Ірына Махоўская. Тактыкі ўлады і стратэгіі падначаленых: беларускае грамадства ў другой палове 1930-х гадоў*
*Романова, Ирина Н. Клеймение Красного Дракона: 1937–1939 гг. в БССР. Москва: Политическая энциклопедия, 2021. 215 с. (История сталинизма).
Выхад кнігі Ірыны Раманавай “Кляйменне Чырвонага Дракона: 1937–1939 г. у БССР” – адметная падзея ў беларускай гістарыяграфіі. У даследаванні асвятляюцца тэмы, якім дагэтуль не была аддадзена належная ўвага, базуецца яно на надзвычай шырокім коле крыніц – як архіўных, так і эга-дакументаў. Цікавая праца і ў метадалагічным плане: аўтарка ўжывае мікрагістарычны падыход, але ўпісвае цэнтральную тэму – справу лепельскіх маўчальнікаў – у шырокі гістарычны кантэкст. Кніга выйшла ў знакамітай серыі “Гісторыя сталінізму”, якая аб’ядноўвае публікацыі вядучых даследчыкаў гісторыі СССР эпохі сталінізму, такіх як Ёрг Бабероўскі, Бернд Бонвеч, Лін Віёла, Арч Геці, Шэйла Фіцпатрык і інш.
Першае і найбольш моцнае ўражанне ад чытання кнігі – насычанасць і канцэнтраванасць тэксту. Аўтарка працавала з матэрыяламі, якія ляжаць у аснове даследавання, амаль дваццаць гадоў. І гэта вельмі заўважна: паглыбленне ў тэму і выдатнае валоданне матэрыялам, дакладна прасочаныя і абдуманыя ўзаемасувязі, пільная ўвага да дэталяў – усё гэта вельмі дакладна і пераканаўча ўпісана ў канву гістарычных падзей. Кніга невялікая па аб’ёме, але вельмі насычаная фактурай – толькі спіс імёнаў, якія згадваюцца ў тэксце, займае 9 старонак.
Паказана шырокая панарама штодзённага жыцця беларускай вёскі ў другой палове 1930-х гадоў і працэс трансфармацыі традыцыйнага культурнага ландшафту праз калектывізацыю, забарону рэлігійнасці і іншыя палітычныя і сацыяльныя пераўтварэнні. Як піша сама аўтарка, у многім даследчыцкі фокус быў вызначаны ўплывам ідэй Ш. Фіцпатрык, якая вывучала штодзённыя стратэгіі адаптацыі сялянства [1]. Да 1937 г. працэс калектывізацыі ў БССР практычна спыніўся, не дасягнуўшы пастаўленых уладай паказчыкаў, па-за калгасамі заставалася каля 120 тысяч сялянскіх гаспадарак (8). У правале калектывізацыі былі абвінавачаны мясцовыя кіраўнікі, распачалася кампанія па арганізацыі паказальных судоў, якія павінны былі прадэманстраваць грамадству, хто насамрэч вінаваты ў заняпадзе сельскай гаспадаркі.
Менавіта судовыя працэсы 1937–1939 г. вызначаюць канву даследавання. І. Раманава піша: “Асуджэнне мясцовых кіраўнікоў за правалы ў гаспадарчых і палітычных кампаніях, праблемах штодзённага жыцця народа было зручным дэмагагічным прыёмам Сталіна, які ён неаднойчы выкарыстоўваў. <…> Уключэнне шырокіх сялянскіх мас у так званую барацьбу супраць мясцовых “кланаў”, якія цяпер кваліфікаваліся як падсудныя злачынцы, мела на мэце, відавочна, інтэграцыю ў бягучыя мерапрыемствы на баку ўладаў. А гэта, у сваю чаргу, патрабавала большай публічнасці і тэатральнасці” (8, 10). Тэарэтычным падмуркам аналізу прыроды і ролі паказальных судоў паслужылі ідэі Мішэля Фуко пра публічнае пакаранне як спосаб актуалізацыі ўлады, калі дэманструецца магутнасць і непераможнасць суверэна. Важны элемент такіх судовых працэсаў – публічнае прызнанне віны абвінавачаным. Гэта павінна прадэманстраваць, што ён сам сябе асуджае, што пазбаўляе абвінаваўцаў неабходнасці шукаць іншыя доказы злачынства. Не менш важны элемент – публічнасць пакаранняў, калі глядач не проста сведка, але і ў пэўнай ступені ўдзельнік пакарання [2].
Сэнсавай асновай у даследаванні праходзіць глабальная і актуальная ва ўсе часы тэма гвалту, у першую чаргу – гвалту сістэмы над чалавекам. Прычыну высокага ўзроўню гвалту даследчыца бачыць у набытым досведзе ў час рэвалюцый і войнаў: “Людзі занадта доўга існавалі ва ўмовах рэвалюцый і войнаў, калі гвалт быў часткай штодзённасці… Пасля войнаў у вёску вярнулася вялікая колькасць людзей, якія мелі непасрэдны досвед не толькі ўдзелу ў баявых дзеяннях і ўмелі забіваць, але і людзей, якія прымалі ўдзел у розных акцыях пацыфікацыі, пагромах і г. д., межы дапушчальнага ў іх былі яўна сцёртыя, а набытыя навыкі – вельмі запатрабаваныя” (16). Гэтыя разважанні цалкам справядлівыя, але трэба таксама заўважыць, што ў выпадках высокага ўзроўню гвалту ў грамадстве справа не толькі ў набытым досведзе – важна стварэнне сістэмы, калі агрэсіўныя дзеянні выклікаюць ухваленне з боку большасці прадстаўнікоў сацыяльнай групы агрэсара і застаюцца беспакаранымі. Асацыяванне сябе з агрэсарам, а не з ахвярай – у прынцыпе, больш адаптыўны механізм, і, нягледзячы на тое, што чалавецтва ў ходзе эвалюцыі выпрацавала шмат сацыяльных механізмаў, якія стрымліваюць агрэсію, гэтыя забароны робяцца вельмі хісткімі ў экстрэмальных умовах.
Цэнтральны даследчы фокус у кнізе скіраваны на гісторыю лепельскіх маўчальнікаў – гісторыю супрацьстаяння маленькага чалавека сістэме. У шэрагу сельсаветаў Лепельскага раёна сяляне, нягледзячы на рэпрэсіі – раскулачванні, высылкі, турэмныя тэрміны, адмаўляліся ісці на супрацоўніцтва з савецкай уладай. Яны не ішлі ў калгас, адмаўляліся ад пашпартоў, нягледзячы на закрыццё і разбурэнне цэркваў, працягвалі збірацца разам на маленні дома ці ў лесе. Але пад пільную ўвагу цэнтральных уладаў гэтыя людзі трапілі ў снежні 1936 г., калі ў час правядзення папярэдняга перапісу тут адбылося масавае байкатаванне перапісчыкаў. Сяляне дэманстратыўна адмаўляліся з імі гаварыць ці ўвогуле ўцякалі з хаты перад прыходам перапісчыкаў. Усяго маўчальнікаў было каля 230 чалавек з 52 сямей. Страхі і эсхаталагічныя настроі з нагоды перапісу фіксаваліся ў многіх месцах, але тут занепакоенасць выклікаў масавы супраціў. Улады тут жа абвясцілі маўчальнікаў сектантамі, удзельнікамі “баптысцкай контррэвалюцыйнай арганізацыі”. Кім былі гэтыя людзі, якія ідэі яны абаранялі, не ідучы на супрацоўніцтва з савецкай уладай, якімі былі іх жыццёвыя стратэгіі адаптацыі да новых умоваў – на гэтыя пытанні шукае адказы І. Раманава. Тут вельмі цікавая гісторыя, як непісьменныя, “цёмныя і забітыя”, як іх ахарактарызавалі ва ўспамінах, сялянкі сваім маўклівым супрацівам зламалі прадуманы і адпрацаваны сцэнар паказальных судоў, не дазволіўшы кваліфікаваць справу як “інспіраваную варожымі элементамі эмацыйную рэакцыю несвядомых элементаў” (47). Таксама гісторыя важная ў сэнсе разумення, як новая ўлада і новы ўклад жыцця ўбудоўваюцца ў традыцыйную культуру, у архаічную карціну свету праз сакральнае і міфалагічнае і апісваюцца праз сюжэты кляймення вераломцаў, чорных антыхрыставых пячатак, лятучых вогненных змеяў, спакушэння сатаны, набліжэння канца свету і ратавання душы.
Гісторыя маўчальнікаў разглядаецца вельмі падрабязна, найперш гэта гісторыя рэпрэсій супраць іх, што абумоўлена спецыфікай крыніц. Глыбіню даследавання вызначыла шматгадовая праца даследчыцы з архіўнымі дакументамі. За некалькі гадоў да выпуску рэцэнзаванай кнігі выйшаў маштабны зборнік дакументаў, складальнікам якога стала І. Раманава [3]. Архіўныя дакументы пададзены ў змястоўных дадатках: прыводзіцца пайменны спіс гаспадарак, якія адмовіліся ад удзелу ў перапісе, звесткі пра іх маёмасць, даведкі, складзеныя супрацоўнікамі НКУС на асобных прадстаўнікоў “царкоўнага элемента” з даволі падрабязнымі характарыстыкамі. Але ў дадзеным выпадку архіўныя дакументы сталі не толькі асновай даследавання, але і падставай для далейшых пошукаў. Было праведзена некалькі вуснагістарычных экспедыцый, даследчыца наведала ўсе вёскі, якія згадваліся ў архіўных справах, і запісала інтэрв’ю з дзецьмі рэпрэсаваных маўчальнікаў і іншымі сведкамі тых падзей. Вуснагістарычныя крыніцы далі магчымасць пасунуць даследчыцкі фокус у бок эмоцый і матывацый, што неверагодна каштоўна для разумення мінулага. Уражваюць успаміны дзяцей маўчальнікаў пра іх жыццё пасля вяртання з месцаў адбыцця пакарання. Гэтая кніга – глыбока і ўсебакова даследаваная трагедыя жыццяў людзей, пацярпелых за свае погляды.
Пры ўсёй падрабязнасці даследавання гісторыі маўчальнікаў хацелася б пабачыць больш падрабязную аргументацыю па двух пытаннях: па-першае, якія менавіта адносіны меў тэрмін “чырвонадраконаўцы” да людзей, што адмовіліся ўдзельнічаць ў перапісе насельніцтва ў Лепельскім раёне, і, па-другое, ці былі яны арганізаванай групай – прадстаўнікамі нейкай радыкальнай галіны праваслаўя.
Матэрыялы інтэрв’ю нічога не прасвятляюць наконт тэрміна “чырвонадраконаўцы”, людзі з ім не знаёмыя. Таксама з тэксту не вельмі зразумела, якая крыніца сведчыць, што менавіта лепельскія маўчальнікі параўноўвалі савецкую ўладу з Чырвоным Драконам. Аўтарка піша: “Параўнанне савецкай улады з уладай Чырвонага Дракона ўсё ж нейкім чынам трапіла ў гэты раён” (53), – але незразумела, хто і дзе гэтае параўнанне ў Лепельскім раёне зафіксаваў, ад каго былі атрыманыя звесткі. Маем дакладную ўпаўнаважанага ЦК Катавода ў ЦК КП(б)Б, дзе ён называе аднаго з маўчальнікаў Лявона Урбана “чырвонадраконавец”, і “цяпер лепельскія “сектанты” называюцца не толькі “маўчальнікамі”, але і “чырвонадраконаўцамі” (50). Але ў іншых дакладных маўчальнікі называюцца евангелістамі, баптыстамі, “шпіёнскай контррэвалюцыйнай арганізацыяй”. На с. 51 чытаем: “Для тых, хто праводзіў перапіс 1937 г., быў створаны спецыяльны паказальнік веравучэнняў, у якім было вылучана 12 груп (у тым ліку для няверуючых, тых, хто сумняваецца, і для тых, хто не даў адказ). Сярод дробных сектаў, якія ўзніклі на глебе праваслаўя і пратэстантызму, пералічаны: а) фёдараўцы, сінонімы: масолаўцы, прававернікі, самасвяты, чырвонадраконаўцы, самарыцяне; б) маўчальнікі (вылучана намі. – І. М.)”. Ці не магчымы варыянт, што тэрмін “чырвонадраконаўцы” трапіў у дакладную, таму што супрацоўнік НКУС павінен быў неяк класіфікаваць “тых, хто не даў адказу”?
Даследчыца далучае маўчальнікаў калі не да сектантаў, то да арганізаванай верніцкай супольнасці: “Відавочна, што тут мы маем справу не проста з праваслаўем, што за даволі арганізаванымі і нетыповымі для праваслаўных паводзінамі стаялі не толькі ідэйныя лідары, але і больш радыкальная сістэма вераванняў, якая сюды нейкім чынам трапіла” (50). Ва ўспамінах дзеці маўчальнікаў кажуць, што бацькі былі праваслаўнымі і маліліся дома ці на балоце, таму што цэркваў не было і рэлігія была пад забаронай (53). Вядома, дзеці маглі не ведаць падрабязнасцяў рэлігійнага жыцця бацькоў ва ўмовах забароны рэлігіі, хоць толькі да пэўнай ступені, бо дзеці таксама “дэманстратыўна маўчалі” (48). Тут хацелася б больш дакладных фармулёвак крытэраў і больш разгорнутага тлумачэння падстаў далучэння маўчальнікаў да арганізаванай супольнасці, якая спавядала радыкальную сістэму вераванняў, і чаму гэтая сістэма вераванняў разглядаецца як аднекуль імпартаваная.
Гісторыя лепельскіх маўчальнікаў служыць не толькі цэнтральным сюжэтам, але яшчэ і падмуркам, на які даследчыца набудоўвае слой за слоем апісанне штодзённасці беларускай вёскі, сістэмы ўлады ў БССР у канцы 1930-х гадоў і асаблівасці яе ўзаемадзеяння з грамадствам, паказваючы маштабную карціну разгорнутых рэпрэсій. Адна з цікавых тэм, якія разглядае аўтарка – вобраз “савецкага кіраўніка”: як фармуюцца новыя эліты, як яны рэпрэзентуюць сябе, як складваецца іерархія статусаў унутры эліт, якія якасці былі запатрабаваныя і наколькі яны супадалі з дэклараванымі. Такі фокус не толькі на падзеях, але і на асобе і яе стратэгіях упісвання ў соцыум дае лепшае разуменне і грамадства, і гістарычных працэсаў у цэлым.
Кніга напісана вельмі жывой мовай, яна будзе карыснай не толькі гісторыкам, але і самай шырокай публіцы, усім, хто цікавіцца гісторыяй ХХ ст. Перыферыйныя сюжэты могуць і павінны быць разгорнуты ў асобныя гісторыі, і, спадзяемся, выхад кнігі стане ўзорам і штуршком для правядзення новых гістарычных даследаванняў.
[1] Фицпатрик Ш. Сталинские крестьяне. Социальная история советской России в 1930-е годы: деревня. Москва, 2008.
[2] Фуко М. Надзирать и наказывать. Рождение тюрьмы. Москва, 1999. С. 74–86.
[3] Улада і грамадства: БССР у 1929–1939 гады: у дакументах Сакрэтнага аддзела / Асобага сектара ЦК КП(б)Б / cклад., аўтар прадм. І. Раманава. Вільня, 2019.