Нарыс гісторыі Польскай Дзяржавы і Народа. Х—ХХI ст. / Рэдакцыя і ўклад. тэксту Мар’ян Семаковіч (Любоў Козік)
Нарыс гісторыі Польскай Дзяржавы і Народа. Х—ХХI ст. / Рэдакцыя і ўкладанне тэксту: МАР’ЯН СЕМАКОВІЧ. Пераклад тэксту з польскай: ГАННА ЦІШУК. Варшава: Demart, 2005. 312 c.
Прапанаваная шырокаму колу чытачоў кніга „Нарыс Польскай Дзяржавы і Народа. Х—ХХI ст.“, несумненна, доўгачаканая, яна будзе запатрабаваная ў Беларусі, тым больш што гэта першая гісторыя Польшчы па–беларуску. Шмат агульнага звязвае беларускі народ з польскім, з яго гісторыяй, традыцыямі і культурай, многія дзеячы лічылі сябе сынамі і дочкамі двух, а то і трох — польскага, беларускага і літоўскага — народаў. Але, на жаль, у беларускай гістарыяграфіі дагэтуль так і не была зроблена спроба напісаць абагульняльную працу па гісторыі суседняга народа, а гэта магло б стаць добрым крокам у развіцці не толькі нацыянальнай, але і польскай гістарычнай навукі.
У аснову нарысаў пакладзены храналагічны прынцып, у рамках якога можна вылучыць праблемны падыход. Так, разглядаючы падзеі Х — канца ХVIII ст., аўтар засяроджвае ўвагу на фармаванні дзяржаўных межаў і знешнепалітычнай дзейнасці кіраўнікоў польскай дзяржавы. Пытанні, якія датычацца дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай, вынесены ў асобны раздзел. Гэта, на наш погляд, выклікае пэўныя нязручнасці пры чытанні тэксту не знаёмым ці мала знаёмым з гісторыяй Польшчы чытачом. Так, напрыклад, на с. 42 апісана знешнепалітычная дзейнасць Аляксандра Ягелончыка, у той час як асноўныя ўнутрыпалітычныя змены пад час яго кіравання (Мельніцкі прывілей, пастановы Пётркаўскага і Радамскага соймаў, канстытуцыя Nihil Novi, Статут Ласкага) прыводзяцца толькі на с. 106. Выдатна выкананыя карты дазваляюць зарыентавацца ў самых розных пытаннях палітычнай, сацыяльнай, эканамічнай гісторыі і культуры.
Характарызуючы развіццё польскіх земляў у канцы XVIII — пачатку XIX ст., аўтар прыходзіць да высновы, што становішча ў складзе Расіі было лепшым у параўнанні з Прусіяй і Аўстрыяй. Пра гэта сведчыць аднаўленне пры Паўлу I шляхецкага самакіравання і вяртанне прававой сілы Статуту ВКЛ, прысутнасць польскіх саветнікаў пры расійскім цары Аляксандры I і г. д. (116—117).
Важным фактарам развіцця нацыянальнага руху стаў удзел польскіх узброеных фармаванняў у напалеонаўскіх паходах і стварэнне Варшаўскага княства (1807––1815). У тэксце адзначаецца, што сам факт існавання княства паўплываў на пазіцыю Расіі, Прусіі і Аўстрыі ў польскім пытанні і „паспрыяў таму, што ў 1815 г. на Венскім кангрэсе трактаты аб падзелах Рэчы Паспалітай былі ануляваныя“ (122). Але на гэтым жа Кангрэсе адбыўся фактычна чацвёрты раздзел польскіх земляў, у выніку якога пад уладай Расіі было створана Каралеўства Польскае, пад Прусіяй — Познаньскае вялікае княства, і пад апекай трох дзяржаваў — Кракаўская Рэч Паспалітая (122).
У кнізе дастаткова падрабязна разглядаецца палітычнае і эканамічнае становішча Каралеўства Польскага ў складзе Расійскай імперыі. Аўтар правільна адзначае, што нягледзячы на развіццё эканомікі і культуры, на польскіх землях расло грамадскае незадавальненне, выкліканае парушэннем законаў, увядзеннем цэнзуры, рэпрэсіямі супраць падпольных арганізацый, навязваннем князем Канстанцінам сваёй волі ўраду. Вынікам такіх настрояў стала паўстанне 1830––1831 г., якое ў кнізе падзяляецца на два перыяды — непасрэдна Лістападаўскае паўстанне (29/30.11.1830 — 25.05.1831) і польска–расійскую вайну (26.05 — 21.10.1831).
Параўноўваючы становішча польскіх земляў у складзе трох імперый у першай палове XIX ст., аўтар адзначае, што найбольш цяжкім яно было ў Аўстрыі, дзе адбывалася паслядоўная германізацыя насельніцтва (136), у той час як найбольш спрыяльныя ўмовы эканамічнага развіцця склаліся ў Познаньскім вялікім княстве (1815––1848), але і тут палітычная сітуацыя пагоршылася пасля паразы паўстання 1830—1831 г.
З сярэдзіны XIX ст. да пачатку Першай сусветнай вайны вылучаецца асобны этап у гісторыі польскага народа. Тут звяртаецца ўвага на важную ролю „севастопальскай адлігі“ (1853—1861) для развіцця Каралеўства Польскага, узнікнення і дзейнасці падпольных арганізацый, аналізуецца праграма „белых“ і „чырвоных“ напярэдадні і пад час паўстання 1863—1864 г., палітыка расійскіх уладаў пасля падаўлення выступленняў і да пачатку Першай сусветнай вайны. Ацэньваючы змены ў становішчы польскіх земляў, аўтар адзначае, што ў апошняй трэці XIX ст. Расія і Прусія пачалі праводзіць адпаведна палітыку русіфікацыі і германізацыі, у той час як аўстрыйскія ўлады пасля 1866 г. пайшлі на шэраг уступак шматнацыянальнаму насельніцтву. Адной з іх стала наданне Галіцыі статусу аўтаноміі, але той факт, што вышэйшыя пасады тут займалі палякі, прывёў да росту польска–ўкраінскага антаганізму, які выкарыстоўвала ў сваіх мэтах Аўстрыя (159—160).
Сярод зменаў, якія адбываліся ў грамадстве ў канцы XIX ст., вылучаецца стварэнне польскіх палітычных партый і аб’яднанняў сацыялістычнай, сялянскай, нацыяналістычнай скіраванасці і адзначаецца, што адны з іх ставілі на мэце ўзброеную барацьбу за незалежнасць, другія пайшлі па шляху перамоваў з кіраўніцтвам дзяржаваў–захопніц. Асноўныя дыскусіі напярэдадні вайны пра шляхі да незалежнасці перанесены ў наступны раздзел, прысвечаны Першай сусветнай вайне і аднаўленню Польскай дзяржавы. На наш погляд, тут было б мэтазгодна вылучыць асобны даваенны перыяд і непасрэдна дыскусіі ў час вайны, якая ўнесла карэктывы ў планы польскіх нацыянальных дзеячаў. Акрамя гэтага аўтар не закранае такіх пытанняў, як дзейнасць „Польскага кола“ ў Дзяржаўнай думе, раскол у Польскай сацыялістычнай партыі і няўдалы рэйд Юзафа Пілсудскага ў Каралеўства Польскае на пачатку жніўня 1914 г.
Значная ўвага аддаецца разгляду польскага пытання ў гады Першай сусветнай вайны і стаўленню да яго Прусіі, Аўстра–Венгрыі, Расіі і краін Антанты. У кнізе характарызуюцца Акт 5 лістапада 1916 г., Маніфест расійскага імператара ад 14 жніўня 1914 г., загад цара Мікалая II ад 25 снежня 1916 г., знакамітыя „чатырнаццаць пунктаў“ В. Вільсана. Цікава, што з’яўленне новых перспектываў у вырашэнні польскага пытання пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. звязваецца з ультыматумам, які Расіі выставіла Нямеччына пад час мірных перамоваў у Берасці ў лютым 1918 г. (171), а не з „Дэкларацыяй правоў народаў Расіі“, прынятай на II Усерасійскім з’ездзе саветаў. Можна спрачацца, наколькі бальшавікі імкнуліся здзейсніць заяўленае на практыцы, але фармальна дэкларацыя прызнавала права ўсіх народаў былой Расійскай імперыі на самавызначэнне аж да аддзялення і стварэння незалежнай дзяржавы.
Перадача Рэгенцкім саветам 11 лістапада 1918 г. вярхоўнай улады на польскіх землях Ю. Пілсудскаму стала знакавым днём — Днём незалежнасці — у гісторыі Польшчы. Першае, з чым сутыкнулася маладая дзяржава, была барацьба за будучыя межы. Сюды аўтар адносіць польска–ўкраінскую вайну за Ўсходнюю Галіцыю і Львоў, Велікапольскія 1918—1919 г. і Сілезскія 1919—1921 г. паўстанні, плебісцыт на Павіслі, у Варміі і на Мазурах, польска–чэхаславацкія спрэчкі за Цешынскую Сілезію, Спіш і Араву, польска–савецкую вайну 1919—1920 г., барацьбу з Літвой за Віленшчыну і Сувальшчыну, і адзначае, што ў выніку ваенных дзеянняў большасць тэрыторый, за якія ваявала Польская дзяржава, увайшлі ў яе склад, толькі Верхняя Сілезія атрымала права шырокай аўтаноміі.
Перад кіраўніцтвам маладой польскай дзяржавы стаяў і шэраг іншых складаных задач: умацаванне дзяржаўнага ладу, арганізацыя апарату кіравання, аднаўленне эканомікі і сістэмы адукацыі. Апісваючы першыя гады незалежнасці (з гэтага пачынаецца чарговы раздзел), аўтар адзначае факт стварэння ўрада на чале з Е. Марачэўскім, правядзенне парламенцкіх выбараў (памылкова датуе іх лютым 1919 г., у той час як яны адбыліся ў студзені) і прыняцце Малой Канстытуцыі, але не закранае сацыяльна–эканамічных пераўтварэнняў (увядзенне 8–гадзіннага працоўнага дня, сацыяльнага страхавання на час хваробы, распрацоўка аграрнай рэформы і г.д.).
Эканамічная і палітычная сітуацыя ў Польшчы ў перыяд парламенцкай дэмакратыі 1918—1926 г. была вельмі складанай. Нягледзячы на праведзеныя ўрадам У. Грабскага ў 1924—1925 г. валютную і аграрную рэформы, у краіне захоўвалася нестабільнае становішча, а ўрадавыя кабінеты, якія часта змяняліся, таксама не давалі насельніцтву ўпэўненасці ў будучыні. Менавіта ў гэтым хаваліся карані дзяржаўнага перавароту, арганізаванага Ю. Пілсудскім у траўні 1926 г.
Першыя гады рэжыму санацыі прынеслі ўнутрыпалітычную стабілізацыю і эканамічны рост, але, як правільна адзначае аўтар, гэта, хутчэй, быў вынік складвання на сусветным рынку карыснай для Польшчы кан’юнктуры і праведзеных раней рэформаў. Сусветны эканамічны крызіс моцна ўдарыў па Польшчы і быў выкарыстаны для ўзмацнення асабістай улады Ю. Пілсудскага. Спробы дэмакратычных дзеячаў супрацьстаяць аўтарытарным тэндэнцыям не далі выніку. Рэакцыяй уладаў сталі арышты і стварэнне канцэнтрацыйнага (у тэксце — ізаляцыйнага) лагера ў Бярозе–Картузскай (202). У канчатковым выглядзе рэжым санацыі быў зацверджаны ў Канстытуцыі 1935 г.
Адным з напружаных пытанняў міжваеннай Польшчы было нацыянальнае пытанне. Аўтар падрабязна спыняецца на нацыянальнай і канфесійнай палітыцы польскіх уладаў, паказвае змены ў стаўленні да няпольскага насельніцтва, прыводзіць прыклады парушэння яго правоў (211, 213, 215—216). Характарызуючы стан эканомікі няпольскіх земляў у другой палове 1930–х г., аўтар піша, што адбывалася нівеляванне „адрозненняў у эканамічным развіцці колішніх падзеленых тэрыторый“ (203—204). З гэтым складана пагадзіцца, бо Заходняя Беларусь і Заходняя Ўкраіна па–ранейшаму заставаліся аграрна–сыравінным дадаткам Польскай дзяржавы.
Вялікая ўвага ў кнізе аддаецца падзеям Другой сусветнай вайны, якая фактычна перадвызначыла лёс пасляваеннай Польшчы. Апісваюцца нямецка–польская і савецка–польская ваенныя кампаніі, тэрытарыяльны падзел Другой Рэчы Паспалітай, акупацыйная палітыка Нямеччыны і СССР, стварэнне польскага эміграцыйнага ўрада, савецка–польскія адносіны (1941—1943), польскае пытанне на міжнароднай арэне. Асобная ўвага аддаецца Руху Супраціву, у якім аўтар вылучае нацыянальна–вызваленчы лагер і польскае камуністычнае падполле. Суадносіны ў дзейнасці гэтых дзвюх сілаў былі на карысць першай, прадстаўленай Арміяй Краёвай, якой адведзена большая частка матэрыялу. Аўтар паказвае эвалюцыю польскага ўзброенага руху, розныя палітычныя плыні і іх узаемадзеянне, сувязь з урадам у эміграцыі, характарызуе тактыку і мэты барацьбы, робіць акцэнт на правядзенні аперацыі „Бура“ (у расійскай, беларускай і ўкраінскай гістарыяграфіі замацавалася польская назва — „Бужа“) і яе найбольш важнай падзеі — Варшаўскім паўстанні, не абыходзіць увагай дзейнасць польскіх узброеных сілаў на Захадзе і „працэс шаснаццаці“.
Што тычыцца камуністычнага лагера, то яго роля і дзейнасць у гады Другой сусветнай вайны раскрытыя дастаткова павярхоўна. Аўтар пачынае аповед з рашэння кіраўніцтва Камінтэрна аб аднаўленні камуністычнай партыі ў Польшчы і адразу канстатуе факт стварэння Польскай працоўнай партыі (ППР). Трэба ўдакладніць, што ППР была створана менавіта на польскай тэрыторыі з удзелам тамтэйшых камуністычных груп, якія прызналі кіраўніцтва дзеячаў, што прыбылі з СССР у канцы 1941 г. Акрамя гэтага ў кнізе згадваецца не першая, выдадзеная ў сакавіку 1943 г., а другая праграмная дэкларацыя ППР (лістапад 1943 г.), у якую, зыходзячы са стану савецка–польскіх адносінаў, былі ўнесены карэктывы. Важным момантам у развіцці камуністычнага руху стала стварэнне ў ноч з 31 снежня 1943 на 1 студзеня 1944 г. Краёвай Рады Нарадовай (КРН), але, на жаль, не адзначаецца, што яна прэтэндавала на ролю будучага парламента краіны (250—251). Гэта істотны момант, таму што ўзнікненне КРН падштурхнула кіраўніцтва Палітычнага пагаджальнага камітэта стварыць 9 студзеня 1944 г. Раду нацыянальнага адзінства, якая таксама выступіла ў якасці падпольнага парламента.
Важную ролю ў развіцці камуністычнага руху ў Польшчы выконвала польскае асяроддзе ў СССР. Аўтар згадвае Саюз польскіх патрыётаў на чале з В. Васілеўскай, стварэнне Польскай дывізіі імя Т. Касцюшкі і на яе базе 1–й Польскай арміі, Польскага камітэта нацыянальнага вызвалення (ПКНВ). Аднак, калі гаворка ідзе пра Маніфест ПКНВ, тут не ўсё дакладна. У кнізе адзначана, што ў гэтым дакуменце „змяшчалася праграма рэвалюцыйных грамадска–палітычных пераўтварэнняў“ (243), што не адпавядае рэчаіснасці, бо заяўленыя пераўтварэнні насілі агульнадэмакратычны характар і шмат у чым паўтаралі праграму даваеннай Сялянскай партыі (Стронніцтва Людовага), якую нельга абвінаваціць у радыкалізме.
Прыведзены ў кнізе матэрыял па Другой сусветнай вайне несумненна з’яўляецца цікавым і важным для знаёмства з гісторыяй Польшчы. Аднак, на наш погляд, аўтар не зусім удала яго структураваў, што прывяло да паўтораў і часам храналагічнай непаслядоўнасці ў перадачы падзей. Ніводным словам тут не згадваецца і паўстанне ў Варшаўскім гета ў 1943 г.
Пасля Другой сусветнай вайны ў Польшчы адбыліся істотныя перамены. Па–першае, да ўлады прыйшлі камуністычныя сілы, якія вызначалі палітычнае і сацыяльна–эканамічнае развіццё краіны да 1989 г. Па–другое, адбыліся тэрытарыяльныя змены. Польшча страціла тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны і атрымала заходнія тэрыторыі („вернутыя землі“), дзе пераважалі нямецкія жыхары. Змяненне межаў прывяло да ўзнікнення новай праблемы — неабходнасці перасялення насельніцтва. У выніку падпісаных у верасні 1944 г. дамоўленасцяў з тэрыторыі Польшчы мелі права выехаць беларусы, украінцы і літоўцы, адпаведна з БССР, УССР і ЛітССР — палякі. Усяго ў Польшчу з тэрыторыі СССР пераехала каля 1,5 млн. чалавек. Адначасова з гэтым вярталіся на радзіму вывезеныя на прымусовыя працы палякі, ішло высяленне нямецкага насельніцтва. У кнізе адзначаецца, што з Польшчы „выехала“ ў 1945—1947 г. каля 2,5 млн. немцаў (265). Але тут трэба было згадаць, што большасць з іх выязджала пад прымусам („армейскія“, „дзікія“ высяленні), асабліва ў 1945 г., што дазваляе некаторым гісторыкам гаварыць пра генацыд немцаў у Польшчы ў першыя пасляваенныя гады[1].
Важным пытаннем, якое выклікае найбольшыя спрэчкі даследчыкаў, з’яўляецца легітымнасць пасляваеннай улады ў Польшчы. У сувязі з гэтым у кнізе паказаны лёс польскай эміграцыі, якая не прызнала рашэнняў Ялцінскай канферэнцыі, захавала дзяржаўныя структуры, што існавалі яшчэ ў гады вайны, і „перадала ўладу“ першаму ўсенародна абранаму прэзідэнту Леху Валенсу. На польскіх землях таксама не ўсе прынялі новае кіраванне, таму тут пачалося фармаванне падпольных узброеных структур, якія дзейнічалі да сярэдзіны 50–х г. Акрамя польскага руху супраціўлення існавалі ўзброеныя атрады ўкраінскіх нацыяналістаў — Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінскай паўстанцкай арміі, разгромленыя ў выніку праведзенай летам 1947 г. аперацыі „Вісла“. Тут аўтар слушна заўважае, што яна „набыла характар жорсткай расправы з насельніцтвам цэлых мясцовасцей“ (269) і паглыбіла недавер і прадузятасць паміж палякамі і ўкраінцамі.
Аналізуючы пасляваеннае палітычнае жыццё Польшчы, аўтар адзначае факт стварэння афіцыйнай апазіцыйнай партыі — Польскай сялянскай партыі (ПСЛ) на чале з С. Мікалайчыкам — і паказвае, як жорстка яе атакавала ППР са сваімі саюзнікамі. (На с. 270 пракамуністычная Сялянская партыя — Стронніцтва Людовэ — названа Народнай партыяй.) Вастрыня палітычнай барацьбы разгарнулася вакол правядзення ў чэрвені 1946 г. рэферэндума і ў студзені 1947 г. парламенцкіх выбараў, вынікі якіх былі падтасаваныя. На жаль, у кнізе згадваюцца толькі афіцыйныя дадзеныя і не прыводзяцца больш–менш рэальныя паказчыкі галасавання ў час рэферэндуму, вядомыя дзякуючы працам польскага даследчыка А. Пачкоўскага[2]. З рэальнымі вынікамі парламенцкіх выбараў складаней, таму што ў архівах не захавалася сапраўдных дадзеных, акрамя таго злоўжыванні ўладаў пад час галасавання не маглі паказаць рэальнай карціны настрояў насельніцтва. Такім чынам, афіцыйную перамогу на выбарах атрымаў Дэмакратычны блок, а фактычна ППР, кіраўніцтва якой выбрала савецкую мадэль пабудовы сацыялізму.
Характарызуючы першыя пасляваенныя гады Польшчы, хацелася б унесці важнае, на наш погляд, дапаўненне. Да апісання падзей 1956 г. у Польшчы толькі аднойчы на с. 250 ускосна згадваецца такі дзеяч, як У. Гамулка — чалавек, які з 1943 г. узначальваў ППР, быў віцэ–прэм’ерам ва ўрадзе Э. Асубка–Мараўскага і — самае галоўнае — аўтарам канцэпцыі польскага шляху да сацыялізму, за што ў 1948 г. зазнаў пераслед як прыхільнік „праванацыяналістычнага ўхілу“. Менавіта арэол ахвяры рэпрэсій дапамог яму вярнуцца да ўлады ў 1956 г.
Вяртаючыся да пасляваенных пераменаў у Польшчы, замацаваных спачатку ў Малой Канстытуцыі 1947 г., а потым у Канстытуцыі 1952 г., хацелася б не пагадзіцца з выказваннем аўтара пра вялікі ўплыў Сталіна на рэдакцыю апошняй канстытуцыі (272). Калі меркаваць па англамоўнай публікацыі тэксту[3] канстытуцыі і ўнесеных Сталіным выпраўленняў, можна прыйсці да высновы, што яны насілі, хутчэй, стылістычны характар, не мянялі сутнасці дакумента, а толькі змякчалі некаторыя палажэнні. Іншая справа, што само ўмяшальніцтва кіраўніка адной краіны ў справы іншай дзяржавы, і тым больш стварэнне асноўнага закону, — незвычайны гістарычны факт.
Разважаючы пра пасляваеннае развіццё Польшчы, аўтар правільна ўказвае, што з 1948 г. „у палітычную практыку ўвайшлі савецкія метады пабудовы сацыялізму“ (275), адмова ад якіх адбылася пад час кастрычніцкай „адлігі“ 1956 г. Спробы вярнуцца да старых метадаў кіравання ў 60–я г. сутыкнуліся з моцным супрацівам актыўнай часткі насельніцтва і прывялі да падзей 1968 і 1970 г. Рэфармаванне перыяду кіравання Герэка таксама не дало вынікаў — першапачатковы ўздым скончыўся эканамічным крызісам, ростам апазіцыйных настрояў сярод грамадства і стварэннем асяродкаў нелегальнай, а з 1980 г. легальнай апазіцыі. Вялікую ролю тут адыграла абранне Папам Рымскім паляка Караля Вайтылы і яго паломніцтвы ў Польшчу (280—282). Абвастрэнне сітуацыі ў краіне прывяло да абвяшчэння ў снежні 1981 г. ваеннага становішча, якое, як адзначаецца, „не вырашыла польскіх праблем“ (285). І тут у тэксце ўзнікае пэўны прабел адносна падзей сярэдзіны 80–х г., а менавіта спробаў, хай і няўдалых, рэфармавання эканомікі. Аўтар адразу пераходзіць да перагаворнага працэсу пачатку 1989 г., вядомага як „Круглы стол“, і пераменаў, якія адбыліся ў краіне ў другой палове 1989 г.
Са снежня 1990 г. распачаўся перыяд Трэцяй Рэчы Паспалітай. У кнізе падрабязна разглядаецца план Л. Бальцаровіча, яго рэалізацыя і вынікі ў эканамічнай і сацыяльнай сферах. Характарызуючы змены ва ўнутранай палітыцы, аўтар адзначае, што ў 1989 г. „палякі пачалі авалодваць дэмакратычнымі механізмамі, якія былі цалкам выведзены з грамадскага жыцця на працягу апошніх 50 гадоў“ (294). Складана пагадзіцца з такім выказваннем, бо, як прыведзена ў гэтым жа даследаванні, перыяд парламенцкай дэмакратыі ў Польшчы датуецца толькі 1918—1926 г., а гаварыць пра дэмакратыю санацыйнага рэжыму няма сэнсу, бо гэта быў рэжым „аўтарытарнага праўлення Ю. Пілсудскага“ (202).
Перамены, якія адбыліся ў Польшчы пасля 1989 г., закранулі і знешнюю палітыку краіны. У кнізе адзначана, што Польшча ўвайшла ў склад Савета Еўропы, Арганізацыі па эканамічным супрацоўніцтве і развіцці, Заходнееўрапейскага саюза і НАТО, а галоўнае — з 2004 г. з’яўляецца паўнапраўным членам ЕС. Акрамя гэтага актыўна ўдзельнічае ў рэгіянальных групоўках — Вышэградскай групе, Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятыве і Савеце краін рэгіёну Балтыйскага мора.
Асобна варта сказаць пра невялікія „ліхтарыкі“, прысвечаныя развіццю культуры на польскіх землях. Яны дапамагаюць зразумець асаблівасці культурнага развіцця ў Х — XVII ст., у эпоху рамантызму, а потым пазітывізму, культурнага працэсу ХХ ст. Узгадваючы развіццё навукі, асветы і культуры ў міжваенны перыяд, аўтар называе вядомага польскага пісьменніка У. Рэймонта, лаўрэата Нобелеўскай узнагароды за раман „Сяляне“ (217). Трэба было б удакладніць, што для чытачоў былой постсавецкай прасторы гэты твор больш знаёмы як „Мужыкі“.
У цэлым высока ацэньваючы прапанаваную беларускаму чытачу гісторыю Польшчы, нельга не звярнуць увагі на некаторыя хібы і недакладнасці тэксту. Найперш неабходна выправіць факталагічныя памылкі. Напрыклад, Міндоўг атрымаў ад Папы Рымскага каралеўскую карону ў 1253 г., а не ў 1252 г. (29); Літоўска–Беларуская Савецкая Сацыялістычная рэспубліка (ЛітБел) была створана ў лютым 1919 г., а не ў студзені 1920 г. (191); бітва пад Варшавай адбылася 13—15 жніўня 1920 г., а не 13—25 жніўня 1920 г. (194); дамовы аб абмене насельніцтвам былі падпісаныя Польшчай з БССР і УССР 9 верасня 1944 г., а з ЛітССР — 22 верасня 1944 г. (у кнізе на с. 263 усе тры дамовы датуюцца 14 верасня 1944 г.); прафсаюз „Салідарнасць“ быў афіцыйна зарэгістраваны 10 лістапада, а не 10 снежня 1980 г. (283); на карце „Еўрапейскі Саюз і краіны — кандыдаты ў члены ЕС“ на с. 298—299 сярод кандыдатаў на ўваходжанне ў ЕС не пазначана Македонія. На с. 204 знакаміты Фронт Морж (Morges) перакладзены як Фронт Моргэс. Неабходна таксама ўдакладніць абрэвіятуру, якая ў большасці выпадкаў даецца па–польску, але сустракаюцца і скарачэнні з беларускай мовы (напрыклад на с. 227, 236). Падпольныя псеўданімы польскіх дзеячаў перакладзены на беларускую мову, тым часам у савецкай і постсавецкай гістарыяграфіі замацаваўся польскі варыянт. Так, псеўданім С. Жымерскага „Роля“ перакладзены як „Ралля“, псеўданім Т. Камароўскага „Бур“ — як „Бор“ (253), А. Крыжаноўскага „Вілк“ — як „Воўк“ (269).
Мінск
Любоў Козік
[1] Гл. падрабязней: Niemcy w Polsce. 1945—1950. Wybór dokumentów. T. 1—4. Warszawa, 2001—2003.
[2] Гл.: Referendum z 30 czerwca 1946 r. Przebieg i wyniki. Dokumenty do dziejów PRL / Opracował A. Paczkowski. Warszawa, 1993.
[3] Гл.: Cold War International History Project Bulletin. 1998. Vol.11. P. 149—154.