БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС
Галоўная » Запісы па тэме 'Рэцэнзіі'

Артыкулы па тэме ‘Рэцэнзіі’

Рудовіч, Станіслаў. Час выбару: Праблема самавызначэння Беларусі ў 1917 (Валянціна Лебедзева)


Рудовіч, Станіслаў C. Час выбару: Праблема самавызначэння Беларусі ў 1917 г. Мінск, 2001. 200 c.

Нягледзячы на значную цікавасць сучасных даследчыкаў да праблемы барацьбы за дзяржаўна–нацыянальнае вызначэнне, яе распрацоўка на сёння не прывяла да стварэння грунтоўных абагульняльных прац. У адрозненне, прыкладам, ад Украіны, у нас няма нават нарысаў і біяграфічных даведнікаў пра дзеячаў нацыянальнага руху. Таму выхад працы Станіслава Рудовіча — вельмі заўважная для сучаснай гістарыяграфіі з’ява.

У кнізе ўтрымліваецца ўзважаны гістарыяграфічны аналіз: вызначаны асноўныя этапы і вынікі даследавання праблемы, эвалюцыя канцэпцый і ацэнак. Аўтар слушна заўважае, што, нягледзячы на пераўтварэнне тэмы ў цэнтральную ў вывучэнні гісторыі Беларусі ХХ ст., сённяшнія даследаванні застаюцца на эмпірычным узроўні. Праблема самавызначэння Беларусі разглядалася ў асноўным „знутры“, адарвана ад міжнароднага кантэксту, агульнаеўрапейскага нацыянальнага пытання. Агаворваючы пры гэтым, што прадметам даследавання з’яўляюцца палітычныя аспекты беларускай праблемы і прэтэндуючы на пераадоленне „адзначанай звужанасці“ і падвышэнне тэарэтычнага ўзроўню даследавання, аўтар ставіць на мэце аналіз беларускага пытання „ў яго ўзаемасувязях з агульнарасійскімі і міжнароднымі працэсамі“. Зместам гэтых працэсаў аўтар уважае расійскія рэвалюцыі 1917 г., таму аддае ўвагу метадалагічнай праблеме вызначэння іх сутнасці, але заўважым, што гэтае пытанне займае досыць сціплае месца ва ўводзі­нах да манаграфіі і замест уласна аўтарскіх меркаванняў абмяжоўваецца спасылкамі на апошнія вы­сновы і канстатацыі расійскіх гісторыкаў.
Чытаць далей →

Turonek, Jerzy. Książka białoruska w II Rzeczy­pospolitej (1921—1939); Туронак, Юры. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (Юрась Лаўрык)

Turonek, Jerzy. Książka białoruska w II Rzeczy­pospolitej (1921—1939) / Instytut Sławistyki PAN. Warszawa, 2000. 79 s.;

Туронак, Юры. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939–1944). Мінск, 2002. 142 с. (Б–ка часопіса БГА, Серыя «Матэрыялы да беларускай гісторыі»).

Дзве новыя працы беларускага гісторыка з Польшчы Юрыя Туронка, прысвечаныя гісторыі кнігі найноўшага перыяду, асвятляюць тэмы, якія дагэтуль былі вельмі мала даследаваны, i не непасрэдна ў бібліялагічным плане, а хутчэй y сувязі з іншымі дысцыплінамі. Аўтар, стала жывучы ў Польшчы, мае пэўную перавагу перад навукоўцамі з Беларусі ў магчымасцях доступу як да саміх выданняў, якія ён вывучае (асабліва гэта датычыць заходнебеларускіх), так i да звязаных з імі матэрыялаў. Напэўна гэта, а таксама яго прафесійныя якасці гісторыка дазволілі Туронку стварыць два выключныя па сваім характары даследаванні i закласці падмурак гістарыяграфіі названых тэмаў.
Чытаць далей →

Смиловицкий, Леонид. Катастрофа евреев в Белоруссии: 1941—1944 (Эмануіл Іофэ)

Смиловицкий, Леонид. Катастрофа евреев в Белоруссии: 1941—1944 гг. Тель–Авив, 2000. 432 с. 2 карты.

Хоць даследчык Даніэль Раманоўскі назваў кнігу Л. Смілавіцкага першай навуковай працай па гісторыі катастрофы яўрэяў у Беларусі, напісанай на расійскай мове (с. 7), гэта не адпавядае рэчаіснасці. Дастаткова  згадаць кнігу Яўгена Розенблата ды Ірыны Яленскай „Пинские евреи. 1939—1944 г.“ (Берасце, 1997), кандыдацкую дысертацыю Я. Розенблата „Нацысцкая палітыка генацыду ў дачыненні да яўрэйскага насельніцтва заходніх вобласцяў Беларусі (1941—1944 г.)“, абароненую 28 студзеня 2000 г. у Інстытуце гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, а таксама шэраг навуковых прац М. Батвініка, Э. Іофэ, Р. Чарнаглазавай ды іншых даследчыкаў. Разам з тым, праца „Катастрофа евреев в Белоруссии. 1941—1944 г.“ з’яўляецца значным унёскам у вывучэнне дадзенай праблемы. Гэта своеасаблівы летапіс гісторыі нацысцкай палітыкі генацыду супраць яўрэйскага насельніцтва Беларусі ў гады II су­светнай вайны.
Чытаць далей →

Беларусь, 22 июня 1941 года: Говорят архивы (Юры Грыбоўскі)

Беларусь, 22 июня 1941 года: Говорят архивы… / Отв. ред.–сост. Р.П. Платонов, В.В. Федосов. Минск, 2001. 145 с.

Гэта зборнік матэрыялаў „круглага стала“, прысвечанага 60–годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны, што быў праведзены ў чэрвені 2001 г.  Ён складаецца з шаснаццаці дакладаў удзельнікаў „круглага стала“, якімі сталі супрацоўнікі БелНДІДАС, гістарычнага факультэта БДУ, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, МДПУ імя М.Танка і інш. Заўважна, што аўтары намагаліся адлюстраваць як мага больш аспектаў, звязаных з пачаткам нямецка–савецкай вайны, шмат з якіх па пэўных прычынах дасюль абміналіся ўвагай айчынных даследчыкаў. У гэтым сэнсе можна звярнуць увагу на наступныя даклады: Аляксандра Жайваронка („Аб ваенна–эканамічнай гатоўнасці СССР да адбіцця фашысцкай агрэсіі“), Ігара Валахановіча („Дзейнасць НКДБ БССР па стварэнні аператыўных груп і партызанскіх аддзелаў у чэрвені–жніўні 1941 г.“), Юрыя Зверава („Становішча савецкіх ваеннапалонных у першыя месяцы вайны: адлюстраванне ў дакументах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь“), Таццяны Рахманько („Пачатак Вялікай Айчыннай вайны: фотаздымкі распавядаюць“), Міхася Шумейкі („Пачатак Вялікай Айчыннай вайны і беларускія архівы“). Апошні падрыхтаваў звесткі не толькі пра стан архіваў БССР пасля нямецкага нападу, але і пра непасрэдныя страты архіўных матэрыялаў. Шумейка адзначае, што за вайну цэнтральныя і абласныя архівы Беларусі ў гады вайны страцілі не менш за 58% свайго даваеннага аб’ёму. Матэрыял Валахановіча падрыхтаваны пераважна на аснове дакументаў з фондаў архіва КДБ РБ. Чытаць далей →

Белорусские остарбайтеры. Историко–аналитическое исследование (Юры Грыбоўскі)

Белорусские остарбайтеры. Историко–аналитическое исследование / Г.Д.Кнатько, В.И. Адамушко, Н.А. Бондаренко, В.Д. Селеменев; Под ред. Г.Д.Кнатько. Минск, 2001. 336 с.

Кніга з’яўляецца падсумаваннем ранейшых напрацовак па праблеме прымусовага выгану беларускага насельніцтва на працу ў Райх, апублікаваных айчыннымі і замежнымі даследчыкамі ў 1990–я г. У савецкі час гэтая тэма згадвалася ў асноўным у кантэксце разгляду пытанняў гітлераўскага генацыду і антыфашысцкага руху ў Беларусі ў гады вайны.

Кніга складаецца з чатырох раздзелаў. У прадмове (с.5—14) аўтары робяць поўны агляд савецкай, сучаснай беларускай і замежнай гістарыяграфіі. У першым раздзеле („Крах «бліцкрыга»  як імпульс да з’яўлення остарбайтэраў“, 15—29) з’ява „беларускіх остарбайтэраў“ разглядаецца ў кантэксце агульнага асвятлення пытання замежных працоўных у Райху. Так, зазначаецца, што яшчэ ў 1940 г. у Нямеччыне знаходзілася каля аднаго мільёна працоўных з акупаваных Нямеччынай краін. Даючы характарыстыку дзяржаўным органам у Трэцім Райху, якія займаліся забеспячэннем кіравання працоўнай сілай, аўтары падкрэсліваюць, што гэтыя функцыі  выконвалі райхсміністэрствы для акупаваных усходніх тэрыторый і эканамічны штаб „Усход“ (24). Таксама зазначаецца, што да практыкі выкарыстання іншаземнай прымусовай працоўнай сілы нямецкі ўрад звяртаўся яшчэ ў гады Першай сусветнай вайны, пасля таго як у 1914 г. выйшла распараджэнне вайсковага ведамства аб затрыманні на сваёй тэрыторыі цывільных грамадзян краін, з якімі Нямеччына  знаходзілася ў стане вайны, і накіраванні іх на т.зв. тэрміновыя работы (18). Чытаць далей →

Гужалоўскі, Аляксандр А. Нараджэнне беларускага музея; ён жа, Музеі Беларусі (1918—1941) (Вольга Коваль)

ГУЖАЛОЎСКІ, АЛЯКСАНДР А. Нараджэнне беларускага музея. Мінск, 2001. 124 с.;
ён жа, Музеі Беларусі (1918—1941 гг.) Мінск, 2002. 176 с.

Першая праца Аляксандра Гужалоўскага прысвечана станаўленню на беларускіх тэрыторыях музеяў як сацыяльнага інстытута. У кнізе разглядаецца развіццё ўсіх музеяў Беларусі ў рамках яе этнічных межаў, якія былі створаны да 1917 г. Чытач можа прасачыць працэс станаўлення беларускага музея ад з’яўлення прыватных збораў у XI—XIII ст. да пачатку арганізацыі сеткі дзяржаўных музеяў.
Чытаць далей →

Nyomárkay István. Kroatističke studije (Сяргей Запрудскі)

Nyomárkay István. Kroatističke studije. Zagreb, Matica hrvatska, 2000. 303 S.

Кніга вядомага венгерскага харватыста, загадчыка кафедры славістыкі і балтыстыкі універсітэта імя Лоранда Этвеша ў Будапешце Іштвана Нёмаркаі «Харватыстычныя даследаванні» выйшла ў Заграбе ў серыі «Бібліятэка замежных харватыстаў». У 1961 г. І.Нёмаркаі скончыў філасофскі факультэт Будапешцкага універсітэта па спецыяльнасці «славістыка і венгерыстыка» і з таго часу займаецца вывучэннем (сербска)харвацкай мовы, асаблівую ўвагу аддаючы яе кантактам з венгерскай мовай. На рахунку навукоўца манаграфіі «Замежныя словы ў харвацкасербскай (сербскахарвацкай) мове» (1984), «Венгерскія ўзоры харвацкага моўнага абнаўлення» (1989), «Моўна–гістарычны слоўнік градзішчанскіх харватаў» (1996) і шматлікія публікацыі ў навуковай перыёдыцы. У зборнік «Харватыстычныя даследаванні» ўключаны працы розных гадоў, якія даюць уяўленне пра кола навуковых інтарэсаў І.Нёмаркаі.
Чытаць далей →

Povolý Daniel. Operativní technika v rukou StB. (Таццяна Буйневіч)

Povolý Daniel. Operativní technika v rukou StB. Úřad dokumentace a vyšetřování zločinů komunismu. Praha, 2001. 112 s.

Прадметам даследавання аўтара стала сістэма выкарыстання аператыўнай тэхнікі службамі дзяржаўнай бяспекі Чэхаславакіі з 1948 да пачатку 80–х г. Дэфініцыю  „аператыўная тэхніка“ ён падае наступным чынам: гэта „абсталяванне, што рабіла магчымым незаўважны відэазапіс ахвяраў (патаемны светадрук, уласна відэазапіс і цікаванне з дапамогай відэакамеры), аўдыёзапіс (каротка–  і доўгатэрміновае сканаванне гукавай прасторы і праслухоўванне тэлефонаў), перлюстрацыя ліставання (механічная і хімічная праверка карэспандэнцыі), пранікненне ў замкнёныя памяшканні (тайны тэхнічны падгляд)“ (с.5). У адпаведнасці з гэтай класіфікацыяй выбудоўваюцца першыя сем раздзелаў кнігі, кожны з якіх прысвечаны асобнаму віду аператыўнай тэхнікі: 1. Каротка– і доўгатэрміновае сканаванне гукапрасторы. 2. Праслухоўванне тэлефону і тэлеграфу. 3. Тайны светадрук і відэазапіс. 4. Патаемны тэхнічны пад­гляд. 5. Перлюстрацыя ліставання. 6. Хімічная праверка карэспандэнцыі. 7. Фальшывыя пасведчанні асобы і фальшывыя пасведчанні наогул.
Чытаць далей →

Энцыклапедыя Сярэднявечча (Ірэна Ганецкая)


*Encyclopedia of the Middle Ages. Vol. 1—2. Andrй Vauchez, Barrie Dobson, Michael Lapidge (eds.). Vol. 1. I—XVIII, 1—809; Vol. 2. 810—1624. Cambridge, 2000.

У 2000 г. пабачыла свет выданне «Энцыклапедыі Сярэднявечча» ў 2 тамах пад рэдакцыяй Андрэ Вашэ разам з Бэры Добсанам і Майклам Лэпіджам. Спатрэбілася 10 гадоў на рэалізацыю гэтага грандыёзнага праекта, у якім бралі ўдзел 600 вучоных з больш чым 30 краінаў, 30 экспертаў, тры выдавецтвы. Першым было выданне на французскай мове (1997), потым «Энцыклапедыя» выйшла па–італьянску (1998–99) і, нарэшце, па–ангельску (2000). Усе тры выданні не з’яўляюцца абсалютна ідэнтычнымі, а адрозніваюцца паміж сабой найперш таму, што кожнае з іх арыентуецца на свайго чытача. Так, італьянскае выйшла ў трох тамах і шырэйшае параўнальна з французскім (якое ў прадмове рэцэнзаванага выдання ахарактарызавана як «франкацэнтрысцкае»), у ангельскім дададзена яшчэ 50 артыкулаў, якія тычацца пераважна Англіі, і значна пашырана бібліяграфія (рэдактары імкнуліся, каб кожны артыкул меў бібліяграфію, праўда, цалкам ажыццявіць задуму ўсё ж не ўдалося). Пераклад на ангельскую мову зрабіў Эдрыан Ўолфорд.
Чытаць далей →

Праблемы выдання Літоўскай метрыкі і першая беларуская публікацыя (Ганна Харашкевіч)


* Метрыка Вялікага Княства Літоўскага. Архіў Канцылярыі вялікага Князя Літоўскага. Кніга 28 (1522—1552). Кніга запісаў 28 (Копія канца ХVI ст.). Падрыхтаваў В.Мянжынскі. Менск, 2000.

Выданне Літоўскай метрыкі было адным з самых значных пачынанняў айчынных гісторыкаў-медыявістаў савецкай эпохі. Літоўскай метрыка, як бы яе ні вызначаць (побач з яе характарыстыкай як дзяржаўнага архіва Вялікага Княства Літоўскага існуе іншая — як калекцыя дакументаў, галоўную частку якой складалі матэрыялы канцылярыі княства[1] ), з’яўляецца унікальным зборам матэрыялаў, што маюць дачыненне да Ўсходняй і Цэнтральнай Еўропы. Яна змяшчае кнігі копій, створаныя ў канцы ХVI ст.
Чытаць далей →

Будапешцкія канферэнцыі пра мовы ў ВКЛ (Ігар Клiмаў)


* Studia Russica, 1999. Vol. 17. 445 с. Studia Russica, 2000. Vol. 18. 495 с.

У 1998 г. кафедра ўсходнеславянскай і балтыйскай філалогіі (да 1994 г. — кафедра рускай мовы) Будапешцкага універсітэта правяла канферэнцыю з тэматыкай «Мовы ў ВКЛ». Яе поспех натхніў кафедру на правядзенне ў 2000 г. другой канферэнцыі з той самай тэматыкай. Канферэнцыям папярэднічала выданне тэзісаў, а крыху пазней даклады ўдзельнікаў былі апублікаваныя ў перыёдыку кафедры Studia Russica, Vol. 17, 18. (Дарэчы, гэты перыёдык падае паштовыя і электронныя адрасы аўтараў для кантактаў.) Арганізатар гэтых мерапрыемстваў — д–р Андраш Золтан, вядомы, сярод іншага, і сваімі даследаваннямі старабеларускага перакладу «Аповесці пра Атылу».
Чытаць далей →

The Icon Critical Dictionary of Postmodern Thought. Ed. By Stuart Sim. (Марына Сакалова)


The Icon Critical Dictionary of Postmodern Thought. Ed. By Stuart Sim. Icon Books Ltd Cambridge 1998. 2ed. 1999.

„Крытычны слоўнік постмадэрнісцкай думкі», складзены Сцюартам Сімам, прафесарам Сандэрлэндскага універсітэта, вытрымаў тры выданні: два — у 1998 і адно — у 1999 г. Гэта ўсебаковы агляд інтэлектуальных пераменаў і феноменаў, якія змянілі культурныя перспектывы грамадства. Слоўнік падзелены на дзве часткі: 1) эсэ, 2) імёны і тэрміны. Нарысы першай часткі прысвечаны выяўленню постмадэрнісцкіх тэндэнцый у філасофіі, культуралогіі, палітыцы, навуцы, тэхналогіі, архітэктуры, мастацтве, фемінісцкіх тэорыях, музыцы, поп-культуры, кінематографе і г.д. Не абышоў складальнік слоўніка ўвагай і такія пытанні, як постмадэрнізм і стылі жыцця, постмадэрнізм, сучаснасць і традыцыя расколу. Другая частка — гэта даведнік „хто ёсць хто» і „што ёсць што» ў постмадэрнісцкім руху. Выразныя і сціслыя дэфініцыі слоўніка дапамагаюць зарыентавацца ў складанай тэрміналогіі, у незразумелым і невыразным постмадэрнісцкім жаргоне.
Чытаць далей →

Bialoruskie Zeszyty Historyczne Nr 1—14 (Аляксандр Краўцэвіч)

Віałoruskie Zeszyty Historyczne Nr 1—14, Białystok 1994—2000. (red. J.Kalina: Nr. 1—4, E. Mironowicz: Nr. 5—14).

„Беларускі Гістарычны Зборнік“ (Віałoruskie Zeszyty Historyczne) з першых сваіх нумароў перайшоў рамкі ад пачатку падрыхтаванай яму ролі маргінальнага выдання адной з нацыянальных меншасцяў Трэцяй Рэчы Паспалітай. Звязаўшы асноўны свой кірунак — гісторыю беларуска–польскага памежжа — з асвятленнем агульных праблемаў беларускай гісторыі, выдаўцы зборніка перанесліся праз усходнюю мяжу і паставілі свой паўгадавік на заўважнае месца сярод выданняў метраполіі. Месца гэтае сапраўды адметнае па дзвюх прычынах. Па–першае, на беларускім рынку гістарычнай літаратуры цяжка згубіцца, бо ён амаль пусты. Па–другое, зборнік сам па сабе — салідны навуковы перыёдык. Даваць яму такую ацэнку на сённяшні дзень уяўляецца цалкам правамерным, бо за мінулыя ад пачатку выдання сем гадоў і чатырнаццаць выдрукаваных нумароў БГЗ, несумненна, набыў уласнае аблічча.
Чытаць далей →