Анкета БГА
1. Як Вы ацэньваеце сістэму падрыхтоўкі навуковых кадраў у Беларусі (патрабаванні ды дысертацый, працэдура прысваення навуковых ступеняў і званняў, спецсаветы па абароне, роля ВАКа)?
2. Ці задавальняюць Вас цяперашнія ўмовы вытворчасці гуманітарных ведаў (ад выбару тэматыкі да магчымасцяў архіўнабібліятэчных пошукаў, апрабацыі і публікацыі даследаванняў)?
3. Што змянілася ў прафесійных „стандартах” сучаснай беларускай гістарыяграфіі параўнальна з гістарычнай навукай БССР і гістарыяграфіямі суседзяў? Як можна ацэньваць якасць яе навуковай прадукцыі?
На пытанні адказалі Яўген Анішчанка, Георгі Галенчанка, Эмануіл Іофе, Андрэй Кіштымаў, Марына Сакалова, Захар Шыбека, Алег Яноўскі.
Яўген Анішчанка, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва (Мінск)
1. Не ўдаюся ў падрабязнасці, апрача таго, што павінна быць вернута ўся сістэма абароны дысертацый у ВНУ з практыкай прысваення навуковых ступеняў у спецсаветах пры ВНУ. Я катэгарычна супраць манапалізацыі гэтай працэдуры ў ВАКу, паколькі такім чынам экспертныя саветы ВАКа: 1) дыскрэдытуюць кампетэнцыю і аб’ектыўнасць саветаў, дзе праводзілася сапраўдная абарона, 2) робяць дарэмнай і фармальнай абарону на першапачатковай стадыі, 3) так званымі ананімнымі, ці закрытымі рэцэнзіямі прызнаецца эфемернасць і выказваецца поўны недавер да традыцыйных рэцэнзій і водгукаў калег на стадыі абароны дысертацый, 4) паколькі гэтую экспертызу праводзіць не абраная шырокай навуковай супольнасцю вузкае кола асоб. Вось сумныя вынікі пераходу навукі пад прэзідэнцкі кантроль, які не зрабіў ВАК апошнім бар’ерам супраць халтуры, падробак і тэндэнцыйнасці, а наадварот, плодзіць іх, заахвочвае да такога шляху. ВАК павінен быць скасаваны як непатрэбны рудымент савецка-бальшавіцкага кантролю за навукай, як паразітычны орган і сегмент звычайнай ідэалагічнай цэнзуры. Пра гэта я пісаў у артыкуле ў „Народнай Волі” ад 10–11.04.2010 г. У любым выпадку, пры перспектыве далучэння Беларусі да Балонскага працэсу і еўрапейскіх стандартаў адукацыі — а гэта абавязкова некалі здарыцца, адмяняецца ВАК і ўся планава-дзяржаўная (па разнарадцы) сістэма ў г. зв. падрыхтоўцы навуковых кадраў.
2. Фармальна цяпер ніводны даследчык не звязаны перашкодамі: ад стадыі падрыхтоўкі распрацовак да апрабацыі іх перад калегамі ўсё можна рабіць індывідуальнымі намаганнямі і за ўласны кошт. Гэты шлях вызваляе асабістыя высілкі ад традыцыйных заганаў растварэння ў калектыўных выданнях з ідэйнымі і рознымі метадалагічнымі арыенціроўкамі, навязанымі „зверху” ці прыстасаванымі самімі аўтарамі да бягучых г. зв. „актуальных” задач і патрэб дзяржавы. Гэты шлях звязаны з матэрыяльнымі цяжкасцямі, але ён прадукцыйны і не ангажаваны. Можна назваць прыклады таго, як выкананыя на аматарскім узроўні працы энтузіястаў пераўзыходзілі ўзровень дасягненняў вялікіх калектываў прафесійных гісторыкаў (М. Ермаловіч, Э. Абрамовіч, М. Ф. Чарняўскі).
3. Мне давялося ў адной уласнай працы цытаваць паказальныя словы члена-карэспандэнта АН РБ П. Петрыкава пра тое, што гістарычная навука ва ўсе часы абслугоўвала палітыку кіраўніцтва дзяржавы. Гэты паказчык кан’юнктурнасці і элементарнага халуйства навукоўцаў увасобіў нядаўні дырэктар Інстытута гісторыі НАН А. Каваленя (і яго акружэнне), які афіцыйна заявіў пра шкоднасць „трох Д” у навуцы і які вярнуў гэты „Галоўны штаб” і гэты „вядучы каардынацыйны цэнтр” навукі ў ранейшую каляю партыйнасці, ідэалагізмаў і палітыканства. Мне давялося пісаць у перыядычным друку пра тое, што навука пасля 1996 г. апынулася ў рэчышчы вяртання краіны да элементарнага „паліцэйскага” сацыялізму з усімі ўласцівымі для савецкага часу каардынатамі і нормамі дзейнасці. Гэтая рэстаўрацыя пераважнай большасцю навукоўцаў успрынята абыякава, спакойна, як нармальная з’ява. Гэтая большасць няздольная на нейкія там прарывы, якіх ад іх патрабуюць, на капітальныя распрацоўкі „белых плям”, на сінтэзы малавядомых першакрыніц і г. д. Цяперашняя сітуацыя ў гуманітарных навуках нагадвае пагост, дзе пахаваны і замураваны вольная думка, ініцыятыва, талент. Я не бачу ўвогуле інавацыйных ці рэвалюцыйных прац у сучаснай беларускай гістарыяграфіі ні па адным храналагічным перыядзе. Пануе прыстасаванства, схематычна-фармалістычныя падручнікі, якія не стымулююць думку і ініцыятыву, а плодзяць шэрасць, дагматыку і тупасць. Мне зусім не хочацца аналізаваць вытокі такога становішча і даваць парады выхаду з гэтай даўно заезджанай каляіны. На постсавецкай прасторы ёсць краіны, дзе даўно выбіліся з такіх путаў і ўспрынялі агульнапрынятыя і вядомыя ў свеце стандарты.
Георгій Галенчанка, доктар гістарычных навук, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі
1. Сістэма падрыхтоўкі навуковых кадраў у Беларусі мае даўнія традыцыі і пры некаторай, магчыма, і не вельмі значнай карэкцыі можа захаваць і свае пазітыўныя рысы, і свае праблемы. Галоўная праблема, здаецца, у распрацоўцы аб’ектыўнай і адкрытай сістэмы ацэнак навуковай працы, што асабліва цяжка ў гуманітарных навуках. Мне падабаецца, напрыклад, нямецкая сістэма надання навуковых ступеняў. Там абарона адбываецца выключна пасля таго, як падрыхтаваная дысертацыя абавязкова друкуецца і з ёю на працягу года знаёміцца ўсё чытацкае асяроддзе. Калі няма грунтоўных абвінавачванняў у нізкай якасці ці кампіляцыі, папярэдняе пазітыўнае рашэнне вучонага савета адпаведнай навуковай інстытуцыі зацвярджаецца. Усе навуковыя рэцэнзенты выступаюць з ацэнкай працы адкрыта.
2. У большасці гуманітарных навуковых устаноў (горш ва ўніверсітэтах) захоўваецца магчымасць выканання планавай і дадаткова індывідуальнай тэмы. Пры жаданні і працаздольнасці даследчыка. Праблема архіўна-бібліятэчных пошукаў сапраўды абвастрылася з-за дарагавізны і рэдкасці навуковых камандзіровак, значных грашовых пабораў у шмат якіх замежных архівах і бібліятэках пры капіяванні выяўленых матэрыялаў, абмежаванай працы міжбібліятэчных абанементаў, адсутнасці штогадовай профільнай бібліяграфіі па канкрэтных навуковых кірунках. Нарэшце, пры адсутнасці рэспубліканскага высокапрафесійнага часопіса, напрыклад, па гістарычных навуках.
3. Гуманітарныя навукі ў шмат якіх постсавецкіх і замежных дзяржавах знаходзяцца ў крызісе з-за недастатковай распрацаванасці асноўных перспектыўных ідэалагем не столькі цывілізацыйнага, колькі цывіліза цый на-фармацыйнага і рэгіянальна-кампаратыў на га ўзроўню. Беларуская гіста рыя гра фія, безумоўна, змя-ні лася ў значнай ступені ў бок раз на стайнасці, шмат-цэн трычнасці, метадалагічнай (кан цэп туальнай) ва-ры ятыўнасці, часам павярхоўнасці, пры мі тыўнасці, пія рыс тай палемічнасці. Перашка джае нярэдка і пера-большаная кампліментарнасць у ад но сінах да сла-бых замежных даследчыкаў, група вая са лі дар насць на не на вуковых падставах і інш. Рэаль ная гіс та рыч-ная на вука павінна абапірацца на рэ прэ зен та тыў ную фактуру, навуковую аргументацыю, мець разгорнуты на ву ко вы апарат. Гэтыя здаўна пра фесій ныя стандар-ты не змя ніліся і не могуць змяніцца. Якасць навуко-вай прадукцыі ў стане ацэньваць рэальна толькі кваліфікаваныя навукоўцы ці навуковая супольнасць, якія адкрыта выказваюць свае погляды, якія ўдзячны і за сур’ёзную контркрытыку. І ацэньваць навуковыя працы варта не па іх недахопах і памылках, а па тым новым і абгрунтаваным, што ўносяць гэтыя працы ў гістарычную гістарыяграфію.
Эмануіл Іофе, доктар гістарычных навук, прафесар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка.
1. Я лічу, што сучасная сістэма падрыхтоўкі навуковых кадраў па гістарычных навуках не адпавядае патрабаванням часу і сусветнаму вопыту. Зразумела, ёсць нямала станоўчага, але я спынюся на недахопах. Мне шмат гадоў давялося быць членам трох спецсаветаў па гістарычных навуках — двух доктарскіх (пры БДУ і БДПУ імя Максіма Танка) і аднаго кандыдацкага (пры Беларускім навукова-даследчым інстытуце дакументазнаўства і архіўнай справы).
У апошні час рэзка знізілася роля спецсаветаў па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. Калі ВАК зацвярджае той ці іншы спецсавет, гэта азначае, што ён давярае яго членам і паважае іх думку. На самай справе — што думка і рашэнне таго ці іншага спецсавета нічога не вартыя. Пераважная большасць членаў спецсавета — высокакваліфікаваныя спецыялісты па той ці іншай праблеме, але ўрэшце вырашальнай становіцца думка членаў экспертнага савета па гістарычных навуках, не гаворачы ўжо аб Прэзідыуме ВАКа, у які ўваходзіць толькі адзін вучоны-гісторык.
Кандыдацкая і доктарская дысертацыя праходзіць шэраг этапаў. Першы — гэта думка і водгук навуковага кіраўніка, другі — дзве экспертызы (папярэдняя і спецсавета), трэці — водгук апануючай арганізацыі (знешні водгук), чацвёрты — сама працэдура абароны на спецсавеце, дзе цяпер па новых правілах павінен выступіць (хочаш ці не хочаш!) кожны член спецсавета — спецыяліст па дадзенай галіне гістарычнай навукі. Потым ідзе галасаванне, выстаўляецца сярэдні бал за абарону.
Пяты этап — заключэнне спецыялізаванага савета, дзе ўлічваецца думка не толькі членаў савета, але і афіцыйных і неафіцыйных апанентаў ды апануючай арганізацыі.
Шостым этапам становіцца рашэнне экспертнага спецсавета. Я лічу, што падбор членаў спецсавета даволі часта праводзіцца не па дзелавых прыкметах, не па кваліфікацыі і навуковым аўтарытэце таго ці іншага вучонага, а па нейкіх іншых прыкметах. Паміж членамі спецсавета разгарнулася, як у савецкія часы, „са цы яліс тычнае спаборніцтва” — хто першым знойдзе той ці іншы „жучок”, хто першы „зарэжа” тую ці іншую дысертацыю. Прэ зідыум ВАКа хваліць і стымулюе тых, хто знойдзе больш недахопаў, а пры вялікім жаданні недахопы можна знайсці ў любой дысертацыі. А трэба глядзець, па-пер шае, на тое, што новага ўносіць дадзенае даследаванне не толькі ў беларускую, але і ў сусветную гістарычную навуку. Справа ў тым, што некаторыя дысертанты адзна чаюць, што гэта першае ў айчыннай гістарыяграфіі наву ковае даследаванне. Але яго каштоўнасць значна зні жа ецца, калі падобнае даследаванне ўжо ёсць у Польшчы, Нямеччыне ці Расіі.
Я лічу, што дысертацыю можна адхіліць у наступных выпадках:
1. Калі выяўлены плагіят.
2. Калі заключныя высновы і большасць высноў у тэксце дысертацыі не аргументаваны.
3. Калі па сутнасці ў дысертацыі няма нічога новага.
4. Калі яе афармленне не адпавядае патрабаванням ВАКа.
І ўрэшце лёс дысертацыі вырашае думка некалькіх членаў (так званай большасці) спецсавета, якія не толькі не з’яўляюцца спецыялістамі па дадзенай праблеме, а часам вельмі далёкія ад яе. Разам з тым гэта недавер навуковаму кіраўніку, вучоным, якія праводзілі экспертызы, вялікаму калектыву навукоўцаў апануючай арганізацыі і ўсім членам спецсавета.
2. Задавальняюць толькі часткова. Да цяперашняга часу ў нашай краіне фактычна адсутнічае каардынацыя навуковых даследаванняў па гістарычных навуках. Гэтая справа перададзена ў прэрагатывы тых ці іншых кафедраў ВНУ або Саветаў ВНУ, не кажучы пра Інстытут гісторыі НАНБ.
Для большасці даследчыкаў стаў закрытым Цэнтральны архіў Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, дзе я двойчы працаваў у пачатку 1990-х г. Калі я ў траўні 2010 г. звярнуўся да старшыні КДБ В. Зайцава з просьбай пазнаёміцца з матэрыяламі пра дзейнасць міністра дзяржаўнай бяспекі БССР у 1943–1951 г. Л. Цанавы, то 31 траўня 2010 г. атрымаў вельмі дзіўны, у многім незразумелы адказ, які нагадаў размову двух глухіх. З КДБ адказалі, што матэрыялаў пра Л. Цанаву ў архіве МЗС (?!) Рэспублікі Беларусь няма, хоць у хадайніцтве рэктара БДПУ імя М. Танка П. Кухарчыка ясна гаварылася пра фонды Цэнтральнага архіва КДБ Рэспублікі Беларусь.
Пераважная большасць даследчыкаў не мае магчымасці працаваць у архівах і бібліятэках Расіі, Польшчы, Нямеччыны, ЗША і іншых краін.
Жадае быць лепшай справа з апрабацыяй і публікацыяй навуковых даследаванняў па гістарычных навуках. Вельмі цяжка выдаваць кнігі. У дзяржаўных выдавецтвах яны зазнаюць сур’ёзную цэнзуру, прычым з навукоўцамі і іншымі аўтарамі нават не раяцца. Так, у 2009 г. у выдавецтве „Беларусь” пад маёй агульнай рэдакцыяй выйшаў даведнік „Высшее партизанское командование Белоруссии. 1941–1944”. На самай справе я хацеў назваць яго „Высшее советское партизанское командование Белоруссии”, тлумачачы гэта тым, што акрамя партызан, якія падпарадкоўваліся Маскве — ЦШПД і БШПД, існавалі Армія Краёва, АУН-УПА і беларускія нацыяналістычныя партызаны. Але былы галоўны рэдактар выдавецтва Я. Аляксейчык з гэтым не згадзіўся.
Большасць публікацый будучых кандыдатаў і дактароў навук друкуюцца ў часопісах і зборніках тыражом 100 экз., і многія вучоныя-гісторыкі не маюць магчымасці з імі пазнаеміцца і выказаць сваю думку. Нашы радыё і тэлебачанне вельмі рэдка паведамляюць пра выхад новых грунтоўных кніг па гісторыі Беларусі, а тым больш не пачуеш каментарыяў.
3. На вялікі жаль, у прафесійных „стандартах” сучаснай беларускай гістарыяграфіі параўнальна з гістарычнай навукай БССР і гістарыяграфіямі суседзяў змянілася нямнога. Па-першае, гэта з’яўленне новай тэматыкі і праблематыкі. Упершыню даследуюцца праблемы, якія раней не даследаваліся. Гэта датычыцца гістарычнага мінулага беларускага народа пачынаючы ад старажытнасці, а таксама многіх пытанняў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. З тэм, якія раней не даследаваліся, можна назваць праблему гісторыі Халакоста на беларускай зямлі. Новай стала гісторыя этнічных меншасцяў Беларусі. Шмат новага зроблена па гісторыі населеных пунктаў, гісторыі беларускай культуры. Значнай падзеяй у навуковым жыцці стаў выхад шасцітомавай „Энцыклапедыі гісторыі Беларусі” і трохтомавай энцыклапедыі „Вялікае Княства Літоўскае”.
Я не супраць таго, што галоўная стаўка робіцца на гераізм і мужнасць беларускага народа. Але да сённяшняга часу не ліквідавана шмат „белых плям” у нашай гісторыі. Даўно настаў час адысці ад ужывання тэрміна, уведзенага ў гістарычную навуку ў 1949 г. Л. Цанавам — „усенародная партызанская вайна ў Беларусі”. Тэрмін „усенародная” стаў стэрэатыпам з савецкіх часоў. Мы маем усе падставы адзначыць „народны характар” партызанскай вайны ў Беларусі, і то толькі з пачатку 1943 г. Калі гаварыць пра 1941–1942 г. — яна не была ўсенароднай, і толькі з другой паловы 1942 г. пачаўся пераход партызанскай вайны ў Беларусі да „народнай”. Два асноўныя крытэрыі — 1) суадносіны колькасці партызан і калабарацыяністаў, 2) ступень развіцця партызанскага руху на тэрыторыі Заходняй Беларусі.
Беларусь сёння стала адзінай краінай у свеце, дзе не падлічаны страты нямецкіх акупантаў ад дзеянняў беларускіх партызан. Да цяперашняга часу ў афіцыйных выданнях нашай краіны катэгарычна сцвярджаецца, што „ў ходзе партызанскай вайны знішчана… 500 тыс. салдат і афіцэраў фашысцкай арміі”. Але ж гэта міф, які дапамагаюць развеяць у першую чаргу працы вядомага беларускага даследчыка Кузьмы Козака. На самай справе забіта 120–130 тысяч ворагаў (разам з калабарантамі). Сапраўдным наватарам у гісторыі можна назваць Сяргея Новікава.
Застаецца „белай плямай” лічба эвакуяванага насельніцтва БССР у тылавыя раёны СССР у 1941–1943 г. У афіцыйнай літаратуры прыводзіцца лічба 1,5 млн. чалавек. Па маіх падліках, па выніках шматгадовага вывучэння гэтая лічба вагаецца ў межах 750–780 тыс. чалавек. Гэта азначае, што афіцыйная лічба перабольшана ў два разы. Усё гэта можна прачытаць у маім артыкуле „Невядомыя старонкі эвакуацыі” (скарочаны варыянт) у газеце „Звязда” за 15 верасня 2010 г. Але перад гэтым я спрабаваў апублікаваць матэрыял пра невядомыя старонкі эвакуацыі насельніцтва Беларусі ў „Гістарычна-археалагічным зборніку” Інстытута гісторыі НАНБ, „Бела рускім гістарычным часопісе”, газетах „7 дней”, „Народная газета”.
Многія рэдактары баяцца новых фактаў і адкрыта гавораць: „Не трэба перапісваць гісторыю”. На пленарных паседжаннях большасці навуковых канферэнцый, як і ў савецкія часы, выступаюць адны і тыя ж людзі — дырэктары інстытутаў, загадчыкі аддзелаў і цэнтраў, у крайнім выпадку — загадчыкі кафедраў ВНУ.
Ацэньваць якасць навуковай прадукцыі ў першую чаргу трэба па навізне і глыбіні даследавання. Большасць публікацый у зборніках навуковых канферэнцый, на вялікі жаль, утрымліваюць вельмі мала новага. Нам не хапае як цікавых глыбокіх манаграфій па асобных праблемах, так і гістарыяграфічных прац. У гэтым выпадку трэба браць прыклад з вучоных Нямеччыны, Польшчы, Расіі, Украіны, ЗША. Не хапае грунтоўных манаграфій пра жыццё і дзейнасць вядомых партыйных і дзяржаўных дзеячаў Беларусі, у першую чаргу пра П. Панамарэнку, кніг пра выдатных беларускіх гісторыкаў У. Пічэту, М. Доўнара-Запольскага, У. Ігна-тоўскага, П. Казлоўскага, З. Капыскага і інш. І яшчэ. Дзяржава павінна падумаць, каб кнігі па гісторыі і культуры Беларусі сталі таннейшымі і былі даступныя не толькі выкладчыкам, але і студэнтам, старшакласнікам.
Хочацца спадзявацца, што ў бліжэйшай будучыні беларуская гістарычная навука ўздымецца на якасна новы ўзровень.
Андрэй Кіштымаў, кандыдат гістарычных навук, Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва (Мінск)
1. Напэўна, мой выпадак нетыповы. Я не вучыўся на дзённым аддзяленні гістфака; яшчэ не маючы вышэйшай адукацыі, пачаў працаваць у акадэмічным інстытуце гісторыі, не заканчваў аспірантуры і практычна не меў кіраўніка, калі працаваў над кандыдацкай дысертацыяй. Так што атрымліваецца, што я нейкі „несістэмны”. Але сістэму ведаю, бо з яе прадукцыяй знаёмы на працягу трох дзясяткаў гадоў сваёй навуковай дзейнасці.
Лаяць ВАК лёгка і сапраўды ёсць за што. Добра памятаю, як у 80-я г. перыядычна, праўда, на ўзроўні калідорных гутарак, гучала: „Ну чаму ВАК толькі ў Маскве? Якія высілкі патрабуюцца, каб туды прабіцца! Гэта ж монстр, які пажырае навуковую думку. Вось быў бы ў рэспубліцы свой ВАК, мы б паказалі, што такое сапраўдныя крытэрыі ацэнкі навукі”. Сёння ВАК свой. І што ж? Ён не толькі не пазбавіўся ад хвароб „старога” ВАКа, але і досыць таленавіта здолеў іх прымножыць. Плюс, увёўшы сістэму настрыфікацыі, паставіў сябе наогул над усімі ВАКамі свету.
Сучасны ВАК, падобна ВАКу ўчарашняму, заняты тым, што робіць навуку такой, з якой яму зручна і сёння, і заўтра весці справу. Таму і назіраецца рэальны разрыў паміж ВАКаўскай навукай і навукай, якая не прайшла праз ВАКаўскае сіта. Прычым гэты разрыў найбольш адчувальны ў гуманітарных навуках.
У савецкі час яго не было наогул. Тады паняццi сістэма і навука цалкам супадалі. Але ў нашу эпоху, эпоху дзялення на „чэсных” і „нячэсных”, навуковец перастаў быць дзяржаўным прыгонным. Прыродазнаўцы і тэхнары праблему сваіх узаемаадносін з дзяржавай і яе сістэмай кіравання навукай часцей вырашаюць механічна — проста з’язджаюць за мяжу. Яно і зразумела — лазер дома не ўсталюеш, раўналежную дзяржаўнай лабараторыю генетыкі не адкрыеш, а прыватных карпарацый, здольных на вялікую навуку, такіх, як Soni або IBM, у нас няма.
Гуманітарый можа працаваць і дома, можа працаваць нават у ВНУ або дзяржНДІ, спалучаючы афіцыйную навуку з неафіцыйнай. Ды і ніякага не проста масавага, але і хоць крыху прыкметнага попыту за мяжой на спецыялістаў па беларускай гісторыі не было і не бу дзе. Менавіта на спецыялістаў, а не на іх працы, якія, безумоўна, могуць быць запатрабаваныя. Асобныя выключэнні, як сярод гісторыкаў, так, дарэчы, і сярод археолагаў (І. Сінчук, В. Собаль) надвор’я не робяць. Так што мы асуджаныя суіснаваць або разам з ВАКам, або побач з ім.
Ці мог ВАК стаць іншым? Мог, калі б адной з першых сваіх пастаноў пазбавіў навуковых званняў і ступеняў тых, хто атрымаў іх за працы па гісторыка-партыйнай тэматыцы. Прынамсі, ва ўсіх нашых суседзяў за Нёманам і Бугам мінуў гэты працэс ачышчэння ад старых завалаў. Як гэта было зроблена? У ГДР і ў прыбалтаў гэ та сапраўды вырашылі кардынальна. У палякаў — не. Але тое, што і там былыя гісторыкі ПАРП з першых роляў былі перасунутыя і сышлі ў цень — таксама факт. Паглядзім на досвед і самых блізкіх нашых суседзяў. У адрозненне ад нас, і ў Расіі, і ва Украіне не назіралася такой масавай „міграцыі” былых гістпартаўцаў у ака дэмічную навуку. І ужо тым больш яны не станавіліся там дырэктарамі акадэмічных інстытутаў. Хапіла ж і ў нас прынцыповасці прыбраць з праграм ВНУ курсы гісторыі КПСС або „навуковага камунізму”. Дык навош та ж было захоўваць парадокс: дысцыпліну перастаць лічыць наву ковай, а вось за спецыялістамі па ёй пакінуць званне навукоўцаў? Такі ВАК, які прыняў бы такое прын цыповае рашэнне, сапраўды быў бы новы. Пры намсі, свой разрыў з мінулым ён бы пазначыў досыць ясна. А заадно і разгрузіўся б ад тых, хто і сёння не гатовы ўспрымаць новае.
Як ні парадаксальна, але без ВАКа было б яшчэ горш. Я маю на ўвазе, што сістэма атэстацыі навуковых кадраў павінна існаваць. У першую чаргу як бар’ер на шляху дылетантызму. З некаторым спазненнем, але і для нашай гісторыі актуальнай становіцца праблема folk-history, асабліва ў яе шматлікіх інтэрнэт-версіях. ВАК, з яго задачай легітымізацыі навуковых кадраў, уяўляе сабой хоць бы нейкі бар’ер на шляху гэтай „народнай гісторыі”. Хоць і сам пры гэтым, як паказала практыка, можа пладзіць дылетантаў.
2. Умовы вядзення гуманітарных даследаванняў за апошнія 10–20 гадоў змяніліся кардынальна. Згадванне пра інтэрнэт, як я разумею, будзе гучаць проста банальна. Як і яшчэ адно жыццёвае назіранне: з штатаў НДІ проста зніклі пасады машыністак. Пра тое, як пашырэла інфармацыйнае поле, упэўнены, у той або іншай форме скажа кожны анкетаваны. Выбар тэматыкі практычна неабмежаваны. Праўда, пры выбары тэматыкі нярэдка адразу даводзіцца вызначацца і з уласнай „арыентацыяй” — будуць мяне далей лічыць „чэсным” або „нячэсным”. Тое ж і з апрабацыяй і публікацыяй вынікаў даследаванняў. Магчымасці ёсць, і немалыя, але ў „Беларускай думкі” сваё кола аўтараў, а ў БГА — сваё.
Але ва ўсёй гэтай шырыні ёсць і свае вузкасці. Падзялюся некаторымі назіраннямі. Калі раней плагіят насіў, так бы мовіць, рытуальны характар: пісалі, напрыклад, пра сацыялістычнае спаборніцтва або калектывізацыю, бралі падобную працу, замянялі Маскву на Мінск, РСФСР на БССР, падбіралі адпаведныя лічбы — і праца гатовая, то цяпер крадуць у сваіх, ды яшчэ і спрабуюць выдаць гэта за ўласны ўнёсак у навуку.
Стала „нямодна” спасылацца на папярэдніка. Больш за тое, увогуле згадваць пра яго існаванне. Затое працы, асабліва маладых гісторыкаў, мільгаюць згадваннямі пра ўласны прыярытэт. Калі я чытаю „ўпершыню”, „па-новаму”, „на падставе невядомых раней дакументаў”, то нярэдка думаю, што праўдзіваму становішчу больш адпавядалі б фразы „ўпершыню мной” або „на падставе раней невядомых мне дакументаў”. Гэта значыць, пры слабой папярэдняй гістарыяграфічнай прапрацоўцы матэрыялаў даволі лёгка адкрыцці для сябе зблытаць з адкрыццямі ў навуцы.
3. У параўнанні з савецкімі часамі прафесійны стандарт ацэнкі гістарыяграфіі проста страчаны. Раней ён быў. Які? Хто старэйшы — гэта ведае, хто маладзейшы — здагадваецца. Але тое, што ён быў — бясспрэчна. Пачынаючы ад абавязковага дэкларавання ў аўтарэфератах наконт таго, што праца выканана ў рэчышчы „марксісцка-ленінскай метадалогіі”.
У савецкай улады былі праблемы ў гісторыі і з гісторыяй. Таму яна і ставіла перад гісторыкамі задачу — давесці, што наш шлях у будучыню не проста слушны, але і наканаваны нашым мінулым. На адпаведнасць гэтай тэзе і праходзіла стандартную праверку любая гістарычная праца.
Цяпер такога стандарту няма. Таму што няма дзяржаўнай замовы на гістарычную навуку. На запуск касмічнага спадарожніка дзяржзамова ёсць, на які-небудзь звышмагутны камп’ютар — таксама, нават на якую-небудзь тэхналогію гадоўлі лёну — ёсць. А на гісторыю дзяржзамовы няма. Гэта значыць, маўкліва мяркуецца, што яна ў дзяржаве павінна быць, і для гэтага нейкую колькасць гісторыкаў дзяржава гатова ўтрымліваць. Але патрэбныя яны толькі да датаў: то чарговыя ўгодкі вайны з перамогай, то ў Белавежскай пушчы юбілей, часам і якому-небудзь гістарычнаму персанажу пашанцуе, напрыклад, Напалеону Орду або Францыску Скарыну. І тут стандарт гістарычных прац вядомы: усё павінна быць хораша, а мы наперадзе ўсёй Еўропы, а то і свету. Аднак тое, што складае жывую тканіну навукі, гэта значыць — навуковыя праблемы, — як прыярытэты не пазначаны.
Сур’ёзную гаворку пра якасць навуковай прадукцыі трэба і можна весці заўсёды. Ёсць для гэтага і старыя, правераныя часам, скажам так, традыцыйныя метады гістарычнай навукі: рэцэнзаванне, дыскусіі, папярэдняя апрабацыя на навуковых канферэнцыях, сімпозіумах або круглых сталах. Ёсць і новыя, шырока выкарыстоўваныя ў сусветнай навуцы, напрыклад індэкс цытавання. Пра яго існаванне ў нас ведаюць толькі тэарэтычна. Хацеў бы памыліцца, але ніхто, прынамсі ў гуманітарных навуках, яго падлікам у Беларусі не займаецца. Хоць, здавалася б, ёсць каму: той жа ВАК, або НАН Беларусі, або Нацыянальная бібліятэка.
Не спрачаюся, індэкс цытавання — не панацэя. Хоць бы таму, што ў ім аднолькава „важаць” і згадванні са знакам плюс, і са знакам мінус. Таму Трашчанок цалкам можа апынуцца ў лідарах, злёгку саступіўшы Ермаловічу. Затое найцішэйшы Валерый Мянжынскі, бясспрэчны аўтарытэт па вывучэнні Літоўскай Метрыкі, апынецца далёка ззаду ад іх.
Усё-такі, падазраю, айчынная боязь індэкса цытавання заключана не ў персонах. Для ацэнкі іх рэпутацыі ён толькі дапаможная прылада. Аднак індэкс цытавання можа лёгка палічыць і колькасць згадванняў у навуковым свеце, напрыклад, Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Або той жа айчыннай ВАК. Малюначак можа здацца несуцяшальным. Дык ці трэба гэта ім?
І, нарэшце, галоўнае: не будзем забывацца, што навука — гэта не толькі яе (гэта значыць навуковыя) праблемы, але і людзі са сваімі, цалкам чалавечымі праблемамі. Фінансавымі, сямейнымі, псіхалагічнымі і г. д. Што, у нашай гістарычнай навуцы няма спадчыннасці? Ёсць, і нельга сказаць, што нават пры іншых роўных умовах яна не выконвае сваёй ролі. Або: у ВАКу могуць не адзін год сядзець прызнаныя аўтарытэты айчыннай гістарычнай навукі, але зусім не факт, што яны з лёгкім сэрцам гатовыя адкрыць дарогу сваім патэнцыйным канкурэнтам з ліку новых дактароў. І, памяняўшы савецкі пашпарт на пашпарт Рэспублікі Беларусь, далёка не заўсёды гісторык гатовы развітацца з савецкім мінулым. Асабліва калі ён яго творца.
Марына Сакалова, кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі
1. Як такая, сістэма падрыхтоўкі навуковых кадраў не выклікае пытанняў. Аднак бюракратызацыя, непразрыстасць працэсу і накіраванасць на абмежаванне колькасці дактароў навук і г. д. ствараюць неадольныя перашкоды для навукоўцаў.
2. Галоўны недахоп, на мой погляд, у тым, што адсутнічаюць шырокія дыскусіі па агульных пытаннях гістарычнай навукі. Апрабацыя даследаванняў адбываецца галоўным чынам у рамках бюракратычных ступеняў падрыхтоўкі дысертацый. Наогул, ствараецца такое ўражанне, што гістарычная навука існуе толькі як працэс падрыхтоўкі дысертацыйных даследаванняў і калектыўных прац. Магчымасцяў для незалежнай даследчыцкай працы (з пункту гледжання фінансавання беларускімі ўстановамі і фондамі) амаль няма.
3. На маю думку, прафесійныя стандарты сучаснай беларускай гістарыяграфіі практычна не змяніліся параўнальна з гістарычнай навукай БССР: якасць навуковай прадукцыі ацэньваецца галоўным чынам на падставе выкарыстання архіўных дакументаў і адпаведнасці бюракратычным стандартам. Наватарскія даследаванні сустракаюцца з падазронасцю, бо, як правіла, не ўпісваюцца ў гэтыя бюракратычныя стандарты (нават тэматычна). Як і ў савецкія часы, беларуская гістарычная навука ў вялікай ступені ізаляваная ад сусветнага гістарычнага дыскурсу. У гэтым, як мне падаецца, галоўнае адрозненне яе ад гістарыяграфіі суседзяў.
Захар Шыбека, доктар гістарычных навук, прафесар Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта
1. Падрыхтоўка гісторыкаў-прафесіяналаў штучна стрымліваецца, асабліва дактароў навук. Яшчэ Мікіта Хрушчоў лічыў гісторыкаў небяспечнымі для ўлады. Ды і на гуманітарных навуках, відаць, хочуць сэканоміць. Хоць па прыкладзе Літвы можна ўвесці ўніверсальную навуковую ступень — доктара навук. Тады зменшацца і выдаткі на падрыхтоўку навукоўцаў. Рэзервы — платныя і бюджэтныя аспірантуры. А штучна стрымліваць рост колькасці прафесійных гісторыкаў, калі людзі таго заслугоўваюць, няма сэнсу. Узрасце канкурэнцыя. І кожны знойдзе месца адпаведна сваім здольнасцям.
У бюджэтнай аспірантуры цяпер ставіцца задача абавязковай абароны пасля сканчэння тэрміну аспірантуры. Гэта не заўсёды ідзе на карысць справе. Дысертацыі атрымліваюцца „сырымі”. Аспіранты не паспяваюць сабраць дастаткова архіўных дакументаў і асэнсаваць іх.
Мне не так часта, але даводзіцца апаніраваць дысертацыі. Складваецца ўражанне, што ў навуковай экспертызе пануе фармалізм, заідэалагізаванасць і кумаўство. Прынцып спаборніцтва пры абароне фармальна захоўваецца. Аднак вынік галасавання вырашаецца ўжо на папярэднім паседжанні экспертнай камісіі пры савеце па абароне. Калі дысертацыя прынятая да абароны, тады ўжо заўвагі апанента не маюць асаблівага значэння. Усе ці большасць прагаласуюць „за”, каб не ставіць пад сумненне папярэднюю экспертызу, у якой тыя ж сябры савета па абароне і ўдзельнічалі. Дысертацыя ацэньваецца не столькі па навуковай вартасці, колькі па ідэалагічнай вытрыманасці і адданасці аўтара ўладзе. Патрабаванні да дысертацый, асабліва да доктарскіх, нібыта высокія. Але пераважае фармальны падыход. Бюракратыя выпрацавала шэраг казуістычных штампаў, якія абавязкова павінны прысутнічаць у дысертацыі. Яе навуковая вартасць можа заставацца па-за ўвагай. Для ацэнкі гэтай вартасці ў сучасных экспертаў, якія заселі ў саветах па абароне, не хапае прафесіяналізму, бо яны эксперты, хутчэй, па казуістыцы. Безумоўна, ёсць выключэнні. Але пераважна гэта людзі сталага веку ды кар’ерысты, якія мала дасведчаныя ў дасягненнях сучаснай гістарычнай навукі. Сапраўдным жа прафесіяналам у саветах не хапае мужнасці, каб заняць прынцыповую пазіцыю. Незалежныя эксперты з еўрапейскім досведам у кола экспертаў не дапускаюцца. Яшчэ менш спецыялістаў па гісторыі ў ВАКу. Там навуковую працу гісторыкаў ацэньваюць фізікі, хімікі і толькі найбольш адданыя ўладзе гісторыкі. Праца трапляе эксперту, які прэзентуе яе перад членамі ВАКа. Лёс прысваення навуковай ступені часам залежыць ад сумленнасці і дасведчанасці аднаго чалавека. ВАК не з’яўляецца незалежнай установай. Пад ціскам зверху ён прымае патрэбныя рашэнні.
2. Вытворчасць гуманітарных ведаў недастаткова фінансуецца дзяржавай. Аспірантаў чакаюць капеечная стыпендыя, мізэрнасць аплачаных камандзіровак, неспрыянне замежным стажыроўкам, а ў перспектыве — нізкія заробкі. Усё гэта зніжае матывацыю паступлення ў аспірантуру. Выкладчыкі ўніверсітэтаў не могуць разлічваць на аплачаную замежную камандзіроўку як для працы ў архівах, так і для ўдзелу ў навуковых канферэнцыях. З такімі ж праблемамі сутыкаюцца і навуковыя супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Шчодра фінансуюцца толькі так званыя навукова-практычныя канферэнцыі, якія маюць парадна-юбілейны характар.
Нармальнаму развіццю афіцыйнай гістарычнай навукі перашкаджаюць жорсткі адміністрацыйны кантроль і жывучасць савецкіх стэрэатыпаў. Па ідэалагічных прычынах не дазваляецца ўсебаковае вывучэнне адносінаў з Расіяй, Вялікай Айчыннай вайны, дзейнасці БНР. Застаюцца забароненыя тэмы. Да гэтага часу існуе перакананне пра ненавуковасць вузкіх тэм. Мая суіскальніца тройчы перапісвала дысертацыю пра наёмных рабочых і служачых Мінска, каб дагадзіць савету па абароне дысертацый пры Інстытуце гісторыі НАН Беларусі. Для выезду выкладчыкаў у іншую краіну нават сваім коштам ці коштам прымаючага боку патрэбен дазвол Міністэрства адукацыі. Два гады таму мяне не выпусцілі ў Прагу на навуковую канферэнцыю, прысвечаную юбілею БНР, ні на якіх умовах. Не далі і адпачынак на ўласны кошт. Матывацыя была такая: каб не парушаць навучальна-выхаваўчы працэс.
У краіне існуе толькі адзін дзяржаўны часопіс, спецыялізаваны на гісторыі, ды і то палову яго аб’ёму займаюць метадычныя парады настаўнікам гісторыі ў шко ле. Універсітэцкія навуковыя выданні адводзяць гісторыі сціп лае месца. У іх пануе „міжсабойчык”. Прабле ма пу-блікацый часткова вырашаецца друкаваннем матэрыялаў навуковых канферэнцый. Урэшце, не скла дана апу блікаваць добры артыкул у незалежных часо пісах „Беларускі Гістарычны Агляд”, „Гістарычны альманах”, „Ho mo historicus” ці „Arche”. Аднак іх выданні не ўключаны ў лік так званых рэцэнзаваных, што знаходзяцца пад цэнзурай дзяржавы, а таму змешчаныя ў іх публікацыі не ўлічваюцца ВАКам пры абароне дысертацый.
Вядомыя гісторыкі краіны, якія не прытрымліваюцца афіцыйнай гістарычнай схемы, не маюць магчымасці ўдзельнічаць у падрыхтоўцы маладых спецыялістаў. Аспірантаў ім проста не даручаюць.
3. Сучасная беларуская гістарыяграфія перажыла непрацяглую мадэрнізацыю ў пачатку 1990-х г., а потым была адкінутая на старыя пазіцыі. І цяпер яна мала чым адрозніваецца ад гістарычнай навукі савецкіх часоў ды катастрафічна адстае ад гістарыяграфій суседніх дзяржаў. Гістарычныя працы прызначаюцца для ўнутранага карыстання. Калі афіцыйных гісторыкаў і цытуюць у еўрапейскіх краінах, дык толькі для таго, каб паказаць іх прыхаваную ці зусім не прыхаваную залежнасць ад савецкай ідэалогіі і штампаў савецкай гістарыяграфіі. Змены да лепшага адбываліся толькі ў неафіцыйнай гістарыяграфіі краіны. Важным новым стандартам стала веданне маладымі гісторыкамі замежных моў, выкарыстанне імі замежных навуковых даследаванняў і матэрыялаў замежных гістарычных архіваў. Яшчэ — авалоданне камп’ютарнымі тэхналогіямі і асваенне рэсурсаў інтэрнэта. Надзвычай важнай зменай было ўзнікненне недзяржаўных гістарычных часопісаў, якія істотна ўздымаюць якасць навуковых публікацый, знаёмяць беларускіх гісторыкаў з дасягненнем іх калег за мяжой, прэзентуюць беларускую гістарыяграфію на еўрапейскай навуковай прасторы. Усё гэта спрыяе паступовай выпрацоўцы нацыянальнай канцэпцыі гістарычнага развіцця Беларусі, калі мінулае Айчыны ацэньваецца з пазіцый беларускіх нацыянальных інтарэсаў.
Дзяржаве не ўдаецца ўстанавіць над гісторыкамі татальны кантроль. Сапраўды навуковую і канкурэнтназдольную на еўрапейскім рынку прадукцыю ствараюць прадстаўнікі маладой генерацыі гісторыкаў, якія вучацца у еўрапейскіх краінах, працуюць там у архівах і бібліятэках ды карыстаюцца падтрымкай з боку замежных фундатараў. Дасягненні незалежнай гістарыяграфіі так ці іначай уплываюць на афіцыйную. Змяняюцца ацэнкі БНР, далучэння Заходняй Беларусі да БССР-СССР. Праўда, перамены адбываюцца вельмі павольна. Можа таму, што існуе недахоп прафесійнай крытыкі і дыскусій паміж гісторыкамі, якія прытрымліваюцца розных поглядаў. Спрачацца з несумленнымі гісторыкамі, якія служаць не народу, а ўладзе, амаль што бессэнсоўна. Іх не пераканаеш. Аднак матэрыялы любых дыскусій маюць істотнае значэнне для развіцця беларускай гістарыяграфіі.
Алег Яноўскі, кандыдат гістарычных навук, прафесар, загадчык кафедры гісторыі Расіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта
1. Пытанне як бы простае, бо можна адказаць на яго якраз (зыходзячы з пастаноўкі пытання) зусім спрошчана: ацэньваю на „добра” ці на „здавальняюча”, а можа і на „нездавальняюча”. Але ж, зразумела, гэ та не адказ, бо ў кожнага гісторыка за апошнія гады „накіпелі” як эмацыянальныя (у большасці), так і (у некаторых) дастаткова аргументаваныя ацэнкі сістэмы і практыкі „падрыхтоўкі кадраў вышэйшай кваліфікацыі ў Рэспубліцы Беларусь”.
Так і я, як гісторык з дастаткова вялікім стажам дзейнасці на навуковай і педагагічнай ніве і з вопытам дакладнай працы па падрыхтоўцы гэтых самых кадраў, не без эмоцый ацэньваю наяўную сітуацыю. І даводзіцца не без жалю канстатаваць, што ўсё больш і больш верх бярэ бюракратычны, а не творчы складнік у дадзенай справе, якая відавочна мае непасрэдную і дзяржаўную, і грамадскую вартасць. Як бы там ні было, а проста рэалізацыя нашых творчых памкненняў не можа развівацца ў рэчышчы дзяржаўнага фінансавання. Той, хто адважваецца на шлях у навуку, павінен успрымаць і кіравацца пэўнымі абмежаваннямі „палётаў думак і натхнення свайго”, быць гатовым несці адказнасць за выніковасць і праявы свайго творчага „эга”. І быць гатовым успрымаць фармальныя нормы і правілы, якія дыктуюцца „сістэмай” — а гэта і нарматыўныя дакументы ВАКа, і, што найбольш важнае і, можа, сумнае для маладога, экс прэ сіўнага розуму — традыцыі, кансерватызм старэйшых і „тытулаваных” калег-настаўнікаў і рэцэнзентаў-экспертаў. Тут, як падаецца, перад спашукальнікамі вучоных ступеняў (у меньшай ступені, прабачце за таўталогію, — вучонах званняў) існуе столькі перашкод і выпрабаванняў, што Сцыла і Харыбда ўспрымаюцца амаль што з усмешкаю.
І праз гэтыя выпрабаванні па-рознаму спрабуюць прайсці маладыя навукоўцы. Адны ідуць напрамую, кіруючыся толькі высокімі катэгорыямі (па іх усведамленні) навуковасці ў абраных тэмах і лічаць другасным звяртаць увагу на фармальныя патрабаванні да дысертацыі. Другія, больш прагматычныя, пунктуальна выконваюць прадпісанні наконт амаль што „кропак” і „косак”, міліметраў водступу справа-злева ў тэксце артыкулаў і самой дысертацыі, а таму сэнсавыя моманты застаюцца збоку, а не ў цэнтры ўвагі аўтара. А што датычыцца навуковых кіраўнікоў, то яны, бедалагі, у апошні час сталі амаль што цурацца сваіх вучняў як магчымых аспірантаў. Галаўны боль і нервовыя затраты не кампенсуюць ужо той магчымай радасці і задавальнення, якія прыходзяць услед за творчым поспехам твайго вучня, маладога калегі. Цяжка зразумець перманентныя змены ў патрабаваннях да дысертацый, большасць з якіх носяць фармальны характар.
Як былы вучоны сакратар савета па абароне дысертацый часоў памежжа двух тысячагоддзяў, праз рукі, розум і эмоцыі якога прайшло значна больш за сотню навуковых аўтарскіх трактатаў, і як навуковы кіраўнік дзесяці паспяхова абароненых дысертацый, магу гаварыць толькі з жалем пра сённяшняе становішча ў сістэме падрыхтоўкі нашай змены. Не ўдаючыся ў дэталі, якія ўсім добра вядомыя, назаву два, на мой погляд, найбольш відавочныя наступствы ўсёй „прадпісальнай” дзейнасці ВАКа. Па-першае, гэта амаль што абсалютны фармалізм, калі нават хібы ў пунктуацыі могуць легчы цяжарам на канчатковай ацэнцы дысертацыі. Не гаворачы ўжо пра фармалізм у дачыненні да самой структуры дысертацыйнага даследавання, да бягучых і выніковых папер, якія ўсе гады працы над тэмай у тым ці іншым кірунку суправаджаюць спашукальніка. Але самае галоўнае, па-другое, што цяперашняя сістэма справакавала відавочны недавер да прафесіянальнай якасці і навуковых кіраўнікоў (яны адчуваць сябе сталі як „агнцы на закланне”) і, што самае агіднае (!) — да членаў саветаў па абароне (дарэчы, іх засталося ўсяго нічога па гістарычных навуках).
Шмат прыступак на лесвіцы, якая вядзе да запаветнага яблыка — „аступянення”! І кожная вельмі хісткая, кожная сама па сабе. Ды і яны не вельмі важныя, калі раптоўна спатрэбіцца скіраваць пільны зрок на якога-небудзь прэтэндэнта. Тады хопіць толькі меркавання нейкага „чорнага” апанента. І гэта ў той час, калі нават сабраць савет са спецыялістаў становіцца ўсё больш і больш праблематычным. Але саветы цяпер не могуць выклікаць недаверу па сутнасці, па нашых успрыманнях. Тым больш, што яны зацверджаны ВАКам! Тым часам „спец сярод усіх спяцоў”, калі патрэбна, знаходзіцца. І яго ацэнка вырашальная.
Адным словам, я магу ацаніць сістэму падрыхтоўкі навуковых кадраў у Беларусі як… дзіўную, няплённую і неперспектыўную.
2. А вось дадзенае пытанне, у адрознене ад першага, не падштурхнула мяне да роздуму, хоць і павярхоўнага (можна было б сарвацца на эмоцыі, на свой вопыт, на „за” і „супраць” па галоўных сюжэтах тэмы і па дробязях). Лічу, што цяперашнія ўмовы „вытворчасці” гуманітарных ведаў (ад выбару тэматыкі да магчымасцяў архіўна-бібліятэчных пошукаў, апрабацыі і публікацыі даследаванняў), як і раней, як ва ўсе часы залежаць ад таго, як сам навуковец імкнецца спасцігнуць сваю, абраную самім, тэму. Гэта першаснае. Але да гэтага трэба дадаць сродкі, фінансаванне, асабліва ў тых выпадках, калі кірунак тэмы патрабуе звяртання да замежных крыніц. Так, мае вучні і я сам апошнія добрых 20 гадоў больш кіруемся сваёй ініцыятывай у пошуках магчымасці працаваць над тэмамі ў Маскве ці Санкт-Пецярбургу. А калі ж тэма па гістарыяграфіі Паўночнага Каўказа (як у майго аспіранта Андрэя), то хаця б грузінскі кірунак трэба неяк асіліць. За свае грошы — за аспіранцкую стыпендыю. І толькі застаюцца ў памяці рэгулярныя камандзіраванні прафесуры БДУ за „інтэлектуальным сілкаваннем” у жабрацкія 20-я гады, а больш гады тваёй навуковай маладосці (70–80-я), калі 2-3 паездкі за год у архівы і бібліятэкі Масквы былі банальным суправаджэннем працы беларускага расіязнаўцы.
Што тычыцца выбару тэмы даследавання, то тут фармалізм не расквітнеў. Хоць пэўныя чуткі раз-пораз бударажаць акадэмічна-ўніверсітэцкія колы. Напрыклад, нельга, па меркаванні загадчыка кафедры, ісці ўслед за юнацкай зацікаўленасцю дыпломніка ці магістранта, калі паўстае пытанне аб аспірантуры і магчымай будучай працы яе выпускніка на кафедры. Тут павінна быць відавочнае планаванне: якія тэмы трэба распрацоўваць, каб іх спектр як мага больш гарманічна адлюстроўваў навучальна-навуковыя накірункі ў дзейнасці кафедры, яе традыцыі. І нікуды не дзецца ад творчых інтарэсаў навуковага кіраўніка. Як-ніяк, а навуковую школу хацелася б ці працягваць, ці ствараць.
Здаецца, праблему публікацыі прамежкавых вынікаў працы над дысертацыямі, іх апрабацыі на той ці іншай канферэнцыі, „круглым стале” і г. д. мы вырашылі адназначна. І тут ВАК, спачатку „закруціўшы гайкі”, зрабіў відавочна пазітыўнае: колькасць навуковых выданняў, ім успрынятых і зацверджаных, на сёння дастатковая, каб задаволіць усіх — і аспірантаў, і іх навуковых кіраўнікоў (дацэнты ж таксама павінны рэгулярна друкавацца, каб мець права на навуковае кіраўніцтва). Калі ўзгадаць пачатак 90-х г. і барацьбу за стварэнне „Беларускага гістарычнага часопіса”, які ў хуткім часе стаў амаль што адзіным выданнем, афіцыйна прызнаным, то цяпер ён не выклікае аніякага піетэту, хаця аргументы для ўладных інстанцый аб неабходнасці яго адкрыцця пісаліся ў кабінеце дэкана гістфака БДУ пад прыемны пах кавы.
3. На дадзенае пытанне немагчыма даць кароткі адказ. Яно патрабуе глыбокага пранікнення ў „той” час, у навуковую спадчыну гісторыкаў, па сутнасці, не толькі розных пакаленняў, але і розных „падэпох” тагачаснай савецкай эпохі. Тут не абысціся без пранікнення ў абставіны лёсу творцаў гістарычных прац, без спробы зразумець прычыны ці то нонканфармізму, ці то пагаднення з уладамі і з сваім сумленнем, творчым крэда. Мяне гэта ўсё больш і больш цікавіць у апошні час (мабыць, з прычыны вялікай павагі да выдатнай плеяды ўніверсітэцкіх гісторыкаў ад У. І. Пічэты да Л. М. Шнеерсона, тых „гігантаў, на плячах якіх мы ўсе стаім”).
А ці існуе магчымасць „ахапіць вокам” цяперашні стан беларускай гістарыяграфіі? Мабыць, не. Патрэбна кампетэнцыя і кругагляд. А мы больш засяроджаны на сваіх „вузкіх” навуковых праблемах. Пра ўсё астатняе ведаем з-за неабходнасці адпавядаць патрабаванням студэнцкай аўдыторыі (а гэтыя патрабаванні пастаянна паніжаюцца і не падсілкоўваюць творчыя намаганні выкладчыкаў-навукоўцаў).
Тым не менш, пры спробе асэнсаваць гэтае складанае пытанне ў мяне ўзнікла наступная асацыяцыя: час імкліва бяжыць, а нічога не змянілася ў справе гісторыка-даследчыка. Пашырылася кола крыніц, новыя парадыгмы сталі для нас успрымальнымі і зразумелымі, нават такой стракатай і па густу ўсім можа быць метадалагічная аснова нашых прац. Але відавочнай, на мой погляд, застаецца кан’юнктурнасць рознага кшталту: ад імкнення пракрычаць „эўрыка!” там, дзе ўсё даўно зразумела і ўвайшло ў навуковы зварот, да імкнення спасцігнуць нейкія ўстаноўкі „зверху”, нават калі іх ніхто і не вызначаў.
Але, здаецца, у нашым навуковым „каралеўстве” ў асноўным існуе нейкае незафіксаванае пагадненне — кожны можа рабіць сваю справу так, як ён разумее яе плённасць. Асабліва тады, калі няма патрэбы выходзіць на атэстацыйныя ацэнкі гэтага плёну. І калі хтосьці каго ці сам сябе палохае пэўнымі наступствамі, то гэта водгукі нашага былога выхавання, а ў моладзі — ад нас, запалоханых. І існуюць розныя падыходы да „балючых” у беларускай гістарыяграфіі тэм. І ідуць спрэчкі, хоць у большай ступені неасабістыя, у друку, а не на тутэйшых навуковых канферэнцыях. Дарэчы, яны ў апошні час сталі дастаткова безаблічнымі, з нагоды нейкі гучных дат, падзей, а не па праблемных палях. Ну, тады ёсць магчымасць ад’ехаць за мяжу і там прадэманстраваць сваю кампетэнтнасць. І не бачу нейкіх хібаў у навуковай вартаснасці нашых прац, беларускіх, у параўнанні з „гістарыяграфіяй суседзяў” (дакладней — навуковымі працамі польскіх, расійскіх, украінскіх, літоўскіх гісторыкаў). Не раз сутыкаешся з тым, што нашы паважаныя калегі з Расіі маюць „сваё” разуменне беларускай гісторыі, якое зыходзіць ад іх, расійска-рускага, прачытання крыніц. І дзе знаходзіцца ісціна, аб’ектыўнасць? Няма адказу! Галоўнае ж, лічу, імкнуцца быць самім сабой, мець творчы запал, імкненне спасцігнуць апанента, але аргументаваць свой погляд, сваю перакананасць. Тады адказы на дадзенае пытанне будуць у кожнага з нас лёгкімі, будуць пабуджаць да новых творчых дзеянняў.