БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Чалавек. Этнас. Тэрыторыя. Праблемы развiцця заходняга рэгiёна Беларусi: Матэрыялы мiжнароднай навукова–практычнай канферэнцыi (Іван Сінчук)

Чалавек. Этнас. Тэрыторыя. Праблемы развiцця заходняга рэгiена Беларусi: Матэрыялы мiжнароднай навукова–практычнай канферэнцыi. Брэст, 23–24 красавiка 1998 г. Частка II. Брэст, 1998. 338.

У красавіку 1998 г. у Берасцейскім дзяржаўным універсітэце прайшла міжнародная канферэнцыя, прысвечаная самым розным аспектам развіцця заходняга рэгіёну Беларусі. Матэрыялы канферэнцыі выдадзены дзвюма кнігамі. Публікацыі па гістарычнай тэматыцы ўвайшлі ў другую частку, якая складаецца з трох раздзелаў: «Гiстарычныя шляхi развiцця заходнiх зямель Беларусi ад старажытнасцi да пачатку XX ст.» (21 артыкул), «Этнасы заходняга рэгiёна Беларусi: гiсторыя i культура ў XX ст.» (34 артыкула), «Гiстарыяграфiя i крынiцазнаўства заходняга рэгiёна Беларусi» (11 артыкулаў).
Чытаць далей →

Квятковская, Алла В. Ятвяжские могильники Беларуси (конец XI—XVII вв.) (Аляксандр Мядзведзеў)


Квятковская, Алла В. Ятвяжские могильники Беларуси (конец XI—XVII вв.). Вильнюс, 1998. 327, илл., табл.

Вывучэнне старажытнасцяў Беларусі ХІ—ХVII ст. мае свае традыцыі і набыткі. Нямала зроблена ў даследаванні гарадоў, сельскіх паселішчаў, пахавальных помнікаў ІХ—ХІІІ ст. Летась выйшла з друку манаграфія А.Квяткоўскай, прысвечаная каменным могільнікам на тэрыторыі Беларусі. Актуальнасць вывучэння гэтых помнікаў несумненная і мае вялікае значэнне для асэнсавання гісторыі нашай Бацькаўшчыны, на абшарах якой у старажытнасці праходзілі складаныя этнічныя працэсы. Нягледзячы на тое, што каменныя курганы і магілы Беларусі раней даследаваліся і іншымі аўтарамі, кніга А. Квяткоўскай — першая спроба манаграфічнага вывучэння гэтай катэгорыі пахавальных помнікаў, спроба прасачыць іх эвалюцыю на вялікім адрэзку часу.

Лейтматывам манаграфіі гучыць тэза, што каменныя могільнікі пакінуты яцвягамі, якія праз увесь акрэслены перыяд і нават да ХIХ ст. на тэрыторыі Беларусі захоўвалі сваю этнічную, лінгвістычную адметнасць. У шэрагу месцаў манаграфіі змяшчаюцца эмацыйныя радкі пра тое, якія гэта былі высакародныя, мужныя і свабодалюбівыя людзі, як гераічна яны супраціўляліся захопнікам. Няма нічога кепскага ў зацікаўленасці аўтара прадметам свайго даследавання, але навуковая праца мае на ўвазе дакладнасць у аналізе і выкладанні матэрыялу, надзейную сістэму аргументаў, шырокае прыцягненне дадзеных літаратуры. А якраз у гэтым праца мае шэраг сур’ёзных недахопаў.
Чытаць далей →

Drozd, Andrzej; Dziekan, Marek; Majda, Tadeusz. Meczety i cmentarze tatarów polsko–litewskich (Аляксандр Лакотка)


Drozd, Andrzej; Dziekan, Marek; Majda, Tadeusz. Meczety i cmentarze tatarów polsko–litewskich. Warszawa, 1999. 101 s., 309 f.

Гэта другі том каталога татарскіх помнікаў, прысвечанага збору і сістэматызацыі звестак пра помнікі гісторыі і культуры татараў–мусульманаў Беларусі, Літвы і Польшчы. Названую працу трэба разглядаць як працяг даследавання культуры татараў пазначанага арэалу, якое амаль стагоддзе выконваецца польскімі даследчыкамі і вучонымі–святарамі татарскіх абшчынаў. Найбольш даўняй спробай навуковага асэнсавання гісторыі татараў–мусульманаў Літвы і Беларусі быў артыкул Антона Мухлінскага (1858). Праз дзесяць гадоў (у 1968 г.) з’явіўся артыкул Аляксандра Асіповіча „Мячэць у Вінкшнупе“. Грунтоўныя і сістэматычныя даследаванні па праблеме ў трыццатыя гады былі праведзены Станіславам Крычынскім. Ім быў апублікаваны шэраг артыкулаў па гісторыі мячэцяў і прыходаў. Падагульняльнай стала яго манаграфія „Татары Літвы. Спроба гістарычна–этнаграфічнай манаграфіі“ (1938). Гісторыі асобных мячэцяў былі прысвечаны даследаванні Лявона Крычынскага (гісторыя мячэцяў у Лоўчыцах і Наваградку, 1934). Былі і сумесныя працы пазначаных аўтараў („Татары ў Слоніме“). Уяўляюць каштоўнасць і асобныя даследаванні Алі Варановіча („Мусульманскія могілкі ў Відзах“, 1931; „Прадмова да гісторыі мячэцяў у Польшчы“, 1957). У 1976 г. выйшаў артыкул Яна Тахтэрмана пра вёску Сорак Татар. Увогуле, вывучэнню праблемы спрыяла наяўнасць адпаведнай перыёдыкі: часопісаў „Татарскі штогоднік“, „Ісламскі погляд“, „Татарскае жыццё“, „Штогоднік польскіх татараў“ і іншых выданняў краязнаўчага і культуразнаўчага кірункаў. Чытаць далей →

Fugеdі, Еrіk. Тhе Еlefanthy / The Hungarіan Nobleman and Hіs Kіndred (Уладзімір Канановіч)

Fugеdі, Еrік. Тhе Еlefanthy / The Hungarіan Nobleman and Hіs Kіndred. Edіted by D. Karbіc, foreword by J.M.Bak. Budapest: Central European Unіversіty Press, 1998. 174.

У 1475 г. пасол венгерскага караля Мацея Корвіна пад час візіту да міланскага герцага ахарактарызаваў Венгрыю як краіну 1700 шляхецкіх родаў. Іх прадстаўнікі, незалежна ад іхнай этнічнай і канфесійнай прыналежнасці, складалі палітычную эліту каралеўства cв.Стэфана, або інакш кажучы Natіo Hungarіca. Aднаму з гэтых 1700 рoдaў і прысвечана даследаванне слыннага венгерскага гісторыка Эрыка Фюгедзі (1916—1992).
Чытаць далей →

Unia Lubelska i tradycje integracyjne w Europie Środkowo–Wschodniej (Генадзь Сагановіч)

Unia Lubelska i tradycje integracyjne w Europie Środkowo–Wschodniej. Redakcja naukowa Jerzy Kłoczowski, Pawel Kras, Hubert Łaszkiewicz. Lublin, 1999. 224.

У кнігу ўвайшлі ў асноўным матэрыялы міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай 425–й гадавіне Люблінскай уніі (частка тэкстаў рыхтавалася спецыяльна, як і змешчаная ў дадатку выбраная бібліяграфія па праблеме уніі). Навуковы форум гісторыкаў Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны пад назвай «Люблінская унія ды інтэграцыйныя традыцыі ў Цэнтральна–Усходняй Еўропе» праходзіў яшчэ летам 1994 г. у Любліне, дзе яго арганізаваў Інстытут Цэнтральна–Усходняй Еўропы — што цікава — з ініцыятывы беларускага боку.
Чытаць далей →

Dylągowa, Hanna. Dzieje Unii Brzeskiej (1596—1918) (Святлана Марозава)

Dylągowa, Hanna. Dzieje Unii Brzeskiej (1596—1918). Warszawa — Olsztyn, 1996. 228.

Манаграфія Ганны Дылянговай выдадзеная да 400–й гадавіны заключэння царкоўнай уніі ў Берасці. Праца складаецца з трох раздзелаў. Першы — „W Rzeczypospolitej“ — раскрывае прычыны уніі, яе ідэю і заключэнне акту уніі, станаўленне уніяцкай царквы ў нялёгкае для яе XVII ст.; паказвае яе тэрытарыяльную і ерархічную структуру, ролю базыльянскага ордэна і працэс лацінізацыі. У другім раздзеле — „Pod rozbiorami“ — прасочваецца лёс царквы на тэрыторыях, якія ў канцы XVIII ст. падпалі пад уладу Аўстрыі і Расіі; канфесійная палітыка расійскіх манархаў ад Пятра І да Мікалая І і барацьба царквы за выжыванне.
Чытаць далей →

Марозава, Святлана В. Уніяцкая царква ў культурна–гістарычным развіцці Беларусі (1596—1839) (Павел Лойка)

Марозава, Святлана В. Уніяцкая царква ў культурна–гістарычным развіцці Беларусі (1596—1839) / Навучальны дапаможнік. Гродна, 1996. 111.

Выхад гэтай манаграфіі пад грыфам навучальнага дапаможніка па аднайменным курсе для студэнтаў–гісторыкаў і культуролагаў — гэта своеасаблівы і своечасовы адказ на запыт навукі і грамадства на пазбаўленыя старых штампаў веды па гісторыі рэлігійнай згоды 1596 г., цікавасць да якой асабліва ўзмацнілася ў сувязі з 400–мі ўгодкамі уніі. Праца падрыхтаваная на аснове грунтоўнага вывучэння шматлікай літаратуры — дарэвалюцыйнай расійскай, савецкай і постсавецкай, айчыннай і замежнай. Яна мае багатую базу крыніц, як надрукаваных, так і архіўных, узятых аўтарам з дакументасховішчаў Менска, Горадні, Вільні, Львова, Масквы і Санкт–Пецярбурга (царкоўнае справаводства, інвентары, судова–следчыя матэрыялы, ватыканскія дакументы, заканадаўства, помнікі царкоўнага права, саборныя пастановы, мемуары, рэлігійная публіцыстыка і інш.).
Чытаць далей →

Улашчык, Мікалай. Працы па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі (Уладзімір Свяжынскі)

Улашчык, Мікалай. Працы па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі. З рукапіснай спадчыны. Укладальнікі Я.Кісялёва, В.Скалабан. Мінск, БелНДІДАС, 1999. 120.

Асноўную ўвагу ў сваёй навуковай дзейнасці Мікалай Улашчык аддаваў таму, без чаго немагчыма развіццё гістарычнай навукі – археаграфіі і крыніцазнаўству. Аналітычны розум, незвычайная эрудыцыя дазволілі яму бліскуча вырашыць тыя кардынальныя праблемы згаданых гістарычных навук, за якія ён браўся. Заглыбіўшыся ў тысячы старонак крыніц і іх публікацый, ён умеў выбраць самае істотнае для іх характарыстыкі, а потым трапна і лаканічна сфармуляваць свае высновы. Не ўсё з напісанага вучоным пабачыла свет у свой час. І вельмі надзённай стала ініцыятыва па публікацыі яго рукапіснай спадчыны. У зборніку, выдадзеным у Навукова–даследчым інстытуце дакументазнаўства і архіўнай справы, змешчаны працы Улашчыка, якія з’яўляюцца працягам распачатага ім у манаграфіі «Очерки по источниковедению и археографии истории Белорусии феодального периода» аналізу крыніц айчыннай гісторыі дасавецкага перыяду. У кароткай прадмове «Першыя крокі ўлашчыказнаўства» аднаго з укладальнікаў зборніка беларускага гісторыка В.Скалабана апавядаецца пра мерапрыемствы, якія былі праведзены ў гонар 90–х угодкаў М.Улашчыка, пра задачы, звязаныя з публікацыяй яго багатай навуковай спадчыны.
Чытаць далей →

Davies, Norman. Orzeł biały, czerwona gwiazda (Алесь Смалянчук)


Davies, Norman. Orzeł biały, czerwona gwiazda. Wojna polsko-bolszewicka 1919—1920. Kraków, 1998. 308.

Гістарычная навука не можа быць цалкам свабоднай ад ідэалагічных уплываў. Але заўсёды існуе мяжа, якая аддзяляе навуковую працу ад фальсіфікацыі мінулага ва ўгоду пэўных ідэалагічных мэтаў. На жаль, для бальшыні беларускіх савецкіх гісторыкаў, што займаліся праблематыкай ХХ ст., гэтай мяжы не існавала. Тая гісторыя, якая навязвалася грамадству Беларусі, на самай справе ніколі не перажывалася беларускім народам. Яе асноўныя пастулаты фармуляваліся ў кабінетах партыйных кіраўнікоў. Яскравы прыклад такой «навукі» — афіцыйная канцэпцыя т.зв. «савецка-польскай вайны 1920—1921 г.» і яе наступстваў. (Гл., напр.: Гісторыя Беларускай ССР. Пад рэд. І.Ігнаценкі, Л.Абэцэдарскага і інш. Т.3. Мінск, 1993. Адпаведныя раздзелы напісаныя П.Селіванавым і Н.Каменскай.) Падмуркам гэтай канцэпцыі было поўнае атаясамліван не беларускіх нацыянальных інтарэсаў з інтарэсамі бальшавіцкіх уладаў Савецкай Расіі.

Кніга Нормана Дэвіса дазваляе ўбачыць ключавыя моманты фальсіфікацыі гісторыі гэтай вайны. Гэта вельмі важна для нас, бо ў сучаснай беларускай гістарыяграфіі ўсё больш відавочнай становіцца тэндэнцыя аднаўлення былых ідэалагічных канцэпцый. (Гл., напр.: Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Пад рэд. Я.Новіка і Г.Марцуля. Мінск, 1998; И.Ковкель, Э.Ярмусик. История Беларуси с древнейших времён до наших дней. Мінск, 1998[1].)
Чытаць далей →

Einsatz im „Reichskommissariat Ostland“. Berlin, 1998. (Сяргей Новікаў)

Einsatz im „Reichskommissariat Ostland“: Dokumente zum Völkermord im Baltikum und in Weisßrusßland 1941 — 1944 / hrsg. von Wolfgang Benz, Konrad Kwiet, Jürgen Matthäus. Berlin: Metropol, 1998. 301.

Нямецкі напад на Савецкі Саюз 22 чэрвеня 1941 г. паклаў пачатак вайне, якую палітычнае і ваеннае кіраўніцтва Трэцяга Райху разглядала як „вайну на вынішчэнне“. З асаблівай жорсткасцю акцыі тэрору праводзіліся на тэрыторыі балтыйскіх краін і Беларусі, дзе ўся паўната грамадзянскай улады знаходзілася ў руках адміністрацыі райхскамісарыяту „Остлянд“. На парадку дня тут стаялі розныя пытанні, у тым ліку сістэматычнае знішчэнне яўрэяў, камуністаў, цыган і інш. Шэраг дакументальных крыніц дае канкрэтныя звесткі пра дзейнасць удзельнікаў „вайны светапоглядаў“, якая вынікала з праграмы акупацыйнай палітыкі нацыянал–сацыялісцкай партыі фашысцкай Нямеччыны.
Чытаць далей →

Юрэвіч, Лявон. Жыцьцё пад агнём (Алег Гардзіенка)

Юрэвіч, Лявон. Жыцьцё пад агнём. (Партрэт беларускага военачальніка і палітычнага дзеяча Барыса Рагулі на фоне яго эпохі). Менск. Спэцвыпуск часопісу «ARCHE». 1999. 256.

Гэтая кніга чарговы раз падрывае міф пра ўсенародны характар савецкага супраціву гітлераўскім акупантам пад час апошняй вайны. У СССР усіх выхоўвалі на легендах пра піянераў–герояў і Сусаніных ХХ ст. Аднак у Беларусі было ўсё ж інакш. «Жыцьцё пад агнём» і ёсць поглядам на вайну з іншага, несавецкага боку.

Барыс Рагуля — галоўны герой кнігі і аўтар успамінаў, пакладзеных у яе аснову, пад час нямецкай акупацыі працаваў у беларускай адміністрацыі ў Наваградку, у настаўніцкай семінарыі, а напрыканцы 1943 г. арганізаваў і ўзначаліў Наваградскі конны эскадрон, які найперш змагаўся з савецкімі партызанамі, а таксама бараніў насельніцтва ад рабаўніцтва з боку як немцаў, так і польскіх партызанаў.
Чытаць далей →

Антысавецкія рухі ў Беларусі 1944—56 г. (Якуб Наваградцаў)

Антысавецкія рухі ў Беларусі 1944–56 гг. Даведнік. Архіў найноўшай гісторыі / Пад рэдакцыяй А. Дзярновіча. Менск, 1999.

Сама назва кнігі інтрыгуе, бо перыяд 1944–56 г. у беларускай гісторыі цалкам невядомы. Пра які–кольвечы антыкамуністычны супраціў у Беларусі пасля 1944 г. проста нідзе не пісалася. Мусім пагадзіцца з тым, што ў Беларусі супраціў не быў такі моцны, як у прыбалтыйскіх рэспубліках ці ў Заходняй Украіне. Аднак, як сведчаць матэрыялы кнігі, змаганне з савецкай уладай на тэрыторыі Беларусі ўсё ж вялося, і беларусы не былі сляпой бясформеннай масай, што здаліся на міласць новай уладзе.

У складанні гэтага даведніка бралі ўдзел Сяргей Ёрш, Міхась Чарняўскі, студэнты Беларускага Калегіюма і інш. Кнігу складаюць раздзелы: „Пэрсаналіі“, „Арганізацыі, асяродкі, партыі, фармацыі“, „Акцыі“, „Выданьні“, „Узнагароды“, а таксама спіс літаратуры па тэме. Спецыфіка антысавецкага супраціву ў Беларусі вымушае звярнуцца перш да другой часткі кнігі „Асацыяцыі, асяродкі, рухі, фармацыі“. Паваенны антыкамуністычны рух у даведніку класіфікуецца па наступных крытэрах: па нацыянальнай прыкмеце (беларускі, польскі, украінскі) і па ідэйнай аснове (збройная партызанка, моладзевае падполле, духоўная апазіцыя (рэлігійныя рухі)). Дык вось найбольш пытанняў выклікае „партызанка“ (беларускі партызанскі рух пасля вайны), па якой абсалютную большасць артыкулаў напісаў папулярызатар тэмы Сяргей Ёрш. Можна было чакаць, што ў даведніку нарэшце будзе пададзена і колькасць партызанаў, і арэал іхнай дзейнасці, і акцыі, і наогул, хто ёсць хто ў партызанскім руху. Аднак гэтага няма. „Нацыянальныя партызанскія аддзелы … пад час нямецкай акупацыі дзейнічалі ў многіх раёнах Беларусі“, піша Ёрш (129). Што значыць „многія“? Хацелася б ведаць хоць некалькі канкрэтных раёнаў. Бо можа стварыцца ўражанне, што нацыянальная партызанка была масавай. Чытаем далей: „Звычайна партызаны праводзілі дыверсіі й тэрарыстычныя акты напярэдадні або пад час савецкіх святаў, палітычных мерапрыемстваў: рабіліся напады на выбарчыя участкі, на сельсаветы, знішчалася дакумантацыя, савецкая сымболіка, праводзіўся тэрор супраць савецкіх, партыйных актывістаў, супрацоўнікаў міліцыі, дзяржбяспекі, вайскоўцаў. Нярэдка супраціў набываў формы лякальных паўстаньняў“ (128). Хацелася б пабачыць пералік мясцовасцяў, хаця б тых, дзе адбываліся паўстанні і які быў іхны размах.
Чытаць далей →

Дэмакратычная апазыцыя Беларусі: 1956—1991 г. (Якуб Наваградцаў)

Дэмакратычная апазыцыя Беларусі 1956—1991.  Пэрсанажы і кантэкст / Даведнік. Пад рэд. А. Дзярновіча. Менск, 1999. 186.

Гэтая кніга выйшла як працяг вышэй рэцэнзаванага даведніка пра апазіцыйныя рухі ў Беларусі 1944—1956 г. Паваеннае падполле было разгромлена, а ягоныя ўдзельнікі, што вярталіся дахаты, мусілі потым выехаць з Беларусі, бо ім савецкая ўлада стварыла невыносныя ўмовы жыцця. Так што многіх проста выключылі з далейшага грамадскага жыцця, і дысідэнцкі рух (калі не лічыць Ларысы Геніюш, айца Віктара Данілава, ксяндза Вацлава Пянткоўскага) фактычна пачынаўся з нуля.

Як і папярэдні том, праца падзяляецца на раздзелы: „Пэрсаналіі“, „Арганізацыі, асяродкі, рухі“, „Выданьні“, „Музычны нонканфармізм і маладзёвыя субкультуры“, „Кроніка дэмакратычнай апазіцыі Беларусі: 1956—1988“. Калі ў кнізе пра „Антысавецкія рухі“ палітра грамадскага жыцця Беларусі характарызуецца найперш раздзелам „Арганізацыі, асяродкі, рухі, фармацыі“, дык у „Дэмакратычнай апазыцыі“ неабходна пачынаць ab ovo, з персаналіяў, бо менавіта асобы вызначалі дух дысідэнцкага жыцця краіны.
Чытаць далей →