БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Уладзімір Ісаенка (15.12.1928 – 30.06.2010) (Мікола Крывальцэвіч)

Археолаг Уладзімір Фёдаравіч Ісаенка памёр 30 чэрвеня 2010 г. у Мінску, так і не трапіўшы тым летам у мястэчка Юравічы, што на Прыпяці, дзе ён зрабіў свае першыя археалагічныя адкрыцці і куды штогод з вялікім жаданнем вяртаўся. У тым жа 2010 годзе, хоць і са спазненнем, выйшаў зборнік навуковых прац, які прысвячаўся яго 80-гадоваму юбілею і 70-годдзю з дня нараджэння Міхася Чарняўскага[1]. Уладзімір Ісаенка з той плеяды, якая адрадзіла беларускую археалогію і стварыла навуковую школу. Ён адзін з тых навукоўцаў, якія запачаткоўвалі беларускую неаліталогію.

Пакручастым, часам і драматычным, было яго жыццё, складаным і няпростым быў шлях у навуку. У. Ісаенка нарадзіўся 15 снежня 1928 г. у Горках (Магілёўская вобласць). Яго тата і мама вучыліся тады ў мясцовай Сельскагаспадарчай Акадэміі. Фёдар Ісаенка, бацька будучага навукоўца, прайшоўшы камісарам грамадзянскую вайну, быў сакратаром партячэйкі ў Горацкай акадэміі. У 1932 г. сям’я пераехала ў Мінск. Фёдар Ісаенка працаваў у Наркамземе, пазней трапіў пад рэпрэсіі, але ацалеў[2]. Ісаенкі засталіся жыць у аку паваным фашыстамі Мінску. Бацька пайшоў працаваць аграномам у Мінскую гарадскую ўправу, а маці — на малочны завод. Пазней Фёдар Ісаенка прымаў удзел у Беларускай Народнай Самапомачы[3]. Уладзімір спачатку вучыўся ў адной з беларускіх народных школ, якія працавалі ў акупаваным Мінску, а атрымаўшы атэстат паступіў у Мінскую прагімназію. У ёй, паводле яго ўспамінаў, ён здолеў паспяхова засвоіць шмат якія веды. Выдадзены атэстат шанаваў і захоўваў амаль усё сваё жыццё, нягледзячы на многія небяспечныя абставіны. Хлопец быў у тым узросце, калі ў памяць уразаліся шматлікія падзеі і сцэны з акупаванага Мінска, якія праз многія гады ён мог да драбніц прыгадаць[4]. Вясной 1944 г. Уладзімір разам з маці і бабуляй быў вывезены ў паўднёвую Нямеччыну, дзе, працуючы на ваенным заводзе, трапляў пад бомбы саюзнікаў, якія перыядычна нішчылі нямецкія вытворчыя аб’екты. Потым быў Берлін зімы і вясны 1945 г. з жудасцямі татальнага знішчэння горада і людзей. Хлопцу давялося жыць і хавацца „ў самым цэнтры, за два кварталы ад Ангальтэрбангоф, за тры — ад дома Гімлера, за чатыры — ад Райхсканцылярыі”[5]. Бацька Уладзіміра Ісаенкі, апынуўшыся пасля ўцёкаў з Мінска ў Берліне, праз нейкі час з’ехаў у ЗША, дзе пазней і памёр. Маці адмовілася ехаць за мужам і разам з Уладзімірам вярнулася ў Мінск. На радзіме іх чакаў новы страх за сваё жыццё. Нечаканае выратаванне прыйшло ад стрыечнага брата маці, які да вайны служыў у НКУС. Ён накіраваў іх у Гомель, дзе Уладзімір змог закончыць школу і паступіць у 1947 г. у Гомельскі педінстытут на фізіка-матэматычны факультэт. Пасля заканчэння, як адзін з лепшых студэнтаў, ён атрымаў рэкамендацыю на выкладанне ў ВНУ, але не скарыстаўся ёю, бо ведаў, якую праверку біяграфіі праходзяць інстытуцкія выкладчыкі. З 1951 г., атрымаўшы дыплом настаўніка матэматыкі, ён працаваў спачатку ў Шыіцкай, а пазней у Юравіцкай школах Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці.

Менавіта тут, у Юравічах, у старадаўнім палескім мястэчку, у маладога настаўніка, а пазней дырэктара школы, абудзілася цікавасць да краязнаўства і гісторыі. Юравічы набылі шырокую вядомасць дзякуючы адкрыццю ў 1929 г. палеалітычнай стаянкі. Акрамя таго, у ваколіцах мястэчка археолагі знаходзілі вялікую колькасць іншых помнікаў эпох каменя і бронзы. На ўскраіне Юравічаў захаваліся валы гарадзішча — рэшткі невядомага сярэднявечнага горада Х–ХІІІ ст. (паводле А. Іова), а пасярод мястэчка велічна ўзвышаліся сцены ўнікальнай трохнефнай базілікі — касцёла Раства Прасвятой Багародзіцы (ХVІІІ ст.). Сабраныя Ісаенкам у 1958–1973 г. матэрыялы па гісторыі мястэчка і яго ваколіц пазней складуць вялікую рукапісную кнігу „Летопись Юрович”, частка якой была надрукавана ў 2000 г.[6], а іншая чакае сваёго выдання. Дарэчы, варта адзначыць, што, працуючы ў тых ці іншых мясцінах, Уладзімір Ісаенка з захапленнем збіраў гістарычныя паведамленні пра іх. Так ўзніклі краязнаўчыя нарысы пра Пагост-Загародскі і Камень на Піншчыне, пра Іслач каля Ракава. Раздрукаваныя на машынцы тэксты ён з вялікім задавальненнем дарыў сваім сябрам.

У канцы 1950-х г. У. Ісаенка пачаў цікавіцца мясцовымі старажытнасцямі. Спачатку гэта былі школьныя экскурсіі і паходы з мэтай агляду помнікаў археалогіі ўздоўж Прыпяці. У выніку такіх вандровак пачала фармавацца калекцыя школьнага археалагічнага музея ў Юравічах. У экспазіцыі і фондах пераважалі матэрыялы каменнага і бронзавага вякоў. Актывізацыі пошукавай дзейнасці спрыялі тыя абставіны, што ў 1958 г. археолаг У. Будзько і геолаг Л. Вазнянчук пачалі новы этап даследчых прац на Юравіцкай палеалітычнай стаянцы.

Вялікая цікавасць да мінуўшчыны перарасла ў жаданне заняцца археалогіяй прафесійна. У 1961 г., пасля на пружанага этапу самападрыхтоўкі, У. Ісаенка па-ступіў у аспірантуру Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі і пачаў працу над кандыдацкай дысертацыяй „Неаліт Прыпяцкага Палесся”. Перад маладым на вукоўцам паўсталі надзвычай складаныя задачы. У першую чаргу неабходна было правесці шырокамаштабныя палявыя даследаванні. У фондах інстытута захоўваліся толькі рэшткі вернутых з Нямеччыны даваенных калекцый. Нельга было, безумоўна, спадзявацца на музейныя зборы, аснову якіх складалі адзінкавыя выпадковыя знаходкі. Ю. Кухарэнка ў сваім зводзе першабытных помнікаў, падсумоўваючы вынікі вывучэння палескага неаліту і спасылаючыся на дадзеныя эпізадычных пошукаў канца ХІХ — першай паловы ХХ ст., змог згадаць толькі пра 80 месцазнаходжанняў з т. зв. „неалітычнай грабеньчатай” керамікай[7]. Разрозненыя і нешматлікія артэфакты, зразумела, не маглі быць паўнавартаснымі крыніцамі для распрацоўкі канцэпцый з’яўлення і развіцця неалітычных культур Палесся. Надзвычай супярэчлівымі былі меркаванні археолагаў адносна культурнай ідэнтыфікацыі і паходжання неаліту Палесся. Некалі знойдзеныя тут матэрыялы адносілі ўслед за А. Гардаўскім да днепра-эльбскай культуры[8] або пачалі ўключаць ў межы распаўсюджання днепра-данецкай культуры з грабеньчата-накольчатай керамікай[9]. Некаторыя вучоныя па-ранейшаму прытрымліваліся думкі пра параўнальна малую заселенасць Палесся ў глыбокай старажытнасці, спасылаючыся на забагненасць нізін у басейне Прыпяці.

Уладзімір Ісаенка правёў шырокамаштабныя палявыя даследаванні на тэрыторыі Усходняга і Заходняга Палесся. Штогадовыя археалагічныя разведкі і раскопкі дазволілі яму на працягу 1960–1980-х г. давесці колькасць палескіх неалітычных помнікаў амаль да 500. Многія з іх раскопваліся шырокімі плошчамі. Сярод іх — Камень-2 (Заходняе Палессе), паселішча неаліту і бронзавага веку, якое капалася з 1967 да 1980 г. на плошчы каля 8118 кв. м. Уражвае аб’ём сабранага за тыя дзесягоддзі археалагічнага матэрыялу — гэта сотні тысяч артэфактаў! Калекцыйны фонд Ісаенкі мае каштоўнасць яшчэ і тым, што многія абследаваныя ім помнікі, а гэта найчасцей пясчаныя палескія дзюны, не захаваліся да нашага часу. Частка месцазнаходжанняў знішчалася пад час меліярацыі Палесся, зарастала лесам, аралася, забудоўвалася, ператваралася ў кар’еры. Вялікая колькасць палескіх помнікаў стала недаступнай у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Пры ліквідацыі наступстваў радыеактыўнага забруджвання шмат якія помнікі выкарыстоўваліся пад кар’еры і могільнікі. У сувязі з гэтым палескія калекцыі У. Ісаенкі можна называць фондам выратаваных археалагічных каштоўнасцяў, якія для некаторых рэгіёнаў Палесся застаюцца сёння бадай ці не адзінымі археалагічнымі крыніцамі.

Кандыдацкую дысертацыю У. Ісаенка паспяхова абараніў у 1973 г. З сярэдзіны 1960-х да канца 1970-х г. вучоны напісаў асноўныя свае працы. З друку выйшлі яго „археалагічныя карты” па каменным і бронзавым вяках Беларусі[10], раздзелы па эпохах каменя і бронзы ў „Очерках по археологии Беларуси”[11], у „Гісторыі Беларускай ССР”[12], у шэрагу энцыклапедычных выданняў. У 1976 г. была надрукавана яго манаграфія „Неолит Припятского Полесья”[13].

Уладзімір Ісаенка прыйшоў да высновы, што шляхі з’яўлення і развіцця неалітычных культур ва Усходнім і Заходнім Палессі істотна адрозніваліся. На захадзе Палесся і на поўначы Валыні пад уздзеяннем культурнага імпульсу з Буга-Днястроўскай вобласці і Балканскага паўвострава пачаў развівацца мясцовы варыянт нёманскай неалітычнай культуры, а на ўсходзе Палесся распаўсюджваліся традыцыі днепра-данецкай культуры. На падставе параўнання комплексаў і аналізу стратыграфіі даследчык прасачыў асноўныя этапы фармавання ўсходнепалескага варыянта днепра-данецкай культуры і заходнепалескіх помнікаў нёманскай культуры. Для кожнага з этапаў усходнепалескага варыянта днепра-данецкай культуры і заходнепалескай групы нёманскай культуры Ісаенка вылучыў найбольш характэрныя комплексы прыкмет і асаблівасцяў. Ён абгрунтаваў вылучэнне IV этапу ў развіцці днепра-данецкай культуры, які меў месца ва Усходнім Палессі і развіваўся адначасова з культурай шнуравой керамікі. У. Ісаенка звярнуў таксама ўвагу на прысутнасць у палескім лясным неаліце культуры лейкападобных кубкаў, шарападобных амфар, трыпольскай культуры. Сярод ідэй, якія развіваў даследчык, асаблівай увагі заслугоўвае думка пра працяглую жывучасць неалітычных „грабеньчатых” традыцый, якія істотна паўплывалі на ўсю далейшую хаду гісторыка-культурнага развіцця, найперш на этапе фармавання культур эпохі бронзы. У. Ісаенка, як і многія іншыя спецыялісты яго пакалення, заставаўся прыхільнікам этнакультурных метадаў інтэрпрэтацыі і імкнуўся знайсці этнічную аснову ў вылучаных ім культурных таксонах. Паводле яго заключэння, мясцовыя „этнічныя супольнасці неалітычнай эпохі” складаліся са старажытных індаеўрапейцаў. На іх аснове пазней фармаваліся „балтыйскія і праславянскія плямёны”[14]. Адно з апошніх яго захапленняў — этнічная гідраніміка, вынікам чаго стала падрыхтаваная ім карта старажытных гідронімаў Беларусі ІІІ тыс. да н. э. — сярэдзіны І тыс. н. э.[15].

Адна з праблем, якая цікавіла У. Ісаенку, — пераход неалітычнага насельніцтва да вытвараючай гаспадаркі. Ужо ў неалітычны перыяд, паводле яго меркавання, старажытныя палешукі маглі асвоіць ранняе земляробства і жывёлагадоўлю. Пры гэтым У. Ісаенка дапускаў, што на Палессі знаёмства з вытвараючымі формамі гаспадарання адбылося раней ІІІ тыс. да н. э. У якасці доказаў ён прыводзіў адпаведны археалагічны і астэалагічны матэрыял, пісаў пра „дэмаграфічны выбух” — па раў-нальна рэзкае павелічэнне колькасці паселішчаў на познанеалітычных этапах, а таксама пра пераход да новых формаў светаўспрымання, пранікненне на Палессе традыцый цэнтральнаеўрапейскіх культур, якія ў той час актыўна развівалі земляробчую і жывёлагадоўчую эканоміку. Асаблівай увагі заслугоўвае той факт, што для аргументацыі сваіх палажэнняў Ісаенка спасылаўся не толькі на археалагічныя дадзеныя, але і на вынікі прыродазнаўчых даследаванняў, у прыватнасці на паліналагічныя аналізы, фіксацыю антрапагеннага ўздзеяння на прыроду Палесся ў суббарэальны перыяд[16]. Менавіта палеабатанічныя даследаванні, якія актыўна праводзяцца апошнім часам на тэрыторыі Беларусі, дазваляюць пацвердзіць думку пра неалітычны этап у развіцці ранніх формаў земляробства і жывёлагадоўлі на тэрыторыі Беларускага Палесся[17].

Паводле высноў У. Ісаенкі, у сістэме прысваяльнай эканомікі ў неалітычныя часы на Палессі найбольшае значэнне належала рыбалоўству. Рыбацтва, пісаў ён, дазваляла старажытным палешукам выпрацаваць устойлівыя і збалансаваныя спосабы выжывання ва ўмовах мясцовага навакольнага асяроддзя. Прыстасаванасць да спецыфічных прыродных умоў Палесся ў сваю чаргу спрыяла кансерватыўнасці неалітычнага ладу жыцця і працягламу існаванню традыцый „ляснога неаліту”[18].

Акрамя неаліту Палесся, У. Ісаенка актыўна працаваў над многімі іншымі праблемамі айчыннай археалогіі. У прыватнасці, ён шмат увагі аддаваў збору і інтэрпрэтацыі матэрыялаў мезалітычнага перыяду. Асаблівыя шляхі развіцця ўсходне- і заходнепалескага позняга мезаліту, паводле яго заключэння, прадвызначылі „этнакультурны” падзел Прыпяцкага Палесся па Гарыні, Стыры і паўночнай Случы ў неалітычную эпоху[19]. У. Ісаенка, услед за І. Арцёменкам, паспрабаваў абагульніць некаторыя дадзеныя па „шнуравым перыядзе” і бронзавым веку на тэрыторыі Беларусі[20]. Важным дасягненнем у гэтым кірунку стала яго праца „Археологическая карта Беларуси. Ч. 3. Памятники бронзового века”[21]. У кнізе, акрамя найбольш поўнага зводу помнікаў з матэрыяламі бронзавага веку, ён надрукаваў кароткія нарысы свайго бачання культурнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця грамадства эпохі бронзы на тэрыторыі Беларусі, спрабуючы сінхранізаваць асноўныя перыяды бронзавага веку Беларусі з этапамі культурных зменаў у сумежных рэгіёнах Еўропы[22]. У сваіх публікацыях У. Ісаенка неаднаразова слушна адзначаў некаторыя асаблівасці помнікаў са шнуравой керамікай на тэрыторыі Прыпяцкага Палесся. Для вызначэння іх адметнасці ён спачатку ўжываў тэрмін „палеская група”[23], а пазней „палеская культура шнуравой керамікі”[24]. Апошняя, на яго думку, адрознівалася ад сярэднедняпроўскай і збліжалася са стшыжаўскай культурай[25].

На падставе ўласнага шматгадовага досведу і вопыту працы з крамянёвымі знаходкамі Уладзімір Ісаенка прапанаваў сваю сістэму класіфікацыі крамянёвых вырабаў Паўднёвай Беларусі. Ён напісаў цікавыя і адначасова карысныя і змястоўныя артыкулы па асаблівасцях тапаграфіі і стратыграфіі палескіх помнікаў каменнага веку, па метадах рэгламентацыі палявых прац на паселішчах каменнага веку, па старажытнай мастацкай творчасці і інш.

Сваю дасведчанасць у сістэматызацыі навуковай інфармацыі вучоны паспяхова праявіў у працы над многімі энцыклапедычнымі выданнямі. Ён уваходзіў у рэдакцыйныя калегіі многіх беларускіх энцыклапе дый, быў кансультантам, рэдактарам і аўтарам вялікай коль касці энцыклапедычных артыкулаў (ім напісана больш за 400 артыкулаў для энцыклапедый!). У. Ісаенка — аўтар многіх гісторыка-дакументальных хронік га ра доў і раёнаў Беларусі „Памяць”[26]. Акрамя ўласна архе алагічных артыкулаў ён змяшчаў на старонках кніг „Памяці” напрацаваны ім матэрыял па розных перыядах мясцовай гісторыі, найперш на тэму Другой сусветнай вайны.

Захапленне вучонага ваеннай тэматыкай, бадай, нельга назваць хобі. Вайна, якая пакінула ў памяці падлет ка страшны след, не магла не прымусіць думаць усё жыццё пра яе і цікавіцца праўдзівай ваеннай гісто рыяй. Я не памылюся, калі напішу, што У. Ісаенка быў адным з самых дасведчаных у Беларусі храністаў Вялікай Айчыннай вайны. Сабраныя і сістэматызаваныя веды пра вайну дазволілі У. Ісаенку прапанаваць цікавыя і грунтоўныя артыкулы, рэцэнзіі, карты баявых дзеянняў для навуковых і навукова-папулярных выданняў Беларусі[27]. У. Ісаенка — першы ў Беларусі археолаг, які паспрабаваў спалучыць прафесійны археалагічны досвед і ваенна-гістарычныя веды з дзейнасцю, скіраванай на пошук невядомых пахаванняў часоў вайны. У другой палове 1990-х — пачатку 2000-х г. ён паспяхова і плённа працаваў на пасадзе археолага-кансультанта ў спецыялізаваным пошукавым батальёне, падрыхтаваў для камандзіраў падраздзялення дапаможнік па методыцы правядзення палявых прац, закладаючы тым самым тэарэтычную і практычную аснову беларускай ваеннай археалогіі.

Уладзімір Ісаенка належаў да той катэгорыі навукоўцаў, якія ніколі не спыняліся на дасягнутым. Ён, як ніхто іншы з нашых калег, мог крытычна ацаніць тую ці іншую ідэю, паказаць перспектыву яе развіцця і ўдасканалення. Здзіўляла яго памкненне распрацоўваць маштабныя па сваёй глыбіні навуковыя праблемы. Шкада, што многія з распачатых праектаў па розных прычынах так і не былі рэалізаваныя.

Мікола Крывальцэвіч


[1] Матэрыялы па археалогіі Беларусі: Даследаванні каменнага і бронзавага вякоў (да юбілеяў У. Ф. Ісаенкі і М. М. Чарняўскага). Мінск, 2010. Вып. 18.
[2] Ісаенка У. Жыцьцё з галавой у пятлі // Arche. 1999. № 2. С. 172.
[3] Тамсама. С. 176–177.
[4] Тамсама. С. 171–184.
[5] Тамсама. С. 176–177.
[6] Ісаенка У. Ф. Юравічы над Прыпяццю. Мінск: „Арты-Фэкс”, 2000.
[7] Кухаренко Ю. В. Первобытные памятники Полесья // Свод археологических источников. Москва, 1962. Вып. Б1-18.
[8] Gardawski A. Zagadnienie kultury „ceramiki grzebykowej” w Polsce // Wiadomości Archeologiczne. Warszawa, 1958. T. XXV.
[9] Телегін Д. Я. Дніпро-донецька культура. Київ, 1968.
[10] Исаенко В. Ф. Археологическая карта Белоруссии. Минск: Полымя, 1968. Вып. 1: Памятники каменного века. 127 с.; ён жа. Археологическая карта Белоруссии. Минск: Полымя, 1976. Вып. 3: Памятники бронзового века.
[11] Очерки по археологии Белоруссии. Минск: Наука и техника, 1972. Ч. 1.
[12] Гісторыя Беларускай ССР: у 5 т. / АН БССР. Ін-т гісторыі; Рэдкал.: К. І. Шабуня (гал. рэд.) і інш. Мінск: Навука і тэхніка, 1972. Т. 1.
[13] Исаенко В. Ф. Неолит Припятского Полесья. Минск: Наука и техника, 1976.
[14] Тамсама. С. 118–120, 127.
[15] Гістарычны атлас Беларусі. Warszawa: Efekt, 2008. T. 1: Беларусь ад старажытных часоў да канца ХVІІІ ст. С. 38–39.
[16] Исаенко В. Ф. Неолит Припятского Полесья.
[17] Зерницкая В. П., Симакова Г. И., Павлова И. Д. Признаки хозяйственной деятельности человека в пыльцевых спектрах голоцена Беларуси // Гістарычна-археалагічны зборнік. Мінск, 2001. № 16. С. 5–19; Калечыц А. Г. Пераход да вытворчай гаспадаркі на тэрыторыі Беларусі (шляхі і час) // Od neolityzacji do początkow epoki brązu. Przemiany kulturowe w miedzyrzeczu Odry i Dniepru miedzu VI i II tys. przed Chr. Poznań, 2001. S. 29–42; Kryvaltsevich M., Simakova G., Razlutskaya A. The Emergence of Early Agriculture and Stock Raising on the Territory of Belarus: Several Issues and Research Aspects // Eurasian Perspectives on Environmental Archaeology: Annual Conference of the Association for Environmental Archaeology (AEA), Poznan, September 12—15, 2007. Poznan, 2007. P. 89–92.
[18] Исаенко В. Ф. Древнее рыболовство в Полесье // Рыболовство и морской промысел в эпоху мезолита — раннего металла в лесной и лесостепной зоне Восточной Европы. Ленинград: Наука, 1991. С. 96–106.
[19] Исаенко В. Ф. Неолит Припятского Полесья.
[20] Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1; Исаенко В. Ф. Археологическая карта Белоруссии. Вып. 3: Памятники бронзового века.
[21] Исаенко В. Ф. Археологическая карта Белоруссии. Вып. 3: Памятники бронзового века.
[22] Гл. з гэтай нагоды: Крывальцэвіч М. М. Праблемы перыя-дызацыі і храналогіі эпохі бронзы на тэрыторыі Паўднёвай Беларусі // Гістарычна-археалагічны зборнік. Мінск, 2006. № 22. С. 39–40.
[23] Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1. С. 123; Исаенко В. Ф. Археологическая карта Белоруссии. Вып. 3: Памятники бронзового века. С. 16.
[24] Белорусская археология: Достижения археологов за годы советской власти / В. Ф. Исаенко, М. М. Чернявский и др. / Ред-кол.: Г. В. Штыхов и др. Минск: Наука и техника, 1987. С. 25–26.
[25] Тамсама. С. 25–26.
[26] Гл. бібліяграфію навуковых прац: Крывальцэвіч М. М. Спіс навуковых і навукова-папулярных прац Уладзіміра Фёдаравіча Ісаенкі // Матэрыялы па археалогіі Беларусі: Даследаванні каменнага і бронзавага вякоў (да юбілеяў У. Ф. Ісаенкі і М. М. Чарняўскага). Мінск, 2010. Вып. 18. С. 12–19.
[27] Гл., напрыклад: Ісаенка У. Ф. Карта „Абарона Мінска 25 чэрвеня — 3 ліпеня 1941 г.” // Энцыклапедыя гісторыі Белару сі: у 6 т. Т. 5. Мінск, 1999. С. 161–163; ён жа: Карта „Навагрудскі кацёл” // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Т. 5. Мінск, 1999. С. 260–261; ён жа: Карта „Вялікая Айчынная вайна. Баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі. 22 чэрвеня — жнівень 1941 г.” // Нацыянальны атлас Беларусі. Мінск, 2002. С. 282–283; ён жа: Рэц.: Першы дапаможнік па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны // БГА. 2005. Т. 12. Сш. 1–2 (22–23). С. 341–359.
Наверх

Тэгі: ,