Новы нумар

Беларускі Гістарычны Агляд - 2000 Т.7 Сш. 1

Том 7 Сшытак 1 (12) (Чэрвень 2000)

Студзеня 2, 2011 |

БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД

Том 7 Сшытак 1 (12) (Чэрвень 2000)

Артыкулы
Вячаслаў Насевіч. Карэньшчына: тры стагоддзі з жыцця аднаго маёнтка. С. 3-28.
Бeрнгард K’яры. Лёс беларускіх габрэяў у «Генеральным камісарыяце Беларутэніі». С. 29-68.
Астрыд Зам. Беларускі нацыяналізм ці нацыяналізм Беларусі? С. 69-96

Публікацыі
Генадзь Сагановіч. Інфлянцкія немцы ў Полацку ў сярэдзіне ХIII і пачатку ХIV ст. С. 97-105.
Алена Філатава . Нацыянальнае пытанне і палітыка царскага ўрада ў Беларусі канца XVIII — першай паловы ХIХ ст. С. 106-116.
Андрэй Акара. Тутэйшыя: «Cеверо-Западный край» ці «Kresy Wschodnie»? С. 117-124.

Пераклады
Джым Шарп. Гісторыя «знізу». С. 125-147

Гістарыяграфія
Алесь Cмалянчук. Палякі Беларусі і Літвы XIХ — пачатку ХХ ст. як этнакультурны і сацыяльны феномен. С. 148-180.

З архіва гісторыка
Ганна Харашкевіч. Водгук на рукапіс калектыўнай працы “Белоруссия в ХIII – середине XVI в.” С. 181-190.

Новая лiтаратура: агляды i рэцэнзii
Чарговая кніга Метрыкі ВКЛ (Міхаіл Спірыдонаў). С 191-199.
Па старонках адной «гісторыі» (Віктаp Цітоў). С. 200-213.
Беларуская гістарыяграфія ХIХ—ХХ ст. вaчыма нямецкага даследчыка (Уладзімір Снапкоўскі). С. 214-227.
KRYŬJA. №1-3 (1994-1998) (Валеры Пазнякоў). С. 228-234.
Канапацкі, Ібрагім; Смолік, Аляксандр. Гісторыя і культура беларускіх татар (Алена Філатава). С. 235-236.
Jones, Siân. The Archaeology of Ethnicity (Мікола Крывальцэвіч). С. 236-246.
Тарасаў, Сяргей В. Полацк IX-XVII ст. (Васіль Варонін). С. 245-254.
Łowmiański, Henryk. Polityka Jagiellonów (Андрэй Янушкевіч). С. 254-257.
L’architetto Gian Maria Bernardoni sj tra l’Italia e le terre dell’Europa centro-orientale (Алесь Жлутка). С. 257-263.
Wisner, Henryk. Wladysław IV Waza (Віталь Галубовіч). С. 264-267.
Siebert, Diana. Bäuerliche Alltagsstrategien in der Belarussischen SSR (Сяргей Новікаў). С. 267-271.
Chiari, Bernhard: Alltag hinter der Front (Сяргей Новікаў). С. 271-276.
Gerlach, Christian. Kalkulierte Morde (Клаўс Ё. Арнольд). С. 276-280.
Dann kam die deutsche Macht (Юры Грыбоўскі). С. 280-283.
Spod Monte Cassino na Sybir (Юры Грыбоўскі). С. 283-285.
Катковіч, Анеля; Катковіч-Клентак, Вераніка. Успаміны (Алена Арэшка). С. 285-287.
Весялкоўскі, Юры. Няясна мроіліся новыя дарогі. (Юры Грыбоўскі). С. 287-289.
Юрэвіч, Лявон (укл.) Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. (Алег Гардзіенка). С. 290-296.

Новыя выданні, атрыманыя рэдакцыяй. C. 297-298.

(DOC)

Вячаслаў Насевіч. Карэньшчына: тры стагоддзі з жыцця аднаго маёнтка*

Чэрвеня 28, 2000 |


* Артыкул падрыхтаваны ў рамках даследавання, падтрыманага грантам Research Support Scheme 1003/1997.

Даследчыкі гісторыі Беларусі неаднаразова аналізавалі звесткі пра сялянскае землекарыстанне і эвалюцыю феадальнай рэнты на Беларусі. Агульны характар працэсаў на макраўзроўні вызначаны больш-менш акрэслена. Але ні разу не рабіліся спробы прасачыць дынаміку гэтых паказчыкаў у той самай мясцовасці, у дачыненні да таго самага насельніцтва. Між тым такі падыход дазваляе зірнуць на гістарычны працэс так, як ён успрымаўся самімі ўдзельнікамі. Зразумела, што сяляне не мелі магчымасці апераваць вынікамі статыстыч ных падлікаў ці абагульніць лічбы па ўсёй краіне. Для іх было толькі два пункты адліку — параўнанне з бліжэйшымі суседзямі і ўспаміны пра ўласнае мінулае. На падставе гэтых параўнанняў фармавалася агульнае ўяўленне пра сваё жыццё — цяжкае яно ці лёгкае, пагаршаецца ці паляпшаецца. Таму даследаванне на мікраўзроўні здольнае ўнесці нешта істотна новае ў нашыя ўяўленні пра мінулае.

Мы паспрабуем прадэманстраваць гэта на адным канкрэтным прыкладзе. Увазе чытача прапануюцца вынікі, атрыманыя пры комплексным даследаванні мікрарэгіёна ў цэнтральнай Беларусі (прыкладна за 50 км на поўнач ад Мінска), на тэрыторыі сучаснага Лагойскага раёна. Гэты абшар мае плошчу амаль дакладна ў 100 кв. км. З моманту першага ўпамінання ў крыніцах Вялікага Княства Літоўскага ў 1395 г.[1] ён уяўляў сабой адзін уласніцкі комплекс — маёнтак Корань, пажалаваны Вітаўтам заснаванаму незадоўга да таго капітулу віленскага кафедральнага касцёла Св. Станіслава.

Першыя звесткі пра памеры маёнтка змяшчае рэестр раскладкі пазачарговага падатка (серабшчызны ) з духоўных уладанняў Віленскага біскупства за 1553 г.[2] Тады маёнтак Корань уяўляў сабой два престимония каноничьих , з якіх адным карыстаўся канонік Хоцька, другім — жамойцкі біскуп, што таксама ўваходзіў у склад віленскага капітула. У першай з гэтых частак значылася 58 сох і 2 агароды, у другой — 50,5 сох, 3 зямлі і 2 агароды. На жаль, у якасці адзінак абкладання ў гэтым дакуменце выступаюць не традыцыйныя для XVI ст. дымы або службы, а параўнальна рэдкія ў іншых крыніцах сохі, што ўскладняе інтэрпрэтацыю і супастаўленне з іншымі дадзенымі. Верагодна, саха адпавядала тыповаму зямельнаму надзелу, які апрацоўваўся адной запрэжкай валоў. Дробная колькасць сох у рэестры сведчыць, што такі надзел маглі сумесна выкарыстоўваць некалькі гаспадарак. У цэлым на тэрыторыі маёнтка было не менш за 112 сялянскіх гаспадарак.

3 кастрычніка 1572 г. капітулам было прынята рашэнне правесці ў маёнтку Корань валочную памеру[3]. Размерылі яго землі на валокі не пазней за канец 1575 г. канонікі Лаўрын Вольскі і Томаш Макавецкі. Яны падалі капітулу праект валочнай уставы, які і быў ухвалены 13 лютага 1576 г. Копія ліста, накіраванага з гэтай нагоды цівунам і людзям маёнтка Кораньскага , захавалася ў актавай кнізе капітула. У ім жыхарам маёнтка паведамляецца, што капітул разгледзеў прапанава ныя нормы павіннасцяў, каб матэрыяльнае становішча падданых у выніку рэформы не пагоршылася (jakoby wam za takową ustawą wielka obciążliwość nie była). Праект быў прызнаны дастаткова справядлівым і зацверджаны капітулам. Польская копія з яго лацінскага арыгінала была ўпісана ў актавую кнігу непасрэдна пасля ліста капітула[4].

Адпаведна ўставе скасоўваліся ранейшыя павіннаці — натуральная мядовая даніна і грашовае налуконне , якія збіраліся з кожнага двара. Наўзамен уводзіліся дзве катэгорыі валок — цяглыя і асадныя. З цяглай валокі добрага грунту падданыя абавязаны былі плаціць чынш у памеры 35 грошаў[5] і пастаўляць натуральную павіннасць (дзякло) — 1 бочку[6] азімага жыта і 2 бочкі аўса. З такой самай валокі сярэдняга грунту належала 30 грошаў, па 1 бочцы жыта і аўса. Адпрацовачная павіннасць (паншчына) незалежна ад якасці зямлі складала па 2 дні з валокі ў тыдзень, плюс 6 дзён талакі на сваім хлебе ў год, абавязак адвозіць у Вільна падводы з дзяклом і іншыя грузы пры неабходнасці, касіць дворскія сенажаці, вартаваць у гасподскім двары, а калі прыедуць уладальнікі маёнтка — пастаўляць ім на мяса цялушку (ялавіцу) . Апрача таго карыстальнікі валокі мусілі даваць штогод 2 курыцы і 10 яек. З асаднай валокі адпрацовачных павіннасцяў не было. На добрым грунце карыстальнікі такой валокі плацілі чынш в суме 70 грошаў, па 1 бочцы жыта і аўса. Пры сярэдняй якасці зямлі памер чыншу памяншаўся да 60 грошаў (пры тым самым памеры дзякла), а з подлага грунту ішоў толькі чынш у 60 грошаў, без дзякла.

Е. Ахманьскі, аналізуючы гэтыя звесткі, перавёў натуральныя павіннасці ў грашовы эквівалент (з разліку 10 грошаў за бочку жыта, 5 грошаў за бочку аўса плюс 5 грошаў за адвоз) і параўнаў іх з аналагічнымі дадзенымі пра дзяржаўныя маёнткі адпаведна ўставе на валокі 1557 г. Ён прыйшоў да высновы, што сума павіннасцяў з асаднай валокі добрага грунту складала ў капітульных уладаннях 90 грошаў, а ў дзяржаўных — 106 грошаў, з сярэдняга грунту — адпаведна 80 і 97, з подлага — 60 і 83. Памер паншчыны быў аднолькавы, за тым выключэннем, што ў дзяржаўных маёнтках 2 тыдні былі вольныя ад працы. Талокі складалі ў капітульных уладаннях 6 дзён, 4 — у дзяржаўных.

У цэлым з гэтымі разлікамі можна пагадзіцца, але дадзеныя 1550-х г. пра кошт прадуктаў патрабуюць карэктавання, бо да 1576 г. змяніліся і цэны, і сярэбранае напаўненне гроша. Згодна з Статутам ВКЛ 1566 г., капа азімага жыта (60 снапоў) каштавала 12 грошаў. Намалот з такой капы складаў, мяркуючы па дадзеных больш позняга Статута 1588 г., блізу 0,83 бочкі, г. зн. цана бочкі павінна была складаць 14 грошаў і 4 пенязі. Капа аўса каштавала 6 грошаў, пры сярэднім намалоце 0,5 бочкі з капы, характэрным для ўсіх яравых культур. Бочка аўса мусіла каштаваць у такім выпадку 12 грошаў. Курыца ў Статуце 1566 г. ацэньвалася ў 1,5 гроша. Кошт яек у гэты час невядомы, але ў больш познія гады цана за дзесятак адпавядала, як правіла, 0,5 — 0,75 цаны курыцы. Такім чынам, яе можна ацаніць у межах ад 8 пенязяў да 1 гроша. З такімі папраўкамі выплаты падданых капітула з асаднай валокі добрага грунту павінны былі складаць у сярэдзіне 1570-х г. больш за 100 грошаў, з сярэдняга — звыш 90, а з цяглай валокі — блізу 80 і 60 грошаў адпаведна, плюс паншчына.

Агаворваліся ва ўставе таксама павіннасці на карысць новага касцёла ў Корані. Яго святар (каплан) павінен быў штогод на Каляды аб’язджаць воласць — калядаваць. Пры гэтым з кожнай валокі яму належала па 1 грошы і па 1 кракаўскім карцы жыта, што складала блізу 102 літраў ці 4 пудоў (65,6 кг). Гэтыя павіннасці былі пацверджаны 21 кастрычніка 1582 г. у якасці дзесяціны з даходаў маёнтка. Дадаткова агаворваўся абавязак сялян вазіць з лесу бярвенне на рамонт касцёла і яго звонніцы[7].

Час паказаў неэфектыўнасць захадаў дзеля забеспячэння прыходскага святара. 10 кастрычніка 1591 г. тры канонікі віленскага капітула — Марцэл Сухадольскі, Мікалай Карызна і Барталамей Нядзвецкі (у сумесным распараджэнні якіх знаходзіўся маёнтак Корань), прынялі адмысловую ўставу наконт Кораньскага прыхода. У гэтым дакуменце адзначаецца, што першапачатковая датацыя была недастатковай для дзейнасці каплана, таму ён кінуў прыход, а сяляне, якія раней перайшлі з праваслаўя ў каталіцтва, вярталіся ў праваслаўныя цэрквы і там выконвалі абрады (poddani tez, ktory incz byli nico od Rusi do Kosciola Catolickiego przystali, zasie nazad sie wracaią y dzieci chrzcza hodzać do Ruskich Cerkiew). У сувязі з гэтым на забеспячэнне касцёла прызначаўся дадатковы даход з аренды карчмы ў сяле Корань. Апрача таго ад кожнай сялянскай валокі каплану надавалася штогод па возу дроў. На гэты раз была вызначана і новая працэдура збору падаткаў — іх павінны былі збіраць ураднікі або старцы і звозіць у той з двароў (прэстымоніяў) маёнтка, пры якім будзе знаходзіцца каплан. Калі ж святар вырашыць сам ці праз свайго даручэнца ажыццяўляць ранейшае калядаванне, то сяляне могуць даваць яму што-небудзь па сваёй добрай волі[8].

Павелічэнне датацыі не дасягнула мэты, і ўжо 1 кастрычніка 1596 г. капітул прыняў рашэнне з прычыны недахопу капланаў і малой правізіі ліквідаваць самастойны Кораньскі прыход, а яго касцёл лічыць філіяй суседняга Гайненскага[9].

Паўторнае рашэнне пра ўтварэнне Кораньскага прыхода было прынята 11 лютага 1605 г., і ў больш позніх дакументах ажно да XX ст. менавіта гэты год фігуруе як афіцыйная дата заснавання касцёла. На гэты раз, улічыўшы ранейшы вопыт, капітул вызначыў святару (плябану) нерухомую маёмасць — засценак Нарбутава з зямельным надзелам у памеры 1 валокі і 22,5 моргаў (каля 36 га). На ім уладальнікі кожнай з 4 частак, на якія падзяляўся ў той час маёнтак, мусілі асадзіць па 1 сялянскай сям’і. Апрача того, касцёлу па-ранейшаму належала доля з даходаў маёнтка — грашовая павіннасць, названая пагарцоўшчына , і натуральныя выплаты ў памеры 5 коп (верагодна, 300 снапоў) жыта, 5 коп ячменю, па 1 бочцы ячменю і 0,5 бочкі гароху з кожнага з прэстымоніяў. Памер палуконня з кожнага сялянскага надзелу быў павялічаны з 18 пенязяў (1,8 гроша) да 2 грошаў. У распараджэнні плябана застаўся даход з арэнды карчмы. Пры гэтым агаворвалася, што сяляне могуць з яго дазволу варыць піва на вяселле сына ці дачкі[10].

Агульны кошт павіннасцяў на карысць касцёла можна ацаніць паводле расцэнак, вызначаных Статутам 1588 г., улічыўшы, што лігатурная маса гроша ў перыяд 1580—1607 г. не мянялася і складала 0,67 г срэбра. Капа азімага жыта ацэньвала ся ў Статуте ў 20 грошаў, яравога — у 12 грошаў, бочка жыта — у 24 грошы. Капа ячменю каштавала ў сярэднім 10 грошаў, бочка — 20 грошаў, а бочка гароху, аўса і шэрагу іншых культур — 16 грошаў. У такім выпадку пагарцэўшчына з трох прэстымоні яў павінна была раўняцца 534 грошам. Неўзабаве на пачатку XVII ст. адбыўся рэзкі рост цэн. Калі ён быў адпаведны зніжэнню срэбранага напаўнення гроша (у перыяд з 1607 да 1623 г. яно зменшылася да 0,56 г), то мусіў скласці каля 16 %, і ў 1610—20-я г. кошт пагарцoўшчыны адпавядаў прыблізна 620 грошам.

Выпіска з тарыфу падымнага з біскупскіх уладанняў за 1653 г.[11] дазваляе вызначыць памеры і населенасць маёнтка Корань у сярэдзіне XVII ст. — напярэдадні спусташальнай вайны з Расіяй. Прэстымоній каноніка Паца налічваў тады 40 дымоў, прэстымоній каноніка Копця — 48, уладанні кораньскага плябана — 10, а асобны прэстымоній Прудкі — 35 дымоў. Такім чынам, усяго ў маёнтку налічвалася 133 сялянскія гаспадаркі.

На жаль, наступны па часе тарыф падымнага Мінскага павета, складзены адразу пасля вайны з Расіяй у 1667 г.[12], не змяшчае звестак пра маёнтак Корань, за выключэннем уладанняў плябана. У іх, адпаведна тарыфу, з 10 ранейшых дымоў пасля вайны застаўся толькі 1. Напэўна, уладанні капітула таксама былі моцна спустошаны, пра што ўскосна сведчаць дадзеныя па суседнім маёнтку Ганявічы, які таксама належаў капітулу. У ім тарыф 1653 г. фіксуе два прэстымоніі, што мелі адпаведна 48 і 38 дымоў, а тарыф 1667 г. прыгадвае толькі 11 дымоў[13]. Гэта пацвярджае агульную выснову пра катастрафічнае (прыкладна ўдвая) скарачэнне насельніцтва Беларусі ў выніку вайны 1654-60 г., зробленую ў свой час польскім даследчыкам Ю. Можы[14].

У архіве капітула захаваліся два блізкія па часе інвентары прэстымоніі Малыя Ганявічы. Адзін з іх датаваны 1678 г. і прыгадвае трох падданых, з якіх Каптур карыстаўся адной валокай, а другая значылася ў пусташах[15]. Другі інвентар не мае даты, але ў ім прыгаданы тыя самыя падданыя, прычым за Каптуром запісаны абедзве валокі. Відавочна, гэты дакумент быў складзены або крыху пазней, калі прыгаданы Каптур узяў валоку, якая раней пуставала, або крыху раней — калі меркаваць, што ён пакінуў адну з дзвюх валок, якія яму належалі. Для нас інвентар каштоўны тым, што на адвароце яго знаходзіцца першы з дайшоўшых да нас (на жаль, таксама недатаваны) інвентар прэстымонія Вялікі Корань[16]. Улічыўшы магчымае датаванне інвентара Малых Ганявіч, час яго стварэння можна ўмоўна вызначыць блізу 1680 г.

Адзначаны інвентар змяшчае першыя ўпамінанні імёнаў жыхароў Карэньшчыны — сялян вёсак Міхалкавічы і Чэрнева. Усяго названа 6 імёнаў: Мацей Калуш, Мікалай Калуш, Раман, Гаўрылка (з пазнакай «новік, што аддзяліўся» ), Янук Жаўняровіч і Яска Жаўняровіч. Мяркуючы па ўсім, гэтыя 6 чалавек і іх сем’і ўтваралі ўсё насельніцтва прэстымонія на той момант. Апісанне панскага двара фіксуе карціну поўнага запусцення і заняпаду: апалыя вароты, жылыя і гаспадарчыя пабудовы ахарактарызаваны як надгнілыя , з разбуранымі печамі і падпёртымі дахамі. Ад засеянага ў той год жыта, па вызначэнні складальніка інвентара, «ніякай карысці не чакаецца» (korzysci niespodziewac zadnej).

У 1690 г. быў складзены яшчэ адзін тарыф падымнага Мінскага павета. У ім, аднак, паняцце «дым» страціла свой першапачатковы сэнс. Цяпер яно азначала не рэальны сялянскі двор, а нейкую ўмоўную адзінку абкладання, што ахоплівала некалькі двароў. Пра гэта сведчыць той факт, што ў тарыфе рэгулярна сустракаюцца велічыні 1/2 і нават 1/4 дыма. Тым не менш гэтая крыніца можа даць уяўленне хоць бы пра адносную колькасць падданых. У Вялікім і Малым Корані разам было 9 дымоў, у Прудках — 2, у плябаніі Кораньскага касцёла — 1. Для параўнання, у Вялікіх і Малых Ганявічах разам значылася 5 дымоў[17]. З улікам дадзеных згаданых інвентароў можна меркаваць, што «дым» гэтага тарыфу адпавядае прыкладна 4 дварам (гэтым можна растлумачыць і велічыні 1/4 ці 3/4 дыма, што сустракаюцца ў тарыфе). У такім выпадку агульная колькасць падданых маёнтка Корань на 1690 г. можна ацаніць прыкладна ў 48 двароў.

Наступны тарыф падымнага за 1722 г. фіксуе не рост, а яшчэ большае скарачэнне насельніцтва. На гэты раз у абодвух Коранях і Прудках разам значыцца 9 дымоў, яшчэ 1 — у плябаніі Кораньскага касцёла[18]. Усяго, такім чынам, у маёнтку было 10 дымоў, ці прыблізна 40 двароў.

Адзін з дакументаў, упісаны ў актавую кнігу віленскага капітула 13 мая 1737 г.[19], прыгадвае, што паводле даўніх тарыфаў і звычаяў грашовыя выплаты з Вялікага, Малога Кораня і Прудкоў ажыццяўля юцца з разліку 10 дымоў, пры гэтым прэстымоній Вялікі Корань прыроўніваецца да 4 дымоў, Малы Корань і Прудкі — да 3 дымоў кожны. Гэта сведчыць пра далейшую трансфармацыю паняцця «дым» — яно ператварылася ў гістарычную адзінку абкладання, канчаткова страціўшы сувязь з рэальнай колькасцю сялянскіх двароў.

Уяўленне пра населенасць маёнтка і характар павіннасцяў у больш познія часы дае серыя інвентароў XVIII ст. Пачынае яе інвентарнае апісанне Кораньскага касцёла, датаванае чэрвенем 1740 г.[20] У ім упершыню пайменна пералічана ўсё мужчынскае насельніцтва 8 паселішчаў, што існавалі на той момант на тэрыторыі Карэньшчыны — сяла Корань (13 двароў), вёсак Міхалкавічы (17), Жырблевічы (6), Лішчыцы (3), Прудкі (21), Церахі (10), Чэрнева (5) і Грамніца (8) — усяго 83 двары. У бальшыні гаспадарак (за выключэннем сяла Корань) пералічаны, хоць і без імёнаў, таксама жонкі і дочкі. Агульнае насельніцтва маёнтка можна вызначыць прыблізна ў 520 чалавек. Для непасрэдных падданых плябаніі, што жылі ў сяле Корань, пазначаны павіннасці: з кожнай гаспадаркі па 2 дні паншчыны ў тыдзень узімку (ад дня Св. Юрыя восеньскага да Св. Юрыя веснавога) і па 3 дні — улетку. Грашовыя плацяжы не прыгадваюцца.

Наступны па часе інвентар Кораньскага касцёла быў складзены ў маі — чэрвені 1742 г.[21] Дакумент у цэлым аналагічны папярэдняму, за тым выключэннем, што не змяшчае пераліку парафіян з капітульных прэстымоніяў. Пералічаны толькі падданыя плябаніі, прычым за 2 гады іх колькасць істотна скарацілася. Увогуле ў інвентары пералічаны 10 гаспадарак, але пра жыхароў адной з іх сказана, што ўсе яны памерлі, а ў іншым двары дзеці памерлі, а гаспадар уцёк, засталася толькі яго жонка. Такім чынам, з ранейшых 13 засталіся 8 паўнацэнных гаспадарак (у іх 13 мужчын, разам з сынамі). З іх 4 сям’і жылі непасрэдна ў Корані, 3 — у неназваным засценку (з больш позніх крыніц відавочна, што гутарка ідзе пра Нарбутава), а 1 сям’я — у вёсцы Грамніца.

Гэты інвентар змяшчае першыя звесткі пра забяспечанасць жыхароў Карэншчыны свойскай жывёлай. У адной гаспадарцы яе не было ўвогуле, а ў кожнай з 7 астатніх — па запрэжцы (сасе) з пары валоў, па 1-2 кані і па 1-2 карове. Паказана таксама месцазнаходжанне чатырох зямельных участкаў, якія належалі плябаніі. Адзін з іх знаходзіўся паміж землямі вёскі Міхалкавічы, другі — ля вёскі Чэрнева, трэці — паміж надзеламі вёскі Грамніцы, а чацвёрты — паміж надзеламі вёскі Жырблевічы. Памер кожнага ўчастка пазначаны ў 3 чвэрці. Пры гэтым незразумела, меліся на ўвазе чвэрці валокі (што адпавядае памеру ўчастка прыкладна ў 5,3 га) ці плошча, на якой высяваліся 3 чвэрці (блізу 12 пудоў ці 1,97 ц) зерня, што прыблізна адпавядае 1,5-2 га.

Блізкі па часе стварэння недатаваны інвентар прэстымонія Прудкі[22]. Мяркуючы па складзе прыгаданых домаўладальнікаў, ён адносіцца прыкладна да 1744 г. У ім пералічаны 19 гаспадарак у вёсцы Прудкі і 4 — у Лішчыцах. Усяго на 23 гаспадаркі прэстымонія прыпадала 56 прадстаўнікоў мужчынскага полу. Усе гаспадаркі валодалі аднолькавымі надзеламі па 0,5 валокі (блізу 10,7 га), з якіх адна чвэрць валокі лічылася аседлым надзелам, а другая — прыёмным . За аседлую чвэрць належала плаціць чынш у памеры 5 тынфаў (г. зн. 190 грошаў), а за прыёмную — 2 тынфы (76 грошаў). У 12 гаспадарак не было іншых земляў, апрача гэтых дзвюх чвэрцяў валокі. Астатнія карысталіся дадаткова пустоўскай зямлёй, за якую плацілі па 1 тынфе за чвэрць валокі. 4 двары мелі па 0,25 валокі такой зямлі, 4 — па 0,5 валокі, а адзін гаспадар (Юрка Ліс з Лішчыц) меў 1,5 валокі. Апрача таго з кожнага надзела належала па 2 тынфы дзякла і паўгроша мядовага , а таксама 6 дзён адпрацовачнай і 1 дзень падводнай павіннасці ў год.

26 мая 1747 г. быў складзены інвентар прэстымонія Вялікі Корань[23], які ахопліваў 19 гаспадарак у вёсцы Міхалкавічы і 6 — у Чэрневе. Колькасць сыноў і жывёлы ў ім не пазначана, маюцца толькі дадзеныя пра зямельныя надзелы і плату за іх. У гэтым прэстымоніі не было прыёмных валок. 18 гаспадарак мелі па 0,5 аседлай валокі, 5 — па 2/3 валокі, а двое (войт Сымон Калоша і Францішак Калоша з Міхалкавіч) — па цэлай валоцы. Апрача таго, адной валокай карыстаўся яўрэй — арандатар карчмы. У Чэрневе тры гаспадары мелі адпаведна 1/2, 3/4 і 1 валоку пустоўскай землі, у Міхалкавічах яе не было зусім. Плата за тыповы надзел у 0,5 валокі складалася з 9 злотых чыншу, 2 злотых і 16 грошаў ладройшчыны , 15 грошаў мядоўшчыны , 2 злотых і 16 грошаў дзякла і такой самай сумы работніны . У суме гэта давала 23 злотых і 3 грошы.

Параўнанне з папярэднім інвентаром паказвае, што сума чыншу ў абодвух прэстымоніях была прыкладна аднолькавай (тыповая гаспадарка, якая валодала паўвалокай аседлай і прыёмнай зямлі, у Прудках плаціла ў пераліку 8 злотых і 26 грошаў, г. зн. крыху меней за 9 злотых). Сума мядовага ў першым выпадку складала паўгроша, у другім — палову злотага. Гэта азначае розніцу ў 30 разоў, але, хутчэй, у інвентары Прудкоў ёсць памылка, а гутарка павінна ісці таксама пра палову злотага. Роўнай была і сума дзякла (2 злотых 16 грошаў дакладна адпавядаюць 2 тынфам). У Прудках не было работніны, затое ўжываліся адпрацовачныя павіннасці (верагодна, у Вялікім Корані іх замяняў грашовы эквівалент). Не было там таксама і ладройшчыны (калі яна проста не прапушчана ў інвентары). З улікам папраўкі на кошт мядовага грашовыя павіннасці тыповага надзелу ў Прудках (без пустоўскай зямлі) складалі, такім чынам, 357 грошаў, а ў Вялікім Корані — 513 (у тым ліку па 76 грошаў работніны і ладройшчы ны, без якіх застаецца 361 грош).

Гэтыя лічбы можна супаставіць з дадзенымі валочнай уставы 1576 г., але з улікам абясцэньвання гроша і змянення структуры ценаў. Ацаніць ступень інфляцыі дапамагае супастаўленне з курсам талера — манеты, колькасць срэбра ў якой на працягу другой паловы XVI — XVIII ст. заставалася амаль пастаяннай (у межах 20—25 г). У 1570-я г. талер прыраўноўваўся да 30 літоўскіх грошаў[24], у якіх вызначаны расцэнкі валочнай уставы. Нагадаем, што ў той час з паўвалочнага надзела добрай ці сярэдняй зямлі, які складаўся з чвэрці цяглай і чвэрці асаднай валокі, належаў чынш у суме адпаведна 26,25 або 22,5 грошаў (г. зн. 0,875 — 0,75 талера), дзякло ў 0,5 бочкі жыта (у тагачасных цэнах — 7,2 гроша, ці 0,24 талера) і 0,75 — 0,5 бочкі аўса (9 — 6 грошаў, ці 0,3 — 0,2 талера), 2 курыцы і 10 яек (каля 4 грошаў, ці 0,13 талера), паншчына ў памеры 1 дня ў тыдзень, а таксама 6 дзён талакі ў год, падводная і некаторыя іншыя павіннасці. Без адпрацовачных павіннасцяў сума выплат с такога надзелу складала блізу 1,3—1,5 талера.

З 1717 г. курс талера быў прыраўняны да 8 злотых (240 польскіх грошаў меднай манетай)[25]. Такім чынам, 9 злотых чыншу і 0,5 злотых мядовага адпавядаюць амаль 1,19 талера, што сведчыць пра павелічэнне грашовых выплат у рэальным вылічэнні прыкладна на 40—60%. Затое дзякло цяпер бралася не натурай, а таксама грашыма, прычым у вельмі выгадных для сялян суадносінах. Яго кошт можна супаставіць з цаной прадуктаў харчавання ў сярэдзіне — другой палове XVIII ст., якая неаднаразова пазначаецца ў інвентарах розных маёнткаў. Цэны на збожжа вагаліся ў розныя гады і на розных тэрыторыях, але ў асноўным віленская бочка жыта каштавала ад 16 да 25,5 злотых, бочка аўса — ад 6 да 20 злотых, курыца — ад 6 да 12 грошаў, дзесятак яек — ад 3 да 10 грошаў[26]. Калі прыняць сярэднюю цану жыта за 20 злотых, а аўса — за 13 злотых, то дзякло ў памеры 2 злотых і 16 грошаў адпавядала кошту менш чым 0,1 бочкі гэтых культур. Нават калі дапусціць, што ва ўставе 1576 г. размова ішла не пра віленскія бочкі, а пра бочкі-салянкі (яны складалі 1/4 аб’ёму віленскай бочкі), рэальны кошт дзякла за гэты час вельмі панізіўся.

Паншчына ў сярэдзіне XVIII ст. ужывалася толькі ва ўладаннях плябаніі, прычым яна павялічылася з 1 да 2,5 дня на кожную гаспадарку. У іншых інвентарах паншчына не прыгадваецца зусім, а 6 дзён талакі і падводная павіннасць засталіся толькі ў Прудках, прычым налічваліся таксама не з валокі, а з гаспадаркі (фактычна гэта азначае двухразовае павелічэнне, бо звычайна валоку трымалі дзве гаспадаркі). У Вялікім Корані замест прыгоннай працы браліся ладройшчына і работніна агульным коштам у 5 злотых і 2 грошы (0,63 талера). Верагодна, гэтая сума прыкладна адпавядае кошту прыбытку, які прыносілі б маёнтку паншчына і талака. У суме павіннасці з паўвалочнага надзелу адпавядалі цяпер 2,3—2,5 талера, а без ладройшчыны і работніны — 1,7—1,9 талера. Такім чынам, можно казаць пра пэўнае (але ніяк не драматычнае) павелічэнне эксплуатацыі параўнальна з XVI ст.

Для параўнання можна прывесці дадзеныя з інвентара суседняга маёнтка Айнаравічы, які непасрэдна межаваў з Коранем з паўднёвага захаду. Можна не сумнявацца, што становішча ў ім было добра вядомае жыхарам Карэньшчыны. Пад час продажу часткі гэтага маёнтка ад Тамаша Цадроўскага Міхалу і Зофіі Свідам у кастрычніку 1752 г.[27] павіннасці падданых складалі: паншчына ў 2 мужчынскія і 2 жаночыя дні з кожнай хаты, 5 гвалтаў пад час летняга жніва і яшчэ 2 — пад час ворыва, выпрадзенне 3 талек з уласнага лёну, дзякло ў памеры 2 чвэртак мінскай меры (трэба меркаваць — палову бочкі) жыта, 2 чвэртак аўса, 1 воза сена, 2 курыц, 2 дзесяткаў яек і яшчэ 1 злоты грашыма.

Самы ранні інвентар прэстымонія Малы Корань датуецца 9 сакавіка 1761 г.[28] У ім пазначаны 13 двароў у вёсцы Грамніца, 8 — у Жырблевічах і 13 — у Церахах. Амаль усе гаспадаркі мелі па чвэрці валокі аседлай і па чвэрці прыёмнай зямлі (толькі ў дзвюх было ўсяго па чвэрці аседлай валокі), пры гэтым 12 гаспадарак у Грамніцы, 7 у Церахах і 2 ў Жырблевічах мелі дадатковую пустоўскую зямлю: 12 двароў — па 1/4 валокі, 5 — па 1/2, 3 — па 3/4, адна — цэлую валоку. Стаўка грашовай павіннасці подле даўных застаў была такой самай, як у папярэдніх інвентарах: 5 тынфаў з аседлай чвэрці, 2 — з прыёмнай і 1 — з пустоўскай, плюс з кожнага двара па 2 тынфы дзякла, 2 тынфы за 6 дзён рабошчызны, 2 тынфы за ладроўшчызну і 15 грошаў мядовага. Але за кошт таго, што тыповы надзел ахопліваў тут не палову, а тры чвэрці валокі (усіх трох разрадаў), сума плацяжоў з яго была на 1 тынф большай, чым у Вялікім Корані — 547 грошаў, ці 18 злотых і 7 грошаў (2,28 талера).

Далей па часе ідзе серыя з трох інвентароў прэстымонія Прудкі, датаваных 1774, 1775 і 1778 г.[29] Колькасць двароў у Прудках дасягнула 22, у Лішчыцах — 13. Апрача таго з’явіліся засценкі Гарадзец і Млын, якія мелі па 1 двары. Размеркаванне зямлі за тры дзесяцігоддзі з часу папярэдняга інвентару істотна змянілася: цяпер 22 з 36 гаспадароў значыліся карыстальнікамі надзелаў у 0,5 аседлай валокі, яшчэ 5 мелі ў дадатак прыёмную (ад 1/4 да 1/2 валокі), а 7 — пустоўскую зямлю (усе па 1/4 валокі). На агульным фоне вылучаюцца, з аднаго боку, жыхары Лішчыц Саўка Шэйпа і Мацей Жукоўскі, якія валодалі адпаведна 1 і 1,5 валокі аседлай зямлі, а з другога боку — Грышка Грэцкі і Адам Жукоўскі з той самай вёскі, у якіх было толькі па пустоўскім надзеле (1/2 і 1/4 валокі адпаведна).

Забяспечанасць сялян рабочай скацінай была даволі аднастайнай. На 36 гаспадарак у 1774 г. прыпадала 56 коней і 71 вол, у тым ліку 20 гаспадарак мелі па 2 кані і 2 валы, 6 — па 1 кані і 2 валы. Толькі 2 гаспадаркі ў Прудках і 2 у Лішчыцах мелі па 4 валы і 2 кані (у 1778 г. у двух гаспадароў было ўжо па 4 валы і 3 кані, а ў трох — па 4 і 2). З другога боку, у адным двары былі толькі 1 вол і 1 конь, у другім — толькі конь, а 4 гаспадары не мелі цяглавай жывёлы (двума з іх былі вышэйзгаданыя Грышка Грэцкі і Адам Жукоўскі).

Плата за тыповы надзел у 0,5 аседлай валокі складала, паводле інвентару 1774 г., 18,5 злотых (2,31 талера). Пры гэтым ніякіх адпрацовачных павіннасцяў сяляне не выконвалі, бо ў маёнтку не было панскага ворыва. У 1775 г. павіннасці рэзка ўзраслі: з той самай паўвалокі належала 10 тынфаў (паводле тагачаснага курсу гэта складала 32 злотых, ці 4 талеры) чыншу і 6 тынфаў за мёд і воск, да таго ж сяляне мусілі адпрацоўваць яшчэ па 2 дні паншчыны ў год (магчыма, на самай справе — у тыдзень) на карысць кораньскага плябана, які ў гэты час арандаваў прэстымоній. Трэба меркаваць, што менавіта з арэндай і звязана рэзкае павелічэнне павіннасцяў. У 1778 г. чынш зноў панізіўся да 20 злотых (2,5 талера) з паўвалокі.

Для параўнання ёсць амаль адначасовы інвентар часткі сумежнага маёнтка Айнаравічы, набытага ў сакавіку 1779 г. Стэфанам і Зофіяй Свідамі ад Зофіі Цадроўскай і яе мужа Зыгмунта Шыцкага[30]. Цяпер паншчына ў гэтым маёнтку складала ўжо 2 мужчынскія і 3 жаночыя дні з гаспадаркі (на 1 больш параўналь на з 1752 г.), плюс 2 мужчынскія гвалты на ворыве і 3 жаночыя — на жніве. Затое дзякло не прыгадваецца — магчыма, за кошт яго скасавання і была павялічана паншчына. Іншыя павіннасці з паўвалочнага надзелу складаліся з 2 злотых падымнага, 3 курыц, 20 яек, 3 талек прадзіва. Апрача таго штоноч належала выходзіць па чарзе на варту ў панскі двор, а „для засыпання грэбляў, ежлі б таго патрэба была, з сваіх дзён ехаць павінны” . За паўвалокі прыёмнай зямлі належала плата ў 10 злотых.

Група блізкіх па часе інвентароў належыць да прэстымонія Вялікі Корань. Адзін з іх датаваны 1 кастрычніка 1781 г.[31], а другі, што захаваўся ў трох розных спісах — 1 кастрычніка 1786 г.[32] Гэтыя інвентары найбольш падрабязныя. Інвентар 1781 г. фіксуе 17 двароў у Чэрневе (у іх 52 асобы мужчынскага полу і не менш за 32 — жаночага[33]), 21 двор (адпаведна 57 і 51) у Міхалкавічах і яшчэ 7 (20 і 17) — у Загор’і, якое было выселкам той самай вёскі і пазней злілося з ёй. Апрача таго ў складзе прэстымонія з’явілася яшчэ адно новае паселішча — Юршы — з 4 дварамі (12 і 9). Усяго, такім чынам, у наяўнасці было 49 двароў з прыкладна 250—260 жыхарамі. На іх прыпадала 75 коней (1,5 на двор), 84 валы (1,7), 100 кароў (2), 202 авечкі (4,1), 70 козаў (1,4), 125 свіней (2,5) і 4 вуллі пчол. Звесткі пра памеры надзелаў страчаны для 5 двароў Чэрнева з прычыны пашкоджання адпаведнага аркуша інвентара. З астатніх 44 гаспадарак 28 мелі надзелы па 1/2 валокі, 2 — па 3/8 валокі, 7 — па 3/4 валокі, 2 — па 5/8 валокі. У 3 гаспадароў было толькі па 1/4 валокі, а ў 2 — увогуле не было (адзін з іх запісаны як парабок, другі — як млынар-агароднік ). З тыповага надзелу ў 0,5 валокі належалі павіннасці ў памеры 20 злотых чыншу, плюс 4 злотых і 20 грошаў падымнага .

Інвентар 1786 г. змяшчае істотныя адрозненні, асабліва ў дачыненні да свойскай жывёлы. Колькасць двароў у Чэрневе павялічылася да 20 (апрача іх пазначана 1 сям’я кутнікаў , якая не мела ўласнай хаты). У Міхалкавічах стала 23 двары (і яшчэ 5 сем’яў кутнікаў), у Загор’і — 9 двароў і ў Юршах — па-ранейшаму 4. Колькасць жыхароў абодвух полаў (без кутнікаў) склала 339 чалавек на 56 двароў (6 чал. на двор). Рэзка павялічылася параўнальна з папярэднім інвентаром колькасць скаціны: на гэты раз згадваюцца 191 конь (3,4 на гаспадарку), 233 валы (4,2), 347 кароў (6,2), 443 авечкі (7,9), 148 коз (2,6), 617 свіней (8,3) і 79 вулляў. Лічбы па асобных дварах уражваюць: напрыклад, у гаспадарцы Лявона Саўрыцкага з Чэрнева значацца 4 кані, 8 валоў, 12 кароў, 14 авечак, 7 козаў і 13 свіней, тады як у інвентары 1781 г. у яго пазначаны толькі 1 конь, 2 валы, 2 каровы, 5 авечак, 2 казы і 1 свіння. Такая вялікая розніца за 5 гадоў наўрад ці можа быць растлумачана натуральным прыростам. Магчыма, у першым выпадку быў моцны недаўлік, або падлічвалася толькі дарослая жывёла, а ў пазнейшым інвентары — таксама і маладняк.

Велічыня надзелаў крыху скарацілася: з 56 гаспадарак 39 мелі па 1/2 валокі, 3 — па 3/4, 5 — па 3/8 і 8 — па 1/4. Беззямельных гаспадарак на гэты раз няма. Усе валокі належалі да аднаго разраду — аседлых (сядзібных) . Толькі адна гаспадарка — ляснічага Станіслава Фалькоўскага — мела апрача 3/4 валокі асноўнага надзелу яшчэ 1/2 вольнай валокі. У Міхалкавічах амаль усе двары мелі таксама па 2 моргі (каля 1,4 га) сенажацяў. У іншых паселішчах іх не было амаль ніўкога, толькі ў Чэрневе 3 двары мелі да сваіх паўвалочных надзелаў па 5 дадатковых моргаў — ворыўных і сенакосных.

Спіс павіннасцяў у гэтым інвентары даволі складаны. Грашовыя павіннасці збіраліся перад днём Св. Міхаіла. Са стандартнай паўвалокі належала 24 злотых чыншу, а апрача таго — 2 злотых мядовага і 1 злоты 10 грошаў падымнага з кожнага двара. За дадатковыя моргі была адмысловая плата — па 1 злотым і 15 грошаў з ворыўнага і па 24 грошы — з сенакоснага морга. На кожны злоты налічваўся яшчэ і дадатак у памеры 1 гроша — грашовая подаць. Усяго з двара прыходзілася, у залежнасці ад памераў надзелу, розных плацяжоў на суму ад 18 да 55 злотых, часцей за ўсё — каля 35-37 злотых у год. Кутнікі плацілі 6 злотых 20 грошаў падымнага.

Можна канстатаваць павелічэнне чыншу параўнальна з 1747 г. у 2,7 раза, мядовага ў 4 разы і з’яўленне новых грашовых выплат — падымнага і грашовага. Дзякло зноў выступала ў выглядзе натуральнай павіннасці — па паўбочкі жыта і аўса, па 4 курыцы і 30 яек, па 2 капы грыбоў з кожнай паўвалокі. Замест зніклых ладройшчыны і работніны зноў з’явіліся адпрацовачныя павіннасці: паншчына ў памеры 3 мужчынскіх і 2 жаночых дзён у тыдзень з валокі (г. зн. 2,5 дня з паўвалочнага надзелу), плюс адна паездка ў год на сваёй падводзе ці транспартаванне па вадзе 1 плыта да Вільні (на адлегласць каля 210 км). Апрача таго належала выходзіць на рамонт мастоў, гацяў і карчмы, а ў выпадку заснавання ў вёсцы новага двара кожная гаспадарка абавязана была вывезці з лесу па 10 бярвенняў.

Інвентарнае апісанне Кораньскага прыхода ад 31 студзеня 1783 г.[34] змяшчае вопіс маёмасці плябаніі, яе зямельных угоддзяў, а таксама спіс падданных, што жылі ва ўладаннях касцёла — Кораньскай юрысдыцы . Землі плябаніі знаходзіліся ў самім сяле Корань (каля 8 валок) і цераспалосна з уладаннямі капітула — у засценку Нарбутава (1 валока 22 моргі), у Капцах (1 валока), сярод земляў вёскі Прудкі ва ўрочышчы Дворышча (1 валока), а таксама па 1,5 валокі ў Міхалкавічах, Жырблевічах, Церахах і Грамніцы. Усяго на гэтыя землі прыходзілася каля 10 валок ворыва, каля 7 валок лесу, каля 2,5 валок сенакосаў. Прыкладна 6 валок выкарыстоўваліся на патрэбы плябаніі, а 5 былі выдзелены пад надзелы сялян. Плябаніі належалі таксама два ставы — у Капцах і Бачылаўцы (з іх другі — напалам з маёнткам Укропавічы). Спіс падданных уключаў 9 двароў і 3 сям’і кутнікаў у Корані, 4 двары ў Нарбутаве, а таксама па 1 двары ў Грамніцы, Церахах і Жырблевічах і сям’ю каваля Томаша Шчарбовіча, што жыла ў Чэрневе (відавочна, без уласнага двара і зямельнага надзелу). Усяго ў 16 дварах пералічаны 111 чалавек (57 асобаў мужчынскага полу і 54 — жаночага), з іх 13 кутнікаў. У іх карыстанні знаходзіліся 21 рабочы конь і 4 жарабят, 31 рабочы вол і 6 маладых, 27 кароў і 6 цялушак, 70 авечак, 18 козаў і 48 свіней. Непасрэдна ў плябанскай гаспадарцы было 6 дойных кароў, 1 пляменны бык (бугай), 10 авечак, 10 свіней, 7 гусей, 6 качак, 10 курэй. Апрача таго, за асабістыя грошы плябана былі куплены 7 кароў, 2 валы, 1 бугай, 19 авечак, 1 каза, 1 казёл, 7 свіней, 9 індыкоў і 4 гусі.

Павіннасці кожнай гаспадаркі зводзіліся да паншчыны ў колькасці 3 дзён на тыдзень (усяго 156 дзён на год) і выплаце падымнага — 3 злотых 10 грошаў. Памеры надзелаў не пазначаны, але, калі верыць звесткам пра тое, што ў суме яны складалі каля 5 валок, то на кожны двор прыходзілася ў сярэднім меней за 1/3 валокі (7 га). На гэтых надзелах высявалася 10 бочак жыта (азімага), каля 2 бочак ячменю, 8 бочак аўса, 4 бочкі яркі (яравога жыта), па 2 бочкі пшаніцы і гароху, па чвэрці лёну і канаплі. Норма высеву зерневых, мяркуючы па гэтых лічбах, складала блізу 1 чвэрці (100 л, ці 0,8 ц) на гектар. Ураджайнасць жыта прыкладна ў пяць разоў перавышала пасеў (г. зн. была блізу 4 ц/га), ячменю — вагалася ад сам-1 да сам-10, аўса — каля сам-3, прычым у інвентары адзначаецца, што ў даўнія гады ўраджай аўса нават не вяртаў насення.

Да гэтага інвентара дадаецца запіс пра змяненне зямельных уладанняў касцёла, здзейсненых капітулам 24 кастрычніка 1787 г.[35] Плошча іх склала з таго часу 17 валок 22 моргаў, з якіх 6 валок належалі непасрэдна плябаніі, а 10 валок 22 моргі прызначаліся пад надзелы яе прыгонных.

Завяршаюць спіс інвентароў XVIII ст. два інвентары прэстымонія Прудкі, датаваныя 29 верасня 1787 і 1789 г.[36] Колькасць двароў у Прудках склала ў 1787 г. 22, а праз два гады — 23. У Лішчыцах іх было адпаведна 13 і 14. У 1787 г. 1 двор пазначаны таксама ў засценку Капцы, а 2 — у засценку Гарадзец. У 1789 г. іх насельнікі дапісаны пасля спісу гаспадарак вёскі Лішчыцы, без пазначэння месца жыхарства. Памеры надзелаў пазначаны толькі ў інвентары 1787 г., прычым не ў валоках, а ў моргах (1/30 валокі). Самыя маленькія надзелы — па 10 сядзібных моргаў, ці 1/3 валокі — былі ў 3 сялян, якія плацілі за іх чынш па 13 злотых 10 грошаў. Самым буйным быў надзел у 2 валокі (Мацея Жукоўскага з Лішчыц). За яго належаў чынш у 80 злотых. Яшчэ 3 чалавекі мелі надзелы больш за 1 валоку сядзібнай зямлі, а ў 7 спалучэнне сядзібных і прыёмных моргаў у суме давала валоку і болей, што азначала плату ад 40 да 63,5 злотых. Палова ўсіх надзелаў (20) укладвалася ў памеры ад 20 да 27 моргаў (14-19 га) сядзібнай зямлі, яшчэ ў 5 сялян такія самыя лічбы давала спалучэнне сядзібных і прыёмных моргаў. Чынш з такіх надзелаў налічаўся ў межах ад 26 злотых 20 грошаў да 36 злотых. На 0,5 валокі сума чыншу складала 20 злотых, г. зн. яна не змянілася параўнальна з 1778 г. Верагодна, былі і іншыя павіннасці, аналагічныя павіннасцям сялян з іншых вёсак (падымнае, мядовае), але ў інвентары яны не згадваюцца.

Сярэдні памер гаспадаркі быў даволі стабільны. Паводле дадзеных інвентара 1740 г. ён складаў каля 6,3 чал. (дыяпазон ваганняў — ад 2 да 18). Серыя інвентароў 1783—1789 г. змяшчае дадзеныя пра гаспадаркі па 7 з 12 паселішчаў. Іх сярэдні памер складаў 6,1 чел., а з улікам кутнікаў — да 6,3 (пры размаху ваганняў ад 1 да 14). Забяспечанасць зямлёй моцна мянялася па розных прэстымоніях, і нават па адным паселішчы з цягам часу, што бачна з табліцы 1. Верагодна, значнае павелічэнне ворыўнай зямлі ў прэстымоніях Вялікі Корань і Прудкі звязана з расчысткай новых земляў з-пад лесу.

Табліца 1. Колькасць насельніцтва і зямлі ў гаспадарках паводле дадзеных інвентароў XVIII ст.

Даты Паселішчы Гаспадаркі Душы Усяго зямлі На 1 двор На 1 душу
муж. усяго валок га валок га
1742 Корань, Нарбутаваа 9 13
1744? Прудкі, Лішчыцы 23 56 16 341 0,69 14,8
1747 Міхалкавічы, Чэрнева 25 15,6 332 0,62 13,3
1761 Грамніца, Жырблевічы,  Церахі 34 131 24,25 516,5 0,71 16,2
1774/5 Прудкі, Лішчыцы,  Гарадзец, Млын 36 96 20,3 433 0,55 11,7
1781 Міхалкавічы, Чэрнева, Юршы 49 141 255? 22б 469б 0,5 10,6
1783 Корань, Нарбутавав 16 49г 100г 5? 105? 0,31 6,6 1,05
1786 Міхалкавічы, Чэрнева, Юршы 56 175г 339г 25,6 546 0,46 9,8 1,61
1787 Корань, Нарбутава 16? 49? 100? 10,7 228 0,67 14,2 2,28
1787/9 Прудкі, Лішчыцы, Гарадзец, Капцы 40 127 236 34,6 737 0,86 18,4 3,12

а З улікам 1 двара ў Грамніцы

б Падлікі толькі ў дачыненні да 44 гаспадарак

в З улікам па 1 двары ў Грамніцы, Жырблевічах, Церахах і Чэрневе

г Без уліку кутнікаў

Табліца 2. Наяўнасць свойскай жывёлы ў гаспадарках паводле дадзеных інвентароў XVIII ст.

Даты Паселішчы Гаспадаркі Коні Валы Каровы Авечкі Козы Свінні Вуллі пчол
1742 Корань, Нарбутаваа 9 9 14 9
1744? Прудкі, Лішчыцы 23 43 68
1761 Грамніца, Жырблевічы, Церахі 34 59 73
1774/5 Прудкі, Лішчыцы, Гарадзец, Млын 36 56 71
1781 Міхалкавічы, Чэрнева, Юршы 49 75 84 100 202 70 125 4
1783 Корань, Нарбутаваб 16 25в 37в 33в 70 18 48
1786 Міхалкавічы, Чэрнева, Юршы 56 191 233 347 443 148 617 79

а З улікам 1 двара ў Грамніцы

б З улікам па 1 двары ў Грамніцы, Жырблевічах, Церахах і Чэрневе

в З улікам маладняку

Забяспечанасць бальшыні гаспадарак свойскай жывёлай была здавальняльнай. Тыповая гаспадарка мела, як правіла, 1—2 коней, пару валоў, не менш за 2 каровы, 2—3 свіней.

У XVIII ст. у маёнтках капітула пераважала грашовая рэнта — чынш. Самая высокая норма паншчыны фіксуецца ў інвентарах Кораньскай плябаніі (2,5—3 дні з гаспадаркі) і прэстымонія Вялікі Корань за 1786 г. (3 мужчынскія і 2 жаночыя дні з валокі, ці прыкладна 2,5 з гаспадаркі). Паколькі сярэдні памер гаспадаркі быў блізкі да 6 чал., з іх прыкладна палова працаздольных, то на кожнага работніка прыходзілася менш за 1 чалавека-дзень на тыдзень. Гэтая норма была намнога ніжэйшая за сярэднюю па Беларусі. Нагадаем, што ў суседнім маёнтку Айнаравічы паншчына складала 4—5 дзён з гаспадаркі, ці 8—10 з валокі. Такое становішча было куды больш тыповым для шляхецкіх маёнткаў. Поводле падлікаў П. Лойкі, у 29 прыватнаўласніцкіх маёнтках захаду і цэнтра Беларусі ў другой палове XVIII ст. паншчына складала ў сярэднім 9,8 чалавека-дзён на тыдзень з валокі[37]. Характэрна, што і сярэдні памер гаспадаркі па Беларусі ў цэлым быў прыкметна вышэйшы. Ю. Можы паводле дадзеных 15 інвентароў за перыяд з 1725 да 1808 г. налічыў у 4370 дварах 34 950 душ, г. зн. блізу 8 чалавек на двор.

У сакавіку 1793 г. у працэсе другога падзелу Рэчы Паспалітай тэрыторыя цэнтральнай Беларусі адышла да Расіі. Для ўладанняў каталіцкай царквы гэта мела вельмі істотныя наступствы: усе маёнткі біскупа і капітула ў 1794 г. былі канфіскаваныя. У актавай кнізе капітула за 1797 г. падаецца пералік страчаных уладанняў, сярод якіх фігуруюць прэстымоній каноніка Ігнацыя Кліманьскага Вялікі Корань, прэстымоній Мікадыма Пузыны Корань, або Красны Бор, прэстымоній Якуба Дадэркі Прудкі[38]. 18 жніўня 1795 г. маніфестам імператрыцы Кацярыны II гэтыя і шэраг іншых канфіскаваных маёнткаў (у тым ліку і суседнія Айнаравічы, або Мураваны Двор) былі пажалаваны ва ўласнасць генерал-маёру Івану Мікалаевічу Няплюеву[39]. Пры гэтым тры былыя капітульныя прэстымоніі былі аб’яднаныя ў адзін маёнтак, які атрымаў назву Красны Бор.

Пераход у склад Расійскай імперыі азначаў для жыхароў Карэньшчыны не толькі змену ўладальніка, але і шэраг іншых, часам вельмі балючых новаўвядзенняў. Адным з іх была рэкруцкая павіннасць, якой не ведала Рэч Паспалітая. Цяпер усё мужчынскае насельніцтва ва ўзросце ад 19 да 35 гадоў трапляла ў разрад ваеннаабавязаных, і пры абвяшчэнні чарговага набору (ён праводзіўся ў сярэднім 1 раз на год) кожны з іх рызыкаваў трапіць на 25-гадовую вайсковую службу. Адчувальна павялічыўся і ўзровень эксплуатацыі сялян. Хоць непасрэдных звестак на гэты конт няма, можна меркаваць, што ў маёнтку Красны Бор ужо ў гэты час замест чыншу ўсталявалася такая ж паншчына, як і ў суседніх Айнаравічах, чаму спрыяла часовае аб’яднанне абодвух уладанняў у адзін маёмасны комплекс генерала Няплюева. Пасля яго смерці абодва маёнткі дасталіся ў спадчыну яго дачцэ Марыі, па мужу Енгалычавай, якая 21 чэрвеня 1826 г. прадала Красны Бор гвардыі палкоўніку Казіміру Іванавічу Чудоўскаму[40].

Што тычыцца ўладанняў Кораньскага касцёла, то яны былі пакінуты ў руках плябана Рафала Гзоўскага. Згодна з інвентарным апісаннем ад 8 снежня 1796 г.[41], землі гэтага маёнтка пасля паўторнай фундацыі капітула ад 1787 г. вымяраліся 17 валокамі 22 моргамі, з якіх 6 валок выкарыстоўваліся плябанскім дваром, а 10 валок 22 моргі складалі надзелы прыгонных сялян плябаніі (іх спісу ў гэтым інвентары няма).

Наступнае апісанне Кораньскага касцёла датуецца 18 жніўня 1804 г.[42] На той час у Корані было 4 двары, у Нарбутаве — 3. Яшчэ 7 чалавек пазначаны ў спісе чэлядзі плябанскай і 1 — у якасці кутніка. Колькасць душ абодвух полаў складала 59 чалавек. Усе сялянскія надзелы былі аднолькавыя — па 3 моргі (крыху больш за 2 га) сядзібнай зямлі і па 3 моргі сенакосаў. Апрача таго сяляне мелі яшчэ палявыя надзелы, падзеленыя на 3 змены па 4 моргі ў кожным участку. Адна гаспадарка (Мацея Гусакоўскага) мела дадаткова ўчастак пусташы ў 6 моргаў сядзібнай і сенакоснай зямлі. У сярэднім на двор прыпадала па 12 моргаў ворыва, па 3 моргі сядзібнай і 3 — сенакоснай зямлі, г. зн. па 18 моргаў (крыху менш за 13 га) на двор. За сядзібныя надзелы належала па 2 мужчынскія і 2 жаночыя дні паншчыны і па 2 талакі ў год (на вываз гною і на жніво). Такім чынам, і ў царкоўных уладаннях норма паншчыны наблізілася да лічбы, характэрнай для шляхецкіх маёнткаў. Зямельныя ўладанні плябаніі ў суме складалі 18 валок (каля 385 га), з іх 9,5 валокі і 2,5 морга прыходзілася на дворную зямлю, 5 валок — на сялянскія надзелы, 3 валокі і 12,5 морга — на баравы лес. 4 пусташы (іх памер не пазначаны) знаходзіліся ў арэндзе ў яўрэя-карчмара і трох дробных шляхцічаў — Міхала Главацкага, Антонія Гашынскага і Станіслава Добжынскага. На 7 сялянскіх двароў прыпадала 8 коней, 3 клячы (кабылы), 3 жарабят, 17 валоў, 1 бык, 8 кароў, 1 цялушка, 12 коз, 35 авечак, 16 свіней, 41 курыца. Аднаму з сялян — Вінцэнту Шчарбовічу — як новіку нядаўна оседламу была дадзена ільгота на 2 гады, пасля заканчэння якой ён мусіў выконваць павіннасці ў агульным парадку.

Інвентар ад 3 чэрвеня 1807 г.[43] быў складзены з нагоды перадачы плябаніі пасля смерці Рафала Гзоўскага новаму ксяндзу — Юзафу Валіцкаму. З чатырох арандатараў пусташаў засталіся двое — яўрэй Гірш і шляхціч Добжынскі. Колькасць двароў у Нарбутаве засталася нязменнай, у Корані — павялічылася з 4 да 6, а колькасць падданых у абодвух паселішчах склала 69 (без чэлядзі, спісу якой няма). На 9 двароў прыпадала 7 коней, 11 кляч, 3 жарабят, 18 валоў, 6 бычкоў, 4 цялушкі, 16 кароў, 2 перадойкі , 8 козаў, 48 авечак, 21 свіння, 59 курэй. У гаспадарцы Мацея Гусакоўскага было 6 вулляў пчол, яшчэ 1 вулей — у Міхала Гусакоўскага.

Наступнае інвентарнае апісанне Кораньскага касцёла, датаванае 5 лютага 1822 г.[44], прыгадвае 4 сялянскія двары ў Корані і 4 ў Нарбутаве — усяго 63 чалавекі абодвух полаў. Яшчэ 2 чалавекі служылі пры плябаніі. На ўсе 8 двароў прыпадала 10 коней, 17 валоў, 9 кароў, 33 авечкі, 21 свіння, 53 курыцы, 1 вулей пчол.

Багатую інфармацыю змяшчае інвентар маёнтка Красны Бор, які захаваўся ў фондзе Мінскага губернскага інвентарнага камітэта[45]. Дата яго складання не пазначана, але ў загалоўку ўладальнік маёнтка Казімір Чудоўскі названы нябожчыкам (ён памёр 12 ліпеня 1846 г.[46], а 21 жніўня таго самага года ў валоданне маёнткам быў уведзены яго брат Аляксей[47] ). Фармальна інвентар трэба датаваць чэрвенем — жніўнем 1846 г., аднак супастаўленне пазначанага ў ім узросту сялян з дадзенымі метрычных кніг і рэвізскіх сказак паказвае, што пры яго стварэнні былі механічна выкарыстаны звесткі з нейкага гаспадарчага інвентара таго самага маёнтка за 1841 г.

У інвентары як самастойныя гаспадары выступаюць не толькі трымальнікі ворыўных (грунтовых) надзелаў і агароднікі , што карысталіся толькі сядзібнай зямлёй з агародам, але таксама халупшчыкі , якія ўвогуле зямлі не мелі. Асобна пазначаны кутнікі. Усяго ў маёнтку значылася 142 гаспадаркі на поўных надзелах, 3 агароднікі, 6 халупшчыкаў і 13 кутнікаў. Памеры надзелаў для ўсіх грунтовых двароў былі аднолькавыя — па 15 дзесяцін[48] палявой і 5 дзесяцін сенакоснай зямлі. Гэта, аднак, супярэчыць змешчанай у пачатку інвентара агульнай характарыстыцы маёнтка, якая належыць да 1846 г. У ёй пазначана, што на двор прыпадае па 1 дзесяціне сядзібнай зямлі, 10 дзесяцін ворыўнай і 3,3 — сенакоснай. Відавочна, паміж 1841 і 1846 г. памеры надзелаў былі скарочаны.

Параўнальна з перыядам ВКЛ рэзка ўзрасла сярэдняя населенасць двара — цяпер яна складала 8,8 чалавек. Верагодна, гэта было рэакцыяй сялян на рост адпрацовачных павіннасцяў: для гаспадаркі, якая мела больш рабочых рук, цяжар на кожнага быў не такі вялікі. Таму запозненае адшчапленне новых гаспадарак, як і больш раннія шлюбы (што прыводзіла ў сям’ю новую работніцу) сталі выгаднымі для сялян.

Табліца 3. Маёнтак Красны Бор паводле дадзеных інвентара 1841 г.

Паселішчы: Колькасць двароў Колькасць душ Свойская жывёла пчолы
муж. жэн. усяго коні валы жараб. бычкі каровы цялушкі авечкі кохы свінні
пры маёнтку 1 2 4 6 0 0 0 0 0 1 2 0 3 0
1 Грамніца 17 61 74 135 24 33 0 15 23 16 87 20 61 12
2 Града 1 7 4 11 4 3 2 3 5 2 9 0 5 6
3 Жырблевічы 12 58 56 114 17 35 5 17 23 16 77 14 56 24
4 Казыры 13 58 70 128 30 34 5 17 28 21 87 11 71 54
5 Лішчыцы 13 50 49 99 18 25 2 11 18 10 66 20 43 8
6  Міхалкавічы 31 135 140 275 45 71 10 22 40 38 154 64 111 10
7 Востраў 1 7 7 14 4 4 1 2 4 3 8 0 4 0
8 Прудкі 25 97 124 221 28 52 5 17 32 27 121 56 60 6
9 Церахі 24 90 111 201 28 58 10 31 40 30 109 38 86 37
10 Чэрнева 13 63 59 122 26 35 13 13 26 22 71 19 41 4
Усяго 151 628 698 1326 224 350 53 148 239 186 791 242 541 161

У сваю чаргу памешчык адрэагаваў тым, што ўжыў новую сістэму раскладкі павіннасцяў — ужо не ў разліку на двор ці валоку, а ў залежнасці ад колькасці работнікаў у гаспадарцы. На кожнага працаздольнага (такімі лічыліся мужчыны і жанчыны ад 15 да 50-55 гадоў) прыходзілася ў сярэднім па 1 дні прыгону на тыдзень. У цэлым на 142 цяглых гаспадарак гэта давала 286 мужчынскіх дзён (з іх 275 дзён конных і 11 — пешых) і 288 жаночых, г. зн. прыкладна па 4 дні паншчыны на гаспадарку. Апрача таго незалежна ад колькасці працаздольных кожная гаспадарка абавязана была адпрацаваць 1 дзень у якасці шарварка , што давала яшчэ 100 конных і 42 пешых дзён, а сярэдняя колькасць адпрацовачных чалавека-дзён з цяглай гаспадаркі дасягала 5. У дадатак, з кожнай працаздольнай душы (з улікам агароднікаў і нават кутнікаў) належала ў год па 6 дзён летняй дапамогі , або талакі. Гэтая павіннасць прыйшла яшчэ з XVI ст., але замест валокі ці двара таксама вылічалася цяпер з кожнай душы. 138 найбольш моцных гаспадарак выконвалі яшчэ ў год па 1 падводзе (паездцы са сваім гужавым транспартам на адлегласць блізу 1 мілі, або 7,4 км). Тыя, хто трымаў пчол, уносілі натуральную павіннасць мёдам: звычайна па 12 кварт[49] з двара, хоць некаторыя ўладальнікі пасек уносілі па 48 і нават 60 кварт.

Падсумоўваючы, можна канстатаваць, што прыналежнасць маёнтка Корань віленскаму капітулу была фактарам вельмі спрыяльным для сялян. Узровень іх эксплуатацыі ў найбольш жорсткай форме — адпрацоўка прыгону — на той час быў істотна ніжэйшы за сярэдні па Беларусі. З пераходам маёнтка ў прыватныя рукі гэтая перавага знікла, і ў цэлым становішча былых капітульных падданых істотна пагоршылася. Гэта пацвярджаецца ўспамінамі, зафіксаванымі на пачатку ХХ ст. нараджэнцам вёскі Міхалкавічы — беларускім культурным дзеячам і этнографам-аматарам А. Варлыгам. Ён адзначаў, што ў свядомасці сялян расійскае панаванне было часам пагаршэння іх становішча, і таму пад час вайны 1812 г. іх сімпатыі адназначна былі на баку французаў[50].


[1] Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezyi Wileńskiej. Kraków, 1948. №25. S. 40—2; Vitoldiana. Codex privilegiorum Vitoldi magni ducis Lithuaniae 1386—1430 / Wyd. J. Ochmański. Warszawa — Poznań, 1986. №13. S.18—9.
[2] Аддзел рукапісаў бібліятэкі АН Літвы (далей — АРБАНЛ). Ф. 43. Адз. зах. 435.
[3] Тамсама. Адз. зах. 213. Арк. 77 адв. — 79; Ochmański J. Op. cit. S. 190—1.
[4] АРБАНЛ. Ф. 43. Адз. зах. 213. Арк. 202 адв. — 204. Гл. таксама: Ochmański J. Op. cit. S.191, 195—6.
[5] У 1560—70–я г. лігатурная маса гроша складала 0,868 г срэбра. 1 грош быў роўны 10 пенязям.
[6] Відавочна, мелася на ўвазе вялікая, так званая віленская бочка, роўная 4 малым бочкам — карцам. Адпаведна артыкулу 30 раздзела 3 Статута ВКЛ 1566 г. умяшчальнасць бочкі складала «4 корцы без верху и тресенья, але под стрых». Яе аб’ём быў роўны прыблізна 407 л, ці каля 16 пудоў (262 кг) збожжа.
[7] Тамсама. Адз. зах. 214. Арк. 244.
[8] Тамсама. Адз. зах. 215. Арк. 168 адв.—171 адв.
[9] АРБАНЛ. Ф. 43. Воп. 1. Адз. зах. 215. Арк. 279.
[10] Тамсама. Адз. зах. 216. Арк. 58—59 адв. Гл. таксама копію: НГАБ. Ф. 1769. Воп. 1. Адз. зах. 22. Арк. 433—4.
[11] АРБАНЛ. Ф. 43. Адз. зах. 609.
[12] Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы (ДГАЛ). Ф. СА (Старажытныя акты). Адз. зах. 3721. Арк. 28.
[13]м Тамсама. Арк. 36.
[14] Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w 2 połowie XVII wieku. Poznań, 1965.
[15] АРБАНЛ. Ф. 43. Адз. зах. 8584.
[16] Тамсама. Адз. зах. 10750.
[17] НГАБ. Ф. 1769. Воп. 1. Адз. зах. 144. Арк. 38.
[18] Тамсама. Арк. 53.
[19] Тамсама. Арк. 352—4.
[20] ДГАЛ. Ф. 694. Воп. 1. Адз. зах. 4481.
[21] НГАБ. Ф. 147. Воп. 2. Адз. зах. 121. Арк. 82, 89—90.
[22] АРБАНЛ. Ф. 43. Воп. 1. Адз. зах. 10771.
[23] Тамсама. Адз. зах. 10758.
[24] Gumowski M. Mennica Wileńska w XVI i XVII wieku. Warszawa, 1921. S. 61.
[25] Рябцевич В. Н. О чем рассказывают монеты. 2–е изд. Мн., 1977. С. 157.
[26] Указанні на цэны прадуктаў змяшчаюцца ў інвентарах, апублікаваных Віленскай археаграфічнай камісіяй: АВК. Т. 35. Вильно, 1910. С. 67, 73, 108, 110, 119, 192, 198, 233, 242, 305, 320, 325; тамсама. Т. 38. Вильно, 1914. С. 76—7, 202. Дадзеныя з інвентара 1734 г. маёнтка Бачэйкава маюцца таксама ў публікацыі: Цехановецкий В.П. Хроника одного поместья. Бочейково. Витебск, 1905. С. 18.
[27]> ДГАЛ. Ф. СА. Адз. зах. 116. Арк. 13—16 адв.
[28] АРБАНЛ. Ф. 43. Воп. 1. Адз. зах. 10760.
[29] АРБАНЛ. Ф. 43. Воп. 1. Адз. зах. 10761, 10762.
[30] НГАБ. Ф. 1769. Воп. 1. Адз. зах. 6. Арк. 278—283 адв.
[31] ДГАЛ. Ф. 694. Воп. 1. Адз. зах. 3397. Арк. 50—3.
[32] Тамсама. Арк. 55—6 адв.; АРБАНЛ. Ф. 43. Воп. 1. Адз. зах. 10763, 10764.
[33] Канцы радкоў, прысвечаных жыхарам Чэрнева, у гэтым інвентары пашкоджаны, таму страчаны імёны некалькіх дачок (прынамсі — у трох дварах).
[34] НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Адз. зах. 219. Арк. 125—68.
[35] Тамсама. Ф. 1769. Воп. 1. Адз. зах. 22. Арк. 431—2. Гл. таксама: Ф. 147. Воп. 2. Адз. зах. 121. Арк. 94 адв.
[36] АРБАНЛ. Ф. 43. Воп. 1. Адз. зах. 10765, 10766.
[37] Лойка П. А. Прыватнаўласніцкія сяляне Беларусі: Эвалюцыя феадальнай рэнты ў другой палове XVI—XVIII ст. Мн., 1991. С. 100.
[38] АРБАНЛ. Ф. 43. Воп. 1. Адз. зах. 244. Арк. 336.
[39] НГАБ. Ф. 147. Воп. 2. Адз. зах. 121. Арк. 126.
[40] НГАБ. Ф. 147. Воп. 2. Адз. зах. 121. Арк. 126.
[41] Тамсама. Арк. 91—94 адв.
[42] НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Адз. зах. 276. Арк. 25—34 адв.
[43] Тамсама. Адз. зах. 309. Арк. 33—43.
[44] Тамсама. Ф. 1781. Воп. 27. Адз. зах. 377. Арк. 28—41.
[45] НГАБ. Ф. 142. Воп. 1 Адз. зах. 305.
[46] НГАБ. Ф. 146. Воп. 2. Адз. зах. 1778. Арк. 6 адв.
[47] Тамсама. Адз. зах. 1004.
[48] Дзесяціна была роўная 1,09 га.
[49] Кварта была роўная 0,705 л.
[50] Варлыга А. Карэншчына. Успамін–нарыс з канца ХIХ — пачатку ХХ ст. // Літаратура і мастацтва. 1994. № 14. 8 крас.

Наверх

Бeрнгард K’яры. Лёс беларускіх габрэяў у «Генеральным камісарыяце Беларутэніі»*

Чэрвеня 27, 2000 |

Спроба наблізіцца да незразумелага

* Праца першапачаткова друкавалася ў выданні: Benz, Wolfgang / Wetzel J. (Hg.), Solidarität und Hilfe fur Jüden während der NS_Zeit. Regionalstudien 3. Danemark, Niederlande, Spanien, Portugal, Ungarn, Albanien, Weißrußland. Berlin, 1999, S. 271—309.

Улетку 1944 г. Чырвоная Армія заняла Беларусь. Нямецкі вермахт адступаў на ўсіх франтах. Савецкія жаўнеры былі з радасцю вітаныя жыхарствам краю з нагоды вызвалення ад нямецкае акупацыі. Гэтаксама сярод яго заўважаліся недавер і страх, што Саветы пачнуць караць тых, хто ў часе вайны заставаўся на акупаваным абшары. Габрэяў, што жылі ў 1941 г. у Беларусі і былі тады (побач з беларусамі і палякамі) адной з найбуйнейшых групаў насельніцтва, болей немагчыма было напаткаць ані ў гарадах, ані ў вёсках. Абсалютная бальшыня іх сталася ахвяраю галакосту. Разам з людзьмі зніклі мовы ідыш ды іўрыт, бальшыня сінагогаў была разбураная. Шмат дзе апошнім напамінам заставаліся могілкі.

Тэрыторыя сённяшняе Беларусі амаль выключна населеная беларусамі і расійцамі. Габрэі зніклі не толькі з поля зроку, але — з часоў другой сусветнае вайны — у вялікай ступені таксама і са свядомасці людзей. Той, хто пабывае ў сталіцы Менску або ў беларускіх мястэчках, будзе змушаны доўга шукаць слядоў габрэйскага жыцця і габрэйскае культуры. І ўсё-ткі існуюць мажлівасці рэканструяваць «шоах» (іўрыцк. «катастрофа». — Л.Б.) не толькі як пачварную аперацыю нацыянал-сацыялісцкіх ідэолагаў, але і праз разгляд асобных чалавечых лёсаў. У архівах «Яд Вашэм» захоўваюцца сведчанні пра тое, як беларусы, палякі і расійцы ў Беларусі мужна выступалі ў абарону сваіх габрэйскіх суграмадзянаў. Надалей будзе паказана, чаму, аднак, менавіта тут перадумовы для выяўлення гераічнай мужнасці і грамадзянскай адвагі былі горшыя, чымся ў іншых акупаваных нямецкімі войскамі краінах. Гэта ілюструюць выказванні, зробленыя ратавальнікамі і ўратаванымі ў Ізраілі або ў Беларусі.

Усюды ў акупаванай немцамі Еўропе габрэяў пераследавалі і забівалі. У межах гэтае серыі Бэата Кaсмаля і Франк Гальчэўскі вялі гаворку пра акупаваную Польшчу ды Ўкраіну[1]. У абедзвюх працах паказваюцца мужнасць, адвага і пагарджанне смерцю людзей, калі імі аказвалася падтрымка суседзям-габрэям у супрацьстаянні нацысцкай машыне тэрору. Дзеля таго, каб абараніць «выпхнутых з супольнасці народаў» габрэяў перад лёсам, вызначаным для іх нацыстамі, пагарджанне смерцю перад абліччам брутальных метадаў нямецкіх акупантаў было асабліва неабходнае ў Польшчы ды на акупаванай частцы Савецкага Саюза[2].

Стаўленне людзей да сваіх суседзяў-габрэяў датычна Беларусі гэтаксама цяжка зразумець, як і датычна Ўкраіны або акупаванай Польшчы. Відаць, падобна, як у «генерал-губернатарстве», у Беларусі сярод жыхарства дамінавалі пасіўнасць ды апатыя ў дачыненні да лёсу габрэяў. Што праўда, антыгабрэйскіх эксцэсаў, якія мелі месца ў Прыбалтыцы, нямецкія сілы бяспекі чакалі ў бальшыні дарэмна. Але на лакальным роўні сярод беларусаў ды палякаў існаваў вялікі патэнцыял антысемітызму. Гатовасць шырокіх слаёў жыхарства ўлетку 1941 г. да супрацоўніцтва з акупацыйнымі ўладамі ў значнай ступені ўлучала ў сябе гатоўнасць дапамагаць у «вырашэнні габрэйскага пытання». Спецыфіка і агульныя варункі, у якіх адбывалася вынішчэнне габрэяў у «генеральным камісарыяце Беларутэніі» (гэтак гучаў нямецкі назоў тае часткі БССР, што мела ад восені 1941 г. цывільную адміністрацыю), робяцца зразумелымі праз шэраг асаблівасцяў ды лініяў гістарычнага развіцця, што адрозніваюць гэты рэгіён ад іншых акупаваных абшараў. Тут найгалоўнейшыя тры моманты. Найперш вырашальную ролю мела тая акалічнасць, што БССР у межах 1941 г. — нягледзячы нават на прыспешаную саветызацыю пасля заняцця колішняе польскае тэрыторыі ў 1939 г. — заставалася краем з этнічна-мяшаным насельніцтвам. У звязку з гэтым трэба, па-другое, звярнуць увагу на тую надзвычайную напружанасць, што ўзнікла паміж тымі, хто перамог і хто прайграў пры гэтым змяненні сістэмы, і на якую ў 1941 г. магло разлічваць нацысцкае кіраўніцтва. Па-трэцяе, у Беларусі хутчэй, чым у іншых месцах, раскруцілася спіраль гвалту, якая ўсебакова і на ўсіх узроўнях спрыяла пашырэнню як гатовасці чыніць гвалт, гэтак і прыстасавальніцтва[3].

Каб праясніць становішча беларускіх габрэяў пад час нямецкае акупацыі, ніжэй мы падамо апісанні трох выпадкаў «ратавання габрэяў». У першым выпадку сведка Анатоль Паўлавіч Цыбульскі, удзельнік Менскага падполля і начальнік штаба партызанскае брыгады імя Дунаева, паведамляе, што Пётр Міхайлавіч Палікарповіч, ягоная жонка Лідзія Карпаўна, а таксама іх абедзве дачкі Тацяна і Валянціна падтрымлівалі савецкі Супраціў у Менску. Асаблівы клопат і дапамога сям’і Палікарповічаў, паводле Цыбульскага, належалі габрэям Менску. Шматлікія габрэі, што ўцякалі ад нямецкіх карных акцыяў з Менскага гета, знаходзілі схованку тут. Хоць жыццё ў горадзе тады было вельмі цяжкое, сям’я дзялілася сваімі сціплымі пайкамі з уцекачамі[4].

У некаторых выпадках удавалася здабываць пашпарты са славянскімі («рускімі») прозвішчамі, з дапамогай якіх уцекачы маглі пакінуць горад. Прыкладам, аднаго разу Палікарповіч звярнуўся да сваёй знаёмай Юліі Іванаўны Клімковіч, што жыла ў вёсцы паблізу Менску. Палікарповіч ведаў, што ў яе пад час вайны памерла сваячка. Ён выпрасіў пашпарт нябожчыцы, каб зрабіць мажлівымі ўцёкі лекаркі Розы Восіпаўны Ліўшыц у савецкі партызанскі аддзел[5].

Некаторыя габрэі заставаліся жыць з новымі дакументамі на вачах нямецкіх акупантаў або нават высылася ў Нямеччыну ў якасці «остарбайтараў». Так, Алена Артураўна Гіршгорн, жанчына, якой таксама дапамагаў Палікарповіч, была абшуканая і затрыманая на рынку пад час паліцэйскае аблавы са здабытым праз яго пашпартам. Акупацыйныя ўлады не згледзелі фальшыўкі. Яны далі звесткі нямецкай біржы працы пра Алену Гіршгорн як пра асобу без сталага занятку, не распазнаўшы, аднак, яе габрэйскага паходжання, і накіравалі на прымусовыя работы. Да высылкі заставаліся лічаныя гадзіны, і Алена Артураўна зноў звярнулася да Палікарповіча, які чарговы раз дапамог ёй. Гэтым разам уражвальнае сведчанне свае адвагі прадэманстравала ягоная дачка. Яна здолела забраць з гета асабістыя рэчы Алены Артураўны і прынесла іх на месца збору, куды былі сагнаныя асобы, вызначаныя да адпраўлення на прымусовыя работы[6].

Сведка Цыбульскі называе шэраг савецкіх габрэяў, што перажылі галакост дзякуючы сям’і Палікарповічаў[7]. З іх паказанняў робіцца відавочным, колькі патрабавалася адвагі, каб рабіць акцыі дапамогі для ўцекачоў з гета. Адна з жыхарак гета, якой таксама з дапамогай сям’і Палікарповічаў удаліся ўцёкі, паведамляе, што ў 1941 г. было досыць нескладана трапіць у «рускі раён» з менскага габрэйскага гета, яно тады ахоўвалася дрэнна. Пэўныя дзверы ў патрэбных месцах не былі яшчэ замураваныя, і праз іх здзяйснялася лучнасць з вонкавым светам. Праблема была ў іншым: «Мы спрабавалі пайсці шмат да каго са сваіх знаёмых, — гэтак лапідарна гучыць выказванне сведкі, — але апроч Палікарповіча ніхто нас да сябе не пускаў»[8].

Адвагу і гераізм дэманстравалі таксама іншыя людзі ў акупаваным Менску. Людміла Іосіфаўна Мачуленка — гэта другі прыклад — падтрымоўвала людзей з гета прадуктамі харчавання; сярод іх былі габрэйка Ася Майсееўна Траццякова ды ейны малы сын. У ліпені 1941 г. іх «перасялілі» ў гета. Ейны бацька быў забіты ўлетку таго самага года немцамі пад час масавай акцыі расстрэлу людзей. У першы год нямецкае акупацыі Ася неаднаразова атрымоўвала харчы з «рускага» раёна горада і забяспечвала імі сваё дзіця ды старую маці. Апошняя была расстраляная 2 сакавіка 1942 г. разам з іншымі, у бальшыні пажылога веку, насельнікамі гета на тэрыторыі Менскае шпалернае фабрыкі; у гэты час дачка выконвала прымусовую працу па-за межамі гета. У гэтай адчайнай сітуацыі, калі дні маці і дзіцяці былі фактычна злічаныя, Людміла Мачуленка выйшла на Асю Майсееўну, вывела абодвух з гета і схавала іх у сваёй кватэры. Пакоі ўжо былі занятыя сваякамі Людмілы Іосіфаўны, ваеннымі ўцекачамі, сярод якіх было некалькі малых, і ў тым ліку хворых, дзяцей[9]. Паводле паказанняў ратавальніцы, дадзеных у 1994 г., яна сустрэла абодвух габрэяў «у загадзя дамоўленым месцы» недалёка ад гета і павяла іх дадому, пры гэтым усё выглядала так, нібы яны ўтраіх рабілі нядзельную праходку.

Сухая мова пратаколаў апытанняў, складзеных Аб’яднаннем былых вязняў гета Рэспублікі Беларусь, не дазваляе меркаваць пра мажлівыя наступствы ўчынку Людмілы Іосіфаўны. Калі б уцекачы з прымусовых работ, а таксама іх выратавальнікі былі выкрытыя, іх непазбежна чакаў бы расстрэл на месцы[10]. Небяспека ішла не толькі ад нямецкіх акупантаў, але і ад сваіх жа суседзяў. Адна жанчына, якая данесла на сваю сваячку-паўгабрэйку, налева і направа гучна гаварыла пра тое, што ў яе доме яшчэ засталося «чацвёра жыдоўскіх дзяцей». (Зрэшты, усе яны здолелі перажыць вайну ў Менску[11]). Што ў гэтай сітуацыі магло пацягнуць за сабою прыняцце габрэйскіх уцекачоў у дадатак да ранейшых, можна лёгка здагадацца. Ася Майсееўна ды яе сын пакінулі гэты дом тыдзень пазней і з Менску прасёлкамі прабіраліся на Ўсход. Да красавіка 1944 г. яны знаходзілі сабе прытулак у розных вёсках.

Адна расійская сям’я — гэта трэці прыклад — уратавала жыццё маленькай габрэйскай дзяўчынцы. Паліна Ільінічна Лявонава (год нараджэння 1939-ы) жыла ў расійскай жанчыны Юліяніі Сяргееўны Вінаградавай ды яе сястры. Родная маці дзяўчынкі незадоўга перад пачаткам масавых расстрэлаў у Лёзне (Віцебская вобласць) прывезла яе ў бяспечнае месца, да знаёмых. Перад тым як быць арыштаванаю, ёй удалося атрымаць пасведчанне аб нараджэнні дачкі, дзе было пазначана, што ейны бацька быў паводле нацыянальнасці расіец. Потым гэта ўратавала малому дзіцяці жыццё, хоць нямецкія жандары пад час сваіх карных акцыяў выяўлялі і «паўгабрэяў». Маці неўзабаве пасля таго была расстраляная нямецкай і мясцовай паліцыяй недалёка ад горада.

Паліна правяла ваенны час у расійскай сям’і і засталася жывая. Паводле яе першых прыгадак, што, відаць, прыпадаюць самае ранняе на 1943 год, яна жыла ў пастаянным страху перад суседзямі. Тыя хутка патлумачылі ёй, што Юліянія не была ёй сапраўднай сваячкай і што дзяўчынка мае напраўду зусім іншае прозвішча. Паліна баялася задаваць пытанні, але ўвесь час была ў страху, што незразумелая тады для яе «таямніца» вакол ейнае біяграфіі стане вядомаю. Атмасфера пагрозаў яскрава ілюструецца выказваннямі дарослых асобаў, сярод іншых і ўратавальніцы дзіцяці. Юліянія Сяргееўна дапамагала з матываў гуманнасці. І яна не давярала ані знаёмым, ані сваякам і нічога не казала пра прыёмную дачку[12].

Лёс беларускіх габрэяў характарызуецца асаблівасцямі, веданне якіх дапамагае даць адпаведную ацэнку трох згаданых эпізодаў і ўлучыць іх у шырэйшы кантэкст. У дадзеным артыкуле гэта будзе здзейснена ў тры этапы. Напачатку гаворка пойдзе пра тыя розныя сітуацыі, у якіх апынуліся польскія габрэі ва ўсходніх прымежных абласцях (Kresy Wschodnie) і габрэі ў БССР. Па-другое, ёсць неабходнасць ахарактары заваць уздзеянне саветызацыі Ўсходняе Польшчы на габрэяў, а таксама на рэшту грамадства тае Беларусі, што ўзнікла па 1939 г. Урэшце, гэта стварае неабходнае тло для разгляду галакосту і нямецкае акупацыі 1941—1944 г. Пры гэтым абараняецца тэза, што ў Беларусі, заселенай рознымі этнічнымі групамі, дапамога габрэям ды салідарнасць з імі патрабавала нашмат болей адвагі і грамадзянскае мужнасці, чымся на іншых тэрыторыях, акупаваных нямецкімі войскамі[13].

Габрэі ў Заходняй Беларусі і ў БССР да 1939 г.

У Расійскай Імперыі гэтак званая рыса аселасці габрэяў дазваляла ім жыць у беларускіх Віцебскай, Віленскай, Гарадзенскай, Магілёўскай ды Менскай губернях. Калі даваць веры ўсерасійскаму перапісу насельніцтва 1897 г., меней як кожны дзясяты жыхар гэтага абшару быў габрэй. Але вылічаная тады сярэдняя лічба 13,6% можа ўвесці ў зман. У гарадах габрэйскае жыхарства было колькасна нашмат большае і найчасцей перавышала 50% ад агульнае лічбы жыхарства. Прыкладам, сярод жыхароў Слуцка на аднаго негабрэя прыпадалі чатыры габрэі[14].

Габрэйскія мястэчкі-«штэтлех» заставаліся выспамі ў славянскім атачэнні. Сярод габрэяў у межах рысы аселасці ў Расійскай Імперыі слаба выявіліся тыя асімілятарскія тэндэнцыі, што былі выразна заўважаныя на мяжы двух стагоддзяў у Нямеччыне і частках Аўстра-Вугоршчы ны. Якраз у выніку дыскрымінацыі, пагромаў і адносна праблематычна га суседства з беларускімі сялянамі, польскай шляхтай або расійскім чыноўніцтвам габрэйская местачковая культура больш-менш паспяхова ператрывала ўсе вонкавыя наступы на яе. Гаспадарчая функцыя габрэяў, што мела свой выраз у пасярэдніцтве паміж горадам і вёскай або паміж шляхтай (у бальшыні польскай) ды беларускім сялянствам, а таксама іх дамінаванне ў шматлікіх рамёствах і саматужніцкім промысле надавалі гэтай канструкцыі стабільнасць. У перыяд перад пачаткам першае сусветнае вайны ўсё больш адчувальнымі рабіліся наступствы індустрыял ізацыі, якая закранула ўсе этнічныя групы беларускага насельніцтва. Да гэтага дадавалася пэўнае выпетрыванне мястэчак знутры, у выніку чаго ўсё болей маладых людзей выязджала з невялікіх гарадоў і сёлаў Усходу, атмасфера якіх здавалася ім прыгнечвальнай, найперш у метраполіі, Вену і Берлін, або за акіян. Падзелы паміж этнічнымі групамі ў пераважна аграрнай Беларусі заставаліся ранейшымі, у адрозненне ад індустрыяль ных цэнтраў Расійскае імперыі[15] .

Габрэі, на якіх з кожнага боку глядзелі з недаверам, былі сярод найбольш пацярпелых пад час бітваў першае сусветнае і наступных войнаў. Названая вайна зрабіла Беларусь полем баявых дзеянняў гіганцкіх арміяў, а ў гады беспасярэдне пасля яе заканчэння — тэрыторыяй, дзе панавалі галеча, голад і эпідэміі. Габрэйскае жыхарства мела пераважна станоўчы досвед у дачыненнях з вайсковымі адміністрацыямі Аўстра-Вугоршчыны і Нямеччыны — краінаў цэнтральна-еўрапейскага блоку. Тыя ўтварылі з частак акупаванае беларускае тэрыторыі «Абшар Зверхніка войскаў Усходняга Фронту», скарочана «Обэр-Ост». Станоўчае стаўленне габрэяў да ўлады краінаў цэнтральна-еўрапейскага блоку, вядома, вынікала з тае палёгкі, што яны адчувалі, у звязку з тым, што наагул пасля калейдаскапічнае змены ваенных падзеяў усталявалася пэўная стабільная сітуацыя. Калі паглядзець на пытанне больш уважліва, дык вайсковыя адміністрацыі Нямеччыны і Аўстра-Вугоршчыны зрабілі для габрэяў няшмат; але, прынамсі, яны і не стваралі для гэтай групы насельніцтва вялікіх цяжкасцяў ды перашкодаў. Згадкі пра нямецкую ды аўстрыйскую акупацыі ва ўсякім разе былі нагэтулькі трывалыя, што як сярод габрэяў новапаўсталае Польскае дзяржавы, так і сярод савецкіх габрэяў яны захоўваліся аж да часу другое сусветнае вайны[16].

Польска-савецкая вайна і найперш змаганне паміж партыямі грамадзянскае вайны за ўладу ў былой расійскай імперыі спустошылі абшар краіны і прывялі маладую савецкую дзяржаву на мяжу краху[17]. Гэтаксама як беларусы і палякі, габрэйскае жыхарства панесла вялікія страты ў бойках, лініі франтоў якіх знікалі з вачэй. Мажліва, адзінае адрозненне, што існавала ў гэтыя гады паміж габрэямі і іхнымі славянскімі суседзямі, палягала ў тым, што ўсе канфліктоўныя партыі глядзелі на габрэяў як на ворагаў, і яны «неслі пакаранне» за быццам бы здраду і шпіянаж. Усе арміі, сярод якіх некаторыя — гэтак, як аддзелы Булак-Балаховіча — былі ні чым іншым, як збоем кепска апранутых і ўзброеных бадзягаў, чынілі зверствы. Хоць у Беларусі антыгабрэйскія выхадкі з боку Чырвонае Арміі былі хутчэй выключэннем, праблема антысемітызму існавала і была вядомая таксама ў гэтым авангардзе новага сацыялістычнага ладу[18].

Калі браць пад увагу межы БССР 1941 г. і пасляваеннага часу, габрэі «Заходняе Беларусі» (гэтак гучыць пазнейшы савецкі назоў анексаваных у 1939 г. тых земляў, што раней называліся Kresy Wschodnie) і габрэі Беларускае савецкае рэспублікі ішлі пасля заканчэння грамадзян скае вайны рознымі дарогамі. Габрэйская культура і габрэйскае жыццё па адзін і па другі бок дэмаркацыйнае лініі развіваліся ў розных кірунках. Хоць пра мяжу паміж Польшчаю і СССР няможна было гаварыць як пра бар’ер кшталту жалезнае заслоны, усё ж такі, пачынаючы з сярэдзіны дваццатых гадоў, яна ўсё больш і больш умацоўвалася Саветамі, каб засланіць іх ад «буржуазнае» Еўропы[19].

Пра цяжкія і, зрэшты, беспаспяховыя спробы габрэяў знайсці сваё месца ў новай Польскай дзяржаве гаворка ў межах рэгіянальных штудыяў ужо ішла[20]. У той час як у польскіх гарадах адбывалася ажыўленая дыскусія пра ролю габрэяў, тэмы якой ахоплівалі дыяпазон ад мажлівае асіміляцыі да мажлівае эміграцыі, у сельскай мясцовасці ўсходнепольскіх тэрыторыяў (на «крэсах») становішча заставалася ў цэлым без зменаў. У звязку з гаспадарчай адсталасцю рэгіёна наступствы прыватызацыі былі абмежаваныя. Нягледзячы на ўмацаванне польскае бюракратыі, у гэтай маладаступнай мясцовасці, што ўважалася польскімі інтэлектуаламі за першабытна-натуральную і дзіўную, захоўваліся традыцыйныя сацыяльныя і гаспадарчыя дачыненні, якія існавалі паміж габрэямі ды іх негабрэйскім атачэннем. Свет мястэчак ды іхная мова — гэтак як яны, да прыкладу, засталіся жыць у кінафільме «Дыбук», знятым незадоўга перад пачаткам вайны — надалей існавалі паралельна да беларускіх і польскіх асяроддзяў. Нягледзячы на канфлікты і змены, вонкавы мадэрнізацыйны ціск тут быў адносна невялікі[21]. Пра беларусаў турбаваліся гэтаксама мала. Патэнцыйна небяспечнымі для дзяржавы — гэткімі, як на поўдні ўважаліся ўкраінцы — іх успрымалі толькі найбольш радыкальныя польскія нацыяналісты[22].

Інакш яно адбывалася ў савецкай частцы Беларусі. Пасля грамадзянскае вайны габрэям тут была адведзеная роля не толькі нацыянальнае меншыні, талераванай дзяржаваю, але, у значнай ступені, і роля адной з дзяржаваўтваральных нацыяў. У часе заснавання ў 1921 г. Беларуская савецкая рэспубліка займала абшар, не большы за тэрыторыю Меншчыны. У наступныя гады слабіна маскоўскае бюракратыі была яшчэ вельмі адчувальная. Цягам некалькіх гадоў у сацыялістычнай канстытуцыі БССР мова ідыш была пастаўленая на адзін ровень з беларускай, польскай ды расійскай мовамі. У дваццатыя гады ўпершыню ўдалося стварыць навуковыя інстытуцыі, уласную сістэму адукацыі і беларускую літаратурную мову. Апошняя цягам кароткага часу ператварылася з вясковага дыялекту ў высокаразвітую мову, якая ўсё больш і больш адпавядала адмысловым патрэбам тэхнікі і народнай гаспадаркі[23]. Як у стварэнні навуковых установаў (найперш Акадэміі навук у Менску і тых інстытуцыяў, што ёй папярэднічалі), гэтак і ва ўтварэнні новае бюракратыі ды чыноўніцтва габрэі сапраўды адыгрывалі вырашальную ролю. У Беларусі сацыяльнае ўзвышэнне было для іх не пустою фразаю, а рэальным спадзевам. Дагэтуль мы дакладна не ведаем, як моцна габрэі былі рэпрэзентаваныя ў паасобных галінах грамадскае дзейнасці і якія праблемы існавалі ў іх ва ўзаемадачыненнях з іншымі этнічнымі групамі. Істотным ёсць тое, што ў Беларусі габрэйскія мужчыны і жанчыны займалі ключавыя пазіцыі, бо сярод прадстаўнікоў тытульнае беларускае нацыі напачатку існаваў дэфіцыт адукаваных належным чынам кадраў[24].

У дзяржаўнай бюракратыі габрэі мелі лепшыя стартавыя варункі дзякуючы вышэйшаму адукацыйнаму роўню. Але гэтае адбывалася пад час таго, як выяўляліся выразныя прыкметы хуткіх і глыбокіх змяненняў ва ўкладзе габрэйскага жыцця. Ужо спрыянне развіццю мовы ідыш ды габрэйскае культуры ў межах першапачатковае савецкае нацыянальнае палітыкі пацягнула за сабою моцны секулярызацыйны ціск. Перабудова гаспадаркі асабліва моцна закранала габрэйскае рамесніцтва і пазбаўляла гандляроў падмурку іх эканамічнага існавання. Мястэчка ўважалася ў горадзе ўвасабленнем таго, што аджыло, рэліктам старога ладу, які пасля рэвалюцыі мусіў застацца ў мінуўшчыне. У ранейшай царскай імперыі праўнае і эканамічнае асобнае становішча габрэяў было выразам іхнае дыскрыміна цыі, адначасна яно гарантавала мястэчку значную ступень аўтаноміі. Цяпер усё габрэйскае жыццё было падпарадкаванае новаму грамадскаму ладу. У той час як пачалося цкаванне вернікаў і рэлігійна-скіраваных габрэйскіх школаў, а дзяржава ўсё больш і больш пераймала функцыі, што раней выконваліся габрэйскімі супольнасцямі, мову ідыш пачалі «ачышчаць» ад габраізмаў і нялюбых запазычанняў з замежных моваў. Цягам некалькіх гадоў габрэі БССР перажылі радыкальныя перамены. Ад традыцыйнага ладу жыцця прыкметна адлучаліся найперш прадстаўнікі маладой генерацыі, што пасля заканчэння школы або ВНУ пачыналі прафесійную дзейнасць і ўжо былі ўцягнутыя ў камуністычную моладзевую арганізацыю. Яны, відавочна, у вялікай ступені віталі савецкі грамадскі лад як пачатак новае эпохі[25].

Гэты кароткі гістарычны выклад высвятляе, як моцна беларускія габрэі адрозніваліся ад жыхароў усходнепольскага абшару. Больш складана даць адказ на пытанне, якім чынам да канца трыццатых гадоў будавалася супольнае жыццё беларусаў, габрэяў ды палякаў у БССР. З аднаго боку, напачатку беларусы і габрэі знаходзіліся ў падобнай сітуацыі, бо шмат у чым мелі выгоды ад тых зменаў, што адбываліся. Ліберальныя гады пасля грамадзянскай вайны ў гэтым дачыненні сталіся супольным, еднасным досведам. Гэтаксама і тыя «чысткі», з дапамогаю якіх Сталін пазней брутальным чынам выкараняў і вынішчаў нацыянальны «ўхілізм» у савецкіх рэспубліках, запатрабавалі ахвяраў у роўнай ступені сярод абедзвюх нацыянальных групаў жыхарства. Тэрор, які пазней захлынуў усё, толькі ўяўна трымаўся якіх-кольвечы правілаў і, з гэтага гледзішча, знішчаў усялякія межы паміж нацыянальнасцямі. З іншага боку, канкурэнцыйная барацьба і трываласць старадаўніх забабонаў ды антысеміцкіх тэндэнцыяў прывялі да таго, што ўзніклі сур’ёзныя канфлікты паміж беларусамі і габрэямі. Кіраваная дзяржаваю перабудова грамадства ўскосна спрыяла ўзнікненню гэткае напружанасці або нават наўпрост яе і выклікала[26]. Даўнюю традыцыю мела нараканне, нібыта ўсё кепскае ў дзяржаўным кіраўніцтве або ў паасобных міністэрствах ідзе «ад жыдоў». Дакладна расследаваць сутнасць гэткіх тэндэнцыяў наўрад ці ўяўляецца мажлівым. Зазвычай антысеміцкі патэнцыял у савецкай частцы Беларусі мог бы ўважацца за невялікі. «Чужыня» габрэяў ва ўсё большай меры знікала, бо вымалёўвалася іх улучанасць у новыя дзяржаўныя і грамадскія структуры. Да сярэдзіны дваццатых гадоў гэта адбывалася больш-менш добраахвотна: гэтая добраахвотнасць узмацнялася праз разнастайныя заахвочванні ды пасярэдні ўціск, а самае позняе з канца названага дзесяцігоддзя — ва ўсё большай ступені праз прымус і тэрор[27].

Вось жа, намі быў зроблены вельмі кароткі нарыс становішча нацыянальнасцяў у Беларусі, а таксама ўзаемадачыненняў у «крэсах», як яны складаліся да 1939 г. Калі ў тым годзе, у выніку гітлераўска -сталінскага пакту, Чырвоная Армія «вызваліла» ўсходнюю частку Польшчы, а крыху пазней было інсцэніраванае ўваходжанне гэтых тэрыторыяў у склад Беларускае ды Ўкраінскае савецкіх рэспублік, гаворка зусім не магла ісці пра «ўз’яднанне», як гэта падаецца ў пазнейшай савецкай гістарыяграфіі[28]. Тут было злучанае тое, што ад часоў першае сусветнае вайны не было адзіным.

Саветызацыя Ўсходняе Польшчы ў 1939—1941 г.  Польскія габрэі і савецкія грамадзяне габрэйскайнацыянальнасці

Саветызацыя пацягнула за сабою «прыватызацыю дзяржавы» (Ян Т. Грос) ды выбух канфліктаў. У новых савецкіх межах унутры БССР адбылося вялікае перасяленне народаў. Больш як мільён палякаў, беларусаў і ўкраінцаў былі ў наступныя гады дэпартаваныя з беларускіх ды ўкраінскіх анексаваных абшараў на Ўсход. Калі ў дачыненні да палякаў ужо іхная нацыянальнасць была найчасцей дастатковаю падставаю для арышту, дык адначасна выкарыстоўвалася мажлівасць пазбавіцца і ад непажаданых беларусаў ды габрэяў. У выпадку з беларусамі, да прыкладу, гэта закранала інтэлігенцыю, пэўныя прадстаўнікі якое раней спадзяваліся быць адзначанымі савецкай уладай за іх актыўную палітычную пазіцыю ў міжваеннай Польшчы. Нечакана для сябе яны пачулі абвінавачванні ў «нацыяналізме». Падобныя праблемы ўзніклі ў габрэяў, якія выявілі сябе сіяністамі або ўважаліся за небяспечных асобаў у выніку іх эканамічнага або грамадскага становішча[29].

Істотныя змяненні адбыліся з усімі групамі жыхарства, але для габрэяў яны былі найбольш цяжкімі[30]. Польска-савецкая дэмаркацыйная лінія, што праходзіла да 1939 г. у паўночна-паўднёвым кірунку на захад ад Менску, адлучала «габрэйскія» гарады, гэткія як Ліда, Наваградак, Мір, Баранавічы, Слонім або Нясвіж, ад БССР. Такім чынам, у верасні 1939 г. спаткаліся не толькі «савецкія» ды «польскія» беларусы, але і габрэі з розным культурным ды сацыяльным заплеччам. На Захадзе культывавалася повязь з традыцыйнаю габрэйскаю культураю ды ладам жыцця ў межах Польскае дзяржавы. На Ўсходзе, наадварот, можна было напаткаць секулярызаванае савецкае габрэйства, што цягам апошніх блізу 20-ці гадоў страціла сваю рэлігійную ды культурную адметнасць. Узнікненне «беларускай» габрэйскасці ў новай дзяржаве не было ані рэалістычным, ані пажаданым для савецкага кіраўніцтва. У той час як савецкія габрэі часцяком высмейвалі заходнія мястэчкі як нешта адсталае, «польскія» габрэі таксама дарэмна шукалі кропак судакранання. Так ці іначай, узаемнага абмену або паступовага набліжэння аднаго жыццёвага ўкладу да другога не адбылося. Савецкі рэжым пакідаў сваім новым падданым толькі адну-адзіную мажлівасць адаптавацца ў грамадстве. Гэтая мажлівасць палягала ў акцэптаванні новых уладароў ды іхных грамадскіх і эканамічных правілаў гульні. Як гэта ўжо мела месца пасля I сусветнае вайны, гэтак і ў 1939 г. спадзяванні на сацыяльны поспех і прафесійную кар’еру і адначасна страх перад тэрорам маглі быць найважнейшымі матывацыямі, што схілялі габрэяў да супрацоўніцтва з уладамі.

Для габрэяў, беларусаў ды палякаў саветызацыя была спалучаная з моцным умяшаннем не толькі ў культурнае, але і ў гаспадарчае жыццё[31]. Вясковае беларускае жыхарства было ўстрывожанае тым, што новая адміністрацыя паступова распачынала калектывізацыю. Спадзевы, звязаныя з ліквідацыяй Саветамі польскіх памешчыцкіх маёнткаў, не спраўджваліся. Адзяржаўленне зямлі ішло марудна і да лета 1941 г. было далёка не завершанае. Але кароткая фаза саветызацыі зрабіла зразумелым, што сялянам у Беларусі і цяпер сельскагаспадарчая зямля ва ўладанне не дастанецца. Гэта абуджала пратэставыя настроі ў той групе жыхарства, што ў 1939 г. з нацыянальнае меншыні зрабілася тытульнаю нацыяй[32].

Падобна сітуацыя складвалася і у дачыненні да габрэяў. Тыя гаспадарчыя сферы, што традыцыйна знаходзіліся ў руках габрэяў, у новую сістэму не ўпісваліся. Цягам кароткага пераходнага перыяду існавала хаатычная разнастайнасць розных формаў гаспадарання. З падачы савецкіх органаў планавання ў наступныя месяцы прымежныя [былыя] польскія рэгіёны дастасоўваліся да савецкае эканамічнае сістэмы. Гарады мянялі сваё аблічча. Крамы і прыватныя прадпрыемствы масава зачыняліся, а іх месца займала дзяржаўная сістэма забеспячэння, што, аднак, была малаэфектыўнаю. Хранічны дэфіцыт тавараў спрыяў пашырэнню чорнага гандлю і ўкараненню розных заменнікаў грошай. Кепскае забеспячэнне спажывецкімі таварамі пашырала ўкрывальніц тва; у выніку гэтых пераменаў нажываліся спекулянты[33].

Хоць эканамічныя пераўтварэнні напачатку для савецкага рэжыму былі аб’ектыўна не выгадныя, бо больш эфектыўная сістэма гаспадаран ня замянялася на больш грувасткую і менш эфектыўную, адзін з іх вынікаў, відавочна, адпавядаў савецкім інтарэсам. Праз хуткае знікненне традыцыйных мажлівасцяў забеспячэння новыя жыхары БССР хутчэй улучаліся ў новую адміністрацыю і рабіліся залежнымі ад яе.

Падобным чынам на іх уплывалі арышты і дэпартацыі. Для жыхароў БССР яны зрабіліся штодзённай з’яваю і не абміналі аніводнае этнічнае групы. Калі арыштоўвалі мужоў, жонкі мусілі забяспечваць свае сем’і, а нярэдка яшчэ і кампенсаваць утрыманне арыштаваных. Савецкія ўлады ў іх шалёным памкненні кантраляваць усё без выключэння мелі сваіх інфарматараў у грамадскіх установах, у шматкватэрных дамах і нават у самых маленькіх вёсках. Яны фіксавалі размовы, паведамлялі органам бяспекі пра кантакты з непажаданымі асобамі або выкрывалі «змовы». Сведкі таго часу, што перажылі месяцы пасля прыходу Саветаў, распавядаюць пра іх спецыфічную, зарыентаваную зусім на бяскрыўдныя рэчы культуру маўлення ў грамадскіх месцах і нават пра дамоўленасці суразмоўцаў, якія варыянты дыялогу трэба было б абіраць у выпадку арышту карнымі органамі.

Гэтыя пераўтварэнні да лета 1941 г. яшчэ не былі завершаныя. Дэпартацыі палякаў, але таксама беларусаў і габрэяў прывялі да вялікіх хваляванняў перш за ўсё ў гарадах. Савецкі рэжым паслаў у БССР не толькі вайскоўцаў і супрацоўнікаў органаў бяспекі, але і цэлае войска бюракратаў ды функцыянераў, якія стваралі новую адміністрацыю. Новапрыбылыя чыноўнікі, успрыманыя карэннымі жыхарамі як прыхадні, а нярэдка і як ворагі, самі часта жылі ў нялёгкіх, паходных варунках. Саветызацыя адбывалася не ў форме кіраванага «далучэння да панавальнае ідэалогіі». Там, дзе былі тыя, хто пацярпеў ад змены парадку, новыя варункі давалі выгоды тым, хто ад гэтага выйграваў. У меншай ступені гэта было звязана з калектывізацыяй сельскае гаспадаркі, але тым большыя выгоды былі ў сферы нацыяналізацыі нешматлікіх прамысловых прадпрыемстваў, экспрапрыявання малых прыватных прадпрыемстваў або пераразмеркавання жылля. Дзяржава не магла прапанаваць вялікіх багаццяў, але гэткімі не валодалі жыхары маларазвітых «крэсаў» і перад 1939 г. Увадначас, прынамсі, перад тымі беларусамі і габрэямі, што не мелі праблемаў як нацыяналісты, «палітычна адсталыя» або «інтэрнацыяналісты», адчыняліся перспектывы зрабіць кар’еру ў вайсковай або цывільнай ерархіі. У выглядзе пасадаў, узнагародаў, прывілеяў або доступу да дзяржаўных сярэдніх і вышэйшых навучальных установаў новаму рэжыму, гэткім чынам, апроч ужывання тэрору, не бракавала сродкаў заахвоціць новых падданых да супрацоўніцтва.

Габрэі-рамеснікі ды ўладальнікі дробных прадпрыемстваў і буйнейшых фірмаў страцілі ў выніку пераўтварэнняў найбольш. Гэта таксама датычыла мажлівасцяў адпраўляць рэлігійныя абрады і рэлігійных аспектаў сістэмы адукацыі. Палякамі, якім, праз іх нацыянальную прыналежнасць, у савецкай сістэме была вызначаная абмежаваная свабода дзеянняў, але і беларускім сялянскім насельніцтвам таксама са скептыцызмам і недаверам было ўспрынятае тое, што габрэі, дзякуючы добраму валоданню мовамі і сістэме габрэйскае адукацыі, маглі прыстасоўвацца да новапаўсталае сітуацыі. Гэты вобраз набываў завершанасць у звязку з тым, што сярод савецкіх функцыянераў з усходняе паловы БССР, а таксама з іншых месцаў Савецкага Саюза была немалая колькасць габрэяў. Нават «польскія» габрэі заўважалі дыстанцыяванне апошніх ад традыцыйнага габрэйства і іх трывалыя пазіцыі ў савецкім дзяржапараце. У тым большай ступені беларусы і палякі маглі ідэнтыфікаваць свайго «ворага» з габрэямі ў партыі і бюракратычным апараце якраз тады, калі не спраўдзіліся іх спадзевы на лепшае жыццё пад Саветамі. Рабілі яны гэта, скарыстоўваючы вядомыя стэрэатыпы.

Відавочна, што вызначаныя вышэй адрозненні паміж «габрэямі, палякамі і беларусамі» ў БССР надта спрошчана падаюць тыя складаныя працэсы, што тут мелі месца. Гэта ёсць абагульненнем ужо таму, што ў межах новае дзяржавы жылі таксама ўкраінцы, літоўцы і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў. Тым не меней, гэты спрошчаны вобраз дзвюх паловаў краіны ды трох этнічных групаў, што розным спосабам былі закранутыя саветызацыяй, высвятляе сітуацыю напярэдадні нападу нямецкіх войскаў на Савецкі Саюз. Нямецкія акупанты ды нацысцкія стратэгі ў Берліне ўяўлялі сабе «савецкую Беларусь» як адзінае цэлае не толькі ў палітычным сенсе, але і у сацыяльным ды грамадскім. У параўнанні з Прыбалтыкаю або з Украінаю, аднак, уяўленні адносна Беларусі былі яшчэ больш цьмянымі.

Найперш польскія гісторыкі паказваюць саветызацыю і дэпартацыі як хаатычны гвалт, што доўжыўся шмат у якіх сферах яшчэ ў 1941 г. Перагрупоўкі і змены ў БССР змылі «класавага ворага». Аднак яны вынеслі на паверхню пэўных дваістых істотаў, што здабывалі сабе выгоды з усеагульнага пераразмеркавання. Трыванне брутальнасці і спрыянне ёй на мясцовым роўні, пакуль былі асягнутыя меты, вызначаныя рэжымам, у цэлым палепшылі варункі для пашырэння даносаў і гвалту. У гэткай самай меры яны былі перашкодай для выяўлення салідарнасці і грамадзянскай мужнасці сярод ахвяраў нямецкага гвалтоўнага рэжыму, пачынаючы з лета 1941 г. Усе жыхары БССР адчулі гэты грамадскі распад, што ўжо ў 1941 г. знайшоў свой выраз у падзеле паміж пераможцамі і тымі, хто пацярпеў, або і паміж злачынцамі ды ахвярамі. Для беларускіх габрэяў, асуджаных нацысцкімі ідэолагамі расавае чысціні на вынішчэнне, гэтая акалічнасць мела найбольш фатальныя наступствы. У акупаванай Беларусі героі пад час гэтае вайны сустракаліся яшчэ нашмат радзей, чым дзе ў іншых краінах.

Беларускія габрэі пад час нямецкае акупацыі 1941—1944 г.

У чэрвені 1941 г. нямецкія дывізіі рушылі на ўсход. 28 чэрвеня вермахт акупаваў Менск. У тыле баявых аддзелаў спецыяльныя групы паліцыі бяспекі і СД пачалі чыніць расправы над габрэямі, камуністамі, інтэлігенцыяй ды «няпэўнымі элементамі». Ваенны поспех вермахта прыводзіў на баку Чырвонае Арміі да пашырэння працэсаў распаду, а сярод савецкага кіраўніцтва — напачатку да панікі і апатыі. Савецкія ўлады накіроўвалі ў эвакуацыю разам з найкаштоўнейшымі кадрамі і важнымі дакументамі таксама прамысловае абсталяванне і запасы. Хоць гэтая эвакуацыя і адбывалася хаатычна і нашмат меней эфектыўна, чым гэта дзесяцігоддзямі апісвалася ў савецкай гістарычнай літаратуры, значнай частцы савецкіх функцыянераў удалося ўцячы на ўсход[34]. Улады, якія у пэўных сферах яшчэ знаходзіліся ў працэсе фармавання, у значнай меры страцілі здольнасць да функцыянавання. У БССР савецкае кіраўніцтва ўжо не кантралявала хады падзеяў. У шматлікіх выпадках турмы адчыняліся навакольным жыхарствам або і самімі вязнямі. Чырвоная Армія пад час адступлення спальвала склады з запасамі правіянту, які яна не магла забраць з сабою. На сяле дайшло да рабаўніцт ва, а найперш у Заходняй Беларусі, — да антысавецкіх эксцэсаў.

Пад час бітваў першых тыдняў вайны капітулявалі сотні тысячаў савецкіх вайскоўцаў. Шмат хто з іх быў «ізаляваны» ў якасці камісараў або габрэяў, іншыя памерлі ад голаду ў нечалавечых варунках лагераў ваеннапалонных[35]. Аднак нямала маладых жаўнераў неўзабаве было адпушчана пад розныя паручальніцтвы на радзіму. Разам з тымі, хто адбіўся ад сваіх аддзелаў, і дэзерцірамі яны ўтварылі цэлае войска на маршы або ва ўкрыцці. Беларускія геаграфічныя варункі стваралі для гэтага якраз ідэальныя перадумовы. У БССР былі толькі раўнінныя тэрыторыі. Затое тут існавала велізарнае мноства рэк і вадаёмаў, а таксама разлеглыя абшары цяжкадаступных балотаў. У вёскі, аб’яднаныя ў калгасы, трапіць было цяжка, у бальшыні яны былі шчыльна аточаныя лясамі. Апроч галоўнае транспартнае магістралі з Берасця на ўсход праз Менск, існавала зусім мала добрых дарог, якія, да таго ж, моцна пацярпелі пад час савецкага адступлення. Для таго, каб жыць аднаасобна або маленькімі групамі ў схованцы, існавалі ідэальныя мажлівасці.

Бальшыня людзей у Беларусі засталася ў месцах сталага пражывання і напачатку заняла пазіцыю чакання. Хоць савецкая гістарычная навука малявала вобраз «народа», што з першых дзён вайны арганізаваў супольны супраціў новым валадарам, у Беларусі таксама, як і ўсюды на акупаванай тэрыторыі Савецкага Саюза, былі факты трыумфальнага вітання жаўнераў вермахта цывільным жыхарствам[36]. Нам вядомыя выпадкі, калі нават прадстаўнікі габрэйскіх супольнасцяў з радасцю сустракалі нямецкае войска. Нягледзячы на нямецкі тэрор, на абшары акупаванай у 1939 г. Польшчы гэткія пачуцці часткова фармаваліся пад уплывам згадак пра адносна цывілізаваны нямецкі акупацыйны рэжым часоў Першае сусветнае вайны.

«Беларуская» самасвядомасць у Беларусі ў значнай ступені адсутнічала — натуральна, што сярод палякаў, але таксама і сярод беларусаў ды габрэяў. Усюды былі ворагі саветызацыі, што зноў разлічвалі на паляпшэнне варункаў свайго жыцця. Савецкія бюракраты краіну пакінулі або трымаліся вельмі ціха, каб не мець рызыкі быць арыштаванымі ды забітымі. У першыя тыдні вайны бальшыня сем’яў спрабавала дамагчыся нейкіх звестак пра лёс сваіх бацькоў і сыноў, што знаходзіліся ў Чырвонай Арміі або і вызвалення іх з нямецкага палону. Пры ўсіх разбурэннях і рэквізаваннях, што неабачліва рабіліся немцамі дзеля асягнення, здавалася б, блізкае перамогі над Савецкім Саюзам, цяжкой праблемай рабілася здабыванне жыццёва неабходных рэчаў. Незаконныя расстрэлы першых дзён вайны ўспрымаліся людзьмі з вялікім неўразуменнем, але ва ўсеагульным гармідары эвакуацыі ды акупацыі адыходзілі на другі план. У гэты час забітыя габрэі не былі ва ўспрыманні іх суседзяў нейкай асаблівай групаю ахвяраў. Іх «прыбіранне» разглядалася хутчэй як частка вялікага праекту, з дапамогай якога новыя ўладатрымальнікі падмацоўвалі свае прэтэнзіі на панаванне, або як звычайны гвалт — прыкладаў гэткіх учынкаў было досыць таксама і цягам апошніх дваццаці гадоў.

Акупацыйныя ўлады абвясцілі стварэнне ў Беларусі «Генеральна га камісарыяту Беларутэніі». Гэтая адміністрацыйная адзінка, са жніўня [1941 г.] афіцыйна падпарадкаваная імперскаму міністэрству ўсходніх абшараў у Берліне, апроч Менскае вобласці ахоплівала пераважна колішнюю „польскую ” тэрыторыю, да прыкладу, гэткія гарады, як Ліда, Наваградак, Баранавічы і Слонім. Вільгельм Кубэ быў у верасні прызначаны тут генеральным камісарам і тым самым намінальным кіраўніком адміністрацыі ў Беларусі. Да 1943 г. Кубэ, перш чым стаць ахвяраю савецкага замаху, выконваў свае кіраўнічыя функцыі з разуменнем па-абсалютысцку настроенага ўладара, якому падабалася паблажліва кантактаваць з цывільным жыхарствам «Беларутэніі». Сапраўдную ўладу ажыццяўлялі іншыя. Паколькі інтарэсы вермахта ў рэгіёне мелі бясспрэчны прыярытэт, таксама ў сваёй бальшыні і арганізацыі, што павінны былі эксплуатаваць Беларусь дзеля мэтаў нямецкае ваеннае гаспадаркі, а найперш СД і паліцыя, былі пазбаўленыя ўсялякае свабоды дзеяння са спасылкаю на «інтарэсы бяспекі»[37]. Літаральна нагрувашчаныя адно на адно органы ды ўстановы паралізавалі працу акупантаў[38]. Занятая напачатку жыхарствам пазіцыя чакання ператварылася ў жах і няпрыязь. Спрыяла гэтаму не ў апошнюю чаргу і марудная прыватызацыя зямлі[39]. Для Беларусі былі характэрныя імклівая эскалацыя гвалту, змешванне этнічных групаў ды інтэрвенцыя вонкавых сілаў у канфлікты ўнутры грамадства акупаванае тэрыторыі. Іх найважнейшымі прадстаўнікамі былі кіраваны з Масквы савецкі партызанскі рух ды кантраляваная польскім эміграцый ным урадам у Лондане Армія Краёва, якая дзейнічала, прынамсі, у рэгіёнах з вялікім працэнтам польскага жыхарства[40]. Цягам вайны супраціў усё больш і больш выяўляўся праз адкрытае ваеннае супрацьстаянне, а ў ім бралі ўдзел не толькі рэгулярныя злучэнні і аддзелы, але і жаўнеры Чырвонай Арміі, што адбіліся ад сваіх падраздзелаў; уцекачы з турмаў; сяляне, што хаваліся ад мабілізацыі ў паліцыю, або таксама і ўцекачы з гета, што спрабавалі ператрываць вайну ў аддаленых лясных схованках. Спрабуючы ўсталяваць кантроль над небяспечнаю сітуацыяй, нямецкія ўлады ўжывалі ўсё больш брутальныя сродкі[41].

У даступных нам крыніцах амаль не захавалася сведчанняў адкрытых выступаў супраць забойстваў беларускіх габрэяў. Іх канцэнтраванне ў гета пачалося ўжо ў ліпені 1941 г. Яно праходзіла ва ўсіх на вачах і закранула супольнасці, якія часткова нават у бальшыні былі заселеныя габрэямі[42]. У Менску было створана найвялікшае гета. Яно было заселенае колькасцю людзей да 100 000, з іх каля 25 000 складалі «гамбургскія габрэі», што былі раней дэпартаваныя з гарадоў Нямецкага Райху. (Напярэдадні другое сусветнае вайны колькасць жыхароў Менску складала блізу 250 000)[43]. Немцы ў вермахце, цывільнай адміністрацыі ды ў гаспадарчых установах зазвычай не пратэставалі супраць абыходжання з габрэямі. Мажліва, шмат каму з іх у глыбіні душы было надта брыдка даведвацца пра гэтыя забойствы. З тых, хто выказваўся адкрыта, засталося надзвычай мала сведчанняў. Паасобныя выпадкі, як, прыкладам учынак аднаго нямецкага гаўптмана, што ўратаваў ад смерці габрэйскую жанчыну, заслугоўваюць, відавочна, гэткае самае павагі, як і адважныя ўчынкі тых людзей, якім за сваё ўратаванне ўдзячныя згаданыя вышэй уцекачы з гета[44].

На пытанне, якім чынам негабрэйскія суседзі ўспрымалі ізаляцыю і забойствы сваіх суграмадзянаў-габрэяў, адназначнага адказу няма. Спантанічныя пагромы першых дзён вайны, што былі з задавальненнем адзначаныя нямецкімі службамі бяспекі як у Прыбалтыцы, гэтак і ва Ўкраіне, у «Генеральным камісарыяце Беларутэніі» былі амаль невядомыя[45]. Аднак як у заходняй, так і ва ўсходняй частцы краю мелі месца антыгабрэйскія эксцэсы. Калі пад час акупавання Менску былі падпаленыя дамы ў прыгарадах, паводле дадзеных нямецкага СД, насельніцтва звальвала віну за гэта на «габрэяў» і рабіла захады супраць іх[46].

Шмат у якіх меншых ці большых населеных пунктах мелі месца аналагічныя эксцэсы. Тыя тры гісторыі ўратавання габрэяў, што былі пададзеныя ў пачатку гэтага артыкула, супадаюць у адным пункце. Навакольны свет апісваецца ў іх як варожа настаўлены; рызыку быць выкрытымі немагчыма было прадбачыць. Гэтае суб’ектыўнае ўражанне ўвесь час пацвярджаецца ў выказваннях уцекачоў з гета або тых, хто здолеў перажыць злачынствы акупантаў. Яно было нагэтулькі моцнае, што саміх вязняў гета перад абліччам пагрозы быць знішчанымі адно з вялікімі цяжкасцямі можна было намовіць на ўцёкі[47]. Нам вядома, што ў масавых расстрэлах 1942 і 1943 г., ахвярамі якіх сталася бальшыня беларускіх габрэяў, бралі ўдзел таксама мясцовыя выканаўцы[48]. Беларускія і польскія паліцыянты блакавалі гета, ахоўвалі і суправаджалі групы габрэяў да месцаў расстрэлу або былі актыўнымі ўдзельнікамі забойстваў. У гета патрулявалі цывільныя жыхары-суседзі, што паказвалі карным камандам схованкі, у якіх пераследаваныя шукалі мажлівасці ўцячы ад свайго лёсу. Пасля заканчэння забойчых акцыяў знаходзіліся надзвычай руплівыя паліцыянты і цывільныя асобы, што вышуквалі сярод попелу і руінаў тых, хто заставаўся жывы, і выдавалі іх нямецкім органам бяспекі або забівалі іх самі. Тыя людзі, якім праз цуд удавалася жывымі выкараскацца з-пад гары трупаў або ўцячы з месцаў расстрэлу, цягам доўгіх дзён баяліся пастукацца ў сялянскія хаты, што нават стаялі паасобку, і папрасіць вопраткі, харчоў або пітва. Здараліся выпадкі, пад час якіх паасобныя беларускія або польскія паліцыянты лавілі на прасёлках тых, хто ацалеў пры масавых расстрэлах, каго яны, мажліва, самі раней і затрымоўвалі. Часам спагада перамагала, аднак часам гэткія маладыя людзі выконвалі да канца «цяжкое заданне», якое яны або нехта іншы былі не давялі да канца, і забівалі напатканых людзей. Яны стралялі, не атрымаўшы ў гэтай хвілі абавязковага загаду, і нават бывала што і без сведкаў, якія маглі б іх выкрыць. У нацысцкіх лагерах смерці гэтаксама на беларускай тэрыторыі чыніліся зверствы, якія няможна сабе ўявіць: беларусы і палякі прычынялі нечалавечыя пакуты і боль злоўленым габрэям, ці гэта рабілі мясцовыя паліцаі — сваім «палітычным ворагам» усё роўна якое нацыянальнасці або веравызнання[49].

Нямецкая адміністрацыя мела мажлівасць выкарыстоўваць групу беларускіх нацыяналістаў, што займалі ключавыя пазіцыі ў мясцовай адміністрацыі. Тых, з кім акупацыйнаму рэжыму можна было б весці дыялог, было няшмат. Высокаадукаваныя інтэлектуалы, якіх нельга было назваць «па-бальшавіцку настроенымі», у сваёй бальшыні былі арыштаваныя пасля 1939 г. або пакінулі СССР яшчэ ў дваццатыя гады. У звязку з гэтым нямецкае «ўсходняе» міністэрства шукала сабе добраахвотных памагатых сярод эміграцыі і знайшло іх галоўным чынам у эмігранцкіх асяродках Берліна ды Прагі. Характэрна тое, што ў Беларусі толькі за лічаныя месяцы перад адступленнем немцаў, а менавіта ў студзені 1944 г., быў створаны марыянеткавы ўрад[50]. Перад абліччам пагрозы нямецкае паразы «Беларуская Цэнтральная Рада» рэпрэзентава ла быццам бы самастойную беларускую дзяржаву ў нацыянал-сацыя лісцкай Еўропе Адольфа Гітлера. У сапраўднасці, калі параўноўваць з Прыбалтыкаю ды Ўкраінаю, паняцце «марыянеткавага ўраду» няможна нідзе ўжыць больш правамерна, чымся ў дачыненні да нацыяналі стычнай эмігранцкай групкі ў Менску. У яе не было аніякіх рэальных сродкаў ажыццяўлення ўлады. Не было кантакту з насельніцтвам, гэтаксама як адсутнічала ўяўленне таго, хто, уласна, павінен быць каля ўлады і мусіць быць прыцягнуты для стварэння «беларутэнскае нацыі». У «Цэнтральнае Рады» былі папярэднікі: у «Беларускай самапомачы» ўжо з кастрычніка 1941 г. былі задзейнічаныя прыхільныя да адзінай лініі функцыянеры дзеля ажыццяўлення міласэрнае дапамогі насельніцтву. Таксама тут у абласных прадстаўніцтвах сабраліся гэткія людзі, што пайшлі на службу новага рэжыму, спадзеючыся на паляпшэнне ўласных варункаў жыцця. Задачы арганізацыі, што была найбольш актыўнаю ў 1942 г., г.зн., у час масавых расстрэлаў, былі напачатку абмежаваныя недаверлівымі акупацыйнымі ўладамі сацыяльнаю сфераю. Іх дапамога (харчаванне, выплаты пенсіяў, клопат пра сіротаў) траплала толькі тым, «каму трэба». Сціплыя ўспамогі, напачатку пастаянна ўразаныя праз цягу да асабістага ўзбагачэння ды махлярства, не даваліся палякам, як і ўсім іншым «палітычна падазроным элементам». На створанай акупантамі ідэалагічнай шкале вартасцяў габрэі адсутнічалі зусім. З’яўляючыся кіраўнікамі арганізацыі нацыянал-сацыялісцкае дабрачыннасці, функцыянеры «самапомачы» дапамагалі ажыццяўляць антысеміцкую палітыку ўладатрымальнікаў, падтрымоўвалі яе на ўсіх роўнях і не мелі ані намеру, ані мажлівасці ў якой-кольвечы форме выступаць супраць забойстваў габрэяў або дапамагаць іх сабатаваць. Арганізацыя ў досыць адчувальным маштабе нават мела сабе выгоды ад «роспуску» гета ў Менску або ў правінцыі.

Самапомач, «Рада даверу», што пачала сваю працу ў 1943 г., і, урэшце, Цэнтральная Рада ніколі гэтае функцыі не выконвалі і праз асабістае ўзбагачэнне, а таксама ў выніку скачкападобнага, нерэалістычнага курсу акупацыйных уладаў, вельмі хутка страцілі ўсялякі давер да сябе. З гэтага боку беларускія габрэі дачакацца дапамогі не маглі.

Другая мажлівасць абараніць габрэйскія ахвяры ад нямецкае ўлады тэарэтычна існавала ў мясцовага самакіравання. Нямецкі акупацыйны рэжым са сваімі цывільнымі прадстаўнікамі быў прысутны толькі да роўню гэтак званых гебітскамісарыятаў. Гэтыя адміністрацыйныя адзінкі адпавядалі раёнам, а іх цэнтрамі былі Менск, Глыбокае, Вілейка, Барысаў, Ліда, Наваградак, Баранавічы, Слонім, Слуцк і Ганцавічы. Ніжэй гэтага роўню пастаўкі харчоў, скаціны і коней забяспечвалі мясцовыя акружныя, гмінныя ды вясковыя адміністрацыі.

Тое, што тут таксама дапамога пераследаваным габрэям хутчэй была вялікім выключэннем, мела мноства прычынаў. Мясцовыя памагатыя, пастаўленыя немцамі для выканання адміністрацыйных функцыяў, знаходзіліся ў асабліва складанай сітуацыі. Метазгодным уяўлялася б адначасова з савецкімі адміністрацыйнымі органамі пераняць іхны персанал. Але гэта мела месца толькі ў невялікай колькасці выпадкаў. Бальшыня прадстаўнікоў мясцовае ўлады пакінула краіну разам з Чырвонай Арміяй. Калі б габрэі засталіся на сваіх пастах, яны былі б адразу пасля прыходу акупантаў неадкладна адтуль выдаленыя. Часткова нескаардынаванае «навядзенне парадку» нямецкімі сіламі бяспекі хоць і збянтэжыла ацалелых, але адначасна і абудзіла ў іх спадзевы на тое, што аналагічным чынам ім удасца палепшыць уласнае становішча. Беларусы імкнуліся займаць пасады ў заходніх рэгіёнах, пераважна заселеных палякамі, і даносілі на польскіх чыноўнікаў як на варожых немцам, здрадніцкіх ды нацыяналістычных элементаў. Палякам удавалася пераконваць новых гаспадароў у тым, што супрацоўнікі-беларусы ёсць перакананымі камуністамі і іхнае заданне палягае ў тым, каб весці падрыўную працу і рабіць сабатаж супраць нямецкіх «вызваляльнікаў». Канфлікты, што пачаліся яшчэ да ўсталявання цывільнае адміністрацыі, беспасярэдне пасля прыходу акупантаў, узбурылі калектывы органаў самакіравання. Тыя, хто прайграваў у гэтай гульні за ўплывы і пасады, знікалі ў турмах або расстрэльваліся як «сабатажнікі».

Канфлікт набываў дынаміку не толькі праз фактычны падзел краю на дзве часткі, але і праз нерэалістычныя ўяўленні немцаў пра краіну і вызначаныя не ў адпаведнасці з рэальнасцю заданні органам самакіравання. У той час, калі на месцах цывільная адміністрацыя з ахвотаю была гатовая прыцягнуць да супрацоўніцтва «сваіх» палякаў, гэта з палітычных меркаванняў катэгарычна забаранялася міністэрствам усходніх абшараў. Пярэчанні тых, каго гэта закранала, што ў рэгіёнах з 80-працэнтным складам польскага жыхарства (габрэі ў такіх разліках не браліся пад увагу) і беларускай сялянскай меншынёю ўсталяванне беларускае адміністрацыі будзе сутыкацца з адмаўленнем, засталіся непачутыя. Праз брутальнае і бессэнсоўнае ўмяшальніцтва нямецкіх уладаў камунальная адміністрацыя здыскрэдытавала сябе ў вачах тых, хто хацеў ажыццяўляць над ёй кантроль у інтарэсах Нямецкага Райху. Але акупацыйнай уладзе яны былі вельмі пільна патрэбныя, каб займець у Беларусі апірышча. Вельмі хутка ўсталявалася сістэма кругазвароту, да якой належалі неразумныя нямецкія кадравыя рашэнні: «праверкі дзеля метаў бяспекі», даносы, гвалтоўныя дзеянні і ўсё большае адчужэнне вёсак ад гмінаў ды гарадоў.

Натуральна, што сярод мужчынаў і жанчын, што на ўсіх роўнях імкнуліся трапіць на найлепшыя пасады ў адміністрацыі, асабліва вялікаю была гатовасць ажыццяўляць нацыянал-сацыялісцкія мэты ў Беларусі і нават ідэнтыфікаваць сябе з імі. Антысемітызм у гэтай сітуацыі, дзе ад самага пачатку на парадку дня стаялі арышты і «пакаранні», зусім рэальна мог рабіцца «козырам» у спаборніцтве з канкурэнтамі. З іншага боку рызыка моцна ўмажлівіць іншым нападкі на сябе як на «абаронцу жыдоў» была асабліва вялікая. Бачачы магчымыя наступствы, паддаваць сябе гэтай небяспецы не хацеў амаль ніхто. Мясцовае самакіраванне страчвала кантроль над усё большай тэрыторыяй Беларусі. Унутрана перасваранае і спаралізаванае, яно заставалася паслухмяным памагатым акупацыйнага рэжыму. Перадумовы атрымоўваць успамогу ад самакіравання для самых безабаронных ахвяраў былі надзвычай кепскія, бо чыноўнікі гэтага самакіравання самі змагаліся за тое, каб выжыць — напачатку ў пераносным, а ў далейшым працягу вайны і ў літаральным сэнсе гэтага слова[51].

Якімі ж былі мажлівасці супраціву ў іншых сферах ды асяродках? Ці функцыянавалі гарады, сёлы, сем’і ды іншыя супольнасці людзей у акупаванай Беларусі, або яны былі пашкоджаныя і разбураныя ваеннымі падзеямі? У Менску, дзе мелі месца паказаныя ва ўступе ўратаванні габрэяў, дзякуючы вялікай колькасці жыхарства былі лепшыя варункі, каб некага схаваць або дапамагчы некаму ўцячы, чымся ў малых сёлах ды гарадах, дзе лягчэй было кантраляваць сваіх суседзяў[52].

Ужо ў 1942 і 1943 г. у горадзе мясціліся не толькі шматлікія нямецкія штабы і органы кіравання, што мянялі адзін аднаго; Менск быў таксама перапоўнены ўцекачамі, што рынулі з вёскі ў горад у спадзеве знайсці тут лепшыя варункі жыцця або проста страцілі свае котлішчы ў выніку імклівага пашырэння «партызанскае вайны». Менск быў неаглядны і таму кантраляваўся нямецкімі ўладамі з дапамогаю брутальных метадаў. У рэгулярных аблавах усё часцей і часцей бралі ўдзел тутэйшыя паліцыянты. Але нават арышты, расстрэлы і тэрор не далі нямецкім акупантам мажлівасці цалкам кантраляваць горад[53]. Усё ж такі некаторыя фірмы і вытворчасці працавалі дзеля метаў вермахту. У параўнанні з вёскамі і невялікімі гарадамі колькасць рабочых была значнаю. Да 1943 г. да яе належалі габрэі, што працавалі на прымусовых работах, ажыццяўляючы дапаможныя функцыі па-за межамі гета — аж пакуль яны нарэшце не былі пазабіваныя. Нямецкія ўлады, побач з габрэйскімі працоўнымі калонамі, прыцягвалі таксама і кваліфікаваных спецыялістаў-габрэяў, што працавалі перакладчыкамі, а таксама пры сартаванні і вывазе культурных каштоўнасцяў і ў аналагічных сферах. У цэлым варункі для камунікавання і для ўцёкаў у Менску былі параўнальна добрыя. Колькасць вольных выхадаў да канца нямецкае акупацыі заставалася вялікаю, як пра гэта сведчаць шматлікія паведамленні пра савецкі і польскі супраціў, а таксама самі вязні гета[54]. Агароджы вакол гета да самага пачатку нямецкіх масавых акцыяў забойстваў шмат у якіх месцах мелі адтуліны.

Адначасна рызыка для «абаронцаў жыдоў» у Менску была надзвычайна вялікаю. Паблізу ўлады шчыльнасць перакананых калабаран таў была вышэйшая, чымся ў правінцыі, дзе ў першыя месяцы вайны акупантаў амаль не бачылі. Агентура СД была прысутная ў грамадскіх месцах, інфільтраваная ў калектывы фірмаў. Менавіта з тае прычыны, што праз арышты і прыток уцекачоў была вялікая зменлівасць персаналу, акцыі пратэсту і сабатажу абмяжоўваліся паасобнымі людзьмі або маленькімі групамі. У Менску было найлягчэй усталяваць кантакт з нямецкімі ўладамі і патэнцыйнымі працадаўцамі. Рудыментарныя адукацыйныя або культурныя ўстановы, або лякарні ды фабрыкі давалі месцы працы пасля таго, як былі пазабіваныя габрэі — тыя, хто займаў гэтыя пасады раней. Большым, чымся ў правінцыі, у Менску быў таксама працэнт функцыянераў, эвакуяваных Саветамі. У горадзе з’явілася мноства нябачных магілаў. Не зважаючы на агаломшвальны досвед гета, шмат якія жыхары Менску былі варожа настаўленыя да «сваіх» габрэяў.

Менш адчувальнаю, як у Менску, напачатку была нямецкая прысутнасць у маленькіх гарадах і, найперш, у вёсках. Але ж чаму тады і тут у той час, калі ў 1942 і 1943 г. пачаліся масавыя расстрэлы, супраціў быў гэткі слабы? Суседства з габрэйскімі сем’ямі, што жылі ў мястэчках або як рамеснікі ў вёсках, было ў бальшыні адносна беспраблемным. У некаторых выпадках вясковыя супольнасці тады пратэставалі з тае прычыны, што «іхны» каваль або іншыя рамеснікі былі арыштаваныя і іх змушалі да перасялення ў гета. Аднак часцей за ўсё гэткіх выказванняў салідарнасці не было. Адной з прычынаў быў досвед нямецкага тэрору, што ўжо ў 1942 г. пачаў распаўсюджвацца на вёскі і найперш датычыў «інфікаваных бандамі абшараў», але і таксама нёс пакаранне падаткаплацельш чыкам, што не плацілі падаткі або дапускалі пратэрміноўкі ў іх выплатах. У цэлым вёскі і паасобныя сем’і як калектывы функцыянальна рабіліся ўсё больш і больш абмежаваныя.

Істотную ролю ў звязку з гэтым выконвалі мясцовыя бургаміст ры. Шмат якія сельскія старасты былі непісьменныя, мелі ў гаспадарцы адно невялікі кавалак зямлі. Яны спадзяваліся на тое, што, атрымаўшы ўладу ў вёсцы, як узнагароду за сваю службу будуць мець зямлю і праз іх супрацоўніцтва з акупацыйнай уладаю абароняць сваю сям’ю і сваю вёску. Адначасна было вельмі рызыкоўна адмаўляцца ад прызначэння на бургамістра. Гэткі крок уважаўся за выказванне пазіцыі супраць нямецкіх уладаў. Каб быць пакінутымі ў спакоі, вясковыя старасты выконвалі заданні нямецкіх уладаў. Выпадкі, калі вёскі не выконвалі нормаў паставак, у 1941 і 1942 г. былі рэдкім выключэннем. У першы год нямецкае акупацыі не патрабавалася ані паліцэйскае, ані вайсковае сілы, каб атрымаць неабходныя харчы і жывёлу. Якраз у гэты першы год, калі ажыццяўляўся пераход ад гетаізацыі габрэяў да іх забойства, бургаміст ры імкнуліся з усіх бакоў засцерагчы свае вёскі ад небяспекі. Яны выстаўлялі самаахову, што, у звязку з малой прысутнасцю паліцыі, мелася бараніць аддаленыя вёскі ад валацужных рабаўнікоў, жаўнераў, што адбіліся ад сваіх падраздзелаў, і маленькіх партызанскіх аддзелаў Чырвонае Арміі. Пры гэтым ужываліся шматвяковыя традыцыі вясковага самасуду, якія былі скіраваныя не толькі на чужынцаў, але і ў якасці сродку ўзмацнення дысцыпліны сярод вясковага жыхарства.

Нямецкая акупацыя ўскосна ўспамагала гэтую сістэму сепарацыі. Да прыкладу, кантакты з «савецкімі актывістамі» або іншыя «цёмныя плямы» ў біяграфіі пэўнага бургамістра або іншага вяскоўца цягнулі за сабою працяглыя допыты ў нямецкай або мясцовай паліцыі. Калі падазрэнне ў тым, што нехта падтрымлівае нямецкую справу з недастатковым энтузіязмам, узмацнялася, людзям пагражалі турма, пакаранне смерцю або адпраўленне на прымусовыя работы. Для маларухомых, неадукаваных вяскоўцаў апошні варыянт прадвызначаў найжахлівей шы лёс, балазе гэткая кара ў горшым выпадку магла быць распаўсюд жаная на ўсю вёску.

На гэтым тле перадумовы таго, каб аказваць дапамогу «сваім» габрэям, для вясковых бургамістраў былі надзвычай кепскія. Бальшыня бургамістраў дакладна выконвала свае абавязкі. Да іх, прыкладам, належала падрабязнае высвятленне, колькі габрэяў, «камуністаў» або былых чырвонаармейцаў жыло ў той або іншай вёсцы. Бургамістр, які падаваў наконт гэтага фальшывыя звесткі, рабіўся ў вачах сваіх людзей патэнцыйным аб’ектам рэпрэсіяў. Амаль ніхто на гэткую рызыку ісці не наважваўся. Было прасцей назваць габрэяў у сваёй вёсцы і паведаміць пра ўцекачоў у паліцыю.

Па меры развіцця ваенных падзеяў цягам вайны вясковыя старасты ўсё болей апыналіся ў становішчы паміж двух франтоў. Ужо ў 1943 г., калі поўным ходам чыніліся масавыя забойствы габрэяў, становішча ў сферы бяспекі ў Беларусі вырашальным чынам памянялася. Пасля двух гадоў ваенных дзеянняў савецкае камандаванне ўсё больш эфектыўна арганізоўвала вайсковы супраціў. Але не толькі яно, а і групоўкі з розным нацыянальным ды палітычным заплеччам — сярод іх польскія, беларускія, украінскія і літоўскія аддзелы — змагаліся ў правінцыі за ўплывы і базы забеспячэння. Гэта інтэнсіфікавала нямецкае «змаганне з бандамі», ад чаго найбольш цярпелі вёскі. Бургамістры набылі такі досвед, што «карныя акцыі» часта праводзіліся без усялякага звязку з антынямецкімі замахамі, а ў досыць адвольным парадку і што пра гэта не паведамлялася нават нямецкай цывільнай адміністрацыі[55]. Гэта знішчала вясковую супольнасць, бо ў той ступені, у якой паводзіны акупацыйных уладаў рабіліся менш прадказальнымі, трацілі ў сваім аўтарытэце і бургамістры. Пры гэтым для іх узрастала пагроза самім у якасці калабарантаў зрабіцца аб’ектамі замахаў. Кантакт з узброенымі групоўкамі зноў-такі вёў да непазбежнага пакарання смерцю, калі толькі пра гэта мелася даведацца паліцыя. Шмат якія бургамістры спадзяваліся пазбегнуць гэтае пагрозы праз ужыванне сілы. Яны дамагаліся ўзбраення сваёй самааховы або прыцягнення мясцовае паліцыі, а таксама прысутнасці нямецкага вермахту, каб абараніць свае вёскі і сябе саміх. Гэткая сітуацыя рабіла праблематычным займанне пазіцыі на карысць беларускіх габрэяў.

Мажлівасці аказання дапамогі былі абцяжараныя таксама іншымі чыннікамі. Пра антысемітызм, які існаваў таксама на вёсцы, гаворка вышэй ужо ішла. Адасабленню, ізаляванню і вынішчэнню габрэяў спрыялі эканамічныя чыннікі. Жыццёвы ровень на вёсцы быў сціплы яшчэ да прыходу немцаў. Тут ён знізіўся яшчэ болей у выніку шкоды, прычыненай адступленнем адных войскаў і прыходам іншых, але найперш — высокімі падаткамі. Калі ў першы год вайны недахоп харчоў на вёсцы яшчэ адчуваўся не вельмі моцна, дык спажывецкія тавары мелі ўжо тады найбольшую прывабнасць. Пры гэткіх акалічнасцях «жыдоўскія рэчы», як іх называла нацысцкая бюракратыя, былі больш чым жаданым таварам. Каля агароджаў гета вёўся ажыўлены гандаль. Сяляне набывалі каштоўныя рэчы, вопратку або гаспадарчы рыштунак, плоцячы за гэта харчамі. За звесткі пра «зачышчэнні гета», што мелі адбыцца, мясцовая паліцыя брала ў габрэйскіх радаў плату золатам. Паліцыянты сцвярджалі, што за ўзнагароджанне яны могуць сяго-таго ўратаваць ад смерці пад час гэткіх акцыяў. На гандлі з гета нажывалася мясцовая (а часта таксама і нямецкая) паліцыя, а разам з ёю цэлы шэраг гандляроў -пасярэднікаў. Дзеці і падлеткі, якім праз іх малы рост было лягчэй пераадольваць агароджы вакол гета, зараблялі сабе гэтым на пражыццё.

Пад час «перасяленняў» габрэяў у гета ўвесь час даходзіла да рабункаў. Было заўсёды досыць тых, хто выяўляў інтарэс да дамоў, што вызваліліся, або да майстэрняў, што страцілі сваіх гаспадароў. Тая акалічнасць, што прагнаныя адтуль людзі былі габрэямі, пад час спрэчак за валоданне, хутчэй за ўсё, адыгрывала другарадную ролю. Калі гаворка ішла пра тое, каб прыўлашчыць прыбытковы млын або каштоўны жылы дом, на ўладальніка рабіліся даносы ў кожным канкрэтным выпадку як на габрэя, паляка, камуніста і ненавісніка немцаў у адной асобе. Нярэдка гэткія даносы вялі да жаданага поспеху.

Пасля вялікіх акцыяў вынішчэння органы бяспекі паведамлялі пра мясцовых паліцыянтаў і цывільных асобаў, якія капаліся сярод руінаў гета, шукаючы рэчы, што засталіся пасля іхных забітых колішніх суседзяў. Яны абшукавалі будынкі, спадзеючыся знайсці закапаныя або іначай схаваныя каштоўныя рэчы. Паліцыянты і бургамістры распачалі маштабны гандаль «габрэйскімі рэчамі» і сваёй прапановай прываблівалі шматлікіх пакупнікоў з вёсак. Сёй-той з гэтых «прадпрымальні каў» разгарнуў сваю справу нагэтулькі маштабна, што трапляў у канфлікты з нямецкімі ўладамі. Тыя самі мелі інтарэс у выкарыстанні «габрэйскае маёмасці». Да прыкладу жорсткія спрэчкі ўзнікалі паміж рознымі ўстановамі, калі гаворка ішла пра размеркаванне вопраткі, абутку, што былі здабытыя пад час «зачышчэнняў гета» і складзеныя аж пад самы дах у кабінетах і сховішчах будынку Менскае Оперы. Выказваліся ўзаемныя абвінавачванні пра «вар’яцтва на глебе жыдоўскага хломазду» ды ўжыванне нядобрасумленных сродкаў пры тым размеркаванні. Адзін з нямецкіх гебітскамісараў планаваў пабудову крамы дзеля рэалізацыі габрэйскае маёмасці жыхарству. Ён адмовіўся ад сваёй задумы, бо непакоіўся, што не ўдасца пазбегнуць эксцэсаў і праз гэта беспраблемна ажыццявіць распродаж. На вёсцы сяляне і рамеснікі звярталіся да сваіх суседзяў-габрэяў і прасілі апошніх саступіць ім скаціну або інструмент, бо ўсё адно яны хутка маюць быць выселеныя. Беларускія сяляне паказвалі чыноўнікам цывільнае адміністрацыі, якія прыязджалі да іх у вёску, магілы «сваіх» габрэяў, што знаходзіліся ў найбліжэйшым лесе, і хітравата распавядалі, як праз экзекуцыі для некаторых сем’яў «пытанне даўгоў» вырашылася найпрасцейшым чынам. Уцёкі габрэяў з гета — не гэтак, як у прыведзеных у пачатку артыкула прыкладах — таксама не заўсёды падтрымоўваліся з гуманітарных меркаванняў, а арганізоўваліся за плату звонкай манетаю. Габрэйскія жанчыны ўступалі ў полавыя стасункі са сваімі патэнцыйнымі ратаўнікамі і, відаць, часта не маглі патлумачыць самі, ці тут гаворка ішла пра форму аплаты, выраз удзячнасці або вынік прыхільнага стаўлення і фізічнай прыцягальнасці.

Прыведзеныя прыклады можна доўжыць і доўжыць. Калі браць пад увагу нізкі жыццёвы ровень і часткова жабрацкія варункі, у якіх беларускае жыхарства існавала пад час вайны, робіцца зразумелым, якіх высокіх маральных якасцяў патрабавала адмаўленне ад таго, каб у якой-кольвечы форме браць удзел у вынішчэнні габрэяў. Нават калі нехта карыстаўся з паслугаў «Беларускае самапомачы», ён ускосным чынам атрымоўваў выгоды ад «перасяленняў» ды «зачышчэнняў гета». Гандаль каля сценаў гета негабрэі разглядалі напачатку, відаць, як зусім натуральную рэч. Усё ж такі ён паляпшаў забеспячэнне габрэяў харчамі — гэтак можна было ўсё патлумачыць сабе. За ўсталяванне цэнаў кожны канкрэтны прадавец адказнасці не нёс, цэны дыктаваліся попытам, а ён быў велізарны. Урэшце, лёс габрэяў гета і так змяніць было немажліва, калі не паддаваць небяспецы сябе і сваю сям’ю. Паўсюль існавалі ідэальныя перадумовы пераступіць мяжу паміж выжываннем і самаўзбагачэннем.

Для ўзмацнення салідарнасці праблематычнай была прысутнасць мясцовае паліцыі. Пад назвамі «шуцманшафт» (паліцыя. — Л.Б.) або «служба парадку» нямецкая адміністрацыя мела дзейсны інструмент, каб кантраляваць і абараняць занятую тэрыторыю[56]. Нярэдка там неслі службу мясцовыя паліцыянты пад камандаваннем нямецкіх начальнікаў. У савецкай літаратуры паліцыянты разам з бургамістрамі былі ўвасабленнем здрады свайму народу. Гэтая акалічнасць, відаць, бралася пад увагу пры апісанні «паліцаяў» у савецкай белетрыстыцы (і часткова таксама ў гістарычнай літаратуры). Сцверджаныя дэфармацыі характару і непаўнавартасць паліцыянтаў знайшлі тут свой выраз у брыдкіх рысах твару, цязе да брутальнасці, распусты, падлізніцтва[57]. Пад час вайны паліцыянты былі ўлюбёным аб’ектам замахаў, пасля вайны над імі ўчыняліся працэсы.

Становішча ў мясцовай паліцыі было толькі люстэркам агульнае сітуацыі ў акупаванай краіне. Як вынік заблытанай этнічнай карціны беларусы служылі ў паліцыі супольна з палякамі, а таксама, у выключных выпадках, з расійцамі, украінцамі і літоўцамі. Паводле нямецкіх планаў паліцыянты мусілі быць задзейнічаныя як найдалей ад сваіх родных вёсак, каб гэткім чынам было выключана змоўніцтва ды кумаўство. У сапраўднасці нямецкі апарат бяспекі выявіў сябе занадта грувасткім, а колькасць ахвотнікаў на паліцэйскую службу была замалая, каб зрэалізаваць гэтыя мэты.

Прымусовы набор на службу нярэдка значыў кепскі выбар персаналу. Калі вёскам даводзілася заданне выстаўляць пэўную колькасць маладых мужчынаў, усё ішло да таго, каб збыць на службу ў паліцыю такіх кандыдатаў, якія не былі надта даспадобы ў вёсцы. У паасобных выпадках бургамістры гэткім чынам пазбаўляліся ад нязручных звягліўцаў, неахвочых да працы або і ад сваіх асабістых праціўнікаў. Перш-наперш сярод элітарнай часткі эсэсаўскай ерархіі былі папулярныя жарты наконт таго, што паміж дэградаванымі бандамі рабаўнікоў немажліва ўбачыць розніцу — і таму лепш за за ўсё не рабіць ніякіх адрозненняў паміж апошнімі, з аднаго боку, і мясцовымі паліцыянтамі, з другога.

Насамрэч сярод дакументаў нямецкіх паліцэйскіх уладаў знаходзяцца шматлікія паведамленні пра напады, п’яныя выхадкі, злоўжыванні зброяй ды іншыя службовыя парушэнні. У якасці дысцыплінар нае праблемы (а не як, прыкладам, від незаконных дзеянняў) былі зарэгістраваныя оргіі гвалту і забойстваў, што адбываліся ў часе прымусовага перасялення габрэяў у гета і пазней, пад час масавых забойстваў[58]. І тут мясцовыя паліцыянты выявілі сябе бясслаўна і «асягалі» нашмат большага за тое, што ад іх патрабавала нямецкае начальства. Нам вядомыя шмат якія выпадкі, калі беларускія або польскія паліцыянты забівалі габрэйскіх уцекачоў ды «савецкіх партызанаў» — або таго, каго за іх уважалі. Калі бургамістры або іншыя вяскоўцы даносілі на некага як на камуніста, зазвычай яны рабілі гэта ў мясцовай паліцыі, якая тады арыштоўвала падазраванага. Гэткія арышты суправаджаліся «пакараннямі» «памочнікаў» або сваякоў арыштаваных. Часткова гэта рабілася з нечуванай брутальнасцю. Хаты, у якіх выкрываліся «савецкія актывісты», нярэдка проста падпальваліся. Калі вінаватых не знаходзілі, іх месцазнаходжанне «высвятлялася» праз допыты іхных сямейнікаў. Дакументы даюць сведчанні пра катаванні і згвалтаванні, што адбываліся пад час гэтых допытаў. Таму вобраз п’янага, прымітыўнага гарладзёра-паліцая, які тыраніў і рабаваў жыхарства, напоўніцу выяўляючы свае антысеміцкія схільнасці ды садызм, з’явіўся не проста так.

Каб мець мажлівасць вызначыць ролю мясцовае паліцыі, вагу, аднак, маюць яшчэ і іншыя чыннікі. Калі гаворка ідзе пра маладых людзей, якія пайшлі на гэтую службу добраахвотна, у шматлікіх выпадках гэта былі тыя, хто пацярпеў ад саветызацыі, і найперш гэтае адносілася да палякаў. Таму няма нічога дзіўнага, што наяўны без сумневу антысемітызм стымуляваўся або нават абуджаўся праз гатовасць атрымаць цяпер шанец на паспяховую асабістую кар’еру. Перспектыва замяніць цяжкую працу ў вясковай гаспадарцы на службу ў паліцыі выглядала прывабнаю. Са шматлікіх пратаколаў пазнейшых працэсаў ды з іншых крыніцаў нам вядома, што паліцыянты на нямецкай службе вялікае значэнне надавалі ўзнагародам, форменнай вопратцы і зброі як знакам пэўнага статусу. Яны часта не надта адрозніваліся — нават калі гэта датычыла функцыянавання «малога баявога аддзелу» — ад аналагічных групаў нямецкае паліцыі ды вермахту. Побач з недастатковай адукацыяй, датрыманнем асабістых інтарэсаў, а ў шматлікіх выпадках, відавочна, і з адмоўнымі якасцямі характару, тут адыгрывалі сваю ролю тыя працэсы, якія Крыстафер Браўнінг аналізаваў датычна «ordinary men» («простых людзей»), што ў складзе аднаго нямецкага паліцэйскага батальёну рэзервы бралі ўдзел у масавых забойствах ды «зачышчэннях гета»[59].

Беларускія ды польскія паліцыянты зараблялі не толькі нямецкія ўзнагароды, але і здабывалі прызнанне сваіх нямецкіх начальнікаў за адвагу і рашучасць у «змаганні з партызанамі» або ў «зачышчэннях гета». Узаемнае ўздзеянне нямецкага тэрору, замахаў супраць акупацыйнай улады, кампраметавання асобаў ды пастаянных акцыях адплаты пачалося ўжо ў 1942 г. Гэта прыводзіла да ўсеагульнае эскалацыі гвалту. Наўпрост або ўскосна паліцыя падтрымоўвала беспраблемнае ажыццяўленне масавых забойстваў габрэяў. Суб’ектыўнае адчуванне смяротнае пагрозы, уражанне «знаходжання на полі бітвы» рабіла ўсё менш і менш верагодным стаўленне паасобнымі людзьмі пад сумнеў злачынных мэтаў ды загадаў. Гэта датычыла чыноўнікаў акупацыйнае адміністрацыі ды нямецкіх сілаў бяспекі, гэтаксама як і мясцовых паліцыянтаў[60].

Урэшце, таксама і на тэрыторыях, да якіх не дасягала нямецкая ўлада, габрэйскія ўцекачы з гета натыкаліся на ворагаў. У аддзелах Арміі Краёвай, якія мелі свае, цяжка кантраляваныя звонку парадкі пад зверхніцтвам мясцовых камандзіраў, часта прысутнічалі прыкметныя антысеміцкія настроі. Забабоны і нават варажнеча спатыкалі габрэяў таксама сярод савецкіх партызанаў. Рабіліся ўсё больш вядомымі выпадкі, калі былі расстраляныя ўцекачы з гета, што шукалі кантакту з узброенымі аддзеламі. І гэты працэс меў сваю дынаміку.

На пачатку вайны групы ўцекачоў і жаўнераў, што адбіліся ад сваіх падраздзелаў, дамагаліся толькі таго, каб схавацца ад нямецкіх сілаў бяспекі і выпрасіць у сялянаў самага неабходнага дзеля выжывання. Габрэйскія ўцекачы з гета рабіліся канкурэнтамі групаў самае разнастайнае афарбоўкі, нярэдка паўсталых праз выпадак ды надзвычай схільных да гвалту[61]. Канфлікты паміж тымі, хто змушаны быў хавацца, узнікалі не вакол якіх-кольвечы палітычных ідэяў, а вакол мажлівасцяў здабыць харчы ды вопратку. Калі сферы ўплываў перасякаліся або калі пэўная група пашырала сваю дзейнасць па-за межамі кантраляванай ёю тэрыторыі з прычыны росту свае колькасці або паляпшэння свайго рыштунку (праз падтрымку звонку або дзякуючы прытоку новых байцоў), канфлікты маглі перарастаць у ваенныя сутычкі[62]. Прыкладам, характэрным для агульнае сітуацыі ў Беларусі ёсць габрэйскі партызанскі аддзел на чале з Туўя Бельскім, што меў сваёй базай маладаступны раён Налібакаў[63]. Праз прыток уцекачоў з гета малая напачатку група асягнула больш як тысячы ўдзельнікаў. Аддзел праводзіў шматлікія акцыі ратавання габрэяў з гета, што знаходзіліся паблізу. Туўя Бельскі, у чыіх лясных схованках побач з мужчынамі жылі таксама жанчыны і дзеці, дзяліў гэтую тэрыторыю з савецкімі і польскімі злучэннямі. Мірнае напачатку суіснаванне цягам вайны ператварылася ў сітуацыю вострае канкурэнцыі, а ўрэшце і ў барацьбу за ўладу. Усё гэта скончылася разгромам польскага аддзелу савецкімі брыгадамі ды прымусовым улучэннем групы Бельскага ў савецкі партызанскі рух[64]>.

Савецкае камандаванне, але і таксама камандзіры Арміі Краёвай мелі дваістае стаўленне да габрэйскага супраціву[65]. Хоць кіраўніцтва найчасцей выказвала салідарнасць з габрэямі як ахвярамі нацысцкага гвалтоўнага панавання, у якасці самастойных дзейных асобаў у акупаванай Беларусі апошнія заставаліся для яго непажаданымі. Антысемітызм сярод жаўнераў Арміі Краёвай усё-такі вылучаўся яе камандзірамі ў якасці праблемы. У супрацьлегласць гэтаму, савецкае камандаванне не мела ахвоты гаварыць пра гэткія канфлікты. Габрэйскія ахвяры і габрэйскія ўцекачы пад шыфрам «народнае вайны» ўлучаліся ў лік грамадзянаў Савецкага Саюза, а ў неабходных выпадках сілай заганяліся ў абдымкі кіраўнікоў савецкага партызанскага руху. Калі браць у цэлым, асаблівае дапамогі габрэі не атрымалі і ад ваенных праціўнікаў нямецкае акупацыйнае ўлады[66].

Заключныя высновы

Асаблівасць Беларусі палягае ў тым, што тут амаль не існавала перадумоваў зарганізаваць грамадства пасля прыходу нямецкага вермахта на абарону ад вонкавага ворага. Як наступства саветызацыі 1939 г. і з прычыны адрозненняў паміж усходняй і заходняй часткамі краю, але таксама і пасля савецкай эвакуацыі 1941 г. «грамадства» ўяўляла сабою не што іншае, як мноства не злучаных паміж сабою сацыяльных асяродкаў ды групаў інтарэсаў. Адначасна досыць істотнаю была напружанасць паміж тымі, хто выйграў у выніку саветызацыі, і пацярпелымі ад яе. Немцы наракалі на «пасіўнасць» беларутэнаў ды іхную недастатковую нацыянальную свядомасць. У сваім няведанні мясцовых дачыненняў і стасункаў і маючы далёкія ад рэальнасці адміністрацыйныя ўказанні з Берліну, яны за кароткі час настроілі супраць сябе як беларусаў, гэтак і палякаў. За гэткія міжэтнічныя канфлікты ўскосна заплацілі таксама беларускія габрэі, якія самі належалі да шматлікіх асяродкаў і групаў.

Беларускія габрэі сталіся ахвярамі галакосту. Але на іх таксама абрынуўся цяжар тых спрэчак і змаганняў, што вяліся дзеля ўлады ў Беларусі. Ані на ўсходзе, ані на захадзе краіны акупанты не знайшлі значнага выяўлення антысемітызму. Яны шкадавалі пра гэта, параўноўва ючы сітуацыю з тым, што адбывалася ў Прыбалтыцы і ва Ўкраіне, дзе ў куды большай ступені можна было разлічваць на антысеміцкія тэндэнцыі. Аднак у Беларусі як сярод палякаў, гэтак і сярод беларусаў антысемітызм усё-ткі меў месца нагэтулькі, што перад абліччам нямецкага тэрору ў наступныя гады ён здолеў узбуяць у шмат якіх месцах. Прычынамі, побач з традыцыйнымі антыгабрэйскімі забабонамі, была мешаніна страху перад пакараннем, спробаў прыстасавацца да акупацыйнай улады і прагі да асабістае выгоды. У пэўных выпадках варожасць суседзяў, відаць, была скіраваная не супраць габрэяў як этнічнай групы, а як супраць уяўнага канкурэнта ці «ворага» — гэтак як гэта мела месца таксама паміж палякамі, беларусамі, украінцамі, літоўцамі або немцамі-«фольксдойч». Ад самага пачатку вайны палякам, беларусам і габрэям з усёй брутальнасцю была прадэманстраваная іх безабароннасць супраць непрадказальнае нямецкае акупацыйнае ўлады. Цягам вайны гэты працэс мацнеў. Нямецкі тэрор і скачкападоб ная палітыка немцаў — палітыка, абумоўленая адрознымі інтарэсамі шматлікіх органаў ды ўстановаў — уцягвалі ўсё большую колькасць людзей у той вір, у якім круціліся тэрор, узаемная кампраметацыя ды тэрор у адказ. Жабрацкія варункі жыцця гарадскога і вясковага насельніцтва яшчэ болей абмяжоўвалі мажлівасці аказваць дапамогу. Асобы, групы і арганізацыі былі праз гэта наўпрост і пасярэдне ўцягнутыя ў «рэалізацыю габрэйскіх рэчаў».

Салідарнасць з беларускімі габрэямі і аказанне ім дапамогі не варта ставіць толькі выключна ў дачыненне з антысемітызмам, які меў месца ў грамадстве акупаванае краіны. Грамадзянская мужнасць ды гераізм узнікалі не ў вакууме, а былі часткай складанае сістэмы залежнасцяў, пагрозаў ды страхаў. Калі было жаданне дапамагаць габрэям, іх трэба было пераадольваць, і гэта было цяжкой задачай для вялікае колькасці «зусім нармальных» беларусаў ды палякаў. З чалавечнасцю і ўзаемадапамогаю было, па-першае, гэтак цяжка таму, што ў «Беларутэніі» акупацыйны рэжым найбольш выяўляў свае антычалавечыя рысы. З іншага боку, выхад гвалту па-за ўсялякія межы і адсутнасць масавага супраціву выразна паказвалі, як моцна было парушанае жыццё гэтага краю яшчэ пад час прыходу Саветаў у 1939 г. Імкненне беларусаў і палякаў цяпер, пры нямецкім уладаранні, нарэшце станоўча паўплываць на свой лёс было ў сваёй істоце скіраванае не супраць габрэяў. Але апошнія трапілі ў сітуацыю паміж молатам і кавадлам, пасля таго як акупанты зрабілі іх найслабейшым звяном грамадства. Учынкі Пятра Міхайлаві ча Палікарповіча, Людмілы Іосіфаўны Мачуленкі ды Юльяны Сяргееўны Вінаградавай, якія пад пагрозаю смерці ратавалі габрэяў, на гэтым тле маюць яшчэ большую вагу. Яны ёсць доказам таго, што чалавечнасць можа гаварыць сваё слова супраць вынішчэння і руйнавання, нават калі гэта — як у той час у Беларусі — мусілa адбывацца ў найцяжэйшых варунках.

З нямецкай пераклаў Лявон Баршчэўскі


[1] Kosmala B. Ungleiche Opfer in extremer Situation. Die Schwierigkeiten der Solidarität im okkupierten Polen // Benz W. / Wetzel J. (Hrsg.) Solidarität und Hilfe für Juden während der NS_Zeit. Regionalstudien 1, Berlin 1996. S.19_98; Golczewski F. Die Revision eines Klischees. Die Rettung von verfolgten Juden im Zweiten Weltkrieg durch Ukrainer // Benz W. / Wetzel J. (Hrsg.)
Solidarität und Hilfe für Juden während der NS_Zeit. Regionalstudien 2, Berlin 1998. S. 9_82.
[2] Europa unterm Hakenkreuz. Die Okkupationspolitik des deutschen Faschismus (1938_1945). Hrsg. vom Bundesarchiv. Berlin, Heidelberg 1988_1996, Bd.7 (zugleich Ergänzungsband 1) : Okkupation und Kollaboration (1938_1945 ). Beiträge zu Konzepten und Praxis der Kollaboration in der deutschen Okkupationspolitik. Zussammengestellt und eingeleitet von W. Röhr. Heidelberg, 1994, Bd. 8 (zugleich Ergänzungsband 2): Analysen, Quellen, Register. Heidelberg, 1996; Madajczyk Cz. Die Besatzungssysteme der Achsenmächte. Versuch einer komparativen Analyse // Studia Historiae Oeconomicae 14 (1979). S. 105_123; Semelin J. Unarmed against Hitler. Civilian Resistance in Europre, 1939_1943. Westport / Conn. 1993.
[3] Падставай для працы стаў даследчыцкi праект па гiсторыi Беларусi ў II сусветнай вайне. Разглядалiся дакументы з наступных збораў: London Metropolitan Polis, Дзяржаўная адвакатура Рэспублiкi Беларусь, Дзяржаўны i Нацыянальны архiў Рэспублiкi Беларусь, колiшнi „Спецыяльны архiў“ у Маскве (ЦIДК), Гiстарычны архiў у Маскве (РССIДНI), розныя аддзелы Бундэсархiва. Адносна выкарыстаных крынiц i дакладных назваў архiваў гл.: Chiari B. Alltag hinter der Front. Besatzung, Kollaboration und Widerstsand in Weißrußland 1941_1944. Düsseldorf, 1998.
[4] Сведчанне Kaganovič E. 2.3.91, Yad Vashem Archive (YVA), file 8392. У тэксце геаграфiчныя назвы i асабiстыя iмёны перадаюцца ў кірылічнай традыцыі. Гэта тычыцца таксама назваў польскiх мясцовасцяў, якiя пазней сталi часткай БССР.
[5] Сведчанне Klimkovič J., YVA, file 8392.
[6] Сведчанне Giršgorn E., 4.4.1996, ebenda.
[7] Сведчанне Cybul’skij A., ebenda.
[8] Сведчанне Kaganovič E., Venčkova N. 24.2.94, ebenda.
[9] Сведчанне Čerčes L. 26.6.94; Aussage Mačulenko L. 28.11.94; Tret’jakova M. 27.11.94, sämtlich YVA, file 8880.
[10] Сведчанне Mačulenko L. 30.4.94., ebenda.
[11] Сведчанне Mačulenko L. 28.11.94. ebenda.
[12] Сведчанне Il’inična, 15.11.95; Vinogradova I. 27.11. 95; Leonova P. 10.4.96, alle YVA, file 9819.
[13] Гл.: Benz W. U.a. (Hrsg .) Anpassung_Kollaboration_Widerstand. Kollektive Reaktionen auf die Okkupation, Berlin 1996.
[14] Klier J. Imperial Russia’s Jewish Question, Cambridge 1995; Иванов Н. Еврейский мир в Белоруссии (конец ХIХ — 1941). Неапублікаваны рукапіс, 1997.
[15] Haumann H. Geschichte der Ostjuden. München 1990; Hausleitner M. / Katz M. Juden und Antisemitismus im östlichen Europa. Berlin, 1995.
[16] Strazhas A. Deutsche Ostpolitik im Ersten Weltkrieg: der Fall Ober Ost. Wiesbaden, 1993.
[17] Літаратурны вобраз грамадзянскай вайны гл. у: Babel I. Die Reiterarmee. Berlin, 1994 (Конармия, 1926);
Benecke W. Die Quäker in den Kresy Wschodnie der Zweiten Polnischen Republik // Jahrbücher für Geschichte Osteuropas, 4 (1994). S. 510—520.
[18] Vetter M. Antisemiten und Bolschewiki. Zum Verhältnis von Sowjetsystem und Judenfeindschaft 1917—1939. Berlin, 1995.
[19] Як агляд беларускай гiсторыi гл.: The making of a Nation. A Case Study, Cambridge / Mass., 1956.
[20] Kosmala B. Ungleiche Opfer in extremer Situation, S.19—97.
[21] Golczewski F. Polnisch — jüdische Beziehungen 1881_1922. Wiesbaden, 1981; Opalski M., Bartal I. Poles and Jews. A Failed Brotherhood. Hanover / N.H. 1992; Abramsky C. u.a. (Hrsg.) The Jews in Poland. Oxford 1986; Gutman Y. u.a. (Hrsg.) The Jews of Poland Between Two Wars. Hanover / London, 1989; Lewin I. The Jewish Community in Poland. New York, 1985.
[22] Brock P. Belarusan National Identity as an Aspect of Conscientious Objection in Interwar Poland // East European Quarterly, 3 (1995). S.285_292; Horak S. Poland and Her National Minorities, 1919_39. New York, 1961; Symmons_ Symonlewicz K. Polish Political Through and the Problem of the Eastern Borderlands of Poland (1918_1939) // Polish Review, 1_2 (1959). S.65_82; Tomaszewski J. Belorussians in the Eyes of the Poles, 1918_1939 // Acta Poloniae Historica, 51 (1985). S. 101—122.
[23] Hlybinny U. Vierzig Jahre weißruthenischer Kultur unter den Sowjets. München, 1959.
[24] Chiari B. „National Renaissance”, Belorussifizierung und Sowjetisierung: Erziehungs_ und Bildunspolitik in Weißrußland 1922—1944 // Jahrbücher für Geschichte Osteuropas, 4 (1994). S. 521—540.
[25] Davies N. / Polonsky A. (Hrsg.) Jewish in Eastern Poland and the USSR, 1939_46. London, 1993; Polska—Bialorus 1918—1945. Zbior studiów i materialów pod redakcją naukową Wiesława Balceraka. Warszawa, 1994; Społeczeństwo Białoruskie, Litewskie i Polskie na Ziemiach Północno–Wschodnich II Rzeczypospolitej (Białoruś Zachodnia i Litwa Wschodnia) w latach 1939—1941. Pod red. Małgorzaty Gizejewskiej i Tomasza Strzembosza. Warszawa, 1995.
[26] Baberowski J. Wandel und Terror: Die Sowjetunion unter Stalin 1928_1941. Ein Literaturbericht // Jahrbücher für Geschichte Osteuropas, 1 (1995). S. 97_129.
[27] Levin N. The Jews in the Soviet Union since 1917. Paradox of Survival. London / New York, 1988; Gitelman Z. A Centery of Ambivalence: The Jews of Russia and the Soviet Union, 1881 to the Present. New York, 1988; ders., Jewish Nationality and Soviet Politics. The Jewish Sections of the CPSU, 1917_1930. Princeton / N.J. 1972.
[28] Да савецкай iнтэрпрэтацыi „Уз‘яднання“ гл.: Соколов Е. К 50–летию воссоединения Западной Белоруссии с БССР. Брест, 1988.
[29] Ciesielski S. u.a. Masowe Deportacje Radzieckie w okresie II wojny światowej. Wrocław, 1993.
[30] Redlich S. The Jews in the Soviet Annexed Territories 1939_41 // Marrus M. The Nazi Holocaust. 8. Bystaners of the Holocaust. Bd. 3. London, 1989. S. 111.
[31] Strzembosz T. (Hrsg.) Studia z dziejów okupacji sowieckiej (1939–1941). Warszawa, 1997; Jasiewicz K. Zagłada Polskich Kresów. Ziemiaństwo polskie na Kresach Północno–Wschodnich Rzeczypospolitej pod okupacją sowiecką 1939–1941. Warszawa, 1998; Gross J. Revolution from Abroad. The Soviet Conquest of Poland’s Western Ukraine and Western Belorussia. Princeton / N.J. 1988 (=gek.: Und wehe, du hoffst… Die Sowjetisierung Ostpolens nach dem Hitler_Stalin_Pact 1939_1941. Freiburg, 1988); ders./ Grudzinska_Gross I. (Hrsg.) War Through Children’s Eyes. The Soviet Occupation of Poland and the Deportations, 1939_1941. Stanford / Cal. 1981; Sword K. (Hrsg.) Deportation and Exile. Poles in the Soviet Union, 1939_48. London 1994; ders. (Hrsg.) The Soviet Takeover of the Polish Eastern Provinces, 1939_41. New York, 1991.
[32] Siebert D. Bäuerliche Alltagsstrategien in der Belorussischen SSR (1921_1941). Stuttgart, 1998.
[33] Pinchuk B. Sovietization of the Shtetl of Eastern Poland, !939_1941 // Strong J. (Hrsg.) Essays on Revolutionary Culture and Stalinism. Selected Papers from the Third World Congress for Soviet and East European Studies. Columbus / Ohio 1990. S.71—79.
[34] Гл.: История Белорусской ССР. Минск, 1977; История Белорусской ССР. Т. 2. Минск, 1961; История Великой Отечественной войны Советского Союза. Москва, 1960–1965; История второй мировой войны. В 12 т. Москва, 1973–1982; Преступления немецко–фашистских оккупантов в Белоруссии (1941–1944). Минск, 1965; Старонкі ваеннай гісторыі Беларусі. Мінск, 1991; Да дыскусіі ў расійскай гістарыяграфіі гл.: Вторая мировая война: Актуальные проблемы / ред. О.А.Ржешевский. Москва, 1995.
[35] Streim A. Sowjetische Gefangene in Hitlers Vernichtungskrieg. Berichte und Documente. Heidelberg, 1982; ders., Die Behandlung Sowjetischer Kriegsgefangener im „Fall Barbarossa”. Heidelberg, 1981; Streit C. Keine Kameraden. Die Wehrmacht und die sowjetischen Kriegsgefangenen 1941_1945. Stuttgart, 1978.
[36] Пономаренко П. Всенародная борьба в тылу немецко–фашистских захватчиков (1941—1944). Москва, 1986; Бритов И. Партизанское движение на территории Белоруссии в первый период Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944). Минск, 1977; Бычков Л. Партизанское движение в годы Великой Отечественной войны (1941–45). Москва, 1965; Всенародная борьба против немецко–фашистских захватчиков в Белоруссии в период Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944). Т. 3. Минск, 1983; Параўнай:Chiari B. Mythos und Alltag: Voraussetzungen und Probleme eines west_östlichen Dialogs zur Historiographie des Zweiten Weltkriegs // Militärgeschichtliche Mitteilungen, 2 (1995 ). S. 535—563.
[37] Dallin A. Deutsche Herrschaft in Rußland 1941_45. Eine Studie über Besatzungspolitik, Düsseldorf 1958; Романовский В. Немецко–фашистская оккупационная политика и ее крах в Белоруссии (1941–1944 гг.). Неапублікаваная дысертацыя. Мінск, 1974; Müller R. Hitlers Ostkrieg und die deutsche Siedlungspolitik. Die Zusammenarbeit von Wehrmacht, Wirtschaft und SS. Frankfurt a.M., 1991; Müller N. (Hrsg.) Deutsche Besatzungspolitik in der UdSSR. Dokumente. Köln, 1980, ebenso Berlin, 1980 unter dem Titel „Okkupation, Raub, Vernichtung. Dokumente zur Besatzungspolitik”; Mulligan T. The Politics of Illusion and Empier. German Occupation Policy in the Soviet Union. 1942_1943. New York, 1988; Reitlinger G. The House built on Sand. The Conflicts Of German Policy in Russia. London, 1960 (dt.: Ein Haus auf Sand gebaut. Hitlers Gewaltpolitik in Rußland !941_1944. Hamburg, 1962); Rössler M. / Schleiermacher S. (Hrsg.) Der „Generalplan Ost”. Hauptlinien der nationalsozialistischen Planungs_und Vernichtungspolitik. Berlin, 1993; Turonek J. Białoruś pod okupacją niemecką. Warszawa, 1989.
[38] Bollmus R. Das Amt Rosenberg und seine Gegner. Studien zum Machtkampf im nationalsozialistischen Herrschaftssystem. Stuttgart, 1970; Rebentisch D. / Teppe K. (Hrsg.) Verwaltung contra Menschenführung im Staat Hitlers Studien zum politisch_administrativen System. Göttingen, 1986.
[39] Факторович А. Крах аграрной политики немецко–фашистских оккупантов в Белоруссии. Минск, 1979.
[40] Banasikowski E. Na ziemi Wileńskiej. Warszawa, Paris, 1990; Ермолович В., Жумар С. Огнем и мечом. Хроника польского националистического подполья в Белоруссии (1939–1953 гг.). Минск, 1994; Гнатоўскі М. Аб стане даследавання гісторыі дзейнасці Арміі Краёвай у Заходняй Беларусі // Беларускі гістарычны часопіс. 1995. № 1 (9). С. 51–56; Сямашка І. Армія Краёва на Беларусі. Мінск, 1994.
[41] Kohl P. „Ich wundere mich, daЯ ich noch lebe“: sowjetische Augenzeugen berichten. Gьtersloh, 1990; Нямецка–фашысцкі генацыд на Беларусі (1941–1944). Мінск, 1995.
[42] Mendelsohn J. (Hrsg.) The Holocaust. Selected Documents in Eighteen Volumes. V. 10. The Einsatzgruppen or Murder Commandos. New York, 1982.
[43] Loewenstein K. Minsk — Im Lager der deutschen Juden // Aus Politik und Zeitgeschichte. B 45/46, 7.11.1956, S.706—711; Гл.: Trunk I Judenrat. The Jewish Councils in Eastern Europe Under Nazi Occupation. New York, 1972.
[44] Гэты выпадак паказаў Ульф Мехаў у дакументальным фільме „Еврейка и капитан“, 1994.
[45] Ezergailis A. The Holocaust in Latvia, 1941 — 1944. The Missing Center. Riga, 1996; Па Украіне гл.: Golczewski F. Die Revision eines Klischees. Для Беларусі адпаведныя публікацыі дасюль адсутнічаюць.
[46] Да ўрыўкаў пра беларускае самакiраванне, працэсы ў вёсках i ролю палiцыi параўн.: Chiari B. Alltag hinter der Front, passim.
[47] Ãë.: Kiesel D. u. a. (Hrsg.) „Wer zum Leben, wer zum Tod…”. Strategien jüdischen Überlebens im Ghetto. Frankfurt a. M., 1992.
[48] Matthäus J. „Reibungslos und planmäßig”: Die zweite Welle der Judenvernichtung im Generalkommissariat Weißruthenien (1942 — 44) // Jahrbuch für Antisemitismusforschung. 4 (1995). S. 254 — 274.
[49] Неизвестная черная книга. Свидетельства очевидцев о катастрофе советских евреев (1941—1944). Иерусалим — Москва, 1993.
[50] Соловьев А. Белорусская Центральная Рада. Создание, деятельность, крах. Минск, 1995.
[51] Гл.: Ильинский П. Три года под немецкой оккупацией в Белоруссии (Жизнь Полоцкого округа, 1941–1944 гг.) // Грани. 1956. № 30. С. 85–122; 1956. № 31. С 94–127.
[52] Długoborski W. (Hrsg.) Zweiter Weltkrieg und sozialer Wandel. Achsenmдchte und besetzte Lдnder. Gцttingen, 1981.
[53] Мінскае антыфашысцкае падполле. Мінск, 1995; Соловьев А.К. Они действовали под разными псевдонимами. Минск, 1994; Nachama T. In the Lion‘s Den. The Life of Oswald Rufeisen. New York / Oxford, 1990.
[54] Cholawsky S. The Judenrat in Minsk // Yisrael Gutman / Cynthia J. Haft (Hrsg.) Patterns of Jewish Leadership in Nazi Europe, 1933—1945: Proceedings of the Third Yad Vashem International Historical Conference, Jerusalem, April 4—7, 1977. Jerusalem, 1979. S.113—132.
[55] Cooper M. The Phantom War. The German Struggle against Soviet Partisans 1941—1944. London, 1979.
[56] Да ролi палiцыi параўн.: Martin C. Dean, Collaboration in the Holocaust. Crimes of the Local Police in Belorussia and Ukraine, 1941—44. Houndmills, 1999.
[57] Чередникова М.П. Типология повествовательной структуры в меморатах о Великой Отечественной войне // Русское Возрождение. 1981. № 15. С. 90—109.
[58] Пра нацыянал–сацыялiстычныя забойчыя акцыі на прыкладзе Ўкраiны гл.: Pohl D. Nationalsozialistische Judenverfolgung in Ostgalizien 1941 — 1944. Organisation und Durchfьhruhg eines staatlichen Massenverbrechens. Mьnchen, 1996. Падобнага грунтоўнага даследавання па Беларусі дасюль няма. Пар.: The Einsatzgruppen Reports. Selections from the Dispatches of the Nazi Death Squads‘ Campain Against the Jews, July 1941 — January 1943, hrsg. v. Yitzhak Arad u.a. New York, 1989.
[59] Christopher R. Browning, Ordinary Men: Reserve Police Battalion 101 and the Final Solutions in Poland. New York, 1992 (dt.: Ganz normale Männer. Das Reserve_Polizeibataillon 101 und die „Endlösung” in Polen, Reinbek 1993).
[60] Bartov O. The Eastern Front 1941—1945. German Troops and the Barbarisation of Warfare. Basingstoke, 1985; Kühne T. Kameradschaft — „das Beste im Leben des Mannes”. Die deutschen Soldaten des Zweiten Weltkriegs in erfahrungs_ und geschlechtergeschichtlicher Perspektive // Gesellschaft, 4 (1996). S. 504—529.
[61] Gutman Y. Fighters Among the Ruins. The Story of Jewish Heroism During World War II. Jerusalem, 1988; Schulmann F. A Partisan`s Memoirs. Woman of the Holocaust. Toronto, 1995.
[62] Armstrong J. Soviet Partisans in World War II. Madison / Wisc., 1964; Bonwetsch B. Sowjetische Partisanen 1941 — 1944. Legende und Wirklichkeit des „allgemeinen Volkskrieges” // Schulz G. (Hrsg.) Partisanen und Volkskrieg. Zur Revolutioniewrung des Krieges im 20. Jahrhundert. Göttingen, 1985. S.92—124; Heer H./ Naumann K. (Hrsg.) Vernichtungskrieg. Verbrechen der Wehrmacht, 1941 bis 1944. Hamburg, 1995.
[63] Знаходзiцца памiж Івянцом, Валожынам i Наваградкам на захад ад Менску.
[64] Nechama T. Defiance. The Bielski Partisans. The Story of the Largest Armed Rescue of Jews During World War II. New York / Oxford, 1993; Хацкевич А. К вопросу о разоружении формирований польской Армии Краевой в Налибокской и Нарочанской пущах (1943—44) // Studia Podlaskie, Bd. 5. S. 95—119; vgl. Kersten K. The Establishment of Communist Rule in Poland, 1943—1948. Berkeley/ Cal., 1991.
[65] Drozdowski M. The Attitude of Sikorski`s Governement to the Tragedy of the Polish Jews (1939—1944) // Acta Poloniae Historica, 52 (1985). S. 147 — 170; Engel D. In the Shadow of Auschwitz: The Polish Government_in_Exile and the Jews, 1939—1942. Chapel Hill / London, 1987.
[66] Gitelman Z. (Hrsg.) Bitter Legacy. Confronting the Holocaust in the USSR. Bloomington / Ind., 1997.

Наверх

Астрыд Зам. Беларускі нацыяналізм ці нацыяналізм Беларусі

Чэрвеня 26, 2000 |


Яшчэ ўлетку 1990 г. беларускі пісьменнік Алесь Адамовіч выказаў думку, што рэальнай небяспекай для палітыкі перабудовы можа з’явіцца павольнае спаўзанне ў дыктатуру або ў грамадзянскую вайну[1]. Мінулі гады, і ў Беларусі, якая лічылася спакойнай у палітычным сэнсе краінай, з’явіліся яскравыя прыкметы абедзвюх гэтых небяспек. У цэнтры палітычных баталій — пытанні развіцця і далейшага захавання дзяржаўнай самастойнасці і вызначэння нацыянальнай ідэнтычнасці. У Беларусі, як у ніводнай з краін постсавецкай прасторы, выразна выявілася адна з пяці дылемаў дэмакратыі ва Ўсходняй Еўропе, вызначаная Ядзвігай Станішкіс як супярэчнасць паміж адначасовым утварэннем асаблівага беларускага нацыянальнага ўладнага патэнцыялу, з аднаго боку, і новай формай каланіяльнай дзяржавы пад панаваннем Расіі, з другога[2].

Як вядома, для паспяховага працэсу фармавання нацыі вырашальнае значэнне мае наяўнасць у грамадстве перадумоваў і сродкаў нацыянальнай мабілізацыі шырокіх масаў насельніцтва. У сувязі з гэтым беларускае развіццё за апошнія дзесяць гадоў неабходна разглядаць з улікам наяўных гістарычных і культурных традыцый, структур залежнасці рэгіянальнага (асабліва эканамічнага) значэння і дзейнасці палітычных актораў. Ажыццяўленне вызначанай нацыянальнай мадэлі шмат у чым залежыць, з аднаго боку, ад шэрагу складаных узаемасувязяў паміж мэтамі і дзейнасцю элітаў, а з другога — ад сацыяльна-палітычных стэрэатыпаў шырокіх колаў насельніцтва[3]. Адсюль вынікае пытанне, якую функцыю выконваюць прэтэнзіі на наяўнасць нацыі або адмова ад іх у працэсе трансфармацыі беларускага грамадства, асабліва калі разглядаць гэта ў сувязі з дэмакратызацыяй і эканамічнай мадэрнізацыяй.

Ад пачатку перабудовы ў беларускай палітыцы можна выявіць шэсць вялікіх этапаў:

1. Пачатак грамадскай тэматызацыі нацыянальных пытанняў (канец 1986 — сярэдзіна 1988 г.).

2. Заснаванне і цяжкі працэс станаўлення нацыянальнага руху (кастрычнік 1988 — ліпень 1990 г.).

3. Дзяржаўнае прызнанне нацыянальнай ідэі праз абвяшчэнне суверэнітэту і незалежнасці (ліпень 1990 — чэрвень 1991 г.).

4. Кампраміс паміж нацыянальным рухам і наменклатурай (верасень 1991 — верасень 1992 г.).

5. Рост унутрыпалітычнай канфрантацыі і новае збліжэнне з Расіяй пры ўрадзе Кебіча (кастрычнік 1992 — чэрвень 1994 г.).

6. Змена ўлады ўнутры наменклатуры, пераход да прэзідэнцкай сістэмы кіравання, рост аўтарытарных і новых рэстаўрацыйных тэндэнцый, аднаўленне дыскрымінацыі нацыянальнага руху і заключэнне шырокіх інтэграцыйных дамоваў з Расіяй (з ліпеня 1994 г.).

Этнічны падзел Беларусі*

1959 1970 1989
Беларусы 81,1% 81,0% 77,9%
Рускія 8,2% 10,4% 13,2%
Палякі 6,7% 4,3% 4,1%
Украінцы 1,7% 2,1% 2,9%
Яўрэі 1,9% 1,6% 1,1%
Астатнія 0,4% 0,6% 0,8%
Поўная колькасць жыхароў 8,1 млн. 9,0 млн. 10,2 млн

Крыніца: Astrid Sahm. Die weißrussische Nationalbewegung nach der Katastrophe von Tschernobyl 1986—1991. Münster, 1994.

Паспяховая інтэграцыя Беларускай ССР у Савецкі Саюз

Да XX ст. дзяржавы з назвай Беларусь у свеце не існавала, а адзіная пісьмовая мова была створана толькі ў 1918 г., калі Браніслаў Тарашкевіч выдаў першую беларускую граматыку. З XIII ст. сённяшнія беларускія землі былі часткай то Вялікага Княства Літоўскага, то Рэчы Паспалітай, то царскай Расіі, а значыць, полем розных культурных і палітычных уплываў. Для нацыянальна арыентаваных гісторыкаў Вялікае Княства Літоўскае з’явілася (на падставе канцылярскай мовы, якая існавала тут да 1697 г.) уласна беларускай дзяржавай або хоць бы федэратыўным утварэннем, фармаванню якога ў вялікай ступені паспрыялі беларускія землі. У супрацьвагу гэтаму меркаванню, у савецкай гістарыяграфіі Беларуская ССР лічылася першай формай беларускай дзяржаўнасці. Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), якая праіснавала толькі некалькі тыдняў і да якой станоўча ставяцца сённяшнія беларускія нацыяналісты, цалкам ігнаравалася савецкімі гісторыкамі. Тым не менш, у дваццатыя гады на глебе ленінскай палітыкі ў Беларусі, дзе да гэтага часу існавалі чатыры дзяржаўныя мовы (беларуская, руская, польская, яўрэйская), можа, упершыню з’явіліся ўмовы для вольнага развіцця беларускай самасвядомасці. Такім чынам, вырашальная фаза беларускага нацыянальнага станаўлення, па мадэлі Гроха, супала з савецкім часам[4].

Нізкая ступень пісьменнасці і урбанізаванасці беларусаў (параўнальна з іншымі нацыянальнасцямі, што жылі ў рэспубліцы) у 30-х г.[5], калі пачаліся першыя мерапрыемствы русіфікацыі; вялікая колькасць ахвяраў рэпрэсій (нават паводле вельмі асцярожных дадзеных, каля 600 000 чалавек, гэта значыць 6% насельніцтва БССР у 1939 г.)[6]; значныя разбурэнні і страты ў часе нямецкай акупацыі 1941—1944 г., калі краіна была амаль цалкам разбурана, 2,5 млн., або кожны чацвёрты жыхар рэспублікі, былі забітыя (толькі ў 1970 г., паводле перапісу насельніцтва, у БССР быў дасягнуты ўзровень 1939 г., згодна з савецкімі дадзенымі, матэрыяльныя страты за час вайны склалі 40% гадавога нацыянальнага прыбытку БССР даваеннага часу)[7] — усе гэтыя абставіны зрабілі амаль немагчымай кансалідацыю беларускай эліты.

Для калектыўнай памяці беларусаў другая сусветная вайна з’явілася найважнейшай падзеяй XX ст., таму жаданне прадухіліць вайну, абумоўленае вопытам пакут насельніцтва за ваенным часам, з’яўляецца істотным элементам беларускага менталітэту. З іншага ж боку, фармаванню рэгіянальнай, інтэграванай у савецкую сістэму самасвядомасці спрыяў вопыт партызанскага супраціву і створаны беларускімі партыйнымі правадырамі, асабліва П. Машэравым (1965—1980), маляўнічы вобраз гераічнай партызанскай рэспублікі[8]. У 70-х г. кіравалі камуністычнай партыяй БССР у бальшыні былыя партызаны, што спрыяла асаблівай закрытасці КПБ. Неабходна адзначыць і тое, што эканамічнае аднаўленне рэспублікі пасля вайны было магчымае толькі з агульнаса юзнай дапамогай — такім чынам, выкарыстанне сістэмай у прапагандысцкіх мэтах моцна зношанага паняцця савецкай салідарнасці з’явілася таксама рэаліяй беларускага грамадства.

Пасля 1944 г. у сацыяльна-эканамічнай структуры Беларусі адбыліся вялікія змены: так, напрыклад, у 1985 г. толькі 28,6% насельніц тва было занята ў сельскагаспадарчым сектары, адрозна ад 57,1% у 1961 г. У выніку палітыкі фарсіраванай індустрыялізацыі, а таксама з-за выгнання або фізічнага вынішчэння яўрэйскага і польскага гарадскога насельніцтва ў папярэдні час, гарады ўпершыню набылі беларускі выгляд: у 1959 г. 67% гарадскіх жыхароў складалі беларусы, параўнальна з 38,7% у 1926. А ступень урбанізацыі склала ў 1985 г. 62,0% параўналь на з 30,9% у 1959 г. Аднак неабходна адзначыць, што вынікам працэсу урбанізацыі з’явілася правінцыялізацыя гарадоў, пастаяннае паслаблен не гарадской культуры, якая толькі пачынала нараджацца[9]. Да таго ж, эканамічная мадэрнізацыя ў вялікай ступені залежала ад Масквы: так, напрыклад, у 1988 г. 55,4% усіх прадпрыемстваў знаходзіліся ў прамым падпарадкаванні саюзнаму цэнтру[10].

Паралельна з эканамічным ростам паскорылася і моўная асіміляцыя беларусаў. У 1989 г. 80% беларусаў усё яшчэ вызначалі беларускую мову як родную. Аднак у штодзённым жыцці яе скарыстоўвалі толькі 10,5% беларусаў, а з гарадскога насельніцтва — толькі 1,5%, тымчасам у 1959 г. у Мінску гэты паказчык складаў 48,66%. Гэтыя абставіны з’явіліся вынікам свядомай палітыкі выцяснення беларускай мовы з грамадскага жыцця: так, напрыклад, у 70-х г. у гарадах практычна не існавала беларускамоўных школ, і на партыйных сходах ужо не было чуваць беларускага слова, у адрозненні ад часу, калі на пасадзе першага сакратара партыі знаходзіўся К.Мазураў (1956—1965).

Такім чынам, русіфікацыя, рост дабрабыту насельніцтва і ўплыў другой сусветнай вайны на беларускі менталітэт з’явіліся галоўнымі фактарамі, якія паспрыялі паспяховай інтэграцыі БССР у Савецкі Саюз. Гэты працэс характарызаваўся фактычнай кансервацыяй нацыянальнай нявызначанасці: «Беларускі савецкі гараджанін практычна нічым не адрозніваўся па культуры ад рускага, размаўляў (і працягвае размаўляць) па-руску і беларускай мовы не ведае або ведае дрэнна. Пры гэтым ён дакладна разумее, што з’яўляецца беларусам, грамадзянінам БССР — раўнапраўнай савецкай рэспублікі і нават сябры ААН, і што яго родная мова — беларуская»[11]. Поўнаму спыненню існавання беларускай нацыі перашкаджалі асновы савецкай нацыянальнай палітыкі, такія як: існаванне нацыянальна вызначанай тэрыторыі, перавага тытульнай нацыі пры размеркаванні пасадаў у мясцовых органах улады, нацыянальна вызначаныя навуковыя і мастацкія саюзы, а таксама пяты пункт, які фіксаваў нацыянальнасць, што, у першую чаргу, вызначалася паходжаннем. Таму ва ўмовах перабудовы была магчымая рэмабілізацыя беларускай нацыянальнай свядомасці, хоць гістарычныя і рэальныя перадумовы для гэтага яшчэ выразна не вызначыліся[12].

Цяжкае стварэнне нацыянальнага руху
ў беларускай «Вандэі перабудовы»

Першыя прыкметы пачатку грамадскай нацыянальнай дыскусіі з’явіліся ўжо ў снежні 1986 г., калі 28 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі звярнуліся з лістом да Генеральнага сакратара кампартыі М.Гарбачова, якога заклікалі зрабіць усё для выратавання беларускай мовы, што знаходзіцца пад пагрозай вымірання. Улетку 1988 г. археолаг Зянон Пазняк у Курапатах, у лесе недалёка ад Мінска, знайшоў пахаванні каля 30 000 чалавек, расстраляных НКУС у канцы 30-х г. Апублікаван не дадзеных пра гэтыя раскопкі ў газеце Саюза пісьменнікаў «Літарату ра і мастацтва» мела вынікам стварэнне Беларускага Народнага Фронту за перабудову «Адраджэньне» на чале з Пазняком. Такім чынам, Беларускі Народны Фронт з’явіўся старэйшай сярод падобных арганізацый былога Саюза пасля трох прыбалтыйскіх. Цэнтральнымі пунктамі першай, прынятай у 1989 г., праграмы БНФ былі: увядзенне «поўнага гаспадарчага разліку», вяртанне да ленінскай нацыянальнай палітыкі, а таксама дзяржаўны суверэнітэт БССР у межах адноўленага Саюза. Думка пра выхад са складу Савецкага Саюза ўпершыню сфармулява ная старшынёй Народнага Фронтy ўжо ў выступленні на другім кангрэсе Латвійскага Народнага Фронту 8 кастрычніка 1989 г. Неўзабаве з пададзенай З’езду Народных Дэпутатаў перадвыбарчай праграмы знікла пазітыўнае стаўленне да ленінізму, а 23—24 сакавіка 1991 г. на другім кангрэсе ў Мінску рухам са сваёй назвы быў выкраслены дадатак «за перабудову»[13].

Дзякуючы поспехам у сферы эканомікі, палітычнае кіраўніцтва БССР не бачыла падставаў для пераймання вопыту гарбачоўскіх рэформаў. Яно арыентавалася на захаванне палітычнай еднасці кампартыі і на значнае абмежаванне дзейнасці новых нефармальных арганізацый, што нараджаліся ў рэспубліцы. У кастрычніку 1988 г. КПБ прыняла рашэнне аб несумяшчальнасці адначасовага сяброўства ў КПБ і БНФ[14]. Рэпрэсіўны характар КПБ яскрава выявіў сябе ў выкарыстанні сілы з боку міліцыі і частак АМАПа ў адносінах да дэманстрантаў, якія хацелі ўшанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Дзень усіх святых (Дзяды) у Мінску 30 кастрычніка 1988 г. Жорсткі разгон дэманстрацыі, які пазней ацэньваўся як папярэднік тбіліскіх і вільнюскіх падзеяў, выклікаў хвалю абурэння як у рэспубліканскім, так і ў агульнасаюзным маштабе, у выніку чаго пісьменнік Алесь Адамовіч назваў рэспубліку «Вандэяй перабудовы».

БНФ быў афіцыйна зарэгістраваны толькі ў чэрвені 1991 г., калі ў яго шэрагах налічвалася каля 150 000 чалавек. Да гэтага часу Фронт быў вымушаны весці працу ў нелегальным становішчы і залежаў ад дапамогі перш за ўсё літоўскага Народнага Фронту «Саюдзіс», а таксама розных навуковых, мастацкіх і экалагічных таварыстваў Беларусі. Так, устаноўчы кангрэс БНФ адбыўся летам 1989 г. у Вільнi, яго друкаваныя органы «Навіны БНФ» і «Белoрусcкая трибуна» выходзілі з 1988 да 1990 г. у Літве. Пасля закрыцця «Белорусской трибуны» ў 1990 г. БНФ больш не меў рускамоўнай газеты, што павінна было значна абмежаваць яго папулярнасць сярод насельніцтва. У 1990 г. у рэспубліцы друкаваліся больш за 50 нефармальных газет і часопісаў. З улікам адсутнасці вялікага вопыту самвыдатаўскай культуры можна сцвярджаць пра значнае развіццё неафіцыйнай прэсы (хоць на той час у Эстоніі выдавалася больш за 300 назваў аналагічнай перыёдыкі). Аднак відавочна, што гэты нефармальны сектар друку не быў у стане супрацьстаяць паклёпніцкім кампаніям, якія разгарнуліся ў афіцыйных сродках масавай інфармацыі. Грунтам для гэтых кампаній была прапаганда БНФ беларускай нацыянальнай сімволікі — герба «Пагоня» і бел-чырвона-белага сцяга, якія выкарыстоўваліся таксама беларускімі нацыяналістамі ў часы першай і другой сусветных войнаў, што і паслужыла для КПБ падставай, каб заклеймаваць БНФ як фашысцкую арганізацыю[15].

З прычыны моцнага ціску з боку дзяржаўных структураў развіццё іншых невялікіх партый да 1994 г. было магчымае толькі ў ценю Беларускага Народнага Фронту, які ўсё больш пераўтвараўся ў апорную канструкцыю, хоць яшчэ заставаўся галоўнай нацыянал-дэмакратычнай апазіцыйнай сілай. Іншымі значнымі партыі, што з’явіліся ў 1990 г., былі Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Грамада (БСДГ), якая з часам адышла ад радыкальнага антыкамуністычнага курсу БНФ, і Аб’яднаная Дэмакратычная Партыя Беларусі (АДПБ), якая выступала за рашучы рынкавы курс. Да таго ж, бальшыня іншых дробных партый не прымала стыль кіраўніцтва ўнутры БНФ, цалкам сканцэнтраваны на асобе Пазняка, часам нават да яго абагаўлення[16]. У час выбараў у Вярхоўны Савет увесну 1990 г., з-за цяжкіх умоваў перадвыбарчай барацьбы, БНФ змог атрымаць толькі 27 дэпутацкіх месцаў з 360, кандыдатуры ж дэмакратычнага блоку атрымалі ў агульнай колькасці каля 60 месцаў.

Рэспубліка Беларусь — нежаданы прадукт працэсу распаду Савецкага Саюза?

Для таго, каб супрацьстаяць палітычнай апазіцыі і саступіць ціску савецкага цэнтра ў правядзенні рэформаў, КПБ згадзілася пайсці на некаторыя саступкі ў галіне нацыянальнай палітыкі. На X пленуме ЦК у чэрвені 1989 г. партыя вырашыла асудзіць сваю палітыку «нацыянальнага нігілізму» ў мінулым і абвясціла сваёй ініцыятывай палітыку «нацыянальнага адраджэння». Рэальнай прыкметай гэтай змененай тактыкі з’явілася прыняцце 26 студзеня 1990 г. напярэдадні выбараў у Вярхоўны Савет БССР «Закона аб мове», у выніку чаго беларуская мова атрымала статус адзінай дзяржаўнай мовы. Яшчэ раней сенсацыйным з’явілася прызнанне ў студзені 1992 г. дзяржаўнай следчай камісіяй пахаваных у Курапатах ахвярамі сталінскіх рэпрэсій. Але гэты крок ў першую чаргу неабходна разглядаць у рэчышчы польска-савецкіх расследаванняў расстрэлаў польскіх афіцэраў у Катыні, а не як вынік унутрыбеларускага грамадскага кансэнсуса.

У канцы 1990 г., калі ў БССР упершыню пасля другой сусветнай вайны паказчык нацыянальнага прыбытку зменшыўся да 1,4% і, такім чынам, эканамічны крызіс савецкай сістэмы ахапіў і Беларусь, урад пад кіраўніцтвам В.Кебіча зрабіў стаўку на гарызантальныя сувязі з асобнымі саюзнымі рэспублікамі. Такім чынам, Кебіч, ранейшы старшыня Дзяржплана, прадстаўнік фракцыі «прамыслоўцаў», або камуністаў-прагматы каў у КПБ, фарсіраваў працэс эканамічнай самастойнасці рэспублікі. Фактычна КПБ здолела захаваць адзінства на працягу ўсяго часу перабудовы. «Беларуская партыйная эліта — больш шчыра савецкая, чым эліта іншых рэспублік, не захопленая агульнай нацыянальнай хваляй (…), не спарадзіла ніякіх аналагаў Краўчуку, Гарбунову і Бразаўскасу»[17]. Толькі некалькі вядомых партыйных функцыянераў 80-х г. канчаткова перайшлі ў нацыянал-дэмакратычны лагер, напрыклад, былы сакратар Мінскага камітэта партыі па ідэалагічных пытаннях Пётр Краўчанка, кіраўнік Міністэрства замежных спраў Беларусі з 1990 да 1994 г., зрабіўся значнай фігурай у беларускай сацыял-дэмакратыі. Ды ў чэрвені 1991 г. 33 дэпутаты стварылі фракцыю «Камуністы за дэмакратыю» пад кіраўніцт вам А.Лукашэнкі, які ў ліпені 1994 г. быў абраны першым прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь[18].

Галоўная прычына страты даверу да камуністычнай партыі і маскоўскага цэнтралізму ў БССР была ў трохгадовай палітыцы замоўчвання сапраўдных маштабаў Чарнобыльскай катастрофы, якая наклала вялікі адбітак на рэспубліку: у красавіку 1986 г. 70% усіх радыеактыў ных выкідаў прыйшліся на БССР і закранулі 22% яе тэрыторыі з 2,2 мільёнамі насельніцтва. Аднак толькі 2 лютага 1989 г. з’явіліся першыя карты радыеактыўнага забруджвання мясцовасцяў (у тым ліку дзякуючы намаганням БНФ). У сувязі з гэтым замоўчванне наступстваў Чарнобыльскай катастрофы разглядалася як свядомы «генацыд» у дачыненні да беларускага народа з боку Масквы і партыі і было пастаўлена ў адзін шэраг са сталінскімі рэпрэсіямі і постсталінскай русіфікацыяй. Такое адзінства гістарычнага вопыту знішчэння народа ў савецкай сістэме з’явілася істотным палітычным аргументам для абгрунтавання неабходнасці нацыянальнай незалежнасці. Менавіта на гэтым БНФ заснаваў сваю праграму «маральнага аздараўлення», каб гарантаваць «захаванне нацыі».

Акцыі пратэсту і страйкі 1989-90 г. з удзелам вялікай колькасці людзей з забруджаных абласцей з’явіліся важкай падставай прыняцця беларускім праламентам 27 ліпеня 1990 г. Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР[19]. Новы нацыянальны курс павінен быў паспрыяць пашырэнню доступу да заходніх крыніц дапамогі, тым больш, што для гэтай мэты рэспубліка як сябра-заснавальнік ААН мела спецыяльнае месца для афіцыйных выступаў. Аднак урад, адначасова з эканамічнымі і панславісцкімі аргументамі, спасылаўся на фінансавыя праблемы рэспублікі ў барацьбе з наступствамі катастрофы, што з’яўлялася доказам неабходнасці захавання Савецкага Саюза[20]. Як вынік, на агульнасаюз ным рэферэндуме 17 сакавіка 1991 г. праект новага Саюзнага пагаднення быў падтрыманы ў БССР 82,7% галасоў (гэта самая вялікая колькасць пасля Сярэдняй Азіі).

Рэзкае павышэнне цэн 2 красавіка 1991 г., што не адпавядала абяцанням М.Гарбачова, дадзеным ім у лютым 1991 г. пад час наведвання Мінска і Гомеля, выклікала пазней хвалю агульнарэспубліканскіх страйкаў, што доўжыліся на працягу некалькіх тыдняў. Ім папярэднічала чатырохгадовая арганізацыйная фаза рабочых страйкавых камітэтаў і незалежных прафсаюзаў. Патрабаванні красавіцкіх страйкаў 1991 г. адрозніваліся тым, што яны ўпершыню абмяжоўваліся рэспубліканскімі праблемамі. Новы «рэгіянальны патрыятызм» рабочага руху лепш за ўсё выявіўся ў закліку рэспубліканскай канферэнцыі страйкавых камітэтаў да беларускай інтэлігенцыі выпрацаваць планы пераадолення эканамічнага крызісу ў «роднай Беларусі»[21]. Але як і Чарнобыльскія, сацыяльныя рухі пратэсту былі арыентаваныя амаль выключна на сучасныя ім патэрналісцкія дзяржаўныя структуры, да забеспячэння функцый якіх яны і апелявалі. Гэтыя рухі дзейнічалі выключна ў межах самой сістэмы і калі толькі атрымлівалі жаданыя абяцанні ад дзяржаўных кіраўнікоў, натуральна, распадаліся[22].

У жніўні 1991 г. няўдалы путч пад кіраўніцтвам віцэ-прэзідэнта Савецкага Саюза Генадзя Янаева, як і трэба было чакаць, шчыра вітаўся беларускім партыйным кіраўніцтвам і часткаю Вярхоўнага Савета БССР разам з яго старшынёй М.Дземянцеем[23]. Пасля было склікана пазачарговае пасяджэнне Вярхоўнага Савета, што адбылося 24—25 жніўня і дзе быў ажыццёўлены негалосны кампраміс паміж дэпутатамі КПБ і БНФ: яны разам падтрымалі палітычную і эканамічную незалежнасць Беларусі, часовае перапыненне дзейнасці КПБ і зняцце з пасады М.Дземянцея. 27 жніўня прэм’ер-міністр Кебіч, як і ўвесь Савет Міністраў, выйшлі са складу КПБ. Гэтым камуністычная партыя была толькі паслаблена, але небяспека таго, што камуністычная наменклатура будзе імкнуцца выжыць з дапамогай нацыянал-камуністычнага рэжыму, была даволі рэальная. 19 верасня паралельна з пераназовам краіны ў Рэспубліку Беларусь Вярхоўны Савет абраў сваім старшынёй і кіраўніком дзяржавы С.Шушкевіча, чалавека нацыянальнага кампрамісу, які аднак не меў уласнага лобі ў парламенце. Грунтам ягонага ўплыву быў толькі маральны аўтарытэт прафесара атамнай фізікі, незалежнага ад наменклатуры. Адначасова парламент узаконіў дзяржаўную сімволіку новай рэспублікі, бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня», выкарыстанне якіх было забаронена для БНФ на працягу апошніх двух гадоў. Аднак неабходна адзначыць, што адхіленне ад пасады Дземянцея і абранне Шушкевіча з’явіліся адзінай значнай кадравай зменай у вышэйшых колах улады.

Такім чынам, дзяржаўную самастойнасць і наступны распад Савецкага Саюза нельга абазначаць як свядомую мэту беларускай дзяржаўнай палітыкі, хоць яны і не з’явіліся поўнай нечаканасцю для беларуска га грамадства. У канцы 1991 г. можна было канстатаваць надзіва шырокі ўплыў беларускага нацыянальнага руху, які і без атрымання палітычнай улады змог ажыццявіць шматлікія ідэі і заваяваць некаторую прыхільнасць сярод насельніцтва[24]. Такі ўплыў БНФ тлумачыцца ўзаемадзеян нем розных фактараў: уласнай дзейнасці, рэфарматарскага ціску цэнтральнага маскоўскага ўрада, увядзення вольных выбараў як сродку самалегітымізацыі партыйнага апарату і эканамічнага інтарэсу фракцыі прамыслоўцаў унутры КПБ. Доўгатэрміновасць гэтых поспехаў у вялікай ступені залежала ад таго, якія намаганні былі або маглі быць зроблены з боку дзяржавы для зацвярджэння нацыянальна-дзяржаўнай ідэі[25].

Часовы нацыянальны кампраміс паміж наменклатурай
і нацыянальным рухам

У пачатку 1992 г. амаль усе палітычныя сілы пагадзіліся з неабходнасцю стварэння афіцыйнай нацыянальнай ідэалогіі. Яскравым сімвалам гэтай згоды з’явілася фармаванне антыкрызіснага камітэта ў сакавіку 1992 г., у склад якога ўвайшлі 49 прадстаўнікоў усіх афіцыйна зарэгістраваных партый і рухаў (у тым ліку і БНФ), а таксама прафсаюзаў і саюзаў прадпрымальнікаў. Мэтамі гэтага камітэта былі спрыянне развіццю нацыянальнай свядомасці і абарона ад магчымага расійскага ціску. Верагодна, так наменклатура хацела адмежавацца ад расійскай шокавай тэрапіі, бо ў студзені 1992 г. Беларусь вымушана была пайсці па расійскім шляху вызвалення цэн. Аднак ўжо ў наступныя месяцы камітэт не меў рэальнага палітычнага ўплыву[26].

Наменклатуры, відавочна, цяжка было ўдзельнічаць у нацыянальнай дыскусіі, якая лічылася неабходнай. Так, у снежні 1992 г. Кебіч заявіў прадстаўнікам беларускай дэлегацыі ў Мірскім замку: «Калі мы нацыя, то ў нас павінны быць свае нацыянальныя святыні. Тым сціплым арсеналам нацыянальнага, які мы атрымалі ў спадчыну ва ўсіх сферах духоўнага жыцця, нам… наўрад ці ўдасца пераканаць нашых сучаснікаў і нашчадкаў, што ў нас ёсць уласная гісторыя»[27]. Вельмі часта пад час афіцыйных дзяржаўных мерапрыемстваў многія выступоўцы спасылаліся на тое, што і дзяржава, і грамадства ўсё яшчэ знаходзяцца «на шляху да Беларусі».

Нягледзячы на гэта, афіцыйная лінія на стварэнне беларускай нацыянальна-дзяржаўнай ідэалогіі і выкарыстанне беларускай мовы выклікала істотныя змены ў сферы культуры, сродкаў масавай інфармацыі і навукі. Асабліва новыя павевы былі адчувальныя ў гістарыяграфіі і адукацыі. Да пачатку 1993-94 навучальнага года з друку выйшлі 20 новых падручнікаў па гісторыі (на беларускай мове) для ўсіх класаў, дзе гісторыя Беларусі пачыналася з Вялікага Княства Літоўскага і дзе з’явілася негатыўнае стаўленне да «таталітарнай савецкай сістэмы»[28].

У сродках масавай інфармацыі таксама назіралася відавочная тэндэнцыя да ўзмацнення нацыянальнай дыскусіі і інтэнсіўнага выкарыстан ня беларускай мовы. Аднак гэтыя высілкі даволі хутка апынуліся на мяжы сваіх матэрыяльных магчымасцяў. У праграмах адзінага беларускага тэлеканала дамінавала руская мова, да таго ж на Беларусі не было ўласнай студыі для сінхранізацыі замежных фільмаў. У 1992 г. у краіне афіцыйна выдавалася 140 найменняў перыядычных выданняў на беларускай і 159 на рускай мовах. Аднак адзіная штодзённая беларускамоўная газета «Звязда» выходзіла накладам 80 000 асобнікаў, у той час, калі ўсе рускамоўныя штодзённыя газеты мелі больш за мільённыя наклады. Да таго ж, выходзіла яшчэ і 241 дзвюхмоўнае выданне. Такое становішча яскрава сімваліза вала адкрытасць пытання вызначэння нацыянальнай ідэнтычнасці ў Беларусі.

Неабходна адзначыць, што ў сродках масавай інфармацыі і пасля абвяшчэння незалежнасці дамінавалі дзяржаўныя органы, уплыў дзяржавы яшчэ больш узрос у выніку эканамічнага крызісу. Толькі адзін Савет Міністраў фінансаваў дзесятак рэспубліканскіх газет і часопісаў. Затое ў Беларусі і сёння няма ніводнай незалежнай штодзённай газеты. Распад Савецкага Саюза перадвызначыў рух у бок правінцыялізацыі Беларусі, бо парушыліся шматлікія інфармацыйныя каналы, а альтэрнатыўныя не былі створаныя. Пры гэтым замежная інфармацыя па-ранейшаму прыходзіла на Беларусь праз Маскву[29].

У верасні 1992 г. адбылося аднаўленне палітычнай барацьбы за ўладу, што было выклікана адмовай Вярхоўнага Савета падтрымаць ініцыятыву БНФ і іншых нацыянальна-дэмакратычных партый па зборы подпісаў за правядзенне рэферэндума аб перавыбарах Вярхоўнага Савета ўвосень 1992 г. Вярхоўны Савет, заклапочаны захаваннем сваіх прывілеяў, не выканаў свайго абяцання аб правядзенні датэрміновых выбараў і ў сакавіку 1994 г. (яны былі прапанаваныя ў якасці кампрамісу), хоць ужо з восені 1993 г. і прафсаюзы, і заснаваная ў снежні 1991 г. Партыя камуністаў Беларусі (КПБ) рашуча выступілі за роспуск парламента. У выніку з восені 1993 г. палітычныя сілы знаходзіліся ў стане перманент най палітычнай барацьбы.

Прэзідэнцкія выбары ў ліпені 1994 г. былі першымі пасля выбараў у Вярхоўны Савет у сакавіку 1990 г. — у астатніх былых савецкіх рэспубліках палітычныя лідэры здолелі легітымізаваць дзяржаўную незалежнасць і, адпаведна, саміх сябе з дапамогаю выбараў шмат раней[30]. Такім чынам, у Беларусі былі асабліва моцныя палітычная апатыя і недавер да ўсіх дзяржаўных інстанцый з боку шырокіх пластоў насельніцтва. Пры гэтым факт неправядзення выбараў спрыяў кансервацыі тагачаснага палітычнага спектра, а запас легітымнасці, якім цяпер валодаў новы абраны прэзідэнт перад парламентам, зрабіўся потым асновай вострага канфлікту галін улады ў 1995 і 1996 г.

Захаванне грамадскага парадку з’явілася адной з галоўных мэтаў беларускай урадавай палітыкі, асабліва ў галіне эканомікі[31]. Каб прадухіліць паўтарэнне масавых забастовак красавіка 1991 г., урад Кебіча аддаваў вялікую ўвагу захаванню сацыяльнай стабільнасці, хоць такая палітыка субсідавання і ільгот з мэтаю пазбегнуць беспрацоўя і закрыцця прадпрыем стваў, на самай справе, мела вынікам перанапружанне дзяржавы і блакаванне эканамічнай рэформы. Відаць, урад разлічваў, што яго стратэгія, накіраваная на тое, каб пазбегнуць сацыяльных выдаткаў шокавай тэрапіі, прынясе яму пэўныя палітычныя дывідэнды. Менавіта таму ўладныя колы пагадзіліся на існаванне высокіх тэмпаў росту інфляцыі, якая дасягала 40% на месяц. Разам з тым адсутнічала дакладнае разуменне рэформаў, хоць урад заўсёды адзначаў, што мэта яго палітыкі — сацыяльна арыентаваная рынкавая эканоміка. Урадавая праграма прыватызацыі на чэшскі ўзор была, на самай справе, выключна сацыяльна арыентаваная, аднак у 1994 г. прыватызаванымі сталіся толькі 5% дзяржаўнай маёмасці. Пры гэтым наменклатура выдатна забяспечвала ўласныя эканамічныя інтарэсы і паступова пачала пераўтварацца ў тып «буржуазіі на эмбрыянальным этапе развіцця»[32]. Сацыяльная ідэя дамінавала і ў часе інстытуцыйных рэформаў у палітычнай сферы, яскравым доказам чаго было прыняцце 15 сакавіка 1994 г. новай Канстытуцыі, якая абвясціла Беларусь краінай прававой і сацыяльна-дзяржаўнай дэмакратыі.

Эканамічны калапс і палітычная палярызацыя:
нацыянальная канцэпцыя і тлумачэнне гісторыі ў якасці сімвалічных барыкад

Увосень 1993 г. прэм’ер-міністр Кебіч быў вымушаны адкрыта прызнаць наяўнасць у краіне эканамічнага крызісу. Вынікам гэтага з’явілася значная страта даверу насельніцтва да ўрада Кебіча, імідж якога, перш за ўсё, абапіраўся на эканамічнае «ноў-хаў». Атмасфера эканамічнага крызісу і доўгай перадвыбарчай барацьбы прывяла да своеасаблівай ідэалагічнай вайны паміж палітычнымі дзеячамі, пры гэтым свядома інсцэніраваны дуалізм БНФ і камуністаў сведчыў аб дыстанцыі паміж імі і шырокімі коламі насельніцтва. «Сімвалічнымі барыкадамі»[33] былі адрозненні ў тлумачэнні паняццяў «нацыя» і «народ», а таксама інтэрпрэтацыя гістарычных падзеяў (цікава, што экалагічная тэматыка амаль цалкам знікла з грамадскай дыскусіі).

Сваёй новай праграмай[34], прынятай у траўні 1993 г., БНФ заявіў пра сябе як палітычную сілу з цэнтрысцкай самасвядомасцю, якая арыентавалася на ідэалы справядлівасці, усеагульны дабрабыт і салідарнасць, з вызначэннем наменклатуры ў якасці свайго галоўнага ворага. Аднак БНФ адмяжоўваўся як ад бальшавізма (20-я г. як час найвышэйшага нацыянальнага росквіту ўжо ні словам не згадваюцца), так і ад «скрайняга лібералізму і індывідуалізму». Апошняе выявілася ў тым, што БНФ надаў аднолькавае значэнне правам нацыі і індывідуальным правам чалавека. Такім чынам, Фронт стаў на пазіцыі прымардыяльнага разумення нацыі, згодна з якім людзі паводле сваёй прыроды належаць да пэўных этнічных аб’яднанняў з цвёрдымі межамі. З-за гістарычных складанасцяў, звязаных з адмежаваннем беларускага этнасу ад (каталіцкай) Польшчы і ад (праваслаўнай) Расіі, змены нацыяналь най прыналежнасці на аснове асіміляцыі, паводле меркавання беларускіх нацыяналістаў, не існуе: яны лічаць, што каталікі з’яўляюцца спаланізаванымі, а праваслаўныя — русіфікаванымі беларусамі. Такі погляд патрабуе вызначаць беларускія межы ў адпаведнасці з мінулымі этнічнымі пасяленнямі, якія былі картаграфічна зафіксаваныя некаторымі вучонымі паміж 1875 і 1921 г.[35]. Пры гэтым нацыянальная самасвядомасць, асабліва веданне беларускай мовы, і «маральнае здароўе» народа супадаюць адно з адным. Сяброўскія адносіны да Расіі ўрадаў Кебіча і Лукашэнкі нацыяналістамі адмаўляюцца як падпарадкаванне «іншаземнаму панаванню». Аднак паралельна з такім разуменнем нацыі ў БНФ выказваецца думка і аб нацыянальнай талерантнасці, узорам якой лічыцца мультынацыянальнае і мультыканфесійнае Вялікае Княства Літоўскае. Увогуле ж, у прадстаўнікоў БНФ не выяўляюцца супярэчнасці паміж нацыянальнымі пазіцыямі і дэмакратычнымі каштоўнасцямі[36].

Галоўным адрозненнем Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі (АГП) ад БНФ з’яўляецца, разам з пытаннямі рынкавай эканомікі, розніца ў нацыянальнай канцэпцыі. АГП, створаная ў траўні 1995 г. пасля злучэння Аб’яднанай Дэмакратычнай Партыі і Грамадзянскай Партыі, лічыць нацыю гісторыка-культурным феноменам або злучнасцю адзінай палітычнай волі, якая заўсёды падпарадкавана індывідуальным правам чалавека. Таму, паводле меркавання гэтай партыі, неабходна аднолькава развіваць беларуска- і рускамоўныя аспекты беларускай культуры (у прынцыпе, яна прызнае беларусаў нацыяй, якая і па сённяшні дзень размаўляе па-руску)[37]. Тым не менш, для лібералаў «нацыя» і «незалежнасць» з’яўляюцца ўстойлівымі каштоўнасцямі, у той час калі ў праграмах аграрыяў і камуністаў гэтыя тэрміны ўвогуле адсутнічаюць[38]. Замест іх выкарыстоўваюцца паняцці «народ», «суверэнітэт», а таксама «дзяржаўнасць». У адрозненне ад камуністаў, аграрыі больш выразна выказваюць канцэпцыю дзяржаўнай самастойнасці: з іх пункту гледжання, нацыянальную самасвядомасць неабходна фармаваць, але пры гэтым прапаноўваецца разглядаць вёску ў якасці адзінага носьбіта нацыянальных традыцый і выратавальніка дзяржаўнай самастойнасці. Абедзве партыі, але асабліва КПБ, у сваіх дакументах не ўхвалялі прынятых захадаў у галіне беларусізацыі і патрабавалі прызнання ў якасці раўнапраўных дзяржаўных моваў беларускай і рускай. Пры гэтым КПБ у сваёй праграме выказвалася за аднаўленне Саюза, а аграрыі ставілі сабе на мэце толькі канфедэратыўнае аб’яднанне былых савецкіх рэспублік.

У Рэспубліцы Беларусь існавалі толькі два новыя нацыянальныя святы: Дзень канстытуцыі 15 сакавіка і Дзень незалежнасці 27 ліпеня, хоць у гэты дзень парламентам была абвешчана не незалежнасць, а суверэнітэт. Пры гэтым 3 ліпеня, дзень вызвалення БССР ад нямецкіх захопнікаў, засланяў сабой 27 ліпеня, які паводле дзяржаўных цырымоній амаль што не адрозніваўся ад апошняга. Таму не дзіўна, што ўлетку 1996 г. прэзідэнт Лукашэнка прапанаваў адмяніць праз рэферэндум свята 27 ліпеня і абвясціць Днём рэспублікі 3 ліпеня. Усе спробы БНФ стварыць спецыфічна беларускія святы, як, напрыклад, 25 сакавіка — дзень, калі была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), не ўдаліся. Выразным намерам БНФ было таксама стварэнне слаўнай беларускай гісторыі і вызваленне ад дамінавальнай канцэпцыі папярэдняй фазы, згодна з якой нацыя, у першую чаргу, была прадстаўлена грамадствам, аб’яднаным вопытам пакут. Так, напрыклад, 8 верасня быў абвешчаны БНФ Днём беларускай вайсковай славы ў сувязі з перамогаю пад Воршай у 1514 г. войскаў Вялікага Княства Літоўскага над войскамі Маскоўскага Княства. Камуністычныя арганізацыі ацанілі гэта як доказ антыславянс кага шавінізму БНФ, а з 1993 г. улады забаранілі фронту праводзіць шэсці на 8 верасня. Такім чынам, гэты дзень атрымаў у БНФ значэнне сімвалічнай канфрантацыі з афіцыйнай уладай, аналагічна мерапрыемствам у Курапатах на Дзяды, што праводзіліся ў савецкі час[39]. Паколькі насельніцтва надавала вялікае значэнне ваенным успамінам, БНФ імкнуўся таксама зарэзерваваць за сабою і даты, звязаныя з перамогаю ў другой сусветнай вайне. Таму ўвесну 1994 г. Фронтам быў створаны «Дэмакратычны Саюз Ветэранаў», а 3 ліпеня 1994 г. галоўныя мерапрыемствы, прысвечаныя 50-годдзю вызвалення, ледзве не скончыліся гвалтоўным сутыкненнем паміж камуністычнымі і нацыянал-дэмакратычнымі саюзамі ветэранаў.

У сродках масавай інфармацыі таксама разгарнулася дыскусія наконт таго, як трэба ацэньваць вайну і перамогу. Праблема пераемнасці БНФ, якая ўвесь час прысутнічае, хоць і ў латэнтнай форме, выявілася ў тэндэнцыі да ідэалізацыі беларускіх нацыянальных арганізацый, адноўленых у 1942—43 г. рэйхскамісарам Кубэ. Гэты факт паспяхова выкарыстоўваецца неабальшавіцкімі арганізацыямі як аргумент, каб заклеймаваць БНФ як фашысцкую арганізацыю. Нацыянал-дэмакраты ж у адказ абвяшчаюць «фашыстамі» або «камуна-фашыстамі» і камуністаў, і ўрад Лукашэнкі. У траўні 1995 г. напярэдадні парламенцкіх выбараў Лукашэнка скарыстоўваў папрок у фашызме для шырокамашабнай кампаніі, накіраванай супраць БНФ. У лістападзе 1996 г. у час падрыхтоўчых работ да рэферэндума, які датычыў новай канстытуцыі, папрокі ў фашызме зноў адыгралі істотную ролю ў палітычнай барацьбе[40]. Цяпер іх скарыстоўвалі камуністы і аграрыі супраць прэзідэнта пасля стварэння ўлетку 1996 г. кааліцыі з нацыянал-дэмакратамі з мэтаю прадухілення адзінаасобнай дыктатуры Лукашэнкі[41].

Пераход ад сімвалічнай канфрантацыі да рэальнай: Беларусь на мяжы аўтарытарнага прэзідэнцкага рэжыму

Пасля нечаканага абрання Аляксандра Лукашэнкі першым прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь узмацнілася значэнне сімвалічнай палітыкі. З асаблівай яскравасцю гэтая акалічнасць выявілася ў час травеньскага рэферэндума 1995 г., ініцыятарам якога быў Лукашэнка і ў якім ён прапаноўваў увесці дзяржаўную сімволіку, шчыльна звязаную з сімволікай БССР, а таксама ўраўняць у правах рускую і беларускую мовы праз наданне рускай мове статуса дзяржаўнай. Пераважная бальшыня насельніцтва ўхваліла ўсе прапановы прэзідэнта, што хоць і адпавядала вынікам апытанняў насельніцтва, але таксама тлумачылася і дзяржаўнай заангажаванасцю сродкаў масавай інфармацыі, якая вельмі ўзмацнілася пасля прыхода да ўлады Лукашэнкі. Такім чынам, у нацыянальных рухаў былі адабраныя відавочныя поспехі, дасягнутыя яшчэ да 1991 г.[42]. Адначасовая няўдача БНФ у час парламенцкіх выбараў паказала таксама, што нацыянальна арыентаваныя сілы дыскрэдытавалі сябе ў вачах грамадскасці, як гэта адбылося ў краінах Усходняй Еўропы, хоць яны, адрозна ад сваіх тамтэйшых аналагаў, не бралі на сябе ўрадавых абавязацельстваў.

Прыход да ўлады Лукашэнкі не выклікаў радыкальнай змены курсу, хутчэй, адбылася змена пакалення і паходжання наменклатуры[43]. Аднак зусім змяніўся палітычны стыль параўнальна з часамі кіравання Кебіча. Пры гэтым, калі зноў стала дамінаваць дыскусія 1988-89 г., заўважылася памяншэнне прыхільнасці да фармалізацыі палітыкі, затое персаніфікацыя ўлады атрымала перавагу над яе інстытуалізацыяй. Паводле словаў Дзмітрыя Булахава, гаворка ідзе аб «працэсе прыватызацыі дзяржаўнай улады»[44]. Абранне Лукашэнкі, які на пасадзе старшыні парламенцкай камісіі па камерцыйных структурах набыў папулярнасць героя-змагара супраць карупцыі, сведчыла, што насельніцтва хацела ўбачыць ва ўладзе новы твар і не давярала «старым» палітыкам. Пры гэтым галоўным было імкненне да аднаўлення справядлівасці (у маральным і сацыяльным сэнсе), якое ў Беларусі магло выявіцца і ў руху назад, настальгіі па савецкіх часах[45]. З аднаго боку, Лукашэнка ўвёў у палітыку стыль, накіраваны на «блізкасць да народа», якім карыстаўся П.Машэраў у 70-х г. З другога боку, новы прэзідэнт адлюстроўваў сабой няпэўна выказаную мэту эканамічнай эфектыўнасці (калі ён, напрыклад, рабіў стаўку на павышэнне цэнаў і на абвяшчэнне прадпрыемстваў банкрутамі), якая, праўда, абмяжоўвала ся таксама яго імкненнем быць блізкім да народа. Такім чынам, палітыка Лукашэнкі прывязана да пастаяннай прысутнасці вобраза ворага для абгрунтавання няўдач у вобласці эканомікі. Дзеля гэтай мэты, акрамя БНФ, выкарыстоўваліся і былыя супрацоўнікі, якія з канца 1994 г. выбылі з яго апарата і перайшлі ў лагер нацыянал-дэмакратаў[46]. З лета 1996 г. праціўнікамі прэзідэнта лічацца таксама і камуністы, і аграрыі, якія ўяўлялі сабой наймацнейшую фракцыю ў новым парламенце.

Ужо напярэдадні паўторных выбараў у Вярхоўны Савет у канцы 1995 г. выявілася, што ўнутры тагачасных элітаў існаваў значны, большы за межы партыі, мабілізацыйны патэнцыял, накіраваны на прававую дзяржаву і супраць намераў Лукашэнкі ўвесці непасрэднае прэзідэнцкае кіраванне з лета 1995 г. Асаблівую ролю ў гэтым выканаў Канстытуцыйны суд, які ў адным толькі 1995 г. прызнаў неканстытуцый нымі адзінаццаць загадаў прэзідэнта. У палітычных дыскусіях і ў выніках выбараў выявіўся раскол сярод насельніцтва як па лініі горад — вёска, так і паміж пакаленнямі, у той час як розніца паміж заходнімі і ўсходнімі рэгіёнамі, насуперак звыкламу сцвярджэнню, практычна не мела значэння. Так, напрыклад, Аб’яднаная Грамадзянская Партыя (АГП) атрымала свае восем мандатаў выключна ў сталіцы — Мінску, пры гэтым за яе прагаласавалі ў першую чаргу моладзевыя групы насельніцтва. Агітацыйная стратэгія Лукашэнкі, наадварот, была накіраваная амаль выключна на вясковае насельніцтва, пакаленне пенсіянераў і ветэранаў вайны.

У 1996 г. і ў новым парламенце, дзе БНФ ужо не меў прадстаўн ікоў, працягваўся і абвастраўся канфлікт галінаў улады. Ініцыятыва Лукашэнкі па зацвярджэнні ў снежні 1996 г. шляхам рэферэндума новай канстытуцыі, што павінна была маргіналізаваць выканаўчую і заканадаўчую ўладу, прывяла ўлетку 1996 г. да стварэння шырокай кааліцыі камуністаў, аграрыяў, нацыянал-дэмакратаў і іншых грамадскіх сіл, накіраванай супраць палітыкі прэзідэнта. Гэтае ўзаемадзеянне выявілася ў гутарках за круглым сталом, сумесных заявах і дэманстрацыях, чаго нельга было сабе ўявіць яшчэ некалькі месяцаў таму[47]. Такі крок кіраўніцтва аграрыяў і камуністаў паставіў абодва бакі перад выпрабаваннем на трываласць, паколькі многія сябры, асабліва ў ПКБ, не былі згодныя з новым курсам партыі[48]. У грамадскіх дыскусіях, на якія шмат уплывалі паклёпніцкія кампаніі з боку выканаўчай улады, усё часцей гучала папярэджанне аб небяспецы грамадзянскай вайны, у якасці доказу існавання якой прэзідэнт і блізкія да яго колы цытавалі старшыню Народнага Фронта Пазьняка (ужо эмігранта), які нібыта ў сваім інтэрв’ю маскоўскай «Незалежнай газеце» адкрыта заклікаў да ўзброенай барацьбы супраць прэзідэнта ў імя дэмакратыі і незалежнасці[49]. Магчымасць выкарыстання сілы дзеля абароны незалежнасці ўпершыню была даведзена да шырокай грамадскасці ў сакавіку 1995 г., калі ў «Народнай газеце» быў апублікаваны ліст неіснуючага чытача, што пацягнула за сабой адстаўку галоўнага рэдактара газеты[50]. Укараненню паняцця «грамадзянская вайна» ў дачыненні да тагачаснай сітуацыі садзейнічалі распачатыя з 1993 г. дэбаты пра тое, што ў час другой сусветнай вайны на беларускай зямлі ішла грамадзянская вайна ў прысутнасці нямецкіх акупацыйных частак.

Раней урад Кебіча падкрэсліваў як асаблівае дасягненне, вартае таго, каб захаваць тагачасную сітуацыю, адсутнасць напружанасцяў, падобных да грамадзянскай вайны. У час перабудовы, у дыскусіях паміж нефармальнымі групамі і камуністычным кіраўніцтвам паняцця грамадзянскай вайны не існавала (яно прысутнічала толькі ў латэнтнай форме ва ўяўленні пра «Вандэю перабудовы»). Асаблівы акцэнт рабіўся тады на іншыя аспекты: у камуністаў — на дэструкцыйны характар дэманстрацый, у апазіцыі — на злачынны характар камуністычнага рэжыму. Такім чынам, улетку 1996 г. канфрантацыя набыла зусім новы характар, упершыню не выключалася вырашэнне палітычнага крызісу ў Беларусі з дапамогай выкарыстання сілы[51].

Дачыненні з Расіяй як люстэрка ўнутрыпалітычных канфліктаў

Расія з’яўляецца істотным фактарам знешняга ўплыву на ўнутранае развіццё Беларусі як у палітычным, так і ў эканамічным сэнсе. Залежнасць Беларусі на 80% ад энергапаставак з Расіі і адсюль высокая запазычанасць, якая ў 1993 г. была выкарыстана расійскім урадам як сродак палітычнага ціску, прывяла да аслаблення адчування неабходнасці незалежнасці Беларусі ва ўрадавых колах. Як вынік, з верасня 1993 г., пасля згаданага эканамічнага краху, гэтымі коламі былі зробленыя крокі на шляху да збліжэння з Расіяй, як, напрыклад, стварэнне адзінага расійска-беларускага валютнага саюза. БНФ жа, наадварот, патрабаваў праз выхад са складу Садружнасці Незалежных Дзяржаваў (СНД) адмежавацца ад Расіі і выступіў за рашучую празаходнюю арыентацыю краіны. У якасці канкрэтнай альтэрнатывы БНФ разглядаў ідэю «Балтыйска-Чар наморскага Саюза», што адпавядала традыцыі Вялікага Княства Літоўскага. У афіцыйнай лініі Міністэрства замежных справаў Беларусь уяўлялася ў якасці патэнцыйнага Брусэля Ўсходняй Еўропы, моста паміж заходняй і ўсходняй цывілізацыямі. Аднак гэтая ідэя з 1993 г. саступіла месца ўсходняй арыентацыі краіны.

У 1993 г. галоўным спрэчным пытаннем пабудовы беларуска -расійскіх дачыненняў была адмова ад пазіцыі нейтралітэту (замацаванай у абвяшчэнні суверэнітэту), калі рэспубліка далучылася да дамоўленасцяў аб калектыўнай бяспецы краінаў СНД. У 1992 г. прэм’ер-міністр В.Кебіч ухваліў ідэю нейтралітэту, аднак увесну 1993 г., спасылаючыся на значэнне ваеннай прамысловасці Беларусі, абвясціў, што эканамічны саюз з Расіяй немагчымы без адначасовага стварэння ваеннага саюза. У час вырашэння гэтых спрэчных пытанняў старшыня парламента С.Шушкевіч упершыню заняў рашучую пазіцыю і выступіў супраць далучэння да дамоўленасці аб калектыўнай бяспецы, патрабуючы правесці рэферэндум па гэтым пытанні (прапанова, аднак, не мела поспеху). Гэтае супрацьстаянне выклікала ў 1993 г. першую магчымасць вынясення вотуму недаверу Шушкевічу ў беларускім парламенце. А ў студзені 1994 г. правядзенне чацвёртага, на гэты раз паспяховага, вотуму недаверу, таксама з’явілася вынікам пазіцыі Шушкевіча, звязанай з незалежнасцю Беларусі ў пытаннях палітыкі бяспекі. Тым не менш, у новай беларускай Канстытуцыі былі замацаваныя як мэты дзяржавы прынцып нейтралітэту і стварэнне бяз’ядзернай зоны[52].

У перадвыбарчай барацьбе за пасаду прэзідэнта абодва кандыдаты — і Кебіч, і Лукашэнка — імкнуліся пераўзысці адзін аднаго ў выяўленні сяброўскіх пачуццяў да Расіі. Паразу Кебіча можна патлумачыць і тым, што ў яго імкненні да стварэння адзінага валютнага саюза з Расіяй выразна праглядалася нерэальная перадвыбарчая абяцанка. Лукашэнка ж казыраў тым, што ў снежні 1991 г. у беларускім парламенце ён выступіў супраць ратыфікацыі Белавежскіх пагадненняў і быў праціўнікам распаду Савецкага Саюза.

Такім чынам, Лукашэнка, як і камуністычныя колы, падтрымлі ваў тэзіс пра «ўдар у спіну», згодна з якім распад Савецкага Саюза з’явіўся падставаю крызіса і гэты працэс неабходна павярнуць назад. Падобная аргументацыя палягчалася і тым, што эканамічны крызіс у Беларусі, паводле статыстычных дадзеных, і сапраўды супаў з распадам Савецкага Саюза. Але настальгія бальшыні вясковага насельніцтва апалітычная і з’яўляецца выразнікам шырока распаўсюджанага крызісу арыентацыі, тугою многіх людзей па стабільным жыцці мінулых гадоў. Так, напрыклад, правал на парламенцкіх выбарах «чырвона-карычневых» арганізацый, накшталт Славянскага Сабора «Белая Русь», паказаў, што ідэалогіі, звернутыя ў мінулае, амаль не карыстаюцца падтрымкай сярод насельніцтва. І насуперак усім планам славянізацыі і саветызацыі, Лукашэнка заўсёды вяртаўся да нацыянальнай дзяржаўнай незалежнасці як асновы для пераадолення крызісу ў Беларусі. Палітыка збліжэння з Расіяй, якая дасягнула найвышэйшай адзнакі пры падпісанні розных пагадненняў 2 красавіка 1996 г. у Маскве, з’явілася свядомай стратэгіяй для кампенсацыі адсутнасці курса рэформаў. Але насельніцтва спадзяецца на канкрэтнае паляпшэнне эканамічнай сітуацыі ад збліжэння з Расіяй, і ў выпадку, калі гэтыя надзеі не апраўдаюцца, палітыка інтэграцыі можа аказацца контрпрадукцыйнай для ўрада Лукашэнкі[53].

Падпісанне пагадненняў з Расіяй выклікала цяжкі палітычны крызіс у Беларусі, які адлюстраваўся ў пяці масавых дэманстрацыях у сакавіку і красавіку 1996 г., пад час якіх былі арыштаваныя многія кіраўнікі БНФ. Здавалася, што Лукашэнка імкнецца да канчатковага знішчэння Фронта як палітычнай сілы, які пасля правалу на апошніх парламенцкіх выбарах быў вымушаны весці пазапарламенцкую барацьбу і імкнуўся падобнымі акцыямі манапалізаваць свой апазіцыйны статус[54]. Да гэтага часу ПКБ і аграрыі яшчэ праводзілі дэманстрацыі ў падтрымку палітыкі прэзідэнта, але ўжо можна было прасачыць, што іх партыйная эліта разглядала збліжэнне з Расіяй хутчэй функцыянальна, аддаючы перавагу суверэнітэту Беларусі. Так, напрыклад, старшыня кампартыі Сяргей Калякін фактычна пацвердзіў, што заключэнне мытнага саюза з Расіяй у 1995 г. прынесла Беларусі і эканамічныя страты[55]. Старшыня аграрнай партыі таксама падкрэсліў, што ўжо позна казаць пра канфедэрацыю або федэрацыю і што прадметам перамоваў можа быць толькі саюз незалежных дзяржаваў[56].

Улетку 1996 г. распачаўся новы канфлікт паміж выканаўчай і заканадаўчай уладамі ў сувязі з рэферэндумам, які тычыўся новай канстытуцыі, прапанаванай прэзідэнтам. Расіі тут таксама адводзілася істотная роля, бо абодва бакі імкнуліся ўмацаваць свае пазіцыі з дапамогай Масквы[57]. Цяпер беларускаму прэзідэнту было цяжэй абвінаваціць у антырасійскіх настроях сваіх новых праціўнікаў — аграрыяў і камуністаў (як гэта было ў выпадку з БНФ) — і знайсці прапагандысцкую аргумента цыйную лінію для пераканання насельніцтва. Пасля перамогі Ельцына Лукашэнка, які ў перадвыбарчай кампаніі больш-менш адкрыта падтрымліваў камуністычнага кандыдата Зюганава, не мог быць цалкам перакананы ў расійскай падтрымцы. У адпаведнасці з гэтым у беларускага прэзідэнта адзначалася акцэнтаванне нацыянальнай незалежнасці на вербальным узроўні.

Можна канстатаваць, што ў пераважнай колькасці насельніцтва існуе парадаксальнае стаўленне да расійскага пытання. Не кажуць: мы не можам існаваць без рускіх, а толькі: мы не можам існаваць без Расіі. Гэта значыць, што большасць думае не пра поўную ліквідацыю дзяржаўнай незалежнасці, а пра асаблівы стан «пры Расіі»[58]. Гэтая акалічнасць пацвярджаецца і вынікамі апытанняў грамадскай думкі: бальшыня падтрымлівае стварэнне агульнай беларуска-расійскай дзяржавы, але хоча пры гэтым захаваць беларускі суверэнітэт. Таму фармальна ўжо шырока развітая інтэграцыя абедзвюх краінаў пагражае ператварыцца ў «вечнабуд».[59]

Заключэнне

За апошнія дзесяць гадоў беларускае развіццё характарызуецца існаваннем нацыянальнай свядомасці, якая можа быць апісана толькі ў тэрмінах парадоксаў. Яе мабілізацыя ў час перабудовы была занадта слабой дзеля таго, каб нацыяналізм меў магчымасць узяць на сябе функцыю дэмабілізацыі супраціўлення рэформам сярод насельніцтва. З аднаго боку, развітая за апошнія пяць гадоў самаідэнтыфікацыя з Рэспублікай Беларусь не валодае дастатковай сілай для вызначэння самастойнага шляху развіцця, хоць, з другога боку, яна досыць вялікая, каб не даць сваёй рэспубліцы знікнуць у межах Расійскай Федэрацыі. У кароткі час нацыянальнага кампрамісу наменклатуры і Народнага фронту былі страчаныя шанцы для выпрацоўкі адназначнага курсу, у чым не ў апошнюю чаргу вінаватыя максімалістычныя пазіцыі БНФ па нацыянальных пытаннях. Маючы на ўвазе ролю элітаў у працэсе трансфармацыі, які паходзіць з канцэпцыі «рэвалюцыі зверху», рэгрэс палітычнай культуры пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі не дзіўны. У час яго прэзідэнцтва адзначаецца сістэматычная эскалацыя сімвалічнай канфрантацыі да рэальнага скарыстання сілы. Але ж апошнія дзесяць гадоў у ценю палітычнай палярызацыі развіваецца дастатковы патэнцыял для пабудовы дэмакратычнай і нацыянальна самастойнай Беларусі, якой цалкам можа належаць будучыня.

Артыкул здадзены ў сакавіку 1998 г.

Пераклад Алега Сувалава.
* Паводле перапісу 1999 г.: Беларусы — 81%; Рускія — 11%; Палякі — 3,9%; Украінцы — 2%; Яўрэі — 0,3%; Астатнія — 1,2%; Поўная колькасць жыхароў — 10,045 млн. Крыніца: Население Республики Беларусь. Итоги переписи населения Республики Беларусь 1999 года. Статистический сборник. Минск, 2000. С.136. (Рэд.)


[1] Адамович А. Куропаты, Хатынь, Чернобыль // Литературная газета. № 33. 5.8.1990.
[2] Staniszkis J. Dilemmata der Demokratie in Osteuropa // Deppe R. / Dubiel H. / Rцdel H. (выд.): Demokratischer Umbruch in Osteuropa. Frankfurt/Main. С. 326—347, тут старонка 331.
[3] Гл.: Smith А. Nations and Nationalizm in a Global Era. Cambridge: Polity Press, 1995. С. 80 і далей.
[4] Гл. напрыклад: Simon G. Nationalismus und Nationaltatenpolitik in der Sowietunion. Von der totalitaren Diktatur zur nachstalinischen Gesellschaft. Baden-Baden, 1986. С. 58 і далей.
[5] Што тычыцца дадзеных працэсаў павышэння пісьменнасці, асіміляцыі, індустрыялі зацыі і урбанізацыі, а таксама ўсеагульных дэмаграфічных і тэрытарыяльных зменаў, гл.: Guthier L. The Belorussians: National Identification and Assimilation, 1897—1970 // Soviet Studies 29 (1977). С. 37—61, 270—283, а таксама Sahm A. Die weißrussische Nationalbewegung nach der Katastrophe von Tschernobyl 1986_1991. Münster, 1994. C. 16—21.
[6] Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 20—50-х гадоў на Беларусі. Мн., 1994. С. 8—15. Згодна з самымі высокімі ацэнкамі, ахвярамі рэпрэсій сталі 2 млн. чалавек. Даследаванне Адамушкі ўяўляе сабой толькі першую спробу апісаць увесь працэс палітычных рэпрэсій у БССР.
[7] Гл.: Nicholas P. Vakar. Belorussia: The Making of a Nation. A Case Study. Cambridge: Mass. 1956. С. 210.
[8] Гл.: Urban М. An algrebra of Soviet power. Elite circulation in the Belorussian Republic 1966—1989. Cambridge University Press 1989. С. 14.
[9] Гл. да гэтага: Lewin М. Gorbatschows neue Politik. Frankfurt/Main, 1988. С. 36—44, а таксама Margolina S. Rußland: die nichtzivile Gesellschaft. Reinbeck bei Hamburg, 1994. С.104—110.
[10] Белоруссия — Россия. Модель постсоветской интеграции // Независимая газета. 21.03.1996.
[11] Фурман Д., Буховец О. Белорусское самосознание и белорусская политика // Свободная мысль. № 1. 1996. С.61.
[12] Sahm A. Die weißrussische Nationalbewegung nach der Katastrophe von Tschernobyl 1986—1991. Münster, 1994. Ñ. 21—23.
[13] Sahm A. Op. cit. С. 56, 64—71.
[14] У ліпені 1989 г. з каля 40.000 сяброў БНФ прыкладна 10—15% уваходзілі ў КПСС, 40% паходзілі з асяроддзя працоўных, 30% сяброў належалі да інтэлігенцыі, 20% былі служачымі. Жанчыны складалі толькі 10% з агульнай колькасці сяброў. Прадстаўніцтва розных нацыянальнасцяў прыблізна адпавядала іх частцы ў агульнай колькасці жыхароў Беларусі: 75% беларусы, 20% рускія, 5% прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў. Гл.: Белорусская трибуна. № 10. 1989. С. 2.
[15] Для азнаямлення з супрацьстаяннем камуністаў з БНФ гл.: Неформальные объединения в политической жизни республики. Мн., 1990, а таксама вялікую колькасць артыкулаў у часопісе «Политический собеседник».
[16] Беларускі пісьменнік Васіль Быкаў, напрыклад, часта называў Пазняка «Апосталам нацыі» або «Пасланцам божым». Гл.: Васіль Быкаў. Лідэр. Нататкі да палітычнага партрэта Зянона Пазняка; ён жа. Збор твораў у шасці тамах. Т.6. Мн., 1994. С. 528—533. Гл.: Фурман Д., Буховец О. Белорусское самосознание… с. 63, якія кажуць пра «культ асобы» ўнутры БНФ. Пазіцыі Пазняка пахіснуліся толькі пасля няўдалых парламенцкіх выбараў у траўні 1995 г., калі Юры Хадыка прапанаваў падзяліць БНФ на партыю і рух з рознымі назвамі і старшынямі. Гл.: Падзелу БНФ на партыю і рух не адбылося // Свабода. № 24. 16.06.1995. С.4. Аргументам Пазняка, які тлумачыў нізкія паказчыкі на парламенцкіх выбарах, была нізкая нацыянальная свядомасць насельніцтва, з-за чаго нацыянальная стратэгія не магла быць падтрымана бальшынёй, хоць і з’яўлялася інвестыцыяй у будучыню. Такім чынам, ацаніць паспяховасць яго дзейнасці было немагчыма.
[17] Фурман Д., Буховец О. Белорусское самосознание… С. 64.
[18] Падрабязнае выкладанне палітычнай сітуацыі ў Беларусі ў 1986—91 г. гл.: Sahm A. Die weißrussische Nationalbewegung. С. 24—52.
[19] Дадатковай прычынай можа служыць абвяшчэнне суверэнітэта Расіяй і Ўкраінай. Паколькі абвяшчэнне суверэнітэта адбылося адразу пасля вяртання з Масквы старшыні Вярхоўнага Савета М.Дземянцея, можна меркаваць, што гэты крок быў зроблены па просьбе Масквы, каб зменшыць уплыў астатніх нацыянальных рухаў.
[20] Гл.: Sahm A. Die weißrussische Nationalbewegung. С. 72—108, асабліва с. 128—131. Там (с. 128—131) маецца таксама поўны пераклад дэкларацыі пра беларускі суверэнітэт.
[21] Гл.: Sahm А. Die weißrussische Nationalbewegung. С. 43—48.
[22] Staniszkis J. The Ontology of Socialism. Oxford: Claredon Press, 1992. С. 15 і далей.
[23] Ужо ў красавіку 1991 г. Дземянцей адкрыта запатрабаваў увядзення агульнасаюзна га надзвычайнага стану, каб уратаваць адзінства краіны.
[24] Так, напрыклад, у канцы 1990 г. 61,3% насельніцтва падтрымалі актыўную рэалізацыю дзяржаўнай праграмы, накіраванай на спрыянне развіццю беларускай мовы. Sahm A. Die weiЯrussische Nationalbewegung. С. 590.
[25] Гл.: Sahm A. Die weißrussische Nationalbewegung. С. 109—118.
[26] Гл.: Sahm A. Politische Konstruktionsversuche weißrussischer Identität. Zur Bedeutung des Rückgriffs auf die unabgechlossene weißrussische Nationalstaftsbildung // Jahrbücher fur Geschichte Osteuropas. 42 (1994). С. 541—561, тут с. 547.
[27] Кебич В. Экономика, нравственность, культура — столпы нашей государственности // Ракурс. № 1. 1993. С. № 3—17, тут с. 12.
[28] Улетку 1995 г. прэзідэнт Лукашэнка пагражаў спецыяльным загадам забараніць выданне менавіта гэтых падручнікаў па гісторыі. Але, паколькі стварэнне падручнікаў патрабуе шмат часу, ён вырашыў паступова замяніць былыя падручнікі на новыя. Гл.: Школьники будут учиться сразу по трём учебникам // Белорусская деловая газета. № 51. 12.08.1996. С.5.
[29] Гл.: Sahm А. Politische Konstruktionsversuche. С. 550—553.
[30] Нават сам БНФ быў не вельмі зацікаўлены ў правядзенні рэферэндума, які тычыцца нацыянальнай незалежнасці, бо асцерагаўся адмоўных вынікаў. У гэтым таксама выявілася амбівалентнае стаўленне БНФ да дэмакратычных працэдураў, што тлумачыцца беларускай нацыянальнай асаблівасцю. Гл.: Фурман Д., Буховец О. Белорусское самосознание… С.63. Паводле дадзеных апытанняў грамадскай думкі, ужо ў 1992 г. праз некалькі месяцаў пасля распаду Савецкага Саюза, 47,9 % беларускіх грамадзян лічылі аднаўленне СССР неабходнасцю. Гл.: Карбалевич В. Особенности национального возрождения в Беларуси // Корецкий А. (выд.) Трансформация цивилизационно -культурного пространства бывшего СССР. Москва, 1994. С.230—234. Тут с. 230.
[31] Для азнаямлення з беларускай эканамічнай палітыкай гл.: Pankov V. Die wirtschaftliche Transformation Weißrusslands // Osteuropa—Wirtschaft, 40 год выд. (1995). № 1. С. 1—12.
[32] Гл.: Zagorul’skaja О. The System of Interest Representation in the Republik of Belarus // Klaus Segbers/Stephan De Spigeleire (выд.): Post-Soviet Puzzie. Mapping the Politikal Economy of the Former Soviet Union, 4 т. Baden-Baden, 1995. Т.3. С.657—683, тут с. 662—667.
[33] Stanizkis J. Ontology. С.7.
[34] Праграма Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне» . Менск, 30 траўня 1993.
[35] Гл.: Пазьняк З. «Национальное государство есть наивысшая культурная и общественная ценность» // Нёман. 1993. № 6. С. 19—22, а таксама: О русском империализме и его опасности // Народная газета. 15-17.01.1994. Тут Пазняк зноў прэтэндуе на «восточное этническое расселение белорусов в Российской Федерации», і канкрэтна ў Бранскай, Пскоўскай і Смаленскай абласцях. У 1993 г. у праграме БНФ усё ж падкрэслена адвяргаецца план змянення межаў, замест чаго ён імкнецца да культурнай аўтаноміі ў адпаведных дзяржавах — апрача згаданых расійскіх абласцей, яшчэ ў Вільнюскай вобласці ў Літве і ў рэгіёне Беласток у Польшчы.
[36] Гл.: Хадыка Ю. Нацыяналізм як канструктыўная сіла // Беларускі ПЭН-Цэнтр (выд): Другі міжнародны кангрэс у абарону дэмакратыі і культуры. «Незалежная прэса: свабода і адказнасць». Мінск, 1996. С. 81—85.
[37] Гл.: Объединенная гражданскай партия (ОГП): Программа действий // Акадэмія навук Беларусі / Аддзел навуковай інфармацыі па гуманітарных навуках Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Палітычныя партыі Беларусі. Мінск, 1996. С.362—364, тут с. 364.
[38] Программа Партии коммунистов Беларуси // Народный голос, 23.06.1993; Программа Аграрной партии Беларуси // Белорусская нива, 30.12.1994.
[39] Гл.: Sahm А. Politische Konstruktionsversuche. С 559. Як вынік узмацнення камуністычных сіл, для якіх пахаваныя ў Курапатах з’яўляліся ахвярамі фашысцкага рэжыму, Курапаты зноў сталі аб’ектам спрэчак.
[40] Гл.: Sahm A. Politische Konstruktionsversuche. С. 553—557, а таксама Sahm A. Kein politischer Frühling in Belarus. Das Scheitern der Parlamentswahlen im Mai 1995 und die Verselbstständingungstendenzen der Exekutive // Osteuropa, 42, (1995). С.1021—1033, тут на с. 1023—1026.
[41] Як яскравы прыклад (параўнай): Люди, будьте бдительны! В республике запахло фашизмом! Обращение к народу Беларуси председателя Верховного Совета Республики Беларусь С.Шарецкого // Народная воля. № 81. 1996, верасень.
[42] Sahm A. Kein politischer Frühling. C.1030 і далей.
[43] Да свайго абрання прэзідэнтам Лукашэнка, 1954 г. нараджэння, абраны ў 1990 г. у Вярхоўны Савет, быў старшынёй саўгаса «Гарадзец» у Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці. Да свайго абрання ён ні разу не быў на Захадзе. Таму пасля заняцця пасады яго палітычны стыль аўтаматычна павінен быў быць больш правінцыйным. Гл.: Палітрук. Дырэктар. Прэзідэнт? // Век. № 25, 1—6.07.1994.
[44] Гл.: На белорусском полигоне // Известия. 20.06.1996.
[45]Гл.: Mänicke_Gyögyösi Ê. Zum Stellenwert symbolischer Politik in den Institutionalisierungsprozessen postsozialistischer Gesellschaften // Öffentliche Konfliktdiskurse um Restitution von Gerechtigkeit, politische Verantwortung und nationale Identität. Frankfurt, 1996. С.13—28. Тут с.21.
[46] Сярод іншых да іх належалі юрысты Дз.Булахаў і В.Ганчар, якія займалі кіраўнічыя пасады ў дэмакратычнай апазіцыі. Яны належалі да кола маладых людзей, якія не паходзілі з партыйнага апарату. Яны падтрымлівалі Лукашэнку ў час яго перадвыбарчай кампаніі з памылковым жаданнем правесці з яго дапамогаю рашучыя эканамічныя рэформы. Гл.: Знакомьтесь: команда Лукашенко // Известия. 13.07.1994.
[47] Гл.: Аб грамадска-палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне // Cвабода. № 55. 26.07.1996; Заявление участников «круглого стола», представляющих ведущие политические партии, движения, профессиональные союзы Республики Беларусь // Cвабода. № 65. 30.08.1996.
[48] Гл.: Компартия запрещена // Белорусская газета. 2.09.1996.
[49] С «режимом Лукашенко» будут «вооруженно бороться» // Знамя юности. 3.07.1996. У чэрвеньскім выпуску «Независимой газеты» згаданае інтэрв’ю пад назваю «Возможна вооруженная борьба с режимом Лукашенко» немагчыма было знайсці.
[50] Я цярплю і буду цярпець колькі трэба і якія заўгодна нягоды, працаваць не пакладаючы рук, без сну і адпачынку, але толькі калі буду перакананы ў шчаслівай будучыні сваёй Радзімы — Беларусі // Народная газета. 10.03.1995. С.1.
[51] Рэальны арсенал сілавых сродкаў знаходзіцца, безумоўна, у распараджэнні аднаго толькі прэзідэнта. Розныя нацыяналістычныя спартыўныя аб’яднанні, створаныя пасля 1992 г. у ценю БНФ, не валодалі рэальным патэнцыялам сілы.
[52] Гл.: Sahm А. Politische Konstruktionsversuche. С. 547 і далей.
[53] Гл. напрыклад: «Спасибо за Россию!» Встречи Президента на столинской земле // Белорусская нива. 18.04.1996.
[54] Гл.: Замяталін У. «Митинг — это акция, инициаторами которой стали обанкротив шиеся политики» // Белорусская нива. 26.03.1996; ён жа: «Белорусские избиратели перевели позняковский фронт в антинародный» // Советская Белоруссия. 18.04.1996.
[55] Политдиалоги. Богданкевич С. — Калякин С.: «Беларусь нуждается не в политизированной, а в эффективной экономике»//Народная газета. 12.03.1996. С.3.
[56] Гл.: Стабілізацыя не губляючы суверэнітэту // Звязда. 14.06.1996; По пути интеграции // Народная газета. 14.06.1995.
[57] Апрача іншага, адбыўся нечаканы кароткі візіт Лукашэнкі 7 верасня ў Маскву, а таксама кароткатэрміновае знаходжанне А.Лебедзя 13 верасня і Г.Зюганава 18-19 верасня ў Мінску. Гл.: Странный визит Александра Лебедя в Минск // Известия. 17.09.1996. Лебедь прилетел не к добру // Белорусская деловая газета. № 57. 16.09.1996.
[58] Фурман Д., Буховец О. Белорусское самосознание… С.67.
[59] Белоруссия—Россия. Модель постсоветской интеграции // Независимая газета. 21.3.1996. С.5.

Наверх

Генадзь Сагановіч. Інфлянцкія немцы ў Полацку ў сярэдзіне ХIII і пачатак ХIV ст.

Чэрвеня 25, 2000 |


У гістарычнай літаратуры даўно прынята лічыць, што трывалае ўваходжанне Полацка ў Вялікае Княства Літоўскае звязана з выгнаннем немцаў з горада ў пачатку ХIV ст. Сутнасць сюжэта наступная: прыкладна ў 1305 г. Полацк трапіў у залежнасць ад рыжскага арцыбіскупства, карыстаючыся чым у горад наехалі немцы і сталі актыўна ўводзіць каталіцтва, збудавалі касцёл. Гэта выклікала супраціў палачан, якія паўсталі і ў 1307 г. паклікалі на дапамогу літоўскага князя Віценя, з чыёй дапамогаю і выгналі немцаў са сваёй зямлі, а касцёл разбурылі. У выніку ў горадзе быў пасаджаны Віценеў сын Воін, і Полацк апынуўся пад уладаю літоўскага князя.

Пры невялікіх адрозненнях гэтая версія сягае да Мікалая Карамзіна[1], Васіля Данілевіча[2], потым сустракаецца ў Уладзіміра Пашуты[3] і ў іншых аўтараў. У Беларусі ў той жа форме яе прыводзіў Сцяпан Шчарбакоў[4]. Пры нязначных асаблівасцях інтэрпрэтацыі гэтая самая версія ўвайшла ў навукова-папулярную літаратуру[5] і амаль ва ўсе падручнікі па гісторыі Беларусі[6]. Прымаецца яна і сучаснымі беларускімі гісторыкамі. Прыкладам, Вячаслаў Насевіч, спасылаючыся на познія беларуска-літоўскія летапісы, згадвае, «быццам апошні самастойны полацкі князь завяшчаў уладанні рыжскаму арцыбіскупу, пасля чаго ў горадзе пачалося засілле каталіцкіх ксяндзоў і нямецкіх купцоў з Рыгі. Полацкае баярства звярнулася па падтрымку да Віценя, які і выбіў рыжан з Полацка (верагодная дата — 1307 г.)», што прывяло да канчатковага далучэння Полацка да ВКЛ[7].

Зноў жа ў літаратуры прынята лічыць, што страта Полацка ў 1307 г. выклікала незадавальненне рымскага папы Клеменса V. Па скарзе рыжскага арцыбіскупства дайшло да вялікага працэсу, распачатага Рымам супраць Нямецкага ордэна, у дакументах якога ўсплыло многа некарысных для рыцарскай дзяржавы фактаў, у тым ліку пра падзеі ў Полацку.

Між тым, у айчыннай гісторыі ёсць намнога ранейшы эпізод нямецкай прысутнасці ў Полацку, пра які быццам забылася айчынная гістарыяграфія, і звязаны ён таксама з літоўскім князем. Як вядома, першым літоўскім князем на полацкім стале лічыцца Таўцівіл, аднак вакол даты і акалічнасцяў яго ўкняжання яшчэ далёка не ўсё ясна[8].

Пасля хронікі Генрыха Латыша, у якой так шмат гаворыцца пра полацкага князя, Полацк надоўга быццам знікае ў цемры гісторыі. Вызначаючы час яго магчымага падпарадкавання літоўскім князям, даследчыкі даўно не бяруць пад увагу легендарныя летапісныя аповесці пра Мінгайлу і Гінгвіла, а звяртаюцца да Іпацеўскага летапісу, у якім пад 1252 г. (6760) паведамляецца пра разлад у Літве, калі Міндоўг «изгна сыновца своего Тевтивила и Едивила, пославшю ему на войну ею съ вуем своимъ со Выконтом, на Русь, воевать ко Смоленску»[9]. Згодна з летапісным сюжэтам, накіраваўшы пляменнікаў да Смаленска, Міндоўг захапіў іх землі, каб стаць адзіным уладаром.

Знаўца полацкай гісторыі Васіль Данілевіч лічыў, што да гэтых падзей літоўскі князь ужо сядзеў у Полацку. Таўцівіл, даводзіў ён, авалодаў Полацкам паміж 1239 і 1246 г. Гэта цалкам магчыма, аднак аргументацыя Данілевіча тут непераканаўчая. Калі 1239 годам датуецца апошняя згадка пра Брачыслава ў Полацку, піша ён, а ў 1246 г. Брачыславаў зяць Аляксандр Неўскі, заязжджаючы да сваякоў на Дзвіну, абмежаваўся толькі наведваннем Віцебска, то, маўляў, гэта значыць, што Васількавічы ўжо пакінулі Полацк, і прычынай гэтага магло быць падпарадкаванне Полацка літоўскім князем[10]. Але нез’яўленне Аляксандра Неўскага ў Полацку зусім неабавязкова звязваць з прысутнасцю там літоўскага князя. І Генрых Пашкевіч пісаў, што Полацк мог быць у літоўскіх руках ужо ў 1239 г., аднак не прыводзіў сур’ёзных абгрунтаванняў свайму дапушчэнню[11]. Не заглыбляючыся ў праблему, канстатуем відавочнае: князь Таўцівіл з’явіўся ў Полацку да яго выгнання адтуль Міндоўгам. Калі ж магло адбыцца апошняе?

Адказ на гэтае пытанне звязаны з дакладным датаваннем падзей, апісаных у Іпацеўскім летапісе. Міхайла Грушэўскі ў свой час прапанаваў даволі аргументаваную храналогію Галіцка-Валынскага летапісу, у якой разлад між літоўскімі князямі аднесены ім да 1248 г. Сапраўды, як паказаў патрыярх украінскай гістарыяграфіі, калі дата хрышчэння Міндоўга дакладна вядомая, і гэта 1251 г., то на ўсе апісаныя летапісцам папярэднія падзеі патрабавалася не менш за два гады; тады 1248 г. як час уцёку Міндоўгавых пляменнікаў выглядае найпраўдападобней[12]. Гэтым годам датаваў пачатак кааліцыйнай барацьбы супраць Міндоўга і Генрых Лаўмяньскі[13].

Такая ўвага да часу першага ўкняжання Таўцівіла ў Полацку невыпадковая. Калі прызнаць, што да 1248 г. ён ужо сядзеў у Полацку, то з імем гэтага князя лёгка звяжуцца незвычайныя падзеі полацкай гісторыі.

З летапісу вядома, што ў вынiку канфлiкту пляменнікі Мiндоўга ўцяклі да князя Данілы Галіцкага, жанатага з іх сястрой, і атрымалі яго пратэкцыю. Даніла накіраваў Віканта да яцвягаў, жамойтаў і ў Рыгу, каб прасіў падтрымкі. Місія Віканта была паспяховай, і немцы паабяцалі дапамагчы Таўцівілу. У чаканні нямецкай падтрымкі ён сам хутка апынуўся ў Рызе, дзе, каб умацаваць саюз з немцамі, прыняў каталiцтва[14]. Апрача Іпацеўскага летапісу хрышчэння Таўцівіла непасрэдна тычыцца вядомая була рымскага папы ад 15 верасня 1248 г., вакол адрасату якой даўно вядуцца спрэчкі.

Пасланне папы скiравана да «Alexandro illustri regi Nougardiae», і з тэксту яго вынiкае, што названы кароль Аляксандр выказаў рыжскаму бiскупу Мiкалаю жаданне быць па-сапраўднаму пакорным папу, i ў знак гэтага збудаваць у «сваiм горадзе Pleskow» лацiнскі кафедральны касцёл (In ipsius obedientiae signum affectans in Pleskow, Civitate tua, Latinorum ecclesiam erigere cathedralem)[15].

Каму адрасавана була? Яшчэ ў рэгестах Дзяржаўнага Архiва Караляўца (цяпер Сакрэтны Дзяржаўны Архіў Прускае спадчыны ў Берліне) ў назве гэтага дакумента архівістам было пазначана, што пасланне адрасуецца князю Аляксандру Неўскаму. Магчыма, гэты запіс і схiляў некаторых даследчыкаў да прыняцця менавiта такой пазіцыі. Сярод іх быў і вядомы польскi літуаніст Генрых Лаўмяньскi, а з сучасных гісторыкаў да падобнай думкі схіляецца і літоўскі гісторык Эдвардас Гудавічус[16], які нядаўна ў манаграфіі пра Міндоўга зноў выказаўся, што меркаванне пра ўмацаванне Таўцівіла ў Полацку да ўнутранай вайны ў Літве і прыняцці ім каталіцтва непрымальнае[17].

Аднак нямецкiя гiсторыкi Альберт Аман і Міхаэль Таўбе яшчэ ў 1930-х г. дастаткова пераканаўча аспрэчылi гэтае меркаванне, выказаўшы цэлы шэраг сур’ёзных аргументаў супраць таго, што згаданая була адрасавалася князю Аляксандру Ўсеваладавічу[18]. Па-першае, рымскi папа тады дакладна ведаў, куды пiсаць Аляксандру Неўскаму, бо папская була ад 22 студзеня 1248 г. адрасавалася дакладана: «nobili virо Alexandrо Dux Susdaliensis». Па-другое, Аляксандр Неўскi ў той час ад’ехаў у Арду, а вярнуўся толькi ў 1250 г., i пра гэта не мог не ведаць папскi легат Альберт Сюрбэер, што знаходзiўся тады ў Балтыйска -Дзвінскім рэгiёне. Па-трэцяе, Аляксандр Неўскi не быў «каралём» Ноўгарада, і згаданы Pleskow (цi Ploskow) не мог лічыцца «яго горадам». Урэшце, па-чацвёртае, була пасылалася асобе не проста лаяльнай, а выразна прыхільнай да лацінян. У гэтай сувязі Аляксандр Неўскі псiхалагiчна выключаецца з кола магчымых адрасатаў, бо ў кантэксце вядомых фактаў яго нецярпімасці немагчыма ўявіць, каб ён мог прасiць аб падпарадкаваннi Рыму.

Калі згадаем пра 1248 г. як час выгнання Таўцівіла з Полацка, то менавіта гэты князь падаецца самым верагодным адрасатам згаданай папскай булы, на што звярталі ўвагу А. Аман і М.Таўбэ. Сапраўды, у яго горадзе было праваслаўнае епіскапства, ён увайшоў тады ў саюз з лацінянамі, а імя Аляксандр мог атрымаць пры хрышчэннi ў Рызе (што, вядома ж, дапускаецца чыста гіпатэтычна).

Адмаўляючы такую магчымасць, Э.Гудавічус сцвярджае, што ў сярэднявечных крыніцах „Pleskowe” мусіла азначаць Пскоў, а не Полацк[19]. Назвы гэтых гарадоў у лацiнскiх i нiжненямецкiх тэкстах часта блыталiся, і Полацк фігураваў то як Ploskow, то як Pleskaw. Сапраўды, часцей назва Полацка пісалася як Ploscoviensis або Ploskow, а Пскоў — часцей як Pleskow, аднак у дачыненні да Полацка ў крыніцах ХIII — ХV ст. дастаткова многа разоў выкарыстоўваліся іншыя формы: так, у храніста Віганда Марбургскага гэта Poleskow i Pleskow[20], у інфлянцкіх дакументах — Pleskovia[21], у карэспандэнцыі Тэўтонскага ордэна сустракаецца Pleskau[22], у ганзейскіх пасланнях можна спаткаць Ploskow, Ploskaw, Pleskouw[23] і інш. Так што аргумент з назвай не пераканаўчы.

Такім чынам, можна дапускаць, што була папы Інакенція IV ад 15 верасня 1248 г. адрасавалася Таўцівілу, які паабяцаў заснаваць у Полацку каталiцкае бiскупства i збудаваць касцёл[24]. Вельмі верагодна, што менавіта гэтае абяцанае біскупства і касцёл дакументальна былі засведчаны ў адным з папскiх пасланняў 1254 г., у якім згадваецца «episcopatus Ruteniensis»[25].

У 1255 г., калi пасля прызначэння Альберта Сюрбэера на месца памёрлага рыжскага арцыбiскупа Мiкалая спатрэбiлася вызначаць тэрыторыю распаўсюджвання яго кампетэнцыяў, папа Аляксандр IV пералiчыў бiскупствы рыжскай метраполii, якiя належыць падтрымлiваць, i сярод iншых дзевятым назваў бiскупства Rutheniensem[26]. Ці не Полацк тут маецца на ўвазе?

Сярод апублікаваных крыніц вядомыя прынамсі тры дакументы, якiя канкрэтна сведчаць пра гвалтоўную лiквiдацыю каталiцкага асяродка ў Полацку. Гэта скарга на Інфлянцкi ордэн з боку рыжскага арцыбiскупа Фрыдрыха ад 14 верасня 1305 г.[27], падобная скарга папы Клеменса V у пасланнi ад 19 чэрвеня 1310 г.[28] i паказанне з «вялiкага працэсу» супраць Ордэна ў 1312 г.[29]. У апошнім дакуменце ў 14-м пункце сёмага сведкi цыстэрыянскага святара Генрыха з Фолькенаў сярод іншага гаворыцца: «Калi кароль Полацка i яго падданыя былi навернутыя ў хрысцiянства, i мелiся бiскупы, i прэлаты, ды й iншыя духоўныя, згаданых падданых так прыгняталi браты Ордэна, што тыя паклiкалi на дапамогу паганых, якiя з’явiлiся, названых братоў каго прагналi, каго пабiлi, каго паланiлi, у вынiку чаго і ўспомнены кафедральны касцёл быў разбураны». Пра падобнае ж пiсаў у буле ад 19 чэрвеня 1310 г. рымскi папа, у якога таксама дакладна гаворыцца пра «Regnum Polochense». Згодна з ім рыцары Ордэна «Полацкае каралеўства, якое некалі полацкі кароль, не меўшы нашчадкаў, навярнуўшыся на веру Хрыстовую, ахвяраваў рыжскай кафедры для збавення сваёй душы, саступілі згаданым паганым не без страты вялікай колькасці верных. З той прычыны дзве прыгожыя кафедры, а менавіта ў Селоніі і ў Русі, што знаходзіліся ў названым каралеўстве, былі аддадзены поўнаму знішчэню…»[30]. У скарзе арцыбiскупа Фрыдрыха фон Перштэйна вядзецца пра «сastrum Plozk», залежны ад арцыбiскупii, але страчаны немцамі на карысць паганых, як быў страчаны і Дынабург, прададзены за 300 марак. І ў іншых месцах Ордэну інкрымінуецца, што ён саступіў паганым (г.зн. літоўцам) «Полацкае каралеўства»[31].

Даследчыца полацкіх граматаў Ганна Харашкевіч у свой час пісала, што і пасланне рыжскага арцыбіскупа Фрыдрыха ад 14 верасня 1305 г., і папскае брэве ад 19 чэрвеня 1310 г. зусім не тычыліся Полацка[32]. Спаслаўшыся на Аўгуста Серафіма, яна палічыла магчымым уважаць, што памежны замак, пра які вялося ў згаданых дакументах, ператварыўся ў горад Полацк пад пяром пракуратара Нямецкага ордэна, які апраўдваўся за страту памежных замкаў[33]. Аднак у дакументах шматкроць фігуруе менавіта «Полацкае каралеўства», якім ніяк не называлі б памежны замак, і «полацкі кароль». Так што на ўвазе меўся ўсё ж, думаю, горад Полацк.

Калі ўсё гэта магло адбывацца? Гістарыяграфічная традыцыя, якая адносіць выгнанне немцаў з Полацка да 1307 г., абапіраецца фактычна толькі на запіс Мацея Стрыйкоўскага, які цьмяна спасылаецца на нейкія «старыя рускія летапісы»[34]. А ці можна дапускаць, што пералічаныя сведчанні тычацца падзей больш далёкіх, а не двух-трохгадовай даўнасці? Думаю, што для гэтага ёсць нават пэўныя падставы. У тэкстах размова вядзецца пра тое, што адбылося даўно. Прыкладам, папа Клеменс V згадвае полацкага караля, які «некалі», у сэнсе «калісь даўно» прыняў лацінскую веру і ахвяраваў свае ўладанні рыжскай кафедры. Зразумела, што адбывалася гэта ніяк не ў 1305 г., якім датавана і апеляцыя рыжскага арцыбіскупа, а намнога раней. Канкрэтным пацвярджэннем даўнасці справы можна лічыць фразу ў адказе ордэнскага пракуратара на скаргу арцыбіскупа: у 1306 г. ён напісаў, што, як і земгальскае біскупства, кафедра ў Полацку ужо «гадоў сто і болей» ва ўладзе русінаў[35].

Ясна, што справядлівае сумненне можа выклікаць не толькі прынятая ў літаратуры дата з’яўлення немцаў у Полацку, але і год іх выгнання. У сваёй спецыяльнай працы В.Данілевіч прыйшоў да высновы, што літоўскі князь, які прыняў каталіцтва і завяшчаў Полацк немцам, валодаў гэтым горадам «у другой палове ХIII ст., а хутчэй за ўсё ў яго трэцяй чвэрці»[36]. Паўторана гэта шматкроць за ім у падручніках. Ведаем, што пасля смерці таго князя немцы авалодалі Полацкай зямлёй і ўзяліся пашыраць каталіцтва. Колькі ж гадоў гэта магло працягвацца, калі палачане быццам толькі ў 1307 г. паклікалі на дапамогу Віценя?

У гэтай сувязі дарэчы згадаць, што ў свой час і Генрых Лаўмяньскi, адмаўляючы пашыраную версiю аб кароткатэрмiновым заваяваннi Полацка iнфлянцкiмi немцамi ў пачатку ХIV ст., пісаў, што згаданае пасланне папы Клеменса V з 1310 г. нiяк нельга звязваць з часамi Вiценя[37]. А вопытная даследчыца Ганна Харашкевіч перыяд т.зв. «першай любові» паміж Полацкам і Рыгай адносіць да часоў, якія папярэднічалі 1304 г.[38].

Калі цытаваныя вышэй дакументы пра ліквідацыю біскупства і касцёла ў Полацку тычацца не пачатку ХIV ст., а сярэдзіны — другой паловы ХIII ст., то першым жа паўстане справядлівае пытанне: чаму гэтыя сведчанні з’явiлiся з такім спазненнем? Хіба таму, што толькi тады дайшло да вострага канфлiкту памiж Ордэнам i апостальскай сталіцай. Палiтыка папаў, якiя iмкнуліся пашыраць хрысцiянства ў Балтыйскiм рэгiёне, гарантуючы нэафiтам свабоду, i ствараць там свае структуры ўлады, уваходзiла ў супярэчнасць з планамi Ордэна, дзейнасць якога часта замінала і шкодзiла місіі папскіх легатаў. Пасля сапраўднай вайны, праведзенай інфлянцкімі рыцарамi супраць Рыгi, дайшло да вялiкага суду над Ордэнам, пад час якога агалошвалiся ўсе факты, што кампраметавалi братоў, у тым лiку i полацкая справа.

Выходзіць, увесь эпізод з прыходам немцаў у Полацк у 1305 г. ды іх хуткім выгнаннем пры дапамозе князя Віценя можа быць гістарыяг рафічным фантомам? Не выключана. Вядома, падобны перагляд адразу ставіць мноства новых пытанняў, вырашэнне якіх можа яшчэ больш складанае. Для гісторыка, аднак, часам важней спачатку паставіць пад радыкальны сумнеў тое, што лічыцца агульнапрынятым. А яго рэінтэрпрэтацыю пакінем для наступнага артыкула.


[1] Карамзин Н.М. История государства российского. Изд. 5–е. Кн. 1. Том IV. С–Петербург, 1842. С.83.
[2] Данилевич В.Е. Очерк истории Полоцкой земли до конца ХIV столетия. Киев, 1896. С.152–153.
[3] Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. Москва, 1959. С.392.
[4] Шчарбакоў С.А. Барацьба беларускага народа супраць нямецкай агрэсіі ў ХIII–ХIV стст. // Весці АН БССР. Серыя гуман. навук. 1966. №1. С.66.
[5] Прыкладам, у гістарычным нарысе пра Полацк канчатковае ўключэнне горада ў склад ВКЛ адназначна звязваецца з тым жа Віценем: у канцы ХIII ст. нямецкія феадалы скарысталі часовую залежнасць Полацка ад рыжскага арцыбіскупа, «праніклі ў Полацк і іншыя гарады Полацкай зямлі ды пачалі насаджваць там каталіцтва», што суправаджалася «гвалтам і бясчынствамі» і выклікала незадавальненне насельніцтва. У 1307 г. палачане з дапамогай Віценя выгналі немцаў з горада і разбурылі касцёл (Гл.: Полоцк: Исторический очерк. П.Т.Петриков (отв. ред.) и др. 2–е изд. Минск, 1987. С.31).
[6] У аўтарытэтнай акадэмічнай «Гісторыі БССР» падаецца, што калі ў 1305 г. у залежнасць ад рыжскага арцыбіскупа часова трапіў Полацк, то «нямецкія феадалы» выкарысталі гэта, праніклі ў горад і сталі насаджваць каталіцтва, у выніку «ў 1307 г. палачане пры дапамозе літоўскага князя Віценя выгналі немцаў з горада» (Гісторыя БССР. У 5 т. Т.1. Мінск, 1972. С.120). Амаль дакладна такую трактоўку знаходзім у новым універсітэцкім дапаможніку: пасля перадачы Полацка рыжскаму біскупству ў горадзе з’явіліся нямецкія рыцары і місіянеры, што абурыла палачанаў і тыя папрасілі дапамогі ў Літвы, у выніку князь Віцень у 1307 г. выгнаў нямецкіх рыцараў з Полацка і заняў горад (Гл.: Гісторыя Беларусі. У 2 частках. Пад рэд. Я.К.Новіка і Г.С.Марцуля. Частка 1. Мінск, 1998. С.88). Сціслая форма таго ж варыянту ў кнізе І.Коўкеля і І.Ярмусіка (Гл.: Ковкель И.И., Ярмусик Э.С. История Беларуси с древнейших времен до наших дней. Минск, 2000. С.20). У адным з найноўшых дапаможнікаў гарадзенскіх гісторыкаў пра акалічнасці падпарадкавання Полацка літоўскім князем напісана больш асцярожна: «існуе гіпотэза», што полацкі князь Канстанцін завяшчаў горад рыжскаму арцыбіскупу, а ўвядзенне каталіцтва справакавала паўстанне палачанаў, якія папрасілі дапамогі ў Віценя (Гл.: Гісторыя Беларусі. У 2 частках. Частка 1. Са старажытных часоў да канца ХVIII ст. Курс лекцый / І.П.Крэнь, І.І.Коўкель, С.В.Марозава, С.Я.Сяльверстава, І.А.Фёдараў. Мінск, 2000. С.201–202).
[7] Насевіч В. Пачаткі Вялікага Княства Літоўскага: падзеі і асобы. Мінск, 1993. С.72.
[8] Асобнай увагі заслугоўвае пытанне пра акалічнасці з’яўлення Таўцівіла на полацкім стале. Няма ніводнай крыніцы, якая сведчыла б пра заваяванне Полацка літоўцамі. Яшчэ Карамзін, а потым шэраг іншых аўтараў, у тым ліку абазнаны ў полацкай гісторыі Баўмгартэн (гл.: Baumgarten N. Polotzk et la Lithuanie // Orientalia Christiana Periodica. Vol. II. 1936), заўважалі, што верагодней за ўсё літоўскі князь быў запрошаны самімі палачанамі. У святле цяперашніх ведаў аб ролі полацкага веча такі варыянт выглядае найпраўдападобней. Узгадняецца з ім і паведамленне Мацея Стрыйкоўскага пра тое, што ў Полацку Таўцівіл прыняў праваслаўе (Гл.: Stryjkowski M. Kronika polska, litewska, żmudska i wszystkiej Rusi. Warszawa, 1846. S.276).
[9] Ипатьевская летопись. ПСРЛ. Т.2. Москва, 1962. С.815.
[10] Данилевич В.Е. Очерк истории Полоцкой земли до конца ХIV столетия. Киев, 1896. С.136.
[11] Paszkiewicz H.Jagiellonowie a Moskwa. T.1: Litwa a Moskwa w XIII i XIV wieku. Warszawa, 1933. S.62—63.
[12] Грушевський Г. Хронольогія подій Галицько–Волинськоі літописи // Записки Наукового Товариства ім. Шевченка. Т.ХLI. 1901. Кн.3. С.35.
[13] Гл.: Łowmiański H. Studia nad początkami społeczeństwa i prawa litewskiego. T.2. Wilno, 1932. S.339.
[14] Ипатьевская летопись. ПСРЛ. Т.2. Москва, 1962. С.817.
[15] Theiner A. Vetera Monumenta Poloniae, Lithuaniae etc. 1. Rom, 1860. Nr.96; Liv_, Est_ und Curländisches Urkundenbuch. Hrsg. v. F.G.v.Bunge. Bd.3. Reval, 1856. Nr.223 (далей — LUB).
[16] Gudavičius E. Polityczny problem królewstwa litewskiego w połowie XIII w. // Ekspansja niemieckich zakonów rycerskich w strefie Bałtyku od XIII do połowy XVI w. Toruń, 1990. S.65.
[17] Гл.: Gudavičius E. Mindaugas. Vilnius, 1998. P.212.
[18] Amman A. Kirchenpolitische Wandlungen im Ostbalticum zum Tod Alexander Newski’s. Studien zum Werden der russischen Orthodoxie // Orientalia Christiana Analecta, 105 (1936). S.272; Taube M. Russische und litauische Fürsten an der Düna zur Zeit der deutschen Eroberung Livlands // Jahrbücher für Kultur und Geschichte der Slaven. N.F. Bd.XI (1935), Hf.3/4. S.406; ён жа, Internationale und Kirchenpolitische Wandlungen im Ostbaltikum und Russland zur Zeit der deutschen Eroberung Livlands // Jahrbücher für Geschichte Osteuropas. Bd. 3 (1938). S.38.
[19] Gudavičius E. Polityczny problem krlewstwa litewskiego w polowie XIII w. S.76. Спас.30.
[20] SRP. II (1863). S.608.
[21] Mitteilungen aus dem Gebiete der Geschichte Liv_, Est_ und Kurland’s. Bd.5. (1850). S.401.
[22] OBA, 8911.
[23] LUB. Bd.X., 170; Bd.XII, 752; Goetz L. Deutsch–russische Handelsgeschichte des Mittelalters. Lubeck, 1922. S.510, 515 ff..
[24] Цікава, што не ўдаючыся ў дэталі, верагоднасць гэтага дапускаў і Ул.Пашута (Гл.: Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. С.378. Спас.77). З цяперашніх беларускіх гісторыкаў пытанне часу замацавання першага літоўскага князя ў Полацку ўскосна кранаў бадай адзін Алесь Краўцэвіч, які згадаў меркаванне М.Таўбэ пра тое, што адрасатам папскай булы ад 15 верасня 1248 г., г.зн. тым самым «новаахрышчаным» князем Полацка мог быць Таўцівіл, але засумняваўся ў самой магчымасці гэтага, спаслаўшыся на факт знаходжання Таўцівіла ў 1253 г. пры двары Данілы Галіцкага (Гл.: Краўцэвіч А. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. Мінск, 1998. С.143). На жаль, хоць у працы разглядаюцца падзеі да Гедыміна, аўтар апусціў полацкі сюжэт 1305–1307 г.
[25] Такой думкі трымаўся і знаўца гісторыі сярэднявечных Інфлянтаў Манфрэд Гельман. Гл.: Hellmann M. Das Lettenland im Mittelalter. Münster / Köln, 1954.
[26] Була ад 31 сакавіка 1255 г., апублікаваная ў: LUB. Bd.1. Nr.282.
[27] LUB. Bd.2. Nr.616. Regesten Nr.710.
[28] LUB. Bd.2. Nr.630; Preussisches Urkundenbuch. Bd. II/1. Nr.13.
[29] LUB. Bd.2. Nr.638. Цалкам гл. у: Seraphim A. Das Zeugenverhör des Franciscuc de Moliano (1312). Quellen zur Geschichte des Deutschen Ordens. Königsberg, 1912. S.169.
[30] Цыт. паводле Яна Длугаша. Długosz J. Roczniki czyli Kronika sławnego królewstwa Polskiego. Ks.9. Warszawa, 1975. S.96.
[31] Seraphim A. Das Zeugenverhör des Franciscuc de Moliano. ХХIII.
[32] Полоцкие грамоты. Сост. А.Л. Хорошкевич. Вып.3. Москва, 1980. С.124.
[33] Тамсама. С.125.
[34] Stryjkowski M. Kronika polska, litewska, żmudzka i wszystkiej Rusi. Warszawa, 1846. S.349.
[35] LUB. Bd.II. Regesten. Nr.714.
[36] Данилевич В. Очерк истории Полоцкой земли. С.152.
[37] Ловмянский Г. Роль рыцарских орденов в Прибалтике (XIII—XIV вв.)//Польша и Русь. Черты общности и своеобразия в историческом развитии Руси и Польши XII—XIV в. Москва, 1974. Спас.13.
[38] Полоцкие грамоты. Сост. А.Л. Хорошкевич. Вып.3. С.125.

Наверх

Алена Філатава. Нацыянальнае пытанне і палітыка царскага ўраду ў Беларусі (канец XVIII — першая палова ХIХ ст.)

Чэрвеня 24, 2000 |


У канцы XVIII — першай палове ХIХ ст. Расійская імперыя значна пашырыла сваю тэрыторыю як у выніку ваенных дзеянняў, так і за кошт мірных дамоваў[1]. У адрозненне ад каланіяльных дзяржаваў Еўропы, дзе выразна размяжоўваліся правы і абавязкі метраполій і калоній, у расійскай дзяржаве на новых землях былі распаўсюджаныя расійскія законы, і гэтыя землі непасрэдна ўваходзілі ў яе склад. Але працэс далучэння быў даволі складаны. Інкарпарацыя кожнай новадалучанай тэрыторыі расцягвалася не на адно дзесяцігоддзе і закранала ўсе бакі дзейнасці тагачаснага яе грамадства: палітычныя, эканамічныя, культурныя, рэлігійныя і нацыянальныя.

Для правядзення уніфікацыі далучаных земляў з цэнтральнымі рэгіёнамі імперыі царскаму ўраду трэба было сабраць звесткі пра іх эканамічны стан, веравызнанні, народы, звычаі і традыцыі, гісторыю і інш. Апрача таго толькі праз расійскіх чыноўнікаў, настаўнікаў, праваслаў нае духавенства дзяржава магла распаўсюджваць расійскае заканадаў ства, культуру, мову і праваслаўную веру і наогул праводзіць палітыку русіфікацыі. А пры такіх тэмпах павелічэння тэрыторый Расійскай імперыі не хапала адукаваных людзей, перакладчыкаў, праваслаўнага духавенства. Мала было і ахвотнікаў выехаць на працу на новыя землі і жыць там сярод мясцовага насельніцтва, не ведаючы мовы і звычаяў. Тым больш што мясцовыя жыхары ў шэрагу выпадкаў (асабліва калі землі былі далучаны не добраахвотна, а ў выніку войнаў) дрэнна ставіліся да расіян. Таму царскі ўрад вымушаны быў праводзіць свае ўказы ў асноўным праз чыноўнікаў мясцовага паходжання, іншавернае духавенства, якія не вельмі імкнуліся хутка іх выконваць або не выконвалі зусім. Пра гэта сведчыць поўны збор законаў Расійскай імперыі — той самы ўказ урад вымушаны быў паўтараць зноў.

Не проста вырашалася і нацыянальнае пытанне. У канцы XVIII — пачатку ХХ ст. царскі ўрад звяртаў асноўную ўвагу на саслоўны і рэлігійны стан новых тэрыторый. Так, пры далучэнні Беларусі і Літвы ва ўказах былі вылучаны два народы — яўрэі і татары, магчыма, толькі таму, што гэта — нехрысціянскае насельніцтва. Наўрад ці царскі ўрад тады дакладна ўсведамляў, якія народы жылі ў беларуска-літоўскіх губернях. «Вавилонским столпотворением» назвала ў 1780 г. Кацярына II насельніцтва Беларусі, адзначыўшы, што тут «сплошь да рядом обитают православные, католики, униаты, евреи, русские, поляки, чухонцы, немцы, курляндцы»[2]. Спецыяльна для паездкі імператрыцы ў 1780 г. Пецярбургская акадэмія навук выдала працу пад назвай «Топографи ческие примечания на знатнейшие места путешествия Ея Император ского Величества в Белорусские наместничества» (СПб, 1780), у якой насельніцтва наогул вызначалася як «жители и жиды»[3].

Пазнейшыя выданні той самай акадэміі сведчаць, як змяняліся ўяўленні вучоных пра народы тэрыторыі па меры яе вывучэння. Так, апісваючы ў 1790 г. Полацкае і Магілёўскае намесніцтвы, Пляшчэеў адзначаў, што «жители онаго суть поляки и литва, римско-католицко го закона, из которых малое количество греческого исповедания, прочие унияты здесь и жиды»[4]. У 1810 г. Е.Зяблоўскі пісаў пра насельніц тва Беларусі і Літвы, што яно апрача «россиян состоит из поляков, литвы и жидов», але ў Віцебскай губерні ўжо згадваліся латышы, у Віленскай — літоўцы і татары, у Гродзенскай — таксама татары[5]. У гэтым выпадку цяжка ўявіць сабе, да каго можна аднесці беларусаў — да расіян, палякаў, літоўцаў?

Прыкладна тое самае пра жыхароў Беларусі (1792 г.) пісаў і генерал С.Тучкоў — яны складалі «какую-то смесь русских, поляков, малороссов и литвы»[6].

Ужо з прыведзеных урыўкаў відаць, што нацыянальная прыналежнасць вызначалася паводле двух асноўных паказчыкаў. З аднаго боку — прыналежнасць дзяржаве: жыхар Рэчы Паспалітай, Польшчы — паляк, жыхар ВКЛ, Літвы — літва, з другога боку — рэлігійнае веравызнанне. Гэта адпавядала таму, што на той час у Расійскай імперыі паняцце «нацыя» атаясамлівалася з паняццем «народ», да якога належалі «жители страны, говорившей одним языком, обыватели государства, страны, состоящей под одним управлением»[7], і не супярэчыла пункту гледжання еўрапейскіх буржуазна-ліберальных ідэолагаў (перыяду прыблізна 1830—1880 г.), для якіх існавалі тры крытэрыі, згодна з якімі можна было прылічыць «народ» да «нацыі». Першы з іх — гістарычная сувязь народа з сучаснай яму дзяржавай або з дзяржавай, якая існавала доўгі гістарычны час. Другі — існаванне даўно і трывала замацаванай культурнай эліты, якая валодала пісьмовай нацыянальнай мовай — літаратурнай і афіцыйна-справавой. Трэцім крытэрыем была ўжо пацверджаная на практыцы здольнасць да захопаў[8].

Калі ў гэтым плане разглядаць нацыянальную структуру беларуска-літоўскіх губерняў, то ў вызначаны час існаванне польскага і рускага народаў-нацый не выклікала спрэчак. Культурная эліта губерняў карысталася літаратурнай польскай мовай, і нават справаводства, за выключэннем губернскіх установаў, да 30-х г. вялося ў асноўным па-польску, і толькі пазней — па-расійску. Расійская імперыя, як і былая Рэч Паспалітая, відавочна, мела здольнасці да захопаў. Таксама трэба адзначыць, што яшчэ некаторы час зберагаліся ўспаміны пра Вялікае Княства Літоўскае, якія нагадвалі пра трэці народ — літву, літоўцаў (на рускай мове), або ліцвінаў (на польскай).

З канца XVIII ст. у фармулярных спісах чыноўнікаў, духавенства, а потым і ваеннапалонных часоў вайны 1812 г. сустракаецца графа «якой нацыі». У адказах выразна відаць, як нават адукаваная частка насельніцтва, у асноўным шляхта і духавенства, па-рознаму выказвалася наконт сваёй нацыянальнай прыналежнасці. Напрыклад, у ведамасці віцебскага Св.Маркава манастыра за 1808 г. запісана, што ігумен Захарый — маларос, ераманах Фалалей — беларускай нацыі, ерадыякан Ілія — польскай нацыі[9]. У спісах чыноўнікаў-базыліян духоўнай кансісторыі Віленскай мітрапалічай епархіі за 1815 г. 4 чалавекі запісаны як «нараджэнцы літоўскія», 14 — «літоўскай нацыі», 1 — «беларускай», 1 — «нараджэнец валынскі», 1 — «нараджэнец самагіцкі»[10]. У спісах ваеннапалонных Мінскага ніжняга земскага суда 1813 г. адзначалася, што некаторыя з іх былі «французскага валодання», «прускага валодання», а таксама — «нараджэнец жмудскі», «тутэйшага краю Гродзенскай губерні», «Беларускай губерні»[11].

Пры параўнанні гэтых звестак можна заўважыць, што на мясцовым узроўні пад час адказу на пытанне «якой нацыі?» галоўнымі крытэрыямі былі не толькі дзяржава, але і губерня, край, дзе чалавек нарадзіўся і жыў, адкуль прыбыў — Беларусь, Літва, Маларосія, Самагіція, Жамойць, Валынь, Польшча.

З першакрыніц таго перыяду не вынікае, як вызначала сябе прыгоннае сялянства губерняў (практычна цалкам непісьменнае), ці мела яно нацыянальную свядомасць. Даследчыкі спасылаюцца на меркаванні пісьменнікаў, чыноўнікаў і духавенства, памешчыкаў, якія, вядома ж, сутыкаліся з сялянствам і ў некаторай ступені ведалі яго мову[12].

Універсальным крытэрыем для ўладаў было веравызнанне, паводле якога, у адрозненне ад этнічных літоўцаў-каталікоў, тыя самыя беларусы падзяляліся на «палякаў» або «літоўцаў» (каталікі, уніяты, кальвіністы), або «рускіх» (праваслаўныя, стараверы). Такі канфесійны раскол беларусаў не садзейнічаў кансалідацыі народа. У залежнасці ад накіраванасці палітыкі ўрад спачатку мог лічыць, напрыклад, уніятаў «палякамі» і «літоўцамі», не падзяляючы іх з католікамі, а ў 20—30-я г. — «рускімі», даказваючы іх праваслаўнае паходжанне. Так, у агульнай запісцы ад 15 снежня 1838 г. пра унію, падрыхтаванай для знаёмства міністраў з рухам уніяцкай справы, нагадвалася, што «сей народ русский по языку и происхождению, но отторгнутый от России по вере»[13].

Але расійскія чыноўнікі, ваенныя, якія жылі, працавалі ў беларуска-літоўскіх губернях і сутыкаліся з мясцовымі жыхарамі, — яны не атаясамлівалі з сабой гэтае насельніцтва і адзначалі даволі негатыўнае стаўленне яго да расійскіх уладаў. У адной з запісак пачатку ХIХ ст. (з архіва канцылярыі ваеннага міністэрства) гаворыцца, што «Виленская и Гродненская губернии по единоплеменству жителей, по единству языка и веры более прочих устраняют от сближения с Россиею, в губернях Белорусских, особенно в Витебской, нравы начинают изменяться, почему и можно надеяться, что оные и вовсе обрусеют»[14]. Адзначаў «какую-то неприязнь и неискренность расположения» да карэнных расіян Віленскі ваенны губернатар, Гродзенскі, Мінскі і Беластоцкі генерал-губернатар Ф.Міркавіч у данясенні Мікалаю I ад 6 красавіка 1841 г.[15].

Відаць, да 30—40-х г. ХIХ ст. ва ўрада склалася ўяўленне пра нацыянальны склад, воблік, рысы характару, мовы этнасаў гэтых губерняў, і ўяўленне гэтае было хутчэй адмоўнае, нягледзячы на шэраг заўважаных станоўчых рысаў іх характару. Беларус меў «тело слабосильное и тощее», схільнасць да п’янства і гультайства і быў «на очень низкой степени образования»[16]. Такі воблік беларуса бачым і ва ўспамінах. Так, І.Захар’ін, які пісаў пра Беларусь, спасылаўся на словы рускага пісьменніка Дабралюбава, што «белорусы совсем измельчавшая и забитая человеческая раса, мало похожая на обыкновенных людей»[17]. Такі цяжкі стан народа звязвалі з яго эканамічным становішчам, неадукаванасцю, прыгнётам з боку польскіх памешчыкаў. Расійскі ўрад звяртаў увагу на беларусаў толькі шукаючы падтрымкі супраць шляхецкага руху, як гэта было ў час паўстаўнняў.

Сталую цікавасць выклікалі ва ўрада палякі і яўрэі, што выяўлялася ў выглядзе ўказаў, распараджэнняў і інш. Да палякаў адносілі не толькі палякаў этнічных, але і людзей іншай нацыянальнасці — каталікоў ды уніятаў па веравызнанні, якія нібы раздвойваліся пры вызначэнні сваёй нацыі. Літоўскі шляхціц як жыхар былога ВКЛ лічыў сябе «gentis Lithuaniae, natione Polone» («ліцвін па паходжанні, паляк па нацыянальнасці»)[18]. А «Катэхізіс ліцвіна» (30-я г. ХIХ ст.) адлюстроўваў гэтыя суадносіны наступным чынам: «Пытанне: Што ёсць адзінства з палякамі? Адказ: складаць з імі адзін непадзельны народ так, каб ліцвін быў палякам, а паляк ліцвінам, той самай канстытуцыі»[19]. Зразумела, што такая самаідэнтыфікацыя звязана з палітычным паняццем народа-нацыі, але якая яна далёкая ад сучасных уяўленняў!

На працягу ўсяго ХIХ ст. «польскае пытанне» знаходзіла сваё адлюстраванне ў існаванні «польскай нацыянальнай ідэі», адной з асноўных мэтаў якой было аднаўленне ў Беларусі і Літве Рэчы Паспалітай у межах да 1772 г. Але ўжо ў першай палове ХIХ ст. такая назва дзяржавы не выкарыстоўвалася, яна была зменена на паняцце «Польшча», што наклала свой адбітак і на нацыянальны аспект. Царскі ўрад не хацеў абвастраць адносіны і выклікаць хваляванні мясцовага насельніцтва, таму быў вымушаны абапірацца на эліту далучаных земляў — магнатаў, шляхту, і нават падтрымаў (праўда, па-свойму) ідэю аднаўлення Польшчы на дзяржаўным узроўні. Так, выступаючы на Варшаўскім сейме 1818 г., Аляксандр I падкрэсліў, што аднаўленне Польшчы «определено торжественными договорами», а ў прыватных размовах імператар абяцаў, што не пройдзе і двух гадоў, як будуць далучаны да Царства Польскага Літва, Валынь і Падолія[20].

Удзел шляхты заходніх губерняў у паўстанні 1830-31 г. быў той зачэпкай, якая дазволіла ўраду актывізаваць русіфікацыю тэрыторыі. Закрыццё Віленскага універсітэта і шэрагу іншых навучальных установаў, забарона вывучаць польскую мову як самастойны прадмет, скасаванне Літоўскага статута абмяжоўвалі, па меркаванні ўрада, паланізацыйныя працэсы. Пачаўся наступ на каталіцкую і уніяцкую цэрквы. І калі да пачатку паўстання ў імперыі было 325 мужчынскіх каталіцкіх кляштараў, то на працягу 1832 г. было скасавана 196, або 60%[21]. Паўстанне паскорыла і вырашэнне лёсу уніяцкай царквы, бо уніятаў, як гаварыў міністр унутраных справаў Д.Блудаў, трэба было ператварыць з «полуполяков — римских католиков — в верных сынов нашей церкви и России»[22].

Некаторыя спадзяванні ў дваранства выклікаў і ўзыход на цараванне Аляксандра II, але ў дачыненні да заходніх губерняў ён працягваў палітыку Мікалая I. Так, у 1856 г. на прашэнне віцебскага дваранства аб адкрыцці ў Полацку універсітэта, увядзенні выкладання польскай мовы ў навучальных установах, магчымасці рамантаваць старыя і будаваць новыя касцёлы і капліцы быў дадзены адмоўны адказ. Міністр унутраных справаў С.Ланскі паведаміў віцебскаму «предводителю дворянства», што ён дакладваў пра гэта імператару, і было вырашана адмовіць у сувязі з тым, што «означенное прошение имеет вид некоторой наклонности к поддержанию польской национальности»[23]. Відавочна, што меры, якія прымаў урад у першай палове ХIХ ст. у дачыненні да палякаў, былі звязаныя не з іх нацыянальнай прыналежнасцю, а з палітычнымі падзеямі ў губернях.

Малавядомы быў расійскім уладам і яўрэйскі народ, а яшчэ менш — яго рэлігія. На першых этапах, каб забяспечыць збор падаткаў і мабілізацыю рэкрутаў, урад пакінуў кагал як орган самакіравання. Адпаведна заканадаўству яўрэі, значная колькасць якіх жыла ў гарадах і мястэчках, маглі запісвацца да саслоўя «гарадскіх абывацеляў» у склад мяшчанства або, у залежнасці ад заяўленага капіталу, гільдзейскага купецтва. Але па колькасці скаргаў, зваротаў, лістоў у Санкт-Пецярбург яўрэі, відаць, былі на першым месцы сярод іншых народаў беларуска-літоўскіх губерняў. З аднаго боку, гэта сведчыла пра іх адукаванасць і веданне сваіх правоў, з другога — яны самі прыцягвалі на сябе ўвагу ўрада, які вымушаны быў рэагаваць на іх звароты. Апрача таго няпросты эканамічны стан гэтых губерняў прывёў да скаргаў з боку памешчыкаў, якія, імкнучыся неяк апраўдаць галечу сялянства, выказвалі незадавальнен не эканамічнай дзейнасцю яўрэяў. Такое абгрунтаванне знайшло падтрымку ў царскага ўрада і прывяло да ўзнікнення т.зв. яўрэйскага пытання. Так, пры накіраванні ў 1800 г. сенатара Р.Дзяржавіна ў Беларусь у дадатковай інструкцыі, дадзенай яму генерал-пракурорам Абальянінавым, быў такі пункт: «А как по сведениям немалою причиною истощения белорусских крестьян суть жиды, то высочайшая воля есть, чтобы ваше превосходительство обратили особливое внимание на промысел их в том и к отвращению такого общаго от них вреда подали свое мнение»[24]. Указ ад 23 снежня 1791 г. забараніў яўрэям запісвацца ў купецтва ва ўнутраных расійскіх гарадах і портах. Менавіта з яго пачала фармавацца «мяжа аселасці» яўрэйскага насельніцтва.

Указы канца XVIII — пачатку ХХ ст. тычыліся станавай прыналежнасці яўрэяў, іх эканамічнага жыцця, але ўжо ў першай палове ХIХ ст. урад пачаў умешвацца ў рэлігійныя справы, прымаючы меры для заахвочвання пераходу іх да хрысціянства (стварэнне ў 1827 г. «Таварыства ізраільскіх хрысціян», дзейнасць Расійскага біблейскага таварыства 20-х г. па перакладу Новага Запавета на іўрыт і інш.). У дачыненні да справаў па т.зв. «рытуальных забойствах» урад павёў даволі цывілізава ную палітыку, забараніўшы 17 сакавіка 1817 г. судовыя абвінавачванні яўрэяў «в умерщвлении христианских детей без всяких улик, по единому предрассудку, что якобы они имеют нужду в христианской крови»[25], і стварыў 20 снежня 1855 г. пры Міністэрстве ўнутраных справаў спецыяльную камісію, якая займалася вывучэннем старажытнаяўрэйскіх рукапісаў і прыйшла да высноваў, што ў кнігах няма нічога, «чтобы могло относиться до употребления евреями христианской крови»[26].

У астатнім урад умешваўся ў рэлігійную адукацыю, прызначэнні рабінаў, нават у спецыфіку яўрэйскага традыцыйнага адзення. Але Аляксандр II вымушаны быў прызнаць, што спробы ўрада ўмяшацца ў рэлігійнае жыццё яўрэяў не прынеслі імперыі чаканых вынікаў[27]. І, як бачна, пры нацыянальнай афарбоўцы пытання палітыка ўрада ў дачыненні да яўрэйскага насельніцтва насіла саслоўна-рэлігійны характар.

Амерыканскі даследчык Т.Вікс выказаў думку, што ў другой палове ХIХ ст. у Расійскай імперыі не было такой з’явы, як «нацыяналь ная палітыка», а была толькі некаторая спецыфіка палітычных, адміністрацыйных або мясцовых патрабаванняў, якія дапамагалі ўраду ўцягваць рэгіёны і нярускае насельніцтва ў імперскае жыццё пры панавальнай ролі рускай нацыянальнасці[28]. У дачыненні да другой паловы ХIХ ст. з такой думкай можна не пагадзіцца, бо ў сярэдзіне 80-х г. Расія закончыла далучэнне тэрыторый і пачала праводзіць узмоцненую палітыку русіфікацыі. У заходніх губернях яна пачала яе яшчэ пасля паўстання 1863—64 г. Апрача таго да канца ХIХ ст. сфармавалася нацыянальная свядомасць шмат якіх этнасаў, пра што сведчыў першы агульнарасійскі перапіс 1897 г., пачалі стварацца і развівацца нацыянальныя рухі. Усё гэта не магло не выклікаць адпаведнай рэакцыі з боку ўрада.

Думка Т.Вікса цалкам супадае з уяўленнямі пра нацыянальнае пытанне і аспектамі палітыкі царскага ўрада ў першай палове ХIХ ст. Сярод іх і разуменне, у палітычным сэнсе, паняццяў «народ» — «нацыя» — «дзяржава», як для расіян, так і для насельніцтва былой Рэчы Паспалітай, і звязанае з імі самавызначэнне адукаванай часткі насельніцтва беларуска-літоўскіх губерняў (пры гэтым — практычна ніякага самавызначэння з боку колькасна пераважнага, але непісьменнага прыгоннага сялянства). Паняцці таго часу не прыводзілі ўрад да думкі пра нейкую выразна акрэсленую нацыянальную палітыку, пра што і сведчыць адсутнасць указаў, якія б абмяжоўвалі нацыянальныя правы этнасаў гэтых губерняў, але ўсё ж некаторыя аспекты можна вызначыць. Сярод іх: вывучэнне народаў далучаных земляў, польскае і яўрэйскае пытанні і спробы русіфікацыі тэрыторыі. Яны характэрныя для ўсяго перыяду 1772—1860 г.


[1] У гэты перыяд у склад Расійскай імперыі ўвайшлі Беларусь, Літва, Правабярэжная Ўкраіна, канчаткова Прыбалтыка, Крым, Прыкубанне, Малдавія, Валахія, Бесарабія, Заходняя Грузія, Паўночны Азербайджан, Дагестан, Усходняя Арменія, Чарнаморскае ўзбярэжжа Каўказа, Казахстан. У 1800 г. увайшла Фінляндыя на правах «вялікага княства», а з 1801 г. грузінскія княствы і царствы Закаўказзя, мусульманскія ханствы і княствы горскіх народаў Каўказа, якія ўвайшлі пад яе пратэктарат на аснове пэўных дамоваў. А рашэннем Венскага кангрэса 1824—25 г. далучана частка польскіх земляў, на тэрыторыі якіх было ўтворана Царства (або Каралеўства) Польскае // Бурмистрова Т. Ленинская политика пролетарского интернационализма в период образования РСДРП (1894—1903 г.). Москва, 1963. С. 16, 17.
[2] Сапунов А. Пребывание императрицы Екатерины II в Полоцке. Вт. С. 3.
[3] Тамсама. С. 15, 16, 22, 26.
[4] Плещеев. Обозрение Российской империи в нынешнем ея новоустроенном состоянии. СПб при имп. Академии наук, 1790. С. 95, 98.
[5] Зябловский Е. Землеописание Российской империи для всех состояний. Ч. 4. С.–Петербург, 1810. С. 89, 112, 302, 320, 336.
[6] Записки Сергея Алексеевича Тучкова. 1766—1808. С.–Петербург, 1908. С. 157.
[7] Даль В. Толковый словарь живого великорусского языка. Т. 2. Москва, 1994. С. 1201, 1284.
[8] Хобсбаум Э. Нации и национализм после 1780 года. С.–Петербург, 1998. С. 61–63.
[9] Канфесіі на Беларусі. Мінск, 1998. С. 43.
[10] Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. 1701—1839. Т. 2. С.–Петербург, 1907. С. 695.
[11] Кузняева С. Нацыянальнае адраджэнне і нацыянальная свядомасць беларусаў у першай палове ХIХ ст. // Беларускі Гістарычны Агляд. 1999. № 1. С. 55, 56.
[12] Alma Mater Vilnensis, 1951. London. S. 60.
[13] РДГА у С.–Пецярбургу, ф. 797, воп. 7, спр. 17, арк. 6.
[14] Дубровин Н. Русская жизнь в начале ХIХ в. // Русская старина. 1902. № 2. С. 231.
[15] Федор Яковлевич Миркович. 1769—1866. Его жизнеописание, состав. по собств. его запискам, воспоминаниям близких людей и подлинным документам. Т. 1. С.–Петербург, 1889. С.258.
[16] Военно–стaтистическое обозрение Российской империи. Т. VIII. Ч. 3. Могилевская губерния. Сост. Черницкий. С.–Петербург, 1848. С. 56, 58; Т. IХ. Виленская губерния. Сост. Норденстрент. С.–Петербург, 1848. С.23.
[17] Захарьин И. Воспоминания о Белоруссии. С.–Петербург, 1884. С. 555.
[18] Bardach J. O dawnej i niedawnej Litwie. Poznań, 1988. S. 201.
[19] РДГА у С.–Пецярбургу, ф. 628, спр. 106, арк. 1 адв., 2.
[20] Гл.: Предтеченский А. Очерки общественно–политической истории России в первой половине ХIХ века. Москва — Ленинград, 1957. С. 341.
[21] Гл.: Gach P. Kasaty zakonów. Lublin, 1984. S. 160.
[22] Канфесіі на Беларусі (кан. XVIII—XX ст.)/Нав. рэд. У.Навіцкі. Мінск, 1998. С. 14.
[23] НГА у Мінску, ф. 2626, воп. 1, спр. 95, арк. 4.
[24] Дубнов С. Новейшая история еврейского народа (1789—1881). С.–Петербург, 1914. С. 207.
[25] Кандель Ф. Очерки времен и нравов. Ч. 2. Иерусалим, 1988. С. 95, 97.
[26] РДГА у С.–Пецярбургу, ф. 821, воп. 8, спр. 296, арк. 10; спр. 300, арк. 157, 157 адв.
[27] Гл.: Кузняева С. Еврейские общины Беларуси в конце XVIII — начале ХХ века. Минск, 1998. С.15.
[28] Гл.: Wecks T.R. Nation and State in late imperial. Nationalism and Russification on the Western Frontier. 1863—1914. Dekall, 1986. S. 70.

Наверх

Андрэй Акара. Тутэйшыя: «Cеверо–Западный край» ці «Kresy Wschodnie»?

Чэрвеня 23, 2000 |


Пошукі беларускай нацыянальнай ці цывілізацыйнай ідэнтычнасці амаль заўсёды з аднолькавым вынікам прыводзяць да думкі пра малую актуальнасць візантыйскага дыскурса Беларусі, прычым гэта тычыцца як еўрацэнтрычнага, так і масквацэнтрычнага яе разумення. Урэшце, адсюль ніяк не вынікае, што сучасная Беларусь не з’яўляецца ці не можа разглядаць сябе як частку «поствізантыйскай» Айкумены — хоць бы таму, што існуе Беларускі Экзархат Рускай Праваслаўнай Царквы, ды і бальшыня беларусаў лічаць сябе ўсё ж праваслаўнымі.

Для пошуку месца Беларусі ў «сакральнай прасторы» ўсходнехрысціянскай цывілізацыі вельмі красамоўным можа быць параўнанне беларускага гістарычнага і метафізiчнага досведу з украінскім.

Наўрад ці можна знайсці больш блізкія ў тыпалагічных адносінах славянскія культуры, чым украінская і беларуская — і гэта пры наяўнасці даволі акрэсленых і значных этнічных адрозненняў паміж самімі ўкраінцамі і беларусамі.

Абедзве культуры ў ХIV—XVII ст. мелі агульны арэал распаўсюджання — прастору Вялікага Княства Літоўскага (прычым гэтая адзіная кніжная культура выразна адрознівалася ад культуры Маскоўскай Русі). Да гэтага часу бальшыня пісьменнікаў і царкоўных дзеячаў тагачаснай эпохі разглядаюцца ў якасці сваіх як украінскай, так і беларускай культурнай свядомасцю. Афіцыйная кніжная мова таго часу вызначаецца даследчыкамі як «беларуска-ўкраінская» ці «заходнеруская» — адрозненні паміж беларускай ці ўкраінскай версіямі нязначныя, але вельмі адчувальнае адрозненне ад мовы вялікарускіх кніжнікаў.

У ХIХ ст. падобнымі шляхамі адбывалася станаўленне нацыянальнай самасвядомасці абодвух народаў — праз створаны пісьменні камі-рамантыкамі «кансалідуючы» міф (аўтарамі ўкраінскага, «казацкага», міфа лічацца Іван Катлярэўскі, Кандраці Рылееў, Мікалай Гогаль, Тарас Шаўчэнка, Мікалай Кастамараў, Панцеляймон Куліш, беларуска га, дакладней беларуска-польскага — Ян Чачот, Ян Баршчэўскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, у некаторай ступені Адам Міцкевіч).

Расійская імперыя ўсяляк змагалася з фармаваннем нацыяналь най свядомасці і доўгі час не прызнавала ні ўкраінскую, ні беларускую культуру, навязваючы агульнаімперскую ідэнтычнасць і «агульнарасій скую» мову; абмежаванні былі часткова зняты толькі ў пачатку ХХ ст. Нярэдка афіцыйны Санкт-Пецярбург у сваёй антыбеларускай і антыўкраінскай палітыцы (асабліва пры Аляксандры I і Мікалаі I) абапіраўся на польскіх магнатаў і каталіцкае духавенства.

Абодва народы, пазбаўленыя дзяржаўнасці і этнакультурнай легалізацыі, стварылі дзве тыпалагічна падобныя мастацкія літаратуры, пачаткова зарыентаваныя на «хатняе спажыванне», дзве структурна ідэнтычныя мовы, якія меркавалася ўжываць у надзвычайна абмежаваных сферах.

Але ў сваім развіцці ўкраінская культура па часе і па інтэнсіўнасці апярэджвала беларускую. Таму беларускія «адраджэнцы» пачатку ХХ ст. (Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, газета «Наша Ніва»), разумеючы блізкасць украінскай культурнай мадэлі, пераймалі найперш украінскі, а не расійскі ці польскі культурастваральны досвед.

Аднак пры такой блізкасці культурнага развіцця Ўкраіны і Беларусі ёсць нямала прынцыповых адрозненняў, якія тычацца найперш візантыйскай ідэнтычнасці гэтых народаў і краінаў.

Беларусы — гэта адзіны ўсходнеславянскі народ, які мае ўласную нацыянальную версію рыма-каталіцтва. Калі ўся Ўкраіна прызнае ўсходні царкоўны абрад (хай нават у межах грэка-каталіцтва), то значная частка беларусаў (на дадзены момант — да 2 мільёнаў[1]) — рыма-каталікі з усімі магчымымі адсюль вынікамі. Для беларусаў, напрыклад, з’яўляецца традыцыйным выкарыстанне імёнаў як з праваслаўных, так і з каталіцкіх святцаў: па імёнах можна вызначыць канфесійную прыналежнасць і цывілізацыйную перавагу ягоных носьбітаў.

Адпаведнае несупадзенне назіраецца і ў філасофска-багаслоўс кай сферы ў ХVI — XVII ст.: калі ў асяродку ўкраінскіх інтэлектуалаў арыстоцелеўскія інтуіцыі, уласцівыя «другой», контррэфармацыйнай каталіцкай схаластыцы, змагаюцца з неаплатанічным і патрыстычным дыскурсамі, што больш стасуецца з духам праваслаўя, то ў Беларусі арыстоцелізм дамінуе цалкам[2].

Досыць красамоўныя і адрозненні ў вобразах беларускага і ўкраінскага «Залатога Веку», як іх трактавалі гісторыкі і міфатворцы перыяду адраджэння.

«Залаты Век» для ўкраінскай свядомасці — гэта эпоха рэлігійных войнаў праваслаўных запарожскіх казакоў супраць Польшчы, Турцыі і Крыма. Для беларускай свядомасці такім «Залатым Векам» з’яўляецца эпоха Вялікага Княства Літоўскага — эпоха Міколы Гусоўскага, Францішка Скарыны і Льва Сапегі, эпоха Літоўскага Статута і няспыннага супрацьстаяння праваслаўнаму Вялікаму Княству Маскоўскаму.

Літоўскае Княства ўсведамляла сябе як шматканфесійную дзяржаву, але «дзяржаўнай рэлігіяй» з пэўнага часу стала менавіта каталіцтва, праваслаўнае ж насельніцтва ўсяляк уціскалася. Лепшым сродкам сацыяльнай легалізацыі (асабліва для шляхты) лічыўся пераход з праваслаўя ў каталіцтва. Акрамя таго, Літоўскае Княства было прытулкам шматлікіх ерасяў, рэфармацыйных і пратэстанцкіх рухаў. Аб’яднанне Літвы і Польшчы ў выніку Люблінскай уніі (1569) прывяло да царкоўнай Берасцейскай уніі (1596), гэта мела фатальныя вынікі для культурнага і палітычнага візантызму і праваслаўя. Бо ўжо ў канцы XVIII ст. уніяты складалі каля 70 працэнтаў, рыма-каталікі — 15 працэнтаў, а праваслаўныя — 6 працэнтаў насельніцтва Беларусі[3].

Урэшце, ёсць і больш значныя для разумення візантыйскіх патэнцый Беларусі прыкметы — гэта сакральная геаграфія і антыэліта рызм.

Для праваслаўнай свядомасці заўсёды актуальнае прасторава -геаграфічнае вымярэнне — геапалітыка і сакральная геаграфія, бо праваслаўе не можа нармальна існаваць па-за праваслаўнай дзяржавай (адсюль і ўяўленне пра якасную неаднароднасць зямной тэрыторыі). Любая праваслаўная краіна не можа не лічыць сябе містычным «цэнтрам свету» — Новым Рымам, Новым Ерусалімам ці, на крайні выпадак, «Heartland», «Сярэдняй зямлёй» — асяродкам геапалітычных інтарэсаў, цытадэллю ў барацьбе з сусветным злом. Гэта лёс не толькі Канстанцінопаля і Масквы, але таксама Кіева, Вяліка Тырнава, Белграда, Бухарэста.

Беларусь жа ніколі не адчувала сябе «цэнтрам свету», «Сярэдняй Зямлёй», але заўсёды «пярэднім краем»: ці то ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, ці то Рэчы Паспалітай (Польскай) — пярэднім краем Захаду на ўсходнім кірунку, у складзе Расійскай імперыі, СССР, СНГ ці Расійска-Беларускага Саюза — «абаронным эшалонам» «вялікай прасторы». Беларусь — гэта «калідор», «транзіт», «мост» паміж цывілізацыямі, «ускраіна», краіна, якая месціцца на «стратэгічным скрыжаванні», на «культурным памежжы», гэта, урэшце, «зборачны цэх» савецкай прамысловасці. Знакавыя для беларускай літаратуры, кіно і грамадскай свядомасці тэмы Вялікай Айчыннай вайны, Брэсцкай крэпасці і партызанскага супраціву, а ў апошнія дзесяць гадоў яшчэ і чарнобыльскія сюжэты таксама распрацоўваюць архетып Беларусі — «пярэдняга краю».

Украіна мае сакральныя цэнтры — Кіеў, Пачаеў, запарожскую Хорціцу, могілкі ды курганы Прычарнамор’я, Херсанэс-Севастопаль, які з’яўляецца знакам Канстанцінопаля і Візантыі. Сімвалічныя ж цэнтры беларускай гісторыі — Полацк, Наваградак, Вільня, Мінск (дакладней, Менск — ад «мяняць», «абменьваць») — пазбаўлены сакральнай харызмы. Толькі сабор Святой Сафіі ў Полацку (ва ўсходніх славянаў толькі тры такіх: яшчэ два ў Кіеве і Ноўгарадзе) некаторым чынам нагадваe на магчымае, але гістарычна так і не здзейсненае, прызначэн не гэтага горада і старажытнай дзяржавы крывічоў-беларусаў.

У свой час, у XIV—XV ст., візантыйскія імператары і патрыярхі, якія прадбачылі непазбежны канец імперыі, выбіралі паміж Руссю Маскоўскай і Літоўскай шлях адступлення Канстанцінопаля — кірунак для translatio imperia. Абралі Маскву перш за ўсё з-за адсутнасці там каталіцкай альтэрнатывы — татарскія знявольнікі Масковіі палохалі візантыйцаў меней за лацінскіх «цывілізатараў» Літоўскай Русі. Менавіта тады Вялікае Княства Літоўскае сышло з візантыйскай арбіты, візантыйская тэма больш ніколі не была актуальнай для беларускай свядомасці. Нават сучасны беларускі панславізм і масквацэнтрызм не апелююць да вобразу гістарычнай Візантыі, да візантыйскіх каштоўнасцяў, да мадэлі «Візантыі-пасля-Візантыі».

Антыэлітарызм, ці адсутнасць паўнавартаснай нацыянальнай эліты жрэцкага тыпу адзначаецца ўсімі даследчыкамі ў якасці нацыянальнай рысы беларусаў, што вызначыла шмат якія псіхалагічныя асаблівасці і зігзагі нацыянальнай гісторыі гэтага народа.

Беларуская ідэнтычнасць складвалася выключна як сялянская ці вытворная ад сялянскай, беларусаў называлі — то з годнасцю, то з пагардай — «мужыцкім народам». Такая арыстакратафобія адбілася найперш на мастацкай літаратуры, якая ў сваім развіцці пайшла шляхам не вытанчанага неакласіка Максіма Багдановіча, а рустыкальных Якуба Коласа і Янкі Купалы. Папулярнасць прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў значнай ступені тлумачыцца адпаведнасцю яго рыторыкі, паводзінаў і палітыкі беларускаму сялянскаму архетыпу.

Нават вядомы рускі манархіст і дзяржавазнаўца Іван Саланевіч, беларус з паходжання, разглядае Расійскую імперыю скрозь прызму сваёй нацыянальнай ментальнасці. Ён успрымае духоўную і інтэлекту альную эліту, ды і сам прынцып арыстакратызму, «адбору лепшых», як суцэльнае зло, а выбітнага хоць у якіх адносінах манарха, «генія на троне» (напрыклад, Пятра I) — як пагрозу для натуральнага развіцця дзяржавы і народа.

Толькі вялікая эсхаталагічная ідэя надае існаванню народа нейкі вышэйшы універсальны сэнс. Сялянскае мысленне неэсхаталагічнае ў прынцыпе, бо яно зарыентавана на каляндарны год — на цыклічнасць і паўтаральнасць. Адсюль і антыэлітарызм беларускай культуры, якая па сваёй структуры належыць да тыпу «няпоўных» культур і не можа, прынамсі на цяперашнім этапе развіцця, запоўніць усе ерархічныя ўзроўні культурных патрэбаў беларусаў, асабліва урбанізаваных гарадскіх жыхароў. Для носьбітаў такой культурнай свядомасці беларуская гаворка ў горадзе ўспрымаецца як нешта выключна ненатуральнае: ці як маніфестацыя нацыянальнай свядомасці заклапочаным інтэліген там, ці як «правінцыялізм» вяскоўца, што заехаў у горад.

Менавіта наяўнасць антыэлітарызму тлумачыць адсутнасць глабальнай беларускай нацыянальнай ідэі, якая б сцвярджала агульнасус ветную унікальнасць беларусаў, іх месца ў містычнай гісторыі чалавецтва.

Менавіта антыэлітарызм з’яўляецца яшчэ адной акалічнасцю, з-за якой візантыйская тэма, выключна экзатэрычная і эсхаталагічная, не здольна пакуль стаць значнай для беларускай свядомасці.

Урэшце, менавіта антыэлітарызм выявіў прычыну слабасці нават этнакультурнай (г.зн. не глабальнай, а лакальнай) беларускай свядомасці. І справа тут зусім не ў малой колькасці беларусаў — іх каля 12 мільёнаў (гэта больш за сербаў!), і не ў адсутнасці «крытычнай масы» нацыянальнай інтэлігенцыі.

Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць больш ці менш склалася дастаткова позна, ужо ў межах СССР. Менавіта таму сучасная Беларусь з’яўляецца ці не самай «савецкай» з усіх рэспублік былога Савецкага Саюза. Раней беларусы лічылі сябе або недапалякамі, або недарускімі — інакш кажучы, «тутэйшымі», г.зн. мясцовымі. «Тутэйшыя» — гэта этнічныя беларусы без «кансалідуючай» ідэі, з нізкай нацыяналь най самасвядомасцю; калі раней гэта былі неадукаваныя беларускія сяляне, то ў апошні час — дэнацыяналізаваныя і урбанізаваныя жыхары гарадоў.

Янка Купала ў забароненай савецкімі ўладамі трагікамедыі «Тутэйшыя» (1922) метафарычна паказвае Беларусь нібы распятай паміж Расіяй і Польшчай. Для адной яна — «Северо-Западный край», для другой — «Wschodnie kresy polskie» (Усходнія крэсы). Беларуская інтэлігенцыя выпрацавала вызначэнне Беларусі як не-Польшчы і не-Расіі, а як чагосьці асобнага і самастойнага, але на наступную прыступку яна так і не здолела ўзняцца — у фармулёўцы беларускай індывідуальнай непаўторнасці і хоць нейкай агульназначнай гістарычнай місіі.

А ці магло быць па-іншаму, калі рэлігійным ідэалам для большай часткі нацыянальна зарыентаванай інтэлігенцыі застаецца уніяцтва (якое на Беларусі было знішчана яшчэ ў першай палове ХIХ ст., унія ліквідава на ў 1839 г.)? А для каталіцкай свядомасці (ці то «грэцкай», ці то «рымскай») няма і не можа быць іншага сакральнага цэнтра акрамя горада апостала Пятра.

Паміж іншым, справа тут не толькі ў інтэлігенцыі. Нацыянальная ідэя не тое што прыдумваецца культурнай ці палітычнай элітай. Знайсці нацыянальную ідэю — гэта значыць правільна зразумець і ацаніць уласную харызму, рацыянальна ўсвядоміць, інтуіцыйна адчуць і духоўна зразумець асабістае гістарычнае, містычнае ды геапалітычнае прызначэнне.

Узнікае пытанне: а ці магчымая беларуская ідэя ўвогуле? І калі магчымая, то якой яна павінна быць?

Беларусы — носьбіты не асабістай унікальнай ідэнтычнасці, а чужой — маскоўскай або еўрапейскай. З гэтай прычыны, напэўна, найбольш аптымальнай культурнай праграмай для Беларусі можна лічыць «неазаходнерусізм».

«Заходнерусізм» узнік у беларускіх губернях Расійскай імперыі ў другой палове ХIХ ст. як беларусафільская культурна-ідэалагічная плынь, мэтай якой было захаванне народнай культуры, фальклору, традыцыйнага жыццёвага ладу, праваслаўных этычных каштоўнасцяў, але ні ў якім разе не замах на цэласнасць Расійскай дзяржавы і аднаўленне Вялікага Княства Літоўскага, на адраджэнне уніяцтва ці акаталічвання беларусаў. Ідэолагамі руху найперш былі вучоныя-гуманітарыі: філолаг Міхаіл Баброўскі, гісторык Міхаіл Каяловіч, этнограф Яўхім Карскі; развіццю гэтага руху таксама часткова спрыяў Пётр Сталыпін, які некалькі гадоў быў губернатарам Гарадзенскай губерні[4].

На супрацьлеглых пазіцыях стаяла ідэалогія «краёўцаў» віленскай школы, якая хоць і адмаўляла польскацэнтрычны погляд на Беларусь як «Wshodnie kresy polskie», але сцвярджала унікальнасць беларуска-польска-літоўскага шматвяковага культурна-палітычнага сінтэзу на падставе каталіцтва і польскамоўнай «высокай» культуры[5].

Беларускі «заходнерусізм», як і аналагічнае яму ўкраінскае «маларасійства», — гэта захаванне сваёй культурнай і моўнай ідэнтычнасці пры прызнанні дамінавальнай цывілізацыйнай ролі Масквы (дакладней, Санкт-Пецярбурга, калі казаць пра часы Расійскай імперыі). «Маларасійства» і «заходнерусізм» у прынцыпе неэсхаталагічныя і не маюць арыентацыі на Канец — гэта культурніцкая з’ява, якая дапаўняе і робіць разнастайным расійскі агульнаімперскі універсум.

«Украінства», у адрозненне ад «маларасійства», — гэта альтэрнатыўная ідэнтычнасць, якая супрацьпастаўляе расійскаму масквацэнтрыз му ці пецярбургацэнтрызму іншае (і не абавязкова варожае!), кіевацэнт рычнае бачанне гістарычнай перспектывы, іншую славянскую версію Апакаліпсіса. Украіна акрамя заходняга кірунку (інтэграцыя ў «цывіліза ванае сусветнае грамадства») і кірунку прамаскоўскага (ад асветніцкага «маларасійства» і аж да поўнай асіміляцыі ўкраінцаў) мае яшчэ і «трэцюю альтэрнатыву» — усведамленне сваёй уласнай метагістарычнай унікальнасці, усведамленне Кіева як сакральнага цэнтра поствізантыйс кай культурнай прасторы, як магчымага ў будучым геапалітычнага лідэра Ўсходняй Еўропы.

Ніякай правідэнцыяльнасці беларускай ідэі не склалася ні ў мінулым, ні ў сучасным. Не бачна перадумоваў для яе з’яўлення і ў будучыні. Таму Беларусь можа гістарычна рэалізавацца, па-першае, як частка Захаду, інтэграваўшыся ў пратэстанцка-каталіцкую цывілізацыю — аж да ўваходу ў НАТО. Па-другое, калі казаць пра яе як пра частку ўсходнееўрапейска-візантыйскай Айкумены, для Беларусі падрыхтавана добраахвотнае прыняцце праваслаўнай эсхаталагічнай ідэі: відавочнай расійскай масквацэнтрычнай ці менш верагоднай на дадзены момант украінскай кіевацэнтрычнай ідэі, і гэта ўсё пры дамінаванні ў культуры «заходнерусізму».

Значыць, Беларусь — гэта ці то перыферыйная частка «Вялікай Еўропы», ці то частка «Вялікай еўразійскай прасторы» (не абавязкова аформленай у выглядзе адзінай дзяржавы) з цэнтрам у Маскве або ў Кіеве.

Трэцяга Беларусі не дадзена.

Пераклад з рускай.


[1] Даследчык гэтай праблемы Ю.Туронак лічыць, што каталікоў у Беларусі не 2 — 2,2 млн., як сцвярджалася ў многіх публікацыях, а прыкладна 500 — 700 тысячаў (Гл.: Туронак Ю. Каталіцызм у Беларусі — маштаб праблемы // Скарыніч. Літаратурна–навуковы гадавік. Вып.1. Мінск, 1991. С.230–237) (Рэд.).
[2] Гл.: Подокшин С. Аристотелизм как феномен философской культуры Белоруссии Х — ХVIII вв. // Отечественная философская мысль ХI — ХVII вв. и греческая культура. Киев, 1991. С.300–310.
[3] Этнаграфія Беларусі. Энцыклапедыя. Мінск, 1989. С.66.
[4] Гл.: Цвікевіч А. Западно–руссизм: Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ХIХ і пачатку ХХ в. Менск, 1929.
[5] Смоленчук А. Историческое сознание и идеология поляков Белоруссии и Литвы в начале ХХ в. // Славяноведение. 1997. №3. С.100–105.

Наверх

Джым Шарп. Гісторыя «знізу»

Чэрвеня 22, 2000 |


18 чэрвеня 1815 г. паблізу сяла Ватэрлоа ў Бельгіі адбылася бітва. Кожнаму, хто вучыў гісторыю Вялікай Брытаніі, вядома, што ў выніку гэтай бітвы саюзніцкія войскі пад камандаю герцага Ўэлінгтана пры аказанай пазней, але вырашальнай падтрымцы прускіх сілаў на чале з Блюхерам перамаглі французскую армію Напалеона Банапарта, і гэткім чынам быў вырашаны далейшы лёс Еўропы. У наступныя пасля бітвы дні адзін з тых людзей, што дапамагалі вызначыць долю нашага кантынента, шараговец 51-га пяхотнага палка Ўільям Ўілер (William Wheeler) напісаў некалькі лістоў дадому сваёй жонцы: «Трохдзённая бойка скончаная. Я жывы-здаровы, і таго досыць. Цяпер пры кожным выпадку я буду апісваць дэталі вялікай падзеі — тое, што мне ўдалося назіраць на свае вочы… Калі надышла раніца 18 чэрвеня, можна было бачыць нас, наскрозь прамоклых ад дажджу, скарчанелых да калатуна… Калі я летась быў дома, Ты часцяком мяне лаяла за тое, што я палю, але мушу Табе сказаць: калі б тады ў мяне не было ладнага запасу тытуню, дык я проста аддаў бы Богу душу»[1].

Ўілер працягнуў апісанне бітвы пад Ватэрлоа для сваёй жонкі ў самых вострасюжэтных момантах: пра тое, як ён трываў агонь французскай артылерыі; пра тое, як ягоны полк адным залпам знішчыў аддзел кірасіраў праціўніка; пра тое, як ён убачыў горы спаленых целаў брытанскіх выбранцаў у руінах замка Ўгумон; пра тое, як марадзёр забраў грошы ў афіцэра французскіх гусараў, забітага жаўнерам з Ўілеравага падраздзела. У кнігах па гісторыі гаворыцца, што бітву пад Ватэрлоа выйграў Ўэлінгтан. У пэўным сэнсе, яе выйгралі таксама Ўільям Ўілер ды тысячы такіх, як ён.

Цягам апошніх двух дзесяцігоддзяў шматлікія сярод тых гісторыкаў, што даследуюць розныя гістарычныя перыяды, краіны і працэсы, усвядомілі той вялікі патэнцыял, перспектывы новых даследаванняў, якія раскрываюцца дзякуючы вывучэнню такіх крыніцаў, як ліставанне шарагоўца Ўілера са сваёй жонкай; і іх пачала моцна вабіць сама ідэя даследавання гісторыі з гледзішча, як у вышэйзгаданым выпадку, шарагоўца, а не высокапастаўленага вайсковага камандзіра. Традыцыйна, з часоў антычнасці, гістарычная навука разглядалася як расповед пра чыны знакамітых людзей. Цікавасць да больш дэталёвага вывучэння сацыяльнай ды эканамічнай гісторыі выявілася ў ХIХ ст., але галоўным аб’ектам гістарычнай навукі па-ранейшаму заставалася палітычная дзейнасць элітаў. Натуральна, існавала пэўная колькасць асобаў, што была незадаволеная гэткім станам рэчаў, і яшчэ ў 1936 г. Бэртальт Брэхт у сваім вершы «Пытанні чытача-рабочага», напэўна, з гранічнай яснасцю сфармуляваў наяўнасць патрэбы ў альтэрнатыўным поглядзе на тое, што можна назваць «гісторыяй славутых асобаў»[2] . І ўсё-такі, відаць, было б справядліва зазначыць, што па-сур’ёзнаму пытанне наконт ператварэння гэтай ідэі ў рэальнасць не было пастаўлена аж да 1966 г., калі Эдвард Томпсан (Edward Thompson) апублікаваў артыкул пра «погляд на гісторыю знізу» ў літаратурным дадатку да газеты The Times[3]. Пасля згаданай публікацыі канцэпцыя «погляду на гісторыю знізу» зрабілася папулярнай тэмай для абмеркавання сярод гісторыкаў. У 1985 г. быў апублікаваны зборнік артыкулаў пад назваю «Гісторыя: погляд знізу»[4], а ў 1989 г. у новым выданні кнігі, у якой асвятлялася гістарыяграфія грамадзянскіх войнаў у Англіі і наступнага перыяду часу, утрымліваўся раздзел пра вытокі падзеяў эпохі, названы «Гісторыя: погляд знізу»[5]. Гэткім чынам, цягам апошніх 20—30 гадоў было знойдзена слова-азначэнне для таго погляду на мінулае, якое ўтрымліваецца ў лістах Ўільяма Ўілера.

Гэты погляд знайшоў імгненны водгук сярод гісторыкаў, заклапочаных праблемай пашырэння межаў сваёй дысцыпліны, знаходжан ня новых сфераў даследаванняў і, перш за ўсё, тым, каб выкарыстаць гістарычны досвед тых людзей, чыё існаванне гэтак часта ўвогуле ігнаравалася, лічылася само сабою зразумелым або пабежна згадвалася ў кантэксце галоўных падзеяў гісторыі. Нават цяпер у курсе гісторыі, што выкладаецца ў старэйшых класах брытанскіх гімназіяў ды ва універсітэтах (і, можна меркаваць, што і ў аналагічных установах па ўсім свеце) досвед масаў людзей у мінулым усё яшчэ разглядаецца або як недаступны для вывучэння, або як неістотны, або ён увогуле не разглядаец ца ў якасці гістарычнай праблемы, ці, у самым лепшым выпадку, на простых людзей існуе погляд як на «адну з праблемаў, з якой мусіў сутыкацца ўрад»[6]. Адваротны пункт погляду быў з усёй выразнасцю сфармуляваны Эдвардам Томпсанам у 1965 г. у прадмове да адной з галоўных прац па англійскай гісторыі:

«Я хацеў бы выбавіць няшчаснага панчошніка, жняца-лудыта, „устарэлага” ткача за кроснамі, „утапічнага” рамесніка і нават уведзеных у зман наступнікаў Джааны Саўткот (Southcott) ад залішняй паблажлівасці з боку іх нашчадкаў. Іхнія прылады працы ды традыцыі могуць адміраць. Іх варожае стаўленне да індустрыяльнай рэвалюцыі можа выглядаць рэтраградным. Іхнія камунітарныя ідэалы могуць здавацца фантазіяй. Але ж яны жылі ў тыя часы вострых сацыяльных закалотаў, а мы — не»[7].

У сувязі з гэтым Томпсан не толькі вызначыў агульную праблему ўзнаўлення досведу «простага» чалавека. Ён таксама засведчыў неабходнасць высілкаў для разумення людзей мінулага часу, у той меры, у якой гэта магчыма для сучаснага гісторыка з гледзішча яго ўласнага досведу і ягонай уласнай рэакцыі на такі досвед.

Мэтай напісання гэтага нашага артыкула з’яўляецца даследаванне — у той ступені, у якой гэта магчыма ў дачыненні да таго, што можа разглядацца як пэўная колькасць ключавых апублікаваных працаў — пэўнага патэнцыялу і праблемаў, што паўстаюць пры напісанні «погляду знізу» на гісторыю. Пры гэтым намі ўсведамляецца існаванне дзвюх надта розных — а ў значнай ступені і невырашальных — задачаў. Першая з іх палягае ў тым, каб пазнаёміць чытача з тым велізарным аб’ёмам тэматыкі, які паўстаў у выніку працы над тым, што можа быць, агулам кажучы, апісана як падыход да вывучэння «гісторыі знізу». Дыяпазон гэтай тэматыкі распасціраецца ад узнаўлення досведу сярэднявечных пірэнейскіх аўчароў да вывучэння сведчанняў нядаўніх індустрыяльных рабочых, чые ўспаміны фармуюць касцяк вуснай гісторыі. Другая наша задача палягае ў тым, каб адасобіць некалькі відавочных канцэптуальных ды ідэалагічных праблемаў, што ўзнікаюць пры фармаванні навуковага погляду на гісторыю «знізу». Акрэсліванне такога падыходу да гісторыі з’яўляецца шматабяцальным, але, як гэта часта бывае ў падобных выпадках, праблемы, звязаныя з вывучэннем мінуўшчыны, выявілі сябе больш складанымі, чым гэта здавалася напачатку.

Перспектыва стварыць погляд на гісторыю знізу, вывесці досвед бальшыні насельніцтва як з сітуацыі яго суцэльнага адмаўлення з боку гісторыкаў, гэтак і пазбавіць яго «паблажлівасці з боку нашчадкаў», паводле Томпсана, у сувязі з вышэйсказаным з’яўляецца прывабнай. Але, як мы ўжо зазначылі, вывучэнне гісторыі ў гэткі спосаб сутыкаецца з пэўнай колькасцю цяжкасцяў. Тое, што здавалася відавочным, перастае быць такім. Варта толькі прачытаць Томпсанава даследаванне перыяду фармавання рабочага класа ў Англіі, каб усвядоміць сабе, што — як бы крытычна ні ставіцца да ягонай інтэрпрэтацыі гэтай тэмы — цяжка сумнявацца ў тым, што яно заснаванае на вельмі вялікай і багатай зместам колькасці крыніцаў. Увогуле, аднак, чым далей гісторыкі пры рэканструяванні досведу простага люду імкнуцца зазірнуць у мінуўшчыну, тым болей абмежаванаю робіцца ступень даступнасці крыніцаў у іхнім распараджэнні. Як мы ўбачым далей, выдатная праца была зроблена на падставе такіх матэрыялаў, што адносяцца да ранейшых перыядаў гісторыі, але рэальнай праблемай застаецца тое, што дзённікі, мемуары ды палітычныя маніфесты, з якіх можна ўзнавіць жыцці і памкненні ніжэйшых слаёў, надта скупыя, калі гаворка ідзе пра гістарычны перыяд да канца XVIII ст. — калі не браць пад увагу некалькі адрэзкаў часу (напрыклад, 1640-я — 1650-я г. у Англіі). Па-другое, паўстае шэраг праблемаў да канцэптуалізацыі тэмы: дзе дакладна мусіць быць размешчанае гэтае «знізу» і што трэба будзе рабіць з поглядам на гісторыю «знізу», калі яна будзе некалі напісаная?

Складанасці, якія вынікаюць з пастаноўкі пытання: што ж за гісторыя ўзнікае «ўнізе», могуць быць выразна праілюстраваныя на прыкладзе адной з галінаў сацыяльнай гісторыі, якая бурна развіваецца ў апошнія гады — вывучэнні народнай культуры Еўропы ранняга Новага часу. Наколькі мы можам бачыць — калі не разглядаць яе як асаблівага кшталту астаткавую катэгорыю — ніводзін з гісторыкаў яшчэ не даў яснай дэфініцыі таго, чым жа была названая культура ў згаданую эпоху[8]. Галоўнай прычынай гэтага ёсць тое, што «народ», нават у далёкім ад нас шаснаццатым стагоддзі, утвараў сабою даволі разнастайную групу, падзеленую эканамічным расслаеннем, дамінавальнымі культурамі і полам. З гэтых меркаванняў нядзейсным з’яўляецца якое-кольвечы спрошчанае вызначэнне таго, што можа значыць слова «ўнізе» ў бальшыні гістарычных кантэкстаў[9].

Пытанне большай значнасці або мэтаў выкарыстання погляду на гісторыю «знізу» — гэткае самае важнае. Найлепш гэтыя праблемы маглі б быць унавочненыя са спасылкаю на працы тых гісторыкаў, што працуюць у рэчышчы марксісцкай традыцыі або традыцыі брытанскай лейбарысцкай гісторыі. Відавочна, што ўнёсак марксісцкіх гісторыкаў — тут, як і ўсюды — быў надзвычайны: насамрэч, адзін філосаф-марксіст сцвярджаў, што ўсе тыя, хто піша гісторыю «знізу», робяць гэта ў ценю Марксавай канцэптуалізацыі гісторыі[10]. Хоць гэткія сцвярджэнні могуць выглядаць крыху перабольшанымі, трэба прызнаць, што навукоўцы, якія займаюцца сацыяльнай гісторыяй, павінны аддаць даніну Марксавым ідэям ды гісторыкам-марксістам; і, вядома, я не маю намеру далучацца да моднай цяпер схільнасці выступаць супраць адной з найбагацейшых у свеце інтэлектуальных традыцыяў. І ўсё ж нам здаецца, што гісторыкі-марксісты — перш чым прадстаўнікі розных традыцый стварэння сацыяльнай гісторыі выказалі меркаванне пра маштабнасць аб’екту яе вывучэння — прыхіліліся да тэндэнцыі абмежавання вывучэння гісторыі «знізу» тымі эпізодамі і грамадскімі рухамі, праз якія масы людзей былі ўцягнутыя ў адкрытую палітычную барацьбу або ў вядомыя сферы эканамічнай дзейнасці. Хоць у сваёй працы 1966 г. Томпсан імкнуўся пераступіць праз названыя абмежаванні, яны ўсё ж былі зыходным пунктам гэтага яго даследавання. Гістарычнае абгрунтаван не гэткага спосабу мыслення было пазней апісана Эрыкам Хобсбаўмам (Eric Hobsbawm). Хобсбаўм аспрэчваў само дапушчэнне, нібыта тое, што ён называе «гісторыяй просталюдзінаў» («grassroots history»), рэальна не выяўлялася да 1789 г. ці прыблізна таго часу. «Гісторыя простага люду як адмысловая галіна вывучэння, — пісаў ён, — пачынаецца з гісторыі масавых рухаў васемнаццатага стагоддзя… Бо зацікаўле насць марксістаў, або — калі сказаць больш агульна — сацыялістаў у гісторыі просталюдзінаў мацнела па меры росту рабочага руху». Як ён вызначыў далей, гэтая тэндэнцыя «сям-там моцна зашорыла вочы сацыялістычным гісторыкам»[11].

Пэўныя аспекты прыроды ўзнікнення згаданых шораў на вачах гісторыкаў былі асветленыя ў апублікаванай у 1957 г. кнізе Рычарда Хогарта пад назвай «Карысць ад пісьменнасці» (Richard Hoggart. The Uses of Literacy), да якой можна было б дадаць падзагаловак «Разбурэнне англійскага рабочага класа». Ведучы размову пра розныя падыходы да вывучэння рабочага класа, Хогарт выказаў засцярогі да чытачоў гісторыяў рухаў рабочага класа. Як і шмат хто яшчэ, Хогарт пасля прачытання многіх з гэтых працаў вынес уражанне, «што іх аўтары пераацэньваюць тую ролю, якую палітычная дзейнасць займала ў жыцці рабочага класа, што яны не заўсёды адэкватна разумеюць асновы гэтага жыцця»[12]. У сваёй працы 1966 г. Томпсан адзначыў адыход ад ранейшай канцэнтрацыі ўвагі з боку гісторыкаў працы на інстытуцыях працы і на выпрабаваных лідэрах ды ідэалогіі, хоць адначасова ім было заўважана, што названы працэс меў тэндэнцыю да выключэння з гісторыі працы яе пэўных істотных кампанентаў[13]. Хобсбаўм, разглядаючы пытанне ў святле пашырэння аб’екта вывучэння гісторыі працы, здолеў зрабіць на гэтую тэму больш грунтоўныя каментары. Праблема палягала ў тым (як меркаваў Хогарт), што гісторыкі рабочага руху — марксісцкія або іншыя — вывучалі «не ўвесь просты люд, а толькі той просты люд, які мог лічыцца папярэднікам названага руху — да прыкладу, чартысты, трэйд-юніяністы, рабочыя актывісты». Гісторыя рабочага руху ды іншых інстытуцыяналізаваных утварэнняў, сцвярджаў ён далей, не павінна «замяніць сабою гісторыі самога простага люду»[14].

Іншае самаабмежаванне, створанае галоўнай плынню гісторыі працы ў дачыненні да погляду на гісторыю «знізу», звязанае з перыядам часу, які аналізуецца. Той, хто знаёмы з ранейшай працай Томпсана і пазнейшай — Хобсбаўма, можа мець уражанне, што погляд на гісторыю «знізу» можа выказвацца толькі ў дачыненні да эпохі пасля Французскай рэвалюцыі. Як намі ўжо было адзначана, Хобсбаўм адчуваў, што менавіта развіццё масавых рухаў у канцы XVIII ст. прыцягнула ўвагу даследчыкаў да мажлівасці стварэння погляду на гісторыю знізу; далей жа ён працягваў сцвярджаць, што «Французская рэвалюцыя, найперш пасля таго як якабінства было адроджана ў сацыялізме, а Асветніцтва — у марксізме, стала выпрабавальным палігонам для гэткага кшталту гісторыі». Ставячы неўзабаве пасля гэтага пытанне, «чаму ў такой вялікай ступені гісторыя просталюдзінаў мела сваім падмуркам вывучэнне Французскай рэвалюцыі», Хобсбаўм спасылаўся на масавыя акцыі насельніцтва і архівы, створаныя «шматлікай і рупнай бюракратыяй», якая зафіксавала на паперы акцыі простага люду, а потым занялася класіфікаваннем і ўпарадкаваннем сваіх запісаў «на карысць гісторыкаў». Гэтае дакументаванне стварыла магчымасць узнікнення вялікай колькасці пазнейшых даследаванняў, і таксама было, як зазначыў Хобсбаўм, «лёгка чытэльнае, у адрозненне ад неразборлівых почыркаў аўтараў з шаснаццатага або семнаццатага стагоддзяў»[15].

Погляд на гісторыю знізу, аднак, не проста не быў выкладзены ў дачыненні да вядомай сучаснай палітычнай гісторыі тымі гісторыкамі, што няздольныя справіцца з палеаграфічнымі цяжкасцямі. Насамрэч, нягледзячы на тое, што канцэпцыя гісторыі «знізу» ў сваіх найважней шых момантах была распрацаваная англійскімі гісторыкамі-марксістамі, якія ў межах традыцыйных храналагічных рамак пісалі пра гісторыю працы ў Вялікай Брытаніі, усё-такі, напэўна, кніга, у якой утрымліваец ца гэткае бачанне мінулага і якая мела найбольшы ўплыў, была напісана французскім навукоўцам, што зрабіў аб’ектам свайго разгляду сярэднявечную пірэнейскую сялянскую супольнасць. Кніга Эманюэля Лё Руа Ладзюры (Emmanuel Le Roy Ladurie) «Мантайю», упершыню апублікаваная ў Францыі ў 1975 г., прыцягнула больш увагі, лепш разыходзілася і мела шырэйшы чытацкі водгук, чым бальшыня працаў па сярэднявечнай гісторыі[16]. Вядома, яна выклікала і пэўную крытыку з боку навукоўцаў: былі пастаўленыя пэўныя пытанні пра метадалогію даследавання, ужытую Ладзюры, ды яго падыход да скарыстаных ім крыніцаў[17]. Гісторыкі, што вывучаюць свой прадмет «знізу», натуральна, павінны быць гэткімі самымі дакладнымі ў гэтых пытаннях, як і любыя іншыя гісторыкі, і «Мантайю» ўяўляе сабою штосьці кшталту арыенціра пра напісанні гісторыі з гэтага гледзішча. Як падкрэсліваў аўтар названай кнігі, «хоць маюцца апісальныя гістарычныя працы пра сялянскія супольнасці, але нам даступна зусім няшмат матэрыялу, які можна разглядаць як сведчанне беспасярэдне саміх сялян»[18]. Лё Руа Ладзюры абышоў гэтую праблему, заснаваўшы сваё даследаванне на інквізітарскіх нататках, зробленых біскупам Пуацье Жакам Фурнье (Jaques Fournier) пад час яго расследаванняў ерасі ў перыяд паміж 1318 і 1325 г. Але, як бы тое ні было, праца «Мантайю» прадэманстравала не толькі тое, што погляд на гісторыю знізу можа зацікавіць чытачоў наогул, але і таксама тое, што пэўныя гатункі афіцыйных запісаў могуць быць скарыстаныя для даследавання ментальнасці і матэрыяльных дачыненняў мінулых пакаленняў.

Насамрэч, даследчыкі сацыяльнай ды эканамічнай гісторыі ўсё ў большай ступені пачынаюць выкарыстоўваць тыя дакументы, чыя асаблівая праўдзівасць у якасці гістарычных сведчанняў палягае ў тым, што іх складальнікі знарок і свядома не ставілі сабе за мэту рабіць свае запісы для нашчадкаў. Можна сабе ўявіць, што шмат хто з гэтых складальнікаў дакументаў быў бы ўражаны, а нават, магчыма, устрывожаны выкарыстаннем сучаснымі гісторыкамі тых судовых справаў, прыходскіх рэгістрацыйных кніг, тастамантаў ды манарыяльных актаў перадачы зямлі, якія былі імі складзеныя. Гэткая верагоднасць згаданых дакументаў можа быць у неабходных выпадках выкарыстаная пры разглядзе адкрытых акцыяў і публічна выказаных ідэяў або пры даследаванні няяўных дапушчэнняў, а таксама з мэтай забеспячэння колькасна грунтоўнага дакументавання досведу мінулага. Як зазначаў Эдвард Томпсан, «людзі абкладаліся падаткамі: спісы збору падаткаў з кожнага котлішча былі скарыстаныя не даследчыкамі гісторыі падаткаабкладання, а гісторыкамі дэмаграфіі. Людзі абкладаліся царкоўнай дзесяцінаю: пазямельныя кнігі выкарыстоўваліся ў якасці сведчанняў гісторыкамі дэмаграфіі. Людзі былі звычайнымі арандатарамі або трымальнікамі права арэнды: іх дакументы аб тэрмінах арэнды далучаліся да справаў манарыяльнага суда: на гэтыя важныя крыніцы маецца ўсё большы і большы попыт з боку гісторыкаў, не толькі дзеля знаходжання імі нейкіх новых доказаў, але і дзеля распачынання дыскусіяў, пад час якіх ставяцца новыя пытанні»[19].

Як відаць з вышэйсказанага, гэткія матэрыялы вельмі разнастай ныя. У пэўных выпадках, як гэта мела месца ў дачыненні да матэрыялаў, на якіх грунтуецца кніга «Мантайю», яны дазваляюць аднавіць выказванні людзей амаль гэтаксама дакладна, як тое робяць гісторыкі, што карыстаюцца магнітафонным запісам вусных выказванняў. У сваёй бальшыні вусныя крыніцы выкарыстоўваюцца гісторыкамі, якія робяць спробы вывучэння досведу простага люду, хоць, вядома ж, няма нейкай відавочнай прычыны сцвярджаць, што такі гісторык не павінен занатоўваць успаміны графіняў, плутакратаў ды біскупаў у той ступені, як і ўспаміны гарнякоў ды фабрычных рабочых[20]. У кожным разе гісторык, які збірае вусныя сведчанні, мае відавочныя праблемы ў апытанні людзей, якія або памерлі да таго, як іх паказанні былі запісаныя, або іх сведчанні былі страчаныя для наступнікаў, і наўпроставыя звесткі гэткага кшталту, якія яны здольныя атрымаць, адмаўляюцца ў дачыненні да гісторыкаў ранейшых часоў. З іншага боку, як мы ўжо выказваліся на гэты конт, існуюць крыніцы, што дазваляюць гісторыкам такіх эпохаў вывучаць глыбей досвед ніжэйшых слаёў грамадства.

Лё Руа Ладзюры выкарыстаў адну такую крыніцу — нататкі Жака Фурнье. Іншая праца, што дэманструе, якім чынам гэты тып нататак прадстаўніка правасуддзя можа быць скарыстаны для стварэння іншага кшталту гісторыі «знізу», выйшла ў 1976 г.; гэта было італьянскае выданне кнігі Карла Гінзбурга (Carlo Ginzburg) «Сыр і чарвякі»[21]. Мэтаю Гінзбурга было не рэканструяванне ментальнасці ды ладу жыцця сялянскай супольнасці, а хутчэй даследаванне інтэлектуальнага і духоўнага свету пэўнай асобы — млынара, чыё імя было Даменіка Скандэла (мянушка Мэнок’ё), народжанага ў 1532 г.; гэты чалавек жыў у Фрыулі (паўночна-ўсходняя Італія). Мэнок’ё зрабіўся ахвярай падкопаў інквізіцыі (урэшце, ён быў пакараны смерцю, хутчэй за ўсё ў 1600 г.), і вялікі том дакументаў, прысвечаных дадзенай справе, дазволіў Гінзбургу рэканструяваць шмат якія кампаненты сістэмы ягонай веры. Сама па сабе гэтая кніга ёсць прыкметным дасягненнем; пры гэтым Гінзбурга ва прадмова ўтрымлівае карысную дыскусію пра канцэптуальныя ды метадалагічныя праблемы рэканструявання культуры падпарадкаваных класаў у даіндустрыяльным свеце. У прыватнасці, ён сцвярджаў, што «з таго факта, што нейкая крыніца не ёсць аб`ектыўнаю (у дадзеным пытанні, ані не ёсць таксама пералікам праблемаў), не вынікае, што яна бескарысная… Карацей кажучы, нават скупыя, фрагментарныя ды невыразныя дакументы могуць знайсці добры ўжытак»[22], і адпаведнае вывучэнне асобаў, праведзенае на такім узроўні, тым больш каштоўнае, чым болей агульнымі з’яўляюцца сінтэтычныя падыходы да сацыяльнай гісторыі. Праблема, натуральна, застаецца ў дачыненні да тыповасці такіх асобаў, але, пры належнай увазе да гэтага, працы гэткага кшталту на дадзеную тэму могуць ва ўсё большай ступені набліжаць нас да сутнасці праблемы, што вырашаецца.

Але ў сваіх спробах сфармаваць погляд на гісторыю знізу гісторыкі выкарыстоўвалі афіцыйныя і паўафіцыйныя дакументы, іншыя, чым паасобныя багатыя крыніцы. Адным з такіх прыкладаў ёсць Барбара А. Ханаўолт (Barbara A. Hanawalt), якая найактыўнейшым чынам выкарыстоўвала адну з найгалоўнейшых раней занядбаных крыніц англійскай сацыяльнай гісторыі, пратакол дазнання коранера (следчага, што вядзе справы аб гвалтоўнай смерці. — Заўвага перакладчыка ), пры рэканструяванні ладу жыцця сярэднявечнай сялянскай сям’і[23]. Гэтая даследчыца аспрэчвае сцвярджэнне, нібы дадзеныя дакументы пазбаўленыя ўхілаў, знойдзеных ў дакументах каралеўскіх, царкоўных або манарыяльных судоў, і робіць важную выснову (калі браць пад увагу вышэй абмеркаваную тэму), што асаблівасці матэрыяльнага існавання і сямейнага жыцця, зафіксаваныя ў гэтых дакументах, неістотныя ў дачыненні да галоўнай мэты, з якою рабіліся гэтыя нататкі, і таму не было ніякай неабходнасці іх скажаць. Як гэта часта бывае, калі маеш справу з афіцыйнымі паперамі, яны аказваюцца найбольш карыснымі пры ўжыванні іх дзеля мэтаў, пра якія іх складальнікі ніколі не мелі ўяўлення. Разам з іншымі гатункамі дакументаў Барбара Ханаўолт выкарыстала пратаколы дазнанняў дзеля стварэння ўяўлення пра матэрыяльнае асяроддзе, эканоміку хатняй гаспадаркі, перыяды жыццёвых цыклаў, спосабы гадавання дзяцей ды іншыя бакі штодзённага жыцця сярэднявечных сялян. У пэўным сэнсе яе праца дэманструе стратэгію, альтэрнатыўную той, якой прытрымліваліся Лё Руа Ладзюры ды Гінзбург: тут у большай ступені мы бачым дэталёвы аналіз вялікай колькасці дакументаў, чым стварэнне даследавання канкрэтнай падзеі, заснаванага на адной, надзвычай багатай крыніцы. Але бясспрэчным вынікам гэтага з’яўляецца тое, што праз гэта было прадэманстравана, якім чынам усё-такі іншы гатунак афіцыйнай дакументацыі можа быць выкарыстаны для фармавання погляду на гісторыю знізу.

Гэтае пашырэнне храналагічных межаў гісторыі, разгляданай знізу, і імкненне прыцягнуць больш шырокі спектр гістарычных з’яваў, чым палітычныя акцыі ды палітычныя рухі масаў, прывяло да пошуку іншых парадыгмаў, чым тыя, што прапаноўваліся традыцыйным марксізмам або даўнейшай канцэпцыяй гісторыі працы. Істотнай з’яўляецца патрэба ў дыялогу з марксісцкімі даследчыкамі, але факт застаецца фактам: ужыванне нават такога базавага паняцця марксізму, як клас, у дачыненні да даіндустрыяльнага грамадства выглядае праблематычным; пры гэтым цяжка ўяўляецца выразна марксісцкая пазіцыя наконт працэсу шаснаццатага стагоддзя ў Ёркшыры аб дыфамацыі або наконт Ўілтшырскіх падзеяў ХVII ст. На жаль, пошукі альтэрнатыўнай парадыгмы (хутчэй за ўсё яны толькі ледзьве пачаліся) пакуль што дасягнулі зусім невялікага поспеху. Шмат хто з гісторыкаў, найперш у кантынентальнай Еўропе, адчуў на сабе вялікі ўплыў французскай школы «аналаў»[24]. Без усялякага сумневу, шмат якія з разнастайных даследаванняў, створаных аўтарамі, што працавалі ў традыцыях школы «аналаў», не толькі паглыбілі нашы веды пра мінулае, але і зрабілі велізарныя метадалагічныя адкрыцці, прадэманстраваўшы, якім чынам па-новаму можна выкарыстоўваць звыклыя гатункі дакументаў і якім чынам можна сфармуляваць новыя пытанні пра мінулае. Болей за тое, праясненне прадстаўнікамі названай школы канцэпцыі ментальнасці (mentalite) аказала неацэнную дапамогу гісторыкам, што рабілі спробы рэканструя вання разумовага свету прадстаўнікоў ніжэйшых слаёў грамадства. Мы, аднак, узялі б на сябе смеласць сцвярджаць, што найвялікшы ўнёсак у развіццё метадалогіі школы «аналаў» палягаў у дэманстраванні спосабу стварэння кантэксту, у межах якога можа быць напісаная гісторыя «знізу». Да прыкладу, веданне дынамікі руху цэнаў на збожжа ў канкрэтнай супольнасці цягам пэўнага перыяду часу істотным чынам дапамагае зразумець жыццё беднага люду: аднак гэткая выяўленая ў лічбах фактура не можа стварыць поўную карціну.

Іншыя даследчыкі заняліся пошукамі патрэбнай парадыгмы ў сферах сацыялогіі ды антрапалогіі. У гэтых выпадках таксама дасягненні тых, хто мае добрую падрыхтоўку і тонкае адчуванне, былі вялікімі, хоць нават тут пэўныя праблемы заставаліся; іншым жа давялося сутыкнуцца з няўдачамі. Сацыялогія (з гэтым нехта можа і спрачацца) мае больш істотнае значэнне для гісторыкаў індустрыяльнага грамадства, хоць некаторыя з яе гіпотэзаў не заўсёды з вялікай ахвотай былі ўжываныя ў дачыненні да таго кшталту даследаванняў, якім на практыцы аддаюць перавагу тыя, хто займаецца стварэннем погляду на гісторыю знізу[25]. Антрапалогія прываблівае да сябе пэўную колькасць гісторыкаў, што займаюцца Сярэднявеччам ды пачаткам Новага часу, хоць і ў гэтым выпадку не ўсё дагэтуль атрымлівалася беспраблемным[26]. Паасобныя з названых праблемаў асвятляюцца ў працы Алана Макфарлэйна (Alan Macfarlane), прысвечанай працэсам над чараўнікамі ў Эсэксе за часы Цюдораў і Сцюартаў[27]. Макфарлэйн меў намер напісаць тое, што можа быць акрэсленым як погляд знізу на гісторыю чараўніцтва. У дачыненні да знакамітых асобаў спробу распрацоўкі гэтай тэмы раней зрабіў Х’ю Трэвар-Роўпэр (Hugh Trevor-Roper), які ў сваёй манаграфіі пра гісторыю чараўніцтва ў Еўропе ранняга Новага часу абвясціў, што яго не цікавіць «проста вера ў чараўнікоў: гэтая звычайная лёгкавернасць вясковага люду, якую антраполагі фіксуюць для ўсіх часоў і ў кожным месцы»[28]. Макфарлэйн, наадварот, захапіўся «проста верай у чараўнікоў» і стварыў кнігу, што стала паваротным пунктам у нашым разуменні гэтай тэмы. Адным з найбольш уражвальных момантаў у ягоным праекце было ўжыванне вынікаў антрапалаг ічных доследаў у дачыненні да гістарычнага матэрыялу. Вынікам было паглыбленне нашага разумення функцыі чараўніцтва ў сельскай грамадзе і таго, як найчасцей абвінавачванні ў вядзьмарстве прадукавалі ся фактычна выбудаванай сістэмай міжасабовых канфліктаў. Але ўсё-такі і антрапалагічны падыход мала дапамагаў чытачам у разуменні значна большага дыяпазону актуальнасці дадзенай тэмы па-за вясковай супольнасцю: чаму магло здарыцца так, што ў 1563 г. у парламенце быў прыняты закон, які дазваляў пакаранне за шкоднае вядзьмарства і чаму ў 1736 г. быў прыняты іншы заканадаўчы акт, згодна з якім легальнае пакаранне за чараўніцтва рабілася немажлівым. Мікрагістарыч ны падыход, якому аддаецца перавага пры выкарыстанні антрапалагі чных мадэляў, можа лёгка затушаваць больш агульную праблему таго, дзе знаходзіцца ўлада ў грамадстве, узятым як цэлае, і як функцыянуе гэтае грамадства.

Па-за межамі ўсяго нашага абмеркавання засталося фундаментальнае пытанне: ці гісторыя «знізу» ўяўляе сабою падыход да вывучэння гісторыі, або гэта асаблівы тып гісторыі? Любое гледзішча можа быць аспрэчанае з розных бакоў. Разгляданая як падыход, гісторыя «знізу» заканамерна выконвае дзве вельмі істотныя функцыі. Першая палягае ў тым, каб выконваць карэктавальную ролю ў дачыненні да гісторыі знакамітых асобаў — паказваць, што ў бітве пад Ватэрлоа браў удзел шараговец Ўілер, гэтаксама як і герцаг Ўэлінгтан, або што эканамічнае развіццё Вялікай Брытаніі, якое каля 1815 г. набірала тэмп, уключала ў сябе тое, што было апісана Томпсанам як «няшчасная, уся скрываўленая пяхота Прамысловай рэвалюцыі, без чыёй працы і без чыйго ўмельства яна засталася б адно няспраўджанай гіпотэзай»[29]. Па-другое, прапаноўваючы названы альтэрнатыўны падыход, гісторыя «знізу» стварае магчымасці больш плённага сінтэзавання разумення гісторыі, злучэння гісторыі сённяшняга досведу людзей з аб’ектам даследавання больш традыцыйных тыпаў гісторыі. У той жа час, варта было б аспрэчыць тэзу, нібыта аб’ект вывучэння гісторыі «знізу», праблемы яе дакументавання і, мажліва, палітычныя погляды шмат каго з яе даследчыкаў утвараюць нейкі асаблівы тып гісторыі. Натуральна, што ў пэўным сэнсе бывае цяжка правесці выразную рысу паміж тыпам гісторыі ды падыходам да гэтай дысцыпліны ў цэлым: эканамічная гісторыя, інтэлектуальная гісторыя, палітычная гісторыя, ваенная гісторыя і г.д. прыносяць найменшы эфект, калі яны разглядаюцца паасобку, нібы ў герметычна замкнёных скрынях. Любы тып гісторыі выйграе ад шырыні поглядаў таго гісторыка, што яе стварае.

У сувязі з вышэйсказаным можна было б меркаваць, што погляд на гісторыю знізу сам па сабе выглядае найбольш эфектыўна, калі ён змяшчаецца ў пэўны кантэкст. Гэтак, у першым нумары перыядычнага выдання «History Workshop Journal», у вялікай ступені прысвечанага даследаванням менавіта гэтага тыпу гісторыі, рэдакцыйная калегія абвясціла, што «наш сацыялізм вызначае нашу заклапочанасць простым людам у мінулым, іх жыццё і працу, і думку, і індывідуальнасць, гэтаксама як кантэкст ды чыннікі, што фармуюць яго класавы досвед» і што «ў гэткай самай меры ён вызначае тую ўвагу, якую мы будзем аддаваць капіталізму»[30]. Як мы бачым, такія эмацыйныя сцвярджэнні нагадваюць нам, што тэрмін «гісторыя знізу» імплікуе, што існуе нейкае паняцце вышэйшага парадку, з якім ён суадносіцца. Гэтае дапушчэнне, у сваю чаргу, падразумявае, што гісторыя «простага люду», нават калі да вывучэння прыцягваюцца тыя бакі яго мінулага досведу, якія маюць выразна палітычны характар, не можа быць адлучана ад шырэйшага разгляду грамадскай структуры і грамадскай улады. Гэтая выснова, зноў-такі, сутыкае нас з праблемаю вызначэння таго, якім чынам гісторыя, разгляданая «знізу», можа быць дапасаваная да шырэйшых канцэпцыяў гістарычнай навукі. Ігнараваць гэтае гледзішча, маючы дачыненні з поглядам на гісторыю знізу або з любым іншым тыпам сацыяльнай гісторыі — значыць рызыкаваць апынуцца пад пагрозаю моцнай фрагментарызацыі гістарычных доследаў — мажліва, нават пэўнай нядаўна паўсталай іх антыкварыятызацыі . На гэтую небяспеку ў 1979 г. паказваў Тоні Джат (Tony Judt). Няма неабходнасці цалкам падзяляць гледзішча Джата, каб адначасна сімпатызаваць яго клопату наконт таго, «што ў найноўшай сацыяльнай гісторыі няма месца палітычнай ідэалогіі — у якой-кольвечы большай ступені, чым гэта адносілася да сацыялогіі, з якой апошняя паходзіла; …сацыяльная гісторыя, як намі выказвалася меркаванне вышэй, трансфармавалася ў пэўны гатунак рэтраспектыў най культурнай антрапалогіі»[31].

Гісторыя «знізу» як тып гісторыі ставіць іншае пытанне — пашырэння чытацкай аўдыторыі прафесійнага гісторыка, стварэння больш шырокага доступу да гісторыі прафесійнага ўзроўню, чым яна звычайна мела дзякуючы акадэмічным даследчыкам гісторыі ды іх вучням. У вышэйназваным артыкуле 1966 г. Томпсан адзначаў, што Тоні (Tawney) ды іншыя гісторыкі яго пакалення мелі «надзвычайна шырокі, актыўны кантакт з аўдыторыяй па-за магільным склепам акадэмічнай установы» і, відавочна, шкадавалі з тае прычыны, што гэта было чымсьці такім, чаго не хапала самым сучасным даследчыкам гісторыі[32]. Апошнім часам гэтае самае пытанне ўздымалася яшчэ адным аўтарам, чые ідэалагічныя пазіцыі надта розняцца з пазіцыямі Томпсана, — Дэвідам Кэнадынам (David Cannadine). Адзначаючы масавае пашырэнне гісторыі як універсітэцкай дысцыпліны ў пасляваеннай Вялікай Брытаніі, Кэнадын пракаментаваў гэты факт, сцвярджаючы, што «шмат якія аспекты гэтай новай, прафесійнай версіі брытанскай гісторыі былі цалкам недаступныя для шырокай аматарскай аўдыторыі, хоць задавальненне цікаўнасці апошняй да свайго нацыянальнага мінулага некалі было першаснай функцыяй гістарычнай навукі. Адным з парадаксальных вынікаў гэтага беспрэцэдэнтнага часу пашырэння дысцыпліны было тое, што ўсё болей і болей акадэмічных гісторыкаў пачало пісаць усё болей і болей акадэмічную гісторыю, якую чытала ўсё меней і меней людзей»[33].

Адной з найгалоўнейшых мэтаў гісторыкаў, што займаюцца стварэннем гісторыі, разгляданай «знізу», а асабліва тых, хто піша з сацыялістычнага або лейбарысцкага гледзішча, была спроба выправіць гэтае становішча праз пашырэнне сваёй аўдыторыі і, магчыма, праз стварэнне народнай версіі гэтага новага варыянту нашай сінтэзаванай нацыянальнай гісторыі, наконт знікнення якой выказваў шкадававанне Кэнадын. Пакуль што іх намаганні не былі паспяховымі, і гісторыя знакамітых людзей, здаецца, па-ранейшаму валодае грамадскім густам. Сам Хобсбаўм без асаблівага поспеху імкнуўся пашырыць кола чытачоў біяграфіямі вядучых палітыкаў[34].

Пры ўсім тым, імкненне да павелічэння доступу да ўсведамлення нашага мінулага праз погляд на гісторыю «знізу» ўсё яшчэ з’яўляецца прыцягальным. Аднак застаецца небяспека ўзнікнення чагосьці кшталту вышэйзгаданай фрагментарызацыі гістарычных ведаў і вышэйзгаданай дэпалітызацыі гісторыі, якая гэтак раздражняла Т.Джата. Масавая цікавасць да гісторыі знізу — як гэта вядома любому, хто сутыкаўся з гэтымі пытаннямі пад час галіновых сустрэч Гістарычнай асацыяцыі — часта абмяжоўваецца тым, што можа быць абазначана як погляд на мінулае грамадства «знізу ўверх, зверху ўніз». Пры гэтым названая праблема пэўным чынам абвастраецца праз тое, што мы цяпер прывыкаем апісваць як грамадскую гісторыю. Гэткае гледзішча грунтуецца на ўсведамленні, што людзі рабілі ў мінулым розныя (і таму, як падразумяваецца, выпадковыя) рэчы, і што шмат хто з іх цярпеў матэрыяльныя страты ды трываў цяжкія выпрабаванні, якія дазваляюць нам сёння параўноўваць колішняе цяжкое існаванне з нашымі сучаснымі лягчэйшымі ўмовамі. Але ў надта малой ступені робяцца спробы пайсці далей ці разгледзець гістарычныя праблемы на ўзроўні, вышэйшым за нейкія моманты прыватнага жыцця або за ізаляваны мясцовы досвед. Нават тыя даследчыкі, якія маюць досыць шырокі погляд на мінулае народа, не пазбеглі тых уплываў антыкварыятызму, якія акадэмічныя гісторыкі ставяць у дакор сваім канцэптуальна ці ідэалагічна добра ўзброеным калегам. Гэтак, Родэрык Флаўд (Roderick Floud), крытыкуючы пазіцыю групы, што мае выразнае ўяўленне пра важнасць гісторыі народа, змог выказаць прэтэнзію, што «раз-пораз, насамрэч, стыль працы гістарычнай лабараторыі набліжаўся да левага антыкварыятызму — збірання і публікавання малаістотных звестак пра жыццё рабочага класа»[35]. Хоць не кожны можа пагаджацца з агульнай тэндэнцыяй пошуку аргументаў, што выкарысто ўваюцца Флаўдам, ёсць мала сумневаў у тым, што ён акрэсліў сапраўдную праблему.

Магчымым адказам на гэтую крытыку, вядома, магло б быць сцвярджэнне, што датуль, пакуль пэўны «левы антыкварыятызм» дазваляў будаваць салідны корпус адпаведных матэрыялаў — нават праз збіранне і публікацыю малаістотных звестак, — можа заставацца крыху спадзяванняў на стварэнне грунтоўнага сінтэзу іх або значна шырэйшага погляду на праблему. Па-другое — і гэта, мажліва, больш істотна — можна было б адказаць, што даследаванні асобных выпадкаў і да т.п., змешчаныя ў адпаведны кантэкст, могуць прывесці да фармавання куды больш грунтоўнага падыходу, чым «антыкварыятызм». Пры адпаведных варунках (праца Карла Гінзбурга пра Даменіка Скандэлу, здаецца, неблагі прыклад гэтага) даследчык гісторыі, разгляданай знізу, можа ў вялікай ступені займець выгаду ад выкарыстання таго, што антраполагі маглі б акрэсліць як тоўстая праца[36]. Інтэлектуальная праблема, што вынікае з ужывання гэткай методыкі, павінна быць вядомая сацыяльным гісторыкам — а менавіта праблема змяшчэння грамадскай падзеі ў яе ўсеабдымны культурны кантэкст, гэтак, каб яе можна было вывучаць хутчэй на аналітычным, чым проста на апісальным узроўні. Відавочна, аднак, што гэты працэс можа быць зваротным, і калі ўсталюецца пэўнае разуменне дадзенага канкрэтнага грамадства, ізаляваная грамадская падзея або асоба (як гэта мела месца ў адзінкавым, але ўдакументаваным выпадку з фрыульскім млынаром) можа быць скарыстаная для таго, каб пракласці шлях для глыбейшага разумення гэтага грамадства. Гісторыку няма патрэбы прыстасоўваць семіятычную парадыгму культуры, прыхільнікамі якой з’яўляюцца такія антраполагі, як Кліфард Гірц (Clifford Geertz), каб ацаніць патэнцыйную бескарыснасць гэтай метадалогіі. І карэнная праблема, да якой звяртаецца Гірц — праблема разумення людзей, якія сваёй культурай адрозніва юцца ад нас саміх, і праблема выкладу грамадскай рэчаіснасці навуковай мовай кніг, артыкулаў або лекцыяў — вядома ж, належыць да тых, што добра вядомыя даследчыку гісторыі «знізу».

Мы спадзяемся, што папярэдняй часткай нашага артыкула (калі не чым-кольвечы яшчэ) чытач ужо быў перакананы, што стварэнне гісторыі «знізу» з’яўляецца праектам, які даказаў сваю надзвычайную плённасць. Ён прыцягнуў увагу гісторыкаў, што вывучаюць розныя грамадствы мінулых часоў — як геаграфічна, гэтак і храналагічна: ад трынаццатага да дваццатага стагоддзя. Гэтыя гісторыкі паходзяць з розных краінаў і з розных інтэлектульных традыцыяў ды ідэалагічных асяродкаў. Ствараючы гісторыю «знізу», гэтыя гісторыкі ў найскладаней шых выпадках шукалі падтрымкі з усіх бакоў — да прыкладу, рабілі падлікі з дапамогай кампутара, выкарыстоўвалі антрапалагічную тэорыю — і іх здабыткі з’явіліся ў самых разнастайных формах: ад сухога навуковага артыкула да кнігі-бэстсэлера. Цяпер надышоў той момант, калі можна зрабіць пэўныя высновы адносна той працы, што была здзейснена ў плодным, хоць і неўпарадкаваным закутку сада багіні Кліо.

Самае меншае, зразумелым стала тое, што пэўная колькасць гісторыкаў дасягнула поспеху ў пераадоленні немалых перашкодаў, што ўскладняюць практычную працу па стварэнні погляду на гісторыю знізу. Канкрэтней кажучы, шэраг даследчыкаў усвядоміў неабходнасць канцэптуальнага якаснага скачка ў стымуляванні свайго разумення ніжэйшых слаёў насельніцтва ў грамадствах мінулых часоў і ў выніку гэтага паспяхова прадоўжыў інтэлектуальную атаку ў гэтым кірунку. Эдвард Томпсан, Карла Гінзбург, Эманюэль Лё Руа Ладзюры ды астатнія, знаходзячыся на розных стартавых пазіцыях і маючы на мэце розныя навуковыя задачы, здолелі прадэманстраваць, якім чынам уяўленне можа ўзаемадзейнічаць з даследчыцкімі метадамі дзеля пашырэння нашага погляду на мінулае. Болей за тое, праца гэтых ды іншых гісторыкаў паказала, якім чынам гістарычнае ўяўленне можа стасавацца не толькі да фармавання новых канцэпцыяў разумення аб’екту вывучэння гісторыі, але і да пастаноўкі новых пытанняў у дачыненні да дакументаў да разнастайнага іх выкарыстання. Два або тры дзесяцігоддзі таму шмат хто з гісторыкаў з відавочных прычынаў адмаўляў мажлівасць стварэння сур’ёзнай гісторыі тых рэчаў, што сталі сёння для нас звыклымі, — злачынстваў, народнай культуры, народнай рэлігіі, сялянскай сям’і. Ад тых даследчыкаў Сярэднявечча, што імкнуцца рэканструяваць жыццё сялянскіх супольнасцяў да гісторыкаў сучаснасці, што робяць запісы вусных сведчанняў прадстаўнікоў ранейшых пакаленняў дваццатага стагоддзя, усе гісторыкі, што распрацоўваюць погляд на гісторыю знізу, прадэманстравалі, якім чынам узбагачанае ўяўленнем выкарыстанне крыніцаў можа праясніць шмат якія сферы гісторыі, што лічыліся асуджанымі на тое, каб заставацца ў непрагляднасці.

Пры гэтым значэнне гісторыі, разгляданай знізу, палягае значна глыбей, чым у тым, каб проста ствараць для гісторыкаў магчымасць дэманстраваць, што яны могуць быць багатыя на ўяўленне ды па-наватарску падыходзіць да справы. Гісторыя «знізу» таксама дае магчымасць узнавіць сваю гісторыю тым сацыяльным групам, якія лічылі яе ўжо назаўсёды страчанай або і не ўсведамлялі яе існавання. Як намі ўжо было адзначана, першпачатковае апісанне погляду знізу на гісторыю Французскай рэвалюцыі або на гісторыю рабочага руху ў Вялікай Брытаніі выклікае пэўныя праблемы, хоць праўдай застаецца тое, што даследаванне гісторыі масаў васемнаццатага стагоддзя або рабочага класа дзевятнаццатага стагоддзя дало некалькі самых пераканаўчых прыкладаў нечаканага адкрыцця гісторыі рэальных класаў насельніцт ва. Задачы гістарычнай навукі розныя, але адною з іх з’яўляецца стварэнне адчування самаідэнтыфікацыі для тых, хто піша і хто чытае, — адчування таго, адкуль яны паходзяць. На больш агульным узроўні гэта можа набываць форму ролі гісторыі (хоць яна сама ёсць часткай нацыянальнай культуры) у нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Гісторыя, разгляданая знізу, можа адыгрываць істотную ролю ў гэтым працэсе праз напамінак нам, што наша ідэнтычнасць была сфармаваная не толькі манархамі, прэм’ер-міністрамі ды генераламі. Гэтае гледзішча вядзе да іншых меркаванняў. У кнізе па гісторыі групы насельніцтва, што, без сумневу знаходзілася «знізу» — чарнаскурых нявольнікаў у Злучаных Штатах перыяду да Грамадзянскай вайны, — Юджын Д. Джэнавэзэ (Eugene D. Genovese) адзначаў, што яго галоўнай мэтаю было даследаваць «пытанне нацыянальнай прыналежнасці — ідэнтычнасці , якое ўплывала на афра-амерыканскую гісторыю ад самых яе каланіяльных пачаткаў»[37]. Апроч таго, як гэта мае месца з даследаваннем Томпсана пра рабочы клас Англіі, выкарыстанне гісторыі для самаідэнтыфікацыі народа з’яўляецца фундаментальным. Разам з тым, варта звярнуць увагу, што названая кніга Джэнавэзэ мае падзагаловак: «Свет, пабудаваны нявольнікамі». Паводле Джэнавэзэ, людзі, якія былі аб’ектам яго даследавання, хоць без сумневу і стаялі на ніжэйшай прыступцы сацыяльнай лесвіцы, выявілі сябе здольнымі стварыць свой свет: гэткім чынам, яны былі гістарычнымі дзейнымі асобамі, яны стваралі гісторыю, а не былі проста «праблемаю», праз якую белыя палітыкі ды жаўнеры былі ўцягнутыя ў грамадзянскую вайну і якую белыя палітыкі ў дадзеным выпадку меліся «вырашаць». Бальшыня з тых, хто займаўся гісторыяй «знізу», у агульным сэнсе павінна падзяляць меркаванне, што адным з вынікаў таго, што яны мелі гэткі падыход да гісторыі, была дэманстра цыя таго, што прадстаўнікі ніжэйшых слаёў грамадства былі дзейнымі асобамі, чые ўчынкі мелі уплыў (часам абмежаваны) на свет, у якім яны жылі. Мы вяртаемся да палемічнага сцвярджэння Эдварда Томпсана пра тое, што просты люд не быў толькі «адной з праблемаў, з якімі сутыкаўся ўрад».

Але мы павінны, на жаль, прызнаць, што, хоць канцэпцыя гісторыі «знізу» вядомая нам ужо цягам больш як двух дзесяцігоддзяў, яна пакуль што мае адносна нязначны ўплыў на галоўную плынь гістарычнай навукі або на эвалюцыю поглядаў гісторыкаў — прадстаўнікоў згаданай плыні. Для таго, каб заняцца гэтай праблемай пэўным грунтоўным чынам, уводныя курсы гісторыі могуць няшмат распавесці пра сутнасць аб’екта яе вывучэння. Жадаючы даведацца, пра што пішацца гісторыя або як яна пішацца, бальшыня тых, хто яе вывучае, звяртаецца (ці яе скіроўвае) да пэўным чынам ужо састарэлай працы Э.Г.Кара (E.H.Carr) «Што такое гісторыя?». Там яны могуць знайсці досыць абмежаваны выклад таго, якім мог бы быць адказ на гэтае інтрыгоўнае пытанне. Напрыклад, яны высветляць, што ў Кара не было той глыбіні ўяўлення пра аб’ект вывучэння гісторыі, якую дэманструюць сучасныя гісторыкі і якую прадэманстравалі ўжо Брадэль і іншыя аўтары з ранняй школы «аналаў» раней, чым была напісана кніга Кара. Вось жа, яго сцвярджэнне, што «пераправа Цэзара цераз невялікую рэчку Рубікон з’яўляецца фактам гісторыі, а пераправа цераз Рубікон мільёнаў людзей перад тым ці пасля таго не цікавіць анікога», можа быць патлумачана так, што яму нічога не было вядома пра гісторыю транспарту, міграцыяў, геаграфічных перамяшчэнняў. Аналагічным чынам, тыя праблемы, што ён мае з прызнаннем забіцця насмерць прадаўца імберцавых пернікаў у Стэйлібрыдж Ўэйкс (Staleybridge Wakes) у 1850 г. у якасці факта гісторыі (існуе падазрэнне, што ў прадаўца пернікаў быў больш выразны погляд на дадзеную праблему) сведчаць пра тое, што Кар не разглядаў гісторыю злачынстваў як частку гісторыі[38]. Калі будзе напісана кніга, якая б замяніла Караву працу ў якасці ўводзінаў у вывучэнне гісторыі, відавочна трэба, каб яе аўтар, у святле гісторыі, разгляданай «знізу» і нядаўніх больш аб’ёмных даследаванняў па сацыяльнай гісторыі, меў шырэйшы погляд на мінулае.

Наша заключная заўвага датычыць таго, што якой бы ні была каштоўнай гісторыя «знізу» з гледзішча яе патрэбнасці ў вызначэнні ідэнтычнасці ніжэйшых слаёў грамадства, яна павінна быць выведзеная з гета (або прасёлка, вуліцы рабочага прадмесця, трушчобаў ці шматкватэрных дамоў) і выкарыстоўвацца для крытыкі, удакладнення і ўзмацнення галоўнай плыні гістарычнай навукі. Даследчыкі гісторыі «знізу» не толькі прарабілі вялікі аб’ём працы, які дазваляе нам больш ведаць пра мінулыя часы: яны таксама давялі, што ёсць нашмат больш працы, што шмат якія з яе таямніцаў усё яшчэ акрытыя змрокам няведання, які мусіць быць развеяны. Гэткім чынам, погляд на гісторыю «знізу» захоўвае сваю падрыўную аўру. У аддаленай перспектыве можна прадчуваць небяспеку — як гэта мела месца ў дачыненні да школы «аналаў», — што яна можа стаць новай догмай, але на сённяшні дзень яна ўсё яшчэ паказвае свой доўгі нос галоўнай плыні гістарычнай навукі. Натуральна, надалей будуць існаваць гісторыкі — як акадэмічныя, гэтак і папулярныя, — якія будуць прымудрацца пісаць кнігі, дзе адкрыта ці прыхавана будзе адмаўляцца магчымасць істотнага гістарычнага перагляду жыцця масаў; але іхнія аргументы на карысць такога падыходу будуць рабіцца ўсё болей і болей хісткімі. Гісторыя, разгляданая знізу, дапамагае пераканаць тых з нас, што былі народжаныя не ў арыстакратычных варунках, што мы маем сваё мінулае, што мы аднекуль з’явіліся на гэтым свеце. Але з цягам часу яна таксама будзе выконваць важную ролю ў карэктаванні і ўзмацненні той плыні ў палітычнай гісторыі, што ўсё яшчэ лічыцца агульнапрынятай і кананічнай ў даследаваннях брытанскіх гісторыкаў.

Пераклаў з ангельскай Лявон Баршчэўскі


[1] Jim Sharpe. History from Below//Burke P. (ed.) New Perspectives on Historical writing. Oxford, 1992. P.24—41.1 The Letters of Private Wheeler 1809—1828 (ed. B.H.Liddell Hart). London, 1951, 168—72.
[2] Brecht B. Poems (ed. Willett J. and Manheim R.). London, 1976, 252—3. (Беларускі пераклад верша гл. у: Брэхт Б. На шалях праўды. Мінск, 1988. С.55—56).
[3] Thompson E.P. History from Below // The Times Literary Supplement, 7, April 1966, 279–80. Абмеркаванне крыніцаў Томпсанавых высноваў гл. у: Kaye H.J. The British Marxist Historians: an Introductory Analysis. Cambridge, 1984.
[4] History from below: Studies in Popular Protest and Popular Ideology (ed. Krantz F.). Oxford, 1988. Першапублікацыя зборніка на французскай мове: Манрэаль, 1985.
[5] Richardson R.C. The Debate on the English Revolution Revisited. London, 1988, chapter 10, «The twentieth Century: History from Below».
[6] Thompson, History from Below, 279.
[7] Thompson E.P. The Making of the English Working Class. London, 1965, 12—13.
[8] Гл., напрыклад, абмеркаванне гэтай праблемы ў: Burke P. Popular Culture in Early Modern Europe. London, 1978, 23—64; (Беларускі пераклад гэтай працы гл.: Бэрк П. Народная культура Эўропы ранняга Новага часу. Мінск, 1999. С.20—21); і Reay B. Introduction: Popular Culture in Early Modern England // Popular Culture in Seventeenth–Century England (ed. Reay B.). London, 1985.
[9] Шляхам падыходу да вывучэння гэтай праблемы ёсць вывучэнне досведу розных элементаў ніжэйшых слаёў грамадства, часам праз адасобленае вывучэнне канкрэтнай падзеі. З працаў, дзе мае месца такі падыход, абедзьве з якіх ёсць істотным унёскам у гісторыю, разгляданую «знізу», гл.: Davis N.Z. Society and Culture in Early Modern France. London, 1975; Sabean D. Power in the blood: Popular Culture and Village Discourse in Early Modern Germany. Cambridge, 1984.
[10] Callinicos A. The Revolutionary Ideas of Karl Marx. London, 1983, 89. Варта, наадварот, зазначыць, што няма падставаў меркаваць, чаму марксісцкі падыход не можа мець вынікам вельмі эфектыўнае даследаванне гісторыі «зверху»: гл. каментары ў Anderson P. Lineages of the Absolutist State. London, 1979, 11.
[11] Hobsbawm E.J. History from below // History from Below (ed. Krantz), 15.
[12] Hoggart R. The Uses of Literacy: Aspects of Working-Class Life with Special Reference to Publications and Entertainments. Harmondsworth, 1958, 15.
[13] Thompson, History from Below, 280.
[14] Hobsbawm, Some Reflections, 15.
[15] Тамсама, с. 16. Нягледзячы на скептыцызм, які можна мець у дачыненні да унікальнага характару даробку гісторыкаў Французскай рэвалюцыі, застаецца зразумелым, што працы, дзе гаворка ідзе пра названы перыяд, сталі важкім унёскам у кананічную гісторыю «знізу», пачынаючы ад такіх наватарскіх працаў, як: Lefebvre G. Les Paysans du Nord. Paris, 1924; idem, The Great Fear of 1789. Paris, 1932 (ангельскі пераклад, New York, 1973), і аж да апошняй працы Рычарда Коба (Richard Cobb).
[16] Па–ангельску выйшла як: Montaillou: Cathars and Catholics in a French Village 1294–1324. London, 1978.
[17] Глядзі напрыклад: Boyle L.E. Montaillou Revisited: Mentalité and Methodology // Pathways to Medieval Peasants (ed. Raftis J.A.). Toronto, 1981; Rosaldo R. From the Door of his Tent: the Fieldworker and the Inquisitor // Writing Culture: the Poetics and Politics of Ethnography (ed. Clifford J. and Marcus G.). Berkeley, 1986.
[18] Ladurie, Roy Le. Montaillou, vi.
[19] Thompson E.P. The Poverty of Theory and Other Essays. London, 1978, 219–20. Пра больш дэталёвае абмеркаванне праблемы запісаў, на якіх даследчыкі гісторыі Англіі маглі б угрунтоўваць погляд на гісторыю знізу, гл.: Macfarlane A., Harrison S., Jardine Ch. Reconstructing Historical Communities. Cambridge, 1977.
[20] Пэўныя ўражанні, што закранаюць сферу зацікаўлення гісторыкаў, якія запісваюць вусныя сведчанні, могуць быць здабытыя ў выніку прачытання рэгулярных справаздачаў пра ход гэтай працы ў перыядычным выданні Oral History: the Journal of the Oral History Society, якое выходзіць з 1972 г.
[21] Выйшла па-ангельску як: The Cheese and the Worms: the Cosmos of a Sixteenth-Century Miller (trans. Tedeschi A. and J.). London, 1980. Іншая праца Гінзбурга, Ginzburg. The Night Battles: Witchcraft and Agrarian Cults in the Sixteenth and Seventeenth Centuries. London, 1983. Італьянскае выданне — 1966, таксама паказвае, якім чынам нататкі інквізітараў могуць быць выкарыстаныя для высвятлення характару народнай веры.
[22] Ginzburg. The Cheese and the Worms, xvii.
[23] Hanawalt B.A. The Ties that Bound: Peasant Families in Medieval England. New York–Oxford, 1986. Больш сціслае апісанне мэтаў працы Б.Ханаўолт можна знайсці ў: idem, Seeking the Flesh and Blood of Manorial Families // Journal of Medieval History. 14 (1988), 33–45.
[24] Найлепшыя ўводзіны ў працу гэтай школы гл.: Stoianavitch T. French historical method: the Annales Paradigm. Ithaca–London, 1976.
[25] Агульнае абмеркаванне суадносінаў абедзвюх дысцыплінаў можна знайсці ў: Burke P. Sociology and History. London, 1980; Abrams Ph. Historical Sociology. Shepton Mallet, 1982.
[26] Дзве класічныя працы, прысвечаныя разгляду мажлівых сувязяў паміж гісторыяй і антрапалогіяй, гэта: Evans–Pritchard. Anthropology and History. Manchester, 1961; Thomas K. History and Anthropology // Past and Present. 24 (1963), 3–24. … Thompson E.P. Anthropology and the Discipline of Historical Context // Midland History. 3 no. 1 (Spring 1972), 41—56.
[27] Macfarlane A. Witchcraft in Tudor and Stuart England: a Regional and Comparative Study. London, 1970. Працу Макфарлэйна трэба чытаць у спалучэнні з кнігай Thomas K. Religion and the Decline of Magic: Studies in Popular beliefs in Sixteenth and Seventeenth-Century England. London, 1971, больш маштабнай працай, у якой утрымліваюцца істотныя высновы з антрапалогіі.
[28] Trevor–Roper H.R. The European Witch–Craze of the Sixteenth and Seventeenth Centuries. Harmondsworth, 1967, 9.
[29] Thompson, History from Below, 280.
[30] Editorial // History Workshop. 1 (1971), 3.
[31] Judt T. A Clown in Regal Purple: Social History and the Historian // History Workshop. 7 (1979), 87.
[32] Thompson, History from Below, 279.
[33] Cannadine D. British History: Past, Present — and Future // Past and Present. 116 (1987), 177. Частка Кэнадына падказала «Каментары» Косаб Лэманта і Эванса: Coss P.R, Lamont W., and Evans N. Comments // Past and Present. 119 (1988), 171—203. Твор Кэнадына выклікаў узнікненне «Каментароў»: Погляды Ламонта, найбольш сцісла выкладзеныя на с. 186—193 гэтай працы, толькі імплікуюць ужыванне падыходу «знізу» да новай нацыянальнай гісторыі, у той час як Эванс (с. 1970) выразна фармулюе, што «гісторыя Вялікай Брытаніі … мае патрэбу ў поглядзе на яе знізу і ў выпрацоўцы адпаведнага гэтаму разумення дзяржавы».
[34] Hobsbawm, Some Reflections, 13.
[35] Floud R. Quantitative History and People’s History // History Workshop. 17 (1984), 116.
[36] Глядзі: Geertz C. The Interpretation of Cultures. New York, 1973, chapter 1, «Thick Description: Toward an Interpretative Theory of Culture».
[37] Genovese E.D. Roll, Jordan, Roll: the World the Slaves Made. London, 1975, xv.
[38] Carr E.H. What is History? Harmondsworth, 1961, 11, 12.

Наверх

Алесь Cмалянчук. Палякі Беларусі і Літвы ХIХ — пачатку ХХ ст. як этнакультурны і сацыяльны феномен

Чэрвеня 21, 2000 |

(Гістарыяграфічны агляд)

Для разумення феномена польскай грамадскасці беларускіх і літоўскіх земляў у ХIХ — пачатку ХХ ст. уяўляецца вельмі важным асвятленне праблемы радаводу мясцовых палякаў. Цэнтральнымі тут з’яўляюцца пытанні пра памеры міграцыі насельніцтва з этнічных польскіх земляў у Беларусь і Літву і пра сутнасць працэсаў паланізацыі. Якія ж асноўныя падыходы навукоўцаў Беларусі, Літвы і Польшчы да азначаных праблем?

Вызначыць дакладна храналогію першых міграцыйных плыняў насельніцтва з тэрыторыі этнічнай Польшчы на ўсход вельмі цяжка. Суседства польскіх і беларуска-літоўскіх земляў спрыяла таму, што працэсы ўзаемапранікнення распачаліся здаўна. Беларускія даследчыкі Ігар Карашчанка і Анатоль Валахановіч зафіксавалі перасяленні мазураў на землі сучаснай Беларусі ўжо ў ХII–ХIII ст. На іх думку, пасля Люблінскай уніі (1569) польская міграцыя ўзмацнілася. Аднак масавага характару перасяленні не набылі, бо Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. істотна абмежаваў магчымасці набыць зямлю і заняць дзяржаўныя пасады ў ВКЛ для шляхты з Каралеўства Польскага[1]. Этнолаг і гісторык Міхаіл Піліпенка лічыць, што актыўная міграцыя польскага насельніцтва (пераважна дробнай шляхты) распачалася толькі ў XV—XVI ст. Прычым асноўнымі кірункамі гэтай міграцыі былі Прыпяцкі, Цэнтральны і Дзвінска-Дняпроўскі рэгіёны[2].

Уласную класіфікацыю асноўных катэгорый польскіх перасялен цаў на беларускія землі з ліку вясковага насельніцтва этнічнай Польшчы распрацаваў Вячаслаў Вярэніч. Сацыялагічнае і этнаграфічнае даследаванне, якое праводзілася ў 60—80-я г. ХХ ст., спалучанае з аналізам гістарычнай літаратуры, дазволіла яму вылучыць чатыры асноўных тыпы польскіх вёсак усходняй і цэнтральнай Беларусі. Да першага з іх даследчык аднёс былыя шляхецкія вёскі, жыхары якіх былі нашчадкамі паланізаванай беларускай шляхты або (радзей) нашчадкамі этнічнай польскай шляхты. Да другога — былыя паселішчы мазавецкіх буднікаў, занятых некалі ў лясной прамысловасці. Да трэцяга — былыя паселішчы сялян і беднай шляхты з этнічна польскіх земляў, якія існавалі каля вялізных маёнткаў і павінны былі забяспечыць іх рамеснымі вырабамі. Чацвёрты тып В.Вярэніч характарызаваў як вёскі польскіх сялян-перасяленцаў, якіх прыцягнулі ў Беларусь неабжытыя і незасвоеныя землі[3].

Даследаванне В.Вярэніча таксама пацвярджае, што значных памераў міграцыя палякаў у Беларусь не набыла. Польскіх сялян перасялялася няшмат, і амаль усе яны даволі хутка праходзілі стадыю культурнай беларусізацыі і асіміляцыі. Прадстаўнікі польскага каталіцкага духавенства, якія займалі высокія пасады ў касцельнай ерархіі ВКЛ, і шляхты, што наймалася на ваенную або цывільную службу ў княстве, пазбеглі асіміляцыі. Але перасяленні прадстаўнікоў вышэйшых сацыяльных колаў мелі эпізадычны характар.

Падобна ацэньваюць міграцыю палякаў на тэрыторыю як „гістарычнай”, так і „этнаграфічнай” Літвы літоўскія даследчыкі[4]. Фактычна, у беларускай і літоўскай гістарыяграфіі пануе тэзіс, што „ў сваёй абсалютнай большасці мясцовыя палякі з’яўляюцца нашчадкамі паланізаваных у мінулым аўтахтонаў Беларусі і Літвы і латгальскай часткі Латвіі”[5].

Цікава, што пры гэтым беларускімі і літоўскімі даследчыкамі на працягу амаль усяго ХХ ст. палякі звычайна трактаваліся як чужародная і варожая беларусам і літоўцам сіла. Напрыклад, прадстаўнікамі беларускай савецкай гістарыяграфіі прысутнасць польскай грамадскасці ў беларускай гісторыі XIХ — пачатку ХХ ст. або ігнаравалася, або характарызавалася ў рэчышчы выключна канфрантацыйнага разумення мінулага: „паланізатары”, „прыгнятальнікі беларускага народа” і г.д. Беларускія савецкія даследчыкі ўслед за расійскай прапагандай часоў Імперыі сцвярджалі, што палякамі з’яўляюцца толькі прадстаўнікі вышэйшых сацыяльных колаў грамадства. Пэўныя ідэалагічныя ўстаноўкі перашкаджалі аб’ектыўнаму асвятленню месца і ролі палякаў у гісторыі.

На пачатку 90-х г. ХХ ст. у беларускай гістарыяграфіі пазначыла ся іншая тэндэнцыя. Упершыню яна выявілася на старонках папулярнага гістарычнага выдання „Сто пытанняў і адказаў па гісторыі Беларусі”. Ганна Сурмач, адказваючы на пытанне „Як на Беларусі з’явіліся палякі?”, падкрэсліла розніцу паміж этнічнымі палякамі і абсалютнай большасцю прадстаўнікоў мясцовай (беларускай) польскай грамадскасці. Апошнія, на яе думку, з’яўляюцца „беларусамі з паходжання” або „апалячанымі беларусамі”[6]. У беларускай гістарыяграфіі пачала распаўсюджвацца ідэя, што мясцовыя палякі — гэта ні што іншае, як польскамоўныя этнічныя беларусы. З’явілася адпаведная тэрміналогія: „беларускія памешчыкі-католікі”[7] і „польска-беларускія памешчыкі”[8] (Міхась Біч), „польска-беларускія пісьменнікі”[9] (Соф’я Кузняева). Некаторыя даследчыкі (Анатоль Жытко) пачалі ўжываць тэрміны „палякі” і „польскія дваране” толькі ў двукоссі, падкрэсліваючы тым самым іх адноснасць у дачыненні да мясцовых палякаў[10]. Леанід Лыч характарызаваў Яна Баршчэўскага, Яна Чачота, Людвіка Кандратовіча (У.Сыракомлю) як „беларусаў па нацыянальнасці, што служылі на карысць польскай літаратуры”[11]. Гэты падыход фактычна ператвараў беларускіх палякаў у нейкіх сапсаваных беларусаў. Ён перакрэсліваў іх гістарычную адметнасць, іх права на ўласнае месца ў беларускай гісторыі.

Значна больш увагі пытанню міграцыі палякаў на беларускія і літоўскія землі аддалі прадстаўнікі т.зв. „ліцвінскай” (на пачатку ХХ ст. — „краёвай”) гістарыяграфіі і польскія навукоўцы.

Падмуркам фармавання „ліцвінскай” („краёвай”) гістарычнай памяці сталі працы прафесараў гісторыі і славістыкі Віленскага універсітэта першай трэці XIХ ст. Такія даследчыкі, як Ігнат Даніловіч, Іван Лабойка, Юзаф Ярашэвіч, Міхаіл Баброўскі, Іван Анацэвіч, а пазней Тэадор Нарбут і Адам Кіркор фактычна ўпершыню зрабілі гісторыю беларуска-літоў скага краю самастойным аб’ектам даследаванняў. Яны адмовіліся глядзець на гісторыю Беларусі і Літвы „вачыма” Пецярбурга або Варшавы. Іх погляд — гэта погляд людзей, для якіх зыходным і канчатковым пунктам разважанняў былі інтарэсы беларуска-літоўскага краю. Характэрнай рысай даследаванняў віленскіх гісторыкаў быў краёвы, беларуска-літоўскі патрыятызм. А.Кіркор у адным з лістоў 1861 г. пісаў: „Ніколі не знікне ўва мне гэтае пачуццё. Я люблю маю Радзіму з натхненнем юнака і самаахвярнасцю мужчыны. Я маю сэрца і адчуваю сімпатыю да Польшчы настолькі, наколькі яе лёс звязаны з нашым”[12].

Навуковыя працы віленскіх гісторыкаў спрыялі ўсведамленню шляхтай краю сваіх мясцовых каранёў. Напрыклад, Т.Нарбут у беларускай і літоўскай шляхце ХIV ст. бачыў продкаў шляхты XIХ ст. Ён жа падкрэсліваў самастойнасць дзяржаўнага развіцця ВКЛ і пасля Крэўскай (1385), і пасля Гарадзельскай (1413) уній[13].

Ідэі віленскай гістарычнай школы жылі, нягледзячы на тое, што пасля разгрому паўстання 1863 г. сфера іх распаўсюджання была моцна абмежавана. З афіцыйных навучальных установаў яе выцесніў „заходнерусізм” у яго найбольш кансерватыўных і антыбеларускіх формах, а ў розных нелегальных асветніцкіх гуртках усё часцей выкарыстоўва ліся працы тых гісторыкаў, якія ўспрымалі беларуска-літоўскі край як польскую правінцыю. На фоне гэтых ідэалагічных пастулатаў сапраўдным бастыёнам ліцвінскай гістарычнай свядомасці выглядаў трэці том „Живописной России” (1882), які быў прысвечаны Беларусі і Літве і напісаны амаль адным Адамам Кіркорам. Палякі на старонках працы А.Кіркора трактаваліся як адзін з карэнных народаў краю.

На пачатку ХХ ст. традыцыі віленскай гістарычнай школы працягвалі публіцысты т.зв. „краёвага” лагеру. Краёўцы падкрэслівалі мясцовае паходжанне вышэйшых колаў польскай грамадскасці: „Значную частку польскіх землеўласнікаў у Беларусі […] складала шляхта мясцовага паходжання, якая некалі спавядала ўсходні абрад, але ўжо ў ХVII ст. была паланізаваная і акаталічаная. Яна адчувала адзінства крыві з мясцовым народам”[14].

Краёўцы актыўна выкарыстоўвалі галоўны прынцып віленскай гістарычнай школы — разгляд гісторыі Беларусі і Літвы як гісторыі самастойнай і самабытнай. Асэнсоўваючы мінулае, яны зрабілі спробу далейшага развіцця гістарыяграфіі. На іх гістарыяграфічны ўклад моцна паўплывала развіццё літоўскага і беларускага нацыянальных рухаў. Ідэолагі літоўскага руху трактавалі мясцовую польскую шляхту як ахвяру гвалтоўнай і прымусовай палітыкі паланізацыі і заклікалі яе вярнуцца да сваіх літоўскіх каранёў. Польска-літоўскі канфлікт прымусіў звярнуцца да новага асэнсавання месца і ролі палякаў у гісторыі Беларусі і Літвы.

Паступова канкурэнцыю ідэі беларуска-літоўскага паходжання шляхты склаў тэзіс агульных польска-літоўска-беларускіх каранёў. Вядомы публіцыст Баляслаў Ялавецкі сцвярджаў, што яшчэ да ўзнікнення ВКЛ шматлікія набегі літоўцаў на польскія землі ў ХII ст. прывялі да з’яўлення на абшарах „этнаграфічнай” Літвы польскіх асаднікаў-катал ікоў. Выкарыстоўваючы аслабленне Польшчы пасля смерці Баляслава III (1138), літоўскія князі перасялілі на свае землі дзесяткі тысяч жыхароў этнічных польскіх земляў, так што ў Літве не засталося ніводнага кута, дзе б ні было палякаў[15]. А пасля далучэння беларускіх земляў да дзяржавы Міндоўга польская і літоўская кроў змяшалася з беларускай. На думку публіцыста-краёўца, ужо ў часы Ягайлы ў Літве не засталося чалавека, які б не меў у сабе крыві ўсіх трох народаў — палякаў, беларусаў і літоўцаў[16]. Распаўсюджваўся тэзіс пра культурнае адзінства гэтых народаў. Па сутнасці, сцвярджалася існаванне на тэрыторыі ВКЛ у часы Сярэднявечча агульнага польска-беларуска-літоўскага этнасу. Аднак гэты тэзіс не атрымаў распаўсюджання.

Найбольш грунтоўныя навуковыя працы, прысвечаныя радаводу польскай грамадскасці Беларусі і Літвы, належаць вядомаму навукоўцу і палітыку Міхалу Ромэру. У пэўным сэнсе ён працягваў традыцыі Тэадора Нарбута. Даследчык быў упэўнены, што палякі Літвы і Беларусі не павінны ўспрымацца як прышлы і чужы элемент тыпу нямецкіх баронаў у Латвіі і Эстоніі. На яго думку, характэрныя для мясцовых палякаў рысы польскай культуры з’яўляюцца вынікам працэсу паланізацыі[17]. На пачатку ХХ ст. М.Ромэр увёў у навуковы зварот паняцце „літоўскія палякі”.

Трэба адзначыць, што гэты тэрмін быў досыць распаўсюджаны ў грамадстве. Вячаслаў Вярэніч сцвярджаў, што ён шырока ўжываўся на беларуска-літоўскіх землях на пачатку ХХ ст. як назва-этнонім[18]. Вядомы эпізод дыскусіі вакол пытання аб уласнай ідэнтыфікацыі, якая разгарнулася на адным са сходаў тайнага гуртка віленскіх гімназістаў „Spójnia” („Саюз”). Гурток быў заснаваны братамі Браніславам і Юзафам Пілсудскімі ў 1882 г. Удзельнікі дыскусіі адмовіліся лічыць сябе палякамі або літоўцамі і абвясцілі, што з’яўляюцца літоўскімі палякамі. („Мы літоўскія палякі і наша задача — захаванне польскай культуры на гэтай зямлі. Мы павінны быць не прыгнятальнікамі іншых слабейшых нацый, а іх апекунамі”[19].)

У далейшай навуковай і грамадска-палітычнай дзейнасці М.Ромэра ідэя мясцовага паходжання польскай шляхты атрымала сваё развіццё. Навуковец катэгарычна абвяргаў сцвярджэнне, што палякі Беларусі і Літвы з’яўляюцца часткай польскай нацыі, якая пасялілася на т.зв. „крэсах усходніх”. Ён даказваў, што мясцовыя палякі — гэта прадукт культурнай паланізацыі вышэйшых колаў грамадства „гістарычнай Літвы”, а таксама гарадскога насельніцтва і сялянскіх рэгіёнаў усходняй часткі этнічнай Літвы[20]. Маючы на ўвазе літоўскіх і беларускіх палякаў, даследчык катэгарычна сцвярджаў: „Мы не імпартаваны экзатычны тавар, а прадукт непасрэднай гістарычнай эвалюцыі, якая адбывалася ў нашым краі па прычыне ўздзеяння пэўных падзей палітычнай гісторыі”[21]. Даследчык характарызаваў палякаў Літвы як адметны этнакультурны феномен, не падобны ні на палякаў, ні на літоўцаў, ні на беларусаў.

Трэба адзначыць, што гэтая канцэпцыя паступова знайшла водгук у польскай гістарыяграфіі. Але пры канцы XIХ і на пачатку ХХ ст. сярод польскіх даследчыкаў распаўсюдзілася сцвярджэнне пра велізарную колькасць палонных палякаў, якія былі выведзены літоўскімі князямі з тэрыторыі этнічнай Польшчы пад час войнаў ХII—ХIII ст.[22] Апроч палонных згадваліся сяляне-асаднікі з Мазоўша і з польскай часткі Падлясся, дробная шляхта[23], рамеснікі і купцы[24]. „Польская экспансія” (выраз належыць вядомаму палітыку і навукоўцу Леону Васілеўскаму) часта параўноўвалася з крыжацкім рухам на Ўсход („Drang nach Osten”)[25]. Пры гэтым меліся на ўвазе не ваенныя, а цывілізацыйныя (культурныя) наступствы гэтых працэсаў. Л.Васілеўскі таксама сцвярджаў факт масавага наплыву палякаў на тэрыторыю „гістарычнай Літвы” пасля Люблінскай уніі[26]. Відавочна, што тэзіс пра масавую міграцыю выконваў пэўную ідэалагічную ролю. Ён сцвярджаў легітымнасць польскіх эканамічных, культурных і палітычных пазіцый на Ўсходзе.

Ідэалагічныя ўплывы ў польскай гістарыяграфіі пачатку ХХ ст. адзначыў таксама даследчык з Познані Ян Юркевіч, які зрабіў грунтоўны аналіз прац, прысвечаных праблеме асадніцтва ў ВКЛ. На яго думку, адказам на літоўскі тэзіс прымусовай паланізацыі шляхты Вялікага Княства было распаўсюджанне трох канцэпцый паходжання палякаў Літвы і Беларусі. Адна з іх сцвярджала факт масавага наплыву палякаў на тэрыторыю ВКЛ. Прычым, калі ў ХIII—XIV ст. гэтае перасяленне мела пераважна прымусовы характар (ваеннапалонныя), то пасля Люблінскай уніі распачалася актыўная добраахвотная міграцыя з Польшчы на неасвоеныя землі княства. Менавіта гэтыя працэсы, на думку шэрагу польскіх даследчыкаў пачатку ХХ ст., змянілі этнічна-культурную сітуацыю ў ВКЛ[27]. Гісторык Якубоўскі ў працы, прысвечанай этнічным адносінам у ВКЛ да Люблінскай уніі („Studia nad stosunkami narodowościowymi na Litwie przed Unią Lubielską”. Warszawa, 1912), даказваў, што масавай міграцыі насельніцтва з Польшчы ў ВКЛ да уніі не было. Галоўную ролю ва ўмацаванні польскіх пазіцый, на яго погляд, адыграў фактар паланізацыі. Леон Васілеўскі бачыў у паляках гістарычнай Літвы нашчадкаў польскіх асаднікаў часоў Сярэднявечча і наступствы працэсаў паланізацыі. Ён быццам спрабаваў прымірыць абедзве згаданыя канцэпцыі[28].

Тэзіс пра вялікую колькасць польскіх палонных, выгнаных у Літву, адным з першых паставіў пад сумненне Генрык Лаўмяньскі, які з недаверам паставіўся да адпаведных запісаў у хроніках. Ён жа сцвярджаў, што палонныя вельмі хутка асіміляваліся ў этнічна чужым асяроддзі. Уладыслаў Вяльгорскі ў сваіх пасляваенных працах таксама адзначаў факт прымусовага перасялення польскіх палонных і міграцыі гарадскога насельніцтва з этнічнай Польшчы і сцвярджаў, што да Люблінскай уніі агульная колькасць палякаў-мігрантаў у гістарычнай Літве была нязначнай. Унія, на яго думку, стварыла дадатковыя магчымасці для пранікнення палякаў, але ўсё роўна масавага прытоку іх не назіралася[29]. Аналіз тапанамікі на тэрыторыі Беларусі і Літвы дазволіў іншаму вядомаму польскаму даследчыку Ежы Ахманьскаму адзначыць невыразнасць і слабасць слядоў польскага асадніцтва. Што датычыць сялянства этнічнай Польшчы, то вывучэнне польскай гістарыяграфіі дазволіла Яну Юркевічу сцвердзіць, што да XVIII ст. „асадніцтва польскіх сялян у ВКЛ не мела істотнага ўплыву на перамены этнічных адносінаў у мясцовай вёсцы”[30].

Аднак польскія імігранты з ліку каталіцкага і пратэстанцкага духавенства, дзеячы культуры Польшчы прыкметна паўплывалі на развіццё культуры Вялікага Княства. Праўда, гэты ўплыў не трэба перабольшваць. Марыя Тапольска паспрабавала вызначыць колькасць палякаў-перасяленцаў з дапамогай аналізу прозвішчаў. Яна звяртала ўвагу на прозвішчы з польскімі каранямі. Гэты метад дазволіў сцвярджаць, што, напрыклад, у Кейданах, Біржах і Нясвіжы ў ХVII ст. палякі-пера сяленцы складалі 25-30% насельніцтва, а сярод выкладчыкаў Віленскай Акадэміі — каля 60%[31]. З тэзісам М.Тапольскай пра тое, што працэсы Рэфармацыі і Контррэфармацыі спрыялі наплыву ў ВКЛ прадстаўнікоў польскай культурнай і палітычнай эліты, можна пагадзіцца. Але прыведзеныя падлікі выклікаюць сумненне. Польскія карані ў прозвішчах могуць сведчыць не столькі пра перасяленні, колькі пра асіміляцыйныя працэсы і пашырэнне ўплываў польскасці. На гэты недахоп выкарыстанай методыкі звярнуў увагу таксама Ян Юркевіч[32]. Гэты ж даследчык заўважыў, што нельга казаць пра моцны ўплыў польскіх перасяленцаў на палітычную эліту ВКЛ. Нават пры хуткай паланізацыі гэтай эліты яна ўяўляла сабой досыць замкнутае для выхадцаў з Каралеўства Польскага кола[33].

На думку Яна Юркевіча, пасляваенныя працы польскіх даследчыкаў сведчаць пра тое, што гістарычная навука Польшчы не дазволіла ўцягнуць сябе ў ідэалагічную спрэчку і адмовілася ад высноваў пачатку ХХ ст., заснаваных не столькі на крыніцах, колькі на пэўных ідэалагемах[34].

У гэты ж перыяд ў польскай гістарыяграфіі пачаў пашырацца погляд краёўцаў. Уладыслаў Вяльгорскі выказаў думку пра фармаванне на тэрыторыі гістарычнай Літвы у выніку працэсу паланізацыі асобнага тыпу палякаў („odmiany polskości”)[35]. Падыходы М. Ромэра і Ў. Вяльгорскага ў пэўнай ступені падзяляе вядомы даследчык Юліуш Бардах. Характарызуючы міграцыю палякаў у Беларусь і Літву, ён адзначыў толькі перасяленні польскіх мяшчан пры канцы XIV ст. у Вільню і Берасце, а таксама мазураў-асаднікаў на Падляссе. Ва ўмацаванні польскіх пазіцый на тэрыторыі „гістарычнай Літвы” значна большую ролю, на яго думку, адыграла пашырэнне польскай мовы і культуры сярод вышэйшых колаў грамадства ВКЛ. Ю.Бардах адзначыў супольнасць паходжання „літоўскіх палякаў” з этнічнымі беларусамі і літоўцамі, культурныя ўзаемаўплывы. На яго думку, у выніку паланізацыі сфармаваўся адметны тып паляка ў Літве і Беларусі, які па сваіх этнакультурных характарыстыках бліжэйшы да літоўца і беларуса, чым да паляка з этнічнай Польшчы[36].

Адметнасць палякаў Беларусі і Літвы адзначыў таксама польскі гісторык Пётр Вандыч[37]. Ён карыстаўся паняццем „Poіono-Litwin”. У польскай гістарыяграфіі для пазначэння палякаў „гістарычнай” Літвы ўжывалася таксама паняцце „ліцвіны, якія размаўляюць па-польску”[38]. Вядомы палітык і гісторык Вацлаў Гізберт-Студніцкі ў свой час прапанаваў увесці тэрмін „ліцвін-паляк”[39].

З тым, што палякі-мігранты не выканалі прыкметнай ролі ў працэсе фармавання польскай грамадскасці Літвы і Беларусі, пагадзіўся вядомы польскі дэмограф і гісторык Пётр Эберхардт: „Паланізацыя беларускай шляхты мела характар эндагенічны, больш культурны, чым дэмаграфічны. Шляхта беларускага паходжання паланізавалася і там, дзе наогул не было польскіх асаднікаў”[40]. Паводле П.Эберхардта радавод большасці палякаў Віленшчыны і Гарадзеншчыны выглядае наступным чынам: насельніцтва літоўскага паходжання прыняло каталіцкую веру, потым славянізавалася і перайшло на беларускую мову, а ў канцы XIХ — на пачатку ХХ ст. эвалюцыянавала да польскасці[41].

У літоўскай гістарыяграфіі паняцце „літоўскія палякі” выкарыстоўвае Рымантас Мікніс, галоўным аб’ектам навуковай зацікаўленасці якога з’яўляюцца погляды і палітычная дзейнасць Міхала Ромэра[42]. Іншы віленскі даследчык Ян Савіцкі ў характарыстыцы свядомасці Міхала Ромэра ўжыў паняцце „Litwino-Polak”[43].

Такім чынам, на сённяшні дзень прынцыповых разыходжан няў у характарыстыцы радаводу палякаў Беларусі і Літвы паміж трыма нацыянальнымі гістарыяграфіямі няма. Галоўным фактарам фармавання польскай грамадскасці беларуска-літоўскага краю лічыцца паланізацыя.

Феномен паланізацыі патрабуе спецыяльнай увагі. Ужо ў перыяд станаўлення беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі фактар польскіх уплываў ацэньваўся вельмі негатыўна і параўноўваўся з палітыкай русіфікацыі. Мітрафан Доўнар-Запольскі, напрыклад, лічыў, што ў XVI—XVII ст. і Польшча, і Расія, узаемадапаўняючы свае намаганні, знішчалі палітычную самастойнасць беларускай нацыі і перашкаджалі яе нацыянальна-культурнаму развіццю. „Польска-каталіцкае іга” часоў Рэчы Паспалітай, па меркаванні даследчыка, пазбавіла беларускі этнас вышэйшых сацыяльных колаў[44]. У кнізе “Гісторыя Беларусі” (1926), што ўбачыла свет толькі ў 1994 г., гісторык адзначыў ужо працэс паланізацыі ў дачыненні да „нізоў” насельніцтва беларускай зямлі ў першай трэці XIХ ст. Ён звязваў гэты працэс з адукацыйнай дзейнасцю кіраўнікоў Віленскай навучальнай акругі на пачатку XIХ ст. На думку М.Доўнара-Запольскага, „гэтая эпоха (першая трэць XIХ ст. — А.С.) вырвала з Беларусі шмат яе найлепшых сыноў, якія забыліся пра сваю нацыяналь насць пад уплывам агульнага ўздыму паланізацыі і аддалі свой розум і здольнасці польскай культуры і нацыянальнасці”[45].

Вацлаў Ластоўскі на старонках „Кароткай гісторыі Беларусі” (1910) пачаў выкарыстоўваць тэрмін „апалячванне”[46], пад якім разумеў працэс паланізацыі вышэйшых колаў беларускага этнасу ў ХVII-XVIII ст. У гэтым працэсе даследчык бачыў хутчэй самаапалячванне, чым наступствы палітыкі нацыянальнага ціску: „Людзі вышэйшых станоў, прыймаючы польскую культуру, зусім адрываліся ад свайго народу […]. У другім-трэйцім пакаленьні апалячэные князі і баяры беларускіе забываліся зусім аб сваім беларускім народзе і павелічылі сілу і значэньне палякоў у сваім краю, шырылі самі польскасць. […] Па дварох князёў-рэнэгатоў польшчына выцесьняла ўсё беларускае і ўзгадовывала грамадзян-рэнэгатоў”[47]. В.Ластоўскі таксама шырока цытаваў „Прамову Івана Мялешкі” (XVII ст.). Гэты ананімны твор рэзка асуджаў і высмейваў беларускую шляхту за яе імкненне пераймаць польскасць і служыць не Радзіме („Літве і Русі”), а польскаму каралю.

Шмат увагі польскім палітычным, рэлігійным і культурна-нацыя нальным уплывам, якія разумеліся як перайманне польскага ладу жыцця, польскіх звычаяў і мовы, аддаў Усевалад Ігнатоўскі. Прычым, паводле яго думкі, пашырэнне польскіх уплываў было абумоўлена шэрагам мерапрыемстваў польскіх уладаў у Беларусі[48]. Фактычна, пачынаючы з У.Ігнатоўскага ў савецкай беларускай гістарыяграфіі паланізацыя стала трактавацца толькі як вынік палітычных намаганняў польскіх уладаў. У гістарыяграфіі 30-80-х г. ХХ ст. праблемам гісторыі беларускай культуры, фармавання беларускай нацыі, пытанням гісторыі беларускай дзяржаўнасці вялікай увагі не аддавалася. Паняцце „паланізацыя” часцей выкарыстоўвалася толькі для разумення гістарычнага лёсу беларускай літаратуры[49].

Аўтарам адзінай спецыяльнай працы, прысвечанай праблеме паланізацыі, стаў рэлігійны дзеяч і прадстаўнік эмігранцкага кірунку беларускай пасляваеннай гістарыяграфіі Леў Гарошка. Ён сцвярджаў, што паланізацыя была дзяржаўнай палітыкай Рэчы Паспалітай у XVII—XVIII ст.[50] Пры гэтым даследчык катэгарычна абвяргаў тэзіс, народжаны яшчэ расійскай прапагандай часоў віленскага генерал-губерна тара графа М.Мураўёва, што каталіцызм у Беларусі — выключна сродак паланізацыі мясцовага насельніцтва. Леў Гарошка, наадварот, сцвярджаў беларускі характар каталіцызму ў XV—XVI ст. Ён адным з першых звярнуў увагу на прыкметную ролю Рэфармацыі і Контррэфарма цыі ў працэсе паланізацыі. Хоць і тут гісторык падкрэсліў, што паланізацыя не была мэтаю рэлігійных рухаў. Галоўны стрыжань паланізацыі, на думку беларускага даследчыка, — перанос цэнтра дзяржавы з Вільні ў Кракаў, які ўжо на пачатку XVI ст. стаў галоўнай рэзідэнцыяй вялікага князя літоўскага і караля польскага[51]. Мелася на ўвазе значнае абмежаванне дзяржаўнага суверэнітэту.

Цалкам інакш Леў Гарошка ацэньваў ролю каталіцкага касцёла ў Беларусі ў перыяд расійскага панавання. Узмацненне працэсу паланізацыі ён звязваў непасрэдна з дзейнасцю каталіцкага касцёла. Даследчык пагадзіўся з заўвагай польскага гісторыка Здзіслава Дэмбіцкага (1944): „Ня Польшча стала каталіцкаю, а каталіцызм стаў польскім”[52]. Менавіта ў гэты час, на думку Льва Гарошкі, распаўсюджваецца паняцце „польская вера”. За ім стаяла ўсведамленне, што кожны паляк — гэта каталік, а кожны каталік — паляк. У змаганні з уладамі Расіі за незалежнасць Польшчы прадстаўнікі каталіцкага духавенства „стараліся задушыць усе праявы беларускага вызвольнага руху”[53]. І тым не менш насуперак некаторым уласным тэзісам аўтар адзначыў факты пэўнай „беларусізацыі” каталіцкага касцёла на пачатку ХХ ст. (1911 г. — з’яўленне беларускага гуртка і беларускай бібліятэкі ў Віленскай духоўнай семінарыі; 1912 г. — тое самае адбылося ў Санкт-Пецярбургскай Духоўнай Акадэміі і інш.).

У 90-я г. ХХ ст. беларускія даследчыкі зноў звярнулі ўвагу на характар працэсу і сутнасць паланізацыі. Зноў некаторыя з іх (Соф’я Кузняева, Міхась Біч) пачалі праводзіць аналогію паміж русіфікацыяй і паланізацыяй (па меншай меры для канца XVIII — пачатку XIX ст.)[54]. Галоўным наступствам паланізацыі вярхоў грамадства ў XVI—XVIII ст. М.Біч лічыў страту беларускім этнасам уласнай нацыянальнай інтэлігенцыі. А гэта, на яго думку, прывяло да фалькларызацыі беларускай культуры[55].

Сярод прац апошняга часу звяртаюць на сябе ўвагу тэксты Леаніда Лыча. Паланізацыя трактуецца гэтым гісторыкам амаль выключна як прымусовае апалячванне. У прыватнасці, ён сцвярджаў, што „ідэолагі каралеўскай улады і каталіцкай царквы (у Рэчы Паспалітай. — А.С.) імкнуліся ўсімі сродкамі хутчэй апалячыць беларускі народ, падарваць яго веру ў самабытнасць”[56]. Прычым адным з галоўных сродкаў апалячвання быў „каталіцызм”[57]. Падобную пазіцыю займаюць таксама Ігар Карашчанка і Анатоль Валахановіч: „Частка беларускага насельніцтва, асабліва прадстаўнікі вышэйшых саслоўяў, прымаючы каталіцкую веру, меняла сваю нацыянальную прыналежнасць на польскую”[58]. Яны ж сцвярджаюць, што „за перыяд існавання Рэчы Паспалітай на беларускіх этнічных землях і на беларуска-літоўскім этнічным памежжы ўтварыліся пэўныя тэрыторыі, на якіх сяляне, што былі католікамі па веравызнанні, вызначалі сваю этнічную прыналежнасць як польскую…”[59]

На старонках «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» Л.Лыч вызначыў паланізацыю як „сістэму мерапрыемстваў дзяржаўных органаў, культурных устаноў і каталіцкага духавенства па асіміляцыі беларуска га народа”[60]. Першыя „сімптомы” паланізацыі ён заўважыў ужо пасля Крэўскай уніі (1385). Галоўная прычына страты часткай беларусаў сваёй культурна-моўнай адметнасці ў перыяд Рэчы Паспалітай, паводле Л.Лыча, заключалася ў свядомай дзейнасці свецкай і духоўнай уладаў гэтай дзяржавы. Ён катэгарычна адвергнуў шлях самаапалячвання або добраахвотнага пераймання ўзораў польскай культуры і польскай мовы беларусамі. Л.Лыч лічыў, што паланізацыя працягвалася і пасля далучэння беларускіх земляў да Расіі. Па меркаванні даследчыка, яна аслабела толькі пасля разгрому паўстання 1863—1864 г.

Варта заўважыць, што Леанід Лыч, як і некаторыя іншыя беларускія гісторыкі, для разумення гістарычных працэсаў часоў Сярэднявечча карыстаецца тэрміналогіяй, якая з’яўляецца толькі ў перыяд новай і найноўшай гісторыі, калі, зрэшты, і адбываецца працэс фармавання нацый. Але вядома, што Рэч Паспалітая была феадальна-сас лоўнай шляхецкай дзяржавай і не з’яўлялася механізмам для рэалізацыі нацыянальных інтарэсаў. Трэба адзначыць і тое, што палітычныя прывілеі для каталікоў нельга лічыць прыкметай палітыкі нацыяналь най асіміляцыі, таму што і канфесія не роўная этнічнасці або нацыянальнасці. Тэрмін „паляк” у часы існавання Рэчы Паспалітай быў тэрмінам не нацыянальным, а саслоўным. І толькі ў такім сэнсе гэтую краіну можна лічыць „польскай дзяржавай”. Спроба ахарактарызаваць працэсы паланізацыі часоў Рэчы Паспалітай у катэгорыях палітыкі нацыянальнай асіміляцыі ўладаў II Рэчы Паспалітай (1918—1939) толькі заблытвае сітуацыю. Характэрнае для Л.Лыча атаясамліванне каталіцыз му і польскасці не дазваляе растлумачыць факта прыналежнасці да каталіцкага касцёла шматлікіх дзеячаў беларускага нацыянальна-культур нага Адраджэння пачатку ХХ ст. Што датычыць факталагічнага абгрунтавання тэзіса пра асіміляцыйны курс уладаў Рэчы Паспалітай, то Леанід Лыч, фактычна, усе свае разважанні будуе толькі на адным эпізодзе — замена старабеларускай мовы на старапольскую ў дзяржаўным справаводстве ВКЛ (1696). Здаецца, што ў гэтым выпадку мы сустракаемся з пэўнай ідэалагічнай зададзенасцю, якая перашкаджае навуковаму вырашэнню праблемы.

Вячаслаў Вярэніч і Міхаіл Піліпенка звярнулі ўвагу на ўзаемнасць культурных уплываў. В.Вярэніч лічыць, што паланізацыя „рускага і літоўскага баярства” ў XVI — XVIII ст. была амаль роўнай па этнічных маштабах працэсу асіміляцыі польскіх каланістаў з ніжэйшых колаў грамадства. На яго думку, уплыў беларускай мовы вызначыў фармаванне адметнай т.зв. „літоўскай пальшчызны”[61]. М.Піліпенка звязаў з „польскас цю” з’яўленне новых формаў адміністрацыйнага падзелу, гарадскога самакіравання, новага календара, пранікненне каталіцызму і пэўныя ўплывы на беларускую мову (напрыклад, узбагачэнне слоўнікавага складу і інш.)[62].

В.Вярэніч (услед за польскай даследчыцай Галінай Турскай) адзначыў спантанную самапаланізацыю вясковага насельніцтва Віленшчыны і Гарадзеншчыны ў другой палове ХIХ ст.[63] Ён жа сцвярджаў, што атаясамліванне каталіцызму і польскасці прыйшло ў Беларусь ужо пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і было звязана з палітыкай царскіх уладаў. Менавіта апошнія навязвалі грамадству тэрміны „руская вера” і „польская вера”, што спрыяла русіфікацыі праваслаўных і паланізацыі каталікоў[64].

Можна зрабіць выснову, што ў сучаснай беларускай гістарыяг рафіі спробы навуковага падыходу да праблемы польска-беларускіх культурных уплываў суседнічаюць са спрошчаным ідэалагізаваным разуменнем феномена паланізацыі. Адлюстраваннем гэтага з’яўляецца і пэўная неакрэсленасць паняційнага апарату. Тэрмінам „паланізацыя” адначасова характарызуюць працэс прымусовай асіміляцыі і працэс самаапалячвання або спантаннай (стыхійнай) асіміляцыі. Часта ставіцца знак роўнасці паміж паланізацыяй і русіфікацыяй, як пры ацэнцы гэтых з’яваў на працягу ўсёй гісторыі Беларусі, так і для перыяду XIХ — пачатку ХХ ст. За невялікім выключэннем большасць беларускіх даследчыкаў разумее феномен паланізацыі толькі як з’яву палітыкі нацыянальнай асіміляцыі.

У літоўскай гістарыяграфіі працяглы час беспадзельна дамінавала пазіцыя, сфармуляваная яшчэ Сімонам Даўконтасам, які лічыў палякаў і Польшчу галоўнай крыніцай усіх бедаў літоўскай гісторыі. Звычайна ўжываўся тэрмін „паланізацыя” як сінонім прымусовай асіміляцыі. Апошнім часам гэтая пазіцыя падверглася выразнаму перагляду. У працах Эдвардаса Гудавічуса і Альфрэдаса Бумблаўскаса сцвярджаец ца, што паняцце „паланізацыі” (прымусовай асіміляцыі) не з’яўляецца адэкватным для разумення культурных працэсаў перыяду ВКЛ. Даследчыкі выказваюць меркаванне пра дамінаванне працэсу самапаланізацыі, які быў вызначаны параўнальна больш высокім узроўнем польскай культуры. (Рымантас Мікныс: Магнатэрыя і шляхта паланізаваліся „натуральна, без гвалту”[65].) Менавіта паланізацыя паспрыяла далучэнню Літвы дa дасягненняў еўрапейскай культуры. Яна ж выступіла ў ролі пэўнага каталізатара фармавання еўрапейскай мадэлі культуры літоўцаў[66]. У якасці этапу, які папярэднічаў самапаланізацыі і паланізацыі, А.Бумблаўскас вылучыў таксама перыяд „прыняцця элементаў польскай культуры”[67].

Вядомы дзеяч літоўскай культуры Томас Венцлава заявіў пра неабходнасць цалкам адмовіцца ад традыцый С.Даўконтаса: „Унія (з Польшчай. — А.С.) увяла Літву ў сферу цывілізаванага Захаду. <…> Без уніі не было б ні архітэктуры Вільні, <…> ні Віленскага універсітэта, ні нават той каталіцка-вясковай цывілізацыі, якую мы схільныя атаясамліваць з літоўскасцю. Нарэшце толькі пасля уніі ў Літве пачало пашырацца заходняе разуменне палітычных правоў, нягледзячы на абмежаванні і эксцэсы, вядомыя кожнаму, хто хоць нешта чуў пра Рэч Паспалітую абодвух народаў”[68].

Літоўскія даследчыкі звяртаюць увагу і на працэс літуанізацыі палякаў. Яны ўслед за польскім гісторыкам Генрыкам Віснэрам спрабуюць растлумачыць такую з’яву гісторыі ВКЛ, як свядомасць тыпу gente Polonus natione Lithuanus. Можна сцвярджаць, што сучасная літоўская гістарыяграфія выходзіць на ўзровень усебаковага аналізу феномена паланізацыі.

Шмат увагі польскім уплывам у гісторыі Літвы аддалі прадстаўнікі „ліцвінскай” („краёвай”) гістарыяграфіі. Звычайна адзначалася вялікая пазітыўная роля польскай культуры і каталіцкага касцёла. Затое ўплывы польскіх палітыкаў рэзка крытыкаваліся. Т.Нарбут менавіта на польскіх магнатаў усклаў галоўную адказнасць за тое безуладдзе апошніх дзесяцігоддзяў Рэчы Паспалітай, якое палегчыла Расіі, Прусіі і Аўстрыі знішчэнне дзяржавы[69].

А.Кіркор успрымаў паланізацыю як заканамерны і прагрэсіўны працэс: „Нельга не пагадзіцца, што, як у адукацыі, так і ў грамадзянскіх правах і ўстановах, нарэшце, у глыбока ўкаранёным пачуцці патрыятызму, палякі мелі значную перавагу над літоўцамі і беларусамі. Менавіта гэтым тлумачыцца, што паводле натуральнага закона прыроды вышэйшая і мацнейшая цывілізацыя праглынула слабейшую і малодшую”[70]. Пры гэтым А.Кіркор падкрэсліваў, што народы, якія зліліся з Польшчай, ад гэтага зусім не пацярпелі. Наадварот, па разумовых здольнасцях, мужнасці, моцы характару і вытрымцы яны нават пераўзыходзілі палякаў.

Міхал Ромэр трактаваў паланізацыю як добраахвотны працэс пераймання ўзораў польскай культуры. Менавіта Польшча, на яго думку, была галоўным правадніком дасягненняў еўрапейскай культуры ў „гістарычнай Літве”[71]. Працэс паланізацыі М.Ромэр разумеў як працяглы перыяд змяшання элементаў польскай культуры з элементамі культуры мясцовай. Ён падкрэсліваў розніцу паміж паланізацыяй як з’явай палітычнай і паланізацыяй як з’явай культурнага жыцця. Першая, на яго думку, адбылася досыць хутка, а вось другая — зацягнулася. Яшчэ ў XVII ст., сцвярджаў М.Ромэр, шляхта ВКЛ карысталася літоўскай і беларускай мовамі[72].

На пачатку XIX ст., па ацэнцы М.Ромэра, буйная шляхта (землеўласнікі) канчаткова паланізавалася. А вось дробная і сярэдняя — заставалася „літоўскай” (у сэнсе палітычным, а не этнічным), хоць і была ўжо досыць моцна прасякнута польскімі ўплывамі. Яе імкненне да польскасці М.Ромэр тлумачыў не нацыянальна-культурнымі, а саслоўнымі („каставымі”) інтарэсамі[73]. Даследчык адзначыў таксама працяг працэсу паланізацыі насельніцтва Беларусі і Літвы ў другой палове XIX ст. Ён звязваў гэты працэс з сітуацыяй выбару паміж Польшчай і Расіяй, які павінна была зрабіць грамадскасць беларуска-літоўскага краю ва ўмовах рэзкага абвастрэння польска-расійскага супрацьстаяння. Менавіта яно вызначала жыццё Беларусі і Літвы пасля разгрома паўстання 1863—1864 г.

М.Ромэр надаваў паланізацыі выключна важную ролю. Менавіта з ёй навуковец і палітык звязваў нараджэнне адметнага этнакультур нага тыпу („псіхічна-культурнай індывідуальнасці”[74]) — „літоўскіх палякаў”. Да гэтага тыпу ён адносіў і сябе. У сваіх працах М.Ромэр неаднаразова падкрэсліваў мясцовае паходжанне літоўскіх палякаў, іх непарыўную сувязь з гісторыяй, традыцыямі і культурнай спадчынай ВКЛ. Ён звяртаў увагу і на асаблівасці мясцовай польскай мовы („літоўскай пальшчызны”), якая, на яго думку, па сваіх граматычных канструкцыях моцна нагадвала беларускую і літоўскую мовы[75].

Публіцысты-краёўцы пачатку ХХ ст. былі досыць катэгарычнымі ў сцвярджэнні, што дасягненні еўрапейскай культуры прыйшлі на беларускія і літоўскія землі з Польшчы. На іх погляд, у гістарычнай Літве фармавалася адзіная польска-беларуска-літоўская культура: „На ўсёй тэрыторыі Літвы панавалі тыя самыя звычаі, тая самая нацыянальная этыка […]“[76].

У польскай гістарыяграфіі ўжываюцца паняцці „паланізацыя” („polonizacja”) і „самапаланізацыя” („polszczenie sie”). Аднак прынцыповай розніцы паміж імі для бальшыні даследчыкаў няма. Паланізацыя звычайна трактуецца як самапаланізацыя[*]. Менавіта так тлумачыў працэс паланізацыі адзін з першых яго аналітыкаў Леон Васілеўскі. Паланізацыю ён разглядаў як наступствы таго, што „ўсходняя цывілізацыя” не вытрымала канкурэнцыі з „заходняй (польскай)”. Імкненне далучыцца да культуры больш высокага ўзроўню, характэрнае спачатку толькі для вышэйшых колаў грамадства ВКЛ, пазней для мяшчанства і духавенства, яшчэ пазней для тых прадстаўнікоў народа, што ўздымаліся ўверх па службовай лесвіцы, і было, на думку даследчыка, галоўнай прычынай паланізацыі[77].

Л.Васілеўскі адзначыў, што паланізацыя працягвалася і пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. Ён зафіксаваў парадаксальную, на першы погляд, сітуацыю: „Найбольшыя поспехі ў паланізацыі няпольскіх земляў былой Рэчы Паспалітай адбыліся ўжо пасля падзелаў Польшчы, у перыяд пераследаў польскасці. Больш за тое. Значнае перамяшчэнне польскай этнічнай тэрыторыі на Ўсход, а таксама пашырэнне этнічных польскіх рэгіёнаў адбываецца ў перыяд самага жахлівага наступу Расіі на ўсё польскае ў Літве і Беларусі, у перыяд Мураўёва-вешальніка…”[78]. Прычыны гэтай пазнейшай самапаланізацыі даследчык бачыў у дзейнасці каталіцкага касцёла і ў культурных уплывах найбуйнейшых гарадоў Літвы (у прыватнасці, Вільні і Коўна)[79].

Польскія публіцысты і даследчыкі пачатку ХХ ст. прызнавалі факт паланізацыі „вярхоў” літоўскага і беларускага этнасаў. Аднак бачылі ў гэтым пазітыўны і заканамерны працэс, які, на іх погляд, ніколі не адбываўся шляхам гвалту. „У культурнай перамозе нашай мовы над літоўскай, — сцвярджалі яны, — ёсць толькі перавага ведаў, працы і гуманізму ў звычаях”[80]. „Польская культура ў Літве не насаджалася полымем і мячом, а распаўсюджвалася праз сяброўства народаў”[81] і г.д. Дарэчы, гэтая ідэя адлюстравалася і ў мастацкай літаратуры. Дастаткова згадаць легенду пра Яна і Цыцылію з вельмі папулярнага ў свой час рамана Элізы Ажэшкі „Над Нёманам” (1887).

Як цывілізацыйную місію Польшчы на Усходзе Еўропы разумеў паланізацыю вядомы польскі дэмограф пачатку ХХ ст. Влодзімеж Вакар. Палякаў у Літве ён параўноўваў з нямецкімі каланістамі ў Польшчы, польскую мову з лацінскай мовай у сярэднявечнай Еўропе або з французскай мовай XVIII ст. у эпоху Асветніцтва[82].

Галіна Турска, якая ў 30-я г. ХХ ст. праводзіла этналагічнае і лінгвістычнае даследаванне польскамоўных рэгіёнаў Віленшчыны, прыйшла да вельмі цікавых высноваў наконт паланізацыі насельніцт ва беларуска-літоўскага этнічнага памежжа. Паланізацыю яна трактавала як пашырэнне арэалу выкарыстоўвання польскай мовы. Даследчыца даказала, што фармаванне польскамоўных рэгіёнаў на беларуска-літоўскім этнічным памежжы (Вільня — Коўна — Дынабург) адбывалася ў трэцяй чвэрці XIХ ст.[83] Сутнасцю гэтага працэсу было добраахвотнае імкненне сялянства далучыцца да польскай мовы і польскай культуры, якая па-ранейшаму ўспрымалася як прыкмета прыналежнасці да вышэйшага кола грамадства. Нават антыпольская палітыка расійскага ўрада не была ў стане стрымаць гэтае імкненне. Сяляне, вызваленыя ад прыгоннага ладу, дзякуючы выгаднай эканамічнай сітуацыі трэцяй чвэрці XIХ ст. паляпшалі сваё матэрыяльнае становішча і імкнуліся да паляпшэння становішча сацыяльнага. Ролю сапраўднага каталізатара працэсу паланізацыі сялянства Віленшчыны адыграў, на яе думку, каталіцкі касцёл. Набажэнствы ў касцёле яна параўноўвала з урокамі польскай мовы[84].

А вось Ю.Бардах не лічыў пашырэнне польскай мовы крытэрыем паланізацыі. Гісторык упэўнены, што для поўнай ідэнтыфікацыі сябе з палякамі менталітэту польскамоўнага насельніцтва не хапала яшчэ адпаведных палітычных і рэлігійных элементаў[85]. Напрыклад, у свядомасці шляхты яны з’явіліся пасля Люблінскай і Берасцейскай уній. Пашырэнне польскай мовы Ю.Бардах тлумачыў не „асіміляцыйнай” палітыкай кіраўнікоў Рэчы Паспалітай, а імкненнем шляхты далучыцца да вышэйшых сацыяльных і культурных колаў грамадства. Акту ўвядзення ў службовае справаводства ВКЛ польскай мовы (1696) даследчык не надаваў вялікага значэння. На яго меркаванне, гэты досыць фармальны акт толькі зафіксаваў тыя перамены, якія ўжо адбыліся. Гісторык звярнуў увагу на тое, што трэці Статут ВКЛ (1588) у 1614 г. быў надрукаваны ў польскім перакладзе, і з таго часу толькі так і перавыдаваўся[86]. На думку даследчыка, распаўсюджванню польскай мовы і культуры спрыялі імігранты з Польшчы. Але толькі гэтым і абмяжоўваецца іх дачыненне да паланізацыі.

Cучасная польская гістарыяграфія наогул не звязвае працэс паланізацыі з міграцыяй насельніцтва з тэрыторыі этнічнай Польшчы ў ВКЛ. „Трэба прызнаць, — заўважыў Ян Юркевіч, — што <…> колькасць імігрантаў з Кароны прынцыпова не паўплывала на працэс самапаланізацыі літоўскай шляхты. Тое самае можна сцвярджаць адносна ролі польскіх асаднікаў у гарадах Літвы ў працэсе самапаланізацыі мяшчанства”[87]. Генрык Лаўмяньскі лічыў паланізацыю прыкладам эфектыўнасці ідэалагічных уплываў[88].

Ю.Бардах грунтоўна прааналізаваў свядомасць тыпу gente Lithuani, natione Poloni. Ён адзначыў характэрную для яе, па меншай меры, з ХVII ст., падвоенасць нацыянальнага пачуцця, калі Літва ўспрымалася як „малая Айчына”, а Польшча — як „вялікая”[89]. Як „караняжы”, так і ліцвіны ў адпаведнасці з тагачаснымі паняццямі былі палякамі. Але гэтыя паняцці мелі дзяржаўны характар, а не этнічна-культурны.

На думку Уладыслава Вяльгорскага, усведамленню гістарычнай значнасці польска-літоўскай дзяржаўнай уніі моцна спрыялі падзелы Рэчы Паспалітай. Даследчык прааналізаваў шэраг дакументаў, звязаных з антырасійскімі паўстаннямі. Сярод іх быў і фрагмент Маніфеста Літоўскага Выканаўчага камітэта ад 19 сакавіка 1863 г.: „Суайчыннікі! Палякі паўсталі, каб скінуць ганебнае ярмо […] Літоўскі Выканаўчы камітэт […] заклікае нашых братоў ліцвінаў і беларусаў, чый лёс непадзельна звязаны з Польшчай, да паяднання ўсіх сіл вакол сцяга незалежнасці. Адна мэта аб’ядноўвае ўсіх нас — вызваленне Айчыны. […] Заклікаем усіх, у чыіх грудзях б’ецца польскае сэрца — наперад, пад сцяг Белага Арла і Пагоні!”[90].

Гэты дакумент належаў т.зв. „белым”. Але і „чырвоныя”, якіх Варшава рэзка крытыкавала за „сепаратызм”, не менш востра адчувалі непадзельнасць лёсу „гістарычнай Літвы” і Польшчы. Нават Кастусь Каліноўскі, адзін з „піянераў” беларускага нацыянальнага руху, сумяшчаў у сваёй свядомасці беларускі (дакладней, ліцвінскі) і польскі патрыятызм. Калі нават пагадзіцца з сумненнямі шэрагу беларускіх даследчыкаў (напрыклад, Міхась Біч) у тым, што менавіта К.Каліноўскі — аўтар вядомага „Pisma Jaski hospodara spad Wilni do muzykou ziemli polskaj”, то можна прыгадаць заклік да сумеснага змагання з „братамі з-пад Варшавы”, які ўтрымліваецца ў „Лістах з-пад шыбеніцы”. Можна пагадзіцца з думкай Станіслава Касцялкоўскага, што „ў барацьбе за перамогу паўстання ліцвіны ў той час яшчэ не бачылі ніякай розніцы паміж сабой і палякамі ні ў Літве, ні ў Беларусі”[91].

Пэўная раздвоенасць свядомасці выразна адчуваецца ў літаратурнай творчасці пісьменнікаў-ліцвінаў, пачынаючы ад Адама Міцкевіча. Славуты паэт-ліцвін стаў гонарам і славай польскай паэзіі. Ю.Бардах звярнуў увагу на характэрны фрагмент з ХII раздзела „Кнігі пілігрымства”: „Ліцвін і мазур — браты. Ці сварацца браты ад таго, што аднаго назвалі Ўладыславам, другога — Вітаўтам? Прозвішча ў іх адно, прозвішча Палякаў”[92].

Варта прывесці таксама ацэнку асобы А.Міцкевіча, якая належыць У.Вяльгорскаму. „Міцкевіч быў ліцвінам у тагачасным разуменні гэтага слова. Ён любіў свой родны край і яго мінуўшчыну сыноўняй любоўю. Жаданне вярнуць незалежнасць Вялікага Княства Літоўскага валодала ім цалкам. Адначасова Міцкевіч быў палякам. Ён належаў да польскай культуры і лічыў яе падмуркам духоўнай незалежнасці Айчыны. Незалежнасць Польшчы таксама была ягонай мэтай. Ён не аддзяляў яе ад свабоды Літвы. Абедзве гэтыя праўды аб’яднала ў душы Міцкевіча замілаванне да Рэчы Паспалітай”[93]. Яскравым прыкладам спалучэння ліцвінства і польскасці была таксама творчасць Людвіка Кандратовіча і Юзафа Крашэўскага.

У.Вяльгорскі лічыў, што менавіта гістарычная свядомасць нарадзіла гэты незвычайны для XIХ ст., перыяду нараджэння этнічных нацыяналізмаў, феномен. „Ліцвінства” ён звязваў з паходжаннем з тэрыторыі былога ВКЛ незалежна ад этнічнай і культурнай прыналежнасці, а польскасць лічыў гісторыка-палітычным утварэннем, вынікам гістарычных сувязяў, якія злучалі дзве дзяржавы і народнасці, што насялялі іх. Ён жа падкрэсліў прынцыповае адрозненне гэтай свядомасці ад свядомасці нацыянальнай[94].

Гэты даследчык таксама заўважыў пранікненне польскасці ў беларускую і літоўскую вёску ў перыяд самых моцных антыпольскіх рэпрэсій. На яго думку, гэтаму працэсу моцна спрыяў пачатак літоўскага нацыянальна-культурнага Адраджэння. Нежаданне часткі сялянства прымаць патрабаванні ідэолагаў і кіраўнікоў літоўскага руху падштурхоўвала яе ў бок польскасці[95].

Праблеме паланізацыі шмат увагі аддаў П.Эберхардт. І ён лічыў галоўным фактарам паланізацыі (=самапаланізацыі) прывабнасць польскай культуры[96]. На яго думку, паланізацыя ў I Рэчы Паспалітай ахапіла ўсю шляхту ВКЛ, а аналагічныя працэсы сярод сялянства беларуска-літоўскага краю на мяжы XIХ—ХХ ст. распаўсюдзіліся толькі ў каталіцкіх рэгіёнах заходняй Беларусі побач з польскай і літоўскай этнічнымі тэрыторыямі[97].

Адзначыўшы „прывабнасць” польскай культуры, П.Эберхардт адмовіўся ад адназначнай ацэнкі тэзіса пра цывілізацыйную місію Польшчы на Ўсходзе. Ён звярнуў увагу на працэс „рутэнізацыі” польскіх сялян-перасяленцаў („мазураў-буднікаў”), адзначыў захаванне палітычна-прававой адметнасці ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай, ахарактары заваў т.зв. „ліцвінскі сепаратызм” і падкрэсліў фактар культурных узаемаўплываў, які і вызначыў культурнае развіццё беларуска-літоўскага краю[98]. Аднак той ступені этнакультурнай адметнасці і таго ўзроўню сваеасаблівасці менталітэту літоўскіх палякаў, які дазволіў М.Ромэру, У.Вяльгорскаму і Ю.Бардаху прызнаваць факт існавання асобнага тыпу палякаў („odmiana polskoœci”), П.Эберхардт не заўважыў. Ён ужывае традыцыйнае паняцце „палякі ў Беларусі і Літве”.

Не надае вялікага значэння адметнасці палякаў Беларусі і Літвы i іншы вядомы польскі гісторык Роман Вапіньскі. Ён не лічыць, што гэтая адметнасць дазваляе карыстацца сучасным навукоўцам паняццем „літоўскія палякі”. На яго думку, гэты тэрмін можна ўжыць толькі ў дачыненні да асобных прадстаўнікоў польскай грамадскасці Беларусі і Літвы. Р.Вапіньскі ўвёў у гістарыяграфію паняцце „малая Айчына”[99]. Адной з такіх „малых Айчын” палякаў былі т.зв „Паўночна-ўсходнія крэсы”. Права лічыць іх сваёй Радзімай палякам даводзілася дзяліць з беларусамі і літоўцамі.

Дарэчы, як паказалі даследаванні Лешка Заштаўта, паняцце „крэсы” пашырылася на тэрыторыю „гістарычнай Літвы” якраз у другой палове XIХ ст., г.зн. у час спантаннай паланізацыі вясковага насельніцтва беларуска-літоўскага этнічнага памежжа. Польскі даследчык звязаў замену раней ужыванага тэрміна „землі забраныя” на паняцце „крэсы” з актывізацыяй палітыкі русіфікацыі, з узмацненнем намаганняў расійскіх уладаў даказаць, што „Паўночна-Заходні край” з’яўляецца спрадвечна рускай зямлёй[100]. Польскасць быццам спрабавала ўзяць пэўны ідэалагічны рэванш.

Такім чынам, у сучаснай польскай гістарыяграфіі беларускія і літоўскія палякі часцей трактуюцца як вынік працэсаў паланізацыі карэннага насельніцтва Беларусі і Літвы. Пры гэтым частка навукоўцаў (напрыклад, У.Вяльгорскі і Ю.Бардах) падкрэслівалі пэўную адрознасць гэтых палякаў ад палякаў з этнічнай Польшчы. Яны досыць шырока ўжывалі паняцце „літоўскія палякі”. Іншыя даследчыкі (напрыклад, П.Эберхардт і Р.Вапіньскі) лічаць беларускіх і літоўскіх палякаў часткай польскай нацыі, якая апынулася ў больш цяжкіх гістарычных абставінах і не здолела захаваць усе польскія этнакультурныя рысы. Яны карыстаюцца традыцыйным паняццем „палякі ў Беларусі і Літве”.

Само паняцце „паланізацыі” звычайна трактуецца як „самапала нізацыя”, як добраахвотны выбар. Гэты тэзіс мае пэўнае абгрунтаван не. Як ужо адзначалася, Рэч Паспалітая не была нацыянальнай дзяржавай у сучасным разуменні гэтага слова. А ў перыяд фармавання нацый Польшча як дзяржава проста не існавала, і дзяржаўных механізмаў для правядзення палітыкі асіміляцыі, напрыклад, беларусаў і літоўцаў, палякі не мелі. Аднак пры гэтым нельга забываць пра існаванне пэўных рэлігійных, культурных і сацыяльных інстытутаў (каталіцкі касцёл, афіцыйная школа ў першай трэці XIХ ст., мясцовая адміністрацыя да паўстання 1863—1864 г., тайная школа ў другой палове XIХ — пачатку ХХ ст., маёнтак), якія адыгрывалі значную ролю ў пашырэнні польскасці нават пры адсутнасці польскай дзяржавы.

Праблема паланізацыі непасрэдна звязана з аналізам польскай грамадскасці як сацыяльнага феномена. У сувязі з гэтым трэба разгледзець пытанне пра колькасць польскага насельніцтва беларуска-літоўскага краю[**]. Тэрыторыя сучасных Беларусі і Літвы ў канцы XIХ — пачатку XX ст. амаль цалкам уваходзіла ў межы шасці губерняў: Віленскай, Віцебскай, Гарадзенскай, Ковенскай, Магілёўскай і Менскай. Па дадзеных Першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі 1897 г. тут жылі каля 10 100 тыс. чал.[101] Цывільнае насельніцтва паводле падлікаў польскага даследчыка Влодзімежа Вакара складала 9 917 тыс. чал.[102]

Гістарыяграфія пытання пра колькасць палякаў Беларусі і Літвы на мяжы XIХ—ХХ ст. даволі багатая. Але практычна для ўсіх даследчыкаў адной з галоўных крыніц з’яўляюцца звесткі Першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі 1897 г. Дзеля вызначэння нацыянальнай структуры насельніцтва гісторыкі звычайна карыстаюцца звесткамі па роднай мове і канфесійнай прыналежнасці. Прычым, пры пэўным спрошчаным поглядзе на гістарыяграфічную сітуацыю, можна сцвярджаць што беларускія, літоўскія, расійскія і нямецкія даследчыкі галоўную ўвагу аддаюць дадзеным па роднай мове, а польскія навукоўцы — паказчыкам канфесійнай прыналежнасці.

Прадстаўнікі беларускай навукі (як і расійскай) пры вызначэнні нацыянальнасці часта абсалютызуюць крытэрый роднай мовы. У адпаведнасці з такім падыходам колькасць палякаў Беларусі і Літвы ў канцы XIХ — на пачатку ХХ ст. не перавышае 5,6% (563,8 тыс. чал.)[103]. Але трэба прызнаць, што грунтоўны гістарычны, статыстычны і дэмаграфічны аналіз матэрыялаў перапісу 1897 г., асабліва ў дачыненні да этнакультурных паказчыкаў у беларускай і расійскай навуцы, адсутнічае.

Падобны аналіз паспрабавалі зрабіць польскія навукоўцы. Практычна ўсе яны прыйшлі да высновы, што колькасць польскамоўнага і каталіцкага насельніцтва шасці „паўночна-заходніх ” губерняў была свядома заніжана ў палітычных мэтах. Уласныя падлікі польскіх даследчыкаў далі вынікі, якія значна перавышалі колькасць палякаў, якую зафіксавала афіцыйная расійская статыстыка.

Леон Васілеўскі сцвярджаў, што ў Беларусі і Літве пры канцы XIХ ст. жылі да 1 млн. палякаў (10% ад усяго насельніцтва)[104]. Ян Чэканоўскі налічыў у Беларусі і Літве нават 6,5 млн. палякаў (65%)[105]. Еўгеніуш Ромэр — 3 242 тыс. (32%)[106]. Аднак методыка гэтых падлікаў не раскрывалася.

Эдвард Малішэўскі прыйшоў да высновы, што ў Беларусі і Літве ў 1914 г. жылі 1,5 млн. палякаў[107]. Гэтая лічба атрымалася ў выніку залічэння да палякаў усіх каталікоў Вільні, паловы дробнай шляхты Віленскай губерні, паловы сялян каталіцкага веравызнання Гарадзенс кай губерні, амаль усіх сялян-каталікоў Віцебскай губерні і г.д.

Не прыняў дадзеных расійскіх перапісаў і вядомы польскі навуковец пачатку XX ст. Влодзімеж Вакар. Ён таксама лічыў, што „незаўважаных” расійскай статыстыкай палякаў трэба шукаць сярод катэгорыi «беларусы каталіцкага веравызнання “. У выніку ўласных разлікаў Влодзімеж Вакар сцвярджаў, што ў 1897 г. у Беларусі і Літве жылі больш за 1 612 тыс. палякаў (16,3% ад усяго насельніцтва), а ў 1909 г. — больш за 1 846 тыс. (16,1%)[108].

Метадалагічныя падыходы В.Вакара ў значнай ступені падзяляе сучасны польскі даследчык Пётр Эберхардт[109]. Ён таксама ўпэўнены, што толькі веравызнанне можа быць надзейнай падставай вызначэння нацыянальнасці насельніцтва, якое жыло на беларуска-польскім памежжы пры канцы XIХ ст.[110] Тым не менш Пётр Эберхардт прызнаў, што беларусы сустракаліся і сярод каталікоў. Але ён лічыць, што гэта мела месца толькі ў цэнтральнай і ўсходняй частках Беларусі, дзе беларускія каталіцкія вёскі былі адарваныя ад згуртаванага каталіцкага рэгіёна[111].

У выніку падлікаў П.Эберхардта атрымалася, што на мяжы стагоддзяў агульная колькасць цывільнага насельніцтва Беларусі (у сучасных дзяржаўных межах) складала 6424,2 тыс. чал. Беларусаў было каля 4356,2 тыс., або 67,8%, габрэяў — 910,9 тыс., або 14,2%, палякаў — 838,9 тыс., або 13,0%, рускіх — 224,5 тыс., або 3,5%[112].

У працы, прысвечанай нацыянальным змяненням у Літве, Пётр Эберхардт для мяжы XIХ—ХХ ст. прыняў разлікі Влодзімежа Вакара. У адпаведнасці з імі ў 1897 г. у Літве (у сучасных дзяржаўных межах) літоўцы складалі 56,8% (1271,1 тыс.), палякі — 20,6% (461,6 тыс.), габрэі — 14,3% (320,8 тыс.), рускія — 4,1% (92,4 тыс.), беларусы — 1,2% (26,0 тыс.). (Усяго — 2238,5 тыс.)[113] Літоўскі дэмограф П.Гаўчас не пагадзіўся з імі. Паводле ягоных даследаванняў усё насельніцтва Літвы (у сучасных межах) пры канцы XIХ ст. складала 2673,3 тыс. чал. Сярод іх літоўцаў было 1645,8 тыс. (61,6%), габрэяў — 350,5 тыс. (13,1%), палякаў — 258,9 тыс. (9,7%), беларусаў — 126,0 тыс. (4,7%), рускіх — 128,1 тыс. (4,8%)[114]. Як відаць, найбольшыя разбежнасці датычаць колькасці палякаў і беларусаў. У цэнтры спрэчкі па-ранейшаму застаецца праблема нацыянальна га самавызначэння славянскага насельніцтва каталіцкага веравызнання.

Падыход бальшыні польскіх навукоўцаў да праблемы нацыяналь най прыналежнасці насельніцтва Беларусі і Літвы на мяжы стагоддзяў выклікае пэўныя пярэчанні. Нельга цалкам ігнараваць (як і абсалютызаваць) такую прыкмету нацыянальнасці, як родная мова, нават, калі яе лічаць „простай”, а не беларускай. Мова заўсёды была істотнай адзнакай этнасу. Безумоўна, і веравызнанне было (і застаецца!) важным фактарам нацыянальнай свядомасці, менталітэту і нават прыналежнасці да пэўнага культурнага тыпу. Праваслаўны беларускі селянін з-пад Віцебска сваім светапоглядам і культурнымі звычкамі моцна адрозніваўся ад беларуса-каталіка з-пад Гародні. Але атаясамліванне каталіцызму з польскасцю не дазваляе зразумець многія працэсы беларускай гісторыі, у т.л. беларускае нацыянальна-культурнае Адраджэнне пачатку ХХ ст., палітычную пазіцыю многіх дзеячаў Беларускай Народнай Рэспублікі (1918) і інш.

Трэба прызнаць, што дакладную колькасць палякаў Беларусі і Літвы на мяжы стагоддзяў вызначыць немагчыма. І галоўная прычына хаваецца ў стане нацыянальнай ідэнтыфікацыі славянскага сялянскага насельніцтва Беларусі і Літвы, а гэта значыць, галоўным чынам, палякаў і беларусаў. Значная частка гэтага насельніцтва не вызначала ўласную нацыянальнасць у адпаведнасці з сучасным разуменнем „нацыянальнага”. Нават саманазвы „беларусы” і „ліцвіны” звычайна ўжываліся як тапонімы. Сяляне паўночна-заходняй і цэнтральнай часткі Беларусі нярэдка называлі сябе „тутэйшымі”[115]. Тэрміны „палякі” і „рускія” выкарыстоўваліся як канфесіонімы. Дзяленне гэтых людзей па нацыянальнай прыкмеце выглядае як пэўная мадэрнізацыя гісторыі. Аднак такія падлікі трэба рабіць, бо цалкам свабоднымі ад нацыяналь най самасвядомасці гэтыя групы насельніцтва на мяжы стагоддзяў ужо не былі. А як падставу для далейшых разважанняў можна прыняць тэзіс, што колькасць палякаў не была меншай за 563,8 тыс. (5,6%) і не перавышала 1 612,3 тыс. (16,3%).

Дадзеныя перапісу 1897 г. дазваляюць таксама ўявіць у агульных рысах саслоўную структуру польскага насельніцтва. Адразу кідаецца ў вочы даволі вялікая колькасць патомнай шляхты сярод палякаў. Па падліках Міхася Біча, сярод палякаў Віленскай, Віцебскай і Ковенскай губерняў удзельная вага гэтай шляхты складала 24%, а сярод палякаў Менскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў — 29%[116]. (Для параўнання рускае патомнае дваранства — 5,3% ад усіх рускіх, а беларускае — 1,6% ад усіх беларусаў.) Колькасна пераважалі сяляне — 40,2%[***]. А вось па падліках польскіх даследчыкаў сяляне складалі да 80% усяго польскага насельніцтва Беларусі і Літвы. Але не сяляне, а буйныя землеўласнікі (ziemiaсœtwo) і інтэлігенцыя былі галоўнай сілай польскага руху ў Беларусі і Літве на пачатку ХХ ст. Выявіць іх дакладную колькасць даволі цяжка. Перапісы такіх дадзеных не прыводзяць. Ёсць, праўда, падлікі Міністэрства ўнутраных справаў за 1905 г., дзе пазначана колькасць польскіх землеўласнікаў. Аднак параўнанне іх з дадзенымі перапісу 1897 г. паказала, што Міністэрства аднесла да палякаў усіх землеўласнікаў каталіцкага веравызнання. Усяго выходзіла, што ў шасці беларуска -літоўскіх губернях налічвалася 15 752 землеўласнікі каталіцкага веравызнання (75,0% ад агульнай колькасці землеўласнікаў) і валодалі яны 5 460 933 дзесяцінамі зямлі (61,6% ад усіх прыватнаўласніцкіх земляў)[117].

Праблемай памераў польскага землеўладання ў Беларусі і Літве найбольш грунтоўна займаліся польскія гісторыкі. Эдвард Чыньскі сцвярджаў, што ў канцы XIX — пачатку ХХ ст. у Віленскай, Ковенскай і Гарадзенскай губернях палякі валодалі 25,0% агульнай зямельнай плошчы[118]. Влодзімеж Вакар лічыў, што ў гэтых губернях палякам належала 38,3% усіх земляў. Прычым памеры прыватнаўласніцкага польскага землеўладання ва ўсіх шасці беларуска-літоўскіх губернях складалі, на яго погляд, крыху больш за 6 млн. дзесяцін (53,0%)[119]. Леон Васілеўскі называў лічбу 50,6% прыватнаўласніцкіх земляў[120], а Эдвард Малішэўскі — 48,6%[121].

Можна сцвярджаць, што прыблізна палова (50,0%—55,0%) усіх земляў, якія знаходзіліся ў прыватнай уласнасці, належала беларускім і літоўскім землеўласнікам-палякам.

Варта падкрэсліць і тое, што колькасць польскага насельніцтва сярод інтэлігенцыі і прадстаўнікоў улады і права ў Беларусі і Літве значна перавышала працэнтную вагу палякаў сярод усіх жыхароў краю.

Відавочна, што па сваім сацыяльным, культурным і гаспадарчым становішчы вярхі польскай грамадскасці былі прыкметнай грамадскай сілай. Прыведзеныя лічбы дазваляюць зрабіць выснову пра значны палітычны патэнцыял польскага насельніцтва. Царская адміністрацыя, прымаючы тое ці іншае рашэнне, якое датычыла Беларусі і Літвы, павінна была лічыцца з адносінамі да яго польскага насельніцтва і асабліва землеўласнікаў і інтэлігенцыі. Менавіта яны вызначалі характар польскага нацыянальнага руху ў краі. Важную ролю ў польскім руху адыгрывала таксама каталіцкае духавенства. Атаясамліванне польскасці і каталіцызму славянскай часткай вернікаў-каталікоў стварала магчымасці для актывізацыі не толькі рэлігійнай, але і грамадскай дзейнасці касцёла.

Кароткі агляд беларускай, літоўскай і польскай гістарыяграфіі дазваляе паставіць цэлы шэраг пытанняў, на якія яшчэ не дала адказу гістарычная навука. Па-першае, застаецца праблема тэрміналогіі. Усе разважанні пра мэтазгоднасць выкарыстоўвання паняцця „літоўскія палякі” (і блізкіх да яго) звычайна грунтуюцца на аналізе ментальнасці палякаў Беларусі і Літвы. Прычым на першы план выходзяць тыя асаблівасці ментальнасці, якія адрозніваюць мясцовых палякаў ад палякаў з тэрыторыі этнічнай Польшчы. Выкарыстанне паняцця „палякі ў Беларусі і Літве” (і блізкіх да яго) праблему свядомасці палякаў беларуска -літоўскага краю ігнаруе. Пры гэтым польская грамадскасць Беларусі і Літвы разглядаецца як неад’емная частка польскай нацыі. Вырашэнню гэтай праблемы можа спрыяць аналіз грамадска-палітычнай і культурнай дзейнасці палякаў Беларусі і Літвы ў другой палове XIХ (пасля разгрому паўстання 1863-1864 г.) і да 1918 г., калі нарадзілася польская нацыянальная дзяржава. Гэты аналіз дазволіць ацаніць значнасць тых асаблівасцяў ментальнасці мясцовай польскай грамадскасці, якія ігнаруюцца аднымі даследчыкамі і ацэньваюцца як вызначальны фактар іншымі.

Патрабуе спецыяльнай увагі рэлігійная, культурная і грамадска -палітычная дзейнасць каталіцкага духавенства, асабліва з ліку мясцовых нараджэнцаў, якія добра разумелі і адчувалі настроі значнай часткі палітычна і грамадска актыўнага насельніцтва Беларусі і Літвы.

Важнай уяўляецца праблема адносін мясцовай польскай грамадскасці як да агульнапольскага нацыянальнага руху, так і да беларускага і літоўскага культурнага Адраджэння. Як актывізацыя нацыянальных працэсаў паўплывала на эвалюцыю свядомасці мясцовай польскай грамадскасці? Ці магчымае выкарыстанне паняцця „літоўскія і беларускія палякі” ў сэнсе этнакультурным, г.зн. так, як усё часцей на пачатку ХХ ст. разумеюць „Літву” літоўцы, а „Беларусь” беларусы? Вядома, што асобныя прадстаўнікі мясцовай польскай грамадскасці сталі вядомымі дзеячамі беларускага руху (Раман Скірмунт), прымалі актыўны ўдзел у будаўніцтве літоўскай дзяржавы (Міхал Ромэр). Ці існуе сувязь паміж гэтымі працэсамі і феноменам паланізацыі для другой паловы XIХ — пачатку ХХ ст.? Важна таксама зразумець прычыны гэтай спантаннай паланізацыі і рэальныя механізмы пашырэння польскіх уплываў у атмасферы расійска-польскага супрацьстаяння. На многія з гэтых пытанняў дасць адказ аналіз феномена краёвасці і ролі краёўцаў у польскім нацыянальным руху ў Беларусі і Літве на пачатку ХХ ст. Краёвая ідэя ў гэты час складала годную канкурэнцыю польскай нацыянальнай ідэі.

* Выключэннем з’яўляецца толькі ацэнка палітыкі ўладаў II Рэчы Паспалі­тай на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 20—30–я г. ХХ ст., якую ўсё часцей характарызуюць як палітыку нацыянальнага ціску і гвалту.
** Больш падрабязна гэтае пытанне разглядалася аўтарам ў рукапісе падрыхтаванай да друку манаграфіі «Палякі Літвы і Беларусі ў рэвалюцыі 1905—1907 гг.».
*** Гэтыя разлікі былі зроблены ў межах падыходу, характэрнага для беларускай і расійскай гістарыяграфій.


[1] Карашчанка І., Валахановіч А. Палякі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.5. Мінск, 1999. С. 393; Карашчанка І. Палякі // Этнаграфія Беларусі. Мінск, 1989. С. 381­—382.
[2] Пилипенко М. Возникновение Белоруссии. Минск, 1991. С. 98.
[3] Werenicz W. Historyczne i kulturalne podstawy świadomości narodowej Polaków w Związku Radzieckim (na przykładzie Białorusi) // Polacy w kościele katolickim w ZSSR. Pod red. ks. E.Walewandra. Lublin, 1991. S. 207.
[4] Гл., напр.: Klimas P. Litwa — jej mieszkańcy i granice. Wilno, 1919. S. 19.
[5] Werenicz W. Historyczne i kulturalne… S. 200.
[6] Народная газета. 1993, 27 мая.
[7] Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Пад рэд. М.Касцюка і інш. Ч 1. Мінск, 1994. С. 381.
[8] Тамсама. С. 399.
[9] Тамсама. С. 299–300.
[10] Житко А. Национальный состав дворянства Белоруссии по данным первой всеобщей переписи населения Российской империи 1897 г. // Усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў. Тэзісы дакладаў і паведамленняў. Ч. 1. Гісторыя Беларусі. Мінск, 1993. С.129.
[11] Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. Мінск, 1996. С. 158.
[12] Цыт. па: Карев Д.В. Белорусская историография конца ХVII — нач. ХХ в. (Политика царизма и формирование исторической мыслі Белоруссии) // Наш радавод. Кн. 5, ч. 2. Гродна, 1993. С. 308.
[13] Narbutt T. Dzieje narodu litewskiego w krótkości zebrane. Wilno, 1847. S. 213.
[14] Цыт. па: Bardach J. O dawnej i niedawnej Litwie. Poznań, 1988. S. 214.
[15] J…i B. [B.Jałowiecki]. Litwa i jej potrzeby. Narodowy katechizm Litwy. Wilno, 1905. S. 4—5.
[16] Ibidem. S. 5.
[17] Römer M. Litwa. Studium odrodzenia narodu litewskiego. Lwów, 1908. S. 27.
[18] Werenicz W. Historyczne i kulturalne… S. 200–201.
[19] Budny M. Bronisław Piłsudski. Życie i twórczość // Niepodległość. T.XXI. 1988. S. 184.
[20] Römer M. Dwie teorie o Polakach litewskich // Zeszyty historyczne. Z.106. Paryї, 1993. S.132; Rцmer M. Odpowiedź Juzefowi Piłsudskiemu // Znak. 1989. Nr 6. S. 72—75. („Odpowiedź” была напісана ў 1922 г.).
[21] Römer M. Dwie teorie… S. 134.
[22] Głoger Z. Polska i Litwa // Kwestija litewska w prasie polskiej. Warszawa, 1905; Wasilewski L. Kresy wschodnie. Warszawa, 1917. S. 35; Wielhorski W. Polska a Litwa. Stosunki wzajemne w biegu dziejów. Londyn, 1947. S.25.
[23] Wasilewski L. Kresy… S. 35.
[24] Wielhorski W. Polska a Litwa… S.27.
[25] Wasilewski L. Kresy… S. V; Wakar W. Rozwój terytoryalny narodowości polskiej. Część III. Kielce, 1917. S. 2.
[26] Wasilewski L. Kresy… S. 35.
[27] Jurkiewicz J. Osadnictwo Polskie w Wielkim Księstwie Litewskim w światle badań historycznych // Acta Baltico–Slavica. T. 22. 1994. S. 239.
[28] Ibidem. S. 240.
[29] Wielhorski W. Polska a Litwa… S. 219.
[30] Jurkiewicz J. Osadnictwo Polskie… S. 250.
[31] Topolska M. Polacy w Wielkim Księstwie Litewskim w XVI—XVIII w. (Przyczynek do dziejów polskiej emigracji na Wschód w okresie Staropolskim) // Lituano–Slavica Poznaniensia. Studia Historica. T. II. 1987. S. 150–158.
[32] Jurkiewicz J. Osadnictwo Polskie… S. 247.
[33] Ibidem. S. 244.
[34] Ibidem. S. 254.
[35] Wielhorski W. Polska a Litwa… S. 219.
[36] Bardach J. O Litwie dawniej i niedawniej… S. 197–198.
[37] Wandycz P. Pod zaborami. Ziemie Rzeczypospolitej w latach 1795–1918. Warszawa, 1994. S. 483.
[38] Karp M. „Nawet nie mieliśmy dla nich nazwy“ // Znak. 1989. Nr 6.
[39] Gizbert–Studnicki W. Mickiewicz i jego kraj. Chicago, 1955. S.7.
[40] Eberhardt P. Polska ludność kresowa. Rodowód, liczebność, rozmieszczenie. Warszawa, 1998. S. 47.
[41] Ibidem. S. 58.
[42] Miknys R. O „Dzienniku“ Michała Römera //  Lithuania. 1998. Nr 4(29)  і іn.
[43] Sawicki J. Michał Römer a problemy narodowościowe na ziemiańh byłego Wielkiego Księstwa Litewskiego. Toruń, 1998.
[44] Довнор–Запольский М. Исследования и статьи. Т.1. Киев, 1909. С. 330–335.
[45] Доўнар–Запольскі М. Гісторыя Беларусі. Мінск, 1994. С. 263. (У цытаваных беларускамоўных тэкстах захоўваюцца ўсе асаблівасці арыгіналу).
[46] Власт [Ластоўскі В.] Кароткая гісторыя Беларусі. Мінск, 1992. С. 47.
[47] Тамсама.
[48] Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. 5 выд. Мінск, 1991. С. 140.
[49] Гл., напр.: Гісторыя Беларускай ССР: У 5 т. Т.1. Мінск, 1972. С. 268, 519 і інш.
[50] Гарошка Л. Прычыны палянізацыі на Беларусі. Найбольш распаўсюджаны пагляд // Свіцязь. 1994.  №1. С. 99 (перадрук з выд. Божым шляхам. 1955.  № 68–69).
[51] Тамсама. С. 104.
[52] Цыт. па: Гарошка Л. Пад знакам „рускае” і „польскае” веры // Спадчына. 2000. №1. С. 142.
[53] Тамсама. С. 143.
[54] Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч 1. Мінск, 1994.  С.296, 342, 416, 426–427 і інш.
[55] Біч М. Беларускае Адраджэнне ў XIХ — пачатку ХХ ст. Мінск, 1993. С. 4.
[56] Лыч.Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. Мінск, 1996. С. 53.
[57] Тамсама. С. 55.
[58] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.5. Мінск, 1999. С. 393–394.
[59] Тамсама. С. 393–394.
[60] Тамсама. С. 380.
[61] Werenicz W. Historyczne i kulturalne… S. 201, 211.
[62] Пилипенко М. Возникновение Белоруссии. С. 99.
[63] Werenicz W. Historyczne i kulturalne… S. 201—202.
[64] Ibidem. S. 203—204.
[65] Miknys R. Wilno — miasto wielonarodowe i punkt zapalny w stosunkach polsko–litewskich // Tematy polsko–litewskie. Historia. Literatura. Edukacja. Olsztyn, 1999. S. 86.
[66] Gudavičius E. Jak pojawił się model europejskiej kultury Litwinów // Lithuania. 1999. №1/2 (30/31).  S. 50.
[67] Bumblauskas A. Polonizacja Litwy jako problem w historiografii // Lithuania. 1999. №1/2 (30/31).  S. 45.
[68] Venclova T. Litwo, Ojczyzna nasza // Tematy polsko–litewskie. Historia. Literatura. Edukacja. Olsztyn, 1999.  S. 151.
[69] Narbutt T. Dzieje narodu litewskiego… S.  235.
[70] Живописная Россия. Отечество наше в его земельном, историческом, племенном, экономическом и бытовом значении. Под ред. П.Семёнова. Т. 3. С.–Петербург—Москва. 1882. С. 135–136.
[71] Römer M. Stosunki etnograficzno–kulturalne na Litwie. Kraków, 1906. S. 18.
[72] Römer M. Litwa. Studium odrodzenia… S. 18.
[73] Ibidem. S. 24.
[74] Römer M. Dwie teorie o polakach… S. 136.
[75] Ibidem. S. 133.
[76] Ibidem. S. 6.
[77] Wasilewski L. Kresy wschodnie… S. VI.
[78] Ibidem. S. VII.
[79] Ibidem. S. 42.
[80] Kurier litewski. 1905. № 10.
[81] Kurier litewski. 1906. № 38.
[82] Wakar W. Rozwój terytoryalny narodowości polskiej. Część III. Statystyka narodowościowa kresów wschodnich. Kielce, 1917. S. 10.
[83] Turska H. O powstaniu polskich obszarów językowych na Wileńszyźnie // Studia nad polszczyzną kresоwą. T. 1. Wrocław, 1982. S. 57.
[84] Ibidem. S. 59.
[85] Bardach J. O dawnej i niedawnej Litwie… S. 199.
[86] Ibidem. S. 202.
[87] Jurkiewicz J. Osadnictwo Polskie… S. 246.
[88] Ibidem. S. 254.
[89] Bardach J. O dawnej i niedawnej Litwie… S. 201–202.
[90] Цыт. па:Wielhorski W. Stosunki narodowościowe, wyznaniowe i językowe w Wielkim Księstwie Litewskim//Dzieje ziem Wielkiego Księstwa Litewskiego. Alma Mater Vilnensis. T.III. Londyn, 1953. S. 145.
[91] Kościałkowski S. Rzeczpospolita obojga narodów. B.Wiek XIX i początek wieku XX (do 1915 r.) // Dzieje ziem Wielkiego Księstwa Litewskiego. Alma Mater Vilnensis. T.III, Londyn. 1953. S. 92.
[92] Цыт. па: J.Bardach. O dawnej i niedawnej Litwie… S.207.
[93] Wielhorski W. Narodowość Mickiewicza w światle współczesnej socjologii i etnografii // Alma Mater Vilnensis. Prace zebrane. Londyn, 1958. S.112.
[94] Ibidem. S. 112.
[95] Idem. Polska a Litwa… S. 255.
[96] Eberhardt P. Polska ludność kresowa… S. 45.
[97] Ibidem. S. 49.
[98] Ibidem. S. 26—29.
[99] Wapiński R. Polska i małe ojczyzny Polaków. Wrocław, 1994. S.10.
[100] Zasztowt L. Kresy 1832—1864. Szkolnictwo na ziemiach litewskich i ruskich dawnej Rzeczypospolitej. Warszawa, 1997. S. 24.
[101] Первая всеобщая перепись населения Российской империи. 1897 г. Т. II, IV, XI, XVII, XXII, XXIV. С.–Петербург, 1904–1905.
[102] Wakar W. Rozwój terytoryalny narodowości polskiej. Struktura narodowościowa kresów wschodnich. Cz. III. Kielce, 1917.  S. 20.
[103] Смалянчук A. Колькасць і сацыяльная структура польскага насельніцтва ў Беларусі і Літве ў канцы XIХ — пачатку ХХ ст. // Усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў. Ч. 1. С. 129.
[104] Wasilewski L. Litwa i jej ludy. Warszawa, 1907. S. 13.
[105] Czekanowski J. Stosunki narodowościowo–wyznaniowe na Litwie i Rusi w światle żródeł oficyjnych. Lwów, 1918.  S. 12.
[106] Цыт. па: Czekanowski J. Stosunki narodowościowo–wyznaniowe… S. 14.
[107] Maliszewski E. Polacy i polskość na Litwie i Rusi.  Warszawa, 1914. S. 26.
[108] Wakar W. Rozwój terytoryalny narodowości polskiej. Struktura narodowościowa kresów wschodnich. Cz. III. Kielce, 1917. S. 19–20.
[109] Eberhardt P. Przemiany narodowościowe na Białorusi. Warszawa, 1994; Яго ж. Przemiany narodowościowe na Litwie; Яго ж. Дэмаграфічная сітуацыя на Беларусі: 1897—1989.
[110] Эберхардт П. Дэмаграфічная сітуацыя… C. 31.
[111] Тамсама. С. 38.
[112] Тамсама. С. 45.
[113] Eberhardt P. Przemiаny narodowościowe na Litwie. S. 52.
[114] Цыт. па: Eberhardt P. Przemiаny narodowościowe na Litwie. S. 59.
[115] Чаквін I., Юхо I. Беларусы // Этнаграфія Беларусі. Энцыклапедыя. Мінск, 1989. С. 68.
[116] Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч. 1. С. 333.
[117] РДГА. Ф. 1276, Воп. 1. Спр. 106. А. 62 адв.— 67 адв.
[118] Цыт. па: Wakar W. Rozwój terytoryalny narodowości polskiej… S. 60.
[119] Ibidem. S. 60.
[120] Wasilewski L. Litwa i jej ludy. S.15.
[121] Maliszewski E. Polacy i polskość na Litwie i Rusi. S.14–26.

Наверх

Ганна Харашкевіч. Водгук на рукапіс калектыўнай працы «Белоруссия в ХIII — середине XVI в

Чэрвеня 20, 2000 |


Публікацыяй водгуку Ганны Леанідаўны Харашкевіч на рукапіс легендарнай працы, што выклікала столькі размоў у асяроддзі гісторыкаў, але так і не пабачыла свету, рэдакцыя БГА адкрывае новую рубрыку „З архіва гісторыка“, у якой будзе змяшчаць даўнія рэцэнзіі і водгукі з прыватных архіваў вучоных, г.зн. тэксты, якія пісаліся не для публікацыі, але рэальна ўплывалі на ландшафт нашай гістарыяграфіі.

ВОДГУК
на рукапіс калектыўнай працы
«Белоруссия в ХIII — середине XVI в.
(Очерки социально-экономической,
общественно-политической и культурной жизни»

Поспехі савецкай медыявістыкі несумненныя. На аснове крыніц, якія наноў уводзяцца ў навуковы зварот, з дапамогай больш глыбокай методыкі даследавання старых, даўно апублікаваных крыніц савецкія гісторыкі, кіруючыся прынцыпамі гістарычнага матэрыялізму, у новым святле паказваюць гісторыю розных народаў Савецкага Саюза.

Перад аўтарамі рэцэнзаванай манаграфіі стаяла складаная задача — абагульніць вынікі прац буржуазных вучоных у галіне як сацыяльна–эканамічнай гісторыі (за выключэннем прац А.П.Грыцкевіча, М.Ф.Спірыдонава і часткова З.Ю.Капыскага па–даследчыцку перыядам ХIII — першай паловы XVI ст. у Беларусі ніхто не займаецца), так і сацыяльна–палітычнай. Крыху ў лепшым становішчы знаходзіўся аўтар раздзелаў па гісторыі культуры, якой у апошні час быў прысвечаны шэраг даследаванняў (праўда, у асноўным пра матэрыяльную культуру, спецыяльных манаграфій пра духоўную культуру Беларусі эпохі Сярэднявечча няма).

Няма і адзінай канцэпцыі развіцця беларускіх земляў у эпоху станаўлення беларускай народнасці, няма ацэнкі месца гэтых земляў у агульным працэсе эвалюцыі феадалізму ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе. Цалкам адсутнічаюць параўнальна–гістарычныя працы, у якіх усебакова былі б паказаны своеасаблівасць і агульныя заканамернасці развіцця Беларусі ХIII — першай паловы XVI ст. Ускладняюць становішча аўтараў і тыя абставіны, што за выняткам «Белоруссии эпохи феодализма» сучасных публікацый крыніц па гэтым перыядзе няма. Матэрыял беларускіх і цэнтральных архіваў калі і ўводзіцца ў навуковы зварот, то без удзелу гісторыкаў Беларусі (летапісы выдае М.М.Улашчык, актавы матэрыял амаль не публікуецца).

У рэцэнзаванай манаграфіі, як у люстэрку, адбіліся ўсе моцныя і слабыя бакі сучаснай беларускай гістарыяграфіі перыяду Сярэднявечча: палкае жаданне зрабіць даступным шырокім народным масам уяўленне пра эпоху фармавання беларускай народнасці, энергічная крытыка схемаў эмігранцкай літаратуры (на жаль, толькі беларускай), з аднаго боку, і, з другога, недастаткова выразнае арыентаванне ў розных аспектах таго «жыцця» Беларусі, якое аўтары імкнуцца выявіць, менавіта «выявіць», а не даследаваць (параўн. с.6 «Введения»).

Пачнем з «Уводінаў» (аўтары В.І.Мялешка, З.Ю.Капыскі). На с.6 з’яўляецца згадка пра «дадзеную праблему», якой нібыта будзе прысвечана кніга. Аднак што гэта за «праблема», чытачу застаецца незразумелым пад час чытання не толькі «Введения», але і ўсёй кнігі. На с.1—2 пастулюецца шэраг палажэнняў, якія маглі б служыць высновамі, калі б адпавядалі ісціне — пра ўсталяванне «сталых формаў, уласцівых развітому феадальнаму спосабу вытворчасці», «сістэмы васальнай залежнасці», «завяршэнне фармавання класаў–саслоўяў» і г.д. На аснове гэтых фармулёвак можа скласціся ўражанне, што «сталыя формы … развітога феадалізму» Беларусі ніколькі не адрозніваюцца ад класічнага, якім да сёння лічыцца, напрыклад, французскі. Пра гэта проста сказана на с.3: «улучэнне … беларускіх земляў у Літоўскую … дзяржаву паскорыла (першапачаткова было: «у ім») фармаванне класічных формаў феадальнага грамадства і дзяржавы…». Зноў класічны ўзор феадалізму ў Беларусі і нават болей — у ВКЛ… На жаль, аўтары мінаюць канкрэтныя асаблівасці развіцця Беларусі і не ставяць задачы вывучэння своеасаблівасці гэтага раёна Еўропы перад аўтарамі калектыўнай працы.

У кароткай ацэнцы гістарыяграфіі, прапанаванай аўтарамі «Ўводзінаў», пераважае інтарэс да нацыянальных аспектаў гісторыі дзяржаўнасці, пра класавы ж падыход да гісторыі дзяржавы, узорамі якога могуць быць шэраг прац У.І.Леніна — «О государстве» і інш., яны не згадваюць. Нават крытыка эмігрантаў, у тым ліку і Г.Пашкевіча, вядзецца, у асноўным, з пазіцый нацыянальных (с.6). Істотная, на наш погляд, не столькі этнічная прыналежнасць князёў і феадалаў, колькі класавая — літоўскія і беларускія феадалы разам з украінскімі дзялілі пірог, спечаны народамі беларускім, украінскім і літоўскім. І ва «Ўводінах», і ў раздзеле «Гістарыяграфія» (аўтар А.М.Карпачоў) неабходна выкрыць схемы не толькі адных беларускіх нацыяналістаў–эмігрантаў, але і літоўскіх, і ўкраінскіх. Іх пазіцыі супрацьпаставіць пазіцыю марксісцкіх савецкіх гісторыкаў, паслядоўных інтэрнацыяналістаў.

Гістарыяграфічны раздзел (§ 1 раздзелу I) прысвечаны толькі двум пытанням — характару ўлучэння беларускіх земляў у Літоўскае Княства і ролі іх у ВКЛ. Думаецца, такое звужэнне тэмы неправамернае. І па сутнасці, бо кніга прысвечана асвятленню ўсіх бакоў жыцця беларускіх земляў, і фармальна, бо некаторыя раздзелы ўяўляюць з сябе сістэматызаваны пераказ назіранняў М.К.Любаўскага, М.В.Доўнара–Запольскага, а характарыстыкі іх поглядаў няма. Між тым, погляды М.К.Любаўскага на гісторыю Русі сталі прадметам спецыяльнай увагі Д.У.Карава. Павярхоўна дадзена характарыстыка прац Е.Ахманьскага і М.Космана; С.Александровіч, Л.Калянкоўскі, Ю.Бардах не згаданыя.

Эвалюцыя поглядаў гісторыкаў зусім не звязаная з пашырэннем крыніц базы (апошняй тэме прысвечана спецыяльная праца М.М.Улашчыка) і агульным рухам грамадскай думкі ў перыяд капіталізму і імперыялізму. Розныя паводле храналогіі і ўнутранага сэнсу працы разглядаюцца па–за эвалюцыяй гістарычнай думкі (с.13), а ўзаемасувязі асобных гісторыкаў вызначаюцца няслушна (наўрад ці правамоцны папрок Я.Лялевелю ў тым, што ён не прызнаў Праснякова, які жыў на тры чвэрці стагоддзя пазней, як і не дакладная фармулёўка пра блізкасць пазіцыі Лялевеля да Любаўскага, іх падзяляе яшчэ большы тэрмін) (с.12).

Патрабуюць удакладнення і некаторыя характарыстыкі грамадскіх пазіцый гісторыкаў. Нельга беспадстаўна ганіць нават дваранскую гістарыяграфію, наўрад ці Я.Лялевеля можна залічыць у «манархісты» (с.18). З такім падыходам можна адмаўляць і ролю дзекабрыстаў у вызваленчым руху Расіі.

Патрабуе больш разгорнутай характарыстыкі і шэраг прац савецкіх гісторыкаў — І.Б.Грэкава, А.П.Грыцкевіча і інш. (с.27), тым больш што ў кнізе шмат спасылак на іх, пры гэтым амаль нідзе не паказваюцца іх памылкі. Патрабуе тлумачэння розніца падыходаў да працы Г.Лаўмяньскага на с. 14 і 29, хоць гутарка ідзе, відавочна, пра тую самую працу ў двух ідэнтычных выданнях.

Недаравальны пропуск украінскіх, латышскіх і літоўскіх гісторыкаў, як савецкіх, так і замежных. Першую тэму, якой прысвечаны гістарыяграфічны нарыс, яны не толькі закраналі, але і ўважліва распрацоўвалі.

Шматлікія стылістычныя хібы пазначаны на полі, пра адну з іх варта сказаць асобна: у сучаснай рускай мове тэрмін «публікацыя» ўжываецца выключна пры выданні крыніц. Даследаванні і нават кампіляцыі так не называюцца. Гістарыяграфічны нарыс патрабуе грунтоўнай перапрацоўкі. §2 раздзелу I «Крыніцы» ўвогуле напісаны здавальняюча. Аўтар, відавочна, арыентуецца ў масе крыніц і крыніцазнаўчай літаратуры. Прыемна, што ён далучыў і ўкраінскія, і літоўскія, і польскія публікацыі. Аднак кола крыніц крыху шырэйшае за тое, якім карысталіся даследчыкі. Гутарка ідзе не толькі пра публікацыі XVIII — XIX ст., часткова ўжо састарэлыя, але і пра больш новыя (с.37 сп.2, с.39 сп.2, с.40 сп.1, с.42 сп.3, с.46 сп.1, с.47 сп.2, с.48 сп.2). Не пададзены публікацыі беларуска–літоўскіх летапісаў: ПСРЛ, т.32 і 35 і рускія пераклады Міхалона Ліцвіна (іх 2), як і некаторыя крыніцазнаўчыя працы пра Ліцвіна, Мацвея Мяхоўскага, хроніку Быхаўца, як рускія (пераважна Б.М.Флоры, хоць ёсць і беларускія — Ю.І.Драгуна), так і польскія. Затое названы рускія летапісы, большая частка якіх аўтарамі пазней не прыцягваецца (с.49 сп.1).

Прапушчаны лінгвістычныя, тапанімічныя, анамастычныя матэрыялы, гістарычныя слоўнікі і г.д. Услед за Г.Л.Харашкевіч (с.32, 33 сп.1) пададзена няправільная класіфікацыя актаў — прыватных і публічна–прававых.

§ 2 раздзелу I патрабуе невялікай дапрацоўкі.

§ 1 раздзелу II, сам па сабе напісаны нядрэнна, дае занадта беглы і занадта агульны агляд гісторыі беларускіх земляў у старажытнарускі перыяд. Мяркуецца, у гэтай калектыўнай працы можна было б толькі пашырыць некаторымі археалагічнымі дадзенымі наступны §2, але толькі тымі, якія адносяцца непасрэдна да мяжы ХII — ХIII ст. Тэма ж, узнятая ў гэтым параграфе, павінна быць разгледжана зусім асобна, тым больш што ў цяперашні час назбіраўся вялізны археалагічны матэрыял, які патрабуе навуковага даследавання і абагульнення. Наяўная сёння археалагічная літаратура не зусім задавальняе чытача.

Прапаную §1 раздзелу II зняць.

§ 2 раздзелу II (С.А.Шчарбакоў) увогуле дае рознабаковую характарыстыку перадумоваў улучэння беларускіх земляў у склад Літоўскай дзяржавы. Здаецца, некалькі перабольшана імкненне да моцнай дзяржаўнай улады ў беларускіх феадалаў. ВКЛ стала Вялікім толькі з канца XIV ст. (с.94). Прапаную некаторыя структурныя перастаноўкі (гл. тэкст) і пашырэнне гэтага параграфа за кошт археалагічнага матэрыялу (Э.М.Загарульскі) і гістарычна–геаграфічнай характарыстыкі, выкананай Г.Я.Галенчанкам.

§ 3 раздзелу II — гл. дробныя заўвагі на полі.

Назва § 4 раздзелу II патрабуе дапаўнення: XVI ст., бо гутарка ідзе выключна пра гэтае стагоддзе. Пажаданае папаўненне главы новымі працамі: Б.М.Флоры ў зб. «Куликовская битва», М., 1980. Пажаданае і азнаямленне яшчэ з двума зборнікамі амаль пад той самай назвай — МДУ і Інстытута сусветнай літаратуры, 1982 і 1980 г.

§§ 5 і 6 (А.М.Карпачоў, П.А.Лойка, С.А.Шчарбакоў, З.Ю. Капыскі) па ідэі вельмі падобныя з параграфам А.П.Грыцкевіча, які займаў гэтае месца ў 1978 г. і пазней. Матэрыялам яны ў цэлым паўтараюць М.К.Любаўскага, чым абвяргаецца сцвярджэнне, выказанае ва «Ўводзінах», быццам мае месца «нявывучанасць усіх пытанняў разгляданай праблемы» (с.6), у параграфах зашмат паўтораў, у сувязі з чым, можа быць, варта было б замяніць іх адным параграфам пад назвай «Эволюция государственного строя ВКЛ и роль в нем белорусских земель» (або нечым падобным). Выклад патрабуе строгай сістэматызацыі па этапах, у якасці якіх, на наш погляд, могуць быць вылучаны канец XIV — 30–я г. XV ст., феадальная вайна і яе ўплыў на эвалюцыю дзяржаўнага ладу, канец XV — 20–я г. XVI ст., 20–я — 60–я г. XV — XVI ст. Зрэшты, магчымая і іншая перыядызацыя.

Мяркуецца, важна акцэнтаваць увагу не на беларусізацыі феадалаў ВКЛ, а на складванні адзінага «фронту» рознапляменных або рознанацыянальных феадалаў супраць працоўнага люду ВКЛ. Пры характарыстыцы рэлігійнай палітыкі ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы, дадзенай Г.Л.Харашкевіч, варта ўлічваць крытыку З.Вайткавяка на яе адрас.

У тым выпадку, калі калектыў аўтараў пагодзіцца з прапановай новай назвы, можна было б матэрыял пра феадальную вайну ўвесь выкласці тут, перанёсшы яго з § 2 раздзелу V, тым больш што частка аўтараў агульная (А.М.Карпачоў, С.А. Шчарбакоў).

Пажадана пазбягаць цытавання крыніц з «чужых рук» (с.152, 188), як і паводле састарэлых публікацый (с.180 сп.2. Відаць, аўтарам засталася невядомай публікацыя «Смоленские грамоты XII—XV в.». М., 1963).

Пажаданыя і некаторыя іншыя структурныя перамяшчэнні. §§ 5—6 былі б вельмі дарэчы пасля раздзелу IV або пасля § 1 раздзелу V. Пажаданы выклад сацыяльна–эканамічнай гісторыі перад палітычнай, нават калі гутарка ідзе пра беларускія землі ў межах ВКЛ.

Раздзел III (М.Ф.Спірыдонаў) у адрозненне ад большасці іншых уводзіць у зварот шмат новых дадзеных. Праўда, пажаданая была б іх статыстычная апрацоўка (ёй паддаюцца дадзеныя попісаў 1528 і 1565 г.), што дазволіла б дакладней паказаць розныя групы феадалаў і асабліва найбуйнейшых, дадзеныя пра землеўладанне якіх найбольш поўна дакументаваныя. На жаль, з тэксту главы незразумела, як фармавалася леннае землеўладанне, характэрнае для класічнага феадалізму, і адпаведна ерархія землеўладальнікаў. Няма характарыстыкі такой своеасаблівай з’явы, як залог, хоць пра яго даўно ўжо пісаў У.І.Пічэта. Надзвычайна істотнае, хоць і вельмі складанае пытанне пра гаспадарскія землі і, у прыватнасці, асабісты дамен Жыгімонта Аўгуста.

У сувязі з тэзісам пра беларусізацыю панавальнага класа (гл. §§ 5—6 раздзелу II) было б цікава даведацца падрабязней пра склад і становішча баярства ў Беларусі. Незразумелая ступень ажыццяўлення Уставы 1557 г.

Незразумела, якім чынам адбывалася ўнутранае асваенне зямлі, хоць у крыніцах шмат звестак пра падараванне лясных угоддзяў на нейкую колькасць бочак пасеву. Сюжэт гэты вельмі істотны, бо, з аднаго боку, паказвае шляхі ўцягвання Беларусі, асабліва ў XVI ст., у сусветны гандаль зернем, лесам і залой (што часткова паказана ў працах В.В.Дарашэнкі і В.П.Павулане), а з другога — драпежнае вядзенне гаспадаркі ў перыяд феадалізму. Увогуле, экалагічныя праблемы ў дачыненні да Беларусі ў працы не паказаны. Пажадана, на прыклад ленінградскіх гісторыкаў (Аграрная история Северо–Запада России, т. I—III) паказаць і панскую, і сялянскую гаспадарку ў лічбах. Пажаданае і параўнанне ўраджайнасці ў Беларусі і іншых раёнах Усходняй Еўропы (с.232), у тым ліку і ў Літве (пажадана прыцягненне літоўскай літаратуры, у прыватнасці, Ю.Юргініса і Э.Гудавічуса).

У § 3 гутарка ідзе пра феадальную эксплуатацыю, аднак дзіўным чынам не ў храналагічнай паслядоўнасці розных яе формаў — дані, грашовага аброку, баршчыны. Пажадана параўнанне эвалюцыі гэтых формаў з суседнімі раёнамі — Літвы, Польшчы, Украіны і Русі (пра апошнюю ў сувязі з палемікай на гэты конт гл. працы А.А.Зіміна, В.І.Карэцкага і інш.). На жаль, высновы § 3 датычацца толькі аграрнай рэформы, а не ўсіх відаў рэнты.

У § 4 невыразна выкладзены мэты барацьбы сялян, хоць думка ўяўляецца вельмі слушнай (с.265). У раздзеле пра чалабіцці варта было б далучыць працу Ю.Бардаха на гэтую тэму. Як заўсёды, хочацца параўнанняў з суседнімі раёнамі (для Русі дзве кнігі А.Д.Горскага і «Очерки русской культуры» выдання МДУ).

У цэлым раздзел патрабуе невялікай дапрацоўкі. Вельмі пажадана яе пашырэнне і выданне асобнай кнігай.

Раздзел V (С.А.Шчарбакоў), прысвечаная гарадам, патрабуе нязначнай дапрацоўкі: на с. 296 недакладная фармулёўка пра склад экспарту — буйнагабарытныя тавары — лес і зерне з’явіліся толькі ў канцы XV ст., а не раней, як можна зразумець з тэксту. Змяненне экспарту сведчыць пра агульныя змены структуры ўсёй эканомікі Беларусі (параўн. для Польшчы працы Б.Зентара, Г.Самсановіча і інш.).

Неабходна падзяліць гарады Беларусі паводле тыпаў: іх геаграфічнага становішча, асноўных эканамічных і сацыяльных характарыстык (параўн. с.306, 315), вылучыць этапы развіцця. Баюся прапаноўваць што–небудзь канкрэтнае, для параўнання можна рэкамендаваць працы А.Ціхамірава і К.Гёрке. Свежы погляд на структуру сярэднявечнага горада выклаў Карлаў В.В. (Русский город, вып. 1, М., МДУ, 1972).

§1 раздзелу V (Г.Я.Галенчанка) перанасычаны агульнымі палажэннямі, якія можна было б скараціць. Няўдалы гістарычна–геаграфічны тэрмін «Маскоўская Русь», цяпер больш прыняты іншы — Паўночна–Усходняя, ён шырэйшы і больш дакладны. С.344 — вельмі цікавы спіс манастыроў, хацелася б толькі ўдакладненняў наконт часу іх утварэння — да ўваходжання ў Літоўскае княства і пасля; с.348 — ці была Крэўская унія мяжой у развіцці праваслаўнай царквы?; с.359 — добра было б улічыць думку З.Вайткавяка пра рэлігійную палітыку ў ВКЛ у канцы XV — пачатку XVI ст. (1978).

У цэлым раздзел патрабуе невялікай дапрацоўкі. Сабраныя Г.Я.Галенчанкам матэрыялы паказваюць, што тэма пра ролю царкоўнага землеўладання і розных цэркваў у грамадзянска–палітычным і сацыяльным развіцці ВКЛ вартая спецыяльнай манаграфіі.

§ 2. Противоречия и борьба внутри господствующего класса (А.М.Карпачоў і С.А.Шчарбакоў). Прапановы наконт аб’яднання з §§ 5—6 раздзелу II былі выказаны раней.

С.388 — сярод саюзнікаў вялікіх князёў літоўскіх няма крымскіх ханаў. Чаму? Добра было б выкарыстаць найноўшую літаратуру па Кулікоўскай бітве — с.390–392, а таксама працу О.Бакуса аб прычынах імкнення часткі феадалаў ВКЛ у Рускую дзяржаву.

Раздзел IV «Культура» (Г.Я.Галенчанка) змяшчае абагульненне ўжо вядомага мятэрыялу, які наноў уводзіцца ў зварот. Крыху зацягнуты § 1 (да с.434), дзе добра было б спаслацца на працы А.Я.Гурэвіча пра сярэднявечную культуру і народную культуру Сярэднявечча. У § 2, як і ў § 4, няма ніякіх, апрача с.460 пра «татараў–баяраў», згадак пра цюркскія элементы ў складванні беларускай культуры і мовы, пра што, у прыватнасці, ёсць змястоўныя працы А.І.Жураўскага і А.Я.Супруна. § 3, можа быць, варта было б дапоўніць працамі Ю.М.Дзмітрыева.

Раздзел VII (Г.Я.Галенчанка) змяшчае гістарычна–геаграфічную характарыстыку беларускіх земляў, больш дарэчную на пачатку кнігі (с.539—540). Стыль адметны вялікай колькасцю занадта навуковых замежных слоў, наўрад ці зразумелых таму шырокаму чытачу, якому адрасавана кніга. У «Заключэнні» (З.Ю.Капыскі, В.І.Мялешка) першыя паўтары старонкі — паўтарэнне «Ўводзінаў». Незразумелая ацэнка тыпу феадальных адносінаў у Беларусі — с.580 супярэчыць с.581.

Усе папярэднія старонкі былі прысвечаны крытыцы недахопаў. Пара пагаварыць і пра вартасці: гэты — трэці, наколькі я магу меркаваць па шматгадовым супрацоўніцтве з аўтарамі, — варыянт, значна лепшы за два першыя. У ім шырэй пададзена літаратура, некаторыя аўтары зрабілі ўдалую спробу творча падысці да даручаных ім тэмаў (у першую чаргу гэта датычыць раздзелаў М.Ф.Спірыдонава і Г.Я.Галенчанкі). У гэтых раздзелах — высакаякасны пачатак для будучых манаграфій. Усебакова асветлены пытанні і роўна напісаны главы і раздзелы С.А.Шчарбакова. Дапрацоўкі — і вельмі значнай — патрабуе гістарыяграфія, эвалюцыя палітычнага ладу, уводныя і заключныя раздзелы.

У сувязі з гэтымі апошнімі зноў даводзіцца вярнуцца да недапрацовак. Якая агульная канцэпцыя развіцця феадалізму ХIII — першай паловы XVI ст. на тэрыторыі беларускіх земляў? Мы маем справу з тыповым, класічным тыпам развіцця або ўласцівым шэрагу краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, такімі, як Польшча, Прыбалтыка (гл. працы Г.Самсановіча, В.В.Дарашэнкі і інш.)? Чым і як абумоўлена развіццё Беларусі?

Якая Ваша пазіцыя наконт дэмаграфічных працэсаў? Ішлі на беларускія землі з усходу і поўдня — у адным месцы, зваротны рух — у другім (с. 320, 335 і інш.). Магчыма, так яно і было, але калі і чаму? Калі прыходзілі, то чаму гэта не прывяло да ўздыму вытворчых сіл, як, напрыклад, на Русі (В.А. Кучкін)?

Асабіста мне ўяўляецца найбольш слушнай прапанова пра некаторую застойнасць развіцця эканомікі гэтага рэгіёну (с.447), але, зразумела, навязваць свой пункт погляду не магу.

Стаўленне да гістарыяграфіі, а таксама Вашай радзімы… У водгуку паказаны шматлікія пропускі ў гістарыяграфіі, але адна праца цытуецца ўдоўж і ўпоперак (Пашута, Флора, Харашкевіч), паводле яе падаюцца і крыніцы, як гэта робяць П.А. Лойка і А.М.Карпачоў. Дарэмна, гэтая кніга — не класіка. Гэта проста першая спроба падысці да адзінага пытання сярод мноства іншых, якія пастаўлены ў Вашай калектыўнай працы.

Вы пішаце пра Вашу радзіму і для Вашых суайчыннікаў, Ваша кніга павінна нараджаць любоў і гонар. Любоў і гонар за сваю краіну, павага да іншых — аснова інтэрнацыяналізму — павінны чырвонай ніткай праходзіць па ўсіх раздзелах кнігі. І беларускія гістарычная і філалагічная навукі поўныя падзвіжнікаў, якія па крупінках збіралі народны фальклор, дадзеныя пісьмовых крыніц. Толькі дзякуючы ім — людзям, якія часта адмаўлялі сабе ў самым неабходным, — мы цяпер можам узнавіць гісторыю Вашай рэспублікі. Такія імёны, як Шэйн і Сапуноў вартыя самых лепшых слоў і нашай вечнай удзячнасці. Вы ж звялі ўсю гістарыяграфію да адной вузкай праблемы, нават калі яна і трагічная, — страта самастойнасці, але ж жыццё — ішло, і Ваша кніга менавіта «Очерки … жизни».

У сувязі з гэтым адно — апошняе — пажаданне: крыху палегчыць стыль, помнячы, што Вы пішаце для Вашых блізкіх — дзяцей і ўнукаў…

Д.г.н. ст.н.с. Інстытута гісторыі СССР АН СССР Г.Л.Харашкевіч

15.01.1986 г.

Наверх

Чарговая кніга Метрыкі ВКЛ (Міхаіл Спірыдонаў)

Чэрвеня 19, 2000 |


Пасля шматгадовага перапынку ў Беларусі, нарэшце, была апублікавана чарговая, 28-я, кніга Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага і далей[1] — вялікага комплексу каштоўных крыніц па гісторыі Беларусі і Літвы, а таксама суседніх краін XV—XVIII ст., што ўтварыўся пераважна ў працэсе дзейнасці канцылярыі вялікіх князёў літоўскіх. Фонд захоўваецца, як вядома, у Маскве ў Расійскім архіве старажытных актаў.

Гэтую кнігу супрацоўнік аддзела спецыяльных гістарычных навук Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі Валеры Мянжынскі рыхтаваў да публікацыі амаль дзесяць гадоў. Яна была рэкамендаваная да друку, але з-за адсутнасці неабходнага фінансавання справа яе выдання за кошт дзяржаўных сродкаў аказалася безнадзей най. Праблему вырашыла малавядомае выдавецтва «Athenaeum» на чале з Алегам Дзярновічам. На вялікі жаль, істотная роля Інстытута гісторыі ў арганізацыі падрыхтоўкі кнігі да друку па незразумелых прычынах адзначана не на тытульнай старонцы публікацыі, а толькі на яе адвароце. Замест яго на тытульнай старонцы толькі надпіс «Athenaeum».

Шмат у чым кніга адпавядае вядомым метадычным рэкаменда цыям Ганны Харашкевіч і Сяргея Каштанава[2], а таксама археаграфічным традыцыям падобных публікацый апошняга дзесяцігоддзя, што склаліся пераважна ў Літоўскай Рэспубліцы. За гэты час літоўскія гісторыкі падрыхтавалі і выдалі на добрым навуковым і паліграфічным узроўні дванаццаць кніг Метрыкі ВКЛ[3]. Але разгляданая публікацыя мае свае як станоўчыя, так і адмоўныя рысы і якасці. Спынімся на асноўных з іх.

Адной з аргументаваных прынцыповых перамен археаграфічнай традыцыі з’яўляецца змена назвы міжнароднай серыі публікацый кніг вядомага каштоўнага фонду гістарычных крыніц. У адрозненне ад літоўскіх публікацый пад назвай «Літоўская Метрыка» беларуская публікацыя мае сапраўды навуковую назву: «Метрыка Вялікага Княства Літоўскага». Пра недакладнасць традыцыйнай назвы гэтага фонду «Літоўская Метрыка» і неабходнасць яе замены на «Метрыка ВКЛ» мы пісалі ўжо даўно[4].

Публікацыя пачынаецца даволі сціслымі «Ўводзінамі» на мовах беларускай (с. 5—11), рускай (12—18), а таксама англійскай (19—24) і літоўскай (25—26). У іх коратка апісваюцца арыгінал кнігі, палеаграфія рукапісу, прынцыпы транслітарацыі тэксту, структура публікацыі ў цэлым і навукова-даведачнага апарату ў прыватнасці. Характарызуючы апошні, Мянжынскі грунтоўна асвятляе прынцыпы складання імяннога, геаграфічнага і прадметнага паказальнікаў да публікацыі. Звяртае на сябе ўвагу імкненне аўтара геаграфічнага паказальніка ўпершыню ў пэўнай ступені выкарыстаць нашы рэкамендацыі наконт павышэння інфармацыйнасці такіх паказальнікаў (с. 9—10), якія істотна адрозніва юцца ад традыцыйных.

Ва «Ўводзінах» таксама аргументуюцца ўключэнне ў публікацыю прадметнага паказальніка і слоўніка незразумелых слоў, якія складзены Ўладзімірам Свяжынскім; сцісла раскрываюцца прынцыпы іх стварэння.

«Уводзіны» заканчваюцца бясспрэчным тэзісам аб вялікай каштоўнасці публікуемых крыніц для высвятлення многіх бакоў асноўных пытанняў развіцця ВКЛ у 1522—1551 г. (дарэчы, без малакарыснай тут спробы гэта рабіць), а разам з тым зямель сучасных Беларусі (па падліках аўтара, 70 крыніц, або 43,5% з 161), Літвы (50, або 31,1%), Украіны (24, або 14,9%) і іншых суседніх краін.

Тэксту кнігі папярэднічаюць восем чытэльных ілюстрацый-рэп радукцый розных старонак арыгінала (28—35), якія даюць канкрэтнае ўяўленне пра мову і почырк рукапісу.

Далей надрукаваны тэкст рукапісу (36—206) у адпаведнасці з сучаснымі правіламі археаграфіі. Ён займае 171 старонку, або 54,8% аб’ёму гэтай публікацыі.

Пачынае тэкст арыгінальны «Реестр всих справ, в той Мэтрыце вписаныхъ» (36—47), які складае 7% аб’ёму 28-й кнігі Метрыкі ВКЛ.

Па меркаванні складальніка, у 28-й кнізе Метрыкі ВКЛ «фактычна 161 дакумент» (с. 6). Але ён, на нашу думку, памыляецца. Калі дадатковая нумарацыя да актаў № 9, 58, 59 і 94, якія з’яўляюцца рознымі заўвагамі пісараў да папярэдніх, мэтазгодная, то такі падыход да акта № 102.1, які ва ўсіх адносінах з’яўляецца самастойным, уяўляецца памылковым. Адносна ж акта № 115, які з’яўляецца пісарскай заўвагай да папярэдняга (№ 114), складальнік парушыў сваё ж слушнае правіла дадатковай нумарацыі: замест № 115.1 абазначана № 115. Калі ўлічыць гэтыя непаразуменні, то атрымаецца 156 самастойных дакументаў, а не 161.

Галоўная каштоўнасць публікацыі ў тым, што 28 кніга Метрыкі ВКЛ упершыню апублікавана цалкам. На наш погляд, менавіта такія комплексныя публікацыі крыніц ВКЛ у найбольшай ступені адпавядаюць сучасным патрэбам гістарычнай навукі. Падкрэслім і тое, што са 156 самастойных актаў упершыню надрукаваны 117 (273—275), або 75% усіх актаў, якія захаваліся ў рукапісе 28-й кнігі Метрыкі ВКЛ.

Варта звярнуць увагу на тое, што значная колькасць апублікава ных актаў (№ 40, 45—47, 54—55, 59, 66, 72, 76, 84, 87—89, 97, 103, 105—107, 112, 119, 120—128, 130—131, 133, 135, 137, 139—140, 144—146, 148, 156 і інш.) дае магчымасць канкрэтна высветліць многія істотныя бакі жыцця грамадства сярэднявечнай Беларусі.

Тэкст арыгінальнага рукапісу ў асноўным надрукаваны ў адпаведнасці з сучаснымі археаграфічнымі правіламі. Аднак, на жаль, сустракаецца і шмат археаграфічных недакладнасцяў і граматычных памылак аўтарскага і друкарскага паходжання, як заўважаных аўтарамі (гл. дадатак — Errata), так і незаўважаных імі. Абмяжуемся некалькімі прыкладамі.

У археаграфічным афармленні тытульнай старонкі рукапісу не пазначана вынасная літара («инших»), замест «инътрыликгованы» надрукавана «интроликгованы» (29 і 36). Правільныя «навеки» і «навечнасть» складальнікі ў Errata паправілі, як нам уяўляецца, на няправільныя «на веки» і «на вечнасть» (52, 122).

Прозвішчы князёў Друцкіх заўсёды пішуцца з вялікай літары, але ў публікацыі — з малой (54). У адным са сказаў акта № 9 памылкова не пастаўлены патрэбныя коскі (павінна быць: «прыслухали , и корчом наших,» (57). Уяўляецца таксама, што трэба было аформіць фразу так: «Жаловал […] Гринька Михайловича тымъ обычаемъ. Иж», а не інакш, як гэта зрабіў складальнік: «Гринька Михайловича. Тымъ обычаемъ, иж» (75). На той самай старонцы імя па бацьку князя К.І. Астрожскага памылкова надрукавана з малой літары: «ивановича». На наш погляд, «волости Руские» павінны пісацца з вялікай літары, а не з малой (98), бо гэта ўласная геаграфічная назва. Але «коруна Польская» традыцыйна, як і «Вялікае княства Літоўскае», па нормах сучаснай беларускай мовы пішацца з малой літары (112). Аднак, калі гэта краіна фігуруе як «Коруна» ў выразе «жида Корунного», на наша меркаванне, правільна гэта слова трэба пісаць з вялікай літары (113). Замест «за косы» ў акце № 66 павінна быць «закосы» (116). Відавочна, што «костел панны Марыи Шавдовский», як і «Менскі двор» або «замок», трэба пісаць з вялікай літары, а не малой (128).

Перапісчык, які рыхтаваў рукапіс да публікацыі, меў значна больш часу, чым мы, каб пазбегнуць адзначаных і неадзначаных намі археаграфічных і іншых памылак. Аднак з гэтай адной з асноўных сваіх задач ён справіўся, на жаль, не бездакорна.

Значную навуковую каштоўнасць мае вялікі навукова-даведачны апарат (207—276) дадзенай публікацыі. Ён займае 71 старонку, або 22,8% агульнага аб’ёму.

У «Спіс скарачэнняў» (207—209) уключаны як агульнапрынятыя, што зусім нерацыянальна (в. — век, вв. — века; г. — год; гг. — годы, гады; г. — город; г.д. — гэтак далей; г. зн. — гэта значыць; л. — лист; лл. — листы і інш.), так і арыгінальныя, але не заўсёды слушныя. Нам ўяўляецца, што розныя варыянты слова «бояре», як і іншых, можна абазначыць адным скарачэннем — адной літарай «б», а не сямю. Непатрэбным мы лічым і ўключэнне ў «Спіс скарачэнняў» геаграфічных скарачэнняў тыпу: «вилен. — виленский; вилен-ая — виленская; вилен-го — виленского; вилен-ой — виленской (-ом)» і да т. п., якія зразумелыя самі па сабе.

Вельмі дапаможа чытачам карыстацца публікацыяй «Імянны паказальнік» (210—220), які складае 15,5% аб’ёму навукова-даведачнага апарату і 3,5% аб’ёму ўсёй кнігі. Ён не выклікае істотных заўваг, але некаторыя нашы пажаданні мы выкажам.

На жаль, Мянжынскі зусім не назваў крыніцы, што дапамаглі яму вызначыць тыя прозвішчы асобаў, якія ў публікаваных крыніцах не ўказаны (8). Нам уяўляецца, што ў дачыненні да жанчын было б больш рацыянальна прозвішча, імя па бацьку, імя мужа і дзявочыя адпаведнікі яго жонкі паказваць не дадатковымі тлумачэннямі («жена», «вдова»), а дэфісам: «Жеславская/Жославская Фёдоровая Ивановича-Зафея (Софья) Андреевна [Сангушко] …» (8—9, 213)[5]. На жаль, дзявочых прозвішчаў жонак, як і ў дадзеным выпадку, у іншых крыніцах аўтар паказальніка не шукаў. Неправамерна істотна адрозніваюцца сваёй нестандартнас цю тлумачэнні аўтара да некаторых гістарычных асобаў. Параўнайце, напрыклад: «Александр/Олександр»; «Александровая—Алена»; «Бона»; «Жикгимонт (Жигимонт Старый)»; «Жикгимонт Август/Жикгимонт Вторый (Жигимонт Август)». На наш погляд, у адрозненне ад археаграфічных традыцый пажадана, каб усе «першыя, асноўныя», археаграфічныя варыянты імяннога паказальніка былі пранумараваны. Гэта дало б магчымасць меркаваць аб колькасці асобаў, якія фігуруюць у 28-й кнізе Метрыкі ВКЛ. І, нарэшце, варта задаць аўтару пытанне: чаму ў кнізе на беларускай мове ўсе тлумачэнні адносна сацыяльнага статуса, тытула, пасады і іншых звестак пра асобаў даюцца толькі на рускай мове?

Істотнай традыцыйнай прыналежнасцю дадзенай публікацыі, як і іншых падобных, з’яўляецца «Геаграфічны паказальнік» (221—233), які складае 18,3% аб’ёму навукова-даведачнага апарату, або 4,2% аб’ёму ўсёй публікацыі.

Адрозна ад бальшыні традыцыйных геаграфічных паказальнікаў Валеры Мянжынскі паспрабаваў даць вельмі патрэбную сціслую інфармацыю пра цяперашні стан значнай колькасці населеных пунктаў, пераважна сучаснай Беларусі: тып, адміністрацыйнае значэнне, адміністрацыйна-тэрытарыяльная прыналежнасць, дзяржаўная прыналежнасць (10). Тым не менш, шэраг пазіцый геаграфічнага паказальніка выклікае, на жаль, шмат крытычных заўваг і пажаданняў. Вось некаторыя з іх.

Перш за ўсё не зусім зразумела, што аўтар лічыць «першым арфаграфічным варыянтам» назвы населенага пункта, калі, як правіла, іх некалькі. Як растлумачыць тое, што варыянты «Рша», «Рошский», «рошский», «Рошское» ва ўсіх чатырох крыніцах публікацыі сустракаюцца больш за дзесяць разоў, а варыянты «Орша», «Оршанский» — толькі некалькі разоў, але аўтар абраў «першым» варыянтам «Орша/Рша» (9, 229). Пры гэтым ім не вызначана, у якіх канкрэтна актах упамінаецца «Орша» або «Рша» і варыянты гэтых назваў, а таксама ім адпаведныя «бояре», «держава», «замок», «место» і «повет». Пашанцавала толькі «Оршаньскому замку» (229). Тое самае трэба сказаць і пра Чачэрск: асноўным варыянтам аўтар лічыць «Чичерск», хоць ён фігуруе толькі ў адным акце, а «Чечерск» — у двух. Адзначаныя побач «Чечерская вол.», «Чечерский д-ца» и «Чечерское м.» нібыта не маюць дачынення да «Чичерска» (233).

Не зусім адпавядаюць тэксту апублікаванай Метрыкі ВКЛ таксама пазіцыі дадзенага паказальніка, напрыклад, адносна Свіслачы. Насуперак паказальніку ў тэксце акта № 55 фігуруе «волость Свислоцкая», але ў ім яна адсутнічае; а ў тэксце акта № 66 ёсць «свислоцкие подданые», якіх аўтар не ўлічыў. «Замок Свислоцкой» (№ 55, 66, 89), на наш погляд, мэтазгодна было б, як і іншыя «свислоцкие» аб’екты, паказаць у асобнай пазіцыі, а не толькі ў асноўнай «Свислоч…».

На наш погляд, такой блытаніны можна пазбегнуць толькі тады, калі пры шматварыянтнасці назваў таго самага існуючага ідэнтыфіка ванага і лакалізаванага паселішча «асноўным варыянтам назвы» ў паказальніку будзе прынята сучасная назва адпаведнага населенага пункта[6]. Пазіцыі падобных паказальнікаў павінны, як мы мяркуем, выглядаць наступным чынам.

Менск гл. Мінск

МІНСК, г., ц. р-на і вобл., сталіца РБ

Менск 54, 145, 151

менские мещ. 144

менский д-ца 54

Менский зам. 144

Менский м-р 145

менский арх. 145

Менское м. 54, 141, 144

менское мыто 10, 144

Менскъ, м. 144

У дадзеным паказальніку сустракаюцца таксама відавочныя парушэнні алфавітнага парадку размяшчэння геаграфічных назваў: «Белица…», «Беламош…». Уяўляюцца таўталогіяй пазіцыі тыпу: «Бахаревичи — гл. Бахаревичи.»

На жаль, у геаграфічным паказальніку сустракаюцца словы, якія не маюць дачынення да геаграфічных аб’ектаў («борколабове», «боркулабы», №71).

Аўтар не змог ідэнтыфікаваць і лакалізаваць шмат населеных пунктаў, асабліва сельскіх, нават на сучаснай тэрыторыі Беларусі, што здзіўляе, бо ўражвае вялікі пералік у агульнай форме даведнікаў, якімі ён карыстаўся (10).

Амаль усе адзначаныя намі і іншыя недахопы гэтага геаграфічна га паказальніка можна праілюстраваць таксама на прыкладзе аналізу геаграфічнай наменклатуры нават аднаго акта (№139). Па-першае, невядома чаму аўтар паказальніка размясціў усе геаграфічныя аб’екты, што фігуруюць у ім, у Менскім павеце, бо ў гэтым акце ён не ўпамінаецца. Па-другое, у паказальніку не адзначаны ўсе аб’екты акта, што звязаны з назвамі паселішчаў: «беломошане», «гнедковцы», «рубежовцы», «хотовляны» і інш. Па-трэцяе, да «татари засульские» аўтар не знайшоў адпаведнага населенага пункта: Засулле, вёска, цэнтр сельсавета Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці Рэспублікі Беларусь. Па-чацвёртае, у паказальніку адлюстраваны не ўсе кантэкставыя формы назваў таго самага паселішча «Хотова»: «хотовляны», «именье Хотовское», а толькі «Хотава/Хатово…». Па-пятае, аўтар даў каментар толькі да ракі Сула: «приток Немана», а да іншых — не. Пры неабходнасці такі пералік можна працягваць.

Нам уяўляецца мэтазгоднай парадкавая нумарацыя ўсіх асноўных пазіцый ідэнтыфікаваных і лакалізаваных, а таксама неідэнтыфіка ваных і нелакалізаваных населеных пунктаў і іншых геаграфічных аб’ектаў, што фігуруюць у публікацыі. Каштоўным дапаможнікам для яе карыстальнікаў была б і падобная на нашу[7] карта хоць бы ідэнтыфіка ваных і лакалізаваных паселішчаў і іншых важных геаграфічных аб’ектаў.

Зноў мы вымушаны адзначыць, што «Геаграфічны паказальнік» у беларускай кнізе складзены толькі на рускай мове.

Такім чынам, геаграфічны паказальнік сведчыць як пра пэўны прагрэс у гэтай складанай навуковай справе, так і пра нявыкарыста ныя магчымасці павышэння яго інфармацыйнасці і дакладнасці. Ён тут яшчэ наогул не стаў паказальнікам-каментаром у поўным сэнсе гэтага паняцця.

«Прадметны паказальнік» публікацыі (239—265), складзены Ўладзімірам Свяжынскім, уключае «ўсе знамянальныя словы», што сапраўды дапамагаюць шукаць у ёй неабходны гістарычны матэрыял (10). Такія словы склалі самую вялікую структурную частку навукова-даведачнага апарату (45,1%) і 10,3% аб’ёму ўсёй публікацыі. Аднак адзначым (без дэталёвага аналізу), што паказальнік мае, у прыватнасці, пропускі. Напрыклад, у ім няма тэрміна «закосное» (№ 66), у адрозненне ад аналагічных пазіцый тэрмін «место …» канкрэтна не раскрыты, і, больш за тое, «место» з акта №141 прапушчана.

Карысным будзе для некаторых чытачоў і кароткі «Слоўнік» незразумелых неспецыялісту слоў у публікацыі (266—270), які таксама склаў Свяжынскі. На жаль, у публікацыі не названы слоўнікі, што служылі як крытэрыем адбору адпаведных слоў, так і асновай для іх перакладу на беларускую мову. «Уводзіны» абмежаваліся толькі некаторымі агульнымі разважаннямі на гэты конт (11). Відавочна, адсутнасць адпаведных жорсткіх прынцыповых крытэрыяў абумовіла ўвядзенне ў «Слоўнік» і слоў («Безменья», «Быдло», «Гута» і г. д.), зразумелых усім адукаваным чытачам або ўключаных у масавыя тлумачальныя слоўнікі беларускай літаратурнай мовы[8].

Ёсць у публікацыі некалькі карысных даведачных табліц і «Спіс ілюстрацый» (271—275).

«Змест» — на англійскай, літоўскай (з кароткімі загалоўкамі), рускай (з небездакорнымі аўтарскімі — Свяжынскага — загалоўкамі ўсіх актаў, с. 279—294) і беларускай (з таксама небездакорнымі аўтарскімі загалоўкамі ўсіх актаў, 295—309) мовах (277—310). Напрыклад, у аўтарскім загалоўку акта № 139 ніяк не адлюстравана, у прыватнасці, наяўнасць у гэтым «листе»—пацвярджэнні Жыгімонта Аўгуста ад 20 лістапада 1551 г. копій двух ранейшых «листов» ад 4 лістапада 1547 г. і 14 ліпеня 1549 г., а таксама шэрагу іншых маёнткаў, акрамя «Суховерховщины». Да таго ж гэтыя, устаўныя, лісты «слово от слова» ў публікацыі не ўзяты ў двукоссі.

Такім чынам, публікацыя 28-й кнігі Метрыкі ВКЛ завяршыла працяглую і складаную працу па яе падрыхтоўцы да друку. Усе, хто цікавіцца гісторыяй ВКЛ, атрымалі чарговую кнігу Метрыкі ВКЛ, выдадзеную на належным навуковым і паліграфічным узроўні. Віншуем усіх, хто спрычыніўся да яе публікацыі, асабліва Валерыя Мянжынска га, з відавочным навуковым дасягненнем і жадаем хутчэйшай і бездакорнай ва ўсіх адносінах публікацыі чарговай кнігі каштоўнага архіўнага фонду.

Міхаіл Спірыдонаў

Менск


[1] Метрыка Вялікага Княства Літоўскага. Кн. 28: Кн. запісаў 28 (1522—1552 гг.) / Падрыхт. тэкстаў да друку і навук. апарат: В. Мянжынскі, У. Свяжынскі. Менск: Athenaeum, 2000. — 312 с.: іл. 8 (Калекцыя «Помнікі». Т. 1).
[2] Методические рекомендации по изданию и описанию Литовской метрики / Сост. А.Л. Хорошкевич, С.М. Каштанов. Вильнюс, 1985.
[3] Литовская Метрика. Кн. 1: Кн. записей 1 (1380—1584) / Подгот. А. Балюлис, Р. Фирковичюс. Вильнюс, 1998; Литовская Метрика. Кн. 3: Кн. записей 3 (1440—1498) / Подгот. Л. Анужите, А. Балюлис. Вильнюс, 1998; Литовская Метрика. Кн. 5: Кн. записей 5 (1427—1506) / Подгот. Э. Банёнис. Вильнюс, 1994; Литовская Метрика. Кн. 8: Кн. записей 8 (1449—1514) / Подгот. А. Балюлис, Р. Фирковичюс, Д. Антанавичюс. Вильнюс, 1995; Литовская Метрика. Кн. 10: Кн. записей 10 (1440—1523) / Подгот. Э. Банёнис, А. Балюлис. Вильнюс, 1997; Литовская Метрика. Кн. 11: Кн. записей 11 (1518—1523) / Подгот. А. Дубонис. Вильнюс, 1997; Литовская Метрика. Кн. 25: Кн. записей 25 (1387—1546) / Подгот. Д. Антанавичюс, А. Балюлис. Вильнюс, 1998; Литовская Метрика. Кн. 224: Кн. судных дел 4 (1522—1530) / Подгот. С. Лазутка, И. Валиконите и др. Вильнюс, 1997; Литовская Метрика. Кн. 225: Кн. судных дел 6 (1528—1547) / Подгот. И. Валиконите, С. Лазутка и др. Вильнюс, 1995; Литовская Метрика. Кн. 227: Кн. судных дел 8 (1533—535) / Подгот. И. Валиконите, С. Лазутка, Н. Шлимене. Вильнюс, 1997; Литовская Метрика. Кн. 530: Кн. публичных дел 8 (1566—1572) / Подгот. Д. Баронас, Л. Ёвайша. Вильнюс, 1999; Литовская Метрика. Кн. 564: Кн. публичных дел 7 (1553—1567) / Подгот. А. Балюлис. Вильнюс, 1996.
[4] Спірыдонаў М.Ф. Карысны дапаможнік па археаграфіі // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1980. № 5. С. 132—133. Рэц. на кн.: Ковальский Н.П. Источниковедение истории Украины (XVI — первая половина XVII в.). Ч. 1—3. Днепропетровск, 1977—1978; Яго ж. Архіўныя крыніцы па гісторыі Украіны // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1981. № 6. С. 136—138. Рэц. на кн.: Ковальский Н.П. Источниковедение истории Украины XVI — первой половины XVII в. Ч. 4—5. Днепропетровск, 1979.
[5] Спиридонов М.Ф. Заславль в XVI в. Минск, 1998. С. 6, 12 і інш.
[6] Спірыдонаў М. Узнаўленне публікацыі Метрыкі ВКЛ // Беларускі Гістарычны Агляд. 1996. Т. 3, сш. 2. С. 272 і інш. Рэц. на кн.: Литовская метрика. Кн. 225: Кн. судных дел 6 (1528—1547). Вильнюс, 1995; Ён жа. Метрика Великого княжества Литовского как источник по истории поселений // Lietuvos Metrika. 1991—1996 metu tyrinejimai. Vilnius, 1998. С. 121 і інш.
[7] Спиридонов М.Ф. Населённые пункты Беларуси, упоминающиеся в 225-й книге Метрики ВКЛ. 1:3 670 000. Гл. у: Яго ж: Метрика Великого княжества Литовского как источник по истории поселений. Приложение 2 // Lietuvos Metrika, 1991—1996. Vilnius, 1998.
[8] Гл., напр.: Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы: Больш за 65 тысяч слоў. Мінск, 1996.

Наверх

Па старонках адной «гісторыі» (Віктар Цітоў)

Чэрвеня 18, 2000 |


* Беларусы: У 8 т. Т. 3: Гісторыя этналагічнага вывучэння. Аўтар В.К.Бандарчык. Мінск: Беларуская навука, 1999.

Не станем акцэнтаваць увагу на назве кнігі, якая, на наш погляд, недакладна адлюстроўвае яе сутнасны змест, тым больш, што ў змесце мы паўсюдна сустракаем этнаграфічнае (а не этналагічнае) вывучэнне. Структура працы падпарадкавана савецкай марксісцка-ленінскай перыядызацыі гісторыі. Першы раздзел прысвечаны этнаграфічнаму вывучэнню Беларусі ў канцы XVIII — першай палове ХIХ ст. (феадальны перыяд); этнаграфія капіталізму асвятляецца ў трох раздзелах, дзе паслядоўна разглядаецца стан этнаграфіі ў 60—70-х, 80—90-х г. і ў эпоху імперыялізму (да 1917 г.); пяты раздзел асвятляе развіццё этнаграфіч ных ведаў пасля 1917 г. (паслярэвалюцыйны перыяд). Апошні перыяд аўтар, у сваю чаргу, дзеліць на эпохі: 20—30-я і 40—90-я г. (гл. с. 18), аднак структурны змест гэтага раздзела кампануецца хутчэй паводле тэматычнага прынцыпу. Праца мае апрача таго ўводзіны, прамежкавы артыкул з залішне доўгай назвай («Сацыяльна-палітычнае, эканамічнае, культурнае і навуковае асяроддзе развіцця этналогіі ў Беларусі ў ХIХ — пачатку ХХ ст.»), заключэнне і 97 ілюстрацый (больш за палову іх складаюць фотаздымкі вокладак розных выданняў).

У аснову выдадзенай кнігі пакладзены тры працы аўтара, выдадзеныя ў 60-я — пачатку 70-х г.[1]. Іх змест паслядоўна, без істотных зменаў, паўтараецца ў новым выданні. Пэўныя карэктывы, параўнальна з першым выданнем, унесены ў змест уводзінаў. Аўтар зняў згадку пра марксізм-ленінізм («Марксізм-ленінізм вучыць…»), затое даў кароткі агляд прац Аляксандра Пыпіна і Яўхіма Карскага, які ён механічна перанёс з асноўнай часткі першага выдання 1964 г. Аднак зроблена гэта спешна і няўклюдна, бо разгляд працы Пыпіна «Гісторыя рускай этнаграфіі» амаль дакладна паўтараецца ў новым выданні двойчы — ва ўводзінах і ў асноўнай частцы (гл. с. 7—11 і 168—171).

Гістарыяграфія ўсялякай навукі разглядае яе станаўленне, стан вывучэння праблемных пытанняў ці цэлых кірункаў і базуецца на параўнальным аналізе прац папярэднікаў (і сучаснікаў), якія даследавалі тую самую тэматыку, у прыватнасці, творчую спадчыну вядомых беларусістаў, этнографаў і фалькларыстаў, прычым атрыманыя вынікі і ацэнкі іх творчасці могуць прыкметна адрознівацца паміж сабой. Якраз такога параўнальнага аналізу мы не знаходзім у кнізе Васіля Бандарчыка. Апошні вядзе сваё даследаванне ва ўласнай інфармацыйнай прасторы, не зважаючы на шматлікія працы па гісторыі беларусістыкі (этнаграфіі, фалькларыстыкі, гісторыі культуры і інш.), што выйшлі з друку за апошнія 30 гадоў. Згадаем, у прыватнасці, працы Уладзіміра Васілевіча, Генадзя Каханоўскага, Уладзіміра Касько, Аляксея Каўкі, Генадзя Кісялёва, Валянціна Грыцкевіча, Адама Мальдзіса, Арсеня Ліса, Янкі Саламевіча, Кастуся Цвіркі, Івана Цішчанкі, Язэпа Янушкевіча і іншых навукоўцаў. Гэтыя даследаванні нібы не існуюць для Бандарчыка. Адзінкавыя спасылкі на Каханоўскага ці Саламевіча не вырашаюць сутнасці пытання. Мы не гаворым ужо пра гістарыяграфію прац польскіх даследчыкаў. Для прыкладу нагадаем, што толькі ў выданні «Tygodnik ilustrowany» ў ХIХ ст. мы знаходзім грунтоўныя артыкулы, прысвечаныя жыццю і творчасці вядомых этнографаў — Яна Баршчэўскага, Лукаша Галамбёўскага, Зыгмунта Глогера, Оскара Кольберга, Юзафа Крашэўскага, Уладыслава Сыракомлі, Яўстафія і Канстанціна Тышкевічаў, Міхала Федароўскага і іншых, унёсак якіх у беларускую этнаграфію цяжка пераацаніць.

Па-за ўвагай аўтара засталіся цэлыя пласты беларускай культуры, без якіх апошняя ўяўляецца няпоўнай, занядбанай, толькі сялянскай, без глыбокіх каранёў і творчых узаемадачыненняў з культурай іншых народаў; губляецца яе нацыянальнае аблічча, старажытнаславянскі і еўрапейскі кантэкст. Аўтар не разглядае праблем нацыянальнай самасвядомасці, узаемадзеяння народнай і прафесійнай культур, праблемных пытанняў беларускага адраджэння, як і творчай спадчыны Мікалая Гусоўскага, Францішка Скарыны, Льва Сапегі, Мікалая Радзівіла Чорнага і Мікалая Радзівіла Сіроткі, братоў Луцкевічаў, Казіміра Машыньскага, Чэслава Пяткевіча, Юзафа Абрэмбскага, Язэпа Драздовіча, Мікалая Ўлашчыка, Янкі Запрудніка… Мы не гаворым ужо пра творчасць Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Ніла Гілевіча і шмат каго іншага з тых, хто займае сваё годнае месца ў этнакультурным працэсе. Зусім невыпадкова ім прысвечаны грунтоўныя артыкулы не толькі ў біябібліяграфічным даведніку «Беларускія пісьменнікі», але і ў «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (у 6 т.).

Паводле этнічнай ідэнтыфікацыі Бандарчыка, нашы слынныя землякі, выхадцы з мясцовага шляхецкага саслоўя, адназначна фігуруюць як «польскія даследчыкі». У іх ліку — Ян Чачот, Уладыслаў Сыракомля, Ян Баршчэўскі, Рамуальд Зянкевіч, браты Тышкевічы, Аляксандр Рыпінскі. У кнізе, па сутнасці, няма гістарыяграфічнага аналізу, а ёсць фрагменты бібліяграфіі, спрошчаныя да наіўнасці, вульгарызаваныя ідэалагічныя ацэнкі гэтых апантаных збіральнікаў і рупліўцаў беларускай этнаграфічнай спадчыны. Аўтар зусім не цікавіцца, што думаюць і пішуць, напрыклад, пра Рыпінскага даследчыкі яго творчасці Генадзь Каханоўскі, Ніна Тарэлкіна і інш. Ён з той самай упартасцю, як і сорак гадоў таму (калі рыхтаваў кнігу), паўтарае: «быў польскім шавіністам… з павярхоўна-дылетанцкімі разважаннямі адносна беларусаў і іх культуры», не прымаў «справядлівы гістарычны акт уз’яднання братніх беларускага і рускага народаў» (48—49).

У асобны параграф вылучаецца «Вывучэнне Беларусі мясцовымі сіламі». Да «мясцовых сіл» аўтар адносіць Пятра Бяссонава, Аляксандра Семянтоўскага, Пятра Гільтэбранта, якія да Беларусі мелі ўскоснае дачыненне і былі пасланыя сюды з мэтай русіфікацыі «Западнорусско го Края». Пры разглядзе дзейнасці асобных этнографаў аўтар строга прытрымліваецца класавага падыходу і ідэйна-палітычнай ацэнкі, падзяляючы даследчыкаў на кансерватараў, буржуазных лібералаў, рэвалюцыйных дэмакратаў, шавіністаў і нацыяналістаў. Такія ацэнкі пакідаюць у ценю навуковы плён іх працы, сапраўдны ўнёсак у развіццё беларускай этнаграфіі. Разгляд этнаграфічных прац, асабліва перыёдыкі, зводзіцца да фрагментарнага пераказу іх зместу і цытавання выпадковых урыўкаў, прычым такія цытаты часам займаюць, бадай, палову тэксту. Вось узор такіх цытат: «Старая сялянка з Магілёўскага павета, якая вяжа панчоху. Адзенне яе складаюць наступныя часткі: намётка (белая палатняная хустка, якая з’яўляецца яе галаўным уборам), світа (верхняе адзенне), сарочка палатняная, спадніца палатняная, анучы палатняныя, лапці з аборамі пяньковымі…»; «Селянін-рыбак з Чэрыкаўскага павета рыхтуе душагубкі (чаўны) для рыбнай лоўлі…» (69), і г.д., і г.д. Тут, як і далей, пры разглядзе публікацый у перыядычным друку, на цэлыя старонкі падаецца (цытуецца) сыры, апісальны матэрыял, які захоўвае характар і стыль выпадковых канспектыўных выпісак і мае даволі ўскоснае дачыненне да гістарыяграфіі навукі (гл. с. 73—80 і інш.).

Трэці і чацвёрты раздзелы («Беларуская этнаграфія ў 80—90-х г. ХIХ ст.» і «Этнаграфічная навука ў пачатку ХХ ст.») фармальна адлюстроўваюць храналагічны падыход у асвятленні адпаведнага матэрыялу, аднак на самай справе амаль цалкам прысвечаны дзейнасці вядомых этнографаў і фалькларыстаў Мікалая Нікіфароўскага (1845—1910), Еўдакіма Раманава (1855—1922), Уладзіміра Дабравольскага (1856—1920), Мікалая Янчука (1859—1921), Мітрафана Доўнара-Запольскага (1867—1934), Аляксандра Пыпіна (1833-1904), Яўхіма Карскага (1861—1931) і інш. Тут узнікае шмат пытанняў. Перш за ўсё, да якога перыяду аднесці творчасць бальшыні гэтых даследчыкаў, калі яны жылі і плённа працавалі як у эпоху капіталізму (90-я г. ХIХ ст.), так і ў эпоху імперыялізму (пачатак ХХ ст.)? У дадзеным выпадку выяўляюцца ўсе хібы марксісцка-ленінскай перыядызацыі, якой прытрымліваецца аўтар. Дзейнасць бальшыні этнографаў ён умоўна адносіць да 80—90-х г. і характарызуе іх у адпаведным раздзеле. Да некаторых вяртаецца ў іншых раздзелах ці ўводзінах (Раманаў, Пыпін, Карскі). Аднак такі падзел творчай біяграфіі даследчыкаў парушае яе цэласнасць, арганічнасць, у выніку чаго мы зноў і зноў вяртаемся «на кругі свае» — да дзейнасці, творчай спадчыны і ідэйных поглядаў тых самых аўтараў, нібы сутнасць іх мянялася ў залежнасці ад сацыяльна-эканамічных фармацый. Пры такіх падыходах (а яны ў значнай ступені былі абумоўлены механічным капіяваннем тэкстаў некалькіх выдадзеных раней кніг) непазбежныя аморфнасць, рыхласць унутранага зместу, структурная разбалансаванасць, незакончанасць думак, недаравальныя паўторы.

Часта тое, што выкладаецца ў адным раздзеле, не знаходзіць свайго лагічнага працягу ў другім. Так, Бандарчык крытыкуе аўтараў краязнаўчага выдання «Расія» (т. 9. СПб., 1905) Доўнара-Запольскага і Шэндрыка, якія нібыта перанеслі на сваю этнаграфічную карту памылкі раней складзеных картаў Рыціха і Карскага і, цытуем, «выключылі са складу Беларусі ўсю Гродзенскую губерню, а на ўсходзе і поўначы межы Беларусі адсунулі на тэрыторыю рускага насельніцтва» (246). Аднак ён, па-першае, зусім не згадвае этнаграфічнай карты Доўнара-Запольскага, складзенай у 1918 г., якая лягла ў аснову тэрыторыі Беларускай Народнай Рэспублікі і першапачатковага варыянту карты БССР. Па-другое, ні Рыціх, ні Карскі, як сведчаць адпаведныя карты (1875 і 1903 г.), не выключалі Гродзенскую губерню са складу этнічнай Беларусі; больш за тое, уключалі ў яе і Віленскі край, — таму аўтар кнігі, у лепшым выпадку, мае слабое ўяўленне пра гэтыя карты. Па-трэцяе, бедаваць ад таго, што складальнікі этнаграфічных картаў межы Беларусі «адсунулі на тэрыторыю рускага насельніцтва», няма ніякіх падставаў. У ХIХ — пачатку ХХ ст. бадай што ніхто з адукаваных людзей Расіі не аспрэчваў прыналежнасць большай часткі Смаленшчыны і Браншчыны да этнічнай тэрыторыі рассялення беларусаў, пра што сведчаць шматлікія расійскія краязнаўчыя выданні — «Живописная Россия» (Т. 3. 1882), «Народы России» (Вып. 1. 1878), «Русские народы» (1894) і інш.

Ёсць яшчэ адна цікавая акалічнасць, якая не можа не звярнуць на сябе ўвагу. Аўтар кнігі папракае вядомых навукоўцаў, што тыя «адсунулі беларускую мяжу» на ўсход, на тэрыторыю Смаленскай губерні, якая, паводле слоў Бандарчыка, ніколі не належала этнічнай Беларусі. Тут ён фарысейнічае і супярэчыць самому сабе, бо ў трэцім раздзеле кнігі прысвячае цэлы параграф вядомаму даследчыку этнаграфіі Смаленшчыны Дабравольскаму, аўтару шматтомавага «Смаленскага этнаграфічнага зборніка». Такога самага кшталту «крытычныя» заўвагі аўтар робіць у адрас Яўхіма Карскага і Уладзіміра Пічэты, якія разглядалі старажытнаславянскія плямёны крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў як зыходную аснову этнагенезу беларусаў. «Ён (Карскі. — В.Ц.), — павучальна заўважае аўтар, — амаль не звяртае ўвагі на тую важную акалічнасць, што фарміраванню беларускай народнасці папярэднічала агульнарус кае адзінства ўсходнеславянскіх плямёнаў, племянная замкнёнасць якіх была размыта ўжо ў перыяд існавання Старажытнарускай дзяржавы з цэнтрам у Кіеве» (239). Як і ў іншых выпадках, ніякіх новых аргументаў на карысць адзінай старажытнарускай народнасці аўтар не падае, а проста паўтарае версію савецкіх гісторыкаў (Б.Рыбакоў, С.Токараў і інш.). Паводле гэтай версіі, у Х—ХII ст. ва ўмовах слабых (вельмі слабых!) эканамічных сувязяў на вялізных прасторах Кіеўскай Русі пераважалі інтэграцыйныя працэсы, якія і прывялі да ўтварэння адзінай старажытнарускай, ці ўсходнеславянскай, народнасці, а пазней ва ўмовах Вялікага Княства Літоўскага (яго славянскі характар Бандарчык ігнаруе) нібыта пайшоў нечаканы адваротны працэс распаду адзінай народнасці, у выніку чаго ў XIV—XVI ст. у адной дзяржаве ўтварыліся два этнасы — беларусы і ўкраінцы.

Сітуацыя парадаксальная, лагічнае і гістарычнае тут не сумяшчаюцца, супярэчаць адно аднаму. Такая версія (ці канцэпцыя?) пакідае шмат пытанняў і супярэчыць агульнаеўрапейскаму этнагенетычнаму працэсу. Дастаткова сказаць, што ў нашых суседзяў існуюць больш зразумелыя, навукова апрабаваныя і агульнапрынятыя этнагенетычныя канцэпцыі, паводле якіх, у прыватнасці, немцы як этнас сфармаваліся да Х ст. на аснове кансалідацыі германскіх плямёнаў франкаў, саксаў, бавараў, швабаў, алеманаў; палякі — прыкладна ў той самы час на аснове палян, віслян, слезян, памаран, мазаўшан, якія, дарэчы, стаялі на той самай ступені развіцця, што і нашы крывічы, дрыгавічы, радзімічы. Тая самая канцэпцыя этнагенезу на базе племянных аб’яднанняў (аўкштайтаў, жамойтаў, судовы) існуе і ў сучасных літоўцаў. Нельга не заўважыць, што якіх-небудзь звестак пра старажытнарускую народнасць мы не знаходзім ні ў пісьмовых крыніцах, ні ў гістарычных міфах (без уліку савецкіх міфаў). Іншая справа — плямёны крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў, літвы, яцвягаў, якія існавалі рэальна, пра што сведчаць шматлікія летапісныя і археалагічныя крыніцы.

Нарэшце, у гэтым кантэксце ўзнікае яшчэ адно прынцыповае пытанне: наколькі лагічна і правамерна сумяшчаць па часе і атаясамлі ваць па сутнасці этнагенез беларусаў з этнакультурным працэсам беларускага сярэднявечнага Адраджэння (XV—XVI ст.)? На гэтыя ды іншыя пытанні аўтары згаданай канцэпцыі (а тым болей аўтар кнігі) адказаў не даюць.

Бандарчык спасылаецца на Пыпіна, які нібыта лічыў старажытнарускую народнасць асноватворнай у этнагенезе рускага, беларуска га і ўкраінскага народаў. «Ён (Пыпін — В.Ц.), — піша аўтар, — правільна тлумачыць працэс складвання рускай, украінскай, беларускай народнасцей, падкрэсліваючы, што адзіным коранем іх з’яўляецца старажытнаруская народнасць» (гл. с. 8 і 168, паўтараецца двойчы). Наколькі ўважліва Бандарчык чытае вядомага даследчыка, можна пераканацца, звярнуўшыся да першакрыніцы. «Многим у нас, — піша Пыпін, — как будто кажется, например, что белоруссы (как и малоруссы) составляют просто отрасль вполне сформированного уже в древности цельного русского народа, отрасль впоследствии более или менее подпорченную… Но простые показания новых исторических и филологичес ких исследований представляют дело совсем иначе: этого единого „чисто русского” народа не было»[2]. Каментар не патрэбны.

Васіль Бандарчык ва ўласцівай яму манеры крытыкуе аўтараў «Нарысаў гісторыі Беларусі» (Мінск, 1994), папракаючы, што тыя «слепа пайшлі за «тэорыяй» балцкага субстрату В.Сядова». Заўважым, што са шматлікіх манаграфічных даследаванняў Інстытута гісторыі НАН Беларусі апошняга, плённага на выданні, дзесяцігоддзя апынулася вартай увагі аўтара, бадай, адзіная гэтая кніга. «Няўжо гісторыкі не ведаюць, — з абурэннем усклікае ён, — што ў Кіеўскай Русі насельніцтва карысталася старажытнарускай мовай, на якой напісана многа дакументаў і твораў… Весці размову аб фарміраванні беларускай мовы і этнасу з ХII па ХIII ст. неправамерна» (311).

Паважаны член-карэспандэнт НАН Беларусі блытае старажытную літаратурную мову (блізкую да царкоўнаславянскай) з гутарковай, дыялектнай, якая мела свае адрозненні на тэрыторыі Кіеўскай Русі. Несумненна, што гэтая дыялектная мова як этналінгвістычная сістэма мала мянялася на працягу шматлікіх стагоддзяў, складаючы асноўную прыкмету этнічнай ідэнтыфікацыі. Таму пытанне пра адзіную старажытнарускую мову на вялізных прасторах Кіеўскай Русі вельмі спрэчнае, і схаластычныя тэзы Бандарчыка наконт правамернасці ці неправамернасці падобнай размовы не вырашаюць праблемы. Той самы Пыпін у свой час лічыў, што беларуская мова зусім «не паходзіць ад вялікарускай, а развіваецца адначасова з ёю з блізка роднасных, аднак асобных племянных элементаў і ў даволі розным палітычным і побытавым асяроддзі»[3]. Вядомы лінгвіст Віктар Мартынаў, у сваю чаргу, лічыць дыялект, на якім заснавана сучасная беларуская мова, адным з самых старажытных сярод славянскіх моў, які існуе, выконваючы свае кансалідуючыя функцыі, каля двух тысяч гадоў[4]. Для канчатковага вырашэння гэтых пытанняў неабходны грунтоўныя даследаванні ў розных сферах гуманітарных ведаў, параўнальны аналіз шырокага кола крыніц. Ідэалагізаваныя катэгарычныя ацэнкі, зробленыя на аматарскім узроўні, не маюць тут ніякага навуковага значэння.

Бандарчык недаацэньвае і прыніжае вынікі этнаграфічных даследаванняў да 1917 г., у той перыяд, які даў цэлую галерэю выдатных постацяў збіральнікаў і даследчыкаў беларускай народнай творчасці. Толькі за працамі Мітрафана Доўнара-Запольскага аўтар часткова прызнае навуковую вартасць (148). Калі прытрымлівацца такой думкі, навукова-даследчымі нельга лічыць працы Яўхіма Карскага, братоў Тышкевічаў, Мікалая Янчука, Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага, Паўла Баброўскага, Івана Зяленскага і многіх іншых (дарэчы, грунтоўнаму двухтомніку Зяленскага «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі… Мінская губерня» аўтар прысвячае некалькі дзяжурных радкоў).

Для аўтара «Беларусаў» (т. 3) больш істотная не навуковая, а ідэалагічная ацэнка прац, класавыя падыходы, з улікам якіх ён расстаўляе адпаведныя акцэнты, разглядаючы дзейнасць тых ці іншых этнографаў. Доўнар-Запольскі «заплюшчваў вочы на цяжкае эканамічнае становішча асноўнай масы беларускага сялянства, ігнараваў класавы антаганізм і класавую барацьбу», не стаяў на баку народа (151). Зінаіда Радчанка — «польская памешчыца», «выяўляе сваё неразуменне класавых супярэчнасцей у вёсцы», «прапаведуе класавы мір» (163)… «Класавая абмежаванасць Раманава, неразуменне законаў гістарычнага развіцця чалавечага грамадства прывялі яго да глыбока памылковых поглядаў на новы перадавы клас грамадства — пралетарыят. Адсюль вынікаюць яго рэзка адмоўныя адносіны да творчасці фабрыкі, казармы, горада, адыходных промыслаў, якую ён называе пошлай, разбэшчваючай народ» (215)… «Карскі не ўзняўся да разумення сацыяльна -палітычнай функцыі вусна-паэтычнай творчасці народа», не гаворачы пра згаданыя «сур’ёзныя памылкі» ў асвятленні праблем этнагенэзу і тэрыторыі рассялення беларусаў (239, 243) і г.д.

Уся гэтая крытыка вядомых дарэвалюцыйных этнографаў, якія нібыта ігнаравалі класавую барацьбу і сацыяльна-палітычныя фактары, не мае сур’ёзных падставаў і носіць дэструкцыйны характар; гэта — свайго роду фарс, патрэбны ў першую чаргу самому аўтару, каб на хвалі палітычнай кан’юнктуры знайсці для сябе нішу, сцвердзіць і больш кантрастна паказаць сваю ролю як аднаго з вядучых гістарыёграфаў савецкай генерацыі.

Пры падвядзенні вынікаў гістарыяграфічных даследаванняў дарэвалюцыйнага перыяду Бандарчык піша: «Гістарыёграфаў гэтага перыяду цікавіў галоўным чынам фактычны бок пытання, нават не тое, наколькі праўдзівым было апісанне культуры і быту народа, а хутчэй спосабы збірання і фіксацыі фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў. Зусім зразумела, што такі падыход да вывучэння гісторыі беларускай этнаграфіі не мог прывесці да стварэння ў дарэвалюцыйны час сапраўды навуковай гістарыяграфіі гэтай галіны ведаў» (16). Спробы стварэння такой гістарыяграфіі, піша далей аўтар, былі ў савецкі час, пра што сведчаць шматлікія публікацыі і юбілейныя артыкулы 20—50-х г. Аднак сапраўдная навуковая сістэматызаваная гістарыяграфія была створана толькі ў 60-я — пачатку 70-х г. і звязана (у гэтым аўтар не сумняваецца) з імем В.К.Бандарчыка (18). Тут ён змяшчае і свой фотапартрэт (услед за партрэтамі Пыпіна і Карскага). Фотаздымкі яго асобы шматразова, у розных ракурсах (тут ён — на трыбуне ў час юбілейнай сесіі ў Львове, там — сярод удзельнікаў Міжнароднага круглага стала, і да т.п.) паўтараюцца на старонках, чаргуюцца з фотакопіямі вокладак яго ўласных і выдадзеных пад яго рэдакцыяй кніг. Такая павышаная ўвага да сваёй асобы не можа не ўплываць на стыль і «ідэйны змест» кнігі, і ў значнае ступені надае ёй мемуарны характар, што выяўляецца найбольш відавочна ва ўводзінах і апошнім раздзеле, прысвечаным разгляду гістарыяграфіі другой паловы ХХ ст.

На першых этапах савецкай гісторыі (20—30-я г.) аўтар разглядае не столькі гістарыяграфію навукі (апублікаваных навуковых прац было, па сутнасці, мала), колькі арганізацыйныя пытанні «перабудо вы» этнаграфічнай і краязнаўчай работы, наладжванне збіральніцкай і культурна-асветнай працы, а гэта вызначае і спосаб абагульнення і падачы адпаведных матэрыялаў, якія мала чым адрозніваюцца ад каляндарна-статыстычных справаздач. Гэты манатонны стыль у значнай ступені захоўваецца і пры характарыстыцы дасягненняў савецкай этнаграфіі ў пасляваенны перыяд.

Аўтар слушна канстатуе згортванне этнаграфічнай працы ў 30-я г., раз’юшанае «развянчанне» т.зв. нацдэмаўшчыны, непрыстойную ролю ў гэтай «кампаніі» Нікольскага, Грынблата, Жылуновіча, Супінскага і іншых, менш вядомых, савецкіх навукоўцаў, што спрычыніліся да ваяўнічага нігілізму, шальмавання свядомых нацыянальных кадраў беларускага Адраджэння. Разам з тым аўтар выяўляе непаслядоўнасць, імкнецца ўсяляк зменшыць маштабы інтэлектуальнай катастрофы ў 30-я г., генацыду нацыянальнай інтэлігенцыі, знішчэння традыцыйнай народнай культуры і яе носьбіта — сялянства. «Пачаліся рэпрэсіі, — будзённа канстатуе аўтар, — у выніку якіх былі расстраляны М.Каспяровіч, М.Мялешка і іншыя этнографы Беларусі. А.Шлюбскі захварэў на лесараспрацоўках і памёр у 1941 г., заўчасна памёр у лагеры М.Гарэцкі ў 1939 г.» (247). Вось, уласна, і ўсё пра рэпрэсіі і рэпрэсаваных. Чытаючы такое, можна падумаць, што Аляксандр Шлюбскі на лясной дзялянцы, а Максім Гарэцкі ў працоўным камуністычным лагеры, куды яны былі пасланыя для перавыхавання, незнарок прастудзіліся і памерлі ад рэспіраторнага захворвання. У аўтара за апошнія 10—20 гадоў, на працягу якіх пераглядаліся справы незаконна рэпрэсаваных, не знайшлося часу, каб зазірнуць хоць бы ў энцыклапедычныя даведнікі, пацікавіцца, калі і як «памёр» Максім Гарэцкі, каб быць больш дакладным і не ўводзіць у зман чытача.

«Вышэйсказанае, — піша далей аўтар, — зусім не азначае, што ўвесь перыяд 30-х г. характарызуецца як час поўнага заняпаду ў развіцці этнаграфіі Беларусі» (276). Аднак гэтая тэза гучыць непераканальна, калі ён спрабуе пацвердзіць яе канкрэтнымі прыкладамі — арганізацыяй этнаграфічных экспедыцый, перад удзельнікамі якіх ставіліся задачы вывучаць матэрыяльную культуру калгасаў, «даследаваць масавы рэпертуар Беларускага Палесся ў яго класавай дыферэнцыяцыі» і да т.п. (277). У выніку т.зв. «перабудовы» і масавых рэпрэсій беларуская гуманітарная навука панесла вялікія страты. Сабраныя ў экспедыцыях этнаграфічныя рэчы і фотаздымкі не маглі кампенсаваць найкаштоўней шых калекцый, якія былі «нацыяналізаваны», разрабаваны і вывезены з Беларусі, прычым рабаваліся не толькі музейныя фонды, але і храмы, манастыры, грамадскія ўстановы, прыватныя калекцыі.

Бандарчык абыходзіць маўчаннем шэраг прац, што закладвалі ідэйны падмурак рэпрэсіям, у прывaтнасці, акадэмічнае выданне «Навука на службе нацдэмаўскай контрpэвалюцыі» (пад рэд. С.Я. Вальфсона. Т. 1. Мінск, 1931). У прынцыпе аўтар пагаджаецца з асноўным зместам кнігі, які ён выкарыстоўвае і паўтарае, крытыкуючы беларускіх «нацдэмаў».

«Беларускі народ, — піша Бандарчык, — пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ўпершыню ў сваёй гісторыі атрымаў дзяржаўнасць. Аб тым, па якому шляху павінна пайсці развіццё маладой рэспублікі, і разгарнуліся вострыя палітычныя, ідэалагічныя і навуковыя спрэчкі» (293). Вось тут і дастаецца «бацьку беларускіх нацыяналістаў» Вацлаву Ластоўска му, а таксама Аляксандру Цвікевічу, Язэпу Лёсіку, Мікалаю Каспяровічу, Янку Станкевічу, Аляксандру Шлюбскаму. Што звяртае на сябе асаблівую ўвагу ў сентэнцыях Бандарчыка, дык гэта адсутнасць усялякіх аргументаў і элементарнай этыкі, неабходных атрыбутаў даследчыка. З нястрыманым буйствам фантазіі ён ганьбуе ўсіх, хто не згодны з савецкім міфам аб адсутнасці ў нашых продкаў сярэднявечнай дзяржавы. Паводле Бандарчыка, Полацкае, Турава-Пінскае княствы, Вялікае Княства Літоўскае, як і Статуты ВКЛ (1529, 1566, 1588), не мелі ніякага дачынення да беларускай дзяржаўнасці; апошнюю беларусам даравалі ў 1919 г. бальшавікі. Замест сур’ёзнага аналізу крsніц і спецыяльных даследаванняў аўтар звычайна спасылаецца на «сучасную навуку», якая нібыта абвяргае «домыслы» яго апанентаў. Невядома толькі, якую «сучасную» навуку мае на ўвазе аўтар… Ці не савецкую міфалогію 60-х г., калі Бандарчык рыхтаваў свае выданні, якія, на жаль, аказаліся запатрабаванымі ў канцы ХХ ст.? Такая іронія лёсу!

Гісторыю этналагічнага вывучэння Беларусі ў другой палове ХХ ст. Васіль Бандарчык абмяжоўвае фактычна толькі працай сектара (аддзела) этнаграфіі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР (НАНБ). Па-за ўвагай застаюцца навуковыя дасягненні іншых установаў — Інстытута гісторыі НАНБ, Нацыянальнага навукова-ас ветнага цэнтра імя Францішка Скарыны, спецыяльных кафедраў БДУ, БДПУ імя МаксімаТанка, Беларускага універсітэта культуры, Беларускага інстытута праблем культуры, нарэшце, адпаведных устаноў беларускага замежжа. Нават працы суседніх аддзелаў ІМЭФ па народным мастацтве і этнамузыказнаўстве (Я.Сахута, Я.Кацар, З.Мажэйка, А.Лявонава, І.Назіна, Ю.Якімовіч, М.Яніцкая) згадваюцца ў форме бібліяграфічнай даведкі (іх гістарычны аналіз патрабуе кампетэнтнасці і адпаведных ведаў).

У аснову гістарыяграфічных «эцюдаў» па этнаграфіі другой паловы ХХ ст. аўтар паклаў каляндарныя (юбілейныя) справаздачныя матэрыялы з кароткімі анатацыямі апублікаваных і неапублікаваных прац. У ліку «Новых аспектаў этнаграфіі» (аднайменная назва параграфа) у тэматыцы навуковых даследаванняў сектара этнаграфіі ў 60-х г. вызначаліся асобныя праблемныя кірункі: рэлігія і атэізм, побыт сялян у партызанскім краі, сямейны і грамадскі побыт рабочага класа, матэрыяльная культура, гісторыка-этнаграфічны атлас і інш. Не ўсім апублікаваным па гэтых аспектах працам дадзена адэкватная ацэнка. У гэтыя гады выйшла нямала прац па антырэлігійнай тэматыцы і новай савецкай абраднасці — «Пытанні рэлігіі і атэізму» (1960), «Новыя звычкі і абрады ў наш быт» (1960), «Жыццё нараджае новыя абрады» (1964), «Аб шкоднасці рэлігійных свят» (1960) і інш. Не станем даваць ім сваю ацэнку, дазволім сабе толькі працытаваць пачатак апошняй згаданай публікацыі.

«Ноч пасля другога дня вялікадня. Моцна спіць вёска Самалі Маладзечанскага раёна. Раптам будынкі азарыліся полымем. Яно вырвалася з кароўніка і пачало хутка распаўсюджвацца па даху…

— Што здарылася? Чаму ўзнік пажар?.. А здарылася вось што. З выпадку рэлігійнага свята вартаўнік М.Раманоўскі п’янстваваў. Позна вечарам у нецвярозым стане ён зайшоў у кароўнік і кінуў пад ногі непатушаны акурак. Затым паплёўся дадому…»

Гэта паслужыла аўтару брашуры (а ім з’яўляецца В.К.Бандарчык) падставай для абгрунтавання шкоднасці рэлігійных святаў; ён ганьбіць рэлігію і падводзіць «навуковыя асновы» неабходнай рашучай барацьбы з праваслаўнымі традыцыямі. «Царкоўныя святы, — піша далей аўтар, — прычынялі вялікую шкоду распаўсюджванню сярод працоўных перадавой марксісцка-ленінскай тэорыі, перашкаджалі рэвалюцый наму руху. Праваслаўны епіскап Нікан у сваёй брашуры «У абарону рэлігійных святаў» у 1909 г. з цынічнай праматой (выдзелена намі. — В.Ц.) пісаў: „Рэлігійныя святы маюць высокае выхаваўчае значэнне для народных мас, для служылага люду, для рабочых, дапамагаючы ў барацьбе з ілжэвыдумкамі сацыялістаў”»[5].

З тых часоў мінула амаль 100 гадоў. Хто апынуўся бліжэй да ісціны — епіскап Нікан ці навуковец Бандарчык — паказвае сучасная сітуацыя.

Асаблівую ўвагу аўтар аддае тым навуковым працам, якія былі выкананы ім у суаўтарстве ці пад яго кіраўніцтвам (і сапраўды, працы яго ў суаўтарстве вызначаюцца крыху лепшымі якасцямі). У іх ліку калектыўныя манаграфіі «Беларускае народнае жыллё» (1973) і «Беларускае народнае адзенне» (1975), «Народная сельскагаспадарчая тэхніка беларусаў» (1974). Аднак аўтар замоўчвае крытычныя ацэнкі, якія былі выказаныя на адрас гэтых прац і «Гісторыка-этнаграфічнага атласа» ў «Савецкай этнаграфіі» і ў манаграфічным даследаванні «Народная спадчына»[6]. Намі ўжо адзначалася, што Бандарчык праводзіць свае гістарыяграфічныя пошукі ва ўласнай інфармацыйнай прасторы, і гэты чарговы эпізод тут не выключэнне. Са свайго боку заўважым, што многія падрыхтаваныя пад кіраўніцтвам Бандарчыка карты «Рэгіянальнага гісторыка-этнаграфічнага атласа» не вытрымліваюць крытыкі і не адпавядаюць элементарным патрабаванням этнічнай картаграфіі, шэраг — складзены па фармальных адзнаках, як падказвала фантазія іх складальнікаў. Таму шкадаваць, што такія карты застаюцца неапублікава нымі, няма ніякіх падставаў.

Аб’ём гэтага артыкула не дазваляе разгледзець усе аспекты, якія знайшлі адлюстраванне (ці не знайшлі яго) у кнізе Васіля Бандарчыка. Адно несумненна — трэці том «Беларусаў» не адпавядае сучасным патрабаванням і еўрапейскаму ўзроўню беларусазнаўчых ведаў. Куды больш поўную, грунтоўную і навукова апрабаваную інфармацыю, адпаведным чынам сістэматызаваную і абагульненую, можна знайсці ў розных даведачных (энцыклапедычных) выданнях, што выйшлі за апошнія 10—15 гадоў.

Кніга «Беларусы» (т. 3) антыбеларуская па сутнасці, яна прыніжае нацыянальную годнасць беларускай нацыі, дыскрэдытуе яе гуманітарную думку, сведчыць пра тупіковыя шляхі былой савецкай этнаграфіі, яе абмежаваныя інтэлектуальныя рэсурсы.

Віктаp Цітоў

Менск


[1] Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі ХIХ ст. Мінск, 1964; Яго ж: Гісторыя беларускай этнаграфіі: пачатак ХХ ст. Мінск, 1970; Яго ж: Развіццё беларускай савецкай этнаграфіі. Мінск, 1973.
[2] Пыпин А.Н. История русской этнографии. Т. 4. С.–Петербург, 1892. С. 5.
[3] Тамсама. С. 6.
[4] Мартынаў В.У. Канцэпцыя трохмоўнай калыскі не вытрымлівае крытыкі // Наша слова. 1994. № 9.
[5] Бандарчык В.К. Аб шкоднасці рэлігійных свят. Мінск, 1960. С. 5.
[6] Цітоў В.С. Народная спадчына. Матэрыяльная культура ў лакальна–тыпалагічнай разнастайнасці. Мінск, 1994. С. 28—29.

Наверх

Беларуская гістарыяграфія ХIХ—ХХ ст. вaчыма нямецкага даследчыка

Чэрвеня 17, 2000 |


* Rainer Lindner. Historiker und Herrschaft: Nationsbildung und Geschichtspolitik in Weissrussland im 19. und 20. Jahrhundert. Munchen, R.Oldenburg Verlag, 1999. 536.

Гісторыя гістарычнай навукі Беларусі была і застаецца адным з маладаследаваных кірункаў ва ўсім комплексе айчынных гістарычных ведаў. Літаральна па пальцах можна пералічыць манаграфіі па беларускай гістарыяграфіі. Да таго ж выдадзеныя кнігі прысвечаны асобным перыядам ці праблемам гісторыі Беларусі. Асабліва маладаследаваны сучасны перыяд гісторыі гістарычнай навукі, калі весці адлік з 1945 г. У пэўнай ступені такі стан рэчаў можна растлумачыць зразумелымі прычынамі. Навукоўцу цяжка весці даследчую працу па свежых слядах падзей, даваць ацэнку гістарыяграфічным з’явам і працэсам, у якіх ён тым ці іншым чынам удзельнічаў, характарызаваць працы сваіх калег. У такім становішчы вялікае значэнне набывае погляд звонку.

Такі непрадузяты і глыбокі погляд на развіццё гістарычных ведаў Беларусі па айчыннай гісторыі з канца ХIХ да канца ХХ ст. прапанаваў нямецкі даследчык, навуковы супрацоўнік Канстанцкага універсітэта Райнэр Лінднэр. У 1999 г. ён выдаў у Мюнхене фундаментальную працу пад назвай „Гісторык і ўлада: Фармаванне нацыі і палітыка адносна гістарычнай навукі ў Беларусі ў ХIХ і ХХ ст.“* Назву кнігі можна перадаць яшчэ больш дакладна: „Гісторык і панаванне“ ці „Гісторык пад прыгнётам улады“, бо нямецкае слова „Herrschaft“ азначае перш за ўсё панаванне, прыгнёт і ўціск. Назва кнігі вельмі дакладна адлюстроўвае становішча беларускага гісторыка і яго адносіны з уладай у познія царскія часы, савецкі перыяд і, на жаль, у незалежнай Беларусі.

Праца прысвечана ўзаемаадносінам паміж гістарычнай навукай, гістарычнай культурай і палітычным панаваннем у Беларусі ў перыяд з канца ХIХ ст. да канца ХХ ст. На прыкладзе Беларусі як нярускай перыферыі царскага самадзяржаўя, СССР і постсавецкай прасторы даследуецца гісторыя адносін паміж фармаваннем беларускай нацыі, гістарычнай самасвядомасцю насельніцтва і ўладай. Кніга выканана ў шырокім кантэксце палітычнай і духоўнай гісторыі Беларусі, асабліва пасляваенных дзесяцігоддзяў. Аналіз падзей заканчваецца 1997 г.

Прадметам даследавання ў вузкім сэнсе, як вызначае яго сам аўтар у прадмове, з’яўляецца фармаванне гістарычнай навукі ў правінцыі, яе інстытуцыянальнае і персанальнае афармленне і развіццё, узаемаадносіны паміж нацыянальнай і інтэгральнай гістарычнай карцінай (маюцца на ўвазе ўзаемаадносіны паміж даследаваннямі па гісторыі Беларусі і ўсеагульнай гісторыі), а таксама ўплыў на гістарыяграфію палітычных фактараў.

Рэцэнзаваная кніга — гэта скарочаны і дапрацаваны варыянт доктарскай дысертацыі, абароненай Лінднэрам у 1997 г. на гістарычным факультэце Цюбінгенскага універсітэта. Памер кнігі — 536 старонак, і калі ўлічыць, што гэта скарочаны варыянт доктарскай дысертацыі, то можна ўявіць сабе, якія па памерах дысертацыі абараняюцца ў Нямеччыне. Беларускія спашукальнікі вучонай ступені доктара гістарычных навук, як вядома, абмежаваны 200 старонкамі дысертацыйнага тэксту.

Праца пабудавана на багатай крынічнай базе. У ёй шырока выкарыстаны апублікаваныя тэксты гісторыкаў і публіцыстаў, друкаваныя і недрукаваныя дакументы, падручнікі, успаміны, мастацкая літаратура, перыёдыка. Аналізуюцца помнікі архітэктуры, музеі і іншыя сродкі фармавання гістарычнай культуры і свядомасці. Што датычыцца архіўных крыніц, то, як адзначае аўтар, ён быў першы заходні даследчык, які атрымаў доступ да асобых фондаў былога партархіва, цяпер Нацыянальнага Архіва Рэспублікі Беларусь. Выкарыстаны матэрыялы бібліятэк Нямеччыны і ЗША, у тым ліку багатыя кніжныя калекцыі Калумбійскага і Гарвардскага ўніверсітэтаў.

Нельга не адзначыць яшчэ адзін важны момант афармлення працы. Гэта беларускамоўная транскрыпцыя назваў і імёнаў. Лінднэр, як і іншыя сучасныя заходнія даследчыкі–беларусазнаўцы, адмовіўся ад рускамоўнай транскрыпцыі і перайшоў на беларускамоўную транслітарацыю.

Характарызуючы стан распрацоўкі ўзятай тэмы, аўтар канстатуе, што ні беларускія, ні заходнія даследчыкі пакуль што не вывучалі праблему ўзаемаадносін палітыкі і гістарычнай навукі ў Беларусі. Гэтыя ўзаемаадносіны, як і ўся гісторыя гістарычнай навукі Беларусі, вызначаліся палітычнымі ўмовамі, якія самым непасрэдным чынам уплывалі на гістарычныя даследаванні. На яго думку, усе без выключэння гістарыяграфічныя даследаванні мелі дакладны адбітак палітычных перакананняў іх аўтараў ці палітычнага ўціску абставін. Гэта бачна на прыкладах ад Уладзіміра Пічэты і да гістарыёграфаў 1990–х г. Праўда, гістарыяграфічныя даследаванні паміж 1985 і 1997 г. адлюстроўваюць „вельмі асцярожнае дыстанцыяванне ад палітычнага прыстасавання“ (с.11—12).

Сучасная гістарыяграфія гісторыі Беларусі пераважна вызначаецца „нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыяй“ (12—13). Гэты тэрмін Лінднэр бярэ ў коскі. Дарэчы, выказванні найбольш яркіх прадстаўнікоў гэтай канцэпцыі — М. Біча, М.Касцюка і іншых выкарыстоўваюцца як эпіграфы да асобных раздзелаў кнігі. Характарызуючы сучаснае становішча на „гістарыяграфічным фронце“ краіны, аўтар адзначае, што нацыянальная гістарыяграфія застаецца пад дамінавальным уплывам палітычнай рэальнасці і канфрантуе з афіцыйнай гістарыяграфіяй улады.

Праца складаецца з 4–х частак, у якіх разглядаецца ўплыў нацыянальных гістарычных ведаў і дзяржаўнай палітыкі адносна гістарычнай навукі на „незавершаны працэс фармавання беларускай нацыі“. 4 перыяды даследавання падзяляюцца наступным чынам: 1) познія царскія часы (канец ХIХ ст. — 1917 г.); 2) раннія савецкія часы (1921—1944 г.); 3) перыяд паміж другой сусветнай вайной і адлігай (1944—1954 г.); 4) познія савецкія і постсавецкія часы (1955—1997 г.). Аўтар падкрэслівае, што гэтыя перыяды даследавання ніяк не звязаны з перыядызацыяй беларускай гістарыяграфіі. Гаворка ідзе пра вылучэнне неўралгічных пунктаў у адносінах паміж гістарычнай навукай і палітыкай адносна гэтай навукі.

Аўтар уводзіць у навуковы зварот тэрмін „палітыка адносна гістарычнай навукі“. Па–нямецку гэта гучыць як „гістарычная палітыка“ („Geschichtspolitik“). Гэтаму паняццю даецца наступнае абгрунтаванне. Расколатая гістарычная карціна беларускай гістарыяграфіі стварылася як размежаванне розных гістарычных канцэпцый. Гісторыя як функцыя палітычных ці нацыянальных фактараў не даследавалася, а канструявалася і дэканструявалася, з’яўляючыся прадметам палітычнага гандлю, ці проста ўсталёўвалася зверху. Гэты „гандаль“ у галіне гістарычнай навукі з боку індывідуальных і калектыўных айчынных і замежных аўтараў можна назіраць на прыкладзе Беларусі ва ўсёй Усходняй Еўропе на пераломе ХХ і ХХI ст. Такая з’ява характарызуецца ў працы як „палітыка адносна гістарычнай навукі“ (17).

Праблемна–аналітычная частка працы канцэнтруецца на галоўных тэмах беларускай гістарыяграфіі: этнагенэз беларусаў; гісторыя Полацкага княства; гісторыя ВКЛ; ХIХ ст. з яго „ключавой датай“ 1863 г.; гісторыя БССР у „Вялікай Айчыннай вайне“ з эмацыйным акцэнтам на партызанскім руху. Праведзены аўтарам аналіз схіляе яго да высновы, што нацыянальная гістарычная карціна будуецца толькі на выбарцы пэўных эпох ці матываў з агульнай гісторыі нацыі. Аналізуецца польская, расійская, украінская і заходнееўрапейская (перш за ўсё нямецкамоўная) гістарыяграфія і беларусазнаўства .

У 1–й частцы, што прысвечана познім царскім часам, разглядаюцца паралельныя працэсы фармавання нацыі і гістарычнай навукі ў Беларусі. Паказваецца, як прафесійныя гісторыкі, што працавалі ў „Паўночна–Заходнім краі“ і за яго межамі, распрацоўвалі гістарычныя канцэпцыі і падыходы, якія знаходзіліся паміж вялікапольскай, вялікарускай і нацыянальнай, беларускай, арыентацыяй. Аналіз гістарычных тэкстаў дазваляе аўтару правесці пэўныя паралелі з гістарыяграфіяй кайзераўскай Нямеччыны.

Даследчык выдзяляе такі вельмі характэрны для гісторыкаў ускраін царскай Расіі феномен, як рамантызаваная „гістарычная фантазія“ ці „сіла ўяўлення“, што вынікала з глыбіні нацыянальнай эмацыйнасці. Гэтым тлумачыцца той факт, што для пераважнай часткі данавукова–публіцыстычнай гістарыяграфіі на беларускай тэрыторыі канца ХIХ — пачатку ХХ ст. быў уласцівы нават яшчэ больш моцны, чым для Заходняй Еўропы, паралелізм і падзел на пазітывісцка–дакументальную гістарыяграфію і нацыянальна–рамантызаванае гістарычнае апісанне. Кіруючыся маралізатарскімі, эстэтычнымі і мэтагістарычнымі катэгорыямі, узнікла мастацка–літаратурнае разуменне гістарычнага працэсу, якое перадавалася сродкамі публіцыстыкі.

У цэнтры 2–й часткі — беларуская нацыянальная гістарыяграфія ў сталінскія часы паміж 1921 і 1944 г. Ставіцца пытанне, наколькі глыбока размежаваліся паміж сабою нацыянальная гістарыяграфія, што працягвала існаваць з дасавецкіх часоў, і савецкая гістарыяграфія, якая нараджалася. Паказваюцца два шляхі рэкрутавання прафeсійных гісторыкаў: праз традыцыйна неадукаваныя пласты, калі сялянскія сыны без гімназічнай ці вышэйшай адукацыі прэтэндавалі на пасаду дырэктара Інстытута гісторыі БАН, і праз партшколы. Даследуюцца канфлікт пакаленняў і ідэалогій у гуманітарных навуках Беларусі, адносіны ў галіне гістарычнай навукі паміж саюзным цэнтрам і рэспубліканскай правінцыяй. Адзначаецца, што беларуская партыйная наменклатура ўсталявала ў 20–я г. у галіне гістарычнай навукі непараўнальна больш жорсткую сістэму цэнзуры і пераследу, чым гэтага хацела саюзнае кіраўніцтва ў Маскве і чым гэта было на Ўкраіне і ў іншых саюзных рэспубліках.

3–я частка разглядае змяненне гістарычнай карціны і ўяўленняў пад уплывам уз’яднання 1939 г. і другой сусветнай вайны. Акцэнт у даследаванні робіцца на „міфалагізацыі гісторыі пад знакам партызанскага руху“. Аналізуецца праблема прыстасавання інтэлектуалаў да таталітарнай сістэмы. Гэта ажыццяўляецца шляхам параўнання паміж савецкай і нямецкай гістарычнай навукай перыяду 30—40–х г. Аўтар раскрывае адмоўны ўплыў на савецкую гуманітарную навуку ваеннай ідэалогіі і палітычных рэпрэсій і наяўнасць падобных з’яваў у нацыянал–сацыялістычнай Нямеччыне. У гэтым сэнсе ўяўляе цікавасць заўвага наконт таго, што пасляваенная гістарыяграфія на Захадзе і Ўсходзе недастаткова даследавала феномен таго, што паміж 1941—1945 г. вялася не толькі вайна зброяй, але і „вайна гісторый“ (21).

У 4–й частцы асвятляюцца працэсы развіцця беларускай гістарыяграфіі ў 1955—1997 г., якія вызначаюцца як „пастаянства і змены“. Галоўная ўвага аддаецца станаўленню нацыянальнай гістарыяграфіі ў Рэспубліцы Беларусь. Пытанні аналізуюцца ў кантэксце агульных гістарыяграфічных працэсаў, што адбываюцца на постсавецкай прасторы. Як і ў іншых дзяржавах–спадчынніках СССР, у Беларусі пасля дасягнення незалежнасці гісторыя і гістарычная навука стала прадметам палітычных дыскусій і сродкам фармавання нацыянальнага пачуцця. Для тлумачэння моцнага ціску перамен, які адчуваюць на сабе постсавецкія грамадствы і іх гісторыкі, Лінднэр услед за іншымі заходнімі даследчыкамі выкарыстоўвае тэрмін „тэрор гісторыі“.

Гістарычная і палітычная рэальнасць сучаснай Беларусі як адной з частак былых расійскай і савецкай імперый (у кнізе ў гэтым сэнсе Беларусь адносіцца да нацыянальных частковых грамадстваў, якія выйшлі з імперый) дыктуе неабходнасць фармавання новай тэматыкі гістарычных даследаванняў ці, паводле аўтара, новага „гістарычнага канона“. Ідзе актыўны працэс «перааацэнкі гісторыі», які адбываецца пры дапамозе гістарычнай навукі, публіцыстыкі, гістарычнай адукацыі і музейна–помнікавай культуры. Аўтар аналізуе гэтыя састаўныя часткі фармавання гістарычнай свядомасці.

У перыяд незалежнасці яшчэ больш абвастрылася праблема адносін паміж палітычнай уладай і гістарычнай навукай. Беларусь у гэтай сувязі з’яўляецца, на думку даследчыка, асаблівым выпадкам. Для нацыянальнага Рэнесансу, што назіраўся ў іншых постсавецкіх дзяржавах, палітычны рэжым у Менску даваў вельмі мала падставаў і магчымасцяў.

Пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі нацыянальная гістарыяграфія і дзяржаўная палітыка пайшлі рознымі шляхамі. З 1996 г. пачалася адкрытая спрэчка. Прыхільнікі „нацыянальнай канцэпцыі беларускай гісторыі“ канфрантуюць, як іх папярэднікі ў дасавецкія і познія савецкія часы, з вялікарасійскімі тлумачэннямі мінулага. Сёння гістарыяграфія зноў знаходзіцца ў непрымірымай супрацьлегласці сваёй нацыянальнай і імперскай інтэрпрэтацый, якія з ХIХ ст. вызначалі і скажалі гісторыю Беларусі.

Разглядаючы дзяржаўную палітыку ў галіне гістарычнай навукі пры Лукашэнку, аўтар выкарыстоўвае паняцце «гістарыізацыя палітыкі» (Historisierung der Politik). Гістарыізацыя палітыкі ў Беларусі мае двухбаковую прыроду. Па–першае, гісторыя стала для ўсіх публічных дзеячаў рэзервуарам палітычнай аргументацыі. Па–другое, палітычная культура і рыторыка Лукашэнкі самі па сабе выглядаюць як «гістарычныя» і несучасныя. Ён характарызуецца як «прадаўжальнік савецкай гісторыі» (405). Як толькі пачалася распрацоўка праграм палітычных партый і праекта Канстытуцыі дзяржавы, нацыянальная гісторыя стала звышактуальнай. Гістарычныя палажэнні ўключаны ў праграму БНФ і Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. У сваю чаргу, гістарыізацыя палітыкі і грамадскага жыцця вялі да палітызацыі гістарычнай навукі.

Афіцыйная арыентацыя на зжытыя гістарычныя ацэнкі і каноны савецкага грамадства датычыцца не толькі ўвядзення новай дзяржаўнай сімволікі і святочных дзён, пазбаўлення беларускай мовы статуса адзінай дзяржаўнай мовы, пастаяннага прыслугоўвання перад Расіяй, але і прымітыўнага параўнання пазіцыі БНФ з калабарантамі часоў вайны. Палітычная канфрантацыя ў беларускім грамадстве ўсё мацней суправаджаецца гістарычнай атрыбутыкай і параўнаннямі. Гістарычная навука і гісторыкі сталі са свайго боку каментатарамі палітычных падзей (400–413).

Канстатуючы адасабленне афіцыйнай палітыкі ад нацыянальнага разумення гісторыі, аўтар адзначае, што ў такой самай ступені бальшыня насельніцтва разумее нацыянальныя інтэрпрэтацыі гісторыі і сучаснасці. Стан гістарычнага і светапогляднага вакуума позніх савецкіх часоў не толькі не прывёў посткамуністычных гісторыкаў да нацыянальных і дэмакратычных пазіцый, але, як паказвае беларускі прыклад, садзейнічаў умацаванню нэасавецкіх утопій. Змяшчаецца матэрыял пра адзіную сярод постсавецкіх рэспублік беларускую „гістарычную спрэчку“ 1996—1997 г., якая стала непасрэдным вынікам усёй урадавай і „гістарычнай палітыкі“ першага беларускага прэзідэнта. Па сённяшні дзень зыход гэтай спрэчкі застаецца адкрытым (422).

Да якіх жа высноваў і заключэнняў прыходзіць аўтар кнігі? Вылучым найбольш важныя.

1. У Беларусі не завершаны працэс фармавання нацыі і не створана прынятая ў заходнім разуменні нацыя–дзяржава. Да канца ХХ ст. дзяржава і нацыя тут не сустрэліся. Перыяд нацыянальных дзяржаваў краіна перажыла як перыферыя імперыі. Сапраўдная беларуская гістарычная ідэнтычнасць застаецца абмежаванай нацыянальнай элітай і толькі часткова перанесена на іншыя часткі грамадства. З пачатку ўзнікнення нацыянальнай гістарыяграфіі супольнасць гісторыкаў расколата і яе гістарычныя ўяўленні падпарадкаваны палітычнаму кантролю. Пераважная частка беларускіх гісторыкаў знаходзілася з позніх царскіх часоў да канца існавання СССР у ідэалагічным гравітацыйным полі вышэйшых даследчых і ідэалагічных цэнтраў (479).

2. Выснова пра кантынуітэт беларускай гістарычнай карціны, якая па сённяшні дзень непарыўна звязана з традыцыямі да– і раннесавецкага часу. Гэтая карціна складаецца з набора выбраных вузлавых пытанняў беларускай гісторыі. Кантынуітэт беларускай гістарыяграфіі аўтар пацвярджае і тым тэзісам, што канкурэнцыя нацыянальна–гістарычнай канцэпцыі і савецка–марксісцкага разумення свету, якая існавала да канца 20–х г., вярнулася ў канцы 80–х і сёння ўсё яшчэ назіраецца ў Беларусі. Таксама рыторыка постсавецкай „спрэчкі гісторыкаў“ наўрад ці адрозніваецца ад крытычнага рытуала савецкага часу. Відавочна, заключае Лінднэр, што кантынуітэт паміж савецкай і постсавецкай гістарыяграфіяй і навуковай культурай аказаўся больш моцным, чым змены, якія прынёс крах імперыі.

3. Вузлавыя спляценні гісторыі Беларусі і сумежных з ёю краін, якія аўтар трактуе як міфалагемы і гістарычныя стэрэатыпы, па–рознаму інтэрпрэтуюцца беларускай, украінскай і расійскай нацыянальнымі гістарыяграфіямі. Тое, што для вучоных у Кіеве і Львове азначае спадчыну Кіеўскай Русі і Казацкага гетманата, а для даследчыкаў Масквы і Санкт–Пецярбурга звязана з міфамі аб Трэцім Рыме, царах і вызваленчых бітвах супраць татарскага гнёту, Напалеона і Гітлера, для гісторыкаў у Менску і Горадні ўвасабляе Полацкае княства і „Беларуска–Літоўскае Вялікае Княства“(23).

Падобна таму, як украінскія і расійскія гісторыкі вылучаюць узаемныя гістарычныя прэтэнзіі, беларуская гістарыяграфія, як у да– і раннесавецкія часы, пачынае дыстанцыявацца ад гістарычнай Расіі. Аўтар гаворыць пра відавочную розніцу паміж беларускай і расійскай гістарыяграфіяй нацыянальна–патрыятычнага кірунку, адзначаючы, што іх гістарычныя канцэпцыі выключаюць адна адну. Беларускі нацыяналізм, прыхільнікі якога хочуць бачыць у нацыяналізме „канструктыўную сілу“, не мае нічога агульнага з панславісцкай ідэалогіяй новага рускага нацыянальнага кансерватызму. У адрозненне ад рускіх інтэлектуалаў, беларускія „нацыяналісты“ сярод гісторыкаў глядзяць на Захад ці падкрэсліваюць „беларускую місію“ для еўраазіяцкай прасторы. Погляд на будучае дзвюх дзяржаваў падкрэслівае гэтае гістарычна абгрунтаванае адрозненне: патрыёты ў Беларусі і Расіі не маюць нічога агульнага, што іх звязвае (483).

4. У Беларусі амаль у той самай ступені, як і ў іншых перыферыйных нацыях Усходняй Еўропы, нацыянальная гісторыя канструявалася і дэканструявалася. Прыклад Беларусі паказвае, што народы, якія засталіся ў сваёй сучаснай гісторыі ў стадыі перарванага ці незавершанага нацыянальнага генэзісу, асабліва схільныя да фармавання міфаў. Да такіх гістарычных міфаў належаць перш за ўсё міфы пра паходжанне беларусаў, стварэнне дзяржавы, Радзіму, Залаты Век (часы ВКЛ), генацыд беларускага народа і насцярожаныя адносіны да іншаземцаў.

Схільнасць беларускай гістарыяграфіі да міфалагізацыі абгрунтоўваецца тым, што „малыя народы“ часта класіфікуюцца сумежнымі дзяржаўнымі гістарыяграфіямі як „негістарычныя“. З–за адсутнасці нацыянальнай эліты гістарычны шлях развіцця беларускага народа доўгі час быў „нябачны“ і заставаўся „неапісаным“. Адсутнічалі беларускія гістарычныя хронікі, нацыянальны пантэон выдатных дзеячаў гісторыі Беларусі быў незапоўнены. Гэта вяло да міфалагізацыі мінулага з боку нацыянальнай гістарыяграфіі і да яго абмежавання гісторыяй руска–беларускіх адносінаў з боку савецкіх гісторыкаў (479—480).

5. Інтэрпрэтацыя беларускай гістарыяграфіяй мінулага беларускага народа дваістая. Гэта — вынік супярэчнасці паміж нацыянальнай і імперскай гістарычнымі карцінамі. Таму Беларусь магла ці азірацца на традыцыі сваёй тысячагадовай дзяржаўнасці, ці аказвацца правінцыяй у густым ценю польскай, рускай і савецкай імперскай гісторыі. Гэта дваістая культура гістарычнай свядомасці замінае разуменню рэальнай гісторыі беларускіх тэрыторый. Нацыянальная гісторыя, з аднаго боку, царская і савецкая імперская гісторыя, з другога боку, былі палітычна матываванымі канструкцыямі, якія нярэдка прымусова аспрэчвалі права адно аднаго на існаванне (480).

Каментуючы гэтую выснову, зададзім аўтару пытанне — якія яму вядомы прыклады прымусовага ўкаранення нацыянальнай канцэпцыі гісторыі Беларусі? Што тычыцца супрацьлеглай канцэпцыі, то такіх прыкладаў не пералічыць.

6. Праз усю кнігу праходзіць тэзіс аб супрацьлегласці нацыянальнай і імперскай гістарыяграфіі гісторыі Беларусі. Ва ўсе перыяды даследавання беларускія гісторыкі знаходзіліся ў палітычным полі прыцягнення, уплыву і кантролю ўладаў. Калі нацыянальная гістарыяграфія прафілявалася як пераважна гістарыяграфія пратэсту і дыстанцыявання ад улады і імперыі, савецкія гісторыкі павінны былі адпавядаць ціску падпарадкавання, які аказвалі партыя, панавальная ідэалогія і іх уласная паслухмянасць, якая абганяла дыктат улады. Сталінізм істотна змяніў праз рытуал крытыкі і індывідуальны тэрор гістарычную навуку і гістарыяграфію часоў ранняга СССР і Беларусі. Аднак нацыянальная гістарычная карціна працягвала існаваць у пачатку 30–х г. да перыяду фізічнага прымянення сілы і забароны для гісторыкаў працаваць ва універсітэце і акадэмічных інстытутах. Беспартыйныя беларускія гісторыкі былі выключэннем з правіла.

Нацыянальны прыклад інтэрпрэтацыі гісторыі Беларусі заставаўся на мяжы эпох (ХIХ—ХХ і ХХ—ХХI ст.) у ценю „заходнерускай“, „вялікарускай“, „савецка–патрыятычнай“ ці „русафіла–панславісцкай“ гістарычных канцэпцый. У фазе палітычнага аслаблення ўлады і ідэалагічнай моцы цэнтра (пасля 1905 г., у 20–я г., пад час агоніі савецкай імперыі) нацыянальная гістарыяграфія магла развіваць самастойныя гістарычныя ўяўленні і спрабавала ўвасабляць іх як нацыянальна зразумелы гістарычны працэс. У гэтыя перыяды асабліва выдатна выяўлялася роля гістарыяграфіі як нацыятворчай сілы.

7. Спецыфікай гістарычнай навукі савецкіх рэспублік і новых постсавецкіх дзяржаваў была і застаецца іх метадалагічная слабасць. Прычынамі структурнай слабасці і прафесійнай адсталасці беларускай гістарычнай навукі з’яўляліся, паводле аўтара, адсутнасць акадэмічных традыцый, рэпрэсіі і вайна. Толькі паміж 50—70 г. сярод менскіх і гарадзенскіх гісторыкаў можна было назіраць прафeсійны рост, асабліва ў галіне сацыяльнай і аграрнай гісторыі. Увогуле ж гістарычная навука Беларусі заставалася на правінцыйным узроўні і мела ранг гістарычнага рэгіянальнага краязнаўства. Вельмі рэдкія тэарэтычныя дэбаты ў савецкай гістарыяграфіі абвяшчаліся цэнтрам і праходзілі пры масаваным удзеле ЦК КПСС і галаўных маскоўскіх інстытутаў.

Пасля краху цэнтралізаванай сістэмы савецкай навукі ў новых дзяржавах не з’явілася інавацыйных методык, якія б сведчылі пра змену савецкай гістарычнай карціны на нацыянальную. Замена адной дзейнай канцэпцыі на другую не вяла да ніякага шматмернага гістарычнага аналізу. Міжнародны даследчы ландшафт успрымаецца вельмі слаба. Тлумачэнне гісторыі заходняй школай даследчыкаў па–ранейшаму ігнаруецца. Толькі ў другой палове 90–х г. з боку маладога пакалення менскіх гісторыкаў сталі зыходзіць імпульсы да авалодвання метадычным інструментарыем і заходнімі вынікамі даследаванняў (481—482).

8. Для інстытуцыянальнай гісторыі беларускай гістарычнай навукі ў савецкую эру важнае значэнне мела тое, што два яе галоўных цэнтры — Інстытут гісторыі Акадэміі навук і гістарычны факультэт БДУ — развіваліся ў рэчышчы палітычных працэсаў свайго часу ці нават абганялі іх. Маецца на ўвазе тое, што яны былі больш канфармісцкімі, чым гэта ад іх патрабавала ўлада. Нямала вучоных добраахвотна падтрымлівалі нефармальныя кантакты з менскімі партыйнымі ўстановамі. З другога боку, адносна меншая колькасць партыйных сярод беларускіх гісторыкаў сведчыла пра іх пэўную гатоўнасць да дысідэнцтва.

Адзіная савецкая гістарычная канцэпцыя ўсталявалася ў Беларусі толькі ў канцы 50–х г., калі была надрукавана першая агульная праца па „Гісторыі БССР“ з „марксісцка–ленінскіх пазіцый“. Пераважная бальшыня маладых аўтараў новай хвалі (пасля „адлігі“), якія потым сталі акадэмічнымі настаўнікі позняга савецкага і паслясавецкага пакаленняў вучоных, клапацілася пра тое, каб Беларусь заставалася ў гравітацыйным полі рускай імперскай гісторыі і каб пра заходні ўплыў на палітычнае ці культурнае развіццё Беларусі не было ніякай гаворкі. Калі санкцыянаваная партыяй гістарычная канцэпцыя стабілізавалася ў пачатку 60–х г., да сярэдзіны 80–х г. былі выдадзены шматлікія адна– ці шматтомавыя публікацыі гістарычных прац і падручнікаў па беларускай гісторыі.

Беларуская гістарыяграфія сфармавала да сярэдзіны 80–х г. функцыянальна працаздольную інстытуцыянальную інфраструктуру. Колькасць гісторыкаў, абароненых дысертацый і публікацый пастаянна ўзрастала. Але прастора дзеянняў для гісторыкаў у даследаванні нацыянальнай гістарычнай тэматыкі ўсё больш звужалася. Гістарыяграфія БССР, як і ўсяго СССР, знаходзілася ў „вытворчым летаргічным сне“, з якога можна было выйсці толькі праз палітычны імпульс (388).

9. Парадыгма нацыянальнага фактару была ў пачатку 90–х г. не толькі важным кампанентам фармавання постсавецкай ідэнтычнасці, але і канцэптуальным базісам новай гістарычнай навукі ў былых савецкіх рэспубліках. Сярод інтэлектуалаў так званых „малых“ ці „негістарычных“ народаў сфармавалася ва ўмовах намінальнай незалежнасці новае разуменне гісторыі, якое зафіксавалася ў навуковых працах гісторыкаў, мастацкіх творах пісьменнікаў і праграмных заявах новых палітычных партый. Для адных гісторыкаў постімперская гістарычная навука стала надзеяй і захавальнікам нацыянальнай ідэі, іншыя разглядалі гэтых гісторыкаў як сабатажнікаў ідэі „адзінага савецкага народа“.

Беларускі прыклад паказвае, што змена панавальнай гістарычнай канцэпцыі ў савецкіх рэспубліках вызначалася больш зменай пакаленняў, чым непасрэдна зменай палітычнай сістэмы. Разам з тым аўтар зазначае, што спрэчка гісторыкаў у 90–я г. ніяк не звязана, як у 20–я і пачатку 30–х г., з канфліктам пакаленняў. Сёння існуе падзел сярод старога пакалення гісторыкаў (421). Беларускія гісторыкі пры пераходзе ад царскай да савецкай сістэмы панавання менш эйфарычна мянялі ідэалогію, чым яны гэта рабілі пасля краху савецкай імперыі, калі толькі меншыня засталася ў карсэце савецкага разумення гісторыі, а бальшыня з энтузіязмам звярнулася да нацыянальнай гісторыі (483—484).

10. Адначасовасць нацыянальнага і інтэгральнага (ці імперскага) варыянтаў беларускай гістарыяграфіі працягваецца. Палітычныя інтарэсы ўлады таксама ў будучыні будуць вызначаць тую ці іншую гістарычную карціну і клапаціцца пра тое, каб гістарычная навука заставалася функцыяй палітычнага фактару. У постсавецкім кантэксце вылучаецца беларускі асобны шлях, таму што тут нацыянальная гістарыяграфія адвергнута кіроўнай палітычнай элітай і прэзідэнцкі рэжым Лукашэнкі стаіць на гістарычным і маральным каноне каштоўнасцяў позняга савецкага часу. Як у пачатку ХХ ст., у канцы стагоддзя беларуская гістарычная карціна знаходзіцца пад падзеленым небам. Гістарыяграфія застаецца арэнай барацьбы даследчых інтарэсаў і палітычных патрабаванняў.

Кніга заканчваецца аптымістычным спадзяваннем на тое, што „ўсё больш гісторыкаў у Менску, Горадні ці Гомелі будуць выстаўляць на рацыянальную праверку канкурэнтаздольныя канцэпцыі мінулага і паказваць гісторыю Беларусі такой, якой яна з’яўляецца на самай справе: гісторыяй этнічна, культурна і рэлігійна абмежаванай гістарычнай прасторы, якая ўвасабляе на падставе яе тэрытарыяльнай прыналежнасці да Кіеўскай Русі, Вялікага Княства Літоўскага, польскай дваранскай рэспублікі, царскай імперыі ці Савецкага Саюза ўсходне– і цэнтральнаеўрапейскія традыцыі мінулых стагоддзяў ва ўсёй іх шматбаковасці, з усімі іх пераломамі і перыпетыямі. Палітычная і культурная будучыня маладой Рэспублікі Беларусь захоўваецца не ў малой ступені ў авалодванні гэтай багатай гісторыяй“ (484).

Чым адметная кніга Райнэра Лінднэра? Перш за ўсё ахопам перыяду даследавання і навізной узнятых праблем. Гэта першая ў сусветнай гістарычнай навуцы і беларусазнаўстве кніга пра станаўленне і развіццё беларускай гістарычнай навукі і яе ўзаемаадносіны з палітычнай уладай на працягу больш чым стогадовага адрэзку часу. Аўтар узняў і вырашыў праблемы, якія не маглі нават разглядаць беларускія гісторыкі ў савецкі час і да якіх яны толькі пачынаюць падыходзіць цяпер. Гэта перш за ўсё пытанне пра адносіны паміж гісторыкам і ўладай, а больш дакладна, пра залежнасць ці незалежнасць гісторыка ад улады. Запознены ці перарваны працэс фармавання беларускай нацыі і панаванне ўлады над гісторыкам — гэта дзве галоўныя прычыны, што абумовілі адсутнасць ці вельмі слабую прысутнасць нацыянальнага разумення гісторыі сярод беларускай навукова–гуманітарнай супольнасці да пачатку 90–х г. ХХ ст.

Аўтар аперуе добра знаёмымі для беларускіх даследчыкаў тэмамі, з’явамі і імёнамі. Праўда, і тут ён кранае сюжэты, якія па сённяшні дзень саромяцца асвятляць айчынныя навукоўцы. Гаворка ідзе пра нацыянальны склад гістарычных кадраў БДУ і Інстытута гісторыі Беларускай Акадэміі навук у даваенныя і пасляваенныя гады. Прыведзеныя лічбы сведчаць пра вельмі вялікую долю яўрэйскіх і рускіх (па нацыянальнасці) прадстаўнікоў у асяроддзі гістарычнай супольнасці (308—315).

Даследчы дыскурс працы выходзіць за межы таго, з чым звычайна прывыклі мець справу айчынныя вучоныя. Аўтар уводзіць праблематыку ў еўрапейскі і міжнародны даследчы кантэкст, выкарыстоўвае распрацаваную метадалогію вывучэння гістарыяграфіі краін Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы, параўноўвае гістарыяграфічныя працэсы гэтага рэгіёна з тымі, што адбываліся ў заходнееўрапейскіх краінах, у першую чаргу Нямеччыне. Заслуга Лінднэра бачыцца нам у тым, што ён зрабіў вопыт развіцця беларускай гістарычнай навукі апошняга стагоддзя здабыткам сусветнай гістарыяграфіі. Параўнальна–гістарычны метад дазволіў вылучыць як спецыфічныя, так і агульныя рысы беларускай гістарычнай школы ў царскія, савецкія і постсавецкія часы.

Для беларускіх гісторыкаў і іншых спецыялістаў у галіне гуманітарных і сацыяльных навук кніга нямецкага даследчыка мае не толькі пазнавальны, але і вялікі маральна–выхаваўчы сэнс. Аўтар, падкрэсліваючы пастаянны ціск улады на гісторыкаў, ставіць пытанне пра тое, ці магла іх пазіцыя быць больш скіраванай на нацыянальнае разуменне гістарычнага працэсу. Адказ на гэтае пытанне можна неаднаразова сустрэць на старонках кнігі, дзе гаворка ідзе пра моцны канфармізм гісторыкаў, гістарычных навучальных і даследчых устаноў, іх „паслухмянасць, якая абганяе патрабаванні ўлады“.

Мы не ставім сваёй задачай больш падрабязны разгляд рэцэнзаванай кнігі. Сучасныя і будучыя гістарыёграфы Беларусі не змогуць абысці яе сваёй увагай. Перш за ўсё нам хацелася б пазнаёміць беларускую гістарычную грамадскасць з тэматыкай і асноўнымі палажэннямі гэтага даследавання, адзначыць яго надзычайную навуковую і палітычную актуальнасць.

Некаторыя моманты кнігі выклікаюць пытанні, іншыя патрабуюць удакладнення сэнсу, які ўкладаў у іх аўтар. Трэба дамовіцца і наконт аўтэнтычнага разумення тэрмінаў, што ўжываюцца ў нямецкамоўным выданні. Кніга Лінднэра можа стаць прадметам шырокай дыскусіі ў нашым навуковым грамадстве, калі будзе перакладзена на беларускую мову.

Уладзімір Снапкоўскі

Менск

Наверх

Галоўная » Архіў катэгорыі '2000 Т.7 Сш. 1'