БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС
Галоўная » Запісы па тэме 'Метадалогія гісторыі'

Артыкулы па тэме ‘Метадалогія гісторыі’

Макс Шэлер. Чалавек і гісторыя


Славуты нямецкі філосаф Макс Шэлер (1874—1928) нарадзіўся ў пратэстанцкай сям’і ў Мюнхене. Cтудыяваў медыцыну, філасофію, сацыялогію і псіхалогію ў Мюнхене і Берліне. Доктарскую дысертацыю абараніў у Енскім універсітэце ў 1897 г., дзе праз два гады і габілітаваўся. Працаваў у Ене, Мюнхене, Гёцінгене, Кёльне і ў Франкфурце-на-Майне, быў асабіста знаёмы з Эдмундам Гусэрлем, Раманам Інгардэнам, Мікалаем Бярдзяевым і інш. У 1920-х г. як адзіны з вядомых філосафаў адкрыта папярэджваў пра небяспеку як нацыянал-сацыялізму, так і марксізму. У Еўропе яго навуковая спадчына пачала перавыдавацца толькі пасля ІІ сусветнай вайны. Папа Ян Павел ІІ прысвяціў філасофіі Шэлера сваю габілітацыйную працу і шэраг артыкулаў. З 1993 г. існуе «Міжнароднае таварыства Макса Шэлера». Публікацыяй твора «Чалавек і гісторыя» наш часопіс упершыню знаёміць з Максам Шэлерам і беларускага чытача.
Чытаць далей →

Mediaevalia Ucrainica: Ментальність та історія ідей (Генадзь Сагановіч)

Mediaevalia Ucrainica: Ментальність та історія ідей. Київ. Том 1. (1992). 121; Том 2. (1993). 136; Том 3. (1994). 132; Том 4. (1995). 125; Том 5. (1998). 127.

Новае перыядычнае выданне Украіны, прысвечанае даследаванням сярэднявечнай свядомасці, стала адной з праяваў найноўшых плыняў усходнееўрапейскай гістарыяграфіі. Mediaevalia Ucrainica — украінскі аналаг вядомаму маскоўскаму «Одиссею». У першым томе рэдкалегія акрэсліла, што ў фокусе ўвагі яе публікацый будуць «катэгорыі штодзённай культуры і элітарныя тэорыі, візантыйска–праваслаўныя і еўрапейска–лацінскія карані ўкраінскай думкі». Хоць спачатку нідзе спецыяльна не пазначалася, якімі мусяць быць храналагічныя рамкі Сярэднявечча, з публікацый ужо першага тома вынікала (бо шэраг артыкулаў ахапляў ХVII—XVIII ст.), што яно разумеецца тут па–«аналаўску», у канцэпцыі доўгатрываласці. У 2 томе рэдактары Аляксей Талочка і Наталля Якавенка спецыяльна зазначылі, што яны трымаюцца «доўгага Сярэднявечча», якое «ва ўмовах Украіны ахапляла ледзь не ўсё ХVІІІ ст.». Такая ўстаноўка вытрымана і ў наступных нумарах.
Чытаць далей →

Рышард Радзік. Ад этнічнага згуртавання да нацыянальнай супольнасці

Заключаныя ў назве паняцці маюць служыць даследаванню нацыятворчых працэсаў на абшары Цэнтральна-Усход няй Еўропы[1] (з асаблівай увагай да ўсходніх земляў былой Рэчы Паспалітай, адпаведна, Беларусі, Украіны і Літвы) у XIX і першыя дзесяцігоддзі XX ст., асабліва працэсаў пераходу ад этнічных згуртаванняў да нацыянальных супольнасцяў. (Гэта не азначае, што дадзеныя паняцці не могуць быць прыдатнымі для даследавання нацыянальных працэсаў па-за згаданай тэрыторыяй.) Вынікам гэтага ёсць разуменне этнічнага згуртавання ў адпаведнасці з рэаліямі грамадстваў феадальнага тыпу XIX ст. на дадзеным абшары. Такое разуменне адрознівае этнічнае згуртаванне ад паняцця этнічнай групы, якое стасуецца да супольнасцяў сучаснай Еўропы і Паўночнай Амерыкі, з’яднаных калісьці ідэалагічнымі сувязямі.
Чытаць далей →

Генадзь Сагановiч. У пошуках Сярэднявечча

Гiсторык ведае, што ўсялякi падзел часу на перыяды штучны.
Дзiтрых Гергард

Мiнула шэсць гадоў, як абвалiўся Савецкi Саюз, а ў гуманiстыцы яшчэ так мала змянiлася. Крытыка i перагляд метадалагiчных падыходаў старой гiстарыяграфii ў Беларусi толькi пачынаюцца. У нас дасюль яшчэ не было сур’ёзных навуковых дыскусiй, хоць гiсторыкi-практыкi непазбежна сутыкаюцца з многiмi праблемамi, абумоўленымi непрыдатнасцю ранейшых прынцыпаў для адэкватнага тлумачэння гiстарычнага працэсу. Адным з цэнтральных пытанняў такога характару з’яўляецца перыядызацыя. Беларускiя гiсторыкi яшчэ нiколi не надавалi ёй належнага значэння. Нават сярод навучальнай лiтаратуры спецыяльны параграф, у якiм уводзiцца адпаведны падзел мiнулага на перыяды, маюць толькi «Кароткi нарыс» Усевалада Iгнатоўскага ды унiверсiтэцкi дапаможнiк часоў стагнацыi[1]. I вось у апошнiя гады становiшча з перыядызацыяй у беларускай гiстарыяграфii быццам стала мяняцца, аднак робiцца гэта настолькi легкадумна, што выклiкае адно здзiўленне.
Чытаць далей →

Эдвард Г. Кар. Гiсторык i яго факты*


* Carr E.H. The Historian and His Facts // яго ж, What is History. London. 1990. P.7-30.
Што такое гiсторыя? Якiм бы бессэнсоўным i непатрэбным не здавалася такое пытанне, працытую два ўрыўкi, датычныя адпаведна першага i другога выданняў Cambridge Modern History („Кембрыджскай новай гiсторыi»). Эктан у сваiм дакладзе аб працы, выкананай над гэтым выданнем, у кастрычнiку 1896 г. перад сiндыкамi Cambridge University Press гаварыў:

Iснуе ўнiкальная магчымасць усю сукупнасць ведаў, якiя ХIХ ст. рыхтуецца перадаць нашчадкам, запiсаць самым прымальным для найбольшай колькасцi людзей спосабам… Нам трэба зрабiць гэта шляхам рацыянальнага падзелу працы, i прынесцi ў кожны дом канчатковы дакумент i самыя плённыя вынiкi мiжнародных даследаванняў.

Чытаць далей →

Лорэнс Стоўн. Вяртанне наратыву: развагi пра новую старую гiсторыю*


Я вельмi абавязаны маёй жонцы i маiм калегам — прафесарам Робэрту Дэрнтану, Наталi Дэйвiс, Фэлiксу Джыльбэрту, Чарльзу Джылiспi, Тэадору Рабу, Карлу Шорскэ i многiм iншым за каштоўныя заўвагi да першага варыянту гэтага нарысу. Бальшыню iхных прапановаў я прыняў, аднак адказнасць за канчатковы вынiк нясу толькi я.

* Stone, Lawrence. The revival of narrative: reflections on a new old history, — Chapter 3 from his book: The past and the present. Boston, London and Henley, 1981.P.74-96

I

Гiсторыкi заўсёды апавядалi гiсторыi. Ад Фукiдзiда з Тацытам да Гiбона з Маколеем iхная найвялiкшая амбiцыя заў-жды палягала ў тым, каб выкласцi свой аповед жывою, элегантнаю прозаю. Гiсторыя лiчылася галiною рыторыкi. Аднак у апошнiя пяцьдзесят гадоў дзеячы т. зв. «новае гiсторыi» перыяду пасля II сусветнай вайны[1], якiя ўважалi сябе за авангард свае прафесii, зняславiлi гэтую апавядальнiцкую функцыю. У Францыi апавядальнiцтва адрынулi як l’histoire événementielle («гiсторыю падзеяў»). Цяпер, аднак, я заўважаю прыкметы падводнае плынi, якая зноў зацягвае шмат каго з вядомых «новых гiсторыкаў» у тую цi iншую форму наратыву.
Чытаць далей →

Першы дапаможнiк па метадалогii* (Марына Сакалова)


* Методология истории. Учебное пособие для студентов вузов. Под ред. А.Н.Алпеева и др. Минск, 1996. 240.
У 1996 г. мeнскае выдавецтва «Тэтрасiстэмс» выпусцiла навуковы дапаможнiк па метадалогii гiсторыi для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў. Змест дапаможнiка быў распрацаваны, галоўным чынам, выкладчыкамi i загадчыкам кафедры ўсеагульной гiсторыi Гарадзенскага ўнiверсiтэту. Як зазначана, «iстотны ўклад, асаблiва ў раздзел аб метадах гiстарычнага пазнання, унесла кафедра крынiцазнаўства i музеязнаўства Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэту» (С.5), Савет беларускай Асацыяцыi «Гiсторыя i кампутар», а таксама Гуманiтарна-эканамiчны недзяржаўны iнстытут.
Чытаць далей →

Буховец, Олег Г. Социальные конфликты и крестьянская ментальность в Российской империи (Вячаслаў Насевiч)


БУХОВЕЦ, ОЛЕГ Г. Социальные конфликты и крестьянская ментальность в Российской империи начала ХХ века. Новые материалы, методы, результаты. Москва: Мосгорархив. 1996. 400.

Спрэчкi аб тым, як трэба пiсаць гiсторыю, цягнуцца не першае дзесяцiгоддзе. У апошнi час яны набылi такую вастрыню, што паўстае пытанне пра «крызiс гiстарычнага пазнання». Менавiта з гэтай тэмы пачынае сваю кнiгу супрацоўнiк Iнстытута гiсторыi Нацыянальнай Акадэмii навук Беларусi Алег Бухавец, хоць у асноўным яго праца прысвечана канкрэтнаму i параўнальна лакальнаму пытанню: даследаванню сялянскiх выступленняў у асобных рэгiёнах Расii з 1905 па 1914 г. i тых калектыўных уяўленняў, што стаялi за iмi. Пачынаючы першую з трох частак сваёй працы аналiзам сучасных тэорый, падыходаў i метадаў гiстарычнага даследавання ў кантэксце пераадолення крызiсу, аўтар тым самым бярэ на сябе абавязак у дзвюх астатнiх частках даць канкрэтны прыклад найбольш адпаведнага, з яго пункту гледжання, падыходу. Гэта, безумоў-на, выводзiць значэнне кнiгi далёка за рамкi тэмы, вынесенай у яе загаловак, i заслугоўвае ўвагi ўсiх, каго цiкавяць агульныя праблемы гiстарычнай навукi.
Чытаць далей →

Эдвард Гэлет Кар. Прычыннасць у гiсторыi*


* Carr, Edward H., Causation in History // What is History? Pinguin Books 1990, 87-108.
Калi малако кiпяцiць у патэльнi, яно выбяжыць. Я не ведаю i зусiм не хачу ведаць, чаму так адбываецца. Калi б нехта стаў патрабаваць адказу, я мог бы спiсаць гэта на ўласцiвасць малака выбягаць. Дастаткова справядлiва, але гэта нiчога не тлумачыць. Вiдавочна, такi адказ сведчыць, што я не прыродазнавец. Гэтаксама нехта можа казаць i нават пiсаць пра падзеi мiнулага без нiякага жадання даведацца, чаму яны адбылiся. Нехта пагодзiцца са сцверджаннем, што II сусветная вайна пачалася з прычыны таго, што Гiтлер хацеў вайны. Гэта дастаткова справядлiва, але не тлумачыць нiчога. Тады той нехта не мае нiякага права называць сябе даследчыкам гiсторыi або гiсторыкам. Вывучэнне гiсторыi ёсць вывучэннем прычынаў. Гiсторык пастаянна задае сабе пытанне «Чаму?», i пакуль ёсць надзея знайсцi адказ, ён не можа супакоiцца. Вялiкi гiсторык — цi я б сказаў шырэй, вялiкi мысляр -гэта чалавек, якi задае пытанне «Чаму?» у дачыненнi да новых рэчаў, або да старых рэчаў у новых кантэкстах.
Чытаць далей →

Георг Iгерс. Марксiсцкая гiстарыяграфiя ад гiстарычнага матырялiзму да крытычнай антрапалогii*


* Iggers, Georg G., Die marxistische Geschichtswissenschaft vom Historischen Materialismus zur kritischen Anthropologie, in; Ders., Geschichtswissenschaft im XX. Jahrhundert. Ein kritischer Überblick im internationalen Zusammenhang, Göttingen 1993, 63-73.

З крахам сiстэмы рэальнага сацыялiзму, якая лiчылася ўвасабленнем марксiсцкiх цi марксiсцка-ленiнскiх iдэй, само па сабе паўстала пытанне, цi не страцiў марксiзм сваю актуальнасць i як навуковы метад, а не толькi як грамадская сiстэма.
Чытаць далей →

Аўгуст Нічкэ. Праблематыка гістарычнай антрапалёгіі


Тлумачэньні да дасьледаваньня гісторыі дзяцінства i юнацтва[1]

Тыя, што сёньня гавораць пра гістарычную антрапалёгію, не заўсёды маюць на ўвазе адно й тое ж.

Некаторыя гісторыкі выкарыстоўваюць слова антрапалёгія ў англа-саксонскім сэнсе. Яны мысьляць пры гэтым навуку, якая раней у Нямеччыне называлася этналёгіяй. Гэтыя гісторыкі зьвяртаюцца да гістарычных крыніцаў з тымі пытаньнямі, якія звычайна ставяць этнолягі. Так яны дасьледуюць штодзённае жыцьцё, структуру сям’і, выхаваньне дзяцей, формы шлюбу, працоўныя навыкі. Паколькі яны вывучаюць грамадзтвы мінулага, іхняя праца мае гістарычны характар; вынікі гэтай працы мусяць дапаўняць апісаньне й аналіз палітычных падзей i эканамічных працэсаў[2].
Чытаць далей →