БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС
Галоўная » Запісы па тэме 'Вялікае Княства Літоўскае'

Артыкулы па тэме ‘Вялікае Княства Літоўскае’

Генадзь Сагановіч. Інструкцыя паслам Ашмянскага павета на канвакацыйны сойм 1632 г.


Публікаваная інструкцыя ашмянскага сойміка ўяўляецца цікавай крыніцай, якая адлюстравала палітычныя настроі i пазіцыі шляхты ВКЛ у часе міжкаралеўя (interregnum), якое ўсталявалася пасля смерці Жыгімонта ІІІ (30.04.1632). Тагачасная міжнародная сітуацыя і становішча ўнутры Рэчы Паспалітай напярэдадні канвакацыйнага сойма, а таксама падрыхтоўка і правядзенне абодвух соймаў 1632 г. вычарпальна апісаныя ў спецыяльным даследаванні[1], што дазваляе мне абмежавацца толькі некаторымі аспектамі, звязанымі з умовамі паўставання і зместам гэтага дакумента.

Адразу пасля смерці караля першачарговыя пытанні дзяржаўнай важнасці разглядаліся на скліканай прымасам i гнезненскім біскупам Янам Вэнжыкам таемнай нарадзе сената ў Варшаве, у якой бралі ўдзел і пяць сенатараў ВКЛ (Леў Сапега, Аляксандр Гасеўскі, Мікалай Кішка, Альбрыхт Станіслаў Радзівіл і Павел Стэфан Сапега). Праведзеная паміж 3 і 9 траўня 1632 г.[2], яна прызначыла канвакацыйны сойм на 22 чэрвеня, а перадканвакацыйныя павятовыя соймікі — на 3 чэрвеня таго ж года[3]. Між тым у Вільні, хоць там ужо праз некалькі дзён было вядома пра варшаўскую нараду ды яе пастановы, з ініцыятывы Крыштафа Радзівіла прысутныя сенатары, дэпутаты Трыбунала ВКЛ і шляхта сабраліся 15 траўня на свой з’езд для абмеркавання шляхоў утрымання ўнутранай і знешняй бяспекі, а таксама іншых пільных спраў, звязаных з перыядам бескаралеўя.
Чытаць далей →

Аляксандр Груша. Крытычныя нататкі з нагоды новай працы Э. Гудавічуса.


Гудавичюс, Эдвардас. История Литвы. Т. 1. С древнейших времён до 1569 года. Москва: Фонд им. И.Д.Сытина, Baltrus, 2005. — 679 с.

З’яўленне ў Мінску рускамоўнай версіі „Гісторыі Літвы» Эдвардаса Гудавічуса выклікала пэўны ажыятаж. Кнігарні рассылалі рэкламныя праспекты кнігі, калегі-гісторыкі жыва цікавіліся адзін у аднаго, хто ўжо набыў кнігу. І не выпадкова: не так часта выходзяць сінтэзы па гісторыі Літвы, цесна звязанай з гісторыяй Беларусі, ды яшчэ такога масцітага аўтара, як Гудавічус. Асабіста я меў да кнігі „спажывецкі» інтарэс — мяне цікавілі не канцэптуальныя падыходы аўтара, а толькі некаторыя праблемы: як узнікла буйное землеўладанне ў Вялікім Княстве Літоўскім (далей — ВКЛ); як сяляне трапілі ў асабістую залежнасць ад шляхты; як сфармаваўся погляд на ВКЛ як патрыманіяльнае ўладанне вялікага князя; як аўтар адносіцца да праблемы феадалізму на землях Літвы ў прыватнасці і ВКЛ наогул у святле апошніх даследаванняў „феадальных адносінаў» у краінах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, а таксама праблемы, якія так ці інакш звязаны з папярэднімі. Усё гэта тыя з’явы, якія найбольш рэльефна адрозніваюць мінулае грамадства ад сучаснага: Сярэднявечча ад Найноўшага часу. Чытаць далей →

Błaszczyk, Grzegorz. Chrzest Litwy (Генадзь Сагановіч)


BŁASZCZYK, GRZEGORZ. Chrzest Litwy. Poznań: Księgarnia Św. Wojciecha, 2006. — 43 s.

Гэтым вельмі сціслым, але надзвычай звязным выкладам сучасных поглядаў на пытанні, звязаныя з хрысціянізацыяй Літвы, папоўніўся навуковы даробак знанага польскага літуаніста Гжэгажа Блашчыка, аўтара дзесятка аўтарытэтных кніг па гісторыі ВКЛ. Даследчык адмыслова спыняецца на прычынах і наступствах запозненага хрышчэння Літвы, пералічвае этапы яе хрысціянізацыі і склад місіі, ацэньвае ролю асноўных удзельнікаў працэсу, асаблівую ўвагу аддаючы стварэнню віленскай дыяцэзіі і хрышчэнню Жамойці.
Чытаць далей →

Генадзь Сагановіч. Крыжаносцы і русіны: ад дактрыны да практыкі вайны з ВКЛ


Класічныя крыжовыя паходы, прызначэннем якіх было вяртанне захопленай мусульманамі Святой зямлі i абарона Хрыстовага Царства[1], яшчэ ў XII ст. у выніку дэфармавання ідэі справядлівай вайны сталі ператварацца ў наступальную барацьбу супраць няверных наогул, незалежна ад ix месцазнаходжання. Адно з першых абгрунтаванняў неабходнасці такой барацьбы супраць нехрысціян у самой Еўропе належыць клервоскаму абату Бернару (Bernard von Clairvaux), стараннямі якога быў падрыхтаваны i праведзены вядомы паход супраць палабскіх славянаў у 1147 г.[2]. У энцыкліцы папы Аўгена III (1145-1153) выправа рыцараў на Эльбу, як i іспанскі паход, былі ўпершыню патрактаваны як эквівалентныя крыжоваму паходу на Святую зямлю[3]. 3 ліста кракаўскага біскупа Мацвея да св. Бернара Клервоскага вядома, што духоўны бацька Ордэна тампліераў ужо тады цікавіўся магчымасцямі ажыццяўлення каталіцкай місіі на Русі[4]. 3 іншага боку, паўнапраўны ўдзел князёў i дружын Русі ў згаданым паходе (найверагодней валынскіх i гарадзенска-берасцейскіх)[5] сведчыў, што ў свядомасці грамадскіх эліт рас­кол на „лацінян» i „схізматыкаў» тады япгчэ не выяўляўся. Чытаць далей →

Віктар Цемушаў. Тросненская бітва і паўднёва-заходняя мяжа Вялікага Княства Маскоўскага ў 1368 г.


У 1368 г. адбыўся першы сур’ёзны канфлікт паміж двума цэнтрамі збірання рускіх зямель — Вялікімі Княствамі Літоўскім i Маскоўскім. Ужо дагэтуль літоўска-маскоўскія інтарэсы скрыжоўваліся ў смаленскіх землях (з 1335 г. адбывалася барацьба за Ржэву[1], a ў 1341 г. Альгерд здзейсніў няўдалы паход на Мажайск[2]), але да поўнамаштабнай вайны справы не даходзілі, мабыць, таму, што нават агульнай мяжы дзвюх дзяржаў пакуль не існавала[3].

Актыўная палітыка маскоўскага вялікага князя Дзмітрыя Іванавіча выклікала не толькі падтрымку з боку вялікай колькасці рускіх князёў i шырокі народны патрыятычны рух, але i незадаволенасць пэўных цэнтраў Паўночна-Ўсходняй Русі пашырэннем маскоўскай улады і, адпаведна, стратай сваёй самастойнасці. Па словах цвярскога летапісца, масквічы „князи Русьскыи начата приводити въ свою волю, а который почалъ не повиноватися ихъ воле, на тыхъ почали посягати злобою»[4]. Чытаць далей →

Васіль Варонін. Рака Бярэзіна як мяжа паміж „Руссю» і „Літвой»

(да гісторыі геаграфічных уяўленняў ва Ўсходняй Еўропе)

Сярод праблем гістарычнай геаграфіі Вялікага Княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага i іншых зямель (далей — ВКЛ) пытанне аб геаграфічных межах дзвюх найбуйнейшых яго складовых частак — Літвы i Русі — займае, бадай, найважнейшае месца. На праблеме адмыслова спыняліся такія прызнаныя спецыялісты ў галіне гісторыі ВКЛ, як М. Любаўскі[1], А. Халецкі[2], Е. Ахманьскі[3], В. Насевіч i M. Спірыдонаў[4]. Важнасць пытання не абмяжоўваецца адным толькі геаграфічным аспектам. Яго вырашэнне звязана таксама з гісторыяй міжнародных адносінаў i знешняй палітыкай (асабліва што датычыцца змагання ВКЛ з Масквой за „рускія землі»), канфесійнай, этнічнай гісторыяй, гісторыяй права. У сувязі з гэтым азначанае пытанне так ці інакш закраналі многія даследчыкі. Артыкул не ставіць сваёй мэтай разгляд i вырашэнне ўсёй гэтай складанай і, трэба прызнаць, заблытанай праблемы. Ён прысвечаны толькі аднаму са шматлікіх яе аспектаў. У шэрагу гістарычных крыніц у якасці мяжы паміж Руссю i Літвой выступав рака Бярэзіна (правы прыток Дняпра[5]). Да апошняга часу гэты факт спецыяльна не разглядаўся i, адпаведна, здавальняльнага тлумачэння не атрымаў. Неабходнай умовай вырашэння праблемы з’яўляецца як мага больш поўны збор i сістэматызацыя фактычнага матэрыялу. Таму ад самага пачатку — ad fontes. Чытаць далей →

Марцэлі Косман. З разваг над культурай Вялікага Княства Літоўскага


3 разваг над культурай Вялікага Княства Літоўскага

(на палях віленскіх „аналізаў і вобразаў»)

У 2001 г. віленскае выдавецтва Aidai ў старанным графічным афармленні i ca шматлікімі ілюстрацыямі выдала калектыўную працу Lietuvos Didžiosios Kunigaikštijos kultūra. Tyrinёjimai ir vaizdai. Ha тытульнай старонцы пералічана пяць прозвішчаў (Vytautas Ališauskas, Liudas Jovaiša, Min­daugas Paknys, Rimvydas Petrauskas i Eligijus Raile), з якімі, як зазначана, звязана „апрацоўка» выдання. Але паколькі аўтараў намнога болей, то пералічаных належыць лічыць яшчэ i рэдактарамі ўсяго тома. Праз пяць гадоў у ідэнтычнай знешняй форме ў Кракаве пад патранатам Таварыства аўтараў i выдаўцоў навуковых прац „Universitas» выйшла польская версія гэтай працы. Пераклад ажыццявілі Павел Букоўскі, Беата Калэмба i Беата Пясецка[1].
Чытаць далей →

Русина, Олена. Студії з історії Києва та Київської землі (Валеры Пазднякоў)

РУСИНА, ОЛЕНА. Студії з історії Києва та Київської землі. Київ, 2005. — 346 с.

У апошняй кнізе вядомага ўкраінскага гісторыка Алены Русінай сабраны яе артыкулы з розных перыядычных выданняў i зборнікаў, прысвечаныя гісторыі Кіева i Кіеўскай зямлі XIII-XVI ст. Увогуле гэты перыяд — з даволі цьмянай гісторыяй, бедны на гістарычныя крыніцы. Ix недахоп балюча ўспрымаецца ўкраінскай гістарычнай навукай, якая ўпотай лічыць, што „маці гарадам рускім» вартая лепшай гістарыяграфічнай долі. Адсюль недахоп сапраўдных гістарычных крыніц запаўняецца рознага роду псеўдагістарычнымі схемамі, а часам i проста міфамі. Адметнасць працы А. Русінай у тым, што яна рашуча змагаецца з міфамі і псеўдагістарычнымі пабудовамі; на гэтай ніве набыла, пэўна, нямала нядобразычліўнаў. Але горкая праўда заўсёды лепшая за салодкі міф.
Чытаць далей →

Sarcevičiene, Jolita. Lietuvos didikės proginėje literatūroje portretaj ir įvaizdžiai. (Наталля Сліж)


SARCEVIČIENE, JOLITA. Lietuvos didikės proginėje literatūroje portretaj ir įvaizdžiai. Vilnius: Versus aureus, 2005. – 646 p.

Кніга літоўскай даследчыцы Ёліты Сарцэвічэне „Літоўскія шляхцянкі ў панегірычнай літаратуры: партрэты i вобразы» прысвечана жаночым ідэалам панегірычнай літаратуры ў другой палове XVI – першай палове XVII ст. Ідэалы, стэрэатыпы, ідэнтычнасць асобных грамадстваў – актуальныя i папулярныя тэмы ў еўрапейскай гістарыяграфіі: сваіх даследаванняў у дадзеным рэчышчы чакае i багатая гістарычная спадчына Вялікага Княства Літоўскага.

На жаль, т.зв. традыцыйныя гісторыкі даволі скептычна ставяцца да названых кірункаў – пры тым, што разумение ідэалаў набліжае да асэнсавання эпохі, усведамленнл мэтаў i матывацый людскіх учынкаў. У патрыярхальным шляхецкім грамадстве традыцыйнымі стэрэатыпамі было абумоўлена штодзённае жыццё як мужчын, так i жанчын. Асоба мусіла выконваць абавязковыя элементы дадзенай праграмы, каб не быць выкрасленай са свайго грамадства.
Чытаць далей →

Рымантас Ясас. Хроніка Быхаўца і яе паходжанне*

Ад перакладчыка

У 1971 г. у Вільні выйшаў з друку пераклад на літоўскую мову Хронікі Быхаўца – арыгінальнага помніка агульнадзяржаўнага летапісання ВКЛ першай трэці XVI ст. Да 2011 г. гэты помнік быў вядомы толькі па адным спісе, які атрымаў назву ад прозвішча ўладальніка рукапісу Аляксандра Быхаўца і даў назву ўсяму Поўнаму зводу летапісання ВКЛ [1].

Пераклад выканаў літоўскі гісторык Рымантас Ясас. Акрамя ўласна перакладу, уступу і каментароў, у выданне ўключана навуковае даследаванне “Хроніка Быхаўца і яе паходжанне” з назіраннямі і высновамі вучонага, што ўзніклі ў час працы над перакладам. Пры гэтым высновы тычацца не толькі ўласна Хронікі Быхаўца, часу і асяродку яе ўзнікнення, магчымых крыніц, але і гісторыі стварэння другога, або Пашыранага, зводу агульнадзяржаўнага летапісання ВКЛ – Хронікі Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага. Чытаць далей →

Гянутэ Кіркене. Інтэграцыйныя працэсы ў Вялікім Княстве Літоўскім: царкоўная унія


Інтэграцыйныя працэсы нацыянальных манархій, якія ўзніклі ў Еўропе ў Сярэднія вякі і раннім Новым часе, ахоплівалі рэгіянальныя і часткова этнічныя сегменты. Усім вядома, што ў дзяржавах ВКЛ і часткова Польшчы існавалі не толькі этнічныя суб’екты, але, важней за ўсё, канфесійныя сегменты грамадства. Гэтая канфесійная сегментацыя стала нават падставай і крытэрам пошуку межаў гістарычных рэгіёнаў Еўропы. Адзін з аўтараў канцэпцыі Сярэдняй Еўропы як гістарычнага рэгіёну, Аскар Галецкі, усходнюю мяжу гэтай часткі Еўропы сумяшчаў з лініяй стыку каталіцкага і праваслаўнага абшараў. У такім выпадку мяжа рэгіёну Сярэдняй Усходняй Еўропы праходзіць праз сярэдзіну ВКЛ, г.зн. дзеліць яго на дзве часткі. Такое агульнае ўяўленне захавалася да нашых дзён. Напрыклад, Самуэль Хантынгтан мяжу не толькі Сярэдняй Еўропы, але і Заходняй цывілізацыі праводзіць па ўсходніх ускраінах этнічнай Літвы[1].
Чытаць далей →

Андрэй Радаман. Віленскі земскі прывілей 1565 г. вялікага князя Жыгімонта Аўгуста


1. Гістарычна–прававая характарыстыка і значэнне Віленскага земскага прывілею 1565 г.

440 гадоў таму адбылася падзея, якая стала вехай не толькі ў гісторыі парламентарызму Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, але і ў гісторыі народаў сучасных Беларусі, Літвы і Ўкраіны. У час паседжанняў Вялікага Віленскага сойму 1565—1566 г. шляхта Вялікага Княства Літоўскага звярнулася да вялікага князя Жыгімонта Аўгуста з просьбай аб увядзенні ў дзяржаве „кшталтомъ съ Коруны Полское“ павятовых соймікаў „для лепъшого и вечистого всякого порадку въ речи посполитой[1]. У адказе манарха, які быў датаваны 21 снежня 1565 г., на просьбу аб выдачы прывілею на ўтварэнне павятовых соймікаў „рачилъ Его Кр[олевская] Милость милостиве зезволяти[2] і ў той жа час шляхецтвам была выказана просьба аб тым, каб гаспадар вялікі князь рашэнне сваё „отъ того часу водле обетницы своее господаръское постановити и привильемъ своимъ на вечъные часы подтвердити рачилъ[3]. 30 снежня 1565 г. [па грыгарыянскім календары — 9 студзеня 1566 г.] „приводячи к большому порядку речь посполитую“, Жыгімонт Аўгуст выдаў адпаведны нарматыўны прававы акт, які меў моц агульнадзяржаўнага закону[4]. На просьбу шляхты аб тым, каб прывілей „теперешний Виленский новый, на соймики поветовые выданый“ быў унесены ў новы Статут, вялікі князь таксама даў сваю згоду[5].
Чытаць далей →

Генадзь Сагановіч. Русіны пад Грунвальдам (Дуброўнай) y 1410 г.


Праблема ўдзелу русінаў (пазнейшых беларусаў і ўкраінцаў) у галоўнай бітве з Нямецкім ордэнам у 1410 г., хоць ужо не раз краналася, заслугоўвае асобнага разгляду. Вырашэнне яе, як і апісанне самой бітвы, істотна залежала ад нацыянальнай пазіцыі аўтараў. Калі ў літаратурнай спадчыне данацыянальнага перыяду лаўры Грунвальду прыпісваліся адным палякам[1], а не славянам наогул ці літоўцам, дык пазней, дзелячы славу грунвальдскага трыумфу, нацыянальныя гістарыя­графіі сутыкаліся ў вострых канфрантацыях[2]. Роля народаў у дасягненні перамогі часта ставілася ў залежнасць ад ліку харугваў „сваіх“, якія ўдзельнічалі ў бітве, а ступень іх гераізму — ад маштабаў сечы і ліку разгромленых нямецкіх фармаванняў. Перад спакусай завышаць дадзеныя адносна колькасці армій з абодвух бакоў, перабольшваць ролю „сваіх“ і не заўважаць заслуг іншых не ўдавалася ўстаяць не толькі папулярызатарам гісторыі, але і аўтарам навукова–папулярных ці нават навуковых публікацый[3].
Чытаць далей →