свету… Лёс ледзь не кожнага свядомага беларуса звычайна не ўкладваўся ў рамкі савецкіх схемаў і тых стэрэатыпаў, што запанавалі ў свеце пасля заканчэння II сусветнай вайны ў поглядах на падзеі вайны і першай паловы ХХ ст. Вось чаму мемуары ў пэўных абставінах становяцца справаю досыць рызыкоўнаю. І таму любое зафіксаванае сведчанне неадназначнасці беларускага лёсу, беларускага шляху — каштоўны ўнёсак у разуменне нашай гісторыі. Беларускае Гістарычнае Таварыства ў Беластоку рэгулярна выдае кнігі, якія, напэўна, яшчэ не змаглі б быць надрукаваныя ў Беларусі (прынамсі, у дзяржаўных выдавецтвах). Апошняе выданне гэтай своеасаблівай серыі — успаміны Анелі Катковіч і Веранікі Катковіч–Клентак. Кніга складаецца з уводзінаў, якія напісалі Алена Глагоўская і Янка Жамойцін, саміх успамінаў, а таксама заўвагаў, каментароў і некалькіх дзесяткаў фотаздымкаў. Выдадзеная яна ў 1999 г. пры фінансавай дапамозе Міністэрства Культуры і Нацыянальнай Спадчыны Польшчы.
Чытаць далей →

Весялкоўскі, Юры. Няясна мроіліся новыя дарогі. (Юры Грыбоўскі)

Весялкоўскі, Юры. Няясна мроіліся новыя дарогі. Лондан, 1997. 142.

Гэта другая (пасля біяграфічнага нарыса ў «Беларускім гістарычным зборніку», 1996, № 2(6)) спроба жыццяпісу вядомага беларускага грамадскага дзеяча на эміграцыі Юрыя Весялкоўскага і першы яго аўтабіяграфічны твор. Аўтар тут апісвае свой жыццёвы шлях ад дзяцінства і юнацтва, якія прыпалі на гады, калі ягоная Стаўпеччына была ў складзе II Рэчы Паспалітай, да падзей 80–х г., якія адбываюцца на Брытанскіх выспах, дзе Весялкоўскі жыве і цяпер. Гэткі вялізны прамежак часу дазваляе чытачу вачыма аўтара зірнуць на такія моманты айчыннай гісторыі, як уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР увосень 1939 г., пачатак нямецка–савецкай вайны ў 1941 г., нямецкая акупацыя, дзейнасць Менскай афіцэрскай школы Беларускай Краёвай Абароны (Весялкоўскі сам быў кадэтам), знаходжанне ў 30–й дывізіі СС Зіглінга, заканчэнне вайны ў складзе Арміі Андэрса, паваенная беларуская эміграцыя ў Вялікай Брытаніі. Расповед гэткага ж зместу напісаў іншы эмігрант — Кастусь Акула (Акула К. Змагарныя дарогі. 1994), які таксама прайшоў шлях жаўнера ад кадэта Менскай школы БКА да кіраўніка ветэранскага руху на эміграцыі. Таму можна параўнаць погляды абодвух аўтараў на некаторыя моманты і падзеі ды заўважыць адрозненні. Асабліва гэта тычыцца перыяду ад улучэння менскіх кадэтаў у склад 30–й дывізіі СС, якая была ў сваім афіцэрскім складзе расійскай па сутнасці. Разам з тым варта сказаць, што Акула больш падрабязна апавядае пра падзеі таго часу, нават пра тыя, сведкам якіх ён не быў. Так, гэта тычыцца пераходу брыгады «Беларусь» разам са злучэннем РОА на бок амерыканскіх войскаў. Што датычыць Весялкоўскага, то ён не прэтэндуе на грунтоўны твор пра лёс вайскоўцаў–беларусаў па–за межамі Беларусі ў 1944—45 г., затое праз прызму свайго ўспрымання і светапогляду намагаецца праўдзіва давесці да ведама чытача найперш пра сваё жыццё і дзейнасць, закранаючы ў аповедзе толькі асобаў, з якімі ён сутыкаўся, і падзеі, у якіх давялося ўдзельнічаць. Чытаць далей →

Юрэвіч, Лявон (укл.) Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. (Алег Гардзіенка)

Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. Укладальнік Лявон Юрэвіч. Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва. Нью–Ёрк. 1999. 362.

Мяркуючы па беларускамоўных нью–ёркскіх выданнях, Нью–Ёрк становіцца адным з найважнейшых цэнтраў выдання беларускай кнігі. За апошнія пяць гадоў выйшлі: „Антыбальшавіцкія паўстанні і партызанская барацьба на Беларусі“ Юркі Віцьбіча, „Архіўная кніга“, „Беларусізацыя пад №…“ Лявона Крывічаніна, „Эпізоды“ Яўхіма Кіпеля. У 1999 г. у серыі БІНіМа выйшла яшчэ адна кніга — „Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі“, укладальнік якой — Лявон Юрэвіч.

Прадмова да кнігі, напісаная Лявонам Юрэвічам, уяўляе з сябе асобнае грунтоўнае даследаванне беларускай эміграцыйнай мемуарыстыкі: „Успамінамі пранізана беларуская эміграцыйная літаратура. Яны ўзбагачаюць жывымі фактамі палітычныя й крытычныя артыкулы. Яны натуральныя ў гісторыка–этнаграфічных нарысах. Яны — неад’емны элемэнт палемічных зацемак і фэльетонаў. Яны ўплятаюцца ў тканку навуковых дасьледваньняў. На іх грунтуюцца мастацкія творы. Успамінамі пра адышоўшых поўняцца нэкралёгі“ (с. 6–7). Нью–ёркскі даследчык адзначае, што духам мемуарыстыкі прасякнутыя не толькі ўласна ўспаміны, але і празаічныя творы, такія, як „Змагарныя дарогі“ Кастуся Акулы ці „Случчына ў вагні“ Алеся Змагара. Таму, напэўна, варта пагадзіцца з меркаваннем Яна Чыквіна, пададзеным у кнізе: „…амаль усе, зь невялікімі выняткамі, празаічныя творы беларускіх эміграцыйных пісьменьнікаў зводзяцца да ўспамінаў і дзёньнікаў, словам, да жанру аўтабіяграфічнага або парадакумэнтальнага“ (8). Чытаць далей →

Андрэй Партноў. Этнічныя пытанні гісторыі ВКЛ у сінтэзах і падручніках па гісторыі Украіны

Сінтэтычныя працы пачатку ХХ ст.

Украіна ў сінтэтычных даследаваннях гісторыі, якiя пачалі з’яўляцца яшчэ ў ХIХ ст. (Д.Бантыш-Каменскі, М.Маркевіч), разглядалася звычайна як «Малая Русь» і ўпiсвалася ў кантэкст агульнарасійскай гісторыі. Якасна новы этап развіцця ўкраінскай гістарыяграфіі звязаны з творчасцю Міхайла Грушэўскага, гістарычная схема якога сталася не толькі значным унёскам у навуку, але і ідэалагічнай асновай украінскага нацыянальнага руху. У сканцэнтраваным выглядзе канцэпцыя Грушэўскага выкладаецца ў артыкуле «Звичайна схема „руськоi» історіi й справа раціонального укладу історіi східнього слов’янства» (1903), які ва Украіне лічыцца хрэстаматыйным. У сваёй працы навуковец абгрунтоўвае недарэчнасць традыцыйнай дынастычнай схемы расійскай гістарыяграфіі: Кіеўская Русь — Уладзімірскае княства — Маскоўскае царства, і даводзіць, што Кіеўская Русь была створаная ўкраінска -рускай народнасцю, а Уладзімірска -Маскоўская — вялікарускай. Велізарнае для нашае тэмы значэнне мае выкладзеная ў дадзеным артыкуле тэза, паводле якой «ніякія матывы не даюць права праігнараваць значэнне беларускае народнасці»[1]. На думку Грушэўскага, Вялікае Княства Літоўскае (далей ВКЛ. — А.П.) было гетэрагенным утварэннем, што ўтрымлівала як літоўскі, так і славянскі элемент. Чытаць далей →

Аляксандр Гужалоўскі, Сяргей Каун. Internet для гiсторыкаў

Беларусь, як і ўсе еўрапейскія краіны, паступова ўваходзіць у стадыю «iнфармацыйнага грамадства», дзе інфармацыя ператвараецца ў тавар, патрэбны для ўсё большай часткі насельніц тва, і кожны праз агульнадаступныя банкi дадзеных можа атрымаць неабходную iнфармацыю. У апошнiя гады працэсы iнфарматызацыi закранулi і гiстарычную навуку ды адукацыю. Гэта прывяло да развiцця новых дысцыплiн, якiя з’явiлiся ў вынiку сiнтэзу гiсторыi, матэматыкi i iнфарматыкi: гiстарычнай iнфарматыкi, квантытатыўнай гiсторыi, камп’ютэрнага крынiцазнаўства. Новыя iнфармацыйныя тэхналогii пачалi актыўна выкарыстоўвацца таксама ў музейнай i архiўнай практыцы.

Што ж канкрэтна можа атрымаць гісторык ад „сусветнага павуціння»?

Па-першае, гэта пошук гiстарычнай iнфармацыi i крынiц. Пошук ажыццяўляецца з дапамогай сервiснай iнфармацыi Internet (даведачных сiстэмаў, паказальнiкаў, тэматычных шляхаводаў па сетках, iнфармацыi пра розныя праекты, гранты, фонды, арганiзацыі), бiблiяграфiчнай iнфармацыi (каталогаў бiблiятэк, тэматычных падборак, анатацый). Internet прапануе просты доступ да тысяч бiблiятэчных каталогаў (напрыклад, да скарбаў бiблiятэкi Ватыкана або Бiблiятэкi Кангрэсу ў Вашынгтоне), электронных гiстарычных часопiсаў, машыначытальных архiваў дзяржаўных установаў (напрыклад, электронных фондаў Нацыянальных архiваў ЗША), базаў дадзеных, якiя ўтрымлiваюць гiстарычную i сацыяльную iнфармацыю, высокаякасных электронных выставаў, на якiх дэманструюцца кумранскiя свiткi або дакументы савецкiх архiваў.
Чытаць далей →

Міндоўг знаёмы і незнаёмы: погляд літоўскага гісторыка* (Вячаслаў Насевіч, Уладзімір Свяжынскі)


* Edvardas Gudavičius. Mindaugas / Lietuvos istorijos institutas. Vilnius: Žara, 1998. 359 p.

Новая праца літоўскага гісторыка Эдвардаса Гудавічуса прысвечана асобе Міндоўга — славутага дзеяча ХIII ст., якога бальшыня даследчыкаў прызнае стваральнікам Вялікага Княства Літоўскага. Перыяд, на які прыпала дзейнасць Міндоўга, сёння выклікае асаблівую ўвагу з боку грамадства дзвюх маладых незалежных дзяржаваў, што існуюць на колішніх абшарах ВКЛ — Беларусі і Літвы. Пра значэнне, якое надаецца першапачатковай гісторыі ВКЛ у сённяшняй Літве, сведчыць ужо ўзровень выдання гэтай кнігі — выдатная вокладка, прыгожыя форзацы, крэйдаваная папера і нават такая дробязь, як шаўковая закладка. На жаль, выданні беларускіх гісторыкаў выходзяць у значна больш сціплым выглядзе. Аднак цікавасць да пачаткаў ВКЛ на Беларусі, думаецца, не меншая. Тым больш карысна даведацца, як выглядаюць гэтыя пытанні ў асвятленні аўтарытэтнага літоўскага гісторыка.
Чытаць далей →

Да генэзы БНП, або як ствараліся міфы (Юры Туронак)


Сяргей Ёрш. Вяртаньне БНП. Асобы і дакументы Беларускай Незалежніцкай Партыі. Менск – Слонім, 1998.

Даследчыкам падпольных арганізацый вядома, што выяўленне поўнай карціны іх дзейнасці наўрад ці магчымае, нават пасля перамогі дзяржаўнага рэжыму, за які змагаліся падпольшчыкі. Пераканальнае сведчанне таму — бясконцыя спрэчкі гісторыкаў камуністычнага падполля і партызанскага руху ў Беларусі ў гады ІІ сусветнай вайны ці рухаў супраціўлення ў іншых краінах.

Таму можна зразумець тыя цяжкасці, з якімі сутыкнуўся Сяргей Ёрш, аўтар кнігі „Вяртанне БНП», які не мог выкарыстаць архіўныя матэрыялы органаў дзяржаўнай бяспекі БССР, недаверліва паставіўся да выказванняў Л.Цанавы і В.Раманоўскага, не выявіў дакументаў па дзейнасці БНП у Беларусі, урэшце, не натрапіў на апублікаваныя ўспаміны яе членаў. У выніку, згодна з падзагалоўкам кнігі, аўтар абмежаваў ся асобамі, якія, на яго думку, былі дзеячамі БНП, і створанай на эміграцыі дакументацыяй, што папярэдзіў кароткім нарысам гісторыі БНП.
Чытаць далей →

Белорусы. Москва, 1998 (Андрэй Акара)

Белорусы / Отв. ред. В.К.Бондарчик, Р.А.Григорьева, М.Ф.Пилипенко (Серия „Народы и культуры»). Москва: Наука, 1998. 503.

Структура кнігі даволі дакладна адлюстроўвае асаблівасці беларускай нацыянальнай самасвядомасці: калі этнагенэз гэтага народа апісаны больш ці менш падрабязна, то працэс нацыягенэзу практычна не атрымаў у ёй адлюстравання — ці гэта нецікава для мінскіх даследчыкаў, ці, што больш верагодна, гэта наогул неактуальна для беларусаў. Не выпадкова ж беларуская ідэнтычнасць, як вядома, адна з самых слабых у Еўропе і СНД.
Чытаць далей →

Беларуская мова. Opole, 1998 (Сяргей Запрудскі)

Беларуская мова. Redaktor naukowy Aljaksandr Lukašanec, Mikalaj Prigodzič, Lidzija Sjameška. Opole, 1998. 293.

Ідэя гэтай кнігі нарадзілася за межамі Беларусі. У верасні 1992 г. на канферэнцыі «Славянскія мовы ў адносінах да сучасных зменаў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе» ў Аполе польскі лінгвіст Станіслаў Гайда ініцыяваў агульнаславянс кую даследчую праграму «Сучасныя змены ў славянскіх мовах». У 1993 г. ідэя праграмы і яе арганізацыйныя контуры канчаткова акрэсліліся на ХІ Міжнародным з’ездзе славістаў у Браціславе і на першай з будучых штогадовых сустрэч выканаўцаў праекта ў Аполе. Так быў запушчаны механізм, вынікам дзейнасці якога стала падрыхтоўка і выданне шэрагу кніг пад агульнай назвай «Найноўшая гісторыя славянскіх моў». Беларускі том выйшаў з друку акурат напярэдадні леташняга з’езда славістаў у Кракаве; раней у дадзенай серыі былі апублікаваны манаграфіі, прысвечаныя сербскай, балгарскай, рускай, сербалужыцкім, чэшскай, славенскай, славацкай і харвацкай мовам.
Чытаць далей →

Mediaevalia Ucrainica: Ментальність та історія ідей (Генадзь Сагановіч)

Mediaevalia Ucrainica: Ментальність та історія ідей. Київ. Том 1. (1992). 121; Том 2. (1993). 136; Том 3. (1994). 132; Том 4. (1995). 125; Том 5. (1998). 127.

Новае перыядычнае выданне Украіны, прысвечанае даследаванням сярэднявечнай свядомасці, стала адной з праяваў найноўшых плыняў усходнееўрапейскай гістарыяграфіі. Mediaevalia Ucrainica — украінскі аналаг вядомаму маскоўскаму «Одиссею». У першым томе рэдкалегія акрэсліла, што ў фокусе ўвагі яе публікацый будуць «катэгорыі штодзённай культуры і элітарныя тэорыі, візантыйска–праваслаўныя і еўрапейска–лацінскія карані ўкраінскай думкі». Хоць спачатку нідзе спецыяльна не пазначалася, якімі мусяць быць храналагічныя рамкі Сярэднявечча, з публікацый ужо першага тома вынікала (бо шэраг артыкулаў ахапляў ХVII—XVIII ст.), што яно разумеецца тут па–«аналаўску», у канцэпцыі доўгатрываласці. У 2 томе рэдактары Аляксей Талочка і Наталля Якавенка спецыяльна зазначылі, што яны трымаюцца «доўгага Сярэднявечча», якое «ва ўмовах Украіны ахапляла ледзь не ўсё ХVІІІ ст.». Такая ўстаноўка вытрымана і ў наступных нумарах.
Чытаць далей →