Генадзь Сагановіч. “Новае” старое пра бітву пад Грунвальдам
Калі я паглядзеў далей, дык толькі таму, што стаю на плячах гігантаў.
Ісак Ньютан
* Гагуа, Руслан Б. Грюнвальд в источниках: „Хроника конфликта Владислава, короля Польши, с крестоносцами в год Христов 1410″. Пинск: ПолесГУ, 2009. — 208 с.
Займацца бітвай пад Грунвальдам (Дуброўнай) гісторыку цяпер няпроста — яе бібліяграфія налічвае тысячы пазіцый[1], і каб пісаць нешта сваё, трэба, ясная рэч, вызначаць стаўленне да напісанага папярэднікамі. У гэтай сувязі выхад кнігі Руслана Гагуа, прысвечанай адной з асноўных крыніц даследавання славутай бітвы, можна было б лічыць падзеяй, асабліва ўлічваючы тое, што яна аказалася першай манаграфіяй у сціплым спісе беларускага грунвальдазнаўства. Шырокай аўдыторыі аматараў гісторыі яна пэўна і ўяўляецца гэтакім піянерскім дасягненнем айчыннага гісторыяпісання, пагатоў у анатацыі шматабяцальна абвяшчаецца: „Комплекснае даследаванне хронікі дазволіла аўтару па-новаму інтэрпрэтаваць розныя аспекты славутай бітвы». А вось гісторыкаў такое дэклараванне комплекснасці і асабліва навізны інтэрпрэтацый павінна хутчэй насцярожыць, чым абнадзеіць. Хоць бы таму, што „Хроніка канфлікту» (далей — ХК) у большай ці меншай ступені трапляла ў фокус увагі большасці даследчыкаў, якія спецыяльна займаліся „Вялікай вайной» 1409-1411 г. і яе галоўнай бітвай, а таксама таму, што актуальнай застаецца праца Свэна Экдаля[2] — этапная ў крыніцазнаўстве бітвы пад Грунвальдам, у якой грунтоўна разгледжана і ХК. Дык ці не занадта смела заяўлена? Каб разабрацца, трэба чытаць, чым мне і давялося заняцца.
Асноўны тэкст манаграфіі складаюць чатыры раздзелы (у аўтара — „главы») і заключэнне, пасля якога змешчаны транскрыпцыя, пераклад і факсіміле самой хронікі, затым яшчэ дадатак з тэкстамі лістоў Ягайлы, трактатаў Энэа Сільвіа Пікаламіні і іх кампіляцыямі, што завяршаецца спісам крыніц, літаратуры і рэзюмэ.
Ва ўводзінах, як належыць, гаворыцца пра актуальнасць тэмы даследавання, але… тутчытачачакае першая няўвязка. Пачаўшы з канстатацыі сімвалічнага значэння бітвы 1410 г. для Беларусі, аўтар прысвяціў уводзіны агляду беларускай гістарыяграфіі Грунвальда (хоць, нагадаю, дэкларавана, што ў манаграфіі даследуецца ХК). На жаль, гістарыяграфічны агляд зроблены досыць павярхоўна, па незразумелых прынцыпах адбору публікацый і пры няяснасці самой зыходнай пазіцыі аўтара. Заўважаецца зашмат недакладнасцяў, пачынаючы ад заўвагі наконт самой назвы бітвы, бо ў беларускай літаратуры яна вядомая не толькі як Грунвальдская (5), але і як бітва пад Дуброўнай. У агляд уключаны публікацыі A. Краўцэвіча, А. Грыцкевіча, С. Асіноўскага, С. Цярохіна, B. Чаропкі, адзін артыкул аўтара гэтых радкоў і, натуральнаж, найбольш публікацый (пераважна тэзіснага характару)самога аўтара манаграфіі, і толькі са спасылкай на іх канстатуецца існаванне розных поглядаў на некаторыя аспектыбітвы, што само па сабе расцэньваецца як сведчанне нездавальняючага становішча.
У апісанні падыходаў беларускіх гісторыкаў да асвятлення бітвы лёгка заўважаецца падабенства тэксту Р. Гагуа з маім гістарыяграфічным аглядам тэмы, апублікаваным у 2002 г.[3], — той жа пералік аўтараў, акцэнтаванне пераважна тых жа памылак, тыя ж заўвагі, але — без спасылкі на згаданую публікацыю. Што ж, для пачатку будзем лічыць гэта проста некарэктнасцю. Далей, павярхоўна ахарактарызаваўшы публікацыі шасці гісторыкаў, Р. Гагуа робіць глабальны вывад і піша пра ўсю беларускую гістарыяграфію, сцвярджаючы, што ў ёй бітва 1410 г. „разглядаецца выключна з нацыянальных пазіцый і прадстаўляецца як апагей усенароднай барацьбы за захаванне свайго этнасу, культуры і рэлігіі…» (10, 196). Не толькі беспадстаўнае, але і проста нетактоўнае сцвярджэнне.
Не могуць не выклікаць здзіўлення палажэнні, выказаныя ў канцы ўводзінаў. Напрыклад, што нават „прафесійным гісторыкам» застаецца невядомай „большасць крыніц» па гісторыі бітвы (10-11), і што для выпраўлення такой сітуацыі „ўяўляецца вельмі важным ажыццяўленне перакладу, публікацыі і аналізу корпуса крыніц», таму, маўляў, „рашэнне гэтай задачы» аўтар пачынае „кнігай, прысвечанай адной з найважнейшых прымарных наратыўных крыніц для рэканструкцыі падзей бітвы» (12).
Такім чынам, кніга ўсё ж прысвечана ХК. Але як задача, так і шлях яе вырашэння, мякка кажучы, надуманыя, бо, па-першае, няварта так заніжана ацэньваць дасведчанасць сваіх калег, па-другое, прафесійным гісторыкам, да якіх апелюе аўтар, трэба імкнуцца працаваць з крыніцамі ў іх аўтэнтычнай мове. Калі ўсё ж можа быць толькі пераклад, то акадэмічны, не аматарскі. А кандыцыйны пераклад сярэднявечных тэкстаў на сучасную мову сам па сабе з’яўляецца складанай навуковай задачай, рашэнне якой вымагае не толькі ведання адпаведных моў. Здаецца, аўтар не да канца здаваў сабе справу, чаго вымагаюць, як выконваюцца і што даюць навуцы пераклады крыніц тыпу ХК, аднак пра гэта далей.
Знаёмства з першым параграфам першага раздзела („Крыніцы»), які займае толькі паўтары старонкі (13-14), зацікаўленаму чытачу дасць не шмат. Фактычна, гэта пералік фактаў археаграфічнай публікацыі ХК, завершаны паведамленнем аўтара пра свой пераклад помніка на беларускую мову (2005), і ў заключэнне такога „аналізу» крыніц прыведзены паштовыя адрасы Курніцкай бібліятэкі, у якой захоўваецца рукапіс (14),—для чаго, застаецца загадкай. Між тым, калі ў параграфе разглядаюцца крыніцы даследавання ХК, то чаму не апісаны рукапіс? Ды і пералічаным выданням варта было даць навуковую характарыстыку. Бо тое, напрыклад, што першая публікацыя ХК (1866) ажыццяўлялася на падставе „копіі з копіі», немалаважны для даследчыка факт. У прадмове да курніцкага выдання ХК і ў адпаведным параграфе згаданай кнігі С. Экдаля інфармацыі больш, і яна дакладнейшая, чым у рэцэнзаванай кнізе.
Разгляд гістарыяграфіі даследавання ХК (15-21) яшчэ больш пацвердзіў маё насцярожлівае ўспрыманне дэклараванай напачатку навізны. Дазволіўшы сабе адразу ж заявіць, што „практычна ўсе» даследчыкі хронікі (да яго? — Г. С.) грунтаваліся ў сваіх вывадах „больш на ўласных прыхільнасцях…, чым на аб’ектыўным аналізе крыніцы» (15), Р. Гагуа пайшоў несумленным шляхам — фактычна перапісаў гістарыяграфію прадмета з кнігі С. Экдаля[4], не падаўшы спасылак. Пра гэта сведчыць цалкам ідэнтычны па паслядоўнасці разгляду, па аўтарах і па аргументацыі крытыкі пералік публікацый, нават тыя ж старонкі ў спасылках, пры гэтым для развянчання аўтарытэту С. М. Кучыньскага акуратна спісаны абзац з кнігі Экдаля (Die Schlacht bei Tannenberg, s. 145, у Гагуа — с. 18). Наогул, свайго тут Р. Гагуа дадаў няшмат, хіба што па-іншаму прадставіў пазіцыю А. Барбашова ды для ілюстравання эвалюцыі поглядаў С. М. Кучыньскага (адзначанай тым жа С. Экдалем) выкарыстаў найноўшае выданне яго „Вялікай вайны».
Самой этапнай кнізе С. Экдаля, якую аўтар так не па-джэнтльменску выкарыстаў, у параграфе адведзена пару абзацаў — як адной з агульнага шэрагу публікацый, так бы мовіць, у храналагічнай паслядоўнасці. Даследчыцкая пазіцыя С. Экдаля зведзена тут да некалькіх момантаў: 1) што ён крытыкаваў пазіцыю А. Прахаскі і сумняваўся ў існаванні больш разгорнутага варыянта хронікі, 2) што ўслед за некаторымі папярэднікамі палічыў аўтарам хронікі Мікалая Тромбу і адносіў яе з’яўленне да канца 1410 — пачатку 1411 г., 3) што характарызаваў ХК як польскае прапагандысцкае пасланне і спрабаваў вызначыць яго магчымую аўдыторыю (19). Адзначанага, аднак, недастаткова: на справе шведскі вучоны падаў у сваёй манаграфіі першую ў сучаснай гістарыяграфіі (пасля А. Прахаскі) поўную крыніцазнаўчую ацэнку ХК, многія палажэнні якой аказаліся некарэктна перанесенымі ў рэцэнзаваную кнігу.
У завяршэнне Экдалю прыпісваецца нейкі „нявызначаны вывад» пра ХК: маўляў, ён і прызнае яе найважнейшай крыніцай, і піша, што яна «пэўным чынам „скоўвае» даследчыка ў яго пошуках» (20). Гэта недарэчнасць, абумоўленая або няўвагай да слоў, або недастатковым веданнем мовы (што, зрэшты, пацвярджаецца і іншымі прыкладамі), бо ў цытаваным сказе даследчык называе гэтую хроніку „не толькі адной з найважнейшых, але і разам з тым найбольш захапляльнай крыніцай»[5] па гісторыі бітвы.
Агляд сучаснай польскай гістарыяграфіі прадмета абмежаваны дзвюма аб’ёмнымі цытатамі з прац А. Надольскага і М. Біскупа, на падставе якіх гаворыцца пра „адзіны на сённяшні момант у польскай гістарыяграфіі пункт гледжання» наХК, пасля чаго аўтар выдае прысуд: цягам стагоддзя вывучэнне гэтай крыніцы „насіла фармальны характар», „ніхто з польскіх, роўна як і з нямецкіх даследчыкаў, не ажыццявіў вычарпальнага аналізу дадзенай крыніцы…”, а ў заходняй ненямецкай гістарыяграфіі ўяўленне аб крыніцы па гісторыі бітвы „наогул носіць павярхоўны характар» (21) (у доказ апошняга, дарэчы, прыводзіцца адзіная пазіцыя — папулярная, не навуковая ў сціслым сэнсе кніжачка C. Стэнбула). Пасля такіх высноў застаецца чакаць аднаго, — што толькі Р. Гагуа прадэманструе чытачу вычарпальны аналіз ХК, які дасць фору ўсім фармальным падыходам папярэднікаў.
Галоўная частка працы, уласна абяцаны аналіз названай крыніцы, пачынаецца раздзелам „Знешні аналіз», у які ўключаны два параграфы — „Апісанне манускрыпта» (22-24) і «Час і месца стварэння хронікі. Пытанне аб існаванні „шырэйшага» варыянта рукапісу» (25-38). Зноў не можа ўспрымацца нармальным тое, што ў апісанні крыніцы не ўказваецца ніхто з ранейшых даследчыкаў, — фігуруе толькі рукапіс, яго курніцкае выданне і сам Р. Гагуа, які выступае спецыялістам і ў вадзяных знаках ХVІ ст., і ў гатычных шрыфтах! Але пры ўважлівым знаёмстве з параграфам нескладана выявіць, што ўся інфармацыя пра памеры рукапісу, паперу, вадзяны знак, характар почырку, датаванне асноўнага тэксту і пазнейшых дапісак, словам — усё апісанне помніка ўзята з каталога рукапісаў Курніцкай бібліятэкі[6], які аўтар чамусьці не пажадаў указаць як крыніцу. Праўда, нават спісаць не атрымалася ўважліва, бо ў апісанні спецыялістаў адзначана, што слова „Brzesczye» нанесена на рукапіс пазнейшым почыркам[7], таму няма падстаў звязваць з ім магчымае месца стварэння хронікі (23), пагатоў разважаць пра Берасце як варыянт такога месца.
Разгляд пытання пра месца і час напісання ХК пачынаецца крытыкай версіі аб яе стварэнні пасля Канстанцкага сабору, хоць згаданая версія даўно адхілена, і найбольш пераканаўча гэта зроблена С. Экдалем[8]. Для гэтага аўтар параўноўвае частку ХК з фрагментам польскіх скаргаў супраць Ордэна, выстаўленых на саборы 13.02.1416 г., і кажа, што яны „па форме зусім не ўзгадняюцца» (25), а потым — з фрагментам ліста Ягайлы за 11.11.1410 г. да Генрыха фон Розенберга, у якім не знаходзіць „ніякіх падрабязнасцяў» пра бітву (27-28). Чаму без усялякіх увядзенняў у праблему параўноўваюцца гэтыя фрагменты названых помнікаў? Наколькі можна здагадвацца — бо менавіта такое параўнане трох гэтых тэкстаў прыведзена ў працы С. Экдаля. Але шведскі гісторык, прасочваючы развіццё і сутнасць польскай паслягрунвальдскай прапаганды, галоўныя рысы якой вызначыліся да канца 1410 г., паказваў акурат іх падабенства — уплыў ХК і лістоў Ягайлы на пазнейшыя польскія скаргі супраць Ордэна[9]. Што ж, хоць аўтар і спасылаецца часам на С. Экдаля, спрэс выкарыстоўваючы вынікі яго назіранняў, высновы піша свае і выстаўляе славутага даследчыка нейкім прастачком у параўнанні з сабой10.
Пасля такога „аналізу», у якім уласна мне не ўдалося прасачыць логікі, прапануюцца „цалкам адназначныя» высновы, і першая з іх — што ХК „не насіла ярка выражанага прапагандысцкага характару» (29). Выбачайце, але менавіта так яе характарызаваў і С. Экдаль — з той розніцай, што ў яго гэта паказана аргументавана і лагічна[11]. Далей Р. Гагуа піша, што паколькі апісанне падзей завяршаецца восенню 1410 г., а Торуньскі мір 1411 г. у ХК не згадваецца, то на гэтай падставе час стварэння помніка трэба адносіць да перыяду паміж лістападам 1410 — студзенем 1411 г. (29-30). Раней даследчыкі, у тым ліку раскрытыкаваны нашым аўтарам С. М. Кучыньскі, а таксама С. Экдаль, адносілі яе напісанне проста да канца 1410 — пачатку 1411 г., а вось Р. Гагуа вызначае час з дакладнасцю да месяцаў. Можа, выкарыстаў нешта новае? Ды не, і спасылка на згаданае ўХК адпадзенне прускіх зямель ад польскага караля не дае падстаў звязваць пачатак гэтага перыяду з лістападам[12].
Падобным чынам і пры вызначэнні аўтарства хронікі Р. Гагуа паўтарае даўно вядомае — што напісаў яе непасрэдны сведка падзей (праўда, у гістарыяграфіі гэта прымаецца як гіпотэза), які абапіраўся на свежыя ўспаміны, быў „добра абазнаны ў ходзе антыордэнскай кампаніі», і што такім мог быць ці Збігнеў Алясніцкі, ці Мікалай Тромба (30-31). Заўважым, што версія пра Тромбу як магчымага аўтара — самая пашыраная ў грунвальдазнаўстве. Выбіраючы паміж названымі кандыдатамі, аўтар часам дапаўняе свае развагі важнымі аргументамі — фактамі з біяграфіі абодвух ці ўказаннем на розніцу стыляў хронікі і эпісталярнай спадчыны Алясніцкага (33), але зноў не спасылаючыся на ніводнага з рэальных даследчыкаў, якія пра гэта пісалі. Выглядае так, быццам і спадчыну Алясніцкага ён даследаваў самастойна. Урэшце чытаем заключэнне: „па меркаванні аўтара» на стваральніка хронікі больш пасуе Мікалай Тромба (33). Дык пра гэта ж пісаў яшчэ З. Цэліхоўскі стагоддзе назад, а потым большасць польскіх гісторыкаў уключна з С. М. Кучыньскім, М. Біскупам і інш. У свой час і С. Экдаль заўважыў, што ніхто не пасаваў на гэтую ролю болей, чым віцэ-канцлер Тромба, які ўжо з поля бітвы пісаў лісты і фактычна кіраваў антыордэнскай прапагандай[13]. Але Р. Гагуа хоча выглядаць першаадкрывальнікам, таму пра ўсё гэта піша ад свайго імя, спасылаючыся толькі на свае артыкульчыкі (у якіх, адпаведна, гэтак жа сама замоўчаны рэальныя аўтары даследаванняў). Аргументы ж, якія ён прыводзіць ад сябе, могуць выклікаць хіба што ўсмешку[14].
Каб перайсці да наступнага пытання, трэба нагадаць, што ў свой час А. Прахаска, а ўслед за ім З. Цэліхоўскі ўспрымалі знойдзены ў Курніцкай бібліятэцы рукапіс не першапачатковым арыгіналам хронікі, а яе скарочанай версіяй, зробленай для выкарыстання ў пропаведзях (дзень 15 ліпеня ўрачыста святкаваўся ў касцёлах Польшчы). Гіпотэза, не пазбаўленая рацыянальных падстаў. Аўтарам жа кнігі магчымасць існавання шырэйшага першаўзору хронікі проста спісваецца на „домыслы гісторыкаў, найперш А. Прахаскі і З. Цэліхоўскага» (37), — без належнай аргументацыі, без разбору пазіцый іншых даследчыкаў, якія прынялі яе (у прыватнасці С. М. Кучыньскага і Я. Кшыжаняковай, або Г. Лаўмяньскага, які лічыў, што асновай ХК стаў дзённік каралеўскай канцылярыі). Тое, што пакуль не было знойдзена ніводнага такога варыянта, не пераконвае ў немагчымасці яго існавання.
Наступны раздзел і названы малазразумела (у арыгінале — «Сравнительный анализ „Хроники конфликта» в отношении источникового корпуса для исследования Грюнвальдского сражения», с. 39-110), і па змесце малазвязны. Гэта набор параграфаў, у якіх аўтар разглядае „Хроніку канфлікта» і якія-небудзь іншыя крыніцы, але ні канцэпцыя іх адбору, ні паслядоўнасць разгляду, ні прынцыпы параўнання немагчыма зразумець. Яны, праўдападобна, і не прадугледжваліся, таму ў адных параграфах робіцца спроба параўнаць крыніцы, а ў іншых — разглядаюцца канкрэтныя пытанні, звязаныя з ходам бітвы. Спынімся на некаторых прыкладах такога разгляду.
Аўтар пачынае параўнаннем ХК з хронікамі Тэўтонскага ордэна, але з апошніх разглядаюцца толькі Торуньскія аналы і твор кантынуатара Яна фон Посільге. Чаго менавіта гэтыя і чаму толькі дзве, калі да галоўных прускіх хронік прынята залічваць яшчэ прынамсі два творы? Сэнс падобнага параўнання, яго прынцып, прычыны такога выбару — у кнізе нічога не тлумачыцца, сказана толькі, што „ў першую чаргу варта адзначыць» менавіта гэтыя хронікі (39). Ці не таму, што той жа С. Экдаль паказаў прыярытэтнасць якраз дзвюх гэтых крыніц? Але аўтар бярэцца за параўнанне зноў як піянер — абсалютна без узгаднення сваіх пазіцый з навуковым даробкам папярэднікаў! Нават разважае пра розніцу почыркаў розных частак рукапісу Торуньскіх аналаў, але спасылаецца пры гэтым толькі на сам апублікаваны тэкст хронікі ў 3-м томе „Scriptores rerum Prussicarum». Падобным жа чынам дадзена характарыстыка твору кантынуатара Яна фон Посільге (43).
Параўноўваючы, як некаторыя падзеі пярэдадня бітвы апісаны ў згаданых прускіх хроніках і ў ХК, аўтар знаходзіць, што яны „цалкам карэлююцца», але ордэнскія хронікі больш лаканічныя і акцэнтуюць жорсткасць арміі саюзнікаў (46). Выснова банальная, а магла б быць больш значнай, калі б аўтар заглыбіўся ў гістарыяграфію сваёй тэмы. Напрыклад, больш разабраўся б з апісаннем захопу Дуброўны арміяй Ягайлы і Вітаўта, якое ёсць у трох названых хроніках. Эпізодам расправы з Дуброўнай шматкроць займаліся ў спецыяльнай літаратуры (у т. л. С. М. Кучыньскі, В. Маеўскі, А. Надольскі, Я. Вэнта і інш.). Для падставовых крыніц гэта сапраўды агульнае месца, і розніца ў яго інтэрпрэтацыях польскімі крыніцамі (ХК і потым Длугашам), з аднаго боку, і прускімі хронікамі, з другога, у гістарыяграфіі разглядалася. Невядомы аўтар ХК, адлюстроўваючы афіцыйны падыход каралеўскага двара, у той час яшчэ не кіраваўся ўсімі тымі пастулатамі польскай прапаганды, якія сталі нормай у другой палове ХV ст. Таму, каб не даваць падстаў для кампраметацыі арміі, варварскі захоп Дуброўны ўхроніцы прыпісваецца не рыцарам, а „простаму люду» (communi populo). Трымаючыся сваёй устаноўкі на ігнараванне папярэднікаў, Р. Гагуа прыняў, што Дуброўну захапілі „гараджане», задаўся пытаннем — адкуль яны маглі ўзяцца, але не растлумачыў, і глыбакадумна заключыў: маўляў, „падобная трактоўка падзей, паўсёй верагоднасці, была спробай… зняць з польскага боку віну за выкарыстанне ў ваенных дзеяннях татар…» (42). Але сэнс такой трактоўкі эпізода ў ХК шматразова і больш кваліфікавана тлумачыўся ранейшымі даследчыкамі.
Далей у кнізе робіцца спроба на падставе інфармацыі ХК развязаць пытанні вакол славутых „уцёкаў» арміі Вітаўта (47-57). Пра панічныя „ўцёкі» ліцвінаў паведамляецца толькі ў „Аналах» Длугаша, і яшчэ ў ХІХ ст., разам з крытычным стаўленнем да яго хронікі, пачалася палеміка вакол гэтага эпізоду бітвы, — яна добра апісаная ў літаратуры прадмета. Але Р. Гагуа зноў падае справу так, каб самому выглядаць „адкрывальнікам». Напачатку, выкарыстаўшы звесткі С. Экдаля, згадвае, што „ўцёкі» ўтой ці іншай меры ставілі пад сумненне Я. Кара, К. Шайноха, Л. Вэбэр, С. Куёт (усе — стагоддзе таму), а затым робіць свае „умозаключения» на падставе ХК і кантынуатара Яна фон Посільге (на справе — паўтарэнне вядомых фактаў), і далей піша, што высновы яго — Р. Гагуа, „пацвярджаюцца» славутым лістом ордэнскага ўрадніка, апублікаваным у артыкуле С. Экдаля ў 1963 г.[15] (50). Логіка непараўнальная!
Не магу не звярнуць увагі на спосаб абыходжання нашага аўтара са згаданым артыкулам С. Экдаля і апублікаваным ім дакументам. Прадэманстраваўшы катэгарычны нігілізм да адкрыцця шведскага гісторыка, аўтар манаграфіі дазволіў прызнаць праўду С. Экдалю ў толькі двух момантах — што ліст датуецца ХV ст. і што ў ім гаворыцца пра Грунвальдскую бітву (52). Але на справе аргументы Р. Гагуа супраць аўтэнтычнасці дакумента — пустая бравада абмежаванага крытыка, які нават не прачытаў уважліва тое, што ўзяўся крытыкаваць. Дастаткова сказаць, што ў С. Экдаля вялося пра аднаго і таго ж пісца, почырк якога пазнаецца ў лістах з замка Шлохаў за 1416-1417 г., а Р. Гагуа аспрэчвае ў ім аўтаpa паслання вялікаму магістру. Для прафесійнага архівіста, якім ёсць С. Экдаль, формы і памераў літар, агульнага выгляду дакумента, уражання ад яго — усяго гэтага можа быць дастаткова, каб адрозніць арыгінал ад копіі, а Р. Гагуа, які, думаю, у вочы не бачыў арыгінальнага гатычнага дакумента, заяўляе, што такі падыход „не вытрымлівае элементарнай крытыкі» (51). Ды каб дыскутаваць наконт гэтага, трэба прынамсі паехаць у архіў, узяць дакумент у рукі. Праўда, Р. Гагуа напэўна паехаў бы ў Гётынген, бо піша, што ліст захоўваецца там (вычытаў у Экдаля, але гэта ж было ў 1963!), хоць увесь ордэнскі архіў даўно перавезены ў Берлін.
Пры нічым не абгрунтаваным агульна крытыканцкім стаўленні да адной з самых важных крыніц, датычных загадкі „ўцёкаў» арміі ВКЛ з поля бітвы, няма сэнсу разбіраць прапанаваную аўтарам версію рэканструкцыі таго, што адбылося з „людзьмі Вітаўта». Канешне, Р. Гагуа сам „поўнасцю праясняе сітуацыю», але ў мяне ўжо не можа быць даверу да такога праяснення. Аўтар не зразумеў значэння адкрытага С. Экдалем дакумента і яго зместу або свядома пайшоў на яго заніжэнне, каб узвысіць уласныя „праясненні», быццам зробленыя на аснове ХК. Для яго С. Экдаль проста „далучыўся да меркаванняў» С. Куёта і А. Корты, але на справе адкрыццё шведскага гісторыка дакументальна пацвердзіла нічым раней не абгрунтаваныя здагадкі. І ўведзены гэты дакумент у навуковы зварот быў менавіта Экдалем, а не Э. Ёахімам і В. Губачам, як хоча Р. Гагуа, бо апошні толькі ўключыў яго ў рэгесты архіва, але да вывучэння ліста і публікацыі шведскім гісторыкам новая крыніца заставалася невядомай навуковай супольнасці.
Параграф, прысвечаны параўнанню ХК з лістамі Ягайлы, напісанымі пасля перамогі (58-62), таксама нагадвае вынаходства ровара. Аўтар параўноўвае іх з мэтай вырашыць пытанне аб удзеле Ягайлы ў бітве, між тым у гістарыяграфіі яно даўно салідна разгледжана, і пэўна найгрунтоўней — у працах С. М. Кучыньскага. Абапіраючыся выключна на самога сябе, Р. Гагуа не забываецца ўпікнуць Яна Длугаша ў непраўдзівасці паведамленняў, каб урэшце абвясціць у якасці высновы, што „Ягайла асабіста прымаў удзел у бітве, знаходзячыся на полі бою…”, і што ХК, з якой карэспандуюць лісты Ягайлы, — „на першым месцы сярод наратыўных крыніц для даследавання Грунвальдскай бітвы» (62). Паўтараць вядомае проста.
Большай увагі заслугоўвае параўнанне ХК з паведамленнямі пра гістарычную бітву ў творах Энэа Сільвіа Пікаламіні (63-70). Несумненна, аўтар звярнуўся да спадчыны гэтага славутага гуманіста таму, што яго творы вычарпальна прааналізаваў у сваёй падставовай працы С. Экдаль[16], але апошні тут зноў не згаданы, нават мімаходзь. Рукапіс з бібліятэкі кардынала Флавіа Чыгі, апублікаваны Т. Гіршам у 4-м томе SRP, што з’яўляецца кампіляцыяй з твораў Энэа „De Europa» і яго ж „De situ et origine Prutenorum», у кнізе абвешчаны „асобнай гістарычнай крыніцай» для даследавання Грунвальда (68). На падставе якіх крытэрыяў ён выдзелены тут у асобную катэгорыю, застаецца невядомым. Наяўнасць у гэтай кампіляцыі новых дэталяў адзначалі і ранейшыя даследчыкі (К. Перадзка, С. Экдаль), але яны лічылі гэты рукапіс усё ж другасным, заснаваным на пісаннях Энэа. Той жа Т. Гірш паведаміў пра яшчэ адзін падобны рукапіс з Гётынгенскай бібліятэкі, таксама заснаваны на творах Энэа[17], і ў іх абодвух некаторыя даследчыкі схільныя бачыць позні след польскіх інфарматараў[18]. З іншага боку, калі ў кнізе ў параўнанні з ХК разглядаецца т. зв. „чыгішскі» рукапіс, створаны верагодна ў пачатку ХVІ ст. (хоць Р. Гагуа лічыць, што яго выкарыстоўваў Длугаш), дык чаму не разглядаць адпаведны фрагмент „Хронікі Быхаўца», які прэзентуе цалкам арыгінальную версію і ў якім таксама можна знайсці адпаведнасці з ХК.
Зрэшты, параўнанне крыніц, прапанаванае ў кнізе, дае не шмат, бо праводзіцца несістэмна, без крытычнага падыходу, не гаворачы пра належны навуковы апарат. Выяўленыя адрозненні каментуюцца па тыпу „рукапіс пралівае святло…”, „дае каштоўныя сведчанні…”, крыніцы „цалкам карэлююцца», або „не супярэчаць у базавай частцы». Але для даследчыка шмат значаць і тонкія адрозненні, быццам яўна не супярэчлівыя. Напрыклад, для Р. Гагуа апісанне пра перадачу мячоўу „чыгішскім» рукапісе „не супярэчыць паведамленню ХК» (69), але ў названай кампіляцыі герольды прыносяць іх акрываўленымі і ў іншай фазе бітвы, а гэта ўжо вялікая розніца.
Хоць у папярэдніх параграфах „Аналы» Длугаша шматразова цытаваліся, аўтар прысвяціў іх параўнанню з ХК асобную, самую аб’ёмную частку раздзела (71-104). Пра тое, што сто гадоў таму дакладна гэтыя крыніцы ў іх адносінах да славутай бітвы ўжо параўноўваў у сваёй працы А. Прахаска[19], тут нават не згадана, хоць названая публікацыя мусіла стаць зыходнай пазіцыяй гэтага параграфа. Ды і пазней многія даследчыкі сканфрантоўвалі ХК з творам Яна Длугаша, паколькі гэтыя два помнікі агульнапрынята лічыць галоўнымі польскімі крыніцамі для даследавання грунвальдскай праблематыкі.
„Аналы» Длугаша даўно, яшчэ ў ХІХ ст., перасталі быць „святой каровай» для гісторыкаў. У польскай гістарыяграфіі, пачынаючы з А. Сямковіча, творчасць славутага храніста крытычна разбіралася, і спецыяльны том крытычнага аналізу той часткі гісторыі Польшчы, у якой Длугаш апісвае бітву пад Грунвальдам, быў апублікаваны паўвека назад[20]. Акурат у канктэксце грунвальдскай праблематыкі спосаб Длугашавага гісторыяпісання ўнікліва праштудыяваў С. Экдаль — спачатку ў „Banderia Prutenorum»[21], а потым у цытаванай тут кнізе пра крыніцы да гісторыі бітвы пад Грунвальдам[22], у якой сканфрантаваў якраз паведамленні храніста з ХК. У нашага ж спецыяліста — свой гарызонт і свае ўяўленні. Ён лічыць, што толькі з выхадам у Маскве ў 1962 г. часткі хронікі Длугаша ў перакладзе на рускую мову гэтая крыніца стала даступная „айчынным даследчыкам» (73), і сам у кнізе выкарыстоўвае толькі гэтае выданне, хоць на добры лад, калі Длугаша супастаўляць з лацінамоўнай ХК, то варта было працаваць з адпаведным томам сучаснага акадэмічнага выдання „Аналаў» на лацінскай мове[23].
Пераказаўшы біяграфію Длугаша, аўтар даволі выбарачна параўнаў версіі „аналаў» і ХК да пачатку генеральнай бітвы, — пераважна месцы, у якіх крыніцы адрозніваюцца. Для крытычнага аналізу іх адрозненняў з належнымі аргументамі і высвятленнямі месца тут не знайшлося. Тым не менш Р. Гагуа хутка заключае, што ў Длугаша „праўдзівая перадача» звестак пра падзеі „адышла на другі план» (83), пасля чаго пераходзіць да пытанняў „арганізацыі армій» — вызначэння колькасці харугваў, і робіць гэта, натуральна ж, на падставе таго ж Длугаша! Праўда, звесткі храніста выкарыстаны тут „з дугой рукі» — узяты з адпаведнага польскага выдання (рэдкі выпадак, калі крыніца інфармацыі названа).
Цяжка зразумець мэтазгоднасць пераліку ўсіх харугваў з іх выявамі па Длугашу ў кнізе пра ХК як крыніцу, — магчыма тут нейкі прыхаваны сэнс, але мяне зноў больш уразіла не „што», а „як» зроблена. За апошняе стагоддзе ў навуку ўведзены дзясяткі публікацый гэтага твору Длугаша, з’явілася мноства прац, у якіх разглядалася і гісторыя з’яўлення, і вартасці помніка як крыніцы для даследчыка „Вялікай вайны». Між тым, у сваёй навуковай манаграфіі наш аўтар спасылаецца толькі на эдыцыю, падрыхтаваную К. Гурскім (1958), а харугвы публікуе паводле аднаго з сучасных папулярных выданняў. Думаю, калі нехта бярэцца аналізаваць „Banderia» ў параўнанні з любой іншай крыніцай, і пры гэтым цалкам ігнаруе названую вышэй эдыцыю С. Экдаля, агульнапрызнаную найлепшай, то гэта адразу сведчыць пра яго недастатковую кампетэнтнасць.
Не менш дзіўна выглядаюць развагі аўтара, калі ён імкнецца паправіць храніста: маўляў, у Длугаша „ўзнікла пэўная блытаніна», а ён, Р. Гагуа, правёўшы аналогіі ў структуры арміі Ордэна і саюзнікаў, знайшоў іх цалкам падобнымі (?), на падставе чаго „дастаткова пераканаўча дапускае» існаванне не 50, а 51 харугвы ў польскай арміі (96-98). А далей гэтае дапушчэнне ўжо падаецца як адна з даказаных заключных высноў — адкрыта 51 харугва! (139).
Тое, што харугвамі арміі Ягайлы і Вітаўта займалася нямала даследчыкаў, у тым ліку У. Семковіч, К. Масінгевіч, а з больш новых даследаванняў заслугоўвала б увагі спецыяльная публікацыя Е. Лойкі[24], і тое, што яшчэ ў крытычным даследаванні С. Экдаля паказана ўся ненадзейнасць інфармацыі з „Branderia Prutenorum» як падставы для падліку колькасці ці вызначэння структуры войска, усё гэта засталося па-за сферай інтарэсаў адкрывальніка новай харугвы.
Апошні раздзел аўтар прысвяціў „Рэканструкцыі агульнай хады бітвы пад Грунвальдам» (111-137). Зноў сама назва правакуе пытанні: на падставе адной ХК? Калі не, то як гэтая тэма ўпісваецца ў кнігу пра ХК як крыніцу? І ў першым жа сказе Р. Гагуа заяўляе, што менавіта на падставе шэрагу звестак ХК „можна даволі дакладна рэканструяваць размяшчэнне армій на полі бітвы» (111). Сенсацыйна! Бо папярэднікі не тое што па адной ХК, на падставе ўсяго комплексу крыніц ніяк не маглі вызначыць агульнапрынятага маршруту армій, ix тапаграфіі на полі бітвы, многіх этапаў сечы, — усё заставалася на ўзроўні гіпотэз, некаторыя з якіх дасюль аспрэчваюцца. Невыпадкова ў спецыяльнай літаратуры адначасова фігуруюць дзясяткі розных планаў і схем бітвы. Такая сітуацыя вынікае з недахопу крыніц, а часта абумоўлена і розначытаннем наяўных тэкстаў.
Характэрны прыклад — лакалізацыя абозу арміі Ягайлы. Пра месца, дзе кароль сказаў паставіць капліцу, паведамляе толькі Длугаш, — „… supra collem ediсiorem, lacum Luben spectantem…»[25]. Але аўтарытэтныя польскія знаўцы сярэднявечнай лаціны (Б. Кюрбісава, Ю. Мрукуўна, М. Плезя і інш.) па-рознаму перакладалі лацінскі выраз „spectantem», таму ў розных выданнях Длугаша яно вызначаецца па-рознаму. У архаічным выданні 1869 г. — „на ўзгорку над возерам Любень»[26], а ў акадэмічным перакладзе 1980-х г., выкананым Ю. Мрукуўнай і пазбаўленым многіх неадкладнасцяў, — „на ўзгорку з боку возера Любень»[27]. А гэта дзве розныя лакалізацыі лагера, і да нядаўняга часу пытанне аб яго месцазнаходжанні заставалася спрэчным.
Затое для Р. Гагуа не існуе ні спрэчак, ні сумненняў. Услед за савецкім выданнем перакладу Длугаша (якое базавалася на польскай эдыцыі ХІХ ст.) ён змяшчае палявую капліцу караля „на высокім узгорку над возерам… ”, і тут жа знаходзіць гэты ўзорак на карце! На якой? Чытачу не даецца ніякай падказкі! Нават найменшага намёку, адкуль у аўтара знаёмства з рэльефам Прусіі ХV ст. Толькі той, хто арыентуецца ў праблеме, можа здагадацца, што ў кнізе, відаць, зноў няяўна выкарыстоўваюцца звесткі з манаграфій С. Экдаля і А. Надольскага[28], якія ў ХХ ст. найбольш грунтоўна даследавалі поле бітвы, трасы маршу армій, іх расстаноўку і г. д. Дыскутуючы са сваім шведскім калегам з Берліна, А. Надольскі выкарыстоўваў нават гіпсаметрычныя разрэзы поля, не кажучы пра вынікі археалагічных і рэльефных даследаванняў. Словам, пасля названых вучоных цяжка выступаць з новай канцэпцыяй. Але для Р. Гагуа ўсё проста — ён жа не ўзгадняе сваю рэканструкцыю з папярэднікамі. Прывычна праігнараваўшы іх працы, аўтар прапануе сваю „дакладную рэканструкцыю размяшчэння армій» саюзнікаў: „польскае рыцарства размяшчалася ў лесе на поўдзень ад узгорка…, а армія Вялікага Княства Літоўскага — на поўнач» (112). Відаць, дакладней не прыдумаеш.
Славуты эпізод перадачы герольдамі двух мячоў Ягайлу і Вітаўту, дасканала праінтэрпрэтаваны ў спецыяльнай літаратуры, асабліва ў даследаваннях С. Экдаля і К. Мілітцэра, у рэцэнзаванай кнізе перададзены таксама ўбога і недакладна (117-118). Яе аўтар не пажадаў разабрацца ні з тым, калі і для чаго яны перадаваліся, ні з сімвалічным значэннем гэтага акта.
Арыгінальна аўтару бачыцца расстаноўка армій перад сечай і прычына таго, што крыло Вітаўта пачало біцца першым. На яго думку, арміі „абодвух бакоў не змяшчаліся на полі бітвы», таму саюзнікі выставіліся клінамі ў тры лініі, а ў Ордэна не змясцілася амаль траціна войска і засталася ў рэзерве, прычым магчымасць уступаць у бой мела толькі армія ВКЛ, бо палякі аказаліся аддзеленымі ад ворага „забалочанай мясцовасцю» (118-119). Дык як жа яны меркавалі біцца?
Па сцвярджэнні аўтара, бітва пачалася каля 9 гадзін раніцы (119). У літаратуры прадмета да гэтага дамінавала меркаванне, абапертае на асноўныя крыніцы, што гэта адбылося толькі каля поўдня. На якой падстве Р. Гагуа хоча пачаць яе на тры гадзіны раней — зноў таямніца. Такія значныя перагляды мусяць быць аргументаваныя.
Рэканструкцыя бітвы праведзена, як кажуць, з белага аркуша — усе папярэднікі маўчаць, нібыта ніхто ніколі і не займаўся гэтай праблемай! Быццам існавалі нечытаныя, неінтэрпрэтаваныя крыніцы, і вось прыйшоў Р. Гагуа, які ўпершыню стварае лагічную карціну падзей на полі пад Грунвальдам, час ад часу ілюструючы яе цытатамі з крыніц. Праўда, аўтару бракуе крытычнага падыходу, — цытаты служаць менавітаілюстрацыямі. Выняткам можналічыць толькі паведамленне Длугаша пра „тры смаленскія палкі». Тут ужо Р. Гагуа не паскупіўся на крытыку, хоць не прыгадаў нікога, хто да яго выказваўся адносна вартасці гэтай інфармацыі храніста. Аўтар наогул заявіў, што ён, падыходзячы нават „з мінімальнай доляй крытыцызму», знаходзіць у Длугаша „суцэльныя супярэчнасці ў яго наратыве» (123).
Шчыра кажучы, тэкст самога крытыка перанасычаны супярэчнасцямі, з-за якіх складана прасачыць логіку. Працяглыя цытаты з некаторых крыніц, якія прыводзяцца быццам у якасці аргументаў, не спрыяюць звядзенню асноўных верагодных звестак у адно звязнае апісанне ўсіх фаз бітвы. Зрэшты, як выглядае, аўтар і не быў гэтым заклапочаны, бо найважнейшыя этапы „рэканструяваны» ім у тэлеграфным стылі: войскі саюзнікаў„ахапілі з флангаў» рэзервы Ульрыха, „часткова знішчылі яго…”, астатнія — уцяклі да лагера і ў„заключнай фазе» армія Ягайлы і Вітаўта „ўзяла штурмам лагер крыжаносцаў…» (134-135). Наогул, так званая „дакладная рэканструкцыя» бітвы ўяўляецца не вартай увагі. Дастаткова сказаць, што ў аўтара польская армія спачатку не можа ўступаць у бітву з-за таго, што перад ёй было балота, а праз гадзіну — уступае (128), а ў рэзервовым корпусе Ульрыха „пераважае гарадская пяхота» (131). Відавочна аўтар слаба арыентуецца ў тым, пра што піша.
Калі ж гаварыць сур’ёзна, то агульнае ахайванне „Аналаў» Длугаша проста непрымальнае для навуковага выдання. Застаецца цалкам незразумелым, на якой падставе тую інфармацыю Яна Длугаша пра бітву, якая, на думку Р. Гагуа, не знаходзіць адлюстравання ўХК, ён абвяшчае „домысламі храніста», яго „здагадкамі» (126). Характэрны падыход да паведамлення пра ролю смаленскіх харугваў: спачатку аўтар піша, што яно „цалкам магчыма» было „недаразуменнем» Длугаша (?! — Г. С.), а далей абвяшчае смаленскія палкі „міфам» (127, 139). Аднак чытач не знаходзіць належнай яснасці, што трэба лічыць міфам: наяўнасць „трох палкоў»? дык у Длугаша вядзецца пра харугвы, і ў нас няма падстаў быць перакананымі, што зямля выстаўляла толькі адну харугву, як хоча Р. Гагуа; гераічную паставу смаленцаў? дык няма ж ніякіх звестак, якія ставілі б гэта пад сумненне, а пра ix „лёсаносны ўплыў» на вынік бітвы, што ўзяўся абвяргаць аўтар, ніхто ў сур’ёзнай літаратуры і не піша.
Даўным даўно заўважана, што пра подзвіг смаленцаў гаворыцца толькі ў Длугаша, але ўнікальнасць, непацверджанасць гэтага паведамлення іншымі крыніцамі яшчэ не дае падставу называць яго „міфам». Усе крыніцы разам не пацвярджаюць і адной траціны тых звестак, якія сабраны пра бітвуўхроніцы Длугаша, але і не адмаўляюць іх, дык што, усе яны — таксама „міф»? Палічыў бы пытанне недарэчным, калі б не адно з „важных умозаключений» Р. Гагуа, у якім сцвярджаецца, што „канцэпцыі гісторыкаў, заснаваныя на паведамленнях Яна Длугаша, з’яўляюцца скажэннем гістарычнай рэчаіснасці (?! — Г. С.) і патрабуюць радыкальнага перагляду» (137). Каментаваць не бяруся.
Заключныя высновы да кнігі (138-140), шырэй прадубляваныя і ў рэзюмэ (196-201), могуць прывесці чытача ў поўнае недаўменне. Р. Гагуа сцвярджае, па-першае, што ХК, створаная „ў перыяд з лістапада 1410 па студзень 1411 г.» (адзінае аўтарскае вынаходства, але нічым сур’ёзна неаргументаванае), была напісана „па ўсёй верагоднасці віцэ-канцлерам Мікалаем Тромбам». Дык навошта спатрэбілася гарод гарадзіць, калі пра такую верагоднасць амаль у адзін голас з ХІХ ст. гаварылася большасцю даследчыкаў.
Па-другое, і гэтую выснову нельга не зацытаваць цалкам: ХК „дазваляе паспяхова вырашыць шэраг пытанняў адносна бітвы, якія да гэтага насілі дыскусійны характар у гістарычнай навуцы і, перш за ўсё, вырашыць тыя непаразуменні, якія дапусціў у сваёй кампіляцыі Ян Длугаш, што паслужылі падставай для рознагалоссяў наконт хады бітвы» (138). Гучыць, быццам Р. Гагуа ўвёў у зварот новую, невядомую раней хроніку, выкарыстанне якой дазваляла б па-новаму інтэрпрэтаваць спрэчныя моманты і закрыць важныя пытанні даследавання. Але, як ведаем, разглядалася крыніца, якая не выпадала з-пад увагі даследчыкаў Грунвальдскай бітвы з ХІХ ст.
Якія ж пытанні лічацца „паспяхова вырашанымі» ў кнізе? Сабе ў заслугу Р. Гагуа прыпісвае „новы» погляд на прычыну бітвы (ёю называецца разня ў Дуброўне), удакладненне колькасці харугваў польскай арміі (цяпер іх павінна быць 51), „паспяховую рэканструкцыю хады Грунвальдскай бітвы», а таксама выдаленне „міфалагем і стэрэатыпаў», такіх, як „наяўнасць ям-лавушак», „вырашальная роля смаленскіх палкоў у выратаванні саюзнікаў» (?! — Г. С.), апрача таго — „новае асэнсаванне стратэгічных планаў бакоў», „новае прадстаўленне тактычных асаблівасцяў Грунвальдскай бітвы» і да т. п. (138-139). Аўтар так захапіўся ўзвялічваннем сваіх уяўных адкрыццяў, што прыпісаў рукапісу крыніцы неўласцівыя ёй якасці — быццам ХК дазваляе „больш адэкватна зразумець думкі, учынкі і чаканні людзей» ХV ст. (139).
У цэлым кніга пра ХК атрымалася псеўданавуковай. Практычна ўсё тое, што Р. Гагуа выдае за сваё новае слова пра ХК ці бітву пад Грунвальдам, — гэта або даўно вядомыя вынікі працы папярэднікаў, або агульныя месцы гістарыяграфіі, часам банальныя[29], або аўтарскія фантазіі тыпу апошняга пасажу. Сапраўды карыснымі, відаць, можна было б лічыць апублікаваныя ў дадатку пераклады сярэднявечных крыніц, але і адносна іх я б не быў цалкам пэўны, прынамсі адносна ХК. Проста многа нелагічнага: ХК вывучаецца быццам паводле рукапісу, а перакладаецца з лацінскай і публікуецца паводле курніцкага выдання (1911), і пры гэтым апублікаваны пераклад на рускую мову практычна слова ў слова супадае з польскамоўным выданнем 1980-х г.[30]. Дык усё ж што было падставай перакладу? Не ведаю выпадкаў, каб пераклады сярэднявечных лацінскіх тэкстаў рознымі аўтарамі былі абсалютна ідэнтычныя. Проста містыка нейкая.
Прызнаюся, мне не хацелася рэцэнзаваць гэтую кнігу, бо яна, на маю думку, не заслугоўвае разгляду ў навуковым выданні. Але грубае і дэманстратыўнае парушэнне нормаў навуковай этыкі, гістарыяграфічны нігілізм, ашуканства, непавагу да папярэднікаў нельга абыходзіць маўчаннем. Пішучы навуковую кнігу, Р. Гагуа па-жульніцку паставіўся да ранейшых гісторыкаў — або зусім праігнараваў іх, або абрабаваў і выставіў прастачкамі, або проста пакарыстаўся, так і пакінуўшы іх працы невядомымі, не даўшы ім самім слова. Тое, што і як ён напісаў, проста абражае сапраўды заслужаных даследчыкаў, класікаў грунвальдазнаўства, такіх, як С. М. Кучыньскі, А. Надольскі, С. Экдаль.
Аўтар шматразова ўпікаў Яна Длугаша ў непраўдзівасці, называючы яго звесткі „непаразуменнямі». Вось жа, сапраўдным непаразуменнем, на маю думку, ёсць сама рэцэнзаваная кніга, яе з’яўленне ў беларускай гістарыяграфіі. І калі за працу падобнага ўзроўню, выкананую падобнымі метадамі, яе аўтару прысвойваюць навуковую ступень, то адразу ж паўстае пытанне: ці ўсё добра ў Дацкім каралеўстве?
Трывожны прэцэдэнт. Спадзяюся, ён застанецца адзінкавым.
1 У бібліяграфіі, укладзенай яшчэ 20 гадоў назад, было ўжо больш за тысячу пазіцый. Гл.: Baranowski H., Czarciński I. Bibliografia bitwy pod Grunwaldem i jej tradycji. Pod red. M. Biskupa. Toruń, 1990.
2 Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg 1410. Quellenkritische Untersuchungen. Bd.1: Einführung und Quellenlage. Berlin, 1982.
3 Сагановіч Г. Грунвальд у беларускай гістарыяграфіі // БГА. Т. 9 (2002).Сш. 1-2 (16-17). С. 152-168.
4 Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg 1410. Bd. 1. S. 139-149.
5 Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg. S. 149.
6 Zathey J. Katalog rękopisów średniowiecznych Biblioteki Kórnickiej. Wrocław — Warszawa — Kraków, 1963. S. 538-539.
7 Cronica conflictus Wladislai Regis Poloniae cum Cruciferis anno Christi1410 / Z rękopisu Biblioteki Kórnickiej wyd. Zygmunt Celichowski. Poznań, 1911. S. 12; Zathey J. Katalog rękopisów średniowiecznych Biblioteki Kórnickiej. S. 538.
8 Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg. S. 147.
9 Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg. S. 209-216.
10 Маўляў, у адрозненне ад С. Экдаля, якi ў перадачы мячоў герольдамі „не увидел ничего необычного или предосудительного для эпохи Средних веков, связывая его с рыцарскими традициями вызова набой, средневековые авторы усматривали… как минимум, исключительное высокомерие», — сцвярджае Р. Гагуа (27), але гэты пасаж сведчыць аб тым, што ён сам не разумее, пра што піша.
11 Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg. S. 147-148.
12 Дзеля дакладнасці варта заўважыць, што асноўныя тэрыторыі Ордэна вярнуліся пад уладу Мальбарка яшчэ да сярэдзіны кастрычніка 1410 г.
13 Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg. S. 147-148.
14 Напрыклад, на карысць М. Тромбы, паводле Гагуа, сведчыць тое, што ён меў тады 52 гады, значыць, „быў сталым, ураўнаважаным чалавекам і выдатным палітыкам», здольным напісаць хроніку „без лішняй экспрэсіўнасці» (36).
15 Ekdahl S. Die Flucht der Litauer in der Schlacht bei Tannenberg // ZfO. Bd. 12 (1963). S. 11-19.
16 Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg. S. 244-259.
17 SRP. Bd. IV. S. 216.
18 Pieradzka K. Bitwa grunwaldzka w obcych relacjach kronikarskich (pruskich, śląskich i zachodnioeuropejskich) // MSH. R. III (1960). Z. 1/2.S.65.
19 Prochaska A. Długosz a Cronica conflictus o grunwaldzkiej bitwie // KH. R.XXIV (1910). Z. 3/4. S. 409-421.
20 Rozbiór krytyczny Annalium Poloniae Jana Długosza z lat 1385-1444. T. 1.Oprac. Gawęda S., Pieradzka K., Radziszewska J., Stachowska K. Wrocławetc., 1961.
21 Ekdahl S. Die ‘Banderia Prutenorum’ des Jan Długosz — eine Quelle zur Schlacht bei Tannenberg 1410. Göttingen, 1976.
22 Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg. S. 260-297.
23 Joannis Dlugosii Annales seu Cronicae incliti Regni Poloniae. Liber decimuset liber undecimus (1406-1412). Varsaviae, 1997.
24 Łojek J. Chorągwie polskie i litewskie w bitwie pod Grunwaldem // LSР. Studia Historica. T. 3 (1989). S. 141-154.
25 Joannis Dlugosii Annales seu Cronicae incliti Regni Poloniae. Liber decimuset liber undecimus (1406-1412). Varsaviae, 1997. Р. 87.
26 Jana Długosza kanonika krakowskiego dziejów polskich ksiąg dwanaście.Przekl. K. Mecherzyńskiego. T. 4. Kraków, 1869. S. 34.
27 Długosz J. Roczniki czyli kroniki sławnego Królewstwa Polskiego. Ks. 10-11. Warszawa, 1982. S. 99.
28 Nadolski A. Grunwald. Problemy wybrane. Olsztyn, 1990.
29 Вось адзін з прыкладаў: аказваецца, толькі «пасля… аналізу лістоў Ягайлы і паведамленняў „Хронікі канфлікту» аўтар прыйшоў да высновы, што кароль прымаў непасрэдны ўдзел у бітве, знаходзячыся на полі бою…» (198).
30 Kronika konfliktu Władysława króla polskiego z krzyżakami w roku Pańskim 1410. Przeł. Jołanta Danka i Andrzej Nadolski. Olsztyn, 1983.