Белорусский сборник. Вып.1. (Валеры Пазнякоў)
Белорусский сборник. Статьи и материалы по истории и культуре Белоруссии. Ред. В.В.Антонов, Н.В.Николаев. Вып. 1. Санкт–Петербург, 1998. 172.
Расійская нацыянальная бібліятэка і Санкт–Пецярбургская асацыяцыя беларусістаў распачалі новае выданне, якому, трэба думаць, наканавана доўгае жыццё. Ужо даўно, пачынаючы з 1993 г., у Санкт–Пецярбургу праходзяць штогадовыя канферэнцыі пад назовам „Санкт–Пецярбург і беларуская культура“. Цяжкасці рознага характару перашкаджалі выдаваць раней матэрыялы гэтых канферэнцый. Цяпер пачатак пакладзены, і больш шырокае кола спецыялістаў і зацікаўленых (абмежаванае накладам зборніка ў 400 паасобнікаў) атрымала магчымасць пазнаёміцца не толькі з прачытанымі цікавымі дакладамі, але і з новымі матэрыяламі, спецыяльна падрыхтаванымі да друку.
У першым выпуску Валянцін Грыцкевіч выступае з артыкулам „Сённяшнія клопаты беларускай гістарыяграфіі“. Для азначэння таго, што цяпер культывуецца ў гэтай галіне, ён прапануе новы тэрмін — „неаславісцкая ідэя“, якая, на думку аўтара, адлюстроўвае курс на ліквідацыю дзяржаўнасці Беларусі на карысць Расіі і на замену беларускай мовы расійскай. Выказваецца надзея, што беларускія гісторыкі змогуць супрацьстаяць націску „аўтарытарнай улады“. Выданне „Беларускага зборніка“ — добрая дапамога ў гэтай справе. Важныя праблемы этнічнай гісторыі беларусаў закранутыя ў артыкулах Аляксандра Мыльнікава „Беларусы: этнас і этнонім у польскай, нямецкай і шведскай гістарычнай думцы XVI–XVII ст.“, Ігара Жураўскага „Працэсы экспансіі і Беларусь: пастаноўка праблемы“, Васіля Беланенкі „З гісторыі культурных узаемасувязяў народаў Усходняй Еўропы ў XVII–XVIII cт.: Людзі і кнігі“. Назіранні расійскіх даследчыкаў карысныя тым, што збоку ў беларускай гісторыі можна ўгледзець тыя рысы, якія не надта заўважныя знутры. Часам высоўваюцца і экстравагантныя ідэі.
Адным з выдаўцоў зборніка выступіла Расійская нацыянальная бібліятэка, таму шмат матэрыялаў у кнізе прысвечана беларускай кніжнай культуры. Вядома, што пецярбургскія кніжныя сховішчы багатыя на сапраўдныя рарытэты нашай культуры. Іх даследаванне, як і вывучэнне культурнага ўплыву беларускай кніжнасці на суседнія народы, мае вялікае значэнне. Вывучэнню беларускай кнігі і кніжнікаў прысвечаны артыкулы Барыса Сапунова „Друкаваныя беларускія кнігі ў рускіх бібліятэках другой паловы XVI–XVII ст.“, Аляксея Аляксеева „Памінальная практыка ў Маскоўскай Русі і ў Вялікім Княстве Літоўскім“, Наталлі Рамазанавай „Стыхіра «На пракляцце ерэтыкоў» у паўднёварасійскіх Ірмалагіёнах“, Міколы Нікалаева „Ці меў рацыю ў сваім даносе Павел Неграбецкі?“.
Аўтары матэрыялаў зборніка даследуюць і іншыя вобласці беларускай культуры, уплыў на яе палітычных фактараў, а таксама яе сувязі з іншымі культурамі (працы Ігара Маціеўскага пра беларускую мастацкую плынь у фармаванні еўрапейскага абрысу музычнай культуры Пецярбурга, Галіны Таўлай пра музыканта–фалькларыста Антона Грыневіча, Андрэя Катлярчука пра Жазэфа дэ Местра і Полацкую езуіцкую акадэмію, Аляксандра Смаленчука пра Элізу Ажэшку, Ларысы Бойкі пра этнографа Аляксандра Сержпутоўскага, Міхаіла Кандрацюка пра М.Каяловіча, Юрыя Туронка пра Вацлава Іваноўскага. Скрупулёзным крыніцазнаўчым падыходам вылучаюцца працы Дзмітрыя Левіна „Першыя сталічныя рэцэнзіі на Памятныя кніжкі Віленскай губерні (1852–1854 г.)“ (праўда, з’яўляюцца сумненні, ці будзе запатрабаванае даследаванне, бо не тое што рэцэнзіі, але і самі памятныя кніжкі забытыя), Аляксея Раздорскага „Матэрыялы курскіх мытных кніг пра гандаль з беларускімі гарадамі (1640–я г.)“ (зусім невядомыя звесткі для беларускіх навукоўцаў) і Вольгі Бабук „Выдавецкая дзейнасць Віленскай навучальнай акругі па матэрыялах Аддзелу рукапісаў Расійскай нацыянальнай бібліятэкі“ (новы і вельмі цікавы архіўны матэрыял). Некаторыя даследчыкі напісалі пра сваё, можа, не вельмі цікавае для шырокага кола чытачоў — працы Уладзіміра Бурачка і Аляксандра Макейчыка прысвечаны іх уласным радаводам, але і гэта патрэбнае. Нарэшце, у „Беларускім зборніку“ змешчана крытычная рэцэнзія Валерыя Антонава і Міколы Нікалаева на кнігу „Памяць. Навагрудскі раён“, якая ўжо з’явілася ў „Беларускім Гістарычным Аглядзе“ (т.4, сш.1/2).
Ацэньваючы зборнік у цэлым, яго рэдкалегія адзначыла „мазаічнасць, пярэстасць, стракатасць“ уключаных у яго публікацый. Безумоўна, гэта кідаецца ў вочы, але было б дзіўным, каб выйшла інакш. Бо арганізатарам беларусазнаўчых канферэнцый і самога зборніка ўдалося далучыць да беларускай справы вельмі шырокае кола людзей з рознымі інтарэсамі і ўзроўнем навуковай падрыхтоўкі. Тут даследчыкі з Беларусі, Польшчы, самі піцерцы. На 1990 г. у Пецярбургу жылі 93,9 тыс. беларусаў, што складала 1,9% насельніцтва горада. Такая вялікая беларуская дыяспара, найбагацейшыя зборы музеяў, архіваў і бібліятэк у спалучэнні з намаганнямі мясцовых беларусістаў даюць надзею на новыя сустрэчы з „Беларускімі зборнікамі“.
Менск
Валеры Пазнякоў