БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС
Галоўная » Запісы па тэме 'Гiстарыяграфiя'

Артыкулы па тэме ‘Гiстарыяграфiя’

Андрэй Партноў. Саветызацыя гістарычнай навукі ў Украіне і Беларусі

Саветызацыя гістарычнай навукі ў Украіне і Беларусі
(некаторыя канцэптуальныя меркаванні)

Пра складанасць разгляданай тэмы найлепш сведчыць сукупнасць прац, ужо напісаных з гэтай нагоды. Гэтым працам часта бракуе даследчага такту, смеласці. Да таго ж, гістарычная навука агулам засвоіла канцэпцыю савецкага таталітарызму, паводле якога грамадства было не больш чым пасіўным аб’ектам усёмагутнай дзяржавы[1]. Следства такой устаноўкі — звядзенне праблемы да разгляду палітычных рэпрэсій або неапраўдана спрошчанага сцвярджэння пра ненавуковы характар усіх гістарычных прац, што з’явіліся ва Ўкраіне з другой паловы 1940-х да канца 1980 г.[2] Гэткія тэзісы грунтуюцца на разуменні саветызацыі як працэсу, што завяршыўся ў 1930—40 г., пасля чаго быццам існавала уніфікаваная пакораная гістарыяграфія. Насамрэч гэтак званая савецкая гістарыяграфія не была аднастайнаю[3], побач з прапагандысцкімі выходзілі адмысловыя навуковыя працы, часта створаныя ва ўмовах балючага кампрамісу з сістэмаю.
Чытаць далей →

Даследчык гісторыі трох народаў: М.В.Доўнар-Запольскі (Віталь Галубовіч)

Даследчык гісторыі трох народаў: М.В.Доўнар-Запольскі: Зборнік навуковых артыкулаў і дакументаў / Пад рэд. В.М.Лебедзевай . Гомель—Рэчыца: ГДУ імя Ф.Скарыны, 2000. 293 с.

У зборнік увайшлі, як пазначаецца (2), найноўшыя матэрыялы і даследаванні архівістаў, гісторыкаў, этнографаў, фалькларыстаў, эканамістаў і правазнаўцаў Беларусі, Расіі, Украіны і Германіі, у тым ліку апрабаваныя на Першых і Другіх доўнараўскіх чытаннях у г. Рэчыцы (1997, 1999), а таксама частка эпісталярных дакументаў.

Кніга складаецца з трох тэматычных раздзелаў. Два першыя — „М.В.Доўнар-Запольскі: навуковец і ХХ стагоддзе» і „Навуковая спадчына і традыцыя М.В.Доўнара-Запольскага» — утрымліваюць матэрыялы і даследаванні, а трэці — „З эпісталярнай спадчыны» — прысвечаны непасрэдна ліставанню Мітрафана Доўнара-Запольскага і змяшчае публікацыі яго лістоў. Трэба адзначыць, што ў зборнік не патрапілі ўсе матэрыялы ўдзельнікаў канферэнцый, а частка была апублікавана[1].
Чытаць далей →

Radzik, Ryszard. Między zbiorowością etniczną a wspolnotą narodową (Лія Салавей)


Radzik, Ryszard. Między zbiorowością etniczną a wspolnotą narodową. Białorusini na tle przemian narodowych w Europie Środkowo–Wschodniej XIX stulecia. Lublin, 2000. 301 s.

Гэтае грунтоўнае даследаванне ў жанры гістарычнай сацыялогіі, прысвечанае вывучэнню шматлікіх важных аспектаў, што характарызуюць стан свядомасці беларускага грамадства ХIХ ст., яго асобных груп і адзінак, належыць доктару сацыялогіі з Люблінскага універсітэта імя Марыі Кюры–Складоўскай. Выбар аўтарам праблематыкі для сваёй працы быў абумоўлены, найперш, той акалічнасцю, што беларусы дагэтуль не маюць абагульняльнага даследавання, якое б у адным томе прасачыла пачаткі фармавання беларускай нацыянальнай ідэі на працягу ўсяго ХIХ ст. Як слушна заўважае аўтар ва «Ўступе», яшчэ недастаткова навуковых прац пра ўсведамленне тагачаснымі беларусамі сваёй этнічнай і нацыянальнай прыналежнасці. Публікацыі, прысвечаныя нацыянальна–вызваленчаму руху і фармаванню беларускай нацыянальнай ідэалогіі, з’яўляюцца рэдкасцю не толькі ў Польшчы, але і ў Беларусі. Недастаткова, лічыць аўтар, комплексных даследаванняў, якія праводзілі б аналіз прычын запозненасці фармавання беларускай нацыі ў сучасным разуменні гэтага тэрміна, хоць, на наш погляд, асноўныя прычыны такога стану добра вядомыя, не ўсведамляюцца хіба маштабы пэўных з’яў, механізмы, паслядоўнасць і спалучанасць розных фактаў.
Чытаць далей →

Алесь Cмалянчук. Палякі Беларусі і Літвы ХIХ — пачатку ХХ ст. як этнакультурны і сацыяльны феномен

(Гістарыяграфічны агляд)

Для разумення феномена польскай грамадскасці беларускіх і літоўскіх земляў у ХIХ — пачатку ХХ ст. уяўляецца вельмі важным асвятленне праблемы радаводу мясцовых палякаў. Цэнтральнымі тут з’яўляюцца пытанні пра памеры міграцыі насельніцтва з этнічных польскіх земляў у Беларусь і Літву і пра сутнасць працэсаў паланізацыі. Якія ж асноўныя падыходы навукоўцаў Беларусі, Літвы і Польшчы да азначаных праблем?

Вызначыць дакладна храналогію першых міграцыйных плыняў насельніцтва з тэрыторыі этнічнай Польшчы на ўсход вельмі цяжка. Суседства польскіх і беларуска-літоўскіх земляў спрыяла таму, што працэсы ўзаемапранікнення распачаліся здаўна. Беларускія даследчыкі Ігар Карашчанка і Анатоль Валахановіч зафіксавалі перасяленні мазураў на землі сучаснай Беларусі ўжо ў ХII—ХIII ст. На іх думку, пасля Люблінскай уніі (1569) польская міграцыя ўзмацнілася. Аднак масавага характару перасяленні не набылі, бо Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. істотна абмежаваў магчымасці набыць зямлю і заняць дзяржаўныя пасады ў ВКЛ для шляхты з Каралеўства Польскага[1]. Этнолаг і гісторык Міхаіл Піліпенка лічыць, што актыўная міграцыя польскага насельніцтва (пераважна дробнай шляхты) распачалася толькі ў XV—XVI ст. Прычым асноўнымі кірункамі гэтай міграцыі былі Прыпяцкі, Цэнтральны і Дзвінска-Дняпроўскі рэгіёны[2].
Чытаць далей →

Ганна Харашкевіч. Водгук на рукапіс калектыўнай працы «Белоруссия в ХIII — середине XVI в


Публікацыяй водгуку Ганны Леанідаўны Харашкевіч на рукапіс легендарнай працы, што выклікала столькі размоў у асяроддзі гісторыкаў, але так і не пабачыла свету, рэдакцыя БГА адкрывае новую рубрыку „З архіва гісторыка“, у якой будзе змяшчаць даўнія рэцэнзіі і водгукі з прыватных архіваў вучоных, г.зн. тэксты, якія пісаліся не для публікацыі, але рэальна ўплывалі на ландшафт нашай гістарыяграфіі.
Чытаць далей →

Па старонках адной «гісторыі» (Віктар Цітоў)


* Беларусы: У 8 т. Т. 3: Гісторыя этналагічнага вывучэння. Аўтар В.К.Бандарчык. Мінск: Беларуская навука, 1999.

Не станем акцэнтаваць увагу на назве кнігі, якая, на наш погляд, недакладна адлюстроўвае яе сутнасны змест, тым больш, што ў змесце мы паўсюдна сустракаем этнаграфічнае (а не этналагічнае) вывучэнне. Структура працы падпарадкавана савецкай марксісцка-ленінскай перыядызацыі гісторыі. Першы раздзел прысвечаны этнаграфічнаму вывучэнню Беларусі ў канцы XVIII — першай палове ХIХ ст. (феадальны перыяд); этнаграфія капіталізму асвятляецца ў трох раздзелах, дзе паслядоўна разглядаецца стан этнаграфіі ў 60—70-х, 80—90-х г. і ў эпоху імперыялізму (да 1917 г.); пяты раздзел асвятляе развіццё этнаграфіч ных ведаў пасля 1917 г. (паслярэвалюцыйны перыяд). Апошні перыяд аўтар, у сваю чаргу, дзеліць на эпохі: 20—30-я і 40—90-я г. (гл. с. 18), аднак структурны змест гэтага раздзела кампануецца хутчэй паводле тэматычнага прынцыпу. Праца мае апрача таго ўводзіны, прамежкавы артыкул з залішне доўгай назвай («Сацыяльна-палітычнае, эканамічнае, культурнае і навуковае асяроддзе развіцця этналогіі ў Беларусі ў ХIХ — пачатку ХХ ст.»), заключэнне і 97 ілюстрацый (больш за палову іх складаюць фотаздымкі вокладак розных выданняў).
Чытаць далей →

Беларуская гістарыяграфія ХIХ—ХХ ст. вaчыма нямецкага даследчыка


* Rainer Lindner. Historiker und Herrschaft: Nationsbildung und Geschichtspolitik in Weissrussland im 19. und 20. Jahrhundert. Munchen, R.Oldenburg Verlag, 1999. 536.

Гісторыя гістарычнай навукі Беларусі была і застаецца адным з маладаследаваных кірункаў ва ўсім комплексе айчынных гістарычных ведаў. Літаральна па пальцах можна пералічыць манаграфіі па беларускай гістарыяграфіі. Да таго ж выдадзеныя кнігі прысвечаны асобным перыядам ці праблемам гісторыі Беларусі. Асабліва маладаследаваны сучасны перыяд гісторыі гістарычнай навукі, калі весці адлік з 1945 г. У пэўнай ступені такі стан рэчаў можна растлумачыць зразумелымі прычынамі. Навукоўцу цяжка весці даследчую працу па свежых слядах падзей, даваць ацэнку гістарыяграфічным з’явам і працэсам, у якіх ён тым ці іншым чынам удзельнічаў, характарызаваць працы сваіх калег. У такім становішчы вялікае значэнне набывае погляд звонку.
Чытаць далей →

Łowmiański, Henryk. Polityka Jagiellonów (Андрэй Янушкевіч)

Łowmiański Henryk. Polityka Jagiellonów. Poznań, 1999. 673.

Хтосьці з даследчыкаў заўважыў, што ў творчасці Генрыка Лаўмяньскага існуе выразная „белая пляма» — пад час нямецкае акупацыі. „Час маўчання» ў першай палове 40-х г. прыводзіў да думкі, што пераход ад вывучэння гісторыі ВКЛ да вывучэння польскага ранняга Сярэднявечча не меў творчай узаемасувязі і быў выкліканы толькі вонкавымі абставінамі, у першую чаргу пераездам з Вільні ў Познань. 40-я гады здаюцца ўвогуле выкрасленымі з навукова-творчай дзейнасці гэтага выбітнага гісторыка — знакавай постаці ў польскай гістарыяграфіі XX ст.
Чытаць далей →

Новыя выданні, атрыманыя рэдакцыяй

Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып.1 / Рэд. кал.: Р.Платонаў (гал.рэд.) і інш. Мінск, 2000.
Гаранін С. Шляхамі даўніх вандраванняў. Гістарычна–тэарэтычны нарыс развіцця беларускай паломніцкай літаратуры ХII—ХVI ст. Мінск, 1999.
Гудзяк Б. Криза і рєфoрма. Київська митрополія, Царгородський патріархат і генеза Берестейськой унії. Львів, 2000.
Куль–Сяльверстава С. Беларусь на мяжы стагоддзяў і культур. Фармаванне культуры Новага часу на беларускіх землях (другая палова ХVIII ст. — 1820–я г.). Мінск, 2000.
Літвін А. Акупацыя Беларусі (1941—1944): Пытанні супраціву і калабарацыі. Мінск, 2000.
Платонов Р. Беларусь 1941: известное и неизвестное. Минск, 2000.
Смалянчук А. Палякі Беларусі і Літвы ў рэвалюцыі 1905—1907 г. Гародня, 2000.
Україна модерна. №4—5 (1999—2000). Львів, 2000.
Український гуманітарний огляд. Вип. 1—3 (1999—2000).
Чытаць далей →

Андрэй Янушкевіч. Iнфлянцкая вайна 1558—1582 г. ў савецкай гістарыяграфіі*


* Праца выкананая ў рамках праекту „Вакно ў Эўропу — Беларуская майстэрня»

Калі не ўлічваць працы навукова-папулярнага характару, то можна прызнаць, што Інфлянцкая вайна ніколі не была прадметам спецыяльнага даследавання савецкіх гісторыкаў. Абумоўлена гэта не толькі слабой зацікаўленасцю савецкай гістарычнай навукі ваенна-палітычнай тэматыкай. Сутнасць справы хутчэй у тым, што Інфлянцкая вайна для „прававернага» савецкага гісторыка была тэмай нязручнай, бо па сваім характары і выніках не мела станоўчага значэння ды патрыятычна-вызвольнага гучання, як, прыкладам, Кулікоўская бітва 1380 г. Аднак, не маючы магчымасці абысці такія важныя падзеі ў гісторыі Расіі, савецкія гісторыкі стварылі ўласную схему Інфлянцкай вайны, у аснову якой паклалі мадыфікаваную марксісцка -ленінскімі ідэямі канцэпцыю дарэвалюцыйнай гістарыяграфіі. Гэта той прыклад, калі пры вольнай, некрытычнай маніпуляцыі фактамі з яўна няўдалай і несправядлі вай вайны рабілася выключна прагрэсіўная падзея з аптымістычнымі для развіцця краіны наступствамі. Крытычны аналіз прыёмаў і метадаў абгрунтавання „справядлівасці і прагрэсіўнасці» Інфлянцкае вайны, а таксама характарыстыкі савецкай канцэпцыі вайны і параўнанне поглядаў савецкіх даследчыкаў з пазіцыямі дарэвалюцыйных расійскіх гісторыкаў і стане прадметам нашай працы. Спачатку звернемся да набыткаў, з якімі расійская гістарычная навука прыйшла да пераломнага для Расіі 1917 г. Чытаць далей →

Ганна Харашкевіч. Згадкі пра Мікалая Улашчыка

Мікалай Мікалаевіч Улашчык у маім жыцці ўзнік даволі позна, верагодна, у канцы 60х г. І гэта нягледзячы на тое, што Мікалай Мікалаевіч вярнуўся ў інстытут[*] пасля рэабіліта цыі ўжо 15 кастрычніка 1955 г. Яго залічэнню папярэднічалі складаныя перамовы загадчыка сектара публікацыі крыніц А.Навасельскага з акадэмікам М.Дружыніным. У выніку ўзнікла прашэнне ў дырэкцыю, у якім першы з іх сцвярджаў, што Улашчык „можа з вялікай карысцю працаваць па падрыхтоў цы публікацыі па гісторыі сялянскіх рухаў XIX ст. Акадэмік М.Дружынін таксама пагадзіўся з тым, што тав. М. Улашчык будзе безумоўна карысны ў працы па падрыхтоўцы названай серыі публікацый гістарычных крыніц»[1]. У акадэміка былі ўсе падставы, каб гэта сцвярджаць. Яшчэ 1 траўня 1948 г. ён пісаў пра поспехі М.Улашчыка ў падрыхтоўцы дысертацыі („энергічны і здольны навуковы супрацоўнік, які з вялікай цікавасцю займаўся даследаваннямі»[2]), што — на жаль — была абароненая толькі 17 кастрычніка 1964 г.
Чытаць далей →

Андрэй Партноў. Леў Акіншэвіч — гісторык украінскі і беларускі


Леў Акіншэвіч (1898-1980) — адзін з найзначнейшых даследчыкаў украінскага права, аўтар нізкі публікацый па беларусiстыцы. Але ва ўкраінскай гістарыяграфіі пра яго напісана замала[1], а ў беларускай, здаецца, увогуле нічога. Хоць постаць Акіншэвіча вельмі цікавая як з пункту гледжання на навуковую біяграфію гісторыка, так і з пункту гледжання даследавання феномена падвойнай ідэнтыфікацыі ў кантэксце інтэлектуальнай гісторыі ХХ ст. Асновай для напісання гэтага тэксту сталі апублікаваныя ў Львове ўспаміны Льва Акіншэвіча, якія адкрываюць для чытача ўнутраны свет неардынарнай асобы даследчыка[2].
Чытаць далей →

Беларуская думка XX стагоддзя. Варшава, 1998 (Арсень Ліс)

Беларуская думка XX стагоддзя. Філасофія, рэлігія, культура. Анталогія. Укладанне, прадмова і апрацаванне Ю. ГарбінскАГА. Варшава, 1998. 741.

Выданне, пра якое пойдзе гаворка, даўно мела грамадскае запатрабаванне. Яго актуальнасць у кантэксце духоўнага жыцця сучаснай Беларусі відавочная.

Рупліва, з пачуццём навуковай і грамадзянскай адказнасці падабраныя ўкладальнікам і каментатарам Анталогіі Юрыем Гарбінскім тэксты разгортваюць шырокую, без мала на стагоддзе, панараму развіцця беларускай грамадскай, філасофскай і культуралагічнай думкі.

Пакладзены ў аснову структуры кнігі храналагічны прынцып кампаноўкі матэрыялу дазваляе выразна бачыць этапы развіцця грамадскай думкі і дэтэрмінацыю іх пэўнымі вехамі гістарычнага шляху беларусаў у XX ст. А шлях гэты быў адметны як сваімі здабыткамі, так і стратамі. Адна з найважнейшых асаблівасцяў экзістэнцыі беларускага этнасу ў XX ст. палягала на тым, што яму амаль увесь час даводзілася жыць пад уладай таталітарных і аўтарытарных рэжымаў, для якіх, па сутнасці, не існавала каштоўнасці жыцця асобнага чалавека, разумення агульналюдскай вартасці кожнай этнічнай супольнасці паасобку. Акрамя таго, беларусам цягам доўгага часу даводзілася вытрымліваць уціск дэнацыяналізацыі, якая з 30–х г. набыла татальны характар. Да таго штучна, адміністрацыйным парадкам, за апошняе стагоддзе скарачаўся этнічны абшар пражывання беларусаў, асабліва ў памежных рэгіёнах.
Чытаць далей →