Як правіла, гісторыя кожнай нацыі апісваецца і інтэрпрэтуецца не толькі ў катэгорыях той эпохі, да якой адносяцца канкрэтныя гістарычныя падзеі, але і з перспектывы часу, у тым ліку з выхадам за рамкі навуковай метадалогіі – з апеляцыяй да каштоўнасцяў і ацэнак, якія былі невядомы героям таго ці іншага гістарычнага наратыву (а нярэдка і іх эпосе наогул). Гісторыя поўная падзей, якія “спрадвеку” міфалагізаваліся. І ўсё ж, паколькі зусім натуральна, што кожнае грамадства – а не толькі гісторыкі – схільнае інтэрпрэтаваць мінуўшчыну як паслядоўнасць падзей, што прывялі да сучаснасці, а значыць, шукаць у мінулым прычыны цяперашняга стану (незалежна ад яго ўхвальнай ці крытычнай ацэнкі), мы павінны процістаяць прыпісванню героям мінулых эпох поглядаў і катэгорый мыслення, якія з’явіліся шмат у якіх выпадках значна пазней. Вядома, не заўсёды мы тут маем справу з адназначнымі сітуацыямі. Можна пагадзіцца з тым, што некарэктна рабіць з Мешкі I паляка – бо ён, па-першае, не ведаў гэтай саманазвы, а па-другое, мысліў племяннымі, а не культурна-дзяржаўнымі ці тым больш нацыянальнымі катэгорыямі, якія з’явіліся ў пазнейшыя стагоддзі. І нават калі мы знойдзем першага паляка – што асабіста мне наўрад ці ўдалося б, – дык, аналізуючы працяглую эпоху “польскай” гісторыі, мы зразумеем, што польскасць гэтая ўвесь час эвалюцыянавала. Тым не менш, мы прызнаем – у ідэале абапіраючыся на прамыя выказванні гістарычных персанажаў, – што базавыя рысы гэтага паняцця заставаліся нязменнымі. Інакш кажучы, аднастайнасць базавых рысаў паняцця дамінуе ў гэтай сітуацыі над відазмяненнямі яго асобных элементаў, а пазнавальная карысць ад яго выкарыстання дамінуе над патрэбай яго ўдакладнення. На практыцы мы нярэдка сутыкаемся з сітуацыямі, дзе цяжка прыйсці да той ці іншай адназначнай высновы. Але ў сваім звароце да гісторыі Беларусі я засяроджуся на больш празрыстых сітуацыях. Чытаць далей →