Станіслаў Рудовіч. Кім быў Вацлаў Іваноўскі
Туронак Юры. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. Мінск: Медысонт, 2006. — 180 с., [16] с. іл.
Працы па гісторыі Беларусі польскага даследчыка беларускага паходжання Юрыя Туронка набылі вядомасць на радзіме яго бацькоў у канцы 1980-х — пачатку 90-х г. Апрача шэрагу артыкулаў, у 1993 г. у Мінску ў перакладзе на беларускую мову была выдадзена доктарская манаграфія Ю. Туронка „Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Вядома, не ўсе пагаджаліся з падыходамі і высновамі даследчыка. Але бясспрэчна, што на фоне тагачаснай айчыннай гістарыяграфіі, якая толькі пачынала выкарасквацца з-пад савецкага ідэалагічнага кантролю, публікацыі д-ра Туронка выгодна вылучаліся і смелым выбарам тэматыкі, і выкарыстаннем масы недаступных для савецкіх гісторыкаў крыніц, i дасканалай методыкай іх аналізу, якая дазваляла аўтару нават пры абмежаванасці дакументальнай базы атрымліваць максімум цікавай інфармацыі. Кідалася ў вочы і яшчэ адна ўласцівасць творчай манеры гісторыка: не ўтойваючы сваіх сімпатый да беларускай ідэі і яе рупліўцаў, даследчык тым не менш не парушаў прынцыпу навуковай аб’ектыўнасці, непрадузята і часам даволі крытычна ацэньваў многія знакавыя падзеі і постаці беларускай гісторыі, разбураючы тым самым шэраг устаялых стэрэатыпаў не толькі падсавецкай, але і альтэрнатыўнай ёй эмігранцкай гістарыяграфіі.
У цэнтры навуковых зацікаўленняў Ю. Туронка — палітычная і культурная гісторыя Беларусі першай паловы XX ст. А свайго роду стрыжнёвай постаццю гэтага перыяду, вакол якой так ці інакш абарачаюцца многія даследаваныя аўтарам сюжэты, выступае адзін з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага руху, кнігавыдавец, навуковец і педагог Вацлаў Іваноўскі (1880-1943 г.). Паводле сведчання самога даследчыка, вывучэннем гэтага деяча ён заняўся з сярэдзіны 1970-х г. На працягу наступнага дзесяцігоддзя ў польскім друку з’явіліся некалькі прысвечаных яму артыкулаў, якія ўрэшце склаліся ў асобную манаграфію „Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі». Упершыню яна выйшла па-польску ў Варшаве ў 1992 г. У Беларусі ў 90-я г. былі перакладзены i надрукаваны ў часопісах толькі асобныя фрагменты гэтай кнігі. І вось нарэшце ў 2006 г. беларускі чытач атрымаў магчымасць на роднай мове азнаёміцца з кнігай цалкам, прычым адразу ў двух варыянтах: у выглядзе асобнага выдання, выпушчанага мінскім выдавецтвам „Медысонт», а таксама ў складзе капітальнага зборніка твораў Ю. Туронка „Мадэрная гісторыя Беларусі», падрыхтаванага ў Вільні Інстытутам беларусістыкі[1]. Пераклад у мінскім выданні ажыццёўлены Яўгеніяй Ждановіч, у віленскім жа зборніку прозвішча перакладчыка гэтай працы (як і ўсіх астатніх) не пазначана. Не маючы намеру параўноўваць абодва пераклады, заўважым толькі, што ў многіх момантах яны досыць істотна адрозніваюцца адзін ад аднаго. Нашы развагі будуць грунтавацца галоўным чынам на выданні „Медысонта».
На пачатку рэцэнзаванага даследавання робіцца спроба выявіць вытокі нацыянальнай самаідэнтыфікацыі маладога Вацлава Іваноўскага як беларуса — нетыповай для прадстаўніка паланізаванай шляхецкай эліты Літоўска-Беларускага краю. Сенсацыйнасць такога рашэння Вацлава яшчэ больш падкрэслівалася тым, што яго старэйшы брат Юры, a потым і самы малодшы Станіслаў вызначыліся як палякі, а яшчэ адзін з братоў Іваноўскіх Тадэвуш стаў літоўцам. Гэты фенаменальны факт — дэклараванне роднымі братамі сваёй прыналежнасці да розных нацыянальных супольнасцяў — па сутнасці стаў своеасаблівай мікрамадэллю, якая нібы ў кроплі вады адлюстравала гістарычна абумоўлены працэс распаду колішняй палітычнай і культурнай цэласнасці, што існавала ў межах былога Вялікага Княства Літоўскага. Пры гэтым выбар Юрыя, як піша аўтар кнігі, не вымагаў інтэлектуальнага напружання, бо быў лагічным працягам культурнай паланізацыі сям’і. Тадэвуш, хоць і праявіў волю адысці ад традыцыйнага паланафільства, меў магчымасць абаперціся на дваццацігадовы шлях літоўскага нацыянальнага руху і выпрацаваную ў яго рамках першапачатковую праграмную канцэпцыю. Вацлаў жа, вызначаючы сябе беларусам, не меў такога апірышча, бо беларускі рух на мяжы ХІХ-ХХ ст. заставаўся яшчэ „з’явай эфемернай i амаль незаўважнай» (29). На думку Ю. Туронка (праўда, не падмацаваную дакументальна), выбіраючы беларускасць, Вацлаў Іваноўскі якраз і ставіў перад сабой надзвычай амбіцыйную для ў той час яшчэ гімназіста мэту: стварыць гэты рух праз абуджэнне гістарычнай памяці, фармаванне ідэйнай канцэпцыі і актыўную арганізацыйную працу. Зрэшты, у літаратуры выказана і менш узнёслае тлумачэнне тагачаснай пазіцыі В. Іваноўскага. Яна звязваецца з яго захопленасцю ідэяй паяднання інтэлігенцыі з сялянскімі масамі дзеля ўздыму іх агульнай і палітычнай культуры (паводле ўзору расійскага народніцтва або ўкраінскага „хлопаманства»). А паколькі на радзіме Іваноўскіх — у Лідскім павеце — большасць насельніцтва складалі сяляне-каталікі, якія размаўлялі па-беларуску, выбар Вацлава на карысць беларускасці выглядаў даволі лагічным[2].
Энергічная арганізацыйная дзейнасць Вацлава Іваноўскага на беларускай ніве пачалася пасля паступлення яго ў 1899 г. у Пецярбургскі тэхналагічны інстытут, дзе ўжо вучыўся старэйшы брат Юры. Дзякуючы Юрыю, які на гэты час стаў прыкметнай асобай у Польскай партыі сацыялістычнай (ППС), з польскімі сацыялістамі завязаў кантакт i Вацлаў. Ахвотна выкарыстоўваючы арганізацыйныя і выдавецкія магчымасці ППС, зацікаўленай у абуджэнні антыцарскіх настрояў сярод народаў былой Рэчы Паспалітай, В. Іваноўскі ўсё ж не пагадзіўся на ролю паслушнай крэатуры гэтай польскай партыі, а стаў на шлях стварэння ўласна беларускай палітычнай арганізацыі. Праведзенае Ю. Туронкам надзвычай скрупулёзнае даследаванне наяўных (вельмі нешматлікіх) крыніц дазволіла аўтару ўнесці яснасць у даволі заблытанае пытанне аб вытоках першай нацыянальнай беларускай партыі. У кнізе паказана, што адлік яе гісторыі пачынаецца прыблізна на пачатку 1902 г. стварэннем намаганнямі В. Іваноўскага нелегальнай арганізацыі пад назвай Беларуская рэвалюцыйная партыя (БРП). Праўда, як прызнае даследчык, БРП не з’яўлялася партыяй у поўным сэнсе гэтага слова. Яна была хутчэй студэнцкім гуртком, дыскусійным клубам, у якім распрацоўвалася канцэпцыя беларускага нацыянальнага адраджэння, выкладзеная ў дзвюх вядомых публікацыях БРП: адозве „Да інтэлігенцыі» (апрацаванай В. Іваноўскім сумесна з іншым студэнтам тэхналагічнага інстытута Лявонам Малецкім) і газеце „Свабода» (якую Іваноўскі рыхтаваў разам з некалькімі паплечнікамі, у тым ліку Іванам Луцкевічам і Алаізай Пашкевіч — Цёткай, што з’явіліся ў Пецярбургу ў 1902 г.; праўда, адзіны набраны нумар газеты не ўдалося распаўсюдзіць, а давялося знішчыць). Паводле Ю. Туронка, у гэтых дакументах былі сфармуляваны „пастулаты нацыянальнай рэвалюцыі»: гадаванне беларускай народнай інтэлігенцыі і антыцарысцкая барацьба, але не на шляху сепаратысцкіх тэндэнцый, пракламаваных ППС, а ў саюзе з расійскімі рэвалюцыйнымі коламі ў напрамку здзяйснення рэвалюцыі ў Расіі і дэмакратызацыі грамадскага жыцця гэтай дзяржавы (42).
Так ці інакш, стварэннем Беларускай рэвалюцыйнай партыі быў пакладзены пачатак арганізаванаму змаганню за нацыянальную эмансіпацыю беларусаў, якое ўжо нікому не ўдалося спыніць нават самымі жорсткімі мерамі на працягу ўсяго ХХ ст. Аднак БРП праіснавала нядоўга. Іван Луцкевіч з братам Антонам, якія да прыезду ў Пецярбург ужо мелі досвед беларускай нацыянальнай дзейнасці ў Менску, выявілі больш радыкальныя, бунтарскія настроі і пачалі дыстанцыявацца ад схільнага да паступовай, „арганічнай» культурніцкай працы Іваноўскага. Вынікам рознагалоссяў, як устанавіў Ю. Туронак, стаў раскол у канцы 1903 г. БРП на дзве новыя нелегальныя арганізацыі: Беларускую рэвалюцыйную грамаду (БРГ) на чале з Луцкевічамі і Круг беларускай народнай прасветы і культуры пад кіраўніцтвам Іваноўскага.
3 гэтага моманту Вацлаў засяроджваецца на выданні беларускіх кніг і дэманструе ў гэтай справе нязвыклую энергію, вынаходлівасць, камерцыйныя і, урэшце, канспіратыўныя здольнасці. У канцы 1903 і на пачатку 1904 г. пад маркай Круга выходзяць два нелегальныя зборнікі беларускіх мастацкіх тэкстаў: „Калядная пісанка» і „Велікодная пісанка». Амаль адначасова з дазволу ўладаў былі выдадзены зборнік вершаў Янкі Лучыны „Вязанка» (цэнзуры яе прадставілі як кнігу на балгарскай мове) і перадрук некаторых фальклорных твораў, сабраных этнографам П.В. Шэйнам, пад назвай „Казкі». Але планы Іваноўскага па выданні беларускай літаратуры сягалі далёка за межы Пецярбурга і нават Расійскай імперыі. Аўтар рэцэнзаванай кнігі ўстанавіў выключна цікавы факт, з акалічнасцямі якога беларускія даследчыкі не маглі разабрацца цэлых восемдзесят гадоў. Аказваецца, прыцягнуўшы да справы студэнта Політэхнічнага інстытута ў Варшаве Мар’яна Фальскага і студэнта Ягелонскага універсітэта ў Кракаве Сцяпана Багушэўскага, Іваноўскі здолеў арганізаваць выпуск чатырох беларускіх кніжак у адной з кракаўскіх друкарняў, г. зн. на тэрыторыі Аўстра-Венгерскай імперыі. «І потым, — як выказаўся Ю. Туронак у адным інтэрв’ю, — праз „зялёную граніцу» — нелегальна — яны шмуглявалі ўсе гэтыя кніжкі ў Беларусь»[3]. У выніку з ініцыятывы Іваноўскага на працягу толькі двух гадоў (1903-1904) у Пецярбургу і Кракаве выйшла ў свет восем друкаваных беларускіх выданняў, г. зн. амаль столькі, кольта было выпушчана ў Расійскай імперыі за чатыры дзесяцігоддзі пасля паўстання 1863-1864 г.
Тым часам на фоне расійска-японскай вайны ў грамадстве нарастала незадаволенасць, што прывяло ў студзені 1905 г. да выбуху Першай расійскай рэвалюцыі. Ва ўмовах грамадскага ўздыму, паводле сведчання А. Луцкевіча, абедзве плыні беларускага руху — культурніцкая і рэвалюцыйная — зліліся ў адно рэчышча[4]. Ю. Туронак разумее пад гэтым чарговае збліжэнне паміж В. Іваноўскім і Луцкевічамі і звязвае з дадзеным фактам з’яўленне на палітычнай арэне новай беларускай арганізацыі — Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Хоць большасць сучасных гісторыкаў услед за А. Луцкевічам лічаць, што БСГ прыйшла на змену БРГ у канцы 1903 г., Ю. Туронак шляхам супастаўлення аўтэнтычных дакументаў прыходзіць да высновы, што найверагодней адбылося гэта пазней — у кастрычніку 1904 г. (65).
Рэвалюцыя адкрывала перад партыямі новыя магчымасці для палітычнай дзейнасці: арганізацыі масавых акцый (мітынгаў, забастовак і г. д.), вуснай і друкаванай прапаганды, публіцыстыкі, нарэшце, выбарчай барацьбы ў сувязі са стварэннем у Расійскай імперыі першага парламента — Дзяржаўнай думы. Значнай актыўнасцю ў гэтых накірунках вызначалася і БСГ. Вялікай асабістай заслугай В. Іваноўскага, на думку аўтара кнігі, быў яго ўдзел у наладжванні друкаванай партыйнай прапаганды. Толькі за 1905 г. БСГ выдала больш за 20 адозваў на беларускай мове, але пакуль што ў друкарнях ідэйна блізкіх ёй іншых партый (ППС, літоўскіх і расійскіх сацыял-дэмакратаў). У1906 г. БСГ запусціла ў Менску ўласную друкарню, а ў Пецярбургу—сваё нелегальнае выдавецтва „Грамада». Паводле сцвярджэння А. Луцкевіча, на якое абапіраецца д-р Туронак, агульны наклад адозваў і брашур БСГ у гэты перыяд даходзіў да соцень тысяч асобнікаў. Што датычыць іншых напрамкаў партыйнай працы ў час рэвалюцыі 1905-1907 г., то ўдзел у гэтых справах В. Іваноўскага не выглядае са старонак кнігі настолькі прыкметным, як гэтага можна было б чакаць ад аднаго са стваральнікаў і лідэраў беларускага адраджэнцкага руху. Не ўдзельнічаў ён у менскім з’ездзе БСГ у канцы 1905 г. (бо ў ЦК быў выбраны завочна), як, напэўна, і ў віленскай канферэнцыі партыі ўлетку 1906 г. Значыць, наўрад ці можна залічыць яго ў аўтары праграмных i тактычных установак БСГ. Мы не бачым яго сярод арганізатараў забастовак і прамоўцаў на мітынгах. Відавочна, не было ў яго амбіцый да барацьбы за дэпутацкі мандат у Дзяржаўнай думе і г. д. Як сведчаць матэрыялы кнігі, найбольш блізкай сферай для яго заставалася асветніцтва, імкненне ўзняць культурны ўзровень народа.
Разгортванню беларускай культурна-асветніцкай дзейнасці паспрыяў тактычны крок у палітыцы царызму на заходніх ускраінах імперыі — зняцце ў снежні 1904 г. абмежаванняў на выкарыстанне ў друку мясцовых моваў, у т. л. беларускай. Якімі б разлікамі ўлады пры тым ні кіраваліся, гэта дазволіла пачаць выданне ў Вільні легальных беларускіх газет („Нашай Долі», „Нашай Нівы», пазней — каталіцкай газеты „Bielarus»), першых часопісаў па-беларуску. У Пецярбургу ж у 1906-1914 г. з непрадбачаным поспехам ажыццяўляла на першы погляд, здавалася б, безнадзейную справу беларуская кнігавыдавецкая суполка „Загляне сонца i ў наша ваконца». У савецкай гістарыяграфіі і літаратуразнаўстве па прычыне ідэалагічнага табу на імя В. Іваноўскага прыярытэт у заснаванні і кіраўніцтве суполкай прыпісваўся вядомаму ў Пецярбургу дзеячу бібліятэчнай справы, педагогу і беларускаму культурніку Б. Эпімаху-Шыпілу. Юры Туронак на падставе грунтоўнага аналізу наяўных дакументаў пераканаўча даказаў, што арганізатарам і нязменным старшынёй суполкі да 1913 г. быў менавіта В. Іваноўскі, а Эпімах-Шыпіла ў якасці сябра праўлення (прычым з перапынкам) больш уплываў на выпрацоўку тэматычнай праграмы выдавецтва[5]. Адкрыла гэтую праграму выданне ў 1906 г. „Беларускага лемантара» (у лацінскім і кірылічным варыянце), што само па сабе было ўспрынята тагачаснай грамадскай думкай як бяспрыкладная падзея — з’яўленне беларускага нацыянальнага фактару на арэне, дзе да таго часу „дамінавалі і сутыкаліся польскія і расейскія культурныя ўплывы» (68). Усяго за гады існавання суполка „Загляне сонца…» выдала 38 навучальных, мастацкіх, навукова-папулярных і сцэнічных твораў, прычым накладам некаторых з іх (3000, 4000 і нават 6000 асобнікаў) могуць пазайздросціць і многія сучасныя беларускамоўныя выданні. Сярод іншых пецярбургская суполка выдала чатыры з сямі кніжак Янкі Купалы, што выйшлі да Першае сусветнае вайны. Пад уражаннем ад гэтага факта Ю. Туронак ставіць у заслугу Вацлаву Іваноўскаму, што той „адкрыў свету найвялікшага прарока беларускага адраджэння — Янку Купалу» (9), хоць не будзем забываць, што ўсё ж такі першаму выступленню паэта ў друку паспрыяў яшчэ ў 1905 г. Уладзімір Самойла. Але не выклікае пярэчання выснова аўтара, што Іваноўскі „ўзняў на нечуваны ўзровень» беларускае кнігавыданне і тым самым даў моцны імпульс гадаванню нацыянальных кадраў — навукоўцаў, культурніцкіх, а ў перспектыве — і палітычных дзеячаў (77).
У 1913 г. па не вельмі зразумелых прычынах перспектыўны вучоны ў галіне хімічнай тэхналогіі (да гэтага часу В. Іваноўскі стаў доктарам тэхнічных навук, дацэнтам Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута) і ўдачлівы беларускі кнігавыдавец нечакана пакідае сталіцу імперыі і пераязджае ў правінцыйную на той час у параўнанні з Пецярбургам Вільню. Тут яго і заспявае Першая сусветная вайна — падзея, якая апроч іншых каласальных наступстваў мела кардынальна перайначыць гістарычны лёс Беларусі і беларусаў. Імкнучыся захаваць лаяльнасць падданых на заходніх ускраінах імперыі ва ўмовах хуткага набліжэння нямецкіх войскаў, царызм пайшоў на некаторую змену акцэнтаў у сваёй нацыянальнай палітыцы ў бок далейшай лібералізацыі. Адной з праяваў „новага курсу» ў беларускім пытанні, на думку Ю. Туронка, быў дазвол на стварэнне Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны — нароўні з такімі ж арганізаванымі структурамі іншых нацыянальнасцяў (палякаў, габрэяў, літоўцаў і інш.). Паводле статута, таварыства мела права весці дабрачынную працу ва ўсіх беларускіх губернях, а старшынёй праўлення гэтай фактычна першай легальнай агульнабеларускай арганізацыі стаў В. Іваноўскі. Аднак аўтар яўна перабольшвае ступень афіцыйнай падтрымкі беларускай арганізацыі, бо яе фінансаванне з боку ўладаў было ў сотні i тысячы (!) разоў меншым, чым фінансаванне аналагічных таварыстваў іншых нацыянальнасцяў, і на гэтым фоне выглядала проста мізэрным[6]. Як і раней, расійскія ўлады працягвалі ў гады вайны максімальна стрымліваць нацыятворчую тэндэнцыю ў асяроддзі беларусаў. Варта нагадаць хаця б перапыненую спробу З. Жылуновіча і Э. Будзькі наладзіць у канцы 1916 г. выданне ў Петраградзе беларускіх газет „Дзянніца» і „Swietač», якія з-за фінансавых цяжкасцяў і цэнзурных ганенняў зачыніліся на сёмых нумарах. Таму калі В. Іваноўскі і сапраўды рабіў стаўку на супрацоўніцтва з Расіяй у будаванні самастойнай Беларусі, як сцвярджае (без спасылкі на крыніцу) аўтар кнігі (87), то наўрад ці гэты разлік быў абгрунтаваным. Але менавіта такой пазіцыяй Іваноўскага тлумачыцца ў кнізе яго выезд у 1915 г. — з набліжэннем да Вільні кайзераўскіх войскаў — на ўсход: спачатку ў Арол, а потым у Петраград. В. Іваноўскі быў не адзіным з беларускіх дзеячаў, хто эвакуяваўся ў Расію: у Арле кампанію яму складалі Я. Купала і Л. Дубейкаўскі, у Петраградзе ж з пачатку 1916 г. дзейнічала Беларускае таварыства па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны, актывістамі якога былі Ф. Абрантовіч, З. Жылуновіч, Ф. Будзька, Б. Эпімах-Шыпіла, Ч. Родзевіч, Б. Тарашкевіч і многія іншыя выбітныя асобы. Але Беларускае таварыства ў Петраградзе было самастойнай арганізацыяй, а не аддзяленнем віленскага, як лічыць д-р Туронак (87). Старшынёй яго камітэта быў Лявон Сеўрук, і В. Іваноўскаму яно ні фармальна, ні фактычна не падпарадкоўвалася. Больш за тое, дакументы петраградскага таварыства не фіксуюць хоць бы нейкага дачынення Іваноўскага да яго дзейнасці.
Невыразнай выглядае заангажаванасць героя кнігі ў беларускіх справах і пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. У Беларускі нацыянальны камітэт, арганізаваны ў Менску ў сакавіку 1917 г., ён быў выбраны завочна, у працы Беларускай сацыялістычнай грамады адзін з яе колішніх заснавальнікаў, падобна, удзелу тады не прымаў наогул. Ю. Туронак тлумачыць такую пасіўнасць вельмі нечакана: быццам Іваноўскі пераканаўся ў адмоўным стаўленні Часовага ўрада да ідэі самастойнасці Беларусі і таму палічыў любыя намаганні ў гэтым кірунку бессэнсоўнымі. Натуральна, расійскія ўрады князя Г. Львова, а потым А. Керанскага не збіраліся расчляняць імперыю на асобныя дзяржавы і тым больш даваць незалежнасць Беларусі. Аднак сама палітычная сітуацыя, небывала дэмакратычная атмасфера, якая склалася ў краіне пасля падзення царызму, як ніколі спрыяла разгортванню „знізу» розных палітычных, грамадскіх, культурніцкіх ініцыятыў — у тым ліку накіраваных на пашырэнне і ўмацаванне нацыянальнай самасвядомасці шматлікіх народаў Расіі. Гэтай унікальнай сітуацыяй паспяшаліся максімальна скарыстацца актывісты нацыянальных рухаў, сярод іх — і беларускія дзеячы. Тым часам В. Іваноўскі, як прызнае аўтар кнігі, у „гэтай гульні» ўдзелу не прымаў, ён толькі „чакаў» і „назіраў за агоніяй Часовага ўрада» (89-90).
Як высвятляецца (праўда, зноў без дакументальнага пацвярджэння), свае надзеі на вырашэнне беларускага пытання В. Іваноўскі звязваў… з праграмай бальшавіцкай партыі (90). Таму яго палітычная дзейнасць, паводле назірання аўтара, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі актывізавалася. Іваноўскі адыграў пэўную ролю ў падрыхтоўцы адной з вехавых падзей беларускага нацыянальнага руху — Усебеларускага з’езда ў снежні 1917 г. Яго прозвішча фігуруе ў парадку дня з’езда ў якасці аднаго з дакладчыкаў (разам з А. Уласавым) па пытанні „Эканамічная разруха і аднаўлен не гаспадарчага і эканамічнага жыцця краю»[7]. Аднак з-за разгону з’езда на загад Савета народных камісараў Заходняй вобласці і фронту гэты даклад так і не прагучаў.
Паводле вызначэння Ю. Туронка, у сувязі з разгонам Усебеларускага з’езда бальшавікамі ўзнік першы сур’ёзны крызіс даверу сярод беларускіх дзеячаў, зарыентаваных на Савецкую Расію. Другі крызіс быў выкліканы падпісаннем Брэсцкай мірнай дамовы, у якой праблема самавызначэння Беларусі ігнаравалася. Імкненне прадухіліць прадугледжаны дамовай падзел Беларусі з’явілася адным са стымулаў абвяшчэння ў сакавіку 1918 г. у Менску Беларускай Народнай Рэспублікі. Аднак В. Іваноўскі не ўдзельнічаў у гэтым гістарычным акце, паколькі ўсё яшчэ знаходзіўся ў Петраградзе, г. зн. быў аддзелены ад Беларусі расійска-нямецкай дэмаркацыйнай лініяй. Толькі пад канец красавіка ён здолеў прабрацца праз гэтую мяжу і атрымаць інфармацыю пра палітычнае становішча ў акупаванай немцамі Беларусі. Тым не менш нават і тады, пасля абвяшчэння незалежнасці БНР, паводзіны Іваноўскага не вызначаліся палітычнай актыўнасцю. Аўтар тлумачыць гэта тым, што той не пазбыўся яшчэ цалкам прарасійскай арыентацыі і лічыў памылковымі разлікі дзеячаў БНР на падтрымку з боку Германіі, чыя параза ў вайне станавілася ўсё больш відавочнай. Толькі пасля таго, як у кастрычніку 1918 г. быў сфармаваны кабінет міністраў БНР з прадстаўнікоў левых партый на чале з сацыял-дэмакратам А. Луцкевічам, Іваноўскі ўвайшоў у склад урада ў якасці міністра асветы. Адзін з вынікаў яго дзейнасці на гэтай пасадзе — арганізацыя Менскага Беларускага педагагічнага інстытута (фактычна першай вышэйшай навучальнай установы ў гісторыі Менска ўвогуле і ў гісторыі Беларусі ў ХХ ст.).
Фармаванне дзеячамі БНР сацыялістычнага ўрада д-р Туронак ацэньвае як спробу падрыхтаваць умовы для ўтварэння пасля паражэння Нямеччыны ў вайне і адыходу з Беларусі нямецкіх войскаў урадавай кааліцыі з прадстаўнікамі бальшавіцкай партыі з тым, каб захаваць беларускую дзяржаўнасць — калі не ў форме незалежнай, то хоць бы савецкай рэспублікі. У гэтым кантэксце ў рэцэнзаванай кнізе паўтараецца версія (запушчаная калісьці эмігранцкім гісторыкам А. Адамовічам і ўзноўленая беларускім савецкім акадэмікам І. Ігнаценкам) аб паездцы ў лістападзе 1918 г. А. Луцкевіча ў Маскву і яго адпаведных перамовах з Леніным. Але гэтая версія заўсёды выклікала сумненні ў асяроддзі навукоўцаў. Сёння, грунтоўна прааналізаваўшы крыніцы і агульнапалітычную сітуацыю апошніх месяцаў 1918 г., прафесар Р. Лазько паказаў, што такога візіту А. Луцкевіча ў Маскву не было, а паездка дэлегацыі Рады БНР на чале з Т. Грыбам і яе перамовы з Я. Свярдловым аб прызнанні незалежнасці Беларусі не прынеслі поспеху, паколькі да канца снежня нават ідэя ўтварэння савецкай рэспублікі ў беларускіх этнічных межах не ўпісвалася ў бальшавіцкі курс на сусветную пралетарскую рэвалюцыю[8].
Па сутнасці, такой жа непрымальнай гэтая ідэя заставалася для бальшавікоў і пазней. Дык навошта тады ленінскі ўрад усё ж такі пайшоў на рубяжы 1918-1919 г. на абвяшчэнне БССР, каб літаральна праз паўмесяца пачаць крокі па яе ліквідацыі? На гэтае пытанне, што даўно хвалюе даследчыкаў, Ю. Туронак знаходзіць, магчыма, найбольш дасціпны і даволі праўдападобны адказ. Ён піша: „Справа ў тым, што гэтыя захады (стварэнне і амаль адначасовае скасаванне БССР. — С. Р.) дазвалялі не толькі справіцца з вырашэннем знешнепалітычных задач, але і давалі савецкім уладам немалую ўнутраную карысць. Цяпер, калі БCCР ужо „існавала», можна было ажыццявіць ленінскі план яе ліквідацыі рукамі „суверэнных» рэспубліканскіх органаў, ад імя вольнага беларускага народа. Ад імя гэтага народа замыкаліся беларускія школы, ліквідаваліся ўсе беларускія газеты і часопісы, выцяснялася з грамадскага ўжытку беларуская мова» (96-97).
У такой атмасферы ў траўні 1919 г., калі з захаду па тэрыторыі Беларусі ўжо рухаліся польскія войскі, В. Іваноўскі быў арыштаваны савецкімі органамі і перавезены ў смаленскую турму. На жаль, у кнізе не сказана, у чым абвінавачвалі яго бальшавікі. Але вызвалены ён быў у верасні таго ж года ў рамках дамовы па абмену палітычнымі зняволенымі з польскім урадам. А тым часам польскія войскі 8 жніўня занялі Менск і праз месяц прыпынілі сваё прасоўванне на лініі рэк Дзвіна — Бярэзіна — Пціч. Пабываўшы ў Варшаве, Іваноўскі ў канцы 1919 г. вярнуўся ў Менск і засяродзіўся на культурна-асветніцкай („канкрэтнай», паводле вызначэння аўтара) працы: з сакавіка 1920 г. стаў рэктарам педагагічнага інстытута, спрыяў адкрыццю беларускіх гімназій і пачатковых школ, вышукваў у польскіх уладаў субсідыі на выдавецкую і тэатральную дзейнасць. Што датычыць яго палітычнай пазіцыі, то ў адпаведнасці з аўтарскай канцэпцыяй можна казаць пра крызіс яго ранейшага светапогляду, зарыентаванага на падтрымку Расіі ў будаванні Беларусі. Канчатковы ўдар па такіх надзеях быў нанесены гатоўнасцю ленінскага ўрада, выказанай у перамовах з палякамі, адмовіцца на карысць Польшчы ад занятых Пілсудскім беларускіх зямель і тым самым пазбыцца беларускай праблемы. Для Беларусі гэта азначала б падзел яе тэрыторыі і перакрэслівала б перспектыву пабудовы дзяржавы на ўсім этнічным абшары. Тым не менш, В. Іваноўскі фактычна застаўся ўбаку ад дзейнасці арганізацыі, для якой захаванне цэласнасці Беларусі з’яўлялася найважнейшым пастулатам — Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Пасля яе расколу ў снежні 1919 г. Іваноўскі аказаўся блізкім да Найвышэйшай Рады БНР, якая імкнулася рэалізаваць ідэю беларуска-польскай федэрацыі, аднак афіцыйна ў гэтую структуру не ўвайшоў. Такое становішча дазваляла яму пазіцыянаваць сябе як самастойнага палітычнага дзеяча, што знаходзіцца па-над спрэчкамі, але ацэнка яго аўтарам кнігі як «галоўнай асобы» ў беларускім руху, „для якой немагчымых рэчаў не існавала» (102), выглядае ўсё ж перабольшаннем. І таму выбар яго Пілсудскім у якасці асноўнага партнёра для перамоваў аб урэгуляванні польска-беларускіх адносінаў быў абумоўлены хутчэй не столькі яго палітычнай „цяжкавагавасцю», колькі даўнімі кантактамі з ППС ды рэпутацыяй памяркоўнага і дастаткова лаяльнага да палякаў дзеяча. Можна меркаваць, што на перамовах у Менску ў сакавіку 1920 г. з польскай дэлегацыяй (яе ўзначальваў віцэ-міністр замежных спраў Л. Васілеўскі) В. Іваноўскі як кіраўнік беларускай дэлегацыі не выяўляў асаблівай напорыстасці. Ва ўсякім разе, падпісаны дэлегацыямі выніковы дакумент не ўтрымліваў ніякіх абавязанняў Польшчы адносна беларускай дзяржаўнасці, a змяшчаў толькі абяцанне выдаткаваць пэўныя субсідыі (траціну запрошанай сумы) на беларускія сацыяльна-культурныя патрэбы, прычым іх выкарыстанне павінна было абмяжоўвацца тэрыторыяй Меншчыны. Са свайго боку, беларускія прадстаўнікі згадзіліся падтрымаць Польшчу ў яе патрабаванні да Расіі аб неўмяшанні ў справы зямель на захад ад мяжы 1772 г. У інтэрпрэтацыі д-ра Туронка разлік Іваноўскага і яго паплечнікаў пры гэтым быў на тое, што рэалізацыя гэтага патрабавання адновіць цэласнасць Беларусі і дазволіць у перспектыве паставіць пытанне аб раўнапраўнай польска-беларускай федэрацыі.
Аднак ваенныя падзеі лета — восені 1920 г. (выцясненне Чырвонай арміяй польскіх войскаў з Беларусі, а потым новае наступленне палякаў і заняцце імі толькі заходняй часткі краю) перакрэслілі такую перспектыву. Надзеі на ажыццяўленне федэралісцкай канцэпцыі (ва ўрэзаным выглядзе) некалькі ажывіліся пасля абвяшчэння генералам Л. Жалігоўскім т. зв. Сярэдняй Літвы, якая бачылася федэралістам у складзе трох нацыянальных кантонаў — Віленскага (польскага), Менскага (беларускага) і Ковенскага (літоўскага) — злучанай у перспектыве з Польшчай на прынцыпе федэрацыі. Не выключана, што менавіта падобныя надзеі прывялі В. Іваноўскага ў кастрычніку 1920 г. у склад урада Сярэдняй Літвы ў якасці дырэктара дэпартамента сацыяльнага забеспячэння. Аўтар кнігі дапускае, што В. Іваноўскі разлічваў перш за ўсё на далучэнне Меншчыны да Сярэдняй Літвы ў якасці аднага з запланаваных кантонаў. Аднак паводле польска-савецкіх пагадненняў у Рызе большая частка Меншчыны засталася на савецкім баку (а інспіраванае Пілсудскім выступленне генерала С. Булак-Балаховіча, закліканае скарэктаваць гэтыя пагадненні, закончылася няўдачай), і такім чынам „ідэя беларускага кантона была пахаваная» (с. 106). З іншага боку, упартае супраціўленне літоўскага войска не дазволіла генералу Жалігоўскаму далучыць да сваёй „камічнай дзяржавы» (106) і Ковенскую Літву. Федэратыўная праграма аказалася цалкам перакрэсленай, і В. Іваноўскі напрыканцы снежня 1920 г. падаў у адстаўку.
Баланс яго дзейнасці ў ваенныя гады ацэньваецца аўтарам кнігі як няўдалы. Нацыянальны патэнцыял беларусаў для стварэння самастойнай дзяржавы аказаўся занадта слабы, а надзеі на федэрацыю Беларусі з Расіяй ці з Польшчай былі развеяны падзелам беларускіх земляў паводле Рыжскага міру 1921 г. У выніку В. Іваноўскі ўпаў у „нацыянальную апатыю» і амаль на два дзесяцігоддзі адышоў практычна ад усіх грамадскіх спраў, якія мелі хоць нейкі выхад на палітыку.
Восенню 1922 г. ён пачаў працаваць у Варшаўскай політэхніцы як загадчык кафедры тэхналогіі ферментацыі харчовых прадуктаў. Зацікаўлены чытач знойдзе ў адпаведным раздзеле кнігі д-ра Туронка падрабязныя звесткі пра тэматыку навуковых даследаванняў прафесара В. Іваноўскага, характарыстыку яго як таленавітага і клапатлівага педагога, інфармацыю пра арганізатарскую дзейнасць на прафесійнай ніве, а таксама пра вядзенне ўласнай гаспадаркі. У асабістым жыцці, як сведчаць прыведзеныя ў кнізе факты, прафесар не адчуваў сябе шчаслівым: першы шлюб, узяты з Сабінай Ячыноўскай у 1905 г., распаўся ў гады Першай сусветнай вайны, але і новая сям’я, створаная ў 1920 г. з Лігіяй Федаровіч, таксама аказалася нетрывалай. Як сведчыць аўтар, сямейнікі яго не разумелі і з іроніяй ставіліся да яго беларускай самаідэнтыфікацыі і дзейнасці: маўляў, на самай справе Вацлаў — паляк, і толькі выдумляе, што ён беларус (117). Відавочна, такая сямейная атмасфера таксама не спрыяла грамадскаму энтузіязму і спрычынілася да палітычнай пасіўнасці Іваноўскага ў міжваенныя гады. Інакш кажучы, яго бяздзейнасць на беларускай грамадска-палітычнай ніве ў гэты час магла быць выклікана асабістымі і псіхалагічнымі прычынамі, а не толькі рацыянальнай ацэнкай ім сітуацыі як безнадзейнай для беларускай справы, на чым настойвае аўтар рэцэнзаванай кнігі.
Нечаканае „абуджэнне» В. Іваноўскага ад палітычнай апатыі адбылося з пачаткам Другой сусветнай вайны. Апошні перыяд яго жыцця і пошукі ім свайго месца ў новай сітуацыі — бадай, найбольш складаныя для разумення і не паддаюцца адназначным характарыстыкам. У верасні 1939 г. у разгар бітвы за Варшаву Вацлаў пакінуў сталіцу Польшчы і накіраваўся на ўсход — на Вільню (у адрозненне ад брата Юрыя, які з асноўным патокам польскай палітычнай эміграцыі выехаў у Заходнюю Еўропу). Як і многія папярэднія яго ўчынкі, гэты крок можна каментаваць па-рознаму. Д-р Туронак выбірае прычыну найбольш высакародную і адпаведную агульнай канцэпцыі даследавання. Аўтар прыводзіць аповед (атрыманы, між іншым, праз другія рукі) аднаго былога студэнта Іваноўскага, які ўвосень 1939 г. выпадкова сустрэў прафесара ў Вільні і на пытанне „Што вы тут робіце, прафесар?» пачуў адказ: „Чакаю выезду ў Менск, каб будаваць Беларусь, бо вы ж ведаеце, што я беларус. Хачу быць у цэнтры падзеяў» (127).
У Вільні В. Іваноўскі зблізіўся з вядомым беларускім палітыкам, мовазнаўцам і гісторыкам Янкам Станкевічам на глебе агульнай ацэнкі сітуацыі і прагнозу далейшай хады ваенна-стратэгічных падзей. Абодва дзеячы лічылі непазбежным напад гітлераўскай Нямеччыны на СССР, а значыць — акупацыю немцамі Беларусі. Аднак Нямеччына не зможа адолець Савецкі Саюз. Урэшце абедзве таталітарныя імперыі знясіляць адна адну, і арганізатарамі пасляваеннага ўладкавання ў Еўропе стануць заходнія саюзнікі. Паколькі іх зацікаўленасць у стварэнні беларускай дзяржавы стаяла пад пытаннем, вынесці беларускую праблему на міжнародную арэну было магчыма толькі ў пары з праблемай аднаўлення Польшчы. Для гэтага абодва дзеячы спадзяваліся праз супрацоўніцтва з польскім патрыятычным падполлем устанавіць кантакт з польскім эміграцыйным урадам і дамагчыся пагаднення з ім аб будучай федэрацыі Польшчы і Беларусі як дзвюх незалежных дзяржаў. Адной з умоваў згоды палякаў на такі саюз аб’ектыўна з’яўлялася дастатковая моц і ўплывовасць беларускага нацыяналізму. Для росту яго сілы і меркавалася выкарыстаць будучую акупацыю Беларусі немцамі і іх верагодны курс на расчляненне Савецкага Саюза па нацыянальных межах з утварэннем у тым ліку і падкантрольнай гітлераўцам беларускай адміністрацыйна-палітычнай адзінкі. (Некаторыя выказванні Гітлера ў 1940-1941 г., праўда, наўрад ці вядомыя беларускім дзеячам, маглі даваць падставу для такіх спадзяванняў.)
Кіруючыся такімі разлікамі, у лістападзе 1941 г. В. Іваноўскі пераехаў у акупаваны Менск і заняў пасаду намесніка бургамістра, а з чэрвеня 1942 г. — бургамістра. Афіцыйна ў кола яго абавязкаў уваходзіла вырашэнне гаспадарчых і побытавых праблем, задавальненне элементарных культурных патрэб насельніцтва. Паводле ўспамінаў Язэпа Найдзюка, які на працягу года жыў разам з Іваноўскім на адной кватэры, „яго найвялікшым імкненнем была арганізацыя якога-колечы жыцця ў горадзе, каб людзі не галадалі» (137). Пад кіраўніцтвам гарадской управы на чале з Іваноўскім у Менску працавалі 16 пачатковых школ, гарадскі тэатр, этнаграфічны музей. Менскі бургамістр здолеў наладзіць добры кантакт з генеральным камісарам Беларусі В. Кубэ, які дзеля ўмацавання акупацыйнага рэжыму і ў мэтах барацьбы з камуністычным падполлем і савецкім партызанскім рухам гатовы быў даволі далёка пайсці ў саступках беларускаму нацыяналізму. З яго санкцыі быў створаны шэраг беларускіх грамадскіх арганізацый, а таксама ўзначалены В. Іваноўскім Камітэт даверу як дарадчы орган пры генеральным камісары. Ю. Туронак лічыць, што актывізацыя беларускага нацыяналізму ў канчатковым выніку супярэчыла інтарэсам гітлераўскай вярхушкі, але ўмацоўвала нацыянальную самасвядомасць беларусаў.
Апошняя акалічнасць павінна была спрыяць рэалізацыі ідэі В. Іваноўскага і Я. Станкевіча аб польска-беларускім супрацоўніцтве. Аўтар кнігі сабраў і прааналізаваў унікальны матэрыял аб канспіратыўных кантактах Іваноўскага са структурамі польскай Арміі Краёвай (АК) і прадстаўнікамі лонданскага эміграцыйнага ўрада. Гэтыя кантакты падтрымліваліся як непасрэдна (ён уладкаваў на працу ў Менскай гарадской управе агентаў польскага падполля В. Будкевіча і Г. Ліпінскую; адначасова ва ўправе працаваў і будучы прэзідэнт Польскай Народнай Рэспублікі Б. Берут), так і праз створаную Я. Станкевічам канспіратыўную Партыю беларускіх нацыяналістаў (ПБН), якая ў студзені 1943 г. правяла ў Варшаве перамовы з прадстаўнікамі Галоўнага камандавання АК і дэлегатуры лонданскага ўрада. Аднак поспеху на перамовах дасягнуць не ўдалося. Каменем сутыкнення паміж беларусамі і палякамі стала тэрытарыяльнае пытанне: беларускія дэлегаты імкнуліся да захавання цэласнасці Беларусі ў этнічных межах, польскія ж прадстаўнікі ўпарта адстойвалі межы Польшчы паводле Рыжскага міру 1921 г. Такой была і афіцыйная пазіцыя эмігранцкага ўрада, выказаная прэзідэнтам Рачкевічам у навагоднім выступленні. Для В. Іваноўскага гэта азначала правал яго разлікаў на падтрымку Польшчай справы беларускай дзяржаўнасці.
Неўзабаве ўдар па гэтых разліках быў нанесены і з другога боку. У верасні 1943 г. менскія падпольшчыкі забілі генеральнага камісара Беларусі В. Кубэ, з якім, на думку Іваноўскага, мела сэнс супрацоўнічаць у інтарэсах беларускай справы. Пераемнік Кубэ — камандзір СС і паліцыі К. фон Готберг „глядзеў на беларускае пытанне як на выдумку салонных палітыкаў» (с. 157). Апрача таго, пасля смерці Кубэ ў Менск вярнуўся спрытны палітычны інтрыган Р. Астроўскі, які ў 1941 г. не змог увайсці ў давер да тагачаснага генеральнага камісара, але здолеў паразумецца з Готбергам і стаў прэтэндаваць на першае месца ў калабаранцкіх структурах. Але фармальна гэтае месца як старшыня Камітэта даверу займаў В. Іваноўскі. Каб пазбавіцца ад яго, агенты Астроўскага з ведама і згоды нямецкай паліцыі арганізавалі ўзброены замах, у выніку якога 7 снежня 1943 г. В. Іваноўскі памёр. Падставай для такой інтэрпрэтацыі служыць аўтару кнігі выступленне К. Готберга ў Берліне ў Міністэрстве акупаваных усходніх абшараў, дзе ён яшчэ за два тыдні да гэтай трагічнай падзеі паведаміў пра яе і падкрэсліў, што замах выканаюць самі беларусы.
Дык кім жа быў для гісторыі Беларусі Вацлаў Іваноўскі? На жаль, у кнізе д-ра Туронка адсутнічае падсумаванне, у якім аўтар сам сфармуляваў бы адказ на гэтае пытанне. Ва ўсякім разе, здаецца, што Іваноўскі „не цягне» на ролю постаці нумар адзін у беларускім руху, як гэта часам спрабуе сцвердзіць аўтар на старонках кнігі. Для лідэрскай ролі Іваноўскаму часта бракавала паслядоўнасці, палітычнай прадбачлівасці і актыўнасці. Больш за тое, як прызнае сам аўтар даследавання (праўда, не ў кнізе, а ў адным з інтэрвію), „Іваноўскі не быў палітыкам»[9]. Ён быў таленавітым вучоным, а таксама энергічным арганізатарам практычных спраў, сярод якіх найважнейшай лічыў пашырэнне беларускай асветы як сродку фармавання нацыянальнай самасвядомасці — адзінага трывалага фундамента будучай дзяржаўнай незалежнасці.
Мінск
Станіслаў Рудовіч
1 Туронак Ю. Мадэрная гісторыя Беларусі. Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006. — 877 с.
2 Донских С. В. Проблема национальной идентификации братьев Ивановских в контексте этнических процессов в Западной Беларуси на рубеже ХІХ— ХХ вв. // Этносоциальные и конфессиональные процессы в современном обществе. Гродно, 2000. С. 190-195.
3 Туронак Ю. Мадэрная гісторыя Беларусі. С. 258.
4 Луцкевіч А. Да гісторыі беларускага руху: Выбраныя творы. Мінск, 2003. С. 38.
5 Як ні парадаксальна, „Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» ў апошнім томе (Т. 6. Кн. 2. Мінск, 2003. С. 267) і цяпер паўтарае старую савецкую версію, не зважаючы нават на тое, што яна супярэчыць інфармацыі, пададзенай раней у гэтым жа выданні (Т. 3. С. 394, 466).
6 Гл.: Рудовіч С. Рух бежанцаў у гады Першай сусветнай вайны праз Беларусь: этнанацыянальныя аспекты //Актуальныя праблемы гісторыі Беларусі: стан, здабыткі і супярэчнасці, перспектывы развіцця. Ч. 2. Гродна, 2003. С. 136-138.
7 НА РБ, ф. 325, воп. 1, спр. 2, арк. 118.
8 Лазько Р. «Перагаворы» Антона Луцкевіча ў Маскве як міф беларускай гістарыяграфіі // Беларускі гістарычны часопіс. 2007. № 4. С. 9-14.
9 Туронак Ю. Мадэрная гісторыя Беларусі. С. 263.