БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС
Галоўная » Запісы па тэме 'Цэнтральная Еўропа'

Артыкулы па тэме ‘Цэнтральная Еўропа’

Алесь Пашкевіч. Выбары ў Вiленскi сойм у 1922 г. і адносiны да іх беларускай грамадскасцi


У кастрычніку 1920 г., пасля захопу Вільні войскамі польскага генерала Люцыяна Жалігоўскага, на карце Ўсходняй Еўропы афіцыйна з’явілася новая дзяржава пад назвай „Сярэдняя Літва“, якая, акрамя самога горада Вільні, уключала ў сябе Ашмянскі, Віленскі, Троцкі і Свянцянскі паветы. Самастойнага значэння гэтае ўтварэнне не мела, і фактычна яго „незалежнасць“ служыла толькі шырмаю для прыкрыцця польскай улады над спрэчнымі з Літвой тэрыторыямі. Справа вызначэння дзяржаўнай прыналежнасці гэтых тэрыторый стала на пэўны час праблемай еўрапейскага значэння. Варыянтаў вырашэння праблемы было некалькі, і ў якасці аднаго з іх адразу ж была агучана ідэя выбараў мясцовага парламента, які на сваім паседжанні прыняў бы пастанову па гэтым пытанні.
Чытаць далей →

Нарыс гісторыі Польскай Дзяржавы і Народа. Х—ХХI ст. / Рэдакцыя і ўклад. тэксту Мар’ян Семаковіч (Любоў Козік)


Нарыс гісторыі Польскай Дзяржавы і Народа. Х—ХХI ст. / Рэдакцыя і ўкладанне тэксту: МАР’ЯН СЕМАКОВІЧ. Пераклад тэксту з польскай: ГАННА ЦІШУК. Варшава: Demart, 2005. 312 c.

Прапанаваная шырокаму колу чытачоў кніга „Нарыс Польскай Дзяржавы і Народа. Х—ХХI ст.“, несумненна, доўгачаканая, яна будзе запатрабаваная ў Беларусі, тым больш што гэта першая гісторыя Польшчы па–беларуску. Шмат агульнага звязвае беларускі народ з польскім, з яго гісторыяй, традыцыямі і культурай, многія дзеячы лічылі сябе сынамі і дочкамі двух, а то і трох — польскага, беларускага і літоўскага — народаў. Але, на жаль, у беларускай гістарыяграфіі дагэтуль так і не была зроблена спроба напісаць абагульняльную працу па гісторыі суседняга народа, а гэта магло б стаць добрым крокам у развіцці не толькі нацыянальнай, але і польскай гістарычнай навукі.

У аснову нарысаў пакладзены храналагічны прынцып, у рамках якога можна вылучыць праблемны падыход. Так, разглядаючы падзеі Х — канца ХVIII ст., аўтар засяроджвае ўвагу на фармаванні дзяржаўных межаў і знешнепалітычнай дзейнасці кіраўнікоў польскай дзяржавы. Пытанні, якія датычацца дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай, вынесены ў асобны раздзел. Гэта, на наш погляд, выклікае пэўныя нязручнасці пры чытанні тэксту не знаёмым ці мала знаёмым з гісторыяй Польшчы чытачом. Так, напрыклад, на с. 42 апісана знешнепалітычная дзейнасць Аляксандра Ягелончыка, у той час як асноўныя ўнутрыпалітычныя змены пад час яго кіравання (Мельніцкі прывілей, пастановы Пётркаўскага і Радамскага соймаў, канстытуцыя Nihil Novi, Статут Ласкага) прыводзяцца толькі на с. 106. Выдатна выкананыя карты дазваляюць зарыентавацца ў самых розных пытаннях палітычнай, сацыяльнай, эканамічнай гісторыі і культуры.
Чытаць далей →

Russische und Ukrainische Geschichte vom 16.—18. Jahrhundert. Hrsg. von Robert O. Grummey, Holm Sundhaussen, Ricarda Vulpius (Генадзь Сагановіч)


Russische und Ukrainische Geschichte vom 16.—18. Jahrhundert. Hrsg. von Robert O. Grummey, Holm Sundhaussen, Ricarda Vulpius. Wiesbaden, 2001. 336 (Forschungen zur osteuropäischen Geschichte, Bd.58).

„Даследаванні па ўсходнееўрапейскай гісторыі“ (For­schungen zur osteuropäischen Geschichte), што выдаюцца Інстытутам Усходняй Еўропы пры Вольным універсітэце Берліна, былі заснаваны ў 1954 г. Горстам Ябланоўскім і Вернэрам Філіпам. З таго часу ў гэтай серыі штогод выходзілі асобныя манаграфіі або зборы даследаванняў. Цягам дваццаці гадоў рэдактарам серыі быў прафесар Ганс Ёахім Торке, які памёр у 2000 г. Памяці гісторыка і прысвечаны том 58, складзены з артыкулаў яго калегаў і шматлікіх вучняў. Тэматычныя рамкі выдання вызначаны даследчыцкімі інтарэсамі памёрлага — яго „любімым ХVII стагоддзем“ усходнеславянскіх абшараў. Увесь том сапраўды прысвечаны фактычна гісторыі адной Расіі (за выключэннем двух украінскіх сюжэтаў), што ж да храналогіі, то аўтары не абмежаваліся раннім Новым часам і ахапілі перыяд ад Сярэднявечча да ХIХ ст.
Чытаць далей →

Snyder, Timothy. The Reconstruction of Nations: Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus, 1569—1999 (Віталь Зайка)


Snyder, Timothy. The Reconstruction of Nations: Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus, 1569—1999. Yale University Press, New Haven and London, 2003. 367.

Нягледзячы на значную колькасць публікацыяў пра феномен беларускай самасвядомасці (або феномен адсутнасці такой), няшмат было дададзена да нашага разумення фармавання і развіцця беларускай нацыі. Пераважную большасць працаў займала расцягнутая канстатацыя фактаў і з’яваў, датычных бeларускай самасвядомасці/ідэнтычнасці ў гістарычнай перспектыве, са шчодрым прыцягненнем  істотных (і часта неістотных) факта­графічных дэталяў, гушчыня якіх часам замінала ўбачыць і апісаць тэндэнцыі і прычынна–выніковыя сувязі у разгляданай сферы. Нядаўна выдадзеная кніга амерыканскага даследчыка Тыматы Снайдара „Адбудова нацыяў: Польшча, Украіна, Літва, Беларусь. 1569—1999“ шчасліва пазбаўленая вышэйзгаданых недахопаў і дае новы пункт погляду на беларускія праблемы праз параўнальны разгляд лёсу этнасаў–спадкаемцаў Вялікага Княства Літоўскага, і праз скарыстанне імі спадчыны Вялікага Княства. Чытаць далей →

Povolý Daniel. Operativní technika v rukou StB. (Таццяна Буйневіч)

Povolý Daniel. Operativní technika v rukou StB. Úřad dokumentace a vyšetřování zločinů komunismu. Praha, 2001. 112 s.

Прадметам даследавання аўтара стала сістэма выкарыстання аператыўнай тэхнікі службамі дзяржаўнай бяспекі Чэхаславакіі з 1948 да пачатку 80–х г. Дэфініцыю  „аператыўная тэхніка“ ён падае наступным чынам: гэта „абсталяванне, што рабіла магчымым незаўважны відэазапіс ахвяраў (патаемны светадрук, уласна відэазапіс і цікаванне з дапамогай відэакамеры), аўдыёзапіс (каротка–  і доўгатэрміновае сканаванне гукавай прасторы і праслухоўванне тэлефонаў), перлюстрацыя ліставання (механічная і хімічная праверка карэспандэнцыі), пранікненне ў замкнёныя памяшканні (тайны тэхнічны падгляд)“ (с.5). У адпаведнасці з гэтай класіфікацыяй выбудоўваюцца першыя сем раздзелаў кнігі, кожны з якіх прысвечаны асобнаму віду аператыўнай тэхнікі: 1. Каротка– і доўгатэрміновае сканаванне гукапрасторы. 2. Праслухоўванне тэлефону і тэлеграфу. 3. Тайны светадрук і відэазапіс. 4. Патаемны тэхнічны пад­гляд. 5. Перлюстрацыя ліставання. 6. Хімічная праверка карэспандэнцыі. 7. Фальшывыя пасведчанні асобы і фальшывыя пасведчанні наогул.
Чытаць далей →

Werdt, Christof von. Belarus und die Gegenwart der Sowjetunion // Transformation und historisches Erbe in den Staaten des europaischen Ostens (Лявон Баршчэўскі)


Werdt, Christof von. Belarus und die Gegenwart der Sowjetunion // Transformation und historisches Erbe in den Staaten des europäischen Ostens. Hrsg. von Carsten Goehrke u. Seraina Gilly. — Bern—Berlin—Bruxelles—Frankfurt/M.—New York—Oxford—Wien: Lang, 2000. S. 285—329. Яго ж. Transformation und nationale Identität in der Ukraine und in Belarus. Ein historischer Vergleich // ebenda. S. 331—364.

Зборнік матэрыялаў, прысвечаных палітычным, сацыяльным і эканамічным пераўтварэнням ва Ўсходняй Еўропе цягам апошняга дзесяцігоддзя, з’яўляецца плёнам працы Гістарычнага семінара пры Цюрыхскім універсітэце ў Швейцарыі. У прадмове да зборніка яго ўкладальнікі і рэдактары прафесар усходнееўрапейскай гісторыі Цюрыхскага універсітэта К.Гёрке і колішні асістэнт названага Гістарычнага семінара С.Жылі зазначаюць, што мэтай гэтага выдання было праз параўнанне сітуацый у паасобных краінах і праз ажыццяўленне гістарычна–параўнальнага аналізу наблізіцца да разумення пытання, «чаму ў адных краінах працэс пераўтварэнняў адбываўся больш хутка, а ў іншых больш павольна, і чаму для адных краін ён стварае лепшыя, а для іншых горшыя перспектывы далейшага развіцця». Два артыкулы, аўтарам якіх з’яўляецца супрацоўнік Усходнееўрапейскай бібліятэкі ў Бэрне Крыстаф фон Вэрт, непасрэдна звязаныя з беларускай праблематыкай.
Чытаць далей →

Юры Кітурка. Беларускае пытанне ў палітычнай канцэпцыі Юзафа Пілсудскага (1899—1908)


Пасля рэвалюцыі 1917 г., калі актыўна ішлі працэсы палітычнага пераўпарадкавання тэрыторый Расійскай імперыі, беларусы атрымалі рэальны шанс на стварэнне ўласнай незалежнай дзяржавы. Аднак агульная палітычная кан’юнктура ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе склалася так, што гэтая магчымасць была толькі часткова рэалізавана ў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы. У 1920-30-х г. значная частка беларускіх земляў не ўвайшла ў склад БССР, а была далучана да Польшчы, і беларусы — жыхары гэтых тэрыторый — апынуліся ў становішчы нацыянальнай меншасці ў чужой дзяржаве, хоць і жылі на сваёй уласнай зямлі.
Чытаць далей →

Рэджынальд Р. Бэтс. Канстытуцыйны працэс і палітычная думка ўва Усходняй Еўропе*


Англійскі гісторык права Рэджынальд Робэрт Бэтс (Reginald Robert Betts) (1903—1961) нарадзіўся ў Норыджы ў Вялікай Брытаніі. Пасля сканчэння студыяў у Оксфардзе выкладаў у alma mater, пазней ва універсітэтах Ліверпуля і Белфаста. У 1934 г. стаў прафесарам Саўтгэмптанскага універсітэта. Як медыявіст, Бэтс спецыялізаваўся ў сярэднявечнай гісторыі Чэхіі, але пазней зацікавіўся і сучаснай гісторыяй навастворанай Чэхаславацкай дзяржавы, зрабіўшыся адным з лепшых экспертаў у чэхаславацкіх справах. Гэта прычынілася да яго супрацоўніцтва з Бі Бі Сі пад час другой сусветнай вайны ў якасці рэдактара чэхаславацкай, а пазней цэлай еўрапейскай службы. З 1946 г. да канца жыцця Бэтс узначальваў кафедру цэнтральнаеўрапейскай гісторыі імя Масарыка ў Школе Славянскіх і Усходнееўрапейскіх Даследаванняў (Лонданскі універсітэт).
Чытаць далей →

Fugеdі, Еrіk. Тhе Еlefanthy / The Hungarіan Nobleman and Hіs Kіndred (Уладзімір Канановіч)

Fugеdі, Еrік. Тhе Еlefanthy / The Hungarіan Nobleman and Hіs Kіndred. Edіted by D. Karbіc, foreword by J.M.Bak. Budapest: Central European Unіversіty Press, 1998. 174.

У 1475 г. пасол венгерскага караля Мацея Корвіна пад час візіту да міланскага герцага ахарактарызаваў Венгрыю як краіну 1700 шляхецкіх родаў. Іх прадстаўнікі, незалежна ад іхнай этнічнай і канфесійнай прыналежнасці, складалі палітычную эліту каралеўства cв.Стэфана, або інакш кажучы Natіo Hungarіca. Aднаму з гэтых 1700 рoдaў і прысвечана даследаванне слыннага венгерскага гісторыка Эрыка Фюгедзі (1916—1992).
Чытаць далей →

Unia Lubelska i tradycje integracyjne w Europie Środkowo–Wschodniej (Генадзь Сагановіч)

Unia Lubelska i tradycje integracyjne w Europie Środkowo–Wschodniej. Redakcja naukowa Jerzy Kłoczowski, Pawel Kras, Hubert Łaszkiewicz. Lublin, 1999. 224.

У кнігу ўвайшлі ў асноўным матэрыялы міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай 425–й гадавіне Люблінскай уніі (частка тэкстаў рыхтавалася спецыяльна, як і змешчаная ў дадатку выбраная бібліяграфія па праблеме уніі). Навуковы форум гісторыкаў Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны пад назвай «Люблінская унія ды інтэграцыйныя традыцыі ў Цэнтральна–Усходняй Еўропе» праходзіў яшчэ летам 1994 г. у Любліне, дзе яго арганізаваў Інстытут Цэнтральна–Усходняй Еўропы — што цікава — з ініцыятывы беларускага боку.
Чытаць далей →

Мыльников, Александр С. Картина славянского мира (Альбіна Семянчук)


Мыльников, Александр С. Картина славянского мира: взгляд из Восточной Европы: Этногенетические легенды, догадки, протогипотезы XVI — начала XVIII века. С.–Петербург: Центр „Петербургское Востоковедение“, 1996. 320.
Сярод інтэлектуальных бэстсэлераў Расіі 1996 г. „Книжное обозрение“[1] называла гэтую кнігу прафесара А.Мыльнікава. Ужо ў назве яе адлюстравана галоўная задача, якую ставіць перад сабой аўтар — падаць цэласную карціну славянскага свету на пачатку Новага часу. Аднак ён не прэтэндуе на ахоп усіх аспектаў глабальнай славянскай праблематыкі. Рэканструюючы панараму славянскага свету на падставе этнагенетычных легендаў, здагадак, протагіпотэзаў XVI — пачатку XVIII ст., А.Мыльнікаў свядома выбірае пункт погляду з Усходняй Еўропы (дакладней, Расіі). Галоўная мэта манаграфіі — пошук і аналіз інфармацыі пра біблейскіх продкаў славян (разглядаюцца так званая Грамата Аляксандра Македонскага пра наданне славянам правоў на іх землі, а таксама аповед пра трох „харвацкіх братоў“ Чэха, Леха і Руса ды паходжанне і гісторыя гэтых і некаторых іншых, звязаных з імі, легендаў).
Чытаць далей →

Rowell, Stephen. Lithuania ascending (Генадзь Сагановіч)


Rowell, Stephen C. Lithuania ascending: A pagan еmpire within East-Central Europe, 1295-1345. Cambridge Studies in Medieval Life and Thought. Fourth series. Cambridge Universty Press, Cambridge, New York, Melbourne, 1994. XXXVIII, 375.

Манаграфія Стэфана Ровэла падалася мне добрым прыкладам працы гісторыка наогул. Гэта кніга пра Літву сярэднявечную для Літвы цяперашняй, праца ў меру заангажаванага ў цяперашнюю грамадска-палітычную рэальнасць вучонага, чаго ён зусім не тоіць, а нават дэкляруе (манаграфія прысвечана памяці герояў змагання за незалежнасць найноўшай Літвы — ахвярам 13 студзеня 1991 г.). Надта доўга, піша Ровэл на самым пачатку кнігі, сярэднявечная літоўская гісторыя трактавалася як tabula rasa, чакаючы, пакуль суседзі як сілы, што «цывілізавалі» Вялікае Княства, напішуць на ёй сваю славу (р.хіі) (Хіба гэта на рахунак і цяперашніх суседзяў, г.зн. і Беларусі?). Чытаць далей →

Waidenberg, Marek. Kwestie narodowe w Europie ŚródkowoWschodniej (Юры Вашкевіч)

WALDENBERG, MAREK. Kwestie narodowe w Europie Śródkowo-Wschodniej. Historia. Idei. — Warszawa, 1992. — 418S.

Аўтар гэтай кнігі паставіў перад сабой задачу па магчымасьці шматбаковага прадстаўленьня ўсіх нацыянальных праблемаў у Цэнтральна-Усходняй Эўропе, пад якой разумеюцца дзяржавы, што паўсталі на тэрыторыях былой Аўстра-Вугоршчыны i эўрапейскай часткі Расеі. Такі намер наўрад ці можна было зьдзейсьніць у працы, якая налічвае крыху больш за 400 старонак друку, што, дарэчы, усьведамляе i сам аўтар, калі піша: «… праблематыка, прадстаўленая ў кнізе, вельмі шырокая, магчыма занадта шырокая адносна наперад акрэсьленых яе памераў».

Чытаць далей →