БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС
Галоўная » Запісы па тэме 'Рэч Паспалітая'

Артыкулы па тэме ‘Рэч Паспалітая’

Конрад Бабятыньскі. Стары i Новы Быхаў у час вайны Рэчы Паспалітай з Масквой (1654—1655)


Стары і Новы Быхаў, два гарады на Дняпры, адыгралі значную ролю ў ваенных падзеях першага этапу вайны Рэчы Паспалітай з Масквой 1654—1655 г. Аблогі абодвух як маскоўска–казацкімі войскамі, так і арміяй ВКЛ, істотна паўплывалі на фармаванне сітуацыі ва ўсходнім ваенным тэатры ды на палітычныя рашэнні, датычныя перадусім стасункаў Рэчы Паспалітай з казакамі і планаў падпарадкавання Хмяльніцкаму Паўднёвай Беларусі.

З абодвух пунктаў вырашальнае значэнне меў Стары Быхаў. З 1542 да 1625 г. горад належаў аднаму з наймагутнейшых магнацкіх родаў — Хадкевічам. Падмуркам яго развіцця стаў прывілей 1590 г., дадзены Жыгімонтам III Вазам тагачаснаму ўладару, у будучыні вялікаму гетману літоўскаму Яну Каралю Хадкевічу. Кароль дазваляў будаваць у горадзе каменныя фартыфікацыі вакол замка. Хадкевіч распачаў працу з шырокім размахам (асабліва інтэнсіўна ў 1610—1619 г.), аднак завершана прадпрыемства было толькі наступнымі ўладарамі горада. Чытаць далей →

Юры Гардзееў. Да моўнай праблематыкі гарадскіх кніг навачаснай Горадні


Палітра моўных дачыненняў на землях Літвы і Беларусі здаўна была аб’ектам увагі навукоўцаў. У першую чаргу гэтай тэматыкай займаліся мовазнаўцы, якія ў сваіх працах абапіраліся на літаратурныя творы, дзённікі альбо апублікаваныя навачасныя крыніцы[1]. Падаецца цалкам лагічным, што згаданая матэрыяльная база неда­статковая, каб пашырыць нашыя ве­ды пра рэгіянальныя ўласцівасці і тым самым удакладніць агульны вобраз моўных стасункаў у Вялікім Княстве Літоўскім.
Чытаць далей →

Андрэй Радаман. Інструкцыя Новагародскага cойміка паслам на элекцыйны сойм 1587 г.


Соймікавая інструкцыя паслам Новагародскага павету на элекцыйны сойм 1587 г. — адзіная соймікавая інструкцыя шляхецкіх соймікаў Новагародскага ваяводства з часоў першага, другога і трэцяга бескаралеўяў, што дайшла да нашых часоў у арыгінале. Гэты унікальны дакумент дазваляе дакладна вызначыць кампетэнцыю новагародскага перад­элекцыйнага сойміка і высветліць пытанні, якія ста­віліся новагародскай шляхтай перад усёй палітычнай элітай Рэчы Паспалітай на элекцыйным сойме 1587 г. Як адзначыў у сваёй апошняй манаграфіі Генрых Люлевіч, на гэтым сойміку прысутнічала як мінімум 60 удзельнікаў. Пад пагрозай парушэння перамір’я з боку Маскоўскай дзяржавы яны пастанавілі не ехаць усім на элекцыйны сойм і вы­правілі пад Варшаву толькі 6 сваіх паслоў, якія павінны былі ў сваёй дзейнасці дакладна прытрымлівацца зместу інструкцыі, дадзенай ім на сойміку. Гэтыя ж паслы прадстаўлялі інтарэсы новагародскай шляхты і на галоўным з’ездзе ВКЛ у Ваўкавыску[1].
Чытаць далей →

Максім Гардзееў. Дакументы па гісторыі рамяства ў актавай кнізе полацкага магістрату за 1656—57 г.


Першай абагульняльнай працай па гісторыі рамяства на Беларусі ў Сярэднявеччы прынята лічыць кнігу Фёдара Кліменкі „Западнорусские цехи ХVI—ХVIII вв.“, якая была выдадзена ў Кіеве ў 1914 г.[1] У ёй аўтар абмежаваўся толькі канстатацыяй і разглядам прававых нормаў у цэхавых статутах, не даў аналізу дынамікі зменаў у гарадской эканоміцы і, перш за ўсё, унутранага рынку як галоўнай умовы паступовага развіцця рамеснай вытворчасці.

У 1963 г. выйшла ў свет манаграфія Аляксандра Ігнаценкі „Ремесленное производство в городах Белоруссии в ХVII—ХVIII вв.“, якая на сённяшні дзень з’яўляецца найбольш поў­най працай па гісторыі беларускага рамяства азначанага перыяду[2].
Чытаць далей →

Łatyszonek, Oleg; Mironowicz, Eugeniusz. Historia Białorusi od połowy XVIII do końca XX wieku (Захар Шыбека)


Łatyszonek, Oleg; Mironowicz, Eugeniusz. Historia Białorusi
od połowy XVIII do końca XX wieku. Białystok, 2002. 330.

Дапаможнік нашых калегаў з Беластока Алега Латышонка і Яўгена Мірановіча, выдадзены на сродкі Міністэрства нацыянальнай адукацыі Польшчы, адпавядае дзяржаўнай праграме вывучэння беларускай тэматыкі ў сярэдніх і няпоўных сярэдніх школах былога Беластоцкага ваяводства. У ім выклад найноўшай гісторыі пачынаецца ад сярэдзіны ХVIII cт. і даводзіцца да 2002 г. Аўтараў не задавальняе агульнапрынятае ў беларускай і ў польскай гістарыяграфіі правіла пачынаць новы этап у гісторыі абедзвюх краін з 1795 г., даты апошняга падзелу Рэчы Паспалітай. Яны лічаць гэты рубеж неадэкватным для гісторыі Беларусі, спасылаючыся на тое, што паглынанне Расіяй беларускіх земляў пачыналася яшчэ з часоў Елізаветы, якая прэтэндавала на ўсходнюю Беларусь, і доўжылася да 1815 г., а таму 1795 г. не быў у гэтым працяглым працэсе вызначальным. Галоўным у выдзяленні новага этапу было не гэта, а тое, што з сярэдзіны ХVIII ст. пачыналася рашучая мадэрнізацыя Рэчы Паспалітай і Расіі, Беларусь жа апынулася перад выбарам польскага або расійскага ўзору гэтай мадэрнізацыі (10—11). На думку аўтараў, у акрэслены імі перыяд якраз і адбывалася цывілізацыйнае аддаленне Беларусі ад Польшчы і фармаванне сучаснай беларускай нацыі (11). У прыведзеных разважаннях шмат слушнага. Праблематычна толькі звязваць узнікненне сучаснай беларускай нацыі з яе аддаленнем ад Польшчы, бо супадзенне гэтае выключна фармальнае, а не сутнаснае. Без сувязі з Польшчай узнікненне сучаснай беларускай нацыі было б немагчымым. Разам з прыпыненнем сувязяў Беларусі з Польшчай у часы „савецкай жалезнай заслоны“ прыпыняўся і нацыятворчы працэс. Хоць нейкі ўплыў Польшчы заставаўся і тады. Сувязь Беларусі з Польшчай пацвярджаецца ўсім зместам кнігі. Таму гэта, думаю, не пазіцыя аўтараў, а, хутчэй, недакладны выраз.
Чытаць далей →

Кавалёў, Сяргей. Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу (Альбіна Семянчук)


Кавалёў, Сяргей В. Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полі­лінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу. Мінск, 2002. 218.

Гiстарычнае літаратуразнаўства ўзбагацілася яшчэ адной працай, прысвечанай мала даследаванай тэматыцы польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу — манаграфіяй доктара філалагічных навук Сяргея Кавалёва. Аўтар даўно і плённа займаецца вывучэннем полілінгвістычнага кантэксту беларускай літаратуры эпохі Рэнесансу і Барока. Яго папярэдняя кніга была пры­свечана героіка–эпічнай паэзіі канца ХVI ст.[1], а менавіта даследаванню твораў Францішка Градоўскага, Андрэя Рымшы, Яна Радвана і тым канкрэтным гістарычна–культурным умовам, у якіх яны паўставалі. Ужо ў першай кнізе было бачна імкненне аўтара змясціць дадзеныя творы ў канкрэтную часава–прасторавую сітуацыю, паказаць рэаліі грамадска–палітычнага жыцця, у якіх яны ўзнікалі, наблізіць да нас постаці аўтараў і герояў іх твораў.
Чытаць далей →

Russische und Ukrainische Geschichte vom 16.—18. Jahrhundert. Hrsg. von Robert O. Grummey, Holm Sundhaussen, Ricarda Vulpius (Генадзь Сагановіч)


Russische und Ukrainische Geschichte vom 16.—18. Jahrhundert. Hrsg. von Robert O. Grummey, Holm Sundhaussen, Ricarda Vulpius. Wiesbaden, 2001. 336 (Forschungen zur osteuropäischen Geschichte, Bd.58).

„Даследаванні па ўсходнееўрапейскай гісторыі“ (For­schungen zur osteuropäischen Geschichte), што выдаюцца Інстытутам Усходняй Еўропы пры Вольным універсітэце Берліна, былі заснаваны ў 1954 г. Горстам Ябланоўскім і Вернэрам Філіпам. З таго часу ў гэтай серыі штогод выходзілі асобныя манаграфіі або зборы даследаванняў. Цягам дваццаці гадоў рэдактарам серыі быў прафесар Ганс Ёахім Торке, які памёр у 2000 г. Памяці гісторыка і прысвечаны том 58, складзены з артыкулаў яго калегаў і шматлікіх вучняў. Тэматычныя рамкі выдання вызначаны даследчыцкімі інтарэсамі памёрлага — яго „любімым ХVII стагоддзем“ усходнеславянскіх абшараў. Увесь том сапраўды прысвечаны фактычна гісторыі адной Расіі (за выключэннем двух украінскіх сюжэтаў), што ж да храналогіі, то аўтары не абмежаваліся раннім Новым часам і ахапілі перыяд ад Сярэднявечча да ХIХ ст.
Чытаць далей →

Алена Вернікоўская. Супраціў праваслаўнага насельніцтва Полацкай епархіі ўвядзенню уніі


Унія, заключаная ў Рыме прадстаўнікамі Кіеўскай мітраполіі Іпаціем Пацеем і Кірылам Цярлецкім 23 снежня 1595 г. і зацверджаная на саборы ў Берасці ў кастрычніку 1596 г., замест чаканага яднання прывяла да расколу ва ўкраінска-беларускім грамадстве, паклала пачатак працяглай барацьбе праваслаўных і уніятаў, г. зв. «барацьбе Русі з Руссю».

Раскол, які адбыўся ў грамадстве, тлумачыцца ў многім тым, што прывезеная з Рыма унія была не такой, якой яе чакалі ўбачыць праваслаўныя. Пачынаючы крокі да збліжэння, праваслаўны і каталіцкі бакі па-рознаму ўяўлялі сабе гэтае аб’яднанне. Калі праект уніі з боку праваслаўных меркаваўся як саюз дзвюх раўнапраўных цэркваў на падставе ўзаемных саступак і кампрамісаў, то каталіцкі бок разглядаў унію як вяртанне праваслаўнай царквы да паслушэнства рымскаму прастолу, як безагаворачную інкарпарацыю праваслаўнай царквы ў структуру рымскага каталіцызму. Менавіта такая унія, якая бачылася каталіцка му боку, і была заключана ў Рыме.
Чытаць далей →

Штэфан Родэвальд. Кантэксты дзеянняў як межы сацыяльных групаў


Уводзіны

У 1579 г. кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стэфан Баторы адваяваў горад Полацк, які за шаснаццаць гадоў да таго трапіў пад уладу маскоўскага цара. Ужо праз дзень Баторы абвясціў рашэнне заснаваць і тут езуіцкі калегіум, хоць Полацк ад пачатку XI ст. быў рэзідэнцыяй праваслаўнага епіскапа. Падзея была знамянальнай, калі ўлічваць, што горад знаходзіўся ў пераходнай паласе паміж Цэнтральна-Ўсходняй Еўропай з вельмі моцным „лацінскім» уплывам і праваслаўнай Усходняй Еўропай. Полацк узнік ў межах Кіеўскай Русі, а ўжо з 1307 г. стала належаў да Вялікага Княства Літоўскага, якое ў 1385 г. заключыла унію з Каронай Польскай. Пачынаючы з XV ст. новыя, запазычаныя ў Цэнтральнай Еўропы формы сацыяльнай арганізацыі вызначалі мадэль паводзін праваслаўнага гарадскога насельніцтва. Пасля ліквідацыі рэштак мясцовага княства месца арыентаванай на полацкага князя і набліжанай да яго арыстакратыі паступова пачаў займаць карпаратыўна арганізаваны стан рэгіянальнага паходжання, які атрымаў ад вялікага князя шмат прывілеяў. Часткі паселішча рамеснікаў і майстроў ля падножжа былога княскага замка ператвараліся ў прававы горад[1].
Чытаць далей →

Сяргей Саўчанка. Праваслаўе, пратэстанцтва і ерасi на ўкраінскіх і беларускіх землях у XV—XVII ст.


* Пад украінскімі і беларускімі землямі маю на ўвазе цэласны этна-канфесійны масіў, які ахоплівае тэрыторыі сучасных Украіны і Беларусі.

Разумеючы актуалізацыю як прывязванне даследава най тэмы да сучаснасці, гісторыкі часам даходзяць да абсурдных высноваў. Таму, закранаючы тэму дадзеных даследаванняў актуальных праблем гістарыяграфіі, я не рызыкнуў бы настойваць на тым, што яна дапаможа развязаць канфесійныя праблемы сучаснага жыцця.

Уласна для мяне актуальныя праблемы гісторыі тыя, якія яшчэ не закранула крытычная думка ўкраінскага вучонага. Гэткія праблемы пакідаліся ў гістарыяграфіі не інакш як выспамі, акупаванымі метадалагічна застарэлымі інтэрпрэтацыямі. Да іх я аднёс бы ерэтычныя рухі ва Ўкраіне і іх узаемаадносіны з агульнаеўрапейскімі рэфармацыйнымі працэсамі.
Чытаць далей →

Rare Polonica in the New York Public Library: Books of the 15th—18 c. (Юрась Лаўрык)

Rare Polonica in The New York Public Library: Books of tne 15th—18th Centuries = Polonica XV—XVIII wieku w zbiorach Nowojorskiej Biblioteki Publicznej / The New York Public Library. Ed. by M.Czapnik; comp. by R.H.Davis, Jr. New York: N. Ross Publishing Inc., [2001]. 227, ill.

Гэта яшчэ адзін вялікі ангельскамоўны (аднак, з паралельнымі тэкстамі па–польску) каталог старадрукаў, што змяшчае беларускі матэрыял. Гэтым разам апіcаныя выданні толькі лацінскага шрыфту, i толькі на падставе кніга­збору Нью–Ёркскай Публічнай бібліятэкі. Матэрыялы ўкладзеныя Робэртам Г.Дэвісам–малодшым i падрыхтаваныя да друку Марыянай Чапнік.

Каталог складаецца з прадмовы па–ангельску i па–польску, шасці аркушаў з ілюстрацыямі, уласна каталогу i некалькіх дапаможных паказнікаў: 1) імёнаў i назваў інстытуцый (названы чамусці дзіўна: Index of Surnames… / Indeks nazwisk… — г.зн. паказнік прозвішчаў); 2) ана­німных выданняў; 3) друкароў i фундатараў; 4) уладальнікаў i кнігагандлёвых фірмаў.
Чытаць далей →

Bues, Almut. Das Herzogtum Kurland und der Norden der polnisch–litauischen Adelsrepublik (Генадзь Сагановіч)

BUES, ALMUT. Das Herzogtum Kurland und der Norden der polnisch–litauischen Adelsrepublik im 16. und 17 Jahrhundert. Möglichkeiten von Integration und Autonomie. Giessen, 2001. 370 S.

У кнізе нямецкай даследчыцы Альмут Бюс упершыню комплексна асвятляецца гісторыя Курляндскага герцагства (афіцыйна называлася Курляндска–Земгальскім) у яго цеснай сувязі з Рэччу Паспалітай. Сінтэтычнае даследаванне, заснаванае на надзвычай шырокім корпусе архіўных матэрыялаў (аўтар працавала ў архівасховішчах па ўсёй Еўропе — ад Масквы, Пецярбурга і Рыгі да Стакгольма, Парыжа і Рыма!) і багатай спецыяльнай літаратуры, напісана на ўзроўні захапляльнай эрудыцыі.
Чытаць далей →

Ігар Войніч. Сільвестр Косаў і Язафат Кунцэвіч — повязь царкоўных ерархаў


У судовай справе забойства ў 1623 г. полацкага уніяцкага біскупа Язафата Кунцэвіча дагэтуль застаюцца нявысветленымі некаторыя пытанні. На гэтым забойстве сучасныя даследчыкі як з уніяцкага, так і з праваслаўнага боку зарабілі і цяпер зарабляюць шмат палітычных ачкоў, каб прынізіць годнасць сваіх апанентаў. Аднак наш расповед галоўным чынам закранае самы пачатак супрацьстаяння паміж Кунцэвічам і жыхарамі Віцебска.

У грамадскім жыцці ВКЛ на працягу другой паловы XV і ўсяго XVI ст. пачало дзейнічаць пісанае права. Статуты ВКЛ 1566 і 1588 г. патрабавалі карыстацца толькі «правом писаным»[1] (Статут 1566 г., раздз. 4, арт. 30; Статут 1588 г., раздз. 1, арт. 1). Царкоўнае жыццё ў ВКЛ па-ранейшаму рэгулявалася звычаёвым правам, аднак паступова ў праваслаўных землях стала ўводзіцца практыка прызначэння найвышэйшых царкоўных ерархаў са згоды свецкіх уладаў[2]. У канцы XVI — пачатку XVII ст. кароль Жыгiмонт III Ваза, а разам з iм i пераважная большасць дэпутатаў сейма (у асноўным каталікі) паспрабавалі надаць тагачасным парадкам нейкія цывілізавана-законныя рамкі.
Чытаць далей →