БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС
Галоўная » Запісы па тэме 'Гісторыя рэлігіі'

Артыкулы па тэме ‘Гісторыя рэлігіі’

Андрэй Пятчыц. Пашырэнне праваслаўя ў Беларусі ў сярэдзіне — другой палове ХIХ ст.

Входит некто православный,
Говорит: Теперь я главный!
І.Бродскі

У папулярнай расійскамоўнай літаратуры мінулага стагоддзя падзеі, звязаныя з умацаваннем і распаўсюджваннем праваслаўя на тэрыторыі Паўночна-Заходніх губерняў, звычайна падаюцца як нейкае адзінае і маналітнае парыванне «отчужденной братии» да вытокаў сваёй гісторыі і культуры. На самай жа справе гэты працэс меў намнога больш складаны і шматгранны характар. Апрача прызнання выразных поспехаў у распаўсюджванні праваслаўя на гэтых землях, ён выклікаў супярэчнасці і сумненні не толькі ў дэмакратычна скіраваных колах грамадства, але і ў асяродку непасрэдных выканаўцаў імперскай палітыкі. «Добраахвотнае» вяртанне мясцовых жыхароў-уніятаў ва ўлонне расійскай праваслаўнай царквы ў 1839 г. было, па сутнасці, толькі пачаткам цэлага шэрагу мерапрыемстваў, скіраваных на фактычнае ўсталяванне праваслаўя ў краі. Чытаць далей →

Ігар Войніч. Сільвестр Косаў і Язафат Кунцэвіч — повязь царкоўных ерархаў


У судовай справе забойства ў 1623 г. полацкага уніяцкага біскупа Язафата Кунцэвіча дагэтуль застаюцца нявысветленымі некаторыя пытанні. На гэтым забойстве сучасныя даследчыкі як з уніяцкага, так і з праваслаўнага боку зарабілі і цяпер зарабляюць шмат палітычных ачкоў, каб прынізіць годнасць сваіх апанентаў. Аднак наш расповед галоўным чынам закранае самы пачатак супрацьстаяння паміж Кунцэвічам і жыхарамі Віцебска.

У грамадскім жыцці ВКЛ на працягу другой паловы XV і ўсяго XVI ст. пачало дзейнічаць пісанае права. Статуты ВКЛ 1566 і 1588 г. патрабавалі карыстацца толькі «правом писаным»[1] (Статут 1566 г., раздз. 4, арт. 30; Статут 1588 г., раздз. 1, арт. 1). Царкоўнае жыццё ў ВКЛ па-ранейшаму рэгулявалася звычаёвым правам, аднак паступова ў праваслаўных землях стала ўводзіцца практыка прызначэння найвышэйшых царкоўных ерархаў са згоды свецкіх уладаў[2]. У канцы XVI — пачатку XVII ст. кароль Жыгiмонт III Ваза, а разам з iм i пераважная большасць дэпутатаў сейма (у асноўным каталікі) паспрабавалі надаць тагачасным парадкам нейкія цывілізавана-законныя рамкі.
Чытаць далей →

Гудзяк, Борис. Криза і реформа (Святлана Марозава)


Гудзяк, Борис. Криза і реформа: Київська митрополія, Царгородський патріархат і генеза Берестейської унії / Переклад з англ. М.Габлевич, під редакціею О.Турія. — Львів: Інститут Історії Церкви Львівськоі Богословськоі Академіі, 2000. ХVI + 426 c.

Берасцейскай уніі прысвечаны велізарны аб’ём прац. Аўтары, у залежнасці ад сваіх прыхільнасцяў, канфесійнай арыентацыі, абраных крытэраў ацэнкі (палемічных, імперскіх, рэлігійных, нацыянальных і інш.), ухвалялі унію або ганілі яе. Чатыры стагоддзі палемікі так і не прывялі да кансэнсусу ў поглядзе на феномен уніі. Тэма дагэтуль застаецца адной з найбольш вострых і дыскусійных у гісторыі ўсходніх славян і ўсходняй царквы.
Чытаць далей →

Тарасаў, Сяргей В. Полацк IX—XVII ст. (Васіль Варонін)


Тарасаў, Сяргей В. Полацк IX—XVII ст.: Гісторыя і тапаграфія. Мінск: Беларуская навука, 1998. 183. іл.

Полацк з яго найбагацейшым мінулым і выбітнай роляй у станаўленні беларускага этнасу і дзяржаўнасці, здавалася б, мусіў стаць адным з цэнтральных аб’ектаў вывучэння айчыннай медыявістыкі. Аднак, на вялікі жаль, беларуская гістарыяграфія налічвае толькі некалькі манаграфій і досыць нешматлікія артыкулы па названым горадзе і яго рэгіёне. Прычым унёсак гісторыкаў у гэтую важную працу вельмі сціплы. Аўтарамі большай часткі работ з’яўляюцца археолагі. Пачынаючы з 60-х г., калі пабачыла свет славутая кніга Л. Аляксеева, іх манаграфіі, прысвечаныя Полацку і Полацкай зямлі, выходзяць з перыядычнасцю ў сярэднім адна на дзесяць гадоў. Праца С. Тарасава стала, такім чынам, своеасаблівым падагульненнем археалагічнага і ў значнай ступені ўвогуле гістарычнага вывучэння горада Полацка за 90-я г. У гэтай рэцэнзіі асноўная ўвага будзе аддадзена менавіта гістарычнай частцы даследавання.
Чытаць далей →

Drozd, Andrzej; Dziekan, Marek; Majda, Tadeusz. Meczety i cmentarze tatarów polsko–litewskich (Аляксандр Лакотка)


Drozd, Andrzej; Dziekan, Marek; Majda, Tadeusz. Meczety i cmentarze tatarów polsko–litewskich. Warszawa, 1999. 101 s., 309 f.

Гэта другі том каталога татарскіх помнікаў, прысвечанага збору і сістэматызацыі звестак пра помнікі гісторыі і культуры татараў–мусульманаў Беларусі, Літвы і Польшчы. Названую працу трэба разглядаць як працяг даследавання культуры татараў пазначанага арэалу, якое амаль стагоддзе выконваецца польскімі даследчыкамі і вучонымі–святарамі татарскіх абшчынаў. Найбольш даўняй спробай навуковага асэнсавання гісторыі татараў–мусульманаў Літвы і Беларусі быў артыкул Антона Мухлінскага (1858). Праз дзесяць гадоў (у 1968 г.) з’явіўся артыкул Аляксандра Асіповіча „Мячэць у Вінкшнупе“. Грунтоўныя і сістэматычныя даследаванні па праблеме ў трыццатыя гады былі праведзены Станіславам Крычынскім. Ім быў апублікаваны шэраг артыкулаў па гісторыі мячэцяў і прыходаў. Падагульняльнай стала яго манаграфія „Татары Літвы. Спроба гістарычна–этнаграфічнай манаграфіі“ (1938). Гісторыі асобных мячэцяў былі прысвечаны даследаванні Лявона Крычынскага (гісторыя мячэцяў у Лоўчыцах і Наваградку, 1934). Былі і сумесныя працы пазначаных аўтараў („Татары ў Слоніме“). Уяўляюць каштоўнасць і асобныя даследаванні Алі Варановіча („Мусульманскія могілкі ў Відзах“, 1931; „Прадмова да гісторыі мячэцяў у Польшчы“, 1957). У 1976 г. выйшаў артыкул Яна Тахтэрмана пра вёску Сорак Татар. Увогуле, вывучэнню праблемы спрыяла наяўнасць адпаведнай перыёдыкі: часопісаў „Татарскі штогоднік“, „Ісламскі погляд“, „Татарскае жыццё“, „Штогоднік польскіх татараў“ і іншых выданняў краязнаўчага і культуразнаўчага кірункаў. Чытаць далей →

Unia Lubelska i tradycje integracyjne w Europie Środkowo–Wschodniej (Генадзь Сагановіч)

Unia Lubelska i tradycje integracyjne w Europie Środkowo–Wschodniej. Redakcja naukowa Jerzy Kłoczowski, Pawel Kras, Hubert Łaszkiewicz. Lublin, 1999. 224.

У кнігу ўвайшлі ў асноўным матэрыялы міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай 425–й гадавіне Люблінскай уніі (частка тэкстаў рыхтавалася спецыяльна, як і змешчаная ў дадатку выбраная бібліяграфія па праблеме уніі). Навуковы форум гісторыкаў Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны пад назвай «Люблінская унія ды інтэграцыйныя традыцыі ў Цэнтральна–Усходняй Еўропе» праходзіў яшчэ летам 1994 г. у Любліне, дзе яго арганізаваў Інстытут Цэнтральна–Усходняй Еўропы — што цікава — з ініцыятывы беларускага боку.
Чытаць далей →

Dylągowa, Hanna. Dzieje Unii Brzeskiej (1596—1918) (Святлана Марозава)

Dylągowa, Hanna. Dzieje Unii Brzeskiej (1596—1918). Warszawa — Olsztyn, 1996. 228.

Манаграфія Ганны Дылянговай выдадзеная да 400–й гадавіны заключэння царкоўнай уніі ў Берасці. Праца складаецца з трох раздзелаў. Першы — „W Rzeczypospolitej“ — раскрывае прычыны уніі, яе ідэю і заключэнне акту уніі, станаўленне уніяцкай царквы ў нялёгкае для яе XVII ст.; паказвае яе тэрытарыяльную і ерархічную структуру, ролю базыльянскага ордэна і працэс лацінізацыі. У другім раздзеле — „Pod rozbiorami“ — прасочваецца лёс царквы на тэрыторыях, якія ў канцы XVIII ст. падпалі пад уладу Аўстрыі і Расіі; канфесійная палітыка расійскіх манархаў ад Пятра І да Мікалая І і барацьба царквы за выжыванне.
Чытаць далей →

Марозава, Святлана В. Уніяцкая царква ў культурна–гістарычным развіцці Беларусі (1596—1839) (Павел Лойка)

Марозава, Святлана В. Уніяцкая царква ў культурна–гістарычным развіцці Беларусі (1596—1839) / Навучальны дапаможнік. Гродна, 1996. 111.

Выхад гэтай манаграфіі пад грыфам навучальнага дапаможніка па аднайменным курсе для студэнтаў–гісторыкаў і культуролагаў — гэта своеасаблівы і своечасовы адказ на запыт навукі і грамадства на пазбаўленыя старых штампаў веды па гісторыі рэлігійнай згоды 1596 г., цікавасць да якой асабліва ўзмацнілася ў сувязі з 400–мі ўгодкамі уніі. Праца падрыхтаваная на аснове грунтоўнага вывучэння шматлікай літаратуры — дарэвалюцыйнай расійскай, савецкай і постсавецкай, айчыннай і замежнай. Яна мае багатую базу крыніц, як надрукаваных, так і архіўных, узятых аўтарам з дакументасховішчаў Менска, Горадні, Вільні, Львова, Масквы і Санкт–Пецярбурга (царкоўнае справаводства, інвентары, судова–следчыя матэрыялы, ватыканскія дакументы, заканадаўства, помнікі царкоўнага права, саборныя пастановы, мемуары, рэлігійная публіцыстыка і інш.).
Чытаць далей →

Mažeika, Rasa. The role of pagan Lithuania in Roman Catholic and Greek Orthodox religious diplomacy (Наталля Брэль)

MAŽEIKA, RASA JOAN. The role of pagan Lithuania in Roman Catholic and Greek Orthodox religious diplomacy in east–central Europe (1345—1377). Unpublished doctoral dissertation. Fordham, New York, 1987, revised. (Univer-sity Microfilms International, Ann Arbor, MI, 1987). 202.

Гэтая кнiга — доктарская дысертацыя канадскай даследчыцы літоўскага паходжання Расы Мажэйкi, прысвечаная гiсторыi рэлiгiйных дачыненняў Вялiкага Княства Лiтоўскага з праваслаўным i каталiцкiм светам у часы вялiкага князя Альгерда (1345—1377). Аўтарка ставiць на мэце даследаваць наступныя пытаннi: цi быў Альгерд паганцам, цi праваслаўным? Як мог паганскi ўладар удзельнiчаць у свецкай i царкоўнай дыпламатыi Цэнтральна–Усходняй Еўропы ў перыяд, калі, як лiчыцца, панавала рэлiгiйная iдэалогiя? Наколькi важнай, насамрэч, была рэлiгiя ў адносiнах памiж паганскiмi лiтоўцамi i iх хрысцiянскiмi суседзямi i цi была яна мэтай, або сродкам дыпламатыi?
Чытаць далей →

Канфесіі на Беларусі (канец XVIII—XX ст.) (Віктар Фядосік)


Канфесіі на Беларусі (канец XVIII—XX ст.) / В.В.Грыгор’ева, У.М.Завальнюк, У.І.Навіцкі, А.М. Філатава. Навук. рэд. У.І.Навіцкі. Мінск: ВП „Экаперспектыва“, 1998. 340.

Аб’ектыўнасць даследавання — вось, бадай што, галоўная рыса гэтага цікавага і грунтоўнага выдання. Перыяд, абраны аўтарамі для даследавання (ад пачатку падзелу Рэчы Паспалітай і да сучаснасці) — надзвычай складаны і дынамічны ў гістарычным лёсе Беларусі. Нельга сказаць, што ён не вывучаўся. Шмат прац па асобных аспектах гісторыі канфесій на Беларусі было выдадзена да 1917 г. Аднак іх характэрнымі рысамі былі канфесійная прадузятасць, палітызaванасць аўтарскіх канцэпцый. У часы панавання марксісцкай парадыгмы пытанням рэлігійнай гісторыі Беларусі аддавалася мала ўвагі, а калі яны ўсё ж такі разглядаліся, то рабілася гэта (за рэдкім выключэннем) з пазіцый атэізму, нярэдка ваяўнічага. Рэцэнзаванае выданне — фактычна, першая спроба абагульняльнага нарыса па гісторыі канфесій на Беларусі з канца XVIII ст.
Чытаць далей →

Писаренко, Юрiй Г. Велес-Волос в язичницькому свiтоглядi давньоi Русi (Эдвард Зайкоўскi)


ПИСАРЕНКО, ЮРIЙ Г. Велес-Волос в язичницькому свiтоглядi давньоi Русi. Киiв, 1997. 238.

Бiблiятэка даследаванняў па ўсходнеславянскай мiфалогii летась папоўнiлася манаграфiяй кiеўскага навукоўца Юрыя Пiсарэнкi, прысвечанай вызначэнню месца Вялеса-Воласа ў светапоглядзе славянаў. Паколькi Вялес быў надзвычай шматфункцыянальным богам, аўтар кнiгi засяродзiў асноўную ўвагу на некалькiх найважнейшых аспектах: адлюстраванне ўяўленняў пра гэты мiфалагiчны персанаж у такiх крынiцах, як «Сказанне пра смерць князя Алега», былiна «Волх Усяславiч», сюжэты пра фальклорных волатаў, семантыка выяваў на знакамiтым Збруцкiм стодзе. Разглядаюцца таксама дамовы кiеўскiх князёў Х ст. з Вiзантыяй i iншыя звесткi, што характарызуюць iдэю «дагавору» як адну з асноўных у функцыях Вялеса.
Чытаць далей →

Святлана Марозава. Берасцейская унiя i этнiчная свядомасць беларусаў


Вось ужо два стагоддзi беларусам навязваюць адмоўны гiстарычны стэрэатып царкоўнай унii, якi грунтуецца галоўным чынам на крынiцах, напiсаных яе незычлiўцамi. Унii iнкрымiнуецца мноства злачынстваў супраць народу, самым вялiкiм з якiх быў нiбыта замах на само яго iснаванне. Спроба спраўдзiць трывала ўкаранёны ў нашай свядомасцi набор тэзаў дарэвалюцыйнай расiйскай i савецкай гiстарыяграфii адносна унii, якiм раней беспадзельна давяраў i аўтар гэтых радкоў, дала нечаканыя вынiкi. Стала ясна, што ранейшая навуковая i папулярная лiтаратура недаацэньвала нацыянальна-культурную стойкасць беларускага народу, збядняла i скажала яго мiнулае. Назiраннi за тым, як бачылi, успрымалi i вызначалi лёс унii яе прыхiльнiкi, апякуны i працiўнiкi, дазваляюць аўтару выступiць з антытэзай да многiх традыцыйных поглядаў. Чытаць далей →

Сяргей Клiмаў. Базыльяне на землях Вялiкага Княства Лiтоўскага ў другой палове XVIII ст.

Уступ да прасапаграфii

У ХVIII ст. унiяцкая царква мела толькi адзiн мужчынскi манаскi ордэн — ордэн святога Базыля Вялiкага. Манахi-базыльяне на землях ВКЛ былi аб’яднаныя ў ордэнскую Лiтоўскую правiнцыю. Апошняя паўстала ў вынiку падзелу ордэна ў 1743 г. на дзве часткi: Лiтоўскую — св.Троiцы, i Польскую (цi Рускую) — св.Пакрова. Лiтоўская правiнцыя праiснавала да 1780 г. Згодна з падлiкамi гiсторыка М.Ваўрыка[1], яна мела каля 50 кляштараў i 20 мiсiянерскiх пляцовак, якiя абслугоўвалi ад 450 да 480 манахаў. На працягу даследаванага часу гэтыя лiчбы мянялiся, але нязначна. Пасля I падзелу Рэчы Паспалiтай з Лiтоўскай правiнцыi адпачкавалася асобная Беларуская (св.Мiкалая) правiнцыя базыльянаў. Яна дзейнiчала да пачатку XIX ст. i была потым скасаваная разам з iншымi правiнцыямi ў вынiку перападпарадкавання базыльянаў расiйскiм дзяржаўным уладам. На 1801 г. у Лiтоўскай правiнцыi налiчвалася, паводле М.Ваўрыка, 48 кляштараў i 394 манахаў, а ў Беларускай — 14 кляштараў i 104 базыльянаў[2].
Чытаць далей →