Таццяна Валодзіна. Адам Кіркор і „краёвая“ гістарыяграфія ў кантэксце трансфармацыі Расійскай імперыі ў XIX ст.
Правінцыйная гістарыяграфія пачала актыўна развівацца ў Расіі ў паслярэформавы час. Як паказана ў працы В. Бярдзінскіх, у вялікарускіх губернях цікавасць да рэгіянальнай гісторыі мела несумненную сувязь з ліберальна–дэмакратычнымі ідэямі 1860–х г.[1] Высілкамі мясцовых гісторыкаў стала фармавацца думка пра значэнне не толькі цэнтралізацыі, але і дэцэнтралізацыі. Сэнс такога абласніцтва быў у перакананні: Расія — гэта не толькі Масква і Пецярбург, не толькі палацы і міністэрствы, канцылярыі і штабы; „Мы“ — гэта таксама Расія. А значыць, рускую гісторыю можна было вывучаць не толькі з Пецярбурга, але і з Вяткі, Разані, Ніжняга Ноўгарада. У фокусе ўвагі апыналася развіццё „абласцей“ і самадзейнасць народа.
Вонкава падобныя, але вельмі розныя па сутнасці працэсы мы можам бачыць у дзейнасці мясцовых гісторыкаў і краязнаўцаў нацыянальных ускраін Расійскай імперыі. Тут таксама назіраўся рост цікавасці да мясцовай гісторыі. Але калі вяцкія аматары даўніны сваімі працамі даказвалі тэзіс „Мы — гэта таксама Расія“, то іх калегі з Вільні, Рыгі або Кіева, якія ў бальшыні падзялялі перакананне „Мы — гэта не Расія“, апыналіся перад яшчэ больш складаным пытаннем: „У такім выпадку хто мы?“ Асабліва востра праблема прачытання мінулага ў пошуках адказу на гэтае пытанне стаяла ў тагачасным Паўночна–Заходнім краі. Вастрыня вызначалася, па–першае, наяўнасцю ў польскай гістарыяграфіі развітай традыцыі „ягелонскай Польшчы“, якая звязвала залаты век польскай гісторыі з перыядам XIV — канца XVI ст. і разглядала Вялікае Княства Літоўскае ў непарыўнай сувязі з гэтай гісторыяй. Па–другое, фактар паўстанняў 1830—31 г. і 1863 г. надаваў археалагічным знаходкам, музейным экспанатам і гістарычным працам характар аргументаў, якія падтрымлівалі гістарычную правату канфліктных бакоў. Усе гэтыя меркаванні неабходна ўлічваць пры разглядзе феномена „краёвай“ гістарыяграфіі.
Слова krajowy ў перакладзе з польскай мовы мае два значэнні: 1) айчынны, мясцовы; 2) нацыянальны, агульнадзяржаўны, агульнапольскі. На працягу XIX ст. можна адзначыць некаторы дрэйф у самасвядомасці шматлікіх нараджэнцаў Заходніх губерняў. Дрэйф гэты знайшоў, у прыватнасці, адлюстраванне ў разыходжанні двух значэнняў слова. Семантычнае супрацьстаянне „мясцовага“ і „ўсяпольскага“ адлюстроўвала цяжкі і балючы працэс нараджэння ўяўленняў пра ідэнтычнасць вялізнай тэрыторыі ад Смаленска да Беластока. На пачатак XX ст. рух „краёўцаў“ пачаў ужо афармляцца ідэалагічна і палітычна: у публіцыстыцы, дакументах і праграмах палітычных партый. У вачах тых, хто ўспрымаў „край“ як нешта адзінае і адрознае як ад „Польшчы“, так і ад „Расіі“, першачарговай задачай было знайсці той падмурак, на якім можна было б узвесці будынак сваёй „адменнасці“.
Задача была нялёгкая, бо наймацнейшы культурны ўплыў ішоў з Захаду і з Усходу. Класік беларускай літаратуры Янка Купала ў трагікамедыі „Тутэйшыя“ ў гратэскавай форме паказаў прэтэнзіі Расіі і Польшчы на памежныя землі і даў сатырычнае ўвасабленне гэтых прэтэнзій у вобразах „заходняга вучонага“ і „ўсходняга вучонага“. Першы носіць кунтуш і канфедэратку, ходзіць з голенай барадой і завесістымі вусамі, другі апрануты ў „падзёўку“ і „касаваротку“, на нагах у яго доўгія боты, а барада — няголеная, калматая. Яны вядуць даследаванні, распытваюць мясцовых жыхароў, запісваюць паданні. Але там, дзе ўсходні вучоны ўносіць у свае дзённікі: „Прырода в Русском Северо–Западном крае веліка і обільна“, заходні адзначае: „Пшырода на Польскіх Крэсах Всходніх надзвычай буйна і богата“. Ператварэнне старажытнага мора ў Пінскія балоты першы тлумачыць „врэднымі клімацічэскімі веяніямі с Запада“, а другі — „шкодлівым вплывом зэ Всходу“[2]. Аднак п’еса Янкі Купалы была напісана ў 1922 г., і ў гэты час сама ўжо была феноменам развіцця беларускай нацыянальнай свядомасці. У XIX ст. усё было інакш, да „беларускасці“ было яшчэ далёка, але дзейнасць па выпрацоўцы погляду, адрознага ад пазіцый „заходняга“ і „ўсходняга“ вучоных, ужо пачалася, і найважнейшым складнікам яе было вывучэнне і інтэрпрэтацыя мінулага краю. Значны ўнёсак у гэты працэс зрабілі прадстаўнікі віленскай гістарычнай школы[3].
Сярод дзеячаў, што выканалі актыўную ролю ў развіцці „краёвага“ вытлумачэння мінулага, заўважнае месца займае Адам Ганоры Кіркор (у рускай традыцыі Адам Карлавіч) — вядомы археолаг, этнограф, гісторык і выдавец. Але з азначэннем, якое можна было б дастасаваць да гэтых назоўнікаў, справа не такая і простая. У сучасных беларускіх працах Кіркора залічваюць да „беларускіх“ вучоных, польскія вучоныя лічаць яго „палякам“, а літоўскія аўтары мяркуюць, што Кіркор „знаходзіўся паміж Літвой, Польшчай і Беларуссю“[4].
Адам Кіркор нарадзіўся ў 1812 г. у мястэчку Слівіне Магілёўскай губерні. Наконт сацыяльнага статусу яго бацькі сустракаюцца розныя меркаванні — уніяцкі святар, дробны землеўласнік або нават аднадворац. Адукацыю Кіркор атрымаў у Магілёўскай гімназіі і Віленскім шляхецкім інстытуце. У канцы 1830–х г. ён асталяваўся ў Вільні, нядоўгі час служыў у губенскім праўленні сакратаром. Але чыноўніцкі шлях не здаваўся яму прывабным, і хутка ён цалкам прысвяціў сябе гістарычным, этнаграфічным працам і выдавецкай справе. Ён стаў сябрам, а потым сакратаром губернскага статыстычнага камітэта, дзейна супрацоўнічаў з Віленскай археаграфічнай камісіяй. З 1855 г., калі быў створаны музей старажытнасцяў, Кіркор заняў пасаду яго захавальніка. Ён шырока разгарнуў выдавецкую дзейнасць: у 1850—54 г. выдаў „Памятныя кніжкі Віленскай губерні“, у 1857—63 г. — альманах „Teka Wileńska“. У 1859 г. займеў уласную друкарню, а з 1860 г. стаў рэдактарам–выдаўцом „Виленского вестника“. Гэта былі залатыя гады Адама Кіркора. У Вільні ён кантактаваў з блізкімі па духу людзьмі (Я. Тышкевіч, Т. Нарбут, Н. Маліноўскі, І. Ходзька і інш.), якія ахвотна прапаноўвалі для яго выданняў свае гістарычныя і літаратурныя працы. Уласныя працы па гісторыі, археалогіі і этнаграфіі Кіркор змяшчаў не толькі ў мясцовых выданнях; яго артыкулы друкаваліся ў Маскве і Пецярбурзе. „Виленский вестник“ з кволага паўафіцыйнага органа ператварыўся ў цікавы часопіс, а колькасць яго падпісчыкаў павялічылася з 400 да 3000 чалавек.
Паўстанне 1863 г. паклала канец усяму гэтаму. Сам Кіркор не далучыўся да мяцежнікаў, але стала зразумела, што нават пры захаванні лаяльнасці ён ператварыўся ў persona non grata. Адміністрацыйная перапіска захавала драматычныя падрабязнасці таго, як яго „выціскалі“ з поля выдавецкай дзейнасці[5]. Вымушаны, згодна з загадам М. Мураўёва, выпускаць „Виленский вестник“ на рускай мове і друкаваць у ім усе афіцыйныя паведамленні і распараджэнні, Кіркор фактычна быў даведзены да банкруцтва. На друкарню наклалі арышт, а кантракт з ім разарвалі ў аднабаковым парадку. Але збанкрутаваны рэдактар высунуў сустрэчныя прэтэнзіі. Улады апынуліся ў складаным становішчы: юрыдычна справу трэба было разбіраць у судзе, але працэс непазбежна прыняў бы палітычны характар — нешта накшталт „Кіркор супраць Мураўёва“. Урэшце дасягнулі кампрамісу: „Виленский вестник“ атрымаў іншага рэдактара, а Кіркор — свабоду. Свайму сябру А. Катлярэўскаму ён пісаў: „1 снежня [1865 г.] мяне, нарэшце, вызваляць ад рэдакцыі; я разораны канчаткова, не ведаю, што і рабіць“[6]. Вырашыўшы пакінуць Вільню, ён вагаўся ў выбары паміж Пецярбургам і Масквой і прасіў у Катлярэўскага парады: „Як Вы думаеце, ці знойдзецца праца, ці няма прадузятасці ў вядомых слаях да перасяленца з Вільні?“[7].
Выбар быў зроблены на карысць Пецярбурга, і ў 1867 г. Кіркор пераехаў у паўночную сталіцу. Тут ён узяўся за выданне газеты „Новое время“. Можна выказаць меркаванне, што дазвол на новае выданне (а атрымаць яго было нялёгка) быў своеасаблівай кампенсацыяй Кіркору за панесеныя страты і праяўленую ў Вільні лаяльнасць. Але Пецярбург не прынёс яму шчасця. Кіркор у сваёй газеце шмат увагі аддаваў праблемам Заходняга краю, чым выклікаў падазрэнні — з боку цэнзуры, і незадавальненне — з боку рускай інтэлігенцыі. У вачах жа палякаў рэдактар „Нового времени“ ўвогуле выглядаў адступніком.
У хуткім часе адбылася катастрофа, у 1870 г. Кіркора абвясцілі неплацежаздольным даўжніком, і ён, ратуючыся ад даўгавой турмы, вымушаны быў пакінуць Расію. З той пары Кіркор жыў у Кракаве, час ад часу наведваючы Прагу, Львоў ці Познань. Старасць была горкай. Кіркор перабіваўся выпадковымі заробкамі: пісаў артыкулы, атрымоўваў дапамогу ад Кракаўскай Акадэміі навук, праводзіў археалагічныя раскопкі ў Галіцыі. І сумаваў… Апісваючы гурток віленскіх сяброў і знаёмых канца 1850–х г., Кіркор успамінаў: „Незадоўга да палітычнай буры і ў самы разгар яе грозных узрушэнняў раптоўная смерць вырвала з нашых шэрагаў найлепшых людзей, нібы хацела пазбавіць іх ад няшчасцяў і гора“[8]. А ў лісце да Катлярэўскага ён прызнаваўся: „Кепска, найдабрэйшы Аляксандр Аляксеевіч! Кепска жывецца. Нічога не зробіш з літоўскай натурай, паўсюль мне будзе кепска, апрача Вільні. І забівае думка, што ніколі ўжо не пабачу маёй Літвы, ды і костачкі давядзецца тут пакласці, а ў мяне там, у Вільні, прызапашана такое добрае местачка на Росе“[9] (Роса — старадаўнія каталіцкія могілкі на паўднёва–ўсходняй ускраіне Вільні. — Т. В.).
Гэтым могілкам Кіркор прысвяціў цэлы раздзел у сваім даведніку „Прагулкі па Вільні і яе ваколіцах“. Магілы і надмагіллі ўяўляліся яму маўклівымі пасярэднікамі паміж мінулым і цяперашнім. Кіркор пісаў: „Прагулкі па Росе дабратворныя для душы, бо гэтыя могілкі ёсць вялікая кніга жыцця, перад намі разгортваецца сціслая гісторыя тысяч людзей… гэты філасофскі трактат пра марнасць зямнога свету прымушае нас больш глыбока думаць і адчуваць“[10]. Але Кіркору не суджана было спачыць на віленскіх могілках. Ён памёр у 1886 г. у Кракаве, а ўвесь свой архіў пакінуў Кракаўскаму народнаму музею. Незадоўга да смерці ён пісаў сябру: „Смерць мяне не палохае; я дастаткова пражыў. Зрабіў, што мог паводле сваіх сіл і сродкаў, з чыстым сумленнем магу прызнацца, што маё жыццё для Літвы не прайшло дарэмна“[11].
Для Кіркора „Літва“ не зводзілася да тэрыторыі, гэтае паняцце набыло характар каштоўнасці, якая надала сэнс усяму жыццю. У 1861 г. ён пісаў каханай жанчыне[12]: „Я — ліцвін, ніколі не знішчыць ува мне гэтага пачуцця. Я люблю сваю радзіму з усім натхненнем юнака, з усім самаадрачэннем мужа. Сімпатыю да Польшчы я адчуваю настолькі, наколькі лёс яе звязаны з нашым“[13]. Але паняцце „ліцвін“ для Кіркора мела зусім асаблівы сэнс, яно адрознівалася ад значэння „этнічны літовец“ (у польскай мове — litwyn) і ў той жа час не зводзілася да ўстарэлага значэння гэтага слова, якое ўжывалася ў XVI—XVII ст. Тады, у часы позняга Сярэднявечча, ліцвінамі называлі насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага. „Ліцвінам“, напрыклад, для Кіркора быў Адам Міцкевіч: „Па нараджэнні ён належыць Беларускаму палессю, але па выхаванні, па першых працах сваіх ён належыць Літве, якая ва ўспамінах усяго яго жыцця, ва ўсіх творах зліваецца з Беларуссю“[14]. Польская мова, на якой пісалі дзеячы культуры і навукі, з пункту погляду Кіркора, не была перашкодай „ліцвінству“, бо істотнай была не столькі мова, колькі пачуцці, на ёй выказаныя, — пачуцці да зямлі, на якой вырас, да яе мінулага і сучаснага. Пра вядомага пісьменніка ён, у прыватнасці, пісаў: „Ігнат Ходзька ў поўным сэнсе слова Ліцвін. Літва ў яго ва ўсім як жывая; з лёгкасцю і нейкай асаблівай сардэчнасцю ён малюе жывымі фарбамі хатняе жыццё, абрады, звычаі, або раптам уваскрашае ў памяці даўно мінулыя дзеі, паданні, паказвае гістарычных асобаў“[15].
Такім чынам, „ліцвінства“ заключалася не ў крыві ці этнічнай прыналежнасці, яно фармавалася ў свядомасці. Гісторыя служыла ў гэтай справе магутным інструментам, яна магла паспяхова рашаць задачу канструявання вобраза Літвы як „ідэальнай айчыны“[16]. І невыпадкова, напэўна, на працягу ўсяго жыцця Кіркор быў больш за ўсё схільны менавіта да гістарычных прац. Як сакратар Віленскага губернскага статыстычнага камітэта Кіркор узяўся за выданне „Памятных кніжак Віленскай губерні“. У выніку стандартныя даведнікі і адрас–календары ператварыліся ў найцікавейшыя выданні, куды ўваходзілі матэрыялы гістарычных, археалагічных, этнаграфічных даследаванняў, яны нават былі заўважаны ў сталіцы[17]. Гэтыя матэрыялы Кіркор групаваў асобна ад даведкавай часткі і лічыў іх своеасаблівымі „дадаткамі“ да „Памятных кніжак…“[18]. Варта адзначыць, што ў сваіх гістарычных артыкулах Кіркор імкнуўся па магчымасці даваць спасылкі і паказваць крыніцы, якімі ён карыстаўся, і гэта сведчыць на карысць яго дастаткова высокага навуковага ўзроўню.
Да гэтай групы прац далучаюцца артыкулы Кіркора на тэмы гісторыі, археалогіі і этнаграфіі ў іншых навуковых часопісах, а таксама падрыхтаваныя з яго ўдзелам выданні Віленскай археалагічнай камісіі[19]. Але Кіркор імкнуўся выйсці за межы вузкага кола аматараў даўніны і археалогіі і захапіць мінулым Літвы шырокую аўдыторыю. У перыядычных выданнях, якія ён выдаваў у тыя гады („Виленский вестник“ і „Teka Wileńska“), гістарычная тэматыка таксама займала галоўнае месца. І невыпадкова даведнік пра Вільню за кароткі час вытрымаў 4 выданні, у займальнай форме ён знаёміў чытачоў з памятнымі мясцінамі горада. Кіркор назваў гэтую кнігу „Прагулкі па Вільні“. Сапраўды, пры яе чытанні стваралася адчуванне, што, нетаропка рухаючыся па вуліцах горада, добры знаёмы распавядае вам пра касцёлы і цэрквы, могілкі і ратушы, пра прыватныя дамы і казённыя будынкі. Але самае галоўнае — ён распавядае пра тыя падзеі, якія калісьці адбываліся на гэтых вуліцах, пра людзей, якія жылі ў гэтых дамах. Адна з „прагулак“, дарэчы, была спецыяльна прысвечана расповеду пра экспанаты любімага Кіркоравага музея старажытнасцяў.
Пецярбургскі перыяд быў не такі багаты на гістарычныя працы, хоць на старонках „Нового времени“ можна было сустрэць матэрыялы, прысвечаныя гісторыі Паўночна–Заходняга краю. А вось ў Кракаве Кіркор зноў вярнуўся да сваіх улюбёных сюжэтаў. Працаваць было цяжка, бо ён страціў усю сваю бібліятэку, а тут не ўсе расійскія навуковыя выданні можна было знайсці. Заробак быў малы і непастаянны. І ўсё ж Кіркор друкаваў і невялікія мемуарныя артыкулы, і справаздачы пра свае археалагічныя раскопкі ў паўднёвай Галіцыі, і папулярныя нарысы пра рускую літаратуру або літоўскія старажытнасці[20]. Сярод найбольш буйных прац кракаўскага перыяду варта назваць кнігу пра літаратуру славянскіх народаў, якая стала вынікам курса публічных лекцый[21]. Сам Кіркор пісаў: „Я рызыкнуў на нешта страшна тут дзівацкае, што прывяло многіх у жах! А менавіта — абвясціў публічныя лекцыі пра славянскія братэрскія літаратуры. Справа выглядала амаль неверагоднай, а між тым, завяршылася поспехам“[22]. Дабратворным адхланнем сярод жыццёвых нягод стала і праца над трэцім томам „Жывапіснай Расіі“, прысвечаным Літве і Беларусі. Гэтае грандыёзнае выданне, задуманае і ажыццёўленае М. Вольфам, патрабавала аб’яднаных высілкаў найлепшых прадстаўнікоў расійскай навукі і літаратуры. Кіркору, самотнаму эмігранту і няўдачніку, прапанавалі ўдзельнічаць у гэтай працы, а такая прапанова шмат каштавала. Гэтым прызнаваліся яго заслугі ў вывучэнні Літвы.
Мы можам вылучыць асноўныя палажэнні канцэпцыі Кіркора ў дачыненні да мінулага Літвы. У сціслай графічнай форме Кіркор сам спрабаваў зрабіць гэта яшчэ ў 1850–я г., калі на пачатку сваёй кнігі паставіў віньетку, спецыяльна заказаную для гэтай мэты мастаку Вінцэнту Дмахоўскаму[23]. У цэнтры віньеткі — дуб, святарнае дрэва старажытных ліцвінаў. Унізе відаць вярхоўны бог паганскага пантэона Пярун, які стаіць на старажытным каменным молаце. Кіркор расказвае, дзе і калі пры раскопках былі знойдзены сякеры і тапары, жаночыя шпількі і пацеркі, ідалы і хатняе начынне. Пад дубам сядзіць узброены ваяр, а паміж партрэтамі размешчаны вензель Вітаўта — AW (Аляксандр–Вітаўт). На партрэтах — князь Вітаўт і Барбара Радзівіл. У цэнтры віньеткі — гістарычныя мясціны: Лідскі замак, Бернардзінская вежа ў Вільні, замак у Медніках, Замкавая гара ў Вільні, разваліны палаца Барбары Радзівіл, Троцкага і Крэўскага замкаў, Пятніцкая царква і касцёл Святога Мікалая ў Вільні.
Ва ўсім комплексе гістарычных твораў Кіркора можна вылучыць агульныя рысы, характэрныя для яго інтэрпрэтацыі гісторыі Літвы — той „ідэальнай айчыны“, якую ён імкнуўся знайсці не толькі ў сучаснасці, але і ў мінулым. Дарэчы, шмат якія свае працы ён падпісваў псеўданімам Ян з Слівіна. Гэтая згадка мястэчка, дзе Кіркор нарадзіўся, далёка невыпадковая. Іншы прадстаўнік віленскіх гісторыкаў І. Анацэвіч таксама любіў падпісвацца імем Жэгота з Бржастовіц. За гэтым хаваўся пэўны культурны код. Па–першае, код адсылаў да рамантычнай літаратурнай традыцыі. Юльян Нямцэвіч, напрыклад, напісаў гістарычны раман „Ян з Тэнчына“, а Ян Ходзька — „Пан Ян са Свіслачы“. Па–другое, код дазваляў гісторыкам пазіцыянаваць сябе як людзей, звязаных каранямі менавіта з гэтай зямлёй. У іх не было дзяржавы, якая б супадала з вобразам ідэальнай айчыны, яны не маглі адчуваць сябе „гістарыёграфамі“, як Карамзін або Нарушэвіч (Адам Нарушэвіч на загад караля Станіслава Аўгуста напісаў шматтамовую „Гісторыю польскага народа“). Але затое яны маглі падкрэсліць свой статус прыватнага чалавека, які глядзіць на гісторыю сваёй радзімы не з Пецярбурга ці з Варшавы, а пункту погляду „краю“.
Кіркор усё жыццё вельмі цікавіўся археалогіяй. Шкілеты і рэчы са старажытных могільнікаў здаваліся яму бесстароннімі сведкамі, без палітычнай, нацыянальнай або рэлігійнай прадузятасці. Спробы выкарыстаць археалогію ў такіх мэтах Кіркор шчыра адвяргаў. З Кракава ён пісаў: „Смешна яшчэ і тое, што тутэйшы набожны люд ублытвае рэлігію ў археалогію. Як дойдзе справа да першабытнага чалавека, дык і загваздка!“[24]. Археалогія неабвержна, на думку Кіркора, даказвала, што славяне і літоўцы былі аўтахтонным насельніцтвам на землях, якія цяпер называліся Заходнім краем. Менавіта яны — Русь і Літва, — арганічна з’ядноўваючыся, спарадзілі гэты адзіны „край“ з сваёй самабытнай гісторыяй і культурай. Кіркор нават бачыў прамую генеалагічную сувязь дынастыі Гедымінавічаў з полацкімі князямі[25]. Але карэнныя плямёны лёгка ўбіралі і засвойвалі чужую культуру (скандынаўскія сякеры на віньетцы). У выніку змешвання розных моваў, народнасцяў і канфесій (у тым ліку польскага і габрэйскага кампанентаў) адбываўся сінтэз і фармавалася „Літва“.
Залаты век яе гісторыі прыпадаў на XIV — XVI ст., асабліва на кіраванне Вітаўтам, калі „Літва, …што не баялася ні Польшчы, ні Ўсходняй Русі, ні татараў, падобная была на дужага, смелага, успрымальнага юнака, у якога ёсць усё, апрача ўзмужнеласці і вопытнасці“[26]. Нездарма на віньетцы сярод паказаных будынкаў толькі пабудовы XIV—XVI ст., больш познія помнікі, напэўна, здаваліся Кіркору менш „літоўскімі“. А ў XIII ст., лічыў Кіркор, Літва сваёй мужнасцю выратавала Еўропу ад жахаў мангольскага нашэсця, бо Міндоўг у 1242 і 1249 г. разбіў мангольскія войскі[27].
Сінкрэтызм культуры прыводзіў да фармавання талерантнасці ў грамадстве. Як несумненныя дасягненні ацэньваў Кіркор этнічную і рэлігійную цярпімасць, характэрную для Літвы, дзе законы абаранялі прываслаўных і каталікоў, татараў, караімаў і габрэяў. У такім кантэксце цалкам натуральным выглядае спакойнае стаўленне Кіркора да таго, што Вітаўт, выхаваны паганскай жрыцай, тройчы мяняў веру[28].
Пытанне пра польскі ўплыў было для Кіркора цяжкім і нават балючым. З аднаго боку, як гісторык і археолаг, ён ведаў, што палякаў — палякаў па крыві і паходжанні, выхадцаў з сапраўднай Польшчы — у Літве няшмат. Але немагчыма было адмежавацца ад таго факта, што польская культура глыбока ўвайшла ў плоць і кроў мясцовага адукаванага насельніцтва: „Калі многія беларусы і літоўцы прынялі для сябе польскую нацыянальнасць, польскую мову і ў многім (хоць і не ва ўсім) польскія норавы і звычаі, нарэшце, калі самі сябе яны называюць палякамі, то не толькі з этнаграфічнага, але і з маральнага пункту погляду мы не маем ніякага права называць іх інакш“[29].
З другога боку, збліжэнне Літвы і Польшчы, якое пачалося ў XV ст., Кіркор лічыў штучным — „нацягнутым сяброўствам з пярэчаннямі, непаразуменнямі і недаверам“. Унію 1569 г. ён называў палітычнай смерцю, а перыяд 1569—1795 г. характарызаваў як „шэраг бедстваў і маральнага гвалту, які давёў да маральнага разбэшчвання, а потым і падзення“[30]. Нездарма на віньетцы побач з партрэтам Вітаўта Кіркор змясціў выяву Барбары Радзівіл — гэтай трагічнай фігуры літоўскай гісторыі XVI ст. Кароль Жыгімонт Аўгуст, палка закахаўшыся, ажаніўся з ёю, але польскае грамадства прыняло літоўскую княгіню варожа, і хутка яна памерла ад атруты. За гэтым сімвалам хаваецца зусім натуральная патрэба для „краёвай“ гістарыяграфіі — падзяліць Літву і Польшчу.
Яшчэ больш рашуча пракладаў Кіркор водападзел паміж Руссю і Расіяй. Уласна гісторыя Расіі пачыналася для яго з Маскоўскай дзяржавы, а Русь — гэта той свет, які разгортваецца ў летапісе Нестара і ў „Слове пра паход Ігаравы“. Русь, якая арганічным кампанентам увайшла ў Літву, — гэта княствы Полацкае, Менскае, Віцебскае, Слуцкае, Друцкае, Тураўскае, Аршанскае і інш. Менавіта тут у X — XIII ст. праяўляецца вечавая традыцыя як характэрная рыса палітычнага развіцця Русі ў адрозненне ад дэспатычных тэндэнцый Маскоўскай Расіі[31]. Кіркору намнога лягчэй было ўключыць у „Русь“ Валынь, Падолію і Галіччыну, чым Уладзімір і Цвер.
Гэты прынцып раздзялення Русі і Расіі асабліва выразна выявіўся ў яго працы пра развіццё славянскіх літаратур, у якой асобныя раздзелы былі прысвечаны літаратуры русінскай, расійскай, чэшска–мараўскай, лужыцкай, сербскай і балгарскай. У раздзелах пра русінскую літаратуру Кіркор працягваў нітку развіцця ад Нестара да „Рускай Праўды“ — праз творы Пятра Скаргі і мітрапаліта Магілы — да творчасці Ўладыслава Сыракомлі, Мыколы Кастамарава і Тараса Шаўчэнкі. Літаратура ж расійская пачыналася ў яго з Максіма Грэка і заканчвалася Някрасавым, Тургеневым і Талстым. Гэта была цалкам усвядомленая пазіцыя, сам Кіркор прызнаваўся ў лісце: „Бадай, рускаму не спадабаецца тое, што я праводжу рэзкую рысу паміж Усходняй і Заходняй Расіяй і гавару спачатку пра апошнюю, г. зн. пра русінскую літаратуру (маларускую і беларускую), а пра расійскую, або маскоўскую — пачынаючы з XV і XVI ст. Але што ж рабіць? Кіева, песні пра паход Ігара, Скарыны, Статутаў і г. д., і г. д. маскалям я не аддам. Усё гэта наша, а іх літаратура ўласна і пачынаецца з часоў Грознага, Курбскага і інш.“[32].
Мяркуем, што можна разглядаць творчасць Адама Кіркора як адно з выяўленняў пачатковай стадыі афармлення асаблівай інтэрпрэтацыі гісторыі руска–польскага цывілізацыйнага памежжа. Яе нельга лічыць „нацыянальнай“ у сэнсе прыналежнасці да беларускай, літоўскай або ўкраінскай гістарыяграфічнай традыцыі. Але яна ўтрымлівала ў сабе зярняты ўсіх трох. Нацыянальны яе характар, калі заўгодна, заключаўся ў праекце канструявання „ліцвінскай“ нацыі. Цяжка адназначна меркаваць пра шанцы на яго ажыццяўленне. Але ў самім феномене „краёвай“ гістарыяграфіі знаходзіў адлюстраванне працэс нарастання супяэчнасцяў паміж нацыянальным і імперскім пачаткам. Шляхі развіцця нацыянальнай свядомасці ўвогуле вельмі мудрагелістыя. У 2000 г. у Наваградку адбылося падпісанне Акта абвяшчэння існавання „ліцвінскай нацыі“. У беларускіх СМІ гэтая падзея выглядала як акцыя маргінальнай групы шызоідных інтэлігентаў, такой малаколькаснай, што ўся яна змясцілася ў адзін аўтобус[33]. Здаецца, што такі акт „заснавання“ нацыі служыць жывой ілюстрацыяй даведзенага да крайнасці і абсурду канструктывісцкага падыходу да разумення сутнасці нацыі. Слабасць такога падыходу дэманструе Э. Хобсбаўм, падаючы гіпатэтычны прыклад з востравам Ўайт; з пункту погляду суб’ектывісцкага разумення нацыяналізму для стварэння „ўайтыянскай“ нацыі трэба толькі, каб пэўная група людзей пачала сябе лічыць такой[34]. Праўда, не будзем забывацца, што ў 1903 г., калі дзеячы ўкраінскай інтэлігенцыі ехалі ў Палтаву на адкрыццё помніка Катлярэўскаму, усе яны змясціліся ў пару вагонаў. Самі пасажыры нават іранізавалі, што каб цягнік дзе–небудзь па дарозе сышоў з рэек, то не стала б Украіны[35].
Увогуле шлях фармавання нацыянальнай свядомасці поўны нечаканых паваротаў, новых магчымасцяў і альтэрнатываў, таму ўявіць яго як нешта адналінейнае, заканамернае і жорстка дэтэрмінаванае можна толькі ў тым выпадку, калі развіццё разглядаецца з пункту погляду нашых сённяшніх ведаў пра дасягнутыя вынікі, a posteriori. У другой палове XIX ст., напрыклад, імпульс канструявання асаблівай ідэнтычнасці прысутнічаў у ідэях украінафілаў, правансальскіх паэтаў, віленскіх „краёўцаў“ і сібірскіх абласнікоў. Сёння, праз паўтара стагоддзя, мы ведаем, што мэты дасягнулі толькі ўкраінафілы. Але ці маем мы права пакідаць нашы веды ў мінулым? Ці маем мы права спрашчаць рэальную складанасць гістарычнага развіцця і акцэнтаваць у мінулым толькі тое, што працуе на доказ вядомага нам сёння выніку? Але, імкнучыся зразумець альтэрнатыўнасць гэтых працэсаў, нельга ўпадаць і ў іншую крайнасць — зводзіць іх толькі да гістарычнай выпадковасці.
[1] Бердинских В. Уездные историки: Русская провинциальная историография. Москва: НЛО, 2003. С.28—44.
[2] Купала Я. П’есы. Публiцыстыка. Янка Купала пра сябе. Мiнск, 2002. С. 287.
[3] Гл.: Смоленчук А.Ф. Историческое сознание и идеология поляков Белоруссии и Литвы в начале XX века // Славяноведение. 1997. №5. С.100—105.
[4] Гл., напр.: Карев Д. Белорусская историография конца XVIII — нач. XX вв. // Наш радавод. Гродно, 1993. Кн. 5. Ч. 2. С. 307—308; Базылев Л. Поляки в Петербурге. С.–Петербург, 2003. С.170—172; Medišauskiené Z. Adam Honory Kirkor — między Litwą, Polską a Białorusią // Lituano–Slavica Posnaniensia. Studia Historica VIII. Wydanie I.
[5] Пра гэта гл.: Докладная записка особой канцелярии Главного начальника Северо–Западных губерний по делу бывшего редактора „Виленского вестника“ А.К. Киркора. РГИА. Ф.954. Оп.1. Д.105.
[6] ОР РНБ. Ф.386. Д.52. Л. 1об.
[7] Тамсама. Л.4.
[8] Kirkor A. Ze wspomnień wileńskich // Kraj. 1884. №3.
[9] ОР РНБ. Ф.386. Д.52. Л. 28.
[10] Kirkor A. Przechadzki po Wilnie i jego okolicam. Wilno, 1859. S.241.
[11] Цыт. па: Янчук Н.А. А.К. Киркор. Краткий очерк жизни и деятельности. Москва, 1888. С.28.
[12] Гутарка ідзе пра Марыю Бачкоўскую, яны змаглі пажаніцца толькі ў жніўні 1866 г., і Кіркор пісаў на гэты конт: „Шэсць гадоў змагаўся я з ксяндзамі і, нарэшце, адолеў“. Гл.: ОР РНБ. Ф. 386. Д. 52. Л. 12.
[13] Цыт. па: Теливирская Е.Я. Некоторые вопросы общественного движения в Литве и Белоруссии в конце 50–х — начале 60–х гг. и подпольная литература // Революционная Россия и революционная Польша. Вторая половина XIX в. Москва, 1967. С.18.
[14] Живописная Россия. Т.3. С.–Петербург, 1882. С.124.
[15] Тамсама. С. 127.
[16] Пра вобраз „ідэальнай айчыны“ як складанай ідэалагічнай канструкцыі, што ўзнікае ў працэсе мадэлявання нацыі, гл.: Миллер А. И. Украинский вопрос в политике властей и русском общественном мнении (вторая половина XIX в.). С.–Петербург, 2000. С. 12.
[17] Пра гэта гл.: Левин Д.Э. Первые столичные рецензии на Памятные книжки Виленской губернии (1852—1854 гг.) // Белорусский сборник. Вып. 1. С.–Петербург, 1998. С. 41—62.
[18] З падобных прац Кіркора можна назваць „Хронологическое показание достопримечательных событий Отечественной истории в Виленской губернии до 1852 г.“ (ПКВГ на 1851 і 1852 г.); „Очерки городов Виленской губернии“ (ПКВГ на 1852 г.); „Статистический взгляд на Виленскую губернию“ (ПГВГ на 1853 г.); „Литовские древности“ (ПКВГ на 1854 г.); „Виленские воспоминания“ (ПКВГ на 1853 г.); „Великий князь Витовт“ (ПКВГ на 1854 г.); „Черты из истории и жизни Литовского народа“ (ПКВГ на 1854 г.).
[19] Киркор А. Этнографический взгляд на Виленскую губернию // Вестник Императорского Русского Географического общества. Ч. XX, XXI. С.–Петербург, 1857—1858; Записки Императорского археологического общества. Т. VIII. С.–Петербург, 1856; Известия Императорского археологического общества. С.–Петербург, 1857. Т.1. Вып.1; „Древности“. Труды Московского археологического общества. Т.1. Вып.2. Москва, 1867; Записки Виленской временной археологической комиссии. Вып. 1. Вильно, 1856; Вып.3. Вильно, 1858; Перечневый каталог предметов в Виленском музее древностей. Вильно, 1858; В память пребывания государя императора Александра II в Вильне 6 и 7 сентября 1858 г. Альбом, изданный Виленской археологической комиссией. Вильно, 1858.
[20] Kirkor A. Słowianie Nadbałіtyccy. Zarysy etnologiczno–mitologiczne. Lwów, 1876; Kirkor A. O znaczeniu i ważności zabytków pierwotnych oraz umiejętném ich poszukiwaniu: (dwa odczyty publiczne w Muzeum Techniczno–Przemysłowém w Krakowie) / przez A. H. Kirkora. Kraków, 1878; Kirkor A. Gdzie spoczywają szczęty Stanisława Leszczyńskiego / przez A. H. Kirkora. Kraków, 1884; Kirkor A. Bazylika litewska. Kraków: Red. „Przeglądu Powszechnego“, 1886; Kirkor A. Badania archeologiczne. Kraków, 1879; Kirkor A. B. M. Wolff: wspomnienie pośmiertne. S., 1884; Kirkor A. Zarysy współczesnej literatury rosyjskiej. Poznań, 1873.
[21] Kirkor A. O literaturze pobratymczych narodów słowiańskich. Kraków, 1874.
[22] ОР РНБ. Ф.386. Д.52. Л.28.
[23] Гл.: Киркор А., Кукольник П. Черты из истории и жизни литовского народа. Вильно, 1853. С.7—20.
[24] ОР РНБ. Ф.386. Д.52. Л.26.
[25] Гл.: Живописная Россия. Т.3. С.293.
[26] Киркор А., Кукольник П. Черты из истории и жизни литовского народа. С.22.
[27] Гл.: Живописная Россия. С.75—76.
[28] Гл.: Киркор А., Кукольник П. Черты из истории и жизни литовского народа. С.45.
[29] Живописная Россия. Т.3. С.11.
[30] Тамсама. С.91.
[31] Гл.: Тамсама. С.291—295.
[32] ОР РНБ. Ф.386. Д.52. Л.30.
[33] Гл.: Сацук С. Не скифы мы, не азиаты… // Белорусская деловая газета. № 774 ад 27.05.2000.
[34] Гл.: Hobsbawm E.J. Nations and Nationalism since 1780. Cambridge Univ. Press, 1990. P.8.
[35] Гл.: Миллер А.И. Назв. праца. С.231.