БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС
Галоўная » Запісы па тэме 'XX стагоддзе'

Артыкулы па тэме ‘XX стагоддзе’

Наталля Юсава. „У святле Сталінскага вучэння пра мову і нацыю“


Ва ўмовах адзяржаўлення гуманітарнай навукі пры таталітарным ладзе любыя яе тэорыі і канцэпцыі абавязкова былі знітаваны з пануючай ідэалогіяй, а часам нават уплывалі на развіццё і ўкараненне істотных канцэптаў апошняй. Пры фармаванні некаторых навуковых канструкцый вырашальнае слова для гуманітарыстыкі мелі пастулаты Іосіфа Сталіна, што было звязана са значэннем і месцам правадыра ў таталітарнай сістэме савецкага ўзору. Культ яго асобы складаўся ў СССР на працягу доўгага часу і падымаўся на новы ўзровень з кожнай новай „перамогай» савецкіх людзей на розных „франтах». Разнастайныя здзяйсненні і дасягненні народаў савецкай імперыі з кожным разам усё больш і больш выдаваліся за вынік „мудрага» кіраўніцтва „стырнавога савецкага народа». Культ Сталіна дасягнуў апагея, як вядома, у пасляваенны перыяд, паколькі ўсе вырашальныя перамогі над вермахтам былі прыпісаны генералісімусу і ў свядомасці савецкіх людзей вікторыя ў гэтай страшнай вайне звязвалася перш за ўсё з асобай правадыра. Адзін з вядучых чыноўнікаў аддзела агітацыі і прапаганды ЦК ВКП(б) Д. Шапілаў абвяшчаў у вялікім прапагандысцкім артыкуле, які быў апублікаваны ў газеце „Правда» (11 жніўня 1947 г.) і адпавядаў інструкцыям, складзеным у агітпропе, што «„імя вялікага Сталіна» — гэта сімвал „волатаўскай магутнасці народа, яго перамог, яго славы, яго новых творчых планаў»»[1].
Чытаць далей →

Станіслаў Рудовіч. Кім быў Вацлаў Іваноўскі


Туронак Юры. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. Мінск: Медысонт, 2006. — 180 с., [16] с. іл.

Працы па гісторыі Беларусі польскага даследчыка беларускага паходжання Юрыя Туронка набылі вядомасць на радзіме яго бацькоў у канцы 1980-х — пачатку 90-х г. Апрача шэрагу артыкулаў, у 1993 г. у Мінску ў перакладзе на беларускую мову была выдадзена доктарская манаграфія Ю. Туронка „Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Вядома, не ўсе пагаджаліся з падыходамі і высновамі даследчыка. Але бясспрэчна, што на фоне тагачаснай айчыннай гістарыяграфіі, якая толькі пачынала выкарасквацца з-пад савецкага ідэалагічнага кантролю, публікацыі д-ра Туронка выгодна вылучаліся і смелым выбарам тэматыкі, і выкарыстаннем масы недаступных для савецкіх гісторыкаў крыніц, i дасканалай методыкай іх аналізу, якая дазваляла аўтару нават пры абмежаванасці дакументальнай базы атрымліваць максімум цікавай інфармацыі. Кідалася ў вочы і яшчэ адна ўласцівасць творчай манеры гісторыка: не ўтойваючы сваіх сімпатый да беларускай ідэі і яе рупліўцаў, даследчык тым не менш не парушаў прынцыпу навуковай аб’ектыўнасці, непрадузята і часам даволі крытычна ацэньваў многія знакавыя падзеі і постаці беларускай гісторыі, разбураючы тым самым шэраг устаялых стэрэатыпаў не толькі падсавецкай, але і альтэрнатыўнай ёй эмігранцкай гістарыяграфіі.
Чытаць далей →

Булгаков, Валер. История белорусского национализма (Ян Левандоўскі)

БУЛГАКОВ, ВАЛЕР. История белорусского национализма. Вильнюс: Институт белоруссистики, 2006. — 331 с.

Элементарныя пытанні, якія ставіць перад сабою рэцэнзент якога-небудзь тэксту, датычаць, між іншага, яго характару (навуковы, публіцыстычны, літаратурны i г.д.), адпаведнасці тытулу і зместу, храналагічнага і тэрытарыяльнага абсягу, i ўрэшце (a на справе перадусім) самой яго сутнасці. Апрача гэтага чытач хацеў бы ведаць, якую навуковую дысцыпліну (ці дысцыпліны) прэзентуе праца, гэта значыць якімі крытэрыямі карыстаецца аўтар як у апісанні рэчаіснасці (падборы фактаў і з’яў), так і ў ацэнцы ды кваліфікаванні прадстаўляных падзей і працэсаў.

Валер Булгакаў ставіць чытача перад вельмі цяжкай задачай. Пачнем ад тытула. З яго вынікае, што гэта сістэматычнае, навуковае прадстаўленне гісторыі беларускага нацыянальнага руху, але ў рамках якіх часоў? Звычайна, яшчэ пачынаючы даследаванне, a найпазней перад публікацыяй гісторык вызначае храналагічныя межы тэксту. У гэтым жа выпадку чытач пакінуты з уласнымі здагадкамі ці дапытлівасцю, хоць адказ на гэтае пытанне нават пасля стараннага прачытання кнігі зусім не лёгкі.
Чытаць далей →

Михайлюк, Олександр В. Селянство України в перші десятиліття XX ст. (Марыя Бяспалая)

МИХАЙЛЮК, ОЛЕКСАНДР В. Селянство України в перші десятиліття XX ст.: соціокультурні процеси. Дніпропетровськ: Інновація, 2007. — 456 с

Удалай назвай для рэцэнзіі на манаграфію Аляксандра Міхайлюка магло б стаць лацінскае выслоўе, прыведзенае самім аўтарам: іn historia non datur saltus (гісторыя не ведае скачкоў). Менавіта гэтаму лейтматыву падпарадкаваны ўсе структурныя элементы кнігі. На яго доказ працуе велізарная колькасць літаратуры самых разнастайных кірункаў (агульная лічба — 1288 пазіцый), у тым ліку справы чатырох архіваў Украіны. Абагульніць галоўную думку аўтара можна ў наступным выглядзе: рэальнае жыццё ўяўляе сабою непарыўнае адзінства. Нельга вырываць рэвалюцыйныя падзеі з кантэксту папярэдняга развіцця, бо іх удзельнікі фармаваліся ў межах пэўнай культуры з яе традыцыямі (38). На наш погляд, да сказанага варта было б дадаць, што гэтак жа немагчыма перапыніць сілавымі (так бы мовіць, рэвалюцыйнымі) сродкамі эканамічныя працэсы, якія гэтаксама зарадзіліся і развіваліся па сваіх законах, у адпаведнасці з пэўнай культурай і яе традыцыямі.
Чытаць далей →

Наталля Гардзіенка. Беларускія перамешчаныя асобы (DP) у Вялікай Брытаніі


Беларуская дыяспара ў Вялікай Брытаніі мае істотнае адрозненне ад іншых падобных, паўсталых у свеце пасля Другой сусветнай вайны. Звычайна беларускія пасляваен-ныя дыяспары ўтвараліся найперш былымі перамешчанымі асобамі (Displaced Persons — DP), якія эмігравалі з пасля-ваеннай Нямеччыны i Аўстрыі. У Вялікай Брытаніі ж у стварэнні нацыянальнай грамады бралі ўдзел тры розныя катэгорыі беларусаў, кожная з якіх трапіла ў краіну ўласным шляхам. Найбольш колькасная — былыя жаўнеры польскага войска, што былі пераведзеныя сюды ў 1946 г. Яны паступілі на службу ў створаны пад беспасярэдняй брытанскай камандай Польскі корпус падрыхтоўкі i размяшчэння (Polski Korpus Przysposobienia i Rozmieszczenia — Polish Resettlement Corps), што быў переходным этапам перад дэмабілізацыяй. Большасць былых польскіх жаўнераў ішлі на британскую службу з яе гарантаванымі перавагамі паступовага далучэння да мірнага жыцця, бо ў выпадку нежадання яны мусілі або вяртацца на радзіму, або самастоина шукаць ўладкавання ў перапоўненай уцекачамі пасляваеннай Еўропе. У выніку — жыццё ў Вялікай Брытаніі (для кагосьці на два гады, а для каго i болей) стала вымушаным выбарам каля 10 тысяч беларусаў, што знаходзіліся ў шэрагах польскага войска[1]. Менавіта яны i былі стваральнікамі першых нацыянальных арганізацый на Брытанскіх выспах, што заклалі аснову мясцовай беларускай дыяспары.
Чытаць далей →

Дубовік, Юры. Дзеля Рэчы Паспалітай Беларусі (Алег Гардзіенка)


ДУБОВІК, ЮРЫ. Дзеля Рэчы Паспалітай Беларусь Вільня: Наша Будучыня, 2006. — 97 с.

Героі кнігі „Дзеля Рэчы Паспалітай Беларусі» жывуць у мястэчку Краснае (сёння — Маладзечанскі раён Мінскай вобласці), у якім у 1920 -1930-я г. жылі беларусы, палякі, яўрэі. Гэты свет заходнебеларускага мястэчка быў знішчаны падзеямі i наступствамі Другой сусветнай вайны. Першыя саветы прынеслі рэпрэсіі супраць польскага насельніцтва i чыноўніцтва. Нацысты вынішчылі яўрэйскую грамаду. Прыход другіх саветаў пацягнуў за сабой знішчэнне недабітай эсэсаўцамі, савецкімі, польскімі партызанамі беларускай інтэлігенцыі. У тым самым Красным — цяпер гэта цэнтр сельсавета — ад былога укладу амаль нічога не засталося.

Юры Дубовік нарадзіўся ў 1924 г. у вёсцы Канчаны; сёння вёску часам уключаюць у склад Краснага, хоць на тапаграфічных картах яны яшчэ вылучаюцца ў асобныя паселішчы. Бацька Пётр Дубовік паходзіў са Сгаробіншчыны. Жаўнер легендарнага войска генерала Булак-Балаховіча ў 1921 г. апынуўся на Маладзечаншчыне, дзе былых балахоўцаў уключылі ў склад рэгулярнай польскай арміі. „… У нас дома, калі мы пераехалі ў Краснае, часта збіраліся вайскоўцы з 3-га батальёна 86-га палку, які тады ўжо кватараваўся ў Красным. У асноўным гэта былі падафіцэры. Час­та бываў адзін афіцэр, паручнік ці капітан, па прозвішчы Іваноўскі ці Іваніцкі, a мо i іначай, але падобна. Звычайна сустрэчы закончваліся бяседай. <…> Яны размаўлялі на бе­ларускай мове i часта ўспаміналі горад Петрыкаў» (9).
Чытаць далей →

Луцкевіч, Антон. Выбраныя творы (Сяргей Дубавец)

ЛУЦКЕВІЧ, АНТОН. Выбраныя творы: праблемы культуры, літаратуры i мастацтва / Антон Луцкевіч; уклад., прадм., камэнт., індэкс імёнаў, пер. з польск. i ням. А. Сідарэвіча. Мінск: Кнігазбор, 2006. — 460 с.

Анатоль Сідарэвіч выдаў другую з трох запланаваных ім кніг Антона Луцкевіча — „Выбраныя творы: прабле­мы культуры, літаратуры i мастацтва». Перад тым выйшаў зборнік „Да гісторыі беларускага руху: Выбраныя творы»[1]. Чакае выдання трэцяя кніга — „Пад чырвоным штандарам» („Барацьба за вызваленьне»). Такім чынам спадчына А. Луцкевіча будзе набліжана да сучаснасці. Пра паўнавартасную актуалізацыю гэтых твораў i асобы ix аўтара казаць пакуль яшчэ рана. На тое ёсць прычыны найперш аб’ектыўныя — неспрыяльная для гуманістыкі сітуацыя ў краіне, a таксама суб’ектыўныя — якім чынам трактуюцца сёння постаць i даробак А. Луцкевіча.

Калі ўявіць сабе нейкую ідэальную кнігу, на вокладцы якой будзе стаяць імя аўтара — Антон Луцкевіч, дык у назве такой кнігі павінна быць слова „ключ» — ключ да беларускай ідэі, да дактрыны беларускае дзяржаўнасці і культу­ры, да Беларусі. Беларусь, выведзеная ў тэкстах А. Луцкевіча на ўзровень дзяржавы i нацыі, ніякай іншай дзяржаўнай i кулыурнай дактрыны не мела i не магла мець, а таму будавалася ў розных сваіх іпастасях (БНР, БССР, РБ) альбо паводле А. Луцкевіча, альбо насуперак яму.
Чытаць далей →

Вялікі, Анатоль Ф. На раздарожжы. Беларуси і палякі ў час перасялення (Юры Вашкевіч)


ВЯЛІКІ, АНАТОЛЬ Ф. На раздарожжы. Беларусы i палякі ў час перасялення (1944-1946 г.). Мінск, 2005.-319 с.

Да выхаду манаграфіі Анатоля Вялікага беларуская гістарыяграфія не мела не толькі кніг, але нават сур’ёзных артыкулаў, цалкам прысвечаных „рэпатрыяцыі» польскага i беларускага насельніцтва перыяду Другой сусветнай вайны. Гэтая табуяваная савецкай уладай тэма чамусьці вельмі рэдка ўздымалася на форумах гісторыкаў ужо незалежнай Беларусі, хоць гутарка ідзе пра кардынальныя для абедзвюх краін змены i звязаныя з гэтым лесы сотняў тысяч людзей. (Дарэчы было б таксама паставіць пытанне, ці гэтыя страты папуляцыі ўлічваліся пры падліках ахвяраў вайны, a калі так, дык якім чынам?) Зразумела, існавалі аб’ектыўныя прычыны, што перашкаджалі даследаванню гэтай праблемы. Апроч згаданай палітычнай — забароны, была яшчэ адна — адсутнасць дакументальных дадзеных, недаступнасць архіўных матэрыялаў Менавіта гэты прагал паспрабаваў запоўніць A. Вялікі сваей працай. Яна складаецца з чатырох раздзелаў, тры з якіх прысвечаны перасяленню палякаў з Беларусі i толькі ў адным, апошнім, разглядаецца працэс перамяшчэння беларускага жыхарства Польшчы. Такія прапорцыі цалкам абгрунтаваныя, улічваючы маштабы першай i другой з’явы. Сумнеў могуць выклікаць толькі словы „3 прасавецкай Польшчы…» ў назве апошняга раздзела. Як сведчыць найноўшая гісторыя, Польшча ніколі не была прасавецкай, а тым больш не была яна такой у 1944-1946 г. Люблінскі марыянеткавы ўрад (Польскі камітэт нацыянальнага вызвалення — ПКНВ) прасавецкім быў, але Польшча — не. Таму больш адпаведным было б словазлучэнне „3 падсавецкай Польшчы…».
Чытаць далей →

Бон , Томас М. “Мінскі феномен”. Гарадское планаванне і ўрбанізацыя ў Савецкім Саюзе пасля 1945 г.; пер. з ням. мовы М. Рытановіч; навук. рэд. Г. Сагановіч. – Мінск: Выдавец Зміцер Колас, 2016. 436 с., 28 іл.

Томас Бон – нямецкі гісторык, які займаецца вывучэннем урбанізацыйных працэсаў у Беларусі. Ён працуе ў г. Гісэне на аддзяленні ўсходнееўрапейскай гісторыі. Таксама ён з’яўляецца сябрам Таварыства па вывучэнні гарадской гісторыі і ўрбанізацыйных працэсаў. Гэтая праца вучонага – самае значнае даследаванне пра развіццё Мінска найноўшага часу. Беларускае выданне стала трэцім, пасля нямецкага і расійскага. У кнізе Томас Бон аналізуе феномен сталіцы Беларусі як “узорнага сацыялістычнага горада”, што, як лічыць аўтар, быў цалкам створаны пасля Другой сусветнай вайны. У гэтым даследаванні вучоны разглядае развіццё горада Мінска пасля Другой сусветнай вайны на аснове наступных зрэзаў: планіроўка і архітэктура, урбанізацыя і міграцыя, жыццё і будні насельніцтва. Вывучэнне сацыялістычнага горада як “жыццёвай прасторы” разам з яго асяроддзем, субкультуры, горадабудаўнічай палітыкі ўладаў і рэальна атрыманых вынікаў урбаністычных эксперыментаў у БССР стала асноўнай тэмай даследавання. Сваёй кнігай Т. Бон распрацаваў мадэль для вывучэння супольнасцяў савецкага ўзору, працэсаў мадэрнізацыі ва Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропе пасля Другой сусветнай вайны. Чытаць далей →

Дыяна Зіберт. Установа аддзелаў ЗАГС у ССРБ: грамадзянізацыя і індывідуалізацыя праз устанаўленне парадку

Сёння па-ранейшаму пішуць пра тое, што савецкая дзяржава сталінскіх часоў выжыла ў 30-я гады мінулага стагоддзя дзякуючы паўсюднаму тэрору. Але камуністычная ўлада ўмацавалася не тэрорам, а тагачаснай тэхналогіяй улад, яна штодзённа рабіла са сваіх падданых савецкіх людзей. Якую ролю тут выконвала ўстанова аддзелаў ЗАГС? Ці было ўтварэнне гэтага інстытута адным з мерапрыемстваў, якім на землях былой Расійскай імперыі стварылі масавае грамадства?

Пасля адмены прыгоннага права па законе ніхто не валодаў сялянамі асабіста. Але гэта, як вядома, ні суб’ектыўна, ні аб’ектыўна не азначала, што сяляне хоць бы юрыдычна адразу сталі “сапраўднымі” грамадзянамі. Чытаць далей →

Нарыс гісторыі Польскай Дзяржавы і Народа. Х—ХХI ст. / Рэдакцыя і ўклад. тэксту Мар’ян Семаковіч (Любоў Козік)


Нарыс гісторыі Польскай Дзяржавы і Народа. Х—ХХI ст. / Рэдакцыя і ўкладанне тэксту: МАР’ЯН СЕМАКОВІЧ. Пераклад тэксту з польскай: ГАННА ЦІШУК. Варшава: Demart, 2005. 312 c.

Прапанаваная шырокаму колу чытачоў кніга „Нарыс Польскай Дзяржавы і Народа. Х—ХХI ст.“, несумненна, доўгачаканая, яна будзе запатрабаваная ў Беларусі, тым больш што гэта першая гісторыя Польшчы па–беларуску. Шмат агульнага звязвае беларускі народ з польскім, з яго гісторыяй, традыцыямі і культурай, многія дзеячы лічылі сябе сынамі і дочкамі двух, а то і трох — польскага, беларускага і літоўскага — народаў. Але, на жаль, у беларускай гістарыяграфіі дагэтуль так і не была зроблена спроба напісаць абагульняльную працу па гісторыі суседняга народа, а гэта магло б стаць добрым крокам у развіцці не толькі нацыянальнай, але і польскай гістарычнай навукі.

У аснову нарысаў пакладзены храналагічны прынцып, у рамках якога можна вылучыць праблемны падыход. Так, разглядаючы падзеі Х — канца ХVIII ст., аўтар засяроджвае ўвагу на фармаванні дзяржаўных межаў і знешнепалітычнай дзейнасці кіраўнікоў польскай дзяржавы. Пытанні, якія датычацца дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай, вынесены ў асобны раздзел. Гэта, на наш погляд, выклікае пэўныя нязручнасці пры чытанні тэксту не знаёмым ці мала знаёмым з гісторыяй Польшчы чытачом. Так, напрыклад, на с. 42 апісана знешнепалітычная дзейнасць Аляксандра Ягелончыка, у той час як асноўныя ўнутрыпалітычныя змены пад час яго кіравання (Мельніцкі прывілей, пастановы Пётркаўскага і Радамскага соймаў, канстытуцыя Nihil Novi, Статут Ласкага) прыводзяцца толькі на с. 106. Выдатна выкананыя карты дазваляюць зарыентавацца ў самых розных пытаннях палітычнай, сацыяльнай, эканамічнай гісторыі і культуры.
Чытаць далей →

Робинсон, Михаил А. Судьбы академической элиты: отечественное славяноведение (1917— начало 1930-х г.) (Сяргей Запрудскі)


РОБИНСОН, МИХАИЛ А. Судьбы академической элиты: отечественное славяноведение (1917 — начало 1930–х годов). Москва: Индрик, 2004. 432 с.

Кніга М.Рабінсона з’яўляецца даволі нетыповай з таго пункту гледжання, што яна заснавана пераважна на дадзеных карэспандэнцыі паміж навукоўцамі, якая захавалася ў розных архівах.

Манаграфія складаецца з прадмовы, 8 раздзелаў, заключэння і двух дадаткаў.

Першы раздзел („Палітыка, навука, ідэалогія“) уяўляе сабой своесаблівы ўвод да праблематыкі ўсёй кнігі. У ім гаворка ідзе пра настроі расійскіх навукоўцаў у міжчасе паміж лютаўскай і кастрычніцкай рэвалюцыямі, пра іх стаўленне да гвалтоўных дзеянняў савецкай улады ў 1917—1918 г., пра арышты, пра зрухі ў інстытуцыянальным развіцці савецкай славістыкі, ідэалагічна–палітычную цэнзуру ў дачыненні да навуковых прац. Структура гэтага раздзела (а таксама другога) акрамя храналагічнага падыходу ўкладзена ў значнай ступені пры дапамозе своеасасаблівага „кантэнт–аналізу“ корпусу даследаванай аўтарам карэспандэнцыі: з лістоў былі вылучаны тыя фрагменты, якія датычыліся тэмаў „гвалт“, „арышты“, „цэнзура“ і г.д., яны і сталі асновай для напісання канкрэтных падраздзелаў. Чытаць далей →

Frank Grelka. Die ukrainische Nationalbewegung unter deutscher Besatzungsherrschaft 1918 und 1941/42 (Лявон Баршчэўскі)

GRELKA, FRANK. Die ukrainische Nationalbewegung unter deutscher Besatzungsherrschaft 1918 und 1941/42. Harassowitz Verlag, Wiesbaden, 2005. 507 S.

Праца Франка Грэлькі выконвалася ў Даследчым цэнтры Сярэдняй і Ўсходняй Еўропы пры Дортмундскім універсітэце. Яна ўключае ў сябе, акрамя неабходных уводзінаў, наступныя раздзелы: „Украінскі нацыянальны рух да прыходу немцаў“, „Украінскі нацыяналізм і нацыянал–сацыялізм“, „Украінскае пытанне напярэдадні Другой сусветнай вайны“, „Акупацыя і незалежніцкія памкненні ў 1918 г.“, „Акупацыя і незалежніцкія памкненні ў 1941 г.“, „Нацыянальны рух і забеспячэнне «жыццёвае прасторы» ў 1918 г.“, „Нацыянальны рух і забеспячэнне «жыццёвае прасторы» ў 1941 г.“, а таксама „Падагульненне“. Спіс выкарыстаных крыніц уключае пад тысячу назваў.

У падмурку канцэпцыі Франка Грэлькі ляжыць, як ужо можна здагадацца з пераліку назваў раздзелаў кнігі, метад параўнання і супастаўлення. У цэлым ён зазначае пераемнасць дзеянняў нямецкіх уладаў у 1918 і 1941 г., прынамсі, што датычыць эканамічных мэтаў акупацыі і палітычных мэтаў абмежаванага спрыяння частцы нацыянальнага руху на Ўкраіне.
Чытаць далей →