Казацкае паўстанне ў 1648 г. адкрыла сабою доўгі перыяд войнаў, з якога пачаўся заняпад магутнасці Рэчы Паспалітай. У 1654 г. вайну з апошняй распачаў маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч. У Маскве яшчэ задоўга да таго звярталі ўвагу на слабасць Рэчы Паспалітай, што абяцала магчымасць рэваншу за паразы пачатку XVII ст. Поспехі царскіх войскаў у 1654—1655 г. перасягнулі самыя смелыя спадзяванні. Удалося захапіць амаль усё Вялікае Княства Літоўскае разам з Вільняю. Марш царскіх арміяў быў прыпынены толькі ўваходам улетку 1655 г. у польскія межы шведаў, чыёю мэтай, сярод іншага, было — загарадзіць пераможнай Маскве дарогу да балтыйскага ўзбярэжжа. Шведскае нашэсце прывяло да паразумення Рэчы Паспалітай з Масквою, якая глядзела на экспансію скандынаваў без сімпатыяў. 3 лістапада 1656 г. у Нямежы пад Вільняю было заключана замірэнне. Рэч Паспалітая пагаджалася на вельмі цяжкія ўмовы — напрыклад, прызнавала за царом тытул вялікага князя літоўскага, пагаджалася з ягонаю ўладай над украінскімі і беларускімі землямі, забавязвалася абраць цара на найбліжэйшым сойме каралём польскім. Масква затое спыняла ваенныя дзеянні супраць яе і распачынала ў Інфлянтах вайну са шведамі. У выніку дамовы значная частка маскоўскіх войскаў пакінула землі на захад ад Бярэзіны і на поўдзень ад Дзвіны[1]. Аднак у Вільні, Коўне, Горадні маскоўскія гарнізоны засталіся. Чытаць далей →
