Никандров, Нил. Иван Солоневич: народный монархист. Москва, 2007; Soloniewicz, Iwan. Rosja w lagrze. Warszawa, 2007 (Андрэй Ціхаміраў)
НИКАНДРОВ, НИЛ. Иван Солоневич: народный монархист. — Москва: Алгоритм, 2007. — 672 с.
SOŁONIEWICZ, IWAN. Rosja w łagrze / przekład z języka rosyjskiego STANISŁAW DĘBICKI, weryfikacja i uzupełnienie tłumaczenia, redakcja AGNIESZKA KNYT. — Warszawa: Ośrodek KARTA, 2007. — 526 s.
Цікавасць да „заходнерускай» праблематыкі сярод сучасных даследчыкаў гісторыі Беларусі XIX-XX ст. абмяжоўваецца ў асноўным агульнай характарыстыкай гэтай плыні[1] ці біяграфіямі асобных дзеячаў (дагэтуль можна прыгадаць толькі біяграфію Міхаіла Каяловіча аўтарства Валерыя Чарапіцы[2]).
Нягледзячы на тое, што першыя гады жыцця і прафесійнай актыўнасці Івана Саланевіча прайшлі на Беларусі, жыццё і творчая спадчына гэтага ідэолага расійскага неаманархізму ў кантэксце „заходнерускай» плыні практычна не даследуецца беларускімі аўтарамі. Ёсць толькі некалькі невялікіх артыкулаў у даведачных, энцыклапедычных выданнях[3], адным зборніку гістарычных эсэ[4], а таксама перавыдадзеная ў Мінску ў 1998 г. адна з галоўных прац Саланевіча „Народная монархия»[5]. На расійскі кніжны рынак імя Саланевіча вярнулася пасля 1991 г. і да сёння ягоныя кнігі застаю цца запатрабаванымі і даволі папулярнымі, асабліва ў манархічных і нацыяналістычных колах. Практычна ўсе яго значныя працы перавыдадзены ў Расіі, знайшлі сваіх даследчыкаў (як сярод прыхільнікаў ідэй, блізкіх Саланевічу[6], так і сярод больш крытычных філосафаў і сацыёлагаў[7]), а спадчына Саланевіча вяртаецца ў навуковы ўжытак.
У 2007 г. расійскі журналіст з Каракаса (Венесуэла) Ніл Нікандраў выдаў у Маскве першую падрабязную біяграфію Івана Саланевіча. На пачатку трэба зазначыць, што нельга лічыць працу Нікандрава навуковым выданнем у сціслым сэнсе. Яна больш набліжаецца да жанру белетрызаванай біяграфіі, напісанай на дакументальных сведчаннях. У кнізе ёсць спасылкі (але не заўсёды), аднак няма даведачнага апарату, а толькі невялікая бібліяграфія. Аўтар таксама шырока выкарыстоўваў рэсурсы Інтэрнэту, але практычна нельга знайсці дакладных адрасоў вэб-рэсурсаў, на якія ён спасылаецца. У даследаванні выкарыстаны друкаваныя працы Саланевіча, матэрыялы прыватнай карэспандэнцыі Н. Нікандрава з роднымі Саланевіча, а таксама матэрыялы, сабраныя ў розных архівах (НКУС, Сакратарыяце ЦК КПСС) Юрыем Маркавым (папка з гэтымі дакументамі апынулася ў Нікандрава, і ён іх даволі часта цытуе, аднак зразумела, вельмі цяжка казаць пра магчымасць верыфікацыі гэтых дадзеных іншымі даследчыкамі). Кніга напісана даступнай мовай, месцамі стыль нагадвае дэтэктыўны, але гэта можна зразумець, улічваючы ўсе абставіны жыцця Івана Саланевіча і ягоныя авантурныя і небяспечныя прыгоды. Аўтар вельмі сімпатызуе поглядам Саланевіча, дэкларуе патрэбу аб’ектыўнага даследавання ягонага лёсу (15), спрабуе разбурыць даволі распаўсюджаныя погляды пра Саланевіча (асабліва важны сюжэт пра адносіны галоўнага героя кнігі з нацыстамі і нямецкі перыяд жыцця). Пры ўсіх азначаных хібах кніга Нікандрава з’яўляецца важнай крыніцай інфармацыі пра Саланевіча, паказвае вельмі шмат маладаследаваных момантаў ягонай біяграфіі і займае значнае месца сярод прац па гісторыі „заходнерускай» думкі ў ХХ ст.
Адносіны Нікандрава да беларускага руху крытычныя, ён тут практычна салідарны з Саланевічам, але ўласна беларускі сюжэт раскрыты аўтарам недакладна і даволі слаба. Відавочна, што Нікандраў не меў магчымасці пазнаёміцца з даследаваннямі на беларускай мове на гэтую тэму (у сувязі з іх адсутнасцю), у ад ной спасылцы ён піша пра „нынешних ультра-патриотов в Беларуссии» (21), пры гэтым спасылаецца на бліжэй неакрэслены сайт у Сеціве.
Іван Саланевіч перш за ўсё вядомы на Захадзе як адзін з першых уцекачоў з сталінскага Савецкага Саюза, які выжыў у сістэме ГУЛАГу і напісаў аповесць „Россия в концлагере» (1935-1936 у газетным варыянце, 1936 г. — асобнай кніжкай па-руску) пра лагерны побыт і сутнасць камуністычнай сістэмы. Праца Саланевіча была адной з першых кніг, якія выйшлі на Захадзе на гэтую тэму (і была перакладзена на некалькі еўрапейскіх моў і на японскую), значна раней, чым больш вядомае сведчанне Аляксандра Салжаніцына. Тут варта прыгадаць таксама яшчэ аднаго беларуса — драматурга Францішка Аляхновіча, які выдаў сваё сведчанне „У кіпцюрох ГПУ» ў 1937 г. Паралелі з Аляхновічам выяўляюцца таксама ў кантэксце выразнага антыкамунізму Саланевіча, але калі казаць пра іншыя погляды гэтых аўтараў, то яны выразна разыходзяцца.
Біяграфія Саланевіча застаецца малавядомай і спрэчнай не толькі для шырокага кола гісторыкаў, але нават для даследчыкаў, якія займаюцца перш за ўсё ім. Спрэчкі пачынаюцца з пытання пра месца нараджэння. Шмат аўтараў проста кажа пра Гродзенскую губерню, іншыя згадваюць вёску Руднікі Пружанскага павета (цяпер Пружанскі раён)[8], Ніл Нікандраўлічыць, што месцам нараджэння публіцыста было мястэчка Цеханавец Гарадзенскай губерні (цяпер Падляскае ваяводства Польшчы) (19). Гэтае сведчанне лепш за ўсё пацверджана дакументальна, у прыватнасці архіўным дакументам — фармулярным спісам бацькі Івана — Лук’яна Міхайлавіча, які менавіта ў год нараджэння сына (1891) працаваў настаўнікам у Цеханаўцы[9]. Іншае сведчанне прыводзіць даследчыца з Пецярбурга Т. Ісмагулава, якая па матэрыялах студэнцкай справы І. Саланевіча з пецярбургскага архіва пацвяджае Цеханавец у якасці месца нараджэння[10]. Адзінай памылкай Ісмагулавай было тое, што яна пераблытала Цеханавец з Цеханавам, які знаходзіцца значна на поўнач ад Цеханаўца і быў да 1999 г. ваяводскім цэнтрам. Гэтая ж памылка перайшла і ў кнігу Нікандрава (19).
Першыя гады жыцця Івана Саланевіча апісаны ў кнізе ў асноўным на аўтабіяграфічных успамінах і часткова на публікацыях. Цікавым момантам, пра які амаль ніхто з беларускіх даследчыкаў не ўзгадваў, былі адносіны паміж бацькамі публіцыста, іх развод і „падвойнае жыццё» Лук’яна Саланевіча, які некалькі гадоў запар меў фактычна дзве сям’і (26). Гісторыя газеты „Белорусская жизнь» (з 1911 г. — „Северо-Западная жизнь») Лук’яна Саланевіча і ўдзел Саланевіча-малодшага ў яе рэдагаванні ўзгадваецца Нікандравым даволі коратка (23-33), практычна беларускі перыяд жыцця займае ў кнізе 13 старонак.
Наступны вялікі сюжэт—гэта біяграфія Саланевічаўчасы Першай сусветнай вайны, падзей 1917 г. і грамадзянскай вайны. Асабліва цікавым момантам была ягоная журналісцкая дзейнасць у „Новом времени»[11] і іншых выданнях Пецярбурга і асабістыя адносіны да падзей рэвалюцый 1917 г. Жыццё Саланевіча ў Кіеве і Адэсе, поўнае актыўнай дзейнасці на карысць „белых», арышт ужо ў савецкай Адэсе апісаны даволі падрабязна, але, як і ў большасці выпадкаў, на падставе ўласна ўспамінаў Саланевіча і яго жонкі. З 1921 да 1933 г. Саланевіч спрабаваў прыстасавацца да савецкай сістэмы, працуючы ў якасці журналіста і спартыўнага чыноўніка ў прафсаюзах у Адэсе і Маскве. Адначасова ён разам з сям’ёй і братам Барысам рыхтаваў уцёкі з Савецкага Саюза. Першая спроба скончылася няўдала, але група Саланевіча не была арыштаваная. Другая спроба скончылася арыштам і васьмігадовым тэрмінам зняволення ў лагеры ў 1933 г. У 1934 г. Саланевічы дзякуючы сваёй прафесійнай спартыўнай падрыхтоўцы збеглі з лагера Медгара ў Фінляндыю. Іх уцёкі зрабілі даволі вялікі рэзананс на Захадзе і ў самім НКУС (у савецкай прэсе, зразумела, праўцёкі нічога не пісалі).
Ніл Нікандраў значную частку сваёй працы прысвяціў лёсу Саланевіча на эміграцыі. Даволі падрабязна паказаны кантакты Саланевічаў з дзеячамі расійскай эміграцыі, канфлікты з імі, публікацыя „России в концлагере» і выданне газет у Балгарыі. Падрабязна аўтар спыняецца на асабістым жыцці публіцыста і асабліва на адносінах з расійскімі эміграцыйнымі коламі, напружаных і поўных канфліктаў. У 1938 г. у Сафіі на Саланевічаў быў арганізаваны замах, у якім загінулі ягоная жонка Тамара і сакратар Міхайлаў. Пасля замаху публіцыст вымушаны быў пераехаць у Нямеччыну.
Нямецкі перыяд жыцця Івана Саланевіча найбольш цяжкі для аналізу і багаты на супрацьлеглыя ацэнкі. З паловы 1930-х г. Саланевіч моцна наблізіўся да правых і фашысцкіх арганізацый расійскай эміграцыі, якія, аднак, не былі моцным рухам. Пад ягоным кіраўніцтвам быў створаны так званы „штабс-капітанскі рух», які ў філасофіі „народнага манархізму» павінен быў быць кіраўнічым слоем у новай Расіі, вольнай ад камунізму. Паступова ўзмацняліся сімпатыі Саланевіча да нацызму як да антыкамуністычнай сістэмы і да Нямеччыны. Адносіны да апошняй былі даволі супярэчлівымі: да 1941 г. Саланевіч меў магчымасць выступаць на розных мерапрыемствах, пісаць тэксты, рэдагаваць свае выданні, якія працягвалі існаваць у Балгарыі, адначасова ён адкрыта падтрымліваў Гітлера. Даволі хутка пазіцыя Саланевіча змянілася, перш за ўсё ў пытанні вайны з СССР. Канцэпцыя вядзення татальнай вайны і масавай экстэрмінацыі насельніцтва (а дадаткова падзелу акупаванай тэрыторыі) выклікала пратэст Саланевіча. Канчаткова публіцыста выдалілі з Берліна і пасялілі ў Памеранію ў мястэчка Тэмпельбург (сёння Чаплінэк у Польшчы) пад нагляд гестапа. Вельмі важным элементам біяграфіі філосафа з’яўляецца ягоная праца ў якасці дарадчыка фінскага ўрада пад час савецка-фінскай вайны ў 1939 г. і прапанова стаць міністрам прапаганды Беларусі ў 1941 г., якую яму зрабіў Фабіян Акінчыц (509-511). Саланевіч адказаў адмовай у даволі рэзкай форме: маўляў, ён лепш быў бы швейцарам у расійскага міністра прапаганды, чым беларускім міністрам (509). Практычна да 1945 г. Саланевіч з сям’ёй сына знаходзіўся ў Тэмпельбурзе. З набліжэннем фронту яны ўцяклі ў брытанскую зону акупацыі Нямеччыны і вельмі баяліся, што іх могуць выдаць савецкім уладам. Нікандраў даволі падрабязна піша пра нямецкі перыяд жыцця Саланевіча (для параўнання, пра гэта амаль нічога няма ў беларускіх гісторыкаў[12]) і спрабуе зразумець сітуацыю свайго героя ў той час і ягоныя магчымасці[13]. Сапраўды, Саланевіч уцёк з аднаго таталітарызму і трапіў (часткова з уласнай волі, часткова ў сувязі з абставінамі) у іншы. Ягоныя сімпатыі да фашысцкага руху на той час не былі нейкім выключэннем, нават можна сказаць, што ў пэўных колах і пэўных абставінах гэта была інтэлектуальная норма. Але даволі хутка ён расчараваўся ў фашызме і нацызме і пачаў набліжацца да больш ліберальных поглядаў. Саланевіча найбольш прыцягвала сіла, і пад канец Другой сусветнай вайны гэтую сілу ён убачыў у ЗША і ліберальным капіталізме, які падтрымліваў пазней у сваіх тэкстах у Паўднёвай Амерыцы. Аднак нельга адмаўляць факт супрацоўніцтва Саланевіча з нацыстамі і з фінскім урадам і спробы аб’яднаць расійскія прафашысцкія арганізацыі пад уласным кіраўніцтвам у 1938-1939 г. (якія скончыліся забаронай гэтай арганізацыі немцамі). Рабіць выгляд, што гэтага не было (як робяць некаторыя сучасныя адэпты „заходнерусізму») — проста недарэчна. Падрабязнае вывучэнне і аналіз дзейнасці філосафа ў нямецкі перыяд неабходныя, таксама і для беларускіх гісторыкаў. Вышэйзгаданы адказ Саланевіча Акінчыцу добра ілюструе адносіны аўтара „народнай манархіі» да беларускага руху, аднак ён прызнае сабе беларусам (зразумела, у „агульнарускім» кантэксце) і духоўным нашчадкам „заходнерусізму». Лёс Саланевіча пад час Другой сусветнай вайны вельмі цікавы і ў нечым нават паказальны, ён упісваецца ў даволі разнастайную палітру адносінаў чалавека да вайны як феномена.
У 1948 г. сям’я Саланевіча (у Тэмпельбурзе Іван Саланевіч пазнаёміўся з Рут Бэтнэр, якая стала ягонай другой жонкай) пераехала ў Буэнас-Айрэс у Аргенціне. Нягледзячы на шматлікія цяжкасці Іван Саланевіч у аргенцінскай сталіцы пачаў выдаваць сваю апошнюю газету „Наша страна» (якая існуе да сённяшняга дня і мае версію ў Сеціве). У 1950 г. урад Хуана Перона выслаў Саланевіча ўУругвай у сувязі з крытыкай дыктатуры (622). Саланевіч памёр у 1953 г. у Монтэвідэа пасля складанай аперацыі, перажыўшы на некалькі дзён Сталіна. Нікандраў даволі падрабязна спыняецца на жыцці свайго героя ў Паўднёвай Амерыцы, згадвае пра версіі смерці і абараняе тэзіс пра негвалтоўны яе характар (Саланевіч меў хваробу ўнутраных органаўу сувязі са злоўжываннем алкаголем).
У 1952 г. выйшла другая па значнасці праца Саланевіча, квінтэсенцыя ягонай філасофіі гісторыі Расіі і яе будучыні — „Народная монархия». Цікава, што менавіта гэтая праца была перавыдадзена ў 1998 г. у Беларусі, а не антыкамуністычная і антысталінская „Россия в концлагере», больш вядомая на Захадзе. Беларуссю Саланевіч цікавіўся даволі мала, можа, толькі ва ўспамінах пра дзяцінства і маладосць, для яго яна была толькі малой часткай вялікай Расіі, якой ён сябе прысвяціў[14]. У асобе Саланевіча паказальная эвалюцыя „заходнерусізму»: ад цікавасці да Беларусі і Ўкраіны да поўнага інтэлектуальнага растварэння ў ідэі „вялікай Расіі».
Варшаўскі цэнтр „Карта», вядомы як асяродак зберагання дакументаў штодзённага жыцця ХХ ст., выдавецтва і цэнтр папулярызацыі гісторыі ў грамадстве, у 2007 г. выдаў першы поўны польскі пераклад „России в концлагере». Першы польскі пераклад кнігі выйшаўяшчэ ў 1938 г. у Львове, але быў даволі недасканалы і скарочаны. Кніга 1938 г. была перавыдадзена польскімсамвыдатаму 1987 і 1988 г.,аўжоў1990 г. легальным шляхам у вольнай Польшчы. Значны пазітыўны момант новага выдання — наяўнасць спасылак і тлумачальнага апарату да тэксту Саланевіча і вялікага пасляслоўя з падрабязнай біяграфіяй аўтара. Аўтарка дадатковага перакладу, рэдакцыі і пасляслоўя — Агнешка Кныт. Нягледзячы на даволі вялікую колькасць выданняў кніжкі (чатыры цягам каля 50 гадоў), Саланевіч у Польшчы практычна невядомы, даследчыкі з „Карты» намагаюцца вярнуць ягонае сведчанне пра камунізм у польскія навуковыя і больш шырокія грамадскія колы, пры гэтым падкрэсліваючы, што ён нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Польшчы. У пасляслоўі таксама гаворыцца пра беларускія карані Саланевіча, даецца даволі падрабязная біяграфія аўтара „России в концлагере» і значэнне гэтай кнігі. Даследчыкі з „Карты» паказваюць Саланевіча перш за ўсё як сведку камунізму і нацызму, а не як ідэолага „народнага манархізму».
Біяграфія аўтарства Ніла Нікандрава, выдадзеная ў Маскве, і найноўшае варшаўскае выданне „России в концлагере» вяртаюць імя Саланевіча чытачу і даследчыку. Магчыма, яны стануць штуршком да даследавання ў Беларусі жыцця і дзейнасці Саланевіча, і не толькі сучаснымі прыхільнікамі „заходнерускай» ідэі.
Варшава
Андрэй Ціхаміраў
[1] Литвинский А., Карев Д. Западнорусизм в российской историографии второй половины XIX — начала ХХ веков // Стэфан Баторый у гістарычнай памяцінародаў Усходняй Еўропы. Гродна, 2004. С. 195-324; Карев Д. Белорусская и украинская историография конца XVIII — начала 20-х гг. XX в. в процессе генезиса и развития национального исторического сознания белорусов и украинцев.Вильнюс, 2007.
[2] Черепица В. Н. Михаил Осипович Коялович. История жизни и творчества. Гродно, 1998.
[3] Арлоў У. Імёны Свабоды. Б. м. в., 2007. С. 172-173; Чарапіца В. Саланевіч І. Л. / / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6. Кн. 1. Мінск, 2001. С. 210-211.
[4] Черепица В. Н. Преодоление времени. Исторические очерки и миниатюры. Минск, 1996. С. 37-73.
[5] Солоневич И. Л. Народная монархия. Минск, 1998.
[6] У Пецярбурзе адбываюцца канферэнцыі, прысвечаныя творчасці Івана Саланевіча (у 2008 г. адбылася ўжо шостая канферэнцыя), выдадзена некалькі зборнікаў артыкулаў, шмат матэрыялаў можна знайсці ў расійскім Інтэрнэце.
[7] Волкогонова О. Д. Образ России в философии Русского Зарубежья. Москва, 1998. С. 249-268; Болотоков В. Х., Кумыков А. М. Феномен наций и национально-психологические проблемы в социологии русского зарубежья. Москва, 1998. С. 172-184.
[8] Черепица В. Н. Преодоление времени. Исторические очерки и миниатюры.С. 219; Арлоў У. Імёны Свабоды. С. 173.
[9] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Гродне, ф. 2, воп. 37, спр. 1455, арк. 1.
[10] Исмагулова Т. Д. И. Л. Солоневич в Санкт-Петербурге (по материалам студенческого дела) // Иван Солоневич — идеолог Народной Монархии: МатериалыII научно-практ. конференции: СПб. 25 апреля 2004 года. СПб, 2005. С. 24-25, Інтэрнэт-версія: http://solonevich.narod.ru/ismagulova.html
[11] Гл.: Воронин И. П. Иван Солоневич — сотрудник „Нового времени» // Иван Солоневич — идеолог Народной Монархии. Материалы IV научно-практ. конференции, 9 апреля 2006 г. СПб, 2007. С. 8-19.
[12] В. Чарапіца нават піша, што ўжо на пачатку Другой сусветнай вайны сям’я Саланевічаў пераехала ў Аргенціну, гл.: Черепица В. Н. Преодоление времени. Исторические очерки и миниатюры. С. 54-55.
[13] Першапачаткова Н. Нікандраў апублікаваў асобны артыкул на гэтую тэму: Никандров Н. Иван Солоневич в годы нацистской ссылки // Иван Солоневич —идеолог Народной Монархии. Материалы IV научно-практ. конференции.С. 62-76.
[14] Паказальная наступная вытрымка з артыкула Саланевіча „О сепаратных виселицах» з „Нашей страны» (2 красавіка 1949 г.): „Я — стопроцентный белорус… Наших собственных белорусских самостийников я знаю как облупленных. Вся эта самостийность не есть ни убеждения, ни любовь к родному краю — это есть несколько особый комплекс неполноценности: довольно большие вожделения и весьма малая потенция: на рубль амбиции и на грош амуниции» (с. 604).