БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС
Галоўная » Запісы па тэме 'Рэцэнзіі'

Артыкулы па тэме ‘Рэцэнзіі’

Соціум. Альманах соціальної історії. Вип. 1—3 (Васіль Варонін)


Соціум. Альманах соціальної історії / Головний редактор В.СМО­ЛІЙ; відповідальний редактор В.ГОРОБЕЦЬ. Вип. 1—3. Київ: Інститут історії України НАН України, 2002—2003.

Сацыяльная гісторыя ці, дакладней, новая сацыяльная гісторыя з’яўляецца адным з магістральных кірункаў развіцця сучаснай гістарычнай навукі. Цікавасць, што выяўляюць да яе гісторыкі па ўсім свеце, прыносіць стварэнне адпаведных спецыялізаваных акадэмічных і універсітэцкіх асяродкаў, якія паступова афармляюцца арганізацыйна. Гэты пра­цэс — праўда, адносна нядаўна — закрануў і гістарыяграфію постсавецкіх краін. З 1998 г. у Маскве выходзіць „Социальная история. Ежегодник“. У 2002 г. адбыліся дзве важныя падзеі ў навуковым жыцці нашых паўднёвых суседзяў. Пачаў выходзіць альманах сацыяльнай гісторыі „Соцыум“, а ў Інстытуце гісторыі Украіны НАН Украіны быў створаны Цэнтр даследавання праблем сацыяльнай гісторыі, друкаваным органам якога і стала згаданае выданне.
Чытаць далей →

Biblia ruska, vyložena doktorom Franciskom Skorinoju (Prag, 1517—1519): Kommentare; Apostol (Wilna, 1525): Facsimile und Kommentar (Юрась Лаўрык)

Biblia ruska, vyložena doktorom Franciskom Skorinoju (Prag, 1517—1519): Kommentare; Apostol (Wilna, 1525): Facsimile und Kommentar/ Herausgegeben von Hans Rothe und Friedrich Scholz. Paderborn etc.: Ferdinand Schöningh, 2002. 1048 s.

На Захадзе заўважна расце цікавасць да славянскіх народаў і іхнае гісторыі ды культуры. Сур’ёзныя заходнія навукоўцы бяруцца за вывучэнне спадчыны нашых народаў; паважныя выдавецтвы рыхтуюць грунтоўныя выданні тэкстаў, належных да нашай гісторыі. У Амерыцы заўважнай праявай гэтае тэндэнцыі сталася шматтомавае гарвардскае выданне ўкраінскіх літаратурных помнікаў, добрая палова з якіх змяшчае творы, што з роўным правам належаць і Беларусі (напрыклад, Трэнас Мялета Сматрыцкага). У Еўропе падзеяй апошніх гадоў стала ажыццяўленне ў Нямеччыне комплекснай праграмы Biblia Slavica, у межах якой прадугледжвалася і факсімільнае ўзнаўленне беларускага (скарынаўскага) ды ўкраінскага (астрожскага) выданняў біблійных тэкстаў. Што праўда, ашчадныя немцы пасля выпуску пражскае Бібліі Францыска Скарыны „Беларускай энцыклапедыяй“ адмовіліся ад думкі перавыдаваць кнігі Старога Запавету і засяродзілі сваю ўвагу на віленскім Апостале, пры публікаванні дадаўшы да яго нарыхтаваныя раней матэрыялы. Такім шляхам і паўстаў рэцэнзаваны том. Чытаць далей →

Geier, Wofgang. Russische Kulturgeschichte in diplo­ma­ti­schen Reise­berichten aus vier Jahrhunderten (Уладзімір Канановіч)


GEIER, WOLFGANG. Russische Kulturgeschichte in diplo­ma­ti­schen Reiseberichten aus vier Jahrhunderten: Sigmund von Herberstein, Adam Olearius, Friedrich Christian Weber, August von Haxthausen. Wiesbaden: Harrassowitz Verlag, 2004. 208 s. (Studien der Forschungsstelle Ost­mittel­europa an der Universität Dortmund, Bd. 37)

Праца знанага нямецкага даследчыка Вольфганга Гаера з’яўляецца вынікам даследаванняў, што праводзіліся аўтарам сумесна з ягонымі студэнтамі, магістрантамі і дактарантамі на семінарскіх занятках па параўнальнай культурнай гісторыі краін і народаў Паўднёва–Ўсходняй, Усходняй і Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы, а таксама на семінарах па вывучэнні вобразаў сябе і вобраза чужога ў еўрапейскай гісторыі. На занятках асаблівая ўвага аддавалася такім пытанням, як змест і форма гістарычна–грамадскага працэсу пошуку ўласнай ідэнтычнасці, гістарычная памяць і свет ўяўленняў.
Чытаць далей →

Jaroszewicz–Pieresławcew, Zoja. Druki cyrylickie z ofi­cyn Wielkiego Księstwa Litewskiego w XVI—XVIII wieku (Ігар Клімаў)


Jaroszewicz–PieresŁawcew, Zoja. Druki cyrylickie z ofi­cyn Wielkiego Księstwa Litewskiego w XVI—XVIII wieku. Olsztyn: Wydawnictwo Uniwersytetu Warmińskiego, 2003. 309 s.

У польскім кнігазнаўстве з даўніх часоў існуе сталая зацікаўленасць беларускім і ўкраінскім кірылічным кнігадрукам эпохі Сярэднявечча. У апошнія дзесяцігоддзі з’явілася некалькі буйных даследаванняў, у якіх з сучасных пазіцый даецца сістэматызаваны агляд кнігавыдання Беларусі і Ўкраіны, у тым ліку і кірылічнага[1]. Праўда, і ў ранейшых польскіх бі­бліяграфічных крыніцах заўжды разглядалася кніжная прадукцыя беларускіх і ўкраінскіх кірылічных друкарняў[2].
Чытаць далей →

Носов, Борис В. Установление российского господства в Речи Посполитой 1756—1768 гг. (Яўген Анішчанка)

НОСОВ, БОРИС В. Установление российского господства в Речи Посполитой 1756—1768 гг. Москва: Индрик, 2004. 728 с.

Назва кнігі досыць трапна перадае яе змест. Аўтар — намеснік дырэктара Інстытута Славяназнаўства Расійскай акадэміі навук — паставіў на мэце спецыяльна даследаваць галоўныя этапы палітыкі Расіі ў Рэчы Паспалітай з пачатку Сямі­гадовай вайны да атрымання ёю на сойме 1767—1768 г. ролі гаранта польской канстытуцыі. Праца падзелена на дзве часткі (мяжой якіх з’яўляецца сойм 1766 г., калі Расіі не ўдалося адразу рэалізаваць свае планы) і 16 раздзелаў (глаў).
Чытаць далей →

Носевич, Вячеслав. Традиционная белорусская деревня в европейской перспективе (Сяргей Токць)


НОСЕВИЧ, ВЯЧЕСЛАВ. Традиционная белорусская деревня в европейской перспективе. Минск: „Технология“, 2004. 350 с.

Выхад манаграфіі Вячаслава Насевіча „Традиционная белорусская деревня в европейской перспективе“, на нашу думку, можна прызнаць падзеяй у сучаснай беларускай гістарыя­графіі. Гэтая кніга вылучаецца і арыгінальнасцю даследчыц­кіх падыходаў, і велізарным аб’ёмам апрацаванага аўтарам матэрыялу. Аб’ектам даследавання ў працы В.Насевіча з’яўляецца традыцыйная беларуская вёска. Актуальнасць абранай праблемы не выклікае сумнення. Без разумення таго патрыярхальнага вясковага свету, які на беларускіх землях захоў­ваўся з–за шэрагу прычын асабліва працяглы час, немагчыма зразумець і сучасны, ужо даволі моцна урбанізаваны свет нашай краіны. Цяжка не пагадзіцца з меркаваннем аўтара, што якраз прадукты распаду традыцыйнага сялянскага грамадства паслужылі глебай, на якой узрасла і сённяшняя палітычная сітуацыя ў Беларусі.
Чытаць далей →

Eriksonas, Linas. National heroes and national identities. Scotland, Norway and Lithuania (Андрэй Катлярчук)


Eriksonas, Linas. National heroes and national identities. Scotland, Norway and Lithuania. P. I. E. Peter Lang, Brussels, 2004. 320 s.

Манаграфія, якая выйшла ў сталіцы Еўрасаюзу, ёсць 26–м томам серыі „Пярэстая Еўропа“, аўтарамі якой з’яўляюцца гісторыкі розных краінаў. Яе аўтар Лінас Эрыксонас працуе ва універсітэце Глэморган (Вялікая Брытанія) і належыць да новай генерацыі літоўскіх гісторыкаў, што атрымалі адукацыю і абаранілі дысертацыі на Захадзе. Эрыксонас нарадзіўся ў Вільні, cкончыў Пражскі Карлаў універсітэт і дактарантуру Абердынскага універсітэта (Шатландыя). Валоданне сучаснай метадалогіяй і шэрагам замежных моваў вызначылі тэму першай кнігі маладога вучонага, якая паўстала з абароненай ім дысертацыі. Галоўная мэта працы — паказаць, як стваралася, а потым уплывала на пабудову этнічнай свядомасці шатландцаў, нарвежцаў і літоўцаў галерэя нацыянальных герояў.
Чытаць далей →

Solak, Zbigniew. Między Polska a Litwą. Życie i działalność Michała Römera (Алесь Смалянчук)


Solak, Zbigniew. Między Polska a Litwą. Życie i działalność Michała Römera. 1880—1920. Kraków, 2004.  484 s.

Міхал Ромэр (1880—1945) — юрыст, публiцыст, навуковец, грамадскi i палiтычны дзеяч — у пэўным сэнсе быў адным з апошніх грамадзянаў Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта ён на пачатку ХХ ст. быццам акумуляваў дух г.зв. „ліцвінскага сепаратызму“ часоў Рэчы Паспалітай і ва ўмовах нацыянальнага Адраджэння народаў былога ВКЛ сфармуляваў асноўныя прынцыпы „краёвай ідэалогіі“. Яе падмуркам стала ідэя яднання розных народаў пад сцягам агульнага змагання за інтарэсы Краю (г.зн. земляў колішняга ВКЛ). Яно павінна было прывесці да фармавання нацыі дзяржаўнага (грамадзянскага) тыпу і адраджэння Вялікага Княства Літоўскага як незалежнай дэмакратычнай дзяржавы.

Аналізаваць жыццё першага „краёўца“ і апошняга грама­дзяніна ВКЛ складана, бо ягонай характэрнай рысай быў дуа­лізм. М.Ромэр належаў да г.зв „літоўскіх палякаў“, паходжанне і гістарычная памяць якіх былі звязаныя з гістарычнай Літвой, а культурная прыналежнасць — з Польшчай. Якраз гэты дуалізм адлюстраваўся ў назве кнігі („Паміж Польшчай і Літвой“).
Чытаць далей →

Віктар Цемушаў. Праблемы развіцця гістарычнай геаграфіі Беларусі


*Нацыянальны Атлас Беларусі. Гісторыя. Мінск, 2002. С. 261—289.
Гістарычны раздзел „Нацыянальнага Атласа Беларусі“ (далей: НАБ) адлюстраваў узровень і стан сучаснай гістарычнай геаграфіі і картаграфіі ў Беларусі. Упершыню ў айчыннай гістарычнай навуцы была здзейснена спроба картаграфічнага адлюстравання шматвяковай беларускай гісторыі. Практычна ўсе значныя падзеі знайшлі месца на старонках гістарычнага раздзела НАБ. Акрамя таго, дзякуючы спецыфіцы картагра­фіч­най працы, змест раздзела значна глыбей, чым адпаведныя па тэматыцы і часе гістарычныя даследаванні пісьмовага характару. Дакладная лакалізацыя падзей, адлюстраванне тэрытарыяльных зменаў, дзяржаўных граніц, напрамкаў паходаў і г.д. — інфармацыя, якая істотна дапаўняе і падымае на новы ўзровень гістарычныя веды і разуменне гістарычнага працэсу ў цэлым.
Чытаць далей →

Алесь Смaлянчук. У пошуках ворага польскай нацыі


* Winnicki, Zdzisław Julian. Współczesna doktryna i historiografia biało­ruska (po roku 1989) wobec Polski i polskości. Wrocław, 2003. 621 s.

Польска–беларускія адносіны ніколі не набывалі такой вастрыні і напружанасці як, напрыклад, польска–літоўскія ў 20—30–я г. ХХ ст. ці польска–ўкраінскія пад час Другой сусветнай вайны. Аднак і яны перыядычна азмрочваліся канфліктамі, прычынай якіх найчасцей было нежаданне або няздольнасць зразумець іншы бок. Пра ўсё гэта красамоўна сведчыць складаны лёс польскай супольнасці ў Беларусі і беларускай — у Польшчы. Праўда, ацэньваючы пазіцыю беларускага боку, трэба ўлічваць, што на працягу большай часткі мінулага стагоддзя нацыянальную палітыку на беларускіх землях вызначала не эліта беларускай нацыі, а засланыя з Масквы чыноўнікі, якія рупліва ажыццяўлялі праграму стварэння „савецкага народа“. Зрэшты, цалкам самастойным не было таксама кіраўніцтва ПНР. Чытаць далей →

Генадзь Сагановіч. Прывід нацыі ў імгле стэрэатыпаў


*Марзалюк, Ігар А. Людзі даўняй Беларусі: этнаканфесійныя і сацыякультурныя стэрэатыпы (Х—ХVII ст.). Магілёў: МДУ імя А.Куляшова, 2003. 324 с. (Заўважым, што ў часопісе „Спадчына“ (№4, 2002) ўжо была надрукавана ананімная рэцэнзія на гэтую кнігу).

Калі, чытаючы, пераконваемся, што аўтар не ўжывае словы з належнай яснасцю і празрыстасцю, то можам адкласці такую кніжку ўбок і, не крыўдзячы яго, паўтарыць: Si non vis intelligi, debes negligi.

Джон Лок

Ужо сама назва кнігі магілёўскага гісторыка Ігара Марзалюка можа збянтэжыць чытача, прызвычаенага да стрыманасці і дакладнасці навуковай літаратуры: аўтар дэкларуе да­следаванне „людзей даўняй Беларусі“ з Х да ХVII ст., удакладняючы пры гэтым, што прадметам аналізу будуць іх „этнаканфесійныя і сацыякультурныя стэрэатыпы“! Яшчэ бадай ніхто не браўся адзін даследаваць усё насельніцтва (у тытуле менавіта „людзі“ — у шырокім разуменні) цэлай Беларусі ў такія розныя перыяды гісторыі, ахапляючы нават тыя далёкія часы, якія практычна не пакінулі гісторыкам аўтэнтычных пісьмовых сведчанняў! І пры такім храналагічна–геаграфічным абсягу даследавання аўтар дэкларуе вывучэнне стэрэатыпаў! Але на падставе якіх крыніц ён сабраўся рэканструяваць стэрэатыпы людзей тых „цёмных“ стагоддзяў? Ці можа ў кнізе ўводзіцца нейкае новае разуменне стэрэатыпу? Чытаць далей →

Сяргей Запрудскі. Неюбілейныя думкі з нагоды юбілейных выданняў мовазнаўчай спадчыны


* Станкевіч, Ян. Збор твораў: У 2 т. Рэдактар В.Булгакаў. Менск: Энцыклапедыкс, 2002. Т. 1. 549. Т. 2. 585.
Лёсік, Язэп. 1921—1930. Збор твораў. Уклад., прадм. і камент. А.Жынкіна. Мінск, 2003. 395.
Выбраныя навуковыя працы акадэміка С.М.Некрашэвіча. Да 120–годдзя з дня нараджэння. Навуковы рэдактар акадэмік А.І.Падлужны. Мінск: Беларуская навука, 2004. 190.

У апошнія 15 гадоў гісторыя беларускага мовазнаўства зведала, бадай, даволі спрыяльныя часы. Дэмакратызацыя грамадскага і палітычнага жыцця другой паловы 80–х сярод іншага прынесла бурныя дыскусіі пра гісторыю і сучасны стан беларускай мовы, і на гэтай хвалі незвычайна ўзрасла цікавасць да людзей, якія ў 1920–я і пазнейшыя гады займаліся даследаваннем і кадыфікацыяй беларускай мовы, пакінулі след у гісторыі як заснавальнікі або рэфарматары беларускай граматыкі і правапісу.  Як вынік гэтай цікавасці з пачатку 90–х гадоў у Беларусі стала друкавацца лінгвістычная спадчына 1920–х і працы з гісторыі мовазнаўства, у якіх асэнсоўвалася дзейнасць тых або іншых асоб, што зрабілі вялікі ўнёсак у вывучэнне беларускай мовы. Чытаць далей →

Максім Знак. Міфы, міфалогія і міфолагі


* Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С.Санько, Т.Вало­дзіна, У.Васілевіч і інш. Мінск: Беларусь, 2004. 592 с.

Шырокі грамадскі інтарэс да архаічных вытокаў этнічнай культуры ў апошнія дзесяцігоддзі адзначыўся ва ўсіх народаў Еўропы. Жаданне сцвердзіць сваю культурную ідэнтычнасць і непаўторнасць, што бяруць пачаткі з пракаветных, „міфіч­ных“ часоў, робіцца ўсё вастрэйшым на тле працэсаў глабалізацыі і татальнай універсалізацыі быцця. Імкненне адстаяць свой „этнічны космас“ у сучасным вірлівым і зменлівым свеце выяўляецца ў фальклорным руху, які апелюе да аўтэнтыкі і карыстаецца надзвычайнай папулярнасцю ў мегаполісах, дзе прынамсі і бярэ свае пачаткі. Г.зв. „неапаганскія“ суполкі, што паўсталі ў межах больш шырокай грамадска–палітычнай з’явы — „неакансерватызму“, вельмі часта змыкаюцца з фальклорным рухам і вызнаюць за адзіна праўдзівыя светапоглядныя каштоўнасці еўрапейца дахрысціянскай эпохі. Яшчэ адной праявай „вяртання ў будучыню“ сталі тысячы навуковых доследаў у галіне культурнай антрапалогіі (этнаграфіі, этналогіі, фалькларыстыкі ды інш.), што ўбачылі свет на абшарах ад Пірэнеяў да Ўрала і былі прысвечаны тым ці іншым аспектам архаічнай (дахрысціянскай) спадчыны. Пры гэтым відавочнай робіцца перавага сістэмных (структурна–семантычных) прынцыпаў даследавання, якія, у адрозненне ад пазітывісцкіх, не „прэпаравалі“ тканіну Традыцыі, а імкнуліся „аджывіць“ яе, зрабіць зразумелай для сучасніка, хоць бы і па асобных фрагментах.
Чытаць далей →