БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Наталля Юсава. „У святле Сталінскага вучэння пра мову і нацыю“


Ва ўмовах адзяржаўлення гуманітарнай навукі пры таталітарным ладзе любыя яе тэорыі і канцэпцыі абавязкова былі знітаваны з пануючай ідэалогіяй, а часам нават уплывалі на развіццё і ўкараненне істотных канцэптаў апошняй. Пры фармаванні некаторых навуковых канструкцый вырашальнае слова для гуманітарыстыкі мелі пастулаты Іосіфа Сталіна, што было звязана са значэннем і месцам правадыра ў таталітарнай сістэме савецкага ўзору. Культ яго асобы складаўся ў СССР на працягу доўгага часу і падымаўся на новы ўзровень з кожнай новай „перамогай» савецкіх людзей на розных „франтах». Разнастайныя здзяйсненні і дасягненні народаў савецкай імперыі з кожным разам усё больш і больш выдаваліся за вынік „мудрага» кіраўніцтва „стырнавога савецкага народа». Культ Сталіна дасягнуў апагея, як вядома, у пасляваенны перыяд, паколькі ўсе вырашальныя перамогі над вермахтам былі прыпісаны генералісімусу і ў свядомасці савецкіх людзей вікторыя ў гэтай страшнай вайне звязвалася перш за ўсё з асобай правадыра. Адзін з вядучых чыноўнікаў аддзела агітацыі і прапаганды ЦК ВКП(б) Д. Шапілаў абвяшчаў у вялікім прапагандысцкім артыкуле, які быў апублікаваны ў газеце „Правда» (11 жніўня 1947 г.) і адпавядаў інструкцыям, складзеным у агітпропе, што «„імя вялікага Сталіна» — гэта сімвал „волатаўскай магутнасці народа, яго перамог, яго славы, яго новых творчых планаў»»[1].

Зыходзячы з меркаванняў далейшага замацавання свайго іміджа — рэнамэ нібыта ўсёведнага і ўсюды прысутнага „звышчалавека», І. Сталін намагаўся максімальна ахапіць розныя бакі жыццядзейнасці, у прыватнасці сказаць „апошняе слова» тэарэтыка марксізму ў розных галінах навукі. Любыя меркаванні „жывога бога» (як вусныя, так і пісьмовыя) набывалі сакральны статус, а новыя яго тэарэтычныя працы папаўнялі „залаты фонд» марксізму (няхай i вульгарызаванага), які, у сваю чаргу, быў „свяшчэннай каровай» бальшавікоў. Працы І. Сталіна, такім чынам, набывалі дактрынальнае значэнне, а іх галоўныя палажэнні дырэктыўна ўкараняліся, як метадалагічныя ўказанні, у гуманітарныя галіны навукі.

Яшчэ ў даваенныя часы пачаў замацоўвацца статус правадыра як галоўнага марксісцкага аўтарытэта ў сферы тэорыі „нацыі», а ў канцы 1940-х г. гэты статус набыў канчатковае афармленне. З нацыянальнымі пытаннямі былі звязаны і новыя меркаванні Сталіна, выказаныя ім у час так званай лінгвістычнай дыскусіі лета 1950 г. з нагоды тэорыі М. Мара. Гэтыя меркаванні датычыліся адначасова і пытанняў утварэння народаў ды народнасцей, гэта значыць пытанняў этнагенезу, а не нацыягенезу[2]. А таму пастулаты правадыра надалі штуршок новай актуалізацыі этнагенетычных[3] даследаванняў і вызначылі шляхі тэарэтычнай перабудовы этнагенетыкі, што праводзілася ў сувязі з выкараненнем з гэтай дысцыпліны марысцкіх канструкцый. Варта заўважыць: на нашу думку, сталінская нацыялагічная тэорыя была на мяжы „тэрыторый» навукі і ідэалогіі, паколькі гэтую тэорыю трэба разглядаць і як навукова абгрунтаваныя тэзісы, і як ідэалагічныя пастулаты (якімі яны непазбежна рабіліся ў сітуацыі культу асобы І. Сталіна).

У сталінскі перыяд савецкай гісторыі этнагенетычная праблематыка некалькі разоў актуалізавалася (уласна кажучы, этнагенетычныя даследаванні не сыходзілі з парадку дня вучоных-гуманітарыяў на працягу 15 год, г. зн. з канца 1930-х да першай палавіны 1950-х г.), але пры гэтым кожны раз тое ці іншае вырашэнне метадалагічных і агульнатэа-рэтычных пытанняў не мела поўнага і лагічнага завяршэння, а таксама афіцыйнай санкцыі на атрыманне навукова i палітычна прызнанага легітымнага статусу марксісцкай тэорыі этнагенезу. Папярэднія даследаванні гэтага пытання паказваюць на неабходнасць больш паглыбленага вывучэння і раскрыцця ўплыву І. Сталіна на развіццё савецкай этнагенетыкі ў пачатку 1950-х г. і, у прыватнасці, на працэс легітымацыі канцэпцыі старажытнарускай народнасці. Прадметам нашага даследавання з’яўляецца высвятленне значэння пастулатаў І. Сталіна ў галіне нацыязнаўства для апошняй спробы савецкіх вучоных сталінскай эпохі стварыць агульнапрынятую афіцыйную тэорыю этнагенезу. Зрэшты, гэтае значэнне і ўсе асноўныя праблемы перабудовы этнагенетыкі дастаткова рэпрэзентатыўна праявіліся на першым этапе гэтай ідэалагічнай кампаніі (храналагічна гэта лета 1950 г. — зіма 1950-1951 г.). Аднак наша даследаванне абмяжуецца толькі этапам падрыхтоўкі міжінстытуцкай акадэмічнай нарады-дыспуту па метадалогіі этнагенетычных даследаванняў, што храналагічна адпавядае лютаму — лістападу 1951 г. У цэлым жа храналагічны дыяпазон зімы 1950 — восені 1951 г. звязаны з правядзеннем шэрагу навуковых канферэнцый і нарад, якія падвялі першыя вынікі тэарэтычнай перабудовы этнагенетыкі ў сувязі з укараненнем сталінскіх пастулатаў і разам з тым акрэслілі далейшыя перспектывы развіцця названай галіны.

Такім чынам, як ужо мімаходам адзначалася вышэй, адной з найважнейшых акцый падчас апошняга „ўсплёску» актуалізацыі стала падрыхтоўка і правядзенне ў час аб’яднанай нарады акадэмічных інстытутаў гуманітарнага профілю дыскусіі па метадалогіі этнагенетычных даследаванняў „у святле Сталінскага вучэння аб мове і нацыі» (фігуруе менавіта такая поўная назва[4]), якая адбылася 29 жніўня — 3 лістапада 1951 г. Падрыхтоўка гэтай нарады акадэмічным кіраўніцтвам праявілася, у прыватнасці, у арганізацыі і правядзенні серыі пасяджэнняў, у якіх бралі ўдзел прадстаўнікі розных гуманітарных дысцыплін, датычных да распрацоўкі этнагенетычных пытанняў. У гэтым артыкуле мы разгледзім сутнасць дыскусій на гэтых падрыхтоўчых пасяджэннях. У навуковай літаратуры гэтае пытанне яшчэ не асветлена, таму асноўнай крыніцай для рэканструкцыі падзей з’яўляюцца архіўныя матэрыялы. На жаль, пакуль што знойдзена толькі адна справа, якая ўтрымлівае пратаколы гэтых падрыхтоўчых пасяджэнняў (а менавіта чатырох першых), праведзеных на працягу 8 лютага — 19 сакавіка 1951 г.[5]

У агульнай гадавой справаздачы Адзялення гісторыі і філасофіі (далей АІФ) сказана, што працэс падрыхтоўкі аб’яднанай нарады па метадалогіі этнагенетычных даследаванняў трываў паўгода (на самай справе, як можна лёгка падлічыць, дзевяць месяцаў). За гэты перыяд было праведзена, у прыватнасці, 14 спецыяльных падрыхтоўчых пасяджэнняў, „на якіх у абстаноўцы творчых дыспутаў былі падвергнуты абмеркаванню тэзісы ўсіх дакладаў»[6]. Асноўная работа па падрыхтоўцы дыскусіі была ўскладзена на Інстытут этнаграфіі[7]. Першае пасяджэнне з серыі падрыхтоўчых нарад адбылося 8 лютага 1951 г.[8], і ў яго рабоце, згодна з пералікам прысутных, бралі ўдзел 17 вучоных[9]. Гэта прадстаўнікі акадэмічных інстытутаў — мовы, усходазнаўства, этнаграфіі, гісторыі і гісторыі матэрыяльнай культуры. Сярод іх варта назваць такіх вядомых і аўтарытэтных спецыялістаў у сваіх галінах, як мовазнаўцы і гісторыкі мовы Б. Горнунг, В. Левін, Г. Санжэеў; этнолагі М. Левін, С. Токараў, С. Талстоў; гісторыкі і археолагі Б. Грэкаў, А. Насонаў, П. Траццякоў, А. Удальцоў і інш.

Старшынствуючы на гэтым першым сходзе вучоных дырэктар Інстытута этнаграфіі С. Талстоў ва ўступнай прамове акрэсліў кола праблем, якія патрабуюць высвятлення ў дакладах, — гэта археалагічныя, этнаграфічныя, лінгвістычныя, антрапалагічныя крыніцы і іх узаемасувязь з праблемамі этнагенезу. Акцэнтавалася, што абапірацца пра вывучэнні кожнай з праблем трэба перш за ўсё на крыніцы. На думку вучонага, належала б ужо ў сакавіку правесці дыскусію, пачаўшы яе з агульных праблем, а толькі пасля навукоўцам варта разгарнуць цэлую серыю асобных дыспутаў, грунтуючыся на загадзя падрыхтаваных дакладах і прыцягнуўшы да гэтага па магчымасці таксама вучоных з „перыферыі»[10].

Пасля выступлення С. Талстова Г. Санжэеў і Б. Горнунг прапанавалі запрасіць да ўдзелу ў рабоце афіцыйных прадстаўнікоў АІФ і Аддзялення літаратуры і мовы Презідыума АН СССР[11] (адсюль можна зразумець, што Б. Грэкава яны разглядалі як прадстаўніка ад Інстытута гісторыі, а не ад АІФ). А. Насонаў паставіў слушнае пытанне наконт таго, чаго чакаюць ад дыскусіі самі вучоныя: „ці павінна гэтая дыскусія вырашыць усе праблемы, звязаныя з праблемай этнагенезу»[12]. На што С. Талстоў справядліва адказаў: хоць i цяжка сказаць, якія менавіта пытанні атрымаюць сваё вырашэнне, аднак будзе зроблена іх пастаноўка. Да размовы далучыўся П. Траццякоў, зрабіўшы акцэнт на вострай патрэбе дыспуту, і давёў да ведама ўсіх, што Прэзідыумам датэрмінова зацверджана публікацыя магчымых вынікаў у выглядзе запланаванага зборніка дакладаў[13]. Дыскусіі па этнагенезе, на думку археолага, „справа… вельмі балючая і вельмі сур’ёзная»[14]. Гэты дыспут павінен абавязкова мець адкрыты, шырокі фармат, з прыцягненнем спецыялістаў з іншых гарадоў. П. Траццякоў падкрэсліў, што нават у АН, як правіла, вучоныя не ведаюць меркаванняў адзін аднаго. (Цікава, што тое самае адзначыў яшчэ А. Удальцоў на самай першай нарадзе па пытаннях этнагенезу ў верасні 1938 г.[15]).

Спыніўшыся на методыцы вядзення дыскусіі, П. Траццякоў прапанаваў іншы механізм у параўнанні з С. Талстовым. Археолаг лічыў (на нашу думку, цалкам слушна) больш мэтазгодным той шлях, калі вучоныя прадставяць грунтоўныя даклады якраз па асобных невялікіх пытаннях са сферы этнагенезу, а ўжо пасля правядзення абмену думкамі можна было б падысці да вырашэння абагульняльных праблемных пытанняў (калі ўжо карыстацца сучаснымі паняційнымі фармулёўкамі, якімі аперыруе гістарычная навука, то гэта прагучыць так: праз распрацоўку мікрагістарычных праблем падыходзіць да фундаментальных макрагістарычных пабудоў). У гэтым П. Траццякоў быў падтрыманы Г. Санжэевым, які таксама падкрэсліў неабходнасць пастаяннага цеснага ўзаемаабмену думкамі паміж прадстаўнікамі акадэмічных інстытутаў. А зважаючы на сітуацыю ў сферы этнагенетыкі, калі супольная работа толькі-толькі пачынаецца, планаваць правядзенне намечанай комплекснай нарады на канец сакавіка (як прапанаваў С. Талстоў) — гэта занадта рана[16]. (Адметным выглядае пасаж адносна таго, што „супольная работа толькі-толькі пачынаецца». Аднак у такім выпадку паўстае слушнае пытанне: а што ж рабілі этнагенетыкі з верасня 1938 г., калі адбылася першая нарада па пытаннях этнагенезу, у ходзе якой і была засведчана неабходнасць стварэння міждысцыплінарнай спецыяльнай камісіі якраз для каардынацыі сумеснай работы прадстаўнікоў розных галін гуманітарных навук у сферы этнагенезу?)[17].

Наступны выступоўца, мовазнавец Б. Горнунг, які браў удзел яшчэ ў сесіях (памянёнай вышэй) міждысцыплінарнай спецыяльнай камісіі па пытаннях этнагенезу ў час Вялікай Айчыннай вайны[18] (ён жа і згадаў у сваім выступленні аб працы гэтай камісіі), таксама падкрэсліў, што гэтая „наша сесія — толькі пачатак работы» і не варта разлічваць на намечаную дыскусію як на нейкае падвядзенне вынікаў (аб чым прагаварыўся П. Траццякоў), а таму „мы не павінны згладжваць вострыя вуглы»[19]. Трохі пазней (у ходзе абмеркавання) Б. Горнунг указаў на непаразуменне паміж лінгвістамі і археолагамі адносна этнічнай трактоўкі некаторых археалагічных культур. У сувязі з гэтым ён адзначыў, што „калі мы не дамо рады такім няяснасцям, гэта не будзе спрыяць поспеху дыскусіі»[20].

У сваім выступленні гісторык А. Насонаў падтрымаў i П. Траццякова, і Г. Санжэева, і Б. Горнунга ў тым, што толькі праз пастаноўку асобных пытанняў даследчыцкага характару можна дасягнуць станоўчых рэзультатаў, а таму маючы адбыцца дыспут — не падвядзенне вынікаў, а толькі пачатак работы, і пасяджэнні, што папярэднічаюць гэтай дыскусіі, патрэбны не дзеля таго, каб cяк-так аб нечым дамовіцца, а менавіта для кансультацый. Бадай ці не самым яскравым сведчаннем блытаніны ў этнагенетычнай сферы могуць служыць словы прадстаўніка мовазнаўцаў Б. Сярэбранікава: „Калі мы так (без падрыхтоўкі) збяромся, будзе мардабой, таму што мы дрэнна праінфармаваныя ў элементарных пытаннях розных спецыяльнасцей»[21]. Сітуацыя яшчэ больш ускладняецца тым, што, як адзначае вучоны, пасля выступлення І. Сталіна на старонках газеты „Правда» і выхаду яго кнігі „Марксізм і пытанні мовазнаўства» так і не з’явілася канкрэтных даследаванняў па этнагенезе, якія б праілюстравалі палажэнні правадыра на фактычным матэрыяле.

Ужо з выступленняў згаданых вучоных зразумела, што ўдзельнікі нарады рэальна ўсведамлялі складанасць раскрыцця тэарэтычных пытанняў у галіне этнагенетыкі і разумелі, што сапраўднае навуковае вырашэнне пастаўленых задач запатрабуе руплівай працы, а не „кампанейскага» падыходу, калі, дзеля хуткага дасягнення рэзультатаў, пра якія можна было б фармальна адрапартаваць (пакуль ёсць палітычная актуалізацыя), вучоныя „дамаўляюцца» ці „згладжваюць вострыя вуглы». Відавочна, што ў апошнім выпадку гэта быў бы не навуковы кампраміс, а кан’юнктурны і палітычна „бяспечны» кансэнсус (паколькі прыкрыццё калектыўным аўтарытэтам засцерагала б ад адказнасці), пабудаваны на аснове выключна схаластычнай інтэрпрэтацыі адпаведных сталінскіх тэарэтычных палажэнняў. Зрэшты, не трэба думаць, што ўдзельнікі нарады дапускалі магчымасць прымянення нейкай іншай метадалогіі, чым тая, што была выкладзена ў працах І. Сталіна па нацыянальным пытанні. На гэты момант звярнуў увагу Б. Сярэбранікаў, адзначыўшы, што гаворка ніяк не можа ісці пра сутыкненне двух светапоглядаў, паколькі магістральная лінія ў аспекце вывучэння этнагенетычных праблем ужо закладзена працамі І. Сталіна. Аднак, нягледзячы на гэта, мовазнавец прагназіраваў жорсткую палеміку, адначасова выказваючы апасенні: „Не тое страшна, што будуць розначытанні, а тое, што асноўныя праблемы могуць выпасці»[22]. Каб пазбегнуць апошняга, іншы прадстаўнік Інстытута мовазнаўства В. Левін (таксама, дарэчы, у мінулым удзельнік сесій камісіі па этнагенезе[23]) прапанаваў папярэдне публічна разглядаць даклады ў сценах інстытутаў[24].

Да абмеркавання працэсу падрыхтоўкі запланаванай дыскусіі далучыўся і А. Удальцоў. Найперш вучоны падкрэсліў (у каторы раз!), што толькі аб’яднанымі намаганнямі прадстаўнікоў розных спецыяльнасцей можна дасягнуць поспеху. Вырашыць жа праблему сіламі адной асобнай дысцыпліны, скажам археалогіі, ён не лічыў магчымым. Разам з тым, на яго думку, паколькі ёсць агульная метадалогія (у археолагаў, этнографаў, гісторыкаў і г. д.) для этнагенетыкі, то патрэбен адзін асноўны метадалагічны даклад. Вучоны таксама не лічыў, што дыскусія будзе падсумавальнай, але яе задача заключаецца ў тым, каб намеціць вырашэнне шэрагу пытанняў „у духу ўказанняў таварыша Сталіна». А. Удальцоў зрабіў асаблівы акцэнт на тым, што зыходнай пазіцыяй служаць працы І. Сталіна, і нават з гэтага пункту гледжання патрэбен адзін агульны метадалагічны даклад, a ўжо потым можна выступаць з тэзісамі па асобных пытаннях (для прыкладу вучоны прывёў неабходнасць разгляду праблем славянскага этнагенезу і індаеўрапеістыкі). Гісторык прызнаў рацыянальнай прапанову А. Насонава аб тым, што варта праводзіць узаемныя кансультацыі спецыялістаў для падрыхтоўкі дакладаў[25].

Пад уплывам рэплік і публічных выказванняў вучоных старшынствуючы на пасяджэнні трохі змяніў уласную думку. Так, жадаючы падвесці пэўныя вынікі першага падрыхтоўчага пасяджэння, С. Талстоў пагадзіўся з тым, што ідуць пошукі, а таму такая сітуацыя, калі канстатуецца безліч прабелаў, — цалкам натуральная рэч. Ён звярнуў увагу на тое, што, хоць „І. Сталін падказаў (курсіў наш. — Н. Ю.) рашэнні, але яны яшчэ не дадзены»[26] (інакш кажучы, агульнатэарэтычныя і частка канкрэтных задач этнагенетыкі яшчэ не вырашаны). На думку этнолага, дыспуты павінны прывесці да „агульнай для савецкай навукі лініі»[27]. А вось для гэтага i патрэбна шырокае абмеркаванне, паколькі, як ён слушна заўважыў, ні ў якім разе нельга „заганяць у падполле» рознагалоссі. Аднак пры гэтым варта сфармуляваць сапраўды канцэптуальныя супярэчнасці, а таксама тыя, што выкліканы элементарнай недасведчанасцю ці проста спецыфічным успрыманнем той або іншай праблемы.

Для наладжвання прадукцыйнай работы вучоных з мэтай як мага хутчэйшай падрыхтоўкі дыскусіі С. Талстоў прапанаваў арганізаваць спецыяльную камісію; членамі гэтай структуры павінны былі стаць прадстаўнікі акадэмічных устаноў гуманітарнага цыкла[28]. Асноўны шлях падрыхтоўкі комплекснага дыспуту меў аформіцца ў выглядзе паэтапнага абмеркавання тэзісаў дакладаў. Аднак на бягучы момант дырэктар Інстытута этнаграфіі не бачыў такога чалавека, які здолеў бы дастойна прадставіць асноўны метадалагічны даклад па праблемах этнагенезу, паколькі дагэтуль такая праблема ўвогуле яшчэ не ставілася як адно цэлае для ўсёй гуманітарыстыкі. Толькі пасля правядзення намечанай сесіі можна будзе зрабіць такі даклад. Затое на дыскусію неабходна вынесці акрэсленыя вышэй пытанні. С. Талстоў выказаў рэальную занепакоенасць з нагоды таго, што „калі мы дамовімся… пра славянскі этнагенез», то застанецца нямала пытанняў наконт паходжання іншых этналінгвістычных груп. Рэзюміруючы, этнолаг падкрэсліў, што тэрмін правядзення дыспуту нельга пераносіць на няпэўны час, і хутчэй за ўсё мэтазгодна яго правесці ў красавіку (на самай справе дыскусія адбылася толькі ўвосень). Стрыжнёвае пытанне, якое патрабуе тэрміновага вырашэння, ён бачыў у раскрыцці паходжання лінгвістычных груп народаў; ужо вакол гэтай праблемы можна групаваць і ўсю сукупнасць этнагенетычных задач[29].

Далей паміж вучонымі ўзніклі дэбаты наконт этнагенезу ўсходніх славян. Ініцыяваў іх А. Насонаў, які выказаўся так: „У распрацоўцы праблемы паходжання рускага народа [меўся на ўвазе менавіта народ — продак усходніх славян. — Н. Ю.] шмат спрэчнага»[30]. Таму вучоны выказаў пажаданнне, каб гэтыя пытанні атрымалі належнае высвятленне, пры гэтым варта асаблівую ўвагу надаць больш старажытным перыядам, дзе цяжкасці ў інтэрпрэтацыі тых ці іншых фактаў, як і ў іх фіксацыі, павялічваюцца. С. Талстоў падтрымаў гісторыка, настойваючы на тым, каб цэнтральным звяном усіх дакладаў праходзіла праблема груп народаў, аб’яднаных агульнасцю мовы, а гэтым выпадку і славяне таксама не застануцца абдзеленыя ўвагай. З прапановай А. Насонава салідарызаваўся і Г. Санжэеў. П. Траццякоў, які ўжо прыклаў нямала намаганняў для высвятлення пытанняў славянскага этнагенезу, у сціслай рэпліцы канстатаваў, што праблема славянскай супольнасці не распрацоўваецца ва ўзаемасувязі на розных стадыях этнагенезу: этап роду — этап племені — этап народа[31]. Заўважым, што ў гэтай рэпліцы фактычна была прапанавана пастаноўка досыць змястоўнага і цікавага пытання (у плане, напрыклад, вырашэння праблемы адзінства старажытнарускай народнасці, якая тады набывала вострую актуальнасць): спецыялістам варта адсачыць працягласць этапу адзінства кожнага са славянскіх народаў.

Калі ж весці гаворку пра першачарговую актуальнасць тых ці іншых праблем этнагенезу, дык па-за канкурэнцыяй у пачатку 1950-х г. была праблема старажытнарускай народнасці[32]. (Украінскі археолаг В. Даўжанок адзначаў у 1952 г., што навуковая пастаноўка пытання пра старажытнарускую народнасць зрабілася магчымай толькі пасля выхаду прац І. Сталіна па мовазнаўстве[33].) На пасяджэнні, якое мы разглядаем, калі С. Талстоў запытаў, ці могуць прадстаўнікі інстытутаў зараз жа заявіць тэмы сваіх будучых дакладаў, першай і на той час адзінай заяўленай тэмай была тэма, якую назваў А. Насонаў: „Да пытання ўтварэння рускай [г. зн. старажытнарускай. — Н. Ю.] народнасці»[34].

Лічым, што было мэтазгодна надаць столькі ўвагі менавіта першаму падрыхтоўчаму пасяджэнню, паколькі яго пратакол цалкам дазваляе рэканструяваць крытычную сітуацыю, што склалася ў этнагенетычнай сферы, калі спецыялісты фактычна знаходзіліся на раздарожжы і паасобку, кожны ў сваёй галіне, не наважваліся прапанаваць выразныя азначэнні ці зрабіць пэўныя абагульненні адносна вузлавых момантаў этнагенетыкі.

Другое падрыхтоўчае пасяджэнне было праведзена, згодна з планам, 15 лютага 1951 г.[35] Прадстаўнікамі інстытутаў абвяшчаліся тэмы выступленняў і іх выканаўцы. Галоўныя тэмы, прапанаваныя вучонымі, закраналі пытанні славянскага этнагенезу, перш за ўсё праблему старажытнарускай народнасці (адразу тры тэмы!). Так, мовазнавец Б. Сярэбранікаў паведаміў, што па пытанні паходжання „старажытна-рускай» народнасці падрыхтуе тэзісы старшы навуковы супрацоўнік У. Сідараў[36]. А. Насонаў абвясціў, што ад яго сектара (феадалізму. — Н. Ю.) для ўдзелу ў дыскусіі вылучаны толькі ён, прычым з тэмай „Да пытання аб утварэнні старажытнарускай народнасці»[37] (у дадзеным выпадку прагучаў менавіта такі варыянт словазлучэння). Тады С. Талстоў прапанаваў дадаць да гэтай групы дакладчыкаў яшчэ i Б. Рыбакова, які таксама рыхтаваў тэзісы аб утварэнні старажытнарускай народнасці[38] (на археалагічным матэрыяле). Гэтая праблематыка, будучы найбольш значнай, да таго ж ужо абапіралася на папярэднія распрацоўкі савецкіх вучоных, у якіх цэнтральнае месца займалі агульнатэарэтычныя канструкцыі адносна ўтварэння народнасцей. Аднак А. Насонаў, сумленна падыходзячы да магчымасці вырашэння галоўных задач дыскусіі, выказаў сумненне наконт адпаведнасці свайго будучага даклада, які меў грунтавацца на гістарычным матэрыяле старажытнарускай эпохі (XI—XIII ст.), агульнатэарэтычным падыходам, заяўленым у якасці тэмы дыскусіі. Але С. Талстоў ізноў падкрэсліў, што такія тэмы якраз прымальныя.

На гэтым жа пасяджэнні акрэсліўся і блок дакладаў па праблематыцы славянскага этнагенезу наогул. Так, П. Траццякоў узяўся падрыхтаваць тэзісы „Аб паходжанні славян паводле найноўшых археалагічных даных», а антраполаг Т. Трафімава (Інстытут этнаграфіі) — „Паходжанне славян у святле даных антрапалогіі». Ад мовазнаўцаў па гэтай праблематыцы даклад меўся падрыхтаваць С. Бернштэйн. Адначасова А. Удальцоў сказаў, што плануюць далучыцца да дыспуту і археолагі С. Кісялёў ды А. Арцыхоўскі, а ён сам паведаміць аб магчымасцях, якія даюць матэрыялы археалагічных даследаванняў для вырашэння праблем этнагенезу[39]. Агульнатэарэтычную прамову, падобна да А. Удальцова, павінны былі падрыхтаваць і ў Інстытуце мовазнаўства, але калектыўную. Найбольш адэкватна, адпаведна задачам дыскусіі, падышлі да справы этнолагі М. Чэбаксараў і С. Токараў, назваўшы сваё будучае выступленне „Метадалогія этнагенетычных даследаванняў на этнаграфічным матэрыяле ў святле Сталінскага вучэння аб нацыіі і мове»[40].

Павольны ход падрыхтоўкі да дыскусіі, што выявіўся на другім пасяджэнні, прымусіў С. Талстова (нагадаем, што дырэктар Інстытута этнаграфіі настойваў на правядзенні дыспуту ўжо ў красавіку 1951 г.) прасіць прысутных падрыхтаваць для абмеркавання тэзісы дакладаў на наступнае пасяджэнне[41], як ён прапаноўваў яшчэ на першай нарадзе. Неабходна таксама адзначыць, што з гэтага пратакола вынікае, што прапанову мовазнаўца В. Левіна аб тым, каб папярэдне даклады заслухоўваліся ў інстытутах, ужо часткова пачалі выконваць у Інстытуце этнаграфіі[42].

Трэцяе пасяджэнне ў рамках падрыхтоўчага цыкла адносна дыскусіі наконт метадалогіі этнагенетычных даследаванняў „у святле сталінскага вучэння аб нацыі і мове» адбылося 14 сакавіка 1951 г.[43]; у ім узялі ўдзел 14 вучоных, сярод якіх былі А. Насонаў, С. Талстоў, М. Чэбаксараў (Інстытут этнаграфіі), Г. Санжэеў, а вось А. Удальцоў гэтым разам не быў адзначаны ў кантрольным лістку[44]. Былі заслуханы і абмеркаваны тэзісы тэарэтычнага даклада антраполага М. Левіна (Інстытут этнаграфіі) пад назвай „Антрапалагічны матэрыял як крыніца вывучэння пытанняў этнагенезу». У цэлым гэтыя тэзісы не выклікалі ў прысутных навукоўцаў пярэчанняў.

Неўзабаве была склікана і чацвёртая нарада (19 сакавіка 1951 г.); колькасць прысутных на ёй трохі павялічылася — да 19 чалавек[45]. Гэтае пасяджэнне цікавае тым, што на ім пасля прачытання А. Удальцовым тэзісаў будучага даклада —„Археалагічныя крыніцы для вырашэння праблем этнагенезу» — адбылося досыць жвавае іх абмеркаванне. Найбольш спрэчным аказалася пытанне наконт суаднясення археалагічных культур і народнасцей. Так, С. Токараў выказаў сумненне з нагоды тэзіса „адна культура — адзін народ», паколькі бывае і так: розныя культуры могуць адпавядаць аднаму народу[46]. З другога боку, як зазначыў вучоны А. Брусаў, археалагічная культура можа адпавядаць некалькім плямёнам, і нават роднасныя плямёны могуць браць свой пачатак ад розных культур. У гэтую справу, на яго думку, унеслі блытаніну М. Мар і яго паслядоўнікі[47]. (Нагадаем, што, згодна з вучэннем М. Мара, старажытныя археалагічныя культуры не варта атаясамліваць з лінгвістычнымі супольнасцямі. Наогул, на думку гэтага акадэміка-лінгвіста, не варта атаясамліваць этнас ці моўную супольнасць з якой-небудзь этнічнай культурай[48].) Прадстаўнікі ІГМК у сувязі з гэтым паспрабавалі даць абагульненае азначэнне археалагічнай культуры, уключыўшы ў яго такія прыметы: археалагічныя культуры з этнічнымі групамі не супадаюць; шэраг розных плямён могуць мець зусім аднолькавую культуру; навуцы вядомы вялікія культуры, што ахопліваюць няроднасныя плямёны, і адначасова роднасныя плямёны, на якія накладаюцца адрозныя культуры[49]. Аднак А. Удальцоў перасцярог даследчыкаў ад наступнага: калі не прызнаваць, скажам, у скіфскія часы пэўных супадзенняў паміж археалагічнымі культурамі і этнічнымі супольнасцямі, дык давядзецца ўводзіць новыя паняцці — археалагічнага племені і археалагічнай народнасці[50].

Старшынствуючы на пасяджэнні, дырэктар Інстытута этнаграфіі С. Талстоў, нагадаў прысутным, што І. Сталін перасцерагаў супраць пераносу спецыфічных з’яў мовы на народнасць. У сувязі з гэтым, на думку этнолага, паўстае дылема: як трэба разумець асіміляцыю мовай роду другой такой мовы, а пасля перарастанне яе ў мову племені і далей — народнасці. Дырэктар Інстытута этнаграфіі ў тэзісах даклада А. Удальцова заўважыў досыць вольны парафраз гэтага сталінскага пастулату. Адзначым, што і адказ археолага прагучаў не выразна, а надта ж блытана, і, падводзячы вынікі, А. Удальцоў прызнаў факт: ён не ведае, як правільна прыкладаць сталінскую аксіёму пры інтэрпрэтацыі канкрэтнага матэрыялу[51]. Канчатковы вердыкт вучонага сходу адносна тэзісаў А. Удальцова заключаўся ў тым, што яны павінны прайсці ўсебаковы разгляд у сценах Інстытута гісторыі матэрыяльнай культуры[52].

А. Брусаў звярнуў увагу прысутных на тое, што не толькі ў А. Удальцова, але і ў іншых вучоных, з тэзісамі якіх ён пазнаёміўся, добра адчуваецца адна агульная загана — недастатковая іх выразнасць[53]. А. Брусаў, мабыць, меў на ўвазе тое, што вучоныя імкнуліся ўхіліцца ад адназначных і дакладных фармулёвак пры апісанні тых ці іншых этнагенетычных механізмаў, а тым больш ад стварэння пэўных дэфініцый. Асноўнай прычынай такога стану рэчаў, як мы дапускаем, была боязь узяць на сябе адказнасць за гэтую справу, паколькі фармулёўкі маглі быць прызнаны неадпаведнымі сутнасці сталінскіх пастулатаў. Заўважым, што апошнія былі выкладзены досыць агульна і ў прымяненні да канкрэтных выпадкаў этнагенезу іх можна было разумець накшталт прароцтваў старажытнагрэчаскага дэльфійскага аракула, гэта значыць інтэрпрэтаваць па-рознаму.

Вышэй ужо было сказана, што ў гадавой справаздачы АІФ ідзе гаворка пра 14 падрыхтоўчых пасяджэнняў да галоўнай метадалагічнай сесіі прадстаўнікоў акадэмічных інстытутаў „у святле сталінскага вучэння аб мове і нацыі». Відавочна, што калі б знайшліся ў архівах пратаколы яшчэ дзесяці пасяджэнняў, то можна было б скласці больш паўнацэннае і рэпрэзентатыўнае ўяўленне пра ход падрыхтоўкі да заключнай нарады-дыскусіі. У прыватнасці, як адзначалася, папярэдняму разгляду былі падвергнуты ўсе тэзісы дакладаў, а таму матэрыялы іх абмеркавання на падрыхтоўчых пасяджэннях, магчыма, выявілі б пэўныя цікавыя нюансы. Разам з тым, як думаем, і знойдзены матэрыял дае пэўнае ўяўленне пра тагачасныя абставіны і перыпетыі арганізацыі дыскусійнай сесіі па метадалогіі этнагенетычных даследаванняў.

Пераклад Сяргея Петрыкевіча


[1] Гл.: Шепилов Д. Советский патриотизм // Правда. 1947. 11 августа. С. 2—3. (Падрабязна пра гэты артыкул глядзі ў манаграфіі бранскага даследчыка гісторыі гістарычнай навукі сталінскай эпохі А. Дуброўскага: Дубровский А.М. Историк и власть: историческая наука в СССР и концепция истории феодальной России в контексте политики и идеологии (1930—1950-е г.). Брянск, 2005. С.501-503).
[2] Зрэшты, у савецкай навуцы сталінскай эпохі паняцце «этнагенез» ужывалі ў вузкім і шырокім значэнні. У першым выпадкумеўся на ўвазе гістарычны працэс зараджэння і фарміраванняэтнасу, пачынаючы ад роду і канчаючы ўзнікненнем народнасці, а ў другім этнагенез уключаў у сябе і працэсы нацыягенезу.
[3] Тэрмін, вытворны ад паняцця «этнагенетыка», інакш кажучы —навуковая дысцыпліна, што вывучае працэсы этнагенезу.
[4] Гл., напр.: Архіў РАН. Ф. 457. Воп. 1. Адз. зах. 180. А. 19.
[5] А РАН. Ф. 142. Воп. 1. Адз. зах. 363. Протоколы подготовительного совещания по методологии этногенетических исследований. 8 февраля — 19 марта 1951 г. (33 арк.)
[6] Тамсама. А. 19.
[7] Греков Б. Д. За осуществление задач, поставленных И. В. Сталиным в его работе «Марксизм и вопросы языкознания».С. 320.
[8] А РАН. Ф. 142. Воп. 1. Адз. зах. 363. А. 1-11.
[9] Тамсама. А. 11.
[10] Тамсама. А. 1.
[11] Тамсама.
[12] Тамсама.
[13] Так, здача матэрыялаў нарады па метадалогіі этнагенетычныхдаследаванняў у рэдакцыйна-выдавецкі аддзел планаваласяяк рэальная на чацвёрты квартал 1951 г. Гл.: А РАН. Ф. 457.Воп. 1. 1945-1957 г. Адз. зах. 200. А. 163.
[14] Тамсама. Ф. 142. Воп. 1. Адз. зах. 363. А. 2.
[15] Тамсама. Ф. 1577. Воп. 5. Управленческая документация за 1934—1947 г. Адз. зах. 143. Протокол и стенограмма совещанияв Институте по образованию Комиссии и организации работыпо вопросам этногенеза. 10 сентября 1938 г. А. 10. У гэтым выпадку свядома зроблена ўдакладненая спасылка і на саму назву вопісу, дзе захоўваецца архіўная справа, матэрыялы якойадыгрываюць істотную ролю пры рэканструкцыі падзей, звязаных з функцыянаваннем камісіі па этнагенезе пры АН СССР.На жаль, папка з дакументамі была знойдзена толькі ў канцылістапада 2006 г., калі ўжо было змакетавана аўтарскае манаграфічнае даследаванне «»Старажытнаруская народнасць»:зараджэнне і станаўленне канцэпцыі ў гістарычнай навуцыСССР (1930-я — першая палова 1940-х г.)» — гл.: Юсова Н. «»Давньоруська народність»: зародження та становлення концепціїв історичнй науці СРСР (1930-ті — перша половина 1940-х рр.).Київ, 2006. Наконт актуальнасці матэрыялу ўказанай архіўнай справы гл. таксама: Юсова Н. Первое совещание по вопросам этногенеза и создание специальной комиссии по проблематике происхождения народов в контексте актуализации этногенетических исследований в СССР (конец 1930-х г.) // Проблемы славяноведения. Брянск, 2007. Вып. 9. С. 95-113.
[16] А РАН. Ф. 142. Воп. 1. Адз. зах. 363. А. 2.
[17] Тамсама. Ф. 1577. Воп. 5. Адз. зах. 143. А. 1.
[18] Юсова Н. Генезис концепції давньоруської народності в історичній науці СРСР (1930-ті — перша половина 1940-х рр.).С. 311-312.
[19] А РАН. Ф. 142. Воп. 1. Адз. зах. 363. А. 3.
[20] Тамсама. А. 6.
[21] Тамсама. А. 5.
[22] Тамсама. А. 5.
[23] Юсова Н. Генезис концепції давньоруської народності в історичній науці СРСР (1930-ті — перша половина 1940-х рр.).С. 311.
[24] А РАН. Ф. 142. Воп. 1. Адз. зах. 363. А. 5.
[25] Тамсама. А. 6.
[26] Тамсама. А. 7.
[27] Тамсама. А. 7.
[28] З выступлення С. Талстова на пасяджэнні вучонага савета Інстытута этнаграфіі 23 чэрвеня 1951 г. можна дазнацца, штотакі калектыў «будучых дакладчыкаў і выступоўцаў» распачаўпрацу ў першым квартале бягучага года. Асноўнымі яго задачамі было высвятленне «існуючых разыходжанняў» паміж археолагамі, этнографамі, гісторыкамі і лінгвістамі. Гл.: Толстов С. П. Итоги перестройки Института этнографии АН СССР. С. 11.
[29] А РАН. Ф. 142. Воп. 1. Адз. зах. 363. А. 8.
[30] Тамсама. А. 9.
[31] Тамсама.
[32] Гл., напр.: Юсова Н. М. Ідейна й термінологічна генеалогія поняття «давньоруська народність». — С. 117—118.
[33] Довженок В. И. К вопросу о сложении древнерусской народности // Доклады VI научной конференции Ин-та археологии.Киев, 1953. С. 40. Канферэнцыя адбывалася 3—7 червеня 1952 г. — гл.: Тамсама. С. 3.
[34] А РАН. Ф. 142. Воп. 1. Адз. зах. 363. А. 9.
[35] Тамсама. А. 10, 12-20.
[36] Тамсама. А. 12.
[37] Тамсама. А. 17.
[38] Тамсама. А. 18.
[39] Тамсама. А. 12, 14, 15, 16.
[40] Тамсама. А. 16.
[41] Тамсама. А. 18.
[42] Тамсама. А. 18.
[43] Тамсама. А. 21-24.
[44] Тамсама. А. 21.
[45] Тамсама. А. 25-32.
[46] Тамсама. А. 25.
[47] Тамсама. А. 28.
[48] Гл.: Шнирельман В. А. Злоключения одной науки: этногенетические исследования и сталинская национальная политика.С. 53; Юсова Н. Генезис концепції давньоруської народністі вісторичній науці СРСР (1930-ті — перша половина 1940-х рр.).С. 196-197, 201-202; Яе ж. Становлення радянської етногенетики (в світлі глотогонічної теорії М. Марра). С. 169, 171—172.
[49] А РАН. Ф. 142. Воп. 1. Адз. зах. 363. А. 28.
[50] Тамсама. А. 30.
[51] Тамсама. А. 26.
[52] Тамсама. А. 29.
[53] Тамсама. А. 27.

Наверх

Тэгі: , , , ,