БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС
Галоўная » Запісы па тэме 'Пераклады'

Артыкулы па тэме ‘Пераклады’

Томас Бон. Доўгае парыванне са Сталіным, або Дзённік Яфіма Садоўскага


У дзень смерці Сталіна, 5 сакавіка 1953 г., мінская газета „Советская Белоруссия», орган Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі, Вярхоўнага Савета і Савета міністраў БССР, апублікавала паведамленне маскоўскага ўрада. Цэнтральны камітэт Камуністычнай партыі Савецкага Саюза і Савет міністраў СССР абвяшчалі, што ў ноч з 1 на 2 сакавіка таварыш Сталін перажыў апаплексічны ўдар і ў бліжэйшы час не зможа прымаць удзелу ў бягучых справах дзяржаўнага кіравання[2]. Гэтае эўфемістычнае паведамленне мусіла прыхаваць сур’ёзнасць становішча і адкласці пошук адказу на пытанне, што ж будзе „пасля». Уяўленне, што смерць не спынілася і перад такім звышчалавекам, як Сталін, выклікала шок не толькі ў прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, але і ў большай часткі савецкага насельніцтва. Калі „Советская Белоруссия» 6 сакавіка змясціла партрэт Сталіна, які днём таму пайшоў з жыцця, у жалобнай рамцы, гэта было ўсвядомлена пакаленнем, якое вырасла на савецкіх каштоўнасцях і нормах, як надлом, што засланіў досвед Другой сусветнай вайны. Каб даць час перажыць страту індывіда, які быў увасабленнем бацькі для масы яшчэ падуладнага традыцыяналісцкім уяўленням насельніцтва, абвясцілі чатырохдзённую жалобу. Пры гэтым можна расцаніць як палітычны сігнал той факт, што на жалобу па Сталіну было адведзена на адзін дзень меней, чым у свой час па Леніну. Цяпер зусім абгрунтавана загучалі запэўніванні ў адзінстве партыі. Яе адну прызнавалі здольнай весці насельніцтва далей у генеральным накірунку фарсіраванай індустрыялізацыі. Да таго ж пэўнага наследнага прынца Сталін загадзя не вызначыў[3]. Так што гэта адпавядала логіцы рэчаў, калі 7 сакавіка, яшчэ да пахавання былога ўладара, „Советская Белоруссия» ўжо абвясціла новую каманду кіраўнікоў у складзе Георгія Малянкова, Мікіты Хрушчова і Клімента Варашылава, якія ўзначалілі, адпаведна, Савет міністраў, Цэнтральны камітэт КПСС і Вярхоўны Савет[4]. Нарэшце 10 сакавіка „Советская Белоруссия» паведаміла пра змяшчэнне бальзамаванага цела Сталіна ў Маўзалей Леніна на Чырвонай Плошчы ў Маскве. Са спіса аратараў грамадскасць магла бачыць, хто на той момант уваходзіў у лік „уладных людзей»: гэта былі Малянкоў, Лаўрэнцій Берыя (Mіністэрства ўнутраных справаў) і Вячаслаў Молатаў (Міністэрства знешніх справаў)[5]. Што да падзей у самой сталіцы Беларусі Мінску, „Советская Белоруссия» згадвала жалобныя сходы на аўтамабільным заводзе (6 сакавіка), а таксама на Цэнтральнай плошчы (8 і 9 сакавіка). Апоўдні 9 сакавіка перад помнікам Сталіну, як паведамлялі, сабралася больш за 200 тыс. чалавек[6]. Чытаць далей →

Леанід Зашкільняк. „Паверхі“ і „лесвіцы“ сучаснай украінскай гістарыяграфіі


Метафарычная назва гэтага эсэ тлумачыцца спробай даць агульную характарыстыку сучаснага стану ўкраінскай гістарыяграфіі. У цэлым гэта справа няўдзячная, паколькі за гады ўкраінскай незалежнасці гісторыяпісанне зрабілася такім разнастайным і шматколерным, што звесці яго да якіх-небудзь тыповых груп вельмі складана. Тым не менш, суб’ектыўны погляд на тое, што мы называем сучаснай украінскай гістарыяграфіяй, можа быць у нечым карысны. Трэба дадаць, што ў навуковай перыёдыцы да пытанняў сучаснай гістарыяграфічнай творчасці звярталася нямала прафесійных гісторыкаў, гэтая праблематыка неаднаразова абмяркоўвалася на канферэнцыях, кангрэсах і семінарах[1]. A адзін польскі гісторык — Томаш Стрыек — прысвяціў ёй фундаментальную навуковую манаграфію[2].
Чытаць далей →

Пётр Кроль. Тактыка барацьбы войска Рэчы Паспалітай з казакамі ў 1591–1638 г.


У 1590-1648 г. войскі Рэчы Паспалітай былі вымушаны некалькі разоў сутыкнуцца з мяцежнымі казакамі. Гэта былі паўстанні Крыштафа Касінскага (1591-1593), Севярына Налівайкі (1595-1596), Марка Жмайлы ў 1625 г., Тараса Федаровіча ў 1630 г., Паўлюка (Павел Міхновіч Бут) у 1637 г., a таксама Яцака Астраніна i Дзімітра Гуні ў 1638 г. Ход і тактыка той барацьбы істотна адрозніваецца ад дзеянняў больш позняга перыяду. На гэта паўплываў новы фактар, які нівеляваў перавагу польскай конніцы над казацкай пяхотай, што існавала да таго часу. Гэта было з’яўленне ў казацкім войску татарскіх лятучых атрадаў (чамбулаў). Тыя атрады выконвалі такую самую ролю, як казацкія і лёгкія харугвы ў каронным войску: разведка, партызанскія баі, прыкрыццё галоўных сілаў, пераслед разбітага праціўніка. Цяпер казацка-татарскія войскі мелі тыя самыя, што і іхні праціўнік, армія Рэчы Паспалітай, два дасканалыя віды войска — конніцу і пяхоту, якія цудоўна дапаўнялі адна адну. Такая сітуацыя склалася ў 1648 г. Раней паўстанцы, пачынаючы барацьбу з Рэччу Паспалітай, вымушаны былі змагацца з яе арміяй без падтрымкі выдатнай татарскай конніцы. Гэтыя змаганні звычайна заканчваліся паразай казакоў, але толькі некаторыя з іх былі сапраўдным паражэннем казацкіх атрадаў. Як жа іх перамагала каронная армія, што пасля вельмі цяжкага, але пераможнага досведу 30-х г. XVII ст. атрымала цяжкую паразу ў 1648 г.? Як працякалі польска-казацкія змаганні ў 1591-1638 г., якую тактыку выкарыстоўвала на палях бітвы каралеўская армія, каб перамагчы праціўніка, што ўмеў абараняцца? Чытаць далей →

Анджэй Г. Пшэпюрка. Дзеянні войскаў ВKЛ пад Смаленскам у 1614 г.


Няўдалы паход караля Жыгімонта III Вазы і каралевіча Ўладзіслава на Маскву ў 1612 г., а таксама капітуляцыя польскага гарнізона Крамля перад аддзеламі другога расійскага апалчэння (6-7.XI) перакрэслілі ўсе шанцы пасадзіць каралевіча Ўладзіслава на царскі трон. Праўда, сярод маскоўскай эліты ўсё яшчэ знаходзілася мноства прыхільнікаў гэтай кандыдатуры, а жыхары некаторых гарадоў у паўночна-заходняй частцы Маскоўскай дзяржавы працягвалі прызнаваць яго ўладу, але пазіцыі каралевіча ў распачатым суперніцтве за шапку Манамаха ўвесь час слабелі. Яшчэ ў пачатку 1613 г. з кола кіраўнікоў другога апалчэння і ўдзельнікаў скліканага князямі Дзмітрыем Трубяцкім і Дзмітрыем Пажарскім Земскага сабору пасылаліся сігналы аб магчымасці выбрання Ўладзіслава на царскі трон, але гэта было больш падобна на спробу нейтралізацыі Рэчы Паспалітай пад час планаваных выбараў манарха. Урэшце 3 сакавіка (21 лютага па старым стылі) 1613 г. Земскі сабор выбраў царом Міхаіла Раманава, што канчаткова пахавала магчымасць пасадзіць каралевіча на маскоўскі трон. Перад Рэччу Паспалітай паўстала праблема памыснага заканчэння вайны, якое прадугледжвала б захаванне ранейшых тэрытарыяльных набыткаў, у першую чаргу Смаленшчыны і Севершчыны. Але гэта было не так проста з прычыны пустой скарбніцы і неабходнасці грашовых выплат жаўнерам, ужо пераважна сканфедэраваным[1].
Чытаць далей →

Анджэй Рахуба. Мабілізацыйны высілак ВКЛ пад час вайны 1654–1667 г.


Выбух вайны з Масквой улетку 1654 г. (хоць ён і не быў нечаканым) заспеў Вялікае Княства Літоўскае не надта добра падрыхтаваным да адпору захопнікам. Перш за усё, не была гатова стрымаць імпэтны націск ворага Смаленская крэпасць,якая,якпаказаліранейшыя войны, з’яўлялася ключавым элементам абароны краіны і якую слушна называлі брамай Вялікага Княства Літоўскага [1]. Не лепш выглядала справа з палявой арміяй, што налічвала (напэўна, пад час праведзенага 7 верасня 1653 г. генеральнага перапісу) 12 540 пайкоў i коней [2], або каля 11 200 жаўнераў, a на яе ўтрыманне патрабаваўся 1 604 983 злотых [3]. Гэтую армію складалі 3 харугвы гусараў (374 коннікі) [4], 4 адзінкі рэйтараў (1020 пайкоў) [5], 26 казацкіх харугваў (2274 коннікі) [6], 9 татарскіх харугваў (960 коннікаў) [7],11 адзінак драгунаў (2974 пайкоў) [8], 9 адзінак нямецкай пяхоты (4088 пайкоў) [9], 7 харугваў польскай (венгерскай) пяхоты (850 чалавек) [10]. Аднак, напэўна, гэта не ўсе вайсковыя адзінкі, якія былі ў той час на вайсковай службе, бо нейкая іх колькасць знаходзілася таксама ў гарнізонах дзяржаўных крэпасцяў або не была ўлічана пры перапісе [11]. А паколькі войска было прафесійнае і некалькі гадоў удзельнічала ў баях, то гэтая армія была не толькі сама па сабе значнай вайсковай сілай, але, перш за усё, добрай кадравай школай для нованабраных харугваў. Таму ў сваім пасланні першаму сойму 1654 г. кароль прапанаваў перш за ўсе захаваць без зменаў колькасць войска Вялікага Княства і прызначыць на яго ўтрыманне нявыплачаныя падаткі (рэтэнты), а таксама ўхваліць на гэтую патрэбу новыя падаткі [12]. Чытаць далей →

Кшыштаф Касажэцкі. Стаўленне шляхты ВКЛ да шведскага і маскоўскага панавання ў 1655–1656 г.


Неспадзяванае аслабленне пазіцый Рэчы Паспалітай у 1648 г. i наступных гадах змаганняў з казацкім паўстаннем на Ўкраіне, а потым яе катастрафічнае паражэнне ў першыя месяцы вайны з Масквой у 1654 i на пачатку 1655 г. прывялі да поўнай змены раскладу сілаў у гэтай частцы Еўропы. На ўсё больш нарастальную моц Масквы нядобразычліва глядзелі не толькі татары, яна зрабілася рэальнай пагрозай для балтыйскіх інтарэсаў Швецыі. Яшчэ раней у Стакгольме разглядалі магчымасць удару па аслабленай Рэчы Паспалітай, і поспехі Масквы маглі толькі паскорыць прыняцце такога рашэння. Шведская інтэрвенцыя i яе імклівае разгортванне ў першыя дні вельмі кепска ўспрымаліся ў Маскве. Там добра разумелі варожае стаўленне шведаў, якія не мелі намеру дапусціць на балтыйскае ўзбярэжжа царскія войскі, што накіроўваліся туды з усходу. Цар жа не збіраўся адмаўляцца ад магчымасці абаперціся на гэтае ўзбярэжжа і планаваў такім чынам адкрыць нарэшце для Масквы балтыйскі шлях у Еўропу.
Чытаць далей →

Міраслаў Нагельскі. Вайсковая дзейнасць Аляксандра Гілярыя Палубінскага ў 1648–1676 г.


Аляксандр Гіляры Палубінскі нарадзіўся 6 жніўня 1626 г. Ён быў сынам князя Канстанціна, ваяводы ў Парнаве, і Соф’і з Сапегаў. Вучыўся ў Віленскай акадэміі, потым у Замойскай, а затым у Кракаве[1]. Ва ўзросце 17 гадоў з’явіўся пры двары Ўладзіслава IV i як стыпендыят караля быў у 1644 г. накіраваны ў Галандыю і Францыю з метай вывучэння моваў і для азнаямлення з вайсковым майстэрствам Захаду. У 1646 г. адбыўся таксама ягоны дэбют на палітычнай арэне — ён быў абраны на слонімскім сойміку дэпутатам вальнага сойму[2]. Вайсковую кар’еру распачаў у 1648 г. у сувязі з выбухам казацкага паўстання Багдана Хмяльніцкага. Яшчэ 22-гадовым юнаком атрымаў ад Януша Радзівіла, палявога гетмана ВКЛ, прыпаведны ліст на фармаванне гусарскай харугвы на 100 коннікаў. На чале гэтай харугвы ўдзельнічаў у зімовай кампаніі супраць казакоў, вылучыўся пры штурме Пінска 9 X 1648 г.[3]. Потым удзельнічаў у бітвах пад Мазыром (22 II1649), а таксама ў крывавай бітве з казакамі пад Лоевам, дзе армія Януша Радзівіла разбіла сілы паўстанцаў пад камандай Міхайлы Крычэўскага (31 VII 1649). У гэтай баталіі вылучылася гусарская рота Палубінскага, якая ўваходзіла ў склад ударнай групы з некалькіх гусарскіх ротаў пад агульнай камандай Паўла Невяроўскага[4]. Пасля заканчэння гэтай ваеннай кампаніі разам з харугвай знаходзіўся ў Слоніме. Вясной 1650 г. за ваенныя заслугі атрымаў пасаду слонімскага падкаморыя, а войска ў 1650 г., пад час рыцарскага кола выбіраючы сваіх дэлегатаў на вальны сойм, запатрабавала для яго ад Яна Казіміра ўзнагароды за праяўленую ім „ахвоту ягоную да служэння Айчыне і кошты, якія [нясе], гусарскую харугву ўзначальваючы»[5].
Чытаць далей →

Конрад Бабятыньскі. Кар’ера і вайсковая дзейнасць гетмана ВКЛ Міхала Казіміра Паца


Гетман ВКЛ і ваявода віленскі Міхал Казімір Пац належыць да найбольш вядомых (але і найбольш неадназначных) асобаў, якія пакінулі істотны след у гісторыі Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў у другой палове XVII ст. Але яго вайсковая дзейнасць — вельмі важны элемент біяграфіі — дагэтуль не выклікала ў гісторыкаў надта вялікай зацікаўленасці[1]. Увага даследчыкаў у найбольшай ступені была засяроджана на палітычнай актыўнасці Паца, у асноўным як апазіцыянера з часоў Яна III Сабескага. У польскай гістарыяграфіі і нават у гістарычнай свядомасці замацаваўся адназначна негатыўны стэрэатыпны вобраз Паца — смяротнага ворага пераможцы з-пад Вены, склочніка, баламута, здрадніка і платнага прыслужніка электара брандэнбургскага і імператара аўстрыйскага, які змагаўся супраць запланаваных дзяржаўных рэформаў і ўмацавання цэнтральнай улады. Вынікі палітычнай дзейнасці, ацэнкі якой, зрэшты, не заўсёды знаходзяць пацверджанне ў крыніцах, выразна засланілі справы Паца на іншым полі дзейнасці — як вайсковага камандзіра, заснавальніка многіх рэлігійных фондаў і мецэната мастацтва. Акрамя таго, многія польскія гісторыкі, якія выказалі крытычныя меркаванні на тэму ягонай грамадскай дзейнасці, часта аддавалі перавагу несправядлівым закідам пра адсутнасць у гетмана вайсковых талентаў.
Чытаць далей →

Конрад Бабятыньскі. Адносіны жыхароў ВКЛ да маскоўскага войска ў 1654–1655 г.


Заключэнне Пераяслаўскай дамовы і як вынік наступ войскаў цара Аляксея Міхайлавіча на тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага сталі нечаканасцю для большасці палітычнай эліты Рэчы Паспалітай, але не для жыхароў усходніх земляў дзяржавы. Яшчэ ў другой палове 1653 г. тут не існавала сумненняў, што пачатак вайны з усходнім суседам з’яўляецца пытаннем бліжэйшых месяцаў. Інфармацыя пра канцэнтрацыю значных маскоўскіх сілаў каля мяжы і вялікую падрыхтоўку да баявых дзеянняў дасягала ў гэты час Магілёва, Шклова і Оршы, а змястоўныя рапарты аб нарастанні пагрозы атрымліваў ад сваіх людзей — як літоўскіх, так і каронных — палявы гетман ВКЛ, фактычны галоўнакамандуючы арміі Януш Радзівіл[1].
Чытаць далей →

Юры Туронак. Дзейнасць групы Фабіяна Акінчыца (1939–1943)


Фабіян Акінчыц нарадзіўся 20 студзеня 1886 г. у фальварку Акінчыцы (цяпер у межах горада Стоўбцы) Мінскага павета ў заможнай каталіцкай сям’і Яна і Эміліі. У 1906— 1913 г. вывучаў права на юрыдычным факультэце Пецярбургскага універсітэта. У гады вучобы належаў да партыі расійскіх сацыял-рэвалюцыянераў (эсэраў). У1923 г. вярнуўся з СССР і працаваў настаўнікам у Стаўбцоўскім павеце. У 1926 г. уступіў у шэрагі Беларускай сялянска-работніцкай грамады, быў адным з яе кіраўнікоў. У студзені 1927 г. арыштаваны польскімі ўладамі, у выніку судовага працэсу над дзеячамі грамады асуджаны на шэсць гадоў пазбаўлення волі. Пасля датэрміновага вызвалення з турмы з верасня 1930 г. быў членам кіраўніцтва пагаджальнай беларускай арганізацыі „Цэнтрасаюз», з якой выйшаў у сакавіку 1931 г. Пасля няўдалай спробы стварэння паланафільскай арганізацыі „Адраджэнне» выехаў з Вільні да Стоўбцаў, дзе ў 1932 г. заснаваў Беларускае таварыства дабрачыннасці, а ў 1933 г. у якасці яго старшыні стаў членам Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні[1].
Чытаць далей →

Ірына Сынкова. Ёган Баэмус і яго кніга „Норавы, законы і звычаі ўсіх народаў“


У 1520 г. у Аўгсбургу ўпершыню ўбачыла святло напісаная на лацінскай мове кніга нямецкага гуманіста Ёгана Баэмуса, у якой ён даваў чытачам сціслае апісанне многіх краін і народаў Старога Свету. Гэтую кнігу чакаў дзіўны лёс. Пасля досыць доўгага першапачатковага перыяду надзвычайнай папулярнасці яна хутка знікла ў невядомасці, цягам цэлых стагоддзяў яе не ўспаміналі. І толькі ў ХХ ст., асабліва з другой паловы, пачалося яе вяртанне ў сферу навуковага дыскурсу. Але і дагэтуль пра жыццё самога аўтара вядома няшмат.

Ёган Баэмус (Johann Boëmus) нарадзіўся ў гарадку Аўб (адсюль яго мянушка — Аўбанец) паблізу Вюрцбурга каля 1485 г. Вучыўся, магчыма, у Цюбінгене і ў Ляйпцыгу. Прынамсі з 1508 г., але магчыма яшчэ з канца XV ст., жыў у горадзе Ульме. Там ён служыў капеланам. Быў братам Тэўтонскага ордэна. Вядомым ён стаў дзякуючы сваёй кнізе, якая доўгі час была любімым чытаннем амаль ва ўсёй Еўропе. Памёр Баэмус у 1535 г.
Чытаць далей →

Наталля Юсава. „У святле Сталінскага вучэння пра мову і нацыю“


Ва ўмовах адзяржаўлення гуманітарнай навукі пры таталітарным ладзе любыя яе тэорыі і канцэпцыі абавязкова былі знітаваны з пануючай ідэалогіяй, а часам нават уплывалі на развіццё і ўкараненне істотных канцэптаў апошняй. Пры фармаванні некаторых навуковых канструкцый вырашальнае слова для гуманітарыстыкі мелі пастулаты Іосіфа Сталіна, што было звязана са значэннем і месцам правадыра ў таталітарнай сістэме савецкага ўзору. Культ яго асобы складаўся ў СССР на працягу доўгага часу і падымаўся на новы ўзровень з кожнай новай „перамогай» савецкіх людзей на розных „франтах». Разнастайныя здзяйсненні і дасягненні народаў савецкай імперыі з кожным разам усё больш і больш выдаваліся за вынік „мудрага» кіраўніцтва „стырнавога савецкага народа». Культ Сталіна дасягнуў апагея, як вядома, у пасляваенны перыяд, паколькі ўсе вырашальныя перамогі над вермахтам былі прыпісаны генералісімусу і ў свядомасці савецкіх людзей вікторыя ў гэтай страшнай вайне звязвалася перш за ўсё з асобай правадыра. Адзін з вядучых чыноўнікаў аддзела агітацыі і прапаганды ЦК ВКП(б) Д. Шапілаў абвяшчаў у вялікім прапагандысцкім артыкуле, які быў апублікаваны ў газеце „Правда» (11 жніўня 1947 г.) і адпавядаў інструкцыям, складзеным у агітпропе, што «„імя вялікага Сталіна» — гэта сімвал „волатаўскай магутнасці народа, яго перамог, яго славы, яго новых творчых планаў»»[1].
Чытаць далей →

Марцэлі Косман. Два юбілеі польскай гістарыяграфіі

(50 гадоў штогодніку „Odrodzenie

i Reformacja w Polsce» і 80-годдзе

прафесара Януша Тазбіра)


Згаданыя ў назве артыкула юбілеі блізка звязаныя паміж сабой. Іх аб’ядноўвае паняцце Рэфармацыя і прозвішча вядучага ў паваеннай Польшчы даследчыка, які ў вачах многіх атаясняецца з прысвечаным ёй часопісам. Няшмат вучоных ва ўзросце 80 гадоў характарызуюцца такой творчай дынамікай і актыўнасцю ў грамадскім жыцці, як у Януша Тазбіра, гэтаксама і мала перыядычных выданняў, якія вытрымалі выпрабаванне паўвекавым часам і заваявалі рэпутацыю не толькі ў краіне, але і за яе межамі.

Пасля 1945 г. вывучэнне гісторыі рэлігіі і каталіцызму ў Польшчы, незалежна ад узаемадачыненняў паміж дзяржавай і царквою, прынесла вельмі значныя вынікі, што звязана з працягам папярэдніх даследаванняў і новымі пошукамі ў іншых арганізацыйных формах. Шмат месца заняў бы пералік назваў манаграфій, фундаментальных выданняў і часопісаў, нават не рэлігійных. Ліквідацыя тэалагічных факультэтаў ва універсітэтах (пасля 1989 г. большасць з іх была вернута ў вышэйшыя школы) гэтай працы не прыпыніла, бо, акрамя заснаваных яшчэ на пачатку 1920-х г. Люблінскага каталіцкага універсітэта, вышэйшых духоўных семінарый і папскіх тэалагічных факультэтаў, у 1954 г. у Варшаве былі адкрыты Акадэмія каталіцкай тэалогіі (на яе базе створаны сучасны Інстытут кардынала Стэфана Вышыньскага) і прадугледжаная для асоб іншых веравызнанняў Хрысціянская тэалагічная акадэмія, звязаная традыцыяй з даваенным факультэтам евангелісцкай тэалогіі Варшаўскага універсітэта. Больш за тое, пасля палітычнага пералому 1956 г. у навуцы стала назірацца паступовае збліжэнне духоўных і свецкіх даследчыкаў, якое з цягам часу перайшло ў пастаяннае супрацоўніцтва[1].
Чытаць далей →