БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС
Галоўная » Запісы па тэме 'Беларусь у сусветных войнах'

Артыкулы па тэме ‘Беларусь у сусветных войнах’

Turonek, Jerzy. Weißruthenien: Zweitfrontenkrieg der Ideologien (Сяргей Новікаў)

TURONEK, JERZY. Weißruthenien: Zweifrontenkrieg der Ideologien, y: Anpassung — Kollaboration — Widerstand: kollektive Reaktionen auf die Okkupation / Wolfgang Benz u.a. (Hrsg.). Berlin: Metropol, 1996. S.191–198.

Артыкул Юрыя Туронка з’яўляецца адной з 15 навуковых работ, змешчаных у першым выданні Цэнтра даследаванняў Берлінскага тэхнічнага універсітэта. На працягу трох апошніх гадоў тут пабачыла свет серыя выданняў пад агульнай назвай „Нацыянал–сацыялістычная акупацыйная палітыка ў Еўропе 1939—1945 г.“. Адзначым, што выканаўцы маюць дваякую мэту: па–першае, ліквідаваць навуковы і грамадскі дэфіцыт ведаў па згаданай праблеме, а па–другое, надаць ёй сапраўды „еўрапейскі“ характар даследавання праз пераадоленне дагэтуляшніх нацыянальных абмежаванняў.
Чытаць далей →

Гартмут Рус. СД у Баранавічах (1941–1943)


Для даследавання ўладарання нямецкага акупацыйнага рэжыму ў Савецкiм Саюзе пад час II сусветнай вайны судовыя акты пасляваенных працэсаў над нацыстамi застаюцца той крынiцай матэрыялаў, якая да сённяшняга часу амаль не выкарыcтоўвалася. З прычыны часта сенсацыйнага характару комплексу злачынства i яго прычынаў (а менавiта iх высвятленне было задачай тых працэсаў), iншыя дэталi агульнага кантэксту нямецкага акупацыйнага рэжыму, якiя пры гэтым высвятляюцца, большай часткай застаюцца па-за ўвагай або разглядаюцца як неiстотныя. Але няма, бадай, нiводнай iншай групы крынiц, якая б давала такое мноства фактаў i iнфармацыi ў дачыненні да лакальных штодзённых праяў акупацыйнага рэжыму. Пра тое, якая частка палiтычных намераў, iдэaлагiчных установак, загадаў, дырэктываў i ўказаў нацыянал-сацыялiсцкага кiраўнiцтва даходзiла да нiжняга ўзроўню акупацыйнай сiстэмы i як гэта там потым ажыццяўлялася, ёсць змястоўныя звесткi ва ўспамiнах былых удзельнiкаў акупацыi i ацалелых ахвяраў, сведкаў — у кожным выпадку з тагачаснага пункту гледжання i ў адпаведнасцi з ўласнай пазiцыяй. Вядома, трэба ўлiчваць, што мясцовая перспектыва была Чытаць далей →

Франц Кушаль. Спробы арганiзацыi Беларускага Войска*


* Заканчэнне публікацыі. Папярэднія раздзелы гл. у Т.1, Сш.1 (1994), Т.2, Сш.1 (1995), Т.4, Сш.1-2 (1997).

Спэцыяльны ўпаўнаважаны

Калi нямецкая армiя ачысцiла ў 1941 г. Беларусь ад савецкай улады, беларускi народ паверыў, што надыйшло сапраўднае ягонае вызваленьне ад зьненавiджанага савецкага ладу. Ня хочучы толькi карыстаць з вызваленьня здабытага ахвярнасьцю нямецкага жаўнера, беларусы жадалi самi ўзяць дзейны ўдзел у змаганьнi з бальшавiзмам i са свайго боку гэтак сама гатовыя былi несьцi крывавыя ахвяры. Аб гэтым сьведчаць бязупынныя стараньнi прадстаўнiкоў беларускага грамадзянства перад нямецкiмi ўладамi аб дазволе на арганiзацыю беларускага войска, а гэтак сама й ахвярнасьць беларусаў, якiя добраахвотна ўступiлi ў рады палiцыi й самаахвярна аддалi сваё жыцьцё ў змаганьнi з бальшавiцкай партызаншчынай.
Чытаць далей →

Кiрыл Маль. Вайна 1920 г. i Беларусь: вызваленне цi акупацыя?


Савецка-польская вайна 1920 г. была адной з самых значных i драматычных старонак нашай гiсторыi XX стагоддзя. Падзеi 1920 г., як сцвярджаў вядомы польскi пiсьменнiк i публiцыст Збiгнеў Залускi, «… стварылi новае матэрыяльнае становiшча, новую рэальнасць быцця Расii, Беларусi i Украiны, а ў пэўнай ступенi i Польшчы»[1]. Не выпадкова савецка-польская вайна заўсёды выклiкала цiкавасць як айчынных, так i замежных даследчыкаў. Аднак сярод значнай колькасцi гiстарычных прац няма амаль нiводнай, прысвечанай месцу Беларусi ў савецка-польскiм канфлiкце, уплыву падзей 1920 г. на ейны лёс. Савецкая гiстарыяграфiя заўсёды лiчыла паход Чырвонай Армii вызваленнем беларускага i ўкраiнскага народаў з-пад польскай акупацыi. Цi гэта на самой справе было так?

Увесну 1920 г. грамадзянская вайна, што ахапiла велiзарныя абшары былой Расiйскай iмперыi, у еўрапейскай часцы Расii ў асноўным завяршылася. Часткi барона Ўрангеля, заблакаваныя ў Крыме, не ўяўлялi сур’ёзнай пагрозы бальшавiцкаму рэжыму. Гэтая адносная, хоць i не канчатковая, стабiлiзацыя ўнутранага становiшча дала магчымасць бальшавiкам звярнуцца да Еўропы i зноў вярнуцца да паўсталага яшчэ пад час нямецкай рэвалюцыi праекту сусветнай класавай вайны супраць iмперыялiзму. Польшча, якая, па словах Сталiна, была «контрреволюционным барьером между революционным Западом и социалистической Россией», стала ворагам нумар 1 для РСФСР, i менавiта праз яе «труп» праходзiў шлях Чырвонай Армii, якая несла на сваiх штыках «мiр» i «шчасце» ўсiм народам Еўропы.
Чытаць далей →

Франц Кушаль. Спробы арганiзацыi Беларускага Войска — працяг


Працяг публiкацыi. Папярэднiя раздзелы гл. у Т.1. Сш.1 (1994) i Т.2. Сш.1 (1995).

Варункi былi наступныя:

1) Камандзiр батальёну i ўсе нiжэйшыя камандзiры — беларусы. 2) Каманднай i службовай мовай у батальёне — беларуская. 3) Кандыдатаў на камандзiраў прадстаўляе галоўны вайсковы рэфэрэнт БСА пры Самапомачы. 4) Маральную апеку над батальёнам i прапаганду маюць беларусы. 5) Узбраеньне, абмундзiраваньне i выжывеньне нямецкае, паводле нямецкiх вайсковых нормаў. 6) Адзнакi на мундзiрах павiны быць аднак беларускiя, на шапках Пагонi, а бел-чырвона-белыя сьцяжкi на левым рукаве. 7) Батальён можа быць ужыты толькi на Беларусi й толькi супроць ворагаў беларускага народу бальшавiцкiх партызанаў.

Калi Шлегель прачытаў гэтыя варункi, ён сказаў, што на ўсё згаджаецца, апрача таго толькi, што камандзiр батальёну павiнен быць беларус. Усе iншыя камандзiры, сказаў ён, будуць беларусы, але камандзiр батальёну павiнен быць немец. Калi я i Саковiч адказалi, што мы згаджаемся на гэтую зьмену, калi iнакш ня можна, то Шлегель сказаў: «Калi так, дык я ў вашай прысутнасьцi падпiсваюся пад вашымi варункамi». «А цяпер, падпiсаўшы паперу, зьвярнуўся ён да мяне, — жадаю вам удачы ў арганiзацыi новага беларускага батальёну».
Чытаць далей →

Памяць раённага маштабу (Мiкола Нiкалаеў, Валеры Антонаў)


*Памяць. Наваградскi раён. Мiнск: Беларусь, 1996.
Далей спасылкi на старонкi кнiгi дадзены непасрэдна ў тэксце.

Гэтая кнiга* — чарговы, здаецца, ужо больш чым дваццаты том хронiкi «Памяць» — не можа быць ардынарнай, адной з многiх падобных, хаця i рыхтавалася ў рамках добра вядомай серыi. Па-першае, не ў крыўду iншым гарадам i раёнам, Наваградак ёсць справа асаблiвая. Лёс даўняй сталiцы Вялiкага Княства Лiтоўскага (ВКЛ), роля Наваградчыны ў гiсторыi i, у прыватнасцi, этнiчнай гiсторыi Беларусi настолькi ж значныя i выразныя, наколькi i цьмяныя, загадкавыя, ахутаныя густой смугой легенд, апокрыфаў цi простага маўчання крынiц. З другога боку, сама «Памяць» на працягу дванаццацi год свайго iснавання не заставалася нязменнай. Раслi патрабаваннi да серыi, пашыралiся яе задачы, набываўся вопыт. Досыць параў-наць, напр., адзiн з першых выпускаў — пра Шумiлiнскi раён — шэрую (у любым сэнсе) кнiжыцу, скрозь прысвечаную поспехам у камунiстычным будаўнiцтве, з iлюстрацыйным матэрыялам, што больш нагадваў стэнд нагляднай агiтацыi на плошчы якога-небудзь раённага гарадка (таго ж Шумiлiна), а ўся дакастрычнiцкая гiсторыя змясцiлася на дзевяцi (мы не жартуем) старонках, з цяперашнiм, важкiм наваградскiм томам, да работы над каторым прыцягвалiся буйнейшыя спецыялiсты (iмёны Л. Побаля, В. Чамярыцкага, М. Ермаловiча самi за сябе гавораць), са значным даведачным i картаграфiчным апаратам, нават бiблiяграфiяй, — каб бачна ўразумець пройдзены «Памяццю» шлях i яе дасягненнi.
Чытаць далей →

Розенблат, Евгений С., Еленская, Ирина Э. Пинские евреи: 1939-1944 (Уладзiмiр Здановiч)


РОЗЕНБЛАТ, ЕВГЕНИЙ С., ЕЛЕНСКАЯ, ИРИНА Э. Пинские евреи. 1939-1944. Брест, 1997. 312.

Трагедыя яўрэйскага насельнiцтва ў час мiнулай сусветнай вайны агульнавядомая. Тым не менш, гiсторыя яўрэяў Беларусi гэтага перыяду, нягледзячы на шэраг публiкацый, яшчэ не знайшла свайго належнага аcвятлення. Таму трэба толькi вiтаць спробы асобных навукоўцаў падыходзiць да вывучэння праблемы больш грунтоўна i глыбока. Сярод новых прац такога кшталту асаблiва вылучаецца кнiга берасцейскiх даследчыкаў Яўгена Разенблата i Iрыны Яленскай, прысвечаная малавядомым старонках жыцця яўрэйскага насельнiцтва Пiншчыны.

Манаграфiя «Пiнскiя яўрэi. 1939-1944 г.» напiсана на аснове шырокага корпусу крынiц: апублiкаваных матэрыялаў, у тым лiку гiстарычнай лiтаратуры на польскай i ангельскай мовах, матэрыялаў акупацыйнай прэсы, музейных матэрыялаў, сведчанняў удзельнiкаў i вiдавочцаў тых падзей. Асаблiвую важкасць даследаванню надаюць архiўныя дакументы, пераважная большасць якiх уводзiцца аўтарамi ў навуковы зварот упершыню.
Чытаць далей →

Бернгард К’яры. Гiсторыя як паслядоўнасць катастроф. Беларускi рэгiён як акупаванае грамадства: 1939-1944/47*


Калi ў 1944 г. у вызваленай Беларусi савецкiя войскi пераможна рухалiся на захад, адзiн малады афiцэр быў шакаваны сцэнаю, якую ён убачыў у маленькiм сяле i апiсаў у выглядзе этналагiчнай справаздачы аб экспедыцыi[1]. З шалашоў, прымiтыўных сховiшчаў i паўразбураных хацiнаў яму насустрач выходзiла рэшта людзей, недаверлiвым i няўпэўненым паводзiнам якiх адпавядаў iх знешнi выгляд. Большасць з iх насiла самаробную вопратку з такiх матэрыялаў, як натуральнае валакно, кара дрэў, драўнiна i г. д. Складвалася ўражанне, што яны страцiлi сувязь з цывiлiзацыяй. У гэтым выявiлася культурная катастрофа, якая шматразова i жорстка спасцiгала грамадства БССР у перыяд памiж 1914 i 1947 г. Ужо I сусветная вайна i хаос часоў Грамадзянскай вайны, як пераканаўча паказана ў «Конармii» I.Бабеля, пакiнулi пасля сябе культурную tabula rasa[2]. У межах гэтага артыкула я хацеў бы акрэслiць тыя грамадскiя змены, якiя выпалi на лёс БССР у II сусветнай вайне.
Чытаць далей →

Rozstrelany w Katyniu (Iван Сiнчук)

Rozstrzelany w Katyniu: Alfabetyczny spis 4410 jeńców polskich z Kozielska rozstrzelanych w kwietniu-maju 1940, według źródeł sowieckich, polskich i niemieckich / Indeks represjonowanych. T.I. Warszawa: Ośrodek KARTA 1995. 286.

Катыньская бойня ўвайшла не толькi ў гiсторыю Польшчы i Беларусi, яна вядомая ў цэлым свеце. Пачынаючы з II сусветнай вайны катыньскую карту ня раз выкарыстоўвалi ў гульнi палiтыкi i iдэолагi. Першы раз спiсы эксгумаваных ахвяр былi надрукаваны ў 1943 г.[1]. А апошняя спроба змянiць погляды на катыньскую трагедыю адбылася лiтаральна на нашых вачах у канцы 1996: у тэлевiзiйнай праграме Аляксандра Няўзорава (Расiя, Санкт-Пецярбург) зноў была пушчана ў ход «нямецкая» версiя, прагучала сцверджанне, што НКУС не мела дачыненняў да растрэлу палонных Казельскага канцэнтрацыйнага лагеру, у якiм утрымлiвалiся захопленыя Чырвонай армiяй у вераснi 1939 г. афiцэры Войска польскага, мытнiкi i памежнiкi.
Чытаць далей →

Франц Кушаль. Спробы арганізацыі Беларускага Войска пры нямецкай акупацыі Беларусі. Камэнтар Аляксея Ліцьвіна


Працяг. Пачатак у Т.1 Сш.1.

Немцы ахвотна згадзіліся на адчыненьне афіцэрскага курсу: ім было цікава бачыць, ці патрапляць беларусы арганізавацца самі i ці знойдзецца ў ix належная колькасьць афіцэраў. На першы курс было вырашана паклікаць 100 афіцэраў. Яшчэ перад першым жніўнем афіцэры пачалі прыбываць на курс, i ў дзень адчыненьня курсу ix было ўжо больш як сто.

Курс адчынілі вельмі ўрачыста. Заля была ўпрыгожаная дзяржаўнымі сьцягамі i эмблемамі беларускімі i нямецкімі. Быў апрацаваны цэлы цырыманіял адчыненьня. Афіцэраў выстраілі роўнымі шэрагамі. На ўрачыстасьць прыбылі: Генэральны Камісар Беларусі Вільгельм Кубэ з сьвітаю, Камандуючы войскамі Менскае акругі з штабам, найвышэйшыя прадстаўнікі нямецкае паліцыі i CC, i выдатнейшыя прадстаўнікі беларускага грамадзства. Я здаў рапарт д-ру Ермачэнку як Галоўнаму Каманданту БСА. Генэральнаму Камісару Беларусі здаў рапарт нямецкі капітан Кумэр, апякун афіцэрскага курсу зь нямецкага боку. Першы сказаў доўгую прамову д-р Ермачэнка, пасьля яго яшчэ даўжэйшую сказаў Галоўны Камісар Беларусі Кубэ. У сваёй прамове Кубэ называў нашых афіцэраў сваімі сябрамі i абяцаў ім будучыню ў беларускім войску, якое, безумоўна, пры нямецкай дапамозе зарганізуецца. Пасьля прамовы Кубэ, д-р Ермачэнка ўзьнёс Беларускі Нацыянальны Сьцяг перад Пагоняй i партрэтам Гітлера i гэтым курс уважаўся адчыненым. Кубэ прайшоў уздоўж фронту афіцэраў, пры чым азнаёміўся з афіцэрамі. Склад афіцэраў пад поглядам веку быў вельмі розны, найстарэйшы афіцэр меў 68 год, а наймалодшы 20. Гэтаму Кубэ асабліва дзівіўся, ацэньваючы патрыятызм беларусаў, дзе дзед i ўнук разам пайшлі ў шэрагі войска. Настрой сярод афіцэраў i гасьцей быў незвычайна ўрачысты. Урачыстасьць закончылася супольным абедам. Пры абедзе афіцэры прамаўлялі, пры гэтым асабліва падкрэсьлівалі сваю адданасьць справе. «Няхай жыве Незалежная Беларусь» — бесьперапынку гучэла на залі. Чытаць далей →