Беларуская гістарыяграфія ў ацэнках гісторыкаў (Генадзь Сагановіч)
Патрэба ў размове аб прафесійных хваробах і клопатах нашай гістарычнай навукі наспела даўным-даўно. Хоць у афіцыйных дакладах і публікацыях, як спецыяльных, так і прынагодных, сітуацыя ў сучаснай гістарыяграфіі Беларусі ацэньваецца звычайна наўздзіў пазітыўна, у кожнага, хто сам належыць да супольнасці акадэмічных гісторыкаў, бачыць усё знутры і параўноўвае, яна не магла не выклікаць непакою.
Справа не столькі ў агульных праявах крызіснага стану гістарыяграфіі і гуманітарных навук у цэлым, — такіх, як заняпад гуманітарнай культуры, зніжэнне сацыяльнага статусу навукоўца, камерцыялізацыя навукі і г. д. Хоць і яны ў Беларусі праяўляюцца яшчэ вастрэй. Прыкладам, па ўплывах на масавую гістарычную свядомасць грамадства прафесійныя гісторыкі цяпер у нас, як падаецца, прыкметна саступаюць напору паранавуковага гісторыяпісання, так званай „гісторыі-на-продаж”. Прывычнымі сталі і даўнія недахопы гістарычнай навукі, што раней выклікалі хоць сцішаныя галасы незадаволенасці, — такія, як структурная непаўнавартасць дысцыпліны, ухіленне ад крытычнага агляду яе стану, адсутнасць абмеркавання праблем тэорыі і метадалогіі гісторыі ды інш. Тое ж можна сказаць пра пераклад і каментаванне важных твораў заходняй гуманітарыстыкі — калі тут нешта і робіцца, дык па-за дзяржаўнымі ўстановамі і часта насуперак іх стаўленню. І хоць пазбывацца правінцыялізму, „уваходзіць” у сусветную гістарычную навуку можна было б шляхам актыўнага развіцця міжнароднага супрацоўніцтва, тут жа, наадварот, у адпаведнасці з дзяржаўнай палітыкай, заўважна скараціліся кантакты і супраца з заходнімі калегамі, прынамсі ў параўнанні з 1990-мі гадамі.
Але і згаданыя праявы агульнага крызісу, і арганізацыйна-структурныя недахопы гістарычнай навукі спалучаюцца ў нас са спецыфічна беларускімі праблемамі, абумоўленымі палітычнай сітуацыяй у краіне. Сітуацыяй, у якой, на маю думку, самыя няпростыя выпрабаванні выпадаюць на асноўныя нормы прафесійнай этыкі гісторыка. І найбольшы клопат, праўдападобна, звязаны з такімі сферамі, як узаемаадносіны вучонага і ўлады (дзяржавы), ад якіх у многім залежыць і навуковая сумленнасць гісторыка.
Не сакрэт, што за апошняе дзесяцігоддзе ўслед за гістарычнай адукацыяй усё большай палітызацыі стала паддавацца і акадэмічная гістарыяграфія Беларусі. Выразнай праявай імкнення ператварыць гістарычную навуку ў рупар афіцыйнай ідэалогіі (як у эпоху СССР) можна лічыць нядаўнія прыклады падкрэслівання палітычна-ідэалагічнай функцыі ў дзейнасці акадэмічнага Інстытута гісторыі[1] ды скіраваныя да гісторыкаў адкрытыя заклікі дырэктара гэтай установы выразней паказваць „месца прэзідэнцкай вертыкалі ўлады” і „ролю першага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі” ў развіцці Беларусі[2]. Лішне было б прыводзіць мноства канкрэтных фактаў, каб пацвердзіць і так вядомае — у Беларусі адбылася бюракратызацыя інфраструктуры і празмерная ідэалагізацыя гістарыяграфічнага працэсу. Ідэалагізацыя, пры якой тэмы даследаванняў і перспектывы абароны дысертацый залежаць найперш ад іх т. зв. паліткарэктнасці і лаяльнасці аўтараў да рэжыму, а прафесіяналізм апошніх, як і інтарэсы навукі наогул, аказваюцца адсунутымі на другі план.
Праўдападобна, толькі гіпертрафаванай палітызацыяй можна растлумачыць, напрыклад, такую асаблівасць нашай цяперашняй гістарыяграфіі, як уведзеную практыку поўнага элімінавання, выкрэслівання з афіцыйнага навуковага працэсу кожнага, хто быў звольнены з Інстытута гісторыі. Добра вядома, што Беларусь не можа пахваліцца наяўнасцю дастатковай колькасці гісторыкаў, каб „закрываць” усе перыяды і асноўныя накірункі даследаванняў. Невыпадкова большасць звольненых былі адзінкавымі спецыялістамі ў сваёй тэматыцы. Тым не менш, у адпаведнасці з няпісаным правілам, прынятым афіцыйным кіраўніцтвам гістарычнай навукай, усе звольненыя перастаюць існаваць як спецыялісты сваёй галіны, і ўвесь назапашаны імі навуковы патэнцыял адкідваецца як непатрэбны. Вось якое дбанне пра развіццё гістарычных даследаванняў ды іх навуковы ўзровень…
Што ж, пры падобным стаўленні кіраўніцтва да спецыялістаў і гістарычнай навукі ў цэлым не выпадае здзіўляцца вядомым выпадкам, калі і экспертыза дысертацый праводзілася без удзелу кваліфікаваных адмыслоўцаў па профілі даследавання, што не магло не адбівацца на якасці такіх трактатаў. Прыклады прац непрымальна нізкага навуковага ўзроўню, факты плагіяту, яўнага ці няяўнага, або іншага жульніцтва, на жаль, прыкметна памнажаюцца, і гэта не можа не трывожыць. А Вышэйшая атэстацыйная камісія (ВАК), закліканая кантраляваць падрыхтоўку кваліфікаваных спецыялістаў ды якасць навуковай прадукцыі, здаецца, ніяк не дае рады гэтай заганнай тэндэнцыі. Затое, мяркуючы па некаторых фактах, у практыку ўвайшло выкарыстанне ідэалагічных ацэнак — адхіленне дысертацый, змест якіх не адпавядае прынцыпам дзяржаўнай ідэалогіі, і да т. п. Найбольш паказальны лёс доктарскай дысертацыі Яўгена Анішчанкі „Палітычная гісторыя Беларусі ў часы падзелаў Рэчы Паспалітай”, адхіленай ВАКам у 2004 г. найперш з-за таго, што аўтар у адмоўным святле паказаў Расію[3]. Неадназначная роля ВАКа як інстытута яшчэ савецкай сістэмы ў сучасным гістарыяграфічным працэсе колькі гадоў таму актыўна абмяркоўвалася на старонках аднаго з вядучых незалежных часопісаў Украіны[4], у нас жа пакуль не было ніякіх публічных дыскусій пра інструментарную функцыю гэтай установы, хоць патрэба ў такой размове відавочная.
Як можна здагадвацца, падобныя праблемы ў нас адкрыта не абмяркоўваліся не таму, што гісторыкі да іх абыякавыя. Верагодна, ва ўмовах нашай цяперашняй рэчаіснасці, калі прафесійная рэалізацыя навукоўца па стаў лена ў наўпроставую залежнасць ад волі дзяржаўнага чыноўніка, маўчанне стала своеасаблівай стратэгіяй выжывання. Зразумела, гісторык працуе ў дзяржаўнай установе і не можа не залежаць ад улады. Аднак наколькі далёка яго пазіцыя можа вызначацца лаяльнасцю і „дзяржаўнай замовай”? Хоць межы саступак і канфармізму найперш вызначаюцца асабістымі маральнымі якасцямі, абслугоўванне палітычных інтарэсаў улады, яўны сервілізм заўжды лічыліся справай ганебнай, несумяшчальнай і з прын цыпамі прафесійнай этыкі навукоўцаў.
Не выключаю, што камусьці з нашага так раз’яднанага цэху служак Кліа ўсё вышэйсказанае можа падацца плодам маіх суб’ектыўных уражанняў і непатрэбнай драматызацыяй, хоць сам я імкнуўся да стрыманых ацэнак. Вось жа разбіраймася разам. Ніжэй больш аб’ектыўна і рознабакова справу прадстаўляюць апытаныя намі гісторыкі, адказы якіх, спадзяюся, стануць пачаткам сур’ёзных разваг пра тое, што ёсць нармальным і ненармальным у нашай гістарыяграфіі.
Да супольнай размовы пра сітуацыю ў гістарычнай навуцы Беларусі рэдакцыя БГА запрасіла яе непасрэдных стваральнікаў — вядомых гісторыкаў краіны. Мы звярнуліся да 20 навукоўцаў з дзяржаўных і недзяржаўных устаноў з просьбай адказаць на тры пытанні, звязаныя з некаторымі праблемамі, акрэсленымі вышэй. Але паразважаць над пытаннямі нашай анкеты пагадзілася толькі частка, фактычна — менш за палову запрошаных да размовы, за што ім шчырая ўдзячнасць і пашана. А тое, што сярод матываў свайго ўхілення ад адказаў некаторымі гісторыкамі часам адкрыта называлася асцярожнасць, жаданне „не засвяціцца” (“як бы чаго не выйшла па месцы працы”), толькі пацвердзіла папярэдні дыягназ — сітуацыя ў нашай гістарыяграфіі вельмі і вельмі нездаровая. Калі вучоны яўна незадаволены станам спраў у сваім цэху, але пры гэтым не адважваецца публічна гаварыць пра набалелае, то гэта як мінімум прафесійная несвабода. Сам па сабе гэты факт агаляе сур’ёзную праблему прафесійнай ідэнтычнасці беларускіх гісторыкаў і перспектываў развіцця нашай гістарыяграфіі. Ці, калі дакладней, безперспектыўнасці такога яе развіцця.
Генадзь Сагановіч
Паказальна, што дэідэалагізацыю і дэпалітызацыю гістарычнай навукі нядаўні дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі А. Каваленя назваў „разбуральнай метадалагічнай канцэпцыяй”, якую беларусам „падкінулі заход нія саветолагі”. Гл.: Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэс публіцы Беларусь (Матэрыялы „круглага ста ла”) // Беларускі гістарычны часопіс. 2006. № 10. C. 8. Пра ідэалагічную функцыю гісторыкаў гл. таксама: Историческая наука в Беларуси (1991–2000): современные проблемы и кадры. Ред. Г. Корзенко. Минск, 2005. С. 3, 66.
Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь // Беларускі гістарычны часопіс. 2006. № 11. C. 10.
Падрабязней гл.: Оргіш В. Інкарпарацыя, або як адгукаецца палітычная гісторыя Беларусі ў сучасным жыцці // Народная воля. 2005. 2 сакавіка.
Гл.: Форум „Механізм контролю за якістю наковоi продукціi в Украiні” // Украiна Модерна. № 12 (2007). С. 12–49.