Карев, Дмитрий В. Белорусская и украинская историография конца ХVIII — начала 20-х гг. ХХ в. (Алесь Даніловіч)
КАРЕВ, ДМИТРИЙ ВЛАДИМИРОВИЧ. Белорусская и украинская историография конца ХVIII — начала 20-х гг. ХХ в. в процессе генезиса и развития национального исторического сознания белорусов и украинцев. Вильнюс: ЕГУ, 2007. — 312 с.
Аўтар рэцэнзаванай манаграфіі асабіста спрычыніўся да развіцця сучаснай беларускай гістарычнай навукі тым, што на працягу 90-х г. ХХ ст. арганізаваў шэраг канферэнцый, звязаных з праблемамі вывучэння гісторыі Беларусі і іншых краін Усходняй Еўропы, якія паўсталі на развалінах СССР, у першую чаргу земляў, што ўваходзілі калісьці ў Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітую. Тады Дзмітрыю Ўладзіміравічу ўдавалася перыядычна збіраць у Горадні актыўных і творчых даследчыкаўз Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, а таксама Венгрыі, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны ды іншых краін. У дыскусіях смела выказваліся думкі, нараджаліся новыя погляды на гісторыю ВКЛ, узнікалі новыя праекты. Матэрыялы гэтых сустрэч выдаваліся намаганнямі таго ж Дзмітрыя Карава ў зборніках пад характэрнай назвай „Наш радавод». Сёння па тых зборніках можна вывучаць працэс станаўлення новай беларускай гістарыяграфіі ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь і прасочваць творчую эвалюцыю большасці з удзельнікаў сучаснага гістарыяграфічнага працэсу. Таму і да новай працы Дз. Карава звяртаешся з пэўнымі спадзяваннямі на новае слова ў навуцы.
Кніга складаецца з чатырох раздзелаў і аб’ёмнага спіса выкарыстанай літаратуры. Першы раздзел прысвечаны гістарыяграфіі і крыніцам, а ў наступных выкладзены асноўны змест працы. У другім раздзеле „Ля вытокаў беларускай і ўкраінскай нацыянальных гістарыяграфій (ХVІІ — пачатак 30-х г. ХІХ ст.)» разглядаецца фармаванне гістарычнай навукі Вялікага Княства Літоўскага і Ўкраіны ў перыяд ранняга Новага часу (§ 1), а таксама пачаткі беларускага і ўкраінскага крыніцазнаўства (§ 2). У трэцім раздзеле „Гістарычная навука Беларусі і Ўкраіны і генезіс гістарычнай свядомасці беларусаў і ўкраінцаў у 30-я — пачатку 60-х г. ХІХ ст.» — палітыка расійскага царызму і фармаванне вобраза гістарычнага мінулага Беларусі і Ўкраіны ў расійскай гістарыяграфіі перадрэформеннага перыяду (§ 1), пасля чаго — Вільня, Харкаў і Кіеў як цэнтры гістарычных і архіўна-археаграфічных даследаванняў Беларусі і Ўкраіны 30 — пачатку 60-х г. ХІХ ст. (§ 2). Нарэшце, у чацвёртым раздзеле з самай доўгай назвай „Беларуская і ўкраінская гістарыяграфія ў перыяд паслярэформеннай мадэрнізацыі расійскай дзяржавы і фармаванне нацыянальнай гістарычнай свядомасці беларускай і ўкраінскай нацыянальных эліт (1860-1920-я г.)» аўтар даследуе заходнерусізм і яго прадстаўнікоў у беларускай і ўкраінскай гістарыяграфіі паслярэформеннага перыяду (§ 1), пасля чаго пераходзіць да разгляду фармавання ліберальнага і дэмакратычнага кірункаў у беларускай і ўкраінскай гістарыяграфіі 70-х г. ХІХ — пачатку ХХ ст. (§ 2).
Як бачым, у аснову пакладзены традыцыйны храналагічны (а не праблемны) падыход, што спрашчае ідэю манаграфіі, якую сам аўтар фармулюе наступным чынам: «…у рамках гэтай эпохі адбываецца карэнная эвалюцыя парадыгмаў. Гістарыяграфіі пераважна шляхецкія (па сваім сацыяльным профілі), „краёвыя» (па прадмеце даследавання) і „білінгвістычныя» (па тыпе гістарычнай свядомасці) у канцы ХVІІІ — пачатку ХІХ ст. да канца ХІХ — пачатку ХХ ст. становяцца гістарыяграфіямі нацыянальнымі…».
Аднак ужо ва ўступе нас чакаюць першыя расчараванні. За агульнымі словамі пра важнасць вывучэння гісторыі і пра задачы, якія аўтар ставіць перад сучаснай гістарыяграфіяй, ідзе спасылка на „вучэбны дапаможнік, які нядаўна (вылучана мной. — А. Д.) выйшаў», — „Историография Белоруссии: эпоха феодализма» (13). На самай справе гэтая кніга З. Капыскага і В. Чапко, выдадзеная ў 1986 г.(!), называецца „Историография БССР: эпоха феадализма». Беспадстаўнымі выглядаюць нараканні Дз. Карава, што аўтары гэтага выдання „не выделяют собственно белорусскую историографию ХVІІІ — начала ХХ вв. из общего историографического „русла» российской историографии того периода». Незразумелай падаецца і фраза „до сих пор не определена однозначно и доказательно национальная принадлежность ряда видных историков, занимавшихся историей Белоруссии в ХІХ — начале ХХ вв.» (14). Ці ж гэта важна для гісторыі гістарычнай навукі — „однозначно и доказательно» адказаць на пытанне, хто па нацыянальнасці быў, напрыклад, Яўхім Лялевель, калі сам Дзмітры Караў прыводзіць словы Лялевеля, што «его отец был сыном прусака и саксонки, а дед Шалюта был „русином», а может и москалем» (87). Як можна „однозначно и доказательно» назваць нацыянальнасць братоў Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў, калі агульнавядома, што арыстакратыя „русінскага» паходжання на працягу стагоддзяў паспяхова паланізавалася праз прыняцце каталіцтва і польскай мовы. Якраз адна з задач даследавання, якую павінен быў ставіць перад сабой аўтар, гэта, як нам бачыцца, — высвятленне ўнёску, зробленага ў развіццё гісторыі свайго краю тым ці іншым гісторыкам ХІХ-ХХ ст. незалежна ад яго этнічнага паходжання або веравызнання, але ў залежнасці ад яго самасвя до масці і пераканання ў важнасці вывучэння дадзенага прадмета — гісторыі сваёй зямлі. Ад аўтара манаграфіі мы менавіта і чакаем адказу, як маглі паўплываць на фармаванне нацыянальнай свядомасці беларусаў працы такіх розных гісторыкаў пачатку ХІХ ст., як І. Даніловіч, І. Ярашэвіч, І. Анацэвіч або Тэадор Нарбут. Блізкі ім па паходжанні сын уніяцкага святара Міхаіл Каяловіч выказваў зусім іншыя думкі, чым названыя вышэй прафесары Віленскага універсітэта, аднак і ён увайшоў у кагорту даследчыкаў беларускай гісторыі і гісторыі ВКЛ, хоць як прадстаўнік іншай „школы». Далей на гэтым падмурку ўзводзяцца „сцены» беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі — працы М. Доўнара-Запольскага, І. Лапы, Я. Карскага і інш. Ад сучаснага даследчыка патрабуецца аналіз прац гісторыкаў ХІХ-ХХ ст. з пункту гледжання ix гістарыясофіі, метадалогіі, праблематыкі і праўдзівасці прыведзеных фактаў. А тое, што Даніловіч, Ярашэвіч, Анацэвіч, Баброўскі або Каяловіч гісторыкі беларускія, зразумела і так.
Знаёмстваз першым параграфам першагараздзела„Вывучэнне беларускай і ўкраінскай гістарыяграфіі канца ХVІІІ — пачатку ХХ ст. у гістарычных працах айчынных даследчыкаў найноўшага часу» выклікае па меншай меры здзіўленне, бо прац айчынных даследчыкаў названага часу мы тут якраз і не знойдзем. Пачынаецца раздзел з пералічэння 35 прозвішчаў беларускіх, расійскіх, украінскіх гісторыкаў ХІХ — першай трэці ХХ ст. са спасылкай на 39 пазіцый у бібліяграфіі (уразнабой)! Падобная сістэма спасылак (адразу на цэлы спіс аўтараў, без вызначэння іх пазіцый, характарызуе ўсю манаграфію). Паколькі для працы, прысвечанай гісторыі гістарычнай навукі, навуковы аппарат асабліва важны, падыходзіць да яго трэба было больш адказна.
У спасылках, дарэчы, разабрацца няпроста, бо памылкова, пачынаючы з першага раздзела, у іх замест рымскай лічбы ІІ або ІІІ ідуць арабскія 11 або 111. Рымскімі лічбамі ў „Спісе выкарыстаных крыніц» пазначаны асобныя катэгорыі. Так, пад лічбай І змешчаны неапублікаваныя крыніцы з архіваў, рукапісных збораў, бібліятэк, музеяў Усходняй Еўропы (194 пазіцыі). Паколькі ў кнізе адсутнічае спіс скарачэнняў, нам даводзіцца толькі здагадвацца, што абазначае тая ці іншая абрэвіятура, тым больш што многія з іх не адпавядаюць сучаснаму стану рэчаў. Напрыклад, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Горадні названы тут „Белорусским государственным историческим архивом (БГИА г. Гродно)», тое ж датычыцца сховішчаў Расійскай Федэрацыі. Спасылкі ў асноўным даюцца толькі на фонд, без пазначэння вопісу і справы. Акрамя таго, цяжка ўявіць сабе якое-небудзь сучаснае даследаванне па гісторыі Беларусі і Ўкраіны без выкарыстання польскіх архіваў, але аўтар абышоўся без іх. Ухіл, калі не сказаць перакос, у бок расійскай гістарыяграфіі ў кнізе вельмі адчувальны. Пад лічбай ІІ аўтар згрупаваў апублікаваныя крыніцы Новага часу ХVІ — пачатку ХХ ст. (343 пазіцыі, плюс 29 польскамоўных, якія ў тэксце фігуруюць не асобна, а менавіта прыплюсаваныя да 343, пра што, вядома ж, цяжка здагадацца). Тут адсутнічае вялізная колькасць прынцыпова важных польскамоўных крыніц ХVІІІ-ХІХ ст. — працы М. Баброўскага, Сасноўскіх, Даніловіча і многіх іншых. У катэгорыю ІІІ уключаны апублікаваныя крыніцы найноўшага часу (1918-2005). Гэта 333 пазіцыі, з якіх самыя новыя — 1994 г. Аўтарэферат доктара гістарычных навук В. Казлякова, выдадзены ў 2002 г., не ратуе сітуацыі. Польскіх кніг, навейшых за 1981 г., няма зусім! Прычым самай папулярнай „крыніцай» ведаў з’яўляюцца чамусьці аўтарэфераты дысертацый (36 пазіцый), а самым папулярным аўтарам — сам Дз. Караў (24). Нарэшце, у ІV катэгорыі — апублікаваныя крыніцы па гісторыі ўкраінскай гістарыяграфіі новага і найноўшага часу (116 пазіцый). Тут трапляюцца кнігі ўжо і апошняга дзесяцігоддзя, але ў цэлым колькасна ўкраінскія кнігі саступаюць расійскім і беларускім. Спіс украінскіх кніг значна меншы параўнальна з увагай аўтара да ўкраінскай гістарыяграфіі. Яна „прычэплена» да расійскай і беларускай механічна, без усялякіх спробаў арганічна ўвесці яе ва ўсходнеславянскі дыскурс, параўнаць паміж сабой школы і напрамкі, знайсці агульнае і адрознае. Тым не менш, аўтар з піетэтам ставіцца да ўкраінскіх гісторыкаў, бо лічыць, што вызначыў: яны значна больш зрабілі, чым беларускія калегі, як у мінулым, так і цяпер (30).
Дзмітры Караў разглядае развіццё беларускай гістарыяграфіі савецкага перыяду ў цэлым у рэчышчы агульнапрынятай перыядызацыі (21). Разгляд „трудов отечественных исследователей новейшего времени» ён пачынае здалёк. Здагадваемся, што пад „найноўшым часам» ім разумеецца гістарычная эпоха з пачатку ХХ ст. Першыя два дзесяцігоддзі ХХ ст. ён характарызуе як „час стварэння нацыянальна афарбаваных канцэпцый мінулага Беларусі і першых спробаў перанесці іх у сферу масавай свядомасці» (19). Далей ідуць пяць „постулатов на историческое прошлое Белоруссии» (так у кнізе, с. 19. — А. Д.), якія невядома адкуль узяліся. Ніякай спасылкі тут няма, але, напэўна, „пастулаты» прыпісваюцца калектыву аўтараў (яны названыя перад гэтым — М. Доўнар-Запольскі, В. Ластоўскі, браты Луцкевічы, М. Багдановіч, В. Іваноўскі, Е. Канчар, В. Ігнатоўскі, А. Цвікевіч, „Наша Ніва» — відаць, „НН» разглядаецца як калектыўны аўтар, без названых перад гэтым асобаў). „Пастулаты» выклікаюць амбівалентнае стаўленне. Прывядзем ix цалкам: „1) тэзіс аб няспеласці класавых супярэчнасцяў у беларускай нацыі; 2) абсалютызацыя самабытнасці сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця Беларусі; 3) ідэалізацыя яе гістарычнага мінулага ў эпоху феадалізму; 4) перабольшванне заслугаў Беларускай сацыялістычнай грамады, эсераў у рэвалюцыйным руху краю; 5) гіпертрафаваная ацэнка рэвалюцыйнасці беларускага сялянства, самастойнасці ролі інтэлігенцыі і інш.» (19).
20-я гады ХХ ст. чамусьці ў манаграфіі названыя „оттепелью» (19), пасля якой надышла «катехизация сталинской разновидности марксистской методологии истории и превращение историков в услужливых дьячков при „новой церкви»», што прывяло да „резкой профессиональной деградации исторической науки, следы которой ощутимы и в наше время» (22). Пра генацыд гістарычнай навукі, або хаця б прыблізны мартыралог — ні слова! Савецкая эпоха ў гістарыяграфіі характарызуецца аўтарам на дзвюх старонках у фельетонным стылі без называння прац і прозвішчаў. Затое падрабязна разбіраецца важная, на думку Дз. Карава, праца пачатку 90-х г. ХХ ст. „100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі», якая „поражает полетом фантазии и восхищающим сердце невежеством в вопросах этнологии, гносеологии и теории исторического познания». Дзе ж быў аўтар у 1993 г., чаму не распачаў тады навуковую дыскусію на старонках саліднага выдання, скажам, „Нашага радаводу»? На шчасце, беларуская гістарычная навука перарасла сваю „дзіцячую хваробу» і станоўча развіваецца далей, здольная да самарэфлексіі і „дарослых» дыскусій на старонках сучасных часопісаў, а вось прафесар Дз. Караў чамусьці застаўся ў тым часе, так і не дайшоўшы да гэтай найноўшай беларускай гістарычнай літаратуры.
Аўтар ва ўсіх раздзелах працы не здраджвае сваёй неахайнай манеры спасылак, таму нават там, дзе на першы погляд з іх нумарацыяй усё добра, застаецца падазрэнне, што пададзены недакладныя старонкі. Часта так і ёсць на самай справе! Калі працы Пічэты Дз. Караў разглядае даволі грунтоўна, то кнігу А. Цвікевіча „Западно-руссизм» характарызуе ад ным словам — „глыбокая» (24), хаця відавочна, што яна павінна была паслужыць падставовой крыніцай даследавання. Далей, у параграфе „Заходнерусізм і яго прадстаўнікі ў беларускай і ўкраінскай гістарыяграфіі паслярэформеннага перыяду», насуперак спадзяванням, аб працы А. Цвікевіча таксама ні слова. Такім чынам, застаецца таямніцай стаўленне прафесара Карава да гэтай фундаментальнай і вызначальнай для беларускай гістарыяграфіі кнігі і пазіцый яе аўтара. Таксама не дачакаемся мы і аналізу поглядаў і прац Вацлава Ластоўскага або Ўсевалада Ігнатоўскага, затое належная ўвага аддаецца працам акадэміка В. К. Шчарбакова. З „найноўшых» прац беларускіх даследчыкаў названы „манаграфічныя даследаванні Л. В. Аляксеева, М. М. Улашчыка, В. А. Чамярыцкага, В. К. Бандарчыка, М. Ф. Піліпенкі, Г. А. Каханоўскага». Светлай памяці выдатны маскоўскі археолаг і гісторык Л. В. Аляксееў палічыў бы за гонар апынуцца ў таварыстве выбраных беларускіх гісторыкаў, філолагаў і этнографаў. Пашчасціла таксама быць адзначанымі П. Церашковічу і А. Смаленчуку (29). Больш у Беларусі гісторыкаў быццам і няма…
Ацэньваючы беларускую гістарыяграфію, Дз. Караў піша: „Это явный признак слабости историографической рефлексии как по отношению к созданному белорусскими историками ХІХ-ХХ вв. творческому наследию, так и по отношению к проблеме его влияния на формирование национального исторического сознания белорусов. По сравнению с белорусской историографией украинская… держит эту проблему в фокусе своего внимания уже с конца ХІХ в.» (с. 29-30).
Нарэшце аўтар успамінае пра другую важную складовую частку манаграфіі, а менавіта пра ўкраінскую гістарыяграфію. Яе дасягненні значна прасцей „аналізаваць»: ёсць найноўшыя працы рэцэнзента разгляданай манаграфіі прафесара Чаркаскага універсітэта В. Масненкі, працы В. Вашчанкі, С. Вадатыкі, Д. Дарашэнкі, Л. Зашкільняка, Я. Калакура, І. Калесніка і інш. Ды й з Міхайлам Грушэўскім украінцам пашчасціла. Аднак і тут Дз. Караў цэлыя перыяды развіцця ўкраінскай гістарыяграфіі „пакідае за кадрам»: „У 30-50-я гг. ХХ ст. даследаванні падобнага роду на тэрыторыі УССР былі практычна згорнуты ў сувязі з эпохай сталінскіх рэпрэсій…» (31). На чатырох старонках, пакінутых для ўсёй украінскай гістарыяграфіі, аўтар не можа нават назваць усіх украінскіх даследчыкаў…
Дзмітрый Караў не робіць ніякіх намаганняў параўнаць украінскую і беларускую гістарыяграфію, аднак канстатуе: „…сравнивая уровень осмысления и исследования проблемы влияния исторической науки на формирование национального исторического сознания в белорусской и украинской историографии, нельзя не отметить, что историческая наука Украины опережает своих белорусских коллег по интенсивности и глубине ее освоения как минимум на порядок». І далей: «Современная белорусская историография в возвращении своего историографического наследия стоит пока „у подножья горы»» (33). Гэты папрок у першую чаргу, думаю, аўтар можа адрасаваць самому сабе!
У параграфе, прысвечаным крыніцам па гісторыі беларускай і ўкраінскай гістарыяграфіі ХVІІІ — пачатку ХХ ст., Дз. Караў цалкам засяроджваецца на тэарэтычных разважаннях па праблемах крыніцазнаўства, піша пра „неабходнасць распрацоўкі тыпалогіі гістарыяграфічных крыніц» і прапануе „пяць асноўных відаў крыніц» (35). Думаю, ніхто з гэтым спрачацца не будзе. Як і з прапановай «стварэння серыі публікацый пад агульнай назвай „Беларусіка. Помнікі гістарычнай думкі»», або „публікацыі зводнага каталогу дакументальнай (архіўнай) спадчыны гісторыкаўВКЛ,Украіны і Беларусі XVIII-XX ст.», «стварэння біябібліяграфічнага даследавання „Гісторыкі ВКЛ, Украіны і Беларусі ХVІІІ — пачатку ХХ ст.»» і г.д. (52). Але ні слова не гаворыцца пра ўжо створаныя „Энцыклапедыю гісторыі Беларусі», „Энцыклапедыю Вялікага Княства Літоўскага», выданні „Метрыкі ВКЛ» і альманаха „Metriciana», пра шматтамовае гістарычна-этналагічнае выданне „Беларусы», пра серыі „Беларускі кнігазбор», „Нашы славутыя землякі» і інш.
У раздзеле „Ля вытокаў беларускай і ўкраінскай нацыянальных гістарыяграфій (ХVІІ — пачатак 30-х г. ХІХ ст.)» здзіўленне выклікае празмернае „заглыбленне» ў вытокі, якое выходзіць далёка за храналагічныя рамкі даследавання: тут вядзецца гаворка пра „фармаванне гістарычнай навукі ВКЛ» з пачатку ХVІ ст.! Нейкага лагічнага тлумачэння такому падыходу няма, паколькі ўхарактарыстыку перыяду ХVІ-ХVІІ ст. аўтар манаграфіі нічога новага не ўносіць. Калі не лічыць, вядома, яго „ўласнага» погляду на сістэму езуіцкай адукацыі ў ХVІІ ст., выкладзенага цалкам у духу рэакцыйнай расійскай гістарыяграфіі ХІХ-ХХ ст. (55-59). Вышэй ацэньвае аўтар піярскую сістэму адукацыі (напэўна таму, што яна была больш свецкай), хаця канкрэтна не гаворыць пра такія асяродкі, як, напрыклад, Шчучынская школа, або пра дзейнасць Станіслава Канарскага ў грамадска-палітычнай сферы.
Для надання большай „прадметнасці» размове аўтар манаграфіі звяртаецца да біяграфій выдатных гісторыкаў ХVІІ-ХVІІІ ст. — А. Віюк-Каяловіча, М. Догеля, А. Нарушэвіча ды інш. Аднак кароткія біяграмы гэтых даследчыкаў без глыбокага аналізу творчасці, архіўных і бібліятэчных збораў, дзе іх працы знаходзяцца, нам нічога не даюць. Што ўяўляюць з сябе„Тэкі Нарушэвіча» з Бібліятэкі Чартарыйскіх у Кракаве або выданні М. Догеля, архівы Радзівілаў і іншых магнатаў? Дзе яны знаходзяцца? Абсалютна недастаткова сказана пра Метрыку ВКЛ, няма спасылак на самыя важныя працы па гісторыі вывучэння Метрыкі. На прыкладзе ўзрастання цікавасці да яе можна паказаць эвалюцыю беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі. Механічны пералік адвольных аўтараў і некаторых іх прац нам нічога не гаворыць!
Вядома, што на фоне такіх скупых звестак пра крыніцы нашай гісторыі бурлівая дзейнасць на Ўкраіне выглядае больш плённай. Але ці ёсць неабходнасць супрацьпастаўляць Беларусь і Ўкраіну ў ХVІІ–ХVІІІст.? Браты Зізаніі, Пётр Магіла, Мялеці Сматрыцкі, Інакенці Гізель і іншыя працавалі на ўсю так званую Русь. Тагачасныя гісторыкі перапрацоўвалі творы Стрыйкоўскага, Бельскіх, Гвагніна, на падставе якіх пісалі Хранографы, Сінопсісы, „Густынскі летапіс», „Хроніку Сафановіча» і г. д. „Рускія землі» Рэчы Паспалітай былі ў той час адзінай культурнай прасторай. Аўтар у сваёй кнізе не дае падставаў для вось такіх высноваў: «Таким образом мы видим, что к концу ХVІІІ в. украинская историография, в отличие от белорусской, на „старте» процессов нациогенеза имела ряд существенных преимуществ, которые позволили ей решать проблему формирования национального и исторического „проекта» в ХІХ в. с гораздо более солидной политической и идеологической оснащенностью (сохранение этноориентированной православной элиты из среды казачьей старшины; наличие сохранившейся сети конфессиональных учебных заведений — кузницы кадров украинской образованной политической элиты XVII—XVIII вв.; традиция автономного политического существования в рамках российского государства (Гетманщина); сохранение в качестве основного транслятора украинской культурной традиции — украинского литературного языка и др.)». Кожнае з гэтых палажэнняў не вытрымлівае крытыкі. „Традиция автономного политического существования в рамках российского государства» была зусім не больш прагрэсіўнай і спрыяльнай для ўкраінскага народа, чым традыцыя аўтаномнага палітычнага існавання ў рамках Рэчы Паспалітай беларускага этнасу. Рызыкую сцвярджаць, што Вялікае Княства Літоўскаеўадпаведную эпоху ўспрымалася этнічна беларускай часткай „палітычнага народа» як свая дзяржава. Перадавыя прадстаўнікі ўкраінскага этнасу ў Расійскай імперыі мусілі даказваць сваю асобнасць. У гэтым плане, безумоўна, барацьба за нацыянальна-культурную аўтаномію спрыяла інтэлектуальнаму развіццю эліты. У той час як беларускія па паходжанні польскамоўныя гісторыкі Адам Нарушэвіч ці Юльян Нямцэвіч поўнасцю паланізаваліся, іншыя нашы гісторыкі, неаднаразова ўзгаданыя вышэй прафесары Віленскага універсітэта, а таксама Тэадор Нарбут, адыходзілі ад кансерватыўнай традыцыі школы Нарушэвіча і паступова пераходзілі на пазіцыі ліцвінскія. Калі ўкраінская нацыянальная гістарыяграфія паўставала ва ўмовах супрацьстаяння з расійскай, то беларуская ў ХІХ ст. кансалідавалася з польскай у сваім змаганні з расійскім панаваннем, а потым павінна была рабіць дадатковыя намаганні, каб адасобіцца ад Польшчы. Гэтыя і іншыя даследчыя кірункі, на жаль, абсалютна не разглядаюцца ў манаграфіі Дз. Карава.
Недастаткова разгледжаны працэс ідэалагічнага абгрунтавання падзелаў Рэчы Паспалітай з боку Аўстріі, Прусіі і Расіі. Дзейнасць захопнікаў была „асвечаная» самім Вальтэрам, які на старонках „Французскай Энцыклапедыі» змясціў гістарычную даведку Герцберга і павіншаваў Фрыдрыха ІІ з падзеламі. Асветніцкімі ідэямі прыкрывалася таксама і Кацярына ІІ. Менавіта ёй „абавязана» Ўкраіна большай цікавасцю да сваёй гісторыі з боку расійскіх даследчыкаў украінскага паходжання (Д. М. Бантыш-Каменскі і інш.), бо гэта былі землі Кіеўскай Русі, адсюль пачыналася імперская ідэалогія. Беларусь у гэтым сэнсе была правінцыяй.
Важным перыядам у фармаванні нацыянальных гістарыяграфій як Беларусі, так і Ўкраіны з’яўляўся пачатак ХІХ ст., калі закладаліся іх падставы. Таму асаблівую цікавасць выклікаюць тыя раздзелы манаграфіі Дз. Карава, якія прысвечаны ўказанаму перыяду. Аўтар адзначае: „Сложность исторических условий, определявших развитие края в это время, отразилась и на замедленности темпов формирования этнического самосознания белорусов и украинцев, а через него и на замедленности процесса вызревания собственно белорусской и украинской историографии со своими предметно очерченными объектами исследований — истории Белоруссии и Украины» (79). Такім чынам, Караў канстатуе запаволенасць у развіцці самасвядомасці і нацыянальнай гістарыяграфіі і бачыць прычыну гэтага ў складаных гістарычных умовах. Але, нягледзячы на складаныя гістарычныя ўмовы, беларуская гістарыяграфія ўсё ж развівалася. Варта б гаварыць не пра запаволенасць працэсаў, а пра з’яўленне і развіццё даследаванняў гісторыкаў беларускага паходжання з Віленскага універсітэта (І. Даніловіча, І. Анацэвіча, М. Баброўскага, І. Ярашэвіча і інш.). У гэты ж час працаваў Уладзіслаў Сыракомля, якога нельга лічыць толькі „вясковым лірнікам». Дзейнасць гэтых гісторыкаў падаецца, аднак, ледзь не ў тым жа самым святле, што і дзейнасць М. Румянцава, які, па словах Дзмітрыя Ўладзіміравіча, «в своем родовом имении (вылучана мной. — А. Д.) в Гомеле развернул с помощью белорусских членов своей „ученой дружины» энергичные поиски древних славянских рукописей и предметов „западно-русской» старины» (98). Як Гомель ніколі не быў радавым маёнткам Румянцавых, так і нарабаваныя ім каштоўнасці, што быццам бы выкарыстоўваліся дзеля фармавання беларускай нацыянальнай свядомасці, былі вырваныя з нашага культурнага кантэксту.
Здзіўляе таксама трактоўка Дз. Каравым дзейнасці Івана Грыгаровіча: «благодаря его подвижническому труду были открыты глаза на Белоруссию у видных представителей политической элиты России… Лишь очень немногие из них, как граф Н. П. Румянцев, имели в это время ясное представление о белорусском прошлом и активно собирали драгоценные рукописные и книжные раритеты Белоруссии в церковных, государственных и частных архивах Полоцка, Витебска, Мстиславля и Минщины, через своих ученых „корреспондентов»» (100). Але з самага пачатку дзейнасць „видных представителей политической элиты России» ў галіне беларускай культуры мела адназначна каланіяльны характар. Трэба канчаткова пазбаўляцца ілюзій на гэты конт.
Тое, што аўтар манаграфіі разглядае ўсю мінуўшчыну Беларусі праз прызму расійскай гісторыі, пацвярджае і яго характарыстыка Полацкай езуіцкай калегіі (потым Акадэміі) як „центра католического обскурантизма в Белоруссии» (102). Нарэшце, ужыванне ў тэксце манаграфіі замест назвы Беларусь тэрміна Белоруссия таксама пэўным чынам характарызуе метадалагічныя пазіцыі аўтара.
Падсумоўваючы, трэба прызнаць, што багатая па сваім змесце і тэматыцы манаграфія Дзмітрыя Карава мае шэраг вельмі істотных хібаў. Першы з іх — гэта прывязанасць да старых савецкіх падыходаў у разглядзе гістарыяграфіі мінулых эпох. Другі — недапушчальная ў гістарыяграфічнай працы неахайнасць у спасылках на папярэднікаў, якая мяжуе са знявагай. І ўрэшце павярхоўнасць у аглядзе даробку гісторыкаў, ігнараванне найноўшай літаратуры.
Відавочна, гісторыя гістарыяграфіі ў тым выглядзе, як прынята было ёю займацца ў савецкія часы, даўно аджыла сваё. Кожны гісторык, які займаецца той ці іншай „прыкладной» тэмай, лепей ведае гісторыю свайго пытання, чым так званы гісторык гістарыяграфіі. На Захадзе даўно займаюцца гісторыяй ідэй. Нашы гістарыяграфічныя агляды „галопом по Европам» павярхоўныя настолькі, што і найлепшыя з іх нямала пакідаюць „за бортам». Яны нічога не даюць даследчыкам і вельмі мала — студэнтам.
Вільня
Алесь Даніловіч