Юліуш Бардах як даследчык ВКЛ і яго спадкаемцаў (Марцэлі Косман)
I
26 студзеня 2010 г. еўрапейская навука панесла непапраўную страту: у Варшаве памёр старэйшына польскай гуманістыкі, знакаміты даследчык і арганізатар навуковага жыцця ў другой палове XX ст. — Юліуш Бардах, прафесар Варшаўскага ўніверсітэта, правадзейны член Польскай акадэміі навук і актыўны член Польскай акадэміі ведаў, удзельнік шматлікіх польскіх і замежных (як усходніх, так і заходніх) навуковых арганізацый, у тым ліку Нацыянальнай акадэміі дэі Лінчэі (Рым)[1], Міжземнаморскай акадэміі навук (Катанія), Таварыства параўнальнай гісторыі грамадскіх інстытутаў імя Жана Бадэна (Бельгія), Таварыства гісторыі права (Парыж), Міжнароднай камісіі па славянскіх даследаваннях Міжнароднага камітэта гістарычных навук, Міжнароднай камісіі па гісторыі дзяржаўных саюзаў і парламентарызму МКГН, Таварыства па старажытных дзяржавах і дзяржаўных саюзах (Бельгія), Гістарычнай камісіі ПАН і АН СССР (сустаршыня). Чалавек-інстытут, які выдатна праявіў сябе ў цяжкія для навукі гады, выдатны аналітык і сінтэтык, надзвычай паспяховы ў дзеяннях; чалавек, які цвяроза глядзіць на рэчаіснасць і кіруецца думкай у будучыню. Ён меў за сабой багаты жыццёвы досвед[2].
Будучы навуковец прыйшоў на свет праз некалькі месяцаў пасля пачатку Першай сусветнай вайны (нарадзіўся ў Адэсе 3 лістапада 1914 г.), у дарослае жыццё ўступаў у міжваенны перыяд, заканчэнне якога стала і фіналам першага этапу яго навуковай кар’еры, распачатай у Віленскім універсітэце імя Стэфана Баторыя. Тады яму было ўсяго 25 гадоў і ён быў аўтарам некалькіх артыкулаў, але яшчэ далёка было да абароны доктарскай дысертацыі, падрыхтаванай пад кіраўніцтвам рэктара ўніверсітэта Стэфана Эрэнкройца, закатаванага потым у засценках НКУС. Другім яго настаўнікам на факультэце права і грамадскіх навук Віленскага ўніверсітэта быў Віктар Сукенніцкі. Выбух вайны і лёс Віленшчыны ў 1939–1945 г. сталі жорсткай, але карыснай школай жыцця. У Польшчу ў яе новых межах Ю. Бардах вярнуўся ў вайсковым мундзіры, у складзе I корпуса Войска Польскага ў СССР — тады гэта быў адзіны шлях пазбегнуць ссылкі. З войска ён звольніўся толькі ў 1950 г. у званні палкоўніка. Аднак гэтае дзесяцігоддзе не азначала поўнага перапынку ў навуковай дзейнасці — двума гадамі раней Ю. Бардах абараніў дысертацыю ў Кракаўскім Ягелонскім універсітэце, а неўзабаве стаў прафесарам Варшаўскага ўніверсітэта.
Гэта быў час росквіту вульгарнай гістарыяграфіі, і Бардах адыграў вялікую ролю ў захаванні вартасці польскай навукі — ён бараніў яе як выдатны тактык, які карыстаўся аўтарытэтам з абодвух бакоў барыкад[3]. Ён стварыў знакамітую метадалагічную школу, падваліны якой заклаў яшчэ ў Вільні, дзе дэбютаваў з артыкулам „Адопцыя ў літоўскім праве ў XV–XVI ст.” (1938), а яшчэ раней выступіў у дэбатах на VI Усеагульным з’ездзе польскіх гісторыкаў у Вільні (1935). Ягоны вучань Станіслаў Русоцкі напісаў: «У цяжкі перыяд навязвання „адзіна праўдзівага і слушнага” метаду гістарычных даследаванняў прыроджаная памяркоўнасць і разважлівая пазіцыя ва ўсіх спрэчках дазволілі яму ўмацаваць свой прэстыж у гістарычна-прававым асяроддзі. Яму ўдалося таксама зберагчы ўлюбёную дысцыпліну ад адміністрацыйнага выраджэння эпохі ідэалагізацыі навукі і адукацыі. Яшчэ важней тое, што дзякуючы сістэматычнаму клопату пра маладыя кадры ва ўсіх асяродках ён істотна паспрыяў утрыманню ўсёй дысцыпліны на традыцыйна высокім, еўрапейскім узроўні”. Пасляваенным настаўнікам Ю. Бардаха стаў Адам Ветулані. Бардаху ўдалося выдатна спалучаць уласныя даследаванні з арганізацыяй калектыўнай працы, уласную выкладчыцкую дзейнасць з калектыўнымі мерапрыемствамі. Ён карыстаўся аўтарытэтам у дзяржаўных улад на розных этапах пасляваеннай гісторыі Польшчы. Шмат увагі аддаваў параўнальнаму метаду, рэцэпцыі ў гісторыі дзяржавы і права. Ён быў юрыстам паводле адукацыі і гісторыкам з шырокім колам інтарэсаў.
Творчая спадчына Ю. Бардаха налічвае больш як 600 пазіцый. Ён належаў да суаўтараў першага тома фундаментальнай „Гісторыі Польшчы” Інстытута гісторыі ПАН (1957)[4], разам з Аляксандрам Гейштарам, Генрыкам Лаўмяньскім і Евай Малячыньскай напісаў шматразова перавыдаваны падручнік „Гісторыя Польшчы да 1466 г.”. Але ў першую чаргу ён вядомы як рэдактар „Гісторыі дзяржавы і права Польшчы” і аўтар яе першага тома (да сярэдзіны XV ст.) — у шматлікіх перавыданнях, а пазней у сінтэтычным аднатомным выданні, напісаным разам з Багуславам Лесьнадорскім і Міхаілам Петшакам. Чарговымі яго буйнымі працамі былі манаграфія „Соймы ў старадаўняй Польшчы”, а таксама ўдзел у калектыўнай „Гісторыі польскага сойма” (у 4 т.). Бібліяграфія творчай спадчыны Ю. Бардаха паказвае надзвычай шырокі дыяпазон яго навуковых інтарэсаў. Яна была змешчана ў юбілейных выданнях: „Парламент, права, людзі. Працы, прысвечаныя прафесару Юліушу Бардаху з нагоды 60-годдзя яго творчай дзейнасці” (Варшава, 1996)[5] і „З гісторыі прававой культуры. Працы, прысвечаныя прафесару Юліушу Бардаху на 90-годдзе з дня нараджэння” (Варшава, 2004)[6]. Бібліяграфія, змешчаная ў першым зборніку, налічвае 458 пазіцый, у другім — 564 пазіцыі. Пошукавымі намаганнямі ўдавы гісторыка Ванды Суднік-Бардах к цяперашняму часу гэтая лічба вырасла да 600 назваў. Спецыяльнай кнігай адзначылі наданне Ю. Бардаху ступені доктара honoris causa з боку сваёй ВНУ прадстаўнікі Лодзьскага ўніверсітэта (“Symbolae historicoiuridicae Łodziensis Iulio Bardach dedicatae”, 1997)[7]. Такую самую ступень надаў свайму прафесару і Варшаўскі ўніверсітэт, а таксама ягоная альма-матэр — Віленскі ўніверсітэт. Тым самым быў адзначаны яго вялікі ўнёсак у літуаністыку — гэта шматлікія артыкулы па гісторыі Літвы, большасць з якіх сабраны ў кнігах „Даследаванні па гісторыі дзяржаўнага
ладу і права Вялікага Княства Літоўскага” (1970), „Статуты ВКЛ і рымскае права” (1999), а таксама „Пра даўнюю і нядаўнюю Літву” (1988). Пра шырыню інтарэсаў сведчаць нарысы і артыкулы, апублікаваныя ў апошнія гады жыцця ў зборніках „Феміда і Кліа, ці Права і Гісторыя” (2001) і „У аб’ектыве навукі і ў люстэрку памяці (пра вучоных, пісьменнікаў і палітыкаў XIX–XX ст.)” пад рэдакцыяй Ванды Суднік (2004). Звярну ўвагу на змешчанае там эсэ пра Яраслава Івашкевіча пад назвай „Народжаны на Украіне”. Яго мог напісаць толькі той, хто не толькі добра знаецца ў мінуўшчыне, але і сам прыйшоў на свет на той зямлі, каб гэтак жа, як і вялікі пісьменнік, урэшце пазіраць на яе з надвіслянскай перспектывы.
Шмат прац Юліуша Бардаха апублікавана за мяжой, асабліва на французскай мове. Тым самым аўтар папулярызаваў на Захадзе вынікі даследаванняў (не толькі ўласных), у першую чаргу па гісторыі Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага ў яе складзе.
Адышоў адзін з тытанаў польскай гуманістыкі, якому ўдалося згуртаваць даследчыкаў — не толькі польскіх — і які за гэта назаўсёды застанецца ў нашай удзячнай памяці.
II
За два гады да дзевяностагадовага юбілею прафесара Юліуша Бардаха беларускае гістарычнае асяроддзе, дзякуючы ў першую чаргу галоўнаму рэдактару часопіса „Беларускі Гістарычны Агляд” Генадзю Сагановічу, у рамках бібліятэчкі гэтага часопіса ўшанавала чарговыя ўгодкі тагачаснага старэйшыны польскіх даследчыкаў дзяржаўнага ладу выданнем аб’ёмнага тома яго прац пад назвай „Штудыі з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага” (Мінск, 2002). У ім змешчаны працы, напісаныя на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў і прысвечаныя падзеям на тэрыторыі колішняга ВКЛ[8]. Прафесар падтрымліваў блізкія кантакты з беларускімі гісторыкамі. Увосень 1998 г. ён з задавальненнем прыняў прапанову стаць членам навуковай рады БГА і параіў запрасіць у яе і іншых прадстаўнікоў міжнароднай гістарычнай супольнасці — ад Італіі Сантэ Грачыёці, прафесара Рымскага ўніверсітэта „Ла Сап’енца”, члена Нацыянальнай акадэміі дэі Лінчэі, „выдатнага славіста з гістарычным ухілам”, нагадаўшы, што некалькімі гадамі раней ён ужо ўдзельнічаў у канферэнцыі ў Мінску па ініцыятыве і за кошт аселага ў Лондане доктара Анджэя Цеханавецкага; таксама ад Францыі (прапанаваў Даніэля Бавуа) і Вялікабрытаніі (тут „не меў канкрэтных ідэй”). З уласцівым яму тактам у тым жа лісце ён зазначыў, што гэта толькі яго сціплыя парады, магчыма заўчасныя, і дадаў па-руску: „Дело хозяйское”[9]. Гаспадар скарыстаўся з гэтых парад, пра што сведчыць міжнародны склад рэдакцыйнай рады гэтага часопіса ў наступныя гады. Пазней у асобным лісце прафесар выказаў сваё стаўленне да меркаванага пераліку яго прац, якія меліся быць змешчаны ў рыхтаваным беларускамоўным выданні, і ўнёс у яго дробныя папраўкі[10].
Праз некалькі гадоў, калі пайшоў ужо на пенсію, ён дзяліўся такімі ўспамінамі: „Вучоба ў Вільні скіравала маё зацікаўленне ў бок дзяржаўнага ладу і прававой сістэмы Вялікага Княства Літоўскага. Паспрыяла гэтаму яшчэ і сама атмасфера Вільні — горада, які ўяўляў сабой цэнтр польскага анклава на літоўска-беларускім этнічным памежжы”[11].
Колькасць жыхароў Вільні з больш як 200 тысяч перад пачаткам Першай сусветнай вайны ўпала да 140 тысяч у 1916 г. Пасля заканчэння вайны колькасць насельніцтва паволі расла, але даваенны ўзровень перасягнула толькі ў 1939 г. Палякі складалі ў той час каля 66% віленчукоў, яўрэі — каля 28%, у лік астатніх 5,6% уваходзілі рускія, беларусы, літоўцы і ўкраінцы[12]. Прыгадваючы часта цытаваныя словы Чэслава Мілаша (“Цяжка зразумець гэты характар даваеннай Вільні як анклава — ці то Польшча, ці то не Польшча, ці то Літва, ці то не Літва, ці то правінцыя, ці то сталіца, хоць у першую чаргу ўсё ж правінцыя”), Ю. Бардах піша: „У міжваенныя гады цэнтрам гэтай асаблівай правінцыі быў Віленскі ўніверсітэт — гэтак жа як і ў першыя трыццаць гадоў XIX стагоддзя”, — і зноў спасылаецца на прыгожае эсэ толькі што цытаванага лаўрэата літаратурнай Нобелеўскай прэміі, у якім той разважае пра перапыненне традыцыі альма-матэр у 1832–1919 г., калі захоўвалася памяць пра філаматаў, слава якіх не згасла і пазней, а пасля аднаўлення ўніверсітэта, названага імем Стэфана Баторыя, сумяшалася са славай Клуба Валацуг, а таксама Таварыства Круцялёў ці ложы „Шчыры ліцвін”, якія ў свой час узгадавалі творчасць Адама Міцкевіча. «Так варта меркаваць і з некаторых учынкаў майго прафесара Стэфана Эрэнкройца. Тая атмасфера адыгрывала ў міжваеннай Вільні немалую ролю. Яе падкрэслівае ў сваіх успамінах і іншы мой універсітэцкі настаўнік — Віктар Сукенніцкі. Гэта стварала інтэлектуальны клімат, у якім добра адчуў сябе Станіслаў Лорэнц, калі ў 1929 г. прыхаў у горад над Віліяй, — пра гэта ён піша ў сваім „Віленскім альбоме”»[13].
Лорэнц, знакаміты гісторык мастацтва і арганізатар музейнай справы, хоць і з’ехаў праз некалькі гадоў у Варшаву на пасаду дырэктара Нацыянальнага музея, але назаўсёды закахаўся ў горад над Віліяй, што засведчыў у памянёным томе ўспамінаў, а таксама ў апублікаванай перапісцы са сваім студэнтам і пазнейшым калегам[14], заслужыўшы тытул „віленчука паводле выхавання”. Тое самае азначэнне можна дапасаваць і да Юліуша Бардаха, які свае цёплыя пачуцці да горада маладосці ў пасляваенны перыяд дэманстраваў неаднаразова, асабліва пасля палітычных перамен у Польшчы, звязаных з кастрычніцкімі падзеямі 1956 г. Пад час юбілейных урачыстасцяў з нагоды свайго сямідзесяцігоддзя ён прызнаўся шматлікім калегам і вучням, прысутным у зале імя Брудзінскага Казіміраўскага палаца Варшаўскага ўніверсітэта: „Я да сёння застаюся верны праблематыцы Вялікага Княства Літоўскага і рады, што два мае самыя маладыя і ўжо, відаць, апошнія вучні спецыялізуюцца акурат у сферы дзяржаўнага ладу і права гістарычнай Літвы. Бо сярод польскіх гісторыкаў права не павінны знікнуць даследчыкі таго права, якое дзейнічала прыкладна на . тэрыторыі колішняй Рэчы Паспалітай. Гэтаксама і ў пазнавальных адносінах літоўскае права, якое ўзнікла на скрыжаванні лацінскай і візантыйскай культуры, на скрыжаванні ўсходу і захаду Еўропы, з’яўляецца надзвычай цікавым і дае шмат матэрыялу для разумення шляхоў запазычвання прававых нормаў, а таксама для параўнальных даследаванняў”[15].
Гэта не адзінае выказванне знакамітага даследчыка пра горад яго студэнцкай маладосці, на які ён з цеплынёй глядзеў і праз шмат дзесяцігоддзяў, здабыўшы славу еўрапейскага вучонага, добра вядомага ў гістарычна-прававых асяродках як на Усходзе, так і на Захадзе. Сваю лекцыю ў Лодзьскім універсітэце з нагоды атрымання ў 1995 г. доктарскай ступені honoris causa ён пачаў з успамінаў пра свае першыя кантакты з гэтай ВНУ на пачатку яе існавання, калі роўна паўстагоддзя таму, у канцы лютага — пачатку сакавіка, ён праездам з фронту апынуўся ў Лодзі і атрымаў там прапанову наконт чытання лекцый па гісторыі права ў новаствораным універсітэце. Фармальна ён не меў яшчэ доктарскай ступені. Але згоды не дало вайсковае камандаванне, і яшчэ некалькі гадоў Ю. Бардах правёў у мундзіры ў якасці афіцэра. Дык вось, і ў гэтым выступе ён успомніў пра сваю родную Almae Matris Vilnensis[16].
У спадчыне нязменна актыўнага з канца міжваенных часоў гуманіста гістарычная Літва займае асаблівае месца — досыць зірнуць на бібліяграфію, якая налічвае больш як пяцьсот назваў, каб пераканацца ў гэтым і адначасова заўважыць, што працы на гэтую тэму публікаваліся ў пэўных храналагічных блоках. Кажучы папросту, тут знаходзіла свой адбітак агульнае становішча польскай літуаністыкі за мінулыя паўстагоддзя. Народжаны ў Адэсе будучы вучоны ў перыяд вучобы і адразу ж пасля яе завяршэння быў звязаны з Універсітэтам Стэфана Баторыя ў Вільні і першыя сем сваіх публікацый (за 1936–1939 г.) прысвяціў дзяржаватворчым аспектам спадчыннага права Гедымінавічаў і Ягайлавічаў. У ліку гэтых прац былі пяць рэцэнзій, выступленне ў дэбатах на VI Усеагульным з’ездзе польскіх гісторыкаў, які праходзіў у Вільні ў 1935 г. (“Траціна ў літоўскім праве”), а таксама грунтоўнае, амаль стостаронкавае даследаванне „Адопцыя ў літоўскім праве ў XV–XVI ст.”.
Вільня — гістарычная сталіца Вялікага Княства Літоўскага і адначасова горад, які пакінуў трывалы след у польскай, беларускай, яўрэйскай культурах, горад на шматнацыянальным памежжы — зачаравала дваццацігадовага грамадзяніна міжваеннай Польшчы. Бо гэта ж была дзяржава, якая пры ягоным жыцці, а менавіта калі яму было чатыры гады, здабыла незалежнасць пасля стагоддзяў падзелу паміж чужымі імперыямі.
Абодва гэтыя студэнцкія тэксты аказаліся грунтоўнымі (другі потым паслужыў асновай доктарскай дысертацыі), пра што сведчыць іх уключэнне праз некалькі дзесяцігоддзяў — пасля ўнясення шэрагу паправак і дапаўненняў — у зборнік даследаванняў па гісторыі дзяржаўнага ладу і права Вялікага Княства. І гэтыя працы, і рэцэнзіі, не лічачы выдадзенага ў Львове „Дзённіка VI Усеагульнага з’езда польскіх гісторыкаў”, публікаваліся тут жа, у Вільні, — у „Ateneum Wileńskim” ды „Wiadomościach Studium Historii Prawa Litewskiego USB”. Як заўважыў Станіслаў Русоцкі ў артыкуле з выпадку шасцідзесягоддзя творчасці Юліуша Бардаха (у зборніку „Парламент, права, людзі”, Варшава, 1996, с. 7), не так і часта здаралася, каб 21-гадовы студэнт наважваўся — і прычым з поспехам — узяць слова на пасяджэннях агульнапольскага навуковага форуму і выступіць з заўвагамі да дакладаў такіх аўтарытэтаў, як Войцех Гейнаш і Стэфан Эрэнкройц — тагачасны навуковы кіраўнік будучага даследчыка.
XI Усеагульны з’езд польскіх гісторыкаў прайшоў у Вільні 17–20 верасня 1935 г. і стаў значнай падзеяй у колах аматараў Кліа ва ўсёй тагачаснай Польшчы, а асабліва ў горадзе над Віліяй. З’езд быў старанна падрыхтаваны Польскім гістарычным таварыствам[17], а базай яго правядзення было віленскае аддзяленне гэтага таварыства. Спрэчкі наконт праграмы з’езда былі жывыя і датычыліся прапорцый паміж агульнай тэматыкай і гісторыяй ВКЛ, якому прысвячалася асаблівая ўвага[18].
Тры аналагічныя з’езды, першы з якіх адбыўся ў 1880 г. з нагоды чатырохсотых угодкаў смерці Яна Длугаша, прайшлі яшчэ да здабыцця незалежнасці. У не залежнай Польшчы былі праведзены таксама тры: у Познані (1925), Варшаве (1930) і Вільні (1935). Правядзенне чарговага з’езда гісторыкаў было запланавана на 1940 г. у Львове, але з прычыны выбуху сусветнай вайны гэтага так і не адбылося. У познаньскім з’ездзе ўдзельнічалі каля 500 чалавек, у варшаўскім — каля 640, у віленскім — 633, што было вялікім поспехам, калі ўлічыць перыферыйнае становішча старадаўняй сталіцы Вялікага Княства Літоўскага. Адзін з удзельнікаў гэтага з’езда — Ян Адамус, з якім Бардах быў і тады, і ў пазнейшыя гады цесна звязаны[19], — успамінаў:
“Віленскі з’езд несумненна ўдаўся. Часткова, у якасці дадатковых фактараў, гэтаму безумоўна паспрыялі пэўныя акалічнасці па-за рамкай афіцыйнай праграмы. Стаўленне да з’езда з боку мясцовай прэсы, зацікаўленасць у з’ездзе ўсёй інтэлігентнай віленскай грамады стваралі атмасферу незвычайнай добразычлівасці, у якой маглі ва ўсёй велічы расквітнець традыцыйная старапольская гасціннасць горада Гедыміна і высокая культура яго насельнікаў. Дый сам горад са сваімі поўнымі старадаўніх рэліквій мурамі ствараў настрой, які асабліва спрыяў сур’ёзным дыскусіям. <…> Са ма гісторыя нібы прамаўляла непасрэдна да сэрцаў, а не толькі да розумаў сабраных з усёй Польшчы гісторыкаў”[20].
У памяці студэнта-правазнаўца — і, напэўна, не толькі яго — засталася роля, якую даручылі яму афіцыйныя сакратары другой секцыі з’езда, а менавіта Ян Адамус і доктар Караль Караный з Львоўскага ўніверсітэта імя Яна Казіміра. Праз шмат гадоў Ю. Бардах расказаў, што абодва яны не вельмі хацелі займацца працаёмкім стэнаграфаваннем ходу паседжанняў і таму пасадзілі яго за сакратарскі стол. Так Юліуш Бардах стаў тым, хто вёў паседжанні секцыі гісторыі права, што рабіў, вядома, з гонарам, бо быў „адным з наймаладзейшых удзельнікаў з’езда, меў за плячыма ледзьве дваццаць гадоў”[21].
Студэнт-правазнавец, які толькі два гады знаходзіўся ў Вільні, але ўжо здабыў вядомасць сярод прафесараў не толькі свайго факультэта, дэбютаваў перад гісторыкамі, якія з’ехаліся з усёй краіны — з Львова, Кракава, Любліна, Варшавы і ажно з Познані. Паседжанні адбываліся ў васьмі секцыях — 1) палітычнай гісторыі; 2) гісторыі права; 3) эканамічнай гісторыі; 4) гісторыі культуры; 5) ваеннай гісторыі; 6) прыкладных гістарычных дысцыплін; 7) старажытнай гісторыі; 8) выкладання гісторыі[22].
Юліуш Бардах выконваў функцыі не толькі стэнаграфіста, але і дэ-факта сакратара другой секцыі. Таксама ён узяў слова ў дыскусіі наконт дакладаў, прысвечаных уплыву рымскага права на статуты ВКЛ, а таксама ўзаемаадносінам паміж імі і польскім правам. Яго выступленне, адрэдагаванае і паглыбленае, было апублікавана ў 2-м томе матэрыялаў з’езда, які ахопліваў дэбаты ва ўсіх секцыях[23].
У будучыні Ю. Бардаху наканавана было зрабіцца галоўным аўтарытэтам у вывучэнні Статутаў ВКЛ, ім ён прысвяціў шматлікія артыкулы і манаграфіі. Пачатак быў пакладзены грунтоўным артыкулам пра Статуты ВКЛ як помнікі права эпохі Адраджэння, напісаным у 1974 г.[24]. У наступным годзе на французскай мове быў апублікаваны тэкст выступлення Ю. Бардаха на XIV Міжнародным кангрэсе гістарычных навук у Чыкага[25]. Выказваўся ён пра гэтыя помнікі прававой культуры Залатога веку ВКЛ і на канферэнцыях у Бруселі, Маскве ды іншых месцах, выступаў у друку з рэцэнзіямі на публікацыі, што выходзілі як у Польшчы, так і за яе межамі. Падсумаваннем даследчай дзейнасці ў гэтым кірунку стала выдадзеная ў 1999 г. 160-старонкавая манаграфія, прысвечаная тром статутам ВКЛ у параўнанні з іншымі тагачаснымі еўрапейскімі прававымі кадыфікацыямі з асаблівым акцэнтам на ўплыў рымскага права[26]. Тут мы бачым увасабленне даследчых пастулатаў, вылучаных колішнім віленскім студэнтам-правазнаўцам шэсцьдзясят гадоў таму на з’ездзе гісторыкаў у Вільні.
III
Пасля заканчэння вучобы на факультэце права Віленскага ўніверсітэта малады даследчык меў перад сабой выдатныя перспектывы навуковай працы ў горадзе над Віліяй[27], але неўзабаве эйфарыя прайшла, вайна перапыніла нармальнае развіццё віленскага навуковага асяроддзя (уласна кажучы, знішчыла яго ў ранейшых польскіх формах), таму наступны восьмы пункт у бібліяграфіі з памянёнага юбілейнага выдання з’явіўся на старонках газеты „Polska Zbrojna” толькі праз шэсць гадоў пасля папярэдняга і датычыў дыскусіі наконт вызвалення Познані ад нямецкай акупацыі (артыкул быў настолькі цікавы, што праз 17 гадоў яго ўключылі ў калектыўную „Анталогію польскага ваеннага рэпартажу 1939–1945 г.”). Наступныя паўдзесяцігоддзя былі праведзены на ваеннай службе і таксама не былі плённымі ў навуковай дзейнасці. Толькі ў 1950 г. Ю. Бардах вярнуўся ва ўніверсітэт, гэтым разам у Варшаўскі. «У цяжкі перыяд навязвання „адзіна праўдзівага і слушнага” метаду гістарычных даследаванняў прыроджаная памяркоўнасць і разважлівая пазіцыя ва ўсіх спрэчках дазволілі яму ўмацаваць свой прэстыж у гістарычна-прававым асяроддзі», — трапна заўважае Русоцкі, прычым гэты прэстыж варта пашырыць на ўсё польскае гістарычнае асяроддзе, не забываючы і пра аўтарытэт Ю. Бардаха ў міжнародным маштабе.
Разважлівасць і рэалізм прымусілі пры гэтым — гэтак жа як і значна старэйшага гісторыка з Вільні Генрыка Лаўмяньскага, які пасля заканчэння вайны пасяліўся ў Познані, — у найцяжэйшыя гады пераключыцца з літуаністыкі на гісторыю Польшчы і Славакіі, што, вядома ж, не азначала канчатковага адыходу ад вывучэння гісторыі Літвы, як гэта мела месца ў выпадку з некаторымі іншымі „выгнанцамі” з колішняга Універсітэта Стэфана Баторыя. Ю. Бардах вярнуўся да літуаністыкі, як толькі пасля „кастрычніцкага пералому” склаліся больш-менш спрыяльныя ўмовы для гэтага. 1958 год прынёс, поруч з некалькімі рэцэнзіямі на працы па гісторыі Вялікага Княства, вялікі артыкул (“Непадзельная ўласнасць у статутах ВКЛ”) у юбілейным зборніку ў гонар памянёнага вышэй старэйшага калегі. Праз два гады выйшла праца „Аб практыцы літоўскай канцылярыі часоў Жыгімонта I Старога”, прысвечаная Раману Градэцкаму. У сваю чаргу, Тадэвушу Мантэйфелю быў прысвечаны нарыс з гісторыі адміністрацыі Вялікага Княства Літоўскага ў XV–XVII ст. пад назвай „Чалабіцці і паклоны” (1962). Праз год у „Czasopiśmie Prawno-Historycznym” з’явілася грунтоўнае даследаванне „Свецкі характар звычаёвага шлюбнага права русінаў Вялікага Княства Літоўскага (XV–XVII ст.)”. У тым жа нумары выйшлі ўспаміны пра Яна Адамуса — віленскага гісторыка дзяржаўнага ладу, які пасяліўся ў Лодзі. У нумары ж, прысвечаным Лешаку Раабу, быў апублікаваны вялікі нарыс пад назвай „Віленскія гады: 1933–1944”. 1966 год прынёс рэцэнзію на тэму паўстання на Літве ў другой палове XIX ст., наступны — развагі наконт успрымання „Хронікі” Мацея Стрыйкоўскага ў Расіі і нарыс пра гісторыю выведачнай службы ў ВКЛ XVI ст. (“Рыскун і шпег”), прысвечаны Станіславу Гербсту. У 1969 г. (якраз адзначалася 400-годдзе Люблінскай уніі) „Kwartalnik Historyczny” апублікаваў першую версію ягонай працы пра развіццё дзяржаўнага саюзу паміж ВКЛ і Польшчай у 1385–1569 г., а ў Бруселі выйшла бібліяграфія ВКЛ у рамках маштабнага кампендыума па гісторыі права (Юліуш Бардах быў галоўным з трох аўтараў гэтага выдання).
Неўзабаве — хоць часы для гісторыкаў у палітычным сэнсе былі па-ранейшаму нялёгкія, пра што сведчаць перыпетыі з X Усеагульным з’ездам польскіх гісторыкаў у Любліне, — Ю. Бардах апублікаваў вялікае эсэ пра Люблінскую унію ў папулярным выданні „Kultura i Społeczeństwo” з думкай пра шырокае кола чытачоў, а заходнім даследчыкам адрасаваў французскамоўную версію гэтага твора ў часопісе „Acta Poloniae Historica”. Надзвычай важна тое, што пры гэтым яму ўдавалася падтрымліваць кантакты і з савецкімі вучонымі, што дазволіла польскай літуаністыцы павольна, але няўхільна „выходзіць на паверхню”, у тым ліку і праз гадаванне свайго маладога пакалення, найперш у Познані і Варшаве. Значнай падзеяй стала публікацыя Ю. Бардахам у 1970 г. аб’ёмнай, больш як 400-старонкавай кнігі „Даследаванні па гісторыі дзяржаўнага ладу і права Вялікага Княства Літоўскага (XIV–XVII ст.)”, у склад якой увайшлі новыя версіі называных вышэй прац (усяго адзінаццаці), пачынаючы з напісанай больш як тры дзесяцігоддзі таму „Адопцыі”.
Гэтая манаграфія была з велізарнай цікавасцю сустрэта ў Польшчы і за яе межамі, пра што сведчаць 12 напісаных на яе рэцэнзій, прычым палова з іх — у СССР (у Маскве, Кіеве, Вільні). Поруч з іншымі выступіў на старонках „Kwartalnika Historycznego” Генрык Лаўмяньскі, які — на добры лад, пасля больш як 30-гадовага перапынку — закрануў праграмныя пытанні ў вывучэнні ягелонскай эпохі (сам ён не наважваўся на публікацыю сваіх ваенных прац па гісторыі гэтага перыяду — пра палітыку польска-літоўскай дынастыі, а таксама пра насельніцтва ВКЛ у XVI ст., якія спачывалі ў рукапісах і былі выдадзены толькі пасля яго смерці, у канцы XX ст.) і прыйшоў да наступнай высновы: „Прафесар Бардах ахвотней за ўсё бярэцца за недаацэненыя або пераацэненыя тэмы, амаль не кранутыя ў гістарычнай навуцы, якія, тым не менш, маюць вялікае пазнавальнае значэнне на шырокім параўнальным фоне, які аўтар нязменна бярэ пад увагу, або як істотныя элементы старадаўняга дзяржаўнага ладу і права, асвятляе іх пры дапамозе скрупулёзнага, уважлівага і крытычнага вывучэння першакрыніц і апісвае колішнія грамадскія інстытуты з максімальна магчымай дакладнасцю і дэталізаванасцю. У выніку запаўняюцца праблемныя прагалы, наяўныя ў гістарыяграфіі, а вобраз мінуўшчыны робіцца значна паўнейшым, набывае больш канкрэтныя абрысы. Таму неабходна высока ацаніць як даследчыцкія заслугі аўтара, так і значэнне яго прац. Збор і публікацыя ў адной кнізе шматлікіх прац аўтара на літоўска-русінскую тэматыку будуць з вялікім задавальненнем успрыняты гісторыкамі Літвы, Беларусі і Украіны, а таксама дадуць каштоўныя матэрыялы і цікавае чытво даследчыкам і аматарам гісторыі не толькі са згаданых краін, але і наогул з усяго славянскага свету дзякуючы параўнальным звесткам, узятым непасрэдна з неўжываных дагэтуль крыніц, нярэдка архіўных, а таксама дзякуючы пастаноўцы многіх новых праблем, якія разглядаюцца з дасканалым веданнем справы. Гэтая кніга падводзіць рысу пад пэўным этапам працы аўтара ў гэтай галіне, але ж ніяк не азначае яе завяршэння”[28].
Апошні сказ утрымлівае трапную заўвагу, якая грунтавалася, магчыма, на ўражаннях ад асабістых размоў паміж двума старымі віленчукамі, якіх ядналі даследчыцкія інтарэсы, сфармаваныя яшчэ ў міжваенныя гады, а таксама нязгаслы сантымент да часоў і мясцін Універсітэта Стэфана Баторыя. Тэматычныя прапорцыі ў творчасці Юліуша Бардаха з цягам часу ўсё больш выразна мяняліся (дагэтуль пераважалі даследаванні польскага права) на карысць „даўняй і нядаўняй Літвы” — назва другога вялікага зборніка, выдадзенага ў Познані ў 1988 г. У гэтым выданні пераважалі тэксты храналагічна бліжэйшыя, прысвечаныя падзеям канца XIX — пачатку XX ст., таму сярод рэцэнзентаў (іх было 12) гэтым разам можна бачыць прозвішчы Стэфана Кеневіча, Пятра Ласоўскага і Ежы Тамашэўскага. Тым не менш, быў тут і артыкул „Статуты ВКЛ у іх юрыдычна-культурным акружэнні”.
Пасля трагічнага скону ў верасні 1984 г. Генрыка Лаўмяньскага[29], стваральніка „Пачаткаў Польшчы”, а некалі (у 1931–32 г.) і класічных „Даследаванняў пра пачаткі літоўскага грамадства і дзяржавы”, Ю. Бардах зрабіўся сапраўдным патронам гістарычнай літуаністыкі — шмат увагі аддаваў акурат гэтым помнікам юрыспрудэнцыі Вялікага Княства эпохі Адраджэння, у тым ліку ў кнізе „Статуты ВКЛ і рымскае права” (Варшава, 1999). Гэтыя даследаванні вяліся адначасова з напісаннем многіх іншых прац надзвычай шырокага тэматычнага абсягу, пра шырыню якога сведчыць чарговы зборнік (Варшава, 2001) пад назвай „Феміда і Кліа, або Права і Гісторыя”. У ім няма асобна вылучанай літоўскай тэматыкі, затое яна стала прысутнічае ў бібліяграфіі — у выглядзе спецыяльных артыкулаў, а таксама эсэ, прызначаных для шырокага кола чытачоў, асабліва з нагоды буйных юбілеяў, такіх, як хрышчэнне Літвы (1387) ці новая ўніфікацыя дзвюх частак Рэчы Паспалітай пад час Чатырохгадовага сойма.
У часе памятнага святкавання 50-годдзя навуковай дзейнасці, якое ўвосень 1986 г. сабрала ў Казіміраўскім палацы Варшаўскага ўніверсітэта цэлую плойму гісторыкаў розных пакаленняў (і розных палітычных поглядаў!), герой урачыстасці выступіў з выдатным „звядзеннем рахункаў” з самім сабой у кантэксце навук пра мінуўшчыну і спадарожных ім акалічнасцей, якое потым было апублікавана ў штотыднёвіку „Polityka” (№ 47 за 22 лістапала 1986 г.). У гэтым выступе ён прыгадаў даваенныя часы і атмасферу тагачаснай Вільні, а таксама яе ўніверсітэт, асобна пералічыўшы такія постаці, як Стэфан Эрэнкройц, Віктар Сукенніцкі і Станіслаў Лорэнц. Праз шмат гадоў слынны вучоны зноў апынуўся ў Вільні, дзе ў верасні 1994 г. удзельнічаў у польска-літоўскай канферэнцыі, зладжанай універсітэтам, які праз тры гады надаў свайму даўняму выпускніку (праз 64 гады пасля пачатку яго вучобы) ступень доктара honoris causa.
Умацоўваліся і яго кантакты з другой сталіцай, узніклай на землях колішняга ВКЛ, — Мінскам, які ў пару ягонай маладосці нярэдка называлі „Мінск-Літоўскі”. Калі павевы новых часоў трывала замацаваліся ў тамтэйшай гістарычнай навуцы, праявай чаго стаў, у прыватнасці, новы часопіс „Беларускі Гістарычны Агляд”, у адным з першых нумароў якога (1995, № 1) было змешчана інтэрв’ю з польскім даследчыкам пад красамоўнай назвай „Зачараваны Вялікім Княствам”. Гэтая гутарка, якая адбылася 10 снежня 1994 г., была перадрукавана праз сем гадоў, адкрыўшы сабой выдадзены зноў жа на беларускай мове зборнік прац Юліуша Бардаха — „Штудыі з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага”. У савецкі час гісторыкі з Мінска хоць нясмела, але згадвалі пра ўдзел сваіх даўніх продкаў у палітычнай гісторыі Вялікага Княства, мелі нават далёкасяжныя даследчыя планы ў гэтай галіне, але да часу ўсё заставалася пад пераможным уплывам савецкай дактрыны, якая прадпісвала і ў спецыяльных, і ў вялікіх (паводле аб’ёму!) абагульняльных працах апісваць мінуўшчыну старадаўняй Літвы ці Беларусі выключна ў іх межах другой паловы XX ст. У размове Ю. Бардах вяртаецца да старапольскіх рэалій, прыгадвае тагачасны стан рэчаў і гаворыць аб прычынах свайго „зачаравання” краінай, якая ўяўляла сабой мазаіку народаў, рэлігій і культур.
Гэта выдатныя ўводзіны ў атмасферу першага артыкула мінскага выдання, датычнага ўнутранай інтэграцыі Вялікага Княства ў часы Гедымінавічаў — Ягайлавічаў, а таксама яго структурнага набліжэння ў 1385–1569 г. да Еўропы пры пасярэдніцтве Кароны. Я, вядома ж, маю на ўвазе артыкул „Крэва і Люблін. З праблем польска-літоўскае уніі” (с. 17–102), першым месцам дзеяння якога з’яўляецца размешчаная на паўдарозе паміж Мінскам і Вільняй сталіца аднаго з княстваў Русі, памятная таямнічай смерцю ў тамтэйшых лёхах вялікага князя Кейстута за некалькі гадоў да сустрэчы яго пляменніка Ягайлы з польскім пасольствам. Сёння ў Крэве захаваліся руіны замка і часткова ацалелая вежа. Артыкул завяршаецца разважаннямі пра непазбежную адрознасць падыходу да палітычных канцэпцый у часы Ягелонаў і ў сучаснасці ды пра пераацэнку гэтых канцэпцый з цягам часу — прыкладам чаго можа быць польска-літоўская унія, якая так па-рознаму ацэньвалася нашчадкамі, але пры гэтым адыграла значную ролю ў сваёй эпосе.
Наступным у кнізе змешчаны артыкул „Лад местаў на магдэбургскім праве ў Вялікім Княстве Літоўскім да сярэдзіны XVII ст.” (с. 103–160), а адразу за ім — праца „Аб практыцы літоўскай канцылярыі часоў Жыгімонта I Старога” (с. 161–198), якая ўтрымлівае цікавыя назіранні пра функцыянаванне ў складзе канцылярыі паралельных рускага і лацінскага аддзелаў, пазіцыі якіх нярэдка не супадалі. Пазней перавагу пачала здабываць польская мова. Чытачоў з Мінска асабліва зацікавіў чарговы тэкст — „Звычаёвае шлюбнае права русінаў Вялікага Княства Літоўскага (XV–XVII ст.)” (с. 199–274).
Калі пералічаныя працы былі ўзяты — не лічачы першадрукаў — з двух польскіх зборнікаў Ю. Бардаха (1970 і 1988 г.), галоўным чынам з першага, то наступны артыкул, значна меншы паводле аб’ёму (“Дачыненні паміж каталікамі і праваслаўнымі ў Вялікім Княстве Літоўскім (канец XIV–XVII ст.)”, с. 276–291), быў ужо вядомы мясцоваму чытачу па публікацыі ў „Беларусім Гістарычным Аглядзе” (№ 1), а двума гадамі раней выйшаў у Рыме на французскай мове. На XV Усеагульным з’ездзе польскіх гісторыкаў 1994 г. упершыню была прадстаўлена праца „Шматузроўневая нацыянальная свядомасць на літоўска-рускіх землях Рэчы Паспалітай у XVII—XX ст.” (у беларускім выданні на с. 292–311).
Артыкул „Ад палітычных да этнічных народаў у Цэнтральна-Усходняй Еўропе” (с. 312–331) выйшаў па-польску дзесяць гадоў таму, „Літоўскія палякі і іншыя народы гістарычнае Літвы” (с. 332–363) — годам пазней, а «Канстытуцыя 3 траўня і „Узаемныя Заручыны Абодвух Народаў” 1791 г.» (с. 364–408) — на двухсотыя ўгодкі славутага заканадаўчага акта апошніх гадоў існавання Рэчы Паспалітай.
На заканчэнне творчая спадчына аўтара была прадстаўлена беларускім вучоным праз бібліяграфію, якая налічвае 514 пазіцый і даходзіць да 2001 г. Гэта нечакана сімпатычная рыса выдання, рэдкая для такога роду публікацый, асабліва калі справа датычыць замежных вучоных. Праўда, у гэтым выпадку цяжка гаварыць пра замежжа, асабліва калі гутарка ідзе пра супольную некалі дзяржаўнасць, з поўным аб’ектывізмам апісваную даследчыкам, які „зачараваны” гэтай мінуўшчынай і глядзіць на яе з перспектывы зноў аб’яднанай у зусім новых гістарычных умовах Еўропы. За апошнія два дзесяцігоддзі вучоны папоўніў сваю бібліяграфію больш як трыма сотнямі пазіцый (колькасна гэта складае 3/5 ад усёй бібліяграфіі). Пры гэтым усё больш трывалае месца займалі кнігі, артыкулы і рэцэнзіі пра колішнюю Рэч Паспалітую і яе пазнейшых усходніх спадкаемцаў. Гэта такое сабе „вяртанне да вытокаў”, як выказаўся сам вучоны на цырымоніі надання яму доктарскай ступені honoris causa ў віленскім касцёле Святога Яна, — да вытокаў, ад якіх ён ніколі не адыходзіў, хоць паўтара дзесяцігоддзя не мог гэтага паказваць, як і ўся тагачасная польская гістарыяграфія.
Ён тужыў па Вільні, хоць, як некалі мне прызнаўся, не хацеў ехаць у горад сваёй маладосці, пакуль не стаў там выразна запатрабаваны — у новай палі тыч-най рэальнасці. У юбілейным выданні, прысвечаным 400-годдзю заснавання Віленскага ўніверсітэта і 75-годдзю яго аднаўлення пад шыльдай Універсітэта Стэфана Ба торыя, ён згадваў пра ўрачыстасці 1978 г. (яны прайшлі ў Варшаве і былі дапоўнены тыднёвай канферэнцыяй), а таксама пра юбілейныя канферэнцыі, зладжаныя пятнаццаццю гадамі пазней у абедзвюх сталіцах (тут ён заўважыў, што ў Вільню на маштабныя святкаванні ўгодкаў „найстарэйшага ўніверсітэта ў Савецкім Саюзе”, як некалі апавядалі экскурсаводы, прыехалі дзесяць польскіх даследчыкаў, тады як у Варшаву на куды сціплейшае мерапрыемства — толькі двое дакладчыкаў з Вільні). Ва ўніверсітэцкім касцёле Святых Янаў была адпраўлена ўрачыстая імша за памерлых выкладчыкаў, студэнтаў і ўсіх супрацоўнікаў універсітэта, а ў выступленнях дакладчыкаў згадваліся 1919–1939 г. і іх значэнне ў чатырохсотгадовай гісторыі alma mater. Шмат месца Юліуш Бардах прысвяціў трохдзённай канферэнцыі, падкрэсліў значнасць спадчыны часопіса „Ateneum Wileńskie”, Таварыства сяброў навук і „Wiadomości Studium Historii Prawa Litewskiego” (перад вайноў паспеў выйсці толькі адзін нумар гэтага часопіса). На выстаўцы, зладжанай з нагоды юбілею, ён налічыў у суме пад сто польскіх пазіцый. Такім чынам, міжваенны даробак быў не забыты, гэтак жа як і заслугі езуітаў ды караля Стэфана. Другі дзень канферэнцыі быў прысвечаны Універсітэту Стэфана Баторыя: шэсць дакладаў прачыталі госці з Польшчы, а чатыры — гаспадары. Кіраўнік дэлегацыі з-над Віслы Аляксандр Гейштар апісаў тагачаснае асяроддзе гісторыкаў у горадзе над Віліяй, а Юліуш Бардах расказаў пра даследаванні літоўскага права, якія вяліся ў коле Стэфана Эрэнкройца. Ён вярнуўся на радзіму з перакананнем, што ёсць „выразнае жаданне з боку віленчукоў далучыць да гісторыі Віленскага ўніверсітэта дагэтуль зусім замоўчваную спадчыну Універсітэта Стэфана Баторыя”. На яго думку, узнікалі рэальныя перспектывы развіцця паланістыкі ў Віленскім універсітэце (неўзабаве за рэалізацыю гэтай праграмы ўзяўся прафесар Ягелонскага ўніверсітэта Тадэвуш Буйніцкі — колішні вілянчук), ён марыў пра стварэнне кафедраў гісторыі Польшчы, гісторыі культуры і мастацтва, а можа, яшчэ і фізічнай ды эканамічнай геаграфіі. Свае разважанні ён скончыў заўвагамі наконт актуальнасці традыцый Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў праз вяртанне да ідэй часоў Стэфана Баторыя: „Паходзячы з Сяміграддзя, г. зн. з тагачаснай Венгрыі, гэты манарх праз заснаванне Акадэміі ўмацоўваў лацінскую культуру над берагамі Віліі і Нёмана. Так супадаюць рацыянальныя палітычныя погляды, пазнавальныя матывы і прыхільнасць не толькі палякаў ды літоўцаў, але і венграў (яны былі трэцім бокам, чые гісторыкі ўзялі ўдзел у сустрэчы 1994 г. — М. К.) да старых муроў колішняй Віленскай акадэміі Таварыства Ісуса, потым польскага паводле мовы і духу Імператарскага Віленскага ўніверсітэта, пасля — польскага Універсітэта Стэфана Баторыя і, нарэшце, літоўскага Віленскага ўніверсітэта”[30].
IV
Народжаны ў Адэсе слынны польскі гуманіст, даследчык прававой, гістарычнай і палітычнай культуры, якога „сваім” прызнавалі і юрысты, і гісторыкі, пад час урачыстасцей у гонар яго 70-годдзя і 50-годдзя творчай дзейнасці сказаў з характэрнай для яго вытанчанасцю: „У навуковым асяроддзі пануе перакананасць, што ўласцівыя яму павага і ўшанаванне з’яўляюцца вынікам не столькі стараннасці і працавітасці, колькі дасягнення паважнага ўзросту. Прамінулі дзве круглыя даты — шасцідзесяці- і сямідзесяцігоддзе. Пазнейшыя, калі ўзяць пад увагу сярэднюю працягласць жыцця, з’яўляюцца доляй выбраных”. Гэты выступ штотыднёвік „Polityka” апублікаваў 22 лістапада 1986 г. пад назвай „Пазіраючы назад”, каля якой быў змешчаны красамоўны падзгаловак „Жывём не для таго, каб есці, а для таго, каб есці добра”, варты сапраўднага эпікурэйца. У выступленні юбіляр сцісла падвёў рахунак сваім дасягненням на розных этапах пасляваеннай рэчаіснасці, паказаўшы яе цені, але пры гэтым і магчымасці пазітыўнага дзеяння, а таксама павучальна канстатаваў: „Пазіраючы назад, я ўсведамляю, што дзейнічаў на празмерна шырокім даследчым фронце, што няўхільна вяло да расцярушвання намаганняў і змяншала іх плён. Аднак перш за ўсё я кіраваўся ўласнымі зацікаўленнямі, а яны мяняліся. Калі ж максімальна агульна падысці да справы, лічу, што ў супастаўленні двух процілеглых чалавечых тыпаў я быў — і застаюся — бліжэйшы да homo ludens, чым да homo faber”.
Так можа напісаць толькі творца высокага палёту, дасведчаны чалавек, які ведае сапраўдны смак жыцця.
У аўтара працытаваных слоў засталося шмат сяброў, вучняў на радзіме і за мяжой, і не толькі ў навуковых колах. Ён заслужыў глыбокае прызнанне не толькі сваёй даследчай працай, але і не ў меншай ступені арганізацыйнай дзейнасцю і добразычлівым стаўленнем да людзей, асабліва ў цяжкіх сітуацыях, якіх за апошнія 60 гадоў польскай гісторыі не бракавала. На яго долю выпала таксама святкаваць чарговыя юбілеі — з нагоды васьмідзесяці- і дзевяностагоддзя. Сапраўдным гонарам стаў для мяне ўдзел у стварэнні юбілейнага выдання „З гісторыі юрыдычнай культуры. Працы, прысвечаныя прафесару Юліушу Бардаху на 90-годдзе з дня нараджэння”, якое было ўручана юбіляру ў Зале Сената на першым паверсе таго самага галоўнага корпуса Віленскага ўніверсітэта 20 снежня 2004 г. з удзелам Яго Магніфіцэнцыі Пятра Венгленскага, прадстаўнікоў адміністрацыі факультэта права, у тым ліку дэкана Марэка Вансовіча і дырэктара роднага Інстытута гісторыі дзяржавы і права Анджэя Закшэўскага, прадстаўнікоў навуковых колаў і гасцей з усіх адукацыйных асяродкаў краіны. Герой сустрэчы выступіў вельмі сцісла, пасля чаго з келіхам віна ў руцэ прымаў віншаванні ад прысутных.
Гэтае выданне, якое налічвае роўна 600 старонак, адкрывае (перад тым як даць месца поўнай бібліяграфіі за 1936–2004 г., што складаецца з 564 пунктаў, з прывядзеннем зместу зборнікаў прац) нарыс М. Вансовіча пад назвай „Прававая культура ў спадчыне прафесара Ю. Бардаха”. Сярод удзельнікаў юбілейнай сустрэчы вялікую частку складалі гісторыкі; зрэшты, з іх дысцыплінай у значнай ступені салідарызаваліся прысутныя даследчыкі дзяржаўнага ладу, а пра кірункі зацікаўленняў Юліуша Бардаха найлепш сведчыць уся яго спадчына, а таксама характар кнігі, прысвечанай гэтаму рэдка сустраканаму юбілею. Выданне складаецца з чатырох частак: 1) „Стан права — шляхі ўтварэння і ўспрымання”; 2) „Юрыдычная думка, дактрыны, ідэі, вывучэнне права”; 3) „Функцыянаванне права на практыцы”; 4) „Ацэнкі і адносіны да права”. Над усім зместам, аднак, лунае дух Кліа: аўтары, разглядаючы свой прадмет, перамяшчаюцца ад старажытнасці да XX ст., прычым пачэснае месца займае ранні Новы час, а тэрытарыяльна — Вялікае Княства Літоўскае і найноўшая гісторыя Літвы (яе датычаць 14 артыкулаў з 37). За рамкамі чатырох раздзелаў змешчаны развагі Ганны Роснер (“Даследаванне прававой культуры. Спроба апісання праблематыкі”), на долю якіх у нейкім сэнсе выпала функцыя падсумавання — вядома ж, не творчасці юбіляра, а метадалагічных пытанняў, звязаных са стыкам палітычнай (гістарычнай) і прававой культуры; пачэснае месца ў гэтых развагах занялі класічныя сёння артыкулы Станіслава Эстрэйхера і Юзафа Сяменскага пра XVI ст., якія абодва былі апублікаваны ў зборніку 1932 г. Высока ацаніла аўтарка і матэрыялы торуньскага XI Усеагульнага з’езда польскіх гісторыкаў 1974 г. пра палітычную культуру (асабліва праграмны выступ Стэфана Кеневіча), а таксама разважанні Януша Тазбіра (1976) і працу Эдварда Апаліньскага, каб урэшце дайсці да артыкула Вацлава Урушчака за 1980 г. пра палітычную і прававую культуру польскага парламентарызму эпохі Адраджэння. Усе гэтыя працы ўяўляюць сабой зыходны пункт для астатняга зместу кнігі, над усёй жа ёю — хоць гэта і не зафіксавана на паперы — лунаюць думкі, вядомыя з прац Майстра.
Хоць дыяпазон ягоных навуковых інтарэсаў быў велізарны, ад Сярэднявечча да сучаснасці, а кожны артыкул старанна прадумваўся, пры перавыданнях жа, як правіла, перапрацоўваўся, пашыраўся і паглыбляўся, асаблівае месца ў 70-гадовай спадчыне займае гісторыя гістарычнай і этнічнай Літвы, ВКЛ, перш за ўсё XV–XVIII ст. Пра гэта сведчаць фундаментальныя зборнікі, якія выйшлі ў палітычнай сітуацыі, калі польскай літуаністыцы ўжо не трэба было заставацца ў „падполлі” ці прынамсі ў схованцы (я пісаў пра гэта ў нарысе „Віленскія даследчыкі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага на ростанях (пасля 1945 г.)” у зборніку „Апошнія грамадзяне ВКЛ”, Люблін, 2005). Раней ён закладаў яе падваліны ў новай рэчаіснасці (“пястаўскай”, у процілегласць даўнейшай „ягелонскай”) праз менш прыкметныя для цэнзуры публікацыі ў часопісах ці юбілейных выданнях. А потым сапраўднай падзеяй стаў выхад кніг Юліуша Бардаха — „Даследаванні па гісторыі дзяржаўнага ладу і права Вялікага Княства Літоўскага (XIV–XVII ст.)” (Беласток — Варшава, 1970), якая атрымала больш за дзесяць рэцэнзій, у тым ліку аўтарства найлепшага тады польскага літуаніста Генрыка Лаўмяньскага, і „Пра даўнюю і нядаўнюю Літву” (Познань, 1988), што таксама была шматразова рэцэнзавана, гэтым разам пераважна ў Польшчы.
Прафесар Юліуш Бардах пакінуў у людской памяці ўдзячныя ўспаміны, якія датычаць і тых часоў, калі нярэдка неабходна было мець і сілу духа, і прымірэнчы талент. Яго высока цанілі на Захадзе і на Усходзе, асабліва ў сённяшняй Польшчы, а таксама на колішніх ускраінах Рэчы Паспалітай, у Вільні, Кіеве і Мінску. Сімвалічным доказам гэтага з’яўляецца том яго выбраных прац пад назвай „Штудыі з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага”, выдадзены па-беларуску ў 2002 г. і перавыдадзены ў 2010 г.
Пераклад Сяргея Петрыкевіча
1 Членам гэтай прэстыжнай арганізацыі — адной з най ста-рэйшых і самых вядомых акадэмій навук у свеце — Юліуш Бардах стаў у 1974 г.
2 Навуковую біяграфію прафесара гл., у прыватнасці: Orzechowski K. Szkis do portretu Uczonego. O Juliuszu Bardachu w pięćdziesięciolecie tworczości // Czasopismo Prawno-Historyczne. 1985. Z. 2. S. 1–38; Sojka-Zielińska K. Juliusz Bardach — Pro-fesor Uniwersytetu Warszawskiego. Historyk prawa. W pięćdziesięciolecie pracy naukowej // Kronika Warszawy. 1986. № 3–4. S. 17–27; Russocki S. Mistrz // Życie Szkoły Wyższej. 1987. № 7/8. S. 131–138; Grodziski S. Historyzm prawniczy Juliusza Bardacha // Czasopismo Prawno-Historyczne. 2010. T. LXII. Z. 2. S. 11–18.
3 Пра яго метадалагічную пазіцыю ў гэты час піша Г. Лябуда: Labuda G. Rozwoj metod dziejopisarskich od starożytności do wspołczesności. Cz. I. Poznań, 2003. S. 156–158; гл. таксама сz. II. Poznań, 2010. S. 150.
4 Разам з Герардам Лябудам напісаў раздзелы пра XII–XIV ст. — агулам больш як 200 старонак (с. 282–488).
5 Кнігу адкрывае прадмова С. Русоцкага: Russocki S. Juliusz Bardach. Sześćdziesiąt lat tworczości Uczonego (1935—1995) // Parlament, prawo, ludzie. Studia ofiarowane profesorowi Juliuszowi Bardachowi w sześćdziesięciolecie pracy tworczej. Warszawa, 1996. S. 7–9.
6 Уступны артыкул: Wąsowicz M. Kultura prawna w dorobku Profesora Juliusza Bardacha // Z dziejow kultury prawnej. Studia ofiarowane Profesorowi Juliuszowi Bardachowi w dziewięćdziesięciolecie urodzin / Red. Dziewanowska H. Warszawa, 2004. S. 11–17.
7 Кнігу адкрываюць тэкст выступу рэктара Лодзьскага ўніверсітэта Міхала Севярынскага (с. 9–10), а таксама пра мова, сказаная Зігфрыдам Рамашэўскім 13 кастрычніка 1995 г. (с. 11–15). Паказальна, што доктар honoris causa абраў такую тэму для сваёй лекцыі: „Польска-літоўская унія — яе змест і спадчына” (с. 17–26).
8 У 2010 г. у Мінску выйшла другое выданне гэтай кнігі.
9 Недатаваны ліст Юліуша Бардаха да Генадзя Сагановіча, якому выказваю ўдзячнасць за прадастаўленне мне копій перапіскі.
10 Ю. Бардах да Г. Сагановіча, Варшава, 11.04.1999 г. Першы ліст мае дату 27.12.1995 і ўтрымлівае віншаванні з Новым годам.
11 Bardach J. Patrząc wstecz // Polityka. № 47 (1542). 22 XI 1986. S. 14.
12 Kosman M. Wilno dawniej i dziś. Toruń, 1983. S. 55.
13 Bardach J. Patrząc wstecz. S. 14. Пра тагачасны клімат у Вільні гл.: Bujnicki T. Szkice wileńskie. Rozprawy i eseje. Krakow, 2002; Idem. W Wielkim Księstwie Litewskim i w Wilnie. Warszawa, 2010.
14 Lorentz S. Album wileńskie. Warszawa, 1986; Vladas Drėma laiškai — Stanislaw Lorentz listy. Vilnius, 1998.
15 Bardach J. Patrząc wstecz. S. 14.
16 Symbolae historico-iuridicae Lodzienses Iulio Bardach dedicatae. Łodź, 1997. S. 17.
17 Пасля здабыцця незалежнасці Гістарычнае таварыства, якое існавала на польскіх землях пад Аўстра-Венгрыяй і мела сядзібу ў Львове, набыло агульнапольскі характар, праявай чаго стала яго змененая назва (Польскае гістарычнае таварыства), і стварыла поруч з „аўтаномным гуртком”, які існаваў у Кракаве, падобныя аддзяленні і ў іншых гарадах, перш за ўсё ў Варшаве (на базе Таварыства аматараў гісторыі), Познані, Вільні і Любліне. Віленскае аддзяленне было ўтворана 15 лютага 1925 г., яго старшынёй стаў прафесар Альфонс Парчэўскі, а сакратаром — доктар Генрык Лаўмяньскі. Гл.: Żytkowicz L. Wileński Oddział Polskiego Towarzystwa Historycznego 1925–1939 // Zapiski Historyczne (далей ZH). T. LI. Z. 4. Toruń, 1986. S. 9–26.
18 Nowak Z. H. Spor o zakres tematyki litewskiej VI Zjazdu Powszechnego Historykow Polskich w Wilnie (17–20 września 1935 roku) // ZH. 1986. T. LI. Z. 4. S. 137–145.
19 Ян Адамус (1896–1862), гісторык дзяржавы і права, пасля вучобы ў Вене быў звязаны з Львовам, а пасля габілітацыі ва Універсітэце Стафана Баторыя (1933) — з Вільняй; у 1940 г. быў адпраўлены ў лагер, з 1942 г. у эміграцыі, пасля вяртання на радзіму — дацэнт, а потым прафесар Лодзьскага ўніверсітэта. Юліуш Бардах у 1995 г. успамінаў: „З радасцю сустрэў <…> вестку, што выкладанне гісторыі права ў Лодзі атрымаў, вярнуўшыся з войска на Захадзе, прафесар Ян Адамус, добразычлівая дапамога і навуковая апека якога вельмі дапамаглі мне пад час вучобы, калі ён, будучы дацэнтам кафедры гісторыі польскага і літоўскага права, якою кіраваў прафесар Стэфан Эрэнкройц, падтрымаў мае першыя крокі ў галіне даследавання права Вялікага Княства Літоўскага, якое ведаў як мала хто іншы. Потым нас яднала цеснае супрацоўніцтва і сяброўства — аж да заўчаснай ягонай смерці”. Гл. Symbolae historico-iuridicae. S. 17. Гл. таксама: Bardah J. Nauka historii ustroju i prawa litewskiego w Wilnie w latach 1920–1939 // Lithuania. 1994. № 14. S. 63–76.
20 Adamus J. Recenzja do „Pamiętnika VI Powszechnego Zjazdu Historykow Polskich”, t. 1–2 // Ateneum Wileńskie. R. XI. Wilno, 1936. S. 610.
21 Bardach J. W obiektywie nauki i w lustrze pamięci. O uczonych, pisarzach i politykach XIX i XX wieku / Pod redakcją Wandy Sudnik. Warszawa, 2004. S. 330 — нарыс пад назвай „Jana Adamusa wspominam”. Перадрук у „Czasopismie Prawno-Historycznym”, т. 49, сш. 1–2, Познань, 1997, с. 163–173.
22 Pamiętnik VIII Powszechnego Zjazdu Historykow Polskich w Wilnie 17–20 września 1936 r. T. I–II. Lwow, 1935.
23 Pamiętnik VIII Powszechnego Zjazdu Historykow Polskich. T. II. S. 101–102.
24 Kwartalnik Historyczny. 1974. № 4. S. 788–818.
25 Poland and the 14th International Congres of Historical Sciences in San Francisco. Studies in Comparative History. Wrocław etc., 1975. P. 45–65.
26 Bardach J. Statuty Litewskie a prawo rzymskie. Warszawa, 1999.
27 Пра культурныя традыцыі горада гл.: Jurkowski R. Z dziejow Towarzystwa Przyjacioł Nauk w Wilnie 1907–1939. Przyczynek do żucia kulturalnego w Wilnie // ZH. 1986. № LI. Z. 4. S. 113–135, а асабліва фундаментальную манаграфію Генрыкі Ільгевіч пра навуковыя таварыствы ў Вільні ў XIX — першай палове XX ст.
28 Łowmiański H. Wielkie Księstwo Litewskie — zagadnienia ustrojowe i prawne // KH. 1972. R. 79. № 4. S. 896. Гэтая вялікая рэцэнзія на літуаністычны зборнік Юліуша Бардаха 1970 г. была перадрукавана ў кнізе выбраных твораў аўтара: Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego. Poznań, 1983. S. 351–364.
29 Генрык Лаўмяньскі (нар. у 1898 г.) загінуў 4 верасня 1984 г. пад коламі трамвая па дарозе са свайго дома ў Познаньскую ўніверсітэцкую бібліятэку, ідучы па маршруце, якім ён штодня хадзіў доўгія гады.
30 Bardach J. W Uniwersytecie Wileńskim we wrześniu 1994 roku // Z dziejow Almae Matris Vilnensis. Księga pamiątkowa ku czci 400-lecia założenia i 75-lecia wskrzeszenia Uniwersytetu Wileńskiego / Redakcja naukowa Piechnik L. i Buchowski K. Krakow, 1996. S. 278–281, цыт. з 281.