БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС
Галоўная » Запісы па тэме 'Вялікае Княства Літоўскае'

Артыкулы па тэме ‘Вялікае Княства Літоўскае’

Кавалёў, Сяргей. Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу (Альбіна Семянчук)


Кавалёў, Сяргей В. Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полі­лінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу. Мінск, 2002. 218.

Гiстарычнае літаратуразнаўства ўзбагацілася яшчэ адной працай, прысвечанай мала даследаванай тэматыцы польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу — манаграфіяй доктара філалагічных навук Сяргея Кавалёва. Аўтар даўно і плённа займаецца вывучэннем полілінгвістычнага кантэксту беларускай літаратуры эпохі Рэнесансу і Барока. Яго папярэдняя кніга была пры­свечана героіка–эпічнай паэзіі канца ХVI ст.[1], а менавіта даследаванню твораў Францішка Градоўскага, Андрэя Рымшы, Яна Радвана і тым канкрэтным гістарычна–культурным умовам, у якіх яны паўставалі. Ужо ў першай кнізе было бачна імкненне аўтара змясціць дадзеныя творы ў канкрэтную часава–прасторавую сітуацыю, паказаць рэаліі грамадска–палітычнага жыцця, у якіх яны ўзнікалі, наблізіць да нас постаці аўтараў і герояў іх твораў.
Чытаць далей →

Генадзь Сагановіч. «Русь» у вайне з Нямецкім ордэнам (канец ХIII — пач. ХV ст.)


Вайна паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Нямецкім ордэнам застаецца адной з самых захапляльных і дасюль маладаследаваных тэм гісторыі Ўсходняй Еўропы. Як вядома, ваенна-тэхнічны патэнцыял ордэнскай дзяржавы быў на той час адным з самых высокіх у Еўропе. З пачатку XIV ст. у барацьбе з паганскай „Літвою» як патэнцыйным ворагам хрысцiянскай Еўропы тэўтонскім братам-рыцарам актыўна дапамагалі «госці» з розных еўрапейскіх краін. Дзякуючы гэтаму Ордэн пастаянна атрымлiваў прыток новых сiлаў. «Рэйзы» ў Прусiю i адтуль у Лiтву лічыліся выкананнем хрысціянскага абавязку (Heidenkampf — змагання з паганцамі) і набылі асаблівую папулярнасць сярод высакароднага рыцарства. Фактычна, барацьба супраць Літвы мела інтэрнацыянальны характар: супраць яе ваявалі не толькі Ордэн, але і многія краіны Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, а найперш рыцары з Нямеччыны, Францыі і Англіі. Як цвердзяць хронікі, ордэнскія кантынгенты налічвалі дзесяткі тысяч удзельнікаў. Невыпадкова гісторыкі параўноўваюць гэтую вайну з крыжовымі паходамі ў Святую зямлю[1]. Не можа не ўражваць, што гэтае больш чым стогадовае няроўнае супрацьстаянне Літва вытрымала. Калі ўлічваць яе тэрытарыяльна-дэмаграфічныя магчымасці, з аднаго боку, і найвышэйшы ваенна-тэхнічны патэнцыял еўрапейскага рыцарства, з другога, то прапорцыя сілаў будзе зусім невыгоднай для Літвы. У чым жа сакрэт такога яе поспеху? Адкуль жа браліся яе ваенна-эканамічныя рэсурсы? Чытаць далей →

Сяргей Саўчанка. Праваслаўе, пратэстанцтва і ерасi на ўкраінскіх і беларускіх землях у XV—XVII ст.


* Пад украінскімі і беларускімі землямі маю на ўвазе цэласны этна-канфесійны масіў, які ахоплівае тэрыторыі сучасных Украіны і Беларусі.

Разумеючы актуалізацыю як прывязванне даследава най тэмы да сучаснасці, гісторыкі часам даходзяць да абсурдных высноваў. Таму, закранаючы тэму дадзеных даследаванняў актуальных праблем гістарыяграфіі, я не рызыкнуў бы настойваць на тым, што яна дапаможа развязаць канфесійныя праблемы сучаснага жыцця.

Уласна для мяне актуальныя праблемы гісторыі тыя, якія яшчэ не закранула крытычная думка ўкраінскага вучонага. Гэткія праблемы пакідаліся ў гістарыяграфіі не інакш як выспамі, акупаванымі метадалагічна застарэлымі інтэрпрэтацыямі. Да іх я аднёс бы ерэтычныя рухі ва Ўкраіне і іх узаемаадносіны з агульнаеўрапейскімі рэфармацыйнымі працэсамі.
Чытаць далей →

Аляксандр Груша. Невядомая грамата Фёдара Карыятавіча 1391 г.


У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (НГАБ) захоўваецца грамата, якая ўяўляе сабой пацвярджальны ліст ад 20 чэрвеня 1391 г. гаспадара Падольскай зямлі Фёдара Карыятавіча прывілеяў Канстанціна і Фёдара Карыятавічаў вернаму слугу Грыньку на горад Сакалец і Збынаў паток з сёламі[1] (з правам «садзіць» людзей на р. Русаве ў трох месцах), а таксама дароўнага цешчы Грынькі, княгіні Андрыянавай Вейніцкай[2], на шэраг сёл «у деднину и в вотнину». Гэтая грамата да апошняга часу не была вядомая даследчыкам. У той жа час яна з’яўляецца адной з найбольш рэпрэзентатыўных крыніц па гісторыі Падолля XIV ст., матэрыял якой дазваляе зрабіць шэраг важных высноў і назіранняў.

У першую чаргу, звесткі граматы даюць магчымасць удакладніць час пачатку ўкняжання ў Падоллі Фёдара Карыятавіча. Дагэтуль лічылася, што Фёдар стаў княжыць у Падоллі ў перыяд з 19 верасня 1388 г. да 1 ліпеня 1392 г.[3] З нашай граматы вынікае, што Фёдар Карыятавіч быў гаспадаром Падольскай зямлі ўжо 20 чэрвеня 1391 г.
Чытаць далей →

Генадзь Сагановіч. «Жаласны плач горада Полацка»


Пра тое, што захоп Полацка маскоўскім царом 15 лютага 1563 г. быў і далёка ў Еўропе ўспрыняты як вялікая трагедыя і адлюстраваны ў многіх першых нямецкiх газетах (Zeitungen), або так званых «лятучых лiстках» (Flugblätter, Flugschriften), ужо неаднакроць пісалася і ў беларускіх выданнях[1]. Аднак, хоць цэлая група „лятучых лісткоў» прысвечана непасрэдна фрагменту ўласна беларускай гiсторыi, гэтыя вельмi iнфарматыўныя помнiкi, даўно даследаваныя нямецкiмі i польскiмі спецыялістамі[2], у беларускую гiстарыяграфiю толькі ўводзяцца.

Трагедыi найстарэйшага беларускага горада прысвечана агулам 10 асобных iнфармацыйных лiсткоў, якія пабачылі свет у 1563 г. у асноўным у гарадах Нюрнберг, Аўгсбург i Любек. Гэта восем друкаваных і дзве рукапiсныя «газеты». Цяпер іх арыгiналы захоўваюцца ў Бiблiятэцы герцага Аўгуста ў Вольфэнбютэль, у Цэнтральнай бібліятэцы Цюрыха (фонд Wickiana), у Нацыянальнай бібліятэцы ў Вене, у Расійскай нацыянальнай бiблiятэцы ў Санкт-Пецярбургу. Інфлянцкую вайну Iвана IV у цэлым i тагачасныя падзеi на тэрыторыі ВКЛ кранае, як вызначыў прафесар Андрэас Капэлер, каля 50 нямецкiх «лятучых лiсткоў», што выйшлі ў свет памiж 1561 i 1582 г[3]. Так што месца Полацка ў гэтай інфармацыйнай карціне асаблівае.
Чытаць далей →

Błaszczyk, Grzegorz. Litwa na przełomie średniowiecza i nowożytności (Валеры Пазнякоў)


Błaszczyk, Grzegorz. Litwa na przełomie średniowiecza i nowożytności 1492—1569. Poznań, 2002. 336 s., mapy.

Пазнанскі даследчык Гжэгаж Блашчык добра вядомы ў Беларусі сваімі даследаваннямі ў галіне гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, асабліва яго паўночна–заходняй часткі — Жамойці. Апошняя вялікая праца гісторыка — абагульняючы нарыс (сінтэза) па гісторыі ВКЛ ад пачатку княжання Аляксандра I да Люблінскай уніі, якая, як адзначае аўтар, паўстала з адпаведнага раздзела планаванага сінтэтычнага нарыса гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, што рыхтаваўся пазнанскімі літуаністамі на чале з прафесарам Ежы Ахманьскім. З розных прычын нарыс не пабачыў свету, а свой раздзел у перапрацаваным выглядзе Г.Блашчык цяпер прадстаўляе чытачу. Гэта сапраўды абагульняючае даследаванне, якое з розных бакоў асвятляе гісторыю ВКЛ канца XV— сярэдзіны XVI ст. Адносна невялікія памеры прамежка часу, які абраў аўтар для разгляду, дазволілі яму многія з’явы асвятліць нават у дробных дэталях. З іншага боку, 70—80 гадоў для эпохі Сярэднявечча — задужа малы прамежак, каб многія з’явы грамадскага жыцця выявіліся ў дынаміцы свайго развіцця. Такім чынам, кніга Г.Блашчыка ў нечым уяўляе хранала­гічны зрэз ВКЛ. Не ўпэўнены, што да працы ў стылі „храналагічнага зрэзу“ цалкам пасуе выраз „сінтэтычнае даследаванне“. Кніга забяспечана вялі­кай бібліяграфіяй і 2 картамі.
Чытаць далей →

Listy polskie XVI wieku / pod red. K. Rymuta. T. 1. Listy z lat 1525—1548 (Анастасія Скеп’ян)

Listy polskie XVI wieku / pod red. K. Rymuta. T. 1. Listy z lat 1525—1548 ze zbiorów Władyslawa Pociechi, Witolda Taszyckiego i Adama Turasiewicza. — Kraków, 1998. XII, 504.»

Увагу любога даследчыка i эпохі Сярэдневечча, і Новага часу асабліва прыцягваюць лісты, аўтарамі якіх былі і розныя дзяржаўныя асобы, і простыя людзі, бо такія крыні­цы  могуць значна ўзбагаціць веды пра побыт, менталітэт, сістэмы каштоўнасцяў грамадства ў пэўную гістарычную эпоху і, вядома, даць вельмі каштоўную факталагічную інфармацыю. Даследаванне перапіскі дазваляе ўдасканаліць свае веды па шэрагу невядомых ці спрэчных пытанняў гісторыі, і не варта пераконваць гісторыкаў, філолагаў у неабходнасці новых навуковых выданняў крыніц.
Чытаць далей →

Bues, Almut. Das Herzogtum Kurland und der Norden der polnisch–litauischen Adelsrepublik (Генадзь Сагановіч)

BUES, ALMUT. Das Herzogtum Kurland und der Norden der polnisch–litauischen Adelsrepublik im 16. und 17 Jahrhundert. Möglichkeiten von Integration und Autonomie. Giessen, 2001. 370 S.

У кнізе нямецкай даследчыцы Альмут Бюс упершыню комплексна асвятляецца гісторыя Курляндскага герцагства (афіцыйна называлася Курляндска–Земгальскім) у яго цеснай сувязі з Рэччу Паспалітай. Сінтэтычнае даследаванне, заснаванае на надзвычай шырокім корпусе архіўных матэрыялаў (аўтар працавала ў архівасховішчах па ўсёй Еўропе — ад Масквы, Пецярбурга і Рыгі да Стакгольма, Парыжа і Рыма!) і багатай спецыяльнай літаратуры, напісана на ўзроўні захапляльнай эрудыцыі.
Чытаць далей →

Васіль Варонін. Полацкія путныя слугі ва ўрадавай палітыцы ВКЛ (ХV— сярэдзіна ХVI ст.)


Адным з наступстваў уваходжання ў склад Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) абласцей, часта вельмі непадобных паміж сабой, была крайняя разнастайнасць сацыяльных слаёў і груп, якія ўтваралі грамадства гэтай велізарнай дзяржавы. Аднак з цягам часу тут стаў набіраць усё большую моц, а ў XVI ст. у асноўных рысах завяршыўся працэс фармавання галоўных станаў феадальнага грамадства: сялянства, мяшчанства, шляхты і духавенства. Тым не менш на раннім яго этапе адрозненні ў сацыяльным, эканамічным і юрыдычным становішчы сялянства, мяшчанства і шляхты нярэдка былі невялікія і невыразныя. Існавалі пагранічныя сацыяльныя слаі, якія, прынамсі ў некаторых рэгіёнах, былі даволі шматлікія. Да такіх слаёў можна далучыць так званых ваенных слуг — вярхушку вельмі стракатай катэгорыі сялян-слуг. З аднаго боку, путныя, панцырныя і іншыя ваенныя слугі, як і шляхта, неслі вайсковую службу, а з другога — выконвалі тыпова сялянскія павіннасці і плацілі тыпова сялянскія падаткі. У многім іх становішча нагадвала становішча мяшчанства. Такім чынам, у кантэксце названай тэндэнцыі сацыяльнага развіцця існавалі некалькі варыянтаў далейшай эвалюцыі разгляданага сацыяльнага слоя. Ён мог папоўніць шэрагі аднаго з трох станаў ці быць падзелены паміж імі. У такой сітуацыі менавіта ўрадавая палітыка мусіла адыграць у далейшым гістарычным лёсе ваеннаслужы лага сялянства вызначальную ролю.
Чытаць далей →

Энцыклапедыя Сярэднявечча (Ірэна Ганецкая)


*Encyclopedia of the Middle Ages. Vol. 1—2. Andrй Vauchez, Barrie Dobson, Michael Lapidge (eds.). Vol. 1. I—XVIII, 1—809; Vol. 2. 810—1624. Cambridge, 2000.

У 2000 г. пабачыла свет выданне «Энцыклапедыі Сярэднявечча» ў 2 тамах пад рэдакцыяй Андрэ Вашэ разам з Бэры Добсанам і Майклам Лэпіджам. Спатрэбілася 10 гадоў на рэалізацыю гэтага грандыёзнага праекта, у якім бралі ўдзел 600 вучоных з больш чым 30 краінаў, 30 экспертаў, тры выдавецтвы. Першым было выданне на французскай мове (1997), потым «Энцыклапедыя» выйшла па–італьянску (1998–99) і, нарэшце, па–ангельску (2000). Усе тры выданні не з’яўляюцца абсалютна ідэнтычнымі, а адрозніваюцца паміж сабой найперш таму, што кожнае з іх арыентуецца на свайго чытача. Так, італьянскае выйшла ў трох тамах і шырэйшае параўнальна з французскім (якое ў прадмове рэцэнзаванага выдання ахарактарызавана як «франкацэнтрысцкае»), у ангельскім дададзена яшчэ 50 артыкулаў, якія тычацца пераважна Англіі, і значна пашырана бібліяграфія (рэдактары імкнуліся, каб кожны артыкул меў бібліяграфію, праўда, цалкам ажыццявіць задуму ўсё ж не ўдалося). Пераклад на ангельскую мову зрабіў Эдрыан Ўолфорд.
Чытаць далей →

Будапешцкія канферэнцыі пра мовы ў ВКЛ (Ігар Клiмаў)


* Studia Russica, 1999. Vol. 17. 445 с. Studia Russica, 2000. Vol. 18. 495 с.

У 1998 г. кафедра ўсходнеславянскай і балтыйскай філалогіі (да 1994 г. — кафедра рускай мовы) Будапешцкага універсітэта правяла канферэнцыю з тэматыкай «Мовы ў ВКЛ». Яе поспех натхніў кафедру на правядзенне ў 2000 г. другой канферэнцыі з той самай тэматыкай. Канферэнцыям папярэднічала выданне тэзісаў, а крыху пазней даклады ўдзельнікаў былі апублікаваныя ў перыёдыку кафедры Studia Russica, Vol. 17, 18. (Дарэчы, гэты перыёдык падае паштовыя і электронныя адрасы аўтараў для кантактаў.) Арганізатар гэтых мерапрыемстваў — д–р Андраш Золтан, вядомы, сярод іншага, і сваімі даследаваннямі старабеларускага перакладу «Аповесці пра Атылу».
Чытаць далей →

Marek Ferenc. Dwór Zygmunta Augusta (Анастасія Скеп’ян)

Marek Ferenc. Dwór Zygmunta Augusta. Organizacja i ludzie. Kraków, 1998. 311.

Даследчык гісторыі Беларусі ХVI ст. звычайна сутыкаецца з фактамі таго ўплыву, які аказвала на развіццё падзей цэнтральная ўлада і яе інстытуты. Вельмі часта для Вялікага Kняства Літоўскага асноўную ролю ў вызначэнні ўнутранай і знешняй палітыкі выконвала магнатэрыя, што займала найвышэйшыя дзяржаўныя пасады, але і асоба вялікага князя, і склад яго двара таксама накладвалі свой адбітак на гістарычныя працэсы ў дзяржаве.

Роля вялікакняжацкага (у нашым выпадку каралеўскага) двара ў дзяржаве і грамадстве шматбаковая і дастакова ўплывовая, бо менавіта ён фармаваў частку палітычнай і грамадскай эліты, дазваляў шляхцічу праз прыдворную кар’еру выйсці на новы грамадскі ўзровень, павысіць уплыў свайго роду. Асноўную ўвагу аўтар сканцэнтраваў на прадстаўніках Кароны пры двары Жыгімонта Аўгуста, аднак не абмінуў і тых прыдворных, якія паходзілі з Вялікага Kняства Літоўскага. У сувязі з гэтым праца Марэка Феранца мае несумненную цікавасць, бо ўтрымлівае вялікую колькасць звестак пра структуру, прынцыпы пабудовы двара, ерархію прыдворных пасадаў і іх функцыі, а таксама асабовы склад каралеўскага двара.
Чытаць далей →

Bernatowicz, Tadeusz. Miles Christianus et peregrinus (Валеры Пазнякоў)


Bernatowicz, Tadeusz. Miles Christianus et peregrinus. Fundacje Mikołaja Radziwiłła «Sierotki» w ordynacji Nieświeskiej. Warszawa, 1998. 234, IX.

Доктар Тадэвуш Бернатовіч, віцэ–дырэктар Інстытута гісторыі мастацтва Варшаўскага універсітэта, добра вядомы даследчыкам і аматарам беларускага мастацтва і гісторыі. Ужо больш за дзесяць гадоў ён вывучае мастацкія помнікі Нясвіжа. Тое адчуванне, што радзівілаўская сталіца мае шэдэўры еўрапейскай вартасці, у працах Т. Бернатовіча знайшло поўнае навуковае абгрунтаванне. Дзякуючы папярэднім артыкулам аўтара, а цяпер і яго манаграфіі даведзена, што Нясвіж сапраўды можна лічыць мастацкай сталіцай старой Беларусі.
Чытаць далей →