БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС
Галоўная » Запісы па тэме 'Беларусь у сусветных войнах'

Артыкулы па тэме ‘Беларусь у сусветных войнах’

Gerlach, Christian. Kalkulierte Morde (Сяргей Новікаў)

GERLACH, CHRISTIAN. Kalkulierte Morde. Die Wirtschafts- und Vernichtungspolitik in Weißrußland 1941 bis 1944. 2. Auflage. Hamburg: Hamburger Ed., 2000. 1232.

Праца Хрысціяна Герлаха — „Скалькуляваныя забойствы: Нямецкая эканамічная палітыка і палітыка вынішчэння ў Беларусі з 1941 да 1944″ — вартая таго, каб на яе яшчэ раз звярнулі ўвагу беларускія гісторыкі (першы раз яна рэцэнзавалася ў папярэднім нумары БГА, гл.: БГА. Т.7 (2000). Сш. 1(12). С.276—280).

Выявіць навуковую, гістарычную і грамадскую каштоўнасць даследавання мы можам толькі пасля разгляду яго тэматыкі і асноўных палажэнняў. Адразу звернемся да агульнай характарыстыкі працы нямецкага навукоўцы, выявім яе бібліяграфічную і дакументальную аснову. Зварот да такіх рабочых момантаў спрыяе ўсведамленню аўтарскай канцэпцыі доследу.
Чытаць далей →

Бeрнгард K’яры. Лёс беларускіх габрэяў у «Генеральным камісарыяце Беларутэніі»*

Спроба наблізіцца да незразумелага

* Праца першапачаткова друкавалася ў выданні: Benz, Wolfgang / Wetzel J. (Hg.), Solidarität und Hilfe fur Jüden während der NS_Zeit. Regionalstudien 3. Danemark, Niederlande, Spanien, Portugal, Ungarn, Albanien, Weißrußland. Berlin, 1999, S. 271—309.

Улетку 1944 г. Чырвоная Армія заняла Беларусь. Нямецкі вермахт адступаў на ўсіх франтах. Савецкія жаўнеры былі з радасцю вітаныя жыхарствам краю з нагоды вызвалення ад нямецкае акупацыі. Гэтаксама сярод яго заўважаліся недавер і страх, што Саветы пачнуць караць тых, хто ў часе вайны заставаўся на акупаваным абшары. Габрэяў, што жылі ў 1941 г. у Беларусі і былі тады (побач з беларусамі і палякамі) адной з найбуйнейшых групаў насельніцтва, болей немагчыма было напаткаць ані ў гарадах, ані ў вёсках. Абсалютная бальшыня іх сталася ахвяраю галакосту. Разам з людзьмі зніклі мовы ідыш ды іўрыт, бальшыня сінагогаў была разбураная. Шмат дзе апошнім напамінам заставаліся могілкі.
Чытаць далей →

Chiari, Bernhard: Alltag hinter der Front (Сяргей Новікаў)

CHIARI, BERNHARD. Alltag hinter der Front. Besatzung, Kollaboration und Widerstand in Weißrußland 1941—1944. Düsseldorf, 1998. 380.

Акупацыя, калабарацыя і супраціў у Беларусі 1941—1944 г. — вось праблемы, якія даследуюцца ў манаграфіі нямецкага гісторыка Бернгарда К’яры. Праца замежнага вучонага з’яўляецца 53-й работай з серыі выданняў Федэральнага архіва Нямеччыны. Прэзідэнт гэтай установы Фрыдрых Каленберг ва ўступным слове да манаграфіі адзначае асаблівую вартасць такога даследавання як магчымасці нетрадыцый нага „погляду звонку».

Неабходна адразу падкрэсліць, што гэтая праца — першая спроба зірнуць на нявырашаныя, найбольш значныя пытанні не столькі ваеннай гісторыі, колькі гісторыі самой вайны ці гісторыі ваеннай штодзённасці беларускага грамадства ў перыяд нямецкай акупацыі. Пры такім падыходзе нельга было абысціся без выкарыстання новых матэрыялаў, якімі для даследчыка сталі дакументальныя крыніцы 55 фондаў, выяўленых аўтарам у архівах Англіі (Лондана), Беларусі (Берасце, Менск), Нямеччыны (Аахен, Берлін, Кобленц, Фрайбург) і Расіі (Масквы). Чытаць далей →

Gerlach, Christian. Kalkulierte Morde (Клаўс Ё. Арнольд)

Gerlach, Christian. Kalkulierte Morde. Die deutsche Wirtschaffts_ und Vernichtungspolitik in Weißrußland 1941 bis 1944. Hamburg, 1999.

Апошнім часам роля вермахта ў вайне на Ўсходзе выклікала крытычныя каментары як з боку грамадскасці, так і ў навуковым асяроддзі Нямеччыны. Спрэчка разгарнулася вакол выставы «Вермахт» Гамбургскага інстытута сацыяльных даследаванняў, якая праходзіла амаль у 30 нямецкіх гарадах[1] і закранала таксама партызанскую вайну 1941—1944 г. у Беларусі. На адным з экспазіцыйных стэндаў быў змешчаны шэраг фотаздымкаў, якія дэманстравалі злачынства ў дачыненні да бязвінных грамадзян — павешаных у Мінску жанчыны і двух мужчын. Па сведчанні мінскіх журналістаў размова вядзецца пра вядомую яўрэйскую партызанку Машу Брускіну, якая паспяхова змагалася супраць нямецкіх акупантаў[2]. Гледзячы з сённяшняга дня, даволі цяжка ўявіць, што пры дакладных умовах згодна з Гаагскай канвенцыяй вядзення сухапутнай вайны (1907 г.) павешанне партызан адпавядала міжнародным прававым нормам. Для абодвух бакоў, як беларускага, так і нямецкага, вайна была смяротнай рэчаіснасцю. Беларускае насельніцтва было расколата на два лагеры, і партызанская вайна адначасова з’яўлялася грамадзянскай. З аднаго боку беларусы змагаліся на баку немцаў супраць Сталіна, іншыя вялі партызанскую вайну супраць акупантаў. Тэме нямецкай акупацыйнай і эканамічнай палітыкі прысвечана нядаўна выдадзеная праца Хрысціяна Герлаха. Больш чым на тысячы старонках аўтар разглядае дзеянні нямецкіх акупацыйных уладаў і іх барацьбу з партызанскім рухам. Зразумела, паўстае пытанне пра калабарацыю беларускага насельніцтва з нямецкай адміністрацыяй, хоць раней гэта даволі падрабязна, але зусім не вычарпальна разглядаў Бернгард К`яры[3]. Герлах не выкарыстаў у сваёй працы беларускіх (рускіх) крыніц з-за дрэннага валодання як адной, так і другой мовамі. Таму ён шырока выкарыстоўвае ўсе даступныя нямецкія крыніцы, датычныя тэмы. Менавіта з гэтых пазіцый складалася ўяўленне Герлаха пра партызанскую вайну. Якой жа яе бачыць аўтар? Чытаць далей →

Dann kam die deutsche Macht (Юры Грыбоўскі)

Dann kam die deutsche Macht. Weissrussische Kinderhaftlinge in deutschen Konzentrationslagern 1941—1945. Eine Dokumentation / Frank Groskinsky, Andreas Hollender, Katja Matthias, Adrian Stellemacher, Bettina Vitt. Köln, 1999. 206.

Кніга падрыхтавана на сродкі нямецкіх складальнікаў, якія не з’яўляюцца прафесійнымі гісторыкамі, а толькі аматарамі. Выданне складаецца з дзвюх частак. Першая — «Успаміны» 17 былых вязняў-беларусаў нацысцкіх канцлагераў пад час II сусветнай вайны, якія цяпер жывуць на Беларусі . Другая частка — «Укладанне», кшталту своеасаблівага дакументальнага дадатку або нямецкага даведніка пра Беларусь, пачынаючы з XIII ст. да 90-х г. XX ст. Чытаць далей →

Spod Monte Cassino na Sybir (Юры Грыбоўскі)

Spod Monte Cassino na Sybir. Deportacja byłych żołnierzy Polskich sił zbrojnych na Zachodzie z Białorusi, Litwy i Ukrainy w 1951 roku. Warszawa, 1998.

Гэтая кніга цалкам складаецца са спісаў дэпартаваных з тэрыторыі савецкіх Беларусі, Літвы і Ўкраіны былых жаўнераў Корпуса Андэрса, які пад час другой сусветнай вайны ваяваў супраць гітлераўцаў у Італіі. На старонках працы змешчаны звесткі пра былых «андэрсаўцаў». З іх 888 асобаў складаюць тыя, хто ў ноч з 31 сакавіка на 1 красавіка 1951 г. паводле распараджэння спецыяльнай калегіі пры Міністэрстве Дзяржаўнай Бяспекі СССР быў разам з сем’ямі выселены ў Іркуцкую вобласць, на г. зв. спецпасяленні з тэрыторыі Савецкай Беларусі.

Спіс высяленцаў падрыхтаваны вядомым беларускім гісторыкам Уладзімірам Адамушкам, які займаецца тэмай палітычных рэпрэсіяў 20—50–х г. на Беларусі, на падставе дакументаў з цэнтральнага Архіва Міністэрства Ўнутраных Справаў Рэспублікі Беларусь. Гэты спіс быў дапрацаваны польскімі даследчыкамі, у выніку чаго на кожнага «андэрсаўца» склаўся своеасаблівы жыццяпіс: адзначаюцца вайсковыя часткі, у якіх служыў чалавек пад час I і II сусветных войнаў ці ў міжваенны час; месца, куды быў выселены жаўнер; імёны сваякоў, з якімі яго выселілі; лёс пасля вяртання з спецпасялення; узнагароды, якімі ганаравалі ваяра. Дарэчы, апошні паказчык даволі карысны ў тым сэнсе, што гэткім чынам можна даведацца, у якіх ваенных баталіях удзельнічала асоба. Так, паводле спісу звыш паловы былых вайскоўцаў Польскіх Збройных Сілаў на Захадзе (ПЗСЗ) удзельнічалі ў бітве за Монтэ–Касіна (травень 1944), бо былі ганараваныя памятным крыжам Монтэ–Касіна. Чытаць далей →

Весялкоўскі, Юры. Няясна мроіліся новыя дарогі. (Юры Грыбоўскі)

Весялкоўскі, Юры. Няясна мроіліся новыя дарогі. Лондан, 1997. 142.

Гэта другая (пасля біяграфічнага нарыса ў «Беларускім гістарычным зборніку», 1996, № 2(6)) спроба жыццяпісу вядомага беларускага грамадскага дзеяча на эміграцыі Юрыя Весялкоўскага і першы яго аўтабіяграфічны твор. Аўтар тут апісвае свой жыццёвы шлях ад дзяцінства і юнацтва, якія прыпалі на гады, калі ягоная Стаўпеччына была ў складзе II Рэчы Паспалітай, да падзей 80–х г., якія адбываюцца на Брытанскіх выспах, дзе Весялкоўскі жыве і цяпер. Гэткі вялізны прамежак часу дазваляе чытачу вачыма аўтара зірнуць на такія моманты айчыннай гісторыі, як уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР увосень 1939 г., пачатак нямецка–савецкай вайны ў 1941 г., нямецкая акупацыя, дзейнасць Менскай афіцэрскай школы Беларускай Краёвай Абароны (Весялкоўскі сам быў кадэтам), знаходжанне ў 30–й дывізіі СС Зіглінга, заканчэнне вайны ў складзе Арміі Андэрса, паваенная беларуская эміграцыя ў Вялікай Брытаніі. Расповед гэткага ж зместу напісаў іншы эмігрант — Кастусь Акула (Акула К. Змагарныя дарогі. 1994), які таксама прайшоў шлях жаўнера ад кадэта Менскай школы БКА да кіраўніка ветэранскага руху на эміграцыі. Таму можна параўнаць погляды абодвух аўтараў на некаторыя моманты і падзеі ды заўважыць адрозненні. Асабліва гэта тычыцца перыяду ад улучэння менскіх кадэтаў у склад 30–й дывізіі СС, якая была ў сваім афіцэрскім складзе расійскай па сутнасці. Разам з тым варта сказаць, што Акула больш падрабязна апавядае пра падзеі таго часу, нават пра тыя, сведкам якіх ён не быў. Так, гэта тычыцца пераходу брыгады «Беларусь» разам са злучэннем РОА на бок амерыканскіх войскаў. Што датычыць Весялкоўскага, то ён не прэтэндуе на грунтоўны твор пра лёс вайскоўцаў–беларусаў па–за межамі Беларусі ў 1944—45 г., затое праз прызму свайго ўспрымання і светапогляду намагаецца праўдзіва давесці да ведама чытача найперш пра сваё жыццё і дзейнасць, закранаючы ў аповедзе толькі асобаў, з якімі ён сутыкаўся, і падзеі, у якіх давялося ўдзельнічаць. Чытаць далей →

Кірыл Маль. Антыбальшавіцкі рух у Беларусі ў 1919—1921 г


Палiтычная сiтуацыя, у якой апынулася Беларусь пасля 1917 г., была даволi складанай. З аднаго боку канец iснавання Расiйскай iмперыi даваў беларускаму народу шанс утварыць самастойную нацыянальную дзяржаву, але з другога боку шанс гэты быў чыста тэарэтычным. На панаванне над Беларуссю прэтэндавалi дзве дастаткова магутныя сiлы, якiя лiчылi яе натуральнай сферай сваiх iнтарэсаў — Савецкая Расiя i Польшча. Як першая, так i другая, хоць i абвясцiлi сябе вызваляльнiкамi беларускiх земляў, на самай справе iмкнулiся акупаваць iх i ўсталяваць тут адпаведныя палiтычныя рэжымы.

Дзякуючы савецкай гiстарыяграфii добра вядома, як жыхары Беларусi сустрэлi польскiх акупантаў. Шматлiкiя працы былi прысвечаны партызанскаму i падпольнаму руху на занятых палякамi тэрыторыях. Аднак амаль нiчога невядома пра супрацiўленне бальшавiцкаму акупацыйнаму рэжыму, якi быў не менш, калi не больш жоpcткi, чым польскi. Калi савецкiя гiсторыкi i звярталi ўвагу на гэты антыбальшавiцкi рух, то заўсёды малявалi яго ў чорных фарбах, а прычыны бачылi ў «происках польской шляхты и мирового империализма» цi ў «влиянии эсеров и кулаков на несознательную часть крестьянства».
Чытаць далей →

Да генэзы БНП, або як ствараліся міфы (Юры Туронак)


Сяргей Ёрш. Вяртаньне БНП. Асобы і дакументы Беларускай Незалежніцкай Партыі. Менск – Слонім, 1998.

Даследчыкам падпольных арганізацый вядома, што выяўленне поўнай карціны іх дзейнасці наўрад ці магчымае, нават пасля перамогі дзяржаўнага рэжыму, за які змагаліся падпольшчыкі. Пераканальнае сведчанне таму — бясконцыя спрэчкі гісторыкаў камуністычнага падполля і партызанскага руху ў Беларусі ў гады ІІ сусветнай вайны ці рухаў супраціўлення ў іншых краінах.

Таму можна зразумець тыя цяжкасці, з якімі сутыкнуўся Сяргей Ёрш, аўтар кнігі „Вяртанне БНП», які не мог выкарыстаць архіўныя матэрыялы органаў дзяржаўнай бяспекі БССР, недаверліва паставіўся да выказванняў Л.Цанавы і В.Раманоўскага, не выявіў дакументаў па дзейнасці БНП у Беларусі, урэшце, не натрапіў на апублікаваныя ўспаміны яе членаў. У выніку, згодна з падзагалоўкам кнігі, аўтар абмежаваў ся асобамі, якія, на яго думку, былі дзеячамі БНП, і створанай на эміграцыі дакументацыяй, што папярэдзіў кароткім нарысам гісторыі БНП.
Чытаць далей →

Davies, Norman. Orzeł biały, czerwona gwiazda (Алесь Смалянчук)


Davies, Norman. Orzeł biały, czerwona gwiazda. Wojna polsko-bolszewicka 1919—1920. Kraków, 1998. 308.

Гістарычная навука не можа быць цалкам свабоднай ад ідэалагічных уплываў. Але заўсёды існуе мяжа, якая аддзяляе навуковую працу ад фальсіфікацыі мінулага ва ўгоду пэўных ідэалагічных мэтаў. На жаль, для бальшыні беларускіх савецкіх гісторыкаў, што займаліся праблематыкай ХХ ст., гэтай мяжы не існавала. Тая гісторыя, якая навязвалася грамадству Беларусі, на самай справе ніколі не перажывалася беларускім народам. Яе асноўныя пастулаты фармуляваліся ў кабінетах партыйных кіраўнікоў. Яскравы прыклад такой «навукі» — афіцыйная канцэпцыя т.зв. «савецка-польскай вайны 1920—1921 г.» і яе наступстваў. (Гл., напр.: Гісторыя Беларускай ССР. Пад рэд. І.Ігнаценкі, Л.Абэцэдарскага і інш. Т.3. Мінск, 1993. Адпаведныя раздзелы напісаныя П.Селіванавым і Н.Каменскай.) Падмуркам гэтай канцэпцыі было поўнае атаясамліван не беларускіх нацыянальных інтарэсаў з інтарэсамі бальшавіцкіх уладаў Савецкай Расіі.

Кніга Нормана Дэвіса дазваляе ўбачыць ключавыя моманты фальсіфікацыі гісторыі гэтай вайны. Гэта вельмі важна для нас, бо ў сучаснай беларускай гістарыяграфіі ўсё больш відавочнай становіцца тэндэнцыя аднаўлення былых ідэалагічных канцэпцый. (Гл., напр.: Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Пад рэд. Я.Новіка і Г.Марцуля. Мінск, 1998; И.Ковкель, Э.Ярмусик. История Беларуси с древнейших времён до наших дней. Мінск, 1998[1].)
Чытаць далей →

Einsatz im „Reichskommissariat Ostland“. Berlin, 1998. (Сяргей Новікаў)

Einsatz im „Reichskommissariat Ostland“: Dokumente zum Völkermord im Baltikum und in Weisßrusßland 1941 — 1944 / hrsg. von Wolfgang Benz, Konrad Kwiet, Jürgen Matthäus. Berlin: Metropol, 1998. 301.

Нямецкі напад на Савецкі Саюз 22 чэрвеня 1941 г. паклаў пачатак вайне, якую палітычнае і ваеннае кіраўніцтва Трэцяга Райху разглядала як „вайну на вынішчэнне“. З асаблівай жорсткасцю акцыі тэрору праводзіліся на тэрыторыі балтыйскіх краін і Беларусі, дзе ўся паўната грамадзянскай улады знаходзілася ў руках адміністрацыі райхскамісарыяту „Остлянд“. На парадку дня тут стаялі розныя пытанні, у тым ліку сістэматычнае знішчэнне яўрэяў, камуністаў, цыган і інш. Шэраг дакументальных крыніц дае канкрэтныя звесткі пра дзейнасць удзельнікаў „вайны светапоглядаў“, якая вынікала з праграмы акупацыйнай палітыкі нацыянал–сацыялісцкай партыі фашысцкай Нямеччыны.
Чытаць далей →

Юрэвіч, Лявон. Жыцьцё пад агнём (Алег Гардзіенка)

Юрэвіч, Лявон. Жыцьцё пад агнём. (Партрэт беларускага военачальніка і палітычнага дзеяча Барыса Рагулі на фоне яго эпохі). Менск. Спэцвыпуск часопісу «ARCHE». 1999. 256.

Гэтая кніга чарговы раз падрывае міф пра ўсенародны характар савецкага супраціву гітлераўскім акупантам пад час апошняй вайны. У СССР усіх выхоўвалі на легендах пра піянераў–герояў і Сусаніных ХХ ст. Аднак у Беларусі было ўсё ж інакш. «Жыцьцё пад агнём» і ёсць поглядам на вайну з іншага, несавецкага боку.

Барыс Рагуля — галоўны герой кнігі і аўтар успамінаў, пакладзеных у яе аснову, пад час нямецкай акупацыі працаваў у беларускай адміністрацыі ў Наваградку, у настаўніцкай семінарыі, а напрыканцы 1943 г. арганізаваў і ўзначаліў Наваградскі конны эскадрон, які найперш змагаўся з савецкімі партызанамі, а таксама бараніў насельніцтва ад рабаўніцтва з боку як немцаў, так і польскіх партызанаў.
Чытаць далей →

Антысавецкія рухі ў Беларусі 1944—56 г. (Якуб Наваградцаў)

Антысавецкія рухі ў Беларусі 1944–56 гг. Даведнік. Архіў найноўшай гісторыі / Пад рэдакцыяй А. Дзярновіча. Менск, 1999.

Сама назва кнігі інтрыгуе, бо перыяд 1944–56 г. у беларускай гісторыі цалкам невядомы. Пра які–кольвечы антыкамуністычны супраціў у Беларусі пасля 1944 г. проста нідзе не пісалася. Мусім пагадзіцца з тым, што ў Беларусі супраціў не быў такі моцны, як у прыбалтыйскіх рэспубліках ці ў Заходняй Украіне. Аднак, як сведчаць матэрыялы кнігі, змаганне з савецкай уладай на тэрыторыі Беларусі ўсё ж вялося, і беларусы не былі сляпой бясформеннай масай, што здаліся на міласць новай уладзе.

У складанні гэтага даведніка бралі ўдзел Сяргей Ёрш, Міхась Чарняўскі, студэнты Беларускага Калегіюма і інш. Кнігу складаюць раздзелы: „Пэрсаналіі“, „Арганізацыі, асяродкі, партыі, фармацыі“, „Акцыі“, „Выданьні“, „Узнагароды“, а таксама спіс літаратуры па тэме. Спецыфіка антысавецкага супраціву ў Беларусі вымушае звярнуцца перш да другой часткі кнігі „Асацыяцыі, асяродкі, рухі, фармацыі“. Паваенны антыкамуністычны рух у даведніку класіфікуецца па наступных крытэрах: па нацыянальнай прыкмеце (беларускі, польскі, украінскі) і па ідэйнай аснове (збройная партызанка, моладзевае падполле, духоўная апазіцыя (рэлігійныя рухі)). Дык вось найбольш пытанняў выклікае „партызанка“ (беларускі партызанскі рух пасля вайны), па якой абсалютную большасць артыкулаў напісаў папулярызатар тэмы Сяргей Ёрш. Можна было чакаць, што ў даведніку нарэшце будзе пададзена і колькасць партызанаў, і арэал іхнай дзейнасці, і акцыі, і наогул, хто ёсць хто ў партызанскім руху. Аднак гэтага няма. „Нацыянальныя партызанскія аддзелы … пад час нямецкай акупацыі дзейнічалі ў многіх раёнах Беларусі“, піша Ёрш (129). Што значыць „многія“? Хацелася б ведаць хоць некалькі канкрэтных раёнаў. Бо можа стварыцца ўражанне, што нацыянальная партызанка была масавай. Чытаем далей: „Звычайна партызаны праводзілі дыверсіі й тэрарыстычныя акты напярэдадні або пад час савецкіх святаў, палітычных мерапрыемстваў: рабіліся напады на выбарчыя участкі, на сельсаветы, знішчалася дакумантацыя, савецкая сымболіка, праводзіўся тэрор супраць савецкіх, партыйных актывістаў, супрацоўнікаў міліцыі, дзяржбяспекі, вайскоўцаў. Нярэдка супраціў набываў формы лякальных паўстаньняў“ (128). Хацелася б пабачыць пералік мясцовасцяў, хаця б тых, дзе адбываліся паўстанні і які быў іхны размах.
Чытаць далей →