БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС
Галоўная » Запісы па тэме 'Этна-нацыявытворчыя працэсы'

Артыкулы па тэме ‘Этна-нацыявытворчыя працэсы’

Kryŭja. №1—3 (1994—1998) (Валеры Пазнякоў)


Kryŭja: Crivica. Baltica. Indogermanica. Менск, №1. 1994. 224; №1(2). 1996. 124; №1(3). 1998. 164.

Часопіс «Kryŭja», які выдаецца Цэнтрам этнакасмалогіі «Крыўя», не мае аналагаў у Беларусі, але добра ўпісваецца ў плынь этналагічнай літаратуры суседніх краін. Найбліжэйшым аналагам ёсць маскоўскае выданне «Балто-славянские исследования» ды іншыя серыйныя публікацыі Інстытута славяназнаўства і балканістыкі Расійскай Aкадэміі навук. Меркавалася, што «Kryŭja» будзе выходзіць з 1994 г. раз на тры месяцы, атрымалася — раз на два гады. Апошні № 1(3) з`явіўся на пачатку 2000 г.

За час свайго існавання часопіс цвёрда прытрымліваўся вызначанай праграмы — даследавання найстаражытнейшых каранёў беларускай мовы і духоўнай спадчыны ў культурах Блізкага Ўсходу, іншых індаеўрапейскіх народаў, вывучэнне балцкай спадчыны ў культуры беларусаў, беларускага язычніцтва. № 1 за 1994 г. утрымлівае даследаванні пра сувязі беларускай традыцыйнай культуры з хецкай (артыкулы Сяргея Санько, Генадзя Даўгялы), пра індаарыйскую цывілізацыю (Алег Перзашкевіч, Міхаіл Міхайлаў, Юры Драздоў). У артыкуле Алега Дзярновіча і Алы Квяткоўскай «„Свастыка» як касмалягічны ды этнавызначальны сымболь» адхіляецца погляд, што свастыка ў сярэднявеч най беларускай культуры была непасрэднай агульнаіндаеўрапейскай спадчынай. На думку аўтараў, гэта — сімвал культурных традыцый балтаў, і яе знаходкі на Беларусі — сведчанне культурнага ўплыву балтаў на беларусаў. Калі б аўтары пры збіранні славянскага матэрыялу выйшлі за межы Беларусі, магчыма, яны б прыйшлі да іншых высноваў. Непасрэдна беларускаму язычніцтву прысвечаны працы Эдварда Зайкоўскага і Ўладзіміра Лобача. Па фалькларыстыцы змешчаны артыкул Ірыны Мячыкавай, па біялагічным складальніку культуры — Андрэя Прохарава.
Чытаць далей →

Канапацкі, Ібрагім; Смолік, Аляксандр. Гісторыя і культура беларускіх татар (Алена Філатава)

Канапацкі, Ібрагім; Смолік, Аляксандр. Гісторыя і культура беларускіх татар. Мінск, 2000. 258.

Навучальны дапаможнік «Гісторыя і культура беларускіх татар» як бы працягвае і дапаўняе, а па некаторых аспектах і паўтарае кнігу Ібрагіма Канапацкага і Станіслава Думіна «Беларускія татары: мінулае і сучаснасць» (Мінск, 1993).

Гісторыя нацыянальных меншасцяў заўсёды выклікала цікавасць не толькі з боку даследчыкаў і выкладчыкаў, але і студэнтаў, краязнаўцаў і наогул усіх тых, хто цікавіцца гісторыяй Бацькаўшчыны. Аўтары гэтай кнігі аддалі ўвагу не толькі сацыяльна-эканамічнаму і прававому становішчу татар, але і асаблівасцям іх гутарковай мовы, пісьменнасці, святочна-абрадавым традыцыям, фальклору, мусульманскай адукацыі. Тут выкарыстаны апошнія даследаванні не толькі беларускіх, польскіх, літоўскіх вучоных, але і працы, выдадзеныя ў Казані. Таму ў некаторых выпадках дзеля параўнання падаюцца прыклады пра становішча татарскага насельніцтва, яго адукацыю, духоўнае кіраванне ў Казані, Уфе, Арэнбургу і г.д.
Чытаць далей →

Jones, Siân. The Archaeology of Ethnicity (Мікола Крывальцэвіч)


Jones, Siân. The Archaeology of Ethnicity. Constructing Identities in the Past and Present. Routledge, London and New York, 1997. 180.

У аснову манаграфіі Ш’ён Джонс пакладзена яе доктарская дысертацыя, абароненая ў 1994 г. ва універсітэце Саўсэмптана. «Мне хочацца, — піша ў прадмове аўтарка, — каб гэтая кніжка была ўнёскам у развіццё новых падыходаў па інтэрпрэтацыі ідэнтычнасцяў мінуўшчыны і новых перспектываў па выкарыстанні мінулага ў пабудове групавых ідэнтычнасцяў сёння». Ш’ён Джонс імкнецца паглыбіць крытыку існуючых тэорый этнічнасці ў гуманітарных навуках, развіваючы адначасова многія тэарэтычныя аспекты інтэрпрэтацыі этнічнасці ў археалогіі. Праблема ўзнаўлення этнічных ідэнтычнасцяў мінулага, скіраваная на археалогію, вымушае да разгляду тэорыі і практыкі ўзаемадачыненняў этнасу і культуры. Супярэчнасці ідэнтыфікацыі тых ці іншых старажытных і сённяшніх этнічных груп у многіх выпадках перакрыжоўваюцца не толькі з сучаснымі палітычнымі запатрабаваннямі, але і вынікаюць з нераспрацаванасці ці застарэласці тэорый этнічнасці[1].
Чытаць далей →

Юры Кітурка. Беларускае пытанне ў палітычнай канцэпцыі Юзафа Пілсудскага (1899—1908)


Пасля рэвалюцыі 1917 г., калі актыўна ішлі працэсы палітычнага пераўпарадкавання тэрыторый Расійскай імперыі, беларусы атрымалі рэальны шанс на стварэнне ўласнай незалежнай дзяржавы. Аднак агульная палітычная кан’юнктура ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе склалася так, што гэтая магчымасць была толькі часткова рэалізавана ў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы. У 1920-30-х г. значная частка беларускіх земляў не ўвайшла ў склад БССР, а была далучана да Польшчы, і беларусы — жыхары гэтых тэрыторый — апынуліся ў становішчы нацыянальнай меншасці ў чужой дзяржаве, хоць і жылі на сваёй уласнай зямлі.
Чытаць далей →

Андрэй Партноў. Этнічныя пытанні гісторыі ВКЛ у сінтэзах і падручніках па гісторыі Украіны

Сінтэтычныя працы пачатку ХХ ст.

Украіна ў сінтэтычных даследаваннях гісторыі, якiя пачалі з’яўляцца яшчэ ў ХIХ ст. (Д.Бантыш-Каменскі, М.Маркевіч), разглядалася звычайна як «Малая Русь» і ўпiсвалася ў кантэкст агульнарасійскай гісторыі. Якасна новы этап развіцця ўкраінскай гістарыяграфіі звязаны з творчасцю Міхайла Грушэўскага, гістарычная схема якога сталася не толькі значным унёскам у навуку, але і ідэалагічнай асновай украінскага нацыянальнага руху. У сканцэнтраваным выглядзе канцэпцыя Грушэўскага выкладаецца ў артыкуле «Звичайна схема „руськоi» історіi й справа раціонального укладу історіi східнього слов’янства» (1903), які ва Украіне лічыцца хрэстаматыйным. У сваёй працы навуковец абгрунтоўвае недарэчнасць традыцыйнай дынастычнай схемы расійскай гістарыяграфіі: Кіеўская Русь — Уладзімірскае княства — Маскоўскае царства, і даводзіць, што Кіеўская Русь была створаная ўкраінска -рускай народнасцю, а Уладзімірска -Маскоўская — вялікарускай. Велізарнае для нашае тэмы значэнне мае выкладзеная ў дадзеным артыкуле тэза, паводле якой «ніякія матывы не даюць права праігнараваць значэнне беларускае народнасці»[1]. На думку Грушэўскага, Вялікае Княства Літоўскае (далей ВКЛ. — А.П.) было гетэрагенным утварэннем, што ўтрымлівала як літоўскі, так і славянскі элемент. Чытаць далей →

Белорусы. Москва, 1998 (Андрэй Акара)

Белорусы / Отв. ред. В.К.Бондарчик, Р.А.Григорьева, М.Ф.Пилипенко (Серия „Народы и культуры»). Москва: Наука, 1998. 503.

Структура кнігі даволі дакладна адлюстроўвае асаблівасці беларускай нацыянальнай самасвядомасці: калі этнагенэз гэтага народа апісаны больш ці менш падрабязна, то працэс нацыягенэзу практычна не атрымаў у ёй адлюстравання — ці гэта нецікава для мінскіх даследчыкаў, ці, што больш верагодна, гэта наогул неактуальна для беларусаў. Не выпадкова ж беларуская ідэнтычнасць, як вядома, адна з самых слабых у Еўропе і СНД.
Чытаць далей →

Mediaevalia Ucrainica: Ментальність та історія ідей (Генадзь Сагановіч)

Mediaevalia Ucrainica: Ментальність та історія ідей. Київ. Том 1. (1992). 121; Том 2. (1993). 136; Том 3. (1994). 132; Том 4. (1995). 125; Том 5. (1998). 127.

Новае перыядычнае выданне Украіны, прысвечанае даследаванням сярэднявечнай свядомасці, стала адной з праяваў найноўшых плыняў усходнееўрапейскай гістарыяграфіі. Mediaevalia Ucrainica — украінскі аналаг вядомаму маскоўскаму «Одиссею». У першым томе рэдкалегія акрэсліла, што ў фокусе ўвагі яе публікацый будуць «катэгорыі штодзённай культуры і элітарныя тэорыі, візантыйска–праваслаўныя і еўрапейска–лацінскія карані ўкраінскай думкі». Хоць спачатку нідзе спецыяльна не пазначалася, якімі мусяць быць храналагічныя рамкі Сярэднявечча, з публікацый ужо першага тома вынікала (бо шэраг артыкулаў ахапляў ХVII—XVIII ст.), што яно разумеецца тут па–«аналаўску», у канцэпцыі доўгатрываласці. У 2 томе рэдактары Аляксей Талочка і Наталля Якавенка спецыяльна зазначылі, што яны трымаюцца «доўгага Сярэднявечча», якое «ва ўмовах Украіны ахапляла ледзь не ўсё ХVІІІ ст.». Такая ўстаноўка вытрымана і ў наступных нумарах.
Чытаць далей →

Чалавек. Этнас. Тэрыторыя. Праблемы развiцця заходняга рэгiёна Беларусi: Матэрыялы мiжнароднай навукова–практычнай канферэнцыi (Іван Сінчук)

Чалавек. Этнас. Тэрыторыя. Праблемы развiцця заходняга рэгiена Беларусi: Матэрыялы мiжнароднай навукова–практычнай канферэнцыi. Брэст, 23–24 красавiка 1998 г. Частка II. Брэст, 1998. 338.

У красавіку 1998 г. у Берасцейскім дзяржаўным універсітэце прайшла міжнародная канферэнцыя, прысвечаная самым розным аспектам развіцця заходняга рэгіёну Беларусі. Матэрыялы канферэнцыі выдадзены дзвюма кнігамі. Публікацыі па гістарычнай тэматыцы ўвайшлі ў другую частку, якая складаецца з трох раздзелаў: «Гiстарычныя шляхi развiцця заходнiх зямель Беларусi ад старажытнасцi да пачатку XX ст.» (21 артыкул), «Этнасы заходняга рэгiёна Беларусi: гiсторыя i культура ў XX ст.» (34 артыкула), «Гiстарыяграфiя i крынiцазнаўства заходняга рэгiёна Беларусi» (11 артыкулаў).
Чытаць далей →

Drozd, Andrzej; Dziekan, Marek; Majda, Tadeusz. Meczety i cmentarze tatarów polsko–litewskich (Аляксандр Лакотка)


Drozd, Andrzej; Dziekan, Marek; Majda, Tadeusz. Meczety i cmentarze tatarów polsko–litewskich. Warszawa, 1999. 101 s., 309 f.

Гэта другі том каталога татарскіх помнікаў, прысвечанага збору і сістэматызацыі звестак пра помнікі гісторыі і культуры татараў–мусульманаў Беларусі, Літвы і Польшчы. Названую працу трэба разглядаць як працяг даследавання культуры татараў пазначанага арэалу, якое амаль стагоддзе выконваецца польскімі даследчыкамі і вучонымі–святарамі татарскіх абшчынаў. Найбольш даўняй спробай навуковага асэнсавання гісторыі татараў–мусульманаў Літвы і Беларусі быў артыкул Антона Мухлінскага (1858). Праз дзесяць гадоў (у 1968 г.) з’явіўся артыкул Аляксандра Асіповіча „Мячэць у Вінкшнупе“. Грунтоўныя і сістэматычныя даследаванні па праблеме ў трыццатыя гады былі праведзены Станіславам Крычынскім. Ім быў апублікаваны шэраг артыкулаў па гісторыі мячэцяў і прыходаў. Падагульняльнай стала яго манаграфія „Татары Літвы. Спроба гістарычна–этнаграфічнай манаграфіі“ (1938). Гісторыі асобных мячэцяў былі прысвечаны даследаванні Лявона Крычынскага (гісторыя мячэцяў у Лоўчыцах і Наваградку, 1934). Былі і сумесныя працы пазначаных аўтараў („Татары ў Слоніме“). Уяўляюць каштоўнасць і асобныя даследаванні Алі Варановіча („Мусульманскія могілкі ў Відзах“, 1931; „Прадмова да гісторыі мячэцяў у Польшчы“, 1957). У 1976 г. выйшаў артыкул Яна Тахтэрмана пра вёску Сорак Татар. Увогуле, вывучэнню праблемы спрыяла наяўнасць адпаведнай перыёдыкі: часопісаў „Татарскі штогоднік“, „Ісламскі погляд“, „Татарскае жыццё“, „Штогоднік польскіх татараў“ і іншых выданняў краязнаўчага і культуразнаўчага кірункаў. Чытаць далей →

Рышард Радзік. Ад этнічнага згуртавання да нацыянальнай супольнасці

Заключаныя ў назве паняцці маюць служыць даследаванню нацыятворчых працэсаў на абшары Цэнтральна-Усход няй Еўропы[1] (з асаблівай увагай да ўсходніх земляў былой Рэчы Паспалітай, адпаведна, Беларусі, Украіны і Літвы) у XIX і першыя дзесяцігоддзі XX ст., асабліва працэсаў пераходу ад этнічных згуртаванняў да нацыянальных супольнасцяў. (Гэта не азначае, што дадзеныя паняцці не могуць быць прыдатнымі для даследавання нацыянальных працэсаў па-за згаданай тэрыторыяй.) Вынікам гэтага ёсць разуменне этнічнага згуртавання ў адпаведнасці з рэаліямі грамадстваў феадальнага тыпу XIX ст. на дадзеным абшары. Такое разуменне адрознівае этнічнае згуртаванне ад паняцця этнічнай групы, якое стасуецца да супольнасцяў сучаснай Еўропы і Паўночнай Амерыкі, з’яднаных калісьці ідэалагічнымі сувязямі.
Чытаць далей →

Вяртанне ў «Северо–Западный край»? (Генадзь Сагановіч)*


«За последние годы нами преодолена деидеологизация средней и особенно высшей школы».
З выступлення А.Лукашэнкі ў Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі (20 лістапада 1998).

«Адмовіўшыся ад празмернай ідэалагізацыі і палітызацыі ў гістарычнай навуцы, аўтары імкнуліся не падфарбоўваць нашу гісторыю…»
З прадмовы Я.Новіка да «Гісторыі Беларусі» (1998).

* Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Частка 1. Ад старажытных часоў — па люты 1917 г.: Вучэб. дапам. / Пад рэд. Я.К.Новіка, Г.С.Марцуля. Мінск: Універсітэцкае, 1998. 416.

Першая частка навучальнага дапаможніка, адрасаванага перадусім студэнтам і выкладчыкам вышэйшых навучальных устаноў Беларусі, ахапляе перыяд ад глыбокай старажытнасці да лютага 1917 г. Цягам сямі гадоў яе пісала група з 29 чалавек: 6 прафесарaў, 9 дацэнтаў і 14 гісторыкаў без званняў і ступеняў. Гэта галоўным чынам гісторыкі-выкладчыкі, па навуковых публікацыях невядомыя. Выдадзеная дзесяцітысячным накладам, кніга зусім не залежвалася на паліцах кнігарняў, у чым чарговы раз выявіўся высокі попыт на гістарычную літаратуру. Яе раскупілі і, трэба думаць, чытаюць. Яшчэ на прэзентацыі выдання кіраўнік калектыву праф. Яўген Новік заявіў, што новая кніга «развенчвае міфы» ды выключна эфектна ацаніў шматгадовую працу сваіх суаўтараў: «Мы адверглі пісаніну некаторых гісторыкаў»[1]. Між тым, з боку спецыялістаў сур’ёзных водгукаў на разрэкламаваны дапаможнік дасюль не было. Запоўніць гэты прабел і данесці да чытача думку старонніх гісторыкаў цяпер спрабуе БГА. Пачнем са структуры.
Чытаць далей →

Грицак, Ярослав. Нарис історії України: формування модерної україньской нації (Андрэй Кіштымаў)


Грицак, Ярослав. Нарис історії України: формування модерної українськой нації ХIХ–ХХ ст. Київ: Генеза, 1996. 360.

Гэтая кніга пра тое, як украінцы, яшчэ зусім нядаўна самая вялікая ў свеце „бездзяржаўная“ нацыя, знайшлі, збудавалі сваю дзяржаву. Гартаючы старонкі велізарнай (45 друк. арк.) працы Яраслава Грыцака, міжволі ставіш сабе пытанне: „Калі б так і такая гісторыя была напісана пра і для беларусаў, то ці ўспрыняло б яе сучаснае беларускае грамадства?“. Другое пытанне чыста прафесійнае: „Ці ёсць у нас сёння гісторыкі, здольныя на такую працу?“. І ўжо наогул рытарычнае: „Ці ёсць пры гэтым магчымасць атрымаць грыф Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь на дазвол выкарыстання такой кнігі ў якасці навучальнага дапаможніка для вучняў гуманітарных гімназій, ліцэяў, студэнтаў гістарычных факультэтаў ВНУ, настаўнікаў?“. Нашыя суседзі ў Украіне на ўсе гэтыя пытанні далі станоўчы адказ. Для нас жа яны застаюцца адкрытымі.
Чытаць далей →

Черепица, Валерий Н. Михаил Осипович Коялович. История жизни и творчества; яго ж, Польское национальное движение в Белоруссии (Алесь Смалянчук)

Черепица, Валерий Н. Михаил Осипович Коялович. История жизни и творчества. Гродно, ГрГУ, 1998. 328;
ён жа, Польское национальное движение в Белоруссии (последняя треть ХIХ в.): факты, события, комментарии. Гродно, 1996. 142.

У 1998 г. у Горадні выйшла з друку кніга прафесара Валерыя Чарапіцы, прысвечаная аднаму з самых прыкметных тэарэтыкаў і дзеячаў «заходнерусізму». Манаграфія выдадзена пры ўдзеле Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта як «навуковае выданне». Яна складаецца з «Прадмовы» і васьмі раздзелаў, большасць з якіх прысвечана асобным этапам станаўлення М.Каяловіча як навукоўца і грамадскага дзеяча. У апошніх раздзелах аўтар засяродзіў увагу на дзейнасці вучняў і паслядоўнікаў М.Каяловіча, на лёсе ягоных сыноў. Аповед В.Чарапіцы суправаджаецца спробамі ахарактарызаваць гістарычную cітуацыю ў «Заходняй Расіі»[1] ў ХIХ ст. Завяршае кнігу спіс публікацый М.Каяловіча і пералік найбольш важных падзей ягонага жыцця.
Чытаць далей →