БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС
Галоўная » Запісы па тэме 'XX стагоддзе'

Артыкулы па тэме ‘XX стагоддзе’

Андрэй Партноў. Леў Акіншэвіч — гісторык украінскі і беларускі


Леў Акіншэвіч (1898-1980) — адзін з найзначнейшых даследчыкаў украінскага права, аўтар нізкі публікацый па беларусiстыцы. Але ва ўкраінскай гістарыяграфіі пра яго напісана замала[1], а ў беларускай, здаецца, увогуле нічога. Хоць постаць Акіншэвіча вельмі цікавая як з пункту гледжання на навуковую біяграфію гісторыка, так і з пункту гледжання даследавання феномена падвойнай ідэнтыфікацыі ў кантэксце інтэлектуальнай гісторыі ХХ ст. Асновай для напісання гэтага тэксту сталі апублікаваныя ў Львове ўспаміны Льва Акіншэвіча, якія адкрываюць для чытача ўнутраны свет неардынарнай асобы даследчыка[2].
Чытаць далей →

Мірановіч, Яўген. Навейшая гiсторыя Беларусi (Захар Шыбека)

МIРАНОВIЧ, ЯЎГЕН. Навейшая гiсторыя Беларусi. Беласток, 1999. 270.

Кнiга прысвечана гiсторыi Беларусi ад раздзелаў Рэчы Паспалiтай да сённяшнiх дзён. Напiсана яна гiсторыкам–беларусам, якi нарадзіўся і жыве ў Польшчы. Аўтар меў магчымасць выдаць сваю працу коштам польскай дзяржавы, хоць яе колішнюю палiтыку ў дачыненнi да беларусаў паказвае не заўсёды дабрадзейнай (с.42, 79, 158). Другая асаблiвасць кнiгi ў тым, што аўтар падрабязна разглядае становiшча заходнебеларускiх земляў у Польшчы, заходнебеларускую спецыфiку. Гэтую працу можна назваць своеасаблiвым расследаваннем падзелу беларускiх земляў у 1921 г., утрымання Заходняй Беларусi ў складзе мiжваеннай Польшчы i яе iнкарпарацыi ў Савецкі Саюз. Пры гэтым у якасцi «следчага» ўпершыню выступае не савецкi гiсторык, не прадстаўнiк польскай дзяржаўнiцкай iдэалогii, а беларускi даследчык еўрапейскага кругагляду. Аўтар, паміж іншага, лiчыць, што тэзiс аб неiснаваннi беларусаў у 1920—30–х г. быў загубным для польскай дзяржавы (103), а найважнейшым вынiкам iнкарпарацыi Заходняй Беларусi ў СССР стаў канчатковы разрыў з традыцыяй Вялiкага Княства Лiтоўскага (184).
Чытаць далей →

Беларуская думка XX стагоддзя. Варшава, 1998 (Арсень Ліс)

Беларуская думка XX стагоддзя. Філасофія, рэлігія, культура. Анталогія. Укладанне, прадмова і апрацаванне Ю. ГарбінскАГА. Варшава, 1998. 741.

Выданне, пра якое пойдзе гаворка, даўно мела грамадскае запатрабаванне. Яго актуальнасць у кантэксце духоўнага жыцця сучаснай Беларусі відавочная.

Рупліва, з пачуццём навуковай і грамадзянскай адказнасці падабраныя ўкладальнікам і каментатарам Анталогіі Юрыем Гарбінскім тэксты разгортваюць шырокую, без мала на стагоддзе, панараму развіцця беларускай грамадскай, філасофскай і культуралагічнай думкі.

Пакладзены ў аснову структуры кнігі храналагічны прынцып кампаноўкі матэрыялу дазваляе выразна бачыць этапы развіцця грамадскай думкі і дэтэрмінацыю іх пэўнымі вехамі гістарычнага шляху беларусаў у XX ст. А шлях гэты быў адметны як сваімі здабыткамі, так і стратамі. Адна з найважнейшых асаблівасцяў экзістэнцыі беларускага этнасу ў XX ст. палягала на тым, што яму амаль увесь час даводзілася жыць пад уладай таталітарных і аўтарытарных рэжымаў, для якіх, па сутнасці, не існавала каштоўнасці жыцця асобнага чалавека, разумення агульналюдскай вартасці кожнай этнічнай супольнасці паасобку. Акрамя таго, беларусам цягам доўгага часу даводзілася вытрымліваць уціск дэнацыяналізацыі, якая з 30–х г. набыла татальны характар. Да таго штучна, адміністрацыйным парадкам, за апошняе стагоддзе скарачаўся этнічны абшар пражывання беларусаў, асабліва ў памежных рэгіёнах.
Чытаць далей →

Davies, Norman. Orzeł biały, czerwona gwiazda (Алесь Смалянчук)


Davies, Norman. Orzeł biały, czerwona gwiazda. Wojna polsko-bolszewicka 1919—1920. Kraków, 1998. 308.

Гістарычная навука не можа быць цалкам свабоднай ад ідэалагічных уплываў. Але заўсёды існуе мяжа, якая аддзяляе навуковую працу ад фальсіфікацыі мінулага ва ўгоду пэўных ідэалагічных мэтаў. На жаль, для бальшыні беларускіх савецкіх гісторыкаў, што займаліся праблематыкай ХХ ст., гэтай мяжы не існавала. Тая гісторыя, якая навязвалася грамадству Беларусі, на самай справе ніколі не перажывалася беларускім народам. Яе асноўныя пастулаты фармуляваліся ў кабінетах партыйных кіраўнікоў. Яскравы прыклад такой «навукі» — афіцыйная канцэпцыя т.зв. «савецка-польскай вайны 1920—1921 г.» і яе наступстваў. (Гл., напр.: Гісторыя Беларускай ССР. Пад рэд. І.Ігнаценкі, Л.Абэцэдарскага і інш. Т.3. Мінск, 1993. Адпаведныя раздзелы напісаныя П.Селіванавым і Н.Каменскай.) Падмуркам гэтай канцэпцыі было поўнае атаясамліван не беларускіх нацыянальных інтарэсаў з інтарэсамі бальшавіцкіх уладаў Савецкай Расіі.

Кніга Нормана Дэвіса дазваляе ўбачыць ключавыя моманты фальсіфікацыі гісторыі гэтай вайны. Гэта вельмі важна для нас, бо ў сучаснай беларускай гістарыяграфіі ўсё больш відавочнай становіцца тэндэнцыя аднаўлення былых ідэалагічных канцэпцый. (Гл., напр.: Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Пад рэд. Я.Новіка і Г.Марцуля. Мінск, 1998; И.Ковкель, Э.Ярмусик. История Беларуси с древнейших времён до наших дней. Мінск, 1998[1].)
Чытаць далей →

Антысавецкія рухі ў Беларусі 1944—56 г. (Якуб Наваградцаў)

Антысавецкія рухі ў Беларусі 1944–56 гг. Даведнік. Архіў найноўшай гісторыі / Пад рэдакцыяй А. Дзярновіча. Менск, 1999.

Сама назва кнігі інтрыгуе, бо перыяд 1944–56 г. у беларускай гісторыі цалкам невядомы. Пра які–кольвечы антыкамуністычны супраціў у Беларусі пасля 1944 г. проста нідзе не пісалася. Мусім пагадзіцца з тым, што ў Беларусі супраціў не быў такі моцны, як у прыбалтыйскіх рэспубліках ці ў Заходняй Украіне. Аднак, як сведчаць матэрыялы кнігі, змаганне з савецкай уладай на тэрыторыі Беларусі ўсё ж вялося, і беларусы не былі сляпой бясформеннай масай, што здаліся на міласць новай уладзе.

У складанні гэтага даведніка бралі ўдзел Сяргей Ёрш, Міхась Чарняўскі, студэнты Беларускага Калегіюма і інш. Кнігу складаюць раздзелы: „Пэрсаналіі“, „Арганізацыі, асяродкі, партыі, фармацыі“, „Акцыі“, „Выданьні“, „Узнагароды“, а таксама спіс літаратуры па тэме. Спецыфіка антысавецкага супраціву ў Беларусі вымушае звярнуцца перш да другой часткі кнігі „Асацыяцыі, асяродкі, рухі, фармацыі“. Паваенны антыкамуністычны рух у даведніку класіфікуецца па наступных крытэрах: па нацыянальнай прыкмеце (беларускі, польскі, украінскі) і па ідэйнай аснове (збройная партызанка, моладзевае падполле, духоўная апазіцыя (рэлігійныя рухі)). Дык вось найбольш пытанняў выклікае „партызанка“ (беларускі партызанскі рух пасля вайны), па якой абсалютную большасць артыкулаў напісаў папулярызатар тэмы Сяргей Ёрш. Можна было чакаць, што ў даведніку нарэшце будзе пададзена і колькасць партызанаў, і арэал іхнай дзейнасці, і акцыі, і наогул, хто ёсць хто ў партызанскім руху. Аднак гэтага няма. „Нацыянальныя партызанскія аддзелы … пад час нямецкай акупацыі дзейнічалі ў многіх раёнах Беларусі“, піша Ёрш (129). Што значыць „многія“? Хацелася б ведаць хоць некалькі канкрэтных раёнаў. Бо можа стварыцца ўражанне, што нацыянальная партызанка была масавай. Чытаем далей: „Звычайна партызаны праводзілі дыверсіі й тэрарыстычныя акты напярэдадні або пад час савецкіх святаў, палітычных мерапрыемстваў: рабіліся напады на выбарчыя участкі, на сельсаветы, знішчалася дакумантацыя, савецкая сымболіка, праводзіўся тэрор супраць савецкіх, партыйных актывістаў, супрацоўнікаў міліцыі, дзяржбяспекі, вайскоўцаў. Нярэдка супраціў набываў формы лякальных паўстаньняў“ (128). Хацелася б пабачыць пералік мясцовасцяў, хаця б тых, дзе адбываліся паўстанні і які быў іхны размах.
Чытаць далей →

Дэмакратычная апазыцыя Беларусі: 1956—1991 г. (Якуб Наваградцаў)

Дэмакратычная апазыцыя Беларусі 1956—1991.  Пэрсанажы і кантэкст / Даведнік. Пад рэд. А. Дзярновіча. Менск, 1999. 186.

Гэтая кніга выйшла як працяг вышэй рэцэнзаванага даведніка пра апазіцыйныя рухі ў Беларусі 1944—1956 г. Паваеннае падполле было разгромлена, а ягоныя ўдзельнікі, што вярталіся дахаты, мусілі потым выехаць з Беларусі, бо ім савецкая ўлада стварыла невыносныя ўмовы жыцця. Так што многіх проста выключылі з далейшага грамадскага жыцця, і дысідэнцкі рух (калі не лічыць Ларысы Геніюш, айца Віктара Данілава, ксяндза Вацлава Пянткоўскага) фактычна пачынаўся з нуля.

Як і папярэдні том, праца падзяляецца на раздзелы: „Пэрсаналіі“, „Арганізацыі, асяродкі, рухі“, „Выданьні“, „Музычны нонканфармізм і маладзёвыя субкультуры“, „Кроніка дэмакратычнай апазіцыі Беларусі: 1956—1988“. Калі ў кнізе пра „Антысавецкія рухі“ палітра грамадскага жыцця Беларусі характарызуецца найперш раздзелам „Арганізацыі, асяродкі, рухі, фармацыі“, дык у „Дэмакратычнай апазыцыі“ неабходна пачынаць ab ovo, з персаналіяў, бо менавіта асобы вызначалі дух дысідэнцкага жыцця краіны.
Чытаць далей →

Пазацэнзурны пэрыядычны друк Беларусі: 1971—1990 г. (Алег Гардзіенка)

Пазацэнзурны пэрыядычны друк Беларусі 1971—1990 г. Каталёг. Складальнікі: Юрась Лаўрык і Ларыса Андросік. Менск: БГАКЦ, 1998.172.

У аснову гэтага выдання лягла калекцыя перыядычных выданняў са збору Юрася Лаўрыка. Узначаліла працу па збіранні перыёдыкаў і сістэматызавала іх Ларыса Андросік. У кнізе апісаны ўсе вядомыя і выяўленыя на другую палову 1998 г. перыёдыкі Беларусі. Яны класіфікуюцца ў даведніку па наступных параметрах: загаловак, звесткі пра адказных (склад рэдакцыі, выдавецкія групы і г.д.), год выдання, месца выхаду, фармат, наклад, інфармацыя пра спосаб выдання, характарыстыка самога выдання ці асобных нумароў.

«Пазацэнзурны пэрыядычны друк Беларусі 1971–1990 г.» падзяляецца на дзве часткі, згодна з храналогіяй беларускага незалежніцкага руху: перыёдыкі 1971—87 г. і перыёдыкі 1988–90 г. Чаму менавіта такая храналогія? У 1971 г., узятым за дату нараджэння беларускага незалежніцкага друку, выйшаў часопіс «Блакітны ліхтар», які выдаваўся ў Наваполацку накладам адзін асобнік тамтэйшымі студэнтамі політэхнічнага інстытута і школьнікамі (В. Мудровым, В. Шлыкавым, А. Рыбікавым, пазней да іх далучыліся студэнты–гісторыкі з Менску У.Арлоў і Г. Кулажанка). «Блакітны ліхтар» задумляўся як мастацка–літаратурны часопіс. Нягледзячы на тое, што часопіс быў пераважна апалітычны, КДБ зацікавілася ім, і пасля прафілактычных гутарак чэкістаў з выдаўцамі выхад перыёдыка быў спынены.
Чытаць далей →

Кiрыл Маль. Вайна 1920 г. i Беларусь: вызваленне цi акупацыя?


Савецка-польская вайна 1920 г. была адной з самых значных i драматычных старонак нашай гiсторыi XX стагоддзя. Падзеi 1920 г., як сцвярджаў вядомы польскi пiсьменнiк i публiцыст Збiгнеў Залускi, «… стварылi новае матэрыяльнае становiшча, новую рэальнасць быцця Расii, Беларусi i Украiны, а ў пэўнай ступенi i Польшчы»[1]. Не выпадкова савецка-польская вайна заўсёды выклiкала цiкавасць як айчынных, так i замежных даследчыкаў. Аднак сярод значнай колькасцi гiстарычных прац няма амаль нiводнай, прысвечанай месцу Беларусi ў савецка-польскiм канфлiкце, уплыву падзей 1920 г. на ейны лёс. Савецкая гiстарыяграфiя заўсёды лiчыла паход Чырвонай Армii вызваленнем беларускага i ўкраiнскага народаў з-пад польскай акупацыi. Цi гэта на самой справе было так?

Увесну 1920 г. грамадзянская вайна, што ахапiла велiзарныя абшары былой Расiйскай iмперыi, у еўрапейскай часцы Расii ў асноўным завяршылася. Часткi барона Ўрангеля, заблакаваныя ў Крыме, не ўяўлялi сур’ёзнай пагрозы бальшавiцкаму рэжыму. Гэтая адносная, хоць i не канчатковая, стабiлiзацыя ўнутранага становiшча дала магчымасць бальшавiкам звярнуцца да Еўропы i зноў вярнуцца да паўсталага яшчэ пад час нямецкай рэвалюцыi праекту сусветнай класавай вайны супраць iмперыялiзму. Польшча, якая, па словах Сталiна, была «контрреволюционным барьером между революционным Западом и социалистической Россией», стала ворагам нумар 1 для РСФСР, i менавiта праз яе «труп» праходзiў шлях Чырвонай Армii, якая несла на сваiх штыках «мiр» i «шчасце» ўсiм народам Еўропы.
Чытаць далей →

Latyszonek, Oleg. Białoruśkie formacje wojskowe 1917-1924 (Аляксей Лiцвiн)


LATYSZONEK, OLEG. Białoruśkie formacje wojskowe 1917-1924. Białystok, 1995. 273.

Сярод праблемаў, да сённяшняга дня зусiм слаба распрацаваных у беларускай гiстарыяграфii, — удзел беларусаў у барацьбе за свабоду i незалежнасць свайго краю пасля абвяшчэння незалежнай беларускай дзяржавы, Беларускай Народнай Рэспублiкi. Прычынаў тут некалькi. Галоўная — штучнае замоўчванне савецкай гiстарыяграфiяй iснавання такога руху наогул, а там, дзе цалкам змаўчаць было немагчыма, яго паказвалi слабым, кволым, не маючым анiякай падтрымкi ў масах, iснуючым толькi дзякуючы падтрымцы «замежных iмперыялiстаў», немцаў, палякаў, Антанты i г.д. Мэтай такога падыходу было прымусовае навязванне iлжывага мiфу пра тое, што толькi дзякуючы бальшавiкам беларусы ўпершыню ў гiсторыi атрымалi незалежнасць. Зразумела, пры такiм падыходзе не магло быць i мовы пра нейкае аб’ектыўнае асвятленне працэсаў, ахапiўшых Беларусь у тыя часы. Трэба адзначыць, што ў змяншэннi значэння беларускага нацыянальнага руху тады былi зацiкаўлены не толькi бальшавiкi, але i кiраўнiцтва Польшчы, а таксама Лiтвы i Латвii, якiя не супраць былi адхапiць кавалак тэрыторыi Беларусi, што i рабiлi, заключаючы мiрныя дагаворы з Савецкай Расiяй. Не дзiўна, што праз усё гэта засталося зусiм мала звестак аб збройнай барацьбе беларусаў за сваю незалежнасць, аб тых беларускiх вайсковых фармаваннях, якiя iснавалi не толькi на тэрыторыi Беларусi, але i на тэрыторыi Польшчы, Украiны, Лiтвы, Латвii, Эстонii i Малдавii.
Чытаць далей →

Głogowska, Helena. Białoruś. 1914-1929: Kultura pod presją polityki (Валянцiна Грыгор’ева)

GŁOGOWSKA HELENA. Białoruś. 1914-1929: Kultura pod presją polityki. Białystok. 1996. 238.

Беларуская гiстарыяграфiя да гэтага часу так i не звярнула належнай увагi на праблему развiцця нацыянальнай культуры пад час I сусветнай вайны i ў першае дзесяцiгоддзе пасля яе. Нейкiм чынам гэта знаходзiць сваё апраўданне: складаны перыяд, складанасцi з крынiцамi. А калi i звярталiся да мiнулага Беларусi гэтага гiстарычнага перыяду, то гiсторыкi вылучалi на першы план больш важкiя, на iх погляд, праблемы: вайна, акупацыя, бежанства, палiтычныя працэсы. Культура, як гэта было i ў жыццi, i не толькi ў гэты трагiчны для Беларусi час, адсоўвалася на апошнi план. А часцей, як гэта назiралася ва ўсiх абагульняючых працах, ёй зусiм не хапала месца i ўвагi. Вось чаму з’яўленне кнiгi, прысвечанай гiсторыi беларускай культуры ў 1914 — 1929 г., заслугоўвае самай высокай па-хвалы i пiльнай увагi гiсторыкаў.

Няма нiчога дзiўнага ў тым, што да гiсторыi Беларусi зноў звяртаюцца польскiя даследчыкi. Бо, як слушна пiша аўтар кнiгi, гiстарычныя лёсы Беларусi i Польшчы цесна сплялiся, i не толькi праз змены межаў, але i праз фармаванне двух народаў i iх культур. Аўтар ставiць перад сабой даволi складаную задачу: разгледзець культурнае развiццё Беларусi, абуджэнне самасвядомасцi беларусаў у кантэксце агульных тэндэнцый еўрапейскай цывiлiзацыi. I гэты падыход дазваляе разглядаць гiстарычны працэс у Беларусi не iзалявана, а як складовую частку агульнаеўрапейскага гiстарычнага працэса. Падыход, можа, i не зусiм нечаканы для беларускай гiстарыяграфii, але, пагодзiмся, даволi новы i неабходны.
Чытаць далей →

Платонаў, Расцiслаў П. Палiтыкi. Iдэi. Лёсы.


ПЛАТОНАЎ, РАСЦIСЛАЎ П. Палiтыкi. Iдэi. Лёсы. Мiнск, 1996. 382.

МIХНЮК, УЛАДЗIМIР М. Арыштаваць у высылцы. Мiнск, 1996. 149.

МИХНЮК, ВЛАДИМИР Н. Антон Луцкевич. Материалы следственного дела НКВД БССР. Минск, 1997. 203: дадат.

Адным з найважнейшых здабыткаў беларускiх гiсторыкаў у апошнiя гады стала публiкацыя дакументальных матэрыялаў, якiя пралiваюць святло на ролю iнтэлiгенцыi не толькi ў стварэннi iнтэлектуальнага фонду нацыi, але i ў гiстарычным працэсе, у барацьбе за дзяржаўнасць, сацыяльную i палiтычную свабоду народа.

Кнiга Р.Платонава «Палiтыкi. Iдэi. Лёсы» уключае васемнаццаць сюжэтаў. Частка з iх прысвечана палiтыцы КП(б)Б у дачыненнi да iнтэлiгенцыi, iдэалагiчным акцыям партыi, яе метадам i рэальным рычагам (у асноўным органам АДПУ) уздзеяння на пазiцыi iнтэлiгенцыi, а ў канчатковым вынiку — на яе лёс. Асноўная ж маса сюжэтаў кнiгi Платонава — аналiтычны аповед пра трагiчны лёс палiтычнай элiты Савецкай Беларусi.
Чытаць далей →

Гiсторыя «Вялiкага тэрору» ў Беларусi (Андрэй Кiштымаў)

Па наканаванню гiсторыi на 1997 год прыпаў шэраг драматычных юбiлеяў: 120-годдзе з дня нараджэння Ф.Э.Дзяржынскага, 80-годдзе Кастрычнiцкага перавароту i 80-годдзе стварэння ВЧК, да таго ж — 50-годдзе сумна вядомага 1937 года. Менавiта таму Беларускi Хельсiнскi камiтэт i Беларуская асацыяцыя ахвяр палiтычных рэпрэсiй 19 снежня 1997 года правялi ў Менску навуковы семiнар «Карныя органы Беларусi: гiсторыя i сучаснасць».

У свой час з тэмы палiтычных рэпрэсiй пачаўся чарговы вiток беларускага Адраджэння — Курапаты, Мартыралог Беларусi, стварэнне БНФ. Потым ад рэпрэсiяў пачала вызваляцца беларуская гiсторыя, нацыянальная сiмволiка, паўстала рэпрэсаваная беларуская дзяржаўнасць. Здавалася б, чарговая старонка беларускай гiсторыi перагорнута. На самой справе, яна толькi пачала запаўняцца. Найноўшая гiсторыя Беларусi мае падмурак, на якiм iдзе будоўля.
Чытаць далей →

Бернгард К’яры. Гiсторыя як паслядоўнасць катастроф. Беларускi рэгiён як акупаванае грамадства: 1939-1944/47*


Калi ў 1944 г. у вызваленай Беларусi савецкiя войскi пераможна рухалiся на захад, адзiн малады афiцэр быў шакаваны сцэнаю, якую ён убачыў у маленькiм сяле i апiсаў у выглядзе этналагiчнай справаздачы аб экспедыцыi[1]. З шалашоў, прымiтыўных сховiшчаў i паўразбураных хацiнаў яму насустрач выходзiла рэшта людзей, недаверлiвым i няўпэўненым паводзiнам якiх адпавядаў iх знешнi выгляд. Большасць з iх насiла самаробную вопратку з такiх матэрыялаў, як натуральнае валакно, кара дрэў, драўнiна i г. д. Складвалася ўражанне, што яны страцiлi сувязь з цывiлiзацыяй. У гэтым выявiлася культурная катастрофа, якая шматразова i жорстка спасцiгала грамадства БССР у перыяд памiж 1914 i 1947 г. Ужо I сусветная вайна i хаос часоў Грамадзянскай вайны, як пераканаўча паказана ў «Конармii» I.Бабеля, пакiнулi пасля сябе культурную tabula rasa[2]. У межах гэтага артыкула я хацеў бы акрэслiць тыя грамадскiя змены, якiя выпалi на лёс БССР у II сусветнай вайне.
Чытаць далей →