Генадзь Сагановіч. Безуладдзе і праўладнасць беларускіх гісторыкаў
Гістарычная навука функцыянуе толькі тады,
калі даюць сказаць іншаму, чуюць яго і лічацца з яго словам.
Штэфан Ёрдан
Гадоў сем таму, калі адзін з маіх калег, чыя прафесійная дзейнасць раней таксама была звязана толькі з акадэмічным Інстытутам гісторыі і які гэтаксама стараннямі новай дырэкцыі апынуўся па-за яго сценамі, у размове сказаў: “Пачакай, прыйдзе час, і мы вернемся на ранейшую працу”, то сама ўяўная магчымасць працы ў, здавалася б, той самай установе яшчэ не выклікала ўнутранага пярэчання, хоць я і не падзяляў падобнага аптымізму. Затое цяпер такое ўжо і ўявіць немагчыма, бо гэта было б не толькі прафесійнай дэградацыяй, але і маральным суіцыдам, – настолькі перарадзіўся той жа інстытут! Толькі справа не ў адной названай установе – моцна змянілася, па-мойму, асяроддзе гісторыкаў наогул. Што адбываецца з беларускімі гісторыкамі, як трансфармуецца іх прафесійная ідэнтычнасць – гэта тыя непрыемныя пытанні, якія даўно неабходна ставіць і шукаць адказы. І найперш – што мы сёння з сябе ўяўляем, ці з’яўляемся мы наогул яшчэ нейкай супольнасцю. Ніжэй дзялюся сваімі суб’ектыўнымі меркаваннямі на гэты конт.
Як вядома, паняцце “навуковай супольнасці” (scientific community) увёў Томас Кун[1]. Амерыканскі гісторык навукі лічыў, што такую супольнасць утвараюць навукоўцы, якія атрымалі падобную адукацыю і прафесійныя навыкі, маюць адзін прадмет даследавання і якіх яднае “дысцыплінарная матрыца” – сімвалічная камунікацыя, агульнапрызнаныя прадпісанні, каштоўнасці і прыклады таго, як “робіцца” навука[2]. Знешне істотнай прыкметай прыналежнасці да такой карпарацыі ён назваў таксама членства ў прафесійных таварыствах і чытанне дысцыплінарных часопісаў, г. зн. зацікаўленасць яе членаў не толькі прыватнымі даследаваннямі, але і больш агульнымі праблемамі пазнання. І ўрэшце, што сёння падаецца асабліва важным, зарыентаванасць на ацэнку сваёй працы ў межах прафесійнай карпарацыі: вучоны “працуе для аўдыторыі калег” і яго рашэнні павінны быць прымальныя ў прафесійнай групе, члены якой – “адзіныя знаўцы правілаў гульні”, у той час як на зварот па навуковых пытаннях да дзяржаўных уладаў і да шырокіх масаў, згодна з няпісанымі правіламі такой супольнасці, павінна накладвацца забарона[3].
Паспрабуем цяпер суаднесці з названымі прыкметамі рэаліі сучаснага асяроддзя беларускіх гісторыкаў.
Раней усё ж былі такія часы, калі беларускія гісторыкі, здаецца, маглі адчуваць сябе адной навуковай карпарацыяй. Напрыклад, калектыў акадэмічнага Інстытута гісторыі з канца 80-х (з ранейшымі практыкамі жыцця гэтай установы я проста не знаёмы) і прынамсі да сярэдзіны 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Пры пэўных агаворках ён мог лічыцца навуковай супольнасцю і ў Кунавым азначэнні. У познесавецкую эпоху гісторыкаў яшчэ яднала як адзіная парадыгма, так і цэлая сістэма дысцыплінарных нормаў і практык. Хоць дагматызм савецкай версіі гістарычнага матэрыялізму як метадалогіі і партыйнае кіраванне яшчэ доўга абмяжоўвалі навуковую свабоду гісторыкаў, аднак на працу даследчыкаў Сярэднявечча і асабліва археолагаў гэта не мела істотнага ўплыву, а з перабудовай і галоснасцю сталі магчымымі жывыя дыскусіі, перагляд непарушных раней догмаў і дэмакратызацыя жыцця навукоўцаў. У кожным разе, пры ўсіх тагачасных недахопах агульнае адчуванне было такое, што прафесійныя інтарэсы і навыкі яднаюць большасць супрацоўнікаў установы незалежна ад пакалення і палітычных арыентацый.
З распадам СССР і ў Мінску рабіліся захады па дэідэалагізацыі гістарычнай навукі, а таксама першыя крокі па яе мадэрнізацыі – найперш праз развіццё сувязяў з замежнымі інтэлектуальнымі цэнтрамі і адаптацыю новых метадалагічных падыходаў.Гэты працэс адбываўся натуральна, бо гісторыкі ў сваёй большасці ўсведамлялі галоўныя недахопы савецкай гістарыяграфіі. У гэтай сувязі паказальна, што першая ў Беларусі нацыянальная канцэпцыя гістарычнай навукі і адукацыі ў якасці неабходнай перадумовы навуковасці гістарыяграфіі прадугледжвала яе дэпалітызацыю, дэпартызацыю і дэідэалагізацыю, метадалагічны плюралізм і шмат іншых сапраўды важных для станаўлення сучаснай гістарыяграфіі прынцыпаў[4]. Істотна таксама, што асноўныя палажэнні гэтай канцэпцыі былі кансалідавана прынятыя на І Усебеларускай канферэнцыі гісторыкаў, якая прайшла на гістфаку БДУ ў пачатку 1993 г. На гэтым жа форуме адбыўся ўстаноўчы сход “Беларускай асацыяцыі гісторыкаў”, якая з’яднала большасць прафесійных гісторыкаў краіны[5]. Гэта былі важныя спробы кансалідацыі шматлікага корпуса спецыялістаў на аснове агульнай канцэпцыі, якую тады назвалі нацыянальна-дзяржаўнай[6]. Неабходным крокам для такойкансалідацыі ішматабяцальнайперспектывайразвіцця гістарычнай навукі (хоць апошняе і не спраўдзілася) выглядала заснаванне ў тым жа 1993 г. профільнага агульнадзяржаўнага перыёдыка “Беларускі гістарычны часопіс”.
Лішне нагадваць, што пасля ўсталявання ў Беларусі прэзідэнцкага рэжыму гістарычная навука краіны прыкладна з 1995 г. аказалася зноў ва ўмовах дзяржаўна-адміністрацыйнага кантролю, паступовага ўмацавання цэнзуры іпалітызацыі гістарычнага дыскурсу. У гістарыяграфіі да гэтых пераменаў мала што ўдалося змяніць, пагатоў за такі кароткі час не паспелі вырасці новыя прафесійныя кадры, якія авалодалі б сучаснымі метадалагічнымі падыходамі[7]. Толькі ва ўмовах дэмакратыі можна было навучыцца навуковай свабодзе, пра якую пісаў Ганс Георг Гадамер, – свабодзе і адвазе фармуляваць уласныя пазіцыі, супраціўляцца ідэалагічным маніпуляцыям і спекуляцыям начальнікаў. Але новыя ўлады Беларусі паставілі кропку на дэмакратычных пераменах,штодавалі такія магчымасці. Практычна адразу артыкуляваная антызаходняя пазіцыя дзяржаўных уладаў стрымлівала развіццё кантактаў і наладжванне супрацы беларускіх гуманітарыяў з еўрапейскімі навуковымі цэнтрамі, так што пачатая інтэлектуальная мадэрнізацыя штучна затармазілася. Праўда, калі ў гістарычнай адукацыі ўжо ўводзіўся кантроль, які пачаўся з сумна вядомай кампаніі па перагляду падручнікаў (1995/96), то навукова-даследчыцкія ўстановы і ў другой палове 1990-х г. маглі яшчэ дазваляць сваім супрацоўнікам аўтаномную навуковую творчасць.
Вехамі пераходу да горшага перыяду існавання беларускай гістарыяграфіі можна лічыць навязванне т. зв. “новай канцэпцыі” гісторыі аўтарства Я. Трашчанка (2002), увядзенне дзяржаўнай ідэалогіі (2003), што абярнулася вяртаннем практычна савецкай формы ідэалагічнага дыктату, і змену кіраўніцтва ў акадэмічным Інстытуце гісторыі (2004–2005). Апошняя падаецца асабліва прыкметнай, бо менавіта з ёю атаесамляецца пачатак важных наступстваў. Новы дырэктар гэтай установы А. Каваленя, які не меў аніякага ўяўлення пра акадэмічную гістарычную навуку, хутка ажыццявіў тое, на што не замахнуўся б, здаецца, ніводзін з яго папярэднікаў: увёў аўтарытарны стыль кіравання, “прачысціў” кадры супрацоўнікаў па прынцыпе палітычнай лаяльнасці, змяніў структуру, а ў цэлым і саму атмасферу акадэмічнага інстытута: замест прывычных этычных нормаў, уласцівых людзям навукі, запанаваў грубы, камандны тон, навязванне адзінага погляду і пагрозы.
Праўдападобна, такія “навацыі” адпавядалі шырэйшым планам дзяржаўных уладаў, бо пасля ўвядзення абавязковага курсу ідэалогіі ў вышэйшай школе нешта падобнае чакала таксама прафесійную гістарыяграфію, і менавіта новае кіраўніцтва ўзялося за ажыццяўленне патрэбнай палітыкі. Прыкметай такой змены клімату ў гістарыяграфіі падаецца тое, што кіраўнікі дзяржаўных устаноў гістарычнай навукі і адукацыі зладжана абвясцілі навайважнейшай справай гісторыі ідэалагічную функцыю, “выхаванне патрыятызму”, “стварэнне нацыянальных герояў” іда т. п.[8]. Відавочна, зверху была атрымана дырэктыва ствараць такі вобраз мінулага, якім можна было б ганарыцца. Відаць, менавіта так прызначэнне гістарычнай навукі зразумеў дырэктар Інстытута гісторыі, які з трыбуны І з’езда вучоных Беларусі заклікаў гісторыкаў “стварыць свой нацыянальны Пантэон – Пантэон гонару і славы беларускай нацыі” (прычым – у “фундаментальных працах” па гісторыі!)[9].
Згаданы вышэй прынцып дэідэалагізацыі і дэпалітызацыі гістарычнай навукі, уключаны ў першую ў Беларусі нацыянальную канцэпцыю гістарычнай навукі і адукацыі, прынцыпова пярэчыў звядзенню гісторыі да такой ролі, таму новае кіраўніцтва абвясціла яго “разбуральнай канцэпцыяй”, якую “падкінулі заходнія саветолагі”[10].Падобныязаявыбылі адкрытым прызнаннем таго, што гісторыявяртаеццанаідэалагічныя рэйкі, што перад гістарычнай навукай зноў ставіцца задача ідэалагічнага абслугоўвання палітычнага рэжыму. У літаральным сэнсе так яе ролю ўяўляў прынамсі сам кіраўнік акадэмічнага інстытута, які не саромеўся выступаць удруку з ідэалагічна-прапагандысцкай рыторыкай, імкнучыся“гістарычна” паказаць шкоднасць усіхрэвалюцыйных зменаў,да якіх імкнуцца “дэструктыўныя сілы” краіны, што падбухторваюцца Захадам, і абяцаў “канструктыўную падтрымку гісторыкамі дзяржаўнага курсу, які абрала Беларусь”. Перад гісторыкамі ён паставіў адказную задачу: “гісторыкі павінны… на канкрэтных прыкладах ілюстраваць (падкрэслена мною.– Г. С.) дасягненні беларускага народа, паказваць ролюпершага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі, іншых лідэраў дзяржавы ў фарміраванні беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця”[11]. Больш за тое, кіраўнік акадэмічнага інстытута ўжо і без даследаванняў ведаў і публічнаабвяшчаў, што палітычны курс А. Лукашэнкі “адпавядае… векавым спадзяванням беларусаў”[12].
На падобную падмену гісторыі ідэалогіяй і дэкларацыю сервілізму прафесіі гісторыкаў так і не прагучала ніякіх публічна артыкуляваных галасоў нязгоды ці пратэстаў з боку прафесуры. Наадварот, некаторыя калегі ў сваіх працах узяліся цытаваць выступленні А. Лукашэнкі, не раўнуючы як у савецкія часы творы У. Леніна[13]. Так у Беларусі быццам пераблыталіся эпохі. У акадэмічнае жыццё вярнуўся бальшавіцкі стыль палемікі – грубы і агрэсіўны (дастаткова пачытаць тэксты Я. Новіка), з ярлыкамі і эпітэтамі замест аргументаў, з непрымірымасцю да апанента, пазіцыя якога адразу абвяшчаецца “ненавуковай”. Гістарычны тэкст афіцыйнага дыскурсу стаў прыпадабняцца да палітычнага як інструменту ідэалогіі.
У практычным плане пры згаданых праявах выразнай ідэалагізацыі дысцыпліны флагман гістарычнай навукі пад новым кіраўніцтвам звязаў сваю дзейнасць з “прыстасаваннем да камерцыйнарыначных адносінаў” – навукова-папулярным апісаннем гістарычных мясцін, удзелам у раённых і местачковых канферэнцыях, мясцовых чытаннях і гістарычных святах, – у гэтым дырэкцыя па-свойму зразумела “інавацыйную дзейнасць” Інстытута гісторыі[14]. Як ні дзіўна, але кіраўніцтва галоўнай установы, абавязанай прафесійна займацца гістарычнай навукай, сапраўды лічыла дасягненнем правядзенне па 15–17 раённых канферэнцый за год. Новы дырэктар называў перамены ў падначаленай яму ўстанове сваёй “рэвалюцыяй” і ганарыўся дасягненнямі[15]. Яшчэ параўнальна нядаўна ён сцвярджаў, што ўсё развіваецца і ўмацоўваецца, а “творчы калектыў Інстытута гісторыі НАН Беларусі сёння ўпэўнена глядзіць у будучыню”[16].
У кожнага, хто прафесійна далучаны да беларускай гістарыяграфіі і ведае яе рэальную сітуацыю, такая ўпэў-ненасць чыноўніка, адказнага за развіццё акадэмічнай гуманітарнай навукі, магла выклікаць, мякка кажучы, адно недаўменне. Што ж за дасягненні ён меў на ўвазе і чым жа, як ён лічыць, сапраўды можна было б ганарыцца? Можа тым, што яму як дырэктару ўдалося за кароткі час выжыць чараду спецыялістаў з інстытута, разбурыць калектыў і працоўны клімат акадэмічнай установы? Ці тым, што ў кантэксце канфрантацыі з Захадам адміністрацыя пастаралася адгарадзіць беларускіх гісторыкаў ад кантактаў з замежнымі цэнтрамі і паглыбіць ізаляцыю? Факт, што гэтыя кантакты сталі адсочвацца, а стыпендыі замежных фондаў, фінансаваныя імі канферэнцыі і семінары вуснамі самога дырэктара абвяшчаліся шкодным уплывам Захаду на беларускіх гісторыкаў[17]. Да сёння патэнцыял маладых навукоўцаў, якія атрымалі адукацыю ці навуковыя ступені на Захадзе, дома застаецца не запатрабаваны – зноў жа з ідэалагічных матываў. Але ж самаізаляцыя – гэта горшае, на што можна было асудзіць постсавецкую гістарыяграфію, якая не перажыла мадэрнізацыі.
Яшчэ параўнальна нядаўна ў БГА закраналася пытанне стандартаў навуковай працы і прафесійнай этыкі гісторыкаў у сённяшняй Беларусі[18]. На гэты конт вядомыя навукоўцы выказалі нямала крытыкі, адзначаючы, у прыватнасці, страту механізмаў экспертызы, вялікую шкоду ад палітызацыі, ізаляванасці і шмат іншага. Гэта ўжо не здзіўляе, бо пры ідэалагічных прыярытэтах стандарты навуковасці непазбежна зніжаюцца, крытэрыі ацэнак размываюцца, нават калі не адбываецца яўнай падмены навуковага падыходу ідэалагічным, да якой заклікаў А. Каваленя. Наогул, калі гістарычная навука функцыянуе па прынцыпах адміністрацыйнага апарату, то незалежная экспертыза ёй не патрэбна, яна толькі замінае. Ужо даўно абароны дысертацый, якія амаль ніхто не чытае, праходзяць па сцэнары, загадзя вызначаным адміністрацыяй, і з прадвызначанымі вынікамі, якія могуць зусім не адлюстроўваць рэальных навуковых дасягненняў. Навуковыя ступені нярэдка атрымліваюць асобы, якія не маюць адносінаў да рэальнай навукі[19]. У гэтай сувязі пашыраецца з’ява, калі факт атрымання навуковай ступені яшчэ не азначае аўтаматычнага прызнання ў асяроддзі гісторыкаў. А ў цэлым такая практыка безумоўна спрыяе далейшай дэвальвацыі навуковых ступеняў і званняў.
Варта, аднак, прызнаць, што цяперашняму кіраўніцтву гістарычнай навукай удалося прынамсі адно рэальнае дасягненне: у навязванні адзінадумства (найперш – фармальнай лаяльнасці) яно пайшло далей за практыкі савецкіх часоў. Калі тады ў Інстытуце гісторыі БССР працавалі гісторыкі, якія маглі адкрыта выказваць нязгоду з дырэкцыяй, адважваліся спрачацца і канфліктаваць з ёю ў пытаннях, звязаных з вырашэннем навуковых праблем (дастаткова згадаць М. Спірыдонава з яго годнай павагі самастойнай пазіцыяй), і падобная ж практыка была характэрная для акадэмічных інстытутаў у Маскве[20], то сёння гэтага проста не можа быць. Для цяперашніх кіраўнікоў гістарычнай навукі носьбіт іншых поглядаў ці проста незалежны гісторык, які не дэманструе лаяльнасці і мае замежныя сувязі, аўтаматычна трапляе ў катэгорыю “чужых”, якога імкнуцца любымі шляхамі выдаліць з установы. Паколькі лёсы гісторыкаў пры сённяшняй кантрактнай сістэме цалкам у руках адміністратараў ад навукі, то выжываць непажаданых лёгка, і дзяржаўныя інстытуты паспяхова пазбаўляюцца як ад рэальных, так і ад патэнцыйных апанентаў. Апошнім часам па колькасці ідэалагічна матываваных звальненняў з Інстытутам гісторыі спаборнічае гістфак Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Пры гэтым “забракаваныя” кадрыпа-ранейшамуцалкамвыкрэсліваюццазафіцыйнага гістарыяграфічнага працэсу, – амаль як у сталінскую эпоху, калі адносна ўключаных у спіс гісторыкаў выконвалася патрабаванне “исключить всяческие упоминания”. Звольненым беларускім гісторыкам, прычым лепшым, бо яны вылучаліся сваёй пазіцыяй, ведалі мовы і былі інтэграваныя ўзаходнюю акадэмію ці мелі добрыя кантакты з замежнымі навуковымі цэнтрамі, цяпер звычайна даводзіцца прымяняць свае веды на практыцы за межамі краіны, а не дома. І хто ад гэтага выйграе? Калі сучасныя дзяржавы ўсё вастрэй канкуруюць у змаганні за кадры навуковых спецыялістаў, то ў нас ад іх бяздумна пазбаўляюцца. Запомнілася пытанне літоўскіх калег, якія ў свой час прапанавалі мне працу пасля звальнення з Інстытута гісторыі: “Няўжо Беларусь настолькі багатая, каб вось так раскідвацца кваліфікаванымі кадрамі?” На жаль, у нас чыноўнікі ад навукі кіруюцца не рэальнымі дзяржаўнымі інтарэсамі, а хімернымі ідэалагічнымі канструктамі або і проста прыватнай карысцю.
Уздзеянне палітычна-ідэалагічнага фактара на прафесійную гістарыяграфію апошніх дзесяцігоддзяў і сам яго механізм неабходна спецыяльна даследаваць, паводле ж папярэдніх назіранняў яно ўяўляецца ў найвышэйшай меры разбуральным для навукі. Пры цяперашнім палітычным рэжыме, які не пакінуў месца аўтаномнай навуковай твор-часці, перарадзілася сама сістэма практык прафесійнага гісторыяпісання і змяніліся адносіны паміж гісторыкамі – новыя ўмовы спараджалі разлад і сталі выклікам для маральных нормаў вучонага. Яшчэ ў другой палове 1990-х г. згаданае вышэй увядзенне ідэалагічнага кантролю за гістарычнай адукацыяй і навукай абярнулася расколам і палярызацыяй паміж гісторыкамі нацыянальнай арыентацыі і прадстаўнікамі плыні мадэрнізаванага “заходнерусізму” – ідэйных саюзнікаў сённяшняй афіцыйнай улады. Пункты прымірэння паміж імі і не праглядваюцца: паколькі “заходнярускі” наратыў у сваёй сутнасці з’яўляецца расійскім, яго прынцыпова немагчыма злучыць з беларускім нацыянальным наратывам. Гэты сістэмны канфлікт, які ўсё глыбей абцяжарвае гістарыяграфію, стаў першым вялікім расколам, а далейшыя рэпрэсіўныя захады ў дачыненні да нелаяльных гісторыкаў абумовілі, вобразна кажучы, іх “партызаншчыну”. Сама сітуацыя аўтарытарнага рэжыму ўсяляе разлад. Пры фактычнай адсутнасці недзяржаўных акадэмічных устаноў і альтэрнатыўных магчымасцяў прафесійнай рэалізацыі прыярытэтным для гісторыкаў аказалася захаванне ўласнага працоўнага месца, і гэта ўспрымалася хутчэй як нармальнасць, але выпадкі, калі тую ж палітычную кан’юнктуру, да якой адны мусілі прыстасавацца, каб застацца на працы, іншыя спрытна выкарысталі для імклівай уласнай кар’еры, зусім не салідарызавалі калектывы навукоўцаў.
Распад і фрагментацыя асяроддзя гісторыкаў (феномен, пра які даўно не без трывогі загаварылі на Захадзе[21], указваючы на звязаную з гэтым фрагментацыю гістарычнай свядомасці і немагчымасць адзінага “вялікага наратыву”) у нашых умовах набылі асаблівыя вымярэнні і свае спецыфічныя формы. Адбываецца татальная “парцэлізацыя” асяроддзя гісторыкаў і самой гістарычнай навукі. Супольныя навуковыя форумы, даклады з абмеркаваннямі, якія калісь былі нормай у тым жа Інстытуце гісторыі, даўно адышлі ў мінулае. Цяпер гісторыкі, як правіла, не чытаюць нават публікацый калег – у тым ліку тых, што працуюць над блізкімі тэмамі, або і не ведаюць пра іх. Грамадскія інтэлектуальныя пляцоўкі і праекты, нефармальныя ініцыятывы, як і інтэрнэт-форумы і да т. п., хоць яны прысвячаюцца гісторыі, не здольныя злучаць раздробленыя групы гісторыкаў у нешта большае, у вялікую супольнасць, а ў пэўным сэнсе могуць яшчэ далей раздзяляць іх, паколькі не абцяжарваюць сябе агульнымі правіламі інормамі акадэміі. Няма прафесійных дыскусій, таму не выпрацоўваецца, а наадварот, дэградуе культура палемікі, і рэцэнзіі з крытычнымі заўвагамі, якія мусілі б вітацца ў навуковай супольнасці, выклікаюць, як правіла, крыўду ды імкненне расквітацца.
Увогуле, адмірае, відаць, сама патрэба ў супольнасці кампетэнтных калег па цэху. Калі для навукоўца, зноў жа ў класічным варыянце, па Т. Куну, “адзіным арбітрам прафесійных дасягненняў” мусіла б заставацца навуковая карпарацыя[22], то ў нас цяпер для большасці куды важнейшай стала арыентацыя на шырокую публіку (у гэтай сувязі паказальна, што некаторыя гісторыкі сталі запісвацца ў пісьменнікі), а меркаванні калег па цэху калі і цікавяць, дык толькі ў межах сваёй тусоўкі. Гэта зноў жа звязана з агульнай сітуацыяй гістарыяграфіі – калі не засталося ніякіх агульнапрызнаных інстытуцый ці выданняў, якія б уплывалі на легітымнасць навукоўца, калі ранейшыя акадэмічныя нормы і практыкі навуковай працы дыскрэдытаваны, а кар’ера, статус гісторыка і яго даход як галоўны рэсурс сталі вызначацца не навуковымі дасягненнямі, а блізкасцю да ўлады. Сапраўды, у сённяшняй Беларусі адзінае, што можа забяспечваць перспектывы гісторыка, гэта яго праўладнасць. Не дзіўна, што ў такіх умовах пашыраецца практыка, пры якой навуковец задавальняецца легітымнасцю, атрыманай у межах мікрагрупы аднадумцаў, так бы мовіць, у сваёй “тусоўцы” (прыкметная з’ява, якая пашыраецца і сярод гісторыкаў Расіі[23]). Цяпер і ў нас “кожная група – сама сабе гісторык”, і такіх груп ды групак усё большае, так што, карыстаючыся азначэннем П. Новіка, можна сказаць, што беларускія гісторыкі знаходзяцца ў стане поўнай “індывідуалістычнай анархіі”, а па-простаму – у бязладдзі.
Калі зноў вернемся да класічных прыкмет навуковай супольнасці, вызначаных Томасам Кунам, а найперш згадаем зацікаўленасць яе членаў праблемамі пазнання і зарыентаванасць на ацэнку сваёй прафесійнай групы, то не застанецца ніякіх ілюзій. Словам, тое, у што яшчэ гадоў пяць-шэсць таму не хацелася верыць, цяпер стала відавочным – прафесійнай супольнасці гісторыкаў у сённяшняй Беларусі не існуе. Няма карпарацыі, якую ядналі б агульныя практыкі, нормы прафесійнай этыкі і каштоўнасці[24]. Бо няма нічога, што аб’ядноўвала б беларускіх гісторыкаў – ні фармальнай арганізацыі, ні камунікацыі, ні прынцыпаў, ні аднаго ўяўнага “поля”, якое з розных бакоў абрабляюць працаўнікі адной вялікай грамады, удзельнікі адной справы[25]. Адсутнасць жа інстытуцыялізаванай супольнасці тых, хто прафесійна займаецца гісторыяй, са свайго боку толькі аблягчае далей-шы распад і глыбейшую фрагментацыю гісторыі. Больш за тое, становішча, у якім знаходзяцца беларускія гісторыкі, іх інстытуцыйная ізаляванасць ад Еўропы, навязванне этычных нормаў і каштоўнасцяў дыктатам дзяржаўнай ідэалогіі, вымушанае прыстасоўванне да сістэмы, у якой усё па камандзе – такія ўмовы наогул робяць амаль немагчымым іх прафесійны занятак як аўтаномную навуковую творчасць, як служэнне чыстаму даследаванню. У такім стане адміраюць дысцыплінарныя традыцыі гістарыяграфіі, адбываецца трансфармацыя прафесійнай ідэнтычнасці гісторыкаў, у тым ліку губляецца роля і перспектыва традыцыйных акадэмічных часопісаў – знікае сама патрэба ў падобным форуме кампетэнтных. Прафесійная гістарыяграфія ўсё менш уплывае на гістарычную свядомасць грамадства, і мы ўстрывожана назіраем, як набірае моц тое, што Сігурд Шмідт назваў “інтэрвенцыяй агрэсіўнага дылетанцтва”. Журналісты пішуць “сенсацыйныя” гісторыі Беларусі, што захапляюць шырокую аўдыторыю, аматары мінулага ствараюць інстытуты і ладзяць “навуковыя” канферэнцыі, а найбольш амбітным невукам удаецца нават публічна выступаць у ролі “прафесараў гісторыі” – і не без поспеху!
Менш за ўсё хацелася даводзіць, што беларуская гістарыяграфія на тупіковых шляхах. Іншыя калегі нашага расцярушанага цэху могуць ацэньваць яе з іншай перспектывы. Затое, думаю, для ўсіх відавочным даўно стала тое, што любыя перамены, зрухі да лепшага і пачаткі нармалізацыі навуковага жыцця ў нас можна звязваць толькі з іншым палітычным кліматам – з дэмакратызацыяй краіны і яе вяртаннем у свет, да агульных еўрапейскіх стандартаў і практык навуковага жыцця. Для развіцця гістарычнай навукі патрэбны перадусім адкрытасць і дэмакратычныя структуры, у якіх наяўнасць іншадумства – з’ява натуральная. Свабодны і адкрыты абмен меркаваннямі – падставовая ўмова паўнавартаснага гістарыяграфічнага працэсу[26]. Можна сказаць, гістарычная навука жывіцца дыскусіямі! Ва ўсе часы пры таталітарных або аўтарытарных рэжымах развіццё гістарычнай навукі было праблематычным. Творы гісторыкаў, напісаныя з арыентацыяй на нацыянал-сацыялісцкую ідэалогію ці ў парадыгме гістарычнага матэрыялізму, як правіла, страчвалі вартасць адразу пасля ўсталявання дэмакратыі і хутка ператвараліся ў анахранізм. У гэтым сэнсе лішне казаць, наколькі палітычная несвабода і абавязковасць афіцыйнай ідэалогіі шкодзяць беларускай гістарычнай навуцы. Як свабода дае рух грамадству, так разнастайнасць падыходаў і ацэнак рухае гісторыю.
Найважнейшы імпульс да руху і перамен ляжыць, аднак, ва ўсведамленні самімі гісторыкамі таго, што наяўнасць апанентаў – неабходная ўмова ўласнага ж прафесійнага росту, бо яны дазваляюць удакладняць свае ар-гументы, абдумваць тэзісы і ўдасканальваць пазіцыі. Так што калег-іншадумцаў трэба не звальняць, забараняючы ім прафесійную дзейнасць у Беларусі, а ўцягваць у працу і падтрымліваць, нават калі ў іх іншая палітычная арыентацыя. Бо, як справядліва зазначыў цытаваны вышэй Штэфан Ёрдан, супрацьпастаўленне пазіцый і дыскусіі прыносяць болей, чым любыя індывідуальныя дасягненні.
[1] Kuhn T. The structure of scientific revolutions. Chicago, 1970; У перакладзе на рускую: Кун Т. Структура научных революций. Пер. с англ. И. З. Налетова. Москва, 1977. Хоць мадэль навуковай супольнасці распрацавана Т. Кунам на прыкладзе прыродазнаўчых і дакладных навук, у цэлым падобны падыход уяўляецца актуальным і для гістарыяграфіі, калі яна прэтэндуе на статус навукі.
[2] Кун Т. Структура научных революций. С. 230, 231, 237, 242–244.
[3] Тамсама. С. 215, 220.
[4] Нацыянальная канцэпцыя гістарычнай навукі і гістарычнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь // Беларускі гістарычны часопіс (далей БГЧ). 1993. №1. С. 17–18.
[5] Пра адметную ролю гістарычнага факультэта БДУ ў складаных працэсах станаўлення беларускай гістарыяграфіі гл.: Шупляк П. А., Яноўскі А. А. Гістарычны факультэт БДУ ў працэсах нацыянальнага адраджэння 1990-х гг. (першы вопыт успамінаў і асэнсавання пераломнага часу) // Российские и славянские исследования. Вып. 4. Мінск, 2009. С. 356–366.
[6] Назву можна лічыць у пэўным сэнсе ўмоўнай: яна падкрэслівала, што ў фокусе новай гістарыяграфіі будзе мінулае Беларусі як нацыянальнай дзяржавы, аэпістэмалагічныя праблемы, звязаныя з нацыянальным наратывам іпераносам канцэпту нацыі ў данацыянальныя эпохі тады яшчэ не маглі ўсведамляцца.
[7] Польскі сацыёлаг Рышард Радзік, які прысвяціў даследаванню Беларусі не адно дзесяцігоддзе, сярод слабасцяў беларускай гістарыяграфіі трапна адзначыў успадкаваную ёю з савецкай эпохі схільнасць да ідэалагізацыі, паколькі ў Беларусі “выраслі цэлыя пакаленні гісторыкаў (у тым ліку прафесараў), якія не трымалі ў руках ніводнага падручніка па метадалогіі гістарычных навук“. Radzik R. Dwie interpretacje dziejow: między sowieckością a wizją narodową // ён жа, Białorusini – między Wschodem a Zahodem. Lublin, 2012. S. 160–181, тут s. 161.
[8] “Задача гістарычнай навукі – выхоўваць у грамадстве патрыятызм, гонар за сваю Айчыну, грамадзянскасць”. Цыт. па: Идеологические аспекты государствообразующих процессов истории Беларуси / А. Коваленя и др. Минск, 2005. С. 7; Пар.: Историческая наука в Беларуси (1991–2000): современные проблемы и кадры. Науч. ред. Г. Корзенко. Минск, 2005. С. 3; Пар.: Ходзін С. Гістарычная навука іадукацыя ва ўмовах глабалізацыі // Новейшая история (1991–2006): государство, общество, личность. Минск, 2006. С. 678; Смяховіч М. Сучасны стан гістарычнай навукі ў Рэспубліцы Беларусь і актуальныя праблемы метадалогіі гісторыі // Проблемы методологии исследований истории Беларуси. Минск, 2008. С. 95.
[9] Каваленя А. Дзяржаўнасць Беларусі: гісторыя і сучаснасць // БГЧ. 2007. №12. С. 21.
[10] Гл.: Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь. Матэрыялы “круглага стала” // БГЧ. 2006. №10. С. 8.
[11] Цыт. па: Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь. Матэрыялы “круглага стала” // БГЧ. 2006. №11. С. 9–10.
[12] Каваленя А. Дзяржаўнасць Беларусі: гісторыя і сучаснасць // БГЧ. 2007. №12. С. 20.
[13] Гл.: Ходзін С. Гістарычная навука і адукацыя ва ўмовах глабалізацыі. С. 679; Сяменчык М. Гісторыя Беларусі: курс лекцый для студэнтаў І курса ўсіх спецыяльнасцей. Мінск: БДТУ, 2010. С. 3.
[14] Каваленя А. Дзяржаўнасць Беларусі: гісторыя і сучаснасць. С. 18; Смяховіч М. Сучасны стан гістарычнай навукі… С. 96–97.
[15] Гл.: “Мы – язычники?», інтэрв’ю з А. Каваленем у газеце “Советская Белоруссия”, 14.09.2007. С. 4–5.
[16] Каваленя А. Гістарычная навука ў Беларусі на пераломе эпох: выклік часу // Гістарычна-археалагічны зборнік. Вып. 25. Мінск, 2010. С. 12.
[17] Гл.: Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь. Матэрыялы “круглага стала” // БГЧ. 2006. № 10. С. 7.
[18] Гл. адказы беларускіх гісторыкаў на анкету часопіса ў БГА, Т. 17 (2010), с. 230–254.
[19] На адзін з прыкладаў навуковага жульніцтва, якое без адпаведнай экспертызы ў Інстытуце гісторыі было ўганаравана навуковай ступенню, мне даводзілася звяртаць увагу. Гл.: БГА. Т. 16 (2009). С. 561–580.
[20] Соколов Б. Нравы современных российских историков: предпосылки к падению и надежды на возрождение // Научное сообщество историков России: 20 лет перемен. Под ред. Г. Бордюгова. Москва, 2011. С. 325–329.
[21] Гл.: Novick P. That Noble Dream: The “Objectivity Question” and the American Historical Profession. New York, 1988, ч. 4. Пар.: Megill A. Fragmentation and the Future of the Historiography // The American Historical Review. Vol. 96. 1991. P. 693–698; Мегилл А. Историческая эпистемология / пер. Кукарцевой М., Катаева В., Тимонина В. Москва, 2007. С. 255–264.
[22] Кун Т. Структура научных революций. С. 221.
[23] Бордюгов Г. Сообщество историков России: от прошлого к будущему. Введение // Научное сообщество историков России: 20 лет перемен. Под ред. Г. Бордюгова. Москва, 2011. С. 13.
[24] У адваротным выпадку, калі б існавалі агульныя нормы прафесійнай этыкі, то (нягледзячы на рызыку трапіць “у спіс”) салідарнасць гісторыкаў упадтрымку калег, што страцілі працу ўвыніку палітычна матываваных звальненняў, праявілася б выразней.
[25] Падобную несуцяшальную выснову сустракаем і ў расійскіх калег, якія прызнаюць адсутнасць гістарычнай супольнасці гісторыкаў Расіі, гл.: Соколов Б. Нравы современных российских историков. С. 334–335. Не настолькі катэгарычныя, але таксама скептычныя меркаванні наконт карпаратыўнай еднасці і салідарнасці гуманітарыяў Украіны гл. у: Механізми контролю за якістю наукової продукції в Україні // Україна модерна. 2007. №1 (12). С. 12–50.
[26] Jordan S. Theorien und Methoden der Geschichtswissenschaft. Padeborn, 2009. S. 215–218.