БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС
Галоўная » Запісы па тэме 'Гістарычная навука ў суседзяў'

Артыкулы па тэме ‘Гістарычная навука ў суседзяў’

Błaszczyk, Grzegorz. Litwa na przełomie średniowiecza i nowożytności (Валеры Пазнякоў)


Błaszczyk, Grzegorz. Litwa na przełomie średniowiecza i nowożytności 1492—1569. Poznań, 2002. 336 s., mapy.

Пазнанскі даследчык Гжэгаж Блашчык добра вядомы ў Беларусі сваімі даследаваннямі ў галіне гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, асабліва яго паўночна–заходняй часткі — Жамойці. Апошняя вялікая праца гісторыка — абагульняючы нарыс (сінтэза) па гісторыі ВКЛ ад пачатку княжання Аляксандра I да Люблінскай уніі, якая, як адзначае аўтар, паўстала з адпаведнага раздзела планаванага сінтэтычнага нарыса гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, што рыхтаваўся пазнанскімі літуаністамі на чале з прафесарам Ежы Ахманьскім. З розных прычын нарыс не пабачыў свету, а свой раздзел у перапрацаваным выглядзе Г.Блашчык цяпер прадстаўляе чытачу. Гэта сапраўды абагульняючае даследаванне, якое з розных бакоў асвятляе гісторыю ВКЛ канца XV— сярэдзіны XVI ст. Адносна невялікія памеры прамежка часу, які абраў аўтар для разгляду, дазволілі яму многія з’явы асвятліць нават у дробных дэталях. З іншага боку, 70—80 гадоў для эпохі Сярэднявечча — задужа малы прамежак, каб многія з’явы грамадскага жыцця выявіліся ў дынаміцы свайго развіцця. Такім чынам, кніга Г.Блашчыка ў нечым уяўляе хранала­гічны зрэз ВКЛ. Не ўпэўнены, што да працы ў стылі „храналагічнага зрэзу“ цалкам пасуе выраз „сінтэтычнае даследаванне“. Кніга забяспечана вялі­кай бібліяграфіяй і 2 картамі.
Чытаць далей →

Turonek, Jerzy. Książka białoruska w II Rzeczy­pospolitej (1921—1939); Туронак, Юры. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (Юрась Лаўрык)

Turonek, Jerzy. Książka białoruska w II Rzeczy­pospolitej (1921—1939) / Instytut Sławistyki PAN. Warszawa, 2000. 79 s.;

Туронак, Юры. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939–1944). Мінск, 2002. 142 с. (Б–ка часопіса БГА, Серыя «Матэрыялы да беларускай гісторыі»).

Дзве новыя працы беларускага гісторыка з Польшчы Юрыя Туронка, прысвечаныя гісторыі кнігі найноўшага перыяду, асвятляюць тэмы, якія дагэтуль былі вельмі мала даследаваны, i не непасрэдна ў бібліялагічным плане, а хутчэй y сувязі з іншымі дысцыплінамі. Аўтар, стала жывучы ў Польшчы, мае пэўную перавагу перад навукоўцамі з Беларусі ў магчымасцях доступу як да саміх выданняў, якія ён вывучае (асабліва гэта датычыць заходнебеларускіх), так i да звязаных з імі матэрыялаў. Напэўна гэта, а таксама яго прафесійныя якасці гісторыка дазволілі Туронку стварыць два выключныя па сваім характары даследаванні i закласці падмурак гістарыяграфіі названых тэмаў.
Чытаць далей →

Андрэй Партноў. Саветызацыя гістарычнай навукі ў Украіне і Беларусі

Саветызацыя гістарычнай навукі ў Украіне і Беларусі
(некаторыя канцэптуальныя меркаванні)

Пра складанасць разгляданай тэмы найлепш сведчыць сукупнасць прац, ужо напісаных з гэтай нагоды. Гэтым працам часта бракуе даследчага такту, смеласці. Да таго ж, гістарычная навука агулам засвоіла канцэпцыю савецкага таталітарызму, паводле якога грамадства было не больш чым пасіўным аб’ектам усёмагутнай дзяржавы[1]. Следства такой устаноўкі — звядзенне праблемы да разгляду палітычных рэпрэсій або неапраўдана спрошчанага сцвярджэння пра ненавуковы характар усіх гістарычных прац, што з’явіліся ва Ўкраіне з другой паловы 1940-х да канца 1980 г.[2] Гэткія тэзісы грунтуюцца на разуменні саветызацыі як працэсу, што завяршыўся ў 1930—40 г., пасля чаго быццам існавала уніфікаваная пакораная гістарыяграфія. Насамрэч гэтак званая савецкая гістарыяграфія не была аднастайнаю[3], побач з прапагандысцкімі выходзілі адмысловыя навуковыя працы, часта створаныя ва ўмовах балючага кампрамісу з сістэмаю.
Чытаць далей →

Bialoruskie Zeszyty Historyczne Nr 1—14 (Аляксандр Краўцэвіч)

Віałoruskie Zeszyty Historyczne Nr 1—14, Białystok 1994—2000. (red. J.Kalina: Nr. 1—4, E. Mironowicz: Nr. 5—14).

„Беларускі Гістарычны Зборнік“ (Віałoruskie Zeszyty Historyczne) з першых сваіх нумароў перайшоў рамкі ад пачатку падрыхтаванай яму ролі маргінальнага выдання адной з нацыянальных меншасцяў Трэцяй Рэчы Паспалітай. Звязаўшы асноўны свой кірунак — гісторыю беларуска–польскага памежжа — з асвятленнем агульных праблемаў беларускай гісторыі, выдаўцы зборніка перанесліся праз усходнюю мяжу і паставілі свой паўгадавік на заўважнае месца сярод выданняў метраполіі. Месца гэтае сапраўды адметнае па дзвюх прычынах. Па–першае, на беларускім рынку гістарычнай літаратуры цяжка згубіцца, бо ён амаль пусты. Па–другое, зборнік сам па сабе — салідны навуковы перыёдык. Даваць яму такую ацэнку на сённяшні дзень уяўляецца цалкам правамерным, бо за мінулыя ад пачатку выдання сем гадоў і чатырнаццаць выдрукаваных нумароў БГЗ, несумненна, набыў уласнае аблічча.
Чытаць далей →

Dann kam die deutsche Macht (Юры Грыбоўскі)

Dann kam die deutsche Macht. Weissrussische Kinderhaftlinge in deutschen Konzentrationslagern 1941—1945. Eine Dokumentation / Frank Groskinsky, Andreas Hollender, Katja Matthias, Adrian Stellemacher, Bettina Vitt. Köln, 1999. 206.

Кніга падрыхтавана на сродкі нямецкіх складальнікаў, якія не з’яўляюцца прафесійнымі гісторыкамі, а толькі аматарамі. Выданне складаецца з дзвюх частак. Першая — «Успаміны» 17 былых вязняў-беларусаў нацысцкіх канцлагераў пад час II сусветнай вайны, якія цяпер жывуць на Беларусі . Другая частка — «Укладанне», кшталту своеасаблівага дакументальнага дадатку або нямецкага даведніка пра Беларусь, пачынаючы з XIII ст. да 90-х г. XX ст. Чытаць далей →

Андрэй Партноў. Этнічныя пытанні гісторыі ВКЛ у сінтэзах і падручніках па гісторыі Украіны

Сінтэтычныя працы пачатку ХХ ст.

Украіна ў сінтэтычных даследаваннях гісторыі, якiя пачалі з’яўляцца яшчэ ў ХIХ ст. (Д.Бантыш-Каменскі, М.Маркевіч), разглядалася звычайна як «Малая Русь» і ўпiсвалася ў кантэкст агульнарасійскай гісторыі. Якасна новы этап развіцця ўкраінскай гістарыяграфіі звязаны з творчасцю Міхайла Грушэўскага, гістарычная схема якога сталася не толькі значным унёскам у навуку, але і ідэалагічнай асновай украінскага нацыянальнага руху. У сканцэнтраваным выглядзе канцэпцыя Грушэўскага выкладаецца ў артыкуле «Звичайна схема „руськоi» історіi й справа раціонального укладу історіi східнього слов’янства» (1903), які ва Украіне лічыцца хрэстаматыйным. У сваёй працы навуковец абгрунтоўвае недарэчнасць традыцыйнай дынастычнай схемы расійскай гістарыяграфіі: Кіеўская Русь — Уладзімірскае княства — Маскоўскае царства, і даводзіць, што Кіеўская Русь была створаная ўкраінска -рускай народнасцю, а Уладзімірска -Маскоўская — вялікарускай. Велізарнае для нашае тэмы значэнне мае выкладзеная ў дадзеным артыкуле тэза, паводле якой «ніякія матывы не даюць права праігнараваць значэнне беларускае народнасці»[1]. На думку Грушэўскага, Вялікае Княства Літоўскае (далей ВКЛ. — А.П.) было гетэрагенным утварэннем, што ўтрымлівала як літоўскі, так і славянскі элемент. Чытаць далей →

Аляксандр Гужалоўскі, Сяргей Каун. Internet для гiсторыкаў

Беларусь, як і ўсе еўрапейскія краіны, паступова ўваходзіць у стадыю «iнфармацыйнага грамадства», дзе інфармацыя ператвараецца ў тавар, патрэбны для ўсё большай часткі насельніц тва, і кожны праз агульнадаступныя банкi дадзеных можа атрымаць неабходную iнфармацыю. У апошнiя гады працэсы iнфарматызацыi закранулi і гiстарычную навуку ды адукацыю. Гэта прывяло да развiцця новых дысцыплiн, якiя з’явiлiся ў вынiку сiнтэзу гiсторыi, матэматыкi i iнфарматыкi: гiстарычнай iнфарматыкi, квантытатыўнай гiсторыi, камп’ютэрнага крынiцазнаўства. Новыя iнфармацыйныя тэхналогii пачалi актыўна выкарыстоўвацца таксама ў музейнай i архiўнай практыцы.

Што ж канкрэтна можа атрымаць гісторык ад „сусветнага павуціння»?

Па-першае, гэта пошук гiстарычнай iнфармацыi i крынiц. Пошук ажыццяўляецца з дапамогай сервiснай iнфармацыi Internet (даведачных сiстэмаў, паказальнiкаў, тэматычных шляхаводаў па сетках, iнфармацыi пра розныя праекты, гранты, фонды, арганiзацыі), бiблiяграфiчнай iнфармацыi (каталогаў бiблiятэк, тэматычных падборак, анатацый). Internet прапануе просты доступ да тысяч бiблiятэчных каталогаў (напрыклад, да скарбаў бiблiятэкi Ватыкана або Бiблiятэкi Кангрэсу ў Вашынгтоне), электронных гiстарычных часопiсаў, машыначытальных архiваў дзяржаўных установаў (напрыклад, электронных фондаў Нацыянальных архiваў ЗША), базаў дадзеных, якiя ўтрымлiваюць гiстарычную i сацыяльную iнфармацыю, высокаякасных электронных выставаў, на якiх дэманструюцца кумранскiя свiткi або дакументы савецкiх архiваў.
Чытаць далей →

Mediaevalia Ucrainica: Ментальність та історія ідей (Генадзь Сагановіч)

Mediaevalia Ucrainica: Ментальність та історія ідей. Київ. Том 1. (1992). 121; Том 2. (1993). 136; Том 3. (1994). 132; Том 4. (1995). 125; Том 5. (1998). 127.

Новае перыядычнае выданне Украіны, прысвечанае даследаванням сярэднявечнай свядомасці, стала адной з праяваў найноўшых плыняў усходнееўрапейскай гістарыяграфіі. Mediaevalia Ucrainica — украінскі аналаг вядомаму маскоўскаму «Одиссею». У першым томе рэдкалегія акрэсліла, што ў фокусе ўвагі яе публікацый будуць «катэгорыі штодзённай культуры і элітарныя тэорыі, візантыйска–праваслаўныя і еўрапейска–лацінскія карані ўкраінскай думкі». Хоць спачатку нідзе спецыяльна не пазначалася, якімі мусяць быць храналагічныя рамкі Сярэднявечча, з публікацый ужо першага тома вынікала (бо шэраг артыкулаў ахапляў ХVII—XVIII ст.), што яно разумеецца тут па–«аналаўску», у канцэпцыі доўгатрываласці. У 2 томе рэдактары Аляксей Талочка і Наталля Якавенка спецыяльна зазначылі, што яны трымаюцца «доўгага Сярэднявечча», якое «ва ўмовах Украіны ахапляла ледзь не ўсё ХVІІІ ст.». Такая ўстаноўка вытрымана і ў наступных нумарах.
Чытаць далей →

Андрэй Партноў. Беларусь і беларусы ва ўкраінскіх падручніках па гісторыі

1. Навучальныя праграмы

Паводле праграмы выкладання гісторыі для агульнааду кацыйных сярэдніх навучальных установаў, выдадзенай у 1998 г., гэты курс ва ўкраінскіх школах разлічаны на 5-11 класы. У 5 класе выкладаюцца „Апавяданні па гісторыі Украіны» (34 гадзіны) — своеасаблівыя ўводзіны, а ўласна гісторыя Украіны вывучаецца ў 7-11 класах (усяго — 225 гадзін). Курс сусветнае гісторыі разлічаны на 6-11 класы (272 гадзіны). Прыярытэтнымі кірункамі праграма лічыць: вывучэнне гісторыі Украіны, гісторыі ХХ стагоддзя і „гісторыі суседніх краінаў і дзяржаваў, якія мелі гістарычна абумоўленыя сувязі з Украінай». У праграме сцвярджаецца, што навучанне ў школе павінна спрыяць „талерантнаму незаангажаванаму ўспрыманню і добразычліваму стаўленню да іншых народаў».
Чытаць далей →

Яковенко, Наталя. Нарис історії України з найдавнійших часів (Андрэй Радаман)


ЯКОВЕНКО, НАТАЛЯ. Нарис Історiї України з найдавнiших часiв до кiнця XVIII столiття: Навч. посiбник для учнiв гуманiт. гiмназiй, лiцеїв, студентiв iст. фак. вузiв, вчителiв. Київ, 1997. 312.

У 1992 г. з iнiцыятывы National Endowment for Democracy (Вашынгтон) i Інстытута Цэнтральна–Усходняй Еўропы (Люблiн) быў створаны калектыў гiсторыкаў Беларусi, Лiтвы, Польшчы i Украiны, мэтай якога стала напiсанне аўтарскiх сiнтэтычных працаў па гісторыі гэтых краін. Ставілася задача паспрабаваць праўдзіва ўзнавіць іх супольнае мiнулае, растлумачыць шэраг крызiсаў у гiсторыi былой супольнай дзяржавы, пазбягаючы звычайных для новачасных нацыянальных гiстарыяграфiй i „дастаткова звыклых для характарыстыкi гiстарычных узаемаадносiн памiж суседзямi“ вобразаў „суседа–ворага“, „захопнiка“ ды „здраднiка“. На працягу некалькiх гадоў у супольных дыскусiях гiсторыкі неаднаразова ўдакладнялі канцэпцыю нарысаў. Урэшце, напрыканцы 1997 г. з’явiлася першая частка ўкраiнскай сінтэзы, аўтарства Наталлі Якавенкі. Дзякуючы поспеху яе апошняй манаграфii „Українська шляхта з кiнця XIV до середини XVII ст. (Волинь i Центральна Україна)“[1], што стала сапраўдным бэстсэлерам сярод навуковых выданняў Украiны 1993 г., iмя даследчыцы добра вядомае не толькi археографам i гiсторыкам, якiя даследуюць гiсторыю Вялiкага Княства Лiтоўскага (i ўжо даўно прызналi навуковы талент даследчыцы)[2], але i шырокай грамадскасцi.
Чытаць далей →

Грицак, Ярослав. Нарис історії України: формування модерної україньской нації (Андрэй Кіштымаў)


Грицак, Ярослав. Нарис історії України: формування модерної українськой нації ХIХ–ХХ ст. Київ: Генеза, 1996. 360.

Гэтая кніга пра тое, як украінцы, яшчэ зусім нядаўна самая вялікая ў свеце „бездзяржаўная“ нацыя, знайшлі, збудавалі сваю дзяржаву. Гартаючы старонкі велізарнай (45 друк. арк.) працы Яраслава Грыцака, міжволі ставіш сабе пытанне: „Калі б так і такая гісторыя была напісана пра і для беларусаў, то ці ўспрыняло б яе сучаснае беларускае грамадства?“. Другое пытанне чыста прафесійнае: „Ці ёсць у нас сёння гісторыкі, здольныя на такую працу?“. І ўжо наогул рытарычнае: „Ці ёсць пры гэтым магчымасць атрымаць грыф Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь на дазвол выкарыстання такой кнігі ў якасці навучальнага дапаможніка для вучняў гуманітарных гімназій, ліцэяў, студэнтаў гістарычных факультэтаў ВНУ, настаўнікаў?“. Нашыя суседзі ў Украіне на ўсе гэтыя пытанні далі станоўчы адказ. Для нас жа яны застаюцца адкрытымі.
Чытаць далей →

Белорусский сборник. Вып.1. (Валеры Пазнякоў)

Белорусский сборник. Статьи и материалы по истории и культуре Белоруссии. Ред. В.В.Антонов, Н.В.Николаев. Вып. 1. Санкт–Петербург, 1998. 172.

Расійская нацыянальная бібліятэка і Санкт–Пецярбургская асацыяцыя беларусістаў распачалі новае выданне, якому, трэба думаць, наканавана доўгае жыццё. Ужо даўно, пачынаючы з 1993 г., у Санкт–Пецярбургу праходзяць штогадовыя канферэнцыі пад назовам „Санкт–Пецярбург і беларуская культура“. Цяжкасці рознага характару перашкаджалі выдаваць раней матэрыялы гэтых канферэнцый. Цяпер пачатак пакладзены, і больш шырокае кола спецыялістаў і зацікаўленых (абмежаванае накладам зборніка ў 400 паасобнікаў) атрымала магчымасць пазнаёміцца не толькі з прачытанымі цікавымі дакладамі, але і з новымі матэрыяламі, спецыяльна падрыхтаванымі да друку.
Чытаць далей →

Istoriją Lietuvos aukštuju mokyklu mokslo darbai, XXXVI (Уладзімір Свяжынскі)

Istoriją Lietuvos aukštuju mokyklu mokslo darbai, № ХХХVІ. Vilnius: Vilniaus pedagoginis universitetas, 1997. 335.

Чарговы, ХХХVI выпуск гістарычнай серыі Навуковых прац вышэйшых навучальных установаў Літвы адкрываецца раздзелам «Мемуары», які прадстаўлены ўспамінамі вядомага літоўскага дыпламата, палітыка, публіцыста С.Бачкіса „Літоўская дыпламатычная служба (15.06.1940—11.03.1990)“.

У другім раздзеле «З мінулага народа» змешчаны артыкулы літоўскіх даследчыкаў па актуальных праблемах розных перыядаў гісторыі Літвы: Я.Явайшы «Ранні жалезны век: помнікі і культуры» (з дадаткам у выглядзе ілюстрацый і карты), Н.Асадаўскене «Шлюбныя традыцыі магнатаў Кішкаў у канцы ХV–ХVI ст.», А.Шанавічуса «Развіццё літоўскага суда», А.Каспаравічуса «Рэакцыя заходніх краін на пераварот 1926 г. у Літве», А.Гайгалайтэ «Пяць дзён у гісторыі Літвы», Ю. Скіруса «Пункт погляду літоўскага кіраўніцтва на сусветныя выставы ў Злучаных Штатах Амерыкі ў 1926–1940 г.».
Чытаць далей →