БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС
Галоўная » Запісы па тэме 'Архіваліі'

Артыкулы па тэме ‘Архіваліі’

Ірына Сынкова, Міхаіл Тарэлка. Знахарскі тэкст з беларуска-­татарскага рукапіса


Рукапісы, якія змяшчаюць парады народнай медыцыны, — вельмі каштоўныя для даследавання з розных аспектаў. Яны ілюструюць асобныя старонкі культуры народа ў мінулым і не толькі даюць прыклады „памылак і забабонаў», але і паказваюць узровень рацыянальных ведаў таго часу. Праз іх часам праглядвае зусім іншая, чым сучасная, карціна свету.

Знахарскія тэксты, якія захаваліся ў рукапісах беларускіх татараў, — цалкам недаследаваная старонка іх культурнай спадчыны[1]. А між тым у падборках рэцэптаў і парад можна ўбачыць узаемаўплывы розных культур і розных эпох. Вядома, что рукапісная спадчына беларускіх татараў змяшчае творы як усходняга, так і тутэйшага паходжання. Такім чынам, не выключана, что і знахарскія тэксты могуць адлюстроўваць разнастайныя традыцыі народнай медыцыны і сляды міжкультурных кантактаў.
Чытаць далей →

Ірына Сынкова. Ёган Баэмус і яго кніга „Норавы, законы і звычаі ўсіх народаў“


У 1520 г. у Аўгсбургу ўпершыню ўбачыла святло напісаная на лацінскай мове кніга нямецкага гуманіста Ёгана Баэмуса, у якой ён даваў чытачам сціслае апісанне многіх краін і народаў Старога Свету. Гэтую кнігу чакаў дзіўны лёс. Пасля досыць доўгага першапачатковага перыяду надзвычайнай папулярнасці яна хутка знікла ў невядомасці, цягам цэлых стагоддзяў яе не ўспаміналі. І толькі ў ХХ ст., асабліва з другой паловы, пачалося яе вяртанне ў сферу навуковага дыскурсу. Але і дагэтуль пра жыццё самога аўтара вядома няшмат.

Ёган Баэмус (Johann Boëmus) нарадзіўся ў гарадку Аўб (адсюль яго мянушка — Аўбанец) паблізу Вюрцбурга каля 1485 г. Вучыўся, магчыма, у Цюбінгене і ў Ляйпцыгу. Прынамсі з 1508 г., але магчыма яшчэ з канца XV ст., жыў у горадзе Ульме. Там ён служыў капеланам. Быў братам Тэўтонскага ордэна. Вядомым ён стаў дзякуючы сваёй кнізе, якая доўгі час была любімым чытаннем амаль ва ўсёй Еўропе. Памёр Баэмус у 1535 г.
Чытаць далей →

Генадзь Сагановіч. Інструкцыя паслам Ашмянскага павета на канвакацыйны сойм 1632 г.


Публікаваная інструкцыя ашмянскага сойміка ўяўляецца цікавай крыніцай, якая адлюстравала палітычныя настроі i пазіцыі шляхты ВКЛ у часе міжкаралеўя (interregnum), якое ўсталявалася пасля смерці Жыгімонта ІІІ (30.04.1632). Тагачасная міжнародная сітуацыя і становішча ўнутры Рэчы Паспалітай напярэдадні канвакацыйнага сойма, а таксама падрыхтоўка і правядзенне абодвух соймаў 1632 г. вычарпальна апісаныя ў спецыяльным даследаванні[1], што дазваляе мне абмежавацца толькі некаторымі аспектамі, звязанымі з умовамі паўставання і зместам гэтага дакумента.

Адразу пасля смерці караля першачарговыя пытанні дзяржаўнай важнасці разглядаліся на скліканай прымасам i гнезненскім біскупам Янам Вэнжыкам таемнай нарадзе сената ў Варшаве, у якой бралі ўдзел і пяць сенатараў ВКЛ (Леў Сапега, Аляксандр Гасеўскі, Мікалай Кішка, Альбрыхт Станіслаў Радзівіл і Павел Стэфан Сапега). Праведзеная паміж 3 і 9 траўня 1632 г.[2], яна прызначыла канвакацыйны сойм на 22 чэрвеня, а перадканвакацыйныя павятовыя соймікі — на 3 чэрвеня таго ж года[3]. Між тым у Вільні, хоць там ужо праз некалькі дзён было вядома пра варшаўскую нараду ды яе пастановы, з ініцыятывы Крыштафа Радзівіла прысутныя сенатары, дэпутаты Трыбунала ВКЛ і шляхта сабраліся 15 траўня на свой з’езд для абмеркавання шляхоў утрымання ўнутранай і знешняй бяспекі, а таксама іншых пільных спраў, звязаных з перыядам бескаралеўя.
Чытаць далей →

Юрый Мыцык. Чачэрскае староства ў апісанні 1773 года.

У Інстытуце рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя У. І. Вярнадскага (ІР НБУВ) мы выявілі цікавы дакумент на 15 старонках, напісаны на рускай мове каліграфічным почыркам – “Описание староства Чечерского, находящегося в Рогатинской провинции”. Складзены ён быў у 1773 г., адразу пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772), калі ўсходняя Беларусь трапіла пад уладу Расійскай імперыі. Расійская адміністрацыя была зацікаўлена ў інвентарызацыі маёмасці новых уладанняў, таму яны старанна апісваліся. Апрача таго, тут знаходзім і іншыя цікавыя сведчанні. Чытаць далей →

Андрэй Радаман. Віленскі земскі прывілей 1565 г. вялікага князя Жыгімонта Аўгуста


1. Гістарычна–прававая характарыстыка і значэнне Віленскага земскага прывілею 1565 г.

440 гадоў таму адбылася падзея, якая стала вехай не толькі ў гісторыі парламентарызму Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, але і ў гісторыі народаў сучасных Беларусі, Літвы і Ўкраіны. У час паседжанняў Вялікага Віленскага сойму 1565—1566 г. шляхта Вялікага Княства Літоўскага звярнулася да вялікага князя Жыгімонта Аўгуста з просьбай аб увядзенні ў дзяржаве „кшталтомъ съ Коруны Полское“ павятовых соймікаў „для лепъшого и вечистого всякого порадку въ речи посполитой[1]. У адказе манарха, які быў датаваны 21 снежня 1565 г., на просьбу аб выдачы прывілею на ўтварэнне павятовых соймікаў „рачилъ Его Кр[олевская] Милость милостиве зезволяти[2] і ў той жа час шляхецтвам была выказана просьба аб тым, каб гаспадар вялікі князь рашэнне сваё „отъ того часу водле обетницы своее господаръское постановити и привильемъ своимъ на вечъные часы подтвердити рачилъ[3]. 30 снежня 1565 г. [па грыгарыянскім календары — 9 студзеня 1566 г.] „приводячи к большому порядку речь посполитую“, Жыгімонт Аўгуст выдаў адпаведны нарматыўны прававы акт, які меў моц агульнадзяржаўнага закону[4]. На просьбу шляхты аб тым, каб прывілей „теперешний Виленский новый, на соймики поветовые выданый“ быў унесены ў новы Статут, вялікі князь таксама даў сваю згоду[5].
Чытаць далей →

Паўль Одэрборн. Праўдзівы і грунтоўны аповед пра веру русаў


Генадзь Сагановіч. Паўночная Беларусь у апісанні Паўля Одэрборна

Аўтар шырокавядомай гісторыкам біяграфіі маскоўскага цара Івана Васільевіча[1] немец Паўль Одэрборн (Oderborn, Oderbornius, Otterbornius) (каля 1555 — 1604) быў лютэранскім пастарам у ВКЛ і Інфлянтах. Нарадзіўся ён у Памераніі, y 1574 г. y Ростаку атрымаў ступень бакалаўра філасофіі і з 1577/78 г. выконваў абавязкі казнадзея ў лютэранскім зборы ў Вільні. Вядома, што пад час полацкай кампаніі служыў палявым капеланам аддзела нямецкай пяхоты, потым стаў працаваць лютэранскім пробашчам у Коўне, а з 1587 г. — у Рызе[2].  У 1581 г., пакуль ішлі перамовы паміж маскоўскім царом і Стэфанам Баторыем, які ўрэшце пачаў рыхтаваць паход на Пскоў, Одэрборн з часткай нямецкіх жаўнераў заставаўся на Беларускім Падзвінні, каб прыкрываць Полаччыну ад магчымага нечаканага нападу. Тут ім і быў напісаны твор, які заслугоўвае самай сур’ёзнай увагі. „Знаходзячыся ў глыбіні далёкага краю“, цікаўны лютэранін, каб не марнаваць часу, як ён сам адзначыў, „наведваў русінскіх святароў і размаўляў з імі праз перакладчыка пра веру і рэлігію“.
Чытаць далей →

Васіль Варонін. „Wielkiego Księstwa Litewskiego Kroniczka krotko pisana“


Сярод беларуска–літоўскіх летапісаў ёсць твор, які да гэтага часу спецыяльна не разглядаўся. Ён, аднак, падаецца досыць цікавым і важным адразу па некалькіх прычынах. Ён узбагачае нашы ўяўленні пра шляхі развіцця айчыннага летапісання, а таксама дапамагае высветліць, якім чынам узнік і фармаваўся адзін з самых застарэлых міфаў у гісторыі Беларусі.

Гэты помнік не заўсёды разглядаўся нават як асобны твор. Напрыклад, Б. Вахевіч, які пакінуў пра яго цікавыя назіранні[1], лічыў яго ўсяго толькі „рядом записей с хронологическими датами“[2]. Але, як падаецца, гэтая характарыстыка далёка не самая трапная і бясспрэчная. Помнік, безумоўна, трэба кваліфікаваць па–іншаму, і ў айчынным летапісанні яму належыць намнога больш прыкметнае месца.
Чытаць далей →

Андрэй Радаман. Інструкцыя Новагародскага cойміка паслам на элекцыйны сойм 1587 г.


Соймікавая інструкцыя паслам Новагародскага павету на элекцыйны сойм 1587 г. — адзіная соймікавая інструкцыя шляхецкіх соймікаў Новагародскага ваяводства з часоў першага, другога і трэцяга бескаралеўяў, што дайшла да нашых часоў у арыгінале. Гэты унікальны дакумент дазваляе дакладна вызначыць кампетэнцыю новагародскага перад­элекцыйнага сойміка і высветліць пытанні, якія ста­віліся новагародскай шляхтай перад усёй палітычнай элітай Рэчы Паспалітай на элекцыйным сойме 1587 г. Як адзначыў у сваёй апошняй манаграфіі Генрых Люлевіч, на гэтым сойміку прысутнічала як мінімум 60 удзельнікаў. Пад пагрозай парушэння перамір’я з боку Маскоўскай дзяржавы яны пастанавілі не ехаць усім на элекцыйны сойм і вы­правілі пад Варшаву толькі 6 сваіх паслоў, якія павінны былі ў сваёй дзейнасці дакладна прытрымлівацца зместу інструкцыі, дадзенай ім на сойміку. Гэтыя ж паслы прадстаўлялі інтарэсы новагародскай шляхты і на галоўным з’ездзе ВКЛ у Ваўкавыску[1].
Чытаць далей →

Максім Гардзееў. Дакументы па гісторыі рамяства ў актавай кнізе полацкага магістрату за 1656—57 г.


Першай абагульняльнай працай па гісторыі рамяства на Беларусі ў Сярэднявеччы прынята лічыць кнігу Фёдара Кліменкі „Западнорусские цехи ХVI—ХVIII вв.“, якая была выдадзена ў Кіеве ў 1914 г.[1] У ёй аўтар абмежаваўся толькі канстатацыяй і разглядам прававых нормаў у цэхавых статутах, не даў аналізу дынамікі зменаў у гарадской эканоміцы і, перш за ўсё, унутранага рынку як галоўнай умовы паступовага развіцця рамеснай вытворчасці.

У 1963 г. выйшла ў свет манаграфія Аляксандра Ігнаценкі „Ремесленное производство в городах Белоруссии в ХVII—ХVIII вв.“, якая на сённяшні дзень з’яўляецца найбольш поў­най працай па гісторыі беларускага рамяства азначанага перыяду[2].
Чытаць далей →

Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 3 (2002), Вып. 4 (2003) (Віталь Галубовіч)

Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 3. / Рэд. кал.: Р.П. ПЛАТОНАЎ (гал. рэд.) і інш. Мінск: БелНДІДАС, 2002. 276 с.; Вып. 4. / Рэд. кал.: У.І. АДАМУШКА і інш. Мінск: БелНДІДАС, 2003. 356 с.

У 2002 і 2003 г. свет пабачылі два новыя выпускі „Беларускага археаграфічнага штогодніка“, які, пачаўшы існаванне толькі ў 2000 г., ужо знайшоў свайго сталага чытача. Трэці выпуск выйшаў яшчэ пад рэдакцыяй прафесара Р.П. Платонава, а ў чацвёртым галоўнага рэдактара ўвогуле няма. Можна адзначыць змены і ў складзе рэдакцыйнай калегіі: у апошнім БАШы ў ёй не стала М. Сташкевіча і В. Чамярыцкага, а папоўнілася калегія гарадзенскім гісторыкам Дз. Каравым. Структура БАШа пасля адыходу галоўнага рэдактара не змянілася.
Чытаць далей →

Аляксандр Груша. Невядомая грамата Фёдара Карыятавіча 1391 г.


У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (НГАБ) захоўваецца грамата, якая ўяўляе сабой пацвярджальны ліст ад 20 чэрвеня 1391 г. гаспадара Падольскай зямлі Фёдара Карыятавіча прывілеяў Канстанціна і Фёдара Карыятавічаў вернаму слугу Грыньку на горад Сакалец і Збынаў паток з сёламі[1] (з правам «садзіць» людзей на р. Русаве ў трох месцах), а таксама дароўнага цешчы Грынькі, княгіні Андрыянавай Вейніцкай[2], на шэраг сёл «у деднину и в вотнину». Гэтая грамата да апошняга часу не была вядомая даследчыкам. У той жа час яна з’яўляецца адной з найбольш рэпрэзентатыўных крыніц па гісторыі Падолля XIV ст., матэрыял якой дазваляе зрабіць шэраг важных высноў і назіранняў.

У першую чаргу, звесткі граматы даюць магчымасць удакладніць час пачатку ўкняжання ў Падоллі Фёдара Карыятавіча. Дагэтуль лічылася, што Фёдар стаў княжыць у Падоллі ў перыяд з 19 верасня 1388 г. да 1 ліпеня 1392 г.[3] З нашай граматы вынікае, што Фёдар Карыятавіч быў гаспадаром Падольскай зямлі ўжо 20 чэрвеня 1391 г.
Чытаць далей →

Генадзь Сагановіч. «Жаласны плач горада Полацка»


Пра тое, што захоп Полацка маскоўскім царом 15 лютага 1563 г. быў і далёка ў Еўропе ўспрыняты як вялікая трагедыя і адлюстраваны ў многіх першых нямецкiх газетах (Zeitungen), або так званых «лятучых лiстках» (Flugblätter, Flugschriften), ужо неаднакроць пісалася і ў беларускіх выданнях[1]. Аднак, хоць цэлая група „лятучых лісткоў» прысвечана непасрэдна фрагменту ўласна беларускай гiсторыi, гэтыя вельмi iнфарматыўныя помнiкi, даўно даследаваныя нямецкiмі i польскiмі спецыялістамі[2], у беларускую гiстарыяграфiю толькі ўводзяцца.

Трагедыi найстарэйшага беларускага горада прысвечана агулам 10 асобных iнфармацыйных лiсткоў, якія пабачылі свет у 1563 г. у асноўным у гарадах Нюрнберг, Аўгсбург i Любек. Гэта восем друкаваных і дзве рукапiсныя «газеты». Цяпер іх арыгiналы захоўваюцца ў Бiблiятэцы герцага Аўгуста ў Вольфэнбютэль, у Цэнтральнай бібліятэцы Цюрыха (фонд Wickiana), у Нацыянальнай бібліятэцы ў Вене, у Расійскай нацыянальнай бiблiятэцы ў Санкт-Пецярбургу. Інфлянцкую вайну Iвана IV у цэлым i тагачасныя падзеi на тэрыторыі ВКЛ кранае, як вызначыў прафесар Андрэас Капэлер, каля 50 нямецкiх «лятучых лiсткоў», што выйшлі ў свет памiж 1561 i 1582 г[3]. Так што месца Полацка ў гэтай інфармацыйнай карціне асаблівае.
Чытаць далей →

Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 1—2 (Віталь Галубовіч)


Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 1/ Рэд. кал.: Р.П. Платонаў (гал. рэд.) і інш. Мінск: БелНДІДАС, 2000. 266 с.; Вып. 2. 2001. 360 с.

У 2000 г. беларуская гістарычная навука нарэшце атры­мала доўгачаканае выданне, прысвечанае археаграфіі, архівазнаўству і архіўнай справе, крыніцазнаўству, тэксталогіі, гісторыі дзяржаўных устаноў, якое было названа „Беларускі археаграфічны штогоднік“ (БАШ). Два тамы БАШа за 2000—2001 г. ужо сталі заўважнай з’явай айчыннай гістарыяграфіі, але з–за мізэрнага накладу (па­значана толькі 100 асобнікаў) зборнікі недасягальныя нават для спецыялістаў і бібліятэк правінцыйных ВНУ.

Выданне рыхтуецца сумесна супрацоўнікамі створанай у 1999 г. Археаграфічнай камісіі Дзяржаўнага камітэта па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь і Беларускім навукова–даследчым інстытутам дакументазнаўства і архіўнай справы. Неабходна адзначыць, што БАШ з’яўляецца першай рэалізаванай спробай беларускіх архівістаў заснаваць уласны часопіс. Намаганні айчынных навукоўцаў пачатку 30–х г. ХХ ст., як вядома, скончыліся беспаспяхова (Вып. 1, с. 3), а ў 50—80–я г. ХХ ст., калі не існавала нават асобнага гістарычнага часопіса для БССР, такі тэматычны перыёдык не меў перспектываў.
Чытаць далей →