БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Протько, Татьяна. Становление советской тоталитарной системы в Беларуси (1917—1941 гг.) (Анатоль Вялікі)


Протько, Татьяна. Становление советской тоталитарной системы в Беларуси (1917—1941 гг.). Минск, 2002. 688.

Да праблем, якія слаба распрацаваны ў беларускай гістарыяграфіі, належыць зараджэнне і станаўленне таталітарнай сістэмы ў Беларусі і, магчыма, самае галоўнае, механізм яе функцыянавання. Сутнасныя аспекты гэтай праблемы да цяперашняга часу застаюцца па–за межамі гістарычных даследаванняў. Да іх, перш за ўсё, адносяцца: станаўленне і ўмацаванне аднапартыйнай сістэмы, фармаванне рэспубліканскай сістэмы наменклатуры і яе ўзаемаадносіны з Масквой, механізм прыняцця рашэнняў, іх выканання і кантролю за выкананнем, характар узаемаадносін партыйных і савецкіх органаў, роля і месца спецслужбаў у таталітарным грамадстве, знішчэнне правоў і свабод чалавека і шмат іншага. Нельга сказаць, што ў Беларусі не існуе да­следаванняў па згаданай праблематыцы. За апошняе дзесяцігоддзе асобныя аспекты праблемы атрымалі адлюстраванне ў працах беларускіх гісторыкаў. Аднак, як заўважыў акадэмік Міхаіл Касцюк, айчынныя гісторыкі „падыходзяць да праблемы таталітарызму дастаткова асцярожна. Такая абачлівасць не спрыяе актывізацыі работы, не спрыяе яе набліжэнню да таго ўзроўню, на якім ужо прызнаная таталітарная сутнасць бальшавіцкай сістэмы кіраўніцтва грамадствам“. Дадам, што для даследаванняў айчынных гісторыкаў характэрны не толькі „асцярожнасць“, але і „правінцыялізм“, які выяўляецца ў „вузкасці“ тэм даследавання, пераважнай канстатацыі фактаў, без аналізу сутнасных характарыстык таталітарнай сістэмы. Пераадоленнем такой асцярожнасці і правінцыйнасці ў вывучэнні таталітарызму ў Беларусі і вывядзеннем даследаванняў на якасна новы ўзровень стала кніга вядомай грамадскай дзеячкі, старшыні Беларускага Хельсінскага Камітэта, гісторыка і філосафа Таццяны Процькі.

Кніга складаецца з чатырох раздзелаў. У першым „Таталітарызм як гістарычны феномен“ Т. Процька разглядае прыроду таталітарызму з улікам характарыстык, якія дадзены гэтай з’яве перш за ўсё заходнімі даследчыкамі. Аналізуючы вытокі савецкага таталітарызму, аўтарка прыходзіць да высновы, што яго „айцамі–заснавальнікамі“ былі не столькі бальшавіцкія лідэры Ленін, Сталін, Троцкі ды іх бліжэйшыя паплечнікі, колькі рэалі­зацыя таго таталітарнага патэнцыялу, што быў назапашаны ў працэсе гістарычнага развіцця Расіі.

Самыя грунтоўныя па колькасці выкарыстаных крыніц (як, зрэшты, і па аб’ёме) — раздзел другі „Фармаванне таталітарнага палітычнага кіравання“ і трэці „Знішчэнне правоў і свабод асобы“. Яны па змесце ўзаемазвязаныя, таму адзначым агульнае, што ім уласціва.

Даследчык гісторыі дзяржаўнага будаўніцтва любой краіны ў першую чаргу павінен адказаць на пытанне, хто кіруе краінай і як гэтае кіраўніцтва ажыццяўляецца. Аналізуючы ролю партыі ў палітычнай сістэме Беларусі, Т.Процька паказвае не толькі працэс фармавання і станаўлення аднапартыйнай сістэмы, але і „апартыйванне“ дзяржаўнай сістэмы ды пераўтварэнне яе ў складаную, строга ерархічную, нават ваенна–бюракратычную сістэму „партыя–дзяржава“, з жорсткім падпарадкаваннем па схеме „зверху — ўніз“. „Партыя–дзяржава“, захапіўшы ўладу, падпарадкавала сабе грамадства і рэалізоўвала сваю палі­тыку пераважна сілавымі метадамі.

Усталяванне і ўтрыманне панавання своеасаблівага бальшавіцкага дуумвірата „партыя–дзяржава“ стала магчымым як дзякуючы выкарыстанню спецслужбаў, так і эфектыўнасці ідэалагічнага ўздзеяння на грамадства, што і падкрэслівае аўтарка. Найважнейшай задачай ідэалогіі было фармаванне ў масавай свядомасці вобраза „ворага“ — як унутранага, так і знешняга. „Ворагі“ на кожным этапе гістарычнага развіцця былі розныя. Іх вызначалі добра адпрацаваныя і скаардынаваныя дзеянні прапагандысцкай машыны і спецслужбаў. Моцная, масавая ідэалагічная апрацоўка грамадскай свядомасці, дэманстраванне грамадству, хто яго „вораг“, — усё гэта падрыхтоўвала поле дзейнасці для спецслужбаў, якія, парушаючы законы, знішчалі „ворага“. Так наступальная, „агрэсіўная“ бальшавіцкая ідэалогія дасягала мэты — палітыка рэжыму знаходзіла падтрымку сярод розных сацыяльных групаў насельніцтва. Да таго ж, ідэалагічная апрацоўка здымала сацыяльную напругу ў грамадстве, стварала ілюзію палітычнай стабільнасці і еднасці грамадства.

Асаблівасцю кнігі з’яўляецца тое, што Т.Процька, выкарыстаўшы архівы КДБ РБ, ФСБ РФ, НАРБ, паказала ролю спецслужбаў у станаўленні аднапартыйнай сістэмы ў БССР, іх выкарыстанне супраць нацыянальнага руху, палітычных праціўнікаў, іншадумства, святароў, кантролю над грамадскімі арганізацыямі і творчымі саюзамі. Выклікае цікавасць выснова Т.Процькі пра тое, што Беларусь у дзейнасці расійскіх спецслужбаў з’яўлялася своеасаблівым „палігонам“, на якім адпрацоўвалася тэхніка і назапашваўся „вопыт“ дзейнасці па нейтралізацыі і зніш­чэнні па­літычных апанентаў і ўвогуле ўсіх, хто не быў згодны  і не выказваў лаяльнасці да рэжыму. Так, 3 сакавіка 1921 г. Надзвычайная камісія Беларусі падрыхтавала і правяла шырокамаштабную аперацыю па ліквідацыі партыі беларускіх эсэраў. У Маскве публічны працэс над эсэрамі адбыўся толькі ў чэрвені–жніўні 1921 г. Гэтае ж самае адбывалася і з меншавікамі. Калі ў БССР „зачыстка“ меншавікоў пачалася восенню 1922 г., то ў маштабе ўсесаюзным яна праходзіла вясной 1923 г. Гэтыя ды іншыя прыклады, якія прыводзіць Т.Процька, сведчаць і даказваюць, што рэпрэсіі, татальны кантроль над беларускім грамадствам пачаўся не ў сярэдзіне 20–х г., як сцвярджаецца ў шмат­лікіх публікацыях, а значна раней — на пачатку 20–х г. Спецслужбы „адзначыліся“ і ў ліквідацыі беларускага нацыянальнага руху. Справы СВБ, БНЦ і БНГ прывялі да таго, што на пачатку 30–х г. была знішчана нацыянальная інтэлектуальная эліта беларускага грамадства, а гэта можна кваліфікаваць як генацыд супраць беларускага народа.

Адной з галоўных задач створанай сістэмы „партыя–дзяржава“ была барацьба супраць чалавека як асобы. Ці не першым крокам у гэтым кірунку стала абмежаванне свабоды руху, якое ў сярэдзіне 20–х г. набыло форму знакамітай прапіскі, не адмененай да цяперашняга часу. Вясной 1934 г. была праведзена пашпартызацыя ўсяго насельніцтва, галоўнай мэтай якой з’яўлялася ўсталяванне татальнага кантролю над кожным чалавекам. Паралельна з гэтым праходзіла абмежаванне ці знішчэнне такіх фундаментальных правоў і свабод чалавека, як свабода веравы­знання, права на атрыманне інфармацыі, права на свабоду слова. Важная роля ў гэтым належала Галоўліту, які на пачатку 20–х г. поўнасцю кантраляваў выпуск друкаванай прадукцыі. Т.Процька сцвярджае, што ідэалагічны тэрор, які ажыццяўляўся рэспубліканскім Галоўлітам, па эфектыўнасці ўздзеяння на грамадства быў нават больш жорсткім, брутальным і ўсеахопным, чым тэрор фізічны.

Выкарыстанне спецслужбаў як аднаго з найважнейшых элементаў таталітарнай сістэмы неабходна разглядаць у кантэксце іх удзелу ў тэроры дзяржавы супраць грамадства. Таталітарызм у сталінскай інтэрпрэтацыі ўнёс у тэрор сваю спецыфіку — спецслужбы і тэрор сталі найважнейшымі элементамі ў падтрыманні стабільнасці сістэмы. Тэрор быў больш шырокай з’явай, чым рэ­прэсіі. У сістэме татальнага тэрору ніхто не адчуваў сябе ў бяспецы: ні першы сакратар ЦК КП(б)Б, ні просты селянін ці рабочы. Так, з дзесяці першых сакратароў ЦК КП(б)Б сем у 1937—1939 г. былі прысуджаны да вышэйшай меры пакарання — расстрэлу, а яшчэ адзін, Я.Гамарнік, скончыў жыццё самагубствам. Тэрор не пашкадаваў і сялян Рыгора Раманіна, Антона Сташэўскага, як і дзесяткі тысяч беларускіх вяскоўцаў, што сканалі ў шматлікіх лагерах ГУЛАГа.

У чацвёртым раздзеле кнігі „Асаблівасці развіцця таталітарнай эканомікі“ аўтарка паказвае, як тыя метады і сродкі, з дапамогай якіх бальшавікі дасягнулі ўлады, непазбежна пераносіліся і на эканоміку. Эканамічная трансфармацыя грамадства звялася да формулы „індустрыялізацыя—калектывізацыя“. Аднак Т.Процька адыходзіць ад складзеных стэрэатыпаў у даследаванні працэсаў „калектывізацыі—індустрыялізацыі“ і звяртае ўвагу на ўсталяванне жорсткага дзяржаўнага кантролю за развіццём эканомікі, аналізу выкарыстання формаў пазаэканамічнага прымусу, ролі камандна–адміністрацыйнага планавання. Дзяржаўны кантроль над эканомікай, бюракратычным увасабленнем якога стала стварэнне  і дзейнасць Рабоча–сялянскай інспекцыі (РСІ), заканамерна эвалюцыянаваў у бок узмацнення кантролю. Яго лагічным  працягам стала выкарыстанне органаў суда і пракуратуры ў 1923—1934 г., а завяршылася ўсё ўмяшальніцтвам спецслужбаў у эканоміку ў 1934—1941 г.

Дзяржаўнае кіраванне эканомікай было жорстка падпарадкавана выкананню планавых паказнікаў (пяцігодак, дзярж­па­ставак сельскагаспадарчай прадукцыі, нарыхтовак і г.д.). Іх выканання можна было дасягнуць толькі з дапамогай страху і рэ­прэсій. Так, да крымінальнай адказнасці з пазбаўленнем волі тэрмінам да 10 гадоў (арт. 93 і 94 Крымінальнага Кодэксу БССР) людзей прыцягвалі за невыкананне планаў сяўбы, дзярж­паставак, рознага кшталту нарыхтовак і г.д. Толькі за першае паўгоддзе 1933 г. па гэтых артыкулах асудзілі  21 405 чалавек. Не адставалі ад органаў юстыцыі і пракуратуры і органы НКУС, якія на працягу 1930—1935 г. „раскрылі“ 18 „шкодніцкіх“ арганізацый у галіне прамысловасці і сельскай гаспадаркі. У 1937—1938 г. зноў пракацілася хваля рэпрэсій супраць „шкоднікаў і сабатажнікаў“ у прамысловасці і сельскай гаспадарцы, якія быццам завышалі аб’ёмы будаўніцтва і капітальных укладанняў, складалі „ня­правіль­ныя“ планы і г.д. Разам з тым, савецкая эканоміка выкарыстоўвала не толькі страх і рэпрэсіі, яна стварыла сістэму ільгот і заахвочвання для перадавікоў вытворчасці і работнікаў апарату кіравання (прынцып „бізуна і перніка“).

Таццяна Процька адзначае, што планавыя паказчыкі афіцыйнай статыстыкі (падкантрольнай органам АДПУ—НКУС), падагнаныя пад патрэбныя лічбы, дасягнутыя з выкарыстаннем працы зняволеных, вымагаюць даволі асцярожна падыходзіць да сцвярджэнняў аб эфектыўнасці савецкай эканомікі, яе накіраванасці на паляпшэнне ўмоў жыцця людзей. Калі і былі якія „перамогі“, то дасягаліся яны коштам вялізных намаганняў мільёнаў людзей, жабрацкім жыццёвым узроўнем насельніцтва, бясплатнай працай зняволеных.

Бяспрэчнай каштоўнасцю кнігі стаў ілюстрацыйны матэрыял — больш за 100 фотаздымкаў, многія з якіх чытач можа пабачыць упершыню. Сярод іх фота партыйных кіраўнікоў рэспублікі, ведамасць працы зняволеных Мінскага лагера прымусовых работ, мемарандум аб „беларускім шавіністычным руху“, анкета арыштаванага органамі АДПУ мітрапаліта Мелхіседеэка і шмат іншых, якія выявіла аўтарка ў архівах КДБ РБ і ФСБ РФ.

Трэба заўважыць, што кніга Т.Процькі выйшла ў Беларусі ў час, калі, як адзначае аўтарка, яшчэ „ў другой палове 90–х гадоў вызначылася тэндэнцыя аднаўлення элементаў савецкай таталітарнай сістэмы з некаторай мадэрнізацыяй“. Нельга не пагадзіцца з ёй, што гэтая тэндэнцыя знайшла падтрымку сярод значнай часткі насельніцтва, палітычнага істэблішменту і нават навуковай грамадскасці. Праявамі новай тэндэнцыі стала рэзкае скарачэнне публікацый, якія закранаюць падзеі 20—30–х г., згортванне дзейнасці групы па вывучэнні сталінскіх рэпрэсій у Інстытуце гісторы НАН, абмежаванне доступу да архіваў КДБ РБ, публікацыя прац адыёзнага гісторыка–сталініста Адама Залескага, у якіх адкрыта абараняецца таталітарная сістэма і яе лідэры. Поглядам артадоксаў, што абапіраюцца на камуністычную ідэалогію 30—50–х г., Т.Процька супрацьпаставіла вялізны дакументальны матэрыял з архіваў КДБ РБ, ФСБ РФ, НАРБ, які паказвае жудасны твар таталітарызму ў Беларусі. Прачытаўшы кнігу, многія калі не адмовяцца ад камуністычных ідэй, то ў кожным разе задумаюцца пра кошты „перамог і дасягненняў“ савецкай улады ў час будаўніцтва сацыялізму. Задумаюцца і над тым, ці патрэбны былі такія „перамогі“ і „дасягненні“.

Зразумела, у кнізе ёсць і недахопы. Прыкладам, некаторыя тэмы агучаны тэзісна, асобныя параграфы надта дробныя, галоўная ўвага аддаецца аналізу дзейнасці спецслужбаў, але гэта ніякім чынам не змяншае вартасцяў працы. Кніга Таццяны Процькі стала значнай з’явай у беларускай гістарыяграфіі, і гэтая праца не застанецца незаўважанай. Несумненна, яна знойдзе як добразычлівых чытачоў, так і зацятых праціўнікаў, выклі­ча спрэчкі і палеміку, што таксама будзе сведчыць пра вартасць працы гісторыка.

Мінск

Анатоль Вялікі

Наверх

Тэгі: , ,