* HROCH, MIROSLAV. Memory and Historical Consciousness // Słowiańska pamięć = Slavic Memory / pod red. K. Ćwiek- Rogalskiej i M. Filipowicza. Kraków, 2017. S. 21–31. У перакладзе на беларускую мову публікуецца з ласкавай згоды аўтара і выдавецтва.
Уводзіны
Часам словы і тэрміны паспяхова падмяняюць сабой гістарычныя падзеі і грамадскія стасункі, яны выглядаюць больш трывалымі і рэальнымі за саму гістарычную рэальнасць. Асабліва часта гэта здараецца ў тых выпадках, калі тэрмін робіцца модным. Слова ўзнікае як метафара і запаўняе прабел у тэрміналогіі таго ці іншага навуковага даследавання. І сапраўды, новыя тэрміны, уведзеныя як інструменты аналізу, звычайна ўзбагачаюць наша разуменне працэсаў і чалавечых рашэнняў, дапамагаюць знайсці агульныя заканамернасці ў паасобных падзеях. Тым не менш, зрабіўшыся моднымі, яны пачынаюць выкарыстоўвацца так часта і ў такіх розных і супярэчлівых сітуацыях, што становяцца “перагружанымі”. Некаторыя з гэтых тэрмінаў выканалі сваю ролю і зніклі, іншыя захаваліся. За апошнія 100 гадоў розныя галіны навукі час ад часу зазнавалі дамінаванне модных тэрмінаў “нацыяналізм”, “традыцыя”, “longue durée”, “дыскурс”, “дэканструкцыя”. У апошняе дзесяцігоддзе такім модным словам зрабілася “памяць”. Кожную сувязь, кожную алюзію, якая камусьці пра штосьці нагадвае або сведчыць пра адносіны паміж нашым часам і мінулым, называюць “памяццю” (на іншых мовах – “pamięć”, “paměť”, “Erinnerung”, “mémoire”). Апрача таго, узнікаюць і замацоўваюцца рознага роду вытворныя: “lieux de mémoire” / “Erinnerungsorte” (“месцы памяці”), “культурная памяць”, “народная памяць” і г. д. Чытаць далей →