Репрессивная политика советской власти в Беларуси. Сост. И. Кузнецов, Я. Басин. Т. 1-3 (Минск, 2007) (Вольга Білевіч, Міхась Стралец)
Репрессивная политика советской власти в Беларуси: сб. науч. работ / Сост. И. КУЗНЕЦОВ, Я. БАСИН; науч. ред. В. П. АНДРЕЕВ. Вып. 1. Минск, 2007. 376 с.; Вып. 2. Минск, 2007. 377 с.; Вып. 3. Минск, 2007. 373 с.
Выйшлі з друку тры выпускі зборніка прац беларускіх і замежных аўтараў, прысвечанага гісторыі станаўлення сталінскага таталітарызму ў Беларусі і яго наступствам у пасляваенны перыяд. Зборнікі асвятляюць шырокі спектр праблем і падзей XX ст. ва ўсёй іх складанасці і супярэчлівасці. У прапанаваных увазе чытачоў артыкулах выразна прасочваецца навуковая навізна, што стала магчымым дзякуючы фармуляванню прынцыпова новых падыходаў на аснове прыцягнення велізарнага масіву крыніц, якія раней не ўводзіліся ў навуковы зварот. Аўтары гэтай рэцэнзіі абмежаваныя загадзя зададзеным аб’ёмам і таму будуць канцэнтраваць сваю ўвагу толькі на найбольш значных працах.
Галоўнае праблемнае поле ў артыкуле Ігара Кузняцова — урокі, якія варта здабыць з палітычных рэпрэсій XX ст. Ён згаджаецца з меркаваннем даследчыкаў пра падабенства нацызму і камунізму, асабліва ў метадах дзейнасці (вып. 1, с. 27). Аўтар сцвярджае, што „вывучэнне злачынстваў сталінізму і камунізму ідзе з велізарным спазненнем у параўнанні з вывучэннем нацысцкіх злачынстваў» (тамсама, с. 29).
На думку Рыгора Пракаповіча, „у 20-я гады XX ст. Беларусь становіцца плацдармам для экспарту рэвалюцыі на Захад.
Для падтрымкі рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, Латвіі, Літве і Чэхаславакіі СНК БССР аказваў фінансавую дапамогу… СНК БССР на закрытым пасяджэнні 5 мая 1926 года выдаткаваў 25 тысяч рублёў на 1926 год, на 1927 год прадугледжвалася выдзяленне ўжо 30 тысяч рублёў» (вып. 1, с. 35). Аўтар раскрывае «структурныя блокі, з якіх складаўся канкрэтна-гістарычны змест ідэалагічных пастулатаў, — гэта „выхавальнікі», „выхаванцы», „ворагі», „апекуны народнага дабрабыту», „правадыр», „вобраз новага чалавека»» (вып. 1, с. 36). Ён дае характарыстыку кожнамуз сацыяльных блокаўтаталітарнай ідэалогіі (тамсама, с. 36-37). Даследчык вінаваціць „КПСС і яе філіял у Беларусі (КПБ(б), КПБ):
— у знішчэнні больш як 1,5 млн беларусаў па прыкмеце іх маёмаснага становішча і антыкамуністычных перакананняў,у рэпрэсіях супраць іншых палітычных партый;
— у ліквідацыі больш як паловы святароў рымска-каталіцкай, праваслаўнай і іншых канфесій;
— у рэпрэсіях і знішчэнні да 90 % інтэлектуальнага патэнцыялу нацыі;
-увыцясненнібеларускаймовыіпрымусовымнавязванні рускай мовы;
— у стварэнні рэпрэсіўнай структуры, якая ў маштабахусёй Беларусі шырока ўжывала жорсткія здзекі і гэтымнаносіла нацыі непапраўную маральную шкоду» (вып. 1,с. 56-57).
Аляксандр Грыцанаў даследуе бальшавізм і фашызм, вылучае характэрныя рысы кожнага з вышэйназваных рухаў. Супастаўляючы бальшавізм і фашызм, вучоны знаходзіць агульныя рысы і адрозненні паміж імі (тамсама, с. 59-77).
Аляксандр Лейзераў на падставе вывучэння матэрыялаў Цэнтральнага архіва Рэспублікі Беларусь вызначае, што „партапарат быў непасрэдным арганізатарам масавых рэпрэсій, а ДПУ і яго пераемнікі былі ўсяго толькі выканаўцамі яго злачыннай волі». На думку даследчыка, „не існавала ніводнай сферы дзейнасці рэпрэсіўных органаў, якой не крануліся б указанні апарату» (тамсама, с. 78).
Эмануіл Іофе абгрунтавана лічыць, што „асаблівай праблемай для кіруючай эліты была неабходнасць пазбавіцца ад непажаданых сведак — супрацоўнікаў карных органаў, якія рабілі найбольш брудную працу. Пасля прыходу да ўлады ў чэкісцкіх органах Берыі ў лістападзе 1938 г. на працягу 1939 г. было звольнена з органаў дзяржбяспекі 73 725 чалавек (кожны пяты аператыўны супрацоўнік)» (тамсама, с. 87-88). Другім надзвычайным чыннікам, які прадвызначыў знішчэнне чэкісцкай эліты, была барацьба кланаў унутры самой партыі.
Гісторыя жыцця і смерці кіраўнікоў карных органаў у перыяд масавых рэпрэсій у СССР — такіх, як Я. Агранаў, М. Яжоў, Р. Рапапорт, С. Рэдэнс, Л. Ляплеўскі, прафесійная дзейнасць якіх была так ці інакш звязана з нашай рэспублікай, — з’яўляецца, на думку даследчыка, пераканаўчай ілюстрацыяй аналізаванага аспекта палітыкі ВКП(б). Усе вышэйзгаданыя палітычныя дзеячы былі адданымі праваднікамі волі сталінскага рэжыму, якія слепа выконвалі яго ўказанні. Аднак сістэма не пашкадавала і гэтых катаў, пазбавілася ад іх як ад непатрэбных сведак (тамсама, с. 89-120).
На думку Таццяны Процькі, „барацьба з сацыяльна шкоднымі элементамі вялася спецслужбамі з першых дзён усталявання савецкай улады… З другой паловы 1930-х гадоў любыя дзеянні як радавых супрацоўнікоў, так і службовых асоб, калі яны прыводзілі да зрыву ці невыканання планаў па выяўленні гэтых элементаў, разглядаліся як палітычнае процідзеянне існуючаму ў СССР рэжыму на карысць буржуазных дзяржаў, пераважна Нямеччыны, Польшчы, Японіі» (вып. 1, с. 122-123).
„Для абгрунтавання масавых рэпрэсій была абрана мадэль існавання ў БССР нелегальнай антысавецкай арганізацыі, добра арганізаванай і разгалінаванай… Антысавецкае падполле, паводле версіі следчых НКУС, уяўляла сабой аб’яднанне членаў не выкрытых раней контррэвалюцыйных арганізацый, якія выступалі супраць савецкай улады. Распрацоўваў і выкрываў падполле 4-ы аддзел УДБ НКУС БССР» (вып. 1, с. 122-123).
У артыкуле прыведзены статыстычныя дадзеныя аб рэпрэсаваных у розных наркаматах БССР, паказаны сацыяльны склад рэпрэсаваных (тамсама, с. 124-151).
Аляксандр Урублеўскі ахарактарызаваў усе дэкрэты савецкай улады, датычныя царквы, а таксама законы, якія пазбаўлялі царкву права ўдзелу ў вырашэнні пытанняў духоўнага жыцця грамадства. У артыкуле прыведзены факты, якія характарызавалі стаўленне савецкай улады да царквы: забарона здзяйснення рэлігійных абрадаў хрышчэння і шлюбу, рэквізіцыя царкоўных каштоўнасцяў (тамсама, с. 153-173).
Валянцін Мазец паказвае, як у канцы 1920 — пачатку 1930-х г. адбывалася ўсталяванне асноўных прынцыпаў ідэалагічнай работы, якія адпавядалі логіцы таталітарнай сістэмы. У 1930-я г., на думку аўтара, галоўнай ідэалагічнай задачай, якая стаяла перад перыядычным друкам, з’яўлялася барацьба супраць беларускага нацыянальнага руху.
У 1937-1939 г. перыядычныя выданні становяцца сродкам абгрунтавання масавых рэпрэсій, якія разгарнуліся ў краіне. У 1920-1930-я г. адбываецца наладжванне сістэматычнага ўсебаковага кантролю за сродкамі масавай інфармацыі. Аўтар характарызуе развіццё сродкаў масавай інфармацыі ў савецкі перыяд (да канца 80-х г. XX ст.), паказвае іх залежнасць ад дзяржаўнага апарату (тамсама, с. 174-195).
Артур Ліўшыц прасочвае развіццё беларускага заканадаўства, накіраванага супраць антысемітызму, расавай і нацыянальнай варожасці і дыскрымінацыі.
Вядома, што „савецкая ўлада абвясціла антысеміцкі рух і пагромы згубай для справы рэвалюцыі і заклікала „працоўны народ сацыялістычнай Расіі ўсімі сродкамі змагацца з гэтым злом». Менавіта так і было выкладзена ў Дэкрэце Саўнаркома РСФСР ад 27 ліпеня 1918 г. Гэтым законам быў створаны гістарычны прэцэдэнт, калі закон быў прыняты не супраць расавай ці нацыянальнай дыскрымінацыі, а ў абарону асоб адной пэўнай нацыі. Ужо гэтым улада прызнала за яўрэямі іх спецыфічны шлях нацыянальнага развіцця…
Аднак пазней, за ўсе наступныя гады, аж да цяперашняга часу, ні ў Крымінальным кодэксе, ні ў якім іншым заканадаўстве СССР і БССР ніякіх адмысловых артыкулаў пра пераслед за антысемітызм не было» (вып. 1, с. 197-198). Аўтар прыводзіць прыклады, якія пацвярджаюць той факт, што беларускі ўрад на практыцы нічога не зрабіў для спынення антысемітызму ў рэспубліцы.
Нона Васілеўская прааналізавала стаўленне савецкай улады да інтэлігенцыі ў перыяд з 20-х па 30-я г. ХХ ст. Яна паказвае, як зараджалася рэпрэсіўная палітыка ў дачыненні да інтэлектуальных пластоў грамадства ў 1920-я г., як яна развівалася ў 1930-я г., асабліва ў 1937-1938 г. На думку аўтаркі, „у сваім стаўленні да інтэлігенцыі савецкая ўлада, з аднаго боку, падкрэслівала неабходнасць прыцягнення ўсіх яе прафесійных атрадаў да ўдзелу ў будаўніцтве новага жыцця, з другога — ужывала рэпрэсіўныя меры да тых, хто не згаджаўся з яе палітыкай, меў свае погляды…» Аўтарка прыходзіць да высновы, што „масавы тэрор ва ўсіх сферах жыцця прывёў да згортвання нацыянальна-культурнага будаўніцтва, навуковых даследаванняў, вытворчых распрацовак» (вып. 1, с. 205, 217).
Якаў Басін аналізуе стаўленне кіруючай кампартыі да беларускага яўрэйства: „У першыя гады савецкай улады выпарыліся надзеі яўрэяў на здабыццё ўласнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі…
У1919 г. пачалося наступленне на сiянiсцкiя арганiзацыi, большасць з iх былi распушчаны…
Iнструментам барацьбы з бундаўцамi i сiянicтамi ўлады зрабiлi Яўсекцыю [яўрэйскую секцыю РКП(б). — В. Б., М. С]. Асноўным вынiкам гэтага стала перадача вырашэння праблемы яўрэйства з рук урада ў рукi партыйных органаў… Асноўнай формай дзейнасцi Яўсекцыі стала барацьба за лiквiдацыю яўрэйскiх суполак». Ёю вяліся „агiтацыя за закрыццё сiнагог, дыскрэдытацыя служак культу, прапаганда адмовы ад яўрэйскага ўкладу жыцця. Аднак праз некалькi год высветлiлася, што камунiстычная iдэалогiя ў яўрэйскiя масы не пранiкае, i тады Яўсекцыя была скасавана…»
На думку аўтара, „галоўным злачынствам кампартыi перад яўрэйскiм насельнiцтвам быў ускосны ўдзел у яго генацыдзе ў перыяд гiтлераўскай акупацыi» (вып. 1, с. 220, 221, 222-223, 229).
Iгар Кузняцоў звартаецца да дзейнасцi карных органаў на Беларусi ў 1944-1953 г. Ён адзначае, што „рэпрэсіі пасляваенных гадоў адрозніваліся ад масавых рэпрэсій 1937-1938 г.
У сярэдзiне 30-х г. уся карная палiтыка была накiравана на барацьбу з неiснуючым у краiне антысавецкiм падполлем: рэшткамi зрынутых буржуазных класаў, былымi палiтычнымi партыямi i арганiзацыямi…
Найбольш масавым вiдам савецкiх рэпрэсiй пасляваеннага перыяду стала iнтэрнаванне. Iнтэрнаванне зведалі большасць савецкiх грамадзян, затрыманых у 1944-1945 г. органамi контрразведкi „СМЕРШ» Наркамата абароны СССР… ів канцы вайны ў задачы „СМЕРШа» ўвайшла праверка шматмiльённай „армii» савецкiх грамадзян, якiя вярталiся з палону. Шмат хто з двух мiльёнаў савецкiх грамадзян змянiў гiтлераўскiя канцлагеры на савецкiя.
У 1942-1943 г. былi арганiзаваны першыя праверачна-фiльтрацыйныя лагеры, куды „СМЕРШ» накіроўваў усiх без выключэння савецкiх ваеннаслужачых, якiя ўцяклі з палону, або вызваленых Чырвонай Армiяй. Многiх прысудзiлi да смяротнага пакарання за здраду Радзiме… Праверачна-фiльтрацыйныя лагеры былi закрыты ў 1947 г <…>. Паводле звестак афiцэра „СМЕРШа», якi ўцёк на Захад i меў доступ да дакументаў гэтай арганiзацыi, усяго з раней акупаваных раёнаў у 1943-1947 г. былi рэпатрыяваны каля пяці з паловай мiльёнаў рускiх» (вып. 1, с. 238, 241, 243, 244).
Сяргей Хомiч прасачыў працэс амнiставання i рэабiлiтацыi ў Беларускай ССР (сакавiк 1953 — люты 1956 г.). Ён адзначае, што „праблема рэпрэсiй i далейшая рэабiлiтацыя ўсё часцей станавiліся важным фактарам у палiтычнай барацьбе памiж рознымi групоўкамi ўнутры партыйнай элiты краiны.
Вядома, што перагляд спраў па контррэвалюцыйных злачынствах адбываўся ў адпаведнасцi з пастановай Прэзiдыума ЦК КПСС «Аб стварэннi Цэнтральнай камiсii i мясцовых камiсiй па пераглядзе спраўасуджаныхза„контррэвалюцыйныя злачынствы»». Агульныя высновы аб дзейнасцi мясцовых камiсiй аўтар зрабiў на аснове справаздачы Гродзенскай абласной камiсii: больш чым у палове выпадкаў Гродзенская абласная камiciя пакiнула без змен папярэдняе рашэнне суда. Можна меркаваць, што i ў iншых камiciях, якiя працавалi на Беларусi, сiтуацыя была даволi падобнай. Так, па стане на 1 красавiка 1955 г. у БССР было разгледжана 19 136 спраў. Адмоўлена ў пераглядзе ў 10 410 выпадках. Скасаваны рашэннi, спынены справы толькi ў дачыненнi да 265 спраў.
Такiм чынам, у адзначаны перыяд (сакавiк 1953 — люты 1956 г.) у большасцi выпадкаў мела месца амнiстыя ў дачыненнi да рэпрэсаваных, а не iх рэабiлiтацыя» (вып. 1, с. 255, 258, 259).
Леанiд Смiлавiцкi на прыкладзе Васiля Лявонцьевiча Штыхава, бацькi знакамiтага беларускага гiсторыка Георгiя Васiлевiча Штыхава, паказаў механiзм сталiнскiх рэпрэсiй супраць уласнага народа. Васiль Лявонцьевiч быў лаяльны да савецкай улады, нёс вялiкую грамадскую нагрузку — быў старшынёй сельсавета, членам райземаддзела. Аднак, нягледзячы на гэта, у 1933 г. ён быў арыштаваны. Яму было прад’яўлена абвiнавачанне ў спробе ўзброенага скідання дзяржаўнага ладу, і Васіль Лявонцьевіч атрымаў 5 гадоў высылкі ў Заходні Казахстан. Потым у 1937 г. ён быў асуджаны па 1-й частцы 58-га артыкула на 10 гадоў лагераў за „антысавецкую агітацыю» і знік у сталінскіх засценках. Толькі ў пачатку 90-х г. XX ст. Георгій Васілевіч Штыхаў змог азнаёміцца са справай бацькі — наскрозь фальшывай і сфабрыкаванай (тамсама, с. 269-287).
Міхась Трэйстэр апісвае, як яго і групу яўрэяў, што чыталі літаратуру, выдадзеную ў Ізраілі і не правераную савецкімі праваахоўнымі органамі, у 1968 г. выклікалі на допыт у КДБ. Гутарка ў КДБ негатыўна адбілася на яго прафесійнай кар’еры. Ён быў паніжаны ў пасадзе, а затым сышоў з яе па „ўласным жаданні». М. Трэйстэр знайшоў працу — яму дапамаглі прыстойныя людзі, якія дамагліся скасавання ўсіх забарон на дзейнасць М. Трэйстэра, і ён змог рэалізаваць сябе як спецыяліст у галіне энергетыкі (тамсама, с. 311-324).
Якаў Басін паспрабаваў даць непрадузятую ацэнку кнігі Л. Д. Троцкага „Сталінская школа фальсіфікацый». На яго думку, „гэтая кніга застаецца не толькі першым, але адным з самых сур’ёзных даследаванняў таго перыяду ў жыцці савецкага грамадства, калі ў гістарычнай навуцы быў здзейснены пераварот і праўда саступіла месца палітычнай кан’юнктуры… Ва ўсёй дзяржаве з архіваў былі цэнтралізавана канфіскаваны і перададзены ў архіў ЦК усе матэрыялы, якія мелі хоць якое-небудзь дачыненне да гісторыі партыі… Пачалася цалкам бессаромная фальсіфікацыя нядаўняй мінуўшчыны. Сталі з’яўляцца працы, у якіх (пры наяўнасці жывых сведкаў) без усялякага сораму скажаўся сэнс мінулых падзей, іх храналогія; паўстала і пачала культывавацца тэорыя „двух правадыроў»… Для разумення сапраўднага характару тых працэсаў, якія пазбавілі гістарычную навуку сэнсу, ператварылі яе ў дагодлівую прыслужніцу палітычнай кан’юнктуры „на злобу дня», кніга Л. Д. Троцкага і сёння носіць вельмі надзённы характар» (вып. 1, с. 327,328,330).
Прадмет даследавання Ігара Кузняцова — рэпрэсіі на Беларусі ў 1920-1940-х г. Ён акцэнтуе ўвагу на такіх момантах.
Па-першае, аўтар піша пра тое, як у першыя гады Савецкай улады ствараліся аб’екты будучага ГУЛАГа. Так, „у дэкрэце СНК ад 14 сакавіка 1919 г. „Аб працоўных дысцыплінарных судах» для парушальнікаў працоўнай дысцыпліны і асоб, якія не выканалі нормаў выпрацоўкі, прадугледжвалася пакаранне да 6 месяцаў зняволення ў лагеры прымусовых работ» (вып. 2, с. 8). Як сцвярджае І. Кузняцоў, „гэта быў вынік палітыкі чырвонага тэрору. Першыя беларусы апынуліся ў сібірскіх лагерах яшчэ на пачатку 1920-х г.». Другі момант — кампанія раскулачвання 1930-х г., якая мела свае прыярытэты — канфіскацыйна-рэпрэсіўныя. Аўтар адзначае, што „ў 1931 г. тэмпы і маштабы раскулачвання ўжо не ўвязваліся з калектывізацыяй і ў значнай меры вызначаліся заяўкамі гаспадарчых органаў» (тамсама, с. 9). Рэпрэсіўныя акцыі, піша далей аўтар, працягваліся і пасля завяршэння ўласна калектывізацыі. Меркавалася перасяляць за зрыў і сабатаж збожжанарыхтовак і іншых кампаній. Паводле ацэначных дадзеных, «у Беларусі ў 1920-х — 1940-х гадах было „раскулачана» не менш як 350 тыс. чалавек» (тамсама, с. 15). Трэці момант, на якім засяроджвае ўвагу І. Кузняцоў, гэта арышт у 1930-я г. польскіх палітэмігрантаў — былых ваеннапалонных, членаў польскіх камуністычных партый і іншых (тамсама, с. 20). Нарэшце, апошняе: на падставе аналізу ўсёй інфармацыі аўтар прыходзіць да высновы, што „праз НКУС СССР у 1930-я — 1940-я гады прайшло не менш як 600 тысяч выхадцаў Беларусі. У той жа час у перыяд 1953-1989 г. На тэрыторыі рэспублікі было рэабілітавана каля 180 тысяч чалавек, што склала 35 % ад тых, хто паводле афіцыйнай статыстыкі прайшоў праз ГУЛАГ» (тамсама, с. 29).
Абагульняючы, трэба адзначыць, што рэцэнзаванае выданне ўяўляе сабой сур’ёзны ўклад у даследаванне таталiтарызму, рэцыдывы якога, на жаль, яшчэ моцна адчуваюцца на значнай частцы постсавецкай прасторы.
Брэст
Вольга Білевіч, Міхась Стралец