Лена Глагоўская. Юры Туронак і яго нефармальная “школа” беларусазнаўчых даследаванняў
Пасля ІІ сусветнай вайны ў Польшчы па-за беларускай філалогіяй у Варшаўскім універсітэце (з 1956 г.) і Інстытутам славістыкі ПАН няшмат праводзілася даследаванняў у галіне беларусазнаўства, асабліва па гісторыі. Іх не было ў праграмах польскіх навуковых асяродкаў. Падзеі, звязаныя з Беларуссю, з’яўляліся ў сумежных даследаваннях. Найбольш вартасныя артыкулы і апрацоўкі былі напісаны Аляксандрай Бергман, Аляксеем Дэругам і Ежы Тамашэўскім. Толькі ў 1979 г. выйшла “Historia Białorusi” Марцэлія Космана. Беларускую тэматыку найчасцей закраналі з нагоды разважанняў пра польска-савецкія суадносіны ў міжваенны перыяд. Асаблівым парадоксам было тое, што найбольшыя дасягненні ў сферы даследаванняў над гісторыяй Беларусі ХХ ст. праявілі асобы, не звязаныя прафесійна з навуковымі інстытутамі. Адной з іх была Аляксандра Бергман (былая дзяячка КПЗБ, жыла ў 1906–2005 г.), якая занялася даследаваннем беларускіх спраў у міжваеннай Польшчы, будучы на пенсіі.
Другая асоба, якая праводзіла самастойныя даследаванні найноўшай гісторыі Беларусі, – Юры Туронак (1929–2019), журналіст часопіса “Rynki Zagraniczne” i дзяяч Беларускага грамадска-культурнага таварыства, старшыня яго Варшаўскага аддзела, старшыня Навуковага гуртка БГКТ у 1970-я г. Іх публікацыі ў беластоцкім беларускім тыднёвіку “Ніва”, у “Беларускіх календарах” і ўзаемныя палемікі прыносілі шмат ведаў тым, хто не меў магчымасці вывучаць гісторыю Беларусі, а пазнаваў яе са згаданых выданняў. Навуковы ўзровень і наватарскі змест гэтых публікацый вабілі да іх аўтараў кожнага даследчыка-пачаткоўца. Калі старэйшая на пакаленне Аляксандра Бергман з увагі на стан здароўя ўжо не магла доўга дапамагаць маладым, то Юры Туронак ў 1980-я гады стаў вылучацца найбольшымі дасягненнямі ў галіне найноўшай гісторыі Беларусі – быў аўтарам артыкулаў пра беларускае школьніцтва і нацыянальны рух, публікаваных у выданнях “Slavia Orientalis”, “Studia polono-slavica-orientalia. Acta literaria”. Ён стаў незалежным даследчыкам, не звязаным з якой-небудзь навуковай установай – сваім даследаванням прысвячаў вольны час ад штатнай прафесійнай працы. Даследчыцкія пошукі сталі захапленнем яго жыцця. На яго артыкул “Kwestia białoruska w polityce obozu londyńskiego (1941–1944)” звярнуў увагу прафесар Пётр Ласоўскі (Piotr Łossowski) з Інстытута гісторыі ПАН, апублікаваўшы яго ў часопісе “Studia z dziejów ZSRR i Europy Środkowej”, i прапанаваў яму падрыхтаваць кандыдацкую дысертацыю пра Беларусь пад час нямецкай акупацыі. Юры Туронак прыняў прапанову не без уплыву асабістага ваеннага вопыту: “Значны ўплыў на гэтае рашэнне мелі мае досвед і назіранні за тагачаснымі падзеямі ў Дукштах і Вільні” [1]. Апрача таго, гісторыя ІІ сусветнай вайны падавалася па-прапагандысцку, ствараліся міфы пра геройскае змаганне беларускага народа з фашысцкімі захопнікамі, а беларускіх нацыянальных і культурных дзеячоў трактавалі як ваенных злачынцаў. Маўчаннем абыходзілі дзейнасць у час вайны беларускага школьніцтва, тэатра, выдавецтваў і такіх арганізацый, як Беларуская самаахова і Саюз беларускай моладзі. Юрыю Туронку не было лёгка, як ён сам сцвярджаў, “змаганне з палітызацыяй гісторыі патрабавала не галаслоўных сцвярджэнняў і пярэчанняў, а дакументаваных, канкрэтных доказаў. Такую магчымасць давалі захаваныя ў варшаўскіх архівах калекцыі дакументаў міністэрства акупаваных усходніх абшараў, райхсфюрэра СС Гімлера і польскага падполля, а таксама матэрыялы Нюрнбергскіх працэсаў над ваеннымі злачынцамі і службоўцамі нямецкага кіраўнічага апарату. Важнай крыніцай інфармацыі былі нямецкія і беларускія перыёдыкі і ўрэшце перапіска з некаторымі ўдзельнікамі тагачасных падзей. Выкарыстаныя матэрыялы дазволілі адмовіцца ад апрыёрнай акцэптацыі выказванняў пасляваенных гісторыкаў і крытычна разгледзець пытанні акупацыі не толькі праз прызму зацікаўлення Масквы, Берліна і Варшавы, але перш за ўсё з улікам беларускага нацыянальнага інтарэсу” [2]. У 1986 г. Юры Туронак абараніў кандыдацкую дысертацыю “Białoruś pod okupacją niemiecką 1941–1944”, якая выйшла ў 1989 i 1993 г.
З 1970-х гадоў Туронак збіраў матэрыялы да біяграфіі аднаго з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага руху – Вацлава Іваноўскага. У 1992 г. выйшла яго праца “Wacław Iwanowski i odrodzenie Białorusi”. Абедзве кнігі сталі бестселерамі з улікам агульнага зацікаўлення Беларуссю пры адначасовым недахопе публікацый пра яе.
Нацыянальнае адраджэнне ў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы ў сярэдзіне 80-х і паўстанне Беларусі як незалежнай дзяржавы ў 1991 г. спрычыніліся таксама да зацікаўлення працамі Юрыя Туронка тамтэйшымі даследчыкамі гісторыі. На беларускую мову былі перакладзены абедзве кнігі. У яго варшаўскай кватэры пачалі гасцяваць маладыя гісторыкі з Беларусі. Даследчыцкая метадалогія, звязаная з бібліятэчна-архіўнымі росшукамі, пашыраная пошукамі жывых сведкаў гісторыі, якой карыстаўся Юры Туронак, была перанята малодшым пакаленнем даследчыкаў найноўшай гісторыі Беларусі.
Вакол Юрыя Туронка як інстытуцыі групаваліся маладыя даследчыкі гісторыі Беларусі, каб навучыцца ад яго метадалогіі, абмяняцца думкамі і рэфлексіямі, пачуць указанні і крытычныя погляды. Доказам удзячнасці беларускіх “вучняў” Туронка былі выдадзеныя ў Беларусі яго кнігі: “Беларуская кніга пад нямецкім кантролем 1939– 1944” (Мінск, 2002), “Людзі СБМ” (Вільня, 2006), “Мадэрная гісторыя Беларусі” (Вільня, 2006, 2008) і ўспаміны “За кардонам Бацькаўшчыны” (Мінск, 2010).
У 2010 г. стараннем аднаго з мінскіх “вучняў” Юрыя Туронка – Генадзя Сагановіча – выйшлі яго ўспаміны “За кардонам Бацькаўшчыны”. Праяўляецца ў іх асоба аўтара і яго зацікаўленне гісторыяй Беларусі. Міхась Скобла, беларускі паэт, журналіст і літаратуразнаўца з захапленнем чытаў навуковыя працы Юрыя Туронка: “Усе кнігі чыталіся запойна. Чытаў і думаў – гэта ж адзін чалавек зрабіў работу за цэлы інстытут, прычым не маючы папярэднікаў, ідучы па цаліку. Асоба!” [3]. Успамінаў, якім поспехам у Менску карысталася яго кніга “Białoruś pod okupacją niemiecką”, перакладзеная на беларускую мову: «Памятаю, як на маіх вачах у менскай кнігарні “Светач” людзі стаялі ў чарзе, каб набыць ягоную “Беларусь пад нямецкай акупацыяй” у кідкай бел-чырвона- белай вокладцы. І бралі па дзве, па тры – сабе і сябрам. Дайце веры, навуковая кніга стала сапраўдным бестселерам!» [4].
Юры Туронак быў сведкам пераломных падзей у грамадска-палітычным жыцці Усходняй Еўропы, якія выклікала ІІ сусветная вайна. Назіраў змены ўладаў, межаў, міжэтнічных і міжканфесійных адносінаў: “З верасня 1939 г. да ліпеня 1944 г. хіба з пяць ці шэсць разоў змяніліся акупацыйныя рэжымы там, дзе я пражываў. Пражытага мною акупацыйнага досведу я потым не знайшоў у савецкай гістарыяграфіі. Там усё было чорнае або белае. Найважнейшым аднак стымулам для мяне было даследаванне нацыянальнай свядомасці і нацыянальнай беларускай ідэі сярод беларускага насельніцтва, якому прыйшлося выносіць цяжкія выпрабаванні з боку польскай, савецкай, нямецкай уладаў. Я не быў ані дня на тадышняй акупаванай Беларусі. У гэтым часе жыў і вучыўся ў Вільні. Але і сёння не магу чытаць хлусні наконт тадышняй складанай сітуацыі, у якой апынуліся беларускія эліты і наш народ. Я лічу, што І і ІІ сусветныя войны зрабілі велізарны ўплыў на фарміраванне беларускай свядомасці насельніцтва. На жаль, перыяд другой сусветнай вайны я называю часам нашай грамадзянскай вайны. З-за палітычных розніц дзесяткі тысяч беларусаў ваявалі па двух баках барыкады. Знішчаліся ўзаемна і гінулі” [5].
Цяжка не пагадзіцца са сцверджаннем Яўгена Вапы, галоўнага рэдактара тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва”: “Беларускай гістарыяграфіі ў Беларусі і Польшчы, але і беларусаведаў ва ўсім свеце, нельга сёння ўявіць без асобы Юры Туронка” [6].
На зацікаўленне Юрыя Туронка гісторыяй Беларусі паўплывала некалькі прычын. Выхоўваўся ён у беларускай інтэлігенцкай сям’і, заангажаванай у нацыянальны рух у міжваенны перыяд. Яго бацька, Браніслаў Туронак, народжаны ў 1896 г. у Пястунах (гміна Новы Пагост), быў адным з заснавальнікаў Беларускага студэнцкага саюза ў Віленскім універсітэце, рэдактарам беларускай хадэцкай газеты “Krynica”. У 1926 г. закончыў медыцынскі факультэт і з 1928 г. працаваў лекарам у Дукштах [7]. Маці, Марыя Рэшаць, народжаная ў 1905 г. у Рушчанах каля Харошчы на Беласточчыне, была сястрой кс. Язэпа Рэшаця, беларускага нацыянальнага дзеяча [8]. Юры Туронак нарадзіўся 27 красавіка 1929 г. у Вільні, а дзіцячыя гады правёў у Дукштах. У роднай хаце ў Дукштах віселі на сценах партрэты Казіміра Сваяка (кс. Канстанціна Стэповіча), Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа [9]. У хаце гаварылі па-беларуску. Бацькі кантактавалі з беларускімі дзеячамі. Юры Туронак пачаў навуку ў польскай школе ў Дукштах, a калі Дукшты пад канец кастрычніка 1939 г. далучылі да Літвы, вучыўся ў літоўскай школе. Пад час нямецкай акупацыі навуку працягваў у літоўскай гімназіі ў Вільні. Як успамінаў, гэта “спрыяла ўмацненню маёй беларускай самасвядомасці. Справа ў тым, што літоўская школа была вельмі нацыяналістычная. Там вучылі любіць свой народ. Для іх гэта была Літва, для мяне – Беларусь” [10].
Пасля вайны Юры Туронак вучыўся ў беластоцкім ліцэі, у якім аднаго разу на ўроку гісторыі расказваў пра бітву пад Грунвальдам так, як вучылі яго ў літоўскай гімназіі ў Вільні: «Там за такі адказ я, магчыма, атрымаў бы “выдатна”, а тут, у польскім ліцэі, я зарабіў двойку, а найбольш балючы быў супольны рогат вучняў і настаўніка. <…> У беластоцкім ліцэі да дукштанска-віленскіх назіранняў далучыўся яшчэ крытыцызм да гістарычных “ісцін”, фабрыкаваных паклоннікамі палітычнай “праўды” на ўжытак бягучай прапаганды. Гэты крытыцызм застаўся мне на ўсё жыццё» [11].
Юры Туронак не пайшоў на гісторыю. Пасля ліцэя вывучаў эканоміку ў Гандлёвай акадэміі ў Шчэціне і ў Галоўнай школе планавання і статыстыкі ў Варшаве, якую закончыў у 1952 г. і пачаў там навукова-дыдактычную працу як асістэнт. У 1956 г. атрымаў працу ў часопісе “Rynki Zagraniczne”, займаючыся рынкам хімічных прадуктаў. У лютым 1956 г. па радыё пачуў інфармацыю пра заснаванне Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Беластоку. 13 траўня 1956 г. з групай знаёмых заснаваў Варшаўскі аддзел БГКТ і стаў яго старшынёй. Грамадская дзейнасць на беларускай ніве прычынілася да навуковага зацікаўлення беларускім нацыянальным рухам: “Мая навуковая дзейнасць выйшла з грамадскіх зацікаўленняў” [12]. Сваё зацікаўленне тлумачыў патрэбай пазнання мінулага і сучаснасці Беларусі як бацькаўшчыны: “Я ніколі ня жыў у Беларусі, толькі зрэдку, у летні час, наведваў бацькавых сваякоў на Браслаўшчыне і матчыных на Беласточчыне. З гэтай прычыны, па сутнасці, ніколі не меў магчымасці канфрантаваць ідэалізаванае хатняе нацыянальна-арыентаванае выхаванне з беларускімі рэаліямі – у даваенныя дзіцячыя гады на гэта было зарана, а пазней – амаль немагчыма. У гэтых абставінах нічога не давалі літоўскія і польскія школы, няшмат скарыстаў і з бацькавай бібліятэкі, якая згарэла падчас ваенных дзеянняў у ліпені 1944 г. Усё ж ніколі не пакідала мяне жаданне пазнаць мінуўшчыну і сучаснасць Беларусі – сапраўднай радзімы маіх бацькоў, якая мне была ўжо толькі ўяўнай бацькаўшчынай” [13].
Працуючы ў Галоўнай школе планавання і статыстыкі, Ю. Туронак спачатку зацікавіўся становішчам сельскай гаспадаркі на беларускіх землях у міжваенны перыяд. Аднак такая тэма не месцілася ў тагачасных навуковых планах афіцыйных інстытуцый у Польшчы і ў БССР.
Заснаванне БГКТ з сядзібай Галоўнага праўлення ў Беластоку і таксама там беларускага тыднёвіка “Ніва” спрычыніліся да зацікаўлення беларускім нацыянальным рухам на Беласточчыне: “Гэтая падзея ўзбудзіла маю зацікаўленасць гісторыяй беларускага нацыянальнага руху на Беласточчыне, яго пачынальнікамі і дзеячамі. Аднак такія пытаньні не ўкладваліся ў пляны катэдраў ці інстытутаў, не адпавядалі яны і задачам БГКТ, таму давялося працаваць самастойна, без нічыёй інспірацыі і фінансавай дапамогі, з марнай надзеяй на магчымасць публікацыі даследчыцкіх вынікаў” [14]. Юры Туронак, дзейнічаючы ў БГКТ, асабліва цікавіўся беларускім школьніцтвам. У выніку яго даследаванняў з’явіліся наступныя працы: “Нарыс развіцця школьніцтва на Беласточчыне ў 1773–1939 гг.” (Навуковы зборнік, 1974), “Okupacyjna polityka szkolna w Okręgu Białostockim (1941–1944)” (Przegląd Historyczno-Oświatowy, 1976, nr 3(73), s. 307–332), “Школа на Свентаерскай вуліцы” (Беларускі каляндар, 1976), “Беларускае школьніцтва на Беласточчыне ў пасляваенны перыяд” (Беласток, 1976).
У сярэдзіне 1970-х гадоў Юры Туронак заняўся гісторыяй беларускага нацыянальнага руху на пераломе ХІХ і ХХ ст. і адным з яго пачынальнікаў – Вацлавам Іваноўскім: “Мне хацелася перш за ўсё высветліць сапраўдную ролю ў гэтым руху Вацлава Іваноўскага, якога абміналі, прыніжалі, а нават аплёўвалі беларускія гісторыкі і публіцысты – савецкія і іншыя” [15]. Ён звярнуў увагу на ўплыў прафесара С. Александровіча з Мінска на выбар даследчыцкай тэматыкі: “На зацікаўленьні гэтым дзеячом паўплывалі перш за ўсё размовы з прафесарам БДУ Сцяпанам Александровічам, які бадай упершыню раскрыў мне яго ролю і значэньне ў працэсе змаганьня за дзяржаўнасьць Беларусі, за што абвінавачваўся ўладамі БССР ва ўсіх магчымых грахах і быў імі асуджаны на вечны нябыт у народнай памяці. Гэта інтрыгавала і будзіла жаданьне праверыць закіды супраць Іваноўскага. Пачаліся досьледы яго дзейнасьці ў Пецярбургу, Вільні, Варшаве і Менску – вывучаліся архіўная дакумэнтацыя, пэрыёдыкі, успаміны і рэляцыі сьведкаў, што дазволіла абгрунтаваць беспадстаўнасьць многіх хлусьлівых прыёмаў беларускіх савецкіх публіцыстаў” [16]. Ва ўступе пра Вацлава Іваноўскага тлумачыў сваё зацікаўленне яго асобай: “Асоба Іваноўскага была выкрэслена з гісторыі беларускай культуры і нацыянальнага руху. Згодна з інструкцыямі камуністычных уладаў Беларусі, яго прадстаўлялі як ворага народу, польскага або нямецкага агента, рабаўніка і пачвару, што купалася ў людской крыві. У мінскіх навуковых колах пра яго размаўлялі ціхенька. <…> Гэта будзіла мой супраціў і стымулявала да самастойных даследаванняў. Пачаліся яны ў канцы 70-х гадоў з маленькіх, але захапляльных пошукаў у польскіх архівах і бібліятэках, з карэспандавання і размоў з асобамі, якія ведалі Вацлава Іваноўскага і супрацоўнічалі з ім” [17]. Трымаючыся навуковага падыходу, Туронак здолеў аб’ектыўна даследаваць жыццё і дзейнасць Вацлава Іваноўскага. Выкарыстаў і спалучыў шмат навуковых метадаў: аналізаваў архіўныя крыніцы, прэсу, успаміны і сведчанні сучаснікаў. Пакуль кніга “Wacław Iwanowski i odrodzenie Białorusi” (Варшава, 1992) не выйшла з друку, публікаваў яе фрагментамі ў форме артыкулаў у выданнях Інстытута славістыкі ПАН, чаму спрыяў яго тагачасны дырэктар прафесар Васіль Белаказовіч. Тады выйшлі “Wokół genezy «Dziadźki Antona” (Slavia Orientalis, 1983, № 3), “Z dziejów białoruskiego ruchu wydawniczego w latach 1902–1905” (Studia polono-slavica-orientalia. Acta litteraria, 1985, т. IX), “Geneza i autorstwo pierwszego elementarza białoruskiego” (Slavia Orientalis, 1986, № 3), «Działalność białoruskiego wydawnictwa “Zahlanie sonca i u nasza akonca” w Petersburgu (1906–1914)» (Studia polono-slavica-orientalia. Acta litteraria, 1992, т. XII).
Юры Туронак, працуючы навукова па-за акадэмічным асяроддзем, меў невялікія магчымасці перадаваць свае беларусазнаўчыя веды маладому пакаленню. Хоць стварэнне кафедры беларускай філалогіі ў Варшаўскім універсітэце ў 1956 г. было адным з галоўных пастулатаў групы, якая арганізавала Варшаўскі аддзел БГКТ, Юры Туронак не стаў яе супрацоўнікам і свае беларусазнаўчыя даследаванні праводзіў незалежна ад гэтай навуковай установы. Моладзь, якая прыходзіла ў сядзібу БГКТ у Варшаве па вуліцы Сенатарскай, не была асабліва зацікаўленая пашырэннем ведаў на беларускія тэмы, што было мэтай дзейнасці Туронка: “Асноўнай задачай нашай арганізацыі я лічыў працу з моладдзю, ад нацыянальнага стаўлення якой у многім залежала будучыня руху на Беласточчыне. Пераважную яе частку складалі студэнты розных вышэйшых навучальных устаноў, некаторыя працавалі на варшаўскіх мерапрыемствах. Бадай усе паходзілі з беларускіх вёсак Беласточчыны, вырасталі ў прымітыўных умовах, вучыліся пасля вайны і ўжо не адчувалі кроўнай сувязі з Беларуссю і яе народам. Іх нацыянальную адметнасць абумоўлівала праваслаўнае веравызнанне і традыцыя, а асноўным імкненнем было лепшае жыццё ў горадзе. У такім становішчы для многіх юнакоў і дзяўчат беларускае нацыянальнае пытанне мела другараднае значэнне, не было іх жыццёвым арыенцірам” [18]. Пішучы пра студэнцкую моладзь, асабліва пра выпускнікоў беларускіх ліцэяў у Бельску Падляшскім і ў Гайнаўцы, якая ў сярэдзіне 1960-х г. бывала ў Варшаўскім аддзеле БГКТ, сцвярджаў, што “іх нацыянальная адметнасць была цмяная, на што ў значнай меры ўплывала школьнае выхаванне ў духу польскага патрыятызму. Нашы спробы прывіць ім беларускую нацыянальную свядомасць не давалі станоўчых вынікаў, і толькі невялікая іх частка пасля заканчэння вучобы актыўна працавала на беларускай ніве” [19].
Толькі калі ў 1980-я гады заснаваўся беларускі студэнцкі рух, згуртаваны ў Беларускае аб’яднанне студэнтаў (БАС), Юры Туронак, маючы значныя дасягненні ў галіне гісторыі Беларусі, хоць і быў у апазіцыі да БГКТ, стаў аўтарытэтам для студэнтаў. У 1985 г. Ганна Кандрацюк (студэнтка беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта) і Валянцін Сельвясюк (студэнт Акадэміі мастацтваў) запрасілі Юрыя Туронка на гадавіну Беларускай Народнай Рэспублікі, каб расказаў гісторыю БНР, пра якую дасюль не гаварылася (апрача эмігранцкіх кругоў). Юры Туронак цешыўся даверам беларускай студэнцкай моладзі, меў ёй шмат што прапанаваць – перадусім гістарычныя веды, недаступныя ў польскіх і беларускіх падручніках. Яго запрашалі на студэнцкія атрасіны, рэйды і мерапрыемствы (Купалле), на лекцыі Беларускага народнага ўніверсітэта ў Беластоку, на з’езд беларускіх студэнтаў у Бельску Падляшскім (23 сакавіка 1987 г.) [20]. У 1988 г. на просьбу студэнта гісторыі Варшаўскага ўніверсітэта Яўгена Вапы Юры Туронак падрыхтаваў макет з забароненымі вершамі Янкі Купалы, працамі Яўгена Калубовіча “Айцы БССР і іхны лёс” і “Акт 25 сакавіка”, якія выйшлі падпольна невялікімі брашурамі. Распаўсюджваліся яны на сустрэчах БАСа і ў асяроддзі беларускай меншасці ў Польшчы. Падаваліся ў іх раней невядомыя факты.
Юры Туронак дапамагаў таксама студэнтам у выданні беларускіх спеўнікаў. У 1985 г. перадаў студэнтцы беларускай філалогіі Марылі Базылюк касету з беларускімі песнямі Данчыка (Багдана Андрусішына), якую сам атрымаў з Лондана. Яна стала асновай для выдання першага беларускага спеўніка. У 1989 г. Юры Туронак перапісаў на машынцы папулярныя беларускія песні і выдаў спеўнік “Гарыць вогнішча” тыражом 400 экз. [21].
Юры Туронак стаў аўтарытэтам для пакалення студэнтаў 1990-х гадоў і маладых даследчыкаў гісторыі Беларусі. Чытаў лекцыі, пад час які прэзентаваў вынікі сваіх даследаванняў у галіне гісторыі Беларусі. Даваў парады і дапамагаў студэнтам, асабліва Варшаўскага ўніверсітэта, якія вырашылі пісаць магістарскія працы на беларускія тэмы. Сярод іх успамінаў Марылю Базылюк, Лілю Бурылу, Яўгенію Шымчук, Ганну Матысюк [22]. Марыля Базылюк з беларускай філалогіі пісала магістарскую працу пра “нашаніўца” Яўгена Хлябцэвіча, Яўгенія Шымчук з паліталогіі – пра міжнародную палітыку Беларускай Народнай Рэспублікі, Аліцыя Петручук з права – пра канцэпцыі беларускай дзяржаўнасці ў 1915–1921 г., Яўген Вапа з гісторыі – пра беларускага дзеяча Фабіяна Акінчыца. Маладым даследчыкам даваў каштоўныя парады, якіх не маглі ім даць іхнія ўніверсітэцкія прамотары, што не мелі адпаведных беларусазнаўчых ведаў; падказваў крыніцы і даваў сабраныя самім матэрыялы.
У памяці Юрыя Туронка засталіся таксама іншыя студэнты – Мікола Ваўранюк, Юры Ляшчынскі, Аліна Васілюк, Багдан Сіманенка, Аліна Якімюк [23]. Частка з іх дасюль звязаная з беларускім рухам у Польшчы, асабліва на Беласточчыне. Маладыя навукоўцы і даследчыкі гісторыі Беларусі, якія ў сярэдзіне 1980-х заняліся беларускай тэматыкай, звярталіся не раз да Юрыя Туронка па парады ці дзеля абмену думкамі. І заўсёды яны маглі разлічваць на яго дапамогу ў доступе да сабраных ім матэрыялаў ці на ўказанні, дзе трэба іх шукаць і як падысці да канкрэтнай тэмы. Я таксама лічу сябе вучаніцай Юрыя Туронка ў беларусазнаўчых даследаваннях. Ён шмат разоў даваў мне каштоўныя парады і матэрыялы, спрыяючы маім публікацыям. Для мяне Юры Туронак назаўсёды застанецца ў памяці не толькі як выдатны гісторык і настаўнік, але перадусім як цудоўны сябра і высакародны ЧАЛАВЕК.
[1] Туронак Ю. За кардонам Бацькаўшчыны. Мінск, 2010. С. 190– 191.
[2] Тамсама. С. 192–193.
[3] Скобла М. Ахоўная сцяна Беларусі // Наша вера. 2011. № 2. C. 31.
[4] Тамсама.
[5] Юры Туронку – 75 (размова Я. Вапы з Ю. Туронкам) // Ніва. № 17 (25.04.2004). C. 1.
[6] Тамсама.
[7] Чачуга A. Сага аб Туронках // Ніва. № 44 (29.10.2000). C. 5; № 45 (5.11.2000). C. 8.
[8] Чачуга A. Сага аб Туронках // Ніва. № 46 (12.11.2000). С. 4.
[9] Чачуга A. Сага аб Туронках // Ніва. № 47 (19.11.2000). С. 4.
[10] Тамсама.
[11] Тамсама.
[12] Чачуга A. Сага аб Туронках // Ніва. № 48 (26.11.2000). С. 4.
[13] Туронак Ю. Прадмова // Ён жа. Мадэрная гісторыя Беларусі. Вільня, 2006. С. 10.
[14] Тамсама.
[15] Чачуга А. Сага аб Туронках // Ніва. № 50 (10.12.2000). С. 4.
[16] Туронак Ю. Прадмова // Ён жа. Мадэрная гісторыя Беларусі. C. 11.
[17] Turonek J. Wacław Iwanowski i odrodzenie Białorusi. Warszawa, 1992. S. 6.
[18] Туронак Ю. За кардонам Бацькаўшчыны. С. 143.
[19] Тамсама. С. 157.
[20] Тамсама. С. 170–171.
[21] Тамсама. С. 172–173.
[22] Тамсама. С. 173–174.
[23] Тамсама. С. 174.