БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Istoriją Lietuvos aukštuju mokyklu mokslo darbai, XXXVI (Уладзімір Свяжынскі)

Istoriją Lietuvos aukštuju mokyklu mokslo darbai, № ХХХVІ. Vilnius: Vilniaus pedagoginis universitetas, 1997. 335.

Чарговы, ХХХVI выпуск гістарычнай серыі Навуковых прац вышэйшых навучальных установаў Літвы адкрываецца раздзелам «Мемуары», які прадстаўлены ўспамінамі вядомага літоўскага дыпламата, палітыка, публіцыста С.Бачкіса „Літоўская дыпламатычная служба (15.06.1940—11.03.1990)“.

У другім раздзеле «З мінулага народа» змешчаны артыкулы літоўскіх даследчыкаў па актуальных праблемах розных перыядаў гісторыі Літвы: Я.Явайшы «Ранні жалезны век: помнікі і культуры» (з дадаткам у выглядзе ілюстрацый і карты), Н.Асадаўскене «Шлюбныя традыцыі магнатаў Кішкаў у канцы ХV–ХVI ст.», А.Шанавічуса «Развіццё літоўскага суда», А.Каспаравічуса «Рэакцыя заходніх краін на пераварот 1926 г. у Літве», А.Гайгалайтэ «Пяць дзён у гісторыі Літвы», Ю. Скіруса «Пункт погляду літоўскага кіраўніцтва на сусветныя выставы ў Злучаных Штатах Амерыкі ў 1926–1940 г.».

Трэці раздзел «Гістарычныя крыніцы» ўключае даследаванні А.Вісоцкіса «Студэнты з Літвы ў Кіеўскім універсітэце Св.Уладзіміра за сто гадоў», Б.Вансавічуса «Новыя дакументы па пытанні Народнага дома».

У чацвёртым раздзеле «Гістарыяграфія» змешчаны артыкулы М.Гельцэра «Пра некаторыя новыя праблемы гісторыі Старажытнага Усходу і біблеістыкі», Г.Маркевіч «Дзейнасць Віленскага дабрачыннага таварыства ў пачатку ХIХ ст.»

У пятым раздзеле «Гісторыя навукі» чытач знойдзе артыкул Л.Клімкі «Картаграфія, тапаграфія і геадэзія ў Віленскім універсітэце».

Раздзел шосты «Філасофія гісторыі» прадстаўлены цікавым артыкулам прафесара універсітэта г.Осла (Нарвегія) Отара Даля «Самабытнасць гісторыі», які складаецца з частак «Што ёсць гісторыя?», «Мінулае», «Змест гісторыі», «Што важна ў гісторыі?», «Гуманітарная навука», «Герменеўтыка», «Сэнс гісторыі», «Гісторыя і сучаснасць», «Што мы можам ведаць?»; «Сэнс і рэчаіснасць».

Раздзел сёмы «Дыдактыка гісторыі» складаецца з артыкула А.Бальчыцене «Перадумовы гіпертэкставага вывучэння гісторыі». Артыкул Э.Крышчунаса «Кірункі супрацоўніцтва літоўскіх, латвійскіх і эстонскіх радыкальных палітычных сілаў у 1987–1992 г.» утварае раздзел восьмы «Погляд».

У раздзел дзевяты ўваходзяць рэцэнзіі Д.Карвяліса «Біржанскія Радзівілы і кніга ў ХVII ст.» (на кнігу М.Ярчыкавай «Кніга і літаратура ў коле біржанскіх Радзівілаў у першай палове ХVII ст.» (Катавіцы, 1995); В.Раўдзялюнаса «Другі том Літоўскай Метрыкі» [на выданне «Літоўская Метрыка (1528–1547)». 6–я Кніга судных справаў. (Копія — канца ХVI ст.). Падрыхтавалі С.Лазутка (адк. рэд.), І.Валіканітэ, Р.Ціцянене, Ю.Карпавічэне, Л.Сцяпанавічэне, Н.Трускаўскайтэ, І.Відугірытэ. Вільнюс, 1995]; С.Сташайціса «Кніга настаўніку гісторыі» (на кнігу К.Панялене і Ю.Бразаўскаса «Гісторыя Літвы ў VI–VII класах». Каўнас, 1997); Б.Шаткуса «Новы і незвычайны падручнік» (на кнігу Э.Баконіса і Р.Вірганавічутэ «Старажытная гісторыя. Падручнік для VI–VII класаў». Вільнюс, 1996); яго ж: «Вучням — пра гістарычных асобаў» [на кнігу Ю.Скіруса «Гістарычныя асобы і іх эпоха (1918–1945). Чытанні па гісторыі навейшага часу». Каўнас, 1997].

Варта асобна спыніцца на грунтоўнай рэцэнзіі Вітаўтаса Раўдзялюнаса. Аўтар піша, што выхад у свет 2–га тома Літоўскай Метрыкі — значны факт навуковага і культурнага жыцця народа, які чамусьці застаўся па–за ўвагай сродкаў масавай інфармацыі. Разам з тым выданне мае шэраг недахопаў, дапушчаных, на яго думку, укладальнікамі. Так, у тэксце гэта: разнабой у перадачы тых самых слоў (ижбы — иж бы), лішнія спасылкі («Падкрэслена алоўкам»), няўдалыя спробы выправіць памылкі арыгінала («Справа пану Каспора» замест «Справа пана Каспора»), выпадкі недакладнага прачытання арыгінала (гасподару замест господару). Асноўная ж частка заўваг рэцэнзента — да паказальнікаў. Нягледзячы на тое, што выдадзеная кніга змяшчае шмат судовых рашэнняў, у прадметны паказальнік не ўключаны цэлы шэраг юрыдычных тэрмінаў накшталт грабеж, збитье, змученье, зазвати, позвати ку праву, карати шыею, наеханье кгвалтовное, отозватися, охроменье, поднести право, присяга, справедливость, суженье, суд: децкого, намесника, копный, неправный, обычай: права, права земского, давный, старый, стародавный, статут: господарский, земский, прав земских. Не ўсе варыянты слоў зведзены ў гнёзды па алфавіце паводле іх частотнасці ў тэксце (на першым месцы жбожье, а не збожье). Складаныя тэрміны часам даюцца не на назоўнік, а на прыметнік: непохожий (чоловек). Часам формы слоў у паказальніку і тэксце разыходзяцца (адпаведна выводец — выводца). Пры падачы ў паказальніку недакладна рэканструююцца зыходныя формы: женети замест гнати (ад женеть). Беларускае слова часам перакладаецца этымалагічна, а не семантычна тоесным літоўскім (уморыти — pamiršti «забыць»). Часам тэрміны тлумачацца ў адрыве ад кантэксту і рэальнасці свайго часу (пожегнати — «перахрысціцца», а трэба — «развітацца», обчый — «чужы», а трэба — «агульны»). Робячы экскурсы ў гісторыю, рэцэнзент даказвае памылковае тлумачэнне і шэрагу іншых тэрмінаў — коморник, подкоморый, конюшый, крайчый, кухмистр, чашник і інш. У асабовым паказальніку часам пад адным прозвішчам зводзяцца розныя людзі (конішскі прыстаў Якуб Юхнавіч і відуклеўскі шляхціч Ян Юхнавіч). Акрамя таго, асабовы паказальнік у выданні застаўся незавершаным.

Адносна ўводзінаў рэцэнзент зазначае, што часам літоўскі і расійскі іх варыянты не супадаюць тэксталагічна: асобныя фрагменты літоўскага тэксту адсутнічаюць у расійскім. Не адпавядае рэчаіснасці сцвярджэнне ўкладальнікаў, што ўсе дакументы апублікаванага тома з’яўляюцца так ці інакш судовымі справамі. Бо дакументаў, якія не з’яўляюцца судовымі рашэннямі, тут 70. Насуперак сцвярджэнням укладальнікаў, што публікуемая кніга — унікальная крыніца па гісторыі Літвы, рэцэнзент лічыць, што яна даўно вядомая даследчыкам і таму не з’яўляецца унікальнай.

Разам з тым не ва ўсім, на нашу думку, мае рацыю сам рэцэнзент. Так, ён, як і іншыя літоўскія гісторыкі, ужывае тэрміны „Літва“, „літоўскі“ без удакладнення іх сэнсу прымяняльна да гістарычнага часу. Атрымліваецца, што Літоўская метрыка, Літоўскія Статуты — гэта культурная спадчына ледзь ці не выключна этнічных літоўцаў. Між тым, калі быць дакладнымі, то пераважная большасць пісьмовых тэкстаў, якія адносяцца да ВКЛ, асабліва на старабеларускай (стараўкраінскай) мове, напісаны беларусамі ці ўкраінцамі. Гэта сцвярджэнне, аднак, не мае на мэце паменшыць уклад этнічных літоўцаў у культурную скарбонку ВКЛ. Усведамленне беларускімі гісторыкамі неадпаведнасці прынятых у Літве загалоўкаў выданняў Статутаў і Метрыкі гістарычнай рэальнасці ставяць перад імі праблему пошуку загалоўкаў для той часткі выданняў, якія плануецца ажыццявіць у Беларусі. Гэта праблема ўскладняецца серыйнасцю выданняў згаданых комплексаў.

Вядома, што другім пасля «Літоўскае» азначэннем Вялікага Княства было «Рускае». Калі ўлічыць той факт, што менавіта так называліся ў часы ВКЛ беларусы і іх мова, і пагадзіцца з логікай літоўскіх калегаў, мы маглі б назваць Статуты і Метрыку ў сваіх выданнях «Рускімі». Аднак гэтаму перашкаджае акалічнасць, што сёння этнонім «рускі» адпавядае іншаму народу. Як недахоп адзначаецца, што ў выданні не вылучаны літоўскія рэаліі, такія як бонда, велдомый, дякло, жлукт, клебания, копа, мезлева, посед, свирен, стырта і інш. Аднак як пра літоўскія, пра іх можна гаварыць толькі ў сэнсе паходжання. Функцыянавалі ж гэтыя тэрміны ў большасці сваёй і за межамі этнічнай Літвы. Тым больш гэта датычыць такіх тэрмінаў, як литовская монета, гроши личбы литовское. З другога боку, даследчыкі падкрэсліваюць, што многія асноўныя юрыдычныя дакументы ВКЛ маюць тыповыя беларускія прыкметы. Гэта дазваляе лічыць, што старабеларуская мова выконвала ў той час камунікатыўныя функцыі як у межах Беларусі, так і Літвы і Жмудзі[1].

Рэцэнзент у якасці недахопу выдання адзначае, што яго ўкладальнікі проста пераклалі ў паказальніку старабеларускую («рускую») тэрміналогію на сучасную расійскую мову. Гэтыя пераклады, аднак, не даюць чытачу магчымасці выявіць актуалізаваныя ў актах значэнні гэтых тэрмінаў, «тым больш, што мы не маем слоўніка мовы гэтых актаў». Такім чынам, шмат якіх недакладнасцяў у выданні можна было б пазбегнуць, калі б укладальнікі, акрамя слоўніка Дз.Ушакова, карысталіся і слоўнікам мовы гэтых актаў і іншых помнікаў Вялікага Княства Літоўскага на старабеларускай мове. А такі слоўнік існуе, хоць ён яшчэ і не завершаны. Гаворка ідзе пра «Гістарычны слоўнік беларускай мовы». Сёлета ўбачыў свет 17–ы выпуск гэтага унікальнага лексікаграфічнага даведніка па пісьмовай спадчыне ВКЛ[2], а на момант выдавецкай падрыхтоўкі рэцэнзаванай В.Раўдзялюнасам кнігі іх было ўжо 13. Мы не ставім пад сумненне бясспрэчна высокія якасці слоўніка Дз.Ушакова, аднак гэта слоўнік не той мовы, на якой напісана выдадзеная кніга Літоўскай Метрыкі, і вывучаць мову гэтай кнігі па слоўніку Ушакова тое самае, што літоўскую мову вывучаць па слоўніку, напрыклад, Ю.Лаўчутэ, таксама унікальнай у сваім родзе працы.

Менск

Уладзімір Свяжынскі


[1] Климчук Ф.Д. К истории распространения белорусских говоров в Юго–Bосточной Литве // Балто–славянские исследования. Москва, 1981. С.214–221.
[2] Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Вып.1–17. Мінск, 1982–1998.

Тэгі: , , ,