БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС
Галоўная » Запісы па тэме 'Вялікае Княства Літоўскае'

Артыкулы па тэме ‘Вялікае Княства Літоўскае’

Васіль Варонін. „Wielkiego Księstwa Litewskiego Kroniczka krotko pisana“


Сярод беларуска–літоўскіх летапісаў ёсць твор, які да гэтага часу спецыяльна не разглядаўся. Ён, аднак, падаецца досыць цікавым і важным адразу па некалькіх прычынах. Ён узбагачае нашы ўяўленні пра шляхі развіцця айчыннага летапісання, а таксама дапамагае высветліць, якім чынам узнік і фармаваўся адзін з самых застарэлых міфаў у гісторыі Беларусі.

Гэты помнік не заўсёды разглядаўся нават як асобны твор. Напрыклад, Б. Вахевіч, які пакінуў пра яго цікавыя назіранні[1], лічыў яго ўсяго толькі „рядом записей с хронологическими датами“[2]. Але, як падаецца, гэтая характарыстыка далёка не самая трапная і бясспрэчная. Помнік, безумоўна, трэба кваліфікаваць па–іншаму, і ў айчынным летапісанні яму належыць намнога больш прыкметнае месца.
Чытаць далей →

Расціслаў Баравы. Менск у ХVI стагоддзі: першы „генеральны“ план горада і яго магчымы аўтар


ХVI стагоддзе пачалося для Менска ў 1499 г., калі вялікі князь Аляксандр „…хотечы положенье места нашого Менского в мере лепъшой поставити, абы люди нашы там мјшкаючыи, через врад добрый а справедливый были размножены…“[1], выдаў гораду грамату на магдэбургскае права. У юрыдычным плане магдэбургскае права, калі казаць спрошчана, зводзілася да таго, каб мяшчане дадзенага горада („фізічныя асобы“) і горад у цэлым („юрыдычная асоба“) былі выдзелены з навакольных зямель і іх насельніцтва, гэта значыць — са сферы ўладарных паўнамоцтваў вялікакняжацкага намесніка. Звязаныя з гэтым эканамічныя прывілеі заключаліся ў вызваленні жыхароў горада ад шэрагу агульнадзяржаўных падаткаў і натуральных павіннасцяў. Часам некаторыя з іх замяняліся грашовымі выплатамі. Уводзіўся таксама шэраг пра­тэкцыя­ні­с­ц­кіх мераў для рамеснікаў, дробных гандляроў і купцоў горада.
Чытаць далей →

Jaroszewicz–Pieresławcew, Zoja. Druki cyrylickie z ofi­cyn Wielkiego Księstwa Litewskiego w XVI—XVIII wieku (Ігар Клімаў)


Jaroszewicz–PieresŁawcew, Zoja. Druki cyrylickie z ofi­cyn Wielkiego Księstwa Litewskiego w XVI—XVIII wieku. Olsztyn: Wydawnictwo Uniwersytetu Warmińskiego, 2003. 309 s.

У польскім кнігазнаўстве з даўніх часоў існуе сталая зацікаўленасць беларускім і ўкраінскім кірылічным кнігадрукам эпохі Сярэднявечча. У апошнія дзесяцігоддзі з’явілася некалькі буйных даследаванняў, у якіх з сучасных пазіцый даецца сістэматызаваны агляд кнігавыдання Беларусі і Ўкраіны, у тым ліку і кірылічнага[1]. Праўда, і ў ранейшых польскіх бі­бліяграфічных крыніцах заўжды разглядалася кніжная прадукцыя беларускіх і ўкраінскіх кірылічных друкарняў[2].
Чытаць далей →

Eriksonas, Linas. National heroes and national identities. Scotland, Norway and Lithuania (Андрэй Катлярчук)


Eriksonas, Linas. National heroes and national identities. Scotland, Norway and Lithuania. P. I. E. Peter Lang, Brussels, 2004. 320 s.

Манаграфія, якая выйшла ў сталіцы Еўрасаюзу, ёсць 26–м томам серыі „Пярэстая Еўропа“, аўтарамі якой з’яўляюцца гісторыкі розных краінаў. Яе аўтар Лінас Эрыксонас працуе ва універсітэце Глэморган (Вялікая Брытанія) і належыць да новай генерацыі літоўскіх гісторыкаў, што атрымалі адукацыю і абаранілі дысертацыі на Захадзе. Эрыксонас нарадзіўся ў Вільні, cкончыў Пражскі Карлаў універсітэт і дактарантуру Абердынскага універсітэта (Шатландыя). Валоданне сучаснай метадалогіяй і шэрагам замежных моваў вызначылі тэму першай кнігі маладога вучонага, якая паўстала з абароненай ім дысертацыі. Галоўная мэта працы — паказаць, як стваралася, а потым уплывала на пабудову этнічнай свядомасці шатландцаў, нарвежцаў і літоўцаў галерэя нацыянальных герояў.
Чытаць далей →

Расціслаў Баравы. Хрысціянізацыя тэрыторыі Полацкай і Тураўскай епархій X—XIV ст. (Гістарычна–геаграфічны аспект)


Хрышчэнне Русі — адна з ключавых падзей ранняй гісторыі Ўсходняй Еўропы, зафіксаваная ў вельмі вялікім і рэпрэзентатыўным корпусе крыніц. На жаль, усе крыніцы таго перыяду, што дайшлі да нас, утрымліваюць значныя прабелы інфармацыйнага поля. Гэта абумоўлена, як правіла, надта высокім узроўнем сацыяльна–культурных рэалій, якія знахо­дзяцца ў сферы інтарэсаў іх аўтараў.

У сваёй большасці крыніцы абмяжоўваюцца лаканічнымі паведамленнямі пра вышэйшую царкоўную ерархію і структуру царквы на ўзроўні епархій, а таксама адзінкавымі фактамі, звязанымі з гісторыяй асобных (найбольш буйных) храмаў і манастыроў, практычна поўнасцю пакідаючы па–за ўвагай абставіны, метады і нават храналогію хрышчэння Русі, — г. зн. канкрэтныя складнікі працэсу хрысціянізацыі „на месцах“.
Чытаць далей →

Андрэй Янушкевіч. Унія з Каронай ва ўнутранай палітыцы ВКЛ перад Люблінскім соймам 1569 г.


1569 год стаў пераломным у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Заключанай у Любліне уніі з Польшчай папярэд­нічалі важныя ўнутрыпалітычныя падзеі і працэсы, у якіх удзель­нічалі прынамсі тры ўплывовыя палітычныя суб’екты — гаспадар, магнатэрыя і шляхта. Важна высветліць, якімі ж былі пазіцыі гэтых бакоў у дачыненні да „уній­нага пытання“, ці сапраўды сярэдняя шляхта з’яўлялася асноўным і, галоўнае, свядомым правадніком злучэння Княства з Каронай[1].

Яшчэ з пачатку ХХ ст. у гістарыяграфіі запанавала схема, прапанаваная Мацвеем Любаўскім[2]. Паводле яго працаў, сацыяльна–палітычнае развіццё ў ВКЛ вызначалася паступовай палітычнай эмансіпацыяй сярэдняй шляхты, што выяўлялася ў яе імкненні пашырыць свае правы і вольнасці. Запавольвала гэты працэс магнатэрыя, у інтарэсах якой было не дапусціць шырокія масы шляхты да роўнага з ёй удзелу ў рэалізацыі ўладных паўнамоцтваў. Галоўнай тэндэнцыяй сацыяльна–палітычнага развіцця ВКЛ з’яўлялася барацьба гэтых дзвюх класавых праслоек за дамінацыю ў палітычным жыцці краіны. Дзякуючы прыняццю Статута 1566 г. і заключэнню Люблінскай уніі ў 1569 г. фармальна гэтую барацьбу выйграла шляхта, атрымаўшы прамы доступ да ўлады праз соймавыя і судовыя структуры. Чытаць далей →

Рустыс Камунтавічус. Падарожжы па Літве ў XVI—XVII ст.: досвед італьянцаў і французаў


Уводзіны

У гэтым артыкуле будуць аналізавацца італьянскія і французскія тэксты XVI—XVII ст., якія дазволілі б выявіць умовы падарожжаў па Літве* ў іх параўнанні з падарожжамі па Польшчы. Галоўныя крыніцы працы — успаміны італьянскіх і французскіх дыпламатаў, якія наведвалі Рэч Паспалітую Абодвух Народаў і Вялікае Княства Літоўскае, геаграфічна–палітычныя апісанні, справаздачы і ліставанне. Самаю шматлікаю групаю іншаземцаў, якая пакінула па сабе крыніцы гэткага тыпу, былі французы і італьянцы[1]. Цягам XVI—XVII ст. Рэч Паспалітую адведала, пакінуўшы пісьмовыя апісанні, каля 30 французаў. Італьянцаў за той жа перыяд было ўтрая болей; звыш за палову іхняга ліку (каля 50) складалі папскія нунцыі.
Чытаць далей →

Васіль Варонін. Друцкія князі XIV стагоддзя


Апошнім часам на Беларусі сталі актыўна святкавацца юбі­леі населеных пунктаў: гарадоў, пасёлкаў, вёсак. Адным са станоўчых бакоў гэтых мерапрыемстваў з’яўляецца прыцягненне ўвагі грамадскасці і даследчыкаў да іх гістарычнага мінулага, актывізацыя яго вывучэння. Яскравы таму прыклад — нядаўна адзначаны 1000–гадовы юбілей Друцка.  Ініцыятарам і энтузіястам яго правядзення ўдалося ў поўнай меры скарыстаць нагоду і дамагчыся інтэнсіфікацыі вывучэння гісторыі Друцка. Арганізаваны выхад у свет дзвюх выкананых на добрым навуковым і паліграфічным узроўні кніг[1]. Праведзена навукова–практычная канферэнцыя, матэрыялы якой таксама апублікаваныя[2]. І гэ­ты артыкул у пэўнай ступені можна разглядаць як вынік павышэння цікавасці да мінулага Друцка ў апошнія гады. Аўтар спадзяецца, што дыскусія па закранутай у ім і больш шырокай — генеалагічнай — праблематыцы будзе працягнута.
Чытаць далей →

Ігар Клімаў. Да біяграфіі Васіля Цяпінскага


З усіх дзеячоў беларускай даўніны постаць Васіля Цяпін­скага, напэўна, найменш вядомая. І гэта пры тым, што пера­кладчыцкая і выдавецкая справа Цяпінскага ставiць яго ў адзін шэраг з выдатнымі асветнікамі Беларусі. Але ён не толькі паслядоўнічаў справе сваіх славутых папярэднікаў (і значнай колькасці сваіх сучаснікаў), але шмат у чым пайшоў далей за іх.

Звесткі пра асобу Цяпінскага вельмі сціплыя і няпэўныя, нават час яго жыцця нельга вызначыць дакладней, чым 2–я палова XVI ст. У Літоўскай метрыцы адшуканы цэлы шэраг згадак пра Цяпінскага, але няма ўпэўненасці, што ўсе яны датычаць менавіта той асобы, якая пераклала і выдала Евангелле. Сябе Цяпінскі называе толькі аднойчы, у прадмове да Евангелля, якая захавалася ў адзіным рукапісе, што паходзіць са скрыпторыя Супрасльскага манастыра (Падляшша): Василеи Тяпинскіи. Апрача таго, вядомы адзін дрэварыт (дакладней, яго копія) з выявай Цяпінскага і подпісам Василь Тяпинскии[1]. Некалькі разоў Цяпін­скага як свайго аднадумца згадвае ў шэрагу твораў вядомы беларускі пратэстант Сымон Будны (называе яго: Basilem Ciapińskim, Wasila Ciapińskiego), з чаго вынікае, што Цяпінскі належаў да пратэстанцкага руху[2]. Пра гэта сведчыць і справа, якой займаўся Цяпінскі — пераклад ды выданне Св. Пісьма на народную мову. У сваёй прадмове да Евангелля Цяпінскі скрозь гаворыць пра „Навуку Слова Божага“, што таксама было тыпова для пратэстанцкага дыскурса.
Чытаць далей →

Генадзь Сагановіч. Грунвальд у беларускай гістарыяграфіі


Бітва 1410 г. пад Грунвальдам (у нямецкай традыцыі — Танэнберг, у літоўскай — Žalgiris, у беларускай магло б быць Дуброўна[1], як лакалізавана месца сечы ў летапісах) стала па­дзеяй, пра якую адразу даведаўся ўвесь тагачасны свет. Як вядома, самы чынны ўдзел у ёй бралі і продкі цяперашніх беларусаў. Але ў грамадска–палітычным жыцці Беларусі тэма вялікай бітвы займае непараўнальна меншае месца, чым у Літве ці Польшчы, у якой Грунвальд даўно стаў нацыянальным сімвалам. Невыпадкова польскія калегі да нядаўняга часу, параўноўваючы грунвальдскую традыцыю сваёй краіны з літоўскай, расійскай, украінскай і чэшскай, пра беларускую нават не згадвалі[2]. Беларускае грамадства сапраўды не ацэньвала і не перажывала грунвальдскай спадчыны, бо, можна сказаць, і не ведала яе. Сітуацыя пачала мяняцца толькі ў канцы 80–х — пачатку 90–х г., калі ўгодкі грунвальдскай перамогі сталі публічна святкавацца ў Мінску, ёй прысвячаліся навуковыя чытанні, расла колькасць папулярных публікацый пра бітву, „Грунвальдам“ называлі перыёдыкі, летнікі і г.д.[3] Сцвярджэнне сваёй грунвальдскай традыцыі актывізавалася з абвяшчэннем дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі, і калі б не радыкальная змена ўладаў ды палітычнага курсу краіны, вынікі гэтага працэсу, магчыма, былі б ужо відавочныя. Чытаць далей →

Ганна Харашкевіч. Беларуская археагрaфія на новым этапе


* Метрыка Вялікага Княства Літоўскага: Кніга 44: Кніга запісаў 44 (1559—1566)/ Падрыхт. А.І.Груша). Мінск, 2001. 229.

Пра „беларускую“ археаграфію пасля працы М. Улашчыка[1] можна гаварыць толькі з 20–х г. мінулага стагоддзя, калі справай выдання крыніц па гісторыі Беларусі сталі займацца гісторыкі гэтай краіны. Перадумовы для нацыянальнай археаграфіч­най школы былі створаны яшчэ да 1917 г. Першым археографам, які пакінуў заўважны след у вывучэнні матэрыялаў Літоўскай метрыкі, выступіў С. Шамбінага (разам з М. Беражковым ён займаўся апісаннем найбольш старажытных кніг запісаў Літоўскай метрыкі[2]). Менавіта гэтыя гісторыкі ўвялі ў зварот шмат якія азначэнні актаў і дакументаў, што сцвердзі­ліся ў сучаснай дыпламатыцы Вялікага Княства Літоўскага.
Чытаць далей →

450 Jahre Sigismund von Herbersteins Rerum Moscoviticarum Commentarii 1549—1999. Jubiläumsvorträge herausge-geben von Frank Kämpfer und Reinhard Frötschner (Уладзімір Канановіч)


450 Jahre Sigismund von Herbersteins Rerum Moscoviticarum Commentarii 1549—1999. Jubiläumsvorträge herausge-geben von Frank Kämpfer und Reinhard Frötschner. Wiesbaden: Harrassowitz Verlag, 2002. 408 (Schriften zur Geistesgeschichte des östlichen Europa, Bd.24).

Зборнік змяшчае пашыраныя і дапрацаваныя версіі дакладаў і паведамленняў, што прагучалі ў часе міжнароднай канферэнцыі з нагоды 450–й гадавіны выхаду ў друк „Запісак пра маскавіцкія справы“ (Rerum Moscoviticarum Commentarii) барона Жыгімонта Герберштайна. Канферэнцыя, што адбылася 12—16 кастрычніка 1999 г. у Мюнстары, была арганізаваная Аддзелам усходнееўрапейскай гісторыі Гістарычнага Семінара Вестфальскага універсітэта і ягоным кіраўніком прафесарам Франкам Кэмпфэрам. Пры фінансавай падтрымцы Нямецкага Даследчыцкага Таварыства ў канферэнцыі бралі ўдзел даследчыкі з усёй Еўропы. Нягледзячы на працяглую традыцыю Герберштайніяны, у многіх дакладах уздымаліся зусім новыя аспекты і праблемы.
Чытаць далей →

Хорошкевич, Анна Л. Россия в системе международных отношений середины XVI века (Андрэй Янушкевіч)


Хорошкевич, Анна Л. Россия в системе между­­народных отношений середины XVI века. Москва, 2003. 621.

Зусім нядаўна з друку выйшла так доўгачаканая ў навуковых колах новая кніга знанай маскоўскай даследчыцы Ганны Харашкевіч, першапачатковы варыянт якой быў гатовы яшчэ ў сярэдзіне 90–х г. Выходзіць, на шляху да выдання гэтую кнігу чакалі немалыя цяжкасці, што пацвердзіла і сама шаноўная аўтарка. На шчасце, цяпер мы можам азнаёміцца з грунтоўным па аб’ёме даследаваннем, прысвечаным тэматыцы міжнародных адносін у Ўсходняй Еўропе сярэдзіны XVI ст. Трэба прызнаць, што манаграфічныя працы па знешнепалітычнай гісторыі краін гэтага рэгіёну (а значыць — і Вялікага Княства Літоўскага) выходзяць вельмі рэдка. З расійскіх публікацый як найбліжэйшую па часе з’яўлення можна ўзгадаць цікавую, хоць і неадназначную працу І. Б. Грэкава[1], з польскіх — грунтоўныя, але ўжо не задавальняючыя цяпер апрацаванні Я. Натансона–Лескага[2]. Акра­мя іх, нельга, безумоўна, абысці ўвагай фундаментальныя даследаванні навукова–біяграфічнага жанру Ю. Ясноўскага і найноўшае — Г. Гралі, у якім пытанні знешняй палітыкі знаходзяцца на першым месцы[3]. Таму манаграфія Г. Харашкевіч наспела да выдання ўжо хоць бы з ненасычанасці гістарыяграфічнай прасторы інфармацыяй на тэму міжнародных адносін і знешняй палі­тыкі паасобных дзяржаў рэгіёну ў перыяд ранняга Новага часу. Чытаць далей →