БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Дубовік, Юры. Дзеля Рэчы Паспалітай Беларусі (Алег Гардзіенка)


ДУБОВІК, ЮРЫ. Дзеля Рэчы Паспалітай Беларусь Вільня: Наша Будучыня, 2006. — 97 с.

Героі кнігі „Дзеля Рэчы Паспалітай Беларусі» жывуць у мястэчку Краснае (сёння — Маладзечанскі раён Мінскай вобласці), у якім у 1920 -1930-я г. жылі беларусы, палякі, яўрэі. Гэты свет заходнебеларускага мястэчка быў знішчаны падзеямі i наступствамі Другой сусветнай вайны. Першыя саветы прынеслі рэпрэсіі супраць польскага насельніцтва i чыноўніцтва. Нацысты вынішчылі яўрэйскую грамаду. Прыход другіх саветаў пацягнуў за сабой знішчэнне недабітай эсэсаўцамі, савецкімі, польскімі партызанамі беларускай інтэлігенцыі. У тым самым Красным — цяпер гэта цэнтр сельсавета — ад былога укладу амаль нічога не засталося.

Юры Дубовік нарадзіўся ў 1924 г. у вёсцы Канчаны; сёння вёску часам уключаюць у склад Краснага, хоць на тапаграфічных картах яны яшчэ вылучаюцца ў асобныя паселішчы. Бацька Пётр Дубовік паходзіў са Сгаробіншчыны. Жаўнер легендарнага войска генерала Булак-Балаховіча ў 1921 г. апынуўся на Маладзечаншчыне, дзе былых балахоўцаў уключылі ў склад рэгулярнай польскай арміі. „… У нас дома, калі мы пераехалі ў Краснае, часта збіраліся вайскоўцы з 3-га батальёна 86-га палку, які тады ўжо кватараваўся ў Красным. У асноўным гэта былі падафіцэры. Час­та бываў адзін афіцэр, паручнік ці капітан, па прозвішчы Іваноўскі ці Іваніцкі, a мо i іначай, але падобна. Звычайна сустрэчы закончваліся бяседай. <…> Яны размаўлялі на бе­ларускай мове i часта ўспаміналі горад Петрыкаў» (9).

У складзе 86-га палка, у якім служыў Пётр Дубовік, у 1930-я г. быў Аляксей Грыцук, які пасля вайны стаў грамадскім дзеячам у Канадзе. Пра сустрэчы з А. Грыцуком на Маладзечаншчыне распавёў ва ўспамінах іншы дзеяч у Канадзе — Мікола Ганько. Яго брат Міхась, у сваю чаргу, быў шэфам Саюзу Беларускай Моладзі (СБМ), якім у Крас­ным кіраваў якраз Ю. Дубовік. (Наколькі ў адным месцы перапляліся лёсы розных людзей). Калі б аўтар кнігі, як дзесяткі тысяч суайчыннікаў, у 1944 г. выехаў на эміграцыю, ён мог бы стаць адным з лідэраў беларускай дыяспары ў Канадзе, ЗША, Аўстраліі, паралельна зрабіў бы навуковую кар’еру. Так, ўраджэнец Краснага Аўген Вярбіцкі (1922 г. н.) стаў у ЗША вядомым біяхімікам. Упэўнены, што i на эміграцыі Юры Дубовік пакінуў бы ўспаміны, толькі гэта былі б успаміны зусім пра іншае…

Успаміны пра 1930-я г. даюць цікавую карціну жыцця праваслаўнага лаяльнага да польскіх уладаў месціча. У сем гадоў Юрыя Дубовіка аддалі ў красненскую народную школу. У 1932 г. бацькі, набыўшы вялікі пляц зямлі, перабраліся ў мястэчка. „У 1933 г. на гэтым пляцы бацька пасадзіў вялікі сад — сто яблыняў i адну ігрушу» (14). У 1933 г. Петра Дубовік набыў радыёпрымач. Радыё — яно было ў навіну — прыходзілі паслухаць не толькі красненцы, але i жыхары суседніх Канчанаў i Мясаты. „Адны хацелі паслу­хаць Вільню, адкуль нейкі Пясэцкі расказваў пра Савецкі Саюз i ўсё, што там адбывалася ў тыя часы. Другім вельмі цікава было пачуць родную мову, родныя песні, музыку з Менска. Пясэцкаму не ўсе верылі…» (14). Савецкая мяжа праходзіла за паўтара дзесятка кіламетраў, за Радашковічамі, але hl пра якую памежную зону тады i гаворкі не было. Красненскія школьнікі не раз спакойна выпраўляліся ў паходы пад самую мяжу, i ніхто не даўмеўся звінаваціць ix у шпіянажы на карысць савецкага Менска. Тым не менш, як бачым, насельніцтва сімпатызавала савецкай Беларусі, што было вынікам добра пастаўленай прапаганды.

Польская старонка жыцця была перагорнута ўвосень 1939-га, калі пачалася Другая сусветная вайна. „Праз пару дзён над Красным зьявіўся нямецкі самалёт i скінуў дзве бомбы, але яны ўпалі далека ад вёскі…» (19). 17 верасня ў мястэчка прыйшлі чырвоныя войскі: „Ніякага супраціву ў Красным не было. Змена ўлады прайшла ціха і спакойна. З’явілася некалькі красненцаў з чырвонымі павязкамі на рукавах i з дубальтоўкамі за плячыма» (19).

Жыццё працягвалася, Ю. Дубовік паступіў у маладзечанскае педвучылішча, адкрытае новымі ўладамі. Скончыць яго не паспеў. Апошні іспыт па педагогіцы быў прызначаны на 25 чэрвеня 1941 г., але трыма днямі раней пачалася вайна. Цікава ўспрыняла яе красненская моладзь — як быццам не здарылася нічога дзіўнага. „Зайшоўшы ў хату, даведаліся, што пачалася вайна. „Мядзведзя» [страва з дранай бульбы; тое самае, што i бабка — А. Г.] усё ж з’елі з апетытам» (23).

Для жыхароў Краснага што саветы, што немцы мала чым адрозніваліся. 3 кожнай новай уладай трэба было мірыцца, выконваць мінімальны набор патрабаванняў ды карыстацца тымі магчымасцямі, што даваў новы акупант. Праз некалькі дзён пасля пачатку акупацыі новыя ўлады сабралі моладзь. Ю. Дубовіку даручылі ахоўваць аптэку i нейкі склад. „Праз тры гады следчы палічыў гэта за маю добраахвотную службу ў паліцыі i барацьбу з партызанамі. A ў тым часе яшчэ ніхто не чуу пра партызанау i пра беларускую паліцыю» (23).

Праз некаторы час аўтар паехаў у Маладзечна, дзе спрычыніўся да заснавання беларускай народнай школы. Бракавала падручнікаў, дапаможнай літаратуры, a галоўнае — настаўнікаў. Ю. Дубовік выкладаў батаніку, заалогію, фізіку, анатомію, заалогію. У верасні 1942 г. сям’ю напаткала бяда: забілі бацьку. „Ноччу наляцелі бандыты. Рабавалі, што хацелі. Мой банька, мабыць, супраціўляўся, i яны забралі яго. <…> Пад вечар другога дня пастухі падказалі, што ў лесе за вёскай Сычавічы [дарэчы, у Сычавічах нарадзіўся прэзідэнт Рады БНР Мікола Абрамчык. — А. Г.] ляжыць забіты чалавек…» (27). Ю. Дубовік кінуў Мала­дзечна i вярнуўся ў Краснае, да маці. Настаўнічаў у мясцовай школе. 3 другой паловы 1943 г. узначаліў суполку СБМ, у які ў мястэчку запісаліся 20 хлопцаў i больш за 10 дзяўчат. 25 сакавіка 1944 г. у Красным, як i скрозь па Беларусі, быў адзначаны Дзень Волі: „…На спартыўнай пляцоўцы школы, што за царквою, быў арганізаваны мітынг з нагоды абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Узгадніўшы з ортскамендантам, я правёў па Красным сваіх юнакоў з бел-чырвона-белымі сцягамі на мітынг, дзе яны занялі першыя месцы. За некалькі дзён да гэтай падзеі атрымаў тэкст урачыстай прамовы. Пасля майго выступу на памост узнялася нейкая жанчына i праспявала «Мы выйдзем шчыльнымі радамі»» (30).

Увесну 1944 г. Юры Дубовік стаў асветным афіцэрам у Радашковіцкім батальёне Беларускай краёвай абароны. У эвакуацыю ўлетку 1944 г. не выехаў: не бачыў нічога крымінальнага ў сваіх занятках пад час акупацыі, дый побач была маці.

Савецкая ўлада лічыла інакш. Ужо 10 ліпеня 1944 г. Юры Дубовік быў арыштаваны. Першае абвінавачанне … базавалася на трох фотаздымках: на першым аўтар кнігі быў зняты ў форме гімназіста, на другім — у форме польскага харцэра, на трэцім — у форме СБМ. Усё гэта інкрымінавана як „служба ў антысавецкіх фарміраваннях». Потым хлопца звінавацілі ў тым, што ён служыў у CC: мелася на ўвазе БКА. Як вынік — 10 гадоў лагераў на Поўначы Расіі, у Пячорлагу.

Вярнуўся ў Беларусь роўна праз 10 гадоў. Уладкавацца ў Красным ці Маладзечне не ўдалося — савецкая ўлада „не рэкамендавала» сяліцца там, дзе „занимался преступ­ностью» (45). Выбраў Слуцк, бліжэй да бацькавай радзімы Старобіншчыны. Паспрабаваў уладкавацца настаўнікам, але дырэктар школы быў катэгарычны — маўляў, з такім мінулым на педагагічную працу можна забыцца. (53). Давялося ўспомніць „спецыяльнасць» тынкоўшчыка, атрыманую ў лагеры. Тамсама ў Слуцку Ю. Дубовік ажаніўся. Нарадзіліся дзеці, ён забраў да сябе маці, жыццё пачало пакрысе наладжвацца.

У другой палове 1950-х Юры Дубовік будаваў пасёлак Чысць у Маладзечанскім раёне, потым, калі праца была завершана, вярнуўся на Случчыну-Старобіншчыну. „У Чапялёх [бацькава веска, там жылі i ягоныя сваякі. — А. Г.] да мяне дайшлі чуткі, што ля Чыжэвічаў (гэта бліжэй да Старобіна) плануецца будаўніцтва калійнага камбіната з шахтамі па здабычы калійных соляў, а таксама жылога пасёлка» (65). 3 гэтага пасёлка з часам вырас горад Салігорск, i можна сказаць, што аўтар кнігі Юры Дубовік будаваў яго сваімі рукамі. 1960-1980-я г. не былі такімі ўжобязвоблачнымі. Пастаянна нагадвала пра сябе „преступ­ное» мінулае, a значыць, існавала пагроза ў любы час быць звольненым. „Добрыя людзі» ахвотна пісалі ананімкі ці про­ста „не разумелі» чалавека.

„Увесну [1984 г.] у агародзе каля свайго дому я рабіў помнік па маме. Аднаго дня я даводзіў яго — шліфаваў, паліраваў. Па нашай вуліцы праходзіла дэлегацыя з мясцовай салігорскай партыйнай i выканкамаўскай вярхушкі. <.„> Яны ўбачылі мяне і, паколькі шмат хто мяне ведаў, спыніліся i пацікавіліся, чым я заняты. Я расказаў, што раблю маме помнік. «И надписи делаешь по-белорусски?» — спытаўся адзін зь ix. Астатніх гэта зацікавіла, а нехта дадаў: «Не зря тебе давали десять лет…» (75). Каб адбыўся гэты выпадак дзесяць гадоў таму, маглі б i пасадзіць — канстатуе аўтар кнігі.

У 1989 г. Юры Дубовік арганізаваў у Салігорску праектна-каштарысны кааператыў, удзельнікі якога ездзілі па калгасах i саўгасах ды праектавалі дарогі. Рабілі гэта хутка i якасна, што, улічваючы парадкі i няпісаныя законы працы ў савецкай дзяржаве, многіх шчыра здзіўляла. „Ад лета 1991 г. мы пачалі распрацоўваць праекты на беларускай мове. Мы баяліся, што нашу ініцыятыву прымуць у штыкі. Аднак ні замоўца, ні падрадчыкі, ні нават банк ні сло­вам ні запярэчылі. I навукі асаблівай не спатрэбілася. Усе ўсё зразумелі без перакладнікаў» (77).

3 выхадам на пенсію сп. Дубовік заняўся грамадскай працай, браў удзел у адраджэнскім руху, a ў пачатку ўжо гэтага стагоддзя — у заснаванні грамадскай арганізацыі „Ветэраны Адраджэння». Хапала i прыкрасцяў. Яго так i не рэабілітавалі. У 1993 г., ва ўжо незалежнай, але яшчэ нелукашэнкаўскай Беларусі, Ю. Дубовік падаў у Вярхоўны суд такую просьбу. Адказ быў жорсткі, але чаканы:

„Жалоба оставлена без удовлетворения по следующим основаниям. Ваша виновность в совершении преступления подтверждена вашими показаниями, показаниями свиде­телей Цвирко, Лебедева, а также другими доказательства­ми, изложенными в приговоре. При таких обстоятельствах оснований для опротестования состоявшихся по делу су дебных решений не имеется» (14-я старонка ўклейкі). Але якая можа быць рэабілітацыя, калі ў незалежнай Беларусі працягваюць шанавацца сталінскія каты.

Да ўласна ўспамінаў заўвагаў ніякіх. Любы аўтар апісвае тое, што лічыць патрэбным. У нашым выпадку Ю. Дубовік палічыў патрэбным пра польскі перыяд i нямецкую акупацыю расказаць больш, чым пра лагернае жыццё, значыць, так яно i павінна быць. Успаміны выпісаны добра (магчыма, тут ёсць i заслуга рэдактара Міхася Чарняўскага) часам з чорным гумарам, які дапамагаў выжыць у нялёгкіх умовах. Вось як, напрыклад, апісваецца сцэна допыту.

„У працяг абвінавачванняў следчы аднойчы заявіў, што я быў афіцэрам CC i дамагаўся ад мяне прызнання. Я адмаўляўся i аднаго разу паспрабаваў давесці следчаму, што гэтага ў прынцыпе быць не магло. Па-першае, я яшчэ вель-мі малады, мне толькі тут, у Гарлянах, споўнілася 20 гадоў, i я нідзе вайсковую справу не вывучаў. Напалеон вучыўся i афіцэрам толькі стаў калі яму споўнілася 24 гады. Я сваёй таленавітсцю Напалеону не раўня. Да таго ж у CC служылі адборныя нямецкія галаварэзы i мяне камандаваць імі ніхто б не дапусціў бы.

Пасля такіх доказаў следчы праявіў усе свае здольнасці i сапраўдную гуманнасць — i мяне без памяці вынеслі ў стадолу. Калі апрытомнеў (не ведаю, колькі праляжаў), я яшчэ сплёўваў крывёю» (35).

Кніга добра ілюстравана, змешчана i складзеная аўтарам адмысловая храналогія параўнальнай гісторыі Беларусі. Ёсць толькі заўвагі да выдаўцоў: хацелася б больш пашыраных каментароў. Кніга будзе найперш цікавая для нараджэнцаў Маладзечаншчыны i Случчыны-Салігоршчыны, a таксама будзе добрым дапаможнікам для тых, хто займаецца вывучэннем сацыяльных адносінаў, гісторыі паўсядзённасці ў Заходняй Беларусі, пад час нямецкай акупацыі i жыцця за саветамі.

Мінск

Алег Гардзіенка

Наверх

Тэгі: , ,