БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Solak, Zbigniew. Między Polska a Litwą. Życie i działalność Michała Römera (Алесь Смалянчук)


Solak, Zbigniew. Między Polska a Litwą. Życie i działalność Michała Römera. 1880—1920. Kraków, 2004.  484 s.

Міхал Ромэр (1880—1945) — юрыст, публiцыст, навуковец, грамадскi i палiтычны дзеяч — у пэўным сэнсе быў адным з апошніх грамадзянаў Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта ён на пачатку ХХ ст. быццам акумуляваў дух г.зв. „ліцвінскага сепаратызму“ часоў Рэчы Паспалітай і ва ўмовах нацыянальнага Адраджэння народаў былога ВКЛ сфармуляваў асноўныя прынцыпы „краёвай ідэалогіі“. Яе падмуркам стала ідэя яднання розных народаў пад сцягам агульнага змагання за інтарэсы Краю (г.зн. земляў колішняга ВКЛ). Яно павінна было прывесці да фармавання нацыі дзяржаўнага (грамадзянскага) тыпу і адраджэння Вялікага Княства Літоўскага як незалежнай дэмакратычнай дзяржавы.

Аналізаваць жыццё першага „краёўца“ і апошняга грама­дзяніна ВКЛ складана, бо ягонай характэрнай рысай быў дуа­лізм. М.Ромэр належаў да г.зв „літоўскіх палякаў“, паходжанне і гістарычная памяць якіх былі звязаныя з гістарычнай Літвой, а культурная прыналежнасць — з Польшчай. Якраз гэты дуалізм адлюстраваўся ў назве кнігі („Паміж Польшчай і Літвой“).

Збігнеў Соляк абмежаваўся толькі першым перыядам жыцця М.Ромэра (1880—1920), напоўненым пераважна грамадска–палітычнай дзейнасцю і публіцыстычнай працай. Кніга заканчваецца тым выбарам, які М.Ромэр зрабіў у 1920 г., калі вырашыў пакінуць Польшчу і перабрацца на пастаяннае пражыванне ў Коўна. Ён звязаў сваё жыццё з літоўскай дзяржавай і адыграў вялікую ролю ў станаўленні яе прававой сістэмы. Аднак свой дзённік (1911—1945) да канца жыцця вёў на польскай мове.

Трэба адзначыць, што доўгі час гісторыкі або не звярталі ўвагі на постаць Міхала Ромэра, або згадвалі пра яго ўскосна. У польскай гістарыяграфіі пра М.Ромэра як пра грамадска–палітычнага дзеяча пачатку ХХ ст. пачалі пісаць толькі ў 70—80–я г. (Юліюш Бардах, Ян Юркевіч, Раман Юркоўскі). У гістарыяграфіі Літвы да канца савецкай акупацыі не было ніводнай працы, хоць літоўскія даследчыкі захоўвалі памяць пра М.Ромэра як пра юрыста і рэктара універсітэта ў Коўне.

А вось на пачатку 90–х г. адбыўся сапраўдны „выбух“ цікавасці да жыцця і творчай спадчыны Міхала Ромэра як галоўнага ідэолага ліберальна–дэмакратычнага кірунку краёвасці. У вялікай ступені гэтая цікаўнасць была звязаная з „адкрыццём“ даследчыкамі дзённіка Міхала Ромэра[1]. Аўтарам першай публікацыі, прысвечанай гэтай гістарычнай крыніцы быў Вінцас Марцінкенс. Ягоны артыкул апублікаваў часопіс „Kulturos barai“ у 1976 г. На пачатку 90–х г. дзённік стаў аб’ектам інтэнсіўных даследаванняў літоўскіх і польскіх навукоўцаў. У 1995 г. быў апублікаваны артыкул Збігнева Соляка, які ўздымаў праблему стасункаў Міхала Ромэра і віленскіх вольных муляраў пачатку ХХ ст.[2] У Літве аўтарамі найбольш пры­кметных публікацый сталі Рымантас Мікныс, Дарус Сталюнас, Уладас Сірутавічус, Эгідыюс Мацека і Ян Савіцкі. Апошні быў аўтарам грунтоўнай манаграфіі, прысвечанай свядомасці М.Ромэра і ягоным поглядам на нацыянальную праблему[3]. Некалькі публікацый з’явілася таксама ў беларускім навуковым друку[4]. Тым не менш цяжка лічыць гістарыяграфічную распрацоўку праблемы жыцця і дзейнасці М.Ромэра грунтоўнай. Многія ўзнятыя кракаўскім гісторыкам праблемы ўпершыню зрабіліся аб’ектам даследчыцкай увагі.

Асноўнымі крыніцамі даследавання стаў дзённік М.Ромэра, фрагменты ягоных успамінаў, публікацыі, сямейная карэспандэнцыя, матэрыялы асабістых архіваў Людвіка Абрамовіча, Тадэвуша Ўрублеўскага, Алены Ромэр–Ахенькоўскай і дакументы парыжскіх літоўскіх арганізацый пачатку ХХ ст.

Аўтар шмат увагі аддаў дзяцінству і маладосці галоўнага героя. Ён паспрабаваў вылучыць асноўныя этапы ператварэння прадстаўніка тыповага роду „літоўскіх палякаў“ у галоў­нага ідэолага краёвасці, чые погляды кардынальна разыхо­дзіліся з поглядамі большасці сваякоў, сяброў і знаёмых. Безумоўна, „нараджэнне краёўца“ не было вынікам сямейнага вы­хавання і атмасферы роднага дому. Амаль усе сваякі (Ромэры і Тукалы) у перыяд нацыянальна–культурнага Адраджэння Беларуска–Літоўскага краю ператварыліся ў шчырых польскіх патрыётаў. Шлях Міхала Ромэра быў іншым. Паводле З.Соляка, вялікую ролю адыгралі глыбока эмацыянальныя адносіны да роднага краю і літоўскасці, якія ўвабралі ў сябе замілаванне прыродай малой радзімы (маёнтак Багданішкі Новааляксандраўскага пав. Ковенскай губ.), цікавасць да мясцовага літоўскага фальклору, звычаяў і мовы жыхароў навакольных вёсак і г.д.

Але, як падаецца, таксама нельга ігнараваць і той факт, што ўжо ў дванаццацігадовым узросце М.Ромэр быў адарваны ад звычайнага сацыяльнага і культурнага асяроддзя. У 1892 г. бацькі выправілі яго вучыцца ў Імператарскую школу права ў Санкт–Пецярбург. Потым ён працягваў адукацыю ў Ягелон­скім універсітэце і Школе палітычных навук у Парыжы (з 1902 г.). Менавіта ў Парыжы ён навязаў кантакты з дзеячамі літоўскіх моладзевых арганізацый. Пад уплывам дзеяча літоўскага руху Юозаса Петруліса (1877—1958) М.Ромэр стаў сябрам літоўскай студэнцкай арганізацыі „Lithuania“, што, паводле яго асабістага прызнання, было адным з пераломных момантаў жыцця. Безумоўны ўплыў на фармаванне свядомасці галоўнага героя аказаў якраз Ю.Петруліс, у поглядах якога этнічны літоўскі патрыятызм сумяшчаўся з патрыятызмам грамадзяніна гістарычнай Літвы. Ю.Петруліс імкнуўся пашырыць пачуццё краёвай грамадзянскасці сярод літоўскіх палякаў ды іншых народаў Беларуска–Літоўскага краю. І не без поспеху. Па меншай меры, у душы Міхала Ромэра ён здолеў абудзіць тую любоў да Літвы, якая заўсёды жыла там на ўзроў­ні падсвядомасці. Фактычна, у „парыжскі перыяд“ закончыліся яго ідэйныя пошукі. Як сцвердзіў аўтар, М.Ромэр вярнуўся на Радзіму ўзброены краёвай ідэяй, якой прысвяціў некалькі наступных дзесяцігоддзяў жыцця.

Збігнеў Соляк даволі падрабязна спыніўся на гісторыі за­снавання і рэдагавання М.Ромэрам штодзённай „Газеты Ві­леньскай“ (люты—чэрвень 1906 г.), якая актыўна прапагандавала краёвую ідэю. Якраз на яе старонках гэтая ідэя паступова ператваралася ў пэўную ідэалогію. Ліквідацыю „Газеты Віленьскай“ аўтар палічыў паражэннем польскіх дэмакратаў наогул. На думку З.Соляка, „з гэтага моманту на некалькі гадоў лозунг краёвасці стаў лозунгам кансерватыўных лі­тоўскіх землеўласнікаў, якія не толькі змаглі захаваць свой друк, але таксама пастараліся выпрацаваць уласную праграму і паспрабавалі (хоць без поспеху) стварыць уласную партыю“ (95). У гэтым месцы варта заўважыць, што кансерватыўны (або, да­кладней, кансерватыўна–ліберальны) кірунак краёвасці быў выпрацаваны яшчэ раней. Да яго распрацоўкі непасрэднае дачыненне мелі Раман Скірмунт, Баляслаў Ялавецкі, Канстанцыя Скірмунт, Эдвард Вайніловіч ды іншыя прадстаўнікі старажытных беларускіх і літоўскіх родаў, якія на пачатку ХХ ст. складалі гаспадарчую і культурную эліту мясцовай польскай грамадскасці. Краёвасць ад самога на­раджэн­ня як ідэалогія мела па меншай меры два „твары“. Варыянт Р.Скірмунта і Б.Яла­вецкага быў пазбаўлены пэўнага сацыяльнага радыкалізму, адчувальнага ў канцэпцыі М.Ромэра, хоць і ўтрымліваў традыцыйны набор першачарговых ліберальных ператварэнняў у краі.

Адлучэнне ад публіцыстычнай дзейнасці М.Ромэр выкарыстаў для вывучэння літоўскага нацыянальнага руху. Вынікам ягонай навуковай працы стала кніга Litwa. Studium od­rodzenia narodu litewskiego (Львоў, 1908), якая атрымала высокую ацэнку многіх рэцэнзентаў, у т.л. дзеячоў літоўскага руху. Яна і сёння лічыцца адной з найлепшых працаў па гісторыі нацыянальнага руху нашых паўночных суседзяў[5]. Адначасна працягвалася далейшая распрацоўка краёвай канцэпцыі, у чым пэўную ролю адыграў літоўскі культурны дзеяч і навуковец Юзаф Альбін Гэрбачэўскі[6]. Наогул, кніга Збігнева Соляка прымушае задумацца над роляй літоўскіх палітыкаў і навукоўцаў у выпрацоўцы краёвай ідэалогіі. Па меншай меры, прыведзеныя факты выразна супярэчаць досыць пашыранай у Польшчы і Беларусі трактоўцы літоўскага нацыянальнага руху як неталерантнага і агрэсіўнага. У гэты ж час на старонках варшаўскай „Праўды“ быў апублікаваны артыкул М.Ромэра Zagadnienia narodowe białoruskie (1907, №32—36). Амаль упершыню беларускі рух стаў аб’ектам грунтоўнага аналізу.

Наступныя раздзелы кнігі і этапы жыцця і дзейнасці Міхала Ромэра пісаліся пры дапамозе дзённіка галоўнага героя. Гэта унікальная крыніца, якая не мае аналагаў ні ў польскай, ні ў беларускай гісторыі. Практычна штодня з 1 студзеня 1911 г. да лютага 1945 г. М.Ромэр падрабязна апісваў і аналізаваў падзеі, што адбыліся. Дзённік уражвае багаццем тэматыкі, глыбокім асэнсаваннем многіх важных і пераломных для гісторыі Польшчы, Беларусі і Літвы падзеяў. Увагі заслугоўваюць партрэты гістарычных асобаў. Сярод іх дзеячы польскага, літоўскага і беларускага руху, прадстаўнікі расійскай ліберальнай апазіцыі і кіраўнікі ўраду і, нарэшце, вольныя муляры. Дарэчы, апошнім М.Ромэр прысвяціў два вялікія запісы, у якіх падрабязна апісаў гісторыю адраджэння вольнамулярства ў Вільні на пачатку ХХ ст. Ён ведаў, пра што пісаў, бо ў сакавіку 1911 г. прайшоў абрад ініцыяцыі ў віленскай ложы „Еднасць“, а трохі пазней узначаліў ложу „Літва“[7].

З.Соляк шмат увагі аддаў гэтай старонцы жыцця М.Ромэра і, як падаецца, цалкам справядліва. Можна згадзіцца з аўтарам, што дзякуючы М.Ромэру віленскія вольнамулярскія ложы сталі моцнымі цэнтрамі прапаганды краёвай ідэалогіі. Але таксама можна выказаць думку, што сама масонская ідэа­логія з характэрнымі для яе ідэямі роўнасці, братэрства, нацыянальнай і палітычнай талеранцыі ў сваю чаргу паўплывала на канчатковае афармленне ідэалогіі краёўцаў. Як заўважыў кракаўскі даследчык, асаблівасцю дзейнасці віленскіх ложаў стала адсутнасць антырэлігійных акцэнтаў, мінімальная абрадавасць і поўнае забыццё пра абавязковую для масонаў апалітычнасць. Адной з галоўных мэтаў дзейнасці ложаў Віль­ні стала барацьба супраць імперыі цароў.

У апошнія перадваенныя гады М.Ромэр актыўна працаваў на ідэю польска–літоўскага паяднання. Застаючыся прыхіль­нікам ідэі незалежнай Літвы (гістарычнай Літвы), М.Ромэр лічыў, што дамагчыся гэтага магчыма толькі ў саюзе з Поль­шчай. Аднак далей фрагментарных польска–літоўскіх кантактаў справа не пайшла. З.Соляк лічыць галоўнай прычынай моцны недавер літоўскага боку да польскіх палітыкаў. Да гэтага трэба дадаць, што гэты недавер быў цалкам апраўданы. Па меншай меры, ні Партыя нацыянальных дэмакратаў, ні ППС не збіраліся ўлічваць нацыянальна–палітычныя і культурныя патрабаванні літоўскага руху (таксама як і беларускага).

Першая сусветная вайна моцна паўплывала на пазіцыі асноўных „акцёраў“ беларуска–польска–літоўскай палітычнай сцэны. У гэты час М.Ромэр у шматлікіх артыкулах звяртаў увагу чытачоў на гістарычную сувязь незалежнасці Польшчы са свабодай Літвы і Беларусі. Ён лічыў неабходным арганізацыю вайсковай падтрымкі дзяржаўніцкіх намаганняў Ю.Пілсуд­скага з боку насельніцтва гістарычнай Літвы. Дзеля гэтага 35–гадовы палітык і публіцыст у траўні 1915 г. з Вільні перабраўся ў польскія легіёны ў Галіцыі, каб са зброяй у руках змагацца за незалежнасць Польшчы і Літвы. У якасці шараговага салдата М.Ромэр удзельнічаў у вайсковых аперацыях. Адначасна спрабаваў зацікавіць краёвай ідэяй і ідэяй незалежнай гістарычнай Літвы Ю.Пілсудскага і ягонае атачэнне. Аднак не атрымалася. Як справядліва заўважыў З.Соляк, блізкія да Пілсудскага людзі не разумелі М.Ромэра і ягонай канцэпцыі. Для апошняга мэтаю была незалежнасць Літвы, а яе саюз з Польшчай, прыхільнікам якога ён быў, быў толькі сродкам дасягнення гэтай незалежнасці. Для большасці польскіх палітыкаў з лагера Ю.Пілсудскага мэтаю была унія Польшчы і Літвы, а згода на незалежнасць Літвы ўспрымалася як часовая ўступка г.зв. „літоўскім сепаратыстам“.

Тым не менш палітыкі з „партыі“ Пілсудскага вырашылі выкарыстаць аўтарытэт і палітычны вопыт М.Ромэра. У сакавіку 1919 г. кіраўнік польскай дзяржавы даручыў яму пазнаёміць ковенскіх палітыкаў з ягонай „літоўскай праграмай“, якая прадугледжвала стварэнне ў занятай польскімі войскамі Вільні „краёвага ўрада“ з удзелам літоўцаў. Ю.Пілсудскі заявіў пра намер адрадзіць дзяржаўнасць Літвы ў дзяржаўным саюзе з Польшчай. М.Ромэр выязджаў на перамовы ў вельмі скептычным настроі. І сапраўды, Коўна адмовілася прыняць поль­скую прапанову і выказала катэгарычную нязгоду на заняцце Вільні палякамі. Паводле Збігнева Соляка, гэты дыпламатычны эпізод у біяграфіі М.Ромэра, які мог стаць пачаткам па­лі­тыч­най кар’еры ў Польшчы, на самай справе паскорыў прыняцце рашэння пра вяртанне ў Літву. Пад час ковенскіх суст­рэ­чаў віленскі краёвец быў прыемна здзіўлены тым ве­лізарным аб’ёмам працы, якую выканалі яго знаёмыя літоў­скія дзеячы па стварэнні ўласнай дзяржавы. Увесну 1920 г. ён назаўсёды вярнуўся ў Літву, каб працаваць на карысць маладой літоўскай дзяржавы. Як заўважыў даследчык, М.Ромэр „па–ранейшаму заставаўся краёўцам, але ўжо пагадзіўся з думкай, што там, куды ён вяртаецца, няма для гэтай ідэі месца. Літва будавала сваю дзяржаўнасць на падмурку нацыянальнай ідэі… Аднак іншай Літвы не было. Упершыню М.Ромэр зразумеў падвойнасць сваёй польска–літоўскай душы. Адчуў сябе эпігонам, „пераходным тыпам“, які не належыць ні „да ўзыходзячага свету маладой народнай Літвы“, ні да старога свету шляхецкай польскай культуры. Тым не менш вяртаўся, каб служыць той Літве, якая нараджалася. Ён кіраваўся пачуццём грамадзянскага абавязку і любоўю да малой Радзімы“ (440).

Ковенскі перыяд жыцця М.Ромэра застаўся па–за храналагічнымі рамкамі кнігі. Але варта адзначыць, што ў гэты час адбылося ператварэнне грамадскага дзеяча, палітыка і публіцыста ў навукоўца і юрыста з міжнародным аўтарытэтам. Усё гэта дзякуючы сапраўды тытанічнай працы і адмове ад асабістага жыцця.

У „Заключэнні“ Збігнеў Соляк цалкам слушна адзначыў імкненне галоўнага героя кнігі супрацьпаставіцца нацыянальнаму канфлікту, які знішчаў адзінства земляў і народаў гістарычнай Літвы. Спробай вырашэння праблемы стала краёвая ідэя, што абапіралася на паняцце агульнага грамадзянства народаў, якія насялялі Літву і Беларусь. Міхал Ромэр лічыў магчымым дасягненне міжнацыянальнага паразумення на падставе традыцый і гістарычнай адметнасці земляў колішняга ВКЛ пры захаванні самасвядомасці кожнай нацыі. Абвяс­ціў­шы зверхнасць інтарэсаў Краю над інтарэсамі асобных яго народаў, ён верыў у магчымасць абмежавання развіцця нацыяналізмаў.

Безумоўнай заслугай М.Ромэра было прыцягненне да су­працоўніцтва дэмакратычных колаў літоўскай і беларускай інтэлігенцыі. Ён сам доўгі час дзейнічаў на паўзмежжы розных нацый і добра разумеў нацыянальныя памкненні літоўцаў і беларусаў. Ягонае непрыняцце шавінізму ўсіх народаў (у першую чаргу, польскага), бескампраміснасць пазіцыі па­спрыяла таму, што ва ўмовах росту шавіністычных настрояў напярэдадні і ў перыяд сусветнай вайны віленскі краёвец апынуўся ў адзіноце. Ён наогул не меў тэмпераменту палітыка, не быў харызматычнай асобай і не валодаў навыкам стварэння ўласнай палітычнай групы падтрымкі. Міхал Ромэр — гэта, у першую чаргу, аналітык і канструктар арыгінальных праграм. Ягоным „каньком“ былі невялікія дыскусіі, дзейнасць у гру­пах уплыву, такіх як, напрыклад, віленскія масонскія ложы.

Ад пачатку знаёмства з кнігай чытача не пакідае пытанне, чаму нашчадак польскай арыстакратычнай сям’і падтрымаў нацыянальную Літву, якая мела сялянскі радавод? Пытанне вельмі цікавае і для беларускай гісторыі. Яно пакуль застаецца без адказу ў дачыненні да Рамана Скірмунта, Марыі Магдалены Радзівіл, Эдварда Вайніловіча, Казіміра Шафнагля і некаторых іншых прадстаўнікоў арыстакратычных і старажытных шляхецкіх родаў, якія ў той ці іншай ступені падтрымалі беларускі рух. Збігнеў Соляк паспрабаваў адказаць на яго ўжо ў першым раздзеле, прысвечаным дзяцінству і маладосці ві­ленскага краёўца. У „Заключэнні“ ён ізноў звяртаецца да гэтага пытання і адзначае вялікую ролю яшчэ дзіцячага замілавання да роднага краю, элементамі якога, у прыватнасці, быў мясцовы фальклор, літоўскія звычаі і мова, прырода малой радзімы (450).

Збігнеў Соляк таксама шмат увагі аддаў асабістаму жыццю галоўнага героя, не абмінуўшы сітуацый, якія перашка­джаюць ператварэнню жывога чалавека з няпростым характарам і лёсам у бронзавы манумент. На працягу ўсёй кнігі чытач (пры дапамозе аўтара) нібыта вядзе дыялог з цікавым суразмоўцам, які нечым нагадвае Дон Кіхота. Праўда, у адрозненне ад апошняга ён звычайна ўсведамляе мізэрнасць сваіх шансаў у змаганні супраць шавінізму і палітыканства. Але сваіх пазіцый першы краёвец і апошні грамадзянін Вялікага Княства Літоўскага не здаваў.

Кніга напісана на цудоўнай польскай мове, што можа адчуць нават не паляк, і напісана… сэрцам. Збігнеў Соляк здолеў сумясціць сапраўды навуковы падыход да біяграфіі галоўнага героя з вялікім пачуццём сімпатыі да яго. Апошняе вы­явілася не ў стварэнні „кнігі–маўзалея імя Міхала Ромэра“, а ў аднаўленні вобраза чалавека, які знайшоў свой жыццёвы шлях і меў мужнасць не саступіць з яго.

P.S.

Збігнеў Соляк (1953—2004)

Кніга пра Міхала Ромэра стала апошняй кнігай гісторыка з Кракава. Збігнеў Соляк быў сапраўды таленавітым даследчыкам, пра што сведчаць шматлікія артыкулы і найбольш кніга „Паміж Польшчай і Літвой…“ Апрача гэтага ён быў вельмі інтэлігентным і добрым чалавекам. Менавіта такое ўражанне засталося ад размоваў з ім увесну 2003 г. Апошні год жыцця і хваробы высветліў таксама мужную асобу, якая з годнасцю сустрэла смерць.

…Пахаваны 19 лістапада 2004 г. на могілках „Батавіцы“ ў Кракаве. На помніку апроч гадоў нараджэння і смерці напісана — „гісторык“.

Горадня

Алесь Смалянчук


[1] М.Ромэр сваім запаветам перадаў дзённік у Бібліятэку імя Ўрублеўскіх (сёння Цэнтральная бібліятэка АН Літвы) з забаронай карыстацца ім раней, чым праз 25 гадоў пасля смерці аўтара.
[2] Solak Z. Michał Römer i masoneria wileńska (1911—1915) // Studia bibliograficzno–bibliologiczne dedykowane prof. W.Bień­kowskiemu. Kraków, 1995.
[3] Sawicki J. Michał Römer a problemy narodowościowe na ziemiach byłego Wielkiego Księstwa Litewskiego. Toruń, 1998. У наступным годзе кніга была выдадзена на літоўскай мове: Jan Sawicki. Mykolas Römeris ir buvusios Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystés žemių tautinés problemos. Vilnius, 1999.
[4] Смалянчук А. Дзённік Міхала Ромэра як крыніца па гісторыі Беларусі пачатку ХХ ст. // Беларускі Гістарычны Агляд. 1998. Т. 5. Сш. 1 (8); ён жа. Ромэр Міхал Піус // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6. Мінск, 2001; ён жа. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. С.–Пецярбург, 2004 (атры­малі асвятленне адносіны М.Ромэра з кіраўнікамі беларускага руху).
[5] Супрацоўнікамі Інстытута гісторыі АН Літвы падрыхтаваны да друку пераклад гэтай кнігі на літоўскую мову.
[6] У 1906 г. у Кракаве выйшла з друку ягоная кніга Odrodzenie Litwy wobec idei polskiej.
[7] Больш падрабязна пра гэта гл.: Вольныя муляры ў беларускай гісторыі. Канец XVIII — пачатак ХХ ст. / Укладальнік і рэдактар А.Ф.Смалянчук. Вільня, 2005.

Наверх

Тэгі: , , ,