Мемуарная літаратура сама па сабе не з’яўляецца аб’ектыўнаю крыніцай гістарычных доследаў і не можа даць поўнае праўды пра з’яву або краіну, бо ў ёй пераважаюць суб’ектыўныя ацэнкі. Тым не менш, паколькі гэтыя ацэнкі тычацца тэрыторыяў, з якіх паходзяць самі аўтары, і тамтэйшых людзей, — яны бясспрэчна служаць сведчаннем эпохі і адлюстроўваюць рэальныя малюнкі жыцця.
Бальшыня ўспамінаў і твораў мемуарнага характару, пра якія будзе гаворка, узніклі на эміграцыі. У гэтым няма нічога дзіўнага, бо становішча аўтараў у Польшчы і на эміграцыі рознілася прынцыпова. У ПНР тэрыторыі, якія знаходзіліся ў межах Савецкага Саюзу, былі тэмаю забароненай, а паняцце «крэсы» знікла з афіцыйнае мовы. Штопраўды, пасля 1956 г. гэтая тэматыка пачала паступова вяртацца, з’яўляючыся галоўным чынам у літаратурных і публіцыстычных творах, але пазбаўленыя цэнзурнага ўціску варункі для ўздыму звязаных з крэсамі пытанняў узніклі толькі пасля 1989 г. Эмігранцкія аўтары былі ў зусім інакшым становішчы. Не кажучы пра адсутнасць якое—колечы цэнзуры, самыя ўмовы эміграцыі схілялі да падтрымання гістарычнае непарыўнасці, адлюстравання фактаў і праўдзівых падзеяў. Пасля другой сусветнай вайны там узнікла багата ўспамінаў. Сярод іх можна вылучыць корпус твораў, якія звязаныя з тэрыторыямі колішняга Вялікага Княства Літоўскага і ў якіх закранаюцца тамтэйшыя нацыянальныя і палітычныя праблемы (Вацлаў Лядніцкі, Францішак Марыян Віславух, Фларыян Чарнышэвіч, Юзэф Мацкевіч, Чэслаў Мілаш і інш.) Мемуарысты паходзілі пераважна са шляхты, таму не выпадкова тэматыка іхных успамінаў найчасцей зямянская, і ў іх прысутнічаюць развітыя матывы маёнткаў і свецкага жыцця. З жыццём маёнтка непарыўна звязаны народны матыў, які выступае ў выглядзе апісання адносінаў паміж зямянствам і мясцовым сялянствам. У літаратуры, пра якую ідзе гаворка, беларусы — жыхары гэтых земляў — з’яўляюцца толькі як эпізадычныя постаці, складаючы экзатычны фон, на якім адбываюцца падзеі.
Чытаць далей →