Генадзь Сагановiч. Дзве гiсторыi Полацка
Кнiга Д.Аляксандрава i Д.Валадзiхiна «Борьба за Полоцк между Литвой и Русью в ХII-ХVI в.» (Москва, 1994) рэцэнзавалася мной ледзь не адразу пасля яе з’яўлення*. А параўнальна нядаўна стала распаўсюджвацца надрукаваная ў Полацку брашурка Д.Валадзiхiна, у якой змешчаны адказ апошняга на маю рэцэнзiю[1]. Адмёўшы ўсе заўвагi, у брашурцы Д.Валадзiхiн па-стараўся пераканаць сваiх чытачоў у нiзкай «якасцi працы» рэцэнзента, дэманстраваў мае недакладнасцi. У мяне, аднак, ёсць усе падставы пераадрасаваць гэтыя абвiнавачаннi шаноўнаму маскоўскаму апаненту, дзеля чаго мушу вярнуцца да згаданай кнiгi пра Полацк.
Пайду тым жа парадкам, якiм быццам бы так эфектна абвяргаў мае заўвагi Д.Валадзiхiн. Праўда, некаторыя ён такi пакiнуў без каментараў (прыкладам, мой пратэст супраць тэзы, быццам граматы на магдэбургскае права ўнiфiкавалi беларускiя гарады з польскiмi). Давядзецца многа цытаваць — для «чысцiнi палемiкi», як выказаўся мой зацяты апанент з Расii.
У кнiзе Д.Валадзiхiн класiфiкаваў грамадзянскую вайну ў ВКЛ 1430-х г. як «адну з самых працяглых i крывавых унутраных войнаў» у гiсторыi гэтай дзяржавы, што i выклiкала маё здзiўленне: няўжо ў ВКЛ iх было так многа? У адказ у «Моей полемике…» аўтар прывёў у прыклад «крывавыя канфлiкты памiж сынамi Альгерда за ўладу ў ВКЛ», «сутыкненнi Ягайлы з Кейстутам i Вiтаўтам» i «адпадзенне Смаленска» у пачатку ХV ст. (С.17-18). Канешне, вайной можна называць кожны сур’ёзны закалат. Але я б не рызыкнуў лiчыць асаблiва «працяглымi i крывавымi войнамi» большасць са згаданых унутраных канфлiктаў. У кожным разе, у гiсторыi Русi Маскоўскай iх непараўнальна больш.
Папракнуты за атаесамленне праваслаўных з рускiмi, аўтар «Борьбы…» адмаўляецца ад гэтага i выказвае здзiўленне: «адкуль жа вычытаў Г.Сагановiч падобнае атаесамленне?» (С.18). Як адкуль, калi ў апiсаннi падзей ХV-ХVI ст. у кнiзе па-ў-сюль фiгуруюць «русские», «православные русские земли», «русские города» (С.61, 65, 68 i iнш). Памылка толькi ў нумары старонкi, на якую спасылаюся (што атрымалася, падобна, чыста тэхнiчна), але спасылацца можна хоць i на цэлы раздзел. Тут для аўтара што ў Маскоўскай дзяржаве, што у ВКЛ — скрозь «русские». Д.Валадзiхiн свядома пiша так, каб у чытача складвалася ўражанне, што гэта адзiны народ, хоць гiсторыкi, зацiкаўленыя ў лепшым разуменнi нашага мiнулага, аддзяляюць русiнаў ВКЛ ад вялiкарусаў i на ўзроўнi тэрмiналогii.
Наступнае, на чым мы радыкальна разышлiся, гэта палiтыка Свiдрыгайлы. У кнiзе напiсана, што iдэя царкоўнай унii была непапулярная ў лагеры гэтага князя. Хоць той да 1434 г. быццам i не быў працiўнiкам унii, але ўжо ў 1435 г. спалiў мiтрапалiта Герасiма менавiта за тое, што ўладыка задумляў аб’яднанне цэркваў (С.61). Мае контраргументы — калектыўны лiст 1433 г. з Вiцебска ў Базэль з просьбай правесцi унiю i мiсiя Пфафендорфа — мала змянiлi пазiцыi аўтара, хоць у адказе ён змякчыў фармулёўку, адступiў, зазначыўшы, быццам выказваў толькi гiпотэзу, i далей настойвае толькi на тым, што адно ў 1435 г. Свiдрыгайла бясспрэчна быў зацятым ворагам унii. «Хiба прыведзеная Г.Сагановiчам грамата (пасланне з Вiцебска — Г.С.) адносiцца да 1435, а не 1433 г.?» (С.18).
Мой калега дэманструе нядрэннае ўменне выкручвацца, не маючы аргументаў. Вось жа з крынiцаў добра вядома, што амаль ад самага пачатку вайны з Жыгiмонтам Кейстутавiчам вялiкi князь Свiдрыгайла — саюзны Нямецкаму ордэну — быў прыхiльнiкам унii. З 1433 г. ён самым сур’ёзным чынам займаў-ся ажыццяўленнем гэтага плану, бо спадзяваўся падтрымкi ад еўрапейскiх манархаў. У 1434 г., вiнавацячы Ягайлу i Жыiiмонта, ён прасiў ад Базэльскага сабору дазволу на саюз з паганымi для барацьбы за свой вялiкакняскi пасад, што хутчэй за ўсё i перакрэслiла ягоныя шансы на дапамогу каталiцкай Еўропы[2]. I нават у канцы таго года ў вядомым пасланнi з Базэля да Свiдрыгайлы абмяркоўвалася ягонае жаданне «далучыць народы Рускiя да Св. Рымскага касцёла». А дзе ж сведчаннi хуткай i радыкальнай змены стаўлення гэтага князя да унii? У Д.Вала-дзiхiна iх няма. Бо мiтрапалiт Герасiм спалены не за унiю, а за апазiцыю да яе i за сувязi з Жыгiмонтам[3]. Цяжка зразумець, чаму Д.Валадзiхiн тут такi недасведчаны — пра гэта ж даўно пiсалася i ў расiйскай гiстарыяграфii[4].
З «суверэнiтэтам» Полацкай зямлi, таксама кранутым у палемiцы, усё не так адназначна. Але спачатку зноў пра некарэктнасць: я крытыкаваў аўтараў кнiгi за выкарыстанне тэрмiну «суверэнiтэт» — на мой погляд, зусiм недарэчнага — у дачыненнi да Полацкай зямлi не толькi часоў Свiдрыгайлы, але i ранейшых. Нагадаю, нават характарызуючы Андрэя Альгердавiча, аўтары «Борьбы за Полоцк…» пiсалi, што той быў «за поўны суверэнiтэт сваёй зямлi» (С.118). У брашуры ж апанент звяртаецца ўжо толькi да Свiдрыгайлы i цвердзiць, што з 1432 па 1436 г. Полацкая зямля iснавала «як ядро суверэннага дзяржаўнага ўтварэння» (С.19). Ахвотна пагадзiўся б, каб Д.Вала-дзiхiн паказаў, у чым выявiлася сутнасць такога суверэнiтэту, якой была яго iдэя i канцэпцыя.
Наогул, што такое суверэнiтэт у Сярэднявеччы? Маскоў-скiя манархi Iван III i Васiль III фармальна прызнавалi сваiмi суверэнамi сыноў хана Ахмата. Ну i што? Хоць, з iншага боку, ужо Iван III дамогся мiжнароднага суверэнiтэту — пасля дынастычнага шлюбу з Палеалогамi i фактычнага вызвалення ад Залатой Арды. I вось гэты суверэнiтэт адразу выявiўся i ў тытуле, i ў новай дактрыне.
Вопыт еўрапейскай гiсторыi паказвае, што дзяржавы дамагалiся суверэнiтэту ў вынiку працяглага, складанага працэсу, у тым лiку дзякуючы цэнтралiзацыi. Суверэнiтэт мусiў сцвярджацца юрыдычна — праз адмаўленне легальнасцi ранейшай улады (каб ранейшы ўладар не меў не толькi фактычнай улады, але i тытулаў). Затым да гэтага дадавалася гiстарычна-фiласофская аргументацыя. Аднак сярэднявечнае грамадства было наскрозь прасякнута складанай сiстэмай леннай залежнасцi, так што падлегласць аднаго суверэна другому абярталася небяспекай для суверэнiтэту дзяржаваў[5]. (Тут, дарэчы, мусiм адрознiваць суверэннасць манарха ад суверэннасцi дзяржавы, суверэннасць унутраную ад вонкавай etc.) i калi вяртацца да Свiдрыгайлы, то, як мне падаецца, у гады грамадзянскай вайны дактрына суверэннасцi не толькi не стала ўласнасцю элiты Полацкай зямлi, — яна нават яшчэ не артыкулявалася.
Зусiм па-рознаму нам бачацца i матывы, якiмi кiраваўся Iван III, калi развязваў войны супраць ВКЛ. На с.78 маскоўскi даследчык пiша, што да канца XV ст. захоўвалася «непарушнасць праваслаўя на рускiх землях ВКЛ», i Аляксандр Казiмiравiч першы ажыццявiў «спробу насiльнага ўвядзення унii сярод усяго праваслаўнага насельнiцтва, а таксама ажыццявiў нацiск на сваю жонку Алену Iванаўну, каб яна пакiнула праваслаўе» (спасылка на Васкрасенскi летапiс i працу К.Базiлевiча). «У прыватнасцi, у Полацку памiж 1497 i 1500 г. быў заснаваны бернардынскi касцёл, i яму была перададзена зямля, якой да гэтага валодала праваслаўная царква св. Пятра» (спасылка на «Полацкiя граматы» А.Харашкевiч). Я нездарма крытыкаваў гэтае месца. Лагiчная сувязь апошняга сказа з папярэднiм мала ўцямная, цi не так? Наогул, справа полацкiх бернардынаў выглядае штучна звязанай з гэтай праблемай. Разумею, аўтару хацелася прывесцi канкрэтны прыклад нарастання рэлiгiйнага ўцiску, але гэты — вельмi ж няўдалы. Каталiкi ў Полацку былi да заснавання там касцёлу i кляштару бернардынаў, а год з’яўлення апошнiх добра вядомы — 1498. Спецыфiкай дзейнасцi полацкiх бернардынаў, аднак, з’яўлялася тое, што яны не перахрышчвалi праваслаўных нанова: такую iх практыку ўхвалiла i Апостальская сталiца. Так што ў Полацку проста не было падстаў гаварыць аб прымусовым пераводзе ў iншую веру i канфесiйным уцiску ўвогуле. Перадача ж зямлi бернардынскаму касцёлу нiяк не ўпаўнаважвае да глабальных высноў пра спробы ўвядзення унii: у тыя гады зямельныя на-даннi ад манарха мела i праваслаўная царква: прыкладам, у 1497 г. Пустынкаўскi манастыр у Кiеве, у 1501 г. — Сафiйскi сабор у Полацку.
Цяпер пра самога Аляксандра Казiмiравiча. Гiсторыкi, якiя спецыяльна займалiся канфесiйнай праблемай у ВКЛ, зазначалi, як правiла, выразную талерантнасць першых Ягайлавiчаў, асаблiва Аляксандра. Пры iм у канцы ХV ст. праваслаў-ная царква ўмацавала свае пазiцыi ў ВКЛ. У прыватнасцi, у 1499 г. вялiкi князь пацвердзiў т.зв. «Скрутак Яраслава», дзякуючы якому яна атрымала судовы iмунiтэт i ў прававых адносiнах была ў лепшым становiшчы, чым у Маскоўскай дзяржаве. I калi маскоўскi даследчык прапануе лiтаральна прoцiлеглую характарыстыку канфесiйнай палiтыкi Аляксандра, яму належыць надта сур’ёзна абгрунтоўваць свае тэзы. Аднак дакументальных сведчанняў канкрэтнай дыскрымiнацыi праваслаўных у ВКЛ тых часоў нiдзе не знаходзiм.
Чуткi пра тое, што лiтоўска-рускi манарх дамагаецца ад жонкi пераходу ў каталiцтва i што ў ВКЛ уцiскаюць праваслаўных князёў, сыходзiлi з маскоўскiх жа колаў. Ад шпега Фёдара Шастакова, якi стаў пiсаць пра гэта ў Маскву ў 1499 г. Хутчэй за ўсё, гэта былi плёткi. А Iван III падхапiў тэму, бо мусiў апраўдаць прыём князёў-перабежчыкаў. Наколькi вядома, вялiкi князь Аляксандр не змушаў Алену Iванаўну пакiнуць праваслаўе — i гэта насуперак патрабаванням каталiцкiх ерархаў. Наадварот, ён дамагаўся для яе тытулу каралевы. План царкоўнай унii ў Аляксандра сапраўды меўся, аднак не ён справакаваў вайну. Шаноўны апанент чамусьцi паказвае ўсё ў перавернутым адлюстраваннi. Менавiта маскоўская пагроза была адной з прычынаў пацвярджэння Гарадзельскага прывiлея аб унii ВКЛ з Каронай у 1499 г., тым часам Валадзiхiн падае наадварот, быццам акурат гэты саюз уяўляў небяспеку (прынамсi, для праваслаўя) i правакаваў на агрэсiю Iвана III (С.78). У мэтах абароны ад нарастаўшай небяспекi з боку Масквы вялiкi князь Аляксандр i задумаў аб’яднаць падданых хаця б у межах адной царквы. Але ягоны пасол з гэтай мiсiяй выехаў з Вiльнi ў Рым ужо пасля бiтвы на Ведрашы, а маскоўскiя ўлады пачалi падрыхтоўку да вайны яшчэ ў 1497 г.[6].
Дарэчы, перад пачаткам агрэсii цар Iван IV Жахлiвы таксама выдаваў паход на Полацк за прэвентыўную абарону праваслаўя, што цытуе i Д.Валадзiхiн (С.90), аднак жа ў гэтым выпадку аўтар не ўзяўся выдаваць узоры царскай прапаганды за сапраўдныя прычыны вайны.
Гэтак i з магдэбургскiм правам. Калi ў кнiзе на адной старонцы прыводзiцца дакладны год атрымання магдэбургскага права Полацкам, а на iншай гаворыцца, быццам полацкая магдэбургiя была «адной з першых» у Беларусi — гэта ўспрымаецца як слабая дасведчанасць аўтара (чытач не абавязаны ўзгадняць першае з другiм). Недастатковае валоданне матэрыялам пацвярджаецца шэрагам iншых промахаў, так што аўтар сам правакуе заўвагi. Але сутнасць маёй крытыкi тычылася iншага. Цытую кнiгу: «З пачатку ХVI ст. беларускiя гарады пачалi здавацца ваяводам Iвана III, а затым i Васiля III неахвотна (?! — значыць раней здавалiся ахвотна — Г.С.)… Менавiта ў гэтыя гады адбываецца масавая раздача вялiкiмi князямi лiтоўскiмi прывiлеяў на магдэбургскае права беларускiм гарадам» (С.82). Сувязь выказванняў вiдавочная. У брашуры Д.Валадзiхiн спаслаўся на працы М.Крома, якi быццам i ўстанавiў залежнасць пазiцый беларускiх гарадоў ад прывiлеяў на магдэбургiю. Аднак у публiкацыi, да якой адаслаў мяне маскоўскi калега, М.Кром пiша лiтаральна наступнае: аб’ём прывiлеяў i правоў Полацка, Менска, Смаленска i Вiцебска «быў значна шырэйшы ў параўнаннi з невялiкiмi гарадкамi кшталту Бранска, Крычава i Дуброўны» (С.145). Сацыяльна-палiтычным iдэалам мяшчан заставалася «старына», абаронцам якой i iмкнуўся выглядаць вялiкi князь лiтоўскi, канстатуе гiсторык, i далей сцвярджае: «Гэтым i тлумачыцца той факт, што шэраг буйных гарадоў (Менск, Полацк, Вiцебск, Смаленск) выявiў супрацiў маскоўскiм ваяводам: яны баранiлi сваю «старыну»…». А вось малыя гарадкi — Крычаў, Бранск, Дуброўна, Гомель — ня мелi такiх правоў i традыцыi самастойнага iснавання, не валодалi дастатковымi рэсурсамi абароны, таму i iхная палiтычная стабiльнасць была меншай[7]. Дадамо, што традыцыя самакiравання ў пералiчаных гарадах была i да атрымання iмi магдэбургскага права.
Так што нiякай простай i непасрэднай сувязi памiж пазiцыяй беларускiх гарадоў i прывiлеямi на самакiраванне, пра якую пiша мой апанент, i ў публiкацыi М.Крома не знаходзiм. Валадзiхiн жа лiчыць, што ў падобнай сувязi няма чаго i сумнявацца, ды зазначае: «Да 1490-х г., калi пачалiся войны памiж ВКЛ i Маскоўскай дзяржавай, Магдэбургiю атрымалi лiчаныя адзiнкi беларускiх гарадоў, а на працягу перыяду з канца ХV ст. да 1537 г. (заканчэння Старадубскай вайны) прывiлеяў на Магдэбургскае права былi раздадзены дзесяткi». Ну i што з таго?
Палемiцы Д.Валадзiхiна характэрны прыёмы парушэння логiкi спрэчкi, лагiчныя дыверсii. Паказальны прыклад з Мiхалонам Лiцвiном. У рэцэнзii я толькi заўважыў, што гiсторыку ўжо нельга, быццам дзесяцiгоддзi таму, выдаваць яго за Мiхайлу Тышкевiча, ды спаслаўся на Е.Ахманьскага, якому належыць заслуга выяўлення сапраўднага аўтара славутага трактата. Валадзiхiн прызнаў сваю памылку, але з агаворкай «часткова» (?) i з папрокам у мой адрас: «спасылацца тут трэба не на старыя працы Ахманьскага, а на больш сучасную працу лiтоўскага фiлолага Рочкi (Ročka M. Mycolas Lietuvis, Vilnius 1988)». Словам, падмянiў сэнс спрэчкi i … выйшаў з выглядам пераможцы. Па-першае, вялося адно пра тое, кiм насамсправе быў Мiхалон Лiцвiн, а не пра ступень пераканальнасцi цi навiзны розных версiй, а па-другое, згаданы фiлолаг Рочка ўсяго толькi пераняў асноўныя iдэi гiсторыка Ахманьскага.
Пакрытыкаваны за сцверджанне, быццам крымскiя татары за адзiн паход 1506 г. вывелi з Беларусi 100 000 палонных, Д.Валадзiхiн настойвае на сваiм, кажа, што «пры высокай баявой вывучцы крымцаў гэта зусiм не дзiўна» ды зноў спасылаецца на Стрыйкоўскага, Бельскага, летапiс Рачынскага (С.20). Але ж кожны, хто займаецца даўняй гiсторыяй, добра ведае, што, падаючы колькасць, хранiсты заўсёды перабольшвалi, дадавалi нулi. Калi б за адзiн паход татары маглi выводзiць па сто тысяч жыхароў, дык за некалькi гадоў цэлая Беларусь абязлюдзела б, бо ўсё насельнiцтва краю на той час добра калi сягала мiльёна. Нашто ж фантазiяваць, калi спецыялiсты даўно займалiся падобнымi пытаннямi i ўжо публiкавалi дакладныя лiчбы. Прыкладам, даведзена, што такая ж колькасць татараў у 1512 г. выводзiла з густанаселенай Львоўшчыны 16 000 палонных[8] — i гэта ўжо выглядае зусiм праўдападобна.
Найбольш радыкальнымi аказалiся нашыя разыходжаннi ў асвятленнi полацкай кампанii Iвана Жахлiвага. Выкрыты ў тым, што пры апiсаннi пачатку вайны ў кнiзе працiўнiкам Масквы памылкова паказаў Польшчу i палякаў, Д.Валадзiхiн шукае апраўданняў. Маўляў, Жыгiмонт Аўгуст быў адначасова i каралём польскiм i вялiкiм князем лiтоўскiм, таму Полацк абараняла «i некалькi польскiх рот» (С.20). Ну i што з той адначасовасцi? Адно з другога не вынiкае. Папярэднiкi i паслядоўнiкi Жыгiмонта Аўгуста на вiленскiм пасадзе таксама адначасова былi польскiмi каралямi, ну i што? Жыгiмонт III Ваза, з’яўляючыся каралём польскiм i вялiкiм князем лiтоўскiм, з 1592 па 1599 г. быў яшчэ i каралём Швецыi, але нешта шведскага войска нi ў Кароне, нi ў ВКЛ нiхто не бачыў. I тут маскоў-скi калега або непаслядоўны, або зноў усё пераварочвае, заблытвае. Прысутнасцi «некалькi польскiх рот» нiхто нiколi не аспрэчваў. Справа ў iншым. На згаданых у маёй рэцэнзii старонках пры апiсаннi баёў за Полацк тройчы згадваюцца толькi палякi (С.102), яшчэ раней гаворыцца, што ў кампанiях 1561-1562 г. не дамаглiся поспеху «нi Польшча, нi Маскоўская дзяржава» (С.86). Падобна, Д.Валадзiхiн сапраўды не ведае, што да Люблiнскай унii Карона не брала ўдзелу ў гэтай вайне. Толькi ў адказе ён, змянiўшы тон, пiша, што ў Полацку было «i некалькi польскiх рот»: дык менавiта «i», якога няма ў кнiзе, мяняе ўвесь акцэнт асвятлення.
Цяпер пра масавыя расправы ў Полацку, якiя Д.Валадзiхiн фактычна адмаўляе i ў адказе на рэцэнзiю. Тут у яго зноў цiкавая логiка аргументацыi. Спачатку цытуецца А.Гваньiнi, якi напiсаў, што Iван IV распарадзiўся ўтапiць «усiх жыдоў, не пажадаўшых прымаць св. хрышчэння», але не згадаў бернардынаў (гэта толькi у Гваньiнi — Бельскi i Стрыйкоўскi пра iх забойства паведамляюць); потым прыводзiцца меркаванне Тэдальдзi, якi апраўдваў цара i адмаўляў расправы (маўляў, зусiм не крануў бернардынаў i загадаў утапiць «усяго толькi двух цi трох» жыдоў — тэндэнцыйнасць Тэдальдзi я адзначаў у рэцэнзii); i далей, на падставе гэтага, фармулюецца выснова Д.Валадзiхiна: «Такiм чынам, калi аб’яднаць паведамленнi Гваньiнi i Тэдальдзi, выяўляецца, што ўтопленыя былi толькi некаторыя з лiку тых, хто супрацiўляўся хрышчэнню i быў хрышчаны насiльна» (С.105). Нейкая загадкавая працэдура «аб’яднання»… У адказе на рэцэнзiю аўтар зноў спасылаецца на сваё «узгадненне» звестак Гваньiнi з iнфармацыяй Тэдальдзi, даючы зразумець, што сведчаннi першага не з’яўляюцца аргументам на карысць сапраўднасцi масавых забойстваў, i адсюль выводзiць цэлы ланцуг заключэнняў: «Одэрборн даслоўна паўтарае Гваньiнi. Невядомы нямецкi аўтар (забыты зноў такi Г.Сагановiчам), пацвярджае версiю Гваньiнi-Тэдальдзi… У М.Бельскага пра захоп Полацка нiчога няма» (i зноў закiд у мой адрас — некампетэнтны! — Г.С.). «Хронiка Бельскiх», цвердзiць далей мой апанент, «амаль даслоўна паўтарае iнфармацыю з Хронiкi Стрыйкоўскага», а ў апошняга, маўляў, як i ў Р.Гейдэнштайна — «прапольскi пункт гледжання», таму ў яго сведчаннях «цалкам можна сумнявацца». Ну а Хронiка Лiтоўская i Жамойцкая, у сваю чаргу, пераказвае нявартага даверу Стрыйкоўскага (С.22). Праўда, у iншых месцах Д.Валадзiхiн чамусьцi безаглядна верыць Стрыйкоўскаму i спасылкай на хранiста апраўдвае ўласныя памылкi. Дарэчы, наш адвакат цара Iвана нешта абмiнуў Пскоў-скi летапiс, якi таксама апавядае пра масавыя пакараннi — можа таму, што гэты помнiк нiяк не спiшаш за «прапольскую» тэндэнцыйнасць. Затое згадаў Р.Гейдэнштайна, хоць у таго нi слова пра полацкую трагедыю 1563 г. «Вось так», — эмацыйна завяршае ён спрэчку. Маўляў, пытанне закрыта: масавыя пакараннi ў Полацку — выдумка, якая не пацвярджаецца нiякiмi верагоднымi крынiцамi.
На справе тут усё шыта белымi нiткамi, асаблiва што да полацкiх бернардынаў. Адмаўляць факт расправы над iмi можа толькi той, хто ўпарта не хоча, каб пра гэта ведалi. Бо даследчыкi даўно прыводзяць нават iмёны пяцi забiтых тады манахаў, у свой час залiчаных да святых[9].
Дзiўна, што iнфармацыю пра масавыя расправы Д.Валадзiхiн зводзiць толькi да Гваньiнi i Стрыйкоўскага, намагаючыся зняпраўдзiць iх сведчаннi. Iснуе куды больш важны корпус крынiцаў пра гэтыя падзеi — т.зв. «лятучыя лiсткi», з якiмi мой апанент мусiў быць добра знаёмы — карыстаўся ж грунтоўнай працай А.Капэлера. Дык вось, асновай гэтых перыёдыкаў з’яўлялiся лiсты iнфарматараў з ВКЛ, пiсаныя, што называецца, па свежых слядах. Згаданы Д.Вала-дзiхiным «невядомы нямецкi аўтар» — нейкая асоба з Вiльнi. Не ён пацвярджае версiю Гваньiнi, а зусiм наадварот, хранiсты потым выкарыстоўвалi iнфармацыю «лятучых лiсткоў». I нарэшце пра сумненне, выказанае быццам гэтым немцам. Тут Д.Валадзiхiн, як i вядомы расiйскi гiсторык Р.Скрыннiкаў[10], пайшоў за А.Сапуновым — перакладчыкам i публiкатарам адзiнага «лятучага лiстка», скарыстанага ў рэцэнзаванай кнiзе. Апошнi, аднак, пераклаў тэкст недакладна: на самсправе, сумненне аўтара помнiка тычыцца не сказу пра расправы, а выказвання аб нечакана багатай здабычы, узятай у захопленым гора-дзе. Гэта бачна з копii арыгiнала i цалкам узгадняецца з пазнейшымi помнiкамi — творам Гваньiнi[11], Одэрборна[12] i iнш.
Цi мае рацыю наш апанент у iншых сцверджаннях? За Бельскага папракае таксама беспадстаўна. Вось раскрываем «Kroniku Polsku Marcina Bielskiego» i ў 2 томе чытаем пра з’яўленне вялiзнага войска Iвана Васiлевiча пад Полацкам, пра захоп горада i расправы. У прыватнасцi, пра тое, што цар «загадаў татарам пасекчы ўсiх манахаў-бернардынаў, а жыдоў патапiць у Дзвiне»[13]. Далёкi ад праўды Валадзiхiн i ў сцверджаннi, быццам iнфармацыя пра полацкiя падзеi у «Хронiцы Бельскiх» амаль дакладна паўтарае тэкст Стрыйкоўскага, бо калi ў першым помнiку пра гэта напiсана некалькi радкоў, дык у Стрыйкоўскага — цэлая старонка, прычым з новымi дэталямi. У прыватнасцi, апошнi паведамляе, што разам са шляхтай цар павёў на Маскву i «усiх полацкiх мяшчан»[14], чаго няма ў Бельскага.
Тут зноў пра «чысцiню палемiкi». Адна з маiх заўваг да Д.Валадзiхiна тычылася тэндэнцыйнага асвятлення лёсу палонных палачанаў, якое выявiлася, у прыватнасцi, у адмаўленнi вартасцi звестак Г.Штадэна, аднак у брашуры апанент павярнуў справу так, быццам мая крытыка нi на чым не грунтавалася (С.23). Што ж, вернемся да напiсанага. У кнiзе на с. 108 гаворыцца: «Немец-апрычнiк Г.Штадэн паведамляе пра пазнейшае знiшчэнне ўсiх палонных палачан у сувязi з няўдачамi ў вайне (спасылка на Штадэна), але гэта няпраўда»; далей згадана пра абмен Давойны, вяртанне Глябовiча, высылку полацкага епiскапа i паведамленне пра шляхту, а завершана так: «Пасля перамоў 1566 г. полацкая шляхта была часткова абмяняна на рускiх палонных, а часткова аддадзена за выкуп… Бясспрэчна, частка палачан была вернута царом на родныя землi… Сёй-той запiсаўся ў маскоўскую службу…». Звярнiце ўвагу на акцэнты: у Штадэна пра знiшчэнне — няпраўда, частка шляхты аддадзена, частка выкуплена, частка вернута, некаторыя запiсалiся на службу… Сказана пра столькi «частак», што ўяўляецца цэлае, i ў чытача складваецца ўражанне пра памысны лёс усiх дэпартаваных (толькi ў малапрыкметнай спасылцы на Шлiхцiнга згадваюцца ахвяры сярод палачан, выведзеных у Цвер i Таржок). Вось гэта я i аспрэчваў, калi гаварыў пра вiдавочнае iмкненне аўтараў абялiць Iвана IV. Ёсць жа, апрача Шлiхцiнга, шэраг iншых аўтэнтычных звестак пра гiбель палачанаў. Сярод выведзеных у Маскву мяшчан Полацка быў i Ярмула Андрэевiч (ужо ж нiяк не лiтовец!), якому ў 1570 г. ўдалося збегчы з царства. Яго расповеды сталi асновай чарговай нямецкай брашуркi. Дык вось адзiн гэты Ярмула сведчыў пра забойства прынамсi 500 полацкiх вязняў[15].
Дзiвiць тут вось што. Д.Валадзiхiн неаднакроць дэкляраваў бесстароннi падыход i навуковасць, завяраў, што пiша «з максiмальна магчымай дакладнасцю», а на старонках кнiгi — безлiч сведчанняў таго, як слаба аўтар валодае лiтаратурай прадмета, як павярхоўна трактуе многiя пытаннi. Прыкладам, гаворачы пра мiжканфесiйныя дачыненнi ў ВКЛ тых часоў — складанейшую праблему, дасюль маладаследаваную, ён спасылаецца на паўпапулярную кнiгу Леона Васiлеўскага, напiсаную на пачатку стагоддзя. Канешне, Л.Васiлеўскi ў сваiх працах кранаў i нацыянальна-рэлiгiйныя пытаннi першай Рэчы Паспалiтай, але ж ён перш публiцыст, дыпламат, актыўны грамадскi дзеяч, i толькi потым гiсторык, ды, зноў жа, прафесiйна заняты праблемамi найноўшай гiсторыi, адроджанай Польшчы, а не сярэднявечнай. На каго гэта разлiчана? Несур’ёзна, шаноўны спадар апанент. Гэтаксама несур’ёзна, як называць «крымцамi» крымскiх татараў, або гаварыць, што ў 1560-х г. галоўнай унутранай праблемай ВКЛ былi канфесiйныя канфлiкты (С.87).
Аўтар «Борьбы…» i «Моей полемики…» вiдавочна паспяшаўся адкiдаць усю крытыку ягонай кнiгi за выняткам адзiнай заўвагi пра недакладнае цытаванне (С.23). Пасля другога знаёмства з выданнем агульнае меркаванне пра кнiгу нiяк не паляпшаецца. Хутчэй наадварот. У рэцэнзii я памылiўся толькi ў тым, што не заўважыў крытычную агаворку Д.Валадзiхiна адносна Лебедзеўскага летапiсу — недастаткова ўважлiва чытаў ягонае апiсанне штурмаў Полацка, за што i адказваю.
Яшчэ раз пераканаўся, што кнiга напiсана тэндэнцыйна. У ёй створана такое мiнулае Полацка, якое iдэальна адпавядае вялiкарасiйскай канцэпцыi гiсторыi. У беларускай жа гiстарыяграфii многiя факты трактуюцца i разумеюцца iнакш, i ўся гiсторыя Полацка паўстае ў iншым святле. I калi б хто ў Беларусi не пашкадаваў часу ды ўзяўся за «сур’ёзны навуковы аналiз» «Борьбы за Полоцк…», на што выказаў спадзеў Д.Валадзiхiн, то атрымалася б рэцэнзiя цi не такога ж аб’ёму, як гэтая кнiга, i ў ёй гiсторыя Полацка паўстала б зусiм iншай. Ды цi варта? Канструктыўней i ашчадней ствараць. Мой спа-дзеў — на хуткае з’яўленне новай, айчыннай кнiгi па багатай гiсторыi Полацка, iншай, больш навуковай, у параўнаннi з якой i выявяцца як вартасцi, так i заганы рэцэнзаванай працы расiйскiх даследчыкаў.
Генадзь Сагановiч
* Гл. БГА Т.2 (1995).Сш.1. С.112-121.
[1] Володихин Д.М. Моя полемика с Г.Н.Сагановичем // яго ж: Спорные вопросы истории Белой Руси. Полоцк, 1997. С.17-24.
[2] Dombrowski L. Die Beziehungen des Deutschen Ordens zum Baseler Konzil. Berlin, 1913.S.102.
[3] Puzyna J. Switrigail von Litauen. Die politische Bedeutung seiner Erhebung zum Grossfürsten. Dissertation. Freiburg, 1914. S.126-128.
[4] Бестужев-Рюмин К. Нравственное и материальное состояние общества Западно-русского до Сигизмунда Августа. С-Петербург, 1876.С.368.
[5] Baszkiewicz J. Państwo suwerenne w feudalnej doktrynie politycznej do początku XIV w. Warszawa, 1964. S.217.
[6] Pietkiewicz K. Wielkie Księstwo Litewskie pod rządami Aleksandra Jagiellończyka. Poznań, 1995. S.166, спас.75.
[7] Кромм М.М. К вопросу о позиции западнорусских и белорусских городов в период войн России с Великим Княжеством Литовским конца ХV — первой трети ХVI в. // Спорные вопросы отечественной истории ХI-ХVIII веков. Тезисы докладов и сообщений Первых чтений, посвященных памяти А.А.Зимина. Часть 1. Москва, 1990. С.146.
[8] Herbst S. Najazd tatarski 1512 // Pryegląd Historyczny. Т.36/37. S.225.
[9] Klasztory bernardyńskie w Polsce w jej granicach historycznych. Red. Ks.Hieronim E. Wyczawski OFM. Kalwaria Zebżydowska, 1985.S.265.
[10] Скрынников Р.Г. Царство террора. С-Петербург, 1992.С.156.
[11] Gwagnin A. Z Kroniki Sarmacji Europejskiej. Wyd. K.J.Turowski. Kraków, 1860. S.213.
[12] Oderbornio P. Joannis Basilidis Magni Moscoviae Ducis vita. Witebergae, 1585.
[13] Kronika Polska Marcina Bielskiego. Wyd. K.J.Turowskiego. T.2. Sanok, 1856.S.1146.
[14] Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmódzka i wszystkiej Rusi. T.2. Warszawa, 1846.S.414.
[15] Гл.: Kappeler A. Die letzten Opričninajahre (1569-1571) im Lichte dreier zeitgenossischer deutscher Broschüren // JGOE. Bd.19 (1971).